Шэрая раніца. Сонца яшчэ спіць. Недзе далёка самотная зязюля лічыць некаму гады. Нястройны і яшчэ нясмелы птушыны хор і смелы ўрачысты покліч «ку-ка-рэ-ку-у-у-у» абвяшчаюць усёй вёсцы, што надышоў новы дзень. Павольна-павольна з-за вугла сваёй хаты выходзіць Васіль з вядром. Высокі, худы, нетаропкі ні ў рухах, ні ў словах, ні ў думках.
Васіль (пазіраючы за сад). Уставай, уставай ужо… Ранак выдаўся сцюдзёны, у свеце неспакойна, прэзідэнты шалеюць… Плюнь на ўсё і прачынайся… І сёння трэба жыць. З табой, з зямлёю і з людзьмі… Людзі добрыя ўсе, мо толькі забыліся пра гэта… Бягуць, едуць, ляцяць… Ці то ўцякаем ад некага, ці то даганяем — ліха нас ведае… (Падыходзіць да калодзежа, пачынае даставаць ваду.) Як у чыгунку жывём! Аж бурбалкі, аж пара прэ… Немаведама хто толькі гэту поліўку сёрбаць будзе, калі яна ўрэшце зварыцца… (Дастаў вядро, пераліў у сваё, аднёс у бок ад калодзежа, выліў на зямлю.) Гэта на тваю хату, Сёмка… (Вяртаецца, зноў пачынае даставаць ваду.) Як паспакайнець? Няма спакою, і дабрыні не знойдзеш… Дабрыня ціхая… (Дастаў вядро, пераліў, аднёс, выліў.) А гэта на тваю хату, Іван… (Вяртаецца, зноў дастае ваду.) Думаеш, глупствам займаюся? Няма каму ваду з калодзежа браць… Раз'ехаліся ўсе… А калодзеж жывы павінен быць… З яго чэрпаць трэба, каб і вада жывой была… Во я і выбіраю яе штодня… За былых сваіх суседзяў, за дзяцей іх і за свайго сына… (Аднёс вядро, выліў.) На тваю хату, Пятрок… Ах, дзеткі, дзеткі… Такія вы ў нас грамацеі выраслі! Яны табе і Бога на лапаткі пакладуць, дакажуць, што Іуда некалі добрую справу зрабіў… Усё могуць. Толькі сваіх дзяцей не хочуць на свет пускаць… Ці то баяцца, ці то лянуюцца, ці то хочуць, каб ніхто жыць не замінаў… Дык ты сам жывеш, дык і другому дай… Ненароджаныя дзеткі — гэта ж усё адно як памерлыя… Слухаеш? Ну, слухай, слухай… Холадна, мабыць, там і цёмна… Дзе там? У космасе, канечна… Дзе ж яшчэ? Я во падумаю-падумаю, а што, калі б мае бацька-маці ўзялі дый не нарадзілі мяне?! Га? Ды я б ім гэтага ніколі не дараваў! Хаця нясоладка было: тры вайны адпляскаў… мнагавата. Ды і без вайны жыццё мёдам не было… І ад чужых, і ад сваіх нацярпеўся… Сын пісем не піша. Слухаеш? Слухай, слухай… І прачынайся… Прачынайся…
Да калодзежа падыходзіць Ганна. Такая ж, як і Васіль, старэнькая, белая. Яна нікуды не спяшаецца. Спынілася, паслухала.
Ганна. Чаго й та ты, Васіль?
Васіль. Што?
Ганна. Бубніш нешта сам сабе… Маліўся, ці што?
Васіль. Размаўляў… з Сонцам…
Ганна. Ашалеў пад старасць… З Богам, з Богам трэба размаўляць, а ты немаведама з кім…
Васіль. З кім хачу, з тым і размаўляю… Свабода совесці… Маўчыць яно. Свеціць і маўчыць. Слухае…
Ганна. Доўга ты яшчэ пражывеш, Васіль…
Васіль. Кінь ты!
Ганна. Гаварыць табе яшчэ хочацца з кім-небудзь… А перад смерцю чалавек заціхае і маўчыць, як тваё Сонца… Колькі гэта табе?
Васіль. Восемдзесят, а мо і болей… Лічыць надакучыла…
Ганна. Дык гэта ты старэйшы за мяне?
Васіль. А ты думала?..
Ганна. Ну-у, тады і мне яшчэ трохі пасмылець трэба… Хаця б да тваіх гадоў…
Васіль. Смылей на здароўе…
Ганна. Вады з твайго калодзежа вазьму…
Васіль. Бяры… (Уважліва глядзіць некуды ўдалячынь, падымаецца, выходзіць уперад.)
Ганна. Што там?
Васіль. Ідзе нехта…
Ганна падыходзіць. Глядзяць удваіх.
Павярнуў… У Займішча, мабыць…
Ганна падыходзіць да калодзежа, марудна апускае драўлянае вядро.
Ганна. Грышка твой усё не піша?
Васіль. З'ехаў пасля арміі і саўсім забыўся, што ў яго бацька ёсць.
Ганна. Была б Наста жывая, дык пісаў бы і прыязджаў.
Васіль. Бацьку дзеці лягчэй забываюць… Твая праўда…
Ганна. Сон я сёння бачыла… Можа, разгадаеш?
Васіль. Знайшла цыганку…
Ганна. Дык ты ж Сонцу молішся!
