Нарысы

Бурштынавы подых Прыпяці...

Мой Мазыр...

Юнацтва маё, станаўленне... Першыя прыступкі да будучых вяршынь жыцця, да асэнсавання свайго прызначэння на гэтай зямлі. Першыя ўражанні, першыя расчараванні, першыя радасці...

Горад майго кахання, спадзяванняў, узнёсласці...

Прыпяць, без якой нельга ўявіць Мазыр, яго гісторыю, яго будучыню. Яна, Прыпяць, працякала не толькі праз паляшуцкую зямлю, яна працякала праз маё сэрца. Бо яна лячыла ў цяжкія хвіліны (а іх было з коптурам у мяне), і таму я некалі пра яе занатаваў такія радкі:

Калі тужліва стане на сэрцы,

Калі ў горадзе зробіцца цесна,

Калі няўсцерп закарціць адзіноты, –

То я да цябе прыйду, Прыпяць...

Кожны раз, прыязджаючы ў родны горад, калі толькі аўтобус вынырваў з лесу – ад Калінкавічаў, і перад намі раскрывалася панарама мазырскага ўзвышша з квітнеючымі садамі і высотнымі дамамі, – у мяне адразу знячэўку ёкала сэрца, – як быццам горад слаў сваё прывітанне і перадаваў сваю радасць сустрэчы са мной...

Тую ж радасць, узрушанасць і хваляванне я перадаваў і яму.

Яшчэ не ўязджаем на Прыпяцкі мост, а я ўжо адчуваю асаблівыя пачуцці і ўражанні, успаміны і эмоцыі…

Добры дзень, Мазыр! Я адчуў, як б’ецца тваё сэрца.

Ты чуеш, у сваю чаргу, як б’ецца маё...


Гаворачы з Мележам


Успамінаю...

Прыехаў у горад наш зямляк, народны пісьменнік БССР Іван Паўлавіч Мележ. Зайшоў да першага сакратара гаркама партыі, доўга гутарылі. А перад гэтым “першы” вазіў пісьменніка па дарогах раёна, паказаў новабудоўлі нафтагіганта, чым заўсёды стараўся пахваліцца перад прыезджымі гасцямі.

Потым Мележ завітаў да маёй “начальніцы” – сакратара па ідэалогіі Рымы Гаўрыльцавай. Праз нейкі час выходзяць у пачакальню, і на развітанне Рыма гаворыць госцю:

– Прыязджайце да нас, Іван Паўлавіч, будзем рады бачыць вас на паляшуцкай зямлі...

Івану Паўлавічу трэба ў гасцініцу – адпачыць пасля дзённай паездкі, ад уражанняў, ад размоў з людзьмі.

Загадчык аддзела прапаганды Аркадзь Лянкевіч гаворыць мне:

– Табе, Анатоль, і карты ў рукі... Ты пішаш нешта, друкуешся, вось і правядзі славутага пісьменніка да гасцініцы. Мо пакажаш што сваё...

А потым, выйшаўшы ў калідор разам з госцем, паказваючы на мяне, кажа Івану Мележу:

– Іван Паўлавіч, вас правядзе наш інструктар...

Мележ уважліва паглядзеў на мяне:

– Добра... Дзякую... Дык мо і пойдзем?

Хаваючы хваляванне, пытаюся:

– Іван Паўлавіч, рэчаў пры вас ніякіх няма, каб паднесці?

– Ды не, яны ў нумары...

Пакідаем будынак, спускаемся па прыступках на тратуар, ідзем па вуліцы.

Адчуваю: Мележ унураны ў сабе, пра нешта думае, як бы забываецца пра мяне і на мяне, прымружвае вочы, рукі ў кішэнях светлага плашча.

На вуліцы па-вясноваму цёпла.

З-за шэрых воблакаў вынырвае сонца, потым хаваецца, пасля

зноў асветлівае сваімі промнямі плошчу, дамы, увесь горад...

Іван Паўлавіч адрываецца ад сваіх думак:

– У час гутаркі, там, на паверсе, адзін вы і размаўлялі са мной на роднай мове. Гэта ў вас пастаянна, ці для таго, каб патрапіць мне?

І ўсміхаецца, глядзіць пранікнёным позіркам, і я адчуваю: ён прыхільна ставіцца да мяне, голас ціхі, спакойны, і пытанне прагучэла неяк даверліва, зычліва...

– Амаль пастаянна, Іван Паўлавіч. Амаль – гэта тут, у гаркаме. А так я працаваў да гэтага ў раённай газеце “Камуніст Палесся”, друкаваў нарысы, апавяданні... Друкаваў нарысы ў “Чырвонай змене”.

– А вучыліся дзе?

– Ды тут, у Мазыры. Педінстытут скончыў... На настаўніка вучыўся, але перацягнула журналістыка...

Ён спыняецца. Адрываецца ад думак, глядзіць ужо на Мазыр, на драўляныя дамкі, што прытуліліся на гары справа, на дрэвы, што хавалі іх ад людскога вока, – уздыхае:

– А некалі я сюды прыехаў малым першы раз... Горад здаўся мне дзівосным і вялікім... Гэта добра, што ён набывае з кожным годам сваё аблічча, як пішуць газетчыкі – з кожным годам маладзее...

Я падумаў, што мы адразу пойдзем да гасцініцы. Але не, наш госць глядзіць у бок Прыпяці, на парк, позіркам імкнецца туды.

Радуюся, што даўжэй пабуду з пісьменнікам, які стварыў Васіля і Ганну, – як сімвал беларускага народа, які імкнецца да святла і праўды...

І толькі цяпер успамінаю напісанае, і ўжо голасам самога Мележа – жывога пісьменніка! – гучыць у маёй памяці:

“Не было адбою ад камароў. Пад вечер куранёўская вуліца, двары, сады, агароды аж гулі ад камарэчы, якая кіпела хмарамі, бязлітасна кідаліся на ўсё жывое. Пасядзець, пагаманіць на вуліцы куранёўцам можна было, толькі расклаўшы дымны, з мокрай лазы ці алешніку, агонь.

У такі час Курані выглядалі, як нейкі дзікі табар, як бы вярталіся на тысячы гадоў назад – там і тут чадзелі агні, і людзі туліліся да іх, кашлялі, варушыліся, адмахваліся – у цьмяным, невясёлым святле яны вельмі нагадвалі дзікуноў...”

І тады ўжо зусім па-іншаму раскрываецца сэнс і значэнне слоў аўтара.

Мы ідзем да рэчкі. Нас абодвух прыцягвае-кліча нявеста Ма-

зыра – Прыпяць.

А берага няма. Вада падступаецца да самага тратуару, нават пераліваецца праз край. І мы пераступаем залівы з шэрым шумавіннем, абгінаем, калі яны глыбейшыя...

– Не памятаю такой паводкі. Гэта ж так разлілася...

– Пачынае ўжо спадаць, – кажу, – вада і па парку ўжо “гуляла”...

А па рацэ гулліва і шпарка імчаць маторкі, паляцела ў Кіеў белая “ракета”, і мы ужо адыходзім ад берага, каб нас не абдала прыпяцкая хваля...

– Пасядзім трохі, – прапаноўвае Іван Паўлавіч, – не хочацца адразу ісці ў памяшканне... А тут хораша, – прыволле, цішыня... А вы не спозніцеся на працу?

– Ды не, – пра тое гаворкі не было, каб я вяртаўся...

Стомлены ці хваравіты быў выгляд у Мележа, цяжка зразумець. Ён задумліва глядзеў у далячынь, позірк скіраваны туды, на неабсяжнае мора паводкі, дзе нельга убачыць далёкі бераг – схавалі лазнякі...

Ва ўнутранай кішэні пінжака ляжыць апавяданне. Усяго на тры старонкі. Як муляла усё роўна. Было жаданне спытаць, ці змог бы прачытаць ды вынесці свой прысуд... Сказаць, што не паказваў нікому, вось так, пры сустрэчы, а тыя адказы з газет ці з часопісаў нельга было зразумець...

– А ў газеце, Анатоль, доўга працавалі?

– Ды не, гады са два...

– А так, для сябе, пішаце што?

“Вось, можа, і прыйшла тая нагода, калі трэба асмеліцца і паказаць апавяданне. І атрымаў бы шчырую рэцэнзію...”

– Ды спрабую... Але то яшчэ так, подступы... Толькі пачынаю разумець, што такое літаратурная мова...

Я сам сабе рыхтаваў дарогу да адступлення. Чамусьці падсвядомая думка падказвала, што другі цяпер клопат у нашага славутага земляка, што і не настроены ён цяпер на патрэбную мне гутарку. Быў бы весялейшы голас, быў бы настроены па-іншаму, на той настаўніцкі лад, – аддаў бы абавязкова, а так буду выглядаць як той Піліп з канопляў...

– Гэта ўжо добра, што разумееце. А калі зразумееце, і сапраўды нешта народзіцца ў вас, – прыязджайце ў Мінск, і я з задавальненнем азнаёмлюся з тым, што вы напісалі... Добра?

– Добра, – радуюся, што не паспяшаўся, што пачуў запрашэнне да будучага дыялогу: цяпер буду ведаць, што да Мележа трэба ехаць з не абы-якім творам, а сто разоў перапісаўшы яго, асэнсаваўшы, давёўшы да ладу... – Добра, дзякую, Іван Паўлавіч. Прывязу.

Па дарожцы прайшла купка дзяўчат; яны голасна перагаворваліся між сабою, і не заўважылі, як нечаканая хваля (“ракета” даўно знікла з далягляду, а толькі цяпер ажыў бераг) пырснула на іх, заліла ўсіх, намачыла ногі халоднай вадой... Дзяўчаты ускінулі рукі, пачалі скакаць, каб неяк выбавіцца ад вады, – але было позна...

Мы сядзелі яшчэ нейкі час. Мо гадзіну, а мо і болей, гаварылі на розныя тэмы. Я найбольш слухаў пра тое, што гаварыў ён, і кожнае слова было адкрыццём. Бо словы ад яго пачуў не тыя, што пісалі ў газетах і гаварылі па радыё ды тэлевізіі. Ён як быццам падштурховаў мяне да роздуму, да асэнсавання падзей і з’яваў, што адбываліся наўкола...

І па сёння удзячны яму за шчырасць, за тое, што ён, пранікшыся да мяне павагай, гаварыў як са сваім сябрам, як з чалавекам, для якога будуць мець у жыцці вялікае значэнне яго парады і думкі...

Я ведаў, што Іван Паўлавіч за творы з цыкла “Палескай хронікі “ у 1962 годзе атрымаў літаратурную прэмію імя Я.Коласа. А праз дзесяць гадоў яму была прысуджана Ленінская прэмія. У тым жа годзе стаў народным пісьменнікам БССР.

– Вельмі цікавая гісторыя ў Мазыра, – задумліва працягвае госць. – Яна, гісторыя, яшчэ не даследавана, як след. Навукоўцам, даследчыкам і пісьменнікам у гэтым плане працы хопіць на стагоддзі... Шмат якіх сведчанняў хавае зямля, шмат друкаваных крыніц захавана ў архівах па ўсім свеце. А ў Прыпяці некалі, у старадаўнія часы, знаходзілі па берагах бурштын...

Падзьмуў ад рэчкі золкі вецер, зашамацелі галіны вербалозу.

– Ну, што, Анатоль, рушым? – паглядзеў ён чамусьці на шэрае неба, у якім ужо згрувашчваліся шэра-свінцовыя воблакі, на Прыпяць, якая увачавідкі заблішчэла рыбінай луской – пачаў дзьмуць волкі вецер. – Заседзеліся мы з вамі...

А потым і першыя кроплі абазначыліся на светлым плашчы Мележа.

Падняліся з лаўкі, заспяшаліся ў гасцініцу. А да яе было ўжо зусім і блізка – метраў з дзвесце. Тады яна была адзінай і знаходзілася каля аўтобуснай станцыі, каля рынка, – каля дарогі, якая вяла на гару – на вуліцу Якуба Коласа...

Калі падняліся па прыступках і сталі каля гасцінічных дзвярэй, дождж абрынуўся з такой сілай, што не было відаць будынкаў праз дарогу...

Шэра-карычневыя ручаі пацяклі з гор, утвараючы шырокую раку, якую нельга было ні пераскочыць, ні абысці, – толькі перачакаць, калі ўсё аціхне...

Зайшлі ў сціплы пакойчык.

Мележ скінуў плашч, страсянуў яго, каб павесіць на вешалку без дажджавой макрэчы, а потым нечакана спытаў:

– А як жа вы, Анатоль, па гэтым дажджы? Вазьміце хіба мой плашч, а заўтра раніцай, ідучы на працу, і занеслі б мне...

– Ды не, дзякую, Іван Паўлавіч, мне ж тут блізка – на гары жыву...

Ён трохі паразважаў, а потым згадзіўся:

– Ну, глядзіце самі... Але з плашчом было б зручней...

Развітваючыся, паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Ввыгляд у яго быў стомлены, і адзначыў: правільна зрабіў, што не даў чытаць све тры старонкі...

Праз некалькі год мазырскі тэатр вазіў у Мінск паказваць “Людзі на балоце”. Захварэў акцёр, які іграў ролю Апейкі – партыйнага сакратара, і рэжысер тэатра Міхась Колас хутка ўвёў мяне ў гэты вобраз.

Чытаў са сцэны маналог Апейкі, звернуты да куранёўцаў, а перад вачыма стаяў вобраз пісьменніка і тая нашая сустрэча...

Потым, праз шмат гадоў, адно пашкадаваў, што адмовіўся ад прапановы народнага пісьменніка – апрануць плашч. Пахадзіў бы ў адзенні жывога класіка. А потым бы сам сабе і казаў бы: “А няблага гэта было – у плашчы-засцярозе Івана Мележа!..”

