— Я сур’ёзна. Вам жа план трэба…
Цырульнік не рашаўся, усё яшчэ прымаючы за жарт. Андрэй узяў у яго з рук ножні і наўскось адхапіў кус барады.
— Ну-у!..— тэатральна заапладзіраваў цырульнік.— Жыць нам з прагрэсіўкаю! — I асцярожна запытаў: — А чаго гэта вы-ы… ну-у, уздумалі?
Андрэю не спадабалася яго насцярожанасць: а раптам і гэтаму памроіўся Шушаль?! 3 напятай абыякавасцю сказаў:
— Ат, збрыднела! За дзеда прымаюць…
— Го, дзеда! За папа могуць прыняць. Нічо-ога, за-раз мы з вас чалавека зробім. Амаладзім на гадоў пяцьдзесят…
Андрэй глядзеў, як шкамутае бараду цырульнік, змрачнеў, заўважаючы, што там, дзе была шчэць, вылузваецца амаль нездаровая белізна, кантрастуе з носам, ілбом. Сам не свой, зрэдку падтакваў цырульніку, які цяпер ужо адкрыта і смела выказваў свае пагардлівыя адносіны да розных хіпікаў, з жахам думаў, як пакажацца з такой паласатай фізіяноміяй на людзі. Хоць ты ідзі ў паліклініку ды прасіся пазагараць пад кварцам!
Даў цырульніку рубель, не ўзяўшы рэшту, ачмурэла выскачыў на вуліцу. Нязвыкла абдало холадам, шчокі, падбародак, шыя гарэлі, і здавалася, увесь свет вылупіў вочы, покатам качаецца: паглядзіце, паглядзіце на гэта пярэстае страшыдла!
Дзяжурная ў гасцініцы ніяк не зважала на яго фізіяномію — пэўна, падслепаватая, не надзела акуляры. Пакасіўся на трумо, крадком аглядваючы сваё незнаёмае аблічча, і аж разгубіўся: ад былой пярэстасці не засталося і следу — шчокі разрумяніліся, і ўвогуле, твар стаў маладжавы, вабны. Адлягло ад сэрца, аж нейкая слабасць прайшла ў ногі… Дзяжурная падала картку, прысеў за столік — і спатыкнуўся на першай графе: прозвішча? Простае, як аднаклеткавая амёба, пытанне зараз здалося насмешкай, здзекам, хітрай пасткай. Не напішаш жа Чарапіца! Запатрабуюць дакумент…
Дрыжачай рукою вывеў ненавіснае «Бяскуднікаў», спешна запоўніў іншыя графы, падаў разам з пасведчаннем і грашыма дзяжурнай, тупа глядзеў, як яна разбірае яго пісаніну, унікліва і доўга вывучае, бы здагадваецца, бы нешта ў яе выклікае падазрэнне… Няведама ад чаго рабілася млосна, нешта халоднае, агіднае варочалася ў душы, садніла, дзерла вострымі кіпцюрамі…
— Трынаццаты пакой, на другім паверсе…— нарэшце працягнула ключ з круглай алюмініевай бірачкай дзяжурная.— Пачакайце, зараз выпішу квітанцыю…
— Потым…— і стрымгалоў кіцуўся наверх.
Уставіў ключ у замочную адтуліну, і — як токам кальнула: трынаццаты?! I хоць ніколі не зважаў, не верыў у забабонную магію лічбаў, ахапіў нейкі падсвядомы страх.
Нумар быў адзіночка, па мясцовых мерках люкс — з пісьмовым сталом, канапай, двума мяккімі крэсламі, нават тэлефонам. Пад акном мацавалася батарэя паравога ацяплення, але справа ля дзвярэй выступала напалавіну і кафляная печка-стаяк — адна на два пакоі. Распрануўся, паставіў сакваяж, стомлена прысеў на канапу і падзівіўся, адкуль гэткая стома. Вядома ж, дае знаць прыкрая бяссонная ноч, нервовыя перагрузкі… Пасядзеў нерухома, і праз хвіліну стаў заўважаць, што стома знікае, з’яўляецца незразумелае нецярпенне, хваляванне, неспакой. Зноў падзівіўся: ад чаго б гэта? Сядзець між тым рабілася не пад сілу. Нешта цьмянае выклікала душэўную няўтульнасць, доўгі, цягучы боль, клікала да нейкага невядомага, неасэнсаванага дзеяння. Падышоў да акна, глянуў ува двор, спрабаваў узбадзёрыцца, падняць дух: ну во, і ўсё скончылася… Пачынаецца новае жыццё, вяртанне да вытокаў, як гаварыў Алесь… Усё будзе добра, не горш, чым у Саўчука… Аднак нешта ўпарта супраціўлялася заглыбіцца гэтым думкам, выштурхоўвала іх на паверхню, як паплаўкі… Хм, новае жыццё з пасведчаннем «Бяскуднікаў»!.. О, божа літасцівы?! За што, дакуль гэты Бяскуднікаў будзе праследаваць, як цень, як змрочны прывід?! Няўжо яшчэ мала наздзекаваўся, натаптаўся ў душы?
А мо… Думка, што мільганула раптам, была настолькі нечаканая, жудаснаватая, што анямеў, бездапаможна асунуўся ў крэсла. А калі над гэтым прозвішчам, што прыняў, выракшыся свайго, вісеў нейкі праклён?! Мо роду Бяскуднікавых, які сабраўся прадоўжыць, самою прыродаю было наканавана выраджэнне? Мо гэтае прозвішча і стала тым злавесным антыталісманам, магнетычнай сілай, што прыцягвае розныя беды-няшчасці?!
