Дзяўчынка-равушка


Хто завыў? Хто зароў?

Ці не чарада кароў?

Не цялушка Пяструшка?

Гэта — Ганя-равушка.

Плача, заліваецца,

Сукенкай уціраецца…

— У-у-у-у-у-у-у!

Выйшла мама з Ганяй у сад,

Ганя просіцца назад:

— Не хачу я ў сад ісці!

Ой, пусці! Пусці! Пусці!

А як толькі Ганя ў дом —

Слёзы з вочак ручайком:

— О-о-о-о-о!

Не хачу. Пусці назад.

Рвецца зноў яна у сад.

Малака далі у кубку —

Ганя ўжо скрывіла губку:

— Ён вялікі! Дайце ў тым!

Не, не ў гэтым! У маім!

У-у-у-у-у!

Далі плаксе у другім —

Раскрычалася зусім:

— Не хачу і ў гэтым! Не!

Дайце лепей з тога мне!

Э-э-э-э-э!

Палажылі Ганю спаць.

Ганя плача — хоча ўстаць.

— Дай сукенку! Ой, дай, дай!

Хоць ты з хаты

Уцякай.

Ай!

Як на сход, народ плыве:

Хоча ведаць, хто раве,

Хто ўвесь час тут плача?

Што ўсё гэта значыць?

Бачаць — дзеўчынка стаіць,

Немым голасам крычыць,

А ў яе ад горкіх слёз

Усё распухла —

Твар і нос.

— О-о-о-о-о-о!

У-у-у-у-у-у!

Ой, не плач, Ганюшачка,

Дзяўчынка-равушачка,

Дзяўчынка-равёлачка,

Хліпалка-сапёлачка!

На табе ж ад сырасці

Плесня можа вырасці!


Загрузка...