Васіль. Расказвай, разгадаю…
Ганна. Іваньку бачыла… Старэйшага свайго… Здаецца, ро-оўненькае поле жытнёвае, неба над ім чыстае-чыстае! І жаўрукі ў ім вісяць. І як быццам Іванька мой ідзе гэтым полем, раз-пораз жменю зерня дастае з кішэні і сыпле сабе пад ногі. Я стаю на ўзмежку дый думаю: «Навошта ён зерне кідае ў зямлю? Жыта ж ужо вырасла, у каласы пайшло, а ён нанава сеяць надумаўся…» Спытаць хацела, а голасу няма. Ён і прайшоў. Я і не спытала…
Васіль (не адразу). Добры сон…
Ганна. А чым?
Васіль. Неба было чыстае?
Ганна. Ну.
Васіль. Чыстае неба заўсёды на дабро. Жыта было?
Ганна. Было…
Васіль. Хлеб на дабро. Жаўрукі з песняй таксама на радасць…
Ганна. А Іванька? Нябожчыка ж сніць гэта ж, кажуць…
Васіль. Ён жа «без весці»! Які ж нябожчык, дурніца старая?!
Ганна. Яно-та так…
Васіль. Я табе кажу — добры сон… Чакай.
Ганна. Што чакаць?
Васіль. Радасці, дзіва нейкага…
Ганна. Ну, дзякуй табе… Маліся далей, пайду казу пасвіць… У Займішча буду заходзіць, мо ўзяць што?
Васіль. Хлеба купі… І пенсію сёння павінны даць…
Ганна. Ага…
Разышліся. Васіль панёс вядро з вадой дахаты. З другога боку вуліцы выходзіць Гастрыт. Маленькі, жвавы і нейкі калючы дзядок. Усё ў яго вострае: і барада, і плечы, і локці, і калені, і нос. Прыйшоў па ваду з чайнікам. Дастаў, наліў у чайнік, выпіў з носіка. Пастаяў, уздыхнуў, прысеў на лавачку.
Гастрыт (кліча). Васіль!
За плотам з'явіўся Васіль.
Васіль. Га?
Гастрыт. Калі паміраць думаеш?
Васіль (без паўзы). У сераду…
Гастрыт (збянтэжыўся). У гэту, ці што?
Васіль. У якую, ліха яе ведае, а што ў сераду — гэта як піць даць. Самы зручны дзень. Памру, значыць, зранку… Не, не! Пасля абеду. Памыюць вадой вось з гэтага калодзежа…
Гастрыт. Халодная ж…
Васіль. Табе халодная, а мне ў акурат… Ну, увесь чацвер паляжу ў хаце… У пятніцу, значыць, на кладзішча, а потым ужо ўсе выхадныя памінайце… Піце, гуляйце аж да панядзелка… На гэта сотню-другую пакіну…
Гастрыт (падумаўшы, злосна). Брэшаш! Не веру. І ты баішся. Павінен баяцца, а не… Ну што ты ў жыцці бачыў, каб з лёгкай душой смерць прымаць?
Васіль. Усё трэба рабіць з лёгкай душой…
Гастрыт. Брэшаш!
Васіль. А ты не гаўкай тады! Прыпёрся, ёлкі-маталкі, і пра смерць бае. Знайшоў пра што… А я, можа, на ўсю сотню замахнуўся…
Гастрыт. Нашто табе столькі капціць?
Васіль. Унукаў дачакацца трэба…
Гастрыт (усміхнуўся). Дык а яны, можа, ужо ёсць, а ты і не ведаеш. Унукі… Піша каму-небудзь твой Грышка?
Васіль (ніякавата). Піша… Мне піша…
Гастрыт. Брэшаш… Мае не пішуць, і твой павінен не пісаць…
Васіль. Піша!
Гастрыт (спакойна). Брэшаш…
Васіль (нечакана). Калі ты нарадзіўся, Мікіта?
Гастрыт. Ну, восенню…
Васіль (падумаў, нібы падлічваючы). Правільна…
Гастрыт. Што правільна?
Васіль. У Каляды цябе бацька з маткай рабілі, во што! У самую сцюжу… І на сугробе…
Гастрыт. А цябе…
Васіль (не даў дагаварыць). Мяне на печы. На гарачых цаглінах. І ўсё! Ідзі дадому, Мікіта… З табой пагаворыш — потым цэлую ноч поскудзь усялякая сніцца…
Гастрыт (зацята). Ладна! Пагляджу я, ці такі ты будзеш вясёлы, калі гэта сука касая ўсур'ёз за цябе возьмецца… Пагляджу!
Васіль. А мо мне давядзецца паглядзець? Га? Ты ж ад сваёй злосці капыты адкінеш… Твар вунь, як жоўты кукіш…
Гастрыт. На гэта не надзейся! Здохну, а цябе перажыву!
Васіль (зірнуў на дарогу). Пачакай, пачакай… Едзе нехта! У вёску едзе!
Выбеглі ўперад, глядзяць. Чакаюць. Уздыхнулі.
Гастрыт. Павярнулі… Па грыбы прыкацілі… А ты ўжо ўзрадаваўся! Не прыедуць… (Засмяяўся.) Яны і на хаўтуры не прыедуць! Сорамна будзе ў труне ляжаць…
Васіль. І чаму ты так пра смерць любіш пагаварыць, не раўнуючы як я пра свой раўмацізм?.. Дык у мяне хвароба, яна, праклятая, косці ломіць, хочаш не хочаш, а будзеш і памятаць і гаварыць… А пра смерць… На які д'ябал языком мянціць, прымервацца да яе? Не спужаеш і не ўцячэш!
Гастрыт. Не разумею! Як так можна? Усё яму добра, усё хораша! Што за народ?! Б'юць іх — добра, апошняе адбіраюць — хай, дзеці забыліся — так трэба, смерць у вочы глядзіць — заходзь, любая, чарку дам! Лапух!
