Апавяданні

Настальгія па нерушы

Абразок


Завіруха ўсчалася яшчэ з вечара…

Скуголіў, шараваў свае бакі аб шурпатыя сцены хатаў вірлівы вецер, біліся адна аб адну галінкі-рукі дрэваў, гухкала нешта за сценамі, аж уздрыгвала, здаецца, хата. Гуло пагрозліва ў коміне печы, быццам нячысцікі скакалі на нарышчы, наладжваючы свае скокі, стараліся знесці страху з хаты…

Пасля апоўначы пачало ўсё аціхаць, сцішвацца, а потым і зусім стала ціха, незвычайна ціха. Не ўтрымаўся, зіркануў за акно: нехта, нябачны, як волат-сейбіт кідаў спорныя прыграшчы снегу на палі, дарогі, дахі збудаванняў. Панакідаў шчодры Снегасей столькі, што, мусіць, не прайсці і не праехаць, нават суседнія хаты схаваліся пад гурбамі…

Мусіць, і людзі так, як я, цікаўна глядзелі ў вокны, стараючыся вызначыць – што там, на вуліцы, а тае вуліцы і нябачна – за шыбамі суцэльная бель. І дзверы адчыніць немагчыма – “замкнуў” іх снег, нябачнай пячаткай запячатаў.

Першаснег для мяне заўсёды быў дзівам і цудам, казкай і духоўнай узрушанасцю, незразумелыя паводзіны прыроды абуджалі нябачныя струны патаемнага настрою, якія праяўляліся раз на год, – менавіта такой вось парою. Як снег на галаву… Гэты выраз пра нечаканасць моманту. Але я заўсёды чакаў яго, раз-пораз выглядваў у акно, – і заўсёды першая прымерка белага футра зямлі не трапляла мне на вочы. Як гуляўся снег са мною ўсё роўна, як дражніўся, нараджаючы ў маёй душы ўсё большую і большую цікавасць…


Заўсёды ў такі час нараджаўся незразумелы, дзіцяча-узнёслы настрой з дамешкам шчымліва-салодкага чакання нечага незвычайнага, чароўнага, як прыходу казкі, як з’яўлення цуду…

Ува мне нараджалася прадчуванне першага снегу.

Пачуццё цнатлівасці, чысціні (абмый мяне, Божа, ісопам – і я бялейшы за снег зраблюся, – так у малітве да Вышняга) запаўзала ў мае сны колькі начэй задоўга да гэтага, прымушала мяне зрабіцца хлапчуком, і адчуць, зноўку перажыць (у які раз!) той час, тыя гадзіны, калі я з бацькам, на цямочку, выбіраўся ў лес – у лесніковую дзялянку да звяроў і птушак…

Перад гэтым мне сніўся адзін і той жа сон – я йду па белым-белым снезе, сустракаю на сваёй сцежцы і лісу, і зайца, і барсука, – размаўляю з імі, радуюся, што разумею іх мову, а яны мяне, смяюся, абдымаю іх, бяру на рукі… І воўк рабіўся ручным, лашчыўся да мяне, жаліўся на сваё ваўчынае цяжкае жыццё…

Але на самым цікавым месцы мяне катурхае бацька за плячо, шэпча, каб не разбудзіць сямейнікаў:

– Уставай, Янік. Сам жа прасіў разбудзіць…

Я не крыўдаваў на бацьку, што ён перабіў такі цікавы і казачны сон, наадварот, быў удзячны, што ён стрымаў сваё слова, дадзенае яшчэ вечарам, што калі ноччу выпадзе нечакана снег, то ён абвязкова возьме мяне з сабою ў лес. А сон… Дагледжу яго ў лесе…

Мы брылі па цаліку, па снежным нерушы.

Снегу мне, малому, было вышэй каленяў, і ногі з цяжкасцю сунуліся па снезе, пакідаючы глыбокія сляды, але я не зважаў на тое, было адчуванне, што не ішоў па зямлі, а ляцеў. Не махаў крыламі нават, якіх не было, але мяне нешта прыпадымала вышэй і вышэй, і я кіраваўся ў паветры толькі позіркам – куды зірну, туды і несла незразумелая, але падуладная мне, сіла.

Я забываўся пра ўсё, і толькі пільным і згаладалым позіркам лавіў незвычайныя малюнкі, усё яшчэ не перастаючы здзіўляцца з відовішчаў, – і тады здавалася, што сон мой працягваўся, і вельмі жадалася, каб ён ніколі не ўцякаў…

Як нядаўна і як даўно тое было!

Праз шмат-шмат год я прачнуўся такой жа раніцай з прадчуваннем снегу, жаданнем сустрэчы з ім – чакаў яго як сваю каханку, баючыся, што яна перадумае і не прыйдзе на спатканне; ускокваю з ложка – і бачу таямнічы подых святла, але найперш адчуваю, што за акном, за сцяной – за плотам, на поплаве, і далей ужо ў самім лесе, – усюды ляжыць тоўсты лаплан нерушу. І я не вытрымліваю, выбягаю ў сенцы, расчыняю насцеж дзверы і выскокваю ў двор – босы, амаль голы, і радуюся, як некалі, а мо яшчэ і больш, што прадчуванне не падманула мяне: так і чакалася, так яно ёсць і насамрэч, так і мроілася мне ўсю ноч у маім дзіцяча-дарослым сне…

Сярпок маладзіка завіс над убеленай ялінай; пад яе шатамі спаў стамлёны вецер; наўкола звінела, раскашоўвалася крышталёвым звонам гулкая цішыня…

Марозу ногі не адчувалі, рукі – таксама. Зачэрпваю поўныя прыгаршчы снегу, мыюся ім, націраю грудзі, скаланаючыся ад колкага холаду, – і мой лашаковы рык асалоды і задавальнення разлягаецца па вёсцы, адскоквае рэхам на лугавіну і ляціць далей да ўзболатка, схаванага пад тоўстым покрывам, і відаць, як ля Ігналявай крыніцы чырвоным полымем загараецца суквецце гронак падмарожанай каліны… Мяне чуваць на Будках і Затросніцы, і дзівяцца, мусіць людзі, што за звер іх будзіць так рана…

Спіць і счарнелая ад холаду Прыпяць, прыцішыла свой бег, як засынала усё роўна, але сон яе, ведаю, прывідны, падманлівы. І нехта – ці не лесавік – нячутным шэптам дыктуе мне словы Максіма:

Над вадой ля берага

ціха спіць асока,

Ды лаза зялёная

жаліцца-шуміць,

Хвалі ціха коцяцца

і бягуць далёка, -

І ўсё наўкола сном

адвечным спіць…

Похапкам снедаю, укідваю ў заплечнік акраец хлеба і шматок сала – мо ў лесе пад час адпачынку наладжу цяпельца ды, начапіўшы на канец галінкі, падсмажу на агні – таксама рытуал адтуль, з дзяцінства, і смак адтуль, калі разам з бацькам сядзелі ля кастра – з ражэнчыкамі, як з вудамі каля рэчкі, а потым, калі сцякаў тук, падстаўлялі змерзлы хлеб, – дужа хацелася паўтарыць тое…

Спяшаюся, стараюся не спазніцца на другое, галоўнае прычасце, – у падарожжа-вандроўку па нерушы.

Лес чакае мяне, ведаю дакладна, – нездарма ж пасылаў у мае сны свой чароўны покліч на спатканне – значыць, запрашаў да сябе.

Не такі глыбокі, як у дзяцінстве, але амаль даходзіць да каленяў цнатлівы покрыў белізны, прымушае трымцець ад радасці маё сэрца, абяцаючы нешта цікавае і непаўторнае… Але да лесу яшчэ шоргаць і шоргаць. Пакуль толькі лугавіна, кустоўе лазы, пасля будзе ўзболатак… Пераходжу Міколікаў брод, а потым Алёсы.

І вось ён – лес.

Нізкарослыя сасонкі, прыкрытыя пуховымі белымі шапкамі ад начнога прымаразку, – як акамянелі. Здаецца, нават калі і крануў бы іх за плячо вятрыска, то яны і не зварухнуліся б – нябачны начны дойлід-скульптар зляпіў такі адмысловы цуд.

А бярозы, што стаялі воддалеч, цененька перазвоньваліся срэбрам сваіх галінак. Як крышталёвая люстра з вісячымі аскалёпачкамі, што вісіць пад столлю ў маёй гарадской кватэры. А мо то сінічкі зацінькалі ў пошуках корму? Не зразумець – у прыроды свае гукі, свая мелодыя, свае сімфоніі і фантазіі…

Дрыготка ў целе ўсё яшчэ не праходзіць, хвалюючая радасць, радасць сустрэчы з прыгажосцю не аціхае, а, наадварот, узрастае ўсё больш і больш, падымаючы хвалі ўзбуджанасці вышэй і вышэй.

Вочы ўжо прызвычаіліся да нерушу, да суцэльнай белізны, слых наструнена успрымаў напятую цішыню, як натуральную і звычайную з’яву…

І хістаецца асока,

і шуміць высокі бор,

А ў душы не замаўкае

струн вясёлы перабор…

Божа, з чым яшчэ прыгажэйшым і дзівосным можна параўнаць гэткі настрой, гэткі краявід, гэтае пачуццё яднання з цішынёй!

Мажліва, ў такія хвіліны і ачышчаецца душа ад бруду, бо, напэўна ж, цнатлівы лес – гэта як другі храм (а, можа, і не другі, а найпершы), і толькі ў гэтай святой маўклівасці і можна звярнуцца з малітвай да Бога, пагаварыць з Ім сам-насам, пакаяцца перад Ім за свае пакручастыя дарогі і няпэўныя думкі, – папрасіць помачы і даравання грахоў… Ды яшчэ падзякаваць за тое, што адкрывае Ён перад намі (перада мной) тое, што Стварыў, што радуе і цешыць вока…

Мяне радавала і ўсцешвала, узвышала і напаўняла маю істоту дабрынёй і духоўнасцю, што пракладаю па нерушы першы след. Гэта добра заўсёды, калі ты пракладваеш і ў жыцці свой след, калі не топчаш чужыя сцежкі і нікому не пераходзіш дарогу, калі і думаеш не так, як іншыя, робіш не так, як твае знаёмыя і сябры. Каму ж невядома тая радасць, тое адчуванне шчасця першапраходцы!

Я стаю пад высокай сасной і выбіраю позіркам далейшы шлях, вызначаю арыенцір. Хацелася ступіць управа, дзе карагод ялін утапіўся ў снег сваімі абцяжаранымі лапланаміі. Але нешта вабіць мяне леваруч – белыя свечкі стромкіх бяроз вызвоньваюць пяшчотную мелодыю невядомай мне пакуль рапсодыі. І ў гэты ж момант, мусіць жа за мае залішнія ваганні, мне на галаву абрынуўся важкі, бы гарбуз, клёкан снегу. Разбіўся – і рассыпаўся на дробныя кавалачкі, – як і не было яго зусім.

“Знайшоў дзе стаяць, – дакараў нехта нябачны, але не злы, з адценнем лагоды, – вецер дзьмухне – і тады ўжо цэлая гара абрынецца на цябе…”

Прыйшлося адступіць ад сасны і стаіцца пад дубам, на якім яшчэ з першых прымаразкаў не апалі зжоўклыя, але ўсё яшчэ прыгожыя, лісты. То быў дуб з пароды “лянівых”, – так называў іх бацька.

І тут шуснуў новы белы гарбуз.

Я задзёр галаву і ўбачыў, як на мяне цікаўна (і, здаецца, пасміхаючыся) пазірала вавёрка. Яна стаілася, быццам не хацела, каб убачыў яе, каб не забраў арэхі, што нанасіла-прыхавала з восені ў сваім дупле.

“Свавольніца, – усміхаюся, пакрыўдзіўшыся на яе, не адводжу позірк і не рухаюся, каб не спалохаць і не адагнаць ад сябе, – добра, што хоць не каменнем кідаешся…”

Побач з ёю заўважыў і яшчэ адну вавёрку. Потым і яшчэ. Мусіць жа цэлая сям’я ці нават калонія пражывала тут, ахоўвала сваю тэрыторыю, – а я, няпрошаны госць з’явіўся да іх без запрашэння… Далей, у густым сасонніку, дарогу перагарадзіў сахаты. Безуважна акінуў мяне позіркам, як пераканаўся: дубальтоўкі няма, – чмыхнуў наздрынамі ў снег, капытамі дзеўбануў у змерзлую купіну, – і падаўся далей, горда задраўшы галаву. Адчуў зноў нечы позірк: з-за шэрага куста назірала за мною маладая ліска. Мусіць жа і яна ведала, што за плячыма ў мяне не было стрэльбы, таму і не баялася, назірала, спадцішка вывучала прыблуду.

“Дык я, выходзіць, і не першы ў лесе, – зноў падумалася мне, але шкадавання не было, бо я ж не гаспадар у лесе, як яны, а толькі цікаўны госць. – То вельмі добра, што не адзін я ў гэтым казачным царстве, што і яшчэ тут ёсць жывыя душы…”

А неба – сіняе-сіняе, і ні канца яму няма, ні пачатку… І душа мая ад убачанага млее і шчыміць, заходзіцца ў радасным плачы, а вочы ніяк не могуць наталіцца відовішчамі прыгожага і вечнага…

Поле нікне ў срэбным тумане,

Снег блішчыць, як халодная сталь,

І лятуць мае лёгкія сані,

Унашуся я ў сінюю даль…

Сонца вынырнула з-за аблокаў неспадзеў і адразу ж асляпіла – вочы заслязіліся ад напружанасці. І тады зырка заблішчэў неруш – мільярды іскрынак-зорачак ажылі, пачалі пералівацца зімовай вясёлкай. Нябачны Дзед-Мароз пачаў сваім пэндзлем і чароўным жаданнем яшчэ больш удасканальваць пейзаж, аздабляючы невядомымі да гэтага дзівоснымі фарбамі. О, тут ён быў майстрам! Маэстрам, вялікім Фантазёрам і Дойлідам – любы з геніяльных творцаў мог пазайздросціць яго таленту і ўмельству!..

Радасць першага яднання з казкай-нерушам пачала пакрысе слабець, толькі позірк яшчэ адкрываў-знаходзіў дзівосныя карункі і спляценні, – і тады рука міжволі цягнулася да пэндзля, якога з сабой у мяне не было. Аб чым вельмі шкадаваў…

Не заўважыў, як адышоўся далекавата ад вёскі – кіламетраў мо з дзесяць адтэпаў. Забыўся і пра хлеб, і пра сала, – не хацелася стаяць на адным месцы, жадалася адкрываць відовішчы, бо заўтра-паслязаўтра яны ўжо не будуць такімі дзівоснымі, заўтра-паслязаўтра вока не зачэпіць іх цікаўным позіркам, – яны страцяць сваю першапачатковую навізну і непаўторнасць…

Не хацелася пакідаць гэтыя мясціны, шкадаваў, што хутка бяжыць час і прымушае мяне вярнуцца…

...Калі ж выправіўся ўжо ў зваротны шлях, убачыў наперадзе, як з заінелых вяршыняў сасонак уздымаўся шызы дымок. Густы хвойнік, з якога вытыркаліся высокія яліны, прыцягнуў маю ўвагу.

“Хто ж гэта мог тут быць? – падумалася. – Можа, ляснік які лаўжы паліць?..”

Цікаўнасць брала верх, і я пакрысе прадзіраўся скрозь хвоі, баючыся закрануць якую, каб на мяне не абвалілася бела-казачнае прадзіва… Непрыемна, калі снег пападзе за каўнер… Асалоды аніякай.

Крок, яшчэ крок… Каля заінелага камля старой тоўстай сасны адразу ўбачыў, хто расклаў кастрышча. То быў не ляснік. То была… Снягурка. Яна сядзела на ачышчаным ад снегу пні, спіной да мяне, і таму не бачыла, хто набліжаўся да яе. А мне не хацелася, каб яна спалохалася, калі падыду знячэўку.

