— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Рукі брудныя, локці з плямамі!
А пазногці чыста
Як у трубачыста!
— Я на сонейку ляжала,
Рукі дагары трымала,
Вось яны і загарэлі.
— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Шчокі брудныя, носік з плямамі!
Вушы — проста гора,
Быццам у шахцёра!
— Я на сонейку ляжала,
Тварык дагары трымала,
Вось ён і загарэў.
— Ах ты мурзачка неслухмяная!
Ногі брудныя, пяткі з плямамі!
Быццам не ў дзіцяці,
А у парасяці!
— Я на сонейку ляжала,
Пяткі дагары трымала,
Вось яны і загарэлі.
— Вой, а мы не верым,
Можа нахлусіла?
Бруд увесь адмыем,
Дзе там наша мыла?
Як убачыла вяхотку,
Выдзіралася, як котка:
— Ды няма тут бруду,
Пальцы мыць не буду!
Не будуць рукі белыя,
Бо рукі загарэлыя!
А рукі ўзялі ды адмыліся!
Тупала нагамі:
— Не сябрую з вамі!
Вой, мой носік мілы,
Ён не любіць мыла!
Не будзе тварык белы,
Бо тварык загарэлы!
А тварык узяў ды адмыўся!
Тата губкай пяткі цёр —
Плакала, як той бабёр:
— Вой, не казычыце,
Шчоткі прыбярыце!
Не будуць пяткі белыя,
Бо пяткі загарэлыя!
А пяткі ўзялі ды адмыліся!
— Вось цяпер ты белая,
Зусім не загарэлая.
Гэта ўсё быў бруд.