Васіль. Не хадзіў бы ты да майго калодзежа… Га, Мікіта?..
Гастрыт. Хадзіў і буду. Не забароніш.
Васіль. Забараніць не магу… Гэта калодзеж… Самая смачная, самая чыстая вада…
Гастрыт. У цябе? Самая смачная? Цьфу!
Васіль. Што ты робіш, вырадак?! На святы калодзеж пляваць! Гэта вада душу мякчэйшай робіць і галаву яснай…
Гастрыт (папрасіў). Васіль, растлумач ты мне… Хоць забі — не разумею…
Васіль. Што растлумачыць?
Гастрыт. Ты проста прыдурак ці толькі прыкідваешся? Сонцу, як людаед, моліцца, вада ў яго ну не проста вада, а жывая… Нябожчыку на пятку капні — у скокі пойдзе… Здзяцініўся пад старасць!
Васіль. Ідзі ты, Мікіта, адсюль…
Гастрыт. Не пайду.
Васіль. Не трывож майго сэрца!
Гастрыт. Не пайду! Вуліца не твая.
Васіль. Тады злазь з лаўкі, падла! Лаўка мая, сам рабіў…
Гастрыт устаў з лаўкі, сеў побач на траву.
Гастрыт. Падавіся сваёй лаўкай. Куркуль!
Васіль маўчыць.
Перажытак!
Васіль. Сталоўка ўжо адчынілася, Мікіта… Ідзі гуляш калгасны ў Займішча есці… Вадзіцы з майго калодзежа напіся і ідзі.
Гастрыт. І пайду. А ты бульбай нішчымнай давіся!
Васіль. Я сам сябе ўсё жыццё карміў, кармлю і да смерці карміць буду…
Гастрыт. Брэшаш! Грошай шкада, во і цягнеш з сябе жылы… А нашто яны табе? Богу ўзятку даваць уздумаў?
Васіль. Не хачу нават пад старасць як той клоп жыць… Хадзіць па зямлі і ў сталоўцы абедаць… Гэта ж сорам!
Гастрыт. Гэта не сорам! Гэта абшчэственная пітанія! І потым я заслужыў… У мяне пенсія!
Васіль. Пенсія хутка ва ўсіх будзе… Хто толькі нас гуляшамі карміць будзе?..
Гастрыт. Я калі-небудзь на цябе ананімку напішу. Пабачыш. (Злосны, пайшоў.)
Чайнік з калодзежнай вадой застаўся каля лаўкі.
Васіль (адзін). Ты не крыўдуй на яго… Душа ў чалавека баліць. Нічога за ўсё жыццё нікому не аддаў… Аддаць трэба… Трэба… Тады ты і сагрэеш, і суцешыш, і сілы пад старасць дасі… Праўда? Слухаеш? Пайду свіннату сваю карміць… Чуеш, вішчаць? Эх, ручухны мае, ручухны!.. Што ж гэта вы так расхадзіліся? Ці не дождж збіраецца?.. Не падобна як быццам…
З'яўляецца Ганна. З сумкай хлеба, стомленая і вясёлая.
Ганна. Канчай маліцца — будзем весяліцца…
Васіль. Хлеба купіла?
Ганна. Ага…
Васіль. А пенсію прынесла?
Ганна. Пенсію не далі… Ты, кажуць, з завітушкамі распісваешся, а я без завітушак… Сам сходзіш… (Прысела на лаўку, зняла хустку.) Ну, давай, Васіль!
Васіль (глядзіць здзіўлена). Што табе даць?
Ганна. Страсяні касцямі — пакажы самадзейнасць!
Васіль. Ды ты, мабыць, піва ў сталоўцы выпіла?
Ганна. Пісьмо табе прынесла…
Васіль (захваляваўся, але наўмысна спакойна). Ад каго?
Ганна. Ну, ад каго ты думаеш?
Васіль (рашуча). Давай!
Ганна. Не-не-не! Табе радасць, дык ты ўжо і мяне парадуй… Згоцай «Лявоніху» з прыпеўкамі…
Васіль. Не дуры галавы! Адкуль пісьмо?
Ганна. Ой, язык зламаць можна! Нешта такое джык-гам-гаў…
Васіль. Джэсказган!
Ганна. Во-во!
Васіль. Ад Грышкі…
Ганна. «Лявоніху», Васіль, «Лявоніху»…
Васіль. Ну, што ты як маленькая, чэснае слова…
Ганна. А так — забі, не аддам!
Васіль. А, ёлкі-маталкі! (Падышоў, схапіў сумку, пашукаў і не знайшоў.) Аддай, табе кажуць, а то зараз самую шчупаць пачну!
Ганна. Ой, спужаў! Мяне ўжо можна шчупаць…
Васіль. Цьфу!
Ганна. «Лявоніху», Васіль, а то зараз пайду!
Васіль. Дык я ж растрасуся…
Ганна (паднялася). Пайду! І аддам толькі пад вечар…
Васіль. Каб ты згарэла! (Разы са два тупнуў.)
Ганна. Не, не… Пад музыку. (Заспявала.)
Ой, Лявоніха, ня жонка была,
Нямытую рубашонку дала,
Нямытую-некачаную,
У суседа…
Ну, чаго ты колам стаў?! Танцуй! (Спявае.)
Нямытую-некачаную,
У суседа пазычаную…
Весялей, весялей…
Туры-туры-турытушачкі,
Туры-туры-турытушачку!
Васіль скача.
А цяпер упрысядкі! І-і-і-эх!
Васіль сагнуўся, каб пусціцца ўпрысядкі, і знерухомеў.