Не паверыў сваім вачам – дзяўчына гладзіла казулю. Гладзіла і нешта шаптала ёй, расказвала. А мо і спявала напаўголаса, ўлагоджваючы лясную жыхарку. Казуля раз-пораз то ўздымала галаву, то апускала яе. Паміж дзяўчынай і лясной істотай адбываўся дыялог, адбывалася яднанне душаў…

Я баяўся скрануцца з месца і парушыць гэтую ідылію. Ніколі не даводзілася такое бачыць, хіба ж можа паразумецца так чалавек і лясны звер? Перасцярожлівы і безабаронны звер…

Казуля, бачна было, паглядзела Снягурцы ў вочы, нешта прамычэла жаласліва. Пра што ж яна магла скардзіцца ці паведаміць лясной госці?

“А, можа, казуля расказвала ёй пра сваё цяжкае жыццё, пра свае нягоды, пра тое, як няпроста выжыць і выжываць у гэтым свеце, калі вакол столькі драпежнікаў на чатырох нагах, і паляўнічых – на дзвюх…”

Дзяўчына прытуліла галаву да танклявай шыі казулі, як усё роўна выказвала сваю любоў і цеплыню, просячы даравання, што не можа агарадзіць і абараніць яе ад жорсткасці людзей, ад стрэлаў паляўнічых, ад злога воўка…

Казуля нечакана ўздрыгнула, узняла галаву, уцягнуўшы наздрынамі марознае паветра, вызначаючы пах наваколля, – мусіць, адчула, што нехта чужы пераступіў і стаіць на іх тэрыторыі.

Снягурка не адчула яе трывогі, ці хацела супакоіць, бачачы, што казуля загасцявалася ў яе і збіраецца ўжо на свае сцежкі, падала на далоні апошні акраец хлеба…

Казуля тут жа ўхапіла асцярожна лустачку, пачала са смакам жаваць… Пры гэтым прымружыла вочы, забыўшыся на перасцярогу, мусіць, адчула спакойнасць сваёй субяседніцы, сцішылася.

Дажаваўшы, пракаўтнуўшы, зноў паглядзела ў вочы дзяўчыны…

– Ну, ідзі ўжо, ідзі… Бывай, казулька, бывай, я заўтра ізноў прыйду на гэтае месца. І ты прыходзь, добра?

Праз імгненне крутанула галавой – і паскакала павольна між сосен, даганяючы сваю лясную радасць і прагу жыцця…Уражаны тым, што адбывалася перад маімі вачыма, я доўга яшчэ стаяў, баючыся варухнуцца, сысці з месца. Асалода і радасць разліліся па маім целе, у душу прыйшло разуменне, што дзівосы ў нерушным лесе працягваюцца…

Адчуваў, што маўчанне маё зацягнулася… Пастукаў ціхенька па шурпатай кары хвоі. Раз, потым другі… Не пачула Снягурка, мусіць, падумала, што дзяцел заняўся сваім адвечным клопатам… Зноў пастукаў – яшчэ мацней. Ды пачаў ужо выбіваць нейкую мелодыю, весела ўсміхаючыся ад таго, што незнаёмка нечым загалунілася і нічога не адчула і не пачула. Смелая, значыць, не першы раз, мусіць, у лесе…

Калі перастаў напамінаць пра сябе, калі зрабіў паўкроку наперад, яна павярнула галаву.

– Дзень добры, Снягурка! – выгукнуў радасна, каб ёй адразу перадаць свой настрой.

– Добры дзень! – азвалася дзяўчына, гледзячы на мяне.

У позірку не было ні сполаху, ні здзіўлення, што непадалёк ад яе стаяў незнаёмы чалавек, і невядома яшчэ якія думкі былі ў яго галаве. А раптам злачынца, рабаўнік, што шастае адзінокім воўкам па пушчы, звяроў ды людзей палохае… Так няхораша думаў пра сябе, тым самым стараючыся, каб яна ні ў якім разе так пра мяне не падумала…

– Калі вы мяне назвалі Снягуркай, то тады вы – Дзед Мароз! – заўсміхалася, не ўстаючы, не адрываючы ад мяне позірку. – Калі ласка, спадар Дзед Мароз, да майго цяпельца…

Вочы ў яе цёмныя, як не чорныя, з-пад белай-белай шапкі выбіваліся пасмачкі доўгіх светлых косаў. Шапка пералівалася рознымі колерамі вясёлкі, зіхацела. Ад яе сыходзіў адзін канец вясёлкі, другі загінаўся і знікаў за вяршынямі сосен.

Зграбна сядзеў на ёй кажушок, аздоблены на грудзях і збоку адмысловым арнаментам. Яна і сапраўды выглядала Снягуркай у гэтым прыгожым і казачным царстве-валадарстве, няйнакш феяй, Папялушкай, гаспадыняй няхай не Медзяной, але Паляшуцкай гары…

Такое хіба можа прысніцца, такое прыйсці можа толькі ў мроях, і то раз ці два за жыццё… Мне не верылася у тое, што адбывалася – усё яшчэ стаяў уздалеч ад яе, не рашаючыся загаварыць…

Незнаёмка позіркам запрашала мяне зрабіць першы крок, падахвочвала, усміхаючыся, чакала… Яна, як ні дзіўна, адчувала сябе гаспадыняй у гэтым лесе, і таму запрашала, як да сябе ў хату, у свой замак, у свой палац, ведаючы, што ёй няма чаго баяцца, і каго баяцца… Зразумеў: мне трэба падпарадкоўвацца ёй, слухацца яе…

У снезе, з гурбы, тырчэлі чырвоная лыжы. На палках надзеты адмысловыя рукавічкі – белыя, але з чырвонай паласой пасярэдзіне. Як сядно штандар той дзяржавы, якая набыла не так даўно самастойнасць і незалежнасць. Сімволіка на рукавічках была мне па душы. Але што ж яна хацела мне тым самым сказаць? Што яна належыць краіне Ліцьвініі, і што яна яе адданая дачка?

“Хадзіла па лесе на лыжах, ды рашыла тут адпачыць? З якой жа яна всёскі? Можа, як і я, з Крушнікаў? Дык жа не памятаю такой дзяўчыны. Мо да каго прыехала на вакацыі?..”

– Вы адна ў гэтым лесе? – папытаўся. – І не баіцёся?

– А каго мне баяцца? Тут усе для мяне свае – і дрэвы, і звяры, і птушкі…

– І казулі?

– І казулі. Вы бачылі яе? Гэта мая сяброўка. Яна кожным разам прыходзіць да мяне, калі тут адпачываю. Праўда, прыгожая? Грацыёзная, спаважлівая, шляхетная…

– То я яе напалохаў, што яна пакінула вас?

– Не, вас не было чуваць. Проста нам прыйшоў час развітвацца… Ёй няможна доўга знаходзіцца побач з чалавекам.

– Нават і з вамі?

– А хіба ж я не чалавек? – выгнула дужкай броўкі. – Хіба ж Снягуркі не могуць мець жывую душу?

– Могуць, – пагадзіўся, – могуць. Дазвольце запытацца – а з якой вы вёскі, дзе жывяце?

Яна зноў сустрэлася са мною позіркам, быццам здзівілася майму пытанню. Я падумаў: мо цікаўнасць мая залішняя?

– Я тут і жыву, – адказала ціха. – Я ж – Лесавуха, значыць, Снягурка…

Мы гаварылі, перакідваліся словамі, а тым часам я выразаў два дубчыкі, дастаў з кайстры сала.

Адрэзаў па кавалку хлеба.

Падаў адзін дзяўчыне:

– Вазьміце, шаноўная Снягурка-Лесавуха, бо вы апошнім акрайцам падзяліліся з лясной скакухай. Будзем смажыць на вогнішчы сала…

– Люблю смажыць сала на цяпельцы, – прызнала субяседніца, прымаючы пачастунак.

Праз хвіліну салодкі дымок узвіўся над намі.

– Даруйце, шаноўная субяседніца, але неяк няёмка сядзець адно супраць аднаго і не ведаць імёнаў…

Яна засмяялася, скінуўшы шапку, і на плечах рассыпаліся доўгія чорна-каштанавыя косы. Страсянула імі, і яны атулілі яе гожы твар, ружовыя шчокі былі падобны на калінавы пажар, што палаў за яе спінай. Ружовыя шчокі і прыхопленыя марозікам вусны найбольш і прыцягнулі мой позірк. Падумалася тут жа: “Трэба сустрэць у вёсцы і бліжэй пазнаёміцца, не можа быць, каб мы не ўбачыліся болей…”

– Я – Ліцьвінка, з краіны Ліцвініі. Як і маці мая, як і татуля – волат Ліцьвін.

– А я – Янік, Янка, Ян, што ў суседняй краіне – Іван. Але ў маіх Крушніках нікога не назвалі так, а толькі Янкамі. Мо ж ведаеце пра тое?

Сала падсмажвала над полымем, і Ліцвінка спрытна падстаўляла хлеб па тук, які капаў у агонь і сквірчэў, зноў схіляла галінку над цяпельцам…

– Ніколі ў жыцці, Янік, я смачнейшага не каштавала… – удыхала кулінарны пах Ліцьвінка, прымружвала вочы.

– Я рады, што вам спадабалася…

Не ведаю, колькі мы з ёю сядзелі і гаварылі каля цяпельца сярод паляшуцкага лесу. Я падкідваў і раз, і другі сухія галінкі ў агонь, як быццам падаграючы нашую размову. Мы пераходзілі з адной тэмы на іншую, гаварылі-баялі пра жыццё і пра лес, і нам цікава размаўляць, слухаць адно аднаго… У мяне ўжо выспела адчуванне, што мы ведаем адно аднаго даўно, вельмі даўно, і проста з ёю дзеля кахання і рамантыкі прызначылі ў народжанай казцы нашае спатканне…

Але ў кожнай казцы некалі прыходзіць канец, і яны заўсёды заканчваюцца шчасліва і прыгожа, накшталт – “і яны потым пабраліся, і нарадзілася ў іх процьма дзетак, і жылі яны доўга і шчасліва…”

Калі сонца пачало апускацца за шчыкі далёкага лесу, схамянулася Ліцвінка, трывожна на сонца паглядзела, порстка ўскочыла са свайго месца:

– Даруйце, Ян-Янік, але мне пара, даўно пара… Я і не заўважыла за размовай, як праляцеў час… Дзякуй за пачастунак, і што праведалі мяне ў маім каралеўстве…

– Мы яшчэ ўбачымся, прыгажуня Ліцьвінка?

Яна хуценька ўсунула жоўтыя боцікі ў металічныя бліскучыя мацавальнікі лыжаў, надзела рукавічкі, узяла ў рукі палкі.

– Не ведаю, як Бог дасць.

Адштурхнулася кіямі, пакіравала ў адваротны бок вёскі.

– Вы ж не ў той бок пакіравалі, – перасцярог, недаўменна гледзячы ёй у след.

– У той, Янік, бок, у той… Я ж там жыву…

Вось і здагадайся – яна сапраўды ў пушчы жыве, ці гэта яе вёска знаходзіцца ў тым баку? Толькі ўжо тады, як яна ладна ад’ехала ад мяне і схавалася за срэбназвонкім кустоўем і стромкімі соснамі, са здзіўленнем ўбачыў, што ніякіх слядоў да вогнішча, акрамя маіх, не было. Аніякіх слядоў, тым больш лыжні, што павінна застацца ад Ліцвінкі. Ды і вогнішча ніякага не існавала. Я адзін стаяў пасярод паляны, і мяне пачалі ўжо прабіраць дрыжыкі… Не ведаў, як аднесціся мне да гэтага цуду: спалохацца ці здзівіцца…

Але ў той жа момант недзе з глыбіні пушчы данёсся яе покліч:

– Янік, я яшчэ вярну-ууу-сяяяааааа!... Уа-уа, – паскакала рэха па вяршынях сонных сосен.

Хацеў адгукнуцца, але падумаў, што тое мне толькі прымроілася. Сам сябе суцешыў: “Дык ты ж у казцы, хлопча, жывеш, у нерушы і цнатлівасці, таму павінен прывыкнуць да такіх дзівосаў – ты ж казачны герой у гэтай казцы... Дзе ты такое сустрэнеш, як не ў лясных нетрысках – уладаннях Дзеда Мароза і яго ўнучкі – Снягуркі? Тут жа крыніца і натхнення, і радасці, і творчасці…”

...Вельмі ж не хацелася пакідаць гэтыя мясціны…

Шкадаваў адно, што хутка і вокаімгненна бяжыць час і прымушае мяне пакінуць лес…


...Дадому вяртаўся іншай дарогай – адпрэчыў нават свае ж сляды, кіраваўся нацянькі цаліком на Спрымачоў, – куды і пакіравала прыгажуня Снягурка, потым збочу на Бобрык, на Алёсы, а потым праз Шміды і Лабасова і падыду да сваіх Крушнікаў…

Адчуваў не стому, не, наадварот, чуў, як ува мне назапашваецца сіла, якой хопіць на цэлы год, аж да наступнага Свята Нерушу…

Гэтую сілу даў Лес. І – Максім. І – Снягурка…

А вунь і поле, і Ігналява крыніца, над якой звісае чырвоная каліна.

За імі – і мая вёска.

Калі ж падышоў да каліны, убачыў, што на галіне з сакавітымі гронкамі ляжала рукавічка. І была яна бел-чырвона-белай, як і сама каліна. Не асмельваўся ўзяць рукавічку ў руку – магла мяне Снягурка паклікаць у новую чароўную і незвычайную казку. Я верыў у тое.

“Але ці не хопіць дзівосаў для аднаго дня? – спытаў ў самога сябе. – Перанясем працяг казкі на наступнае спатканне…”

Неўпрыкмет насоўваўся ўжо і вечар.

Ад сонца, што сядала за ўчырванелы небакрай, адыходзілі такія ж чырвоныя промні, – як хто накідаў на снег гарачага, з полымя, вуголля…

Здароў, марозны, звонкі вечар!

Здароў, скрыпучы, мяккі снег!

Мяцель не вее, сціхнуў вецер,

І волен лёгкіх санак бег…

Ноччу мне сніўся неруш. І – Багдановіч.

Толькі падалося мне, што майстра быў нечым незадаволены.

Мажліва, абдумваў новыя і ўзнёслыя радкі, каб уславіць неруш нашага спадзявання, альбо з горыччу шкадаваў, што яго прарочыя радкі яшчэ не знайшлі пакуль што свайго ўвасаблення, – не спраўдзіліся.

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацiстага, яснага дня.

Паглядзi, як усход разгараецца

Сколькi у хмарках залётных агня…

Ліцвінія ўмее чакаць, умее змагацца, спадзяецца і верыць у перамогу…

Таму ў Прарока я ўбачыў затоеную ўсмешку. Ён як быццам казаў, што яшчэ не вечар…

І я верыў яму.

Прарокам нельга не верыць.

вёска Крушнікі, Мазыршчына


Дак


Змітрок вельмі хацеў мець маленькага цюцьку.

Яго кожны раз агортваў сум, калі заставаўся дома на адзіноце. Во каб то ў яго брацік быў ці сястрычка, то ўжо зусім інакш пачуваў бы сябе, – ён з імі бавіў бы час, гуляў па вуліцы, хадзіў бы ў кіно, – ды ці мала чым можна было б заняцца, разнастаіць свае дні… А тут – ні жывой душы, суцэльная маркотная адзінота. Жах!

– Тат, а тат, ну купі мне сабачку, га…

Бацька адарваўся на момант ад свайго занятку – ладзіў прас, што перагарэў надоечы, паглядзеў на Змітрака:

– Сын, а хто ж за ім прыглядваць будзе? Яго ж трэба раніцай на вуліцу выводзіць, а ты моцна спіш у гэты час… Карміць яго трэба, даглядаць, выхоўваць, дрэсіраваць, адказнасць за яго браць на сябе.

Сын апусціў галаву, адчуваючы, што і бацька кажа праўду, але ўсё роўна не адступаўся ад свайго:

– Я пра ўсё ведаю… Купі, га?