Ускочыў як уджалены, падумаў, ці не звіхаецца?! Не, на самай справе, трэба звіхнуцца, каб паверыць у нейкія прымхі, магнетычныя сілы, антыталісманы! А пасведчанне ў бакавой кішэні між тым нясцерпна муляла, пякло крапівою. 3 асцярогаю, бы гэта магло выклікаць немаведама якую небяспеку, дастаў адглянцаваную, трохі пацёртую кніжачку, паклаў на стол, уставіўся ачмурэла, бы на скручаную ў кольцы гадзюку. У галаве брадзілі нейкія сапраўды вар’яцкія думкі, і што дзіўнае — нё палохаўся іх. Схапіў кніжачку, кінуўся да печкі, у момант вока сунуў у шызую горку попелу і, старанна атрасаючы рукі, задаволена падумаў: во так даўно б! Во туды яму і дарога!.. А калі прыбіральшчыца ўздумае не запальваць, а выграбаць попел? Знойдэе — і вернецца, як Кашчэй Бессмяротны… Гэта было верагодна: попелу сабралася — даўно пара выграбаць. Кінуўся назад, разгроб, выхапіў кніжачку, адглянцаваная паверхня якой здалася халоднай, слізкай, як мядуза. Шпурнуў на стол, пачаў хадзіць з кута ў кут, прыкладваючы розум, што рабіць з ёю. Разумеў, наколькі смешна, недарэчна ўсё гэта, аднак нейкі незразумелы дух знішчэння браў верх над цвярозай разважлівасцю. Здавалася, менавіта тут, у гэтай кніжачцы, як Кашчэева бессмяроцце ў яйку, схаваны ўсе тыя цёмныя магнетычныя сілы, што прыносяць беды-няшчасці, і варта толькі адкараскацца, знішчыць гэты злавесны антыталісман, як вызваляцца, вырвуцца на прастору светлыя сілы… Перамагаючы агіднасць, сунуў кніжачку ў кішэню, ачмурэла кінуўся да выхада, пераскокваючы прыступкі, памчаў уніз, і было адчуванне, што ў кішэні міна з падпаленым бікфордам. Завярнуў ува двор, ачумела ўляцеў у гасцінічны туалет, з асцярогаю зачыніўся на зашчэпку, выхапіў пасведчанне і шпурнуў у дзірку, зларадна падумаў: ну во, цяпер усё! Цяпер то ўжо ніхто не знойдзе, ніхто не дастане! Там яму і месца!.. А як хто спытае дакумент? У рэдакцыі, напрыклад… Ці запатрабуюць, каб вярнуў пры звальненні? Ат, чорт з ім! Скажа, што згубіў ці выпусціў незнарок… Хай едуць, вылаўліваюць, калі не вераць…
Выскачыў ува двор, удыхнуў свежага паветра і ніяк не мог узяць у цям, што з ім адбылося — неўроз, псіхічны шок ці прыступ вар’яцтва? Адчуваў толькі, што палягчэла на душы, бы зваліўся гнятлівы цяжар, бы адбылося нейкае ачышчэнне душы. Аднак у тую ж хвіліну гэтае аблягчэнне стала ўбываць з катастрафічнай быстрынёй, мяняцца спустошанай стомаю, ды так, што дранцвелі ногі, кожны крок вымагаў неймаверных сіл, а сілы з кожным крокам пакідалі яго. Са страхам падумаў: хоць бы дабрацца да ложка!..
Дзяжурная паглядзела са здзіўленнем, занепакоілася:
— Вам кепска?
— Ды не-е, нічога…
Ледзьве перастаўляючы нягнуткія, непаслухмяныя ногі, дайшоў да нумара, сеў на краёк ложка. Хацеў распрануцца, залезці пад коўдру, але млявасць, нейкая здранцвеласць тут жа звалілі набок, імгненна ахуталі салодкай дрымотай…
Сніліся кашмары. Канчаўся адзін — пачынаўся другі, пераплятаўся з трэцім… То быццам ён дома, у вёсцы. Заплаканая маці не пазнае, палохаецца: адыдзі, адыдзі, ты — Шушаль! Ты прыйшоў падняць руку на мяне… Мама, гэта ж — я, твой сын, Андрэй… Не-не-не! Ты — Шушаль! У мяне ўкралі сыночка, ператварылі ў Паскуднікава… То аднекуль з’явілася цётка Магда: вазьмі свой грэх, пляменнічак… Як?! Ды яна ж памерла! А-а-ай! Кінуўся ўцякаць, а ногі не слухаюць, буксуюць на месцы… А-ай! А голасу няма… То раптам нешта загуло-зараўло — і з коміна вылез плюгавенькі чарцючок, увесь урослы шчэццю, з рожкамі і капытцамі, бародкай, адхопленай наўскось. Чарцюк на вачах стаў павялічвацца і павялічвацца, бы яго надзімалі, ператварыўся ў вялізнага д’ябла з голасам Ротара Пятровіча: «Прадавай, даражэнькі, душу. У цане сыдземся…» Падсоўвае папірус: во тут распішыся… крывёю — інакш не прымуць у справаздачу… Аднекуль узнікла маці, засланяе сабою: не прадавай, сыночак, душу… Гэ-гэ-гэ, зарагатаў д’ябал, набываючы аблічча Ротара Пятровіча. Граша ломанага яго душа не варта… То раптам усё некуды знікла… 3 незнаёмай печы ў незнаёмай хаце вылез Кашчэй Бессмяротны, падобны на вялізнага, агіднага павука, працягвае ў крывых, мярзотных клюшнях пасведчанне: вазьмі, ты згубіў свой дакумент, Бяскуднікаў…
Прачнуўся ў халодным поце, ніяк не могучы ўзяць уцям: дзе ён, што з ім? Нехта настойліва стукаў у дзверы. Заглянула дзяжурная. Выгляд у яе быў затрывожаны, напалоханы:
— Што з вамі?
— Нічо-о-га…
— Вы так стагналі, так крычалі, што я падумала…
— Ат, лёг нязручна, сніліся нейкія кашмары…
— А-а-а,— уздыхнула з палёгкаю яна.— Бывае на новым месцы. Прабачце…— Асцярожна зачыніла за сабою дзверы.
Была палова трэцяй. Значыць, праспаў не так і многа. Толькі што бачаныя кашмары працягвалі выклікаць неўсвядомлены страх, нядобрае прадчуванне. Узяў ручнік, пайшоў ва ўмывальнік. 3 непрывычкі халодная вада іголкамі абдала паголеныя шчокі, умомант вярнула бадзёрасць, прагнала астаткі санлівасці, адгалоскі сноў. Уважліва агледзеў усё яшчэ незнаёмы свой твар у люстэрку, пераконваючыся, што сапраўды памаладзеў гадоў на дзесяць…
Рэдакцыю знайшоў з дапамогай прахожых непадалёку ад цэнтра на непрыкметнай вулічцы, мо нават завулку. Размяшчалася яна ў даволі прасторнай двухпавярховай будыніне, абшаляванай новенькай жоўтай вагонкай, і нечым нагадвала жанчыну, гады і невясёлую рэальнасць якой не схаваць ніякімі хітрыкамі, ніякай звышэфектыўнай касметыкай.
На першым паверсе, крэкчучы, стагнаў лінатып, цяжка і натруджана хахала, выплёўваючы лісты-адбіткі, плоскадрукарская машына. Значыць, ужо запусцілі разварот. Няблага!..