Але гэта я так, жартуючы.

Тая адзіная сустрэча сам-насам застанецца ў маёй памяці на ўсё жыццё. Бо яна адбылася на мазырскай зямлі, на беразе Прыпяці...


Хто ты, горад на Прыпяці?


Адкуль з’явілася такая назва – Мазыр?

Спрачаюцца і да сёння навукоўцы і даследчыкі, але ніхто з іх дакладна не даказаў сапраўднасць і праўдзівасць назвы...

Два беларускія даследчыкі В.Жукевіч і А.Рогалеў лічаць, што вытокі ці карані назвы “Мазыр” трэба звязваць з назвай этнаграфічнай групы заходне-славянскага (польскага) насельніцтва – мазуры. Мазуры з”яўляліся адной з найвялікшых этнічных груп Польшчы. Ваяры-русічы – князі – хадзілі на іх паходамі яшчэ ў ХІ стагоддзі. Рогалеў не выключае і яшчэ адно тлумачэнне тапоніма. У іранскіх мовах ёсць слова “мазар, “мосар” ці “мазор” – маецца на ўвазе старажытныя пахаванні, курганы, пагоркі... Калі ўлічваць той факт, што Мазыр раскінуўся на ўзвышшах сярод балотаў і багнаў Палескай раўніны, таму назва горада магла пайсці і ад слова “мосар”– гэта ўжо як бы раскрываюцца асаблівасці геаграфічнага ландшафту...

Альбо яшчэ... У канцы першага – пачатку другога тысячагоддзя шматлікія гандлёвыя гарады Кіеўскай Русі мелі ў сябе ўзброеных людзей, і ў дадатак назапашвалі кагорты “ратных людзей”. А можа Мазыр з”яўляўся адным з гандлёвых прыстанішчаў на водным шляху ў старажытнасці “з варагаў у грэкі”? Бо ў пісьмовых крыніцах, у летапісах, згадвалася, што уверх па цячэнні Прыпяці, а менавіта ў вёсках Загорыны, Лучажэвічы, а ўніз – Акулінкі і Стрэльск, – знаходзіліся вартавыя пасты, у якіх была асноўная задача – абараняць подступы да горада. У Х і ХІ стагоддзях варагі часта прыходзілі на Русь – гандляваць альбо па просьбе ці запрашэнні рускіх князёў. З іх і набіралі русічы сабе дружыны. Напрыклад, “аповесць мінулых гадоў” называе варагаў жыхарамі Паўночнай Еўропы, што жылі па берагах Варажскага (Балтыйскага) мора. А там пражывалі шведы і нарвежцы, датчане і готы, англы...

Многія тут атабарыліся, ажаніліся. Дзеці іх сталі паўварагамі, але ўжо ўнукі – славянамі.

Калі ж шукаць значэнні слоў “масур”, то гэта ў перакладзе – клён. “Мосыр” – сырасць, волкасць (са старажытнаскандынаўскай мовы). Калі трошкі дапусціць вольнасць, то, паводле В.Жучкевіча назву горада Мазыр можна перакласці – “горад пад клёнамі” альбо – “сырое месца”...

Але першае ўпамінанне аб горадзе – Мазыр – адносіцца да 1155 года – у “Аповесці мінулых гадоў” – Іпацьеўскім летапісе.

З аднаго боку для жыхароў гэтай мясцовасці і непасрэдна самога горада Прыпяць, як буйнейшы прыток Дняпра ,давала вялікія выгоды і прывілеі ў справе гандлю, рамесніцкай вытворчасці, рыбнай лоўлі, умацаванню і росквіту горада.

Але калі на гэта паглядзець з іншага боку, то Мазыр не мог сфарміравацца як цэнтр самастойнага княства. Прычыны? Феадальная раздробленасць. А былі ж моцныя добразычлівыя суседзі – на захадзе Тураў, на паўднёвым усходзе – Кіеў, на ўсходзе – Чарнігаў... А моц сваю , на вялікі жаль, з’яднаць не змаглі.

Таму на тэрыторыі Мазырскага краю і ўзнікалі часта княжацкія усобіцы – не маглі падзяліць сваёй улады. Таму і гарэў часта Мазыр – пажары ноччу былі відаць далёка ад якіх паселішчаў...

1170 год... Ля горада сышліся князі Рурык, Давід Расціслававіч і Міхаіл Юр”евіч. Першыя два лічыліся саюзнікамі Андрэя Багалюбскага. А ён вёў барацьбу за Ноўгарад з кіеўскім князем Мсціславам Валынскім... Міхаіл Юр”евіч падтрымліваў бок кіеўскага князя, таму яму даводзілася займаць то адзін бок, то другі, – бо залежаў ад варожых, яшчэ больш моцных княстваў.

1174 год... Летапіс Нарбута паведамляе: на Мазыршчыне з’яўляюцца літоўскія князі са сваімі дружынамі. Мазыр захапляе князь Скірмунд. “После поражения хана Балаклая Койданова Скирмунд занимает Мозырь, Чернигов, Стародуб, Карачев”

Літоўскія феадалы мелі намер падпарадкаваць сабе землі па сярэднім цячэнні Прыпяці, але ў іх у 20-ыя гады ХІІІ стагоддзя з”яўляецца нечакана жорсткі сапернік – татара-манголы. Чынгісхан накіроўвае вялікія орды на заваяванне бліжэйшых народаў, імкнучыся пашырыць сваю дзяржаву, скіраваць на новыя землі “капыт мангольскага каня”.

1223 год... Бітва на Калцы. Татара-манголы ўшчэнт разбілі палавецкіх ханаў і рускіх князёў, а потым пакіравалі на Захад, туды, дзе багатыя землі, але аслабленыя узаемнай варожасцю феадалы...

Першыя конныя атрады татара-манголаў з”явіліся пад Мазыром праз чатыры гады пасля бітвы на Калцы – і адразу ўступілі ў бой з дружынай літоўцаў і мазыранаў: перемаглі іх. Быў спалены горад, ваколіцы. Пасля гэтага пра заваёўнікаў не было чуваць болей, чым дзесяць гадоў...

Унук Чынгісхана Батый у 1241 годзе пасля захопу Кіева накіраваў шматтысячную арду на захад – у Венгерскую даліну, адначасова даўшы адпачыць воінам, забяспечыць корм коням. Адзін з атрадаў пад камандваннем Койдана і Каюна – пляменніка Батыя – у студзені падышоў да Мазыра.

Зноў пажары, забойствы, рабаванні...

Не хутка горад стаў на ногі...

Насельніцтва, напалохаўшыся жорсткасцю заваёўнікаў, паўцякала ў палескія лясы, у балоты.

Але літоўска-беларускія дружыны не маглі дараваць ворагу такога здзеку над сабой. Яны аб’ядналіся, згрупаваліся, вынайшлі сваю тактыку барацьбы з ворагам. Яны падкрадваліся начамі і днём незаўважна, нечакана нападалі на татара-манголаў і знішчалі іх. Такі ж лёс чакаў і іншыя атрады рабаўнікоў. Рабаўніцтва было спынена, а вораг выгнаны. Але крымскія татары не маглі змірыцца з паразай – не-не ды і зробяць набег на каляпрыпяцкія землі... Праўда, літоўска-беларускія дружыны давалі ім добры адпор...

Калі ж не ўспыхвалі набегі, калі надараліся вольныя перадышкі, жыхары Мазыра падымалі яго з попелу, – не шкадуючы сіл, адбудоўвалі, вярталі гораду былую славу і прыгажосць.

ХІV стагоддзе, саракавыя гады... Мазыр і навакольныя паселішчы канчаткова ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага... Развіццё культуры старажытнай Русі, у склад якой у ХІ–ХІІІ стагоддзях уваходзіў Мазыр,здзяйснялася на аснове традыцый папярэдняга перыяду.

Значнае, амаль галоўнае месца, у духоўным і культурным жыцці нашых продкаў займала рэлігія. Пасля пераходу – у канцы Х стагоддзя – ад язычніцтва да хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй пануючага класа феадалаў становіцца праваслаўе.

Быў значны ўплыў праваслаўнай царквы на жыццё народа, таму ў гэты ж час на Русі з’яўляюцца школы. Пагэтаму першыя школы на Мазыршчыне і ствараліся пры цэрквах, а іх з”яўленне можна аднесці да часу старажытнай Тураўскай епархіі, якая ўзнікла (паводле І.Зяленскага), у пачатку ХІІ стагоддзя. Але Мікола Ермаловіч стварэнне епіскапата ў Тураве адносіць да 991-992 гадоў, што пацвярджае, што ён быў адзін з першых на беларускай зямлі...У школах тады выкладалася чытанне, пісьмо, першапачатковыя дагматы рэлігіі на славянскай мове, распачыналася катэхізацыя.

Пісьменнік, публіцыст і царкоўна-палітычны дзяяч Кірыла Тураўскі (каля 1130-1182 гг) і паклаў цвёрды падмурак у зараджэнне і развіццё культурных і асветніцкіх пачаткаў на Мазыршчыне. Пазней ён стаў епіскапам Тураўскім.

Нялёгкім быў час Кіеўскай Русі на Мазыршчыне.

Горад і навакольныя вёскі знішчаліся неаднаразова.

Лепшае жыццё стала, калі насельніцтва было ўключана ў склад Вялікага Княства Літоўскага, дзе дзяржаўная мова стала беларускай. Створаны узорныя Статуты права, якія сталі падставай для напісання Законаў Пятром Першым... І нават у савецкія часы шмат якіх артыкулаў перайшло у сучасныя законы...

На пачатку ХV стагоддзя тэрыторыя ВКЛ пашырылася ад Жмудзі (Жэмайціі – заходняй часткі сучаснай Літвы) і Падляшша на поўначы да прычарнаморскіх стэпаў на поўдні. Калі ж правіў Вялікі Князь Вітаўт, то межы пашырыліся яшчэ больш – паміж вусцем Дняпра і Днястра, ваяры Княства на сваіх конях выйшлі да берагоў Чорнага мора...

Мазыр у складзе ВКЛ працягваў ужо развівацца як гандлёва-рамеснае пасяленне, статус якога ўжо быў – “гаспадарскі горад”. А гэта ўжо азначала, што Мазыр з’яўляўся маёмасцю дзяржавы.

У пісьмовых крыніцах ХІІІ стагоддзя ўпершыню упамінаюцца назвы вёсак – Скрыгалава, пазней – Міхалкі, Барбароў, Мялешкавічы, а яшчэ пазней – Прудок...

Зноў новая паваротка ў жыцці мазыран. У 1413 годзе на Гарадзенскім сейме ў Літве былі створаны ваяводствы – па польскім узоры. Мазыр і наваколіцы былі аднесены да Мінскага ваяводства, якое ў сваю чаргу падзялялася на тры паветы – Мінскі, Рэчыцкі і Мазырскі.

Але, на жаль, літоўскі князь не мог абараніць горад і навакольныя вёскі ад частых набегаў крымскіх і нагайскіх татараў. А яны былі ў 1497, 1521 і пазней – у 1534 гадах.

Акрамя нашэсцяў ворага, здараліся і іншыя няшчасці ў мазыранаў – голад. Крыніцы сведчаць, што з таго часу, як пачаў правіць Жыгімонт, усё часцей і часцей перакопскія татары пачалі трывожыць Мазыр. Горад стаў адзін з першых ахвярай заваёўнікаў.

Татарскія набегі на Мазыр, змаганне з ворагам, геройскія учынкі людзей, – гэта ўсё і нарадзіла імёны герояў, барацьбітоў за незалежнасць роднага краю. Складаліся народныя песні, а ў іх праслаўлялася храбрасць бясстрашнага Базара, які быў родам з Грэцыі. Базар не аднойчы граміў татараў, разбіваў іх ушчэнт.

За гэта герой атрымаў ад Жыгімонта маёнтак Іпагор – непадалёк ад Мазыра. Праз два гады татары захапілі Базара ў палон і забілі... Іпагор стаў належаць другому храбраму ваяру – Дзям’яну Ленку, якога ў народзе звалі Ленка Іпагорскі.

Пазней імя Ленка стала – Лянкевіч, вядомае пазней на Мазыршчыне... Адзін з Лянкевічаў быў першым мазырскім старастам...

Мазырскія гандляры па Прыпяці траплялі ў Кіеў і Брэст, Пінск і – у Масковію, Прыбалтыку і Польшчу... Будаваліся замкі, узводзіліся каменныя умацаванні, – але і яны, на жаль, не ратавалі ад ворагаў...

1534 год – страшны і крывавы...

Татары зноў напалі на горад, перарэзалі ўсіх жыхароў, – і як горад Мазыр перастаў існаваць амаль стагоддзе – аж да 1609 года...

28 студзеня 1577 года кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый падпісаў грамату, згоднай якой Мазыр займеў самастойнасць ў кіраванні – яму было нададзена Магдэбурскае права...

А войнаў тых на долю мазыран выпала столькі, што і не пералічыць...

Напалеонаўскае нашэсце, барацьба з кайзераўскімі ордамі... Першая сусветная. Другая сусветная... Ні ў якае параўнанне не ішлі з тымі, калі прымяняліся палашы, лукі і дзіды...

Колькі загублена жыццяў!

Колькі не стала беларусаў!..

На гэтым можна спыніць экскурс у гісторыю.

Меў рацыю Іван Мележ, калі казаў, што багатая, вельмі багатая гісторыя ў горада. Шмат чаго не даследавана. Сёння шмат гістарычных крыніц, дзе можна пазнаёміцца з тымі падзеямі, якія адбываліся ў Мазыры, у навакольных вёсках. Я толькі прыадчыніў дзверы таго часу, за парогам якіх віравала жыццё, узбагачаліся народныя традыцыі; нараджаўся вызвольны рух; нараджаліся паўстанні і яны нараджалі сваіх герояў...