– Калі не будзе ў цябе “траякоў” у школе, тады і куплю. Што з табой паробіш.

– Праўда, татачка? – загарэліся радасцю вочы ў хлопчыка. – Не падманіш?

– Не падману.

Бацька сказаў, каб толькі адчапіцца ад сына, бо не адрываўся ад праса. А пра цюцьку… У яго былі свае меркаванні: за жывой істотай трэба пастаянны догляд. Вунь колькі бадзяжных сабакаў бегае па горадзе: нагуляюцца дзеці, нацешацца, а потым бацькі выганяюць чатырохногіх сяброў на вуліцу. Жыві і выжывай, як хочаш. А іншыя і пракарміць не могуць – вунь якая дарагавізна на ўсё, ашчаджаеш кожную капейчыну, каб размеркаваць на кожны дзень і не памерці з голаду. Хаця ніводзін беларус ніколі з голаду не памёр, але ўсё ж… Спадзяваўся бацька, што перагарыць сын у сваім жаданні і тады ўсё адпадзе само сабой.

Змітрок падышоў да акна, глядзеў скрозь заінелыя шыбы, як на двары падае лапісты снег, углядаўся ў шэрае сутонне, і з яго вачэй беглі слёзы крыўды. Да маці ён зусім не звяртаўся са сваёй просьбай, бо яна апошнім часам нейкая злая стала, сварыцца без дай прычыны – на бацьку, на яго. А найчасцей, калі пойдзе па крамах нешта купіць, каб згатаваць паесці. І таму ён загадзя ведае, што яна адкажа, калі сунешся да яе… На запацелай шыбіне Змітрок намаляваў пальцам цюцьку. Хвост у яго задраны кручком, а носам уткнуўся ў зямлю – як быццам нешта нюхаў…

...Якім жа было вялікім здзіўленне бацькі, калі ўсе селі за святочны стол, каб сустрэць Новы Год, паказаў яму свой дзённік. За апошнюю чвэрць не атрымаў сын ніводнай “тройкі”.

– Малайчына! Можаш, калі пастараешся.

– Ты абяцаў, тата… Я сваё слова стрымаў. Цяпер чарга за табой. І вось што я скажу табе – цяпер я буду вучыцца толькі на “чатыры” і “пяць”.

Маці з цеплынёй паглядзела на сына. Сын чакаў адказу, а бацька ўжо хмурыў бровы, ніяк не мог прызнаць сваё паражэнне. Ужо не так і радавала паведамленне Змітрака.

– У цябе вунь і шапкі добрай няма, трэба купіць – холадна на вуліцы…

Бацька спрабаваў пераканаць сына, што акрамя цюцькі яшчэ шмат праблемаў у сям’і.

– Нічога, мне і ў старой цёпла. Купі лепей сабачку.

– Што ж, – уздыхнуў бацька, адчуваючы, што сын ужо не адчэпіцца ад яго, тым больш, што атрымаў добрыя адзнакі і паверыў яго слову, – будзе ў цябе чатырохногі сябар. Добра.

Бацькі пераглянуліся, на іх тварах засвяцілася лагодная ўсмешка.

Заўсміхаўся і Змітрок.


…Кожны дзень чакаў сын, калі бацька прыйдзе з працы. З хваляваннем чакаў, калі бацька цаляў ключом у шчылінку, калі адчыняў дзверы, – і расчаравана чуў, што маленькая істота не падавала голасу. Маўкліва адварочваўся і ішоў да стала.

Тое адбылося ў пятніцу. Гаспадар прыйшоў дадому позна, пад поўнач. Змітрок ужо ляжаў у ложку, але сон чамусьці не ішоў да яго. У школе пасварыўся са сваім лепшым сябрам Антонам – той прыставаў да яго з падкавырыстымі пытаннямі пра сабачку. Калі Змітрок сказаў, што бацька паабяцаў купіць, то сябар, перакрывіўшыся тварам, здзекліва праказаў: “Ты не ўбачыш свайго сабачку, як не ўбачыш учарашняй ночы…” Здзекаваўся, само сабой, каб пазлаваць яго, каб укалоць.

Скрозь дрымоту падалося яму, што на вуліцы, пад акном, заскавытаў жаласлівым голасам цюцька. Прасіў, мусіць, дапамогі, а мо і есці хацеў. Прыслухаўся пільней – не, на вуліцы, а недзе бліжэй. Тады – дзе?

Не здагадваючыся пра радасць, якая агорне яго праз хвіліну, выйшаў у калідор. На газеціне, якую падаслаў бацька, сядзеў шчанючок і хлябтаў з місы малако. Змітрок не паверыў сваім вачам – усклікнуў радасна, абняў бацьку, прытуліўся да яго.

– Дамогся свайго? – паглядзела маці на сына, але на гэты раз гаварыла нязлосна, нават усміхалася, бы радавалася, што ў сына з’явілася маленькая радасць.

– Татачка, дзякую!

Шчанюк быў не пародзісты, тое Змітрок адразу зразумеў, але тое ўжо не мела абсалютна ніякага значэння. Яны пасябруюць, паразумеюцца, між імі будзе суладдзе, і цяпер Змітраку будзе каму выказваць свой душэўны боль, дзіцячыя сумненні, нават параіцца з ім па важных жыццёвых пытаннях. А ёсць жа пытанні, якія не даверыш нават маці і бацьку – пра Сусвет, ад чаго баліць душа і нагортваецца нечакана крыўда ад таго, што няма ладу ў сям’і, чаму маці штодзённа сварыцца і бурчыць, чаму… Ды мільён “чаму” непакояць і турбуюць хлапчука, і нікому ў свеце няма клопату да яго праблемаў, а цяпер… А цяпер у яго ёсць суразмоўца і найлепшы сябар!

– А якая ў яго прыгожая белая плямінка! – пагладзіў хлопчык па дрыготкай спіне жывую істоту. – І кропачка на ёй, як апазнавальны знак.

Але бацька не чуў яго радасных слоў, – мыў пад кранам рукі.


...Міналі дні, месяцы…

З няўклюднага цюцькі вырас прыгожы і вёрткі, з разумнымі вачыма, сабака. Ён спаў на старым шынелку, у якім некалі бацька прыехаў з войска дадому. Змітрок раніцай, да школы, выбягаў з ім на вуліцу, карміў, даглядаў.

Перамяніўся дужа Змітрок. Стаў больш акуратны, як бы пасталеў. І ў школе ў яго ішлі добра справы – настаўніца толькі дзівілася такой перамене і радавалася. Цюцьку назваў хлапчук коратка і прыгожа – Дак. Слова “відак” раздзяліў на дзве палавіны. Вось другая палавінка і стала вызначальнай. І адгукваўся сябар на кароткі покліч, хвастом віляў, падскокваў ад радасці.

Увесну, калі пацяплела, Змітрок пасяліў Дака ў будан, які змайстраваў бацька. Дак праводзіў хлопца нават да школы, а потым вяртаўся да будкі. Ведаў, калі гаспадар будзе ісці са школы, – бегаў сустракаць. І тады ўжо разам вярталіся дадому.

Потым прыйшло лета. Цэлае лета разам – ад раніцы да вечара. Дак разумеў кожнае слова хлопца, толькі адказваць не ўмеў. Першага верасня зноў пайшлі разам у школу. Калі Змітрок стаяў у шарэнзе на школьнай лінейцы, Дак схаваўся за прыбудоўку і адтуль назіраў за школьным святам. Калі ж усе пайшлі ў свае класы, і ён вяртаўся дадому.

Цёплай выдалася восень. А потым нечакана выпаў першы снег. Кожны дзень прыбягаў Дак да школы, на прывычным месцы сядзеў і чакаў, калі расчыняцца дзверы і з радаснымі воклічамі высыплюць дзеці ў двор…

І кожным разам радаснай адбывалася сустрэча.

А аднойчы Дак не сустрэў Змітрака – не аказалася яго на звыклым месцы. Нешта нядобрае падкацілася да грудзей, няўцямнае горычнае прадчуванне апякло дзіцячае сэрца. Дака не аказалася і ў будане. Не было яго і ў хаце – падумаў, мо хто зачыніў яго там. Хлапчук абабег увесь Петрыкаў, усю ваколіцу – і следу нідзе не пазначылася. Бегала шмат сабакаў, але сярод іх Дака не было. Распытваў у людзей, нават аб’яўку напісаў і расклеіў па слупах, як тое рабілі іншыя, у каго прападалі сабакі, – ніхто не адгукнуўся.

– Не перажывай, сын, – супакойваў бацька, бачачы, як блізка бярэ ён да сэрца знікненне свайго сябра, – мо дзе пад машыну трапіў, ці мала што...

У голасе бацькі, як адчуў Змітрок, спагады і спачування не было, ён як усё роўна ведаў, што такі лёс мог напаткаць Дака. Дзіўна тое было чуць сыну.

– Не мог ён пад машыну, – пярэчыў сын, не стрымліваючы слёз, – я яго навучыў бегаць далёка ад дарог. Ён усё-усё разумеў.

Сын плакаў усё больш і больш, балюча перажываючы страту свайго малога і разумнага сябрука. Не мог змірыцца з гэтым, не мог паверыць у тое.

– Мой знаёмы абяцаў табе харошую шапку пашыць, – ні з таго ні з сяго прамовіў бацька, – бо вунь якія маразы пачалі пякці на вуліцы…

Сын не чуў яго слоў, і таму не адрэагаваў на бацькавы словы. У яго ўздрыгвалі плечы. Перад вачыма стаяў Дак і разумным позіркам паглядаў на яго, нібы нешта хацеў сказаць ці патлумачыць…

Дак потым прыходзіў і ў сны. Яны разам бегалі па лузе, гулялі ў хованкі. А ў апошнюю ноч прыснілася нешта неверагоднае. Дак бегаў побач, а потым ператварыўся ў шапку, папытаўся нават, ці падабаецца ён яму такім.

– Дзе ты, Дак? – пытаецца Змітрок, пільна прыглядаючыся да шапкі, пад якой схаваўся сябар. – Ты дзе, адкажы?

– Ды тут я, хіба ж не бачыш? То я перад табою так выглядаю… Затое табе будзе цёпла, Змітрок. А за мяне не перажывай.

Хлопчык адразу прахапіўся. Доўга не мог зразумець, чаму такі прысніўся сон, і чаму Дак назваў яго Змітраком. І хлопчыку стала невыносна балюча, і ён не ведаў, як пазбавіцца ад таго болю…


...Вечарам у хату ўваліўся бацька. Быў ён на добрым падпітку, расхрыстаны, вясёлы, хістаўся. Ад яго несла гарэлкаю, капустай і селядцом.

– Ну, сын, радуйся! Цяпер не будзе холадна тваёй галаве, – бацька зноў пахіснуўся, ідучы да яго, выцягнуў з сумкі шапку з бліскучай футры. – На, бяры, насі. Цяпер маразы для цябе не страшныя. То дзед Мартын пашыў табе такую шапку – праўда, прыгожая?

Калі Змітрок узяў у рукі шапку, яго як токам працяло ўсяго – з галавы да ног: ён пазнаў тую шапку, якую бачыў у сне. Шапка замест Дака. І ўбачыў белую плямінку, на якой абазначылася чорная метка. Гэтую плямінку любіў гладзіць Змітрок, і тое падабалася Даку… Нешта балючае пеканула ў левым баку, потым шпырнула ў скроні. Ён закрычаў, зразумеўшы ўсё. Усё захісталася, закружылася перад вачыма.

– Гэта ты… гэта ты забіў яго… Гэта ж Дак, а не шапка! То ты забіў яго, ты, ні ў кога такой плямінкі не было, толькі ў Дака! Я пазнаў яго!– Змітрок закрычаў, што было сілы, замахаў рукамі і не ведаў, куды падзець сябе і што рабіць. Ён не памятаў ужо сябе – гора адабрала ад яго пачуццё свядомасці і рэальнасці.

– Што ты пляцеш?! – прамовіў пакрыўджаным голасам бацька, і тут жа, як што зразумеўшы і адчуўшы, прытуліў моцна да сябе сына, які біўся ў дзіцячай гарачцы, чаго з ім ніколі такога не здаралася. Стараўся адабраць ад яго боль, суцішыць хаця б, але тое ніяк не ўдавалася. – Супакойся, сын, супакойся…

З сынам рабілася нешта неверагоднае і незразумелае. Нават маці, убачыўшы тое, не на жарт перапалохалася, не ведала, якой даць рады. І нічога лепшага не прыдумала, як пабегла да суседзяў, у якіх быў тэлефон, – выклікала “хуткую”.


…Доктар “хуткай дапамогі”, пажылы чалавек, у акулярах, агледзеў яго ўважліва, паслухаў пульс. Распытаў, што здарылася, чаму хлопчык перастаў гаварыць… Гаспадар мусіў прызнацца ва ўсім.

– Вы сыну нанеслі непапраўную вялікую душэўную траўму, – уздыхнуў медык. – Не ведаю толькі, ці ўсё абыдзецца… У дарослых гэта – інфаркт. Я выклічу групу кардыёлагаў, хай яны агледзяць хлапчука.

Бацька сеў на табурэтку, абхапіў рукамі галаву.

Маці плакала, седзячы побач з сынам, гладзіла па галаве.

Сын ляжаў з зажмуранымі вачыма – у гэты момант яму не хацелася ні з кім гаварыць. А хоць бы і хацеў тое зрабіць, не змог бы – у яго адняло мову. За акном, у двары, падаў голас нечы сабака. Але яго голасу Змітрок не чуў. І добра, што не чуў.

Недзе за поўнач бацька падышоў да вешалкі, зняў з кручка шапку. Пакруціў яе у руках, пагладзіў белую пляміну, падышоў да акна і расчыніў фортку.

З усяе сілы шпурнуў непатрэбны падарунак у цемру, на вуліцу.

І потым яшчэ доўга стаяў каля акна, курыў, думаючы пра нешта сваё і не ведаў, як вымаліць у сына дараванне…


Начное падарожжа

Можа і казка


Занядужаў Мікітка, захварэў. Мо і не захварэў, але і бадзёрым сябе не адчуваў. Маці паклікала доктара, і Айбаліт, гледзячы на яго праніклівым позіркам, прамовіў:

– Няхай хлопчык дома пабудзе, у школу яму нельга ісці.

Мікітка вучыцца ў трэцім класе, добра вучыцца, любіць маляваць, вершыкі напамяць расказваць.

Сумна яму аднаму дома. Вось каб у яго быў брацік ці сястрычка, то тады яму было б з кім словам перакінуцца, а так… Колькі разоў гаварыў тату і маці, каб купілі яму браціка, дык яны кожны раз знаходзілі прычыну: “Вось назбіраем грошай, тады і будзе ў цябе і брацік, і сястрычка…” А колькі ж тады трэба грошай ім, каб хапіла? Вунь адну машыну купілі, другую, катэдж пабудавалі, – дык хіба б не хапіла тых грошай на браціка? Не разумеў іх сын…

У той вечар да яго прыйшла маці, прачытала казку пра начныя зоркі, пра месячык, пацалавала ў лоб, сказала “дабранач” – і пакінула аднаго.

А спаць не хацелася – спаў днём. У акно зазірнула цікаўная поўня, падалося хлопчыку, што месячык заўсміхаўся яму, міргануў нават правым вокам. Мікітка устаў з ложка, падышоў да падваконніка, сеў на табурэтку і, падпершы падбароддзе рукамі, пачаў неадрыўна глядзець на жоўты сланечнік месячыка. Потым вочы пачалі міжволі прымружвацца, па целе разлілося млявае цяпло, загайдалася наваколле…

– Бачу, сумна табе, хлопчык, – прамовіў месячык, ужо спусціўшыся з неба. Сеў на падваконнік побач з Мікіткам.

– Сумна. Аднаму сумна.

– Разумею цябе. І я адзін, як ты. Сонца не бачу, яно з другога боку зямнога шара. Адно што зоркі гуляюць са мной у хованкі, а так больш ніякай забавы няма.

