Апавяданні

«Як маленькі»

Раніцай дзядзька з цёткай прыйшлі ў гумно абіваць лён. Як толькі дзядзька адчыніў старыя, скрыпучыя дзверы, у гуменца хлынула маладое, румянае сонца. Дзядзька толькі рукамі развёў:

— А-а! Братка ж ты мой! Ганна, глядзі!

І глядзяць абое.

На таку стаіць лён у пуках, а над ім блішчыць на сонцы вялікая сетка павуціння. З-пад страхі на лён павук працягнуў аснову, на якой ужо трымаецца ўся сетка, усподзе прымацаваная да лёну. Сетка — як тая зорка касатая. А ў асяродку сам майстар — пузаты, пярэсты павук. Ад яго ва ўсе бакі, як косы ад зоркі, разыходзяцца ніткі павуціння, пераплеценыя што чуць дык большымі кругамі. Мігаціць, смяецца вясёлае сонца, рыжаватым золатам іграюць галоўкі і каліўцы лёну, сетка мяняецца колерамі вясёлкі, кожная нітачка асобна.

— Во! — усміхаецца дзядзька. — Пакуль мы тое-сёе, дык ён ужо напрацаваўся. А-ёй-ёй! Працягні ты такія вяроўкі. І як ён не скалоўся?..

— І праўда, — кажа цётка, — дасць жа ж Бог кожнай жывёлінцы свой промысел. Плёў-плёў, ткаў-ткаў, а зараз сеў сабе ды спачывае, замарыўся…

— А ведаеш, Ганна, — пачаў, памаўчаўшы, дзядзька, ды такім голасам, быццам яму няёмка было, — неяк хто яго… як і брацца за яго… Усё роўна неяк бы…

Ён палез у кішэню па махорку. Паглядзела цётка на свайго, усміхнулася.

— Ты, — кажа, — бацька, заўсёды, як маленькі. Ён сабе, а мы сабе. Бяры ды вынось, хай насыхае: сонейка… А я пайду на гусі цікну, як яна іх там пасе.

І пайшла за гумно.

Дзядзька згарнуў папяросу, прыпаліў, абапёрся аб шула, стаіць, пакурвае. «Валька! Валька-а, го-оў! — пачуўся з-за гумна голас яго Ганны, — а каб ты села крыцай, жабянё ты… А дзе твае гусі, га?»

І чуваць было, як Ганна пабегла па росным калматым поплаве. «Дасць малой чэпалаху!» — падумаў дзядзька. А сам усё глядзіць на павука… Пасля плюнуў, можа, дваццаты раз, кінуў «бычка», прытаптаў яго і, быццам устрапянуўшыся, узяўся за крайні пук.

— Што ж ты рассеўся, як добры пан? — сказаў дзядзька і зачапіў павука саломінай. Павук неспакойна заварушыўся, насцярожыўся. — Ну, ну, разумны ты, ды не зусім. — І пацягнуў за пук. Некалькі асноўных нітак павуціння пацягнулася за пуком, уся сетка выцягнулася, звузілася, і павук замітусіўся. Пачаў спачатку забіраць у сябе сетку, але, бачачы, што не да парасят, калі свінню смаляць, — пабег па нітцы павуціння пад страху і схаваўся. Дзядзька ўзяў два пукі аберуч і панёс, а за ім пацягнулася сетка.

І ўсё хараство растраслося.

Разаслаў дзядзька пук на таку, сеў на ім і ну хвастаць пранікам па галоўках.

А сам думае:

«Нябожчык тата цесляй быў і мяне пачаў браць з сабой ад пятнаццаці год. Вось ужо дваццаць трэці гадок, як і я валачуся па зрубах. І мерзнеш чалавек, і кіснеш, і пячэшся, як той рак, на сонцы. А то як гвякнуўся раз з рыштавання, тады, як Клімашыку верх на гумно зацягалі… І гаспадарка ж няшчасная таксама, кідаешся то казлом, то бараном, б'ешся, як тая рыба аб лёд, а столькі і толку. А там залетась пажар. Прыехаў з лесу — толькі гуменца застаў… Хата і сёння яшчэ стаіць без каморкі. Ды якая там хата, адна парахня! Зляпіў сяк-так, а саломы што купіў, а што і жабраваць прыйшлося».

І дзядзьку жыва ўспамінаецца тое прадвесне, гразь у Загоры, і сам ён — галодны і злосны — ідзе па гразі, з чужога двара… Пад пахаю кулёк саломы, аб'ехала перавясла, а сам дзядзька папраўляе шапку, якую толькі што скідаў, дзякуючы чалавеку за дар.

— Нной, Маруся! — гукае ён з прыгорка на кабылу. Яна стаіць сярод вуліцы, ледзь не па калені ў халодным гляі, і нешта думае ці проста дрэмле, адкапыліўшы губу. — Эх, падкурчылася, здыхата! Нічога не выдумаеш, я за цябе не пацягну. Нной!..

Кабылка напялася ўся як мага — і скура, і косці — і паплыла па балоце далей. А дзядзька хляпае збоку.

А пасля, познім вечарам, скурчыўшыся на выжабраваных кулях, ён доўга-доўга едзе дахаты. У падсуседзі, у чужую хату, адзін са сваімі чорнымі думкамі. Злосна сцёбае кабылку і слухае, як яго колы на драўляным хаду скрыпяць па калдобах, у якіх то хлюпае вада, то хрупае лядок, як шчымяць яго мокрыя ногі і ные з голаду нутро, як енчаць над балотам кнігаўкі, таксама, мусіць, галодныя, халодныя, беспрытульныя і злосныя…

Эх ты, доля наша, доля чубатая!..

Але чаму гэта, браткі, адгукаецца ў сэрцы чужы боль, хоць бы сабе і малы? Чаму не хоча падняцца рука, каб раскідаць чужое, сатканае цяжкай працай павуцінне?.. Чаму ён заўсёды, «як маленькі», як Ганна кажа, абы толькі ўбачыў ці пачуў нешта прыгожае, гатоў глядзець на яго, любавацца і слухаць, разявіўшы рот, забываючыся аб усім на свеце, нават аб долі сваёй, нават аб тым, што самога яго не шкадуе ніхто?..

1937

Марыля

У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.

Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча, «зямля ненаежная». А сынок — яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, і ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? І ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык і набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць і то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. На добры лад, ёй ужо зусім не след было працаваць, а яна такі ўсюды трапляла. Усю малацьбу цапамі пераб'е разам з маладымі. Тады ўжо, бачыце, насмела можна пілаваць: «Я вось і то, а вы-то, што ж?» Жміндзіла — хай бог крые…

Марыля — сірата з далёкай вёскі. І ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! Жыла яна дома пры тату і браце. Пасля тата памёр і адпісаў ёй ажно паўтары дзесяціны, бо яна была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Марыля абкручвала яе хусцінкай, спачатку ад болю, а потым ад сораму. Сваты пачалі абмінаць яе, і маладосць завяла без пары. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока: па вачах — што пасумнелі, праўда, пасля прыгоды — немагчыма было пазнаць, колькі слёз праліваюць яны ў адзіноце. Думала ўжо дзеўкай векаваць, і з думкай гэтай крыху лягчэй было датуль, пакуль у хаце спачувалі. Пасля ж прыйшлося рознае пачуць ад брата і ад братавай — што і казаць… Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у татавай хаце і ўсё больш ды больш стала думаць аб замужжы, — хоць які, абы свой куток.

І вось тады падагнала Івана.

Паслухаць было, што казалі аб ім людзі, але нейкі туман найшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Прыехалі яны тады — мамачкі! — гарэлкі, цукерак, віна… Сватам быў нейкі купец-свінабой. Апрануты абодва па-панску. А як пачаў сват гаварыць — паслухаць толькі! Іван не спадабаўся ёй адразу. Расказвае, колькі ў іх поля, кароў, свіней, як ён з мамаю лён палоў. І ўсё ікае ад выпіўкі, усё садзіць у вочы дымам папяросы. А нос, нос! — быццам нечым наліты, упяўся ўніз і цягне за сабой лупатыя вочы. Прыйшлося, аднак, пагадзіцца, бо цяжка было спадзявацца на лепшага.

Пра пасаг гаварылі нямнога. Паўтары дзесяціны — гэта была амаль палавіна ўсёй татавай гаспадаркі. Прасіць у Мікіты, Марылінага брата, больш, можна было хіба толькі пазычыўшы вачэй у сабакі. Аднак сват і са сваімі вачыма не пасаромеўся патрабаваць яшчэ і карову.

— Малачко трэба не мне і не вам, яно трэба дачушкам, сынкам, — гаварыў ён Мікіту. — Справа наша старая, а іх — маладая. Малады з маладушкай сюды-туды — і дачушка, праз гадок — сынок, а то і зноў дачка, і што ж, — падай малачка! Не скупіцеся, пане Мікіта, і будзе ўсё на гэтым шыта-крыта…

Мікіта быў чалавек гарачы, часта лаяўся, соваўся нават і з кулакамі, аднак доўга спрачацца са сватам не змог, — уступіў і карову, хоць у хаце былі таксама малыя. А выпраўляючы Марылю, расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў з апошняга, як усе добрыя людзі.

Увечары, напярэдадні шлюбу, дзяўчаты, плетучы вяночак з руты, заспявалі:

Зборная субота настае,

Марылька дружыну збірае.

Сама маладзенькая між усіх,

Схіліла галованьку ніжэй усіх,

Схіліла галованьку з касою,

Паліліся слёзанькі ракою…

І Марыля заплакала. Заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, а сапраўднымі, сірочымі. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка…

— Не плач, галубка, змірышся, — шаптала ёй цётка, маміна сястра, і, азірнуўшыся на Стэпку, Мікітаву бабу, зашаптала цішэй: — Не будзеш хоць хлебу ці добраму слову жадна, не тое, што ў гэтай брыдоты…

Ды Марыля не чула, не разумела нічога. Яна ўсё плакала, прыпаўшы галавой да цёткі.

…Грызня, пабоі, беспрасветная праца… Дома нават з куксай работніцай была, там жа таўкачом празвалі. Пераступі — кепска, недаступі — яшчэ горш! А пасля ж яшчэ старыя схамянуліся, што мала іх Ванечка пасагу ўзяў… Тады пайшло яшчэ горш.

І чаму ёй не ведаць было ў пору пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла?.. Лепш бы ўжо наймічкай век звекаваць.

Гэты дурань ніяк не мог ажаніцца. Куды не ткнецца — прымуць, — вядома, багаты, — але паглядзяць на самога, паслухаюць, што аб ім людзі гавораць, і аддадуць утратнае. Тады ўзяўся ажаніць яго той самы пан Чыжэўскі, купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар і п'яніца, ды брахаць вельмі спрытны, — хоць каго закалыша. Як яна ненавідзела пасля, даведаўшыся аб усім, яго тлустую свіную морду!.. Сыходзіла з хаты, абы ён заехаў да іх.

…Апалі дзявочыя грудзі, уваліліся вочы, кукса была вечна абкручаная лапінкай, а левая рука карэлая, парэпаная. Спачатку хоць песні спяваліся. Абы толькі ўспомніла пра долю, — у кожным напеве сірочай тугі і жалю чулася нешта такое, што душыла за горла, займаючы дух, і па-дзіцячы хацелася плакаць: «Мамачка, галубка!..» А потым і гэта зрабілася надта балючым.

* * *

На другім годзе пачалася Марыля першым дзіцем. Але і гэта не ратавала яе ад здзеку. На восьмым месяцы сталася тая бяда, што звяла яе ў дамавіну.

Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Сам ён крыў гумно ў суседа, а Іван паехаў у млын. Марыля ўлезла ў яму, наскрэбла першы кошык гразі з бульбяной гніллю і кастрыцай і, падаючы яго наверх свякрові, — раптам войкнула, кінула кошык і села…

Як толькі і прайшла тая ночка!.. Пад раніцу як быццам адлягло. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе…» Стары правіў у хаце хамут. Марыля ляжала на палку, з каптаном пад галавой, і, не сціхаючы, стагнала. Раптам яна прарэзліва войкнула раз і другі… Пачалося. Стары яшчэ ніжэй згорбіўся над хамутом, а пасля такі не вытрымаў, — выйшаў і паклікаў старую. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Стары пастаяў ля плота, уталопіўшыся ў грады, пайшоў пад гумно, вярнуўся пад адрынку, зноў пастаяў пад плотам, тупа гледзячы па бацвінне, — і нідзе не мог знайсці прыпынку.

«Што ж гэта? — падумаў ён. — Спалохаўся, ці што?» — і пайшоў у хату.

— Мамачкі мае, а-а-ах, родненькія-я-а… — стагнала Марыля.

Не гледзячы туды, стары прайшоў і сеў над хамутом.

— А ты, таўкачына, чаго? — закрычала старая, убягаючы з кухні з чыгуном вады ў закасаных руках.

Стары вінавата згорбіўся і замітусіўся: за хамут ды ходу з хаты… Але і ў адрынцы ён не мог узяцца за работу. Слухаў. Марыля крычала хрыпла і дзіка, а потым заціхла. «Відаць, па ўсім?» — падумаў стары. І раптам чуе: дрэп, дрэп, дрэп ад сяней — ідзе яго Катрына.

— Ну, пакінь хамут, Сцяпан: трэба трунку зрабіць, — сказала яна, увайшоўшы ў адрыну. — Божа мой, Божа!.. І што ж гэта робіцца? — і раптам — а-ха-ха-а! — заплакала наўзрыд.

У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Стары зірнуў на яго і моўчкі пасунуўся і хаты. Узяў з каморкі сякеру, пілу, жменю цвікоў і пайшоў у адрыну. Рукі ў яго неяк дзіўна дрыжалі. Прысеў на калодцы і закурыў люльку. Супакоіўшыся трохі, узлез наверх і пачаў са стукам перакідаць дошкі, шукаючы патрэбнага кавалка. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, скінуў яе наніз, паскроб трохі гэблікам, парэзаў і збіў трунку.

На той час вярнуўся з млына Іван. Ён увайшоў у хату, нічога не ведаючы.

— Падла ты, абармот крывалапы! — сустрэла яго маці. — Ці раз ужо я казала табе!.. Дарвешся — як да скаціны, каб цябе на скулы збіла, каб цябе! Цяпер вось маеш! Шморгай носам, каб цябе пятля зашмаргнула!..

Гэтым разам Іван змаўчаў і панура паклыпаў з хаты.

Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю, адарвала лапіну, угарнула ў яе нямыты трупік дзіцяці і палажыла яго ў трунку. Няўмела стукаючы малатком і загінаючы старыя, павыпростваныя цвікі, сама забіла века і, паклікаўшы з сяней Івана, загадала яму несці за ёй трунку.

Марыля заварушылася, павярнула галаву і паглядзела.

— Ах, ма-мач-кі-і… Мама, сынок?..

— Нежывое, дзеткі, нежывое… Ніхто гэтаму не прычына. Вось панясём, пахаваем…

Марыля працягнула рукі, хацела абаперціся і ўстаць, але не здужала. Рыўком толькі падняла проставалосую галаву, апала назад на каптан і, заплюшчыўшы вочы, заплакала.

Старая ўзяла ў сенях рыдлёўку і патрухала на загуменне. Следам за ёй ішоў Іван, несучы пад пахай трунку.

…Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі: капаць другую, ужо большую магілу…

* * *

— Маўчы ты мне лепш са сваім «па-харошаму!». Ён яе са свету звёў, а ты… Удушыць яго мала за гэта! Я з яго скуру палосамі драў бы, а ты!.. — крычаў Марылін брат Мікіта.

Яго пухкія маладыя губы дрыжалі са злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына, а вочы блішчалі, як з падпечка. З рота нясло гарэлкай, і, гаворачы, ён пырскаў слінай на свайго швагра, Сымона, які сядзеў побач з ім. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сымона, вачыма, сядзела ў перадку. Яны вярталіся з хаўтураў па Марылі. Вярталіся без пары, бо п'яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Яны ехалі ўжо чацвёрты кіламетр ад Пагор'я, а Мікіта яшчэ ўсё трапятаўся. Толькі ўспомніць мёртвы Марылін твар і грукат жвіру па дошках труны — зноў хацелася біць насатую морду дурнога Івана, забойцы ягонай сястры…

— Эх, Мікіта, — гаварыў Сымон, — ты, бачыш, і на мяне ўжо злуеш. Тут, брат, ні бой, ні слёзы не памогуць. Ну што, наклеілі б нам, колькі б улезла, і ўсё… А трэба па-харошаму. Марылі не паднімеш, а пасаг трэба вярнуць. І поле, і карову. Дзяцей няма — чорту лысаму даруеш? Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. І ты не драмі ў шапку, а ў суд, па-харошаму, о! Тут яшчэ справа заблыталася, што поле змянілі, ды гэта таксама нічога.

— Гэта-то гэта, — згадзілася Стэпка, — а то запырскаецца, і ўсяго. Я і сама казала…

— Што ты казала? Я і сам ведаю, лепш за вас! Яна ў мяне не сястра, а сястрычка была, а ён!..

— Унь, машына, трымай! — перапыніла яго Стэпка. — Трымай хоць ты, Сымон!

З-за гары, бліснуўшы шклом на сонцы, якое ўжо заходзіла, з ровам выпаўз аўтобус.

— Я і сам сваю кабылу ўдзяржу! — крычаў Мікіта. — Ніякіх мне чарцей не трэба, сам гадаваў. Машка, глядзі!

А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.

— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот і рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў. Вясёлы шафёр пачаў трубіць.

— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.

Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына, — вядома ж, уся на вузлах, — лопнула, і Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.

— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.

— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі. Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут і адварочвала галаву, зубамі і губамі трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.

— Мала, мала яшчэ?..

Ад удару па косці храпы зайшлася болем Мікітава рука, а з Машчыных зубоў і губы пайшла кроў.

— Мала, мала яшчэ?..

Думаў, усю сваю крыўду выб'е. Пасля заплакаў, адышоўся. А яна толькі крутнула галавой ды зноў за каласы.

— Ну, і хіба ж ты гаспадар? Хіба ж гэтак трэба па-харошаму? Эх ты!.. — казаў Сымон, звязваючы ляйчыну.

Мікіта маўчаў. Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная.

— Памажы! — загадаў Сымон, беручыся складаць сцялежаны воз. Мікіта вінавата памог яму, а пасля папрасіў:

— Я лягу, Сымон, а ты за мяне пакіруй…

…Сонца зайшло, і пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой і камарамі. Машка, ужо зусім забыўшыся пра крыўду, рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брат гаварыў сястры аб тым, як ім трэба адсудзіць Марылін пасаг, — гаварыў спакойна, «па-харошаму». Сястра падтаквала яму. А мужык яе — бедны, аброслы Мікіта — ляжаў ніцма і не чуў: спачатку ён уздрыгваў ад глыбокага, недзе з-пад самага сэрца плачу, а потым заснуў і хроп.

«Вазьмуся, нябось, за яго!» — раз-пораз думала Стэпка.

* * *

— А справа, брат, вельмі простая, — казаў старому Жуку пан Чыжэўскі, — табе, значыцца, гэтак: бабе і сыну ўдзяўбі, што нябожчыца нявестка сама захацела свой пасаг прадаць, бо зямля была вам не з рукі. Вы хацелі тыя самыя паўтары дзесяціны ля дому купіць, а яна была гуляка: абы схадзіць хораша, з'есці, выпіць, цукерак, скажам, пасмактаць. Грошы, як вада, сюды-туды і перамыкала без толку…

— Неяк, бачыце, пане Чыжэўскі…

— Што тут «пане Чыжэўскі»… Сведкі — галоўнае. Ты, брат, сам павінен ведаць, не малы: не падмазаўшы, не паедзеш!..

— Я ведаю, я толькі да таго, ці ўдасца?

— Чаму ж раптам «не ўдасца»? Прысяга будзе, праўда, але хто ж яе сёння баіцца? Ну што, падумай, сведкі знойдуцца.

Гаварылі яны ў местачковай карчме, зашчапіўшыся ў баковачцы. На століку была бутэлька і закуска. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг і, як з усякай важнай справай, прыйшоў з павесткай да Чыжэўскага. Гэта быў местачковы кулак, які нажыў на гандлі свіннямі тоўстую кішэню і яшчэ таўсцейшую морду. З кожным днём ён рабіўся ўсё больш ды больш падобным да свайго тавару і выглядам і натурай. Усякая подласць, пачаўшы ад недаважвання і недалічвання і канчаючы хоць бы на сённяшняй справе, рабілася ім спрытна і з ахвотай, абы толькі было выгадна. Жук штогод прадаваў два-тры ўкормленыя парсюкі, і паміж ім і свінабоем Чыжэўскім даўно завязалася нейкая прыязь. Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яе…

— Ну, як ты, Жук, — надумаўся, ці мне шукаць?

— Што ж, хіба Лустач ці Свісток, — адказаў стары, падумаўшы.

— Абодва пойдуць, — сказаў свінабой. — А трэці ёсць у мяне. Гаваку Антося знаеш?

— Пэўна.

— Ну, дык ты іх ідзі пакліч. Абодва сёння на рынку. Ды, зрэшты, і Гаваку сам пакліч. Скажы яму, што я прасіў. А я вас тут пачакаю. Падрыхтую тут усё як мае быць…

…На рынку, у гушчары вазоў з задзёртымі аглоблямі, стары Жук першага знайшоў Лустача. Побач з ім каля воза стаяў і Раман Чачотка, па мянушцы Свісток.

Лустачыха, уладзіўшы свае справы, ужо сядзела на возе і глядзела на каня, які хрупаў сена з пярэдняга палукашка, — глядзела злосна і сумна, нібы чакаючы, калі ж гэты конь павернецца нарэшце задам і павязе яе дахаты. «І чаго ён яшчэ ўсё ные тут? — думала яна пра свайго чалавека. — Не лізнуў яшчэ, ліха яго галаве!..»

Жук павітаўся, адвёў Лустача ўбок і пачаў з ім шаптацца.

Лустач быў прымак з той даволі рэдкай пароды прымакоў, якія змаглі адразу захапіць у хаце ўладу, пасля чаго жонка толькі агрызаецца здалёк ды з асцярогай, не пападаючы пад руку. Гэта быў чалавек з сярэдняга гатунку подлых людзей, — усякай подласцю ён адстойваў толькі свае асабістыя справы, не нападаючы першы. Але за добрую чарку мог дапамагчы чалавеку, бо на сваю чарку не заўсёды хапала.

— Гэта можна, — сказаў ён, даволі хутка зразумеўшы Жука. Чаркай запахла густа. Прыйшло якраз тое, без чаго яму сумна было б вяртацца дахаты. — Раман! — паклікаў ён Свістка. — Ідзі сюды!

Раман Чачотка — высокі, лёгкі мужчына ў акуратных лапціках — служыў пры цару гарадавым і дагэтуль яшчэ не мог прывыкнуць да працы на гаспадарцы. За гэта яго і празвалі Свістком. Гаспадарка была малая, дзве дзесяціны, поле добрае, але без добрых рук хлеба яно давала няшмат. Свісток «зрабіў камбінацыю» — прадаў бацькаву гаспадарку і купіў шэсць дзесяцін пяску за Нёманам, куды перавёз свае старыя будынкі і стаў лічыцца лясным хутаранінам. Падраслі дзеці, пачалі араць той пясок лепш за бацьку, але пясок не стаў ад гэтага больш хлебным за чарназём, пакінуты ў роднай вёсцы. Нельга сказаць, каб Чачотка быў нездаволены іменна панскай уладай, каб ён, як іншыя беднякі, чакаў прыходу савецкай улады, — Свісток наогул, не залазячы глыбока ў палітыку, чакаў перамены, прыходу іншай улады, якая заўважыць яго і ўлічыць яго былыя заслугі і чын. Сёння Раман прыехаў купіць пудзік жыта на хлеб. Пачаўшы яшчэ з дому, ён усю дарогу «абдумваў камбінацыю», — як гэта ад тых дзвюх залатовак, што жонка сабрала, прадаючы яйкі і масла, адкалоць пару грошаў на чарку. Жонкі ён не баяўся. Зрэшты, і на кірмаш сёння прыехаў адзін. Але за жонкай цяпер стаялі два сыны, якія ўжо гаварылі з бацькам па-даросламу, і гэта было не вельмі прыемна…

Свісток стаяў з мяшком пад пахай, слухаў Жука і Лустача — сябра свайго яшчэ па японскай вайне — і з першых слоў уцяміў, што Бог нарэшце зірнуў на яго ласкавейшым вокам.

— Калі трэба, дык трэба, — сказаў ён. — Вось толькі мне скокнуць да Цукермана, жыта купіць.

— Скокнеш пасля, — сур'ёзна сказаў Лустач. — Цукерман твой у лес не ўцячэ.

— І гэта праўда, — таксама сур'ёзна згадзіўся Свісток. Ён падышоў да сябравага воза і кінуў на яго свой скручаны мяшок.

Лустачыха ўсё зразумела.

— Піліп, — сказала яна, — зноў наліжашся! А я тут стой да ночы.

— Упадак цябе не возьме, — адказаў прымак. — Сядзі вось ды бурчы колькі ўлезе. Пайшлі, мужчыны!

Стары Жук сказаў ім, куды ісці, а сам пайшоў шукаць Гаваку.

Гавака быў сёння на рынку таксама без бабы, з рабою, як зязюля, дачкой. Яна стаяла каля воза, гледзячы, як бацька збіраецца запрагаць кабылу.

Выслухаўшы просьбу Жука, Антось Гавака — мужчына ў новым, цаглянага колеру паўкажушку і ў добрых, зацярэбленых гноем ботах — павярнуў каня ў аглоблях галавой да перадка і паставіў дугу да кола.

— Калі Чыжэўскі там, — сказаў ён, — дык і я табе, браце, не вораг. Падыдзем і зробім.

Гэта ўжо быў пародзісты падлюга, для якога подласць даўно стала верай і шчасцем. Уся ваколіца, апроч яго нешматлікіх сяброў, людзей, вядома, «не менш талковых», думала пра Гаваку так, як думаюць пра гадзіну, на якую лепш за ўсё не наступаць. Ён наступаў амаль заўсёды першы. Нешта адразу пасля вайны Гавака захапіў за бясцэнак нядрэнны хутар паблізу ад свае вёскі, і, судом адагнаўшыся ад намаганняў законных нашчадкаў нябожчыка хутараніна, ён разласаваўся на суды і навучыўся іх выйграваць. Стравіць табе жыта ці авёс, ды глядзі, што і цябе яшчэ засудзіць, калі сунешся да «сэндзі пакою» — міравога суддзі.

Жука Гавака лічыў раўнёй сабе, «сапраўдным гаспадаром», і просьбу яго прыняў даволі ахвотна. Да таго ж яшчэ суд — справа прывычная, а дармовую чарку выпіць у добрай кампаніі — таксама можна.

— Яно, браце, дарэчы, я Чыжэўскага сёння не бачыў, — гаварыў ён, ідучы ад воза побач з Жуком.

* * *

Два тыдні пасля гэтага быў суд. Мікіту адмовілі ў іску, апіраючыся на сведак, якія аднагалосна давялі, што пасаг свой Марыля прадала сама і прагуляла. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы Навінкі куплены Жуком за яго кроўныя грошы…

— Устаць! — грымнуў судовы выканаўца. Прысутныя ўсталі. Суддзя надзеў сваю ярмолку і ўрачыста прачытаў:

— Іменем Рэчы Паспалітай польскай… і г.д. і г.д.

А перад ім стаяў растрапаны Мікіта, у лапцях і дзіравай куртцы. Гледзячы на задаволеныя морды Івана, старога Жука і іхніх сведак, яму хацелася хапіць з пакрытага зялёным сукном стала крыж з распятым богам і шпурнуць яго ў сытую, важную морду суддзі… Ды тут ужо была не Машка і не баба, на якіх можна бяскарна зганяць злосць, а грозны, непахісны мур, які яму не прабіць галавой.

— Пане сэндзя, — сказаў Мікіта, ужо са слязьмі на вачах, — я незадаволены судом, я буду падавацца далей…

— Маеце права, — спакойна адказаў суддзя, — на гэта ёсць акруговы суд у Наваградку.

…Пакуль у тым самым нумары карчмы Жук з сынам, Чыжэўскім і сведкамі замочвалі выйграны суд, гасцінцам шпарка тупала галубінай хадой худая гарапашніца Машка. Мікіта, выпіўшы з бяды, ляжаў ніцма на возе і ўжо зусім не мог разабрацца, ці прыняць крыўду, ці падавацца вышэй, — дзе яго, пры беднасці і прастаце, чакала хутчэй за ўсё яшчэ большая крыўда…

1937–1943

Кроў на сцяне

Спачатку было нас некалькі сот. Мы, марская пяхота, проста пяхота і рознае іншае войска. Усё, што ацалела, што магло ісці. Гналі нас на знаёмай дарозе. Польскія дзеці давалі нам яблыкі, хлеб, польскія маці плакалі. Другія суткі, ужо на варожай зямлі, нас везлі ў перапоўненым таварняку, без яды і вады, пад замком. Пяць сутак марылі за дратамі шталага, дзе нас было ўжо некалькі тысяч. Перапісалі, пабілі на групы, далі кожнай групе ахову, вахмана ці двух, і — за вароты, на працу.

З таго дня засталося нас дваццаць. З розных палкоў. Кадравікі і старая «рэзерва».

Нас прывезлі ў маёнтак, дзе над векавымі ліпамі дыміў комін вялікага бровара і млосным смуродам брагі было насычана ўсё навокал — ад шорсткіх, як перасохлыя вехці, вусоў зубатага вінакура да шэрых леташніх стагоў саломы далёка за гумнамі.

Дарогі з паўстанка ў маёнтак — не больш за кіламетр, а канваіраваць нашу арбайтскаманду выйшла іх, швабаў, з пятнаццаць. Паляўнічыя стрэльбы. Мушкеты нейкія, бадай, з эпохі Фрыдрыха Вялікага. Нагайка з алавянай галкай на канцы (гэтым узброіўся якраз той вінакур). І аўтамат. Сынок аконама, нагала стрыжаны шчанюк у форме гітлерюгенда, нёс яго на баявым узводзе, з пальцам на спуску.

Сустракалі нас, відаць, усе, хто ўжо або яшчэ трымаўся на нагах.

І ўсе глядзелі, вухкалі на нас, як на самых сапраўдных разбойнікаў…

Мы думалі, дзівакі, што тут нас, нарэшце, хоць трохі накормяць. («Немец спачатку дасць есці, а потым спытае работы», — гаварылі калісьці палонныя з першай сусветнай вайны.) А нам далі вялікія металічныя кашы, трохзубыя матычкі і пагналі ў поле. Ужо не па-святочнаму, без шыку — толькі наш вахман і аконам. За садам пачыналася бульба, а канчалася яна там, дзе, як у казцы, неба сутыкаецца з зямлёй. Бровару бульба патрэбна, а ўжо кастрычнік пачаўся — спазняемся. Так гаварыў аконам вахману.

І вось пацягнуліся змрочныя дні. Безліч бясконцых барознаў апоўзалі мы сырымі каленьмі, процьму кошыкаў бульбы выграблі з зямлі. А колькі ж бяссільнай нянавісці, горкай крыўды зазналі нашы нервы, затузаныя голадам, холадам, здзекам, тугой!..

Адно ўспамінаецца лёгка і светла — дружба.

Нядаўні наш ротны кухар Збых — цяпер не ў белым каўпаку і не з такой чырвонай, паліванай ражкай — самаахвярна апякаў гарачай бульбай рукі, выкладаючы яе з катла на доўгі стол, і ніколі не было таго, каб нехта з нас атрымаў пяць бульбін тады, калі другому прыходзілася чатыры з палавінай. Так было вечарамі. Раніцай сутачны хлебны паёк, па дзвесце грамаў, ён таксама дзяліў з аптэкарскай дакладнасцю. Тое ж было з абедзеннай бурдой, якую мы, без хлеба, сёрбалі заўсёды ў полі. Вечарамі, на нарах халоднай адрыны, пры кволенькай электрыцы (і на лямпачках эканомілі), мы рэзаліся ў самаробныя карты, бурна, часцей за ўсё па-пустому, але бяскрыўдна спрачаліся, рагаталі, спявалі, а потым, кожны па сабе, снілі волю і хлеб. Казік Халупка амаль штоночы крычаў і плакаў праз сон, паўтараючы «мама» і «Зося»… Крык гэты часта будзіў каго-небудзь з сяброў, нехта часамі нават уключаў святло і, стуліўшыся, доўга сядзеў на саломе. За дошкамі пераборкі, што аддзяляла нас ад канюшні, мерна жавалі і фыркалі коні, пазвоньваючы ланцугамі кантараў. Па чарапіцы манатонна паклёўваў бясконцы восеньскі дождж. А ў кутку, над смярдзючай парашай, варожай насмешкай цьмяна блішчала вялікае, рабое ад праталін люстра. Прачыналіся яшчэ адзін-другі, перакідаліся словам, тушылі святло і зноў аціхалі. На досвітку грымеў замок і чуўся агорклы вахманскі голас… Капаючы бульбу, мы старанна раўняліся ў рад, ніхто не вытыркаўся нават хоць бы на нос наперад, як ні стараліся нас падзадорыць на гэта брахлівыя, наіўныя батрачкі, як ні крычалі аконам ці вахман вечнае «польнішэс швайн!..».

Пасля, аднак, між намі аб'явілася гадзіна. Пажылы пехацінец, панурэйка Фліс, «рэзерва», з тых пазнанякаў, што гавораць трохі па-нямецку. Ён пачаў вырывацца ў рабоце, усё больш ды больш нахабна агрызаючыся з намі, завёў нейкія шэпты ды хаханькі з вахманам, і нават са сваімі збіваўся не толькі на мову, але і на думкі нашых гаспадароў. Тыя яго, вядома, хутка заўважылі і пачалі ставіць нам у прыклад удзячнай працавітасці, у доказ таго, што мы — няўдаліцы і нават сабатажнікі.

Неяк апаўдні аконам забраў Фліса з поля і павёў у зусім недалёкую вёску. Увечары Фліс вярнуўся ў нашу адрыну адзін, без вахмана, проста ззяючы ад шчасця. Ён будзе працаваць у цесця самога гера аконама! Ён будзе хадзіць туды сам і прыходзіць, як сёння, сам!.. Ён нажорся, як чоп, гэты рабочы гітлераў бугай, і з сабой прынёс бутэрброд, які доўга і даўка чвакаў, лежачы на спіне…

Гэтак пайшло штодня. Шчасце яго не ўмяшчалася ў ім. Ён мог гадзінамі бубніць пра ўсе падзеі свайго дня, пра кожны кавалак яды, пра кожны крок сваіх баўэраў… Яго, вядома, абсякалі. Ён трохі агрызаўся, а то баязліва маўчаў, нават і ў страху хітра пасміхаючыся. Найгорш, аднак, было тое, што сёй-той з нашых хлопцаў пачаў спакваля здавацца, прыкметна зайздросціць яму. Голад… А потым выбухнуў боцман Антоні. Ён быў малодшы механік з «Віхра», марак. Захварэў у жніўні, і вайна застала яго на беразе. У няволі Антоні як быццам да часу зняў з сябе набытае шматгадовай службай званне і стаў проста старэйшым таварышам, якога любілі за сціпласць, за ўсмешку і апавяданні пра рэйсы ў краіны неймаверна цікавых прыгод, у тым ліку, вядома, і самых зманлівых — з чужымі красунямі. Расказваў ён так шчодра, што мы прывыклі і засынаць пад гэтую дабрадушную буркатню, і прачынацца, і зноў засынаць… Бывала, слухаеш яго, задрэмлеш, зноў прачнешся, а ён усё сядзіць каля чыгуннай печкі, глядзіць на агонь і слініць-пакурвае люльку з нямецкай «сечкай». Прыўзнімешся на локці і скажаш яму (мы ўсе, намнога маладзейшыя, былі з ім на «ты»):

— Што, Антоні, цягніка чакаеш?

А ён усміхнецца — па-свойму сумнавата, добра — і ціха адкажа:

— Так, браце, курчэ пячонэ…

Гэтым «печаным куранём» ён падмяняў для сябе ўсю тую непрыкрыта грубую лаянку, якой мы з казармаў былі, здавалася, безнадзейна заражаны.

Значыцца, Фліс хваліўся сваімі гаспадарамі. І баўэр вельмі добры, і фраў добрая, і нявестка — таксама. Іхні адзіны сын быў недзе на вайне, камандзірам батарэі, а жонка яго, гэтая самая нявестка Кэта, хадзіла — ён і пра гэта не раз гаварыў — спачатку тоўстая, а потым нарадзіла хлопчыка. Камандзір батарэі неўзабаве, ужо ў пачатку зімы, прыехаў у адпачынак з французскай граніцы. І быў таксама вельмі добры з Флісам. Ажно руку яму гер лёйтнант Горст падаў, ажно паклікаў у спальню і пахваліўся нашчадкам…

Каб толькі ж гэта!

Калі пачаў ён, Горст, бацькам і Кэце паказваць свой франтавы альбом, дык узяў ды паклікаў таксама і Фліса з двара.

Альбом — з польскага фронту. Там былі вельмі прыгожыя — «чыстыя», Фліс гаварыў, — здымкі разбураных гарадоў, спаленых вёсак, трупы салдатаў, жанчын, дзяцей. «Многа такіх усякіх здымкаў». Што сам гер лёйтнант здымаў, а што здымалі іншыя, ягоным апаратам. То ён, гер лёйтнант, на маршы, верхам, перад усёй сваёй батарэяй. То ён рукой каманду падае: «Агонь!» То ён пасля глядзіць, любуецца, што нарабіў. Руіны, трупы — разам з ім.

— Гэтыя здымкі, — расказаў наш мармытун, — ну, тыя, дзе і ён, Горст павялічыў, нават пяць штук пад шклом прывёз, у рамачках такіх. І паразвешваў у хаце. Адзін дык над ложкам у Кэты, у саменькіх галавах. А яна…

— Маўчаць! Ты… скур-вы-сын! Ты мне…

Антоні ўсхапіўся ля печкі.

— Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..

Антоні ажно задыхаўся.

Мардаты Фліс, які сядзеў на нарах, асеў глыбей у салому, прыгорбіўся. Змоўк. І глядзіць на Антонія, на нас, нібыта ўпершыню адчуў, што ён — яшчэ тут, што ён — адзін супроць усіх…

Далей было, што было, калі ён зноў акрыяў, — назаўтра, наогул пасля, — а ў той вечар ён звяў і раскіс, як дзярмо. Проста гадка глядзець… Зрэшты, і потым ён не палепшаў, а толькі стаіўся. Ды гэта — пазней…

А ў тую ноч, калі ўсе ўжо спалі, а я прачнуўся, як ад штуршка, Антоні яшчэ ўсё сядзеў каля печкі. Я ўстаў і падышоў да яго. Сеў побач, на другой табурэтцы. Антоні слініў-пакурваў сваю люлечку, што ўжо, здаецца, даўно не дыміла, і пёк на распаленай да чырвані печцы бульбу, нарэзаную проста пялёсткамі.

— Бяры, Уладак, еш, — усміхнуўся ён. Зноў ранейшы — спакойны і добры.

Я маўчаў. Нават падзякаваў кіўком, узяўшы гарачы, хрусткі скрылёк.

— Табе не холадна?

«Не», — закруціў я галавой. Салгаў. Бо плечы пад ушчэнт зношанай кашуляй яшчэ падрыгвалі ад холаду, які быў за намі — навокал і ўверсе.

— Сагрэешся трохі…

Ён, мусіць, зразумеў, што я і ўстаў, і чакаю — не так сабе. І ён неўзабаве пачаў:

— Над узгалоўем… Чуў?

Я ўсё маўчаў, чакаючы.

— Ты на Аксыўскай Кэмпе быў?

— А дзе ж я быў? — азваўся я нарэшце, ледзь не злосна.