Той, хто захоча, адкрые для сябе тыя старонкі, якія зацікавяць. А калі яшчэ глыбей захочацца дакапацца да сівой мінуўшчыны, ёсць бібліятэкі, – і ў сваёй краіне, і за яе межамі...

Мы ж з вамі вернемся ў нас час, у мінулае, – і цяперашняе стагоддзе. Яно па-свойму цікавае, разнастайнае і непаўторнае...

Ды і мая задача – не даследваць, а расказаць пра свае ўражанні ад майго роднага горада, расказаць пра тых людзей, пра якіх я ведаў, а яшчэ пазней, з якімі пазнаёміўся, якія мне і расказалі пра сённяшні сучасны горад і раён...

Сустрэчы, знаёмствы, уражанні...

Кожны раз, калі прыязджаю ў Мазыр, у мяне нараджаецца дваякае ўражанне: быццам бы ў знаёмы горад прыехаў, і быццам бы ў зусім іншы... Напачатку не магу зразумець, ад чаго такое можа быць, а пасля адкрываю для сябе адну простую ісціну: то ж мы старэем, робімся іншымі, і жывем тым часам, які пражылі, а горад мае адваротную градацыю – ён маладзее, помніць сівыя стагоддзі, і верыць у сваё будучае... Ён толькі нам пра тое сказаць не ўмее, а так бы мы пачулі ад яго шмат чаго цікавага і дзівоснага... Але, веру, што некалі ён раскажа пра сябе ўсю праўду, адкрые таямніцы свайго мінулага, сучаснага і – будучага... Так, так, і – будучага...


У сэрцы маім – Мазыр

Што для мяне Мазыр?

Адказаць проста і цяжка. Бо нарадзіўся пад час вайны – у 1943 годзе – пад Ельскам. Але бацька, Мікола Сямёнавіч, маці – Ганна Іванаўна, альбо як яе у Крушніках называлі Яня, – зрабілі так, каб я на год “памаладзеў”, -– і ў пасведчанні аб нараджэнні стаяў ужо 1942 год... Зразумела, бацька хацеў паказаць, што мяне “пачалі шукаць” яшчэ да вайны...

І запісалі, што я нарадзіўся не пад Ельскам, у вёсачцы, а ў Крушніках. Яшчэ расказвала маці, што бацька пад час вайны вучыў дзяцей, што ў клас да бацькі заходзіў Ян Налепка... Праз нейкі час бацька падаўся да партызан, а пазней уліўся у рэгулярныя войскі...

Пасля вайны бацьку чамусьці перакідвалі настаўнічаць з адной вёскі ў другую, і мы, як тыя цыганы, праз год-тры пераязджалі з месца на месца. А мне даводзілася вучыцца то ў беларускай школе, то ў расейскай, то зноў наадварот...

А пераезд з Бабруйска ў Крушнікі быў апошні. Бацькі разышліся, а я з малодшым братам Міколам, жылі з маці ў бабулі – бабы Анастасіі, па-вясковаму – Настазі. Тры гады за сем кіламетраў хадзіў у Асавецкую школу. Але найбольш ездзіў на веласіпедзе – за хвілін дваццаць дапінаў да школы.

Крушнікі раней належалі да Петрыкаўскага раёна. А потым былі далучаны да Мазырскага. Так я і стаў мазыранінам...

Адразу паля школы працаваў настаўнікам пачатковых класаў – у Турбінцы. Потым паступаў на завочнае у педінстытут – і не паступіў. Здаў зноў экзамены і пачаў вучыцца стацыянарна. На 8-е сакавіка наступнага года нечакана забралі ў войска... Калі вярнуўся, то мае ўжо былі на апошнім курсе...

Перавёўся на завочнае, бо не было магчымасці вучыцца – дапамогі ад маці не было.

І вось тут пачынаецца маё жыццё, так бы мовіць, у поўным аб’ёме. Надрукаваў нарыс у газеце “Чырвоная змена” пад загалоўкам “Хлопцы з нашага пакоя”. А яго прачытаў рэдактар газеты “Камуніст Палесся” Іван Анкудовіч. Запрасіў у газету. На пасаду... карэктара. Але я быў літсупрацоўнікам.

Тады ж і пазнаёміўся з карэспандэнтам рэспубліканскага радыё Міколам Рэентам і таленавітым паэтам і цікавым хлопцам Валодзем Отчыкам. Прайшоў я пешшу, здаецца, увесь Мазырскі раён... І сёння, калі пачую назвы вёсак ці мясцін, да сэрца падступае салодкі успамін сваіх вандровак – Кімбараўка, Скрыгалаў, Мялешкавічы. Зялёны Мох (адкуль бацька родам), Раманаўка, Бярозаўка, дзе нарадзіўся пазней таленавіты празаік Андрэй Федарэнка, адкуль браты Мікола і Віктар Дубровы – таленавітыя мастакі, Балажэвічы, дзе пачынала працаваць настаўніцай Святлана Алексіевіч, Міхалкі, дзе настаўнічаў Уладзімір Верамейчык, скончыўшы Мазырскае педвучылішча, дзе настаўнічаў Усевалад Краўчанка, Слабада...

Дарэчы, пра Слабаду. З арміі я прыйшоў ужо спрактыкаваным журналістам – служыў у ГСВГ: у Нямеччыне. У армейскай газеце “Савецкая армія” у конкурсе на лепшы нарыс займаў трэцяе і другое месца. А ў райгазеце што ні напішу, “таленавітыя” старэйшыя раёншчыкі Вайнбранд, Гаравы, Кулыба, Гутэрман скарачалі матэрыялы да непазнавальнасці.

І вось аднойчы я з той жа Слабады напісаў артыкул на тэмы маралі “Здрада клятве Гіпакрата”. Пра галоўрача слабадской бальніцы, які не вылучаўся маральнымі якасцямі...

Напісаў і аддаў рэдактару Івану Анкудовічу. А другі паасобнік ( як і параіў мне зрабіць Валодзя Отчык) адаслаў у “Чырвонку”. У раённай выйшаў праз дзён шэсць, на трэць скарочаны, а рэспубліканская газета праз два тры дні пасля іх дала “падвал” – ніводнай коскі, як кажуць, не было выкінута.

Я і паказаў вялізны матэрыял сваім праўшчыкам. Сямён Гутэрман скрывіўся, не здаючыся, прамовіў толькі:

– Ну, то ж рэспубліканская, а мы – раённая...

Але пасля таго рэдка калі хто з іх умешваўся ў мой тэкст.

Дарэчы, тую “школу” з “таленавітымі праўшчыкамі” прайшоў і Мікола Рэент, які напачатку працаваў у той жа газеце. Толькі ён копіі сваіх артыкулаў адпраўляў у “Сельскую газету”. І яго там друкавалі без правак. І былі прысаромлены мясцовыя карыфеі і зубры ад журналістыкі. Каб жа сапраўды правілі, вучылі, як пісаць, дык не, толькі падножкі ставілі, стараючыся прынізіць, даказаць бяздарнасць пачынаючых...

Аднойчы забалеў зуб. Пайшоў у стаматпаліклініку (яна была тады на беразе Прыпяці, каля маста) да свайго знаёмага зубнога доктара Анатоля Філісьева. Ён зняў гіпсавы адбітак, сказаў:

– Калі хочаш, каб раней зрабілі каронку, то ідзі і папрасі вунь тую дзяўчыну – Насцю Алесяюк.

Я і падышоў нясмела да яе, зірнуў у вочы, і нешта працяло мяне ўсяго, як не здранцвеў перад ёю. Яна зірнула на мяне, усміхнулася, – і я зразумеў, што гэта... проста мая будучая жонка...

Дык што азначае для мяне Мазыр?

Калі сказаць, што горад увайшоў у маё сэрца назаўсёды, на ўсё жыццё, – дык гэта мала што гаворыць. Ды тое, мусіць, і не выкажаш словамі. Проста магу сказаць – мой Мазыр. Як усё роўна – мой бацька, мая маці...

Як і для Уладзіміра Верамейчыка, які быў таксама ўлюблёны ў Мазыр і Прыпяць, як і я, у сэрцы і ў душы назаўсёды... Валодзя нават і зборнік вершаў назваў “Клянуся Прыпяццю”. Не магу не прывесці хоць колькі радкоў з яго цудоўнага верша “Мазырскі кірмаш”:

Пахне сырадоем і цыбуляю,

Агуркамі з роснае грады.

Ліпай і калодкавымі вуллямі

Пахнуць наздраватыя мяды.

На бязмене з гіраю-цаглінаю

Важыць сала хітраваты дзед.

Сонна водзяць выгнутымі спінамі

Шчупакі ў калодзежнай вадзе...

Тут патэльні з жоўтаю яечняю.

Дудкі, капялюх на галаву.

У кашах лазовых рэжуць клешнямі

Ракі вірлавокую траву...

У радках – подых Мазыра, характары палешукоў, жывое, вірлівае жыццё. І чуваць, як ад Прыпяці патыхае бурштынавы подых стагоддзяў...

Ніхто лепш і больш, на мой погляд, не здолеў апець у сваіх творах Мазыр, так пранікнёна, так шчыра і ўзнёсла, як ён, Паэт Валодзя Верамейчык...

Калі жывеш у Мазыры, калі ідзеш па яго вуліцы, калі зліваешся з ім душою і сэрцам, то табе абавязкова падасца, – што і дзяўчаты-мазыранкі самыя прыгажэйшыя ў свеце, і усмешкі на тварах паляшучак і палешукоў самыя гожыя; і што горад сам – тварэнне непаўторнае, бо, здаецца, нідзе ў свеце няма такога горада, як Мазыр... Нехта параўноўвае яго са Швейцарыяй, з іншымі краінамі, а я не хачу гэтага рабіць – ён адзін на свеце такі, і не трэба, каб ён у нечым быў падобны да іншых... Бо ён – унікальны. Бо Мазыр – гэта Мазыр. І Прыпяць – гэта Прыпяць. Гаворыш Прыпяць, а чуецца – “тры”-“пяць”... Як дзве чароўныя лічбы, як кароценькая малітва да Вышняга...


Слова святара Васіля


Заходжу ў Свята-Міхайлаўскі сабор, які, – як сведчаць дакументы, пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі...

Ідзе служба – літургія. Разам з усімі накладаю крыж і ўголас гаворым-спяваем “Ойча наш, існы ў нябёсах. Ды свяціцца імя Тваё...” Святар вядзе службу на расейскай мове, малітвы чытае на стараславянскай. У мяне ж малітоўнік і Біблія на роднай мове. І я чытаю, стараючыся папасці ў рытм, на мове продкаў Вялікага Княства Літоўскага...

У храме шмат людзей. Побач стаіць матуля, побач з ёю дачушка. Як і маці, чытае малітву і перажагнае сябе рукой. У дачушкі асветлены таямнічым святлом тварык, засяроджанасць... Нас усіх аб”ядноўвае нябачная аўра, Божае бласлаўленне. Мы – адзіны арганізм, які імкнецца быць чысцейшым, удасканаленым, адухоўленым...

А некалі Міхайлаўскі сабор, які быў заснаваны ў 1645 годзе, быў бернардзінскім манастыром. І сёння захаваліся ў ім манастырскія келлі, а ў склепе пакояцца целы набожчыкаў. Патаемны ход ад храма цягнуўся да Кімбараўкі, дзе былі два жаночыя манастыры – ордэна цыстэрсак і ордэна марнавітак. Казалі людзі, што ў гады рэпрэсій з тых сутарэнняў чуваць былі жудасныя крыкі – там наладжвалі катаванні “інквізітары ХХ стагоддзя”, – энкавусаўцы... І сёння некаторыя сцвярджаюць, што па начах калі-нікалі можна пачуць жудасныя плачы жанчын, крыкі, што раздзіраюць душу, мужчын... То чалавечыя душы ніяк не могуць супакоіцца ад несправядлівасці, не могуць папасці на неба...

Міхал Капач, які доўгія гады працуе ў райвыканкаме (быў сакратаром райкама партыі), які працаваў над кнігай “Памяць” і выдаў яе, і ў дадатак сабраў звесткі пра ўсе вёскі Мазыршчыны, сказаў мне:

– Айцец Васіль прымае самы актыўны ўдзел у нашых мерапрыемствах, часта выступае перад ветэранамі працы і вайны, – слухаюць яго з вялікай цікавасцю. А так ён – Васіль Нікіфаравіч Тур.

Матухна Вера адказала мне:

– А айцец Васілій дровы на дрывотні коле.

Праз нейкі час святар вызваліўся ад мірской працы. Памыўшыся, выйшаў насустрач. Такім і ўяўляў яго – у вачах свецяцца агеньчыкі, сам увесь выпраменьвае дабрыню і Боскую ласкавасць.

– Радуе мяне і ўсцешвае, што сёння маладыя ідуць у царкву. І не проста ідуць, а і ўдзельнічаюць у богаслужэнні. Значыць, людзі знаходзяць дарогу да Бога. А, значыць, такіх людзей Бог не пакіне без сваёй апекі... Радуе і тое, што ідуць на споведзь не толькі людзі сталага ўзросту, а і дзеці, юнакі і дзяўчаты... Я слухаю іх споведзі, адпускаю ад імя Госпада грахі, і радуюся за іх, бласлаўляю на добрыя будучыя справы...

Такога раней не назіралася. Раней шмат на што было накладзена забаронаў. А сёння адкрыта ідзе хрышчэнне немаўлятак, урачыста і ўзнёсла праходзіць вянчанне маладых. Усе ад Бога, усё праз Бога...