– І табе, бачу, сумна?

– Ды не заўсёды, Мікітка! Такое рэдка бывае. А я ўбачыў, што ты адзін сядзіш, дык рашыў цябе трошкі павесяліць.

– Павесяліць? А як?

– Як? – перапытаў Месячык. – А давай з табой пагуляем па начным Гомелі, га? Я кожную ноч па вуліцы гуляю…

– Мяне маці не пусціць, – уздыхнуў хлапчук. – А раптам яна зойдзе ў мой пакой, а мяне няма? Яна ж хвалявацца будзе…

– Твае тата і маці моцна спяць. А мы доўга і не будзем гуляць, з гадзінку, не болей.

Мікітка і не заўважыў, як яны апынуліся на Ірынінскай вуліцы. На лаўцы сядзела незнаёмая жанчына і нешта вязала спіцамі.

– Хто гэта? – паўшэптам спытаў хлопчык.

– Князёўна Ірына Паскевіч, – гэтак жа ціха адказаў Месячык. – А другое жыццё ёй даў наш гомельскі скульптар Зміцер Папоў.

Падышлі бліжэй.

– Вітаем вас, шаноўная спадарыня! – павітаўся Месячык, схіліўшыся ў паклоне. – Мы вось з Мікітам гуляем, да вас прыйшлі ў госці. І вас запрашаем пагуляць па горадзе. Вы не супраць?

Ірына, паклаўшы клубок з ніткамі на лаўку, няспешна ўстала.

– А куды мы пойдзем? – пацікавілася князёўна.

– У ваш парк – яго так любяць гараджане. Добрую вы памяць пакінулі пасля сябе…

Насупраць рыбнай крамы, адклаўшы ўбок венік на доўгай палцы, чапурылася перад люстэркам дворнічыха Гамяліна. Узірнецца, кудзеркі паправіць, колькі разоў махне венікам, зноў у люстэрка ўглядаецца, – франціха, няйначай.

– Вітаем цябе, Гамялінка! – прывіталася князёўна Ірына. – Добра ты падмятаеш вуліцы і двары нашага горада, малайчына! Чысценька ўсюды.

– А як жа пані-спадарыня! – усміхаецца дворнічыха. – Да раніцы мне трэба зрабіць парадак, каб людзі, ідучы на працу, убачылі чыстыя і падмеценыя вуліцы…

– Пайшлі з намі – трошкі прагуляемся? – прапанавала Ірына. – Адпачні.

– А як жа мая праца? – здзівілася Гамяліна. – Я ж як на ваенным пасту тут знаходжуся. Прагул запішуць…

– Не хвалюйся, родненькая, начныя гадзіны вельмі ж доўгія, ніхто і не заўважыць тваёй адлучкі…

Мікітка здзіўлены, нічога не разумее. Днём хадзіў па вуліцы, дык бачыў толькі скульптуры, вырабленыя таленавітым мастаком, але яны не рухаліся. Дык, значыць, яны ажываюць ноччу і жывуць сваім жыццём? Цікава… Во як добра, што Месячык паклікаў яго ў такое цікавае падарожжа. Сябрам у класе расказаць – не паверыць…

Каля тэатра завіталі да Кірылы Тураўскага – Залатавуста зямлі Паляшуцкай, нізка пакланіліся патрыярху, папрасілі дазволу звярнуцца да яго.

– Вазьміце і мяне ў вашу вандроўку! – апярэдзіў іх святы Кірыла, ведаючы, з чым яны звернуцца да яго. – Мне тут добра стаяць – непадалёку сабор святых Пятра і Паўла, мяне радуе мелодыя званоў, рады, што шмат людзей прыходзяць памаліцца ў храм…

Князёўна Ірына наклала на сябе крыж, схілілася ў паклоне:

– Ведаем, што мацнее наша радзіма малітвамі вашымі і святой патронкі і асветніцы Беларусі найпадобнейшай Еўфрасінні-Прадславы, князёўны Полацкай, ігуменні манастыра святога Спаса. Уратуй, Госпадзе!

Пахадзілі па парку, пастаялі на ўзвышку. На вежу нават ўзабраліся, агледзелі наваколле – далёкія высотныя дамы, тэлевежу, якая свяцілася, як навагодняя елка. Зверху горад прыгожы, асветлены агнямі, яны як светлячкі ў лесе, пераміргваліся зялёнымі і чырвонымі агеньчыкамі…

– А хто гэта ўнізе, на беразе Сажа? – спытаў Кірыла Тураўскі. – З майго месца мне яго не відаць.

– То, святы айцец Кірыла, першы пасяленец гомельскі, – прамовіла Гамяліна, – давайце спусцімся да яго!

Першы Пасяленец, стоячы ў ладдзі, веславаў, не звяртаючы на гасцей увагі. Шэрыя хвалі біліся аб борт яго чоўна, шэрая рысь глядзела наперад, быццам лоцман паказвала дарогу. Яны жылі, здаецца, не ў гэтым часе, яны знаходзіліся ці то ў далёкім будучым, ці ў сівым мінулым...

– Стаміўся я, Рысь, – уздыхнуў Пасяленец і сеў на карму, – што ў нас наперадзе?

– Госці да нас ідуць, мой гаспадар!

– Госці? Гасцям мы заўсёды рады. Запрашай іх да нас! Хай сядаюць у човен, я іх пакатаю па Сажы…

– Дзякуй за запрашэнне, Пасяленец! – прамовіў Кірыла Тураўскі. – Хай табе заўсёды памагае Бог у тваім падарожжы!

– І вам усім доўгіх гадоў жыцця! Рассаджвайцеся зручней, будзьце, як дома. Завуць мяне Гомій. Гэта ад майго імя будзе названа паселішча, якое тут пазней узнікне. А прыплыў я па Сажы з далёкіх краёў. Мне тут дужа спадабалася, і я рашыў тут кінуць якар.

Мікіта хацеў пагладзіць рысь, але пабаяўся. Тады звер сам падышоў да хлопчыка і пачаў лашчыцца. І тады ўжо хлопчык дакрануўся да цёплай поўсці, і здзівіўся, які даверлівы і пяшчотны звер гэтая рысь.

Час праляцеў хутка. Гомій гнаў і гнаў ладдзю наперад, з Сажа паплылі па вадзе Дняпра, і як толькі паказаўся старажытны Кіеў, развярнуў лодку і пагнаў яе зноў назад… Але назад плылі як быццам пад зямлёй.

– Не хвалюйцеся, – растлумачыў тут жа кормчы, – цяпер мы плывем па Нірэі, старажытнай рацэ, а яна працякае пад зямлёй… Тут шмат крыніц, якія сілкуюць гэтую раку…

І нечакана апынуліся зноў на беразе Сажа, у тым жа месцы, адкуль і адплывалі ў Кіеў. Гомій, пакінуўшы ў лодцы вясло, далучыўся да іх кампаніі, і ўсе разам прадоўжылі начное падарожжа. Рысь нячутна ступала паперадзе, з цікавасцю разглядаючы наваколле.

А потым усе разам накіраваліся да цырку. Пабачыўшы іх яшчэ здалёк, забрахаў цюцька. Па прыступках туд-сюд хадзіў чалавек у капелюшы з кароценькімі палямі, – апіраўся на кавеньку, углядаўся пад ногі, пра нешта думаючы.

– Дык гэта ж клоун! – адразу пазнаў яго Мікітка. – Я фатаграфаваўся з ім нядаўна, калі прыходзіў з татам у цырк.

– Правільна, Мікіта, гэта слынны Аловак, расейскі Карандаш. Ён смяшыў разам са сваім сабачкам мільёны людзей.

– Дзядуля Аловак, вам наша начное вітанне! – падышоў да яго Мікіта. – Пра што вы так задумаліся, што на нас не звяртаеце ўвагі?

– Як не звяртаю? А мой цюцька хіба вас не заўважыў? А я абдумваю новы нумар праграмы, якая адбудзецца пад Новы год у гэтым цырку. Запрашаю вас усіх, шаноўныя, на Навагодні баль.

– Ён будзе ноччу?

– Так. Як скончыцца вячэрні паказ, як пагаснуць агні рампы, мы будзем радаваць начных гледачоў сваім мастацтвам.

– Абавязкова прыйдзем!

– Можна і мне з вамі пагуляць па горадзе? – раптам спытаўся ў іх клоун. – І мой Гаў-Гаў хоча прагуляцца…

– Можна! Можна! – узрадаваўся Месячык. – Нам весялей будзе!

І вясёлая кампанія рушыла далей.

Паперадзе бег Гаў-Гаў – то рухаўся на задніх нагах, то на пярэдніх, куляўся, а то падскокваў нібы мячык.

Не заўважылі, як прыйшлі на чыгуначны вакзал. А там процьма народу – хто прыязджае, а хто ад’язджае. Добра, што іх ніхто не бачыў, а мо і бачылі, ды ў гэтай мітусні і спешцы не было людзям калі зірнуць на незвычайных падарожнікаў.

Адзін толькі пасажыр паглядзе на іх: ён сядзеў на лаўцы побач з вялізным чамаданам. Ветла заўсміхаўся, усклікнуў:

– От добра, што вы прыйшлі праведаць мяне, а то сяджу тут, і ніхто не загаворыць са мной. Днём, праўда, падсаджваюцца дзеці, фатаграфуюцца, нешта мне гавораць. Але я іх не чую…

– А чаго ты тут сядзіш – спазніўся на поезд?

– І так, і не так… Калі я прыходжу перад поўначчу – калі на табло свеціцца 23.59, – то яшчэ рана сядаць у вагон, а калі свеціцца 00.01, то позна – спазняюся… Не паспяваю дабегчы да свайго вагона. Вось так і жыву – то рана ўставаць, то спазняюся. І ўжо каторы год вось і сяджу тут, на вакзале, хаця квіток у кішэні… Ды і чамадан мне зрабіў скульптар, што і не падняць.

– А куды ты едзеш, шаноўны? Дарэчы, а як цябе завуць?

– Еду – сам не ведаю куды. А завуць як? Сорамна, але я не ведаю свайго імя. Мяне скульптар вырабіў, а імя забыўся даць.

– Мы будзем цябе зваць… Вечпас – вечны пасажыр, добра?

– Добра, Мікітка, добра, – абрадваўся пасажыр, – вельмі падыходзіць мне такое імя.

– Пайшлі з намі гуляць, Вечпас? – прапанаваў Мікіта. – Бачыш, колькі нас, і нам весела. Ты ж Гомеля нашага не бачыў.

– Дык як яго ўбачыш, калі я тут днюю і начую… А чамадан мой куды?

– Няхай застаецца твой чамадан, – параіла Ірына, – яго ніхто не падыме… А што ў ім, дарэчы?

– Ды рукапісы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Станаўленне дзяржавы… І тут знаходзіцца Біблія Тураўскага Княства, якое перапісваў ваш спадарожнік – Кірыла. Я іх ніколі не чытаў, адамкнуць чамадан не ўмею. Скульптар нейкі замок адмысловы вырабіў – ніводзін ключ не падыходзіць.

Мікіта прамовіў:

– Калі я буду вучыцца ў старэйшых класах, і буду вывучаць гісторыю, то абавязкова прыйду і памагу адамкнуць чамадан. І разам прачытаем унікальныя старонкі.

– Буду чакаць, Мікіта!

– Куды рушым далей? – папытаўся Месячык у вандроўнікаў.

– Я ведаю, куды, – першым адгукнуўся Вечпас. – Пайшлі да маіх сяброў – маладзёнаў. Яны ніяк не могуць ажаніцца. Калі ноччу прыходзяць да дзвярэй ЗАГСа, то яны зачыненыя. Вось тады яны і прыходзяць да мяне ў госці, скардзяцца, што не могуць пабрацца шлюбам. А днём стаяць на варце кахання і не могуць зварухнуцца…

– А як іх завуць? – пацікавіўся Мікітка.

– Я іх назваў Каханы і Каханая.

А яны ўжо чакалі, калі падыдуць да іх начныя госці, ўсміхаліся. Яна, любуючыся ружай, трымала свайго абранага пад руку. Перад тым, як прадоўжыць далей начны шпацыр, святы Кірыла дабраславіў іх, і, перахрысціўшы, – павянчаў.

І ўсе шчыра павіншавалі Каханага і Каханую…

…………………………………………………………………………………….

… Падарожнікі ўзялі ў сваю кампанію Гулівера, помнік якому паставілі на ўскрайку горада, Багдана Хмяльніцкага, нават Аляксандра Пушкіна, які тут жа напісаў паэму пра Гомель і пра закаханых, Паскевіча, – хацелі сабраць усіх-усіх, каго скульптары-дойліды стварылі ў бронзе, ды…

Ды нечакана на вежы Палаца Паскевічаў ударылі званы гадзінніка, напомніўшы сваім меладычным пералівам пра час.

– Ой! – хапілася за шчокі Гамеліна. – Я ж сваю працу не да канца зрабіла! Пара нам разыходзіцца.

– Пара! – згадзілася князёўна Ірына. – Добрай раніцы ўсім!..

– Пара! Пара ўставаць, Мікітка! Добрай раніцы!

Нічога не разумее хлопчык, уцяміць не можа, чаму схілілася над ім матуля. А куды ж падзеліся яго начныя сябры?

– Мама, а куды князёўна Ірына падзелася? – з крыўдай у голасе спытаў маці.

– Якая князёўна? Мо прыснілася яна табе?

– Ды не, мы ўсю ноч з ёю гулялі па горадзе.

Маці ўсміхаецца, радуецца, што сыну сняцца добрыя сны, значыць, адступіла ад яго хвароба, папраўляецца.

– Дагледзіш ноччу свае сны, а цяпер пара ўставаць. Сёння ж табе ў школу – хіба забыўся?

– Ды не, помню! – радасна ўсклікнуў Мікітка, і борздзенька падняўся з ложка.

Калі ж маці праводзіла сына ў школу, а ішлі яны паўз скульптуру князёўны Ірыны Паскевіч – па вуліцы Ірынінскай, – папрасіў маці:

– Ты пачакай, я на хвілінку…

Падбег да скульптуры, уклаў у руку складзены ўчацвёра аркушык паперы, нешта прашаптаў. Потым падышоў да маці, азірнуўся – танклявая грацыёзная дзяўчына імкнулася сысці з прыступак, але чамусьці вагалася… Яна, здаецца, усміхалася, нешта спрабавала сказаць, гледзячы на хлопчыка.

– Што за паперку ты ёй аднёс?

– Гэта сакрэт, мама.

А ноччу князёўна Ірына прачытала пасланне.

Яно было кароткім: “Дзякую, спадарыня князёўна Ірына, за начное падарожжа! Мы і сёння будзем гуляць па горадзе? Да сустрэчы!..”


… Шмат чаго цікавага здараецца, калі Гомель ахутвае ноч…


ІХ

Прытча


“Ты – сапраўды Сын Божы!”

“Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”.

Мф. (14:33; 3:2)


1.

Бог жыве на Беларусі…



2.

Ён стаяў пасярод плошчы, поўнай рознага люду.

На яго ніхто не звяртаў увагі, бо за гады прывыклі да яго, да выгляду і аблічча…

Яго абыходзілі людзі ў прыстойным адзенні – чыноўнікі і чыноўнічкі розных узроўняў, пры гальштуках і белых сарочках, нават і не кінуўшы позірк у яго бок; абміналі дзядзькі і цёткі, маладыя пары, якія толькі што пабраліся і спяшаліся ўскласці кветкі да падножжа ідала, які, выдаўжыўшы руку, паказваў ім шлях у светлае заўтра (такая была ўжо традыцыя ў гэтым горадзе, як і ў шмат якіх іншых, дарэчы); абміналі і дзеці, нават пальцамі паказвалі на яго, а то і кінуўшы ў яго якім агрызкам ці камянюкай, смеючыся, адбягаліся радасныя, бачачы, што камень той папаў яму ў скроню…

Хіба адно святары розных канфесій запавольвалі хаду і пільна прыглядаліся да яго, як бы ўспомніўшы пра нешта ці задумваючыся над сэнсам жыцця, падоранага людству Вышнім, – але і яны, думкава наклаўшы крыж на сябе, прашаптаўшы “уратуй, Гасподзь!”, спяшаліся да сваіх штодзённых клопатаў у храме…

А ён глядзеў, не зважаючы ні на што, скрозь усіх і на ўсіх, і ні на кога аднаго, адно шаптаў незразумелыя словы на незразумелай мове:

– Па…й…ся… лю…і…

Па яго твары сцякалі чырвоныя, амаль нябачныя, струменьчыкі, у вачах шкадаванне нечага няздзейсненага, крыўда і боль, скруха і недаўменне.

