Генрых Далідовіч
Вылучаны і адлучаны...
Штрыхі да грамадзянскай біяграфіі творцы і дзяржаўнага дзеяча ў эпоху савецкай улады і пачатковага постсаветызму
Генадзь Бураўкін з тых, каго таксама змалку аблашчыў адмысловы нябесны промень, ажывіў ягоную здольнасць да Яе Вялікасці Паэзіі і тым самым яшчэ ў школьным узросце вывеў на нялёгкі грамадзянскі і творчы шлях. І яму прыйшлося прайсці выпрабаванне многіх ва ўсе помныя гістарычныя эпохі, хто трымаў экзамен на такія важныя годнасці, як грамадзянін і паэт, чыноўнік немалога рангу.
Як вядома, для росту ўсяго жывога вельмі неабходныя як спрыяльныя нябесныя, так і па-свойму натхняльныя зямныя ўмовы. Нябеснасць для творцы - яго надзеленасць прыродным дарам для развіцця, праявы розуму і душы ў адпаведным накірунку, ранняе ўсведамленне прыроды, рэчаіснасці з яе разнастайнасцю, свайго “я” і агульнага “мы”. Зямное - у розных жыццёвых стасунках. Пачатковае - з першых крокаў у сям’і. Адно - у яе спакойным дабрабыце, штодзённай гармоніі, іншае - у гораснай нястачы, розным побытавым пакутлівым бедламе. А яшчэ ў набыцці новых уражанняў у працэсе школьнага навучання і выхавання, у існай грамадскай атмасферы. А то і не зусім, чаму, як кажуць, у зусім простым асяроддзі заяўляецца выдатны спявак, музыка, мастак, архітэктар, матэматык, вынаходнік, паэт.
Гэтыя і іншыя акалічнасці для Бураўкіна-паэта ў многім характэрныя і для ўсяго ягонага пакалення. Найперш таму, што іхняе маленства, як пазней многія з яго падкрэсляць,
“апаліла” вялікая і зацяжная ліхасць. Вайна, акупацыя. Гэтыя напасці, злыбедзь пазбавілі многага натуральнага, радаснага з дзяцінства, а кагосьці змусілі зведаць цяжар сіроцтва, галечы, звышранняга сталення. Праўда, тут Бураўкіну ў пэўнай ступені пашанцавала: яго бацька, партызан і франтавік, быў цяжка паранены, але ўсё ж вярнуўся жывы і, як чалавек здольны ды заслужаны, патрапіў у кіраўніцтва на той час важнага стратэгічнага прамысловага прадпрыемства (ільнозавода), стаў трывалай апорай сям’і, належна падсобіў сыну навучацца ў гарадскіх школах, атрымаць сярэднюю адукацыю ў абласной. Гэта памагло юнаку займець грунтоўныя веды па ўсіх прадметах як у школе, так і ў бібліятэцы, вылучыцца як камсамольскаму актывісту, лягчэй знайсці дарогу для сваіх вершаў на старонках абласной газеты, а затым і стаць аўтарам такіх вядомых літаратурных выданняў, як “ЛіМ”, часопіс “Беларусь” і... самога “Полымя”. Не ўсе з ягоных равеснікаў яшчэ да паступлення на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ мелі такія падсобныя ўмовы і такую гучную творчую заяўку
Сведка бураўкінскага “полацкага піянерска-камсамольскага і пачатковага паэтычнага закладу” канца 1940-х і першай паловы 50-х, тагачасны супрацоўнік мясцовай абласной газеты С. неяк на адным з пісьменніцкіх сходаў у 1990-я рашыў не без злараднасці нагадаць, пра што і як тады па-юначы гаварыў з трыбун, пісаў “цяперашні прыхільнік перабудовы” Бураўкін. Яны, старэйшыя, “у ягонай ідэйнай настроенасці бачылі пераемніка Броўкі”. Пра студэнцкі ды пазнейшы “броўкізм” таго пагаворвалі таксама і некаторыя равеснікі, хто вучыўся з ім на аддзяленні журналістыкі прыкладна ў адзін час і таксама пачынаў друкавацца, ішоў, як і ён, да свайго першага зборніка твораў. Ім давала падставу такое заяўляць тое, што яны былі стрыманыя ў выяўленні сваёй пахвалы “адноўленай пасля ХХ з’езда КПСС ленінскай лініі”, вобраза перадавіка ў асобе камсамольца і камуніста не спяшаліся ствараць, а вось іхні калега, як і яго старэйшы віцебскі зямляк, у вершах і публіцыстыцы актыўна шчыраваў у гэтым. Побач з гераізацыяй партызан і франтавікоў, услаўленнем новабудоўляў ды цаліннай эпапеі, сцвярджэннем жыццярадаснасці ўхваляў камуністычныя ідэалы, што “ў аснове не выходзілі са сталінскай сістэмы”, “горда заяўляў”: “Слова савецкага юнака”, “Я з твайго неспакойнага племені, Партыя...”. Такая наследаванасць кансерватыўнаму ў партыйных догмах Броўку нібыта, на думку бурклівых, мела на мэце броўкаўскія пуцявіны да ўзвышку ў агульным літаратурным працэсе. Тым больш, што менавіта Бураўкін адзін з першых са свайго пакалення ўступіў у шэрагі КПСС, пачаў падымацца па службовай лесвіцы, у маладым узросце, калі равеснікі яшчэ займалі пасады толькі радавых літсупрацоўнікаў, здолеў стаць
Генадзь БУРАЎКІН віншуе Генрыха ДАЛІДОВІЧА з 50-годдзем.
Музей Якуба Коласа. Мінск, 1996.
намеснікам галоўнага рэдактара “ЛіМа”, дзе рулявым быў зусім не просты чалавек, выпускнік вышэйшай партыйнай школы, загартаваны ў розных рэспубліканскіх і ўсесаюзных выданнях “ідэйны баец сталінскай школы”, літаратуразнаўца непахіснай сацрэалістычнай закваскі (дарэчы, у вядомым апавяданні М. Стральцова ён стаўся прататыпам героя-начальніка “з тварам халоднай штампоўкі”).
Пэўны час Генадзь Мікалаевіч і я жылі паблізу плошчы Перамогі недалёкімі суседзямі, частавата і мімаходзь сустракаліся ці траплялі ў адну маладзечанскую электрычку ў паездцы на лецішча, то перакідваліся словам-другім або маглі затрымацца для зацікаўленай размовы. Аднаго разу зайшла гутарка і пра “броўкізм”. Субяседнік сказаў на гэта прыкладна так: лёс Броўкавага пакалення (пачатку 1900-х гадоў нараджэння. - Аўтар.) спачатку цяжкі, пасля шчаслівы, затым драматычны, а для каго і трагічны. Броўка з малазямельнай вясковай сям’і, дзе было дзевяць дзяцей. Бацька здолеў памагчы яму, кемнаму і дапытліваму, атрымаць толькі пачатковую адукацыю, то хутчэй за ўсё яго чакала цяжкая сялянская доля. А мо які просценькі, малаграшовы занятак у горадзе. Ды ў час яго юнацтва адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе ідэалы пра мір у свеце і зямлю для гаротных, волю для прыгнечаных народаў акрылілі яго, юнага. Паколькі быў пісьменны і старанны, пацягнуўся да новай улады, то яго запрасілі на працу з дакументацыяй у савецкую адну, другую ўстанову. Спачатку перапісчыкам, а пасля і справаводам. У 19 гадоў стаў ужо ўладнай асобаю - старшынёй сельсавета. Шмат чытаў, спазнаваў новае, пачаў пісаць і дасылаць у палюбленыя выданні свае допісы, вершы. Яго, здольнага і адданага новай уладзе юнака, агледзелі, паклікалі на працу ў акруговую газету. Працягнуў тое, што было немагчыма ў царскі час: скончыў вячэрнюю школу для дарослых, а пазней і ўніверсітэт. У 25 выдаў першы зборнік вершаў, дзе ўславіў новыя рэаліі паслярэвалюцыйнага жыцця, паспрабаваў стварыць вобраз героя савецкай эпохі, што і яго вывела ў людзі. Думаецца, быў шчыра ўдзячны ленінскай партыі, савецкаму ладу. Дапытлівы, зразумела, заўважаў і пэўныя рэвалюцыйныя крайнасці. Напрыклад, што кароткі подых беларусізацыі да 1930-га пачалі перакрываць, вывучэнне краязнаўства, гісторыі Беларусі да 1917-га згортваць, усякае нацыянальнае будаўніцтва дазіраваць, бачыць рэспубліку найперш як пэўны прамыслова-аграрны рэгіён для выкананняў усесаюзных планаў. Штосьці ўспрыняў як перабор, часовую з’яву, штосьці - як саступкі дзеля вялікага - пабудовы заводаў і фабрык, школ і бальніц, здабычы харчу, мацавання арміі, а таксама і сацыялістычнай згуртаванасці ў варожым акружэнні. Нават паверыў, што і сярод калег-пісьменнікаў, якія таксама ўзраслі ў новую эпоху, ёсць праціўнікі савецкай улады. Але калі пачаліся і нарасталі рэпрэсіі, адзін за адным знікалі яго сябры і знаёмыя, то з яго вачэй спалі ружовыя акуляры. Спазнаў: ідзе свядомае знішчэнне нацыянальнай мовы і культуры, загуба разумных, сумленных пісьменнікаў і іншых творцаў, шматлікіх асоб іншых прафесій і заняткаў, хто пачаў разбірацца, што азначаюць гучныя і прываблівыя сацыялістычныя пастулаты, дыктатура пралетарыяту на справе. І няма пратэстаў, грамадства апаноўвае страх. Кожны можа быць арыштаваны, асуджаны за грахі, якіх не ўчыняў. І за здольных, невінаватых у зламыснасці пісьменнікаў розных узростаў не могуць заступіцца нават геніі, нібыта аблашчаныя ўладай Купала і Колас. Аднаго абвінавачваннямі давялі да самагубства, другога не раз арыштоўвалі і пагардліва дапытвалі, змушалі напісаць пакаянны ліст за свае выдатныя паэмы і самому аб’явіць іх “кулацкімі, шкоднымі для справы калектывізацыі...”. Класікі да рэвалюцыі пісалі паводле закліку сэрца, не стварылі ні аднаго верша ў пахвалу цара і яго сатрапаў, а цяпер мусілі бясконца славіць Леніна-Сталіна, Варашылава і Будзённага, кожны новы мудры савецкі крок, спаўняць заказы на напісанне агітацыйных і прапагандысцкіх твораў пра працоўныя подзвігі калгаснікаў і рабочага класа, да савецкіх значных дат і юбілеяў, пра выкрыццё свету капіталізму, асабліва суседскага, польскага...
І тут была наша новая трагедыя: у Заходняй Беларусі польская ўлада асуджала свядомых беларусаў за “бальшавізм, намер далучыць край да БССР і СССР”, а ў нас савецкая - за “пілсудчыну, намер далучыць БССР да буржуазнай Польшчы” (для зачэпкі ў 1930 - 31-м чэкістамі была прыдуманая падпольная арганізацыя “Саюз вызвалення Беларусі”, старшынёўства якой хацелі прыпісаць і Купалу. Ён і Колас ацалелі, а вось больш за 110 іншых выдатных нашых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў выслалі на пэўныя тэрміны, а пазней большасць расстралялі)... Улада спрытна абыходзіла Канстытуцыю, перакрывіла асобныя яе артыкулы для карнай, нібыта заканадаўчай расправы: адрозныя ад афіцыёзу грамадзянскія погляды падавалі за крымінальнае злачынства - паспешлівы суд, а то і пазасуддзе (“двойкі”, “тройкі”, “асобыя нарады” карных органаў - расстрэл або ГУЛАГ).