Сам я нарадзіўся пад Буда-Кашалёвам, былым Уваравіцкім раёнам. Адслужыў армію і паступіў вучыцца ў духоўную семінарыю. Сёння ўжо сорак пяць гадоў, як я служу Богу. Сёння мой прыход у вёсцы Васькаўка.

Мы разам з вернікамі пабудавалі царкву ў вёсцы, і молімся ў ёй. Царкву пабудавалі на тым месцы, дзе ў трыццаць восьмым яе разбурылі атэісты... Нам памагалі і фундатары, збіралі грошы і самі вернікі... Працуе сёння царква, радуе сэрца веруючых. Але акрамя нас адрадзілася царква і ў вёсцы Скрыгалаў...

Мяне часта запрашаюць у школу нашай вёскі і ў суседнія, дзе я вяду гутаркі пра веру, пра Бога, тлумачу Новы і Стары запавет. Мне задаюць шмат пытанняў. І я з радасцю на іх адказваю.

У сям”і ў нас вырасла трое сыноў. Усе яны пайшлі па маёй сцежцы – усе святары. Я зжыўся з гэтай зямлёй, зжыўся з людзьмі, і ніколі не стамляюся памагаць людзям. Бо мы ўсе належым Богу, які вядзе нас да праўды, шчырасці і дабрыні.


... Падзякаваўшы за сказаныя словы, развітаўшыся, я адчуў, як яшчэ доўга мяне не пакідала духоўнае цяпло, якое перадаў мне айцец Васіль. Падумалася – значыць, кожнаму верніку, які прыходзіць да яго, ён дорыць часцінку свайго душэўнага і духоўнага цяпла.

“Ойча наш, існы ў нябёсах!..”


Вуліцай Міколы Пушкара


“На пачатку стварыў Бог неба і зямлю…

І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога

і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця,

і зрабіўся чалавек душою жывою…”

Быццё. Раздз. 1 (1), 2 (7)


1.

Жыў у Мазыры чараўнік. Разумеў мову птушак і звяроў, ведаў, пра што шапоча лістота ў яго пад вокнамі, чуў паданні і паэмы, якія шапталі прыбрэжныя хвалі плыткай Прыпяці, – а яна яму была бачна з яго балкона; калі прыкладаў вуха да зямлі, то да яго даносіліся водгукі часоў Княства Літоўскага, звон дзідаў Грунвальдскай бітвы, у якой удзельнічалі ваяры Мазыра…

Усё чуў, разумеў і ведаў казачнік-бай Мікола Пушкар.

Прыходзілі да яго дзеці ў майстэрню, з цікавасцю аглядалі экспанаты – андаракі і прасы, прасніцы і калаўроты, гладышы і вышыванкі… На яго маленькім століку, які ад дотыку рукі мог круціцца, ляжаў кавалак чырвона-шэрай гліны…

– Дзед Мікола, а што гэта такое? – паказвае пальцам хлапчук на шэрае месіва.

– Гэта я… – усміхаецца казачнік. – Не верыце?

– Не, – адмоўна круціць галавой дзетсадавец (майстэрня знаходзіцца на тэрыторыі дзіцячага садочка), – ты – во, перад намі, а гэта… мусіць, зямля…

– Э, не, – круціць адмоўна галавой дзядуля Мікола, грозна насупліваецца, рукі прыпадымае над глінай, водзіць над ёю, нешта шэпча…

Хлапчукі пераглядваюцца, не разумеюць дзеянняў чараўніка, чакаюць, што вось-вось павінен адбыцца нейкі цуд. Тады рукі Пушкара сціскаюць гліну, робяць з яе нейкі клубок-балабушку. Потым клубок ператвараецца ў незразумелую істоту – ні чалавек і не звер. А праз нейкі момант хлапчукі ўбачылі, што з’явіліся ногі, рукі, галава… Пушкар яшчэ трошкі пачараваў над чалавечкам і адзін з хлапчукоў усклікнуў:

– Дык гэта ж ты, дзед Мікола!

Усміхаецца Мікола Пушкар, глядзіць вясёлымі вачыма на іх, рады, што даў ім першы ўрок мастацтва ў сваёй майстэрні.

– А нам так можна? – асцярожна пытаецца Міхаська, не адводзячы позірку ад толькі што створанага вобраза.

– Можна, – адказвае казачнік, – але не сёння… Бо вы вунь якія чысценькія і акуратненькія, а выпэцкаецеся ў гліне, і на мяне будуць сварыцца і вашы выхавацелькі, і бацькі. Таму прыходзьце заўтра. А дома скажыце, каб далі вам з сабою ношанае адзенне. Дамовіліся?

– Дамовіліся, дзядуля Мікола!

Дзеці пакідаюць майстэрню, а Пушкар з акна праводзіць іх цёплым позіркам. У яго на душы радасна і светла. Бо любіць, калі да яго прыходзяць людзі, цікавяцца тым, што ён робіць, як працуе… А потым незаўважна разгаворацца, і Мікола Пушкар без стомы будзе расказваць і расказваць, апавядаць пра сябе, пра свой час, як стаў мастаком…

А жыццё ў яго цікавае і разнастайнае, перанітаванае горкім і салодкім, трагічным і вясёлым… Аповедаў яго хапіла б на некалькі кніжак, і кожная з іх была б адметнай з’явай, якая б раскрывала сутнасць і непаўторнасць гэтага чалавека…


2.

Адпраўляюся зноў у Мазыр, каб пабачыцца і пачуць голас мазырскага чараўніка. Кліча да сябе ён часта, як і клікаў пры жыцці. То яму параіцца трэба пра нейкія гістарычныя факты, то ніяк не можа прыдумаць трапную назву свайму новаму твору, то проста сум узяў і хоча, каб пасядзеў побач, выслухаў яго, падзяліўся сваімі набалелымі думкамі…

Ведаю, што такой вуліцы няма (яшчэ няма!), але пытаюся ў людзей, якія спускаюцца пешшу з гары:

– Падкажыце, як прайсці на вуліцу Пушкара?

– Міколы Пушкара? – удакладняюць у мяне. – А што ўжо ёсць такая ў нашым горадзе вуліца? То, мусіць, тая, куды і вядзе да Пушкароўскага музея.

– Так, так, – згаджаюся радасна я, – але, на жаль, сапраўды такой вуліцы няма яшчэ, але яна можа быць у хуткім часе...

– Добра было б, – згаджаецца мазыранін, – Пушкар – гонар нашага горада.

Кіруюся вуліцай Якуба Коласа да мікрараёна Янкі Купалы, – дзе ў дамочку, побач з дзіцячым садком і знаходзіцца музей імя Міколы Пушкара... Дакладней, ужо майстэрня-музей Міколы Пушкара”. Але да гэтага...

О, які то час быў! Пушкар, прайшоўшы два канцлагеры, не страціў любові да жыцця, а з яго душы так і выпіралі дабрыня і пяшчота, духоўны талент і жаданне дзяліцца з людзьмі тым, чым узнагародзіў яго Бог…

А што талент у яго ад Бога, ён не адмаўляе, наадварот, кожны раз падкрэслівае гэта.

– У дзяцінстве яшчэ пачуў, – расказвае Мікола Пушкар, – ад бабулькі, калі яна чытала Святое Пісанне. “На пачатку стварыў Бог неба і зямлю… І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця, і зрабіўся чалавек душою жывою…” Гэтыя словы мяне тады вельмі ўразілі. Я не ведаў, чаму, як і не ведаў, кім буду ў жыцці. То праз шмат год, калі я знаходзіўся ў канцлагеры і быў паміж жыццём і смерцю, пад рукі папаўся кавалак гліны… Я міжволі пачаў размінаць яго пальцамі, хаця ўжо не было ўва мне ніякай сілы, несвядома выштукоўваючы нешта… І мне тады пачуўся знекуль голас: “І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога…” Помню, што я тады стварыў не вобраз чалавека, а нейкую невядомую птушку. І ў яе былі шырока раскінутыя крылы… Тады ж я адчуў, як гулкія ўдары сэрца пагналі кроў і яна балюча ўдарыла ў скроні. Боль адразу прайшоў і нарадзілася жаданне жыць, узняцца птушкай у неба і паляцець да зораў, пакінуць калючы дрот і ненавісныя выкрыкі фашысцкіх катаў… Я зразумеў тады, што Гасподзь тым кавалачкам гліны не толькі выратаваў мне жыццё, а і паказаў дарогу, па якой павінен кіравацца ў сваім жыцці…


Мікола, Мікола... Колькі год ужо, як яго няма сярод нас.

Гэта быў шчыры і даверлівы чалавек, таварыскі і заўсёды вясёлы...

Нарадзіўся Мікола Мікітавіч на мяжы Расіі і Украіны – паміж Белгарадам і Харкавам. А лёс закінуў яго вунь куды – на Палессе, у Мазыр.

– Бацькоў сваіх я не памятаю, – расказваў мне Мікола Мікітавіч. – Ведаў толькі, што бацька меў нейкае дачыненне да мастацтва – маляваў абразы, – як казалі ў народзе, быў богамазам...

Успамінаў Пушкар пра галодныя гады дзяцінства. Апынуўся ў калоніі Макаранкі.

Расказваў Мікола, як яму даручылі намаляваць партрэт пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. Які збіраўся прыехаць да іх у калонію. Партрэт пісьменніку спадабаўся. І ён нават папрасіў кіраўніцтва Харкаўскага мастацкага вучылішча, каб яго прынялі на вучобу, – хлапчуку не ставала год. Пасля вучылішча выкладаў маляванне ў школе...

Вайна... Кантузія... Канцлагер.

Цудам выжыў. Пасля вайны зноў канцлагер – цяпер ужо сталінскі. За тое, што быў у палоне...

Калінінград...

Першыя спробы нешта ляпіць з гліны. Прыехаў у Мазыр. Уладкаваўся мастаком на заводзе меліярацыйных машын.

Днём маляваў плакаты ці пісаў аб’явы, а вечарамі мясіў гліну і вылепліваў тое, што мроілася перад гэтым...

Аднаго разу мы разам з ім пайшлі на мазырскі рынак. Ён і без мяне туды заглядваў кожную нядзельку. Запаў у душу дзядок, які прадаваў з бочачкі мёд, а побач з ім сядзела каларытная маладзіца – цётка Тэкля – родам з-пад Лельчыцаў...

– Глянь, глянь, – шаптаў незаўважна мне Пушкар, паказваючы позіркам на сівога, мо за сто гадоў, дзядка – вясёлага, гаваркога, дасціпнага... Цэлыя вершы-паэмы чытаў пра сваю гліну, з якой вырабляў макітры і гладышы. – Гэта ж – фігура! Гэта ж – каларыт!

І падсеў да яго, слухаў і слухаў дзядка, не адрываючы ад яго вачэй.

Гадзіну сядзеў каля яго і назіраў, другую. І тады ж ляснуў сябе даланёю па ілбе, усклікнуў:

– Во мая тэма! Во каго ляпіць трэба! Гэта ж не трэба нічога выдумваць-прыдумваць, фантазіраваць, – бяры і капіруй жыццё... А праўдзівей за яго нічога не бывае!

Купіў у дзядка глечык (спатрэбіцца дома – Ганна будзе малако ў ім трымаць!), похапкам сабраўся, пабег з таго месца, на мяне забыўшыся... Ён ужо нічога не чуў, нікога не бачыў... Хутчэй у майстэрню! А ў яго і гліна гатовая на стале ляжыць, мокрай анучкай прыкрытая.

Пальцы, як зачакаліся сапраўднай працы, пачалі ляпіць-расціраць шэрую гліну, – і нечакана для самога Міколы вымаляваўся партрэт таго дзядка-гаршэчніка, – ды так удала атрымалася і трапна, што на твары мастака міжволі засвяцілася шчаслівая ўсмешка: “Вось ён, мой родненькі палешучок! Вось ён, мой галоўны вобраз, які пратопча дарогу да іншых сваіх паслядоўнікаў!..»

Пушкару падалося, што паляшук затоена падміргнуў яму,

прыкрыў вока калматым брывом, нешта хітрае і смешнае ўтойваў у сваёй кудлатай кужэльнай барадзе, – быццам пасміхаўся, што так доўга Мікола хадзіў далёка за сваімі тэмамі і сюжэтамі, а тут за такі кароткі час адбылося неверагоднае: адбылася галоўная сустрэча Творцы і яго Героя. У ім, дзядку-палешуку, было штосьці ад палескай зямлі, ад настрою і мудрасці працавітых і нястомных людзей.

Пушкар нават голас пачуў яго:

– Вітаю цябе, Майстра!..

Я непрыкметна зайшоў у яго майстэрню. На табурэціку сядзеў і замілавана глядзеў на свой першы сапраўдны твор мастак.

– Во ён, мой Паляшук, – не гледзячы на мяне, прамовіў Мікола Мікітавіч. – Зразумеў, што яго жыццё мае шмат адценняў і рысаў характару. Яно, здаецца, спакойнае і бясконцае ў сваёй прастаце і мудрасці, памяркоўнасці, яно – як цячэнне старажытнай Прыпяці, журботнае і самотнае, як тужлівы крык жорава, які пакідае родны край і збіраецца ляцець у невядомую далячынь, вясёлае і дасціпнае, з хітрынкай і радасцю, якое толькі і можа быць у палешука...

Які асветлены і шчаслівы твар быў тады ў майго сябра!І тады ж ён зразумеў, што убачыць вобраз – гэта яшчэ мала. Неабходна вывучаць гісторыю Беларусі. Ён чытаў паданні і казкі, дыярыушы і успаміны даследчыкаў, прыглядаўся да археалагічных знаходак у музеях...

