Пад сузор'ем Стральца

ПАД СУЗОР'ЕМ СТРАЛЬЦА

Ляжыць Стральца сузор'е

На недасяжным шчасьці.

Хачу агню раскласьці

Ў халоднае надвор'е.

Няхай у паляваньні

Страла нясецца песьняй.

Штораз яна балесьней

Мяне нізае, раніць.

Я пад Стральцом ахвяра...

Таму і неспакойны

Іду, любоўю ўпойны,

У мройныя абшары.

1944


ТЫ МЯНЕ КАЛІСЬЦI ПЕСЬЦІЛА

Ты мяне калісьцi песьціла

Ў жарскім полымі жыцьця.

Ты была маёю песьняю,

Дыямэнтам пачуцьця.

Мы ішлі шляхамі рознымі,

Але з мэтаю аднэй,

I завеямі марознымі,

I ў спякотны сухавей.

Шмат мінула дзён, атручаных

Горкім чэмерам ілжы.

Да цябе я зноў залучаны.

— Ці ты ўсьцешана, скажы?

Хай апошняй кропляй горычы

На душы зыходзіць ноч...

Я нічога не гаворачы

Буду ў неба тваіх воч

Пазіраць, каб ціха цешыцца,

I таіць салодкі стогн.

Не знасіць вады у рэшаце,

А каханьня у лістох.

Я на гэтым пераконаны...

Я прынёс зялёны май.

Ты пастаў букет у конаўку,

Як даўней, мяне прымай.

I усьмешкаю ты весьняю

Надары свайго гасьця.

Станеш зноў маёю песьняю,

Дыямэнтам пачуцьця.

Я, — нічога не гаворачы,

Бо на словы не ахвоч, —

Пазіраць з мальбою горача

Буду ў неба тваіх воч.

1943


У ЗАЦІШКУ

З табой я ў зацішку ізноў.

Прыходзіць раньне. Таюць зоркі.

Для пачуцьця ня трэба слоў,

Ня трэба лішняе гаворкі.

Нам сьцеле ў росах сенажаць

Кілімы з кветкавых карункаў.

А вусны смаглыя дрыжаць

I моляць палкіх пацалункаў.

Шугае слодычы агонь

У зачарованым палоне.

Твая гарачая далонь

Ляжыць даўно ў маёй далоні.

I нам ня трэба лішніх слоў,

Мы больш паглядамі гаворым...

Плыве чароўны сьпеў лугоў,

Рамонкам пахне і чаборам.

1943


МОРСКАЯ СКАЛА

Сьмехам мне сказала:

— Кінь залёты рупныя!

Я — з граніту скала

Надта недаступная.

Я — ты бачыш — скала

Морская, халодная.

А сама ласкавая...

I папраўдзе — згодная.

Тонкі стан дзявочы,

Хараство сардэчнае.

Пазірала ў вочы

Ласка супярэчная.

Мне руку сьцiскала:

Бура падымалася...

I на ўзмор'і скала

Хваляй сагравалася.

1952


ВЯСЕЛЬНЫ САД

Мы ў сад з табою выйшлі

З будзённасьці пустой.

Зірні на гэту вішню!

Убраная фатой,

Яна, як маладая,

Пад сонечным вянцом

Сягоньня выглядае

Вясёлым дзераўцом.

У радасных настроях,

Як дружкі, чарадой

Ігрушкі ў белых строях

Стаяць ля маладой.

I выслаўляюць сьлівы

Бяз слоў сьвяточны лад.

Сьпявае час шчасьлівы,

Цьвіце вясельны сад!

Ці чуеш, дарагая,

Як пчолкі загулі,

Як вецер нам іграе

Пяшчотна у гальлі?

Выходзь-жа на дарожку,

Вясеньні вальс кружы!

Так мала дзён харошых,

Дый тыя — міражы.

Па гэтым ня журыся,

Кружыся матыльком,

Я за табой, Марыся,

Вячорным сьветляком

Пад засьцей зазігцею

I яскай паляту.

Мы сьветлую надзею

Ня кінулі ў слату.

Мы павіншуем вішню,

I зложым хваласьпеў.