З “Энцыклапедычнага даведніка. Беларусь” (Мн., 1995): усяго з 1917 да канца 1980-х ахвярамі рэпрэсій сталі 600 000 грамадзян Беларусі (“нацдэмы” і іншыя “контррэвалюцыянеры”, “шпіёны замежных разведак”, “кулакі”, заходнебеларускія “варожыя элементы”, ваеннапалонныя і дэпартаваныя пасля вайны). Велізарная лічба і без віны вінаватых. Ды яшчэ з улікам таго, што мноства з тых соцень тысяч было асуджана на смяротнае пакаранне (лічбы розныя). У адносінах да рэспублікі з невялікай колькасцю насельнікаў рэпрэсіі насілі генацыдны характар.
Трагедыя, гаварыў Бураўкін. І для Броўкі таксама: у разгар тэрору трэ было Сталіну... дзякаваць за шчаслівае жыццё, лепшымі сіламі паэзіі зарыфмоўваць яму ўзнёслае “Пісьмо беларускага народа”. Так што трэба і зразумець Броўку, Куляшова, а потым і Танка. Яны стараліся выжыць і пры кожным зручным выпадку ўдыхнуць свежага паветра, даць волю свайму сапраўднаму. Так што перш чым асуджаць “броўкізм” - прыстасавальніцтва, паслужлівасць, ухваленне Леніна-Сталіна, замоўчванне савецкіх злачынстваў, - трэба спачатку самому сабе задаць пытанне: а як бы павёў сябе ты ў тагачасных жудасных, бяспраўных умовах, калі і жыццё найвыдатнага савецкага пісьменніка Шолахава вісела на валаску і было не без хітрасці выратавана самім дыктатарам?..
Маё, маіх равеснікаў, дадаваў Бураўкін, усведамленне пасляваеннай рэчаіснасці, як пісалі класікі марксізму, таксама ішло ад суровага быцця, найперш ад шчырай радасці ды гордасці за нашу Перамогу... Не віна, а бяда пасляваенных піянераў і камсамольцаў, якія па закліку настаўнікаў далучаліся, як ім уталкоўвалі, да захопленага “словоизлияния” і “словоблудия” не каму-небудзь і не толькі савецкаму правадыру, а “вызваліцелю ад фашызму, бацьку ўсіх часоў і народаў...”. І шчыра верылі: цяжкасці часовыя, трэба пацярпець. Тым больш, што некаторыя саюзнікі станавіліся ворагамі... Пасля ХХ з’езда КПСС многія балюча ўспрынялі папрок у дагэтуль схаваных злачынствах яшчэ п’едэстальнаму Сталіну, рэжыму якога служылі паслухмяна ды часам з удзелам у розных правіннасцях, выслужылі пэўны падвышак у грамадстве, льготы, і таму ўхвалялі, прыхарошвалі сваё, сябе. Але многіх прагных да новых норм жыцця хрушчоўскі ператрус сталінізму суцешыў: партыя вызвалілася ад культу тырана, адновіць ленінскія нормы жыцця. І яму, шчыраваў Бураўкін, даверліва паверылася ў партыйна-савецкае ачышчэнне.
У тую даволі адкрытую гаману я прызнаўся: у маіх землякоў, простых насельнікаў заходнебеларускіх мясцін, у 1939-м “условноосвобождённых”, а за акупацыю не па сваёй віне ў вайну “условноосуждённых”, не было вялікай веры Леніну і Сталіну, а значыць, словаблуддзя ім (мая малапісьменная, але мудрая бабуля казала: “Бог быў і будзе адзін. На небе. Нават цар не лічыў сябе Богам, толькі памазанікам яго. На зямлі - вернікі ці бязбожнікі. А без боскасці ў душы нічога людскага не бывае”. Ці вось такі “кулацкі” фальклор: “Спасіба шчасліваму Сталіну за нашу дарагушчую жысць”. А таксама была лагерная і калгасная падзяка яму за адоранне “куфайкай і рызінай”), але я, які настойліва выхоўваўся ў школе ў духу хрушчоўскай адлігі, а пазней брэжнеўскім застоем ва ўніверсітэце, верыў: Ленін непагрэшны. Вялікім Кастрычнікам абнавіў свет, паказаў шлях усяму чалавецтву да шчаслівай будучыні, толькі вось Сталін перахапіў ва ўсіх уладу і многае скрывіў, утаптаў у людскую свядомасць сваё. Праўда, задумваўся (і цяпер не без гэтага): як здолеў перакруціць усё нібыта адзін уладалюбца, чаму так дазвалялася яму распраўляцца з ленінцамі, а потым і з мільёнамі лепшых людзей у краіне?! І яшчэ прызнаюся: без дальнабачнасці ажно да 1990-х лічыў: КПСС, СССР з такімі вялікімі землямі ды багаццямі, з гэткай настойліва загаднай прапагандай, з моцнай камандна-адміністрацыйнай сістэмай, з магутнай арміяй з ядзернай дубінаю ў нас навечна. Няма на свеце такой сілы, што адолела б гэтую. Не кумекалася: здаўна імперыі з тыранам на чале складваліся прыкладна па адных і тых жа схемах, пасля пераваротаў, а затым у жорсткім супрацьстаянні купкі новаўладных, са старанна падабраным пераможцам дзяржапаратам; бальшавізм, СССР - новае і прывабліва асвяжальнае віно, але яно ў старых, імперскіх мяхах. Толькі да вядомых складнікаў дадалося новых ідэалагічных прыпраў (замест дактрыны праваслаўя - марксісцка-ленінская тэорыя, панславянізму - сусветная гегемонія, былое паняцце “вялікарускай народнасці”, дзе ўкраінскае і беларускае было ўсяго толькі донарствам, пачало ўспрыймацца як “савецкая супольнасць”, гасудар-самадзержац і памазанік божы - правадыр-бог зямны). Захаваўся дух “единости и неделимости”. З муравейнай “турмы народаў” вывелі іх, як вольнанаёмных, на асобнае пасяленне ды пад пільным назіркам КДБ і партыйных органаў, з аднымі цэнтралізаванымі шляхамі зносін, эканомікай, дзе амаль усё было пераплецена і ўзаемазвязана. Моўна-культурнае кіпела ў адным катле, адно пераварвалася хутчэй, на іншае патрабавалася больш часу. Няма пярэчання, у высока ўзнёслага СССР шмат самых розных заслуг перад сваім народам і чалавецтвам, але моц падрывалася войнамі, калектывізацыяй, агромністымі выдаткамі на ўзбраенне, космас і ўліўную помач ледзь не ўсяму свету на перамогу сацыялізму на планеце, на вельмі стратную матэрыялана і маральна афганскую акцыю. Затармазіў НТП, а ў перыяд “ппп” (“пяцігодка пышных пахаванняў” ) палітычна абанкруцілася ўлада. Дзяржаўна-грамадскі арганізм усяго за нейкіх мізэрных для гісторыі 70 гадоў зношваўся фізічна і духоўна, не змог перабудавацца рэформамі, утрымацца без людскога страху, кіруючай дэмагогіі, сілы... Варта зазначыць: на падобную тэму не раз узнікаў прыкладна такі дыялог з Бураўкіным, і спрэчак не было, дадаваліся толькі новыя нюансы.
Тая нашая адкрытая гавэндзь была не зусім выпадковай і таму, што Генадзь Мікалаевіч раней, у першай палове 1970-х, даваў мне кандыдацкую партыйную рэкамендацыю... Ды я, прачытаўшы на той час не адзін ягоны зборнік паэзіі, выбранае ў адным і ў двух тамах, успрыняў яго казань даверліва. Аўтар іх сярод іншага і прызнаваўся шчыра: “Я не знаю, ў каго я ўдаўся такі...”, “Я часам сам сябе не пазнаю...”. Ці ягоныя загалоўкі вершаў: “Да Ільіча” (не да партыйнага боства Леніна, а менавіта да чалавека-асобы), “Адышлі ў нябыт панегірыкі”, “Пустыя п’едэсталы”, “Зусім “бязгрэшным”, “Не залаты зусім, не срэбны...”. А побач былі мілагучныя вершы пра прыроду, пошукі лірыкі, дзіцячыя творы. Значыць, ішла нялёгкая душэўная, творчая эвалюцыя, далейшае станаўленне паэта з выявай свайго светапогляду і кругагляду.
Або вось пра такі незвычайны момант у сваёй біяграфіі напрыканцы 1960-х расказаў Бураўкін незадоўга да свайго адыходу ў інтэрв’ю “Комсольской правде” ў Беларусі. У 1968-м яго як члена партыі, прафесіянала ў журналістыцы і ўжо вядомага публіцыста ды з высокім становішчам у “ЛіМе”, загадчык карэспандэнцкага пункта “Правды” па Беларусі параіў на пасаду карэспандэнта гэтага вышэйшага партыйнага органа. Зразумела, такое, як у той час лічылася, важнае кадравае пытанне вырашалася ў мінскіх самых высокіх партыйных кабінетах, а пасля зацвярджалася ў цэнтры. Партыйна-службовую характарыстыку на вылучэнца падпісваў ажно другі сакратар ЦК КПБ. Не прысланец з цэнтра на такую ролю, як звычайна была такая практыка ў кампартыях рэспублік, а свой, нават зямляк Бураўкіна па Віцебшчыне. Але той спачатку не паспяшаўся падтрымаць, а праявіў партыйную звышпільнасць: маўляў, рэкамендаваны схільны да. нацыяналізму.
“У чым жа быў ваш правінак у нацыяналізме? - прачытаўшы пра гэта ў тым інтэрв’ю, не без гумару пацікавіўся я пры сустрэчы. - Не помню такога граху ў вашай творчасці. Наадварот, вы адзін з тых, хто асудзіў за нацыяналізм і паслугі фашызму некаторых нашых эмігрантаў”. Генадзь Мікалаевіч валодаў бліскучасцю іскрыстай думкі, лёгкага гумару, але на гэты раз абышоўся без досціпу, а загаварыў нават зусім нявесела: сапраўды, ён не дазволіў сабе ў друку ніякіх нацыяналістычных праяў. Хоць здаровы нацыяналізм з яго гарачым патрыятызмам і сцверджанне сваёй нацыянальнай выключнасці - зусім розныя рэчы. Высокаўзнесены зямляк, канечне, зрабіў падстраховачны запыт пра ягонае “обліка марале” ў “кампетэнтных органах”. Яны ўжо не мелі велізарных паўнамоцтваў на татальны кантроль грамадства, не фальсіфікавалі гучных палітычных спраў, каб мець апраўданне на самачынны арышт амаль любога чалавека ў краіне (у 1938-м старшыню ўрада БССР, як сам ён пазней мне расказваў, арыштоўваў звычайны лейтэнант), падпарадкоўваліся кіраўніцтву партыйных камітэтаў ды працягвалі пільна ўсё абсочваць. Яны маглі далажыць, што ён у прыватных гутарках, на выступленнях перад чытачамі зусім не ўхваляе закрыццё беларускамоўных школ у гарадах, перавод некаторых беларускамоўных выданняў на рускую мову, выцісканне нашай карэннай мовы з дзіцячага садка па самы высокі наш кабінет. Як і пра абурэнне бытнай сярод зрусіфікаванага чынавенства непублічнай устаноўкі: калі пісьменнік і філалагічны навуковец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкар, артыст піша і размаўляе па-беларуску, то гэта дапушчальна. Прафесія такая. Ды мова ж не забароненая. А вось калі беларусяць іншыя катэгорыі, то яны - нацыяналісты: пазбягаюць “интернационального”. Без лішняй публічнасці, кулуарна ды настойліва сцвярджаўся тэзіс: рускамоўны беларус - сапраўдны беларус-інтэрнацыяналіст. І яму быў большы давер. І ён гнуў такую лінію. Але і нам, дапушчаным, як сам ведаеш, гаварыў Бураўкін, не рэкамендавалася адстойваць права на паўнакроўнае жыццё яе, нашай матухны-мовы. Крэмзай, гутары ды не замахвайся на большае, не “стварай нацыянальнае пытанне: яно ў нас вырашана па-ленінску”...