І не толькі гэта. Яго натхнялі вобразы Сымона-музыкі, Лявона і Лявоніхі, Тараса на Парнасе, Несцеркі і Бандароўны, сівога гусляра... Жылі ў марах, у мроях, стукаліся ў сэрца вобразы вясёлыя, смешныя і няўрымслівыя, – яны як усё роўна ставалі да яго ў чаргу, каб ён абавязкова іх увасобіў у гліне... Ён ужо не мог іх адпрэчыць ад сябе, – а рукі і пальцы прасілі гліны...

І выйшлі з-пад яго рук – “Паляшук-лапатнік”, “Каваль”, “Дрывасек”, “Сваты”, “Паронкі” – дзесяткі і сотні іншых работ і вобразаў.

Мастак услаўляў у сваіх творах чалавека працы, чалавека-дабрадзея, чалавека-мудраца. А колькі стварыў ён жанравых сцэн-апавяданняў і гумарэсак, насычаных дабрадушным гумарам, непадробленай праўдай і працай жыцця! Што толькі ні тварылі яго нястомныя і таленавітыя рукі! Цешча і зяць, сват і свацця, прымак і кот, выпівохі і гультаі, – не пералічыць усіх вобразаў і герояў, што ён стварыў.

“Пасварыліся”, “Дудар”, “Стары са старою”, “Церабавец”, “Да цешчы на аладкі”, “Браткі-беларусы”...

Я асабіста выдзеліў бы адзін толькі твор – “Сейбіт”. Сціплая пастава палешука. Апушчаныя да сцегнякоў натруджаныя касцістыя рукі, а другая рука абаперлася на сявеньку. Вочы ж скіраваны некуды ў неба, з надзеяй просяць: “Божа літасцівы! Я адсеяўся, аддаў раллі апошняе зярнятка, і хачу ўвосень сабраць ураджай, каб пракарміць сям”ю. Не падвядзі, дожджык, а я ўжо не пашкадую сілаў для матухны-зямелькі..” Вось такія словы я чую яскрава кожны раз, калі гляджу на Сейбіта, і шчыра веру, што той дожджык, якога так чакае паляшук-сейбіт, абавязкова неўзабаве пральецца на зямлю...

А потым прыйшоў час, калі мастак вырашыў паказаць свае працы сябрам рады абласной арганізацыі Саюза мастакоў у Гомелі. Амаль усе створаныя ім вобразы былі адобраны і высока ацэнены. Здзіўляліся, як можна стварыць такія дасціпныя, на мяжы гумару і алегорыі, гліняныя сюжэты. І радаваліся, што з’явіўся такі таленавіты майстра.

Так адкрыўся шлях да выставак – абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных… Яго творы здзіўлялі гледачоў Польшчы, Манрэаля, на сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-70” у Японіі, Чэхаславакіі… Лепшыя працы адзначаны прэстыжнымі прэміямі.

Да мастака прыйшло прызнанне. А з прызнаннем ён не кінуўся ў даніну моды і часу, у павярхоўную стылізацыю, а пачаў яшчэ больш апантана працаваць над сваімі творамі, стараючыся ўносіць у іх не толькі нацыянальны каларыт, а і народнае ўспрыняцце багацця і разнастайнасці паўсядзённага жыцця з яго супярэчлівасцю і непрадаказальнасцю, недахопамі і дасягненнямі, радасцю і камедыйнасцю…


3.

У Міколы Пушкара праявіўся арыгінальны і своеасаблівы талент. Ён асвоіў і працуе у тэракоце, рэдка калі – за выключэннем адной-дзвюх прац – у шамоце, выкарыстоўвае найбольш простыя прыёмы ганчарнай тэхнікі. І заўсёды пры гэтым імкнецца захаваць непарыўную сувязь з народным побытам, творчасцю і духоўным талентам.

З гэтага, напэўна, і нараджаецца тое ўнікальнае падабенства і пачуццё вобразнасці пластычнага ладу народнага ганчарства, унікальнага, непаўторнага па сваёй пластыцы, характары і тэхніцы апрацоўкі.

Цікава заўсёды назіраць у яго працы адну акалічнасць – звычайная чырвоная гліна, якой на паляшуцкіх прасторах залежы і залежы, пабываўшы ў руках чараўніка-казачніка, ператварыўшыся ў нейкія нечаканыя і дзівосныя вобразы, прайшоўшы працэс абпальвання, нечакана набывае новыя рысы: ад вобразаў выпраменьваецца цяпло і душэўная шчодрасць таго, хто і стварыў гэты цуд. З’яўляецца жаданне да той гліны дакрануцца, адчуць яе не толькі цяпло як матэрыялу для стварэння мастацкага вобраза, а і духоўную цеплыню, міжволі паверыць у тое, што перад табой жывы вобраз, у якога ёсць сэрца і душа.

Кераміст набыў свой выразны і індывідуальны почырк. Творы ў яго атрымліваюцца абагульненыя, часцей тыпізаваныя, але жыццёва праўдзівыя, жывыя. Пластыка і дэкаратыўнасць супадаюць і ствараюць неразрыўны сплаў таленту і творчай фантазіі, пачуццё гумару і ўнутранай дасціпнай абаяльнасці.

Па аб’ёме працы невялікія, памерам з кулак, і могуць змяшчацца на далоні, – але колькі ў іх жыцця, напружанасці, дынамікі, каларыту, дзівоснай і непадробленай выразнасці. Глядзеў бы і глядзеў на вобразы палешукоў – касцоў, ганчароў, цырульнікаў, печнікоў, сейбітаў, – глядзеў бы і не адрываўся, адчуваючы праз хвіліну, як яны пачынаюць гаварыць з табой, пытацца пра нешта, расказваць пра сябе нешта смешнае і адметнае… Вы не адчувалі гэтага? А паспрабуйце паклікаць на дапамогу сваю фантазію і дзіцячае захапленне – абвязкова пачуеце голас глінянага чалавечка!

Параўноўваючы творы Міколы Пушкара розных гадоў, можна лёгка прасачыць і адзначыць характэрную асаблівасць – мастак рос ад адной працы да другой, сталеў, набываў сілу яго талент і, цяпер можна гаварыць смела, нават геніяльнасць. Геніяльнасць у стварэнні гліняных вобразаў. Бо і па сёння ніхто не можа зрабіць мацней і цікавей такія працы. Падробка ёсць, перайманне, але ўзняцца вышэй – над вобразамі, над пластыкай і глыбінным характарам, – ніхто не здолеў.

Возьмем хаця б раннія працы – “Паляўнічы”, “Ветэран”, “Дудар”… Аўтар апрацаваў кожную дэтальку вобраза, кожны нязначны штрышок, ледзь не фатаграфічна перадае падабенства. А потым пазней прызнаецца мне Пушкар:

– З’явілася памылка, нават недахоп у маёй працы… Чаму? Растлумачу. Гэта як і ў тваёй працы – пісьменніка. Пішаш словы, радкі, але ж галоўнае, што паміж радкоў… Прастор для думкі, для фантазіі, для вобразаў, якія ўзнікаюць у кожнага чалавека. Так і тут трэба: не сляпое капіраванне, а ўдыханне ў кожную працу біцця сэрца, яго духоўнасць, характар, паводзіны… Вобраз сам пра сабе нічога не скажа, мы павінны сказаць пра яго, бо ўбачым, адчуем, дакранемся да яго душы…

І потым мастак, жорстка крытыкуючы сябе за трафарэтнасць ці безжыццёвасць вобразаў, ператвараецца ў творцу, у стваральніка, помнячы словы – “і ўдыхнуў у твар ягоны дыханне жыцця” – самога сябе перасяляе ў той вобраз, пакутліва і балюча перажываючы той працэс. Але і радасць апаноўвае яго, бо ўжо адчуваў сябе не пачаткоўцам, а майстрам.

Вобразы пачалі набываць выразнасць, жыццёвасць, яны пачынаюць вырывацца “з няволі” запраграмаванасці і зададзенасці, у рухах з’яўляецца смеласць і гнуткасць. Нават непакорнасць. Прызнаваўся пазней Мікола, што не ён ляпіў вобразы, а самі вобразы ляпілі сябе. Ён і сам не разумеў тое, здзіўляўся, радаваўся, але слухаўся тых, хто ажываў пад яго рукамі.

У новым творчым узлёце майстра можна пераканацца, паглядзеўшы яго наступныя творы. Гляньце на “Палешука”. Што адчуваеце? Так, так, што ён вось-вось павітаецца з вамі і раскажа такую смешную гісторыю, што вы за жываты будзеце брацца. А пластыка ж простая, ніякай стлыізацыі. Толькі хітрыя вочы, гумарны пагляд, на языку вострае слоўца…

А “Лірнік”… Праз імгненне ўбачыце, як закруцілася ручка ліры, і мелодыя пацякла-палілася, быццам набірае моц разліў Прыпяці… Шчымлівая мелодыя, глыбокая, не адысці, не адарвацца… Чараўнік Пушкар, няйначай!

Мастак ужо не звяртае аніякай увагі на правільную прапарцыянальнасць усяго цела, самой паставы, памеры рукі ці ног, – не гэта галоўнае! – галоўнае – паказаць унутранае святло душы, чалавечыя эмоцыі – радасць і гумар, дасціпнасць і мудрасць, перажыванне за нейкую няўдачу і ўсплеск шчаслівых хвілінаў… А дабіцца гэтай непасільнай задачы дапамагаюць, здавалася б, на першы погляд, ненатуральныя рукі і ногі, шаржыраваны твар, пастава. Але, як ні парадаксальна, нам гэтае нават не кідаецца ў вочы, мы гэтага зусім не заўважаем, а скіроўваем усю сваю ўвагу ў тое, што не відаць, у тое, што нам чуецца, у тое, што схавана ў душы…

Адсюль можа і скласціся ў каго ўражанне, што працы Пушкару даваліся лёгка і хутка.

– А што, – хітра ўсміхаецца Пушкар, і яго ўсмешка падобна на “Палешука”, – яны не памыляюцца… Сапраўды, – лёгка і хутка… Некаторыя вобразы мне ўдаюцца за некалькі гадзінаў, а то і меней. Але гэта ўжо канчатковы працэс – працэс увасаблення. А ніхто ж не ведае, колькі часу ішоў да гэтага вобраза, колькі перадумаў, колькі перажыў… На гэта можа пайсці і месяц, і паўгода, а то і год…

Таму, калі Мікола ўзяўся за стварэнне сваіх “Вячорак”, мастаку прыйшлося паездзіць па Палессі, пераначаваць не ў адной хаце, дзе збіраліся вечарамі людзі каля печы. І занатоўваў, занатоўваў ў сшытку і ў сваёй памяці тое, што кідалася ў вочы, што было адметным і вобразным. Знаходзіў людзей, “будаваў” сваю печ з засланкай і гаршкамі на прыпечку. Але ніяк усё гэта не мог скампанаваць, стварыць адзіны зліты вобраз, сабраны ў адну ідэю, у адзіны настрой. Праходзіў і адзін месяц, і другі…

А аднойчы “дзед Цімох» папрасіўся на печ, нават папрасіў мастака, каб той падсадзіў яго”… Захацелася старому пагрэць косці. Падсадзіў. Той усеўся на чарэнь, ды яшчэ нагу за нагу закінуў, патыліцу пачасаў, нешта яшчэ хацеў сказаць, ды Пушкар ужо не чуў яго, пачаў рассаджваць астатніх людзей вакол печы. Знайшоў сабе месца дудар, побач з ім, упобачкі, усеўся барабаншчык, ля яго – балалаечнік. Але хлопцы яшчэ не іграюць, яны толькі настройваюць свае музычныя струманты, каб потым ужо, як дзяўчаты папрадуць кужаль і вышыюць ручнікі, распачнуць скокі ў хаце. Тут жа ў юнака каля ног – жорны, у другога – ступа, а маладыя закаханыя прыхінуліся адно да аднаго і, шчаслівыя, думаюць і мараць пра нешта сваё. Якая гама пачуццяў! Якія галасы ў людзей, які смех, якая гамонка! І мы чуем іх, здзіўляемся, радуемся”

Людзі размясціліся вакол печы. А мастак доўга думаў, як сумясціць печ і людзей. У гэтай кампазіцыі ўжо ясна праглядваецца заканамернасць – нічога пабочнага, што магло б перашкодзіць успрыняццю створанага. Глядач можа хадзіць бясконца вакол печы, углядацца ў кожны твар і адзначаць, што ён адкрывае і адкрывае кожны раз нанова.

І кожны раз падтэкст новы, і каларыт новы. То ў печы бліскае святло – нехта падпаліў лучыну, то дудар спрабуе сваю дуду, то маладыя пачалі цалавацца… Тут табе і вясковы побыт, і жартаўлівы дзед, які пачынае смяшыць сваімі аповядамі вячоркаўцаў, то песня палілася ад жанчыны, што сядзіць каля прасніцы… Героі весела размаўляюць між сабой. Іх аб’яднаў вольны вечаровы час і агульны бытавы інтарэс…

“Вячоркі” – адна з цікавейшых прац Міколы Пушкара. Яна яшчэ раз даказвае і пераконвае, што мастаку падуладны самыя складаныя кампазіцыйныя вырашэнні.

Да любімага матыву майстра звяртаецца не адзін раз, але ніколі не паўтараецца. Кожная новая праца на гэтую тэму вылучаецца глыбіннай навізной, арыгінальнасцю і пластычнасцю.