Павеяла знаёмым, паўзабытым, шчымліва-настальгічным пахам друкарскай фарбы, які бывае толькі ў маленькіх раённых друкарнях, і на нейкі момант уявіў сябе тым, колішнім жаўтаротым, што зачаравана назірае, як планкі з-пад дэкера выносяць свежанькія палосы, настолькі свежыя, што яшчэ мажуцца ад малейшага дотыку пальца. Падалося нават, што вось-вось адчыняцца дзверы і выскачыць Янка Вялеська… Не той, канечне, Вялеська, з якім выпадкова сутыкнуўся на мінскай вуліцы, а малады, імпульсіўны, з каштанавай чупрынай, стройны, як кіпарыс, вясёлы, баламутны…
Вялеську, калі ўцякаў з раёнкі, было дваццаць восем — роўна столькі, як яму цяпер, калі гнаны, зацюканы бяжыць у раёнку. Іронія лёсу…
Па стромкіх прыступках падняўся на другі паверх, прайшоўся з канца ў канец доўгім прыцемкаватым калідорам, і сэрца калацілася то ад радаснага прадчування, то сціскалася ад незразумелай тугі. Кабінет рэдактара знайшоў у самым канцы, вельмі засмуціўся, што ён замкнёны. Вот жа не шанцуе! Але не можа быць, каб у дзень выпуску газеты рэдактар адлучаўся надоўга. Скора, пэўна, з’явіцца…
Штурхаў па чарзе ўсе дзверы, і ўсе яны былі на замку. Во дзіва! Мо сабраліся на які сход ці «лятучку»? Але ж збіраюцца звычайна ў рэдактаравым кабінеце. А мо яны тут жывуць так, што маюць для гэтага спецыяльнае памяшканне…
У кабінеце насупроць застукала машынка. Узрадаваны, кінуўся туды. За машынкай сядзела пажылая кабета, ціскала на клавішы адным пальцам — адразу відно: не машыністка.
— Дзень добры! А дзе ваш рэдактар?
— Паехаў у калгас. Будзе заўтра зранку.
— А намеснік? — I спахапіўся: намеснік яму ні к чаму, з намеснікам яго справу не вырашыш.
— Хварэе. А вы па якой справе? — пацікавілася кабета.
— Ды так…
Спусціўся на вуліцу, не ведаючы, чым бавіць час. Падумаў: а мо схадзіць у рэстаран ці сталоўку? Але есці зусім не хацелася, хоць і не абедаў. Сноўдацца ж без усякай мэты па гарадку ў такую непагадзь не было ніякай ахвоты. Павагаўшыся, рашыў ісці ў гасцініцу і — набакавую, адаспацца за мінулую прыкрую ноч.
Разабраў пасцель, пачаў распранацца, але перадумаў: наперадзе ноч. Сеў у крэсла, пашкадаваў: была б хоць якая кніжка! Прыслухаўся да сябе, стаў адчуваць, што абуджаецца, праклёўваецца знаёмае прыемнае хваляванне — першая прыкмета паэтычнага натхнення. Ужо і забыў, калі яно прыходзіла апошні раз, падзівіўся, што пачало з’яўляцца тут, у такіх неспрыяльных, можна сказаць, экстрэмальных умовах. Узрадаваўся. Прыход Муз нават у самых неспрыяльных умовах — заўсёды радасць, заўсёды свята. Падумаў узнёсла: мо тут зямля такая, мо тут сапраўды тыя жыватворныя вытокі, пра якія гаварыў Саўчук…
А сверб тварыць узмацняўся, святлела галава, з’яўляліся абрысы будучага верша, пяяла рытміка, роем насіліся, прасіліся на паперу вобразы, словы — надыходзіў той жаданы, пакутліва-радасны момант, калі не пісаць будзе немагчыма. Кінуўся да сакваяжа пашукаць паперы — і ледзьве не заенчыў ад прыкрасці: не было ні шматка, нават ніякага блакноціка!
Узрушаны, намагаючыся не выпусціць музыку рытмікі, запомніць вобразы, ёмкія словы, стаў спешна апранацца, каб скокнуць у магазін ці кіёск набыць хоць вучнёўскі сшытак, хоць які блакноцік. Было прадчуванне, што павінен нарадзіцца самы лепшы яго твор, твор, які ўскалыхне літаратурную грамадскасць, змусіць загаварыць пра Андрэя Чарапіцу… І з сённяшняга дня будзе пісаць, пісаць, пісаць! Засядзе за вялікую эпічную рэч накшталт «Кому на Руси жить хорошо», «Новай зямлі», «Евгения Онегина», «Василия Тёркина»… Ён яшчэ пакажа сябе... Меў рацыю, вядома, Алесь Саўчук, калі падняў на смех, быццам раёнка магіла для таленту. Канечне ж, смех! Алесь на сабе даказаў. Яго дакументалістыку бярэ любая газета, любы часопіс, выдавецтва. А чаго дамогся, што сталася на мінскім асфальце з тым жа Вялеськам?! А сам?! Што набыў там? Дулю з макам! Пяць гадоў — як карова языком злізала…
Купіў агульны сшытак, пару стрыжняў для аўтаручкі, рынуўся назад, аднак заўважыў, што, пакуль бегаў, жаданае, млосна-казытлівае творчае хваляванне перагарэла, прайшло. Цяпер колькі ні сядзі, колькі ні гвалтуй сябе — нічога вартага не вымучыш. Трэба пачакаць — павінна з’явіцца зноў. Тым больш, пачало дакучаць жаданне наведацца ў мясцовую кнігарню. У райцэнтрах можна адкапаць такое, за што сталічныя кнігаманы за чубы цягаліся б.
Кнігарня была далекавата — аж на самым ускрайку горада. Таксама ж даўмеліся загнаць к чорту на выселкі. Нябось для гарэлкі і «чарніла» знайшлося месца ў цэнтры… Во табе і гатовая тэма для першай саліднай праблемнай публікацыі. Уласна кажучы, такі матэрыял і рэспубліканская газета возьме…
За прылаўкам сумавала ярка-рыжае дзяўчо гадоў дваццаці двух. Гэты лісіны колер дужа ж не пасаваў да прыемнага смуглявага твару. Мусіць, напяла парык — апошні перад сконам усхліп моды. Прадаўшчыца абрадавалася яму — пэўна, занудзілася ў адзіноце, мо сёння ён першы, хто завітаў сюды, па такой непагадзі не шмат знойдзецца ахвотнікаў тэпаць у такую далеч, кніжка — не хлеб.
Не спяшаючы, корпаўся на стэлажах, раз-пораз абстрэльваючы рыжую модніцу выразнымі позіркамі. Так сабе, дзеля спартыўнай цікавасці. Гэта заўсёды падабаецца жанчынам, а калі падабаецца, то чаму б не зрабіць прыемнае і гэтай прадаўшчыцы — хай сабе думае, што млее ад яе ультрамоднага парыка. А здаецца, і не супроць, каб падлабуніўся. Прыкінуў, усміхнуўшыся: а яна скрасіла б сённяшні вечар… Хм, толькі гэтага не хапала! Мала яшчэ табе тут прыгод! Не, а чым рызыкуе, трохі пагуляўшы ў кошкі-мышкі? Так сабе, не заходзячы далёка.. Зрэшты, хіба пашкодзіць знаёмства з прадаўшчыцай кнігарні… З’явіся такая ў сталічным кнігагандлі — праходу не дадуць розныя сэрцаеды, блатных спраў майстры…
Ведаў: спяшацца ў такой справе — толькі нашкодзіць сабе. Жанчыны не надта любяць, калі да іх прыстаюць. Жанчынам падабаюцца незалежныя, самастойныя, хто не кідаецца на першы какетна-зазыўны позірк. I яшчэ ім падабаецца, каб трошкі пагулялі ў схованкі — для іх гэта нейкі рытуал…
На стэлажах быў амаль узорны парадак. Усе аўтары расстаўлены па алфавіту, у кожным раздзеле — менавіта свае кнігі. Нічога цікавага і арыгінальнага, праўда, не траплялася, як гэта было раней у раёнах,— і сюды дакаціўся кніжны бум. Але ўсё ж выбар быў куды багацейшы, чым у Мінску. Выбраў некалькі паэтычных зборнікаў — для прыліку, канечне, для зачэпкі к знаёмству.