— Быў, дык і ведаеш, як было. За пару дзён да канца. Ужо зусім ні зброі, ні надзеі,ні парадку… Ноччу яшчэ ўсё кідалі жменькі людзей на іх акопы. А замену пярэдняй лініі рабілі, курчэ пячонэ, удзень, пад абстрэлам у тыл адыходзілі. Зрэшты, дзе быў той фронт, дзе той тыл? Як на смех, прыціснулі нас — такою сілай! — да мора, а тут у цябе адна вінтоўка — і на гарматы, і на самалёты. Як бога кохам, сам бачыў, як нейкі рэзервіст абцасам адбіваў затвор карабіна. Здаецца, італьянскага, ці, можа, нават рымскага яшчэ. Узброілі! Крычалі толькі: і самі магутныя, і саюзнікі… Што ж, мы, салдаты, рабілі, што маглі…

Апаўдні — так, семнаццатага — нас змянілі. Каля Пагужа. Мы там два дні праляжалі. Адступілі, як і заўсёды, пад агнём. Спыніліся на нейкім хутарку. Яблыкі елі, нават паселі чысціць зброю. А тут — на табе!.. Першы выбухнуў на раллі за плотам, другі метраў за трыццаць правей, а тады — сам ведаеш, як гэта робіцца, — абмацалі і залпамі!.. Пяць чалавек, мы дабеглі да вёскі і распаўзліся па норах. А яны па нас, курчэ пячонэ, малоцяць!.. Калі пераціхла, я — ну, усё ж старшы — выйшаў з пустога дома, пайшоў шукаць сваіх людзей. Двух сядзелі за малачарняй, а двух знайшлі мы ў пограбе, разам з цывілямі.

Спусціўся я туды адзін. Гудуць у цемры — моляцца, плачуць. Сам ведаеш — дзеці, старыя, жанчыцы… Страшна. Прывык я трохі да цемры, бачу— налева ад увахода, прытуліўшыся да сырой мураванай сцяны, стаіць дзяўчынка. Малая, дробная, гадоў пяць-шэсць. Трасецца ўся і шэпча, следам за ўсімі:

— Пад тваю абарону… святая…

І шаптаць не можа — дрыжыць.

— Яворскі! Сойц!

Аказваюцца глуха, неахвотна. Сорамна. Не хочацца.

— Ану выходзь!

Дзяўчынка спалохана адсунулася ад мяне, далей у цёмнае. Відаць, я быў усё-такі страшны. А што ж — аброслы, брудны, як чорт, гранаты, каска, карабін. Як жывая, стаіць у вачах — замурзаны тварык, плечы дрыжаць і падбародачак. А як глядзела яна!..

Так, хлопча, мы былі салдатамі. А ўсё ж баяліся і мы. Ты як? Можа, гэта і сорамна… Я асабліва баяўся артылерыі. Страшная ўлада металу над бедным, кволым целам чалавека… Курчэ пячонэ! Як часта хацелася крыкнуць: за што?.. Ну, ды гэта — не па-салдацку. Бо мы не мелі права на страх. І мы яго…

А дзяўчынка? За што па гэтай галоўцы жалезам? І па вачах, і па ручках, якія дрыжаць?.. Мяне адразу здушыла штосьці за горла, вось так — ад грудзей угару. Забыўся, што і старшы ў групе. Так, Уладак, я меў дзяўчыну, хацеў ажаніцца сёлета, хацеў мець дзяцей. Не многа — толькі б такую, як тая…

— Кася, не бойся, дурненькая, — азвалася з кута жанчына. Маці. Яна сядзела на клунку дабра, трымала на руках грудное. — Пан Бог не дазволіць. І маці яго прасвятая таксама. А гэты пан — добры. Ён бароніць ад немца. Дай пану яблыка. На!..

Малая ўзяла яблыка і працягнула яго мне. Рука дрыжыць. Шапнула штосьці нячутнае.

Мне б цябе затуліць на руках, мне б цябе вынесці з гэтага пекла, а я толькі сказаў:

— Не бойся, дзяўчынка. Усё будзе добра.

Баліць душа ад гэтых слоў… І сёння, хлопча, таксама…

А тут жа ўсё, сам ведаеш, грымяць ды грымяць, ірвуцца ды рвуцца снарады. Якраз тады, калі я ўзяў яблыка і сказаў тыя словы, — вельмі блізка громам раскалоўся выбух, і ўсе мы на момант сціхлі. Я, як заўсёды, зажмурыўся, нават, здаецца, прысеў. Інстынктыўна. Дзяўчынка кінулася ад мяне з прарэзлівым крыкам:

— Мамуся!..

Калі ж адспявалі — недзе над намі — асколкі, у перапынку паміж выбухамі зноў заварушылася жыццё. Зноў пачуліся словы:

— Касю, не бойся, дурная. Пан Бог і маці яго прасвятая…

О, курчэ пячонэ!.. О, шваб!..

Тады я выйшаў з зямлянкі адзін. Стаў пад дрэвам, гляджу. Дзве дзеўкі вылезлі з таго самага пограба і, пакуль я сабраўся спыніць іх, пабеглі. Я крыкнуў — нават не азірнуліся. А тут — нібы спецыяльна заўважыўшы іх — снарад! Я інстынктыўна ўпаў. Віскат асколкаў, дзявочы лямант. «Ну, ёсць!» — мільганула ў маёй галаве. Ды не — абедзве яны праляцелі назад і нырнулі ў сховішча. Зноў выбух! «Намацвае! Заўважыў!..» І сталася, хлопча…

Ён такі, мусіць, заўважыў. Што ты хочаш — у Гдыні з акон стралялі па нас, з гарышчаў. Мясцовыя немцы. На дрэвах — у полі, у вёсках — сядзелі карэкціроўшчыкі. Ты думаеш, чаму так трапна біла іх артылерыя?..

Пограб, вядома, абрушыла. Два пападанні. Мы ўжо хацелі пайсці адтуль, але Зыгмусь упяўся, калі аціхла: «Не, адкапаем сяброў!» Бо і людзі сабраліся, з нораў другіх павылазілі, па лапаты пайшлі.

Амаль усе ў тым пограбе былі нежывыя. І Кася — таксама… Толькі маці яе ацалела ў кутку. Нейкім цудам, як быццам на гора сваё.

Мы вынеслі малую на траву. Маці яе вывелі пад рукі. Села пры ёй. А грудное — яно ацалела таксама — жанчыны забралі.

Кася, відаць, зноў стаяла каля сцяны… Не, Уладак, я табе не скажу, як яна… Сойцу тады адарвала абедзве нагі, ён яшчэ дыхаў, калі мы яго адкапалі. Яворскага амаль што не было. А малую… Ды не!..

Калі я потым, зусім пад вечар, праходзіў там — маці яшчэ ўсё сядзела. Слата церушыла, навокал грымела, ракеты ўжо сям-там успыхвалі сцішнаватым святлом. Усіх ужо там прыбралі, забітых. А Касю жанчына ўсё не давала забраць. Яе не чапалі і не ўгаворвалі. Толькі малую прыкрылі дзяружкай.

Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву і ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. І на мяне, хоць і не бачыла, мусіць. І зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той Бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…

Антоні змоўк.

А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:

«Ён тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»

1942

Мой зямляк

1

Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты. Вудачкі, вуды, начныя шнуры, венцер, восці, сачок — уся гэтая рыбацкая снасць пушчалася ў ход. Зрэбная торба была заўсёды мокрая і поўная. Калі часам не хапала рыбы — на спод торбы ішла трава, а дробнарыбіца зайздросна прыкрывалася зеленаватымі, лычастымі шчупакамі, паласатымі акунямі, язямі… І заўсёды наверх ганарыста тырчаў хвост найбольшай у той дзень «штукі». Да пояса мокры, цяжкай мядзведжай хадой ён чмакаў па залітым лузе, а следам за ім асцярожна хляпала хітранькая сучка.

— Вудзіць дык вудзіш, а вячэраць хрэн будзеш? — спатыкаў яго нехта з суседзяў.

— Сёння, браце, шчупачка ганяў па лузе, — спакойна адказваў ён. — Ніяк, ліха яму! Трэба будзе яшчэ заўтра падысці. Дваццаць чатыры фунты!

— Ха-ха-ха! — рагатаў сусед. — А ты, брат, і зважыў яго, не злавіўшы?

Верная сучка нездаволена вурчала, як сцянны гадзіннік перад боем, а потым злосна брахала — гаў! гаў!..

— Мушка, цыц! — суцішаў яе гаспадар. Мушка вінавата спушчала мутныя вочы і бахкала мокрым хвастом на яго таксама мокрай зрэбнай калашыне.

А ён зусім спакойна пачынаў пра другое.

Ён ніколі не стараўся ўпэўніць іншых у тым, што кажа праўду. Кожны, хто знаў Паўлюка, ведаў, што дзядзька гэты — манюка.

«Ах ты, Паўлюк, што ж ты маніш!» — сарамацілі ў нашай вёсцы лгуноў.

Аднак Паўлюкова мана была адменнай ад простай маны.

Ніхто не ўмеў так «марозіць». І тады, калі звычайнай балбатнёй пагарджалі, — Паўлюк за сваю бескарысную, мастацкую ману быў вядомы далёка. Былі выпадкі, калі яго ноччу, толькі па голасе, пазнавалі ў пятай — дзесятай вёсцы.

І пэўна: шчупак мог быць і ўсіх толькі дзесяць фунтаў, але, ганяючыся за ім па лузе, залітым ад вяснянай паводкі, Паўлюку чамусьці неадчэпна думалася, што «шчупачок» напэўна дваццаць чатыры фунты, таксама як той, што летась увосень папаўся яму на вуду.

Зімой, у душнай накуранай хаце, пры газніцы, мужчыны прасілі:

— Ану, Паўлюк, змарозь што-небудь яшчэ, бо нешта ўсе, як мокрыя, маўчаць.

— Адамовіч сабачку дастаў, — пачынаў Паўлюк, крыху паправіўшы калматую, як воз канюшыны, авечую шапку.

Адамовіч — хутаранін, за пятнаццаць кіламетраў ад нашай вёскі, аднак ніхто з мужчын не дзівіцца таму, што Паўлюк знае ўжо і таго «сабачку».

— Хацеў я ў хату зайсці, дык ён, зараза, стаў на парозе, разгірачыўшыся, ды толькі — ур-р-р…

Мужчын пачынае разварушваць: павінен быць сапраўды цікавы «сабачка», калі нават Паўлюка не паслухаў. Бо заўсёды амаль хапала таго, каб Паўлюк пагудзеў яму, пагладзіў па лабаціне, прыцмокнуў — і зноў новы «сабачка» пакорна чыкаў услед мядзведжым лапцям чарадзея. А гэты, бачыш, — ур-р-р…

— А ноччу, — гудзіць далей Паўлюк, — сядзе сярод двара, натапырыцца і слухае. Пасля гэта — чык-чык-чык — хутар вакол абяжыць, праверыць усюды. І зноў сеў. І так, браце, усю ноч. «Эх, — кажа стары Адамовіч, — каб ён тады ў мяне быў, не звялі б цыганы маю Сіўку». Дваццаць восем пудоў зімкі аддаў за яго…

— Ну ж мы і рагаталі! — кажа нехта з мужчын, хочучы спыніць расказчыка на найвышэйшым напружанні маны.

Гэта — словы самога Паўлюка: калі яму часам і самому ўжо стане моташна ад лішне смелай маны, ён папраўляе на вочы шапку і канчае не зусім удалую казку так: «Ну ж мы і рагаталі».

Мужчыны смяюцца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць, хоць бы што. Праўда, дваццаць восем пудоў азімай пшаніцы — гэта амаль каровіна цана, аднак цяжка іначай акрэсліць незвычайную вартасць «сабачкі». Сам Паўлюк, каб і меў тых дваццаць восем пудоў, можа, і не даў бы іх за сабаку, аднак свае два-тры, а то і ўвесь пяток сабачак ён харчуе зімой аўсяным цестам, спаборнічаючы са сваёй Гануляй, якая корміць тады парсюка.

— Цікава толькі, — казаў нехта з мужчын, — як таго сабачку не заб'юць.

Дзядзька Васіль, дзюбаносы, як галка, і з такімі ж, як у галкі, жывенькімі, хітрымі вочкамі, уперад заходзіцца ціхім нутраным смехам, а потым кажа:

— У яго там пасярод двара замест буды тая самая конская печань ляжыць, дык ён пад печань — хоп! І ўсё.

Узнімаецца рогат.

І сам Паўлюк, папраўляючы шапку, спачатку ўхмыляецца, а потым — хэ-хэ-хэ — смяецца здаравеннымі грудзьмі.

А справа з печанню заключалася ў тым, што ў Румыніі, бачыце, ды ў тым палку царскай артылерыі, дзе Паўлюк служыў у сусветную вайну чубатым, галасістым бамбардзірам, былі зусім незвычайныя жарабцы. Калі аднойчы Паўлюковага «жарэбчыка» парвала снарадам, Паўлюк ад наступнага снарада надзейна схаваўся пад ягонай печанню. Пабіла пасля амаль усіх жарэбчыкаў у батарэі, і прыйшлося папаўняць яе румынскімі коньмі. Румынскі конь — «як сабачка», а расейскі хамут, прынамсі, у той батарэі, такі, што Паўлюк праходзіў у яго, прыгнуўшыся не больш, як у дзвярах свае хаты. Навялі румынскіх канюкоў, думалі, думалі, што рабіць, а потым гэта — па два ў хамут, па два ў хамут!..

* * *

Сабак Паўлюк мяняў не горш, як цыган коней. Кожны чарговы сабачка, трапіўшы да яго, перш за ўсё пазбываўся роднага імені і хутка звыкаўся з тым, што ён ужо не Курта, а Жэўжык ці Жук. Калі ён, высалапіўшы язык, цяхкаў услед за зайцам і не даганяў яго, тады пазбываўся хваста і іншых, лішніх на погляд гаспадара, дробязей. Калі ж і пасля такой палёгкі яму не ўдавалася накрыць «зайчыка», — ён некуды знікаў, а на месца яго неўзабаве паступаў іншы. Варта было навічку быць цікавым і шустрым, — і Паўлюк, ведучы яго дахаты, не тузаў, крый бог, за аборачку, а ўслед за цюцькам цяжка цёпкаў подбегам. Сучкі знікалі тады, калі яны не давалі пажаданага прыплоду. Затое ўдалы вывадак акружаўся проста-такі бацькоўскім клопатам. Сука ела цеста, а цёпленькія, з прэсным пахам, смактуны — малако, на роўных правах з Паўлюковымі дзецьмі. Крывалапы пузачык хлябтаў, а здаравенны Паўлюк кленчыў ці станавіўся ззаду яго ракам і тузаў цюціка за хвост. Давячыся малаком, шчанюк цяўкаў, і, на першыя адзнакі злосці, Паўлюк смяяўся, як малы. Цюцькі вучыліся хапаць за калошы, брахаць на чужых, не чапаць курэй, а ганяцца за свіннямі, станавіцца дыбка, даваць лапу, казыраць да адвіслага вуха і іншае рабіць, не менш патрэбнае. Адзін ці два выдатнікі гэтай вучобы пакідаліся сабе, а рэшта спушчалася ў людзі. Каля плота была вялікая сямейная буда. Калі не сука з сям'ёй, дык проста дзяжурны сабачка званіў кальцом ланцуга на дроце ўздоўж двара. Побач з будой Паўлюк гаспадарліва падсцілаў салому. Вясной ён выклікаў сваю Ганну з-за красён на двор і, паказаўшы на ладны вазок гною, хітра пасміхаючыся, казаў: «А што, глядзі!» Таксама як кожны ўпаляваны зайчык, гэты воз павінен быў давесці, што Паўлюк недарма марнуе на сабак аўсяную муку і высеўкі. Ганна злосна плявала, а ён, дабрадушна пасміхаючыся, вёз гэты новы гатунак угнаення на свой вузкі, гарбаты загон. Услед за ім фанабэрыста, пераможна задраўшы хвасты, беглі адзін-два сабачкі.

…Аднойчы летнім вечарам, калі ад цёплай ракі паднімаецца пара, мы цягалі з ім сетку, удвух. Ціха заходзілі, ціха тапталі нагамі, падводзячы сетку да берага. Пасля паднімалі яе на сябе, адцэджваючы спалоханых са сну плотак, заграбалі іх у мокрыя торбы на шыях і задаволена, смачна пакрэхтвалі. Найбольшай удачай таго вечара быў вялікі, быццам знарок для нас адкормлены, язюк. Ён толькі што ўшыўся тупым рылам у аер і салодка задрамаў, а тут мы яго зачэрпалі! Паўлюк прагна ашчарэпіў яго ўчэпістымі лапамі і шчасліва смяяўся: «А-та-та!..» Увесь час рыбалкі я любаваўся на тое, як з паднятай сеткі гэтаксама, як з вады, струменілася пара, як вочкі сеткі зацягваліся плеўкай, а потым плеўка лопала, і, услед за дзесяткамі іншых кропель, у ваду ападала яшчэ адна кропелька. Гледзячы на Паўлюка, асабліва калі ён задаволена, быццам ужо смакуючы яго, рагатаў над язюком: «Эх, браце, а мы ж цябе ажэнім з паўлітроўкай!» — мне думалася грэшнай справай, што дзядзька далёкі ад маіх пачуццяў бескарыснага захаплення. Аднак ён раптам, ды ў самую адказную хвіліну, калі трэба было заходзіць-заганяць ад берага, спыніўся, заціх, загледзеўся, а потым сказаў:

— Паглядзі, засынае!..

І праўда, рака засынала.

…Вясной трыццаць восьмага года панскія паліцыянты прынеслі ў нашу вёску яшчэ адзін новы загад: звясці ўсіх галубоў. Таму што ў нас, бачыце, «прыгранічная паласа». Паўлюк, вядома, не паслухаў загаду, — і раз, і другі раз. І толькі пасля таго, як яго аштрафавалі і Ганна пачала з ім няшчадную барацьбу за знішчэнне галубоў, — Паўлюк злавіў тры апошнія пары вертуноў, каб завезці іх да сябра ў далёкую вёску, туды, дзе канчалася «прыгранічная паласа». Аднак ён не здолеў зрабіць гэтага. У вёсцы яшчэ развязаў і зняў хустку, якой быў абвязаны кошык. Чубатыя, пярэстыя прыгажуны, пабліскваючы сінню і чырванню сваіх латаў, аслепленыя сонцам, збянтэжана застылі.

— Перад ліхім канцом вар'яцеюць, крукі!

Гэта Паўлюк — пра паліцыю.

Стары голуб-павадыр падняўся першы. Ён патаптаўся кашлатымі і чырвонымі, быццам з морквы, ножкамі, скокнуў на край кошыка, залопаў крыллямі і ўзняўся. За ім узнялася ўся сям'я. Пакуль яны радасна кружылі пад пярэстым ад хмарак блакітам, Паўлюк, загледзеўшыся ўгару, гудзеў:

— Скулу вам, паночкі, не аддам!

Гэтак вось скупа і рэдка выказваў ён свае пачуцці да прыроды.

І толькі раз мне давядося пачуць, як ён іх абараняў.

Нехта з маладых, асабліва старанных гаспадарыкаў упікнуў Паўлюка тым, што ён замест парсюка корміць цестам сабак.

— Сюды-туды і сем пудоў! — усхваляваны загудзеў Паўлюк. — І сем пудоў, і капейка, і скварка на лета!.. А ці ведаеш ты, што такое любоў, хараство? То ж кветачка цвіце, і то… Ды што табе!.. Свінтух сем год не стрыжаны…

Гэта было міжвольнае прызнанне, ужытае ў парадку самаабароны.

* * *

Толькі паэзія цяжкай гаспадарскай працы была яму, бадай, зусім чужой.

Вось ён вяртаецца з поля, з сярпом ці з касою. Уперадзе, быццам на разведку, бяжыць сабачка, абнюхваючы кожны кусцік шчавука ці асоту і на кожны з іх паднімаючы нагу. За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі. Яна наелася за дзень, а ўсё ж час ад часу хапае сівыя мяцёлкі аўса і на вокрык Паўлюка, а то і сама, вінавата трухціць наперад. Другі сабачка, больш любімы ў той час, ідзе збоку, аціраючыся аб калошу Паўлюковых портак. Спераду, на грудзях Паўлюка, звоніць жмут іржавага ланцуга і матляецца шпень: на ланцугу Паўлюк вядзе цялушку. Шырока расставіўшы вушы, цялушка то дэбае спакойна, то раптам трухціць, каб чамусьці панюхаць сабачку або тузануць за бараду адзін з тых трох снапоў аўса, што на спіне гаспадара. Побач з цялушкай, на вяроўцы, ідзе каза. Ззаду — гуллівы козлік, яшчэ безбароды, з маленькімі гузамі рожак, але таксама, як матка, задзёршы хвосцік.

— Здароў, Рабінзон! — спаткаеш яго, як заўсёды з усмешкай.

— Ячмень, браце, жаў. Цэлы дзень! Ажно ў вачах жоўта.

Разыдзешся з ім, яшчэ і яшчэ раз засмяешся, а потым толькі належна раскусіш, колькі бязлітаснай спёкі, ныцця ў паясніцы і лайдацкай пакуты ўложана ў гэтыя словы.

Таксама, як жоўта ў вачах ад ячменю, зялёна бывала ад касы, шэра ад плуга. «Каб рабіць было добра, дык і воўк рабіў бы», — жартам апраўдваўся Паўлюк.

Аднак трэба сказаць, што пры ўсім гэтым ён жыў ніштавата.

Бадай за цэлых два работнікі трапяталася Ганна.

Сам жа ён прырабляў вартаваннем, быў, як гавораць у нас, паплаўнічым.

За вёскай, абапал ракі, да самай пушчы стэпам ляжалі панскія і сялянскі лугі. Вартаваў іх Паўлюк. Вясной над ракою ўставала калматая лазовая буда. Тут паплаўнічы жыў да апошняй атавы. У поўдзень сабачкі ў будцы, ахоўваючы сон гаспадара, злосна бурчалі праз солад дрымоты ці члапалі на дакучлівых мух і аваднёў. А ноччу яны рабілі з Паўлюком абход ці аб'езд на Мышатцы сваіх неабсяжных уладанняў, — шукалі зладзеяў-начлежнікаў. Мышатка шчасліва выпасвалася на мурожным прыволлі, тут і жарабілася, і неўзабаве вакол яе, непакоячы кветкі, з кволым іржаннем гайсаў новы жарабок ці жаробачка. Вечары і раніцы Паўлюк праседжваў над адвоямі, узброены рознакалібернымі вудамі, цярпеннем і вопытам лепшага ў ваколіцы рыбака. І ў сорак — сорак пяць гадоў ён, — паўнакроўны, вясёлы мядзведзь, — ніяк не мог выжыць прывычак сваёй разгульнай маладосці. Былі ночы, калі ён пакідаў сабак і Мышатку адных і плёўся лугамі ў суседнія вёскі па мёд з чужых вулляў… Бывала і так, што гэты мёд — маладзіца ці ўдоўка — сам прыходзіў да мядзведзя пад духмяную засень яго вялай лазовай бярлогі. Здаравенныя боты яшчэ надзіва добра выбівалі чачотачку, а вечарамі, у вясковых хорах, голас яго верхаводзіў па-ранейшаму. Зімой, аб'ехаўшы навакольныя маёнткі і вёскі, Мышатка горда цягнула дахаты мяхі збожжа — плату за вартаванне.

У вартаванні гэтым быў толькі адзін за лета цяжкаваты тыдзень. Перад касавіцай трэба было палажыць на рацэ сезонны мост. Ды і тут Паўлюк уладжваў справу па-свойму. Памагаць яму прыходзіў цесць, яго вечны памочнік, быццам даўжнік, пакутнік за нейкія грахі. Ад берага да берага снавала чайка. Гупала шляга, заганяючы палі. З-пад сякеры на ціхую ваду ападалі сухія яловыя трэскі. І, мусіць, гледзячы на тое, як іх адразу кружыла на месцы, а потым нясло за вадой, у галаве Паўлюка складалася новая казка.

— Ты бачыў шапку ў майго цесця? — гудзеў ён, дачакаўшыся каго-небудзь. — Царская, браце, круглая, як рэшата. Дваццаць гадоў, як Мікалая скінулі, а цесць гэту шапку ніяк не даносіць. Зацягалі мы бэльку на мост. І як ён пакаўзнуўся — ба-бах у ваду. Бэлька, браце, за ім! Шчасце яшчэ, што паспеў схавацца пад ваду: як гапнула, толькі вада слупам! Бэлька выплыла і адплылася, а цесця — няма… Толькі бурбалкі са дна — буль-буль… А потым шапка — выплывае!.. Выплыла, закружылася на месцы, а тады ўжо сам цесць — вылазіць з-пад вады. І адразу ў злосць. «Чаго ты, — кажу, — на мяне, ці ж я цябе папіхаў?..»

Спаважны, ціхі мужчынка — цесць — яшчэ лёгка ступаў па зямлі худымі босымі нагамі, а ўслед за ім пайшла па вёсцы новая казка зяця, — хоць бяры тую «царскую» шапку нарэшце скідай!

2

З усіх Паўлюковых сабак найлепш я памятаю двух. Адзін быў звычайны гаспадарскі Цюлік. Другі ж быў гончы, хорт, якога Паўлюк горда зваў Ваўкадавам.

Перад летам, як толькі на нашым балоце вывадкі дзікіх качак абрасталі першым пер'ем, Цюлік паказваў свае паляўнічыя здольнасці. Маладыя качкі лятаць яшчэ не маглі. Яны прабіраліся па куп'і, аеры ці асацэ — пехатой, а вадою, вядома, уплаў. Паўлюк заставаўся на грудзе ці брыў следам за Цюлікам так далёка ззаду, каб не перашкаджаць яму. Старыя качкі ўзляталі, а сыты, цяжкі падлётак застываў, прытаіўшыся ў асацэ ці між куп'я, пакуль не трапляўся на нюх Цюліку. Сабачка далікатна паднімаў яго за крылы, паказваючы здобыч гаспадару. Калі ж больш рухавы падлётак з крыкам кідаўся ўцякаць — плысці подлетам па балотнай вадзе, разганяючы раску, — Цюлік абурана кідаўся за ім і даганяў. Дахаты Паўлюк вяртаўся абвешаны жывымі качкамі і горда казаў сваёй Ганне:

— А што, глядзі!

Ваўкадаў вечна снаваў следам за Паўлюком, маркотна апусціўшы да зямлі вострую мызачку.

— Жалезная! — горда казаў Паўлюк пра гэтую мызу. — Як абцугамі бярэ! А ногі, браце, зірні!..

І праўда: абы толькі зайчык папаўся на вочы, Ваўкадаў, распасцёршыся ў пагон, заўсёды насцігаў яго, і на заячую спінку ці гарляк хапала таго, каб ён раз толькі цапнуў зубамі. Хуткасць доўгіх ног і моц «жалезнай» мызы Ваўкадаў найлепш паказаў Паўлюку, злавіўшы за адзін год два лісы, што было, дарэчы кажучы, сурова забаронена для такіх, як Паўлюк.

Аднак ні Цюлік, ні Ваўкадаў не прабылі ў яго лішне доўга. Паўлюк быў верны сваёй натуры: Цюліка ён змяняў, здаецца, на Ваўкадава, а Ваўкадава адступіў пану за іншага сабачку і за некалькі пнёў лесу на новую хату ў прыдачу.

З ліку «сабачак», якія перайшлі цераз Паўлюковы рукі, толькі гэтыя два ў нейкай меры замянілі яму адсутнасць правай рукі паляўнічага — стрэльбы. Праз доўгія дваццаць год панавання пілсудчыкаў Паўлюк мог толькі марыць пра яе.

Незабыўны верасень трыццаць дзевятага года зрабіў яго нарэшце сапраўдным паляўнічым.

* * *

Пачалася жоўтая восень.

Пад ботамі прыемна шуршала залатое лісцё маладога бярэзніку, сяды-тады патрэскваў сучок, а спакойны мядзведжы голас гудзеў:

— Сустрэў мяне Царучок (сапраўднае прозвішча ляснога хутараніна Царук, але ў Паўлюка ён «Царучок» — таксама, як ваўчок, сабачка, зайчык), — дай, кажа, браце, раду, — усю бульбу перарылі! Ну што ж, я ламаначку ўзяў і пайшоў. Засеў, чакаю. Нешта так і не доўга чакаў. Чую — чухаюць сцежкай адзін за адным. Прымергаваўся я, бачу — ідуць. Першы, браце, здаровы лабач, унурыўся, чэша, а ўслед за ім яшчэ з восем. Задні шляхціц дык зусім яшчэ кныручок. Важак, мусіць, пачуў мяне, ліха яму, бо — гоп! ды — гу-у!..

«Ламаначка» ў Паўлюка за плячыма. Ён раптам спыняецца, разгірачыўшы здаравенныя боты, а рукі настаўляе на падабенства вушэй вепрука.

— Я гэта, браце, яму калі ткнуў! Ён на дыбы ды ўголас! А заднія як чмыхануць! Гэты за імі з гарачкі здорава часаў. Я з сабачкамі ўслед. Каб ты выдах! — толькі досвіткам знайшлі мы яго ў гушчары, у ламаччы. Яшчэ цёпленькі. Кашкануў я яго нагой, дык ён: гу-у! як праз сон. Зарадзіў я ламаначку, яшчэ раз цюкнуў яму, так ён душой і загавеў. «Ну, а цяпер што?» — кажу я на Мурзу. Круціць, падла, хвастом. Думаў я, думаў, мергаваўся, мергаваўся — ніяк. Гляджу — пачаў вепручок пруцянець. Стой жа, — думаю я, — ты сам мне паможаш. Прыўзняў яго за хіб, паставіў і трымаю. Сабачка — аж канчаецца! — то за вуха яго, то за нагу! Пшоў вон! — пусціў я адну руку, замахнуўся. Гляджу — стаіць вепручок, сам стаіць! Пусціў я другую руку, а сам гэта тыц пад яго з галавой. А гэты, ліха яму, за сцягняк яго ззаду — як хваціць. Вепручок так і сеў мне на карак. Свету белага, браце, не бачу, — мызаю ў мох, — ну, думаю, дайшоў Паўлюк. Як узяла мяне злосць, як уляпіўся я за зямлю, як упяўся, — устаў! Цяпер як жа ламанку падняць? «Падай, — кажу, — сукін сын!» Махае, падла, хвастом, падвільвае. Прыгнуўся я, падняў ламаначку, павалок… Аж у вачах, браце, цёмна! Ледзь далез да Царучка. Зваліў, давай будзіць… Дванаццаць, браце, пудоў!..

Мне карціць памагчы Паўлюку кончыць лішне багатую казку вядомым спосабам: «Ну ж мы і рагаталі!», — але я маўчаў. Як не маўчаць! — гэта ж сёння, нарэшце, ён узяў мяне з сабой на вепручкоў. За плячыма ў мяне другая ламаначка, з якой я хутка пальну. Ламаначка таксама Паўлюкова.

І вось мы сядзім у засадзе. На лузе яшчэ дзень, а ў гушчары сутуняецца. Падкурчаныя ногі ныюць, ды я баюся правіць іх, каб не спудзіць дзічыну, якая вось-вось… Першы стрэл — Паўлюкоў, бо на яго, ён кажа, пойдзе вепручок. Калі Паўлюковага стрэлу не хопіць — я павінен «цюкнуць» яшчэ раз. Калі ж ён сядзе адразу — я павінен біць па другім. Разам з Паўлюком за пнём прытаіўся Мурза, вось-вось гатовы скочыць на любога вепручка.

Хвіліны цягнуцца, цягнуцца, ныюць… І раптам — ёсць! Зусім недалёка пачулася «чуханне», затым з-за альховай падсады, за некалькі крокаў ад мяне, паказалася страшэнная лабаціна. Першае, што я паспеў падумаць, было тое, што лабаціна і клыкі — на мяне! Тады я нацэліўся, зажмурыўся і пальнуў!..

Я спадзяваўся на візг і на Паўлюкоў стрэл, аднак… пачуў толькі адчайны брэх Мурзы, які пусціўся ўдагон за дзічынай, і… самы цвёрды, адборны мат…

— Пудоў пятнаццаць штука!.. Цьфу, смаркач!.. Цяпер дагані, пацалуйся!..

…Цямнее. У твар цярушыць стрэчны дожджык. Есці хочацца — падцягнула духі. А на сэрцы зусім такі нясмачна ад няўдачы.

— Таксама вось, як толькі Пілсудскі зайшоў, — гудзе побач Паўлюк, — адбываў я рэзерву ў Пружанах. Канаводам быў у паручніка. Паедзем тыя разы на дзікоў. Што ж, пасядуць паночкі за пнямі ды толькі пах-пах! пах-пах!.. І ўсё на вецер! «Каб вам, — кажу, — ручкі паадсыхалі!» А мне страляць не даюць. Карабіначка, браце, як цацка, французская. Не стрываў я аднойчы: як цяў, дык ён толькі: «Пі!» — і асеў. «Усё роўна, — кажу, — пане паручнік, ён на вас не пайшоў, а мне было вельмі ж з рукі». У пана, браце, рука гуляшчая, пшанічная, — калі зачэрпаў мне па вастрыі — толкі зоры ў вачах захадзілі… Заліўся я юхаю, плюнуў, карабінку аб зямлю! «Каб ты, — кажу, — разам з ім упруцянеў!..»

Я смяюся, ды неяк не зусім. Так і хіліць цікнуць на мядзведжую, жытнюю лапу майго настаўніка. А «вастрыё» ў мяне было тады яшчэ зусім-такі маладое, далікатнае…

Аднак гэта былі толькі словы, якія мусілі акрэсліць горыч ашуканага чакання. З гадзіну пасля гэтага тая самая лапа гасцінна налівала мне «Маскоўскай», падсоўвала хлеб і скавародку з гарачай смажанінай — паласатым, праслоеным салам з «дванаццаціпудовага» вепрука.

3

Наступны раз частаваў паляваннем я. Было гэта ажно тры гады пасля, увосень сорак трэцяга.

У той час мяне ўжо лічылі нядрэнным камандзірам падрыўной групы. І вось захацелася Паўлюку пайсці са мной на двухногіх ваўкоў.

Браць дзядзьку на адзін падрыў, на два-тры дні, камандзір атрада не дазволіў. Паўлюк быў добрым сувязным, работнікам больш патрэбным пакуль што на месцы, чым у атрадзе, і рызыкаваць яго непадазронасцю дзеля ягонай цікавасці толькі — справа зусім несур'ёзная. Аднак Паўлюк не адставаў.

Нарэшце, нібы выкарыстоўваючы апошні доказ, ён упікнуў мяне даўнейшым доўгам. І праўда, за мной быў ладны даўжок — скрынка патронаў, наган і сёе-тое больш.

Яшчэ ў першыя, змрочныя дні адступлення, калі мы, мясцовая моладзь, апушчалі ў сажалкі і рачныя віры старанна спавітыя кулямёты, вінтоўкі, наганы, — не драмаў і Паўлюк: ён зняў з пакінутай машыны «скрыначку» патронаў і закапаў яе на полі, пра запас.

Што больш — я не ведаў, бо толькі гэта зусім выпадкова прыкмеціў.

Дрэнна, не па-суседску зрабіў я, не пайшоўшы з атрада па гэтую «скрыначку» сам, а паслаўшы сяброў па групе. Быў у нас такі Міхась, што вельмі любіў адводзіць убок ды шаптаць на вуха. Адвёў ён мядзведзя за вугал і шэпча: «У вас, дзядзька, вось так ды гэтак, нам Мікола казаў…» Міколу, вядома, прыдумаў. «А ліха яму, — загудзеў Паўлюк, — такі не змаўчаў! То ж мы з ім разам закопвалі. Я, дурань, адну толькі вінтовачку і ўзяў, а ён жа, хлопцы, кулямётаў, патронаў, гранат!» — «Які Мікола, дзядзька, скажыце…» — натапырыўся Міхась. «Як які? То ж ты кажаш, што вы ад яго!» Што зробіш, прыйшлося хлопцам адказацца ад Міколы. Калі ж Паўлюк дастаў з-пад застрэшша новую «вінтовачку», — ім прыйшлося паверыць яму і падумаць, што я салгаў. Наступны раз паслалі самога мяне. Перш-наперш я, вядома, прызнаўся. «Вось з гэтага трэ было і пачаць, — гудзеў Паўлюк, — а то скалацілі мне, жэўжыкі, ноч. Ну, пайшлі!» Узялі «рыдлёвачку», пайшлі. «А ты, браце, таксама вуж, — гудзеў Паўлюк, ідучы, — і як ты прыкмеціў тады?» Адкапалі мы «скрыначку» — цяжкая. Прыйшлося запрэгчы Мышатку. Другім разам я пачаў адразу з ласкі і атрымаў зусім новы «наганчык», старанна ўквэцаны і спавіты бадай што цэлымі порткамі. Трэцім разам я атрымаў тры гранаты і «жменьку» наганных патронаў. Затым было яшчэ разоў са два «па жменьцы», пакуль Паўлюк не сказаў: «Закрываецца крамка, няма, браце, усё».

Пра гэты вось «даўжок» ён і напомніў мне, зноў просячыся на «жалезку».

— Мне, браце, толькі зірнуць, як ён стане на дыбы!.. — сціпла тлумачыў Паўлюк.

І што ж, прыйшлося нарэшце ўзяць.

— Падумаеш, — параіліся мы, — ходзіць жа дзядзька і так, па заданню, ці проста валочыцца цэлымі днямі. Так ужо конча будзе некаму падумаць, што ён з намі пайшоў. Толькі, хлопцы, каб адна наша група ведала — больш ніхто.

Паўлюк чакаў за вёскай, на ўмоўленым месцы. Калі ён выйшаў на свіст з-за куста, на ім мы ўбачылі… вінтоўку-«дзесятачку», наган, за «ласяком»[4] — гранату.

— Э, брат, дык ты маніў, што нічога сабе не пакінуў!

— Што ж, — загудзеў ён у адказ, — без снасці, браце, і вошы не заб'еш.

У дарозе, вылучыўшы момант, калі мы з ім засталіся ззаду, Паўлюк таямніча шапнуў:

— Семачак хочаш?

Я зразумеў справу проста.

— Давай паплюемся, — сказаў я. Наставіў кішэню, і ён мне ўсыпаў… гарцавую «жменьку» наганных «патрончыкаў».

— Зойдзеш калі, яшчэ, можа, знойдуцца шчопці-другія, — шчасліва гудзеў ён у цемры.

Днявалі мы на хутары. Наступная ночка падтасавалася якраз для нашага промысла — цёмная, з дожджыкам. У Засуллі мы ўзялі правадніком Ігната, сувязнога.

— Паўлюк, ці не ты? — прыгледзеўся ў цемры дзядзька Ігнат, калі я вывеў яго на загуменне.

— Я, браце, як маешся?

— Што ж вы, — здзівіліся мы, — знаёмыя, за трыццаць вёрст?

— Мой Цюлік быў адгэтуль… Той, што качкі лавіў. Не забыўся?

…Лёня, Косця і Кныш засталіся ў засадзе. Дзядзька Ігнат, я і Паўлюк падаліся на справу ўтрох. Крокаў больш сотні ад рэек, дакуль быў высечан фашыстамі лес, за прыгоркамі між карчоў мы прыселі, параіліся. Дзядзьку Ігнату я даручыў канец шнура, строга наказаўшы не дакранацца да яго, а самі з Паўлюком папаўзлі. Паўзучы, я разматваў шнур. Час ад часу мы спыняліся, каб прыслухацца: ці не шаркаюць па жвіры, усцяж рэек, падкаваныя боты патруля… А потым паўзлі далей. Спачатку — быў грудок, і пад намі шуршала мокрая ад дажджу шорсткая лясная трава.