Сапраўды, з пачутым і я не раз сутыкаўся. Асабліва тады, калі настаўнічаў на Барысаўшчыне і ўдзельнічаў на якім-небудзь сходзе ў Барысаве: многія з мясцовага начальства былі ініцыятарамі, нават вымагальнікамі той ганебнай устаноўкі (асабіста ад мяне не патрабавалі: “писатель”). Далей Генадзь Мікалаевіч расказаў пра тое, пра што я менавіта ад яго пачуў упершыню. У Маскве яго прыняў сам галоўны “правдинец” М. Зімянін. Азнаёмлены з тым закідам Бураўкіну, пасміхнуўся: мінскі звышпільнік - малакультурны чалавек. Не разумее: пісьменнікі асобная катэгорыя грамадзян, нават з вялікім талентам, але без любові да лепшага роднага, без глыбокага патрыятызму не былі б буйныя паэты Пушкін і Някрасаў, Купала і Колас, Твардоўскі са сваім “Васіліем Цёркіным”, Шолахаў з “Ціхім Донам”. Карацей, Бураўкіну даверылі, настроілі па-партыйнаму асвячаць поспехі і праблемы рэспублікі ў той час, калі былі запынены хрушчоўскія валюнтарысцкія выкрунтасы, калі таварыш Брэжнеў умацаваў стабільнасць у грамадстве ва ўмовах новай партыйнай лініі, не пераскоку ў камунізм, а ва ўмацаванні “развітога сацыялізму”.
Дык вось, ад Бураўкіна я ўпершыню даведаўся пра “справу Зімяніна”. Гэты таксама бураўкінскі зямляк, педагог па адукацыі выбіўся тут, на радзіме, пры Сталіне ў верхнія эшалоны рэспубліканскай улады (першы сакратар ЦК ЛКСМБ, міністр асветы, 2-гі сакратар ЦК КПБ). Пасля смерці правадыра па-свойму патрапіў у сіло змагароў блізкага сталінскага ядра за першынство. Тады адзін з рашучых пасягальнікаў на яго Берыя ўсклаў вялікія надзеі на падтрымку нацыянальных рэспублік. Дзеля гэтага заклікаў адмовіцца ад практыкі камандзіравання цэнтрам свайго абранца ў іх на ролю першай усеўладнай асобы, а вылучаць сваіх, мясцовых. Заклікаў да канстытуцыйных гарантый - у прыватнасці, да павышэння суверэнных правоў рэспублік ва ўсіх галінах дзейнасці, адраджэння, развіцця карэнных нацыянальных моў і культур. Нібыта хацеў выправіць тое, што і сам учыняў у 1930-я: таксама распраўляўся з тымі ў рэспубліках СССР, хто бачыў пабудову сацыялізму з нацыянальным улікам і каго цэнтр не толькі аб’яўляў “нацдэмамі”, шальмаваў як адступнікаў, дзяржаўных злачынцаў, але і загадваў выкошваць пад корань. Пра тое, як і ў чым магла тады абеларусіцца Беларусь, нашы даследчыкі доўга напаміналі мімаходзь. Бадай, з-за перасцярогі, каб на іх за гэта грозна не сыкнулі.
Бураўкін пра “справу Зімяніна” ўведаў ад Броўкі: той быў членам ЦК і прысутнічаў на тым няправільным для сталінскай гвардыі пленуме, калі менавіта другі сакратар падтрымаў названыя берыеўскія захады. Ясна, гэта само па сабе было супраць тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ, чарговага камандзіраванага варага (да К. Мазурава ў нас першым сакратаром быў толькі адзін беларус. Каля года да вайны. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў бухарынскіх, яшчэ іншых злачынствах і расстралялі. Выконваць яго абавязкі прыслалі разанца В., які займаў невысокія пасады ў Сярэдняй Азіі, у райкаме Масквы, дарос да сакратара Маскоўскага камітэта ВКП (б). Адтуль - сюды, на “самастойную” рэспубліку. Павыконваўся тут ён мала, але паспеў, як я вычытаў нядаўна ў польскай прэсе, гучна адзначыцца. Скажам, блаславіў шматлюдны расстрэл “членаў контррэвалюцыйнай шпіёнскай “Польскай арганізацыі вайсковай”, якую нібыта ўзначальваў ксёндз Мінскага кафедральнага касцёла. Калі зацікавіцца асобай таго святара, то даведаешся: ён яшчэ ў 1920-я шкодзіў савецкай уладзе і тым, што дабіваўся... увядзення ў набажэнства беларускай мовы). А беларускую мову, навуку і культуру той вараг ашчаслівіў тым, што на адным з бюро ЦК КП(б) Б настояў на спыненні работы, фінансавання з 1934 года па падрыхтоўцы да выдання 10-томнай беларускай савецкай энцыклапедыі. Маўляў, гэтае выданне задумалі тыя, хто цяпер выкрыты за нацыяналізм, ворагі савецкай улады, то не трэба на іх злачынныя задумы траціць народныя сродкі.
Пра тое, як бесцырымонна Сталін распараджаўся лёсам нашай рэспублікі, можна прачытаць ва ўспамінах П. Панамарэнкі, надрукаваных пасля ягонай смерці ў “Нёмане ў № 3 за 1992 год. Панамарэнка расказвае, як яго, кубанца, нядаўняга радавога інструктара ЦК ВКП (б), які аднак вылучыўся па “навядзенні парадку” у падапечным Чалябінскім абкаме, меркавалі паслаць сакратаром Мурманскага абкама і даручыць “займацца рыбай”, але ў чэрвені 1938-га прывезлі ў Мінск сватаць на пасаду Першага. Тут ужо адбыўся чарговы з’езд рэспубліканскай партыі, але з Масквы забаранілі аб’яўляць вынікі галасавання па выбарах яе ЦК. На спецыяльным пасяджэнні сват, сакратар ЦК ВКП (б), заяўляе, што цяперашні і магчымы будучы кіраўнік рэспубліканскай партарганізацыі (В., выкараняльнік польскасці) не дацягвае да ўзроўню першай асобы, таму вырашана замяніць яго. І на спецыяльным пасяджэнні Панамарэнку адкрытым галасаваннем прысутных у парушэнне партыйнага статута ўводзяць у склад ЦК, а пасля зацвярджаюць першым сакратаром. Ніхто з мясцовых партыйцаў не запярэчыў (ацалелыя яшчэ былі ў жаху ад леташняга пагрому прыезджымі Маленковым і Яжовым рэспубліканскай партыйнай арганізацыі), а сам абранец, які дагэтуль амаль нічога не ведаў пра Беларусь (чуў толькі, па яго словах, што яна “богата болотами и заболоченными землями., в прошлом болота - источник бедности и нищеты, болезней и бездорожья”), у сваёй згадцы зусім не прызнаў сталінскае сваволі і сваёй нелегітымнасці, найперш пахваліўся найвышэйшым даверам да яго. (Галоўны страж рэспублікі, нейкі прыблуднік на пасадзе наркама ўнутраных спраў далажыў яму “абстаноўку”. У дакладзе адным з пунктам было сцверджана, што ёсць 41 факт таго, што Янка Купала - не проста адзін з вялікіх беларускіх паэтаў усіх часоў, агульнаславянская славутасць, а “один из лидеров нацдемовского движения в Белоруссии. Его нацдемовская деятельность начинается еще с 1908 года”. На Якуба Коласа быў прадстаўлены 31 данос у яго скрытнай нацдэмаўшчыне. Кажуць, Броўка расказваў пра абарону Панамарэнкам нашых класікаў перад самім Сталіным і той “ордэры замяніў на ордэны”. Сам Панамарэнка ў сваіх мемуарах пахваліўся пра сваё адстойванне да вайны некаторых раёнаў Брэсцкай вобласці ў складзе БССР і пра тое, што ў пасляваенны час угаварыў Сталіна не рэалізоўваць антыбеларускую ідэю Маленкова і не забіраць наш старажытны Полацк у склад РСФСР. Але пра тое, што пасля 1939-га выканаў сталінскі палітычны загад і асабіста на сесіі Вярхоўнага Савета СССР выступіў за перадачу асобных мясцовасцей беларуска-літоўскага памежжа Літве, забыўся ўспомніць).
Пасля вайны быў перыяд, калі ў БССР, як пазней пісалася ў броўкаўскай БелСЭ, “добраахвотнай і раўнапраўнай” рэспубліцы СССР, адразу дзве галоўныя пасады займалі прысланнікі. Чэкісцкія функцыі выконваў берыеўскі зямляк. Мо і таму, што над нядаўна акупаванай Беларуссю павінен быў быць надзвычайны назірк. У час названага пленума прыезджы кіраўнік паспеў ужо акапацца, расставіць на высокія пасады правераных службоўцаў з мясцовых. З усходніх нашых абласцей - адпаведна, выхаваных як сталінізмам, так і не зусім у беларускім духу. А значыць, верных і іхняму дабрадзею. Вылучэнцы адстаялі яго, чужынца, а значыць, і сябе пры ім. Пасля падзення Берыі ўпалі і яго дырэктывы. Зімянін-крамольнік быў вымушаны пакінуць рэспубліку і пры Хрушчове не мог атрымаць значнага партфеля. Толькі папку ў Міністэрстве замежных спраў СССР ды вакансію пасла. Вярнуўся на ідэалагічны алімп і пачаў падымацца ўверх пасля падзення Хрушчова. Зразумела, навучаным і правучаным, без ніякіх “заскокаў” ужо.
Як некалі люд казаў? Паны сварацца, а мужыка ў лоб б’юць. Вось так і ў нас выйшла: Берыю прыбралі і занядбалі яго прапазіцыі наконт павышэння суверэннасці рэспублік, функцыявання нацыянальных моў ва ўсіх сферах грамадства. Больш - наша, беларуская, яшчэ аказалася з-за Берыі без віны вінаватая. А калі крыху пазней Хрушчоў усё ж дазволіў стаць і старшынёй Савета міністраў, і першым сакратаром ЦК КПБ мясцовым, то за давер запатрабаваў пачаць ажыццяўляць яго амбіцыйную, у духу гогалеўскага Манілава задуму для пабудовы “коммунизьма”. А для гэтага неабходна было дагнаць і перагнаць ЗША па бідонах малака і мясных кумпяках, машынізацыі, то і нашай рэспубліцы трэ было “нарошчваць магутнасці”. Ды, як клінам убілася ў голаў Хрушчову, нельга было абысціся без паглыбленага атэізму, фармавання новага чалавека камуністычнага заўтра. Без ношкі мінулага, у тым ліку і без краёвага, нацыянальнага. Стаўка - на тып савецкага гамункула. Кінуў кліч: беларусы, малодшыя браты рускіх, пакажыце прыклад, іншым. У адцуранні ад свайго, у зліцці ўсіх моў у агульную інтэрнацыянальную. Удзячныя за вылучэнне нашы высокія кіроўцы казырнулі: ёсць! І пайшло-паехала зліццё (выліццё) розумаў. Наперагонкі. Ламаць - не шанаваць даўняе і не надбудоўваць або рамантаваць, забяспечваць яму працяг жыцця.
Працэс чарговай дэбеларусізацыі пайшоў са стратай, вялікай бядою: адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і яшчэ жывы класік яе Якуб Колас не мог не выказаць занепакоенасць такому працэсу па свядомым падрыве беларускай нацыі. Напісаў ліст у ЦК КПБ, дзе настойваў абразуміцца, не ўчыняць ганебнасці. Пайшоў з напісаным да сакратара па ідэалогіі, які лічыўся гісторыкам і сябрам народнага паэта. Але загадзя асвядомлены функцыянер “халоднай штампоўкі” гадзіну-другую... не прымаў члена ЦК, гонару нашага народа. Не столькі ад асабістай крыўды, колькі ад разумення ўжо хуткага новага і страшнага для Радзімы разбуральнага зла ў гэты ж дзень сэрца пажылога і хворага чалавека не вытрымала. Развітваліся з Якубам Коласам з вялікай пашанотай, але, пазбавіўшыся Вялікага Беларуса, узяліся дзейнічаць у антынацыянальным накірунку актыўней і бессаромней.