Прайшоў раз, пачаў агляд нанова, усё выразней абстрэльваючы яе. Яна то ўспыхвала чырванню, сарамліва апускаючы вочы, то ўсміхалася какетна, прыязна. Усё ішло па сотні раз апрабаванаму сцэнарыю. Як і трэ было чакаць, стаў лавіць на сабе больш чым зацікаўленыя позіркі, аднак цярпліва марудзіў, і праз нейкі час яна выйшла з-за прылаўка, стала папраўляць кнігі на стэлажах, хоць і дурню было ясна, чаго яна выйшла… Наблізілася «незнарок», усміхнулася какетна, амаль па-свойску:
— Ну, што ж вы падабралі? — Здзіўлена ўскінула брыво: — Вершы?! У нас гэты тавар мала хто бярэ…
— У такім разе я буду ваш самы актыўны пакупнік…— Глянуў у вочы.
Яна злёгку сумелася, але вытрымала гэты позірк, і ён, абдумваючы свой наступны «ход», рашыў: кліент паспеў…
Між тым «кліент» ішоў без усялякага «ходу»:
— Мо вы пісьменнік?
— Ды-ы…— аж спаткнуўся знячэўку.— Мажліва… Усё можа быць…
— О-о-о-! — заварожана глянула яна.— Першы раз бачу жывога пісьменніка…
Ён зніякавеў, нават разгубіўся, ведаючы, што зараз будзе натуральнае: як прозвішча, якія кнігі напісаў? Не аб’явішся ж якім-небудзь хрэстаматыйным мэтрам…
— Даруйце, а хто-о вы? Вашы кніжкі ў нас ёсць?
— Старой няма. Скора выйдзе новая…— збрахаў ён, праклінаючы, што падаўся ў сыны лейтэнанта Шміта.
— Ну-у, не мучыце: як ваша прозвішча? — капрызна дамагалася яна.— Як будзе называцца кніга?
Яму яшчэ больш не спадабалася гэтая правінцыйная настойлівасць, але ўжо калі заварыў кашу — трэба выкручвацца.
— Хай пакуль што будзе сакрэтам…— шапнуў таемна.— Добра?
Яна поглядам выказала ўпартую нязгоду.
— Як толькі выйдзе кніга,— ратаваўся ён,— першы экземпляр з аўтографам — вам…
— Так нехта і паверыць…— павяла плечуком яна.— Нехта вас будзе шукаць…
— Я сам вас знайду…
— Ну да!..— не прыняла ўсур’ёз яна.— А ўсё ж хто вы? Скажыце, а-а?..
— Завуць мяне Андрэй — во пакуль што і ўсё…— як мог выкручваўся ён.— А там — хай будзе для вас нечаканасцю… Дарэчы, як вас клічуць?
— Людмілай… Можна проста — Люся…
— Во так, Люся, і дамовіліся: ды выхаду кніжкі я застаюся інкогніта, містэрам Ікс — люблю загадкавасць, рамантычнасць…— I каб адкараскацца ад яе настырнасці, прапанаваў: — Хочаце, я вам свае вершы пачытаю?
— Ой, пачытайце! — аж прыпляснула ў далоні яна,— Пачытайце, пачытайце, калі ласка…
— Што ж вам пачытаць? — задумаўся ён, хоць ведаў, што будзе чытаць менавіта той, напісаны два гады назад пад уражаннем успамінаў пра Любу-Лірыку, верш.
— Што-небудзь пра каханне, а? — папрасіла Люся, злёгку зардзеўшыся.
— Можна і пра каханне,— згадзіўся ён і роўным, прачулым голасам пачаў:
Ляцяць сняжынкі, нібы летуценні,
Прасторы белым абняла зіма.
Але няма, як колісь, захаплення,
I радасці былой няма…
А снег ідзе, кладзецца пухам белым,
Як тысячу, як восем год назад,
Як і тады, калі на свеце цэлым
Ты ў мяне была адна…
0, намяло ў душы маёй сумётаў!..
Мо завітаць, мо зможаш адагрэць?
Ды ні на тройцы, ні на самалёце
Мне да цябе ужо не даляцець…
І, мабыць, доўга, мабыць, назаўсёды
Нясці, як крыж, мне мой страшэнны грэх…
Чаго ж, чаго ты ў сны мае прыходзіш,
Калі паваліць белы, чысты снег?..
Было трохі не па сабе чытаць гэтай рыжай Люсі, якую першы раз у вочы бачыць, свой, бадай, самы інтымны верш, але хіба вінаваты, што менавіта гэты твор самы дарагі з усяго, што калі-небудзь напісалася… Яму хацелася ўразіць яе сваімі вершамі, і, бадай, не дзеля флірту. Бадай, упершыню так выразна зразумеў, як не хапала яму слухача, чытача, нечага зычлівага, шчырага захаплення, хай сабе не дужа прафесійнага — у рэшце рэшт, вершы пішуцца не для ўрослых гатовымі формуламі эстэтаў, а для такіх, як гэтая Люся. I зараз быў удзячны ёй за падтрымку, пра якую яна, канечне, і не здагадвалася…
Прачытаўшы пад захапленне ўсё, што помніў на памяць, стаў забаўляць яе рознымі байкамі і анекдотамі з жыцця вядомых пісьменнікаў, уражваць сваімі знаёмствамі, прыяцельскімі сувязямі з аўтарамі кніг, што стаялі на паліцах. Яна прымала ўсё за чыстую манету, а ён, падахвочаны, даваў волю фантазіі.
Прапанову павячэраць у рэстаране Люся ўспрыняла, быццам ёй неспадзявана прапанавалі галоўную ролю ў кінафільме з Кіндзінавым і Саломіным…
А палове восьмай пастукала дзяжурная — папрасіў пабудзіць. Аднак не спаў, проста ляжаў у цяпле пад коўдраю і думаў, чым можа скончыцца рандэву з гэтай рыжай Люсяю…
За акном манатонна і нудна шапацела халодная восеньская імжа. Жах як не хацелася пакідаць цяпло, ісці ў гэтую няўтульную золкую цемрадзь. Праклінаў той час, калі пацягнула за язык прызначыць гэтае нікому не патрэбнае спатканне. Хто ведае, што яна за цаца, зноў уліпнеш у якую дурацкую гісторыю. Гэта райцэнтр, тут кожны кожнага ведае як аблупленага. Зойдзеш заўтра ў рэдакцыю, а там ухмыляюцца: ого, які шустры! Едзь, адкуль прыехаў, Дон Жуан аблезлы…
Разважлівы ўнутраны голас сігналіў: нічога добрага не чакай ад гэтых залётаў, аднак не пайсці на прызначанае жанчыне спатканне было не ў яго правілах — мужчына заўсёды павінен заставацца джэнтльменам…
Люся спазнілася ўсяго на некалькі хвілін.