Да яго прывыклі гараджане і жыхары з далёкіх вёсак, што мерыліся купіць сабе нешта ў крамах. І вартавыя парадку – міліцыянты, даўно прывыклі. Напачатку, даўным-даўно, прыводзілі ў свой пастарунак, намагаючыся даведацца пра яго падрабязней. У выцвярэзнік нават прывозілі, думаючы, што ён нападпітку.

– Зовут тебя как? – дапытваўся міліцыянт, стараючыся ўсё запісаць у пратакол.

Ён маўчаў, гледзячы скрозь іх, як і не бачачы іх.

– Ты глухой, что ли? – зноў падступаўся да яго сярэдніх гадоў лейтэнант, у яго балела галава – учарашняя п’янка-пагулянка не прайшла бясследна.

Затрыманы узяў чысты аркуш паперы і напісаў рымскімі лічбамі – ІХ.

– Что означает девять?

Падышоў памочнік лейтэнанта, здзіўлена паглядзеў на напісанае, выказаў меркаванне:

– Можно подумать, что ты – Иисус Хрыстос. Распятый на кресте и пикой прободённый…

– Ты сказаў, – прамовіў ціха.

– Бэнээфовец? – пацікавіўся лейтэнант. – У нас только бэнээфовцы на родном языке разговаривают. Мужицкий язык у нас не в почете.

– А ў Бібліі гаворыцца, што да Бога ў сваіх малітвах трэба звяртацца толькі на роднай мове, а не на чужынскай, – толькі тады малітва будзе мець Боскую сілу. Лічба дзевяць азначае тое, што ў дзевяць дзяржаваў я паслаў сваіх апосталаў – і яны прапаведвалі, угаварылі народы, каб не будавалі больш на сваіх землях атамныя пачвары…

– А ты кто? – зноў гучыць пытанне.

– Я той, хто даў вам святло. Хто забраў чалавечы боль. Як і твой галаўны боль забяру прама цяпер.

– Ты – энергетик? – недаўмявалі дапытчыкі, і нешта запісвалі ў пратаколе.

Схіліў галаву, не меў жадання больш гаварыць з імі.

Лейтэнант адчуў: боль мінуў, стала лёгка. Але ён не надаў таму значэння.

Яго замыкалі ў КПЗ, пакідалі на ноч, каб раніцай зноў наладжваць допыт. А ён зноўку з’яўляўся на сваім месцы, зноў шаптаў праз боль і пакуты:

– Па…й…ся…ю…і…

Як ні стараліся яго замкнуць на вялізныя замкі-засаўкі, закаваць у кайданкі, нават сваімі дубінкамі прахаджваліся па спіне і твары, загадваючы, каб ён больш не з’яўляўся на плошчы, – нічога не мянялася. Нават калі выйшаў строгі ўказ высокага начальніка пра тое, каб павыкідвалі міліцыянты з плошчаў і рынкаў усіх бамжоў, п’яніцаў і алкаголікаў, каб не псавалі выгляд агульнага і заможнага жыцця ў асобна ўзятай краіне, – ніхто не мог зрушыць яго з месца. І Ён зноў прыходзіў на сваё месца, працягваў шаптаць аднастайныя словы.

Потым і зусім перасталі прыставаць да яго, бо ведалі, што іх намаганні дарэмныя, толькі круцілі пальцам каля скроні, паказваючы на яго.

Ніхто не ведаў, дзе Ён начаваў, адкуль прыходзіў, дзе яго пастаяннае жытло і ўвогуле, ці ёсць яно ў яго…

– Па…й…ся… – шаптаў ён асмяглымі вуснамі.



3.

Горад глухі і невідушчы, чэрствы і няўдзячны, абыякавы і патануў у грахох. Адно хіба невядома – то плошча была горада, усёй краіны, ці ўсёй планеты… Ніхто пра тое не ведаў.

З кожнага дома, з расчыненых вокнаў, нават і з зачыненых, праз шкло, вылятала на вуліцу і плошчу пачварная і гучная, што аж ціснула на вушы сваім цяжарам, музыка; акрамя яе даносіліся жудасныя крыкі і воклічы – некага на тэлеэкране гвалтавалі, некага забівалі і расстрэльвалі, вешалі, адсякалі галовы на гільяціне; ў зазыўных установах на подыюме шпацыравалі зусім голыя, хіба шворачкамі прыкрыўшы быццам бы напятыя цыцкі, пяродкі і азадкі, дзяўчаткі, жадаючы прагна адразу ж азалаціцца, прыцягнуўшы ўвагу п’янкога позірку алігарха, тройчы разведзенага, ды стаць яго жонкай; у крамах і газетна-часопісных шапіках на відавоку раскладзена чытво з фотамі тых жа зорак шоў-бізнесу з абавязковымі атрыбутам іх аголеных цыцак, падпертых знізу адмысловым падцыцнікам, – каб адразу кідаліся ў вочы сваёй прэнткасцю; а другія выданні дык і зусім, не саромеючыся і не асцерагаючыся амаральнасці, дэманстравалі жывёльныя інстынкты людзей – ляжалі ў тых позах, ад якіх пасля нараджаліся дзеці; гомікі мелі свой часопіс, лезбіянкі – свой, з аднаполымі шлюбамі таксама мелі за гонар мець свой, шыкоўна выраблены, глянцавы і тоўсты часопіс…

Усё перавярнулася і ўсе, здавалася, з’ехалі зглузду: дваццацігадовыя жаніліся ці выходзілі замуж за сямідзесяцігадовых – і наадварот; нехта мог жаніцца ў пяты-дзесяты раз, пакінуўшы ў кожнай жонкі свайго нашчадка; людзі навучыліся хлусіць і падманваць, забіваць адзін аднаго без дай прычыны; яшчэ школьнікамі падлеткі наладжвалі оргіі… Садома і Гамора.

Бог даў людзям сваю мову, але тыя людзі перарабілі сваё на чужы лад – праз кожнае слова “мать” і “рот” , “бля” і “пайшоў на…”; мову адрынуўшы, страцілі ўменне гаварыць прыгожа і адзін з адным, прызнавацца ў каханні, бо не маглі зразумець сэнсу моўленага, быццам размаўлялі глухі са сляпым, быццам галодны з наетым, эфіоп з еўрапейцам ці з лельчыцкім дзедам; мацнейшая дзяржава (маючы сваю плошчу), назваўшыся “старэйшым братам”, спаслаўшыся на тое, што яна абараняе праваслаўе, насадзіла сваю, чужынскую, для карэннага насельніцтва, мову, а прыслужнікі, задалізы і здрайцы, аднялі ў дадатак і святыя сымбалі – бел-чырвона-белыя штандары і прасторы, душу Айчыны – вершніка на баявым кані…

Народ вялізнага горада надумаўся абраць сабе важака. Абралі. Важак, назваўшыся праваслаўным атэістам, біў сябе ў грудзі, абяцаў светлае будучае, але паабяцаў-папярэдзіў адначасова, што месцічы будуць жыць шчасліва, але нядоўга, дадаўшы яшчэ, пальцам паківаўшы, “упаси вас Бог”, прызнаўшыся, што за цывілізаваным светам ён нікога не павядзе…

У душах і мазгах чальцоў грамады нешта зрушылася, і не толькі ў ёй, а і нават у “старэйшага брата” – зрушылася, праўда, не ў той бок, куды паказваў Бог, а зусім у адваротным – у пекла граху і ўсёдазволенасці, блуду і пыхі, спакусы і жорсткасці, бяздумнасці і бязладнасці… Так, Садома і Гамора.

Свяціцель Ігнацій звяртаецца да нас, грэшных, гаворачы:

– Шлях да Хрыста – светласці шлях. Перад тым, як звярнуцца да Яго, мы павінны ўсвядоміць галоўнае – мы грэшныя. І што мы падаем і падаем уніз, у апраметную, калі не чуем Боскай падтрымкі. Адчуўшы і ўсвядоміўшы сваё падзенне, нам захочацца адразу ж знайсці апірышча, патрэбу ў Збаўцы, нават пагодзімся на тое, каб прайсці і прыйсці да Яго праз змірэнне, веру і пакаянне. Але той, хто не зразумее самога сябе, не ўсвядоміць сваёй грахоўнасці, сваёй пагібелі, не зможа прыняць сваёй грэшнай душой Хрыста, не можа паверыць у Яго, – таму і не можа быць хрысціянінам. Душа спустошваецца. А на пустое месца прыходзіць спакуса – пыха – і думкі тады нараджаюцца спакуслівыя: а навошта мне Хрыстос, калі я і сам разумны, бо я ж раблю дабро і сам добразычлівы, я задаволены самім сабой, і таму заслугоўваю зямных і нябесных узнагародаў.

А Гасподзь не стамляецца клікаць нас да сябе. Клікаць да пакаяння, бо гэта Яго воля аб жыцці кожнага з нас, воля, якая любіць чалавека і нясе яму вялікія дары. Пакаянне – гэта і людская воля, якая ведае грэх, баіцца граху і баіцца, любячы Бога, якая ведае страх Божы і шукае вяртання да Ойча.

Калі ж адбудзецца сустрэча волі Божай з воляй чалавека, то і адбудзецца пакаянне. Гэта і будзе тым галоўным спатканнем, якое адчыняе для нас вароты-дзверы ў Валадарства Божае, – гэта адны і тыя ж дзверы, што вядуць да Выратавання праз Пакаянне. Бо пакаянне – гэта не проста ўзрушанасць па нашых грахох, напоўненая слязьмі і смуткам, не, сапраўднае ж пакаянне – гэта тое, што робіць чалавека здольным прыняць мілату і пяшчоту Божую. Яшчэ – незвычайную і бязмежную любоў. Гэта яшчэ і тое, што насычае і ахоплівае розум, сэрца, волю чалавека падзякай да Бога, скрушанасцю сэрца, глыбокім смуткам аб сваіх грахох, узнёсласцю і здзіўленнем перад тым, што робіць Вышні з нашым жыццём…

А тое азначае ўвесь шлях нашага жыцця з Богам, бо далучаемся да таямніцы Крыжа і Ўваскрашэння. І гэтай таямніцай вымяраецца ўсё неабдымнае. Таму і гучыць “Пакаяння адчыні мне дзверы…” пасля таго, як мы праспяваем: “Уваскрасенне Хрыстова бачыўшы”. Гэта, урэшце-рэшт, тое, хто мае адносіны да таямніцы Сына Божага, Які стаў чалавекам і Які зрабіў нас здольнымі праз пакаянне быць далучанымі да Бога.

І таму гучыць ва ўсю моц заклік з нябёсаў:

– Людзі, пакайцеся! Людзі, адумайцеся! Бо наклічаце на сябе бяду.

Не чуюць чамусьці людзі кліч Бога.

Глухія, пыхлівыя, – не адчуваць свайго граху, як і не ведаюць пра яго…



4.

Плошча мела сваю назву. Называлася Пляцам Веры і Пакаяння.

Плошча бурліла, жыла сваім жыццём, не зважаючы ні на што, нават і не асцерагаючыся і не баючыся нічога і нікога… Як і жыла ў пазамінулым, мінулым стагоддзях, – і напачатку гэтага.

Гучэў папераджальны Голас адумацца на семнаццатым годзе крыважэрнага, з крыжамі – ХХ – стагоддзя, – не адумаліся, і людзей ператварылі ў атэістаў – служкаў Сатаны, якія ж самі адпрэчылі Бога і ўзарвалі храмы; не прыслухаліся да Голасу таго ж стагоддзя на трыццатым і саракавым гадах, – і той жа Сатана – пад выглядам двух вар’ятаў – сутыкнуў ілбамі шмат якія народы, і загінула ў той бойцы мільёны і мільёны нявінных душаў…

А Ён стаяў тады, стаіць і сёння…

І гаварыў адны і тыя ж словы:

– Па…й…ся…лю…і…

Стаяў у лютыя маразы, калі трашчалі, набрынялыя яшчэ з восені вільгаццю, дрэвы, стаяў у спякоту, калі пад няшчаднымі промнямі сонца плавілася зямля, курэў асфальт і вяў бульбоўнік на палетках ускраіны паселішча, дзе пачыналіся вясковыя надзелы; стаяў, калі лілі зацяжныя дажджы, не звяртаючы ўвагі на непагадзь, – стаяў з непакрытай галавой, і доўгія валасы звісалі на лоб, хаваючы вочы…

Ён заўсёды быў у адным і тым жа адзенні – накінуты на плечы некалі чырвонага колеру хітон, выгаралы за доўгія гады і стагоддзі. На нагах нязменныя тэпці з драўлянай падэшвай.

Зімой нехта клаў каля Яго ног паношаныя, на выкід, кажушок ці дублёнку, зімовыя цёплыя боты. Але ніводнага разу не пакрыстаўся імі.

Ён то шаптаў нейкія малітвы, умольна гледзячы ў неба, склаўшы на грудзях крыжам рукі, і льга было падумаць, што незнаёмец маліўся не толькі за мясцовых людзей, а і за ўсё чалавецтва…

А аднойчы здарылася…

Нагуляўшыся, наблудзіўшы, нацешыўшыся, спазнаўшы ўсю асалоду грахоўнага жыцця, падышла да яго жанчына. Яна мела яшчэ не шмат гадоў, але згубіла-страціла першапачатковы выгляд прыгажосці. Сама ўбачыла і зразумела тое, а калі ж глянула аднаго дня ў люстэрка, жахнулася, заплакала, усклікнула:

– Памажы, Божачка, выбрацца з багны, у якую ўскочыла… Уратуй і памілуй! Каюся, Божа, грэшная я!

Марыя-Магдалена і сама не ведала, чаму ногі самі неслі яе на Плошчу. Яна ішла да Таго, хто стаяў на ёй і шаптаў патаемныя, не пачутыя нікім, словы… Калі падышла да Яго, зірнула на Яго, выразна пачула гучны шэпт. Нават не шэпт, а ўмольны заклік:

– Пакайцеся людзі!.. Не наклікайце на сябе яшчэ большую бяду.

Адкрыліся вочы яе, адкрыліся вушы яе, і яна ўсё зразумела, убачыла, Хто стаяў перад ёю, перад Кім яна стаяла. Падышла да Яго, укленчыла, кранулася брыжыка хітона, прашаптала:

– Грэшная я, Госпадзе! Даруй мне грахі мае і правіны.

І, можа, упершыню за доўгія гады Ён паглядзеў у вочы той, што прыйшла да Яго, убачыўшы і пазнаўшы Яго, прамовіў ці то з сумам, ці то з радасцю:

– Даруюцца табе грахі твае, Марыя-Магдалена. Ідзі з Богам, і болей не грашы.

І яна тут жа адчула незвычайную палёгку, душэўную раўнавагу і радасць пазбаўлення нябачнага, але такога важкага, грузу. І яна паверыла ў тое, што на плошчы сапраўды стаяў Гасподзь, Які ўсе гады і стагоддзі звяртаецца да чалавецтва з адной усяго просьбай – людзі, адумайцеся, людзі, пакайцеся ў сваіх грахох…

– Дзякую Табе, Божа, дзякуй Табе! – прашаптала яна, адыходзячы ад Яго.

Марыя-Магдалена, не збочваючы, пакіравала да Храма, які стаяў на ўскраіне горада, які цудам ацалеў пры атэістычных завірухах, і які называўся Храмам Хрыста Збаўцы. Наклаўшы на сябе крыж, пераступіла парог. З амбона даносілася малітва: “Госпадзе, памілуй, Госпадзе памілуй, Госпадзе памі-іілуй!..”