Ён пажадаць ня лішне,

Каб ураджай сасьпеў,

Каб скрозь плады віселі

Вясёлаю гурбой...

Між цьвету на вясельлі

Закружымся з табой.

1952


У МIЖЗОР'Е

Адвячоркам я выйду за весьніцы

Насустрэчу табе і вясьне.

Будзе мара блакітная песьціцца

У паглядзе тваім для мяне.

Прытулю цябе, мілая, горача.

I на ставе, пад ніцай вярбой,

Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы,

Я ўсю ноч прасьпяваю з табой.

Мы — упрочкі ад явы. Ня змрочыцца

I ня згіне імпэт малады.

У міжзор'е далёкае хочацца,

Дзе няма ні вайны, ні бяды.

Мы абое, галубка дрыжоная,

Напляцем лятуценьняў вянкі.

Ночка гэтая прыйдзе бяссонная,

Праглыне і прасьцяг і вякі.

Дробна зоры на небе накрышацца,

Замігцеюць і ў цёмнай вадзе.

Возьмем човен, і ён закалышацца,

Паплыве, у сусьвет павядзе.

Прытулю цябе, мілая, горача,

Станеш ружай пунсовай цьвісьці.

Будзе Муза, са мною гаворачы,

Працінаць маладосьць да касьці.

Твае вусны, як цукар у ягадзе,

Будуць таяць, запальваць мяне...

Адчуваю спатканьне я загадзя

I каханьне між зор на чаўне.

10.4.44


ПАЛЕСКАЯ ТАМАРА

Тану я ў моры мараў,

На сэрцы хваль прыбой.

Палеская Тамара,

О сьветлы вобраз мой!

Не мімаходзь заскочыў

Я ў госьці да цябе.

Ты васількамі вочаў

Цьвіла ў маёй журбе.

Твой мяккі кужаль косаў

Спавіў маю душу.

Не паглядай-жа скоса, —

Я радасьці прашу.

Ня высахне, ня зьвяне

Пялёсткаў белы цьвет.

Пад сонечнае зьзяньне

Каханьне выйдзе ў сьвет.

Я буду ў гэтым годзе

Гарэць, як у вагні.

Маўчаць пачуцьцям годзе!

Тамара, працягні

Ты мне насустрач рукі...

Я познаю парой

Прыйшоў, каб вызнаць мукі

I поўны супакой.

Аб гэтым часта мару

I любую маю

Палескую Тамару

П я ю.

1942


РУСАЛКА

Бачу ў люстры жывую русалку,

Чэша косы кужэльнага лёну.

Пацьвяляецца горача-палка

Цела белае ў дымцы вялёну.

Паланее зарою аблічча.

Зноў ахвяры асьмягнена прагне.

Надзіць, кліча мяне і казыча

Ды, чаруючы, ў возера цягне.

3.4.56


У ГУМНЕ

Там чароўнай любжы зельле

З расьцярушаным насеньнем.

I ніводзін нат асьцюк

Ня трывожыў целаў грэшных.

У гумне мурог сухі

Шчасьце ведае чыё

Так салодка енчыць.

Як гулялі, як дурэлі,

Як куляліся на сене,

Толькі бачылі — павук

Із-пад крокваў на падстрэшшы

Ды праз шчыліну страхі

Залатое зайчанё —

Сонечны праменьчык.

4.4.56


* * *

У пустой капліцы сэрца

Сьвечку-памяць запалі:

Мелі шчасьце на талерцы,

Пелі родныя палі.

Там — прыветныя рамонкі

I драсён, і каласы,

I дзявочы голас звонкі

Ад суседняй паласы.

А няхай-жа адгукнецца

Сьпеў рамонкавы цяпер.

У пустой капліцы сэрца

Ты мой прывід ашчапер.

16.4.56


* * *

Як матуля, пяшчотай мяне атулі

I сагрэй прамяністым паглядам.

Мне ўжо мроіцца:

роем лятуць матылі, —

А ня сьнег — над аквечаным садам.

Гэта-ж тая вясна, у якой дзяцюком

Я сьпяваў залатую заранку.

Ах, завея мяце

белы цьвет за вакном.

Апусьці, дарагая, фіранку.

Гэтак лепш.