Пасля, у лагчынцы каля насыпу, намоклі калені і локці. Пасля мы выпаўзлі на насып. Паўлюк са сваёй «дзесятачкай» урачыста ўталопіўся ў цемру, у той бок, адкуль мы чакалі патруля…

Гэта быў мой шосты падрыў. Дагэтуль рукі прызвычаіліся амаль зусім не дрыжаць ад хвалявання, — я працаваў хутка і спраўна. Выграб ямку пад рэйкай, паміж шпаламі, уставіў тол, тады — найбольш адказная работа, — сабраўшы ўсю асцярожнасць, прывязаў да кручка шнурок і капсуль заправіў у зарад. Мы адпаўзлі, абмінаючы наш папярэдні шлях, каб не крануць як-колечы шнурок.

Чакаць прыйшлося не вельмі доўга.

— І раздабрыўся ж, трасца яму, як на злосць! Ушчэнт раскіснем, — нездаволена мармытаў Паўлюк на дождж. — А той не ідзе, не грукоча, каб ён галавой налажыў!

Я быў у творчым, шчаслівым настроі — трохі ўстрывожаным, трохі гуллівым.

— І наложыць, ты думаеш — не? — шапнуў я ў адказ.

Памаўчалі. А дожджык, і праўда, так і паўзе за каўнер. Крышку правей ад міны, адпаўзаючы, я прыкмеціў велікаваты кусцік. Гэта мой арыенцір. На фоне цёмна-шэрага неба над насыпам ледзь вызначаецца яго сілуэт. Я не зводжу з яго вачэй.

— Як паглядзіш на ўсё, што вырабляюць чэрці, — гудзе, пачакаўшы, Паўлюк, — дык хоць і сёння з вамі ў лес пайшоў бы… І прыйдзецца, мусіць…

— Не ўсім, брат, з намі быць, пачакай, — шапчу я. — Дзядзька Ігнат і ў хаце сядзіць, ля дзяцей, а мы без яго як без рук. А пра сябе — ты ведаеш сам…

Я ўспамінаю пра днёўкі ў Паўлюковым гумне і тое, як нядаўна наш Міхась-шаптун, ранены ў нагу, два месяцы адлежваў на гары Паўлюковай хаты, і пра іншыя «сувязныя» справы майго земляка… І да болю ў вачах пазіраю на куст… Пасля мне раптам робіцца чамусьці вельмі весела.

— Дзядзька, — шапчу я Ігнату, які нахохліўся ад дажджу, — а ці ведаеш ты, навошта тол патрэбен у мірны час?..

— На каросту, — за дзядзьку адказвае Паўлюк.

Зноў цішыня, чаканне. Паўлюк выкарыстоўвае іх на складанне новай казкі — пра тол.

— Пярэськава Тэкля жаліцца мне аднойчы, — пачынае ён, пачакаўшы, — «азадак, Паўлючок, хоць таркаю дзяры…».

— Стой, ідзе, — асякаю я казку.

Застыглі.

— І праўда, — шэпча Ігнат, — ідзе…

Сэрца маё грукаецца бадай што мацней, як цягнік, гэтак ціха ён сунуўся. Быццам на мушку вінтоўкі, я ўзяў яго на куст… Перад сабой паравоз папіхае пустую платформу. Фашыст прывык закрывацца другімі. А мы на гэтую «хітрасць» — вяровачку. Вось… платформа… закрыла… мой куст… вось… паравоз…

— Тузай! — ледзь не падскочыў я.

Так, тады было цёмна, усё разбілася ўмомант, — а ўсё ж і дагэтуль стаіць у вачах тая прагная страсць, з якой Паўлюк тузануў за вяровачку.

4

Не адной тысячай мокрых ножак па страсе адрыны тупаціць дождж. Соладка, парна пахне цёплая атава, на якой я ляжу, пазіраючы ўверх, на запыленае павуцінне пад лацінамі. Вакол, як хто паспеў паваліцца, спяць нашы хлопцы. Я ж толькі прыкідваюся, што сплю: я слухаю. На ўскраі тарпа сядзіць Паўлюк. Ён бае новую казку дзядзьку-хутараніну, у якога мы спыніліся перадняваць.

— Нарабілі, браце, мяса, — гудзе яго прыцішаны голас. — Падлажылі мы гэтую самую цацку пад рэйку і ляжым. А цёмна — хоць ты на ваўка ўссядзь. Чуем пасля — ідзе. Крадзецца, браце, на пальчыках, босы, баючыся ступіць на шкло. Навучылі паршыўца хадзіць! А тут жа яму пад чэрава як гапне!.. Перакуліўся на спіну, і толькі колы, як жывыя, як лапкамі перабірае, круцяцца… А вагоны цераз галаву, цераз галаву, поныр'ю!.. Падняўся вэрхал, піск — якраз, як гэта пацукоў недзе ў скрыні напрэш…

Ён змаўкае на момант, а потым канчае:

— Сотні дзве наглушылі!..

Я маўчу і думаю:

«Дык вось яна — казка і пра нас. Ды якая тут казка! Гэта — наша партызанская сапраўднасць, абагуленая мастаком. Яна ў нас — як казка, толькі добра расказвай. Нічога, калі заўтра ці пазаўтра ў сённяшні Паўлюкоў расказ паступіць папраўка: наш сувязны, магчыма, данясе ў атрад, што гэтым разам мы пусцілі пад адкос эшалон толькі, скажам, з вуголлем ці з нейкім ломам! Мінулы раз у мяне былі цыстэрны з гаручым — дванаццаць цыстэрн! — а ў Юзіка — „жывая сіла“. Чаго ж не было яшчэ ў мяне ці ў яго, тое напэўна будзе. У іншых жа бывае! А Паўлюк — ён па-свойму выказвае нашы жаданні, нашу нянавісць да захопніка, — чым больш набіта будзе „пацукоў“, тым лепш…».

— Будзі, братка, — шэпча гаспадар, — а то і гарох астыне…

Адпырхваючыся, праціраючы вочы, мы садзімся на атаве, вакол бяздоннага гаршка гарохавай кашы, лустаў хлеба, салёных гуркоў.

— За вашыя, хлопчыкі, і ручкі, і ножкі, і ўсё… Каб мы, Бог мілы даў, ды прычакалі… — пачынае дзядзька, дастаючы з-пад палы заткнутую лапінкай бутэльку.

У шклянку прыемна забулькаў пяршак.

* * *

— Дык што, Снапок, мабілізацыяй заняўся, га?..

Іван Кузьміч, з неразлучнай люлькай у зубах, глядзіць на мяне, мнагазначна прыплюшчыўшы вока. А мне — не прыдумаеш проста, як тут выкручвацца.

Ноччу, калі мы праходзілі паўз нашу, маю з Паўлюком, вёску, я сказаў:

— Ну што ж, ідзі ўжо хіба, Паўлюк.

А ён са шчырым здзіўленнем спытаўся:

— Куды?

— Як куды? — у сваю чаргу здзівіўся я. — Дахаты!

— Дахаты? А што яна, у поле збяжыць? Зойдзем за тыднік-другі…

І як тут давесці цяпер камандзіру, што я не хацеў самавольна пераводзіць Паўлюка з сувязнога ў падрыўнікі, што я хацеў толькі сплаціць яму наш доўг, што Паўлюк гэтым падрывам назаўсёды ўрос у маю групу, а з групай — прырос да атрада?

Аднак я тлумачу:

— Таварыш камандзір…

— Я ведаю, што я — «таварыш камандзір», — перабівае Іван Кузьміч, — вось ты дык, відаць, забыўся пра гэта. Самавольства, язві яго душу!..

Іван Кузьміч — з-за лініі фронту, партызан грамадзянскай вайны, сібірак, з неразлучным алтайскім нажом і «язві яго душу». Звыш усіх яго камандзірскіх і чалавечых якасцей, ён — аматар дысцыпліны і знаўца бадай што ўсіх гатункаў табаку.

Я не куру. Для мяне што мультан, што не мультан — адзін чорт. А дысцыпліну я люблю таксама. А потым у мяне адна такая звычка ёсць, што я люблю да сэрца лезці напрасткі. І заўсёды амаль удаецца. Дык вось і цяпер я таксама рвануў:

— Іван Кузыміч, дык вы б хоць зірнулі на яго спачатку. Дальбог, падзякуеце!..

Іван Кузьміч спачатку маўчыць, а потым ледзь прыкметна ўсміхаецца і кажа:

— Ну што ж, давай яго, тваё дзіва, сюды.

Па дарозе ад сталярні, дзе я знайшоў Паўлюка, да камандзірскай зямлянкі я тлумачыў яму, як трымацца, каб адразу прыйсці даспадобы майму начальству. І вось Паўлюк стаіць перад Іванам Кузьмічом «смірна». Ботам унізе прасторна, і яны, па старой артылерыйскай памяці, зусім прыстойна вытрымліваюць статут. Затое галава на шырокіх мажных плячах міжвольна прыгнулася наперад так, як служыць пакатая столь невысокай зямлянкі.

— Таварыш камандзір! — чаканю я, бадай што лепш, як заўсёды. Аднак Іван Кузьміч як быццам не чуе мяне.

— Так, нічога сабе, — кажа ён. — Ну і што, дзе гуляў?

— А я ў Міколы-сталяра сядзеў. Глядзеў, як гэта ён скрыначкі стружа. Спраўны хлапчына!

Сталяру Міколу — пад пяцьдзесят, і мы, маладыя — больш палавіны атрада, — завём гэтага «хлапчыну» — дзядзька Мікалай.

— Што, што ён робіць? — перапытвае, як недачуўшы, Іван Кузьміч.

— Ну, міны, скрыначкі для мін…

— А, вось яно што! Так, ён у нас майстар — няма што казаць. Абы толькі толу хапала.

— А каб гэта са снарадаў паспрабаваць, таварыш камандзір, — пачынае Паўлюк, як быццам ніколі не чуўшы аб тым, што мы выплаўляем шмат толу з валяшчых снарадаў і бомбаў. — Я ведаю адно месцечка…

А я чамусьці гляджу на яго здаравенныя боты. Калені ўжо самавольна прыгнуліся ў паўдарогі са «смірна» на «вольна», і адзін ступак адставіўся ўбок, выразна парушыўшы дысцыпліну.

— Слаўнае месцечка, — гудзе Паўлюк. — Вось вы мне толькі дайце заўтра хлопцаў са два, таварыш камандзір, дык мы падыдзем на Нёман. Там у мяне штук з дзесятак самалётных бомбачак ляжыць на дне. Трэба іх будзе падняць.

— А што, Снапок, — звярнуўся да мяне Іван Кузьміч, — пашлі з ім заўтра пару чалавек, а то і сам, калі хочаш, пайдзі.

Іван Кузьміч увачавідкі мякчэе. Ён бярэ са стала сваю вечную люльку і круглую баначку — прадмет нашай зайздрасці — з надпісам: «Нашым партызанам і партызанкам слава!» Баначку гэтую ён прынёс сюды з Вялікай зямлі разам з мноствам іншых каштоўнасцей. Пакуль ён прывычным рухам скручвае з баначкі вяршок, я зноў гляджу на Паўлюковы боты. Яны ўжо і зусім забыліся пра ўмоўленае «смірна»:

Паўлюк па-сяброўску ступае наперад і кажа:

— А вы майго, таварыш камандзір, мультанчыку… А то вы, гляджу я, нейкую там сабе пацяруху курыце. Эх, і хлопцы ж у вас: каб чаго — табаку не прынесці!..

— Яны толькі за дзеўкамі, язві іх душу, — зусім дабрадушна мармыча Іван Кузьміч, лезучы трыма пальцамі ў Паўлюкоў капшук.

Ён напіхае люльку, тады, не без важнасці, падстаўляе Паўлюку аганёк зайздроснай самапалкі, якая таксама з Вялікай зямлі, потым прыкурвае сам, смачна зацягваецца поўнай зацяжкай і, амаль што зусім захоплена, кажа:

— Язві яго душу — хар-рош!..

Я не куру. Мне мультан не мультан — адзін чорт. Ды якое там, па-мойму, з табаку хараство! Я ўпэўнены, што камандзір гаворыць гэта больш пра Паўлюка.

1945

Ліпа і клёнік

Галі

1

Зялёны домік дарожнага майстра стаіць каля самай шашы.

Праязджаючы тут на машыне, на хаду можна заўважыць толькі зялёныя сцены, зялёны плоцік, белыя ліштвы вялікіх акон і стракаты чарапічны дах. Потым абапал дарогі зноў пабягуць дрэўцы прысадаў, тэлеграфныя слупы і за слупамі то поле, то лес…

Не заўсёды заўважыш з машыны, што ў гэтым прыгожым, адзінокім доміку жыве Ліпа, дзяўчынка, якой нядаўна пайшоў пяты год.

Спачатку, калі яна прыехала ў гэты домік, Ліпе было вельмі цікава стаяць пры дарозе, махаць рукамі на кожную машыну і на кожную з іх нацкоўваць свайго неразлучнага сябра — старога калматага сабаку Дзіка.

Аднойчы Ліпа нават не вытрымала: паплявала ў маленькія жмені таксама заўзята, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла па другі бок шырокай-шырокай і гладзенькай, як стол, асфальтавай паласы. Яна не дабегла і да палавіны шашы, як раптам з-за горкі — адзін і другі раз — сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Маленькія босыя ножкі занылі ад страху. Ліпа затупацела на месцы, а потым заплакала: «Мама!» Машына спынілася, і шафёр, адчыніўшы дзверцы кабіны, хацеў нешта крыкнуць. Але Дзік накінуўся на яго з такім злосным, абураным брэхам, што дзядзя шафёр сам спалохаўся, залез назад у машыну і паехаў далей.

З таго часу Ліпа ніколі больш не адважваецца без таты ці мамы пераходзіць на той бок шашы. І наогул цяпер яна вельмі рэдка стаіць пры дарозе. Хіба толькі тады, калі на шашы ідзе адразу вельмі шмат машын ці паўзе і грукоча, аж вушы баляць, які-небудзь вялізны, замурзаны цягач.

2

Мама з татам паехалі ў горад разам, але ўвечары мама вярнулася адна. Ды затое яна прывезла Ліпе такі дарагі і доўгачаканы падарунак — пушыстую белую шубку.

Мама апранула сваю залатую дзяўчынку, трапяткімі ад радасці пальцамі зашпіліла ўсе гузікі шубкі, а тады падхапіла малую на рукі, павярнула тварыкам да лямпы і з захапленнем крыкнула:

— Ах ты, Снягурачка!..

І Ліпа адразу забылася на той смутак, што тата вернецца толькі заўтра. Яна захацела адразу ісці ў новай шубцы гуляць. Ды мама сказала, што позна, што ноч на дварэ, а мароз сёння гэтак кусаецца, гэтак цісне!.. І Ліпа пахныкала трохі, а потым згадзілася. Ну, добра, яна пачакае, пакуль зноў будзе дзень, няхай толькі мама дазволіць не скідаць сёння шубку ўвесь вечар.

Мама пасмяялася і дазволіла. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэмя бярозавых дроў. Неўзабаве Ліпа скінула новую шубку, а сама лягла і пачала чакаць, калі ж нарэшце прыйдзе дзень.

Яна паляжала, падумала трошкі, а потым спыталася:

— Мама, а клёніку сёння ці холадна, мама?

3

Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпе няможна было пераходзіць. Рос не адзін, а разам з іншымі дрэўцамі, якія ў гэтую восень былі пасаджаны абапал дарогі з гасцінца ў калгас. Там былі клёнікі, ліпкі, бярозкі. Былі нават чатыры яблынькі і адна груша. Яны раслі адразу за клёнікам, які пасадзіла Ліпа…

Ну, не зусім сама, бо яна толькі трымала яго над ямай, пакуль два хлопцы прысыпалі карэнне клёніка зямлёй.

Хлопцы завуцца Ўладзік і Шура. А яшчэ там былі і Міхась, і Марылька, і Волечка… Ой, як многа дзяцей, ажно цэлая школа!

Спачатку яны садзілі, а Ліпа стаяла ў адчыненай фортцы зялёнага плота і глядзела туды, за шашу. Прыслухоўваючыся да дзіцячага гоману, вялізны Дзік раз-пораз прыпадымаў галаву, плюшчыў вочы ад сонца і дабрадушна малаціў хвастом па штакетах адчыненай форткі. А Ліпа гэтак хацела туды, да дзяцей.

І дзеці як быццам адчулі гэта. Яны падышлі да шашы і пачалі крычаць:

— Дзяўчынка! Дзяўчынка, а ён не кусаецца?

— Не-е! — гукнула Ліпа, устаўшы на пальчыкі. — Наш Дзік малых не кусае!

— Дык ты ідзі да нас! Будзем дрэўцы садзіць?

— А мне тата казаў не хадзіць за дарогу. І мама казала!..

— А мы цябе перавядзём!

Два хлопцы — якраз тыя самыя Ўладзік і Шура — перабеглі цераз шашу, узялі Ліпу за рукі і, баязліва азіраючыся то на вялізнага калматага сабаку, што бег за дзяўчынкай, то на прыгорак, з-за якога магла паказацца машына, асцярожна пайшлі па асфальце.

Цёця настаўніца, якая была трохі далей, каля іншай чародкі дзяцей, спачатку накрычала на хлопцаў за тое, што яны прывялі сюды маленькую дзяўчынку без дазволу яе мамы ці таты, а тады ўзяла Ліпу на рукі, пагаварыла з ёй і зусім так, як мама, пацалавала і ў адну і ў другую шчочку.

А дзеці выбралі Ліпе самы меншы і самы найлепшы клёнік.

Ён стаіць цяпер недзе ў полі, прывязаны перавяслам да слупка, трымаецца гэтай саломеннай ручкай за апорыну, як той маленькі хлопчык, што сам не ўмее хадзіць. А на дварэ гэтак жа холадна, а ў полі гэтак жа шмат снегу!..

— Мама, — пытаецца Ліпа, ніяк не могучы заснуць, — а калі я пайду пагляджу яго, мама?..

4

На досвітку па пругкіх гурбах снегу за сцяной асцярожна зашастаў заяц.

Пачуўшы яго, у сенцах зялёнага доміка стары калматы Дзік насцярожыўся, нездаволена пабурчаў і, нарэшце, зусім зазлаваўшы, пачаў брахаць, нібы стукаць у бубен:

— Бум! Бум! Бум!

Знячэўку спалоханы заяц падскочыў, кінуўся ўбок і стралой паляцеў па гурбах.

Уранку Дзік доўга пятляў па заячых слядах вакол доміка і невялічкага саду, а потым некуды знік.

І вярнуўся ён толькі тады, калі ў адчыненай фортцы зялёнага плота, шчасліва жмурачы вочы ад сонца, ужо стаяла Ліпа — Снягурачка ў белай пушыстай шубцы.

Дзік падышоў да Снягурачкі і, як заўсёды, прытуліўшыся да яе, падставіў сваю вялікую галаву пад маленькую руку дзяўчынкі, нібы хочучы сказаць:

«Дзень добры, Ліпа. Пагладзь мяне трошкі, пачапай мае доўгія вушы».

— Ану цябе! — сказала Ліпа, надзьмуўшыся. — Ты мне шубку забрудзіш. Пайшоў!

І, выняўшы руку з пушыстай, таксама беленькай муфты, піхнула Дзіка ад сябе. Але Дзік не пакрыўдзіўся.

«Вось бачыш, якая ты! — замахаў ён хвастом. — А я толькі хацеў табе нештачка паказаць».

І тут ён раптам падскочыў ад нейкай, аднаму яму вядомай радасці, пачаў кружыцца, прысядаць на парэднія лапы і клікаць:

«Бум! Бум! Бум! Ідзём! Ідзём!»

Ліпа засмяялася і пабегла за ім па чысценькім, бліскучым снезе.

5

У тым, што Ліпа зноў не паслухала тату і маму — зноў адна перабегла шашу, — сёння вінават быў Дзік. Ён забег на той бок і пачаў, прысядаючы, клікаць:

— Бум! Бум!

А потым яшчэ вінаваты і сонца, і новая шубка, і снег. Гэтак радасна, гэтак хораша, гэтак цёпла! Ліпа падумала трохі, яшчэ раз азірнулася назад, а потым, выняўшы з муфты рукі, пабегла. Бягом перабіраючыся цераз глыбокія, узорыстыя каляіны аўтамашын, яна спатыкнулася і ўпала цёплымі ручкамі ў снег. Адразу спалохалася — ён жа такі казытлівы, пякучы, — а потым засмяялася і пачала крычаць:

— Дзік! Дзічок, пачакай, я іду!

Калматы Дзік не толькі пачакаў сваю маленькую, пушыстую і белую як снег сяброўку, — ён вярнуўся назад і пабег з ёю разам. Яны перабеглі шашу, апынуліся на вузкай, абсаджанай дрэўцамі дарозе, і тады раптам Ліпа ўспомніла нешта, спынілася і сказала:

— Дзік, а вунь дзе мой клёнік! Вунь дзе, вунь там… От дурны, і не ведае.

Ліпа стаяла на цвёрдай, утаптанай коньмі дарозе, а Дзік — за дрэўцамі, на цаліне.

— Бяжым, бяжым, Дзічок, сюды!

Але Дзік толькі ведаў сваё: перад ім, быццам нейкі ўзор, зноў слаўся панадны, хвалюючы заячы след. Той самы, па якім ён нядаўна забег так далёка ў поле, амаль да самага лесу. Таго самага зайца, што швэндаўся ноччу за іхняй сцяной.

— Бум! Бум! Бум! — забрахаў Дзік, задзёршы ўверх вялікую вушастую галаву, і на яго, на сабачай, мове, гэта азначала: «Не, лепш сюдой! Сюдой!»

Ды Ліпа не паслухала яго: яна пабегла дарогай. І толькі каля самага клёніка звярнула на цаліну, прабегла трошкі, не пратоптваючы шэрымі валёначкамі пругкую, заскарыненую гурбу, а потым спатыкнулася і зноў упала цёплымі ручкамі ў снег. Аднак не заплакала. Яшчэ ўсё шалпочучыся ў снезе, яшчэ ўстаючы, яна закрычала:

— Клёнік, міленькі, як ты жывеш?..

6

З сініх вачэй Снягурачкі адна за другой пакаціліся дзве гарошыны буйных слязін. А потым яшчэ і яшчэ дзве…

Ліпа не плакала б — Ліпа не плакса! — ды вось нехта нягодны зламаў два маленькія дрэўцы. Не клёнік, а тыя яблынькі, што пасадзілі Волечка і Шура. Не зламаў, а абдзёр і пагрыз увесь ствалок і паабламваў усе галінкі.

Каб супакоіць Ліпу, Дзік дабрадушна матлошыць хвастом, пераступае з нагі на нагу і, задзіраючы ўгору вушастую галаву, разгублена паскавытвае… Ну, і як тут давесці малой, што нядобры і брыдкі — той самы заяц, што ва ўсім вінавата старая, якая не выйшла адчыніць Дзіку, не выпусціла яго, а толькі, не злазячы з печы, пастукала ў сцяну, каб ён маўчаў… А цяпер вось — глядзіце!..

Дзік спачатку бурчыць, а потым, зусім зазлаваўшы на зайца, пачынае брахаць: «Бум! Бум! Ну, пачакай, пападзешся, вушасты!» — лаецца Дзік на сваёй мове.

Але Ліпа не хоча яго зразумець.

Раптам яна перастае плакаць, выцірае вочы кулачкамі ўжо халодных рук, хавае кулачкі ў муфту і кажа, таксама як тата, зусім па-даросламу:

— Дзік, на цю, на!

Асцярожна сыходзіць з цаліны на дарогу, яшчэ раз азіраецца назад, туды, дзе мама і бабуля, а потым то ціха, спаважна ідзе, то зноў вымае з муфты ручкі і бяжыць… Бяжыць не да хаты, а ў той бок, дзе зусім недалёка для тых, хто ўжо вырас вялікі, стаіць новая школа.

Следам за Ліпай бяжыць вялізны, калматы Дзік. На гэты раз зусім паслухмяны, ні разу не збочваючы з дарогі і не забягаючы наперад.

7

Марознай зорнай ноччу на шашы то прасунуцца ціхія сані, то зноў прамчыцца машына. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае стары званочак, яшчэ далей разносіцца і гул і фырканне матораў. Затуліўшыся ў цёплай кабіне ці падбягаючы, каб сагрэцца, за саньмі, людзі гутараць, кураць, маўчаць.

А тым часам у ціхім зялёным доміку, каля самай дарогі, спіць Снягурачка.

Новая шубка і муфта вісяць цяпер у шафе.

Калматы Дзік ляжыць у сенцах. Ён то злосна бурчыць праз сон, відаць, успамінаючы нешта непрыемнае, то зноў прыслухоўваецца, ці не лазіць па снезе той самы шэры, вушасты нягоднік…

А Ліпа спіць.

І сніцца ёй, што заяц зноў прыбег да прысад па калгаснай дарозе. Хацеў абгрызці яшчэ дзве яблынькі, якія пасадзілі Маечка і Ўладзік. Ды ўсе дрэўцы стаяць ужо ў пушыстых саламяных шубках. Ліпа сказала, і дзеці прыйшлі, паабвязвалі яблынькі саломай. Тады заяц вырашае абгрызці Ліпін клёнік. За тое, што яна хадзіла ў школу. Але клёнік таксама ўжо не баіцца зайца. І яго абвязалі саломай — у шубцы і ён. Стаўшы на заднія лапы, заяц пнецца дастаць галінку. А клёнік, як той малы, што сам не ўмее хадзіць, плешча ў ладкі такімі, як Ліпіны ручкі, лістамі і весела, звонка смяецца.

І Ліпа смяецца таксама. Смяецца праз сон. Яе зноў вязуць цераз шашу на санках, таксама як удзень. Цягнуць санкі і Шура, і Ўладзік, і Волечка… Многа многа дзяцей, ажно цэлая школа! Дзік бяжыць паміж імі і весела, голасна брэша: «Бум! Бум!» А потым цёця настаўніца бярэ Ліпу на рукі, аддае яе маме і кажа:

— Вы не злуйце на Ліпу, яна была ў нас. Сёння Ліпа — вялікая цаца!

А клёнік яшчэ ўсё смяецца і плешча ў маленькія ладкі…

1948

Галя

Калісьці, пры панах, гэта быў хутар. З шасцю дзесяцінамі добрага поля адразу за садам, з новым вялікім гумном, двума хлявамі і малой старасвецкай хатай. Без шчыта яна, наўкруг накрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Так і глядзела на свет, як сам гаспадар, заўсёды зажмураны Данька, стары Хамёнак, бязлобая галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку — аблезлы, раней, калі верыць старому, гарадскі каракулевы каўпак.

Цяпер гэты каўпак недзе яшчэ ўсё валяецца на гарышчы, а сам Данька Хамёнак ляжыць на ўзгорку пад хвойкамі і муравой. Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата.

У хаце ад усёй Хамёнкавай сям'і ўцалела толькі нявестка Галя з дзецьмі, хлопцам і дзяўчынкай.

Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло. Галін хлопец, падлетак Антось, пайшоў у поле да малатарні. На верхавіне старой ліпы за агародам пагасла чырвань на лісці; шпакі ўзняліся з голля і панеслі свой кірмаш у вёску. Пад паветкай за сенцамі, аддаўшы вячэрні ўдой, лягла на свежым подсціле карова. У хаце за сталом сядзіць чарнявая Сонечка, на поўны рот запіваючы хлеб сырадоем. Тонкія загарэлыя ножкі яе, як і ва ўсіх пастушкоў, папораны ржышчам. Сонечка памыла іх каля студні халоднай вадой, і ногі садзеюць да самых каленак. Яна то пацірае іх адна аб адну, то проста стрыжэ імі пад высокай лавай. Сонечка хоча гаварыць.

— Мамка, — кажа яна, — а сёння Лёня Сцяпанаў смяяўся з мяне. Ты, кажа, пані. Ты, кажа, хутаранка. А чаму? Чаму ён смяецца?

Галя стаіць, прыпёршыся да шафкі з посудам, амаль прысеўшы на яе. Над галавою Галі, на сцяне — стары гадзіннік. На запыленым цыферблаце яго напісана не нашымі літарамі нейкае слова. За ўсе гады, пакуль гадзіннік тут вісіць, ніхто нават не пацікавіўся, што яно азначае. Наогул па гадзінніку разбіраліся толькі мужчыны і Галя. Свякруха пражыла свае семдзесят год, ні разу не падумаўшы аб тым, якое сёння чысло… Даўжэйшая стрэлка гадзінніка адламалася яшчэ ў вайну, кароткая стаіць на адным месцы тыдні ўжо, мусіць, са тры. Жніво. Галіны рукі, загарэлыя да лакцёў, гудуць ад стомы. Галя яшчэ ўсё як быццам не дома. У памяці бясконцым ланцужком ідуць адзін за адным вузлы перавяслаў, закручаныя спрытнымі пальцамі, адзін за адным кладуцца на пожні цяжкія снапы. У вушах яшчэ цокат жняяркі, паасобныя словы, абрыўкі песень, смех, шум збажыны і шоргат іржышча…

— Мамка, чаму?

Галя прыпамінае словы дачкі.

— Чаму? — перапытала яна, яшчэ не гатовая да адказу. І Сонечка адказвае на пытанне сама.

— Мы, кажа, у вёсцы жывём, — гаворыць яна, жуючы, — а вы на хутары. І дзед твой быў пан, і тата пан, і ты таксама паненка.

— А ты скажы яму, што ён яшчэ дурны, — гаворыць Галя нейкім млявым, бяссільным ад стомы голасам.

Яна хацела гаварыць яшчэ нешта, але раптам змоўкла. Слых яе зноў улавіў той самы, на момант згублены гул. У хаце, пад старым гадзіннікам зноў засталася яна не ўся, нібы не ўся яшчэ вярнулася з поля.

— Ты еш, дачушка. Еш ды лажыся. Годзе.

— А ты куды пойдзеш?

— Я хутка прыйду.

Галя стаіць за вішняком, успёршыся рукамі і грудзьмі на шэрую жэрдку старой агароджы. Галя глядзіць у поле. Ногі ў церпкай, халоднай расе, вочы — недзе далёка, далёка… У пшаніцы, якая даходзіць да самага вішняку, сакочуць конікі. Далей недзе — лён стаіць у пучках; таксама многа, многа льну. Яшчэ ўсё цёплы, не астыў ад спёкі, пахне, — смачна пахне, нібы прысмажаны алей… А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай, спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены месяц.

Ды ўсё гэта так сабе, усё гэта — дзеля таго, каб далёка над полем разносіўся гул, грукатанне трактара. Там, дзе ён, дзе сядзіць за рулём той адзіны ва ўсім гэтым свеце, каму ад болю сэрца, ад цяжкай журбы хочацца крыкнуць:

— Ся-ро-жа-а! Ся-рож-ка-а!!

Ён даўно ўжо Сяргей, а не Сярожа, ён даўно ўжо забыўся, — відаць, выцер з памяці ўсё, што калісьці было. А ты крычы, ты ўспамінай, раздзірай сваю душу, дурніца, хоць да крыві…

А то ж было яно, было, калі ён быў і для яе Сярожка. Ох, як даўно гэта было! Не, не даўно, здаецца, толькі ўчора.

Галя толькі яшчэ на дзеўку бралася, калі ў іх вёску, Гаросіцу, прыйшлі з Касцюкоў краўцы-кажушнікі, два здаравенныя панурыя браты. Абодва ў доўгіх кажухах, нібы ў доказ таго, што не заўсёды шавец ходзіць без ботаў, абодва ў вялізных шапках, нібы па цэлай авечцы ў іх на галаве, абодва ў лапцях і вусатыя.

— Дзеўкі, глядзіце — Торбы ідуць! — заўважыла іх праз акно адна з дзяўчат-кудзельніц.

Кажушнікі і сапраўды так называліся — Торба. Цімох Торба і Ціхан Торба. Мала ведаючы іх — не пазнаеш, каторы Ціхан, каторы Цімох.

— І нейкі хлопец з імі, дзеўкі, гвалт! Дальбог, харошанькі! З гармонікам!

І праўда — з кажушнікамі ішоў дзяцюк… Ну, проста хлопчык! У кароткім кажушку, у ботах, з гармонікам за плячыма. Адна з дзяўчат пастукала галоўкай верацяна ў акно. Ён, вядома, пачуў, азірнуўся. Узмахнуў рукою і стаў, засмяяўся: «Добры дзень!» Можа, нават зайшоў бы ў хату, ды вось адзін Торба, што ішоў з драўлянай планкай-метрам у руцэ, азірнуўся таксама, нешта сказаў, і хлопец пайшоў. Дзіўным здалося дзяўчатам, а потым і ўсім у Гаросіцы, што ў аднаго з гэтых Торбаў ды можа быць такі сын. Такі беленькі, спрытны… Зусім нібы чужы каля тых двух вусатых здаравілаў.

Ён быў іхні пляменнік, сірата з далёкай вёскі. Завуць Сяргей, а прозвішча таксама дзіўнае, як у дзядзькоў, але прыгожае — Юрачка. Вельмі ж да твару яно Сяргею. Так яго і завуць: хто — Сярожа, хто — Юрачка.

Ну, спрытны быў, вясёлы Юрачка, харошы! Дзядзькі яго — вялізныя, а ўсё ж улазілі яны ў найменшую хату. Здымуць шапкі свае, кажухі, застануцца з аднымі вусамі, прысядуць да стала — толькі сапуць над аўчынамі. Так і жывуць на свеце — моўчкі. А Юрачку ў кожнай хаце было цесна. Вядома, не адзін — з гармонікам. Часамі нават да вечара не можа датрываць: уваткне іголку ў кашулю на грудзях, закруціць нітачку, азірнецца на дзядзькоў ды за свой інструмент. Усё рабіў спраўна. Гармонік у яго не так сабе, а ў цётчыну хустку закручаны. Разгорне хустку — гармонік ажно зіхаціць, а расцягне яго — раздасца кожная хата!

Адзін, два танцы прайграе — дзядзькі маўчаць. Пасля старэйшы Торба, Цімох, той, што з метрам хадзіў, прагудзе:

— Можа, годзе, Сяргей? Можа, людзі не любяць?

У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту».

Людзі, што ў хаце былі, здаецца, ураз маладзелі. Дзяўчаты — ну, тыя адразу гатовы былі рвануцца з прасніц ды замяцеліць падоламі. Сам гаспадар, калі ён не зусім стары, пачынаў непрыкметна паварушваць пад лавай наскамі ботаў ці лапцей. Нават бабка, што памятае прыгон, і тая высоўвала з-за коміна галаву… А Юрачка патрэсваў, як жаўранак, чубам і ўслед за музыкай падпяваў:

А Мікіта жыта вее,

Мікіціха муку сее,

Мікіта, Мікіта,

Клінам шуба пашыта!..

Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст.

Толькі дзядзькі маўчалі. Нават шыць не спыняліся. Ды таксама не скажаш пра іх, што не рады, асабліва ведаючы, што і гармонік Сяргею купілі яны.

Вясёлы месяц быў тады ў Гаросіцы. Танцы, песні — штовечар! Шкада, што не хапіла ў іх аўчын на ўсю зіму…

Ой, мамачка! Для ўсіх вясёлы, а для Галі… ну, і не кажы…

Усё гэта — было.

Цяпер над полем ціхі, поўны месяц. Галіны ногі ў халоднай расе. Плечы стынуць пад тонкай сукенкай… А трактар гудзе і гудзе… Не пакінеш яго, не забудзеш, што гэта — Сярожа, яе Сярожа… Божа мой, як гэта горка, балюча ад думкі такой!.. А ён жа быў яе, яна была — яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, а ў тыдні ж толькі сем начэй.

Спачатку любіла Галя адна, баючыся сама сабе прызнацца ў гэтым, саромеючыся лішне пазіраць на яго, каб не падумалі ды не пазналі. Яна была наймалодшая ў іхняй дзявочай кампаніі. Сірата з самай беднай у Гаросіцы хаты Марылі Парабчанкі. Так іх і называлі спрадвеку — парабкамі. Бацькі ў Галі не было. Ніколі не было, хоць ён і жыў недзе, а можа, і сёння жыве, не думае нават аб тым, што ёсць у яго дачка. На пашы дзеці лаялі яе брыдкім бязлітасным словам — байстручка. Ды з часам гэта слова абвалілася з яе, як шалуха. Прыгожай, спраўнай вырастала Галачка. У беднай сіраты — добра, хораша ў песні пяецца! — толькі чорныя бровы. Затое бровы — шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі і лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар'яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі!

Спачатку Юрачка толькі глядзеў. Глядзеў і рэзаў на гармоніку амаль без адпачынку. Вядома, гуляць пад добрую музыку кожны ахвочы, а падмяніць Сярожу не было каму.

Ды вось у адну нядзелю прыйшоў з суседняй вёскі Качаны Іван Чарнагрэбень, які таксама мог іграць. Гэта ўжо быў пажылы кавалер, падпольшчык, шэсць год прасядзеў у турме, толькі ў гэтую восень вярнуўся. Маладзейшыя хлопцы ў Гаросіцы і асабліва дзяўчаты — хоць ён быў просты такі і вясёлы — з пашанай і неяк міжвольна, не змаўляючыся, гаварылі Івану «вы». На той час свайго гармоніка Іван не меў. Пакуль сядзеў у турме, маці прыйшлося крута, і сын напісаў ёй прадаць трохрадку на хлеб. Толькі пасля даведалася Галя, што Сярожка ўжо быў знаёмы з Чарнагрэбенем. Ды не толькі знаёмы…

Не раз хадзіў ён ноччу ў Качаны, ды без гармоніка: на нейкую ціхую справу… Але пра гэта ён не паспеў ёй нічога сказаць.

Цяпер, калі Юрачка паставіў на калені Івану свой гармонік, — абодва яны па-свойску ўсміхнуліся. Адзін з просьбай: «Мо рэзнеце, Іван Сцяпанавіч, на радасць ды на лёгкі скок працоўным?», другі — ад нейкай не па ўзросту Івана маладое ўцехі: «Рэзну, браце, даўно ўжо не рэзаў!»

І Чарнагрэбень рэзнуў. Не зусім яно так, як Сяргей, ды ўсё ж полечка «Галка» пайшла «з-пад карча», па-сапраўднаму.

Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны са жмені верабей, паправіў паясок на сваёй вышыванай кашулі і рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты. І хата, поўная хата людзей — насцярожылася. «Мяне возьме, мяне», — засвяціліся вочы, забіліся сэрцы дзяўчат. А ён падышоў да Галі. Проста і спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся. З усмешкай, вядома, такой, што ў ёй і просьба і радасць:

«Нарэшце мы пойдзем!..»

І вось яны выйшлі ў круг, абняліся.

Мужчыны прыўсталі з лаў, маладзіцы націснулі з кута на сярэдзіну, моладзь нібы стаілася ў чаканні нечага, што ўбачыш не вельмі часта.

Дачакаўшыся такта, Юрачка тупнуў і — завірылі!.. Малыя боцікі яго то ледзь краналіся дошак падлогі, то раптам гулка і чотка — па паваротах улева ці ўправа — білі, як выгаворвалі, чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. А ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разглядзець і залатыя каласы на чырвані, і чорныя бровы, і вусны, што так і не маглі стрымаць усмешкі сораму і шчасця… Усім было відаць, а Юрачку найлепш.

— Круг, дайце круг! — крычалі дзецюкі, хоць ніхто з іх не думаў пакуль што сам выходзіць у круг. А ён сціскаўся, не стрымаць яго было нават дзесяткам плячэй. Дзядзька Раман Кругляк, стары ўжо, сівы чалавек, узбіўся з валёнкамі на лаву і зверху, падняўшы палец угару, вось-вось гатовы быў крыкнуць: «Эх!»

Нібы пачуўшы гэты выраз усеагульнага захаплення, Юрачка заспяваў:

Чорна галка,

Чорна галка, —

Ты мая,

Ты мая!

На гэтым песню яго абарвалі.

— Правільна, Юрачка! Правільна! — загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю, хата. І толькі тады ўжо, нібы давёўшы да поўнага ладу тое, што трэба было давесці, моладзь пусцілася ў танец.