Васіль (схапіўся за спіну). Ой!
Ганна. Чаго й та ты?
Васіль (стаіць, сагнуўшыся, як пытальнік). Порхаўка старая! Прысядкі ёй трэба! З маім здароўем — «Лявоніху»! Хадзі во, разгінай мяне, каб табе не ведаю што… У мяне ж сярэдзіна!
Ганна. А, Госпадзі! (Падбегла.) Што ж рабіць?
Васіль. Увапрыся далоняй у сярэдзіну… Ды не кулаком, а далоняй! Так… так… Не, вышэй трохі… Во чокнутая! Ці ж можна так з чалавека здзекавацца?
Ганна. Ну ладна табе…
Васіль. Дай толькі разагнуцца — ты ў мяне балетам заскачаш! Во так трымай. Цяпер бяры за галаву… Так… (Камандуе.) Разгінай!
Ганна спрабуе «разгінаць».
(Стогне.) Нічога не выйдзе… Цягні на лаўку, пакладзі як-небудзь… Сам буду разгінацца.
Ганна (вядзе старога да лаўкі). Аёечкі, каб жа я ведала…
Васіль (сярдзіта). Галавой думаць трэба… Самадзейнасці ёй захацелася…
Ганна падвяла Васіля да лаўкі, асцярожна-асцярожна паклала яго на яе.
(Паволі выпрамляецца.) Давай пісьмо!
Ганна (дастае з-пад кофты). На, на…
Васіль, лежачы, разрывае канверт, нецярпліва выцягвае белы лісток.
Васіль. У цябе акуляры з сабой?
Ганна. Зараз, зараз… (Дастае з сумкі.) На…
Васіль надзявае акуляры. Ганна ўздыхнула, адышла да плота, глядзіць.
Васіль жмурыцца, здымае акуляры.
Васіль. Ты ў іх бачыш што-небудзь?
Ганна. Усё чыста.
Васіль. Туман нейкі, і ўсё… (Перавярнуў акуляры дужкамі ўперад.) Во! Другое дзела… Ты ж іх не тым бокам носіш! (Прачытаў некалькі радкоў, спахмурнеў, адразу, забыўшыся пра сярэдзіну, падняўся, сеў, паклаў на калені пісьмо, акуляры. Сумна глядзіць перад сабой.)
Ганна (устрывожана). Ну?! Што там у яго?
Васіль. Маё гэта пісьмо, Ганна, маё… Пасылаў з месяц таму… Вярнулася… Зноў Грышка выбыў некуды… Во табе і «Лявоніха ня жонка была»…
Паўза. Старая павольна падыходзіць да лаўкі, сядае побач.
Ганна. Не сярдуй, Васіль…
Васіль. Кінь ты…
Ганна. Табе хоць ёсць ад каго чакаць…
Васіль. Дачакаешся…
Ганна. А я б, здаецца, з раніцы да ночы скакала, каб толькі ведаць, што мой Віцёк няўдачны калі-небудзь успомніць пра мяне… Хай ужо і пісьма не напішыць… Абы толькі ўспомніў… Не сярдуй… (Дастае з сумкі хлеб.) Булкі табе хопіць?
Васіль. Хопіць…
Ганна. А то дзве магу пакінуць…
Васіль. Хопіць адной…
Ганна. Ну, пайду… (Пайшла.)
Стары зноў разгарнуў пісьмо. Пакруціў у руках, паглядзеў і горка-горка засмяяўся. Падыходзіць Гастрыт.
Гастрыт (весела). Жывеш?
Васіль. Жыву…
Гастрыт. А чаго гэта ты рагочаш?
Васіль. Хачу і рагачу…
Гастрыт. Атрымаў, я бачу?
Васіль. Ну, атрымаў, а табе што?
Гастрыт. Давай пачытаю…
Васіль. Ідзі, Мікіта, не чапляйся…
Гастрыт. Грошай, канечне, просіць. Прапіўся да ніткі, во і бацьку ўспомніў.
Васіль (стомлена і не злосна). Каб ты здох! Ну, што ты за чалавек? Гастрыт, адно слова — Гастрыт… Чаго ты такі злы?
Гастрыт. Я не злы! Я чэсны…
Васіль. Гваздану я цябе калі-небудзь…
Гастрыт. У суд падам. Пасадзяць…
Васіль. Прэмію дадуць! Ад цябе ж ва ўсім свеце холадна… Ідзі, ідзі, я табе сказаў…
Гастрыт. Я па свой чайнік прыйшоў… Забыўся тут… Дзе падзеў?
Васіль. Вунь стаіць!
Гастрыт падышоў, узяў чайнік, выліў з яго ваду…
Гастрыт. Вады свежай можна ўзяць?
Васіль. Бяры…
Гастрыт пачынае даставаць ваду.
Гастрыт. Што гэта ў свеце робіцца, Васіль?
Васіль. Лета канчаецца…
Гастрыт. Куды ідзём?
Васіль. Не ведаю…
Гастрыт. Чым далей — тым людзі паганей робяцца… Сёння каля сталоўкі бугая гэтага, Мішку Сіляўца, сустрэў… Вісіць на плоце, носам сваім чырвоным шмыгае… «Дзед, кажа, я як убачу цябе — кулакі свярбяць, так хочацца табе па вуху даць… На, кажа, тысячу і падстаў вуха… Я прымачу адзін разок». Алкаш няшчасны! І чаго яны такія? Толькі пра тое і думаюць, каб кожны дзень гарэлкі нажэрціся да ікаўкі!
Васіль. А што ім яшчэ рабіць? Ні рукі, ні душы не занятыя…
Гастрыт. Хай над сабой працуе! Павышаіць уравень!