— Хэлоў! — яшчэ здалёк крыкнула яна, складваючы квяцісты парасончык.— Вы мяне зачакаліся?
— Ды не, вы надзвычай пунктуальная…— пахваліў ён, трохі шакіраваны яе правінцыйным «хэлоў».
Люся была без рыжага парыка, і ёй вельмі да твару кароткая стрыжка. Затое вузенькія, як дудачкі, ярка-чырвоныя вельветавыя штаны (падзівіўся, як толькі яна напяла іх на сябе) выглядалі недарэчна, смешна — ну, што ні ёсць бусліха! Раней ён ніколі не зважаў, як хто апранаецца, хіба калі на кім ужо надта крыкліва выпірала, калола вочы, сам мог хадзіць у чым папала, пакуль не ўзяліся за эстэтычнае выхаванне Бяскуднікавы… Цьфу! Зноў Бяскуднікавы…
Галантна крануў Люсю пад ручку, паказваючы на рэстаран:
— Прашу…
Яна какетна і ўдзячна ўсміхнулася, грацыёзна, як умеюць гэта толькі жанчыны, за крок наперад стала падымацца па сходках. Так падымаюцца юныя каралевы на трон ды спартсменкі на п’едэсталы…
У гардэробе па-свойску перадала яму парасон, белы плашчык, пайшла прыхарошвацца перад люстэркам. Здаў парасон і плашчы гардэробшчыку, атрымаўшы ўзамен белы нумарок з дзіркаю, пачакаў, пакуль Люся закончыць круціцца перад люстэркам.
У даволі прасторнай зале з рэліктамі пятнаццацігадовай даўнасці — пакачарэжанымі фікусамі ў кадушках (проста дзіва, як яны захаваліся!) — быў спецыфічны рэстаранны гул. Вопытным вухам і вокам улавіў, што тут засталіся толькі тыя, хто засеў капіталёва. Выспявала атмасфера, калі кампаніі не дужа заўважаюць, што яны тут не адны. Яму заўсёды была даспадобы такая атмасфера: можна адчуваць сябе раскавана, не дужа цырымонячыся з умоўнасцямі і фармальнасцямі.
Афіцыянтка канчала прыбіраць столік у далёкім кутку пад разгалістым фікусам, не згаворваючыся, рушылі туды — пра лепшае месца і марыць цяжка.
Гаманлівая мужчынская кампанія па суседству ссунула два сталы — пэўна, адзначаюць нейкую ўрачыстасць і, па ўсім відно, дасягаюць апагея ў сваёй хмельнай гульбе. Селі спіною да вясёлай кампаніі, чакаючы афіцыянтку, вывучалі меню.
Размова не клеілася. Люся была нечым занепакоена, слухала няўважліва, і яго стаў аглытваць нейкі цьмяны страх. Мо яна заўважыла каго знаёмага, кавалера альбо жаніха?! Не можа быць… Каб мела жаніха — чаго б паперлася з ім? Хм, чаго… Мо пасварыліся — во і рашыла падражніць, каб быў больш згаворлівы, пакладзісты… Іх брат гэта ўмее! А ён, олух цара нябеснага, распусціў хвост… Зараз толькі пер’е паляціць…
— Люся, а мне не давядзецца страляцца на дуэлі з вашымі раўнівымі паклоннікамі?
— Не хвалюйцеся: вы ўсіх іх — пух-пух-пух! — засмяялася яна, зноў засяродзіўшыся на нечым сваім.
Падышла афіцыянтка. Люся наадрэз адмовілася ад каньяку, бы здагадвалася пра яго абмежаваныя фінансавыя магчымасці. Заказаў для яе сухога віна, сабе рашыў узяць гарэлкі.
Размова між тым і пасля чаркі не наладжвалася. Яе думкі былі недзе далёка, слухала яго толькі для прыліку, і з кожнай хвілінай узрастала напружанасць, адчужанасць. 3 асцярогаю пачаў аглядвацца па баках, прыслухоўваючыся, прыкідваючы, адкуль можна чакаць небяспеку. Падазронага, здаецца, нічога не было — ніхто не зважаў на іх. Узбадзёрыўся: ха, навыдумляў розных страхаў, і (о, жах!) Люся сваёй жаночай інтуіцыяй улавіла: палахлівец. Ды гэта ж, чорт пабраў, куды горш, чым атрымаць па карку!
Ліхаманкава думаў, як паправіць становішча, аднак нічога слушнага не прыходзіла, і яшчэ больш губляўся. Міжволі натапырыў вушы: чаго гэта так рагочуць захмялелыя суседзі?
— …вываліў з кілаграм медзякоў. Лічы, кажу! Пасінела, рукі дрыжаць, а лічыць. А кудм дзенецца! Рубля з капейкамі не хапае, кажа. Ах, так? Аблапошыць захацела?! Ану, лічы нанова!..
Падалося, што недже чуў гэты голас. Павярнуўся — і вочы ў вочы сутыкнуўся… Канечне ж, гата быў адзін з карцёжнікаў, з кім правёў сённяшнюю ноч. Атлет. Дзякаваць богу, здаецца, не пазнаў без барады! А мо толькі выгляду не падае? Зараз прысуседзіцца, пачне высвятляць: ты мяне паважаеш? Перадаваць прывітанні… Во які пісьменнік узнікне перад Люсінымі вачыма!..
Сядзеў як на іголках. Лёгкі хмель і не думаў заглушыць насцярогу, развязаць язык. Мо нават — наадварот… На Люсіным твары ўсё выразней і выразней пісалася расчараванне і сум. Не сакрэтам было, што яго акцыі пісьменніка, цікавага субяседніка, сталічнага джэнтльмена катастрафічна абясцэньваюцца, і ён не мог прыкласці розуму, як падняць іх у цане. Спрабаваў расказваць нешта вясёлае, але з-за здранцвелага голасу жарты выходзілі плоскімі, недарэчнымі, Люся толькі кісла крывіла вуснамі, і гэта выклікала яшчэ большую скаванасць. Такога з жанчынамі ў яго яшчэ не было.
— Давайце пойдзем, позна ўжо,— нарэшце цвёрда і адчужана прапанавала яна, і ён разумеў, што затрымліваць няма ніякага сэнсу.