Апошняя праца “Ганчар” – гэта ўжо не скульптура малой формы, а рэльефнае пано. Зроблена яно з гліны, прысутнічае бліскучая паліва з цёмна-сінім адценнем. Што найбольш уражвае ў гэтым творы? Пранізлівы позірк ганчара і яго рукі – загрубелыя, спрацаваныя, парэзаныя баразёнкамі зморшчынаў, моцныя і адначасова пяшчотныя, ад якіх сыходзіць цеплыня. Бачна, як яны дакранаюцца да гладыша, што круціцца на крузе. Ганчар крыху згорблены – гады працы наклалі свой адбітак на яго паставу, ногі з шырокімі ступакамі ўпэўнена круцяць кола. Гладыш і рукі – аднаго колеру. Можна толькі здагадацца, што не так яны даўно выняты з печы, і гладыш яшчэ ўтрымлівае цяпло. Ганчар грэецца гэтым цяплом, убірае яго ў сябе, – і яны ўжо як быццам зліліся ў адно цэлае, у адну песню, у адну мелодыю.

У нейкім сэнсе гэта жартоўны аўтапартрэт. Герой быццам гаворыць нам, што толькі сапраўдны майстар, які раскрыў сакрэты і таямніцы керамікі – старажытнага спалучэння агню, вады і зямлі, – здольны стварыць такі твор мастацтва.

Можна вельмі шмат казаць і пра тое, што “Ганчар” – гэта дасканаласць і ўзлёт да вяршынь майстэрства, пра яго выяўленчую дасканаласць і творчы прафесіяналізм, можна нават і знайсці нейкія недахопы, але мы разам з вамі павінны паверыць у адно – калі хто хоць раз сустрэнецца з гэтым рэльефным пано, дакранецца да яго душой, то наўрад ці хутка забудзе пра яго. “Ганчар” будзе доўга яшчэ непакоіць, па-добраму турбаваць, напамінаць пра сябе, нават прымушаць задумацца над сваім жыццём, над тым, што вы стварылі адметнае і цікавае…

Надоўга запомняцца вочы, рукі і ногі старога, і народзіцца сама па сабе выснова – такое мастацтва неабходна людзям, бо яно старажытнае, як свет і зямля. Хаця трэба і прызнаць, што на сёння рэдкая прафесія. І ад таго крыху сумныя вочы ў ганчара, бо ён пытаецца ў нас: “Ці будуць у мяне паслядоўнікі? Хачу, каб былі… Я хачу перадаць таямніцы свайго таленту наступным пакаленням. ..”

Здзіўляўся: як глыбока і дасканала ведае майстра беларускі побыт і звычаі, фальклор і народнае мастацтва, традыцыі і ўклад жыцця. Яму заўсёды ўдавалася адшукаць у жыцці палешука адметныя нацыянальныя асаблівасці, уласцівыя толькі беларускаму народу.

З глыбінь Палесся, з сівой даўніны цякуць тыя нябачныя рэчкі-рачулкі, якія нясуць творчую даніну мастаку, баюць яму казкі і паданні, песні, – заставалася толькі пачуць іх і перанесці на мову гліны… І не толькі пачуць, а і адчуць чалавечы характар.

Вось менавіта характар чалавека і стараўся паказаць мастак у сваіх працах. Таму і нараджалася тады выснова – тое і з’яўлялася галоўнай лініяй і галоўным крэда яго творчасці.

У Міколы Пушкара я заўсёды вылучаў сваё, асабістае бачанне жыцця, свае перажыванні, эмоцыі. Ён пераўвасабляўся, калі знаходзіўся ў сваёй майстэрні. Не заўсёды ён любіў і размаўляць, калі паглыбляўся ў працу...

Мастак ствараў шэдэўры, адметныя яркай своеасаблівасцю творы, вылучаўся непаўторнасцю выканання, унутранай псіхалагічнай глыбінёй. Яго працам уласцівы рысы нацыянальнага характару – мяккі гумар, разважлівасць, жарт, летуценнасць, гратэск…

Кожны твор кераміста-майстра – гэта глыбінны фальклорны пласт, неспатольная крыніца мудрасці і радасці, узнёсласці і радасці жыцця. У кожным узоры вылучаецца асабістая рыса характару Міколы Пушкара – любоў да чалавечай працы.

У сціплай паставе апусціў натруджаныя рукі сейбіт – адна выцягнута ўздоўж цела, а другая абаперлася на сявеньку. А вочы… Вочы скіраваны некуды ў неба і з такой умольнасцю і надзеяй просяць:

– Я адсеяўся, Божа, дзякуй Табе! Я аддаў раллі апошняе зярнятка і хачу сабраць восенню ўраджай, каб пракарміць сям’ю. Не падвядзі, дожджык, пралі сваю жыццядайную сілу на пасевы, а я ўжо не пашкадую сваіх сілаў для матухны-зямелькі…

Вось такія прыблізна словы я чуў і чую сёння, калі сустракаюся з “Сейбітам”. І таму мы шчыра верым, што той дожджык, якога так чакае паляшук з сявенькай, абавязкова абрынецца на поле, на яго соткі.

Я б асабіста вылучыў гэтую працу, як найвышэйшы апафеоз таленту мастака, яго філасофска-духоўны ўзлёт, як спадзяванне на разуменне намі яго творчасці. Ён і сёння, калі яго няма сярод нас, чакае дажджу – нашых адносін і ацэнкі яго творчасці. У гэтай працы праяўляецца найвышэйшая дасканаласць – нічога пабочнага і лішняга, што б адцягвала нашу ўвагу ад галоўнага, кожная рысачка дапаможна працуе на тое, каб мы раскрылі прапанаваны унутраны свет і мастака, і яго герояў…

Тыя ж натруджаныя рукі, і моцна, трывала стаіць паляшук на сваёй роднай зямельцы, якая ўскарміла яго, якой ён аддае ўсе свае сілы і мары. Чалавек жыве, калі працуе. З такімі словамі звяртаецца майстра да нас.

У клопатах простага палешука, у яго неспакойным жыцці і сумненнях, у жартах і весялосці б’ецца сэрца нашага народа, яго паэтычнасць і духоўны рост, нескаронасць, мяккасць і ўпэўненасць у сабе, годнасць і гонар.

Мастак працаваў пераважна ў жанры дробнай пластыкі, таму і творы яго носяць адбітак камернасці і мініяцюрнасці. Але гэта надае творам духоўную вагу, ідэйнасць і сілу.

Яшчэ спецыялісты ад мастацтва называюць яго творы скульптурамі малых формаў. Я ж асабіста з гэтым пагадзіцца не магу. І вось чаму... Скульптура – гэта адлюстраванне нейкага канкэтнага чалавека, асобы, справа іншая пры жыцці ці не пры жыцці ўзводзяць тыя скульптуры, а тут абагульнены беларускі характар... І мастак не капіруе нейкага аднаго, а збірае ўсё ў адзін мех, кошык, кашэль (каробка, зробленая з сасновай дранкі, пераважна на Палессі). Брэйгель таксама не капіраваў сваіх людзей з некага аднаго.

Таму ў Міколы Пушкара не скульптуры і не скульптуркі, – Асобы, Характары, – са сваімі заганамі і недахопамі, анекдатычнасцю і прастатой, у чым мы не можам самі сабе прызнацца, што гэты мы ў паасобку...

Пушкароўскія вобразы...

Пушкароўская гліна...

Адухоўленая і ажыўленая. Ды не знойдзем мы з вамі канкрэтнага вызначэння, як ні стараліся б. Бо сам Майстра на такое пытанне адказваў няўцямна:

– Як назваць? Аніяк... Гліна, вынятая з печы... Як спечаны бохан хлеба.

Майстар ніколі не задумваўся над гэтым – не меў часу траціць на вызначэнні…

Бо не тое было галоўным, а тое, што выштукоўвалі яго чуйныя пальцы...


4.

Але зноў вернемся да твораў.

Возьмем “Гліна спявае”. Бадай, і без подпісу можна зразумець, што хацеў паказаць нам мастак. Ганчар сядзіць каля сваіх гладышоў і макітраў, прыставіў да вуха, як марскую ракавіну гаршчэчак, і слухае… Услухоўваецца ў час, у стагоддзі, у гісторыю і нараджэнне зямлі… А на твары такое замілаванне, такая радасць, такая ўзнёсласць, што і нам робіцца радасна за яго… Так можа толькі радавацца толькі творца, які дасягнуў духоўных і творчых вяршынь. І мы разам з керамістам чуем, як спявае гліна. У ракавіне можа спяваць марскі прыбой, а ў горшчыку…

О, гэта дзівосны і казачны свет, чароўны і непаўторны, Боскі і чалавечы! Мы можам здагадацца нават і пра тое, якая гучыць мелодыя – яна абавязкова мажорная, і пераклікаецца з ноткамі жарту, гумару; гэта своеасаблівы гімн працы, гімн стваральніку-чалавеку. Вось так камернасць можа перарастаць у нешта больш значнае і ўстойлівае, і тады мы ўжо міжволі, зразумеўшы ўсё, адносімся да дробнай пластыкі як да глыбіннага, гістарычнага пласта.

Недзе ў тыя ж гады нарадзіўся і “Ярыла”. Быў такі божышча сонца і ўрадлівасці ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славянаў. Назва пайшла ад старажытна-рускага “яр” – вясна, святло, жар – той, хто грэе, росціць, апладняе. Ярыла ўяўляўся прыгожым хлопцам, які штораніцы аб’язджаў на белым кані палеткі, і пасля гэтага ажывала ніва, ішлі ў рост пасевы.

Мікола Пушкар адышоў ад раней створанага. Ён вынайшаў сваё! Замест белага каня увёў нейкіх міфічных звяроў: яны нясуць падобнага да сонейка Ярылу, і яно, Ярыла-сонейка, нейкае бязважкае, здаецца, вісіць у паветры. Правая рука выцягнута ўздоўж тулава, а левая як бы робіць рух развітання з язычніцтвам і абяцання хуткай, ужо абноўленай сустрэчы. Увесь матыў – вогнены колер, быццам і сонца, і міфічныя звяры на самай справе вылецелі з нейкага казачнага агню. А раніцай узыйдзе сонейка, аздобіць цёплымі праменнямі наваколле – і зноўку наступіць Божы дзень. Ярыла – гэта жыццё, жыццё з мірным сонцам, папярэднік хрысціянства на паляшуцкай зямлі…

Майстра валодае яшчэ вялікім і фантастычным дарам – адчувае пульс не толькі сённяшняга дня, а і сівой мінуўшчыны. Ён умее бачыць, вылучаць галоўнае з мноства падзей, фактаў і з’яваў.

Тое прыйшло не адразу, а на працягу многіх і многіх гадоў, у выніку настойлівай працы. У майстра выпрацаваўся свой непаўторны, адмысловы стыль, вызначаліся “пушкароўскія” тэмы і сюжэты.

Калі я спытаў, якія задачы стаяць перад кожным творцам, Мікола адказаў:

– Вылучаць адметнае і цікавае, што здараецца ў нашым жыцці. Вылучаць, апрацаваць, стварыць, а потым убачаным падзяліцца з людзьмі… Наша задача звярнуць увагу людзей на простыя рэчы, здзівіць іх, каб яны ў нейкі момант абрадавана ўскрыкнулі: “Божа, як прыгожа і цікава! А мы кожны дзень праходзілі паўз гэта і не заўважалі…” Жыццё наша складаецца з мноства дробязяў – смешных і трагічных, вясёлых і сумных. Часта мы не заўважаем гэтага. Кажуць, што смех прадаўжае наша жыццё… Бязмежна быў бы шчаслівы, каб у гэтым хоць крышачку памагла мая гліна… Калі пісьменнік піша кароценькае апавяданне, то ён як праз павелічальнае шкло даследуе нейкі канкрэтны эпізод героя ў найвышэйшым яго праяўленне. Тое ж раблю і я – і ў мяне такое шкло…”

Я дадаў: чароўнае шкло. На гэта ён толькі смяяўся.

Творчасць мастака нельга ўкласці ў нейкія традыцыйныя рамкі. Ён быў заўсёды ў пастаянным пошуку. Яго цікавіла тэма працы – “Каваль”, “Паляшук-дрывасек”, “Мазырскі рыбак”, – захапляў вясковы побыт – “На кірмаш”, “Беларуская бульба”, “Каравай”, “Прымак”, “Снежань”, “У госці”.

А колькі сюжэтаў створана пра палешукоў-музыкаў! “Гусляр”, “Лірнік”, “Каляды”, “Барабаншчык”, “Палескія музыкі”, “Мелодыі Палесся”, “Дудар”, “Балалаечнік”. А то і цэлыя этапы вяселляў захопліваюць Пушкара – меднае, бронзавае, срэбнае, залатое, плацінавае, брыльянтавае. У кожнай працы – адкрыццё, нечаканасць, арыгінальнасць.

Валеры Жук падрабязна разбіраў творчасць Міколы Пушкара ў сваёй кніжцы “Сучасная беларуская кераміка” (Мінск, “Навука і тэхніка” 1984). У прыватнасці ён адзначаў:

“Фальклорная тэматыка асабліва ярка адлюстроўвалася ў дробнай керамічнай пластыцы. Адзін са старэйшых беларускіх керамістаў М. Пушкар – тыповы прадстаўнік гэтага накірунку, якое прасочваецца ў яго творчасці з канца 60-х гадоў. Яго працы клічуць гледачоў на Мазырскае Палессе, у непаўторны свет паданняў, песень, казак, звычаяў і ўвасабляў мінулае ў чалавечых характарах. Вобразы жыхароў гэтага краю з усімі неверагоднасцямі іх існавання, часам смешнага, а часам сумнага, стварае мастак у сваіх кампазіцыях.