Так пачалося іх каханне.

Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці, што пачалося ў тую ж ноч, калі ён цалаваў яе каля іхняга акна, а Галя закрывала твар рукамі і прасілася: «Сярожа, міленькі, не трэба…» Ды рукі гэтыя яму зусім няцяжка было разнімаць. А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання.

Праз тыдзень Юрачка пайшоў з дзядзькамі ў Касцюкі, дахаты.

І хто мог падумаць, што іх развітанне — навек!..

Цяпер вось стой ды слухай, як за пшаніцай, за вырваным ільном гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе і прыйшоў. З ім калісьці цёпла было стаяць і на снезе, а цяпер табе, баба, холадна ўжо і на летняй расе. Ідзі, ідзі, дурніца, у хату, дарэмна стаіш… Няхай трактар гудзе, няхай не дасць табе заснуць да дня.

Галя ціха пайшла.

Дзверы — і ў сенцах, і ў кухні, і ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень і на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка і асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.

Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую — усю за раз, з усімі яе думкамі.

— Мамка, а дзе наш тата?

— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.

— Прыедзе, прыедзе… Я малая была — ты ўсё казала і цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?

— Харошы, харошы…

— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён… Як гэта, мамка?

— Што?

— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.

— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.

— А Лёнька кажа…

— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават і для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую. Сонечка ўздрыганулася і заціхла. Цяпер бы ёй якраз і заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла і нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.

— Я, мамка, буду спаць. І ты спі. Добра?

— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок…

Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. І добра. Гэтак будзе лепш і ёй, і маці.

«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, а маім мужам… Давай, дачушка, лепш заснём…»

За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Спі, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Спі, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст і прычэпшчык закурваюць… Ды яна не паспела, вядома. І не старалася, відаць. І трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.

— Мамка, а я ўжо ведаю, — тата наш спекулянт… А што гэта, мамка? Ты спіш?

Галя маўчыць.

«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш спі, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае…»

…Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля іх першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома, — узялі з ім разам і іншых, з Гаросіцы і з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму і Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.

Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?

Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волі бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды і хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час і на Даньку.

Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея і Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, і гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. А Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў і страшыў, што кончыць, зарэжа і яе, і сябе… Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — і сваякі, і маці была на яго, Міколавым, баку… Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць і моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі, — у свёкравым вечным зудзенні толькі і чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца…»

Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была і спраўная, і працавітая, ды гэта ўсё — не тое. І жыць, і працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком і старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў… Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.

Мікола здаваўся іншым за бацьку толькі раней, да вяселля. Тут, на хутары, калі яна пераступіла з ім парог гэтай чортавай ямы, — Хамёнак застаўся Хамёнкам.

Свёкар Данька… Тры разы за ўвесь час ён быў ласкавы да Галі, гэты чалавек.

У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах і з чыгуном паставіла на стале. Данька зняў свой каўпак, прыгроб рукамі валасы, перахрысціўся і сеў за стол.

— Масла мо трохі растапі, — сказаў ён жонцы. Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь. Пайшла ў камору і вярнулася з лыжкаю масла. Яго аказалася мала на ўсю скавародку. Вяртацца зноў у камору, зноў лезці ў слоік — гэта было ўжо звыш сіл і прызвычаення. І старая схітрыла перад новым сямейнікам: павярнулася да стала спіной і плюхнула ў масла тры лыжкі гарачай вады. Усе заўважылі гэта, і кожны па-свойму маўчаў. Галя здзівілася, Міколу стала нават няёмка, а старому было прыемна ўдвая — і за хітрасць сваёй гаспадыні, і за тое, што гэтай хітрасці ніхто, як відаць, не заўважыў…

Чорнымі кіпцюрамі даўно нямытых рук ён абіраў сваю бульбіну і, прыплюшчыўшы вочы, маўчаў. Пасля пачаў абмачаць яе ў «масла». Штораз адкусіць бульбіну, то больш усё лезе са шчопцямі ў жыжку.

— Еш, нявестачка, еш, — гаварыў ён. — Дома ж у вас не было. У галечы расла. Абмачай.

Другая ласка прыйшла праз паўгода, у летнюю ноч. Міколы не было нешта дома, старая крахтала на печы, а стары яшчэ соваўся па двары. Пасля ён падзюбаў тымі самымі бруднымі шчопцямі ў шыбу і зусім нечакана паклікаў нявестку па імені:

— Галя!

Яна ажно ўздрыганулася.

— Ідзі сюды, Галя!

Здзівілася. Выйшла. «Чаго яму трэба?..» Данька патупаў па сцежцы туды, дзе ад поля — вішняк. Спыніўся. Яна падышла і спынілася воддаль.

— Ночка якая, га? — сказаў стары. — Канюшына як пахне Сымонава, ліха яго галаве!.. Столькі коп!.. Пайдзі ты, Галя, другую дзяружку вазьмі. Пойдзем, яшчэ разочак прынясём. Зімой лішні ахапак як знойдзеш.

Галя ўбачыла пад пахай у яго скамечаную дзяругу.

— Я ніколі не крала, — сказала яна. — Трэба вам, мала свайго, дык ідзіце.

Павярнулася і пайшла. Не чула нават, што ён там бурчаў. Вядома — што. Ён нездарма скідае свой каўпак, толькі хрысцячыся перад іконай, а разувае лапці раз на тыдзень, у суботу. Ён нездарма зрабіў вялікае гумно.

Трэцяя ласка прыйшла тады, калі яна нарадзіла Антося і, пасля цяжкіх родаў, ляжала цэлы тыдзень у ложку.

— Курыцу трэба зарэзаць, — на трэці дзень аб'явіла свякроў.

Гэтая думка, народжаная ў пакутах, не вельмі ўзрушыла Даньку. Не памагала і тое, што сын — дагэтуль такі паслухмяны, разумны — таксама настойваў на тым, што курыцу ўсё ж такі трэба зарэзаць. Была і курыца такая, не нясушчая, — хадзіла толькі ды сакатала чортведама чаго каля акон, нібы сама прасілася пад нож. Жонка і сын не адставалі. Нявестка, немач на яе, ляжыць, а бульба ўся яшчэ не капана… Стары паклікаў курыцу ў сені, зачыніўся, злавіў яе ў кутку і ўзяў сякеру. Прысуд быў выкананы на парозе. Тады Данька ўнёс яе ў хату, кінуў на падлогу і сказаў:

— Бярыце. Ешце.

Гэта было шаснаццатага верасня — апошні дзень панскай улады.

Паны ўцяклі, а Хамёнак застаўся. Данька не доўга патрываў. Не спаў, не разуваўся ўсю зіму, нават хрысціцца пачаў у сваім каўпаку. «Канец… Канец свету…» — крахтаў ён, лежачы на печы. Напрадвесні старога нарэшце памылі і вынеслі з хаты ўперад нагамі. Назаўтра Мікола ўзяў яго каўпак, шпурнуў з сяней на гарышча і стаў гаспадарыць сам.

Праз год памерла свякроў.

…Трактар гудзе. Поўны месяц высока стаіць над палямі. Адзін будзе гудзець усю ноч, другі — свяціць трактарысту да сонца.

Чарнявая Сонечка цёпла дыхае носікам маме ў плячо. Даўно заснула, успомніла слова, якім назвалі на пашы яе амаль невядомага бацьку. Няхай пакуль што спіць, няхай не ведае больш…

Галя ўстала. Хацела выйсці ў кухню, напіцца, але раздумала і падышла да акна. Не адчыняецца яно, і фортачкі няма. А ўсё ж тут лепш чуваць, як за прасторам калгаснай пшаніцы, за лёнам духмяным бяссонна, нястомна працуе трактар.

— Сярожа, — шэпчуць сухія, гарачыя Галіны вусны, — Сярожа, можа, зайшоў бы? Ну, хоць напіцца… Ды не, ён не зойдзе.

Ён заходзіў у гэтую хату адзін толькі раз. Гэта было напрадвесні сорак чацвёртага года. Нешта апоўначы Хамёнкавых разбудзіў стук у акно. Ясна — хто гэта: адны былі ў той час гаспадары начэй. Адчыняць і цяпер пайшла Галя. Сам гаспадар у такіх выпадках не ўставаў з пасцелі.

Следам за Галяй увайшло толькі двух, рэшта стаяла з коньмі на двары. Галя пабольшыла кнот у газніцы, а сама пайшла ў куток. Яе справа закончана, гаспадар будзе гаварыць сам.

— Добры вечар! Што, хворы? — спытаўся адзін з партызан.

— Ды так, таварышы, няхай яго немач…

— Сэрца?

— Не, яно, каб сказаць…

— Язва?

— У мяне, таварышы…

— Што ж, душа па радзіме баліць? Ляжы, ляжы. Я ведаю — ты спраўкі хочаш паказаць.

Партызан уключыў электрычны ліхтарык, і гаспадар заморгаў у святле.

— Усё нармальна, — сказаў партызан. — Хвароба працякае правільна. Барада запушчана, боты схаваны, самагоначка ёсць…

Мікола зразумеў гэта па-свойму.

— Ды недзе кропля ёсць, таварышы. Добра, што вы напомнілі.

— Ляжы, ляжы, Хамёнак, не ўставай. Няхай пастаіць самагонка твая. Заўтра заедуць бобікі. А можа, з імі і сам пан фельдфебель. А нам твае танцы ды спевы не трэба. Вахлак.

— Вось вы не верыце, таварышы…

— Ды што нам верыць — мы бачым, — перабіў яго партызан. — Бачым цябе наскрозь. У нас, брат, дакладна запісана ўся гісторыя тваёй хваробы, — і барадатай, і безбародай. Ты ўсюды ўсё адбываеш сваёй самагонкай. Народ абліваецца кроўю, а ты… Віляеш, як сука, і нашым, і вашым. Ды што нам з табой гаварыць. Дзе Каштанка? Пад'ём!

Хамёнак усё яшчэ цяжка, не збаўляючы выгляду хворага чалавека, узняўся і сеў на ложку.

— Галя, дай мне валёнкі.

Яна не хацела выходзіць з кутка. Хацелася нават шпурнуць іх, гэтыя знарок ірваныя валёнкі, у гэтую рыжую, знарок запушчаную бараду. Хацелася проста заплакаць ад крыўды і сораму… Аднак яна ўзяла з печы валёнкі і панесла іх перад сабой, каб хоць гэтак, хоць трошкі даўжэй не паказваць людзям, ад каго яна зноў зацяжарала…

— На, — сказала яна адно слова, якое здолела вымавіць.

І тады ён, Сярожа, сказаў:

— Добры вечар, Галя! І ты ад нас хаваешся?

Ах, ну чаму ты, дурніца, тады не сказала яму: «Забяры мяне, родны, адгэтуль!» Чаму не назвала яго тым іменем, якое даражэй табе за ўсе на свеце імёны, — Сярожа? Чаму?..

Таму, што і мову табе, і слёзы адняло ад жалю да сябе, ад сораму.

— Добры вечар, — сказала яна, апусціўшы вочы.

Вельмі добра, што пры газніцы было цемнавата, што ён не асвятліў яе ліхтарыкам. Відаць, хоць трошкі яшчэ паважаў ён яе — калі ўжо не Галю сваю, дык жанчыну.

Яна не пайшла за імі ў гумно, засталася ў сенцах, на парозе, у адчыненых дзвярах. Хутаючыся ў незашпілены кажушок, яна чула… не чула, а прагна слухала маладую гутарку вольных, шчаслівых людзей.

Уся Хамёнкава хітрасць аказалася тут проста смешнай. Два дні выскубаў ён у тарпе саломы схованку, тры месяцы пакутавала ў цемры раскормленая жарабіца. А тут адзін з гэтых хлопцаў пастукаў, відаць, у вядро і, нібы поп, прамовіў:

— Дзе ты там, грэшная душа? Выходзь на божае святло.

Каштанка зафыркала ў адказ, і гэтае фырканне пакрыў вясёлы смех і гоман на таку. Ён, Хамёнак, яшчэ ўсё ныў:

— З выгляду яна, і праўда, як быццам нічога. Ды, падла, без ног…

— Хэ! Та ў нэі дзійсно тількі чатыры ніжкы, хлопцы! — пачуўся прыемны голас аднаго з тых жартуноў, што хораша, відаць, спяваюць. Украінец. — Так шчо, таварышу ўзводны, — гаварыў ён, — моя біда, а ваш наказ залышыцця, мабуць, у сілі. Я конячку сідлаю, так?

— Сядлай, Арцём. Толькі хутчэй, — пачуўся голас Сярожы.

«Ён — камандзір. Я так і ведала», — міжволі з радасцю падумала Галя.

Тым часам той весялун, каго звалі Арцёмам, зняў з невялікага каня сядло і перанёс яго на іхнюю Каштанку.

— Эх, здоровенькы булы, ластіўко! — сказаў ён. — А мого Чалого ты, борода, бэры. Тількі не ў яму цю постаў. Прыйду — побачу, як тый його годуваты мэш. Він — заслужэны кінь. Ну, господы благословы!

Хлопец паставіў у стрэмя нагу, і вось на светлым фоне снегу вырас над іхняй Каштанкай яго сілуэт.

Наструненая павадамі жарабіца затанцавала па прыгуменні.

— Прощай, борода! — пачуўся яшчэ адзін голас. — Ты, кстати, эту пакость сбрей. Мы как-нибудь зайдем, проверим. Вообще, разочка два в неделю бриться — это на здоровье.

— Не слухай, дзядзька, які ён фельчар? Ты лепш пчол у ёй развядзі.

— Точно! Медку не будет, но заснуть не дадут.

— Паехалі! — зноў пачуўся голас Сяргея. Яны паехалі, а Хамёнак застаўся. Пакінуты стомлены канюк, якога ён трымаў за павады, узняў галаву, заржаў. Неяк сумна, балюча — услед іх маладому смеху, цокату мноства падкоў па аблыселым бруку дарогі…

— Не плач, ідзі лажыся, чаго ты… — гудзеў Хамёнак з-пад коўдры. — Ты думаеш, што мне яе не шкада. Такая, ліха ім, кабыліца!..

— Пайшоў ты к чорту! — сказала яна і палезла на печ.

Хамёнак маўчаў нядоўга.

— Ага-а! — пачуўся ў цемры яго зларадны голас. — Дык ты па ім, па гэтым шыбеніку! Ну, паглядзім!..

Ён і тады яшчэ страшыў, ужо ў канцы панавання чужынцаў, ужо напярэдадні вызвалення.

…За акном пачынае світаць. Вялікі, поўны месяц вось-вось пабялее, закончыць дзяжурства над полем, перадасць яго сонцу.

А трактар гудзе і гудзе…

«Зайдзі, зайдзі, Сярожа яшчэ раз. Апошні разок!..»

Галя глядзіць удаль, успёршыся на падаконнік.

А гул усё, здаецца, набліжаецца. Так, ён бліжэй, штораз бліжэй!..

«Ідзі, ідзі адтуль, дарагі мой, куды ты пайшоў пад песню свайго гармоніка на вуліцы, пад цокат падкоў на дарозе, — з той яснай стараны, адкуль ты не вяртаўся гэтак доўга!..»

Збылося!

Трактар спыніўся. Рокат замоўк.

Галя ўстала і адышла ад акна. Міжвольнымі рухамі рук яна адразу паправіла валасы, пасля — таксама міжвольна — закрыла рукамі твар.

Сяргей ідзе. Яшчэ ўсё малады, як і ў той час, толькі цяпер — у сінім заплямленым камбінезоне, з пшанічным чубам над блакітнымі вясёлымі вачыма, з кепкай у левай руцэ. Вось-вось зашалясціць пад яго ботамі росная трава, захрупае жвір каля прызбы, працягнецца да шыбы родная рука, застукае ціхенька ў шкло і — кончыцца ўсё, што было… Ідзі, ідзі, я чакаю даўно… ой, даўно!

Ды што гэта!..

Ну, а ты думала — што?..

Трактар гудзе зноў. І гэты гул цяпер штораз — далей.

Як гэта проста ўсё, як зразумела, што ён завярнуўся, — і як гэта страшна!..

Сядзь і сядзі каля акна. Хочаш — крычы, а хочаш — маўчы, пазірай. Ёсць і яшчэ адно, што табе засталося, — заплач.

І Галя выбрала апошняе. Не выбрала — яно прыйшло само. Прыпаўшы тварам да гарачых рук на падаконніку, яна заплакала — горка, наўзрыд. Плакала доўга, як дзіця, калі яго пакрыўдзяць і пакінуць у такой вось чужой і цёмнай хаце. А потым, як дзіця, стамілася ад слёз. Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна, асела на душу… Жняя заснула. А трактар гудзе і гудзе…

…За садам — пшаніца. Багаты хлебны прастор. Над калоссем — густая парная імгла, праз якую спакойна глядзіць на зямлю негарачае сонца. Сёння, у нядзелю, яно нібы адпачывае само і хоча даць выхадны ад спёкі ўсяму, што жыве.

Такога мора пшаніцы не бачылі тут, на месцы нядаўніх палосак ды межаў, ніколі. Прыгнешся трохі — амаль зусім не варушыцца цяжкае ды непахілае калоссе, цёпла-вільготнае ў імгле, нібы спацела… Харошая пшаніца. Так і трэба! Над шчоткай меднага калосся — шэрыя, няўрымслівыя вераб'і. Дажылі да раскошы. Так і лётаюць, так і шчабечуць, так і садзяцца на каласы, нібы пчолы на кветкі. Толькі тыя заўсёды працуюць, гудуць сваю песню сур'ёзна, а вераб'і цяпер шчаслівыя, без клопату. Зусім легкадумны народ.

А трактар яшчэ ўсё гудзе і гудзе… Хто там змяніў гарманіста Сяргея?.. Каля студні мыецца Галін хлопец Антось. Нацягаў у карыта сцюдзёнай вады, зняў кашулю, і на ўвесь двор чуваць, як ён фыркае ды пакрэктвае ад здавальнення. Харошы хлопец, жывы, працавіты. Добра, што цягне яго да людзей. Сам, па сваёй ахвоце і пазаўчора і ўчора хадзіў з сябрукамі за вёску да малатарні. Антось выціраецца свежым кужэльным ручніком. І зноў, здаецца, на ўвесь двор чуваць, як аж рыпіць яго загарэлы твар, моцныя рукі, што заслужылі і сёння на адпачынак.

Галя вельмі любіць Сонечку. Галі ў маленстве ніхто не здымаў. Якія там маглі быць здымкі. Добра хоць, што люстэрка было ў Парабчанкі. Ды Галя глядзіць на Сонечку сваю, як у люстэрка. Такою, мусіць, толькі такою была яна сама калісьці, — з вялікімі вачыма, чорненькая шчабятушка…

Сонечка стаіць на пасцелі ў кароткай чысценькай кашульцы. Яшчэ ўсё сонная, ды ўжо з усмешкай на прыплюшчаных карых вачах, яна працягвае да Галі тонкія загарэлыя ручкі. Мама надзявае на іх маленькі крэмавы станік, потым зашпільвае яго, спрытна перабіраючы пальцамі белыя гузікі. А тонкія цёплыя ручкі малой ужо абвіліся за Галіну шыю. Чорнавалосая галоўка сама схілілася на маміна плячо. Ой, як прыпала б яна да падушкі!.. Ды нічога, Сонечка ўстане таксама ахвотна. Яна ведае, што цяпер жніво, што ёй і сёння трэба замяніць Антося, пакуль ён паспіць. На двары ўжо стаіць, чакаючы сваю пастушку, ласкавая, спакойная Падласка. У жоўтым чысценькім збанку стаіць на стале каля кубка цёплы сырадой.

— Ты, мамка, спала са мной?

— З табою. То ж мы разам з табою заснулі.

— Сёння, мамка, нядзеля?

— Нядзеля. Сукенку ты надзенеш новую, дачушка. Гэтую.

— А ты, мамка, пойдзеш у поле. Жыта дажалі, дык трэба ўжо авёс. І авёс, пшаніцу. Антось таксама пойдзе.

— Ён паспіць. Ён малаціў усю ноч.

— Антось наш вялікі. Ён у нас, мамка, харошы.

— Харошы, дочка, харошы.

— І я харошая, мамка. Я цябе слухаю.

— Ты — таксама, дачушка. Ты лепшая за нас усіх.

Галя падцягвае малой таксама, як і станік, свежыя, гладкія трусікі, а потым туліць да грудзей усю яе — такую родную, цёплую. «Сонейка маё! Чаму ж я не нарадзіла цябе ад таго, хто быў мой?!.»

А за акном — чуваць — гудзе, ракоча нястомны рабацяга-трактар… Хто там сядзіць за рулём? Хто там змяніў Сярожу?

— А я ўчора думала-думала, думала-думала, — шчабеча Сонечка, — і ўспомніла: спекулянт! А што гэта, мамка? Што?

— Вырасцеш, дочка, яшчэ трохі і тады зразумееш, тады я скажу. Ты — харошая, ты больш не будзеш пытацца?

— Не буду. Я Падласку паганю.

…Галя ідзе па расе каля пшаніцы, туды, дзе дарога ў поле.

«Не, ён — не толькі спекулянт, — у думках гаворыць яна, нібы яшчэ ўсё размаўляючы з дачкой. — Ён — баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек. Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..»

Яна ўспамінае яго бараду. Кудлатую, рыжую, з пчоламі. Назаўтра пасля таго, як забралі Каштанку, ён доўга скроб тупою брытвай гэтую бараду, — крахтаў, стагнаў перад аблезлым трохкутнікам люстэрка, а ўсё ж такі скроб. І кожны тыдзень галіўся, да самага прыходу нашай арміі, штоночы чакаючы тых, што абяцалі прыехаць праверыць. Яны, вядома, не прыехалі, а ён, вядома, не змяніўся. Пайшоў на фронт. Ну, прастрэлілі трохі руку… Куды ён толькі ні тыцкаўся з гэтай рукой, каб давесці, што ён за савецкую ўладу! Куды ён толькі не ездзіў на свае гешэфты!.. Стоўбцы, Баранавічы, Менск… І вось сядзіць. Даездзіўся, дабурчэўся…

Можа, нядобра гэта, што яна не шкадуе яго? То ж бацька дзецям, пражылі столькі год… Ды не, не шкадуе, ні разу нават, здаецца, і не падумала. А трактар гудзе…

Хутка знікне імгла, і за пшаніцай, за лёнам адкрыецца чорны прастор свежай, духмянай раллі, стане відаць, колькі за ноч узняў зямлі яе Сярожа. А можа, гэта ён яшчэ сядзіць за рулём? Не, не ён. Нават трактар ракоча не там, — не даходзіць у сэрцы яго несціханы, бязлітасны, добры, любімы гул. Не, не ён.

Нехта ідзе па дарозе… Божа мой — ён!..

Галя хацела рвануцца, пабегчы туды, але спынілася — глядзіць… Сярожа ідзе без шапкі, у сінім расхрыстаным на грудзях камбінезоне — такі самы, якім яна нібыта бачыла яго праз акно.

«Не, ён не ўбачыць мяне!.. Не, не цяпер!..» Яна сышла са сцежкі ў пшаніцу. Сяргей ідзе і не бачыць над калоссем яе галавы ў белай хустцы, пад колер імглы. Ды ён сюды і не глядзіць… Толькі на яго, услед яму глядзяць Галіны карыя, сумныя вочы…

«Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! Вярніся, заспявай мне вясёлую песню пра чорную галку, якая яшчэ ўсё твая, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду з табой усюды, куды скажаш!..»

А пшаніца, якая пшаніца навокал! Густая, чыстая, высокая. Так і трэба!

Галя яшчэ не думае пра гэта: толькі адчувае. Мазольная спрытная рука жняі пайшла па каласах, і пяшчотныя дотыкі іх разбудзілі ў душы пачуцці светлай, харошай палёгкі…

«Іван Сцяпанавіч! Дзядзька Іван! Памажыце мне, дзядзька!»

Галіны вусны шэпчуць гэта, як даўно завучаныя словы. І дзядзька Іван, разумны Іван Сцяпанавіч, той самы Іван Чарнагрэбень, падпольшчык і гарманіст у мінулым, цяпер старшыня іх калгаса, глядзіць на Галю з-пад густых, ужо як быццам з сівізной брывей.

«Што ты хочаш, Галіна?»

«Дзядзька Іван, я не хачу там жыць, вазьміце вы мяне назад у нашу вёску. Зрабіце мне хатку, і мы з Антосем адробім, за ўсенька адробім. Здыміце з мяне яго прозвішча, дзядзька Іван. То ж вы і самі ведаеце ўсё — хто ён, хто я і хто мае дзеці…»

«Не плач, Галіна, не трэба. Уладзім».

А Галя плача. Ідзе па дарозе і плача. Праз імглу і праз слёзы, што засланілі ад яе гэты пракляты, яшчэ ўсё не зраўнаваны з зямлёю хутар, працягваюцца тонкія загарэлыя ручкі, цёпла кладуцца на шыю яе, і каля самага вуха чуваць:

«Ты харошая, мамка мая!»

Не, гэта ты харошая, ты, маё сонейка, ты лепшая за ўсіх! І доля твая будзе не такой, як у мамы. Ніхто не насмяецца з твайго жыцця… А трактар гудзе і гудзе…

Там — не Сярожка. Ды гэта нічога. Ноччу будзе зноў ён. Зноў будзе балець па ім яе душа, да самага світання…

Няхай сабе. Абы толькі гудзеў.

1953

Усмешка

Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.

Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь…

Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, а толькі раздумваю — я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.

На захадзе з-за хмар выглянула сонца. З узгорка ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі і чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяці-шасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.

Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта і горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.

Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва і смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.

Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, і на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе і на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па іх гуляюць сонечныя зайчыкі.

На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчынка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.

Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе і ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця — заўсёды дзіця, заўсёды радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.

Але дзяўчынка тым часам праехала міма мяне і там, дзе шумлівы, пеністы раўчук ад плота разліўся на сярэдзіну вуліцы, пачала раптам з'язджаць з хрыбта свайго бычка і, пакуль я сабраўся бегчы ёй на дапамогу, з'ехала і шлёпнулася, села ў мелкую ваду!..

Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.

Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі і панюхаў яго, а дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.

— Ой, татачка! — гаварыла яна і, не могучы дакончыць, звонка смяялася і паўтарала: — Ой, татачка! Ой!

І мы смяяліся ўтраіх, — так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і… прачнуўся.

1956

Маці

Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было адмахнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. А рабіць трэба было, хоць і свету не бачыш… І яна жала, нікому нічога не кажучы.

Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамі бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.

Аднак яны бачылі многа.

Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.

— Глядзі, Васіль, як ён упяўся… Эх! Трымайся, нябога, стой!

Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам патухала зара, а зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер і панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык і ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету, — той не хацеў упасці. І старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары і не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.

Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.

Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна — спераду, ён — ззаду.

Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.

Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое, — так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.

На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы — на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё… Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта, — не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі і сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.

— Што гэта?

— Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі іх паліцаям. Дадуць гарэлкі і тытуню.

— Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж іх нехта паслухае?

— Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. І хату спаляць.

— На ўсё божая воля…

Яны пайшлі — зноў адно за адным і моўчкі. Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, і ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.

— Я пайду ў вёску, — апярэдзіў яе Васіль.

— Зноў! — больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: — Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.

— Ну што ж, і ўстану.

— Дык павячэраў бы хоць.

— Я скора прыйду.

— Ведаю я гэтае скора… Ой, находзішся ты! Давядзе цябе гэты Азароначак! Успомніш ты маё слова!..

— Нічога, маці. Спалохалася?

— Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая — нічога не бачу, або дурная — нічога не ведаю?

Ён падумаў, што больш не варта… Не, ён проста ўспыхнуў:

— Яшчэ чаго — будзе вучыць!

І пайшоў.

Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..

Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.

........................

Маці не спіць.

Каля гэтага хутара фронт — трагічны пачатак вайны — прайшоў, як нейкі раптоўны віхор, — і верхам, і нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты… Прайшоў гэты віхор і праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.

І вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. І не вяртаюцца, як іншыя… Не паспелі і ажаніцца, — так хутка праляцеў ён, гэты час іх доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. А Васіль — гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку…

Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе… А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася — нават не скажа, куды і чаго…

…Яны прыйшлі яшчэ зацямна. Старая не спала ад болю ў нагах, і асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка — хто гэта? — і нават радасць — а можа? — пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:

— Хозяин!.. Хозяин, открой!..

Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку і адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта — яны, байцы…

Адзін з іх, — а колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця, — адзін падышоў да яе і ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:

— Мать? Ты нам хлебушка дай, родная… Ты не бойся: мы сразу же уйдем… Из лагеря бежали…

Шэры і гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма… З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец… Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль і знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны — цяпер ужо добра відаць — учатырох.

— Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка… Хоць смагу прагнаць… Лямпу не будзем запальваць…

Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.

........................

І на гасцінцы, і ў мястэчку, на ўсім — так добра знаёмым і якім жа кароткім цяпер — шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. І ўсім было зразумела, куды і завошта.

Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук… Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці і, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як і яны, галаву.

Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. І ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават і на пажар роднай хаты!.. Відаць, далёка ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты… Дзе яны, Уладзік і Сцяпан?.. Хавай іх, Божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. І тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля… Яна чула іх крокі — шорганне босых ног па жвіры, чула і цяжкае дыханне… Яна аддала ім усё, што магла… А тут нават не азірнешся. І яна рабіла адно — яшчэ як мама вучыла — малілася. І за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…

Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.

Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на іх паход сустрэчныя, — што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай…

1957

Memento mori

Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.

Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.

Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, — усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.

Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму — доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу…

Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.

— Мы хутка скончым гэтае швайнэрай[5], і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла… О так!..

Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.

Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.

— Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд[6], дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.

Печніка падагналі.

— Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль?[7] — засмяяўся начальнік.

Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.

Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр — грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.

— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?

Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.

— І скажыце яму… Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.

— Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там — у адрыне?

З вуснаў у чалавека сарваліся словы:

— Там… мая… баба…

— Ён кажа, што там яго жонка.

— Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.

— Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў… што жонку сваю вы можаце забраць.

Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:

— У мяне там і дачка… з малымі дзет… камі…

— Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.

— О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?

— Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?

— Скажы яму, што ў мяне там суседзі… А ты скажы, што яны сваякі…

— Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.

— Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!..[8] Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?

— Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.

Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:

— А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..

Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.

Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…

У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.

Але пячнік упаў.

Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.

Тады вароты назаўсёды зачыніліся.

І ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.

І ён жыве.

1958

Туга

Андрэю

1

Калі праўду сказаць, дык і тут было часам нядрэнна.

Перш за ўсё, тут было вельмі многа вады, і яна называлася мора. Глядзіш з самага берага, седзячы на пяску, глядзіш з высокага абрыву, са сцежкі ў шорсткай траве — а яно ўсё бясконца мора ды мора!..

Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Горача вельмі і зверху, бо сонца тут пячэ ўвесь дзень. Тата знайшоў чатыры кіёчкі, прыносіць іх сюды, утыкае ў пясок і зверху нацягвае прасціну, якая тады называецца тэнт.

Спачатку Юрка баяўся мора і не лез у яго. Ён то ляжаў пад тэнтам, то ішоў на самы бераг і шпурляў у мора каменьчыкі. А іх тут таксама вельмі многа. І яны называюцца галька. У тое, другое лета, калі Юрка з мамай і татам жылі ў лесе над рэчкай, каменьчыкаў было куды менш. Там іх тата збіраў для Юркі і ўсё знаходзіў мала. А цяпер — кідай, кідай, ажно рука забаліць!.. І так — то пад тэнтам ляжы, то гальку кідай. І сёння, і ўчора, і ўжо даўно, даўно!.. І тата смяяўся:

— Эх ты, курыца! Трэці дзень на курорце, а ўсё сядзіш ды глядзіш.

Ды вось тата ўзяў Юрку на рукі, занёс у мора і, колькі малы ні прасіўся, паставіў яго ў ваду па саменькія грудзі. Юрка яшчэ ўсё то крычаў, то дрыжаў, то пачынаў смяяцца, а вада як плюхне на яго — і ў рот, і ў вочы, і на валасы!.. Ды такая ж салёная, страшная!..

Ну, так было раней, калі Юрка баяўся мора. А цяпер ужо мама баіцца, каб ён не лез. І аднаму купацца Юрку не даюць, — і тады, калі ціха, і тады, калі на бераг коціцца з шумам адна за адною вада, якая ў той час называецца хваля.

— Сёння, сынок, хваля вялікая, ты купацца не будзеш. Ты — харошы, і ты не будзеш нават прасіцца.

Праўда, харошым тут быць вельмі сумна, але ж і з мамай трэба дружыць. Тату добра — ён купаецца і тады, калі тая хваля аж надта шуміць і хвошча па беразе, нават тады, калі мама і яго — такога вялікага! — просіць, каб не купаўся.

У той дзень Юрка прыдумаў нештачка вельмі вясёлае. Ён браў сваё блакітнае вядро з намаляваным на баку вялізным жоўтым яблыкам і ішоў да самага берага. Берага, зрэшты, цяпер не было. Хваля за хваляй так шумна і так злосна каціліся на гальку і пясок, што бераг усё ўцякаў — быў то бліжэй, то далёка… Хваля адкоціцца, і толькі пена, як з мыла, усмоктваецца ў гальку і пясок. А ты бяжыш следам за берагам, каб чарпануць вады. І толькі ты сагнешся — хваля зноў як плясне, і бераг твой пабег, пабег, а ты ўжо стаіш у вадзе. І ты з вады ўцякай, бо хваля другая таксама — як плясне!.. Мама ўсё яшчэ баіцца, а то і крычыць нешта, хоць што яна крычыць — не чутно, бо відаць толькі, як яе рот раскрываецца. Затое тата не крычыць. Ён нават так сядзіць ды так павернецца бокам, што нібы цябе і не бачыць… У гэтым іменна ўвесь смак гульні. Юрка падкрадаўся да таты з вядзерцам вады ды знячэўку на спіну як плюхне! — тата ажно падскочыць і закрычыць. Як жа гэта прыемна Юрку і як жа тут нарагочашся! І можна яшчэ і яшчэ раз, бо тата будзе кожны раз так сядзець, што нібыта ён нічога і не бачыць… Вось і ўсё, што вясёлае.

Праўда, было аднойчы вельмі весела ў кіно.

Першы раз, калі Юрку ўзялі туды, ён спачатку глядзеў, потым драмаў, а тады і зусім заснуў у таты на каленях. І мама сказала, што лепш ужо яна сама не пойдзе ў кіно, але ж і дзіцяці марнаваць не будзе. Але і назаўтра пайшла, бо карціна, казалі, вельмі ж цікавая.

Кіно тут не такое, як у іх, у Менску, а проста на дварэ. Цёця ўпушчае туды праз брамку. І за брамкай лаўкі стаяць, навокал высокі плот, а столі няма. На сцяне расцягнута палатно, якое і тут называецца экран. Дзе левая ручка — там плот і дрэвы, а дзе правая ручка — там плот і пад абрывам мора. Яно так далёка ўнізе, што адгэтуль нават і не чутно, як шуміць. Толькі месяц высока над морам, а на моры доўгая, бліскучая дарожка. Пакуль пачнецца кіно, навокал сакочуць конікі, якія тут называюцца цыкады. А ўжо калі залапоча рухавік, калі на экране пакажуцца людзі і зайграе музыка — тады чуваць толькі кіно. Але яно зусім невясёлае, бо гэта ж не Бураціна і не Беласнежка, а толькі ўсё для вялікіх. Усё нешта гавораць, гавораць… І сумна.

Ды вось раз на экране паказаўся сабака… Вялікі, вялікі! І чорны. І ён як загаўкае!.. А тады за плотам, з таго боку, дзе пад абрывам мора, — таксама нешта як загаўкае!.. Ужо не з экрана, а нейкі жывы сабака, што, відаць, сядзеў дагэтуль ціхенька ды глядзеў кіно. І ўсе дзядзі і цёці зарагаталі. І Юрка так рагатаў, і так хацелася пра гэта гаварыць, што мама ажно зазлавала…

І Юрку ўжо не бяруць у кіно. Кладуць яго спаць, а самі ідуць. І ён калі адразу засне, а калі дык ляжыць і думае.

Сёння, напрыклад, думае.

2

У слоўніку трохгадовага чалавека слова «туга» пакуль што не значылася. Аднак душу яго — хоць неназваная яшчэ і неўсвядомленая — яна ўжо наведвала.

Адчуванне гэтае, лепш сказаць — цэлы комплекс вобразаў і звязаных з імі пачуццяў пачаўся ад брэху — таго, з экрана і на экран.

Здаравенны, чорны кіно-сабака і той, з-за плота, яшчэ невядомы, брэхам сваім напомнілі Юрку далёкага, добрага друга, ад якога хлопчык спачатку доўга ехаў машынай, а потым высока-высока ляцеў самалетам…

Юрка забраўся ажно сюды, дзе мора, а Шарык застаўся там, у цёцінай вёсцы, на ланцугу.

Цёці Верын сабака быў вельмі добры, але нецікавы і нават смешны з выгляду: пярэсты, палавіна галавы белая, палавіна чорная наўскасяк, як быццам ён завязаў нейкай лапінай падбітае вока і ўсё падвільвае хвастом ад сораму. І зусім не кругленькі, хоць і называецца Шарык.

Можа, каб Юрка баяўся яго, як ён баяўся спачатку мора, дык самі б яны і не пасябравалі. Але ж Юрка не вельмі баіцца! Ён не баяўся яшчэ і ў тое, другое лета, калі яны жылі ў лесе над рэчкай і калі там было многа-многа індыкоў, а ён аднойчы сам зайшоў да іх, у загарадзь, і ўсе крычаў, як паравоз, каб яны балбаталі… І Шарыка ён не пабаяўся, а назаўтра пасля таго, як да цёці прыехаў, сам падышоў да цюцькі і пагладзіў. Цюцька ляжаў у будцы, палажыўшы сваю пярэстую галаву на парожак, і ціха пазіраў на двор, дзе быў якраз поўны парадак. Калі маленькі чалавек, што спаў і еў сёння ў іхняй хаце, павёў рукой па яго лабаціне, Шарык заплюшчыў вочы і ціха зашастаў хвастом па саломе.

А быў ён, Шарык, не з ціхіх. Брахаў вельмі многа і вельмі ахвотна, то злосна, то весела несучы службу, на думку самога — зусім неабходную ў гаспадарцы.

Брахаў ён нават на жоўтага карнавухага ката Базыля, абы той трапіў яму на вока. Хоць Базыль і сам быў не лайдак які-небудзь, а сур'ёзны работнік, стары ўжо і, можа, больш за Шарыка паважаны ў хаце, — ён добра ловіць мышэй і вось ужо адзінаццаць год мармыча казкі цёцінай Іры, з якой яны, цёця Вера казала, і нарадзіліся ў адну зіму. Так што Базыль не вельмі баяўся Шарыкавага брэху, хоць само сабою блізка каля будкі не хадзіў.

Найбольш і наймацней брахаў Шарык тады, калі Іра выганяла з хлява свінню і трое парасят, каб удваіх з Юркам гнаць іх на пасту.

А трэба сказаць, што цёці Верына Ірачка вельмі вясёлая, і Юрка любіць яе. Яна і гуляе з ім, і свіней яны разам пасуць, і казкі яму вечарамі расказвае. У Іры балела вока, і цяпер яна носіць акуляры, як старая бабка. І ўсё бегае, шмыгае ды смяецца. А сама малая ды худзенькая. Дык Юркаў тата выдумаў, што яна — мыш на пенсіі.

— Ты, мыш на пенсіі, што ты ўсё толькі маўчыш ды гыкаеш? Ну, скажы: мама, тата, карыта… А што, і не ўмееш гаварыць! Смяешся толькі: гы ды гы.

У адказ Ірачка не толькі рабіла сваё «гы», але і смяялася ціхім ды такім жа смяшлівым смехам, што ты глядзіш на яе дый сам засмяешся.