Гэтак будзе куды спакайней...

Маладосьць зацяпліцца... паўстане.

Я пачую ў запеве зімовых завей

Нашу чыстую споведзь каханьня.

1949


* * *

Ня трывожце маю маладую спакусамі,

Не чапайце рукамі, паглядам, замоваю.

Гэта я маю права гарачымі вуснамі

Пражыць ейнае цела пругкое, вясновае.

I гарэць у натхненьні ад палкага дотыку,

Аднаўляць маладосьцi забытую драму...

Я іду, перахмелены мёдам эротыкі,

Праз дзявочае сэрца — праз Войструю Браму.

15.4.56


* * *

Гляджу на косы сьветларусыя

I гладжу кужаль гэты.

Ізноў я мару Беларусяю,

Тваім цяплом сагрэты.

Ты моцна тулішся. Ты згодная.

Я цісну кволы локаць.

З табой прыемна ў хату родную

Ўвайсьці і сесьці ў покуць.

16.4.56


ЛЯ РАКІ

Я з табою сядзеў ля ракі,

Між чароту плылі шчупакі...

Над вадою трымцеў плавучок.

— Можа плотку падчэпе кручок?

А што думала ты — ня ўгадаць.

Твой пагляд лашчыў водную гладзь.

I сьпявала ты ціхенька мне:

— Ці кахаеш, мой любы, ці не?

Раптам голас узрушаны сьціх,

Ты танула ў абдымках маіх.

I ў той момант, нібы назнарок,

Патануў на вадзе плавучок.

1938


КАШТАНЫ

Сьпелы плод кастрычнік з дрэва рве.

Лопаецца мяккая шкарлупка.

I, падскочваючы, карыя каштаны

У густой хаваюцца траве.

Прыгадаў цябе, мая галубка!..

Можа там, у змроку распластаным

Сохнеш, як лілея на жарсьцьве.

Прыгадаў, і ціха затужыў.

Слаўная, на Случчыне калісьцi

Я ў цябе і ў восень закаханы

На прысадах з крозамі кружыў,

I танула песьня ў жоўталісьці.

Там таксама падалі каштаны,

Падаў ліст і сітны дождж імжыў.

Мне даруй за смутак і нуду.

Маё-ж сэрца сьціснута ў калодкі,

I баліць, і марыць Беларусяй.

Дарагая, ў добры час прыйду!

На вясьне ў дні шумнае паводкі

Я, нязломны ў бурах, прабяруся

Да цябе, як промень праз ваду.

17.10.1946


* * *

Праймаюць дрыжыкі мяне.

Ты ўся мая — ад скронь да пятаў.

Струной напятай ператне

Мне грудзі тое сьвята сьвятаў,

Калі пачую плач і сьмех,

Мой голас вершаў з тваіх вуснаў,

I ў сьвеце дробязных уцех

Уцеху прыязьні хаўруснай.

Тады і я ў пачуцьцях сам

Дайду да сьмелых кульмінацый.

Сваю душу табе аддам,

Каб шчыра, горача прызнацца.

Сьпявае ў казачнай мане

Твой лірык першы і апошні.

Успомняць праўнукі мяне,

Як гаспадыня збан на пожні.

I пацячэ мой хмельны мёд,

I скажуць людзі тыя словы,

Якія браў я ў пераплёт

Са стогнам любай і дубровы.

1950


ЛАСТАЎКА

Убраная ў белым, прыгожа і сьвежа,

Пад чорным карункавым шалікам...

Прызнацца адкрыта: да ціхіх належу,

А стаў цішыні парушальнікам.

Вясёла сьмяюся, сьпяваю з табою.

Ты ўпотайку дзьверы на засаўку.

I я расьцьвітаю трыццатай вясною,

Я лашчу цябе, маю ластаўку.

Зрываю твой строй і тваю сарамяжасьць,

I водарыць цела магноляю...

Ніколі ні песьні, ні казкі ня скажуць,

Якой мы гарэлі сваволяю.

Каханьне закрэсьліла пункты і нормы,

I пэўныя правілы этыкі.

Як заклік задорны — няўкрытыя формы

I позірк, прываблівы гэтакі.