Моўчкі выйшлі на вуліцу. Імжа аціхла, браўся ветрык, які, мусіць, зрушыў хмару з месца. У прагаліне забліскала яркая зорка, бы сігналячы аб небяспецы…
А раптам яе паклоннік ці жаніх падчэквае ў цёмным завулку?! Мо нават цэлая кампанія… Мо развітацца тут ды тэпаць у гасцініцу? Ці: чаму б не паспрабаваць яе запрасіць да сябе?
— Люся, мо заглянем паглядзець, як я жыву?
— Вы што? — пакрыўдзілася і абурылася яна.— За каго вы мяне прымаеце?..
— Даруйце, я нічога благога не думаў…
Трапілі ў цёмны завулак. Вастрыў вушы, сцінаўся ад кожнага шораху, чакаючы непрыемнасці, як нечага непазбежнага. Але вакол было ціха і спакойна, гаслі вокны, гарадок ахутвала сонная дрымота. Па ўсім відно было, што агрэсіўныя сапернікі існуюць толькі ў яго ўяўленні. Далікатна ўзяў Люсю пад ручку, і яна не пярэчыла. Аднак гэта яшчэ не зняло яе адчужанасці. Трэ было рабіць рашучы паварот, інакш, разумеў, чакае поўнае фіяска: яна не проста насмяецца, а ўзненавідзіць, усімі фібрамі душы ўзненавідзіць, на вочы не дапусціць. Ён ведаў гэта з уласнага вопыту…
Двума курсамі вышэй на факультэце былі дзве не дужа пераборлівыя, страсна і шчодралюбівыя асобы, якіх хлопцы між сабою не без пагарды называлі «вучэбнымі». На іх і напускалі «для абкаткі» цнатлівых, як ён некалі быў, цельпукоў-першакурснікаў. «Абкатка» пачалася, ды такая, што ледзьве не згубіў розум у першыя ж дні — на бульбе ў Клімавіцкім раёне. Успыхнула, нават не ўспыхнула, а ўзарвалася такое каханне, што невядома, чым магло ўсё скончыцца, каб праз некалькі дзён не з’явіўся больш практычны «практыкант», які не тлуміў галаву ўласнымі і Ясеніна вершамі, а дзейнічаў з першага ж вечара…
Потым, калі стаў універсітэцкай паэтычнай знакамітасцю, па ім млела не адна… Праўда, як ліплі, так і адліпалі, пачыналі хадзіць з такімі, хто і падэшвы яго не варты. Так і не меў блізкай жаночай душы, апроч, канечне, Лірыкі, хоць наўрад ці і яна была блізкая душа…
Былі, вядома, і лёгкія перамогі, настолькі лёгкія, што апроч горычы расчаравання, нічога не пакідалі, і згадваць іх не хочацца…
Прычыну ўсіх няўдач і паражэнняў на любоўным фронце бачыў у сваёй залішняй інтэлігентнасці, недастатковай рашучасці…
Канчаткова пераканаўшыся, што няма і не будзе ніякіх паклоннікаў, пасмялеў, намерыўся дзейнічаць рашуча, паказаць сапраўдную мужчынскую напорыстасць, сталічную марку. Для пачатку лёгенька абняў за талію. Люся павяла капрызна плечуком, але рукі не адхінула. Гэта прыдало ўпэўненасці: хэ, не такіх сустракалі! Патроху знікала скаванасць, развязваўся язык. «Закінуў вуды»: кватаруе ці жыве з бацькамі, хто ёсць дома? Яна адказвала ўхіліста, аднак, адчувалася, гэтая гульня з намёкамі пачынае яе забаўляць, інтрыгаваць. Лёгка і проста перайшлі на «ты», і неўзабаве ад былой адчужанасці не засталося і следу. Яна смяялася, падатліва хінулася, дазваляла руцэ сякія-такія вольнасці… У лёгкасці перамогі амаль не сумняваўся, намагаўся толькі ўявіць сабе, як усё будзе развівацца далей…
Але як толькі наблізіліся да дому, яна рэзка перамянілася, стала спешна развітвацца.
— Ды пачакай ты! — Загарадзіў сабою дарогу да каліткі.— Пастаім, пагамонім…
— Позна ўжо…— былым халодным голасам сказала яна, і зразумеў: не ўтрымаеш.
— Сустрэнемся яшчэ?
— Не ведаю…— Вырвала руку.— А калі ты збіраешся ў свой Мінск? Нябось жонка зачакалася…
— Я тут застаюся. I няма ў мяне ніякай жонкі — вольны казак.
— Хо-хо-хо-хо! Чула б твая жонкаі Ты так да ўсіх падлабуньваешся?
— Чаму да ўсіх…— зрабіў выгляд, што пакрыўдзіўся.— Я прыехаў да вас на работу, у рэдакцыю, і на самай справе нежанаты…
— Праўда?! — I пры цьмяным святле ліхтара, што матляўся непадалёку, заўважыў у яе вачах здзіўленне, недавер, радасць і расчараванне — адначасова.
— Праўда!
Твар яе, трохі збянтэжаны, разгублены, быў зусім блізка. Прыхінуў, пацалаваў у шчаку, абхапіў у абдымкі. Люся на момант застыла ў зняменні, аднак праз хвіліну ўзвілася, як кошка, вызваляючыся з яго рук, з усяе сілы штурхнула ў грудзі, адскочыла на крок. Ён пахіснуўся назад, паслізнуўся, нага зачапілася за нейкі камень, губляючы раўнавагу, паслізнуўся яшчэ раз — і няўклюдна сеў у лужыну. Усё адбылося так нечакана, так імгненна, што нават не паспеў сцяміць, што здарылася.
— Ой! — спалохана ўсклікнула Люся, не ведаючы, рагатаць ці спачуваць.— Даруйце, дальбог, я не хацела…— Замітусілася: — Пойдзем, а, пойдзем… абатрэм, абмыем…
Лепш бы яна маўчала! Лепш бы знікла з вачэй!
Яна сілком зацягнула ў двор, але павяла не ў дом, як думаў, а да калодзежа. Мітусліва выцягнула вядро цяжкай восеньскай вады, стала паліваць на рукі, рукавы, потым на плашч, прыгаворваючы: усё будзе добра, усё будзе добра, ды пакрыкваючы на вялізнага чорнага ваўкадава па клічцы Піначэт, які заходзіўся, ірваў ланцуг у некалькіх кроках ад калодзежа.
Яго рэпутацыя ў літаральным і пераносным сэнсе была падмочана. Гэта разумеў без усякіх ілюзій…
Трасучыся ад холаду і агіды, паплёўся да гасцініцы. Дадонжуаніўся, аблезлы кот! Во зараз убачыць дзяжурная, які прыгажун,— лопне са смеху. Заўтра ўвесь гарадок будзе пацяшацца…
Лёс на гэты раз злітасцівіўся над ім: дзяжурная некуды адхілілася, ключ ад нумара вісеў у скрыначцы на сцяне…
Пераапрануўся ў сухое і, зладзюкавата аглядаючыся, пайшоў адмывацца. На шчасце, усе спалі, ці мо ўвогуле нікога не было.