Як прызнаваў Бураўкін, праца для “Правды” была няпростая, але павучальная. Ён непасрэдна адчуваў, як пры брэжнеўскім супакоі хрушчоўскую адлігу сцінала стыласць: зацішвалася як выкрыццё сталінскіх злачынстваў, так і рэабілітацыя рэпрэсаваных (у нас нават першы старшыня савецкага беларускага ўрада Цішка Гартны палітычна апраўданы, г. зн., зноў стаўся “нармальным”, савецкім, як і некаторыя іншыя неабгрунтавана загубленыя, толькі ў 1988 годзе). Бураўкін сам бачыў, што па-ранейшаму ў сіле камандна-адміністрацыйны ўклад. Гутаркі пра сацыяльныя рэформы, НТР па-за ваенна-касмічнай сферай застаюцца гутаркамі. Растуць дэфіцыты на розныя прыстойныя тавары, а з імі буяе блат, здабыванне з-пад прылаўка. У вялікай сталіцы заводзіцца ”чорны рынак” са спекуляцыяй. Хвалёная кукуруза не зусім ратуе сельскую гаспадарку, уздыб цаліны не дае завалаў хлеба (наадварот, вырашана пачаць больш закупляць яго за мяжой). ЗША не толькі ва ўсім не перагналі, але і далёка адсталі. Па многіх параметрах - і ад іншых развітых капіталістычных краін. Лепшыя розумы ўжо тады зразумелі: “халодная вайна”, гонка ўзбраенняў высмоктваюць эканоміку, настае яе пагрозны спад, а за ім і накапленне многіх надзённых праблем. У вялікіх інтэлектуальных цэнтрах, Маскве і Ленінградзе, усё больш расце незадавальненне, што нельга пабываць за мяжой, самім паглядзець, як “гніе капіталізм”. Калі пры Хрушчове моўчкі “праглынулі” расправу з венгерскай рэвалюцыяй і рэвалюцыйнае выступленне рабочых у Новачаркаску, то цяпер пачуліся галасы асуджэння ўводу карных войск у Чэхаславакію для абароны там савецкіх стандартаў. Загаварылі пра савецкі таталітарны рэжым (у 1969-м я адбываў вайсковую службу ў Маскве, ва ўнутраных войсках МУС СССР, то ў гадавіну чэхаславацкіх падзей, будучы ў звальненні, на свае вочы бачыў купкі пратэстантаў, якіх тады мякка бралі пад рукі міліцыя ды цывільныя і зводзілі ад якогась помніка. Слова “мякка” ўжываю спецыяльна. Тады па названым міністэрстве строга забаранялася: а) брыдкасловіць і абражаць затрыманых, б) распускаць рукі. Хоць факт ёсць фактам: тады многіх зацікавіў, павабіў, а ўладу занерваваў феномен Салжаніцына з яго выкрывальнай лагернай тэматыкаю, з “искажением советской власти”, з заклікамі “жить не по лжи” і зваротамі ў сувязі з гэтым да кіраўнікоў партыі і ўрада. Іх выбівала з раўнавагі і не меншая ўнікальнасць славутага вучонага Сахарава з яго патрабаваннем гарантаванага Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека зароку недатыкальнасці на свой розум і на сваё сумленне, мажлівасці праваабарончай дзейнасці. Некаторых, як пазней стане вядома, пачалі “лячыць” у псіхбальніцах, саджаць. Але ў Мінск пра тое мала даходзіла, у нас кіпеў працоўны энтузіязм, выкананне павышаных сацабавязацельстваў, вымоўнае абурэнне не выходзіла далей кухні, прыходзілася жыць пад ціскам “развітога сацыялізму” з ягонымі прыапушчанымі ідэаламі: пацерпім, абыдземся тым, што ёсць, пачакаем, заўтра, калі выканаем мудрыя рашэнні гістарычнага з’езда партыі, з’ядзім больш і лепш, чым сёння. Крытыкі партыйнага курсу нават у замаскаваных байках не было, зводзіліся як паджанры публіцыстычна-літаратурныя памфлеты і фельетоны з палітычным падтэкстам. Пэўная крытыка асобных з’яў у галоўных цэнтральных выданнях, у “Правде” ды “Известиях”, насіла побытавы характар. Некаторыя падпраўкі па грамадска-дзяржаўным ладзе час ад часу выказваліся ў “Литературной газете” (скажам, у рубрыцы тыпу: “Калі б быў я дырэктарам”. Але тыя заўвагі і прапановы ўспрымаліся як прыватныя думка).
З праўдзінскім карэспандэнцкім пасведчаннем можна было шмат куды патрапіць, нават у кабінет Першага, а гэта спрыяла адчуванню пульса развіцця рэспублікі, магчымасці пабываць на многіх заводах, у сельскіх гаспадарках, сустракацца з самым розным чынавенствам, спазнаць іхні своеасаблівы свет з усімі нюансамі. Удасканаліць методыку паводзін, размовы з імі. Тым болей, што яго, бураўкінскія, равеснікі-“бодрячки”, пакідалі ўжо камсамольскія цеснаватыя кабінеты, пераходзілі ў больш прасторныя партыйныя, дзяржаўныя ў раёне, вобласці, сталіцы ды ўжо скоса пазіралі на засілле партызанаў-пенсіянераў, а некаторыя і на колькасную перавагу ўраджэнцаў усходніх абласцей. Машэраў уважліва абгледжваў вядомае яму па ранейшай дзейнасці камсамольскае поле (запасны фонд) і выбіраў найбольш здольных, а мо і ўвішных ды, на яго думку, надзейных на розныя адказныя абласныя і рэспубліканскія пасады. Не толькі рабочых і калгаснікаў, але і маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і актыўных на вытворчасці колькасней прымалі ў партыю, многіх школілі ў рэспубліканскай ці ўсесаюзнай партыйнай вучэльні, пасля таксама вылучалі на працу-абкатку ў партыйныя камітэты, а з іх - да кіруючых штурвалаў ва ўсе сферы. Карацей, быў немалы клопат пра гадоўлю апарата, што ўсё больш пераўтвараўся ва ўладную касту. Яе можна было пазнаць нават па адзенні: недаступным простым смяротным дарагім паліто і шапцы, аднаколерным зашпіленым на ўсе гузікі шыкоўным касцюме, беленькай кашулі і без ніякіх лёгкадумных акрас гальштуку. І па позірку: строгім, а то і жорсткім да падначаленага, ласкавым, паслужлівым да “хозяина”. Асабістае іхняе жыццё было прытоенае, толькі даходзіла, што асобныя “зрываліся на антымаральным”, паніжаліся па пасадзе, а то і з часам занепадалі. Нас, радавых літаратараў, першая асоба вобласці не прымала, раёна - рэдка і звычайна ў рабочым кабінеце з расказам пра поспехі падуладнай акругі, суправаджаў на літсустрэчах, пасля іх садзіўся разам за адзін стол звычайна інструктар. А калі сярод творцаў быў літкіраўнік або лаўрэат, - то і загадчык аддзела, зрэдку сакратар па ідэалогіі (звычайна жанчына). Усе, узятыя на службу па “чыстай” анкеце, захоўвалі партыйны этыкет, ніякай крамолы (а сярод яе нацыянальныя рэчы) не дапускалі, у вузкім коле дазвалялі сабе толькі анекдоты. Пра няверных мужа і жонку, армянскае радыё, дасціпнага Вовачку, зрэдзь пра Чапаева. Такіх самаініцыятыўных райкамаўскіх, райвыканкамаўскіх работнікаў, як пухавіцкі краязнаўца А. Прановіч, стаўбцоўскі ўшанавальнік мясцовых памятных мясцін, яркіх асоб навукі і культуры А. Грэкаў, было нягуста.
У час карэспандэнцтва Бураўкіна ў “Праўдзе” (1968 - 72) я працаваў настаўнікам, завучам сельскай школы, і, улічваючы, што падпіска на гэтае выданне была абавязковая, чытаў усё ім там надрукаванае як пра поспехі ў нас, так і пра асобныя недахопы. Яно было па памеры нядоўгае, але па змесце ёмістае і напісанае не трафарэтнымі сухімі штампамі тагачаснай ідэалагічнай сумесі, а свежа, чытэльна, запамінальна. Паколькі сам выпісваў “Полымя”, “Маладосць”, “ЛіМ”, то даволі часта там знаёміўся і новымі бураўкінскімі вершамі, артыкуламі, рэцэнзіямі ды з першай ягонай дакументальнай аповесцю. Тое, што ў гэты час ён выдаў і новы зборнік паэзіі, і першае ўжо выбранае, сведчыла: аўтар у творчым росце, на пад’ёме, што пацвярджалі шматлікія ўхвальныя рэцэнзіі.
Упершыню я сустрэўся сам-насам з Бураўкіным, калі ён быў ужо галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”. І тое спатканне запомнілася назаўсёды: вельмі ж нечаканым яно сталася. У 1973-м у любімае выданне, што раней, у студэнцтве, першым засведчыла мой рэспубліканскі дэбют у прозе, даслаў першую аповесць. Яе прачыталі, ухвалілі загадчык аддзела прозы У. Дамашэвіч і намеснік галоўнага В. Адамчык. Выправіў іхнія заўвагі і пачаў чакаць, што скажа галоўны: ён, як сказалі, у рукапісным стане чытаў усё і пры допуску да друку ставіў свой фірмовы знак: “Г. Б.”.
Трэба падкрэсліць: у той час “Маладосць” па-добраму супернічала з “Полымем” (асабліва тады, калі яго пакінуў Танк на замену Броўкі на пасадзе старшыні Саюза пісьменнікаў і туды прыслалі галоўным літаратара не столькі з творчым аўтарытэтам, колькі па партыйнай надзейнасці: у свой час быў памочнікам Першага, Панамарэнкі, то цяпер як высокаідэйны выхаванец павінен быў суцішыць полымя інтарэсу да даўняй нашай гісторыі, у імкненні да праўды пра вайну, крытыцы рэчаіснасці. Вядомы факт: ён знасіў да сакратара ЦК па ідэалогіі “Круглянскі мост” В. Быкава і папрасіў права надрукаваць яго. “Няхай паглядзяць, што і я як рэдактар не горш за Танка. А потым буду рабіць тое, што тлэба ЦК”. Нядоўга парабіў: вызвалілі за нейкія фінансавыя махінацыі). “Маладосці” развіў крылле яе першы галоўны А. Кулакоўскі сваім творам “Дабрасельцы” (1958), дзе паказаў прыклад маладым, як і не сатырай Салтыкова-Шчадрына, а з гумарам Якуба Коласа ў некаторых апавяданнях можна, скажам, апісаць разуменне сваёй кіруючай ролі старшынёй сельсавета, спалучэнне тым службовага і карыснага для сябе (ён нібы па важнай справе загадзя плануе наведаць сялянскую сядзібу, дзе рыхтуюцца да вяселля ці асвежаваць вепручка). Крытыкі-аглабельшчыкі ўгледзелі ў вобразе недалёкага, жулікаватага і не такога ўжо страшнага хітруна паклёп на нізавых савецкіх работнікаў. Кулакоўскага за “падрыў савецкай сістэмы” гнеўна асудзілі, вызвалілі ад пасады. Новы галоўны, паэт П. Панчанка, на шчасце, не напалохаўся, праявіў франтавую мужнасць, стаўся, як і Твардоўскі ў “Новом мире”, для многіх таленавітых і смелых хросным. Найперш для В. Быкава, які падаў заяўку ў літаратуру ў 1947-м і немалы час шукаў сваю пуцявіну да яе, праўдзівай і высокамастацкай. Знайшоў, а “Маладосць”, чытачы дачакаліся яго новага слова пра вайну: “Жураўлінага крыку” (1960), “Трэцяй ракеты” (1962) і адной з вялікіх вышынь не толькі ў беларускай прозе - “Мёртвым не баліць” (1965). А побач з гэтым - выдатныя апавяданні, аповесці У. Караткевіча, В. Адамчыка, Б. Сачанкі, М. Стральцова, У. Дамашэвіча і, зразумела, шмат узораў выдатнай паэзіі, дэбютаў маладых. Аднойчы ў нашай размове Пімен Емяльянавіч прызнаўся: яму за Быкава шмат перапала (маўляў, тыражуе вузкі, акопны погляд таго на вайну), дасталося і за падтрымку некаторых маладых, якія “пераходзяць межы сацрэалізму”, а да ўсяго і яму самому за яго “ачарняльную” паэзію. “Дапякалі прымітыўныя, звягліва-агрэсіўныя ідыёлухі”, “пясочылі” на бюро ЦК КПБ, меліся нават выключыць з КПСС, каб не галоўны рэдактар “Советской Белоруссии”, які нечакана сказаў там прыкладна так: “Товарищи, мы можем его исключить. Но это будет позор не ему, а нам”. Пасля непакорлівага рэдактара рашылі суцішыць абраннем яго сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў, дзе суцішваўся і яго папярэднік, больш ужо не жартуючы нават над супрацоўнікамі сельсаветаў. Трэба аддадаць належнае наступніку А. Асіпенку: ён годна прадоўжыў маладосцеўскі дэмакратычны накірунак. Асабіста мне, студэнту, пашанцавала дэбютаваць пры ім, пачуць яго цёплы літаратарскі наказ.