Творы Міколы Пушкара часцей за ўсё камерныя па характары. Дакладна знойдзены памер, прыцягненне да чалавека прыдаюць лепшым яго скульптурам цэльнасць. Адзінства вобраза і стылю, характэрныя для яго працаў дазваляюць лёгка размясціць іх у інтэр’еры. Па-рознаму трактуецца мастаком пластычная форма. У адным выпадку гэта агульна выразная маса, адзіны аб’ём і толькі самыя неабходныя дэталі: “Мы з табою, як рыбка з вадою”. (1975, тэракота), у другім – форма больш рытмізаваная і дынамічная (“Хатняя баталія”, “Хворы Мацей” і іншыя...”

Аўтар даследвання творчасці мастака спыняецца на двухфігурная кампазіцыі “Печаная бульба”: “Замкнуты аб’ём як бы “выцясняе” прастору, падкрэслівае тую роднасць душаў, якая аб’ядноўвае двух сімпатычных старых, створаных мастаком. Плаўныя, акруглыя аб’ёмы мякка лепяць форму, ствараюць выразныя святлоценявыя эфекты.

Святло слізгае па паверхні без рэзкіх акцэнтаў, дэталі не здрабняюць пластычную форму. Скульптурны аб’ём узбагачаны лінейнай фактурнай апрацоўкай паверхні арнаментальнымі матывамі. Натуральны колер матэрыялу ўдала дапаўняе агульную цеплавую танальнасць у вырашэнні вобразаў...

Тыя ж пластычныя задачы вырашае мастак і ў шэразе аднафігурных керамічных кампазіцый. “Паляшук-пясняр” вырашаны ў мяккіх, акруглых формах. Замілаваны, захоплены музыкай твар селяніна-палешука, схіленая ў такт музыкі галава перадаюць ціхую напеўнасць мелодыі. Удала акцэнтаваны жэст рукі, паднятай для ўдара па струнах. Ён узмацняе ўражанне захопленасці песняй – музыка як бы замёр, уражаны прыгажосцю мелодыі, і ў той жа час дапамагае зрабіць працу цэльнай, пластычна завершанай, пазбегнуць кампазіцыйнай неўраўнаважнасці...”

“Не здзіўляе тое, – апавядае далей В. Жук, – што М. Пушкар стварыў у Мазыры, сваім родным горадзе, музей народнай творчасці, экспанаты для якога збіраў сам. Гэта таксама аказала дабратворны ўплыў на яго творчасць, на адлюстраванні ў ёй нацыянальнай непаўторнасці. Жыццёвы матэрыял, кампазіцыя, пластыка, дэкор у творах Пушкара выяўляюць адметнасць беларускай мастацкай культуры. Кожны персанаж нацыянальна самабытны. Вобраз арганічна звязаны з кампазіцыяй і пластыкай, і таму нацыянальныя рысы не падаюцца нам чужымі і штучнымі.

Любоў да працы, дабрыня, аптымізм, радушша і дружалюбства – гэтыя рысы беларускага народа знаходзяць адлюстраванне ў працах арыгінальнага мазырскага мастака Міколы Пушкара”.


Калі вы завітаеце ў мазырскую кавярню пры гасцініцы “Прыпяць”, альбо ў гарадскую паліклініку, альбо будзеце ісці па вуліцы каля бібліятэкі імя Веры Харужай, ці завітаеце ў гомельскі “Залаты пеўнік”, – вы сустрэнеце працы Міколы Пушкара – “Дзед і баба”, “Сымон-музыка”, “Хворы сімулянт”, “Певень”, які з сакавіцкай калюжыны ваду п’е, – і ў вас радасна ёкне сэрца: “Гэта ж ён, Пушкар, казачнік-бай і чараўнік, які сагравае цеплынёй нашыя сэрцы!..” І добры настрой вас не пакіне цэлы дзень, і доўга яшчэ на вашым твары будзе блукаць добрая ўсмешка…


Жыў мастак на Палессі…

Сустрэцца з ім – заўсёды радасна, пагаварыць з ім – задавальненне.

Я мог бы расказваць і расказваць пра творчую дзейнасць і жыццё цудоўнага майстра і чалавека Міколу Мікітавіча Пушкара. Пра тое, як ён арганізаваў у Мазыры музей народнай творчасці; як перадаваў свае паэтычныя сакрэты малодшаму пакаленню; пра добрую і спагадлівую спадарожніцу яго – Ганну Міхайлаўну, якая заўсёды была побач з ім, натхняла на творчасць; пра тое, як ён аб’ездзіў сотні паляшуцкіх вёсак і за свае грошы купляў андаракі і спадніцы, рушнікі і каптуры, прасніцы і жорны, самапрадкі і кросны, – і ўсё для таго ж музея...

Але лепш за мяне раскажуць пра мастака яго творы.

Асобная тэма – прадаўжальнікі керамічнай творчасці Міколы Мікітавіча Пушкара. Бо верыцца, што не растворыцца ў часе тое, што ён зрабіў. Сёння Янка Кашаед, яго вучань, ужо сам настаўнік, перадае сакрэты і майстэрства ў стварэнні керамічных – гліняных – вобразаў сваім вучням – навучэнцам будаўнічага вучылішча № 131.

Ён працуе там майстрам вытворчага навучання. Пры групе тынкоўшчыкаў-бетоншчыкаў адкрыты керамічны цэх. І творчасць яго настаўніка дзеда Міколы паўтараецца ў вырабах, што ствараюць навучэнцы разам са сваім педагогам...

Працягваюць творчыя традыцыі Міколы Пушкара і Міхась Ласкоўскі са сваім вучнем Андрэем Бандарэнкам. Каля іх заўсёды збіраюцца цікаўныя гледачы – і здзіўленню ім няма канца: як гэта з простай гліны можна вылепіць-стварыць смешнага і вясёлага чалавечка, удыхнуць у яго жыццё...


Шмат было ў дзядулі Пушкара задумак, планаў і мараў... Не паспеў ажыццявіць. Не вытрымала сэрца – напаміналі пра сябе часы, праведзеныя ў гітлераўскіх, а потым і ў сталінскіх канцлагерах...

Яшчэ як быў у бальніцы, паспеў прыехаць да яго пісьменнік Віктар Казько з Юрыем Марухіным – кінааператарам. Чамусьці не хацела працаваць кінакамера – то ламалася, то “заядала” – як не хацела здымаць апошнія хвіліны жыцця Майстра...


... На маім рабочым стале стаяць два вобразы – Яся і Яніны.

Яны не толькі напамінаюць мне пра майго сябра, але і натхняюць у пісьменніцкай працы. Яны падказваюць пра што пісаць, і як пісаць...

Жыве мастак не толькі на Палессі, жыве майстра далёка за яго межамі, бо прыгожае і неўміручае мастацтва не прызнае ніякіх абмежаванняў і тэрыторый. Яго творы разышліся па ўсім свеце. Ёсць яны ў Польшчы і Славакіі, Канадзе і Амерыцы, Японіі і Расіі, Нямеччыне і Аўстрыі...

Доўгае творчае жыццё наканавана мазырскаму Майстру Міколу Пушкару – сыну Мікіты!..


Пакаянне, альбо некалькі слоў замест некролага


Мікола, сын Мікіты, Пушкар!..

Мікола, дарагі мой дружа, аднадумца, загадкавы чалавек, перасмешнік, паслядоўнік Пітэра Брэйгеля, гумарыст і казачнік. Мастак з вялікай літары... Выбачай і даруй!..

Залетась яшчэ дамовіліся з Віктарам Казько абавязкова прыехаць з кінагрупай да палескага кераміста Міколы Пушкара. Абгаварылі ўсе дэталькі, нечаканыя моманты. што маглі нас напаткаць на гэтай дарозе. Расставілі ўсе кропачкі не толькі над «і», а і над нашымі планамі. Усё ішло добрага да апошняга дня. У адну з начэй Пушкар прысніўся. Не гаворыць нічога, а толькі смяецца, на сваю гліну паказвае...

А гліна жывая, правільней, гліняныя чалавечкі жывыя. Пайшлі ў скокі дзед з бабай, маладыя песню заспявалі, певень закукарэкаў, вады з калюжыны напіўшыся... І ўсё гэта на яго працоўным стале, дзе яшчэ ляжала сырая гліна...

Я адарваўся ад таго відовішча і паглядзеў на Міколу. А ён, адвярнуўшыся. пайшоў ад мяне... Не азірнуўся нават, быццам пакрыўдзіўся за нешта на мяне ці на нас...

Скаланула нешта мяне, і я прахапіўся.

Але не прыдаў асаблівага значэння таму сну. І раней Пушкар сніўся, і не такое на маіх вачах адбывалася, таму адразу ж і забыўся пра той сон.

– Ну, едзем? – пытаецца па тэлефоне Віця.

– Едзем, усё гатова...

Ды – сарвалася, не прыехалі. Бо і грошай у кінастудыі не было, і стужкі не знайшлі, і бензіну адшукаць не змаглі. Ды бяды асаблівай не бачылася, не прадчувалася нічога кепскага, перанеслі на пазнейшы час...

– Прыедзем, абавязкова прыедзем, – запэўнілі мінчукі, – пра такога чалавека расказаць неабходна...

Мінулае лета таксама не паспрыяла задуманаму. У лістападзе паехаў я ў адпачынак, а Мікола – трэба такому ж здарыцца! – злёг у бальніцу...

– Інфаркт, Толечка, у яго, – горычна апавядала пра яго здароўе Ганна Міхайлаўна, – нечакана неяк... Ды не «хуткая» забрала яго, а я сама настояла, каб схадзіў у паліклініку ды праверыўся. Бачыла, што нейкі стомлены. Стомлены не фізічна, а духоўна... Я спужалася за яго.

Разам паехалі ў паліклініку. Бо Мікола туды не ведаў дарогі – ніколі не звяртаўся да дактароў, сам сябе лячыў. калі што: збяжыць колькі разоў зверху ўніз па металічнай лесвіцы да Прыпяці, – і хваробу як рукой здымала. На здароўе нікому і ніколі не скардзіўся....

– Ды ў мяне сэрца, як у быка, – жартаваў, – мне ж яшчэ трэба столькі зрабіць... Вунь гліны прывезлі самазвал, дык працы на сто гадоў...

Медыкі зрабілі кардыяграму і спалохаліся – забаранілі нават уставаць з канапы. А Мікола здзіўлена паглядаў на ўсіх, пэўна. думаў: «Во яшчэ не хапала, хваробу нейкую прыдумалі... Мяне майстэрня чакае, а тут ляжаць – толькі нервы папсуеш...» Адразу накіравалі мастака ў рэанімацыю.

Хлопцы з кінастудыі «Беларусьфільм» прыехалі-такі. Прыехалі, плюнуўшы ўжо на тое, што і грошай не было, і паліва. Юры Марухін перад гэтым званіў, удакладняў, планаваў заехаць да мяне ў Гомель, і пасля ўжо разам кіравацца да Пушкара – каб вёў я перад камерай дыялог. Бо ведаў пра яго амаль усё і пра ўсё. І пра лагеры, і пра вайну, і пра дзяцінства... У выдавецтве «Беларусь» выдаў кніжачку пад назвай «Мікола Пушкар», умеў разгаварыць мастака, калі ён не ў гуморы. Ды зноў затрымаліся, ненадоўга, на два тыдні.

А мне камандзіроўка выпала, ад якой нельга было адмовіцца, запланавана была мая справаздача аб працы. Нешта строга да мяне падыходзіла начальства Гомельскага выканкама, калі быў далучаны да выпуску кнігі «Памяць».

Я – ў сталіцу рэспублікі, а сябры – у сталіцу Палесся...

Дзяжурная дакторка здымаць на стужку дазволіла, але сказала са шкадаваннем:

– Позна ж вы прыехалі, хлопцы... Асцярожна з ім, асцярожна...

А Пушкар вясёлы, як заўсёды жартаваў, пасміхаўся са сваёй нечаканай незразумелай хваробы, – гаварыў, расказваў, нават распытваў пра сталічнае жыццё...

А камера працавала і дзесяць хвілін, і пятнаццаць, і сорак – з перапынкамі, вядома ж... А Юры Марухін марыў перад гэтым, што Пушкар пройдзецца перад камерай па сваёй знакамітай металічнай лесвіцы здароўя – ад Прыпяці на гару мікрараёна Якуба Коласа – па якой штодня збягаў і падымаўся па некалькі разоў, адольваючы больш як дзвесце прыступак... І пры гэтым яшчэ пасмейваўся з маладых, якія, задыхаўшыся, падымаліся ўгару:

– Абленаваліся вы, да цывілізацыі прывыклі. Рух – гэта жыццё! Прыходзьце раніцай, разам будзем спускацца-падымацца...

– Добра, Мікола Мікітавіч, прыйдзем, – адказвалі вядомаму мастаку, – ранічкай прыдзем...

Я так расказваў Марухіну пра фізкультуру Міколы, пра тое, што людзі празвалі тую лесвіцу «пушкароўскай»...

Думалася і пра тое, каб папрасціць Пушкара прайсціся хоць бы сярод восеньскага жаўталісця і паляшуцкай цішыні, альбо зазняць яго за працай – выпэцканага ў гліне, у палоне творчага натхнення...

Ды куды там – хаця б пратрымаўся ў крэсле, хаця б не перанапружыўся! Голас слабы, рухі павольныя...

Плакала душа ў Віці Казько, які вёў замест мяне размову з мастаком. Пісьменнік за кароткі час паспеў захапіцца ім, пераканацца, што гэта незвычайная асоба, высокай душы Чалавек. Дакрануўшыся да хворага сэрца Творцы, сам адчуў незвычайны боль у левым баку.