У храме стаяла і не так шмат вернікаў, але яна ўбачыла, што сярод усіх, збоч, стаяў Той, Які дараваў грахі ёй…



5.

А Гасподзь не сыходзіў са свайго месца.

Ён маліўся за ўсё чалавецтва, забіраючы на сябе людскія грахі.

Ісус Хрыстос, апазнаны Марыяй-Магдаленай, стаяў на ўзвышку на амбоне Пляца Пакаяння і Веры, а паўз Яго ішлі і ішлі людзі, не зважаючы на Яго, прывыкшы да Яго. А Ён умольваў, крычаў, стараючыся дастукацца да душы кожнага чалавека:

– Пакайцеся, людзі, адумайцеся! Скіньце грахі з душы сваёй.

А да людзей даляталі незразумелыя словазлучэнні:

– Па…ай…ся…лю…ад…ся…

Хрыстос і яшчэ прасіў людзей:

– Людзі, спыніцеся! Пакіньце на час свае клопаты і неадкладныя абавязкі. Сатварыце адначасова агульную малітву, – і тады тое не здарыцца, што павінна адбыцца па вашай віне і згодна граху вашага…

Людзі не чулі Яго воклічу і перасцярогі…

– І малітву прачытайце ў той час, як Я ўваскрэснуў. Агульная малітва ўсяго народу мае магічную сілу, якой валодае Бацька Мой, Ойча, Які ў Нябёсах…

Не ведалі людзі, якая бяда насоўвалася чорнай хмарай на чалавецтва ад іх бязвер’я, глухаты і граху. Не прадчувалі нават. Бо яны прывыклі жыць у бязбожнай краіне, а той лад, у якім яны знаходзіліся, лічылі, быў магутны і непераможны, нават вечны. Што пры ім ніякія катастрофы і нечаканкі адбыцца не могуць. Шчыра верылі ў тое.

А ў Святым Пісанні было ж напісана:

“І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць. Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава залёная выгарала.

Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора, і траціна караблёў загінула.

Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зоркі палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі…”

Не ўсе чыталі, а калі б і чыталі, то не надалі б асаблівага значэння прарочым словам, не расшыфравалі б іх сапраўдны сэнс.



6.

І быў год 1986-ы…І быў красавік, канчатак яго – 26-га.

І выбухнула на Чарнобыльскай АЭС бомба, роўная сотням і тысячам бомбам, што ўпалі на Хірасіму і Нагасакі.

І сталі горкімі і атрутнымі воды, і людзей пранізалі смяротныя нябачныя атрутныя промні-стрэлы, – і яны загінулі і працягваюць паміраць і па сёння…



7.

А пасярод Плошчы Пакаяння і Веры стаіць і па сёння Вышні, засцерагае, просіць тых, хто заблудзіўся, хто ідзе не да святла, а да цемры:

– Людзі, пакайцеся!..

І яны чуюць чамусьці іншыя словы, альбо зусім не чуюць Яго.

Не пачулі, маючы вушы, і таму так здарылася, што Сатана паддурыў, падбухторыў зноў іх, паабяцаўшы ім зямныя даброты і багацці, нават без іх агульнай згоды ўзяўся збудаваць для іх атамнага Монстра для іх, зацьміўшы розум іх…



8.

Але верыцца (бо інакш і быць не можа!), што неўзабаве сыдуць-сплывуць чорныя крыгі з блакітнай роўнядзі ракі, рассеецца шэрае неба над родным краем, і народ адумаецца, набярэцца розуму і знішчыць атамную пачвару, адправіць яе ў апраметную, бо…

... на Беларусі Бог жыве…

Жнівень, 2011 год, Адэса, Кіеў, Чарнобыль


Голуб на плячы альбо Сустрэча з анёлам


Рыгор Каробка ўбіўся ў аўтобус перадапошні.

Ледзьве ўцягнуў за сабою цяжкую, ледзьве рукі не паабрываўшы, валізу – чамадан. Зачапіў нейкую віскатлівую, у жоўтым капелюху, цётку, і яна закрычала на ўвесь аўтобус, хоць вушы затыкай:

– Куды ты прэш, калхознік? Касцюм мне запэцкаў! Жыцця ад вас няма гарадскому чалавеку.

– Даруйце, я незнарок... – паспрабаваў слаба апраўдацца Рыгор, але цётка не сунімалася, лямантавала, здавалася. Яшчэ грамчэй і агрэсіўней.

Стаяў на адной назе, а другую не ведаў, куды і ўплішчыць, – скрозь людскія чаравікі, туфлі, басаножкі нагі не прасунеш зноў жа – бо калі каго кранеш ці зацэпіш, зноў пачнецца лямант...

Духата, здавалася, распірала аўтобус: людзі млелі ад гарачыні і злаваліся на ўсё. І на ўсіх.

Нехта некаму замінаў, хтосьці агрызаўся, пасылаў куды-некуды...

Чулася звычайнае:

– На таксі дабіралася б! Барыня мне тут знайшлася!

– Сам на таксі едзь...

– Пехатой дабірайцеся, калі цесна!..

– Як селядцоў у бочцы набілася, – начальства, мусіць, так не ездзіць – у іх свае членавозы...

– Члены ўрада так не ездзяць – у іх свае членавозы!..

Каробка маўчаў. Яму не прывыкаць да жыццёвых выбрыкаў. Хіба ж яму звяртаць увагу на такую драбязу, як цясноцце? Пэўна ж, гэтым крыклівым і незадаволеным людзям добра і лёгка жылося, раз так востра рэагуюць на дарожную неўладкаванасць. Гэта ж не гадзіны ехаць, як яму прыйшлося, а ўсяго колькі прыпынкаў – зайшоў і выйшаў, – і памінай, як звалі, і не ўведаеш, як зваць-велічаць дзябёлую суседку, што ўціснулася ў яго бок поўнымі гарачымі грудзьмі, ці хлапца, што ўпёрся галавой у раскрыты люк...

Аўтобус спыняўся, раскрываў з рыпеннем свае пашчы, адрыгваў жывыя порцыі пасажыраў, – а замест іх набівалася, здавалася, яшчэ больш, але Каробка ўжо стаяў на дзвюх нагах, а чамадан засунуў у куток, сам жа заняў ужо зручную пазіцыю – яго цяпер і бульдозерам з месца не зрушыш. Падставіў твар да акенца, дыхнуў вальней – на ўсе грудзі, сустрэчны вецер крануўся прыемна твару.

Раней, калі ён без папярэджання аднойчы падаўся да сына і сеў вось так у аўтобус, што ехаў да вуліцы Каліноўскага, раз-пораз пытаўся ў людзей, ці хутка будзе патрэбная яму вуліца. Аўтобус тады, падалося яму, поўз цэлую гадзіну, а жаданага прыпынку ўсё не было, і не было...

– Вы, папаша, не волнуйтесь, – супакоіў яго тады каржакаваты барадач, – вас автобус довезет до самого конца – там и сойдете...

І сапраўды – праз колькі прыпынкаў вадзіцель і аб’явіў канечны прыпынак. Цяпер жа Каробка не хваляваўся, ведаў, што ехаць яшчэ доўга, аж пакуль не павернуць управа, дзе будзе высокі дом з адмысловымі балконамі – яны найбольш чамусьці і запомніліся яму, – а пасля ўжо заставалася ўсяго два прыпынкі.

Дзесьці на сярэдзіне шляху, калі перагружаны людзьмі аўтобус зноў спыніўся і выпусціў пасажыраў, то зайшло ўжо столькі народу, што ўціснулі-прыціснулі Рыгора да сцяны так, што хоць крычы. Ён напруціўся, упёрся ў бакавіну салона, адпіхнуў ад сябе пакрысе суседзяў, – стаў паўбокам да іх.

І тут вочы ў вочы сустрэўся поглядам з чалавекам, які разглядваў яго ва ўпор: насцярожана і зацікаўлена. Ад таго пранізлівага позірку у Рыгора прабеглі па спіне дрыжыкі, і стала адразу холадна ­– акурат як тады, у тое спякотнае лета...

“Ты?!” – пыталіся вочы, што ўперыліся ў яго.

“Я, Віталь, хіба ж не пазнаў?..”

“Чаму ж не пазнаў? Пазнаў...”

“Цябе-то я, мусіць, і на тым свеце пазнаю...”

“Пастарэлі мы, аднак, з табою...”

“Праўду кажаш, не маладзёнкі ўжо, час нікога не мілуе...”

Што перад ім быў Віталь Чаркашын, унук бабы Палівіхі, сумневу ў Рыгора не было – ніжняя губа рассечаная яшчэ ў дзяцінстве: у хованкі гулялі ноччу і Віталь напароўся на калючы дрот і разарваў сабе рот... Ды і без тае меткі можна было яго прызнаць – нічым не змяніўся, амаль і не пастарэў, хіба валасы выбеліў час ды рэдкімі сталі зубы, пажаўцелі ад курава. А вочы так і засталіся хітрымі і хцівымі, позірк так і пранізваў навылёт...

“Дык што, мо абдымемся па-зямляцку, павітаемся?..”

“З д’яблам табе абдымацца, а не са мною, – зямляк мне знайшоўся, – Рыгору ўжо рабілася не па сабе, нават заблажыла, цененька зазвінела ўвушшу, перасохла ў горле. – Не, нас не Бог звёў на жыццёвай сцяжыне, няйначай, д’ябал...”

Аўтобус спыніўся каля кінатэатра.

Піснулі дзверы, расчыніліся са скрыгатам і енкам, і людская хваля выплеснулася на угрэты сонцам асфальт, а разам з усімі выпхнуўся і ён, Віталь ­– як і пажадаў таго Каробка: “Каб ты згінуў з маіх вачэй, ірад!..”

Людзей заходзіла ўжо меней, і ён азірнуўся ў задняе шкло.

Віталь стаяў на прыпынку і глядзеў услед. Каробку падалося, што быў ён нейкі разгублены, быццам адчуваў сябе перад Рыгорам вінавата і няёмка. А мо яму, Рыгору, так толькі падалося...

За пяць хвілінаў, што ехалі, упёршыся грудзі ў грудзі, яны не прамовілі ўголас ніводнага слова. Размаўлялі мовай маўчання. Умелі чытаць думкі і пытанні па выразе твару, па выглядзе вачэй... Адчуў, як пад мокрай кашуляй захвалявалася запознена сэрца – боль пачаў разрастацца ўсё больш і больш. Ледзь заўважна падрыгвалі рукі. У вачах стаяў шэры туман, – і ён ужо не бачыў людзей, не чуў іх галасы, воклічы, смех...

Калі зайшоў у кватэру да сына – ён, на шчасце, аказаўся дома, нявестка была на працы, – не павітаўшыся нават, не абняўшыся, хуценька дастаў з чамадана трохлітровы слоік самагонкі. Дрыжачымі рукамі адліў у кварту, а пасля наліў сабе амаль поўную шклянку. Нічога не сказаўшы, выпіў адным махам, адным глытком. Выдыхнуў з сябе паветра, выцер рукавом губы.

– Ты што, бацька. Што з табой? – устрывожыўся сын, убачыўшы такім, непадобным на самога сябе, бацьку. – Блага табе?

- Нічога, Коля, нічога. То я за смерць сваю выпіў.

Сын здзіўлена паглядзеў на бацьку, скінуў з сябе тэніску – даймала духата..

– Як гэта – за смерць? Не палохай, бацька... Мо “хуткую” выклікаць?

– Я не палохаю, сын, – бацька хрумстаў, закусваў агурком, і ужо лагодна ўсміхаўся – узрушанасць пакрысе адступала. – Смерць мяне сорак гадоў назад шукала... Абмінула. А цяпер, сын, давай па кроплі за сустрэчу. І налі ў тыя, маленькія, крышталёвыя шкалікі, што мы з маткаю вам падарылі. За сустрэчу, Коля, вып’ем...

Мікола выканаў бацькаву просьбу...


...Радавы Рыгор Каробка на вайну папаў з першых дзён. Правільней будзе сказаць – адразу, як прызвалі ў ваенкамаце. Акурат яго ўзрост падыходзіў тады – увосень спаўнялася васемнаццаць...

Ноч... Буйныя, як перспелыя жоўтыя слівы, зоркі ў небе.

Чарпак Вялікага Воза схіліўся над возерам – чэрпаў з яго ваду.

Узвод укапаўся ў зямлю, зашыўся ў яе як дазваляў рост байца. Пахла жывіцай – за спіной раскашоўваўся густы сасоннік, палыном і чарнобылем схіл гары спрэс зарос разнатраўем.

Хіліла ў сон. За дзень нагрэты пясок утрымліваў у сабе цеплыню і ўганяў у дрымоту.

– Паспі, Рыгор, не клюй носам, – гаворыць радавы Хвайніцкі, з якім паспеў пасябраваць. Хлопец з-пад Віцебска. Вясковы, дужы малец, як называюць хлопцаў на Віцебшчыне, які не раз браў на сябе важэйшую ношку, старэй на гадоў сем.

– А раптам папаўзуць, – сонна абзываецца хлопец, і прапанова сябра яшчэ больш дрымотліва дзейнічае на яго.

– Ну і што з таго? – даносіцца з цемры затоены шэпт. – Заўважым. Адбівацца ёсць чым... Не першы раз... Спі...

Ціха. Дзесьці ўнізе, ля возера, цвіркочуць конікі. Уздыхнуў цёплы вецер і пошумна прайшоўся па вершалінах сасонніку, пагладзіў даверлівым дотыкам-хваляй твары байцоў.

На Рыгора адразу ж найшла супакоенасць і млявасць: ён праваліўся ў сон і апынуўся ў сябе дома – у роднай хаце. Сярод бацькоў. Малодшая, Волечка, якую бацькі знайшлі апошняй у сям’і, за пяць год перад вайной, весела кінулася яму на рукі, закрычала радасна:

– Лыголка плыехаў! Лыголка плыехаў!..

Яна ўсё яшчэ ніяк не магла навучыцца выгаворваць літару “р”.

Маці пацалавала, бацька абняў, прытуліў да сябе, павёў да стала. Ён сабраў, аказваецца, усю сям’ю, суседзяў, каб пахваліцца сынам, яго пабыўкай, каб распытаць у яго пра вайну...

– Колькі ж ты, сын, танкаў падбіў? Пахваліся, Рыгорка!

– Гэтым не хваляцца, бацька, падбіваў – і не раз.

– Танкі! Наперадзе танкі!..

Рыгор не зразумеў, хто крычаў. Толькі бацька раптоўна знік, як і ўсе людзі, і ён ужо не ў сваёй хаце, а дзе – уцяміць не мог.

– Рыгор! Рыгор, прачніся, тваю маць! – крычаў ужо, што было сілы, сябар, катурхнуў моцна за плячо, трывожна гледзячы наперад – у шэрае мроіва.

Каробка тут жа ўскочыў, працёр кулакамі вочы, перапытаў устрывожана:

– Дзе яны, Пятрусь?

– Ды вунь – справа ядры іх качалку, – паўзуць ад возера. Фары не ўключаюць, пруць, гады, напрамкі.

А вочы яшчэ нічога не бачуць – наперадзе суцэльная шэрань, і нічога выдзеліць немагчыма. Але вочы пакрысе прывыкаюць, робяцца пільнымі, і ён ужо бачыць чорныя пачвары, што сунуцца павольна ў іх бок.

– Цяпер, Пецька, бачу. Як жукі гнойныя паўзуць. Я гатоў, Пятрусь!

Камандзір узвода – лейтэнант Стальмахоў – з’явіўся над імі нечакана, запытаўся строга, ці ведаюць абстаноўку – вораг наперадзе.

– Мы напагатове, таварыш лейтэнант, – адказаў Пятро, – не першы раз мы з Карабком вось так перад танкамі...