“Ну што, Генрых Вацлававіч, - як я прысеў у кабінеце галоўнага “Маладосці”, вось так афіцыйна звярнуўся Бураўкін, як здалося, бліснуўшы строгім позіркам з-пад акуляраў. - Летась з задавальненнем чытаў твой трыпціх пра настаўнікаў у “Полымі”. Уславіў старога педагога, які шчыра любіў дзяцей і аддаў ім усё сваё лепшае, паказаў пошукі маладога, апаэтазаваў Яго і Яе з іхнім дзіцем. Тут, - прыпадняў маю папку, - таксама добрая мова, ёсць яркія мастацкія дэталі, але... - Скрушліва пахітаў галавою. - Невясёлая карцінка з жыцця і працы настаўнікаў няпоўнай сярэдняй школы ў невялікай вёсцы, дзе з цывілізацыі толькі крамка, фельчарскі пункт і пуставаты клуб. Куды (у вёску) у мокрую восень і вясну не прыходзіць з раёна аўтобус. Аселыя пажылыя настаўнікі заземлена спалучаюць працу ў школе і ў сваёй гаспадарцы, дырэктар - кансерватар, нават не дазваляе маладым настаўніцам мець модныя прычоскі і адзенне, а з пяці прысланых у адзін год выпускнікоў інстытута амаль ва ўсіх мала радасці: жылля няма, трэба прасіцца на кватэры, а чатыром дзяўчатам няма за каго выйсці замуж. А яны ж камсамольцы. Ды без камсамольскай энергіі. Нават не жадаюць наладзіць камсамольскі суботнік па ўпарадкаванні вясковай вуліцы або ісці на ферму і чытаць даяркам лекцыі пра міжнароднае становішча ці на якую педагагічную тэму. Настаўнік-хлопец штосьці эксперыментуе на ўроках мовы і літаратуры, але не зусім цягне на яркага станоўчага героя, любімца ўсіх настаўнікаў коласаўскага Лабановіча... Адным словам, невясёлае ўражанне пра сённяшніх сейбітаў вечнага і мудрага...”
У мяне, як кажуць, душа згарнулася. 1973 год выдаўся цяжкі і пераломны: нечакана памерла яшчэ маладая маці, паспеўшы наказаць узяць клопат пра малодшую дачку, вучаніцу малодшых класаў. Перад гэтай размовай мне, яшчэ без аўтарства першай кнігі ды, адпаведна, членства ў Саюзе пісьменнікаў, Б. Сачанка, І. Пташнікаў прапанавалі папрасіцца ў галоўнага на працу ў аддзеле прозы часопіса “Полымя”. Нечаканая перспектыва. Але затурбочвала кватэрнае, сямейнае ўладкаванне. А тут яшчэ такі халодны душ ад Бураўкіна. Даведаюцца ў “Полымі”, што забракавалі маю аповесць ды з такімі крытычнымі фармулёўкамі, то наўрад ці згодзяцца пачакаць з паўгода, калі выйдзе мой падрыхтаваны ўжо ў выдавецтве першы зборнік прозы. А названыя вакансіі бываюць рэдка ды з улікам таго, што ў Мінску ўдосталь прэтэндэнтаў. Тады праца ў часопісе “Полымя” не толькі для маладых, але і многіх сталых літаратараў лічылася вельмі ганаровай. Я, мабыць, папунсавелы, нявесела перавёў позірк на намесніка В. Адамчыка - той хітравата, як гавораць, пасміхаўся ў рукаво.
Убачыў усмешку і ў Бураўкіна:
- Вось так, дружа, успрымуць твой твор крытыкі-секачы, - сказаў ён мякка. - Яны бачаць вясковага настаўніка па-даўняму. Яшчэ з даваеннага часу. Калі той быў на сяле амаль адзіны высокаадукаваны чалавек і яго вельмі паважалі. А рэаліі змяніліся. З праблемамі, пра якія ты пішаш. - І для мяне радасна: - Тваёй аповесцю адкрыем новы год. І будзем чакаць абстрэлу.
Бураўкінская прадбачлівасць спраўдзілася: крытыкі старэйшага пакалення адзначылі “перавагу малюнкаў змрочнай рэчаіснасці, асабістага над грамадскім”, “недахоп коласаўскіх традыцый і няяркасць вобразу новага Лабановіча” і г. д. Асабліва балюча было чуць на пленуме Саюза пісьменнікаў выступленне прыўлашчанага ўладай дырэктара прырэчыцкай школы, паэта: ён амаль увесь свой час выступлення прысвяціў пагрому маёй аповесці, пахваліўшыся, што вось яго (так і гаварыў: “мае”) настаўнікі не ныюць, а ідуць у народ і заўсёды з ім. Пасля пленума злавіў мяне, зашчыраваў: “Разумееш, у прэзідыуме сядзеў міністр асветы. Бачу: яму маё слова падабаецца. А на яго стале прадстаўленне мяне на заслужанага... А ты. Здольны, новае напішаш. Толькі пастарайся дагадзіць”. Я не пераацэньваў свайго тварэння (хапала жыццёвага матэрыялу, але не я ўзвысіўся над ім, а ён нада мной). Ды з-за пачутага не падаў перадавіку рукі, а пазней, калі яго азаслужылі, адмовіўся ад запросін выступіць у ягонай школе. Мо і з-за нападак аповесць прачыталі Я. Брыль, І. Шамякін і сказалі прыязнае слова, а І. Мележ, тады ўслаўнены празаік, намеснік старшыні праўлення СП, старшыня прыёмнай камісіі, паклікаў і прайшоўся па ўсёй аповесці: “вось так пішыце, гэта проза”, “а вось так не: газетна”, “вось тут можна, каб не зацягваць, пераказаць, а вось тут трэба малюнак...”. Яшчэ без кнігі прапанаваў збіраць патрэбныя дакументы для паступлення ў СП. Не наракаю і на чытачоў: званкоў, лістоў было шмат. І ў духу прырэчыцкага перадавіка, і згодных ды ўхвальных. Пазней, калі аповесць пабачыла свет у маскоўскім “Советском писателе”, прыходзілі водгукі на адрас СП і з іншых рэспублік. Адзін рэжысёр падмеўся яе экранізаваць, толькі запатрабаваў нейкага канфлікту добрага з лепшым. Не змог дагадзіць...
Стаўшы членам СП, а неўзабаве і членам яго Праўлення, членам КПСС і членам партбюро, намеснікам сакратара, часта прысутнічаў на розных пісьменніцкіх паседжаннях, сходах, і не мог не заўважыць: аксакалы пачынаюць асцерагацца актыўнага, прынцыповага члена прэзідыума Бураўкіна, які ў 40 гадоў набраў моц як рэдактар (падтрымаў незвычайную па адкрытасці калектыўную кнігу “Я з вогненнай вёскі...”, дзе не толькі пра героіку, а і пра вялікія, сыходныя з усіх бакоў страты, боль, пакуты і незлічоную гібель нашага народа ў час апошняй вайны), займеў том выбранай паэзіі, высока ацэнены ў друку П. Панчанкам, папаўняў свой набытак новымі вершамі, а крыху пазней вызначыўся паэмай “Ленін думае пра Беларусь”.
Не без таго, некаторыя “праўдарубы” пагаворвалі: гэта яго прадуманы ход на Дзяржаўную прэмію. Я ў ліку тых, хто лічыў і лічыць: на гэты раз быў спрыяльны ход для завастрэння ўвагі да лёсу Радзімы (у Леніна сапраўды ёсць радкі, дзе ён піша пра незалежнасць Фінляндыі і Беларусі, адпаведна ведаючы, што наш край у садружнасці ВКЛ меў волю, развіваўся на стараславянскай і старабеларускай грамадскай ды культурнай аснове, займеў не падпарадкаванне, як свярджалі некаторыя гісторыкі-фальсіфікатары, а вядучую ролю). Разгортваючы матывы трагічнага лёсу роднага народа ў мінулым, Бураўкін не проста выяўляў удзячнасць Леніну, Кастрычніцкай рэвалюцыі, без якіх і гутаркі не было б пра нашу дзяржаўнасць, а яшчэ выказваў трывогу за яе, заклікаў больш думаць. Значыць, і дбаць. А Дзяржаўную прэмію атрымае за кнігу вершаў высокага грамадзянскага гучання “Варта вернасці” (1980).
Многія з нас чакалі: на чарговым з’ездзе СП актыўны і дзелавы Бураўкін стане яго старшынёй, разварушыць дрымотнаватую атмасферу ў ім (яе будзілі нацыянальныя заўзятары Н. Гілевіч, У. Дамашэвіч і іншыя, але ў большасці іхні голас не выходзіў за Дом літаратара). Ды гэтая пасада не была яму саступлена старой гвардыяй. Яе падтрымліваў ЦК КПБ, а яна кампрамісіла з ім. Тады на нашым з’ездзе тайным галасаваннем абіралі толькі Праўленне, а на першым ягоным паседжанні выходзіў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі і з лістка зачытваў склад пісьменніцкага кіраўніцтва, які зацвярджаўся ўжо адкрыта, падняццем рукі (звычайна аднагалосна). З 1948-га па 1990-ы ў нас было толькі два старшыні. Броўка і Танк. Яны атрымалі ўсё, што хацелі, і былі спакойныя, забяспечвалі суціш у СП.
Бураўкінскія ўсебаковыя здольнасці ўсё ж былі высока ацэненыя самім Першым і накіраваныя на важную партыйна-дзяржаўную, культурна-выхаваўчую дзялянку - галоўным на радыё і тэлебачанні. Такім чынам, ён патрапіў у кіруючае асяроддзе агледжаных і вылучаных, далучаўся да вышэйшай эліты, кругагляд і светапогляд якой ён ужо спазнаў. Але, ступіўшы на чыноўніцкую сцязю, заставаўся паэтам, і не бязродным, а нацыянальнага складу, не мог цалкам уліцца ў натоўп прыстасавальнікаў і выканаўцаў спасланага зверху. Ягоны чалавечы ды творчы зарад “неспакойнага племені” патрабаваў ініцыятывы, пошуку калі не зусім новага, то хоць свежага, надзённага.