І доўга маўчаў у гасцінічным нумары, нахмурыўшыся, перабіраючы ў памяці кожнае слова, сказанае і ім, і мастаком... Варылі сабе бульбу, смажылі яечню – выехалі без грошай, на сваю рызыку, бо не маглі ўжо больш адкладваць прыезд. Як што штурхала іх у спіну, як хто прымушаў, нябачны, кінуць усё і здзейсніць задуманае...

Мікола Пушкар нарадзіўся ў Барысаўцы паміж Белгарадам і Харкавам 8 траўня 1919 года. Але гэтая дата прыблізная, бо адкуль было ведаць былому беспрытульніку, выхаванцу калоніі Макаранкі, бязбацькавічу, дакладны год і дзень свайго нараджэння? Як напісалі ў метрыках, так з тым і згадзіўся.

У кароткай энцыклапедыі Беларусскай ССР за 1982 год у пятым томе пра яго павдамляецца:

«Бел. сов.художник-керамист. Чл. КПСС с 1963 г. Окончил Харьковское художеств. уч-ще (1937). Участник Отечеств. войны. Живёт и работает в Мозыре. Работы в области мелкой терракотовой пластики. Осн. тема произведений – фольк. мотивы и этногр. сценки, отличающиеся юмором, психологич. остротой характеристики персонажей, хорошим знанием нар. обычаев...»

Калі ў міністэрстве культуры віншавалі яго з нагоды прысваення звання заслужанага дзеяча мастацтваў, то выказалі яму шчырую падзяку за... стварэнне смешных чалавечкаў. І ўсё! Нібы адзначылі і аднесліся да аматара-пачаткоўца. Смешна і горка. Дзіўна, што чыноўнікі ад культуры не ўбачылі ў ім адмысловага майстра, таленавітага мастака, творчую асобу.

Ён страшэнна не любіў сустракацца з чыноўнікамі. Яшчэ больш з журналістамі. Асабліва калі прыязджалі з газеты – няхай раённай ці сталічнай. Два словы ім скажаш, бо не было ў яго часу на тыя размовы, а яны выдавалі цэлыя нарысы пра самабытнага кераміста на Палессі. які ўдала вылепвае з гліны смешных чалавечкаў...

Прыязджаў аднойчы да яго надакучлівы і пісучы журналіст з абласной газеты. Прыстаў з адным пытаннем – каб прызнаўся, ці стойкім камуністам быў, раз аднавіўся ў камуністычнай партыі. Яго ж выключылі, калі ў ім убачылі ворага народа і кінулі за калючы дрот...

Ну, і Мікола, каб адчапіцца хутчэй, і выдаў яму:

– Быў я, браце, такім адданым камуністам, што нават калі адправілі ў ГУЛАГ, то партыйны білет з профілем Ільіча ў боце хаваў...

– У якім? – удакладніў газетчык, каб усё «праўдзіва» напісаць у сваім нарысе.

– Што – « ў якім»?

– Ну, у якім боце хавалі білет – у левым, ці ў правым?..

– А, у правым, так, так, у правым... Бо дзела нашае правае – мы пера-можам...

Сказаў – і не ўсміхнуўся нават, уздыхнуў толькі, быццам успамінаў той жахлівы час.

– Цяжка вам дасталося.

– І не кажы, але мяне саграваў партыйны білет. Памог выжыць...

А газетчык і рады: намаляваў вобраз стойкага барацьбіта за камуністычныя ідэалы, хоць ніводнага разу за ўсё творчае жыццё так і не стварыў вобраз таго камуніста...

Колькі з ім было гаворана-перагаворана!

Скардзіўся ён і абураўся, як цяжка было ствараць музей. Колькі парогаў абабіў – партыйных і выканкамаўскіх, колькі гутарак меў – з чыноўнікамі малога рангу і вялікага. Пушкар адчуваў сябе футбольным мячом, якога кожны адбіваў нагой, пасылаў да другіх «варот»-дзвярэй... І кожны паціскае плячыма, недаўмена перапытвае:

– А навошта вам усё гэтае трэба? Жывіце спакойна, стварайце сваіх гумарных чалавечкаў, хаця з многімі вобразамі, што вы лепіце, мы не згодны... Пафас працы трэба паказваць, ідэалы камунізму, перадавікоў вытворчасці, а вы... Вы насміхаецеся над савецкім народам, карыкатуры з людзей робіце... А яшчэ камуністам называецеся...

Прыходзіў па дапамогу, а яму вымову прачыталі, яшчэ і прысарамацілі, пальцам наківалі...

– Футбалісты, што з іх возьмеш, – смяяўся мастак, – трэба такога футбаліста і мне вылепіць... Ды яшчэ з галоўным трэнерам.

Напэўна, другі здаўся б, але не Мікола Пушкар. Чым болей ўзнікала перад ім перашкод, тым болей настырнасці нараджалася ў ім.

Колькі разоў потым партыйныя сакратары ўпікалі, што не паказваў беспрасветнае і бескультурнае жыццё беларусаў да рэвалюцыі – лапці трэба дэманстраваць ды лучыну, каўтуны, якія насіў амаль кожны беларус...

А ён адшукваў прыгожыя строі, узоры народнага мастацтва, намагаўся давесці, што беларус меў найвышэйшы ўзровень разумення як бытавога мастацтва, так і выяўленчага. Гаварылі ў вочы, што ён нейкіх прыдуркаў лепіць, дэбілаў, – не такія, маўляў, людзі Савецкай Беларусі...

А ён, як заўсёды, аджартоўваўся:

– То ж я сябе ляплю, а не людзей... То я такі прыдуркаваты...

Ну хіба ж з імі можна было гаварыць сур”ёзна?

Грэўся я цеплынёй яго душы, калі жыў у Мазыры – нашыя «хрушчоўкі» стаялі побач на вуліцы Якуба Коласа. Часта назіраў, як ён працаваў у сваёй майстэрні. Не заўсёды ён любіў размаўляць, калі паглыбляўся ў творчы працэс… Ведаючы тое, я маўчаў, не адрываючы позірку ад яго рук, ад таго, як бясформенны кавалак гліны ператвараецца ў “нешта”, якое праз некалькі хвілінаў кране душу…

Я чакаў, калі мастак загаворыць сам, калі яму будзе ў тым патрэба. Ведаў, што ён уздыхне, адыдзе крокаў колькі, зірне на зробленае, скажа:

– Ну, вось, выбіўся на дарогу… А далей ужо будзе лягчэй.

Адукацыю Мікола меў невысокую, а давучвацца не было калі. І таму прасіў мяне прыносіць кнігі па гісторыі і культуры Беларусі, па фальклоры, народных звычаях і песнях, па казках і паданнях… І я здзіўляўся яго самаадданасці – вобразы тады ў гліне ўдасканальваліся, набывалі глыбокі філасофскі сэнс, духоўную глыбіню і хараство.

Калі я пераехаў у Гомель, духоўная і сяброўская сувязь наша не парывалася, нават наадварот, мацнела і ўзбагачала абодвух. Прыязджаючы па мастакоўскіх справах у абласны саюз, Мікола не мінаў маёй хаты, – нашыя гутаркі тады зацягваліся аж да раніцы. Для большай шчырасці налівалі ў келіхі віна, смакавалі працяжнымі глыткамі, быццам дэгуставалі тое віно, а між намі гарэла нябачнае цяпельца…

І было нам так хораша, так утульна, што брала шкадаванне, калі раніца стукалася ў акно.

Чалавек складзены так, што пра кепскае стараецца не думаць. Быў жа пад рукой дыктафон, якія я набыў у камісійным магазіне, па тым часе не пашкадаваўшы аж трыста рублёў, былі і касэты на ўсялякі выпадак… Чаму было не паставіць яго дзе-небудзь збоку, неўпрыкмет, пакласці мікрафон каля бутэлькі з чырвоным віном, ды і запісаць кожную гутарку, кожны дыспут ці вясёлае застолле? Ат, думалася, будзе яшчэ час, некалі ў лес з’ездзім на цэлы дзень, ды каля касцярка пад дымок столькі прыгод і здарэнняў успомнім, што ні ў адну кніжку не ўбярэш. І адкладваў, пераносіў і пераносіў інтэрв’ю, верыў шчыра, што Мікола стрымае сваё слова і абяцанне – дажыць да ста дваццаці гадоў. Так ён мне гаварыў сур’ёзна і пераканаўча. Быццам маці яго-нябожчыца так яму ў сне сказала, а бацька пацвердзіў, паказаўшы абраз, які ён маляваў…

Але хаця я не ўзяў ніводнага інтэрв’ю ў майстра, кожная гутарка засталася ў памяці, кожнае слоўца запісалася на мазгавы дыктафон, – з працяжнікамі і коскамі, са шматкроп’ем і клічнікамі.

І калі рыхтаваў раман “Княжабор”, алегарычна-фантастычную аповесць “Азірніся ў каханні”, у будучым думаў напісаць раман “Спакушэнне” (сёння ён напісаны і падрыхтаваны да друку), – назваў свайго героя сапраўдным прозвішчам – Міколам Пушкаром, спісваючы рысы характару і жыццёвыя прыгоды з яго.


… Выпісаўся Мікола з бальніцы.

Дома радаваўся жыццю, хатняй утульнасці, якую стварала Ганна, а рука міжволі цягнулася да алоўка – рабіў і рабіў накіды, абрысы новых вобразаў, сюжэтаў, падзей…

Трагічная вестка адшукала мяне позна, калі са сталіцы перад Новым годам не выбрацца, ніпрабіцца ні ў адну касу. Не здагадаўся ўзяць квіток загадзя, яшчэ ў Гомелі, на зваротны шлях – не ведаў, за колькі дзён павырашаю свае клопаты. Вось і не паспеў на пахаванне. Адно хіба ўсцешвала: разам з Ганнай Міхайлаўнай і мазыранамі Міколу ў апошні шлях праводзіла і мая жонка – Насця.

Прыкра ад другога: не знайшлі для яго гарадскія ўлады месцейка непадалёк ад горада, а выдзелілі далёка за Мазыром – пад Драздамі, куды і дабрацца не заўсёды зможа Ганна Міхайлаўна па сённяшнім часе. Як выкінулі ўсё роўна з гарадской рысы, як “аддзячылі” за тое, што надакучваў пры жыцці, абіваючы іх парогі. Ні з вобласці, ні з Мінску на пахаванні не было нікога. І слоў тых, што ён заслужыў, не было сказана. А калі і сказалі, дык тыя, якія ён не хацеў чуць пры жыцці…

Няўжо мы аказаліся акурат такімі ж, якімі ён і выставіў нас усяму беламу свету напаказ – з нейкім вывіхам, бяздушнымі і аморфнымі, глухімі да чужога болю і гора, без Бога і веры ў душы? ..

Некалі, як пройдзе час, яго творчасць, яго самабытнае мастацтва прыцягне ўвагу даследчыкаў, яны будуць дакопвацца да сакрэтаў і тайнаў прастаты – і ў той жа час геніяльнасці – яго вобразаў. Тады мы спахопімся, тады адчуем страту, але не сёння. І тады яна будзе ў тысячу разоў цяжэйшая, чымся цяпер.

Асірацеў музей Міколы Пушкара. Нават шыльда на сцяне – яшчэ пад грыфам Міністэрства культуры БССР і яшчэ ў дадатак на расейскай мове. Пушкар даўно прасіў, каб зрабілі людскую, каб прыезджыя бачылі, што ідуць наведаць менавіта наш, беларускі музей, ды не дапрасіўся… Адфутболілі і з гэтай просьбай.

Памятаю, што Мікола хацеў вылепіць-стварыць-нарадзіць невялічкую скульптуру “Падкова Палешука”. Сюжэт просьценькі: босы і галодны паляшук трымае на кійку за спіной знойдзеную падкову. І – радуецца бязмежна, смяецца так, што, здаецца, чуваць яго па ўсім зямным шары. Ніякае гора яго не возьме цяпер, калі ён з падковай. Бо, як вядома, знойдзеная падкова заўсёды прыносіла шчасце. Ён шчыра верыў у тое.

Як і верыў, дарэчы, сам Мікола Пушкар.

Не паспеў стварыць, як не паспеў стварыць і сотні іншых вобразаў – нас з вамі.

Кажуць, калі чалавек памірае раніцай, то яму яшчэ належала пражыць шмат гадоў. Мікола памёр ранічкай, сказаўшы перад гэтым сваёй жонцы:

– Ганна, людзі пайшлі на працу, а нам з табою ўжо нікуды не трэба спяшацца…

Яму пражыць бы яшчэ хаця б з гадочкаў пяць – Божа, колькі ён стварыў бы за гэты час!

Божачка! Як бы пабагацела нашае нацыянальнае мастацтва!


Побач з маім рабочым сталом на паліцы стаяць гліняныя Ясь і Яніна. Паглядаюць адно на аднаго. На плячы ў хлопца-зуха – востра адкляпаная каса, у руках дзяўчыны – васілёк. Раней, колькі месяцаў назад, у іх вачах я бачыў радасць і ўзнёсласць, настрой кахання і неўміручасці.

Сёння ў вачах – боль і страта, скруха і маўчанне.

Ные, баліць, заходзіцца ад шчымлівага болю і непапраўнай страты сэрца – у ім вялікае месца займаў казачнік-бай, сябар і дарадчык, перасмешнік, Брэйгель у гліне мой настаўнік Мікола Мікітавіч Пушкар…

Зіма… 1994 год…


P.S. Сёння на базе майстэрні Міколы Пушкара створаны “Музей-майстэрня М.М. Пушкара”.

Яго вучні і паслядоўнікі доўжаць яго справуу, здзіўляюць гледачоў сваім майстэрствам і талентам.

І тое радуе.

Зерне творчасці майстра ўкінуў ва ўрадлівую глебу.

Загрузка...