Маўчала Ірачка толькі з вялікімі. А так яна вельмі добра ездзіла верхам на іхняй свінні. Разбяжыцца, падскочыць, крыкне «эп!», перавесіцца жыватом, перакіне нагу і сядзе. «Ану, — крычыць, — садзіся, Юрка, на прэчып!..» Вялізная белая свіння, якая — мама пяці падсвінкаў і называецца Каруля — бяжыць, трасе вушамі, рохкае — аж за брамку, на вуліцу. За ёю следам — парсючкі і Юрка.

А Шарык ажно ланцуг са сцяны вырывае — так ірвецца і брэша ім наўздагон.

Мілы, хорошы цюцька! І лапа твая, відаць, яшчэ не паправілася…

Захварэлі Шарык з Юркам у адзін дзень. Але Юрка паправіўся першы. Калі цёця Вера сказала, што сёння ўжо можна ісці гуляць, ён узяў з шафкі ў кухні лустачку хлеба і пабег у будку. Бо нехта дрэнным кіем ці каменем перабіў іхняму Шарыку пярэднюю правую лапу. І Шарык ужо не гаўкаў, як раней, а толькі хныкаў, гледзячы на госця, і ціха, памалу шастаў хвастом па саломе. А Юрка ўжо не тузаў яго аберуч за вушы і не абнімаў, не ціснуў за шыю, а ціха залез у будку і таксама лёг.

І лапы хворай не чапаў, нават пагладзіць яе баяўся.

— Еш хлеб, — гаварыў ён. — Еш. Ён смачны.

І цюцька, хоць не галодны, узяў у зубы лустачку і не па-свойму, не прагна, як раней, а проста ветліва пачаў жаваць…

Таксама, як той брэх з-за плота напомніў Юрку Шарыка, лустачка хлеба прывяла, адкрыла ў памяці другі малюнак.

Старая Шутка, цёці Верына авечка з крывым, смешна сагнутым рогам…

Трэба сказаць таксама, што ў цёці Веры ўсе працавалі. Цёця і дома рабіла, і ў поле хадзіла штодня. Іра і свіней пасвіла, і двор падмятала, і мыла падлогу, і Юрку карміла, калі яны толькі ўдваіх былі дома. Шарык гаўкаў і днём і ноччу, пільнуючы хату і сад. А кот Базыль лавіў мышэй, толькі зрэдку лежачы на «кашэчай гары». Так цёця Вера называла іх вялікую, заўсёды цёплую печ.

Працаваў і Юрка. З цёцяй Верай ён хадзіў часамі «ў калгас» — лён палоць, сушыць сена, куды яны ездзілі з другімі цёцямі на грузавой машыне. З Ірай ён пасвіў свіней. Але галоўнай Юркавай работай лічылася ў хаце адно — заганяць увечары авец.

Калі яны, авечкі з усёй вёскі, узняўшы пыл, бэкаючы, вярталіся з пашы, трэба было паспець адчыніць брамку, выбегчы на вуліцу, адлучыць ад чарады свае і загнаць іх у двор. Гэта, зрэшты, было няцяжка. Шутка ішла дахаты сама, ведучы за сабою сям'ю: барана Шмэрку, авечку Дусю і маленькіх, яшчэ безыменных блізнят. Апроч таго, што яна была авечая мама і сама пазнавала свой двор, старая Шутка ведала яшчэ і тое, што Юрка сустрэне яе не так сабе. Як змоўшчыкі, яны амаль штовечара заходзілі з ім за вугал хаты, ён даставаў з кішэні лустачку хлеба, моцна трымаў яе ў працягнутай руцэ, а авечка адкусвала і старанна, ціха жавала, ах, як пацешна варушачы чорнай, наздратай і казытлівай, калі дакранешся, мызачкай!..

У Шуткі дык малая мызачка, а вось у Кветкі, цёцінай каровы, — вялікая, халаднавата-вільготная пыса…

Бо мы забыліся сказаць пра яшчэ адну Юркаву з цёцяй работу, — яны штовечара разам даілі карову.

Пакуль цёця Вера, прысеўшы на маленькім зэдліку, даіла сваю бакастую ды вымістую Кветку, пакуль малако ўсё дзюрчала ў даёнку, Юрка стаяў перад каровай і то правай, то левай ручкай гладзіў яе па пысе. А Кветка то ўсё жавала сваю жвайку, то пакідала жаваць і ўздыхала, і з вялікіх ноздраў яе на Юркаву руку цёпла дыхаў шырокі, ласкавы струмень паветра. Ручка міжвольна ўздрыгвала, і хлопец ціхенька, удзячна смяяўся. Мілая, добрая Кветка!..

Кот Базыль быў гарушчы, ён еў што папала, не перабіраючы, хлеб — хлеб, бульба — бульба… Аднак і ён любіў пагрэць сваю старасць тым цёплым Кветчыным малаком, што называецца — сырадой. Базыль хлябтаў са свайго чарапка пад лаваю, а Юрка і Ірачка сядзелі за сталом. І сырадой з хлебам быў такі смачны! Яны яго пілі ды закусвалі папоўніцы, і над губою то ў аднаго, то ў другога рабіліся белыя вусы. І гэта было так смешна! Над цёці Верыным сталом гарэла ў вялікім белым шары электрычная лямпа. Акно было адчынена, і на шырокім падаконніку маленькі радыёрэпрадуктар так весела граў, што ажно сам падскакваў. Ажно лісце за акном, на яблыні, варушылася!..

А цёця Вера казала:

— Ну, я яшчэ падлію. Колькі ж ты з'еў — менш за ката.

І Юрка еў «больш за ўсіх» — поўную шклянку, і яшчэ амаль поўную шклянку, і цэлую лусту, як Шутка!..

А пасля яны з Ірай лажыліся спаць. Бралі з сабою Базыля, і ён ім мармытаў сваю казку — адну і тую ж, аднак такую цікавую, цёплую, сонную… Але адразу ім не спалася, і яны рабілі свой «схованы домік» — накрываліся прасціной з галавою і там ужо або шапталіся, або хіхікалі. Пакуль цёця Вера не скажа:

— Ну, спаць, рагатуны. А то людзі ўсю ноч разбяруць. Чуеце, вунь як ціха?..

І праўда, ціха было. Толькі чуваць, як у трэцяй за імі хаце, — а Юрка ведае: гэта ў Ласёвага Ванькі, — яшчэ ўсё гаворыць радыё. Або яшчэ, вясною, як толькі Юрка прыехаў сюды, жабы кумкалі на балоце, за цёці Верынай капустай. Часамі загудзе на вёсцы ці на дарозе машына. І гэтак хочацца крыкнуць, што гэта — дзядзі Алёшава, таго, што Юрка з ім ездзіў на сенажаць!.. Часамі з клуба на тым канцы вёскі доўга чуваць былі песні і музыка. А то гудзеў у полі трактар, блізка ці недзе далей. І конікі ўсё сакаталі. Ды часам Шарык гаўкне на некага ці на нешта, ці так сабе, прабягаючы ціхенька вакол хаты.

Любы сон неўзаметку залазіў у іхні з Ірачкай «схованы домік».

«А лапка яго, відаць, ужо не баліць», — думае Юрка, адзін у далёкім-далёкім пакоі. Там, каля мора, куды трэба высока, высока ляцець самалётам.

Але нарэшце ён засынае.

3

І сон прыходзіць з вясёлымі, поўнымі сонца і шчасця карцінамі.

Вось яны едуць у цёці Верыну вёску. Тата сядзіць за рулём, побач мама, а на каленях у мамы — Юрка. І ён глядзіць ды глядзіць у акно. Але ўжо змяркаецца, і тата ўключыў фары. Як гэта добра! Спачатку мігціць калоссе абапал вузкай дарогі, а тады пачынаецца грэбля і паша, дзе ўжо нікога няма: ні дзяцей, ні свіней, ні гусей…

А потым з мосціка нешта белае — як шыбане! — і пабегла, пабегла да гумнаў…

— Ага, твой Базыль, — кажа тата.

І Юрка крычыць:

— Гэта ён сустракаў мяне! Ён сустракаў!..

І вось яны павярнулі нарэшце ў вуліцу, вось ужо цёціна хата, і брамка, і яблыні. Вось ужо Юрка бяжыць туды, — сам, адзін, без машыны, і таты, і мамы! — бяжыць і бачыць, што цёця Вера ідзе і смяецца, што Ірачка бяжыць і таксама смяецца. Гэта ён, гэта Базыль наказаў!..

— Я прыехаў!! Я зноў прыехаў да вас! — крычыць Юрка. І ён смяецца і плача ад радасці…

Тата і мама яшчэ ўсё не прыйшлі з кіно. Ніхто не бачыў, як Юрка прачнуўся, шчасліва заплаканы. Але і сам ён яшчэ не вярнуўся ў свой белы, пусты пакой, з цыкадамі за адкрытым акном, — ён толькі паплямкаў губамі, падкурчыў ножкі і зноў паляцеў у краіну духмяных рамонкаў, сасновых сцен ды бясконцай і цёплай, басанож абтупанай зеляніны…

У цёці Верыным хляве жывуць сабе карова Кветка, старая Шутка са сваёй сям'ёй і свіння Каруля з падсвінкамі.

Думаеце, што гэта і ўсё?

А другая палавіна хлява называецца адрынай. Там ляжыць сена і салома. Там, уверсе, пад лацінамі, гнёзды ластавак. І ластавяняткі ўсё пішчаць, а іхнія мамы і таты носяць ім мошак.

А часамі там, недзе ў куточку, знясецца курыца, і тады ўжо на ўвесь свет кудахкае.

І ўсё?

Ого!.. Юрка таксама думаў спачатку, што ўсё.

А тут з-пад цёці Верынай адрынкі на траву выйшла — глядзіце! — вожыкава мама, а з ёю тры маленькія важаняткі. Па вялікім для іх, па сапраўдным рамонкавым лесе яны — адно за адным, а мама спераду — прабіраюцца да жоўценькага збаночнага чарапка, у якім — малако. І малако такое смачнае, такое сырадоістае, што ў Юркі ажно язык засвярбеў. Зараз во, зараз будзеце хлябтаць!..

А Юрка — паглядзіць.

— Ну, ну, хутчэй! Хутчэй! — нагінаецца ён над імі, падышоўшы зусім блізенька.

І вожычыха скручваецца клубком. А за ёю скручваюцца клубочкамі і малыя.

«Ну што ж, я пачакаю», — думае Юрка і лажыцца ў цёплым ад сонца, духмяным рамонку.

Падпёр шчокі загарэлымі кулачкамі і маўчыць, чакае.

Ах, як добра, што Шарык дрэмле ў будцы і нічога не бачыць! А то пачаў бы брахаць і напалохаў бы вожыкаў. Добра, што і Базыля тут няма, а то ён выхлебтаў бы малако. Добра, што і нікога пакуль што няма, што так ціхенька, светла. Яны вось-вось раскрыюцца. Важаняткава мама расшчэпіць трохі свой вельмі калючы клубок, цікне праз шчыліну і ўбачыць, што гэта толькі хлопчык Юрка ляжыць. А ён жа хоча толькі паглядзець…

«Ідзіце, ідзіце, — думае Юрка, — не бойцеся, тут жа нікога няма…»

Ды раптам чуецца Іраччын голас:

— Юрка-а! Ідзі свіней пагонім! Юрачка-а!..

Ён хоча адмахнуцца ад яе, але нешта дужае-дужае, цёплае-цёплае абнімае яго і — ніяк не махнеш. Ён хоча крыкнуць: «Ну цябе, гані адна!», ён намагаецца, і крык ягоны вылятае з вуснаў ужо не там…

Гэта мама яго абнімае, гаворачы:

— Юра, Юрачка, уставай! Што ж гэта сёння ты так заспаўся?

А ён крычыць:

— Сама гані сваіх свіней! Сама!..

— Сама пагоніць! — смяецца мама. — Глядзі — разышоўся…

І Юрка прачынаецца канчаткова.

— Трэба снедаць ісці, сынок. Усе ўжо даўно пайшлі. А мы з табой спазняемся.

Памытага, адзетага, але яшчэ ўсё надзьмутага Юрку за ручку вядуць у сталовую. Там з яго бесцырымонна здымаюць цюбецейку, садзяць за стол і пачынаюць карміць.

Цёця Паліна Іванаўна, якая называецца сястра-гаспадыня, спачатку то ідзе, то спыняецца каля другіх сталоў, а потым падыходзіць і да іх.

— Добрай ранічкі, — кажа яна. — Ну, і чаго ж мы такія сумненькія? Як жа мы спалі? У гэтым заездзе, разумееце, амаль зусім няма дзяцей. Вось толькі ваш ды прафесара Маркава, Аляксандра Паўлавіча, Вова. Ды Вовачка, разумееце, прыхварэў ангінкай і пакуль што на пасцельным рэжыме. А так бы яны гулялі разам. Вовачка таксама, як і Юра, вельмі прыстойны хлопчык…

Цёця сястра-гаспадыня і сама вельмі прыстойная. У чысценькім, хрумсткім халаце, поўная, ходзіць салідна, нібы плыве, і гаворыць ласкава, роўненька.

І ўсё тут вельмі прыстойна — пальмы ў кадках, сталы пад беласнежнымі накрухмаленымі абрусамі, дзядзі і цёці, што вітаюцца па пяць разоў на дзень. І мама не крычыць на Юрку, як дома, а толькі ўсё шэпча ціхенька, прыстойна:

— Еш! Божа мой, еш ты!..

І ў тую раніцу ўсе тут, вядома, вельмі здзівіліся, калі такі мілы ды ціхі хлопчык, седзячы з мамай і татам, раптам крыкнуў на ўсю сталовую:

— Я тут ждохну ў вас! Я хачу да цёці Веры!

1961

Апоўначы

За дваццаць пасляваенных гадоў я гэты хутар бачыў і вясной, і ўлетку, і ўвосені…

Вясной — калі трава асцярожненькай зелянінай пацягне даўно не араныя ўзгоркі, стракатыя ад сумных валуноў і рэдкіх кусцікаў ядлоўцу; калі ў лагчыне перад старою хатай зацвітуць вішні, а шматок зямлі разварушыцца шэрай свежасцю — на грады нейкія і трохі бульбы.

Улетку — калі бліжэй да гасцінца, па якім я іду або еду, амаль крынічна цурчыць сабе звілістая рачулка, супроць плыні якое трымаецца мужны мясцовы пячкур; калі дарогу пешаходу ці машыне перабягае, свідруючы пыл, па-інтэлігенцку сыценькі і па-хлапечы легкадумны суслік; калі я, не ўпершыню гледзячы на гэтыя запусцелыя, выпражаныя сонцам узгоркі, такія недарэчныя ў нашай, наогул хлебнай, мясцовасці, не ўпершыню чамусьці ўспамінаю палесцінскія пейзажы Паленава. Без Хрыста, без людзей, толькі з дзікай, спякотнай сумотай прыроды.

Увосені — калі на кірмашных вазах, зусім як быццам неасуджана, спакойна і сыта парохкваюць сальныя парсюкі, а ў кошыках дробнымі кветкамі чырванеюць грабеньчыкі курыных навабранцаў пеўнікаў; калі наш любы свет наскрозь прапахне антонаўкай, а маладзенькая, стрункая рабіна каля сцежкі стаіць, цнатліва абцяжараная першымі, румянымі ад шчасця гронкамі. Толькі зімой, у белай, лютай бездані, я памятаю яго, гэты хутар, з вайны. Нібыта я яго больш ніколі не бачыў — ні з саней, ні з машыны, ні з рыплівай сцежкі. Не з дзён вайны памятаю, а з начэй, яшчэ больш дакладна — з адной завірушнай поўначы…

Цяпер толькі адзін гэты ўпарты небарака ліпіць у лагчыне паміж узгоркамі, якім, на добры лад, найлепш было б зноў, як даўней, парасці сасоннікам. Усе іншыя хутары спакваля вярнуліся ў свой родны гарадок, адкуль іх калісьці, з цясноты вуліц ды завулкаў, выпрасілі каморнікі буржуазнай Польшчы.

У вайну ў гарадку былі нямецкі зондэрфюрэр і беларускі бургамістр, прыезджыя жандары і мясцовыя паліцаі. Апорны пункт фашызму, своеасаблівы маленькі гарнізон. Пад канец акупацыі, як гэта рабілася ў такіх гарнізонах, рэшце мужчын гітлераўцы, не пытаючыся згоды, выдалі зброю і назвалі іх самааховай. З адборных катарэзнікаў-паліцаяў арганізаваны быў карны эскадрон. На вышках, што тырчалі над дратамі ды бункерамі гарнізона, стаялі вартавыя з кулямётамі. Бліжэйшыя хутары былі, такім чынам, заўсёды на вачах ва ўлады, у арбіце амаль прыцэльнага агню.

Па-рознаму мы, партызаны, любілі іх, гэтыя хутары…

На адным з іх трох нашых хлопцаў, што асталіся перадняваць у знаёмага, хтосьці выдаў. Яны адстрэльваліся і згарэлі разам з гумном. А хутаранца з сям'ёю чамусьці не расстралялі, а толькі вывезлі ў Нямеччыну, адкуль ён, дарэчы, і не вярнуўся…

На другім хутары мяне з таварышам карміла неяк ноччу — небагата, але цёпла — ціхая, спрацаваная жанчына. Маці іншых дзяцей (у хаце былі яе муж, дарослая дачка і сын-падлетак), яна, вядома, і баялася за іх, і нас шкадавала — і самым звычайным, і самым святым шкадаваннем, якога мы бачылі многа ад нашых людзей.

На трэцім хутары, ледзь не найбліжэйшым да гарнізона, у нас быў сувязны. Такі сабе з выгляду малапрыкметны дзядзька Журавель, якому якраз больш пасавала быць незаможным хутаранцам, чым мешчанінам, бо тым і ў гэтым гарадку, згодна з нейкай дурной местачковай традыцыяй, належыцца лічыць вясковых хамамі. Дзядзькавы вока і вуха служылі нам штосьці з паўгода, а потым ён раз не з'явіўся на ўмоўленае месца, другі раз, трэці… І мы паехалі праверыць.

Ноч выбралі на гэта адпаведную, калі, як кажуць, добры гаспадар і сабаку на двор не выжане. Завея пачала пашкрэбваць ды пасвістваць звечара.

Пры конях, якіх мы паставілі ў зацішку за гумном, застаўся Ермакоў. Туды Журавель паслаў свайго сына, падкінуць «беднай скацінцы» сена. Самога дзядзьку Коля Шчэрба затрымаў для гутаркі ў сенцах. А я зайшоў у хату. Я быў усё-такі прастуджаны, у чым зусім упэўніўся ў дарозе. Цяжкая галава гула, то горача рабілася, то холадна. Сёння мне, дурню, не ехаць было, а выпіць чаго ды прапацець пад кажухом…

Вокны былі знадворку, для цяпла, пазавешваны саламянымі матамі. У хаце душна. Гаспадыня, мы ведалі гэта з даўніх скаргаў Жураўля, была нямоглая; яна ляжала на печы і толькі час ад часу шамацела за комінам — ці ад нямогласці сваёй, ці ў непакоі. Цьмяная, нібы таксама спалоханая, лямпа прымасцілася на століку каля шырокага нікеляванага ложка. На ложку, амаль прыціснуўшыся бокам да сцяны, ляжала чарнявая маладзічка, да самага рота накрыўшыся чырвонай ватняй коўдрай. Адгэтуль, з другое падушкі, устаў нядаўна, па зусім нечаканай трывозе, гаспадарскі сын.

Дзве думкі прамільгнулі ў маёй галаве, калі я першы раз зірнуў на гэты ложак. Адна — маладая, раўнівая — пра гэтых, што тут сабе папоцемку туляцца ды шэпчуцца ў цяпле, пакуль на свеце сцюжа і вайна; другая думка, прыкрая, — пра ложак: відаць, гэты нікель двухспальны, такі шыкарны ў беднай цясноце, з пасагу; відаць, яго тата нявесткі — мы ведалі ўжо, што яна з гарадка, — прыдбаў пасля ліквідацыі гета…

Я стаяў сярод хаты, даволі зблізку глядзеў на маладзічку, трохі любаваўся ёю, нават і праз грыпознае ачмурэнне, што бачачы, а што ўяўляючы, і ўжо ненавідзеў яе зусім непатрэбны, хоць, зрэшты, і зразумелы мне страх.

Яна не проста была высока, да самага рота, накрытая коўдрай, але за край яе, абапал пухкіх лялечных шчок, трымалася аберуч. Рукі («аголеныя, точаныя, цёплыя», — падумаў я) былі схаваныя, а наверсе — толькі сціснутыя пальчыкі, двойчы па чатыры, з нейкім дзіцячым і непрыемным адчаем трымалі адзіны ратунак — пасажную коўдру.

— Што ж вы такая бледная? Чаго?

Яна прыкметна сабралася з духам, каўтнула сліну і ціха, яшчэ не плачучы, спыталася:

— А куды павялі майго мужа?

Сюды, у такое блізкае суседства з гарнізонам, наш брат заглядваў вельмі рэдка. Можна думаць, што я быў першы партызан, якога ўбачыла гэтае дзяўчо, што прыйшло на хутар, як мы даведаліся сёння, тры тыдні таму назад. Там, дзе яна жыла раней, гітлераўцы для многіх мяшчан, — якіх, як і ўсю Заходнюю Беларусь, дваццаты век прызвычаіў да частых зменаў улады, — былі проста немцамі, яшчэ раз новымі панамі, страшнымі для «васточнікаў», для «жыдкоў» і для тых, хто не слухаўся. А такія цяпер, пасля расправы з камуністамі і савецкім актывам, каго ўдалося злавіць, пасля масавага знішчэння жыдоў, жылі далёка, у вёсках, або паўцякалі ў лясы. Для гэтай, відаць, вясёлай балбатункі і скакухі паліцаі былі не здраднікамі радзімы і нікчэмнымі паслугачамі ворага, не забойцамі і падпальшчыкамі, а перш за ўсё хлопцамі, кавалерамі, што ўвіхаліся ў клубе і каля яе.

А тут, за нейкі кіламетр ад таго клуба, — партызан!..

Зрэшты, у тым асяроддзі, дзе яна вырастала на дзеўку, пра нас не гаварылася «партызаны». Я не быў для яе адным з тых, каго па радыё, якое мы слухалі з Масквы, і ў газетах, якія нам дастаўлялі самалёты з Вялікай зямлі, ужо на ўвесь свет называлі народнымі мсціўцамі. Не лічыла яна мяне і салдатам шматмільённай, не толькі савецкай, але і міжнароднай арміі змагароў з найбольшай бядой чалавецтва — фашызмам. Я быў для яе… мала, што проста вясковы хам, але ж і бандыт, адзін з тых «сталінскіх бандытаў», пра якіх яна чула і, магчыма, чытала неверагодную процьму жахаў і агіднасцей…

І вось я, бандыт, стаю над ёю і ўжо, відаць, як ёй здаецца, гатовы… добра, калі толькі насмяяцца, а то дык потым і замардаваць… А мужа павялі!.. Куды?..

— Не бойцеся, ён зараз прыйдзе… Чуеце, вось ён ідзе.

Мне і самому стала як быццам прыемна, што ён нарэшце ўвайшоў з двара. Разгублены, не вельмі ўпэўнены, што зноў апынецца пад коўдрай…

— Вашы прасілі, таварыш, каб вы ўжо ішлі…

Я развітаўся і выйшаў з хаты не столькі злосны, як пакрыўджаны. Так, у маім абурэнні балюча ныла перш за ўсё крыўда. Можа, я трохі раскіс ад прастуды? Ды не, не тое!.. Я ж быў таксама малады, ненамнога старэйшы за таго… ледзь не «з душком» са страху мужа; я не адседжваўся, як ён, пад цёплым крылом гарнізона, мне было чым ганарыцца, і мне было горка, што на нас, на мяне… Ды ну іх к чорту! «Крывыя вочы крыва бачаць».

Крыўду і злосць прарвала лаянкай толькі тады, як мы ад'ехаліся ў завірушны змрок і Шчэрба расказаў, што Журавель наш напрамілы бог адпрошваецца, каб не быць сувязным. Нявесткі, кажа, баіцца: «У хаце, хлопцы, чужы чалавек». Можа, і праўду здрэйфіў, а можа, проста віляе — нейтральным быць захацелася, чыстым, як гаварылі, і для нямецкіх і для савецкіх…

Хто ездзіў верхам у завіруху, ды яшчэ ноччу, калі ні конь, ні сам дарогі не бачыш, той ведае, што гэта за смак. Ты прыўзняты над зямлёй, а тысяча тысяч вятроў, адзін за адным, з невычарпальным запасам з'едлівай весялосці пранізваюць цябе, безабароннага, наскрозь. І зноў, і зноў, і бясконца наскрозь!.. У твар сячэ, калені аж звіняць. А мала табе гэтага, мала яшчэ і прастуды, дык на і паганы настрой…

Хутарскою дарогай нам трэба было выбрацца на гасцінец, значна правей ад гарадка, каб па гасцінцы праскочыць да вёскі Мокрае, а там ужо дахаты павярнуць, у лес. Дарогі, уласна кажучы, не было, была замеценая, злосна раскудзеленая чыстаполіца. Чэрці дзяругамі б'юцца. Ды Шчэрбаў конь знаходзіў неяк дарогу. Коля прабіраўся першы, я за ім, а ззаду Ермакоў. Трымаліся адзін за адным бліжэй, чым звычайна, і, як заўсёды ў дарозе, маўчалі. Сёння нават і думаць холадна.

Я думаў пра адно. Гэта ўжо і не думка была, не жаданне такое, а нейкая фата маргана, прывід цяпла, утульнасці, — гарачага ў нутро і з галавою пад кажух! — у што я верыў, не верыў, зноў нібы верыў… Але яно вяло мяне, і, абапёршыся на каня, на двух таварышаў, я ехаў, плыў наперад, у сцюжу і шолам.

Конь мой наткнуўся на пярэдняга. Я таргануў яго повадам улева і, параўняўшыся са Шчэрбам, наблізіўся тварам да яго твару, нібы заглянуў, каб убачыць, чаго ён хоча.

— Ну, як ты? — гукнуў мне Коля, нібы з-пад падушкі.

— Хранова, — адказаў я з тэлеграфнай скупасцю, прыкрыўшы рот ад ветру.

— Га-ла-ма-ла-ба-ла! — зноў гукнуў ён.

— Што? Не чуваць ні…

— Хутар, кажу! Во, направа!..

Я зразумеў: да Мокрага яшчэ далёка, трэба зайсці сюды.

Праўда, нам і Журавель намякаў — перакусіць, ды там не захацелася: і не настрой быў, і не рассядацца ж пад самым бокам у паліцаяў. Ды і прасіў ён… Іменна — толькі намякаў.

Так мы заехалі тады на гэты, цяпер ужо самотны, хутар у лагчыне.

Цяпер — самотны… Тады ж, калі мы пад'язджалі да яго, ён быў адзін ва ўсім свеце. Як астравок, да якога мы падплылі, каб узабрацца нарэшце на коўзкі абрывісты бераг, адчуць нарэшце зямлю пад нагамі, уздыхнуць, азірнуцца, падумаць, што ж далей…

Так думаў я. А хлопцам, відаць, проста пагрэцца хацелася, перакусіць. Ды і мяне, вядома, было ім шкада.

Хоць я не настолькі раскіс. Злезшы з каня, я першы падышоў да цёмнага акна і пастукаў у шыбу.

Ні гуку, ні шолаху.

Можа, я не чую?..

Пастукаў зноў. Тут і Шчэрба мне дапамог, скалануўшы ўсю раму сваім кулачышчам.

— Ідзе! — гукнуў ён, нахіліўшыся да мяне. Гукнуў замоцна, бо тут, ад ветру, было зацішней.

Мы жылі ў сваім часе, думкі пра ветлівасць-няветлівасць вось так калаціць сярод ночы ў чужое акно — не было. Мы былі нават злосныя і мелі права на гэтую злосць. Можа, таксама адлежваецца тут які-небудзь цёпленькі, непалоханы муж або нейтральны, чысценькі свёкар… Падумаеш, парушылі яго спакой!.. Яшчэ і прыкідваецца, капцюх, што не чуе.

Я стаяў першы ад дзвярэй, чуў ужо, што за імі нехта шоргае рукой па дошках, шукаючы заскак. Я трымаў перад сабой… ды не, не аўтамат, а ліхтарык, яшчэ не ўключаны.

Заскак нарэшце лузгануў, ляснула клямка, і дзверы адчыніліся.

Ліхтарык засвяціў.

У гэтым моманце я прадбачыў, бо мне, па настроі, найбольш адпаведна было прадбачыць ужо не заспаны, ужо спалоханы твар хутаранца, які вось і аддасць тым часам сваю даніну, свой вялікі ўклад ва ўсёнароднае змаганне — адпусціць нам на нейкія паўгадзіны хатняга цяпла, чаго-небудзь пад'есці і, аднаму, чым-небудзь палячыцца. Прабачце, што мы палюбуемся вамі вось так, па-відному!..

Але ў святле ліхтарыка стаяла за парогам белая, у адной кашулі, дзяўчынка гадоў дзесяці. Удараная святлом, яна закрылася левай рукой, прылажыўшы яе запясцем да лба, і з-пад рукі глядзела, міргала на нас.

— Хто яшчэ ў хаце?

— Я і Толік. Мама да цёткі Ганны пайшла, бо яна хворая.

— Чаму не адчыняла?.. Бацька дзе?

Дзяўчынка адняла з ілба левую руку, адкрыла ўвесь твар, а правай, з дзіўнай на гэты ўзрост — не тое каб ад бабулі завучанай, але старэчай неяк самахоць — з найбольшай, можа, апошняй у жыцці сур'ёзнасцю перахрысцілася на ўвесь мах:

— Ваймяца і сына, і святога духа, амінь. Дзядзечкі, дальбог жа, не чула. А таты ў нас даўно няма. Яшчэ з польскай вайны.

Гэта было так страшна… не, так незвычайна і нечакана, і гэта так распранула мяне, што я… ледзь не ўсхліпнуў.

— Ты зачыняйся. Ну! Бяжы на печ. Да Толіка.

Ліхтарык згас.

Дзверы зачыніліся. Зноў лузгануў нарэзамі заскак.

Мы моўчкі селі і паехалі.

…Ужо неаднойчы за дваццаць гадоў мне можна было б збочыць з гасцінца на гэты хутар — зірнуць, што вырасла з яе, той маленькай жанчыны. Няўжо гэта яна, стаўшы жонкай ды гаспадыняй, так укаранілася тут, што аніяк не хоча выбрацца ці ў гарадок, ці ў Мокрае?

А можа, хтосьці даўно ўжо звёз яе, настаўніцу ці доктарку, у далёкі замуж — далёкі па-сучаснаму, не ў трэцюю вёску, а за тры тысячы кіламетраў…

Я мог бы, вядома, зайсці, паглядзець, а то і ўспомніць разам.

Ды не зайшоў. І не зайду. Бо не хачу.

Няхай яна стаіць у маёй памяці такою, як была, — у белай лютай бездані, у яркім крузе святла, у кароткай кужэльнай кашульцы…

Толькі няхай не баіцца нас, тых, што і ў завею не спім з-за яе, дзеля такіх, як яна.

Я не паспеў ёй гэтага сказаць: дзіцяці было холадна.

1966

Глядзіце на траву

На сонечна-іскрыстай гурбе снегу сядзіць і час ад часу гаўкае шчанюк. Ззаду за ім, воддаль і нібы ў яме, відаць шэры трохкутны перад самотнага на пустой сядзібе пагрэбніка. Над пагрэбнікам — сонца. Тое, што толькі свеціць і ходзіць нізка.

Снежань. Год сорак трэці.

Якая даўніна — амаль чвэртка стагоддзя мінула.

І дробязь якая — на гурбе снегу шчанюк…

…Яго блазенскі, радасны брэх я чую праз гул і бразганне вялікага, бывалага аўтобуса, што паўзе па гравійцы, з маруднай, упартай стараннасцю лічачы ямы і ямкі.

Побач са мной галаганіць сусед па сядзенні. Ён падвыпіў, смелы і ветлівы, сліна так і ляціць ад нябрытае морды. Яшчэ румянай. Відаць, не толькі ад перакускі ў райцэнтры. Хоць і ў гадах ён, мне здаецца, вельмі даўно, гэты кульгавы грукач, — з таго часу, як я хадзіў у іхнюю вёску ў школу.

Чаму ж так груба пра чалавека: «нябрытая морда»?..

Мы толькі што сустрэліся з ім у рэстаране і там жа толькі што рассталіся з яго аднавяскоўцамі. Нядзеля, яны засталіся: дабраць. Утрох. Мае знаёмыя яшчэ з-за парты, а чужыя ўжо цэлую вечнасць.

Калі я зайшоў у рэстаран, яны мяне збянтэжылі гасцінным п'яным вэрхалам:

— Чаго табе да буфета — што ў нас, не тая самая?

— Браток, дабавім! Дзевушка, сюды!

— Ну, ты не сядзеш, вядома, ого!..

Адзін з іх — Смятана, што мог калісьці, у школе, хадзіць і бегаць на руках, — нават сказаў, кіўнуўшы на мой карэспандэнцкі апарат:

— Зняў бы нас, Васька Андрэевіч! Хоць атрыцацельных!

Ад нечаканай сустрэчы было так прыкра, што я і піва не выпіў каля буфета, а толькі ўзяў не вельмі патрэбныя мне цыгарэты, каб найхутчэй, і вылузаўся з душнай, цеснай гаманы на двор.

— Яно, канешне, таварыш Зянько, гэта вам не кампанія. Хаця, як вы і самі не горш за мяне ведаеце, і ў паліцыі былі ўсякія. Каторы з іх…

Кульгавы сеў каля мяне як быццам проста на вольнае месца. І гутарку пачаў са мною сам. Як і тыя трох, пасмялеўшы ад чаркі. З ім я ўжо сустракаўся разоў некалькі пасля вайны, аднак ён толькі здароўкаўся са мной, нават шапку здымаў, з нейкай няшчырай, падкрэсленай і прыбітай ветлівасцю, але ніколі не загаворваў.

— Хоць бы і гэты Міцька Смятана. Скажам, ён тожа паліцай. Але ж не першы ён туды пайшоў! Сілай аружыя ўзялі. І гэтыя абодва: Вечар і Максімук. Проці вады, таварыш Зянько, не дыхнеш. Кожная ўласць…

З суседам мне непрыемна. Лепш ён маўчаў бы, а я глядзеў бы ў акно. Жыта красуе, ходзіць хвалямі. Столькі зялёнага ўсюды! «Глядзіце на траву — няхай на зеляніне адпачынуць вочы». Успамінаецца далёкае, з перадваеннай службы ў арміі: словы сяржанта на стрэльбішчы. Вочы ўжо трохі прытаміліся за гэты час. І сэрцу добра супачыць ды супакоіцца. Пасля трывог, перад трывогамі. Дарога супакойвае. Вось толькі ён, чортведама навошта і чаму, гародзіць мне даўно вядомае…

У іх вялікай вёсцы, якая з-за царквы і дзвюх-трох крам здаўна прывыкла лічыць сябе мястэчкам, пры акупацыі стаяў фашысцкі гарнізон. «Сіла аружыя» была спачатку ў тых двух нямецкіх жандараў, што прыехалі ў гэтае… няхай сабе мястэчка, з раённага гарадка. Штосьці адразу, у ліпені сорак першага. Яны ўжо, аднак, былі не адны, акупанты, а з памагатымі. Два паліцаі і перакладчык. Паліцаі былі яшчэ ў сваёй вопратцы, толькі нехлямяжа падпяразаныя па пінжаках патранташамі, і з белымі павязкамі на рукавах, а называліся «службай парадку». Аднаго з іх мястэчка ведала: шафёр Нашора, што вазіў старшыню райсавета. Перакладчыка таксама пазналі: Шлёмы-цялятніка сын, што вучыўся на адваката. Ён быў, вядома, без вінтоўкі, з жоўтымі латкамі на грудзях і спіне, і ўсё нібыта чакаў, з якога боку ўдараць, хоць азірнуццца баяўся. І гаворачы, і як маўчаў.

— Хто ў нас пайшоў тады, адразу, у паліцыю? Першы — Басалай, Алены Конашавай байстручок. Самі, таварыш Зянько, не горш за мяне ведаеце — галадранец і зладзяйчук на ўсё мястэчка. Яму забіць, забраць, падпаліць — што нам з вамі ў спёку напіцца вады. А Гусаковіч, той жа ў савецкай міліцыі служыў, дык спалохаўся, што актывіст — прычэпяцца немцы, таксама тады запісаўся. Яно, калі падумаўшы, хто ж гэта мог спадзявацца, што будзе столькі крыві. А парадак…

Гусаковіча ўлетку сорак трэцяга, тады ён быў ужо камендантам, нашы хлопцы знялі з веласіпеда ў белы дзень, за два кіламетры ад гарнізона. Без шапкі ехаў, кучаравы, з аўтаматам на грудзях. За ім — пятнаццаць падначаленых. Вясёлыя, смелыя ўсе, пераможцы. Днямі закончылася блакада пушчы, а партызанскія вёскі на подступах яе былі да крыві растаптаныя ботамі, капытамі, гусеніцамі танкетак, змоўклі і пачарнелі ад агню. І партызаны заціхлі, нарэшце, — каго ж тут баяцца?.. Гусаковічу, як самаму заслужанаму, нават з медалём на чорным мундзіры, прыйшлася першая, сігнальная чарга. Хапіла там на ўсіх пятнаццаць…

— А потым першыя пачалі браць другіх, для кампаніі. Каго ўгаворваць, а каго дык і сілай. Як і майго Сярожку. Вы ж самі, таварыш Зянько, не горш за мяне ведаеце — ён жа яшчэ дзіця быў горкае. Старэйшыя і то…

…Іменна тут з глыбіні мае памяці ўпершыню выплывае снежная гурба пад нізкім сонцам і звонкі брэх шчанюка, што неўзабаве стане дарослым сабакам. Пярэсты, чорнае з белым. Адно вуха ад фанабэрыі закасалася. А ён сабе, блазнота, гаўкае. Рад, што жыве…

Гурбу надзьмула ў тым месцы, дзе яшчэ ўвосені стаяла хата. Яна згарэла ад дурное кулі. Гасцінцам ехала паліцыя, аднаму захацелася стрэліць, куля аказалася трасірная. Ну, загарэлася, падумаеш. Усё парадак — больш будуць баяцца!..

Дзядзьку Петрусю, гаспадару тае хаты, гэта было не першае гора. Улетку ягонага зяця, што жыў на хутары, за выганам, нехта выдаў як партызанскага сувязнога. Прыехалі не толькі бобікі, але і немцы, не з мястэчка, а з гарадка, забралі ўсю сям'ю, як хто стаяў, і павязлі. Хату і ўсе будынкі, як заўсёды па-іхняму, спалілі. Адно толькі і пачуў дзядзька Пятрусь, што зяцевых старых, свата Рамана і свацею Тэклю, каб не везці нямоглых дарма ў Нямеччыну, застрэлілі адразу, у гарадку. А Ліды з малымі і Мікалая — няма…

Нешта за год перад гэтым адзіны сын у дзядзькі Петруся, ціхі шавец Аркадзік, памёр. Ён і шаўцом сядзеў у хаце, бо цяжкай работы рабіць не мог, хварэючы ледзь не змалку. А ціхі быў не толькі з-за сухотаў, а характарам — ціхі, разумны хлопец і нават трохі, па бацьку, вясёлы. Ціха вясёлы, па кволасці, з дабрадушнай усмешкай.

Дзядзька Пятрусь быў жартаўнік. Колькі я яго памятаю, — з самага малку, — столькі ён гараваў і жартаваў.