– На вас, хлопцы, уся надзея, – ужо лагодней прамовіў камандзір, шмаргануўшы носам – прастудзіўся. – Тут яны і будуць перці. Гармата паможа, але і вы ня зявайце...

– Пастараемся.

– Тады – з Богам!

Зміцер Стэльмахоў – веруючы. Але ён не выстаўляў сваю веру напаказ, нават хаваўся ад старонняга вока. Аднаго разу Рыгор прыкмеціў, як лейтэнант маліўся, цалуючы крыжык, што вісеў на шыі. І зрэдзь у яго размове вырывалася “Бог паможа”, “з Божай помаччу”... У хлопца васільковыя вочы, светлыя, колеру спелай пшаніцы, валасы, ціхі, нават і не камандзірскі голас. Але не голасам браў, а кемлівасцю і дабрынёй. Амаль Рыгораў аднагодак, усяго на год-два старэйшы, а прызнавалі ў ім байца і камандзіра, і – клапатлівага бацьку.

– На Бога спа... – хацеў сказаць Рыгор, але тут жа наперадзе, за метраў дваццаць, разарваўся першы снарад, што даслаў фашысці танк – і на байцоў пасыпалася з карнявішчамі зямля, бадылле, розная пацяруха...

Сябры адразу ж упалі на дно акопа.

Камандзір узвода паімчаў на баявую пазіцыю, прадчуваючы, што бой будзе цяжкі, крывавы. Для некага і апошні. Можа, нават і для яго...

Потым снарад разарваўся позаду, сыпануўшы добра зноў на іх жвіру і камення. Але хлопцы на гэты раз не адрывалі позірку ад танкаў, што павольна падкрадваліся да іх – трымалі на прыцэле, але агню не адкрывалі, чакалі, калі прысунуцца яшчэ бліжэй..

Гахнула са свайго сховішча саракапятка – і першы танк ахапіла полымя. Затахкаў кулямёт. Зноў наперадзе разарваўся снарад – ужо бліжэй да бруствера: аж падкінула да зямлі супрацьтанкавае ружжо, што ўчэпіста трымаў у сваіх руках Рыгор.

– Цэлы, Пятрусь?

– Цэлы будзем, не загінем... – агрызнуўся ваяўніча сябар, не адрываў позірку ад сполахаў у цемры. – Трымайся, Рягор, цяпер пачынаецца вялікая-вялікая работа... І рабіць нам яе – не перарабіць...

Наперадзе, перад самым брустверам, успоўз перадам на ўзгорак “Т-4”, і Рыгор без прамаруджвання націснуў спускавы кручок. Моцна і балюча тарганула ў плячо, руля з пашыраным канцом выплюнула агонь, – і праз момант танк з перабітай гусеніцай закруціўся на месцы.

Калі ж павярнуўся бокам, то ўзяў на мушку паліўны бак, – зноў стрэліў. І тады танк успыхнуў полымем...

– Малаток, Рыгор, так іх, гітлера маць...

Чорныя воблакі бою ўздымаліся ў чорную ноч, хаваючы зоркі і ўсё наваколле.

У тым месцы, адкуль біла саракапятка, узнікла вялізная ўспышка агню – прамым пападаннем гармата выйшла са строю.

Пятрусь бачыў у цемры “свае” жывыя мішэні, і дасылў у той бок, прыцэльна, трасіркі. З падбітага танка беглі немчукі назад, і іх даганялі кулі, – у такія мішэні не папасці было проста немагчыма... Гэтага не бачыў Рыгор – лавіў танкі, слаў на іх смяротны агонь...

Дзве ўжо пачвары, як бы прывязаныя адна да адной, рухаліся ў яго бок. Рыгор прыкмеціў іх адразу – і стрэліў у правы танк, скоранька перазарадзіў зброю, зноў прыжмурыў вока – цэліўся... Белы слуп зямлі раптоўна вырас перад вачыма, да болю сціснула барабанныя перапонкі ў вушшу – і Каробка не вытрымаў болю, закрычаў, абхапіўшы далонямі галаву...

Страху не адчуў. Толькі нейкае жахлівае прадчуванне ці то канца, ці то пачатку нечага новага, яшчэ не зведанага ў жыцці. Грудзі распіраў адначасна і пякучы боль і роспач. Напэўна, так і крычыць немаўля, перайшоўшы ў новую стадыю свайго жыцця. Па крыку тады бабка-павітуха і вызначае здароўе народжанага...

Рыгор крыкнуў раз, потым другі, і трэці... Мо ён і не крычаў зусім, а толькі пруціўся, сілячыся нарадзіць крык. А хоць бы і крычаў, то яго наўрад ці хто і пачуў бы ў гэтай пякельнай і жудаснай начы... Ён, здаецца, і сам сябе не чуў. Не пачуў, але ўсё ж адчуў палёгку, – як другое дыханне адкрылася ў ім перад доўгай дыстанцыяй, якую адолець яму прыйдзецца абавязкова.

І тады ж Рыгор зноў апынуўся за бацькоўскім сталом...

Але – во дзіва! – яго ўжо не радавала пабыўка. Ён жа павінен знаходзіцца там, каля возера Белае, побач з Петрусём, побач з другімі байцамі, там жа – вораг... Ну няўжо бацька не разумее, што яму ніяк нельга і на хвілінку затрымлівацца ў хаце? Тады чаго ж ён хавае ўсмешку ў пракураныя вусы? Яму ж, Рыгору, трэба неадкладна туды, да возера, трэба памагаць байцам, лейтэнанту, які верыць у Бога і ў перамогу, быць там, сярод усіх байцоў, каб біць і біць трапнымі стрэламі па пачварах з крыжамі на баку...

І сам не разумеў, чаму пакінуў пазіцыю. Уцёк, збаяўся?! Няўжо – уцёк?! Ды быць таго не можа, – ён жа нават і не думаў пра тое, нават і смерць не прымусіла б адступіць ад акопа. А цяпер што – трыбунал?! Які сорам, і якую ганьбу ён нажыў сабе...І таму ён заплакаў ад крыўды на самога сябе, караў сябе бязлітасным і жорсткім судом – за здраду і маладушнасць. І не мог прыдумаць сабе аніякага апраўдання.


…У шпіталі ён апынуўся толькі на трэція суткі...

У палаце ціха і выразна патыхала ёдам, нашатырным спіртам, нейкімі іншымі лекамі і лякарствамі. Рыгор памацаў ногі, паварушыў рукамі – цэлыя. Пакруціў галавой – здаецца, болю не адчуў.

Скінуў з сябе байкавую коўдру і ўбачыў, што ўвесь у бінтах.

І ўспомніўся бой, скаланула запозненая думка: “А як там усё скончылася – ля возера? Ці адбілі фашыстаў? А Петрусёк як, ці жывы хоць? А камандзір узвода?..”

Зноў затахкалі кулямёты, зноў далятаў да вушэй суцэльны гул кананады...

Бой для радавога Рыгора Каробкі працягваўся.

...Камандзір узвода наведаўся праз дзень.

У яго перабінтаваная галава, і выглядаў ён засяроджаным, стомленым. Рыгор адзначыў, што ў яго высветліліся валасы – быццам той светла-жоўты жвір ля возера назаўсёды пафарбаваў галаву.

– Як там усё, таварыш лейтэнант? – найперш пацікавіўся Рыгор пра галоўнае.

– Адбілі танкі. Дзякуючы табе. Цябе да ордэна Чырвонай Зоркі прадставілі.

– А Пецька як, таварыш лейтэнант? – затоена паглядзеў хлопец на камандзіра: баяўся пачуць страшную вестку.

– Пецька... – лейтэнант глыбока ўздыхнуў. – Няма Пецькі. І радавога Аколава няма, Наргуліева, Майсурадзэ, Падапрыгары таксама няма... Загінулі. Больш як палавіны ўзвода няма. Для нас Бабруйскі кацёл вунь якім нечаканым бокам абярнуўся.

Бяда парадніла іх, яшчэ больш зблізіла. Рыгор адчуў прыхільнасць камандзіра да сябе, яго шкадаванне.

– Змітрок, а як яно далей з намі будзе?

Рыгор усё не асмельваўся перад гэтым назваць камандзіра па імені. А цяпер, рашыў, зручны для гэтага момант.

– Перафарміруемся. Камандванне новыя часці фарміруе. А ты тут адлежвайся, набірайся моцы і сіл. Як на курорце пабудзеш... Як адпачынак усё роўна. У цябе ранення вялікага няма, кантузіла толькі крыху... Адчуваеш сябе як?

– Лепей ужо... Хадзіць спрабую. Доктар сказаў, што хутка на выпіску. Да хлопцаў хачу – засумаваў.

– Хутка ўбачышся.

– Зміцер... Таварыш лейтэнант, просьба ў мяне ёсць. Асабістая.

– Якая?

– Я ж родам адсюль – мясцовы. Пад Шацілкамі жыву. За паўдня да сваіх дабяруся, хоць на гадзінку да родных наведаюся. Мігам – туды і назад.

Камандзір узвода задумаўся. Хмурыўся, нешта ўзважваў, вырашаў.

– Ладна, Рыгор, дамовімся давай так. Я папрашу камбата, каб даў табе пяць сутак адпачынку. Ты ж заслужыў. Бог бачыць, што заслужыў. Ваяваў ты выдатна, малайчына. Значыць, так... Ты тут папраўляйся, а я праз два дні наведаюся. Загадзя абяцаць нічога не магу, але пастараюся ўсё ўладзіць...

– Дзякую, таварыш лейтэнант!

– То табе дзякуй, Рыгор! За бой дзякую! Што такой махіне фашысцкай даў па зубах.

Зміцер Стэльмахоў паціснуў яму руку. Павярнуўся – і пайшоў да выхаду. Рыгор паспеў заўважыць, як за парогам, на сонцы, зырка засвяцілася яго галава.

За адну ноч пасівеў камандзір – пастарэў на шмат гадоў... А камандзіры, як вядома, сівеюць рана. Горыч і шкадаванне ахапілі Рыгора, калі ўспомніў пра Пецьку, пра Майсурадзэ... Запякло ў вачах, зашчымела сэрца, – і ён абшчаперыў рукамі падушку, уткнуўся ў яе галавой...


Крочыў, спяшаўся салдат Каробка дадому.

Прайшлі кароткія дажджы, і таму пад нагамі жвір цвёрды, цубкі, і па ім ступалася лёгка і ўпэўнена. За спіной у байца – рэчавы мяшэчак. У ім – хлеб, сала, кансервы.

Камандзір узвода схадзіў на палкавы склад і выпрасіў у старшыны для яго такі-сякі правіянт, невядома, як там у бацькоў, мо і на зуб пакласці не было чаго...

Мясціны для Рыгора амаль знаёмыя, родныя і блізкія сэрцу. Ён не ішоў, а ляцеў на крылах, не адчуваў пад сабою зямлі.

Неўпрыкмет прайшоў поле, за полем угадвалася вёска. Спытаў у дзядка гадоў пад дзевяноста, што сядзеў на прызбе першай хаты, што хавалася пад ліпамі, ці правільна ідзе дадому. Стары хітануў галавою, не звярнуўшы на яго ніякай увагі, рукой няўцямна паказаў некуды ўздоўж вуліцы.

За беразняком пераплыў неглыбокую рачулку. У трыснягах пераседзеў, прыслухоўваючыся да наваколля, – асцерагаўся, бо не ведаў, на якой тэрыторыі знаходзіцца: не сустракаў па дарозе ні нямецкіх войскаў, ні савецкіх.

Ціха. У лагчыне прытулілася да лесу невядомая вёсачка – адтуль даносіўся брэх сабакі. Праз колькі хвілін там пачуўся стрэл, потым нечы крык...

Далей рашыў прабірацца толькі ноччу, каб не папасці ў лапы фашыстам ці паліцаям.

Пераседзеў паўдня ў хмызняках. З’еў акраец хлеба і скрылік сала – астатняга не чапаў, бярог для бацькоў.

Як зноў запаліліся на небе зоркі, рушыў у дарогу. Браўся збоч бальшаку, прадзіраўся скрозь кустоўе паралельна яму, чуйна ўслухоўваючыся ў золкую цішыню. На кані ехаў нейкі дзяцюк – нокаў на каня, але яго спытаць пра дарогу не асмельваўся.

У наступную вёску прыйшоў пад поўнач.

Убачыў жанчыну, што шыргала нагамі, усунутымі ў боты з кароткімі халявамі, кіруючыся да сваіх веснікаў, – несла штосьці ў мяшку, закінутым за плячо. Дагнаў, кашлянуў папераджальна, затоена папытаўся:

– Цётачка, а ці далёка яшчэ да Забалацця?

– Дадому ідзеш, галубец?

– На пабыўку, цётачка. На дзянёк, з матуляй толькі пабачыцца.

– Шчаслівы. Маіх гэна дык Гітлер забіў... Сталін паслаў, а ён забіў... А ты дайдзі і пабач сваю матулю. Скора ўжэ. Да раніцы дойдзеш. Асцерагайся толькі, там, у тым боцы, могуць быць і паліцаі. Сюды наязджаюць зрэдку...

– Дзякую вам, цяпер дайду.

– Шчаслівенька табе, сыночак... Дайдзі. Парадуй матулю...


...Рыгор ціхенька пастукаў у шыбіну. Потым яшчэ. У хаце ціха – ніхто не зварухнуўся. Не загаралася святло. Ён прасцярожліва азірнуўся – ці не чуе хто, ці не бачыць яго ў цемры. Зноў пастукаў – ужо грамчэй.

У акне перад сабою – вочы ў вочы – убачыў твар маці. Цьмяна так, але здалося, што яна хапілася далоньмі за шчокі, – пэўна, узрадавалася ці жахнулася ад неспадзеўкі. Ляснула прыглушана ў сенцах клямка, як бы запрашаючы яго да прачыненых дзвярэй.

Яшчэ раз азірнуўся, прыслухаўся – ці няма падазроных гукаў, і, крадучыся, каб не наступіць на грымотлівае вядро ці чыгун і не нарабіць грукату, падышоў да ганка. Узышоў на яго і піхнуў злёгку дзверы.

– Сыночак, няўжо ты? – паўшэптам папыталася маці. – Ой, Божачка!..

Не адказаў, у цемры абняў яе, прытуліўся да шчакі, сціснуў лёгенька ў абдымках. Маці, здаецца, заплакала.

– Скуль ты, сынок, прыйшоў, вакол жа немцаў і паліцаяў процьма?

– З фронту, мама. Ад Бабруйска дабіраюся.

– Як жа гэта, сыночак? Цябе ж маглі падпільнаваць гэныя... А ці надоўга?

– Да на дзянёчак усяго – на адзін, мамачка, усяго дзянёчак. Камандзір адпусціў. Каб паслязаўтра вечарам або не пазней раніцы быў ужо ў часці.

Маці не адрывалася ад яго, як не верыла, што трымала свайго сына, яшчэ мацней абдымала яго, прыціскала да сябе.

Рыгору падалася яна маленькай, слабой. Твару не бачыў, але чуў яе кволае дыханне – дыхала ў грудзі, як сагравала яго, аберагала ад нечага.

– Бацька як – дома?

– Няма бацькі, сыночак. Забілі немцы. З лесу ішоў, з грыбоў, падумалі, што ад партызанаў...

– А Волечка?

– Яна...

Расчыніліся за спіной дзверы, у твар ударыў зыркі прамень святла ад ліхтарыка.

– Вось ён! Я ж казаў, што ён у гэтую хату прабіраўся. Рукі ўгору, ну-уу!

Рыгор нічога не зразумеў. Загаласіла роспачна маці, ратуючы сына ад бяды. Калі б ён і паспрабаваў бы хутка зняць з пляча вінтоўку, то не паспеў бы і стрэліць – апярэдзілі б...

– Не аддам! Не аддам сына, ён жа да мяне прыйшоў!..

Не паспеў апамятацца, як яму скруцілі рукі, звязалі за спіной.

Маці не крычала больш, страціла, мусіць, прытомнасць – асунулася на падлогу. Нехта тупа і балюча ўдарыў прыкладам у спіну, аж пацямнела уваччу.