Развесіў адзежыну ля напаленай печкі, туфлі паставіў наверх. Хоць бы павысыхала да заўтра!
Выключыў святло, злы, прыгнечаны, залез пад коўдру з надзеяй як мага хутчэй заснуць. Але сон, як на грэх, не прыходзіў. Было да жудасці нудна. Няладны, прыкры дзень, што правёў тут, здаўся вечнасцю. Ад аднаго ўяўлення, што трэба заставацца на год, мо на два, а то і болей, стала млосна, засадніў нясцерпны настальгічны боль.
Ляжаў і думаў: во дурань! Убіў сабе ў галаву чорт ведае што… Уцякаць задумаў. Праштрафіўся, праскандаліўся, ці што, каб замятаць сляды, імчаць чорт ведае ў якую дзіру? Якія да яго прэтэнзіі? Няма ніякіх прэтэнзій, апроч, канечне, разводу, дакладней — скандальчыку з дзяльбой маёмасці, які, каб скампраметаваць, падняў на ўсю рэдакцыю Ротар Пятровіч. Да Саўчука, да «жалезабетоннага Рамана», да рэдактара дайшоў… Але развод, раздзел маёмасці — усё гэта яго, Андрэя, асабістыя справы. Па рабоце да яго якія прэтэнзіі?! Даруйце, ніякіх… Чаго ж тады агарод гарадзіць з гэтым уцёкам? Прызнаць праўду Ротара Пятровіча?! Не-е-е! А яшчэ цікава: чаго гэта Саўчук так зацікаўлены справадзіць? Што ён надумаў? Няўжо на самай справе дбае, каб «атрухнуў пыл, дакрануўся да вытокаў, падняў галаву»? Але чаго сам уцёк у Мінск, не сядзеў чаму, не дакрануўся да гэтых вытокаў, калі тут так салодка? Не-е, тут нешта іншае… А ці не баіцца гэты «дабрадзей», каб не заступіў яго дарожку, не стаў пасярод кладачкі? Во таму і сплаўляе, як бервяно па рацэ… Лоўка ж задумаў у лапці абуць… Ды нічога не атрымаецца ў цябе, Саўчук! Не на таго напаў. Андрэя Чарапіцу на мякіне не правядзеш. Андрэй Чарапіца — верабей стрэляны…
Раніцой прачнуўся свежы, у добрым настроі і з цвёрдым намерам — назад у Мінск, на злосць Саўчуку і ўсім гэтым бездарам. Хай пакруцяць насамі — не ўдалося абуць у лапці…
Адзежына высахла за ноч. Ледзьве крануў шчоткаю — і асыпаліся астаткі гразі, якую не змог учора вымыць. Варта было б, канечне, папрасавацца, але падумаў: ат, сыдзе! Горш з туфлямі: ссохліся, пазадзіралі насы, сталі як калодкі, ні за што не хацелі налазіць на ногі. Выдраў зморшчаныя пракладкі, сяк-так напяў — нічога, раздадуцца, да першай вады…
Аўтобус на Мінск адпраўляўся ў другой палове дня.
Надвор’е паправілася. Па бледнаватым небе плылі ашмоткі ўчарашняй хмары, раз-пораз засцячы няшчодрае нізкае сонца. Ноччу можа ўзяцца замаразак…
Паснедаўшы, перш чым зрабіць развітальны круг, рашыў усё ж заглянуць у рэдакцыю. Проста так, дзеля прыстойнасці. Перадаць Саўчуковы прывітанні — і не болей. Ніякіх перамоў, ніякіх нават намёкаў! Быў тут па справе, забег на хвіліну…
Рэдактар спаткаў прыязна і ветла і адразу ж выклікаў сімпатыю. Ён быў зусім яшчэ малады — ад сілы на гадоў пяць старэйшы за яго. Павінен бы ведаць па універсітэце, аднак ніяк не мог прыгадаць. Можа, вучыўся на завочным, а завочнікі і стацыянарнікі не асабліва знаюцца.
— Я — аграрнік,— здагадаўся рэдактар, усміхаючыся.— Канчаў сельгасінстытут, а потым сустрэўся, як кажуць, на жыццёвым шляху з Алесем Сяргеевічам — і во самі бачыце…
— Гэта мо і лепш, што сельгасінстытут,— заўважыў Андрэй.— На сённяшні розум, я, напрыклад, ні за што не пайшоў бы на журналістыку…
— Ну-у, скажаце! — не пагадзіўся рэдактар.— Я на сабе ой як адчуваю недахоп філалагічнай адукацыі! Пагамонім як-небудзь, паспрачаемся на гэты конт. Ну, а цяпер давайце пра справу…
О, каб мог ведаць, што яго ўжо чакаюць — пазваніў Саўчук! Падумаў з непрыяззю: а глядзі ты, як улягае! Улягай, улягай…
Рэдактар з захапленнем расказваў, які дружны і творчы калектыў створаны Саўчуком, які харошы, багаты на традыцыі іх раён, якая прыгажосць тут летам, зноў на ўсе лады расхвальваў Саўчука. Андрэй слухаў пятае праз дзесятае, ліхаманкава думаючы, як далікатней выкруціцца, дыпламатычней выйсці з гульні.
Анатоль Іванавіч (так звалі рэдактара), мусіць, заўважыў яго разгубленасць, падміргнуў па-змоўніцку, таемна сказаў:
— Не здзіўляйцеся, але я вас даўно ведаю…
— Адкуль? — неўразуменна паціснуў плячыма, з тою ж ліхаманкавасцю прыгадваючы, дзе б яны маглі сутыкацца.— Цікава?
— А памятаеце? — Падміргнуў, устаў з-за стала і роўным голасам пачаў:
Вечарамі далёкімі, веснімі —
Ёсць тут жорсткая праўда зямлі —
Пасталелыя нашы равесніцы
За старэйшымі хлопцамі йшлі.
Ім здавалася, быццам бы
Само сонца заззяла ярчэй…
Так, худыя, цыбатыя рыцары,
Мы гублялі сваіх Дульцыней.
Было ўдосталь адчаю і роспачы,
Безвыходнасці, болю, тугі.
I вянкоў тых ганебных, гарохавых
Нам хапала удосталь на ўсіх.
А яны? Ну, вядома, не макамі
Быў усланы заўсёды іх шлях…
Андрэй аслупянеў, заморгаў вачыма: гэты рэдактар, гэты раёншчык, гэты аграрнік, які наракае на недахоп філалагічнай адукацыі, чытаў яго даўні, пачатку студэнцкіх гадоў, верш, верш, які нават ён, аўтар, забыў, не помніў!!! Гэта быў нейкі цуд, нешта незразумелае, неспасцігальнае!… Хіба магло прысніцца, хіба мог даць веры, што нехта, нейкі студэнт-сельгаснік, вывучыць яго верш на памяць, будзе згадваць праз столькі год!..