Аднойчы завялася гутарка з Бураўкіным пра трыманы мной у руцэ калектыўны зборнік “Неизвестная Беларусь. 2005”, дзе погляд на нашу краіну вачыма расійскіх, польскіх, беларускіх палітолагаў, пісьменнікаў, гісторыкаў і дзе сабраныя рознагадовыя выказванні на гэты конт нашай яркай зоркі В. Быкава. У прыватнасці, пра так званую талерантнасць нашага народа. Нельга было не згадзіцца з тым, што падкрэсліваў Васіль Уладзіміравіч: люд здаўна нагараваўся з-за бясконцых войнаў, насілля і пабораў, жорсткай кары за паўстанні супроць несправядлівасці, у ХХ ст. панёс шмат страт і ахвяр у Першую сусветную вайну, цяжка перажыў кайзераўскую і, як раней казалі, белапольскую акупацыю, бальшавіцкі гвалтоўны пералом вясковага ладу, жудасныя і незлічоныя даваенныя тэрор і рэпрэсіі ды насілле з розных бакоў у час Другой сусветнай вайны, то вось людзі пасля ранейшых бед удасканалілі ўменне цярпець самае невыноснае і... трымаць язык за зубамі. Ды часам самі ганьбуючы сваю душу. Каб выжыць. І як папракнеш за гэта шматпакутных маці і бацьку, дзядоў і прадзедаў?! Асцярогі і страх не маглі лёгка знікнуць, перадаваліся, як таму коласаўскаму дзядзьку Антосю ў Вільні, дзецям, унукам. То вось, паводле заўвагі Быкава, заіснавала нялепшая людская якасць - змушаная апалітычнасць. Як мазоль зацвярдзелы, яна не магла належна паспрыяць і ў перабудову нацыянальнаму абуджэнню: людзі не маглі не бачыць шум-бурум пра змены-перамены там, у Маскве, а ў нас - ганенні на прыхільнікаў перабудовы і найперш у нацыянальнай справе, якіх падаюць за прадажнікаў Захаду, за ворагаў партыі, сацыялізму, СССР. У нас націскалі на памяркоўнасць народа. Значыць, жадалі, каб ён і далей быў менавіта такі - вынослівы ды пакорлівы, цярплівы да сталінска-брэжнеўскага рэжыму, бачыў сябе толькі савецкім членам вялікага працоўнага калектыву і задавальняўся на святы маленькай радасцю - чаркай і скваркай.
Пры той гутарцы пра быкаўскія разважанні мы засяродзіліся і на іншым сугучным. Да слова, пра тое, што да 1950-га каля 80% нашых насельнікаў жыло ў вёсках, пасля ў пошуках лепшай долі і патрэбе рэспублікі моладзь рушыла ў гарады і да 1980га абмяліла вёскі да 44%, а вось лік гараджан давяла да 56%. Не адзін мільён Ясяў і Янін у сукупнасці папоўніў рабочы клас, розную абслугу і гандаль, пазаканчваў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, стаўся інтэлігенцыяй разнастайных профіляў, а то і высока аступеніўся і, паўтаруся, шматліка апартыіўся і апасадзіўся, выслужваючы новую перспектыву. Адпаведна, не адзін мільён спрычыніўся да ўрбанізацыі нашага грамадства. Мноства Ясяў і Янін лічыла сябе “тожабеларусамі” і крыўдзілася за мянушку “таўкач”, але ўсё ж пакінула свой беларускі дух у вёсцы, не змагло перанесці яго ў гарады, як, скажам, сельскія літоўцы аблітовілі Вільню. Каб такога не здарылася, каб не адступіцца ад фармавання савецкага грамадзяніна, наша паслухмянае кіраўніцтва паказвала наказаны яму з цэнтра прыклад у гэтым: выхаванне ў гарадскіх дзіцячых садках, навучанне ў ВНУ, гарадскіх школах паскорана пераводзіла на рускую мову (вывучэнне гісторыі Беларусі аднавілася толькі ў другой палове 1950-х, але на аснове школьнага падручніка і акадэмічнага даследавання, напісаных павярхоўна, у духу сталінскай “Гісторыі ВКП (б). Кароткі курс”, а значыць без аніякага нацыянальнага погляду). Русіфікацыя пашыралася і ў вёсках. Да ўсяго нашы высокаадукаваныя “фізікі” захапіліся толькі ідэяй НТР, хуткім успыхам генетыкі, хіміі ды іншых навук (мой аднакласнік, а пасля студэнт-матэматык, маляваў для мяне фантастычныя цуды тэхнікі блізкага часу: ЭВМ, персанальныя камп’ютары, праграмаванне; цяпер ён у ЗША, удачлівец сярод на 1993 год 500 тысяч беларусаў, і там, да яго гонару, удасканаліў ад некаторых з тых эмігрантаў беларускую мову, спазнаў нашу гісторыю і стаў не савецкі, а высокаадукаваны і нацыянальна свядомы амерыканскі беларус). Тады многія вясковыя выхадцы засаромеліся сваёй “дзеравеншчыны” з беднасцю і бяспраўем, з куфайкамі, гумовымі ботамі ды віламі, за яе дарэвалюцыйныя, як завучылі, толькі хамуты і дугі, лучыны. Пад уплывам тагачаснасці звысоку глядзелі на нас, “адсталых лірыкаў”, не разумелі тых, хто хоча адшукаць слаўныя сляды продкаў у далёкай гісторыі (для “фізікаў”, як і для партыйных вылучэнцаў, і Скарына быў нібы і не Скарына, нейкі “старажытнарускі” выпадак з полацкім каларытам, хоць задвухкосенае слова было прыдумана толькі ў сталінскі час). Ад названага сораму яны цураліся беларускай літаратуры з яе моцнай сялянскай, а з Быкавым і антываеннай тэмай, з выдатнымі пластамі ўзнятай і па-мастацку апрацаванай беларускай мовай. Некаторыя з іх, каб узначаліць кафедру або канструктарскае бюро, уступалі ў партыю, але заўзятарамі яе не былі. Беспартыйныя, як зазначаў той жа Быкаў, самаізаляваліся, апынуліся ў маўклівай апазіцыі. Асобныя маглі захапіцца Высоцкім ці рэлігіяй (калега майго сябра-фізіка падаўся ў святары, пазней таемна ў Вільні хрысціў нашых дачок) або язычніцкімі праявамі (сурокі, псота, гадалкі), рознымі дзівосамі (перамяшчэнне прадметаў, лятаючыя талеркі, пазазямныя цывілізацыі), цікавасцю да ўпотай ходкіх па руках рукапісаў (пратаколы сіёнскіх мудрацоў і інш.). Досыць колькасная інтэлектуальная люднасць не асабліва паўплывала на стан і ўзровень не на насельніцтва, а на нацыю як такую. На спалучаную нацыянальным духам супольнасць, што ў СССР захоўвала самабытнасць народаў Прыбалтыкі, Каўказа, Сярэдняй Азіі і каму наша кіраўніцтва падмелася паказаць іншы, наш паўабязлічаны ўзор. Паказалі. Але там не спяшаліся яго пераймаць, таму пры палітычных зменах, у перабудову іхняя незалежнасць, дзяржаўнасць і склаліся больш натуральна. На грунце сваіх нацыянальных традыцый, нацыянальна-культурнай спадчыны.
Праўда, гаварылі мы з Бураўкіным, у савецкі час былі ўсё ж і выключэнні: да слова, у Мінску сярод абываталяў з вышэйшай адукацыяй услед за некаторымі мастакамі ўспыхнуў інтарэс да беларускамоўнага У. Караткевіча. Мо і з-за чутак, што “ён не такі, як усе” і што яго “забараняюць”. Афіцыйная ідэалогія забараняла глыбокі, праўдзівы паварот да новага асэнсавання нашай даўняй гісторыі, занепакоілася, але, убачыўшы, што гэты пісьменнік асабліва не выходзіць за межы легенд і паданняў, не заканчвае раман “Каласы пад сярпом тваім” на трагічнай ноце (расправа з К. Каліноўскім), а значыць, і не абуджае небяспечныя акцэнты, дазволіла пісьменніку волю на рамантычныя мроі, дэтэктыўныя фантазіі. А ён карыстаўся гэтым і часам нямала чаго гістарычнага ўстаўляў туды. Галоўны “Маладосці” Васіль Зуёнак і я, намеснік, як маглі, падтрымлівалі яго ўстаўкі, напрыклад, у “Чорным замку Альшанскім”, але не маглі тое-сёе адстояць перад цэнзурай. Напрыклад, аповед аднаго героя пра тое, што славуты Сувораў чыніў на нашай зямлі і злачыннае. Караткевіч акуратна прарваўся з дакументалістыкай пра нашу старажытную гісторыю і сам многія свае думкі зрабіў такімі па-сённяшняму ў звычайна прыстойным, а тады наватарскім і смелым нарысе “Зямля пад белымі крыламі”, што чытаецца не з меншым задавальненнем, чым яго мастацкія творы. Варта сказаць і пра тое, што ў пісьменніцкую беларускамоўную сям’ю ў розны час прыйшлі не толькі філолагі, журналісты, але і медыкі, матэматыкі, інжынеры-тэхнікі розных профіляў, лесаводы, нават юрысты, вайскоўцы і міліцыянеры. Некалькі з гэтага папаўнення сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ці вось такі высакародны ўчынак: біёлаг Фёдар Піскуноў абверг тэзіс пра беднасць і непрыдатнасць беларускай мовы да дакладных навук ды мудрых выказванняў кіраўнікоў, сабраў і з дапамогай новых тэхналогій склаў яе слоўнік, неверагодным чынам адшукаў сродкі ды вывеў яго ў свет (2012 год, выдавецтва Зм. Коласа), дзе... 223 тысячы слоў, што былі ўжыты ў 70 мільёнах выпадкаў не толькі ў лінгвістыцы, але і ў анатоміі, біяхіміі, інфарматыцы, фізіцы, матэматыцы, медыцыне, юрыдыстыцы і шмат яшчэ іншых галінах!.. У нарматыўным слоўніку, выдадзеным у 1987-м “БелСЭ”, было толькі 118 тысяч слоў. Нарматыўнае - ненарматыўнае; вось, кажуць, паэт Уладзімір Дубоўка ўвёў слова “адлюстраваць”, а яно ўзяло і папоўніла залаты запас нашай мовы! Піскунову, расказваў, радасна было, што многія ў свеце берагуць рэдкую кветку або птушачку, нават пэўнага паўадзінокага драпежніка, а тут - жывое з жывых - Яе Вялікасць з чалавечых значнасцяў! Мова! Першае пасля піску, мармытанняў слоўка неўмаляцкае! Ад пракаветнага Боскага дару! (Дарэчы, Бураўкін быў адным з сяброў Кансультацыйнай рады слоўніка Піскунова і высока ацэньваў яго.)
Як засведчана ў дакументах, беларуская мова заззяла не толькі ў прадмовах Скарыны, а здолела сваім акцэнтам ці слоўкам-другім падаць голас у пануючай царкоўнаславянскай (яе культывавалі самыя адукаваныя пасля прыняцця хрысціянства служыцелі царквы, спецыяльна падрыхтаваныя пісары) яшчэ значна раней (гл. Гандлёвую Дамову паміж Смаленскам, Полацкам, Віцебскам з Рыгай за 1229 г., дзе прапісаліся некаторыя моўныя рысы тагачаснай жывой мовы нашых княстваў). Яшчэ Фёдар Антонавіч прызнаўся: многія пацяшаліся з яго, для іх не з рэалістычнага са свету гэтага, а “блаженного” з-за ягонай траты часу, “дикого труда и денег впустую”. Але яму, такому непрактычнаму, асабліва завярэдзіў душу болем уведаны ў 2000-я даклад ААН, дзе была перасцярога: у ліку моў, што могуць неўзабаве знікнуць з-за абыякавасці ўлад ды насельнікаў, з-за выгнання з хатняга жылля, дзіцячых садкоў, са школ, ВНУ, з партыйна-дзяржаўных кабінетаў і наша, беларуская. Стала сіратой пры жывых бацьках.