Перад ваенным пажарам ён пагарэў быў яшчэ чысцей, нават і пагрэбніка тады не засталося. Перад Аркадзікам памерла жонка, а перад ёю — старэйшы сын, Міхаль, таксама ўжо дарослым дзецюком. Ну, а нястачу вечную ды цяжкую працу, што на сябе, што на другіх, — гэта ўжо і не лічы. А ён быў як быццам заўсёды вясёлы, усё выдумляў.

Мы жылі па суседству, і калі яны пагарэлі, дык зімавалі ў нас. Пайшоў ён у першае ранне пасля пажару на сваё горкае котлішча, пастаяў перад печчу, што адна ацалела, прыйшоў і кажа жонцы:

— А куры нашы ў падпечку сакочуць! Пайдзі ты, Алена, пасып ім чаго. Каторая пара!..

Памерла цётка Алена, дык ён сам адвозіў пасля пахавання папа. Быў у нас такі поп, здаравіла і грубіян, любіў выпіць, а на ранейшым прыходзе і да бабы нейкай, казалі, хадзіў, дык у нас яго называлі Распуцін. Павёз яго дзядзька Пятрусь, і гора — горам, а не вытрываў-такі: нібыта незнарок, абярнуўся з бацюшкам у сумёт.

— Даў мне Распуцін малебен, ну даў!..

Нават калі памёр Аркадзік і дзядзька застаўся ў хаце адзін, бо Ліда была ўжо замужам, стары натуры свае не змяніў. Сустрэў я яго неяк на загуменнай сцежцы і не паспеў спытацца адкуль — ён расказаў мне сам:

— Да Аркадзея хадзіў. Што ні спытаю — нічога, шэльма, не хоча казаць!..

А бачылі дзядзьку, што плакаў ён на магіле часта, аднойчы так і заснуў, ашчарэпіўшы тую зялёную градку рукамі.

Чым больш ліхая доля ціснула чалавека, тым цяжэй было яму падрабляцца пад весялосць. Калі забралі немцы дачку з малымі і зяця, стары змоўк і падбіўся, здаецца, зусім.

У Ліды быў сынок, які яшчэ, на радасць дзеду, не выгаворваў правільна свайго імя — шыракароты смяхунчык Уван. Была і ўнучка Соня, піскля ў пялёнках, не многа пацехі. А ўнука дзядзька Пятрусь ад свае адзіноты вельмі любіў. Дзед то туды, на хутар, тупае — ці па прычыне якой, ці больш так сабе, то ён Увана ў вёску нясе, па выгане, сцежкай у куп'і, то ён з ім гаворыць, як са сталым, ходзячы па сваім двары, то яны ў хаце пастануць адзін перад адным на карачкі і гаўкаюць і рагочуць — хоць ты абодвух гані ў куток, на калені.

Пасля ў іх знайшоўся для весялосці добры памочнік — пярэстае, пузата-цёпленькае сучаня. З сабой, калі ішоў на хутар, дзед яго не браў: казаў, што сам ён, Цюлік, не дабяжыць, а несці яго, падлу, на руках — не хочацца. Гэты была не праўда, а хітрасць такая: каб Увану яшчэ больш хацелася ў вёску, да дзеда.

Ад лета, у сорак трэцім, Цюлік застаўся ў дзядзькі Петруся адзін.

— Усяго, браце Васіль, і радні, — нібы яшчэ ўсё жартаваў стары, калі я неяк ноччу, увосені, зайшоў з хлопцамі ў нашу вёску і заглянуў да яго на пагрэбнік.

Сучаня тым часам, да зімы, падрасло, і гаспадар пачаў яго на дзень, дзеля парадку, навязваць. Шчанюк скавытаў і выцяленькваў каля будкі, напяўшы ланцуг, такую слёзную літанію, што цесна было на вельмі прасторным пасля пажару двары. Калі стары праходзіў міма, шчанюк наструньваў прывязь і быў бясконца шчаслівы, што яму ўдавалася вернападдана, абелап ашчарэпіць дзедава тоўстае калена з вялікай, разморськанай дзіркай у брудным шарачку. Слуга паскавытаў, а пан услых перакладаў з сабачай мовы яго малёканне:

— А гаспадарык мой, а родненькі! А колькі хочаш вазьмі — ці грашыма, ці жытам — адно спусці!..

Так было, праўда, толькі аднойчы. Смеючыся з Цюліка, гладзячы яго па галаве ды па спіне, дзядзька Пятрусь нешта такое раптам успомніў. Кашкануў малога вялізным хадаком з аўтамабільнай пакрышкі, а сам адышоўся да непатрэбнага плота, які чамусьці не згарэў, і адвярнуўся, каб нават сабака не бачыў, чаго ён маўчыць…

Цюлік быў яшчэ дурны. Усе сабакі ў вёсцы ўжо даўно прывыклі заціхаць ды зашывацца ў будкі, абы пачулі стрэл. Удзень — фашысцкі, ноччу — наш. А ён не разбіраўся, гаўкаў. Весела! Днём ды яшчэ не на прывязі — асабліва…

…Успамін гэты цёпла і горка махнуўся ў маёй памяці, пад гул ды бразгаценне аўтобуса, пад гаману пасажыраў, пад неадчэпнае вяканне суседа па сядзенні.

— А дзе ваш сын цяпер? — спытаўся я ў яго, каб хоць гэтым заткнуць яго п'янае плявузганне.

Ды не заткнуў.

— Дзякуй богу, работая ў шахтах, таварыш Зянько. Ужо два разы ў госці прыязджаў. Можа, і сёлета, калі водпуск дадуць, прыедзе. Жонка расейка, нічога сабе маладзіца, хоць і васточная. Недзе адтуляка, з Сібіры. Двойка дзетак, пакуль што дзяўчаткі…

— Відаць, і пад шляпњ?

— Не, ён у кепцы. Касцюм-то добры, новенькі. Пад гальштукам, а вось…

— І сала ёсць?

— Ці гладкі, кажаце? А што ж, зарабляе ён, Сярожка, добра, не п'е. Самі не горш за мяне ведаеце, таварыш Зянько, калі капейку шанаваць…

…На вуліцы мае вёскі, перад шчанюком на гурбе, гэты старанны сённяшні шахцёр стаяў тады без гальштука. І не ў чорных шуцманаўскіх неданосках. Ім, паліцаям, на тую зіму выдалі белыя, з лёгкім блакітным адценнем, бушлаты. З капюшонамі, што ў ціхі час адкладваліся на спіну. Стаяў ён, глядзеў на сонца, на сабаку, што брэша і не баіцца… Хлопец яшчэ маладзенькі, па-зімоваму румяны. Чорнае кепі трохі набакір. Нават прыгожы.

Ён быў, вядома, не адзін.

Побач стаялі сам гер вахтмайстар і сам спадар камендант.

Пажылы, азызлы Трайбэр, жандар, што пацяжэў, апіўшыся людской крыві. Ён ужо трэці год выконвае за светам волю сваіх шматлікіх фюрэраў, з адным, найбольшым, у недасягальнай вышыні. Выконвае, можа, калі ўжо не вельмі свядома, дык яшчэ ўсё ахвотна, а то дык думаючы ўжо толькі пра тое, як бы гэта хутчэй адгэтуль выбрацца. Што ж да магчымай адказнасці, калі ўжо маўчаць пра чалавечае сумленне, — на гэта ёсць начальства, фюрэры. Так спрадвеку прывыклі думаць салдаты, а Трайбэр лічыў сябе толькі нямецкім салдатам, яшчэ з першай сусветнай вайны.

Высокі і мажны Нашора, ажно сутулаваты ад бязлітаснай дужасці, адзін з самых першых у нашай мясцовасці паліцаяў, які пасля смерці Гусаковіча прыйшоў з гарадка ў мястэчка камендантам. Нельга сказаць, што ў яго не было ніякага светапогляду. Той, каго ён калісьці вазіў, старшыня райсавета, стаў камандзірам брыгады. Двойчы таварыш камбрыг спрабаваў дакапацца да сэрца ці розуму свайго былога вадзіцеля (напісаў яму праз разведку два вялікія пісьмы), проста па-чалавечы і з папулярнай, пераканаўчай палітграматай. На адно пісьмо камендант не адказаў, другому пашанцавала. Адказ, трэба думаць, быў напісаны, тоячыся ад Трайбэра: ні «новай Еўропы», ні «вызваленай Вайсрутэніі» там не было. Пісьмо і пачыналася і канчалася каравай лаянкай, у якую былі тоўста загорнуты шэсць слоў Нашоравай жыццёвай філасофіі: «Раней ты панаваў, цяпер я папаную». З яго боку гэта была ўжо і смеласць і самастойнасць. Праўда, пасля Сталінграда, Курскай дугі, прарыву на Ўкраіне, і асабліва вызвалення Гомеля — найбліжэй! — у Нашоры, калі і да яго ў цішыні адзіноты дабіраўся сякі-такі одум, пачыналі часамі паходжваць па скуры мурашкі. У гэтай жывёліны спіна была не аслонена поўсцю. Немцы яго хвалілі, узнагародзілі двума медалямі, але ў душы (калі ўжо гаварыць пра фашысцкую душу) пагарджалі ім, як і ўсімі «недачалавекамі», і карысталіся гэтай анучай па неабходнасці і да часу. А сам Нашора, які спачатку захапляўся і немцамі і ўсім нямецкім — сіла, парадак! — цяпер, у моманты пэўнай свабоды ад ап'янення алкаголем і крывёй, падумваў, што і ім, відаць, не справіцца з бальшавікамі. Але тое «не справіцца» было яшчэ, здавалася, далёка.

Для гэтых двух, вахтмайстра і каменданта, дзень той быў самы звычайны, будзённы. Проста праветрыцца выехалі з-за калючага дроту ў адну з бліжэйшых вёсак, ну, і ўзяць пару падсвінкаў. Навокал вёскі стаяць пасты, каманда ходзіць па хлявах, а штаб тым часам сумуе. Ішлі сабе па вуліцы, цяпер спыніліся перад сабакам.

Трайбэр нібыта дрэмле, гледзячы на сонца; Нашора цярпліва састаіць пры ім — яшчэ, здаецца, трохі — і пазяхне, аж да вывіху сківіц, нават і без загаду. Маўчаць.

Вясёлы толькі іх маладзенькі навічок. Ці ён ахова, ці сувязны, ці любімец абодвух або аднаго каторага — гэта няважна. Важней за ўсё тое, што ён вельмі рады. Жыццю, маладосці, свайму, такому чыстаму яшчэ, бушлату, іхняй «сіле аружыя». Яшчэ так нядаўна ён быў проста падшыванец, сын калекі, — яго і самога ў школе аднагодкі бяздумна і балюча лаялі: Кульгач, — а цяпер ён — «як усе» ў іх мястэчку, «як людзі». Хоць за паўтара месяца яго службы і не было пакуль што сур'ёзных аперацый супроць бандытаў і іх памочнікаў, ён ужо двойчы піў ром з кантовай нямецкай пляшкі, які ім, паліцыі, выдаюць час ад часу, які ён бачыў раней толькі здалёк. Адураны хлапчук, ён быў перш за ўсё п'яны ад першай чаркі поўнай улады над жыццём і смерцю людзей, што думаюць інакш, чым ён, п'яны сваёй вышэйшасцю над імі, свабодай, нават загадам рабіць што хочаш, абы толькі разам з усімі, з кім служыш, — п'яны сваім неўсвядомленым, пачатковым, яшчэ салодкім і хмельным фашызмам.

Хлопец ажно патупвае, пераступае з нагі на нагу, ледзь-ледзь не паскавытвае…

Шчанюк на гурбе сядзіць перад імі, з закасаным фанабэрыста вухам, глядзіць на людзей — для яго яны людзі — і час ад часу весела гаўкае.

Хлопцу ў белым бушлаце таксама хочацца штосьці сказаць ці зрабіць…

— Мой Сярожка, — праз гул і бразгаценне аўтобуса плявузгае побач са мной п'янаваты сусед, — ён хлопец быў недурны. Ён, таварыш Зянько, людзям урада ніякага не рабіў. Ён тыя разы…

Сонны вахгмайстар нарэшце загаварыў.

— Der Нund ist noch ganz jung und dumm[9], — буркнуў ён вяла, без усякага падабенства ўсмешкі.

З усёй гэтай прамудрасці Нашора найлепш зразумеў слова «гунд».

— Ё, ё, — згадзіўся ён. — Гунд. Яшчэ і гаўкае, бандыцкая парода.

І засмяяўся, коратка і басавіта гыкнуў: трохі па службе, трошкі па дружбе, больш — ад удалага адказу.

— А можа, я яго?.. — спытаўся хлопец, асмелены гэтым начальніцкім жартам.

— Сярожа, шысан[10], гут? — падаў вышэй яго просьбу, надзею, нясмелую радасць спадар камендант.

— Scheissegal[11].

Гэтае слова Нашора даўно прывык разумець.

— Давай, — пераклаў ён дазвол. — Паглядзім, што ты за стралок. Ды ўжо і дахаты збірацца пара. Сігналь.

Якое гэта шчасце — вось так, адчуваючы ў жменях вясёлую сілу, злажыцца, падвесці знізу… так… уладна ўзяць правым вокам па мушку, націснуць і…

— Яго, каб гэта цяпер, — чуецца голас кульгавага бацькі, — дык, можа, і не судзілі б, таварыш Зянько. А тады адразу, вядома, на злосную руку, далі дзесяць год. Як і Смятане, як і Вечару, як…

…Стрэл тузануў цішыню нечакана.

Хоць я і чакаў яго…

Так, я ляжаў на гарышчы найбліжэйшай да гэтага стрэлу хаты. Не адзін, з таварышам. І мы глядзелі на іх праз шчыліны ў шчыце, праз голле бэзу ў агародчыку. Яны былі так блізка, што толькі ўстаць да акенца, раз чарпануць аўтаматам — маеш і вахтмайстара, і каменданта, і гэтага смаркача. Думцы такой, вядома, ходу не было. Мы тады ў вёсцы днявалі ўдвух, яны сабраліся цэлай ганнёй. Каб мы рызыкнулі сабою, вёска загінула б. Ды і сабою… з-за тых?.. Мы глядзелі.

Пярэсты, мілы шчанюк, не дакончыўшы новага прыступу брэху, мякка асеў.

Пазней, калі жандар і бобікі пайшлі, дзядзька Пятрусь — ён выйшаў са свайго пагрэбніка раней, на стрэл — падышоў да Цюліка, цяпло якога ўжо выйшла крывёю ў снег, падняў яго за каршэнь і панёс.

Стары не ведаў, што я гэта бачыў…

…Можа, цяпер, праз столькі гадоў, і я не судзіў бы вельмі сурова таго «Сярожку, што не рабіў урада». Ён, я ведаў гэта, сапраўды і сілай узяты быў, і не паспеў або не здолеў развіцца ў якога-небудзь Гусаковіча ці ў Нашору. Аднак я доўга, яшчэ і па вайне, насіў у руках да свербу неспакойнае жаданне… Вось так бы іх аберуч падняць над чырвоным снегам за белы, з блакіткым адценнем, бушлатны каршэнь — і тых, што здалёк прыйшлі, і што самі за імі пайшлі, і што ківаюць на «сілу аружыя»…

Я адвярнуўся да акна. І, гледзячы на зеляніну дружнай ярыны, пасля на луг, а далей, за лугам, на малады вясёлы ў сонцы бярэзнік, зноў успомніў, хоць і з горкай усмешкай:

«Глядзіце на траву…»

1966

Знічка

Вялікія мусульманскія могілкі. Старыя, нават старадаўнія, з грабніцай святога, пабудаванай у пятнаццатым стагоддзі. Грабніца на рамонце. А святы? Відаць, яшчэ добра трымаецца. Драўляная мячэць, наводшыбе, пры ўваходзе на могілкі, трохі падобная да нейкага вясёлага, а то і раскошнага павільёна, зроблена на грамадскіх пачатках, нядаўна. Збой мужчын, пераважна старых, у добраахвотнай пакоры пакідае абутак на сходках. Праўда, у многіх рытуал разування заключаецца ў тым, што прававерны здымае толькі галёшы, ідзе на алахавы грозныя вочы ў ботах. Затое шмат цюбецеек — чорных, зялёных — дзеля душы абмотаных белай чалмой.

Абапал асфальтавых і гліняных убітых дарожак густа стаяць высозныя таполі, нібы адмытыя, адшараваныя Вясной да светла-салатавай сарамлівасці.

Паміж помнікаў і адзетых у камень магіл вось-вось распусцяцца ружы, сінеюць касачы, тонка і квола каласіцца ячмень, пунсавеюць агеньчыкі маку, буяе цветам бэз, ціха і радасна бялеюць вішні.

Б'юць перапёлкі. У палавіне красавіка?.. Проста рванула падскочыць ад нечаканасці, калі пачулася, нібыта лузганула сакавітае і хлёсткае «піць-палоць!» Наш праваднік, талковы ўзбекскі калега, расказаў, што перапёлак тут, па традыцыі, трымаюць у клетках, гадуючы для самцовых баёў. Некалькі клетак, завешаных палатном, ён паказаў нам здалёк, у падстрэшшы доміка і на дрэве ў садочку, ужо за плотам могілак. Гэта адтуль, як пругкія, настойлівыя бурбалкі са дна цёмнай стаячай вады, білі наверх звонкія галасы стракатых, цёпленькіх нявольнікаў. Павеяла водгуллем родных мясцін, — прыйшоў спакойны, пагодлівы вечар над шчодрым, стомленым полем, «піць-палоць» пульсуе, як маладое, вясёлае сэрца.

Кукарэкаюць пеўні. На эсперанта, якое нікому і нідзе няма патрэбы вывучаць.

А вось і чыстая экзотыка: ад мячэці пачуўся адчайны, жаласны выкрык мулы. Яшчэ, яшчэ раз…

Наш праваднік сказаў, што гэта — канец паніхіды. З натоўпу прававерных выплыла ў наш бок чародка мужчын, першы з якіх, стары ў падзоліста-шэрым плашчы і зялёнай цюбецейцы, нёс на руках перад сабой штосьці накрытае чырвоным, узорыстым.

— Дарослых нясуць на плячах, у труне, хоць закопваюць без яе. А дзіця — яно такое мяккае, чыстае… Іх толькі на руках. Гэта дзяўчынку нясуць: пад пакрывалам.

— Тры ці чатыры гады, — дадаў да слоў нашага правадніка магутны, чараваты дзед, пенсіянер у «адказным» кіцелі. Ён толькі што падышоў да нас, прывітаўся і пазнаёміўся з саліднасцю загадчыка ўсёй гэтай сумна-лірычнай гаспадаркі.

— Можна і нам за імі прайсці?

І вось мы ідзём у канцы небагатага пахавальнага шэсця — за расцягнутай чародкай мужчын, за інвалідамі на мыліцах, што сігаюць, спяшаюцца, нібыта ў тое месца, куды найлепш паспець раней. І мы спяшаемся, моўчкі паддаўшыся агульнаму настрою.

А ўсё ж спазняемся трохі.

Каля свежае ямы з рук старога ў шэрым плашчы малую ўзяў малады рухавы магільшчык. Ён стаяў ужо ў круглай яме і, прыгнуўшыся, асцярожна і спрытна ўкладваў выняты з чырвонага пакрывала, белы, у саване, кокан маленькай нябожчыцы ў гарызантальную яму-падкоп. Тады падкоп залажылі каменнем, кінулі ў круглую яму па жмені пяску. Вялікі кетмень — спрадвечная матыка, лапата, а то і плуг гэтых спякотных, з упартым грунтам мясцін — хутка і спраўна захадзіў у руках рабацягі, засыпаў яму і ўзняў над ёю копчык гліністай зямлі.

Наш узбекскі калега асцярожна паказаў мне бацьку малое.

З залысінамі з-пад чорнай цюбецейкі, з завязаным анучкай пальцам, ён нязграбна і, як здавалася яму, непрыкметна выціраў грубай рукой слязу і штосьці — па губах было відно — шаптаў…

Усе прыселі на кукішкі. І мы, незнаёмыя, разам з усімі. Стары мула ў белай чалме прысеў на сіняй посцілцы паміж двух сваіх асістэнтаў, таксама дзядоў. Пачаў маліцца, мармытаць з непераможнай перакананасцю на абліччы.

Пяклі мае цесныя туфлі, хацелася па-нашаму, для зручнасці, стаць на калені, хацелася, як малому, азірацца навокал… Ды я бачыў перш за ўсё галоўнае — як варушыліся тоўстыя губы бацькі, таксама як і раней, значыцца — не ад малітвы. Калі ж і маліўся ён — думаў, відаць, пра адно…

Слова наша лятае сёння далёка, далёка ўе сабе гнёзды. Нічога дзіўнага, калі і гэта, што цяпер пішу, калі-небудзь заўважыць узбекскі чытач. Няхай жа ён тады не здзіўляецца маёй наіўнасці, дзе яна ёсць, — я ўпершыню гэта бачыў і чуў. Няхай ён ведае адно: у той вельмі звычайны і такі ўрачысты момант, зразумелы і мне, бацьку малога сына, чалавеку, які пахаваў нядаўна найбліжэйшага друга, хацелася як-небудзь выказаць спачуванне прыбітаму горам, але баяўся, што гэтым, можа, парушу нейкі звычай яго стараны. Таксама наіўнасць? Ну, што ж…

Мы перад гэтым глядзелі горад. Хадзілі вакол казачнага медрэсэ. Пазіралі на велічны помнік Наваі — знізу ўгару, насупраць сонца за павалокаю хмар, што ратавала нас ад спёкі. Стаялі, разуўшыся, у бібліятэцы мусульманскага духоўнага кіраўніцтва, над агромністым фаліянтам карана, перадрукаванага фотаспосабам з куфічнага арыгінала. Аглядалі — з акна аўтобуса і выйшаўшы з яго — раскошную зеляніну праспектаў і паркаў, панылы строй «ташкенцкіх Чаромушкаў», бязвокныя ад вуліцы дамы і дувалы старых кварталаў, па-сучаснаму размашыстае будаўніцтва акадэмічнага гарадка…

Пазней, пасля могілак, мы глядзелі, як робяцца шматфарбна-яркія, вострай рукой разузораныя, часамі нібы гарачыя навобмацак узбекскія тканіны, глядзелі, як мноства маладых і пажылых ткалляў, на сонцы і з-пад дрэў, зачаравана слухае беларускую народную песню, смяецца ад нашага трапнага слова, што гучыць на фабрычным двары з кузаваў, засланых дыванамі, грузавых аўтамашын. Потым мы бачылі яшчэ…

Многа мы бачылі ў той дзень.

Але ўсё яно засталося толькі фонам да таго настрою, да тых адчуванняў, якія дакрануліся да мяне, дакранулі мяне да вечнасці, да Азіі, да чалавечых дум каля самай звычайнай магілкі, у якой пагасла ў белым саване знічка чужое радасці.

Быццам я і ляцеў сюды дзеля гэтага. Высока над аблокамі. За тысячы кіламетраў ад дому.

1966

Дакор

Слон быў бедны і сумны.

Пра волю ды пра гарачыя джунглі лепш проста не гаварыць: ён іх нават і ўспамінаць не можа, бо нарадзіўся ў звярыным канцлагеры.

Хапае і таго, што вось ён стаіць паміж аблезлых фанерных будак, цесных смярдзючых клетак, перад натоўпам людзей, тырчыць над іх святочным безладам вострым, згорбленым хрыбтом і толькі што не трасецца ад холаду. Скура яго, шэрая, як вясковы, добра-такі зацяганы шарачак, сям-там ажно папраціралася, а ў двух месцах раздзерлася закарэлымі, непрыкрытымі струпамі. Вушы звісаюць абдрыпана, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна — да безнадзейнасці…

Чалавек быў шчаслівы і трохі сентыментальны.

Па-свойму, па-чалавечы здаравенны, ён узвышаўся над натоўпам больш чым на галаву. Шэрай салдацкай вушанкай, маладым румянцам шчок, шырокімі плячыма даўгаполага, нядаўна і нарэшце набытага паліто. У вялікіх руках чалавека было па цёплай дзіцячай руцэ. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія кабеціны ў шэрых шубках тэпалі побач з высозным бацькам па мокрым, раскоўзаным снезе, а час ад часу, то на змену, то разам, прасіліся на рукі.

Бяда, дый годзе! І весці малых, і паднімаць іх было нязручна. Перашкаджаў пакунак…

Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, на сон расказваў ім усялякія цуды пра тое, што будзе. І толькі тут, калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў — ні для мішкі, які за так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, што таксама прывучаны да ласункаў.

Што ж тут рабіць?

Заапарк размясціўся на пустыры, у гэтую восень расчышчаным ад ваенных руін. Паблізу быў толькі адзін ларок. А ў ларку не было цяпер нават якіх-небудзь марных, пазліпаных падушачак. Ашушканая прадаўшчыца параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, мяшэчак быў зроблены з цэлага нумара і ўвесь напоўнены ўшчэнт засушанымі, нават, здаецца, пыльнымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў:

Не ўся бяда! Мала таго, што з пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, дык яшчэ і частавацца з яго ніхто не хоча.

Самы вясёлы мішка, што ажно пысу ўшчэмлівае паміж жалезнымі прэнтамі, просячы цукру, што тупае-танцуе за яго і загадзя і пасля, тыя грушкі ды скрылікі толькі панюхаў.

Не захацелі іх есці і малпы. І малыя, што скрэкаюць ды гойсаюць, бессаромна пабліскваючы круглымі вясёлкамі нібы апараных азадкаў. І тая найбольшая, страшная, зусім падобная на чорнага, валасатага дзядзьку, які вось трымаецца ніколі не мытай рукой за прэнт і нешта ўсё злосна жуе ды сплёўвае, жуе ды сплёўвае, а потым адсоўваецца ў самы куток і, адвярнуўшыся, лаецца шэптам…

Так і дайшлі яны, тата з дзяўчынкамі, да слана. Шчаслівы бацька адчуў яшчэ большае шчасце. Вось ён пачне карміць гэтага здаравілу на радасць сваім «смачненькім». Нібы вялізнага каня з маленькага вядра.

— Тата, а дзе яго роцік?

Бацька смяецца.

І праўда — рот у слана такі, што ні зверху, ні знізу не ўбачыш.

— Затое, дачка, нос які!

— Гэта не нос, гэта хобат, — паправіла, зноў жа на радасць бацьку, яго другая, старэйшая разумніца.

Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану.

Бацька ведаў, чаго не ведалі дочкі, — што сланоў нос не толькі называецца хобат. На канцы яго ёсць вельмі хітры і спрытны адростак-палец. Адзін, калі слон індыйскі, а два — калі афрыканскі. У гэтага, афрыканскага, два. Гэтымі пальцамі ён можа, кажуць, пакалупацца паміж плітамі тратуара і пліты гэтыя развярнуць, нібы ломікам. А што да спрыту пальцаў, дык, мусіць, і нітку ў іголку зацягне.

Ну, а цяпер ён пачне, на пацеху дзяўчаткам, браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ, найдаўжэй, каб радасць расцягнулася.

Маленькія слановыя вочы глядзелі на чалавека не тое каб толькі з пагардай — у іх была яшчэ і паблажлівасць, і трохі здзеку сур'ёзнага над сентыментальным, а найбольш дык бяздоннага і нязбыўнага суму, пакуты, народжаных беспрасветнай няволяй…

Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічна-спрытным рухам кінуў яго сабе пад нос — туды, дзе быў яго малы, нібы запухлы, рот. Нават і сківіцы, здаецца, не паварушыліся, — проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны рэзервуар невясёлага жывата.

І не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць. Нібыта не з яго гэта смяецца ўвесь натоўп.

…Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі тым часам дарослымі. Глядзі, што неўзабаве і ім трэба будзе весці сваіх «смачненькіх» да замкнутых у клеткі звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той далёкі пасляваенны мяшэчак з нікчэмнымі сухафруктамі. Успомняць — трохі па-іншаму, чым дагэтуль.

Яны выраслі, а бацька адпаведна пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Можа, да ўнукаў, пакуль што.

Чалавеку ўспамінаюцца часамі маленькія слановыя вочы…

1966

Гуртавое

Каля нашай вёскі, там, дзе цяпер проста крайні ад загумення куток вялікай калгаснай пашы, калісьці быў лужок. Са сваёй асобнай назвай, са сваёй маленькай гісторыяй, якая штогоду папаўнялася новымі фактамі.

Гэта бывала звычайна ў другой палавіне жніўня.

Харошая пара. Адкалываліся ды адрыпелі на калдобінах духмяныя вазы мурагу, жыта, ячменю, лёну. Безліч мядзведжых ахапкаў казытлівага сена і ладных — добра, калі нялёгкіх! — снапоў падняты ды пакладзены на воз, пасля на торп, у халадок і зацішак гумна. На полі застаўся толькі авёс — у мэндліках або сям-там, дзе надзелень, яшчэ няскошаны. Грэчка, лубін, канюшынная атава, насенная канюшына, бульба, што пачынае ўжо добра жаўцець і смачна, дамавіта пахне. Пара адноснай сытасці, першахлебнай ды бульбянай, укропна-агурочнай, яблычнай. Нейкая паўза, кароткі адпачын перад імгліцай задумліва-ласкавых вераснёўскіх раніц, перад мудрай і сумнаватай паэзіяй свежай раллі, радасным россыпам новага насення, журботна-сонечнай паэзіяй залатога лісця і амаль па-жаночы пяшчотных дотыкаў ціхага, светлага, лёгкага павуціння…

Тады, у дні перадыху на стыку лета і восені, наша вёска, сказаў бы, раптам успамінала пра той лужок за крайнімі гумнамі, які, як быццам забыты, чакаў свае чаргі. За тыдні касавіцы і жніва, раз'яднаная, расцярушаная па бліжэйшых і далёкіх надзелах лугоў і палявой распалосіцы, вёска збіралася каля таго лужка. Адны мужчыны ды зрэдку цётка ці маладзіца з той хаты, дзе часова або надоўга не было каму выйсці на гаспадарскую справу. Бясформенны абшар лужка дзялілі спачатку палосамі ўдоўж, потым тое, што заставалася, палоскамі ўпоперак, і заўсёды яшчэ заставаўся трохкутнік паміж полем і выганам, кавалак, які ўжо нельга было падзяліць і які называўся, мусіць, вельмі здаўна, Гуртавое.

Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар. А назаўтра ўранку выбягалі сюды, адзін перад адным, як найраней. Яшчэ і тычак добра не відно, граніцу цяжка адбрысці, яшчэ і косіш нібы навобмацак. І спех такі — не столькі ад жадання ўхапіць гэтую жменю сена, пакуль стаіць пагода, як ад жадання пакрасавацца перад суседзямі спраўнасцю.

Гуртавое касілі пасля абеду, калі ўжо на падоўжных ды папярэчных палосах жанчыны пачыналі зграбаць у валкі, а то, хто гарачэйшы, і капіць сяк-так падсушаную траву. І касіць гэты шматок хвашчу, які, дарэчы, елі толькі коні, пачыналі не адразу ды не так сабе, а пасля штогадовага традыцыйнага веча.

Косы ўтыкалі канцамі касільнаў у мяккую пакошу, а самі адыходзіліся трохі і залягалі або рассядаліся на сушэйшым, падгрэбеным узмежку.

Трэба сказаць, што збіралася сюды, касіць лужок, а потым дзяліць Гуртавое, не ўся наша вёска.

Нядаўна мне давялося паглядзець у бібліятэцы польска-французскі атлас з другой палавіны ХVІІІ стагоддзя і з прыемнасцю знайсці на карце Наваградскага ваяводства свае Загора, — Sagora, як яно значыцца там у французскай транскрыпцыі. Трэба думаць, што вёска стаяла сабе і задоўга да таго атласа, што назву сваю яна вядзе здалёк, здаўна, упарта і самавіта не згаджаючыся стаць ні Zagorzem якім яна бывала, ні Загор'ем, якім цяпер значыцца афіцыйна. Яшчэ адно: у старым «Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» у пераліку мноства вёсак з такою ж няхітраю назвай, ёсць паведамленне, што наша Загора сто год таму назад мела трыццаць сем каміноў, мясцовасць вакол яго была таксама бязлесная, а землі ўзгоркаватыя, пшанічныя.

Рэшта гісторыі — у вясковых паданнях.

Адно адчувае пасляваеннае пакаленне загорцаў, — тыя студэнты, салдаты, настаўнікі, інжынеры, урачы, якія, пад'язджаючы ў наш час да роднай, больш чым на сотню хат вялікай вёскі на ўсходнім схіле гары, бачаць шыфер і бляху, светлыя вокны ў садах, белыя сцены школы, клуба, сельмага, спраўныя будынкі брыгаднай фермы наводшыбе.

Другое адчуваю я, калі за ўсім гэтым, ужо звычайным, бачу і тое, што было, — суцэльную саламяную шэрасць значна меншай, непараўнана бяднейшай і цёмнай заходнебеларускай вёскі, што ўжо не будзе такою, якой была, якой яна, як часамі здавалася, будзе заўсёды…

Зрэшты, і тое, што жыло ў памяці нашых бацькоў і дзядоў, што мы пачулі ад іх, як казку, здавалася ім калісьці беспрасветным ды бясконцым.

Па тых паданнях, па той няпісанай гісторыі наша малое ў гады прыгону Загора належала ажно пяці панам. Хто з іх быў лепшы, хто горшы — уся гэтая разнавіднасць няволі і здзеку пайшла ў нябыт. Да дзён майго юнацтва, за сем дзесяткаў год ад ліквідацыі паншчыны, дайшлі толькі назвы «схедаў»[12], частак вёскі — па некалькі хат — ад колішняй прыналежнасці да памешчыкаў: «свідзінскія», «судзёўскія», «гнаінскія», «лісіцкія», «ёдчыны». Відаць, памыляюся нават у назвах, бо і тады ўжо гэта было мне, майму пакаленню зусім нецікава. Тады ўжо вёска дзялілася толькі на дзве часткі: вышэйшая палавіна, што размясцілася на гары — «нагорскія», а наша, усходняя частка, у даліне — «ёдчыны». Яшчэ ўсё як на ўспамін пра нейкага, ледзь не міфічнага, пана Ёдку.

Гуртавое належала «ёдчыным». Аднак, пакуль ішла падрыхтоўка да веча, пакуль тое веча цягнулася, тут збіралася многа людзей з усёй вёскі. Той завёў кабылу на пашу — падышоў сюды з аброццю. Другі ішоў па кабылу — таксама спыніўся, а потым прысеў. Хто з поля, хто з вёскі падышлі на гоман і засталіся, як на цікавым, вельмі нячастым відовішчы — на хвілінку — да самай касьбы.

— Дык што мы будзем, мужчыны, рабіць з Гуртавым?

Пытанне гэтае, здаўна і штогоду, ставіў звычайна хто-небудзь са старэйшых гаспадароў. Не дамаўляючыся пра чаргу, не забягаючы наперад, але ж з прыкметнай ахвотай і амаль з дзяржаўнай важнасцю.

Адказвалі яму, як і заўсёды, тое самае, як быццам у гэтай справе не было ўжо вопыту, пэўнага стандарту вырашэння. Зноў выстаўляліся на суд, даўно вядомыя, тры варыянты:

1. Разбіць на палосы і скасіць ды прыбраць кожны сваё.

2. Прадаць траву і купіць пажарную бочку.

3. Скасіць, згрэбці, скапіць гуртам і ў копах, па жэрабю, падзяліць.

Пачынаючы з пастушковага ўзросту, больш за дзесяць разоў я быў на гэтым вечы назіральнікам і слухачом, без права голасу. Спачатку па малалецтву, а потым, хоць і грабец і, нарэшце, касец, пры двух старэйшых братах — не гаспадар.

Зрэшты, так мне было зусім добра. Да гэтага ў мяне, гадоў ужо з пятнаццаці, былі свае адносіны.

Штогадовыя веча помняцца мне перш за ўсё як вясёлы перабрэх. На розныя тэмы — ад найбліжэйшага, штодзённага аж да самага грэхападзення Адама і Евы, пра якое, як і пра шмат чаго іншага, расказваў — у сваім варыянце — вядомы на ўвесь наш свет рыбак, паляўнічы, гультай, канавал, бабнік, байдун і песеннік Самусь. Дарэчы, з «нагорскіх», незацікаўленых, але заўсёды, помніцца, прысутны.

Сяды-тады тэматыка набірала класавай вастрыні:

«З горла лезе, маць тваю перамаць, а на чужое ўсё роўна гонішся!..»

«Ты каміны не лічы, ты лічы дзесяціны: колькі іх на чый комін прыходзіцца!..»

«Пачакай, пачакай, ці не скончыцца ваша царства, ці не паглядзім мы, як ты тады заквохчаш!..»

Сварыліся, выгаворвалі адзін аднаму сабранае за цэлы год нездавальненне і варажнечу, у пошуках аргументаў залазячы і ў папярэднія, нават далёкія гады. У якасці халоднае вады на галовы гарачых ішло што-небудзь такое:

«Ды што вы, хлопцы, як бабы, счапіліся?..»

«Паможаш хіба, калі памолішся?..»

«От дзе каб нашых баб і праўда сюды — от дзе б сечкі насеклі!..»

Часцей, аднак, сварку перабіваў, глушыў яе выбухам рогату нейкі новы расказ, Самусёў ці каго-небудзь іншага. Часамі ад сварак ды жартаў нехта хацеў перавесці цікавасць на песню. Дарма. Не выходзіла. Для песні патрэбен быў вечар, патрэбна была цішыня, хоць часовае забыццё на ўсе беды і клопаты. Калі ж і пачыналася песня на пакошы, дык ненадоўга, як не доўгія былі і сваркі.

Больш было жартаў і смеху.

Што ж да маіх «сваіх адносін» да ўсяго, што адбывалася на гэтым лужку і ў вёсцы, і наогул на свеце, дык я не быў тады староннім назіральнікам, бесклапотным падлеткам ды дзецюком з нябеднай хаты, якога яшчэ не ўкусіла свая ўласная вош, аматарам абы з чаго пасмяяцца каля вясёлых. У мяне ўжо была свая таямніца, сваё запаветнае — я ўжо вучыўся, рыхтаваўся на пісьменніка. І таямніца мая, сяму-таму ў пэўнай меры вядомая, не адгароджвала мяне ад людзей. Наадварот — ад кніг, ад паперы яна вяла мяне да іх лепшым, глыбейшым і — мне хацелася гэтага — яшчэ больш іхнім. Кожны мой дзень быў вучобай: я не толькі чытаў і пісаў у вольны ад работы час, — я прагна слухаў, глядзеў, запамінаў. Шчаслівае маўчанне няспыннай карпатлівай падрыхтоўкі да тае працы, якая, я верыў, чакае мяне, якая будзе патрэбна простаму чалавеку, карміцелю і бедняку, — патрэбна маёю шчырасцю, нашай праўдай, якая сваімі фарбамі і гукамі сальецца з красою роднай прыроды, роднай мовы і песні, роднага суму і смеху.

Пажарнай бочцы не шанцавала. Клапаціцца пра тое, каб нарэшце-такі набыць яе, другую да нашай помпы, павінна была ўся вёска, не адны толькі ўладальнікі Гуртавога «ёдчыны». «Ёдчыны» не хацелі ў гэтай справе перадаць і мелі сваю пашахонскую рацыю.

Здаецца, толькі раз ці два разы на маёй памяці Гуртавое хтосьці купіў «на скос». Адзін раз тыя лічаныя злоты пайшлі, здаецца, на першую бочку, а другі раз так і ляжалі да самага Верасня ў скарбніка добраахвотнай пажарнай каманды, дарма чакаючы, калі да іх «нагорскія» збяруць сваю палавіну.

Не памятаю, каб калі-небудзь Гуртавое разбівалі на палоскі ды палосачкі, — не даходзіла да вяршыняў такой геаметрыі.

Часцей за ўсё, стаміўшыся ад спрэчак, што рабіць, касілі гуртам, тым больш што сонца не чакала. І касьба гэтая помніцца, як самае характэрнае, нібы так толькі яно заўсёды і было.