Я ў позірку любай — шчасьлівы тапелец.

Нязьменная сэрцу выбраньніца,

Гарачая блізкасьць нам дзіваў насьпеліць

I соладзь няземнаю станецца.

1937


ДВА ЛІСТЫ

Лiст першы

Мой дарагі, каханы дружа!

Ты зразумей маю душу,

Што напакутвалася дужа,

I супакой яе, прашу.

Прыйдзі, мой любы, мой жаданы,

У позны вечар ці ўначы,

I на грудзёх свае Зузанны

Ад злога сьвету адпачні.

Прыйдзі, прашу цябе, ў ваўторак.

I гэтак станецца ізноў, —

Я пацалую разоў сорак,

А можа й тысячу разоў.

Я зацалую тваё цела

Так моцна ўзацмак, каб яно

Агнём гарэла і трымцела,

I бушавала заадно.

У жарсьці, вытачанай д'яблам,

Дам да эротыкі ключы.

Маіх грудзей сасьпелы яблык

Кранеш далоняй, дрыжучы.

Пачуеш сэрца майго клёкат,

Як радасьць бусла на вясьне...

Неспадзявана і здалёку

Зьявіўся любы да мяне.

Прыйшоў з прастораў Беларусі,

3-пад саламяных чорных стрэх.

Мяне чароўным словам змусіў

Прыняць зямны, прыемны грэх.

Цяпер, ня маючы спакою,

Я асьмягаю безь цябе,

Хачу заўсёды быць з табою

I ў весялосьці, і ў журбе.

Твае імкненьні і настроі

Хачу да тонкасьці ўспрыймаць.

Хачу з табой ускрыліць мроі

I разам высака лунаць.

Каханьня вузел завязаны...

Каб быў мацнейшым на вязі —

Прыйдзі ў ваўторак да Зузанны,

Прашу, прыйдзі! Твая Зузі.

14.4.51

Лiст другі

Мая Зузанна! З праўды горкімі

Зыходзяць словы на лісты.

Жывём гарачымі аўторкамі,

А я хацеў-бы серады.

Ня трэба мне мадэрнай мудрасьці

Тых да эротыкі ключоў.

Ня трэба тэй блазноты ў юрасьці,

Ды не на сэрца — на плячо

Я пакладу руку спакойную,

Ў вазёрцы воч Тваіх зірну.

Яшчэ калісьці перад войнаю

Так заглядаўся на адну.

Такія-ж кудры сьветларусыя

I той-жа позірк і пастаць.

Мо' за Цябе таму бяруся я,

Каб так, як тую, пакахаць.

Ды гэта зьява немагчымая!

Не ад красы Твае самлеў...

Ня хлеба лустачка нішчымная

Захрасла ў горле, а сумлеў.

Няўжо настроямі, імкненьнямі

Маімі можаш даражыць?

Твая душа ляжыць пад фэнігам,

I ў лятуценьнях ёй ня жыць!

Навошта пацалункаў тысячы

Ты абяцаеш надарыць?

З крамня Ты можаш іскры высячы,

Ды гэтым сэрца не гарыць.

Ня трэба! Чарамі спакуснымі

Мяне назойна ня трывож!

Калісьці быў сагрэты вуснамі,

Ішоў да шчасьця басанож,

I ахінаўся цёплай гліцаю —

Дзявочым сьціплым пачуцьцём.

Маю сябрыньку зваў сястрыцаю,

Прыходзіў ветлівьм гасьцём.

Цяпер спаткаў Цябе. Падобная!

Балюча ятрыцца ўспамін,

I гэтак блізкае і роднае

Ўвайшло упарта, быццам клін.

Прыйду ў ваўторак! Вып'ем вечарам

З Табою каву, жарсьць і сны.

А не ставацьме ў ласках нечага...

Мо' даўнай бэзавай вясны?

Я прытулюся, і засмучаны

Ў вазёрцы воч Тваіх зірну.

Згадаю любую з-пад Случчыны

I родны дом, і даўніну.

Ператваруся ў мрою зорную

Зямным пакутам насупор.

I ўжо тады Цябе, паўторную,

Я супакою. Твой Рыгор.

18.7.51

Загрузка...