Васіль. Во ён гарэлкай і павышае…
Гастрыт. Мы ім шчасце заваявалі… Сытыя ўсе, абутыя-адзетыя… І недавольныя! Якой ім яшчэ трасцы трэба?
Васіль. Шчасце з чужых рук заўсёды кіслае… Шчасце самому сабе рабіць трэба… Абутыя-адзетыя… І ўпрогаладзь жывучы, радасныя песні спяваць можна… Не ў сытым пузе шчасце…
Гастрыт. А ў чым жа яно? Растлумач мне, цёмнаму, святы чалавек.
Васіль. У працы… У радаснай працы… А вы адбілі ахвоту ў людзей радасна працаваць на зямлі…
Гастрыт. Хто гэта мы?
Васіль. Ты і такія ж асталопы, як ты… Сто гадоў гадзілі людзям і цяпер гадзяць…
Гастрыт (падняў палец угору). І там гадзяць?
Васіль. І там…
Гастрыт. Васіль! Я цябе па-суседскі папярэджваю: не смушчай людзей. Ты ведаеш, супраць чаго выступаеш?
Васіль. Супраць дурноты!
Гастрыт. Васіль, я чэсны! Я магу ананімку напісаць…
Васіль. Пішы…
Гастрыт. Выклічуць… куды трэба за такія закідоны.
Васіль. Не пужай. Скончыўся твой час…
Гастрыт. Чэснае слова, напішу…
Васіль. Пішы… (Падняўся з лавачкі, пайшоў да веснічак.)
Прыбягае Ганна. Без хусткі, рахрыстаная, заплаканыя вочы гараць.
Ганна (крычыць). Людцы-ы!! Людцы!
Васіль. Чаго ты?
Ганна (задышліва). Радзіва! Радзіва… Хутчэй уключыце! Слухайце!
Васіль подбегам кідаецца да акна, адчыняе яго, круціць дынамік. Урываецца голас дыктара.
Голас дыктара…яе мацярынскую любоў і пяшчоту. Я памятаю яе ласкавыя рукі, што пяклі самы смачны хлеб і маглі трымаць зброю. У грозныя дні вайны, у партызанскім атрадзе, яна абараняла Радзіму…
Васіль. Фу-у-у, я ўжо думаў, што ізноў вайна…
Гастрыт (да Ганны). Ты што, з глузду з'ехала?
Ганна. Сціхніце!
Голас дыктара…Цяпер я далёка. Але вельмі часта мне сняцца начамі нашы Вежкі…
Ганна (усхліпнула). Сыночак!
Голас дыктара…хата канцавая, тры бярозкі пад акном і мама…
На гэтых словах Ганна, ужо не стрымліваючыся, загаласіла на ўвесь голас, пайшла да акна, схапіла з падаконніка старэнькі дынамік, прыціснула яго да грудзей.
Васіль (спалохана). Ганна, Ганна… Ты гэта… Сядзь… Супакойся. Не трэба так… Зараз вады дам… Чаго ты? (Да Гастрыта.) Чаго аслупянеў? Дай свой чайнік!
Гастрыт падае чайнік. Ганна п'е.
Гастрыт. Дайце-ка даслухаць… (Бярэ з рук Ганны дынамік.)
Голас дыктара. Паважаная Ганна Восіпаўна! Ад усяго сэрца мы жадаем вам моцнага здароўя і доўгіх год жыцця і па просьбе вашага сына Віктара перадаём для вас вашу любімую песню «Ой, ляцелі гусі з броду».
Ганна (выціраючы вочы). Дачакалася, дзякуй Богу… Успомніў… Спакойна памру…
Гучыць песня па радыё. Старыя слухаюць. Ціха так слухаюць.
Во яно і дзіва… Ваську ў сне бачыла, а Віцёк аб'явіўся… Помніць… Любіць…
Васіль (бубніць паблажліва). А толькі ныла ўсё: няўдачліва я яго радзіла, няўдачны ён атрымаўся… А ён цябе на ўсю краіну… Увесь народ цяпер ведае, што на зямлі жыве… Ганна з Вежак… І што сын у яе ёсць… Хоць і далёка, але ж ёсць…
Гастрыт. Оё-ё-ёй! Зірніце вы на іх! Загарэліся! Засвяціліся! Аж блішчаць!
Васіль. Мікіта, ты… ідзі адсюль… Я цябе прашу.
Гастрыт. Не пайду! Нечага тут… (Да Ганны.) Ганна, я цябе паважаю, але я чэсны… я справядлівы… Не крыўдуй… Не пра цябе гэта ўсё. Не ён гэта.
Ганна. А хто ж?
Васіль. Табе вушы пазакладвала, ці што?! Пра нашы ж Вежкі гаварылі!
Гастрыт. Другія Вежкі, другая Ганна і другі Віцёк! Ён такое не мог напісаць! Не мог!
Васіль. Дык што ж, яна сама пра сябе напісала?!
Гастрыт. Не ведаю. Дзе ён у яе? Дзе?
Ганна. Вы ж ведаеце… Сядзіць.
Гастрыт. І каторы раз? Толькі, Ганна, прашу… не крыўдуй… Я чэсны. Я справядлівы. У мяне ў самога дзеці няўдачныя… Расціў-карміў іх, дык быў харошы, а выраслі — дрэнным стаў! Грошы толькі пасылаюць, рублямі ад мяне адкупліваюцца, а каб што-небудзь такое… і не падумаюць і не ўспомняць… Няўдачныя!
Васіль. А вось Віцёк пра яе ўспомніў… Узяў і напісаў…
Гастрыт. Ага! Сяджу на нарах, як кароль на імянінах, — перадайце для маёй маці «Ой, ляцелі гусі…»!