Касцы ўставалі.

І зноў жа хтосьці першы — не па чыне ды не па выбару, а хто быў найбліжэй — станавіўся ў крайні ад пашы пракос, ці то гарэзліва, ці абыякава, ці нават урачыста пачынаў мянціць касу.

Пайшоў. Пакуль пайсці другому, трэцяму — усе пачыналі мянціць, да апошняга ў постаці. Вясёлы маладзецкі перазвон.

А публіка рознага веку, ад смаркатых да сівавусых, усе, хто сабраўся тут дзеля веча, стаялі збоку, на пашы, як на нейкае дзіва гледзячы на справу звычайную — касьбу, і незвычайную, бо раз на год калектыўную, гуртавую.

Тут набліжаецца галоўнае…

Тут я павінен зрабіць яшчэ адно, не апошняе, адступленне.

Вёска наша, як правільна сведчыць вышэйуспомнены «Геаграфічны слоўнік», спрадвеку палявая. Ляскоў, гаёў якіх-небудзь ці проста зарасніку каля яе няма. У лес мы, пастухамі быўшы, траплялі толькі ўвосені, калі кароў пускалі на лугі, пасля атавы. А падраслі — па дровы ездзілі зімой.

Салаўя, такім чынам, я змалку не чуў, гадоў, здаецца, да семнаццаці, пакуль не паехаў аднойчы ажно за чацвёртую вёску рэзаць на балоцістым надрэчным лузе лазу для крыцця.

Красу птушынага голасу я ведаў, перш за ўсё, ад жаваранка і шпака. Не лічачы, вядома, спевакоў ледзь не хатніх — пеўня ці ластаўку, або выпадковых — шчыгла ці чачотку, што не табе дык суседнім хлапчукам траплялі часамі ў клетку.

Жаваранак і шпак, спяваючы, не хаваліся.

Першага мы змалку бачылі не раз. На зямлі, калі ён — недасягальна мілы, шэранькі — уподбежку шмыгаў па руні, яшчэ не могучы ў ёй схавацца; над зямлёй, калі ён уздымаўся над красуючым або ўжо налітым калоссем — адразу з сярэбраным звонам; у небе, дзе ён бясконца вісеў над табою, жанцом ці касцом, бясконца званіў, як вясёлая ручаіна, усё адно і тое ж, і ўсё такое новае, такое шчырае!..

Другі спявак — бліскуча-чорны, гарэзлівы шпачок, наогул нікуды як быццам не адлучаўся. Калі не на кіёчку перад акенцам шпакоўні, дык на галінцы дае свой штодзённы, з ранняга ранку да позняга вечара, таксама як і жаваранкаў, канцэрт. І з перапевамі, і сваё, і з кепікамі ўсякімі, з зачэпным посвістам, і ад сапраўднай радасці, з поўнай сардэчнай аддачай.

Загадкава прывабнымі, проста-такі чароўна таямнічымі былі мне з маленства галасы яшчэ дзвюх птушак нашага свету — драча і перапёлкі. Іх галасы ўзрушліва спалучаліся з красой у аднаго — вясняных, а ў другое — летніх вечароў, з таямнічасцю роснага, прыімглёнага лугу і духмянага хлебнага поля.

Перапёлка бывала далей ад нашай хаты, сакавіта-хлёсткі і шчымліва-журботны покліч яе даходзіў здалёк, прыцішаны адлегласцю. Драч дадзіраўся настойлівым, поўным адчування абавязку і годнасці дзёрам — да самых акон.

Часамі, калі ты, зачараваны імі, выходзіў з хаты, ішоў па двары, пасля па цёплай баразёнцы паміж бліскучага ад месяца гічання буракоў ажно на роснае прыгуменне — яны, перапёлка і драч, служылі сваю службу, здавалася, зусім на пару, дуэтам, пад адным вялікім, нізкім месяцам, налітым спеласцю, нібыта казачна-агромністае яблыка, вось-вось гатовае апасці на мяжу паміж полем і лугам.

«Свежасць дзіцячага ўспрымання…»

Ды вось і іншае.

Сяджу над паплаўком, задуманы і засяроджаны. А пасля да мяне пачынае даходзіць музыка ціхага, ціхага шуму. Спачатку я падсвядома цешуся гэтай радасцю, а потым спакваля пачынаю ўсведамляць, што цуду тут ніякага няма. Узнімаю вочы. Гэта ж на тым баку ракі, хоць і даволі-такі шырокай, спакойныя, даўно ўжо не галодныя каровы падышлі нячутна па траве да берага, грызуць яе — нібы адною шырачэннай пысаю: ш-шам, ш-шам, ш-шам… Ёсць несулад у гэтым шаманні, ды ён усё ж зліваецца ў адно.

Мне ўжо тым часам за пяцьдзесят. І я ўспрымаю гэтую музыку надрэчнай раніцы не як дзіця, аднак не менш, здаецца, свежа і яшчэ глыбей.

Чаму? Як хто?

Як чалавек, які ў свой час быў па неабходнасці нават і стыхійным ветэрынарам — дапамагаў карове цяліцца, лячыў яе тым, што ведаў ад векавое мудрасці народнага лекавання, а то і стаяў над ёю, хворай, балюча глытаючы сваю бездапаможнасць.

Як чалавек, які не толькі замілавана гладзіў сытае, даверлівае цялятка, але і сам яго выкарміў, і быў аднойчы пастаўлены перад горкім абавязкам падысці да яго з нажом.

Як чалавек, які не толькі ахвотна піў сырадой ці задаволена пакрэктваў над місай крамянага ды халоднага з пограба кіслага малака, але ж і сена карове касіў, і салому на подсціл ёй вымалочваў, і гной вярнуў з-пад яе, да трэску ў жылах і ў дзяржальні сахара.

Каму ж, як не такому чалавеку адчуць па-сапраўднаму музыку яе, каровінай, задаволенай, сытай яды на калгасным прыволлі?..

Красу прыроды хлебароб адчувае інакш, паўней, чым яе старонні назіральнік, няхай сабе нават найлепш эстэтычна падрыхтаваны ці па натуры вельмі чулы. Хлебароб успрымае яе не збоку, не зверху, а з самай сярэдзіны, свядома ці падсвядома адчуваючы сябе саўдзельнікам стварэння гэтай красы, — гордае і шчаслівае адчуванне. Яно было маім у дні маёй сялянскай маладосці, у пэўнай меры маім засталося яно і дагэтуль. І дома, і ў кожнай іншай краіне, дзе я гляджу на новую красу палёў, павага да яе стваральнікаў жыве, ціха, непераможна спявае ў маім захапленні.

Гэтага мала, аднак.

Мне часта ўспамінаецца пара той непаўторнай свежасці пачуццяў, подыхамі якое цяпер, у гарадской ды кабінетнай мітусні і адзіноце, даводзіцца падмацоўваць сябе толькі час ад часу, успаміны пра якую вяртаюцца, непакояць душу ўсё часцей ды ўсё больш неадчэпна, з новым сумам і новай чароўнасцю…

Косы шаркаюць у траве і — другія — звіняць над травой.

Хто лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы? Нагамі ў весела-роснай або ласкава-мяккай траве. Грудзьмі, што дыхаюць сілай і воляй. Вачыма, што бачаць зялёны прастор, які хутка пад ногі мне ляжа пакорнай травою…

Летняя «пільніца», гарачая пара, пачыналася з сенавання, нялёгкай, аднак самай чыстай і самай вясёлай, амаль святочнай работы. Цяжэй там бывала мужчынам, касцам. Асабліва калі не ў гурце, а сам пілуеш, без маладзецкага спаборніцтва, без гоману, смеху ды перазвону мянташак. На жніве, з сярпом, шчыравалі ды петавалі больш жанчыны. Таму, відаць, і песні жніўныя — жаночыя, і гучаць яны такою журбой, ледзь-ледзь не на мяжы апошняга адчаю. Серп і рукі, спёка і поле, сваё ці не сваё, якое трэба было апоўзаць, сагнуўшыся, з тою ж цярплівасцю, з тою ж непаказнаю мужнасцю, з якою яны і раджалі спакон вякоў, і гадавалі ў нястачы, і аплаквалі, з якою яны валачылі горкую долю ўдавы ці салдаткі, ці вечнае наймічкі. Мужчыны тут сваю жніўную гаркоту, сваю нібы казацкую ленасць апраўдвалі тым, што бабская сярэдзіна куды, браток, гнутчэйшая за нашу. У пачатку трыццатых гадоў пачалі ў нас, на Міршчыне, касіць і збожжа. Калі ўлічыць, з якім нараканнем ды вохканнем, а то дык з добрым гвалтам сустрэлі гэтае «гультайства», гэты «рэспуст» старэйшыя, асабліва жанчыны, можна сказаць, што каса ды ў жыта, пракос ды на загоне — гэта была рэвалюцыя. Мужчына выпрастаўся. Яму і зноў жа нялёгка было, асабліва ў густой ці палеглай пшаніцы, але ж і добра пазіралася наперад, без паклонаў. Жанчына гнулася па-ранейшаму, падбіраючы пракос ды вяжучы снапы, аднак ёй стала трохі лягчэй. Касцовы ж рукі пад вечар гулі, як тэлеграфныя слупы, спаць чалавек валіўся, як сноп, а пасля сну, абы ты зноў упрогся ў касу, гудзенне паўтаралася і набірала стомы больш ды больш — патрошку, спакваля, на загартоўку і ў запас.

Дык хто ж тады лепш за самога касца адчувае красу гэтай працы?..

Яшчэ ўсё любуецца ёю босая публіка, стоячы збоку, на пашы. Мужчыны з «нагорскіх», што пасыходзіліся на веча, і пастухі, амаль адны толькі хлопчыкі, адпушчаныя сюды дзяўчатамі ад далёкага статка. Нібыта ўпершыню глядзяць малыя, сталыя і старыя на гэтую касьбу — звычайную і незвычайную, бо разам, дружнай талакою.

І не падумаеш, што хутка тут адбудзецца яшчэ болып незвычайнае — такое штосьці, чаго як быццам ніколі не было.

Дык што ж такое?

А тое, што праз увесь гэты дзень, ад роснага, імглістага досвітку, калі так здорава было гнаць росны пракос, дыхаючы вострым, кіславатым пахам хвошчу, да сонечнага адвячорка, калі мы, мужчыны, выходзілі на сваё веча ў лёгкай стоме і ў мласнаватай пасляабедзеннай сытасці, — праз увесь гэты час у траве на лужку, як пад вадой, зверху нікому непрыкметна ды нячутна адбывалася сваё…

Пакуль касіліся палосы падоўжныя, галоўныя ды законныя жыхары лужка, смешна-настырлівыя скрыпачы, што не скрыпелі ўжо цяпер, у другой палавіне жніўня, — драчы з драчыхамі і драчанятамі абодвух вывадкаў нябачна ды нячутна перабягалі на той участак травы, які быў падзелены палоскамі ўпоперак. А ўжо адтуль яны пасля, яшчэ больш устрывожана перабіраліся ў клін нечапанага Гуртавога. Пакуль было ціха ў абед і потым, пакуль зусім побач шумела крыкам ды рогатам веча, бедныя скрыпачы сядзелі, прытаіўшыся ўжо ў невялікім для ўсіх іх трохкутніку травы, паміж свежай пакошай, вытаўчаным каровамі ржышчам і голай, як зялёны бубен, пашай. Абдумвалі, абмяркоўвалі, бедавалі…

— Хлопцы, драчэ!

Крыкнуў хтосьці з касцоў. Голас трывогі, радасці і каманды.

Усе касцы, уся басаногая публіка розных узростаў як быццам толькі цяпер зразумелі, успомнілі, што ж такое павінна адбыцца, што тут у гэткі дзень бывала штогоду.

Драчы, відаць, таксама па нейкай сваёй камандзе, дружна высыпалі з апошняга кліна травы на голую роўнядзь пашы.

Людзі — за імі. Першыя сыпанулі пастушкі. Тады касцы, пакінуўшы косы ў траве, рэдка каторы ўваткнуўшы яе касільнам у зямлю. Рушылі нават і пажылыя з аброцямі, нават і той біблейскі каментатар, ужо тым часам сівы і прыгорблены гультай Самусь.

З гікам, свістам і смехам ляцелі яны па маленькай, выгрызенай траве, так ласкавай для ног, за пільніцу папораных іржышчам і ў малога, і ў дарослага. Ляцелі ва ўсе бакі і, адначасна, усе ў адзін бок — наўздагон за юркімі, шэра-бурымі скрыпачамі, што нейкаю сутулай ды імклівай пехатой і смешным подлетам, не падцягнуўшы ног, сыпаліся ў недалёкую бульбу за пашай.

Як і заўсёды, кожнага года, ніхто нічога не дагнаў, ніхто нічога не злавіў. Бо нездарма ж гаворыцца, што яны, драчы, і ў вырай бегаюць пехатою. Ніхто нічога не забіў, хоць пастушкі каторыя і кідалі здуру кіямі. Затое смеху было, радасці — усім. Не толькі чарнаногай малечы, якая спачатку, на веча, цярпліва сядзела, а потым стаяла каля касцоў, добра ведаючы, чаго яна тут чакае. Не толькі нам, маладым ды нястомным. Не толькі мне, «паклонніку красы жыцця». Але і тым, хто, на думку маю і маіх аднагодкаў, тады ўжо быў стары, у каго ўжо для хатняй і надворнай лаянкі, для ўшчування ды вохкання былі не толькі бацькі, але ж і жонкі, і маладыя яшчэ і ўжо не вельмі.

Раскрыццё таямніцы ўражвае па-рознаму.

Быў у маім пастушыным маленстве такі незвычайны выпадак. На пашы. Нечы конь, відаць, адмахваючыся ад заядзі, учапіўся хвастом за калючы дрот агароджы ад поля, ірвануўся і пабег, пакінуўшы на дроце, каля самага слупка, жменю заблытанага валосся. І вось шпаку чамусьці собіла сесці іменна там. Ён ублытаўся лапкай, і як жа, бедны, ірваўся, як верашчаў, калі я, адзін са свіных пастушкоў, найбліжэй падбягаў да яго, браў яго, трапыхлівага, ваяўнічага, ў руку, выблытваў з валосся яго лапку, а потым яшчэ трохі трымаў у дрыготкай жмені і глядзеў, угаворваў яго не баяцца. Майго першага і, як дагэтуль, адзінага шпака — так блізка, у руцэ. Я выпусціў яго, упершыню адчуўшы шчасце даць камусьці волю, упершыню як быццам зразумеўшы, што так яно, калі ён на дрэве, а я на зямлі, калі ён шчабеча, а я любуюся, — што так яно найлепш.

Потым я разумеў, што калі ў супакоеным жыце, калоссе якога яшчэ не хіліцца долу ад маладога, салодкага цяжару зярнят, а ледзь не да болю ў сэрцы, ледзь не да слёз прыгожа ружавее ды мігціць у неспякотна-ласкавых промнях вячэрняга сонца, калі ў духмяным і таямнічым бязмежжы гэтай красы, недзе з самага дна, ад самай зямлі пачынае падаваць свой голас перапёлка, — я разумеў, што гэта найлепш, калі яна там, а я тут, дзе я стаю або іду і раз-поразу спыняюся, каб паслухаць.

Я разумеў, гэта праўда. Але праўда і тое, што мне заўсёды хацелася, а калі дык і вельмі хацелася ўбачыць яе зусім блізка. Ужо не патрымаць у руцэ, як хацелася гэта раней, а толькі зблізку-зблізку паглядзець.

Таксама і з драчом.

Таксама і трохі інакш.

Перапёлка жыла для мяне не толькі ў збожжы, — я ведаў песні пра яе, яны мне падабаліся, яны мяне хвалявалі, і гэта паэтычна аддаляла яе ад мае жмені і ад вачэй, што хацелі б наблізіцца да яе… ну зусім.

А пра драча ніякіх песняў не было. Былі адны кепікі, хлёсткія, рыфмаваныя, але такія, што мы пры бацьках не асмельваліся іх паўтараць, хоць і бацькі нашы таксама ж былі ў свой час пастушкамі і ўсе такое ведалі. «Драч, драч, сеў с…!..» Дзярыся, браток, толькі не пападайся. Хоць і вельмі хацелася б паглядзець, як гэта ты там стаіўся ў роснай траве, і як прыўстаеш ды дзярэшся, рупліва паварочваешся ва ўсе бакі начнога свету, столькі ўжо часу думаючы, што гэта ў цябе сапраўдная песня, што ўсе павінны чуць яе, што гэта не смешна, а вельмі хораша.

І вось тут раптам — колькі іх, лугавых скрыпачоў! Якое вясёлае раскрыццё травяной таямніцы! Колькі людзей — малых, дарослых і нават старых — бяжыць за вамі, смеючыся, хочучы злавіць і ведаючы, што не надта зловіш, і не кідаючы нічым наўздагон, каб не забіць з блазенскага дуру!..

Ведаю, ведаю я, што не гэтым смехам, не гэтай радасцю жылі тады людзі, што і наогул яны не гэтым, перш за ўсё, жывуць.

І самі яны, мае землякі, яшчэ лепш, гарбом ды нутром, ведалі, што іх трымае на вадзе.

Аднак чаму ж яны так радасна смяяліся, ледзь не дзіцячым, чыстым смехам, чаму так доўга і так светла помніцца мне гэты смех? Не гаснучы ў памяці, не зацёршыся ў безлічы іншых, куды значнейшых падзей. Як момант чыстай чалавечай блізкасці, глыток высокай радасці жыцця, хоць часовага забыцця пра клопаты, беды і сваркі будзёншчыны.

…З тых, што смяяліся тады, многіх ужо няма. Па трох, па двух, па адным-адзіным з хаты — многія не вярнуліся з вайны. З тых, што вярнуліся, адны ўжо спакваля за столькі год паперабіраліся з вёскі на ўзгорак за гасцінцам, дзе ім шумяць маладыя бярозкі і велічны, несмяротны дуб. Жывыя неўпрыцям і даволі растрэсена пастарэлі, хто з выгляду цэлы, а хто без рукі, без нагі.

Я не пытаўся ў нікога з іх, але здаецца мне, верыцца нават, што той наш далёкі перадваенны смех, той наш блазенскі крос за драчамі па шашы, не толькі мне аднаму ўспамінаўся ў сумную або нялёгкую часіну, дома ці недзе далёка ад родных мясцін.

1969

Яшчэ раз першы снег

Раніца.

Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможна белы снег.

У шэрасці, што за рэзкай мяжою снегу, у волкай глыбіні яе, здаецца, вельмі далёка, з тужлівым прыплачам пераклікаюцца непрыкметныя чайкі.

Пад нагамі, на ўчарашняй сцежцы, яшчэ не пратупанай сёння, мякка, сыра і туга парыпвае.

Над абрывам, на высокім, пагорбленым беразе — сосны. Стаю пад імі, узышоўшы сюды з шырокай, управа і ўлева бела-бясконцай роўнядзі мёртвага пляжа. Зноў снег пайшоў. Нават вецер узняўся. Сосны ад гэтага ветру амаль зусім не варушацца голлем — можа, таму, што мокрыя. І снег не пакрывае іхнія лапы беллю, — можа, таму, што мокры.

Чайкі з далёкай шэрасці праявіліся блізка — ужо над снегам, не над вадою. Лятаюць-пералётваюць, нібы прабіваючыся крыллямі з шэра-густой, падрапяшчанай мітуснёю мокрых сняжынак, безнадзейна адліжнай імглы. І пераклік іх здаецца мне зблізку тужлівым па-жураўлінаму. Без адчаю. Бо не такія ўжо яны тут і пакутніцы. І пакідаць ім нічога не трэба.

«Ну ж і люты!.. Ну ж і зіма!..»

У нараканні я вам сёння не таварыш.

Сёння ў мяне свая, вельмі свая цішыня.

Учора ўвечары, пад высокім скляпеннем Домскага сабора, такіх цішынь было больш за тысячу. Сядзячае мноства не знаёмых паміж сабою людзей, што сышліся сюды з адным для ўсіх жаданнем. Кожны сабе, па-свойму маўчаў, і з безлічы гэтых маўчанняў складалася адна ўрачыстая цішыня.

Над гэтай цішынёй, у гэтай цішыні грымеў арган… Грымеў не громам зямной, будзённай мітусні, а мяккімі, груднымі перакатамі, магутна-стрыманым, вышынным рокатам навальнічнай хмары, адкуль даўно ўжо адышлі ў людскі ўспамін свяшчэнны жах і трывога, а засталася толькі паэзія. З бязмежжам сумна і прагна чаканай свежасці, з агнявымі ўскрыкамі, захапленнем маланак, з мноствам спакойных, ясных вясёлак.

Арган быў высока над намі, усе мы глядзелі туды, аднак усім, відаць, здавалася, што музыка жыла не тут, не пад гэтым скляпеннем. І нерыклівы гром, і стрыманая радасць ціхай паводкі гукаў, і песня скрыпак, што захоплена ішла па гэтым громе і сардэчным рокаце мноства зачараваных арганных труб — усё здавалася незямным, незвычайным.

Маладая арганістка, фота якой, разам з праграмай канцэрта, зайздросна купіла некалькі сот жанчын, ва ўсмешку якое, звычайную ў іншых абставінах, закахалася некалькі сот мужчын адразу, — маладая славутасць, закончыўшы нябесны гром і цішыню, выходзіла з-за гатычнай, пазалочанай пышнасці балкона і кланялася над парапетам уніз, мноству прыўзнятых твараў. З усмешкай, якую мы знізу толькі ўгадвалі, ведаючы на фота. І мне здавалася, што я люблю яе вельмі даўно, што я яе ведаю найбліжэй. Хоць я ніколі яшчэ не бачыў яе не ўгары, а на нізе, хоць я пачуў яе зямное, афішнае імя — толькі цяпер.

Я любіў яе — амаль зусім уяўную, толькі ў раскошным, зачараваным свеце тых гукаў, якімі яна напоўніла ўсё навокал, пачынаючы, як здавалася кожнаму з нас, ад мяне, у свеце гукаў, якіх я так доўга, так сумна і прагна чакаў, з якімі мне так лёгка пойдзецца цяпер далей, у бязмежжа хвалюючай вечнасці — чыстай і для мяне, і мне, разам з усімі, даступнай…

Мой друг, латыш, які па тэлефоне запрасіў мяне з-за горада на канцэрт, сам быў у Домскім саборы ўжо неаднойчы. Ды ён — паэт, і больш яшчэ: добры і шчыры чалавек, і ён па-гаспадарску, па-святочнаму рады нашай сустрэчы і маёй радасці. Па ягонай просьбе мяне прывёў сюды яго знаёмы, а сам мой друг па ўважлівай прычыне трохі прыпазніўся. Мы сустрэліся перад самым пачаткам канцэрта, ужо на нашых месцах. Сказаць што-небудзь больш за словы першай радасці не было ўжо калі. Вось-вось набліжалася цішыня, прыход якое настройваў і абавязваў маўчаць. А потым яно пачалося — высока над намі і ў нас…

Толькі на першым перапынку мы разгаварыліся.

Пасля трох год разлукі і нячастай перапіскі. Дзіўна, а збоку гледзячы, можа, і недарэчна яно выглядала, — як я пачаў нашу гутарку. З усіх назваў тых узбярэжных гарадкоў, у адным з якіх я часова жыву, з усіх тых частых прыпынкаў электрычкі, за месяц пералічаных мною то з аднаго, то з другога канца, толькі адна назва была незразумелая і нібы надта ж, іменна цяпер спатрэбілася мне даведацца, што яна азначае.

— Слухай, што гэта — Слока? Юрмала, Дзінтара — ведаю: Узбярэжжа, Янтарнае. А што, па-вашаму, Слока?

Ён усміхаецца, нібы і сам чакаў, што я задам яму іменна гэтае, такое важнае пытанне, а ён, на радасць нам, адкажа — лёгка, проста і шматзначна.

— Слока — па-расейску вальдшнэп.

І мы як быццам здзіўляемся гэтаму цуду слова, які прыйшоў да нас так дарэчы іменна сёння і тут. Я раскашуюся ў гэтым цудзе, узмацняю яго яшчэ адным адкрыццём.

— Па-вашаму sloka, па-нашаму слонка. І па-польску таксама slonka або ў Міцкевіча — slomka. Паслухай, ты зразумееш мяне.

Мне ўспамінаецца наймілейшая ў свеце краса маіх родных мясцін і той, хто апісаў тую красу найлепш.

— Я буду гаварыць паволі і выразна.

І я чытаю яму, яшчэ ў маленстве назаўсёды паложаны ў памяць радок, адзін з вечна свежых — на кожны покліч і дотык:

W wieczor slychac w zaroslach szept ciagnacej slomki…[13]

— Ну, зразумеў? — пытаюся, ад шчасця нетактоўна.

Ды ён не крыўдзіцца. І я нарэшце схамянуўся — успамінаю, што ён і нашу мову вывучыў, і польскую не толькі адчувае… А можа, тут, у гэтай святыні высокіх пачуццяў, па-маладому хмельна-паэтычнага настрою — можа, тут хопіць і аднаго адчування музыкі слова?..

Вось яна, песня аргана, зноў пачалася. Зноў я гляджу туды, угару…

…Сёння не першы снег, сёння не першая шэрань.

Сёння ўжо на дварэ канчаецца люты. Кіслы, хлюпотны, занудлівы люты. Сёння за тоўста-каменнымі сценамі, за стралістымі скляпеннямі гэтай старадаўняй святыні ідзе звычайны снег — вельмі няпэўны, мокры, не першы…

А мне — пад музыку нашай нябачнай багіні — ціха, шчасліва і вельмі чыста, беленька ўспамінаецца сёлетні першы снег.

Ён, як заўсёды, прыйшоў нечакана. Перад гэтым мы, чатыры сябры, проста ўзялі білеты на рэйсавы аўтобус, каб паехаць нарэшце ў тую гарадзенскую глыбінку, куды нас прасілі вясковыя чытачы. Узялі білеты і, яшчэ прасцей, дамовіліся сустрэцца ўранні на вакзале. Нават і блізка не думаючы пра тое, што гэта быў апошні шэры адвячорак золкай восені.

А снег тым часам ноччу пайшоў, і ўранні мы глядзелі на яго праз вокны аўтобуса не так сабе, а па-святочнаму прыўзнята.

На цэлым свеце — белы снег, на ўсіх палях і дахах. На ўсіх на свеце дрэвах і дратах — першая шэрань. У вялікім, хуткім аўтобусе многа людзей. І ўсе яны — унучка, бабуля, студэнтка, адпускнік-салдат, заклапочаны бацька-калгаснік і валасата-бяздумны з выгляду юнак, — усе вельмі рады гэтаму беламу шчасцю, аднаму для ўсіх, і толькі не зразумела, чаму не спяваюць пра гэта, не смяюцца звонка, хоць бы, нарэшце, чаму не гавораць.

І недзе там… Грымі, мой нябесны арган, спявайце, сардэчныя скрыпкі!.. Недзе — у белым полі, святочным і безыменным — стаяў сабе шэры, трохі гудлівы тэлеграфны слуп. Не адзін, вядома, а ў рэдкай чарзе такіх самых слупоў, пад ацяжэлымі ад шэрані дратамі, але адзін толькі патрэбны мне і незвычайны. Каля слупа таго сядзеў… Так, не стаяў, а іменна сядзеў пянёчкам шэры заяц. Да зайца полем, па белай нерушы памалу, задаволена брыў чалавек са стрэльбай. Ён святкаваў сваю радасць, бо ведаў, што заяц, падбіты, нікуды не дзенецца, дапусціць яго на яшчэ адзін, найбліжэйшы стрэл. І шэры ведаў гэта і моўчкі чакаў, упершыню, адзіны раз у жыцці адчуваючы, як з яго выплывае чырвоная цеплыня.

І мы адчулі гэта, усе пасажыры аўтобуса. Заварушыліся, загаманілі. Раптам, нібы абурана, адны памкнуліся да акон гэтага боку, а другія прыўсталі. Але аўтобус махнуўся каля той безыменнай мясціны — стрэлу мы не пачулі.

Што — незвычайны аўтобус? Напоўнены толькі паэтамі, па-дарожнаму трохі сентыментальнымі? Ніхто са стрэльбай не хадзіў? Ніхто не ведае радасці першай парошы, удалага стрэлу?

Усё — не так. Я зусім не пра тое…

Той першы снег, з яго шчаслівай, чыстай маладосцю, тут нагадала мне задушэўная, урачыстая песня аргана, а кажучы не так узрушана і дакладней — яшчэ і снегапад, які праводзіў нас да самага парога Домскага сабора.

Ад чаго ж тады — апроч першага снегу ў дарозе — мне цяпер так жыва, так выразна нагадалася яшчэ і маладая, духмяная, як сырадой, салодкая канюшына? Круты, але не рэзкі і не дзіўны пераход: ад снежнай неабсяжнасці — да зялёна-нізенькага гушчару. Так робіцца толькі ў казках, у музыцы. Ну, а калі прасцей, дык мне і шэрае нагадала пра шэрае — заяц пра зайчыка.

Шэры, абсівераны слуп — гэта, па колеры, не шэры, бывалы, таксама абветраны заяц. А заяц, каторы бывалы, гэта не шэранькае зайчаня. Нават і коцікі на вербах не такія шэрыя і цёплыя, як поўсць на знойдзеным у канюшыннай кашы зайчаняці. На ім яна як пух на жаўранку, які яшчэ малы, не ўздымаецца ў вышыню ды не звоніць, а толькі ціхенька дрыжыць у гняздзе, пад рукой чалавека, якая зверху апускаецца над яго безабаронным жахам. На зайчаняці поўсць драпяста-шэрая, мякка-варсістая і цёплая — так і хочацца, так і боязна да яе дакрануцца.

Хлопчык ведаў, што зайца так, як птушаня ў гняздзе, не накрыеш. Тут ужо трэба маладзецтва, небывалае здарэнне, — каб ён, такі імклівы, няўлоўны, ды апынуўся ў тваіх руках. Але аднойчы такі цуд адбыўся. А што не з зайцам, а з маленькім зайчыкам, дык цуд ад гэтага быў ані крышку не меншы. Іх тады, цэлы вывадак зайчанят, не проста знайшлі ў канюшыне, а выкасілі. Як жа добра, што не падрэзалі касою! Вялікія, хто касіў, кінулі косы і пачалі лавіць зайчанят, што сыпанулі ва ўсе бакі. І смешна так, як завадныя, і не вельмі хутка. Цяжка сказаць, як гэта ён сам, той хлопчык, не дагнаў ніводнага. Можа, таму, што хацеў палавіць усіх адразу. А аднаго яму далі. Рука дарослага трымала зайчаня за вушкі, толькі пальцамі. А шарачок па-немаўлячы пацешна дрыгаў заднімі лапкамі, нібы ад радасці, нібы з усмешкай. Хлопчыку сказалі, што зайца няможна браць за спіну, а толькі за вушы, і малы чалавек, з вялікай асцярожнасцю і трывогай, узяў малога зайца так, як трэба браць, адчуў у пальцах і цёплыя лапінкі вушэй, і дрыганне ножак, а потым, ужо без парады дарослых, палажыў яго ў шапку і, нібы ў гняздзе, панёс трушком ды подбегам дахаты.

Так была знойдзена ў зялёным полі казка, ледзь не разгадана таямніца вельмі блізкай і далёкай радасці жыцця, нібы зразумелай, нібы і не, а так жа любай, пажаданай і вялікай — на ўвесь свет.

Казка не захацела далей раскрывацца. Зайчык не толькі не захацеў гаварыць, усміхацца, падміргваць, а нават і малака не хлябтаў, не еў свежай травіцы. Сядзеў на дне пустое бочкі… І не сядзеў, а ляжаў, калі зверху глядзець, як вялікая, шэрая рукавіца.

Хлопчыка выхоўвала маці. Часцей за ўсё без лішняга далікацтва, бо і сама яна была часамі ледзь не па-мужчынску грубаватая, заваленая клопатам, пажылая, з выгляду суровая ўдава. Гадавала хлопца тым розумам, што ўзяла ад бацькоў, ад людзей, ад народнае мудрасці, ды ад добрага сэрца. А яшчэ былі кнігі, у хаце і ў школе. Нямнога ды няхітрыя, бо чытачу таму толькі што споўнілася восем гадоў. Якраз неўзабаве пасля таго, калі ў бочцы з'явілася зайчаня. У сялянскіх сем'ях таго часу дзень нараджэння не быў ні святам, ні падзеяй. Добра яшчэ, калі хто ўспомніць. Маці не забывалася. Колькі тае работы не было, — якраз жніво, — яна знаходзіла час, каб спячы малому піражок. Сын зрабіў тады сваё свята яшчэ весялейшым — вызваліў зайчаня. Занёс за гумно, яшчэ трохі далей, і пусціў у авёс.

Дзеці сентыментальнымі не бываюць. Вельмі проста можна падумаць, што рашэнне тое хлопчыку падказала маці. Хутчэй за ўсё па-свойму грубавата: «Будзеш цацкацца з ім, а ён возьме ды здохне!» Можна ўспомніць і мудрыя казкі, якіх ён за некалькі зім свайго жыцця чуў ад яе нямала. Можна і кнігі згадаць добрым словам, — скажам, той вершык з чытанкі, дзе добрыя дзеці паслухалі маму і выпусцілі на волю вынятую з сіла сініцу.

Сентыментальным хутчэй магу быць я, не па гадах, не па доўгім вопыце літаратара, наіўна прыкрываючы свой уласны ўспамін нейкім іншым, уяўным хлопчыкам. Калі на чалавечы век глядзець як на большую ці меншую траекторыю, дык мая, апісаўшы сваю, даволі ладную дугу, ужо тым часам прыгнулася да першай унучкі, набліжаецца зноў да вытоку жыцця, да чароўнага свету маленства, з асэнсаваным разуменнем яго, з развітальнай тугой.

Можа, тут і не дзіва быць трохі сентыментальным?..

* * *

Схіліла з поўдня.

Рэзкі, сцюдзёны вецер, які, пасля імглістай, мокраснежнай раніцы, здаецца мне, сухапутнаму, нечаканым, ірвецца сюды з поўначы, ад мора. На охрыста-жоўтай сцяне драўлянага доміка, у якім я пісаў ад рання, вісіць тэрмометр. Сівер і з-за высокага берага, з-за частаколу сасновых ствалоў абнізіў ртуць з ранішняга нуля да сямі.

На моры шторм.

Хвалі, калі іх слухаць за берагам, у адносным зацішку двара, зноў грымяць, амаль таксама, як нядаўняй цёмнай ноччу, — нібы шырозны, усемагутны вадаспад, нібы бясконцыя саставы цяжкіх цягнікоў.

Выходжу на абрыў і, сцяўшы сэрца ад сцюжы, нахіліўшыся насустрач ёй, праз шчыліны вачэй нібы любуюся, а лепш сказаць — упарта гляджу на хвалі. Белапенны, грымуча-абураны накат за накатам — яны ідуць ды ідуць на бераг, адрываючы ад яго ледзянога намыву кавалкі белых крыгаў.

Ну зіма! Ну пагодка!.. Сёння, калі па звычаю прайсціся пасля абеду, дык хіба толькі па вуліцы пасёлка, у сякім-такім зацішку.

Ну, а настрой? Куды падзеўся мой ранішні снежна-арганны хмель, маё, чаго добрага, нават натхненне?

Тое, што я пачаў пісаць пад уражаннем учарашняга канцэрта, ужо цяпер пачынае здавацца не тым, што трэба…

Што ж, і я ўжо тым часам даволі абстраляны верабей, ведаю, што і нездавальненне — таксама паўнапраўны кампанент творчага працэсу (Божа, якая вучонасць!..), бачу, што з ходу, пад адзін настрой, не заўсёды і не ўсё можна схапіць. Тым больш калі адчуеш нейкі перакос.

Уранні я, яшчэ ўсё растрывожаны музыкай, здаецца, трохі перачуліў… А ці так гэта?

Давай праверым на іншых. Возьмем з запасу ўспамінаў яшчэ два выпадкі, якія мне ўчора, на канцэрце, таксама былі — відаць, дарэчы — прыгадаліся.

Адзін з маіх знаёмых, паляўнічы не проста заядлы, а нават прыкра азартны, проста драпежны, расказваў, як ён прынёс калісьці свайму малому першага ўпаляванага зайца. І хлопчык расплакаўся, раскрычаўся, доўга не мог супакоіцца ад таго падарунка. Удар быў балючы, — забіты, акрываўлены, ашчэраны быў той, каго ён палюбіў даўно, каго так многа крыўдзілі ў свеце дзіцячых казак. І гэтым найбольшым, найстрашнейшым крыўдзіцелем, забойцам аказаўся той, каму малы так верыў дагэтуль, у кім бачыў найбольшы розум і найцяплейшую, пасля мамінай, дабрату.

Знаёмы расказваў мне пра гэта нібы нават весела. Але праз смех праглядвала і штосьці іншае — няёмкасць нейкая, ці што. А як яму было адразу?

Што ж, паляўнічы таксама можа быць сентыментальным? Можна, аказваецца, і забіваючы — шкадаваць?

Зноў жа я не зусім пра тое… Другі мой знаёмы, ужо не інтэлігент, а рабочы, калгасны шафёр, мужчына даволі-такі цвярозы, зусім, здаецца, не здольны на лішнюю чуласць, расказваў мне такую вось баладу пра тугу па волі.

У хаце ў шафёра вырас заяц, прынесены з восені — дзецям на радасць. Ноччу, калі ўсе спалі, ён сабе ціхенька кіцаў па хаце. «Сказаў бы, ведаеце, для трэніроўкі, для гімнастыкі». А потым неяк, зімовай ноччу, у хату заглянуў маладзічок. Гаспадару не спалася, і ён убачыў, як заяц іхні пабегаў, пакіцаў па хаце, а потым ускочыў на лаву. З лавы — на падаконне. Заціх, заглядзеўся. «А потым, ведаеце, лапкамі па шыбе як замалоціць! Зноў пасядзіць — і зноў!.. Паб'еш яшчэ, ліха тваёй галаве!»

Ён мне расказваў гэта не ў кабіне, а цераз стол.

— Заяц. Скаціна. Дзіч. Няўжо ж і той пра свабоду так разумее? Хоць ты бяры ды выпусці яго…

Відаць, не выпусціў. Я не спытаўся пра гэта. Можа, малых сваіх пашкадаваў, што плачу наробяць. А можа, і плачу таго не збаяўся ды ўпотай або калі дзяцей у хаце не было прыдушыў шарака, зрабіўшы смачнае мяса і добрае футра на аблавушку.

Але чаму расказваў? Чаму памятае? Чаму і мяне заразіў белым сумам начной прасторы, ціхай тугой маладзенькага месяца над палямі? Чаму і мне амаль па-дзіцячы бясхітрасна, шчасліва захацелася казачна-песеннай дабраты, некаторыя кажуць, што лішняй у наш час, абстрактнай? Чаму ж і мне ў гэтым бачыцца найбольшая паэзія і найчысцейшая краса, усім патрэбныя, як паветра і хлеб?

Няўжо настрой гэты ад музыкі? Няўжо ад снегу, што недзе сыпаўся тады, праз музыку, за сценамі, у святле ліхтароў. Не першы сёлета, не першы і ў маім жыцці…

Няўжо ад сустрэчы з другам? Успамінаецца яшчэ адно, што ўспаміналася і на канцэрце, з'явіўшыся тады разам з іншымі абрыўкамі ўспамінаў, нібы разрозненых, а нечым звязаных у невыразнае яшчэ, ды ўжо, здаецца, неабходнае адно, злучанае, як магнітам, адзіным, радасным, пявучым пачуццём.