Значыць, ёй неабходны найперш моцны дзяржаўны падмацунак. Нават каб у назве краіны захаваць яе паходжанне і сутнасць. Ён жа дзеля захавання яе вырашыў: павінен зрабіць тое, што можа. Не толькі прадоўжыў збіраць беларускія залацінкі, але літаральна прысвяціў гэтаму сваё нядоўгае, але змоладу свядомае жыццё. І сам уславіўся сваім выдатным помнікам - ледзь падняць адной рукой фаліянт амаль з 1200 старонкамі яшчэ жывой беларускасці. Гэта - зусім не тое, што для эканоміі сродкаў дзецьмі або ўнукамі яшчэ пры жыцці ставіць помнік самому сабе. Споўненая задума Піскунова - подзвіг, а вынік яго - сам па сабе помнік. Лічу без перабольшвання: гэта ў духу моўнай старажытнай “Глосы” (у нас яе, тлумачэнне на палях кнігі незразумелых слоў, увёў Ф. Скарына), “Лексіса...” (1596) Л. Зізанія, беларуска-рускага слоўніка (1870) заўзятага мовадапытніка І. І. Насовіча і інш.
Толькі што прачытанае і яшчэ далей дададзенае, хочацца верыць, чытач успрыме не проста як пабочнае адступленне. Калі Бураўкін згадзіўся прысвяціць свае веды, энергію і здароўе, час радыё і тэлебачанню, ён ужо добра ведаў: яму на такой важнай ідэалагічнай пасадзе аніяк не абмінуць толькі што названых фактараў і прыйдзецца шукаць папаўнення гуманітарных набыткаў, ад чаго ягоная праца будзе нялёгкая. У тым ліку і з-за новых, часам непрадбачаных, незалежных ад яго акалічнасцяў, што будуць павісаць цяжарам. Скажам, з-за міжнароднасці: у той год пасля абрання паляка рымскім папам ажывілася суседняя Польша, і зусім не на карысць сацыялістычнай сістэме. Супраць увядзення яе ў выніку дзяржперавароту таго ж 1978 года выступілі многія слаі грамадства ў Афганістане. Ён, шматнацыянальны і рознамысны, забурліў - яго не маглі ўтаймаваць ні савецкія дарадцы і падвучаныя марксізму афганцы (“Вы нам - Тараки, но мы - не дураки”). У сувязі з гэтым у нас нагняталася ідэйная апрацоўка ўсяго люду, зразумела, родных тых, хто служыў у Савецкай Арміі: маўляў, у Афганістан для падаўлення “народнай рэвалюцыі” рыхтуе ваенную інтэрвенцыю ЗША. Мысляру можна было здагадацца: пад гэтай прапагандай рыхтуецца ўвод туды савецкіх войск (пасля стане вядома: ЗША хітра падштурхоўвалі на завязванне савецка-афганскага вузла). Заставалася сама па сабе, імкнулася стаць адным з лідараў “трэцяга свету” Югаславія. У Кітаі, з якім нядаўна справа зайшла да ваеннага канфлікту, здаецца, ужо запынілася незразумелая бічавальная над інтэлігенцыяй “культурная рэвалюцыя” і паваротліва выпрацоўваўся курс на мадэрнізацыю свайго сацыялізму. Жудасці па пабудове яго са сваім акцэнтам з няўцямнай пазіцыі Крамля тварыліся ў Кампучыі, дзе гвалтам з гвалтаў сваімі ж “таўкачамі” знішчаліся навука, старажытная культура і носьбіты іх, просты люд пераўтвараўся ў абязлічаных рабоў ХХ ст.
Крамлёўскія кіраўнікі ўлічвалі ўсё гэта і ўзмацнялі палітычную дэзінфекцыю народа. Школьнікі навучаліся на “лепшых прыкладах камуністаў і камсамольцаў, гераізму народа ў час вайны”, рабочую і студэнцкую моладзь натхнялі на “будоўлю стагоддзя” - БАМ, усіх працаўнікоў - на выкананне рашэнняў чарговага гістарычнага з’езда КПСС. На міжнароднай арэне стараліся ідэйна і шчодра матэрыяльна падтрымаць усе вызваленыя ад каланізацыі краіны, каб яны пайшлі сацыялістычным шляхам. Усё гэтае патрабавала ад усіх ніякага разважання, ва ўсім адзінства поглядаў і паводзін, што павінна было дэманстраваць стабільнасць СССР (хоць яна гарантавалася не столькі новымі тэхналогіямі, колькі рабункам прыродных багаццяў для здабыцця нафтадолараў). Партыйны сінкліт ад генсека да партарга маленькай суполкі пачуваўся звышупэўнена: упэўніўся ў вечнай сваёй уладзе і сваім хлебе нязводным. Права на гэта было замацавана канстытуцыйна асобным пунктам (1977), КПСС была вызначана як ядро палітычнай сістэмы савецкага грамадства, дзяржаўнай і грамадскай арганізацыяй. Ніякія іншыя волевыяўленні, партыі не дапускаліся (дарэчы, менавіта ад “фізікаў” я пачуў такі кпін: “Чаму ў нас адна партыя?” - “Больш не пракарміць”). Кіраўнікі-аднакормцы загарэліся правесці ў Маскве, у іншых гарадах, у тым ліку і ў Мінску, унушальна паказальныя Алімпійскія гульні, а на іх выявіць росквіт, перавагу ва ўсіх сферах развітога сацыялізму (пазней масквічы будуць уздыхаць: у 1980-м на Алімпійскім гульнях, калі заявілася мноства розных шыкоўных новабудоўляў, быў класны парадак без вывезеных за 101-ы км злодзеяў, махляроў, п’яніц і жанчын лёгкіх паводзін, а з рэзка абмежаваным пад’ездам пакупнікоў з суседніх гарадоў крамы былі заваленыя выдатнымі таварамі, далікатэсным харчам, яны кароткі час пабачылі, што такое не толькі паўтайны наменклатурны, але і масавы, у маскоўскіх межах, камунізм).
Старэйшае пакаленне помніць: тады ў СССР, асабліва ў Маскве і Ленінградзе, зачысткі іншадумнасці ўжо не маглі вярнуць сталінскі рэжым: як і ў краінах так званай народнай дэмакратыі, немалая колькасць савецкага люду не толькі працягвала быць незадаволеная сваім жыццём, але ўжо не абмяжоўвалася кухоннымі абуранымі гавэндамі, учыніла такую з’яву, як дысідэнцтва і масавая эміграцыя ў багацейшую краіну капіталістычнага Захаду і галоўную суперніцу СССР па халоднай вайне, у ЗША. Рэпрэсіўныя метады супраць гэтага (шальмоўная кампанія, забарона права на публічнае выступленне і на друкаванне твораў, прымусовае змяшчэнне ў псіхбальніцы, судовыя працэсы, высылкі) у пэўнай меры суцішалі бурнае кіпенне, але падрывалі ў свеце савецкі прэстыж. Што ж за рай, калі з яго даюць драла?!
У атмасферы нязменнасці камандна-адміністрацыйнага курсу (нават у спорце: у тым 1978 годзе шахматысту Карпаву на сусветным першынстве літаральна загадвалася перамагчы суайчынніка, а пасля эмігранта Карчнога), “КГБ” (“Камітэту Генадзя Бураўкіна”, як пазней зажартуюць дасціпнікі) нялёгка было ісці на пэўныя новаўвядзенні ў рабоце. Асабліва ў нас пры звышпільнасці прававерных ідэолагаў і яго падпоры - агрэсіўнай часткі кансерватыўнага, яшчэ прасталінскага асяроддзя, дзе і нізавыя кіраўнікі тыпу героя Агурцова з камедыі “Карнавальная ноч” (як пісалася ў рэцэнзіях, “дурак, обуреваемый жаждой бдительности и деятельности”) не дапускалі аніякай талерантнасці. І “не паступаліся прынцыпамі”.
І трэба прызнаць яшчэ такі факт: у пераможнае шэсце эры тэлебачання, а ў некаторых ужо і замбіраванай залежнасці ад яго (гарадскія мужчыны ўсё больш пакідалі дваровыя лаўкі і столік, дзе весела, часам з крамольнымі рэплікамі пра існуючы лад і начальнікаў бавілі час гульнёй у шахматы або даміно (скажам, гулец на мудрагелісты ход суперніка прамаўляе адмыслова, з падтэкстам: “Дазвольце не дазволіць!”), жанкі - свае “побытава-парламенцкія” пасядзелкі, амаль усе ішлі глядзець заваёўніка розуму і душы). У многіх была пераважная цікавасць да маскоўскай тэлевізіі. Тая, ва ўсім маючы значна большыя магчымасці, мела болей і лепш зробленых захапляльных праграм, на фоне якіх мінская выглядала правінцыйнай. Па прызнанні Бураўкіна, ён на субяседаванні з Машэравым выклаў сваю прапазіцыю наконт таго, што па сіле нашаму тэлебачанню. Той выслухаў яго, штосьці падправіў і блаславіў: “Действуй. Но осмотрительно”.
Машэраў і Бураўкін - яшчэ мала даследаваная старонка нашага былога жыцця-быцця... Казалі, Брэжнеў называў Машэрава за яго частыя паездкі па рэспубліцы, гутаркі з простымі людзьмі, касьбу ў гумовіках на лузе з сялянамі, за ўзнёслы камуністычны пафас артыстам, а генсекаўскае акружэнне недалюблівала за высокі ўсесаюзны аўтарытэт здольнага і дзелавітага, строгага, але зусім не напышлівага, не карумпаванага рэспубліканскага кіраўніка ды за распаўсюджаныя па ўсім Саюзе пошапты, што той варты пасады Генсека і зможа прынесці заўчасна зношанаму савецкаму арганізму маладзільны яблык. Мо каб не прыцягваць да яго асобы большай увагі, чатыры гады (!) не прывозілі ў Мінск уручаць гораду прысвоеную зорку Героя. Дзеля Машэрава нікога з нямоглых целам і розумам крамлёўскіх старцаў з Палітбюро не адсунулі, каб даць яму, свежадумцу, месца ў вышэйшым партыйным сінкліце. І пры гэтым здзекаваліся: у час апошняга пры яго жыцці партз’езда, як мы назіралі па тэлевізары, на заключным этапе менавіта яму даручалі зачытаць спіс рэкамендуемых у члены і кандыдаты Палітбюро. Просты люд наіўна верыў: так параіў ён. Але і з паслушным яму нашым партыйна-дзяржаўным апаратам Машэраў не быў усёмагутны. Ягонай згоды, скажам, было мала, каб надаць і важнаму інстытуту статус універсітэта, адкрыць новыя газету, часопіс, выдавецтва. Толькі са згоды цэнтра. Меў толькі ўскосны ўплыў на КДБ (здолеў вылучыць у намеснікі старшыні мясцовага ўраджэнца) і крыху большы на МУС (тутэйшы стаў міністрам у адзін год з назначэннем на высокую пасаду Бураўкіна). Многія і цывільныя міністэрствы мелі ўсесаюзна-рэспубліканскі статус, то, адпаведна, маглі атрымаць падсобку з цэнтра ды заадно мусілі ва ўсім падпарадкоўвацца яму (адзін з дырэктараў Гомсельмаша расказваў: у некаторыя цэхі, што працавалі на савецкую групоўку войск у Варшаўскім пакце, ён не меў права нават зайсці). Нешматлікія тольга рэспубліканскія міністэрствы былі таксама важныя, але падсобныя (транспарт, бытавое абслугоўванне, камунальная і паліўная гаспадарка і інш.) толькі мясцовага значэння. Машэраў трымаў усіх у напружанні не толькі на выкананне даручаных рэспубліцы планаў, але і на датэрміновасць іх, не мог адступіцца ад тагачаснага партыйнага курса на далейшую саветызацыю. Хто здолеў у дзень трагічнай гібелі Машэрава залавіць голас “з-за бугра”, то пачуў прыкладна такое: загадкавае жыццё савецкіх кіраўнікоў, загадкавая і заўчасная смерць некаторых з іх.