Васіль. Ідзі адсюль!
Гастрыт. Не пайду!
Васіль. Ганна, не слухай… Ён кантужаны…
Гастрыт. Ды не быў я кантужаны!
Васіль. Цябе акушэрка кантузіла. (Да Ганны.) Прозвішча тваё перадавалі ці не?
Ганна. Не пачула я… Пра Вежкі толькі… Што добра чалавеку, калі ў яго куточак родны на зямлі ёсць, дзе некалі босым па расе бегаў… Добра, значыць, што цябе чакаюць і помняць заўжды… Яшчэ нешта… А прозвішча не пачула… Я не з самага пачатку слухаць стала…
Васіль. Перадавалі, канечне… І тры бярозкі пад акном у цябе растуць…
Гастрыт. Стоп! Калі ён з'ехаў, бярозка адна была… А гэтыя дзве без яго выраслі… Я памятаю… Скажыце, адкуль ён пра гэтыя бярозкі ведае? Ніводнага разу не прыязджаў, пісем не пісаў… Адкуль ён ведае?!
Васіль. Прашу цябе, Мікіта, сыдзі з воч! Не дай і мне пад старасць у турму сесці… (Да Ганны.) Я ведаю, што пра цябе перадавалі… Пра цябе. І Віцьком яго завуць, і ў партызанах жа ты была, і Вежкі, і па бацьку ж цябе Восіпаўна…
Гастрыт. А вось і не! Па бацьку яе Васільеўна…
Васіль (уражана). Як?!
Ганна. Гэта Піліпа майго Восіпавічам звалі…
Васіль. Дык як жа гэта я?.. Забыўся…
Гастрыт. Усё ясна! Так я і думаў… (Тыцнуў пальцам у Васіля.) Ён напісаў! Заяўку зрабіў заместа твайго Віцька…
Васіль. Ды не, Ганна, што ты?! Не! Што ты выдумаў, дурань?!
Гастрыт. Ну, арты-ы-ыст! Ну, Васіль! За такія штучкі ведаеш, што бывае…
Васіль. Ды пры чым тут я?! Ён, мабыць, напісаў і пра Піліпа, а там пераблыталі…
Гастрыт. Хопіць лухту несці! Там не блытаюць…
Ганна (устала з лаўкі). Нашто ты гэта, Васіль… Не варта было… (Цяжка пайшла прэч.)
Васіль (крычыць услед). Ды няхай мне рукі адваляцца, калі гэта я пісаў! Ды я і пісаць разумна не ўмею! Ды і не ведаю, дзе гэта радыё! Ганна!
Ганна не азірнулася. Пайшла. Гастрыт сумна глядзіць ёй услед. Васіль — на Гастрыта.
Гастрыт. Расстроіў толькі бабу з-за глупства…
Васіль (выцягвае са штаноў дзягу). Здымай штаны!
Гастрыт. Што-о-о-о?!
Васіль. Здымай штаны, падла, я цябе вучыць буду!
Гастрыт. Ну-ну-ну!
Васіль (наступае на яго). Асталоп! Пень! Гастрыт! Бульдозер пракляты! Што ў цябе пад сарочкай?!
Гастрыт (таксама завёўся). Рэбры ў мяне пад сарочкай! І пуп!
Васіль. А сэрца?! Дзе тваё сэрца?! Радасць у чалавека была!!! Яна ж без яе ўсё жыццё сваё!!! Адна ўсё жыццё… Гаротніца, а ты…
Гастрыт. А я не дазволю! Не дазволю ўсяму народу, усяму гасударству галаву дурыць! Мільёны людзей падманваюць! У мяне таксама дзеці! Але ж я не хачу, каб мне па радыё гусей спявалі! Па нашаму радыё толькі праўду перадаюць! І нечага…
Васіль (махнуў рукой). Што з табой гаварыць! Цяпла ў цябе, чалавеча, няма… Хоць сто гадоў яшчэ пражыві — не даведаешся пра самае галоўнае…
Гастрыт. Пра што гэта?
Васіль. Навошта мы, людзі, з таго свету на гэту зямлю прыходзім? Навошта жывём…
Гастрыт. Няўжо ведаеш?
Васіль. Ведаю… Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі… Душамі сваімі сагрэлі! Дык грэй жа, грэй! Хаця чым табе грэць? Халодны ты…
Гастрыт. У мяне трыццаць шэсць і шэсць… Як ва ўсіх…
Васіль. Не свеціць на цябе Сонца… (Пайшоў.)
Гастрыт (услед). Сам ты!.. (Не прыдумаў, што сказаць, і змоўк.)
Зацямненне
Вечар. З'яўляецца Васіль. Доўга-доўга глядзіць на дарогу. Уздыхнуў, падышоў да калодзежа, пачынае даставаць ваду. Прыходзіць Гастрыт. У свежай кашулі, пры гальштуку нават. Сумны.
Гастрыт. Здароў…
Васіль. Зноў прывалокся? Мікіта, я сварыцца больш не буду! У мяне на цябе нерваў не хапае… Сядзі і маўчы.
Гастрыт. Маўчу! А ты раскажы…
Васіль. Што?
Гастрыт (смяецца). Як учора каня выпрошваў у старшыні… Іш ты, кавалерыст! Барон цыганскі! Каня яму трэба! Узятку нават даваў!
Васіль. Я купіць хацеў!
Гастрыт. Навошта ён табе?
Васіль. Адчапіся!
Гастрыт. Скажы нашто — адчаплюся!