– Пшоў, сталінскі сокал! Цяпер ты без крылаў – не палятаеш, ну!..

Паліцаяў шасцёра. Павялі некуды ў цемру.

Запозненае горычнае шкадаванне ўварвалася ў грудзі, – як не разрывалася сэрца ад крыўды, што так неабачліва распарадзіўся адведзеным для вольніцы часам. Столькі прайшоў – і вось на табе, маеш дулю з макам... Божа, камандзір падумае, што збег з войска... Што камандзір, – яго ж пад трыбунал могуць упячы... Эх, арэх, які грэх... тваю маць...

Яго ўпіхнулі ў хлеў, зачынілі і замкнулі дзверы на замок. Ідучы, прыкмеціў, што паліцаі знаходзіліся ў школе, у якой ён вучыўся да вайны. А ў хляве, дзе ён цяпер быў, знаходзілася некалі майстэрня – вучні майстравалі шпакоўні, табурэткі, сталы.

Рыгору падалося, што адзін з галасоў паліцаяў быў яму знаёмы. Але як ні сіліўся ўспомніць, каму належаў, на памяць нічога не прыходзіла.

“Божачка, як там маці? – не давала спакою думка, ён яшчэ чуў цеплыню яе шчакі на сваёй. – Я ж ёй, беднай, такую радасць і такое гора прынёс сваёй раптоўнай пабыўкай...”

Успомніў, што паведаміла матуля пра бацьку, – і пякучы боль зноў пранізаў скроні: няма бацькі на свеце…

“А Волечка? Не дагаварыла ж пра Волечку. Што ж з ёю сталася – не выйшла ж у сенцы разам з маці? Што будзе са мной?..”

Яго вывелі з хлява на золаку – сонца толькі-толькі ўзнялося з-за лесу. Рыгор жмурыўся, гледзячы на яго, ледзьве перастаўляў ногі. Ад думак усю ноч ён стаміўся, стаў бязвольны, абыякавы да ўсяго, што адбывалася з ім. Да яго падкацілася разуменне трагічнай безвыходнасці...

З хлява ўцячы не ўдалося – ніводнай шчылінкі не знайшоў, як ні стараўся, Як некалі для самога сябе рыхтаваў труну разам з настаўнікам працы Марціновічам. Тоўстымі дошкамі аббівалі сцены і столь – каб і мыш, і злодзей які не маглі прашмыгнуць у дзірку.

За працу Андрэй Сямёнавіч паставіў яму выдатную адзнаку.

Цяпер жа разумеў – дурную пяцёрку зарабіў тады.

– Ну, пашавелівайся, не выспаўся хіба за ноч? – зноў падштурхнуў яго той жа паліцай, які выводзіў з хаты. – Пярыны тутака не паклалі, так што ізвіняй...

Цяпер яго разгледзеў Рыгор. Паліцай невялікага росту, каржакаваты, з заўсёднымі насупленымі брыўмі над вачыма.

На рукаве – чырвоная павязка з чорнай павучынай свастыкай.

– А боты ў цябе нічога, камандзірскія. Здымай. Цяпер яны табе без патрэбы... На тым свеце і без іх добра, там усе босыя ходзяць. Ты ж у рай адразу пападзеш, так?

– Як Бог дасць, пабачым...

– Пабачым, пабачым...

“Як маці? Ці вытрымае яна, даведаўшыся пра маю такую бязглуздую смерць? Эх, мама, мама, дурны ў цябе сын... Як валёнак. Пабачыцца захацеў. Ды лепш бы мяне на вайне забіла, а то на вачах у маці... Для чаго прынёс ёй такія жудасныя пакуты?!”

Яго збівалі доўга і жорстка.

Пытанні сыпаліся адно за адным. Язык ледзьве варочаўся, каб адказаць хаця б на адно з іх.

– Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

Маўчаў. Не мог гаварыць. Калі акрыяў трохі, зноў распачынаўся допыт.

– Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

– Ні з якім заданнем я не ішоў, Пабачыцца з бацькамі захацелася. Часць мая вунь пад Бабруйскам. Быў бой, паранілі. У шпіталі быў. Адпусцілі на трое сутак...

Праз дзень вёў допыт нямецкі афіцэр. Малады, нават прыгожы, як і яго камандзір – Змітрок.

– Адкуль? Куды ішоў? З якім заданнем?

– Я ж казаў, да бацькоў...

– Адкуль?..

Зноў збілі да непрытомнасці. Крывавыя падцёкі навіслі над вачмі. Ён ужо нічога не бачыў перад сабою.

– Расстраляць, – махнуў чорнай скураной пальчаткай афіцэр. – Як і астатніх, каго злавілі...

Іх вывелі ў двор сямёра, такіх жа збітых і змардаваных, як і ён. Рыгор не ведаў, што пяцёра партызан злавілі ў засадзе паліцаі, і немцы доўга потым дабіваліся ад іх прызнанняў. Адзін з іх акрываўлены, чырвоныя сукравіцы сцякалі па твары да шыі – ці цэлыя хоць вочы ў чалавека?

Да Рыгора падышоў паліцай, крануўся пляча, прасцярожліва шапнуў:

– Рыгор, слухай мяне ўважліва. Я – Віталь Чаркашын...

“Во чый гэта голас! Майго аднакласніка, які заўсёды спісваў у мяне задачкі. А сваю жыццёвую задачку вунь як рашыў – стаў паліцаем... То ты тады першую пяцёрку і атрымаў, калі са мной майстэрню дошкамі абшываў...”

– Цябе расстрэльваць буду я. І – не пападу. Але ты падай, ляжы да вечара, да тае пары, пакуль сцямнее. А потым бяжы ў лес. Маці я папярэдзіў, не хвалюйся за яе, каля Люхчэ цябе будзе чакаць, пад дубам...

На язык ускочыла слова падзякі, але ён не прамовіў нічога. Бо не давяраў таму, што сказаў Віталь. Ды і за што дзякаваць – наперадзе яшчэ самае страшнае, ды і невядома яшчэ, якім бокам яно яшчэ і павернецца...

Іх пагналі агародамі, не па вуліцы. Да лесу. Праз поле. Брылі марудна – апошні шлях самы кароткі і жудасны. Рыгор ішоў, апусціўшы галаву.

– Дай хоць закурыць перад смерцю, – папрасіў дзяцюк, спыніўшыся, гледзячы ў неба, як развітваўся ўсё роўна з ім.

– Навошта тытунь псаваць – усё роўна цяпер, аднака, – зарагатаў паліцай з абвіслымі вусамі, паправіў на плячы стрэльбу.

– О, вылюдкі, крыжа на вас няма.

– Ты ж камуніст, у Бога не верыш, а пра крыж пляцеш.

– І ў мяне ёсць Бог. Толькі не той, што ў цябе...

– У цябе за Бога – Сталін і Ленін, ды Сатана...

– Пакарае яшчэ вас Гасподзь, пабачыце!

– От пагавары мне тут, дык тут, на месцы, і ўлажу спатанькі...

– Эх, ты... – уздыхнуў чалавек, падцягнуў штаны, паклыпаў далей, следам за астатнімі.

Рыгор успомніў пра ўзводнага. Успомніў, як той расказваў, што ён у цяжкія хвіліны жыцця звяртаўся да Бога. Пераканаўча сцвярджаў: Вышні памагаў яму.

Даводзіў яшчэ Зміцер і галоўнае – паверыць трэба ў тое, што просіш. Толькі пасля гэтага можа адбыцца цуд, нават не цуд, а здзяйсненне жаданняў. І маці таксама казала. І не раз... Ды не слухаў. Не было перад ім ніякіх складанасцяў у жыцці.

Але тую малітву, што колькі разоў чытала матуля ўголас, каб ён чуў, запомніў, і цяпер, у гэтыя хвіліны, успомнілася яму яскрава і светла.

“Божа, памажы мне, – зашаптаў міжволі Рыгор, гледзячы ў неба, туды, дзе сядзеў на сваім пасадзе Ойча, – памажы, і я паверу ў Цябе, маліцца буду штодня, біць паклоны Табе, Ойча!.. Ганьбу якую наклікаў на сябе, на сваю дурную галаву і на бацькоў. То ж у войску будуць лічыць мяне дызертырам... Мне – ганьба, маці і сястрычцы, калі яна жывая, – гора...

Ойча наш, які існы ў нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё...”

Нечакана Рыгору на плячо сеў белы голуб.

Ён завуркатаў нешта невыразнае, але, калі прыслухаўся, то пачуў чалавечы голас: “Ты звярнуўся да Бога, і Ён паможа табе. Але ты потым не павінен здрадзіць свайму слову, бо потым кара Божая не міне цябе...”

– Не здраджу, – прамовіў ён уголас. – Бо паверыў яму, Усявышняму, цалкам паверыў... Узводны навучыў, маці навучыла...

– Выжыве твой узводны. Доўга жыць будзе.

– А... я?

Голуб залапатаў крыламі, пырхнуў над галавой і знік у блакітным мроіве.

– Што, заснуў? – стукнуў локцем у спіну паліцай, той, які скруціў яму рукі ў сенцах роднай хаты. – Ану, хутчэй!

Вось і лясок. Нехта выкапаў раней, не цяпер, яму – жвір паспеў ад дажджу і часу асунуцца, зжарэць.

– Стаць усім каля ямы! – скамандаваў Віталь, зняўшы з пляча стрэльбу. – Ты – першы, – паказаў на Рыгора і адвёў ўбок, паставіў апошнім справа, прашаптаў: Стой. Не падвяду... Будзеш жывы.

Паліцаі адышлі, закурылі, пра нешта загаварылі. Прыгавораныя да смяротнай кары маўчалі. Яны ледзьве стаялі, хісталіся, трывалі з апошніх сілаў. Збітыя да смерці, і таму адзінае жаданне было, каб хутчэй скончыліся іхнія пакуты. Адзін з паліцаяў злітаваўся, падышоў і даў прыкураную цыгарэціну таму, хто прасіў перад гэтым. Дзяцюк зацягнуўся, заплюшчыў вочы, потым падставіў твар ветру, усміхаўся, і пачаў глядзець у засмужанае ранішняй волгласцю неба.

Паліцаі моўчкі выстраіліся ў адзін рад. Віталь стаў супроць Рыгора.

На плячо зноў сеў белы голуб. Адзін за адным пачуліся стрэлы...

“Рыгорава” куля са свістам апякла вуха – пранізала яго. Каробка паваліўся разам з усімі, роспачна пытаючыся: “Няўжо, Божа, спраўдзілася? Ці ты памог, ці стралок храновы з Віталя – а мо што іншае?..”

– Мо яшчэ па адной кулі? – падышлі да ямы паліцаі.

– Навошта псаваць на мерцвякоў? – не згадзіўся з імі Віталь. – І так мала выдаюць...

“Божа, няўжо пранесла?!”

Калі стала ціха, Рыгор расплюшчыў вочы. Ля галавы ляжаў з распластанымі крыламі забіты голуб – з раззяўленай дзюбы выцякала кроў.

Ляжаў да вечара. Як і было загадана.

Пад вечар, калі сонца закацілася за лес, калі пад дрэвамі пачалі нараджацца прыцемкі, Рыгор падпоўз да кожнага і патармасіў – мо хто застаўся жывы...

Усе целы скамянелі, зрабіліся халоднымі...

Ён выкапаў рукамі невялікую ямку, і пахаваў голуба. Наклаў на сябе крыж, прачытаў малітву. Рыгору падалося чамусьці, што гэта ён, голуб, а мо і не голуб, а анёл-збаўца прыняў на сябе яго смерць.

Хлопец пахаваў бы і людзей, каб была рыдлёўка...


…Толькі пад другую раніцу прыбег ён у сваю часць.

– А мы палічылі цябе ўжо дызерцірам, – пажартаваў узводны, шчыра радуючыся вяртанню байца. – Расказвай. Як пабачыўся з роднымі...

– На тым свеце, Зміцер, пабыў. Расстрэльвалі мяне.

– Расстрэльвалі?! Хто?

– Свае ж расстрэльвалі. Аднакласнік, які падаўся да паліцаяў. Ты мне памог, Змітрок, і – мама. Верай у добрае памог, верай у Бога памог... Вылузаўся з лапаў смерці. Цяпер мы з табою да старасці дажывём. Толькі ты павінен нявучыць мяне маліцца, і запішаш малітвы. Я кожны дзень буду ўзносіць падзяку і хвалу Госпаду.

На байца камандзір узвода паглядзеў з вялікім здзіўленнем і радасцю. Бо перад ім быў ужо зусім іншы Рыгор – нейкі асветлены ўнутраным святлом, мудры і ўпэўнены ў сабе.

– А вінтоўка дзе, радавы Каробка? – папытаўся ўжо строгім камандзірскім голасам.

Рыгор уздыхнуў:

– Няма вінтоўкі, таварыш лейтэнант. Паліцаі адабралі. Згодзен на любую кару...

Лейтэнант ускочыў, нахмурыўся:

– Ты што, не разумееш, чым гэта пагражае?! Можна ж і пад трыбунал загрымець!. Тут жа ніякага апраўдання, хлопча, няма – ніхто не паверыць, што паліцаям зброя дасталася. А калі павераць, то…

Рыгор маўчаў, апусціўшы галаву.

Узводны задумаўся, на пераносіцы збеглтся баразёнкі-зморшчынкі:

– Ну й дзяла... Але будзем думаць, як выбавіць цябе з бяды... І яшчэ – самае галоўнае. Каб нікому і ніколі ты не расказваў тое, што мне расказаў. Бо гэта будзе для цябе яшчэ горш, чым расстрэл.

Каробка здзіўлена і з разуменнем паглядзеў на камандзіра, прашаптаў:

– Дзякую, таварыш лейтэнант...


...– Ты ж, бацька, ніколі і не расказваў мне пра тое.

– А што тут расказваць? То ўсё маё, і пры мне яно, са мной усё жыццё.

– Цэлячыся ў цябе, ён цэліўся, значыць, і ў мяне.

– Мусіць жа, так...

– А ўзводны – жывы?

­– Не ведаю, сын. У сорак сёмым “чорны воран” з дому яго забраў, і – ніякіх вестак. Налі, сын, яшчэ па кроплі. Сам можаш не піць, калі на працу... Паскудства ўсё гэта.

– Ад таго дня ты і пачаў верыць у Бога?

– З таго, сын. Лейтэнант шмат чаму навучыў. То пасля вайны пайшоў у царкву, паспавядаўся. Расказаў свяшчэнніку пра тое, што са мной здарылася. Ён даў мне Евангелле, параіў прачытаць, а калі што будзе незразумела, паабяцаў расталкаваць. Хаця ім забаранялі тое рабіць. Ён навучыў мяне. Як быць сапраўдным хрысціянінам. У царкву хаджу. Веру ў Бога. Ты хоць шануеш, Коля, Бога?

Сын няўцямна паціснуў плячыма – і не адмова, і не згода.

Бацька толькі ўздыхнуў...

– А як жа з белым голубам, бацька? Выдумаў?

– Не, сын, так было і напраўду. Я хадзіў туды, як вярнуўся з вайны. Не адразу, пазней, праз шмат гадоў. З маці тваёй хадзіў. На тым месцы, дзе я пахаваў голуба, вырасла бярозка. Маці сказала, што то быў белы анёл, мой выратавальнік... Так і Волечка потым казала.

Сын курыў, няўцямна глядзеў у шэрае акно, думаў пра сваё. Раздумваў над тым, пра што расказаў бацька. Ведаў: бацька ніколі ў жыцці не хлусіў...

У калідоры гучна зазваніў тэлефон.

“Няўжо – Віталь? Але адкуль яму быць – ні адраса, ні тэлефона ж не ведае... Але ж ведае прозвішча – мог і пацікавіцца ў даведцы. Але ці мала Карабкоў у Мінску?..”

Сын няспешна пайшоў у калідор, і, на чацвёртым ці пятым поклічу, падняў тэлефонную слухаўку...


Загрузка...