Яго пачуцці не ўмяшчаліся ў душы, ледзьве стрымліваўся, каб не кінуцца абдымаць, цалаваць гэтага чалавека. Во такіх трэба ставіць рэдактарамі часопісаў і самых салідных газет! Але хто мог падумаць, ну хто ж мог падумаць!.. I цвёрдае рашэнне паварочваць аглоблі раптам здалося недарэчным, неразумным, вар’яцкім. Вяртацца ў тое асінае гняздо?! Не-е! Канечне ж, ён застаецца тут, застаецца з разумнымі людзьмі, застаецца, каб тварыць, падняць галаву, стаць на ногі, дамагчыся куды большага, чым шэранькі Саўчук, якога выдаюць ледзь не за нейкага генія…
Душа гарэла ад прыемнага, узвышанага ўзбуджэння. Ён быў задаволены сабою за рашучы і, безумоўна, правільны крок, выразней і выразней разумеў, што ў яго жыцці адбываецца зрух, круты паварот, за якім пачынаецца новая дарога, новая, сапраўдная старонка, напоўненая вялікім сэнсам…
На аўтавакзал рэдактар завёз на рэдакцыйнай машыне, хуценька ўладзіў з білетам. Развіталіся цёпла, амаль па-сяброўску, дамовіўшыся, што праз дзён дзесяць вяртаецца на пасаду адказнага сакратара…
Шафёр папрасіў заходзіць. Андрэй праз акно не спускаў вачэй з Анатоля Іванавіча. Прыязна ўсміхаліся адзін аднаму, памахваючы рукамі, і раптам кальнула, праняло нейкае балюча-журботнае прадчуванне, быццам яны развітваюцца назаўсёды…
Аўтобус імчаў ужо добрую гадзіну, а прыемнае ўзбуджэнне не аціхала. Даўно ён не быў такі задаволены сабою, прынятым рашэннем: сапраўдныя мужчыны ўмеюць зацугляць, узяць лёс у свае рукі, калі спатрэбіцца — рашуча і смела павярнуць руль, мужчынам не да твару плыць па цячэнню, па волі лёсу. Зараз ён адчуваў сябе сапраўдным мужчынам, і гордасць перапаўняла душу. Але, бадай, больш за ўсё цешыла, што ён нешта значыць, нешта паспеў зрабіць — яго творы жывуць, яго ведаюць… I яшчэ была вялікая, бязмежная ўдзячнасць Анатолю Іванавічу за добрыя словы, добрую ласку і больш за ўсё — за вернутую надзею, веру ў тое, у чым сам расчараваўся за гэтыя гады…
Але, па меры таго як аўтобус аддаляўся, узбуджэнне патроху праходзіла, уражанні бляклі, сталі мільгаць, даймаць іншыя думкі. Ён адганяў іх, на нейкі час гэта ўдавалася, аднак яны зноў і зноў выпаўзалі з глыбіні падсвядомасці, падмываючы тое, у чым не хацеў сумнявацца…
А ўсё ж, мусіць, не трэба было пароць гарачку… Варта было абдумаць, узважыць усе «за» і «супроць», перш чым даваць згоду… Не ўсё так проста, як здаецца… Што рабіць, напрыклад, з кватэрай, якую адваяваў у Бяскуднікавых? Не ўсю, вядома, а паўнаметражную аднапакаёўку, што дасталася пры размене. Не аддаваць жа ні за панюх табакі чорту лысаму! А калі раптам не прыжывецца — высветліцца: даўно перарос раёнку, прыехаў шукаць учарашні дзень? Хто можа выключыць такую магчымасць? Можна, канечне, паехаць, не выпісваючыся, пакінуць кватэру за сабой, пасяліць каго часова. Хм, паселіш — потым не выселіш… А як зрэагуюць, што паехаў, знаёмыя? Вядома як: даслужылася паэтычная надзея, сабакам сена косіць… І падбіў жа нячысцік паабяцаць гэтаму Анатолю Іванавічу! Анатолю Іванавічу работнік, цяглавая сіла патрэбен, а ён развесіў вушы, усцешыўся… Канечне, чалавек ён сімпатычны, не раўня многім сталічным дзеячам, што ўраслі самазадаволенасцю, як валуны мохам… Трэба напісаць, падаякаваць за ўсё — хай не памінае ліхам… А мо ўсё ж плюнуць на ўсё — ды ехаць, як дамовіліся? Нельга ж, каб нейкая няшчасная кватэра звязала па руках і нагах. Хіба мала, што ўжо раз апёкся на мінскай прапісцы і кватэры? Вунь Саўчук, Грышка Багдэевіч…
Аўтобус прыбыў у Мінск а палове дванаццатай ночы. Стомлены дарогай і, бадай, яшчэ больш — цяжкімі супярэчлівымі думкамі, пабрыў на трамвайны прыпынак, так нічога і не рашыўшы, так і не прыняўшы канчатковага рашэння…
Трамвай быў амаль пусты. Сядзелі, абняўшыся, дзве пары ды кляваў носам п’янаваты дзядзька. Трамвай гучна грукаў на стыках, вагонаважатая не аб’яўляла прыпынкаў — пэўна, абрыдла к канцу змены і ведала: той, хто едзе ў такі час, і без абвесткі сыдзе, дзе яму трэба. Андрэю было далёка — аж да Зялёнага Луга, лічы, праз увесь горад. Ля парку Горкага сышла адна пара, ля кінатэатра «Мір» — другая, п’янаваты дзядзька, што ўсю дарогу вудзіў акунёў,— на Камароўцы. Застаўшыся адзін на ўвесь вагон, млява адкінуў галаву, заплюшчыў вочы… А мо пашукаць месца тут, у Мінску? Знайдзі, калі не засталося ўжо ніводнага вартага выдання, дзе не пабываў… Не пачынаць жа па другім кругу… Трэба ехаць — і ніякіх ваганняў, ніякіх сумненняў! Не свет клінам сышоўся на гэтай кватэры. Будуць яшчэ не такія апартаменты…
Але Саўчук, пэўна, усё ж доўга не пратрымаецца — быць таго не можа, каб яго не выжыў «жалезабетонны Раман»… Паедзеш — а тут месца, і кусай сабе локці… А калі нічога не пераменіцца? Саўчука не так проста зваліць з ног. Саўчук стаіць цвёрда. То дзіва: маючы такую глебу пад нагамі, такі маральны капітал за душою, можна стаяць цвёрда, можна сабе дазволіць…
Эх, каб мог ведаць, як павернецца! Ды, шкада, не дадзена чалавеку ведаць, што будзе заўтра, пасляэаўтра, праз тыдзень, праз месяц, праз год… Шкада, што жыццё трэба пісаць толькі ў адным варыянце, толькі ў адным экземпляры і, напісаўшы, ужо нельга паправіць ніводнай памылачкі, ніводнай памарачкі…
Мастак У.М. Жук