Васіль. З канём я сам сябе пракармлю. А так, год-два, я ж дзяржаве на шыю сяду, як і ты!
Гастрыт. Я не на шыі! Я на пенсіі!!! І што чалавеку яшчэ трэба? Усё ёсць, гасударства пра яго клапоціцца, пенсію плоціць, а ён…
Васіль. Гэтымі грашыма сына ад мяне адбілі… Пяты год немаведама дзе бадзяецца, бацьку роднага забыў…
Гастрыт. Пры чым тут пенсія?
Васіль. А пры тым: ведае ён, што мне яе даюць… А раз даюць, значыць, з голаду не здохну! А не здохну з голаду — навошта ж пра мяне клапаціцца, пісьмы пісаць: як ты там, бацька, жывеш-маешся ў нашых неперспектыўных Вежках? Ведае: рубель ёсць, сталоўка ёсць — накормяць якім-небудзь гуляшом! А я б, здаецца, крапіву з лебядой еў, каб толькі ўнука ці ўнучку за руку павадзіць…
Гастрыт. Распусціўся ты, Васіль, ой распусціўся! Нічога не баішся! Дэмагогіяй займаешся, усім незадаволены… І гэта табе не тое, і тое не гэта… Ой, няма на вас пастуха!
Васіль. А на цябе?
Гастрыт. А я сазнацельны.
Васіль. Ну, канечне… Ідзі гуляш у сталоўку есці…
Гастрыт. Што ты да гэтага гуляша прычапіўся? Сёння шніцэль давалі!
Васіль. Ну, шніцэль…
Гастрыт (уздыхнуў). Ой, няма… (Пайшоў.)
Васіль (адзін, глядзіць на дарогу). Стамілася, бедалага?.. Адпачывай ужо… Хаця дзе там? Амерыканцаў грэць пойдзеш? Давай, давай… І ім трэба… І там, мусіць, ёсць людзі, што чакаюць цябе… Дай ты ім здароўя, радасці, спалі ўсё благое сваім цяплом… (Дастае вядро вады, адносіць яго ад калодзежа, вылівае на траву, пачынае набіраць новае.) Толькі там не затрымлівайся ўжо… Як мне здаецца, дык ты ўсё-ткі нашага роду-племені… Мабыць, на нашу зямлю трохі раней зірнула… Ты — наша… Але і астатнія твае дзеці… І іх любіць трэба… Любі, не стамляйся… І нас, і іх… Ну, шчаслівай табе дарогі… (Набраў вады, пайшоў у свой двор.)
Са свайго двара прыходзіць Ганна. Марудна-марудна апускае ў калодзеж вядро. Падымае, пералівае ваду ў сваё вядро. Узняла, панесла, паставіла вядро на зямлю, памахала рукой. Узяла, зноў трошкі пранесла… Зноў паставіла. Падышла да лавачкі, села, заплакала. Ціха, аднымі вачыма. Прыходзіць Гастрыт.
Гастрыт. Чаго макрэчу развяла?
Ганна. Сілоў нямашака, Мікіта… Поўнае вядро ўжо занесці не магу…
Гастрыт. А нашто табе поўнае?
Ганна. Прывыкла…
Гастрыт Адвыкай…
Ганна. Казу ж напаіць трэба…
Гастрыт. Пагаварыць трэба… (Азірнуўся.)
Ганна. Гавары…
Гастрыт. Піначэта не бачыла?
Ганна. Каго-о?
Гастрыт. Ката майго… Рыжага…
Ганна. Не…
Гастрыт. Збег некуды, воўчае мяса… А я праз яго цэлую ноч не спаў…
Ганна. Праз ката?
Гастрыт. Праз яго, старую падлу! Можа, паміраць куды пабег… Каты ж, кажуць, на вачах баяцца паміраць…
Ганна. Не бачыла я твайго Піначэта…
Гастрыт. Лёг учора звечара, толькі вочы закрыў, толькі драмаць пачаў — чую, нехта глядзіць на мяне… Во так блізка-блізка нахіліўся і глядзіць… Аж страх за сэрца ўзяў! Вочы расплюшчыў — нікога! Толькі зноў драмаць — глядзіць, падлюга!
Ганна. Дык хто ж гэта?
Гастрыт. А каб я ведаў! Насланнё нейкае. Позірк дурны… Здаецца, пранізвае ўсю галаву наскрозь і пад падушку зазірае…
Ганна. Адзінота гэта, Мікіта… Мне, калі Піліп памёр, гэткае ж мроілася…
Гастрыт. А мо смерць ужо прыглядаецца, з якога боку за мяне ўчапіцца?
Ганна. Мо і яна, касая…
Гастрыт. Ды не, ранавата яшчэ…
Ганна. Яно заўсёды ранавата…
Гастрыт. Праз ката гэта ўсё! Збрадлівы, зараза, быў, ганяў я яго, біў, а ён, аказваецца, спакой мой сцярог па начах.
Ганна. Чым жа гэта?
Гастрыт. Дыхаў… Падпнецца мне пад бок, клубочкам скруціцца, вурчыць… і дыхае… Куды збег?
Ганна. Можа, прыйдзе яшчэ… (Устала.) Ну, пайду…
Гастрыт (рэзка). Сядзь!
Ганна. У мяне ж каза там…
Гастрыт. Не здохне твая каза… Сядзь! Гаварыць буду…
Ганна села. Чакае. Гастрыт хвалюецца, папраўляе гальштук.
Ганна. Ну, чаго ты мылішся, як дзеўка перад свахай?
Гастрыт (не адразу). Ганна, давай я на табе як-небудзь паджанюся… Га?
Ганна. Што-што-што?!