Успамінаецца асенні вечар у Маскве, светлы, застаўлены кнігамі пакой у кватэры майго другога сябра, расейца. Мы гаварылі пра штосьці неабавязкова значнае, — скажам, як з другам-латышом пра Слоку. Мы і маўчалі тым асаблівым сяброўскім маўчаннем, калі, як гаворыцца, ёсць пра што памаўчаць. І музыкі высокай не было, не светлы снег быў за акном, а нудная кастрычніцкая шэрасць, ажурна заслоненая ад нашай утульнасці гардзінай. Тым нечым вельмі важным, што хораша дапаўняла мой паэтычны настрой, рабіла яго ўзвышаным, ясным і цёплым на самай мяжы непатрэбнан расчуленасці, была — вісела на сцяне — звычайная рэпрадукцыя з даўным-даўно знаёмай мне карціны Рэпіна «Л. М. Талстой на ворыве»'. Даўным-даўно…

Вясковае хлапчаня, я ведаў тады Талстога толькі, здаецца, па замалёўцы пра зайца-русака, прачытанай мне бацькам, — толькі краёчкам душы дакрануўся да таго цудоўнага свету, які ўжо гэтулькі разоў за паўвека шчасліва здаваўся неабдымным і бяздонным. Белую шапку, мужыцкі картуз Талстога, наогул чалавечы выгляд генія я ўпершыню ўбачыў тады ў чужой хаце, у чужой растрапанай кнізе, убачыў і з таго моманту назаўсёды запомніў у непарыўным спалучэнні з вершам Кальцова «Ну, тащися, сивка!». Верш быў надрукаваны побач, я ўжо сам яго прачытаў, а на малюнку, дарэчы, былі ажно дзве такія сіўкі. І яшчэ адно, вельмі істотнае, — і незвычайны малюнак, і верш цудоўна спалучаліся з вобразам майго старога, як мне тады здавалася, бацькі, які месяцаў некалькі перад тым асіраціў нашу хату.

Бацьку я ў першую пару свайго сіроцтва памятаў па-рознаму, мноствам жывых карцін, у розных праявах яго вобраза. Адзін вобраз, калісьці востра ўспомнены над кнігай з малюнкам сівабародага аратага, над радкамі верша, такога блізкага і неразгадана прыгожага ў сваёй прастаце, зноў вось ажыў у сэрцы маім — амаль праз пяцьдзесят гадоў. У той маскоўскі вечар, калі я даволі стомленым вокам даўно-такі сталага чалавека глядзеў на рэпрадукцыю пад шклом, і ўчора, калі я, у чароўным свеце музыкі, па нейкай прычыне, трохі загадкавай і трохі зразумелай, зноў прыгадаў той сум і тую радасць. Сум, вядома, даўно не мой, не сірочы, а радасць, здаецца, амаль зусім тую самую.

Бацька быў не такі ўжо і стары, якім ён здаваўся мне ў той час, аднак і сёння ён бачыцца стомленым вельмі. Высокі, без шапкі, з вялікімі, спацелымі залысінамі і кароткай, з проседдзю, барадой, ён паволі, задыхана зносіў у горбы доўгія жытнія снапы, ад стомы недазволена шастаючы каласамі на пожні. А потым, не пачынаючы ставіць мэндлі, ён лёг на гэтым духмяным навале і, усміхнуўшыся свайму «памочніку», з палёгкай выдыхнуў:

Сладок будет отдых

на снопах тяжелых…

Добра, што ты мне з'явіўся яшчэ раз, і ўчора, і тады, у хаце майго расейскага друга, майго частага і сардэчнага субяседніка! І яшчэ раз пляваць я хацеў на ўсё «цвярозае», «разумнае» хіхіканне вакол таго, бачыце, «графскага ворыва». Геній-араты — гэта таксама высокая, задушэўная музыка, глыбокі сэнс, непераможная мудрасць прастаты. І мне, пад гэтую, знешне нячутную, музыку так добра ісці далей па жыцці, глыбей у жыццё, стараючыся паводзіць сябе ў сугучнай адпаведнасці з той чысцінёй, што адкрываецца нам ужо на самым пачатку свядомасці.

…Яшчэ раз першы снег. Арган. Усмешка багіні. Раманс Шастаковіча. Шэрыя зайцы — адзін за адным. Латышская песня «Бярозавік». «Аvе Маrіа» вялікага Вердзі. Вялікі Талстой — за сахою…

Можа, усё гэта — звычайнае спляценне выпадковасцей? Як выпадковасць і тое, што я прыехаў сюды, на Рыжскае ўзбярэжжа, упершыню ў жыцці і іменна цяпер, у лютым? Як выпадковасць і тое, што ў мяне ёсць друг-латыш, харошы чалавек, культурны літаратар, нястомны вандроўнік і паляўнічы, мой перакладчык на мову народа, які я люблю, паважаю за многае? Як выпадковасць, нарэшце, і тое, што ён здагадаўся наладзіць нашу першую пасля доўгай разлукі сустрэчу іменна там, пад арганным хвалюючым небам?..

Ну што ж, — калі і выпадковасці гэта, дык з іх жа і складаецца маё жыццё, маё жаданне, мая магчымасць хоць як-небудзь прыблізна сказаць пра наш прызыўны, неўтаймаваны сум, пра жаданне замалаціць аднойчы лапкамі ў празрыстую сцяну, пра нашу белую тугу па чыстым, велічным, чалавечым. Бо і сёння, і заўтра, і да канца ў душы застанецца куды больш недасказанага, з чым ужо не адзін наш блізкі пайшоў у нябыт, што, відаць, не паўторыцца зусім-зусім таксама ў тым іншым, хто прыйдзе пасля і таксама затужыць — той самай светлай, сардэчнай тугой…

* * *

Зноў раніца.

На тэрмометры мінус трынаццаць. І сонечна. Бадзёры, паэтычны дзень.

Мора, яшчэ не зусім супакоенае, лагодна пакарабачанае шырокімі хвалямі, дыхае парай… Не, так не скажаш. Пара ходзіць па ім, як пазёмка па тоненькім лёдзе. Бо спачатку, як толькі мора паказалася мне з-за абрыву, здалося нават, што яно замерзла.

Сосны стаяць яшчэ ўсё недаверліва адвярнуўшыся ад вялікай вады, прыгорблена, упяўшыся вельмі даўно, ад першага шторму ў іх нялёгкім, прыгожым жыцці. Сосны ўжо не шумяць. А перад соснамі, калі глядзець на іх ад мора, неяк па-новаму бялее ў сонцы бярозка. Адна паміж хлыстамі голае чаромхі і вярбы.

Хутка прыйдзе машына, і я з маім другам паеду далёка-далёка. І скрозь яго «зялёная зямля», яго «янтарная Латвія» будзе пакрыта чысценькім, сонечным снегам, зноў — пад гутарку нашу і пад маўчанне — у душы маёй будзе спяваць навальнічна-вясёлкавы домскі арган. А побач з вялікім, значным, сучасным сустрэнуцца сям-там маленькія елачкі ў снезе, і пад кожнай мне будзе так несур'ёзна, сентыментальна бачыцца цёпла-шэрая ды вушатая, быстраногая казка маленства.

1971

Тройчы пра адзіноту

1

Старая прыдарожная сасна. Ствол яшчэ медны, яшчэ гаворыць пра даўгалецце, а частка голля ўжо дазвання абшалушаная і без лап.

Часта, калі я сцежкай праходжу міма яе, з сасны гэтай, з яшчэ не бачнай вышыні мяне… абстуквае, як пальцы доктара, дробнае, энергічнае, гулкае «тук-тук! тук-тук!..».

Раней чым усвядоміць, што за стук, пачынаю шукаць яго на сасне. І, яшчэ не ўбачыўшы, ужо ведаю, хто гэта. А потым — вунь і ён!..

Адзін раз, нібы сувязіст ці электрык на слупе, ён трымаецца на ствале кіпцюрамі, па-свойму, па-дзятлінаму падпёршыся хвастом; другі раз бачыш яго на папярэчнай галіне, як ён апрацоўвае яе ўжо не збоку, а зверху.

Дзяўбе, — нават адразу здасца, што ён забаўляецца. Табе тут спачатку — музыка, фарбы, проста пацеха, і толькі потым, спакваля даходзіць, што ён — працуе, што і яму трэба есці. І галава яго не малаток, і дзюба не долата, але не скажаш, што ён, як іншыя птушкі клюе. Яе не паклюеш — сухую, цвёрдую, глянцава-шэрую, звонкую галіну.

Ды іменна тады, калі ў табе дзелавая павага штораз, то больш выразна перасільвае шпацырна-паэтычнае любаванне, калі табе хочацца бачыць яго яшчэ і яшчэ, цесля гэты раптам успамінае, што ён да таго ж і птушка, ды не абы-абы, а бела-чорна-чырвона-стракатая. Дзяцел успырхвае і, у гуллівым пагойдванні лёту, шыбуе на іншыя дрэвы. Часамі, нібы знарок, уздоўж твае сцежкі каля старых сасновых прысадаў, каб вам пабачыцца зноў.

Амаль заўсёды хочацца, каб ён так і сеў, каб не ляцеў цераз поле ў лясок, хоць у птушкі, вядома, дарогі свае.

Ну што ж, другі раз, заўтра ці потым, пабачыш яго, зноў спачатку пачуеш неспадзяванае, хоць і чаканае «тук-тук! тук-тук!..», а тады ўжо і спынішся, задраўшы галаву.

Калі б мяне часта, а то дык, можна сказаць, і заўсёды не праследавала другая, паралельная лінія: калі б у душы маёй, побач з адчуваннямі толькі чалавека, не ішлі яшчэ і адчуванні літаратара, якому, як дзятлу, усюды і заўсёды хочацца, неабходна выдзёўбваць спажыву, — я быў бы проста рад, проста палюбаваўся б на хаду, паміж уласнымі клопатамі, а то і спакайней, адпачываючы, між іншым, адразу ці потым, падзяліўся б з некім сваім уражаннем ад гэтай нязначнай, хоць і прыемнай сустрэчы.

Дык жа не! — табе яшчэ трэба і ныць, лавіць самога сябе на «дробным збіральніцтве», на непатрэбнай чуллівасці, на прыдумванні тэм. Замест таго каб проста аддавацца пачуццю і проста гаварыць тады, калі хочацца, і пра тое, што варта, на думку тваю, увагі чытача.

І добра, калі цябе часамі на пэўным раздарожжы, у сумненнях падтрымае слова другога такога ж… носьбіта дзвюх паралельных ліній.

Ёсць жа такая светлая традыцыя, як шум лясны ці шчэбет птушыны, бясспрэчная традыцыя ціхай пяшчотнасці слова, якое — з рыфмай ці ў поўнай раскаванасці — адгукаецца голасам чалавечага сэрца на галасы жыцця? Ёсць яна, і шчасце наша, калі мы чуем яе, і гора, калі мы глушым яе грукатам будзённай мітусні…

І калі мяне прыхільнік такой традыцыі… ну, не натхніць, як песня жаўранка ці сонейкі рамонкаў, а падтрымае словам, сэрцам друга і паплечніка, — мне тады хочацца і добра быць самім сабою, аберагаць ва ўсім «гордасць свабоднай думкі», так неабходную для шчырай песні.

Слова друга пра асцярожненькую кроплю, што серабрыцца на самым дзюбіку яшчэ бязлістай галінкі, пра яго недасказаную радасць ад надрэчнай сустрэчы з усходам сонца, — слова з чужое кнігі дапамагло мне прызнацца, чаму я нават пра дзятла і то нібы сур'ёзна, чаму сустрэча з ім заўсёды выклікае з далёкіх, найменшых закуткаў памяці адзін успамін, адно харошае пачуццё…

Голас дзятла (бо стуканне — гэта ж не голас) я чуў толькі раз. Дзяцел той верашчаў, як парасятка, якое паднялі за заднюю нагу, толькі ж па-своему верашчаў, пакуль мы пачулі яго крык, а тады беглі, а потым меркавалі, як тут памагчы…

У ствале старой яліны, на чалавечы рост ад зямлі, было дупло. І ён залез туды, па справе ці ад дурасці, ну, а назад — ніяк. Дзірка з двара ўсярэдзіну звужалася, дупло было цеснае — не павярнуцца, не то што раздзёўбваць выхад адтуль. І ён, стракаты цесля, забыўся пра ўсю сваю самавітасць — заверашчаў.

Калі аднойчы тапіўся наш друг і нас на вадзе было многа, а ён закрычаў да мяне, я быў потым да слёз удзячны яму і нашу з ім дружбу адчуў зусім небывала…

Параўнанне як быццам не тое, «не тыя маштабы», але ж і мне, як і другім, хто бег на дзятлаў крык, было прыемна бегчы ратаваць, і мне здавалася, што кліча ён — мяне.

Ніводная рука не лезла ў тую яловую пастку. Хоць ты бяры ды раздзірай яе або да машыны бяжы, па сякеру якую… Мы былі калектыўна ў грыбах, і невялікаю групай далёка забрылі ад усіх астатніх і аўтобуса. Дзяцел крычаў. Яшчэ, відаць, з большага страху, — убачыўшы нас. І мы як быццам схамянуліся, — убачылі, што з намі ёсць маленькі чалавек, які і бег не вельмі ззаду. Як ні напружваю памяць, праз нейкіх дваццаць год ніяк не ўспомню — быў гэта хлопчык ці была дзяўчынка. Хацелася б ведаць, як яна вырасла, тая дзіцячая ручка, і што яна робіць цяпер… Ды гэта, можа, і не важна, бо найважней — яна была, тая маленькая рука, і я выразна бачу, як яна працягнулася да дупла, як дрыжала ад страху ды радасці, пакуль дзіця трымалі пад пахі, узняўшы на патрэбную вышыню, як яна, ручка, усё-такі пралезла ў дупло, як ён там матлашыўся, дзяцел, і пішчаў і як яго тая ручка, заўзятая і дастаткова моцная, выцягнула на свет без стратаў у апярэнні, як ёй хацелася птушку патрымаць, а можа, і забраць з сабою…

Ды дзяцел вырваўся і паляцеў.

Каб зноў ніколі не верашчаць, не клікаць нас, людзей, на дапамогу.

Каб толькі як быццам гулліва, але ж дзеля хлеба, упарта і майстравіта, абстукваць ствалы і галіны.

Нібы прасіцца гэтым сяброўскім, сваяцкім пастукваннем у дзверы нашай лясной або дарожнай адзіноты.

2

Сяды-тады ўспамінаюцца пахі маленства.

Для ўсіх, хто з вёскі, агульнае:

як пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прыску якіх пячэцца, па-свойму хвалююча духавітая, бульба;

як пахне сырасцю адліжны, раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы, адчуваючы яго сырасць, зябка і казытліва, прамоклымі нагамі;

як пахнуць пляцёнкі цыбулі, што вісяць над табою на печы, дзе ты вось-вось салодка заснеш ад стомы, ад цёплай яды і ад шчасця, якое так жа добра бачыцца цяпер, здалёк;

як пахне агарод: кропам, макам, морквай, капустай, сланечнікам — усім, што ты ведаеш і на смак;

як пахне гарачае сена — яшчэ над свежай, толькі ўчора ўранні аголенай пакошай, ужо ў валках ці ў копах, а то і на возе;

як пахне першая ралля, калі ты — ужо не толькі свавольны, але на гэты час і ціха руплівы, паэтычна задуманы пастушок — удосыт пройдзешся па баразне не да канца адмытымі надоечы нагамі, а потым сядзеш на пругкія скібы і добра вымасціш сабе месца, каб пасядзець, пакуль ажно не стане знізу холадна;

ну, і яшчэ, і яшчэ…

Апроч пахаў агульнавядомых у кожнага ёсць і свае, спалучаныя з пэўнымі, толькі сваімі ўспамінамі.

Трэба ж, напрыклад, такому здарыцца, каб у далёкім замежным горадзе, у старадаўнім касцёле, адкуль павыходзілі ўсе, з кім ты сюды зайшоў як турыст, а ты застаўся з другам, які таксама маўчыць і не спяшаецца, — трэба ж каб тут, у пустой, растрывожанай музыкай святыні, што аціхае разам з тваёю душой, а ў вышыні спявае ў сонцы вітраж з вялікім блакітным крыжам на свабодным, неперагружаным шкле, — каб іменна тут табе ажно зашчымела ў сэрцы ад такога вось просценькага ўспаміну.

У памяці ўсплыла камора старэйшай, замужняй сястры, вялікая і змрочная камора з шафамі, скрынямі і кубламі, з кажухамі на сцяне і пучкамі сушаных зёлкаў пад бэлькай, з рэшткамі ўгужавелых, не з'едзеных за гарачае лета каўбас на вешале, з вузенькім папярочным акенцам, таксама, як і вітраж, прастрэленым промнямі вячэрняга сонца, — і самае галоўнае — з моцным, мядовым, непераможным пахам воску… Сястра была настолькі старэйшая за мяне, што з сынам яе, маім пляменнікам, я хадзіў у адзін клас, разам патрохі сталеючы і вырабляючы сяды-тады, на думку сталых, чортведама што. У камору ў той адвячорак, прыйшоўшы са школы і не застаўшы нікога дома, мы — праз замкі ды забароны — убіліся па мёд. Прыкрае слова «крадзены» ў гэтым выпадку не падыходзіць; скажам — не крадзены, а самахоць узяты мёд — куды смачнейшы. Мала з'ясі, а доўга помніцца.

З Адэсы часоў грамадзянскай вайны, дзе пачыналася маё маленства, помніцца прэсны пах гарачай рысавай кашы і салодкі, тут ужо разам з колерам, пах какавы. Гэта былі не дамашнія пахі: трохі старэйшыя браты бралі мяне з сабой у нейкую дзіцячую сталоўку. Для мяне яна доўга была проста нейкай, пакуль не ўведаў, хоць і даволі невыразна, што сталоўка тая трымалася тады, у страшныя дні засухі і галадоўлі, на дапамозе амерыканскіх квакераў. Пах какавы і рысавай кашы я адчуў пасля, на працягу гадоў, асабліва востра двойчы. Першы раз — у дні мае вясковае маладосці, калі сярод іншых кніг, што выпадкова траплялі ў рукі і не выпускаліся непрачытанымі, трапіла і квакерская, з салодзенькім і прэсным тлумачэннем запаведзі пра любоў да бліжняга. Другі раз, ужо ў грунтоўна сталым веку, я ўспомніў тыя пахі ў цягніку Вашынгтон — Нью-Йорк, калі задумана глядзеў праз акно на прыгарадную нераскошу рабочых кварталаў Філадэльфіі, квакерскай няпісанай сталіцы.

Яшчэ адзін пах гарадскога маленства, пазнейшы і дамашні. Водар гарачага, запечанага цеста, ці то праслоенага нечым салодкім, ці то абмокнутага ў той невядомы, а можа, і нерэальны смак, што хваляваў мяне час ад часу, як нейкі прывід з іншага свету, больш за сорак гадоў, пакуль не прыйшло адкрыццё. Імя таму паху, пшанічна-гарбузнае ўвасабленне яго я знайшоў на старонках Іона Друцэ, у яго шматфарбнай і духмянай песні пра Малдавію. Пахла мне столькі год плачынтэ, слаёны пірог, які маці мая, за восем сваіх адэскіх гадоў сяк-так знаёмая з малдаўскай кухняй, успамінала як нейкую, ледзь не міфічную «плацынду», усё толькі абяцаючы калі-небудзь спячы яе.

А вось нарэшце і той пах маленства, які і выклікаў усе іншыя, сёння стаўшы між імі на першае месца.

Вы калі-небудзь нюхалі канапліну над снегам? Яе прысохлую мяцёлку з зярняткамі насення, з вострым водарам?

Моцную, калмаценькую канапліну, зрэзаўшы яе каля самай зямлі, хавалі на зіму — лавіць шчыглоў, у петлі з конскіх валасінак. Адну, дзве, а то і некалькі такіх канаплін.

Петлі мне помняцца, зрэшты, і на каноплях, і ў абручах. Драўляны абруч з вялізнай «пасы», бочкі на збожжа, перапляталі ў клетку вяровачкамі, на кожным скрыжаванні прымацоўваючы валасяную пятлю. Сіло такое клалі на прыгуменні, шчодра замаскіраваўшы пацярухай з току. Аднойчы, калі я быў яшчэ сам на гэткае паляванне не здольны, у хаце нашай раннім ранкам з'явілася некалькі малых, стракатых, дзіка палахлівых курачак з барвовымі плямамі на воллі. Як я быў рад! Нібы яны не ад голаду, не ад снегу глыбокага ды крутога марозу прыйшлі да мяне праз сіло, а ў госці, такой небывалай, цудоўнай казкай…

Такія ж… ну, можа, трохі іншыя, але таксама барвовыя, абавязкова, радасна патрэбныя агеньчыкі, што былі ў курапатак на воллі, шчыглы насілі на галоўцы.

Не помніцца, як я ўспрыняў курапачы пераход з той казачнай паэзіі ў гаршковую чорную прозу. А вось трагедыю галоўкі з агеньчыкам на цемені я памятаю і дагэтуль…

Загадка фарбаў, іх прызначэнне хвалююць нас і ў сталасці. Вельмі звычайнае — жоўты лубін цвіце паміж цёмна-зялёнымі пералескамі, а зверху, скажам, яшчэ і блакіт, і белыя, ціхія аблачынкі. Не навіна, а ўсё ж у душы міжволі ўзнікае радаснае пытанне: «Навошта яна, такая краса?..» І ніхто, відаць, не адкажа як след, на ўсю глыбіню. Тысячагоддзямі стараемся. Каму ўдаецца гэта менш, каму трохі ці значна больш, а таямніцы, мноства шматфарбных таямніц навокал нас, — застаюцца.

Колькі ж іх бачыць дзіця, чалавек у тым узросце, калі ён пазнае, абагачаецца непараўнана хутчэй, чым у сталасці!.. Колькі гэтай красы ў курапаткі! А ўжо ў шчыгла… Тут і дагэтуль нельга налюбавацца. Тады ж, у маленстве, краса тая прыходзіла з усёю сілай першага азарэння.

Старэйшы брат, падлетак, уваткнуў у гурбы на агародзе некалькі канаплін. Як ён рабіў гэта — не памятаю. Помніцца проста яшчэ адзін казачны ранак, калі ў нашай хаце — так мне здалося, разбуджанаму — стала адразу поўна шчыглоў, вельмі многа шматфарбнай, шумнай стракатасці. У клетцы яны не змясціліся, і два ці тры шчыглы брат упусціў у шуфляду стала. Ён быў, вядома, вельмі рады ў тую раніцу, горды і шчодры, толькі і гаварыў, каму іх дасць, па аднаму, па два… А потым — ці ніяк не могучы нацешыцца сваім падлікам, ці хочучы шчыгла для кагосьці дастаць са стала — аднаму з іх ён прышчаміў шуфлядай галоўку. Адзін агеньчык пагас.

Смутак і жах мой былі неўзабаве развеяны мноствам іншых — зялёных, чорных, жоўценькіх і чырвоных — мітуслівых побліскаў. І ахвота лавіць іх самому ад смутку таго не пагасла.

За гэта я самастойна ўзяўся трохі пазней. І памятаю толькі адну ўдачу, — з пятлі я выняў сініцу.

Я не хацеў быць страшным, аднак яна мяне вельмі баялася. Пішчала, трапяталася і там, дзе вісела на канапліне, учэпленая лапкай, і ў жмені маёй яе маленечкае сэрца білася вельмі моцна, і ў хаце, калі я пусціў яе, маю першую здабычу, на акно, яна адчайна, з піскам білася ў шыбу.

…Я не хацеў быць страшным…

Прамінула многае мноства белых, зялёных, сонечных, шэрых і чорных дзён. Пачатак іх успамінаецца мне цяпер у асеннім расейскім лесе, дзе многа магутных, пяшчотных бяроз, дзе за акном маім зрэдку пачуецца самалёт, яшчэ радзей лена брахне сабака, а то чырыкне недзе верабей ці зацісікае зусім блізка сінічка.

Ціха і светла над сталом.

А часамі самотна і сумна…

Ну і што, калі праца мая патрабуе цішыні, адзіноты, паглыблення ў самога сябе, калі мы, літаратары, прызвычаены да гэтага больш за многіх?.. Горкі марыў, што ён дачакаецца дня, калі адчыняцца дзверы яго самотнай лабараторыі і нарэшце ўвойдзе геній!.. І мы чакаем. Не толькі генія. Усе мы чакаем друга.

Таго, што не здрадзіць, не кіне ў бядзе, зразумее цябе не толькі ў празрыстым шчасці. Іх было многа спачатку, пачаўшы ад найбольшага, — ад той, што разумела і любіла як ніхто. Адны пайшлі з жыцця па яго пастаянных або часовых законах, другія жывуць для сябе і існуюць для нас, і калі іх спасцігне якая бяда, ты, магчыма, найпершы працягнеш ім руку звычайнай чалавечай дапамогі, але працягваць гэтую руку, як калісьці было, па-сяброўску, ты ўжо не хочаш, не можаш. На сцежках, якія не абмінуць, адны сустракаюцца з табой кісла або каменна абыякава, другім чамусьці трэба ўсміхацца, і яны ўсміхаюцца, хто менш, хто больш прыблізна… А тых, што сапраўдныя, — тых з кожным годам менш.

Нармальна гэта. А ўсё ж…

Мы чакаем яшчэ аднаго.

І кожнага прыблізнага, пакуль не расчаруешся ці не ашляхнеш, супакоішся, вітаеш шчыра, з даўняй гатоўнасцю.

І ціхая, патаемная прага на тыя пачуцці робіць нас часамі, калі на позірк збоку, залішне чулымі на іхняе падабенства.

Учора пад вечар, калі я вярнуўся з праходкі, мой вялікі і светлы пакой быў не пусты.

На белай раме акна, каля самага падаконня, сядзела сініца.

Я не хацеў быць страшным. Можа, больш, чым калі-небудзь раней. Хацелася і павітацца, і пагаварыць. Аднак яна з адчайным піскам затрапяталася аб шкло, а потым закружыла пад столлю, пакуль не знайшла сабе месца — над шафай, на несхаванай праводцы. Нібы прыліпла да сцяны, аціхлая. І я стаяў каля парога, таксама стаіўшыся, чакаў, што вось яна — як жа проста! — шыбане адтуль у вялікую фортку, цераз якую і ўляцела.

Яны ж такія хітрыя, зладзеяватыя. У іншых пакоях, у іншых лясах яны таксама вось заляталі. Сініцы беларускія, латышскія, башкірскія… Хлеба госці такой паложыш — не дакранецца, а ў каўбасе, калі дзе пакінута непрыкрытая, выдзяўбе толькі драбочкі сала.

Няўжо ж табе цяжка дарогу знайсці, адрозніць шкло ад паветра?

Насцярожаны момант закончыўся прыкра: яна нырнула з-пад шафы проста ў акно, цялася галоўкай у шыбу і ўпала на стол…

Як часта ўжо я быў такі разгублены і няўдала бездапаможны! Ну што, узяў у прыгаршчы яе, яшчэ цёплую, з сутаргава расстаўленымі ў пагоне лапкамі, з раскрытай па-мярцвяцку дзюбай. Каб быў малы, дык, можа, і заплакаў бы. Цяпер панёс яе на двор, у сад і пасадзіў на кусце, у густых галінках. Проста так, без надзеі на цуд і… як быццам з надзеяй.

Позна ўвечары, вяртаючыся з цёмнай лясной алеі дахаты, падышоў да таго куста і госці свае не знайшоў. Уранні, на траве — таксама. Ну што ж, апроч сабак, тут яшчэ ходзяць, напэўна, сваімі ціхімі дарожкамі і каты…

Цяпер, калі я сяджу за сталом, адтуль, дзе голыя, нерухомыя лес і сад, бліжэй да нашага зялёнага драўлянага катэджа, — адтуль, удала выбраўшы адну з незлічоных хвілін мае цішыні, прыляцела і села на раму адчыненай форткі сініца. Ага, добры дзень!..

Нейкі момант мы пазіралі адзін на аднаго так блізка, што варта б мне толькі руку працягнуць… За гэты момант я паспеў падумаць, можа, наіўна, а можа, проста шчасліва, — што гэта мая ўчарашняя госця, паспеў яшчэ раз паўтарыць у стоенай душы сваё даўнейшае і ўчарашняе «я не хачу быць страшным», паспеў заўважыць, як яна крутанула галоўкай, цісікнула: «Ведаем вашых!..» — і пырхнула ў сад.

Салодкай дурнап'янасцю канаплянай мяцёлкі над снегам мне зноў запахла — ужо без яе.

…А можа, усё-такі цуд і адбыўся — можа, сініца і адышла?

3

У шырокім трохстворчатым акне, перад якім стаіць мой рабочы стол, — як у вялікай раме, — светлая, глыбокая карціна.

Позірк на свет з вышыні другога паверха.

Спачатку — сад. Проста нібы паляна з рэдкімі радамі карлікавых вішань. Куст ядлоўцу. Дзве абяссілена-разгалістыя яблыні. Сасоначка. Мноства белых галін расставіла маладая бяроза.

Далей — цёмны хваёвы лес. Над лесам сёння ясны блакіт і злёгку папялістыя хмаркі, знарок наскубленыя так, каб іх хапіла на ўсё неба.

А на зямлі сёння — доўгачаканы снег, пакуль што рэдзенькі, з травянымі пралысінамі і злёгку прымарожаны. Пасля такое кіслай непагадзі, як учора, пазаўчора і некалькі дзён яшчэ, сонца, снег і марозік настройваюць па-святочнаму. Добра працуецца, з ціхай урачыстасцю ў душы.

Ад паперы, якая сёння бялейшая, чым заўсёды, так і карціць зірнуць за акно, у маю «карціну», на сонечны снег паміж маленькімі вішнямі.

Сняжок пакрыў і тое месца, дзе яшчэ пазаўчора ляжала старое, паламанае крэсла, якое хтосьці нядбалы так і пакінуў на самай сцяжыне.

Крэсла нарэшце няма…

…Хворы, замучаны бяссонніцай сусед асцярожна пастукаў у мае дзверы. Гэта не сёння, а пазаўчора, калі замест снегу і сонца ў карціне маёй было хмарна і слотна. Зранку пастукаў, калі ў дамах, якія называюцца «дамамі творчасці», не прынята непакоіць другога сваёю прыязнасцю…

Сусед мой не зрабіў бы гэтага, каб дзень яго быў звычайны, рабочы. Тры тыдні таму назад, калі мяне тут яшчэ не было, яго забрала адгэтуль «хуткая дапамога». Вярнуўся ён з бальніцы днямі. Думаў перамагчы і нізкі ціск, і боль галавы, і лютую бяссонніцу, і трывогу пра жонку, што ляжыць недзе ў іншай бальніцы. Не перамог. І вырашыў вярнуцца ў сваю клініку, на гэты раз палячыцца як след і стаць нарэшце чалавекам.

Ці ён у гэта верыў таксама ўпэўнена, як гаварыў, мне сумна думаць…

Далікатны, тактоўны, з прыязнай усмешкай, ён увайшоў, як аказалася, не без прычыны.

— Прабачце. Кнігу вашу прынёс. Каб не забыцца. Бібліятэчная.

Я зразумеў яго. Зрэшты, і мне ў той дзень не працавалася, з самага ранку чытаў.

Мы стаялі каля стала, перад вялікай карцінай акна, і гаварылі — абы лягчэй было, каб не маўчаць.

— А від адгэтуль нішто сабе, — сказаў сусед. — Вось толькі непагадзь… Паршывы лістапад.

— Крэсла вунь тое. Проста бяльмо на воку. Усё збіраюся, каторы дзень, пайсці прыняць.

— Перад маім акном — вялізная горба вуголля. Чорнае…

Калі ён зноў папрасіў прабачэння і асцярожна пайшоў, я зноў пачаў чытаць, сеўшы спіной да акна. Палавіна пісьменніцкай працы — чытанне, аднак, папрацаваўшы над сваім, чытаецца лепш, спакайней. Уранні, адчуўшы, што сёння работа не пойдзе, я ўзяў пачатую напярэдадні кнігу. І неўзабаве нездавальненне самім сабою прайшло.

Чытаў я шчырыя і простыя апавяданні былога франтавіка, чалавека, што многа бачыў і перажыў, аддаўшы роднай справе ледзь не ўсё, што мог. З павагай, з зайздрасцю думалася пра аўтара, пра цэльнасць і красу яго характару, яго жыцця. Не ўпершыню, але радасна, нібы па-новаму, думалася таксама пра «цуд кнігі», якая можа часамі змяшчаць у сабе так многа…

Дзень той, пазаўчарашні, пачаўся нудна, але без дажджу. Пасля таго як выйшаў мой сусед, я хутка зачытаўся зноў. І раптам — лівень, летні лівень! Падкраўшыся да нашага двара, ён з нізкай хмары абрынуўся на яго густым, гвалтоўным шумам. Не касячком хвастаў, а проста зверху цабаніў, спяшаючыся выліць з хмары процьму нікому ўжо не патрэбнай вады.

Калі зусім праяснілася яго шэрасць, я ўбачыў, зноў стоячы перад акном, што на бурай, неданылай траве — паламанага крэсла ўжо не было… Некалькі праўдаў адразу:

Першая праўда: сусед мой — хлапчына з найлепшымі рысамі расейскага чалавека: добры, праўдзівы, высакародна сардэчны, — а гэта — вельмі нямала і не так ужо часта трапляецца.

Другая праўда — трохі прасцейшая, нават са шчылінкамі для розных падтэкстаў ды скепсісаў: сусед заўважыў, што я чытаў яго новую кнігу…

І трэцяя, горкая праўда, — як мала мы, хто піша сам, чытаем адзін аднаго, як рэдка, як неахвотна гаворым другому пра шчасце, адчутае над яго старонкамі! І як такая абыякавасць яшчэ больш ледзяніць і хмарыць нашу адзіноту!..

Маё ўражанне ад суседавай кнігі я яму перадаў. Мы робім так узаемна і ўжо даволі даўно.

Думка, што пра старое крэсла на сцяжыне варта было б запісаць, спачатку прыпалохала мяне… немужчынскай сентыментальнасцю.

Падзякаваць за такую… ну, вельмі прыемную дробязь проста вось так, непасрэдна — я не змог.

Калі мы развіталіся на золкім аўтобусным прыпынку, я пажадаў яму як найхутчэй вярнуцца ў наш ціхі драўляны дом.

— Тады ўжо я прыму ваша вуголле.

Ён усміхнуўся.

Навошта толькі, дружа мой, так сумна?..

1971

Хлопчык

Ліпень сорак чацвёртага года.

Перадавыя часці 1-га і 3-га Беларускіх франтоў былі ўжо далёка наперадзе, а паміж гэтымі двумя клінамі некалькі дзён валокся па Наваградчыне густы невад 2-га Беларускага, падбіраючы большыя і меншыя рэшткі разгромленых варожых часцей, што прабіраліся на захад не толькі пешшу і на абозных фургонах, але і на машынах, нават баявых.

У вёсачцы спыніўся на ноч узвод нашай пяхоты і супрацьтанкавы разлік з саракапяткай, і ўранні на гэтую групу стомленых, але пільных хлопцаў напароліся тры бронетранспарцёры з немцамі ў лётнай форме. Дзве машыны загарэліся на выгане, а трэцяй удалося рвануць лагчынай міма вёсачкі і прагурчэць да наступнай затрымкі — таксама апошняй.

Самога бою я не бачыў. Калі мы, чатыры партызаны, праязджалі там, транспарцёры ўжо дагаралі, немцаў, пакошаных аўтаматчыкамі амаль на месцы, каля машын і абгарэлых на машынах, дзядзькі ўжо закапалі ў прыдарожным раўку, у вузкай, доўгай магіле, нашы салдаты пайшлі ўжо з вёсачкі сваёй дарогай, куды і ўсе тады ішлі.

Засталося толькі адно…

Засталася толькі жанчына, — у глыбокім па-летняму пыле шырокай дарогі, у лужыне крыві, жывая, з адарванай снарадам нагой.

І людзі з гэтай вёсачкі, і мы не ведалі, хто яна. Яна была для нас толькі тая, што ўцякала з фашыстамі, якой неабходна было ўцякаць ад народнага гневу. Жаласці да яе не было.

Нагу ёй адарвала ўсю. У лужыне крыві, аселай у пяску, — чырвоны, тоўсты абрубак, якім яна патузвала час ад часу, як быццам толькі хочучы абагнацца ад заедзі. Залатыя, пышныя валасы яе былі растрэсена ўкалмачаны ў пясок. Вялікія, светлыя вочы натужна глядзелі на нас цераз лоб — назад і ўгару (мы сядзелі на конях), а чорныя вусны горача паўтаралі:

— Не убивайте меня! Я и сама умру! Не убивайте!..

А потым — дзіўнае:

— Граждане, хоть кусочек воды!..

Я ўжо сказаў, што жаласці ў нас не было. Магу і паўтарыць, шчыра і… трохі не зусім. Калі мне сказаць пра самога сябе. Я быў то менш, то больш блізкі да жадання выняць з самаробнага кабура наган і дакончыць яе пакуты, аднак, было ў маіх думках і іншае. З нас чатырох я адзін быў мясцовы, і вельмі ясна ўявілася, як мною будуць пасля палохаць дзяцей. З гэтай вёскі была мая маці, тут я любіў дзяўчыну.

Вёска — бабы, мужчыны, малыя — амаль уся стаяла тут. Ніхто нічога не пачынаў, усе як быццам чакалі, што мы, хто са зброяй, — тыя, што ўсё цяпер вырашаюць, — мы павінны і гэта, з недабітаю, вырашыць як належыцца.

А мы таксама маўчалі, з коней сваіх патомленых слухалі недарэчнае, што паўтаралася, як у трызненні:

— Граждане, хоть кусочек воды!..

І тут з-за ўзгорка, з усходу, паказалася, а потым і пачулася машына, поўная нашых салдатаў.

Неўзабаве яна спынілася каля нас. Частка байцоў пасаскаквала цераз борт на дарогу, з кабіны выйшаў старшына. Высокі, мажны, вусаты, з медалямі — хоць на плакат ці ў кіно.

Тады, у дні вялікага разгрому і вялікай радасці, і самі немцы, і ўсе іх паслугачы найбольш баяліся партызан. Каму найбольш былі вінаваты: як непасрэдным сведкам людскіх нявінных пакут і першым мсціўцам за іх.

Тая — у крыві, у пяску, пад нагамі, — трэба думаць, таксама ведала гэта. Ужо салдатам, як быццам шукаючы ў іх абароны ад нас, яна паўтарыла сваё пра «кусочек воды».

Ды старшына ўжо ведаў, што тут да чаго, — што ўбачыўшы, а што пачуўшы.

— Лежи, лежи! — адказаў ён. — Тебе еще Гитлер шнапса пришлет!.. — І пасля паўзы: — Сергеев!

— Я! — тузануўся на «смірна» цыбаты, маладзенькі баец, не вельмі ваяўніча падцягнуўшы за рэмень вінтоўку.

Выказаць свой загад нейкім словам, хоць бы якім, старшына не выказаў. Ён кіўнуў галавой на ляжачую.

Баец, які недзе дома быў, відаць, зусім яшчэ нядаўна для кагосьці хлопчыкам, без пары і гарушчым, і пасталелым, разгублена, не па-салдацку выдушыў:

— Товарищ старшина… ведь женщина…

Зноў была паўза, якую недакладна будзе назваць толькі разгубленасцю. Паміж суровым вусачом і хлопчыкам былі салдаты розных узростаў, рознага вопыту вайны, аднак старшына не кіўнуў больш нікому.

— Ну что же… — сказаў ён, таксама нібы разгублена, ці што, і адразу, ужо зусім звычайна, скамандаваў: — Поехали!

Але з падножкі, — усё-такі армія, усё-такі старшы па званні, — ён кінуў нам:

— Вы, партизаны, ею займитесь!

Мы, вядома, не заняліся. У нас таксама было куды ехаць па справе, якая была тады найважнейшай. Мы таксама спяшаліся.

Зрэшты, да недабітай ужо ішла, амаль подбегам, босая цётка ад вёскі, — з вядром у руцэ і з нечым белым пад пахай…

1971

Загрузка...