Гастрыт. Ну чаго ты штокаеш? Ты адна, і я адзін… Разам як-небудзь ужо… на гэтым свеце…
Ганна. Во спасібачкі! Во ўважыў! Гэта ты мяне заместа ката свайго рыжага да сябе завеш… Каб дыхала…
Гастрыт. Дык і я ж табе дыхаць буду!
Ганна. А мышэй мне лавіць у тваёй хаце не трэба будзе?
Гастрыт. Ай, ладна табе! Не хочаш да мяне, я да цябе перайсці магу… Шкода глядзець на цябе… Ледзь ногі валочыш, а ўсё: каза, агарод, соткі…
Непрыкметна выйшаў са свайго двара Васіль. Стаў, слухае.
Няўжо ты за сваё жыццё не нарабілася? Адпачні… У мяне грошы на кніжцы ёсць, хату прададзім… Хоць пад старасць пажыві па-людску…
Ганна. Смяяцца ж будуць, Мікіта…
Гастрыт. Каму смяяцца? Вёска пустая саўсім… Ні смяяцца, ні плакаць няма каму… Давай перабярэмся ў Займішча? Там асфальт, магазін, сталоўка, людзі… Пуцёўку мо якую возьмем на курорт… А што? Мы ж з табой за свой век напрацаваліся… Хопіць ужо! Мне нічога не трэба… Ды і табе… Адпачні ты… Га, Ганна? Хоць цяпер парадуйся жыццю, уздыхні на поўныя грудзі… Ты ж зарабіла сабе гэта… Ці праўда?
Ганна (уздыхнула). Яно-то так, што казаць… Праўда.
Гастрыт. А грошай нам з табой хопіць, за гэта не бойся… Пражывём…
Ганна. Ды нам шмат і не трэба…
Гастрыт. Канечна…
Васіль (злосна). Ашалела, баба?!
Гастрыт (азірнуўся, спалохана). Не лезь! Я сватаюся…
Васіль (да Ганны). Каго ты слухаеш, бахіла старая?! Курортніца! Адпачываць захацела… Вунь наш курорт, за вёскай, пад бярозкамі… Прыйдзе час — адпачнём! Наляжымся, наспімся, наадпачываемся… А пакуль сілы ёсць хоць каліўца — рабіць трэба, рабіць, рабіць…
Гастрыт. Для каго ёй рабіць?! Яна ж усё жыццё як праклятая, як катаржная…
Васіль (ужо спакойна). Ты не зразумееш… Ганна, адумайся! Жыць надакучыла?
Ганна. Не надакучыла… Стамілася толькі я…
Васіль. І я стаміўся… Але мы з табой яшчэ толькі таму і жывём, што кожную раніцу па ваду ў гэты калодзеж ходзім, на сотках сваіх калупаемся… Хоць адзін дзень паспрабуй паляжаць паленам — усе хваробы, як саранча, наляцяць…
Ганна. Дык во ж на Мікіту нічога не налятае…
Васіль. А ён іначай і не жыў… Усё жыццё з чайнікам па ваду хадзіў…
Гастрыт. Я адказным і сазнацельным быў!!!
Васіль. Кінь, Ганна, я табе сказаў…
Ганна. Дык сілоў няма вядро вады падняць! Што ж рабіць?
Васіль. Бяры сваю казу за рогі і перавядзі ў мой хлеў… Няма сілы — па палавінцы насіць будзем… Ты палавінку, і я палавінку… Разам…
Гастрыт (уражана). Ну і гад ты, Васіль, ну і гад! Я сасватаў, а ён жэніцца! Чаго ж ты яе раней не прасіў?!
Васіль. Саромеўся…
Гастрыт. На восьмым дзесятку! (Да Ганны.) Пайшлі, не слухай яго. Самому не пад сілу варочаць, дык батрачку сабе захацеў узяць пад старасць.
Васіль. Хадзі, баба, да мяне! Жыць будзем, як жылі… Памагаць адно аднаму… Адпачываць па святах… І рабіць на зямлі! Трэба так, Ганна, трэба…
Гастрыт. Не слухай яго!
Ганна. Ціха, мужчыны… Не сварыцеся… А можа, мы пад адным дахам, у адной хаце ўсе разам сыдземся дый будзем жыць… Я вам бялізну буду мыць, а вы…
Гастрыт. Цьфу! Я ёй руку і сэрца, а яна мне — абшчажыція! Дом прыстарэлых!
Ганна. Тады пайду ў свайго Піліпа спытаюся… Калі дазволіць — перайду…
Гастрыт. Як у Піліпа? На кладзішча пойдзеш?
Ганна. Нашто? З партрэта спытаюся… Што скажа — тое і будзе.
Васіль. Ідзі. Пытайся.
Ганна пайшла. Васіль і Гастрыт касавурацца адзін на аднаго.
Гастрыт. Ну за што? За што ты мяне, Васіль, так ненавідзіш?
Васіль. Кінь, Мікіта… Не ўмею я ненавідзець…
Гастрыт. Добранькі, значыцца… Хіба можна ў гэтым свеце без нянавісці пражыць?
Васіль. Можна…
Гастрыт. Нянавісць і святая ёсць…
Васіль. Святое ў жыцці толькі святло, цяпло, любоў і зямля…
Гастрыт. Поп ты…
Васіль. Васіль я…
Вяртаецца Ганна. Старыя чакаюць адказу.
Ганна (выцершы ражком хусткі вочы). Дазволіў… (Пасля паўзы.) З табой, Васіль, жыць буду…
Гастрыт (блазнавата і горка ўсміхаючыся, пляскае ў далоні). Гор-ка! Гор-ка! Гор-ка!