І ўсё ж застаецца несумненная рэч: Машэраў з вышэйшых прыезджых і мясцовых кіраўнікоў розных часоў стаўся не толькі спраўным функцыянерам, але і наватарам (напрыклад, правёў пленум ЦК па пераводзе многіх малаперспектыўных калгасаў у сістэму аграгарадкоў, але цэнтр змусіў згарнуць праграму). Менавіта ў ягоны нялёгкі перыяд пры яго падтрымцы аяскравіліся некаторыя паўзабытыя нашы духоўныя каштоўнасці. Пачалі том за томам выходзіць у свет такія важкія самабытныя духоўныя залежы, як фальклорны збор “Беларуская народная творчасць”, пяцітомны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, запрацавала на правах НДІ пры АН БССР выдавецтва “БелСЭ” з выпускам спачатку 12-томнай энцыклапедыі па сусветнай і беларускай гісторыі, усіх галінах духоўнай і матэрыяльнай культуры, а з такім паваротам пачалі рыхтавацца і планавацца на бліжэйшы час выданні таксама шматтомных гістарычнага і этымалагічнага слоўнікаў нашай мовы, галіновых энцыклапедый, “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, альбомаў тыпу “Жывапіс Беларусі ХІІ - XVIII стагоддзяў” ці даследавання “Помнікі этнаграфіі” з грунтоўнымі каментарамі і дадатковым інфармацыйным матэрыялам, што ўсё сведчыла пра высокі ўзровень не толькі пасля 1917-га, а на стагоддзі раней палітыка-дзяржаўных, навуковых, эканамічных, прававых, мастацкіх набыткаў.
Мы, супрацоўнікі і аўтары, у “Маладосці” па даручэнні аддзелаў культуры, агітацыі і прапаганды ЦК распрацоўвалі і ажыццяўлялі публікацыю пробных матэрыялаў для стварэння калектыўнай кнігі “Памяць”, прысвечанай пэўнаму раёну. У перспектыве кожны з іх мог мець свой шматжанрава-тэмны памятны аб’ёмны том-дакумент з часоў сівой даўніны (праўда, без “выпячивания” беларускасці) па сучасны дзень. Мы, пісьменнікі, не можам не адзначыць, што Машэраў паспрыяў адкрыць асобныя выдавецтвы “Мастацкая літаратура” і “Юнацтва”, а таксама Дом літаратара і Дом творчасці.
I машэраўская асцярожнасць падбадзёрвала новае пакаленне пісьменнікаў, гісторыкаў, мастакоў, увогуле інтэлігенцыю, усіх дапытлівых глыбей спазнаваць гістарычную даўніну, адшукваць нашы гісторыка-культурныя каштоўнасці па ўсім СССР і за яго межамі. Ужо немалы атрад высокадасведчаных знаўцаў быў гатовы асвятліць наша мінулае з яго набыткамі без замоўчванняў і фальсіфікацый. I такі спрыяльны час наступіў у гарбачоўскую перабудову, калі пачне (1993) выдавацца шасцітомнік “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй М. Ткачова (ён, на жаль, паспее падрыхтаваць толькі першы том). I калі выйдзе ўжо названы тут энцыклапедычны даведнік “Беларусь” (1995) пад рэдакцыяй Б. Сачанкі, ён, шматпрофільна дасведчаны і прынцыповы, таксама, на жаль, плённа пакіруе энцыклапедычнай справай нядоўга, ягонае змалку напружанае жыццё (спаленая вёска ў час вайны, вываз у Германію, пасляваенная беднасць, недавер да нацыянальных поглядаў) не зусім ясным чынам абарвецца ў поўным сэнсе на рабочым месцы і ў росквіце творчых сіл.
У энцыклапедычных выданнях будуць вернутыя многія несправядліва ашальмаваныя імёны ды адкінуты ярлыкі тыпу “нацыяналістычны”, “буржуазны”, “контррэвалюцыйны” або такое няўцямнае, як Ус. Ігнатоўскаму, абвінавачванне “нацыянал-ухіліст...”. Пасля з’явіцца шмат іншых асобных і шматтомных гістарычных даследаванняў, у тым ліку ўнікальнае па змесце, ілюстрацыях “Вялікае княства Літоўскае”, дачакаемся шмат новых і, галоўнае, грунтоўных навуковых прац па гісторыі БНР, дзе некаторыя ранейшыя яе заўзятыя крытыкі перагледзелі свае погляды і аддалі даніну праўдзіваму асвятленню. Адным словам, тыя, хто дажыў да сённяшняга дня, моладзь, не могуць папікнуць старэйшых, што для іх нічога вартага не было зроблена. Бруілася, бруіцца народная крынічка, цячэ ручайком, толькі трэба мець жаданне нахіліцца да яе лекавай вады, зачарпнуць яе і ёю асвяжыцца, папоўніцца духоўнай сілаю, паспрыяць ручайку шырыцца, глыбець і плыць, плыць.
Машэраў, мабыць, выціснуў з сацыялістычнага ладу ўсё, а то і крыху болей таго, на што тады той без якасных рэформ быў здольны. Вывеўшы ў тым, 1978-м, радыё, тэлебачанне з сістэмы падпарадкавання аддзелу пэўнага ведамства, дробным клеркам і асамастоіўшы іх у асобны Дзяржкамітэт, думаецца, і энергічнаму, надзеленаму арганізацыйным талентам Бураўкіну была дадзена мажлівасць таксама выціснуць усё ідэалагічнае і з культурным воблікам даступнае ў яго спецыфічнай дзейнасці. Яна цяпер выпадала не на адну галоўную рэдакцыю, як у “Маладосці”, а па 9 галоўных па двух галінах ды яшчэ з сімфанічным аркестрам, камерна-інструментальным ансамблем, хорам, “Тэлефільмам”, рознымі тэхнічнымі службамі, са студыямі ў асобных абласцях. Трэ было прымаць непасрэдны ўдзел у складанні ды ажыццяўленні праграм па інфармацыі, па палітыка-грамадскіх, сацыяльна-эканамічных, навукова-папулярных, навучальных, літаратура-драматычных, музыкальных, забаўляльных перадачах. І яшчэ з улікам таго, што, як пагаворвалі, тэлевізійная эра ўжо хутка адцісне на збочыну літаратуру, СМІ, мастацтва, тэатры і кінапаказы ды старэйшага сабрата - радыё. Нават з яго новымі папулярнымі набыткамі як бяздротавы персанальны транзістар і інш. Пры гэтым, паўторымся, беларускае тэлебачанне ў многім недасягальна саступала маскоўскаму, аніяк не могучы падаць гледачу такія перадачы, як “Время”, “Международное обозрение”, “Клуб путешественников”, “В мире животных”, “Голубой огонёк”, “Песня года”, “КВН”, а таксама футбольныя і хакейныя рэпартажы з матчаў лепшых каманд свету, мастацкія кінастужкі ды спектаклі, мультфільмы і г. д. Каб рэарганізаваць радыётэле, павысіць яго ўзровень, несумненна, трэ было быць яркай аўтарытэтнай асобаю ды заадно ўдасканаліць свой вопыт працы з вялікім калектывам рознага ва ўсіх адносінах люду, зацікавіць яшчэ большую неаднародную аўдыторыю і знайсці давер у яе.
Як расказвалі знаёмыя супрацоўнікі “КГБ”, новы яго начальнік пачаў з самага простага: са значна большага ўжытку роднай мовы як рабочай на нарадах і ў справаводстве (зусім не анекдот: як пазней, у перабудову, стане вядома, скажам, у міністэрстве юстыцыі (справядлівасці і правасуддзя!) нават не было пішучай машынкі... з беларускім шрыфтам!). А заадно і з больш частым ужываннем яе ў розных тэлеперадачах (і цяпер помніцца, як мілагучна на роднай мове загаварыла пра дзейнасць МУС яго прэс-сакратар ці як грунтоўна і хораша павёў футбольныя рэпартажы па-беларуску паэт і нядаўні футбаліст А. Камароўскі, які, мы жартавалі, давёў мінскае “Дынама” да таго, што яно нарэшце выбілася з сераднячкоў і стала чэмпіёнам краіны. Пазней Алесь напіша аповесць пра футбалістаў, а прадмову да яе складзе выдатны дынамавец Э. Малафееў). Гэта не было па душы ўсім. Асабліва гледачам тыпу ўжо названага Агурцова: што - адступленне ад партыйнай лініі, зварот да нацыяналізму? Вырашана ж: пры камунізме будзе адна мова, а ён павінен ашчаслівіць вось-вось, ужо ў 1980-м.
На той час многія былі ў недаўменні ад Бураўкіна: ён працягваў актыўнічаць у паэзіі і ў ёй захоўваўся яго моцны ідэйны струмень, грамадзянскі пафас, ніякіх хістанняў. “Аўрора”, Вялікі Кастрычнік, Ленін (і той усё думаў пра Беларусь: раз за разам друкаваліся паэтавы ўрыўкі з паэмы пра яго). І ў той жа час відавочылася: тэлебачанне ўсё болей набывае змястоўнасць, лепшае з нацыянальнага фактару падаецца як чыстая крыніца папаўнення духоўнасці, без якой грамадства не можа быць здаровае. Бураўкінская “осмотрительность” была ў комплексе і разам з тым рашуча перанастройвала многіх аўтараў, рэжысёраў, аператараў найперш інфармацыйнай, грамадска-палітычнай галіны пераадольваць у рабоце звычайны пераказ падзей, штампы і трафарэты, шукаць жывы матэрыял і разважаць над праблемамі рэчаіснасці. І патрабавалася сцісласць: тады рэспубліканскія мажлівасці тэлевізіі былі абмежаваныя: тры каналы ў Мінску, два ў абласцях. Самы выгадны і большы час адводзіўся цэнтральнаму вяшчанню. Адпаведна, галоўнымі і абавязковымі былі маскоўскія перадачы ў духу савецкага сацыяльнага аптымізму - навіны пра чарговыя поспехі і выкрыванне імперыялізму з усё большай агрэсіўнасцю да ЗША, пра пленумы і нарады ЦК КПСС, незлічоную па колькасці савецкую і з краін сацлагеру самую высокую ўзнагароду Брэжневу за яго гіганцкія дасягненні, пра новыя і лепшыя, чым у амерыканцаў, узлёты ў космас. А яшчэ абавязковыя паказы цэнтральных палітыка-грамадскіх перадач, тэлеспектакляў, канцэртаў, запісы розных юбілейных вечароў усесаюзна вядомых дзеячаў навукі, культуры і мастацтва, пра спорт (асабліва пра пераможны) і інш. Для рэспубліканскай тэлевізіі адводзіліся строга рэгламентаваныя закуток і час. Таму, бывала, скарыстоўвалі і перапынак паміж хакейнымі перыядамі матча зборнай СССР, за поспех якой перажываў сам Генсек. Хто загаворваўся, абрывалі на паўслове.
Уструска была не даспадобы ўсім супрацоўнікам, абнаўленне - пэўнай катэгорыі гледачоў. Бураўкін умеў знаходзіць разумныя, гібкія кампрамісы. Ды было невыпадкова, калі на пасяджэнне важнай калегіі мог заявіцца сам Машэраў і паважліва паставіцца да яго прапаноў. Само па сабе многае прызналася за ім, калі ён неўзабаве стаў дэпутатам, членам ЦК. Пры гэтым ягоныя высокая культура і чалавечая годнасць не дазвалялі яму афішаваць сябе на экране. Не запалоньваў эфірны час прамовамі, публічнай самапахвальбой, крытыкай ды прыніжэннем іншых і Машэраў. То іхнюю штодзённую карпатлівую, структурную, якасную працу як след маглі ацаніць толькі блізка дасведчаныя ці асабліва пранікнёныя, бачачы, што тэлевізія ды радыё пачалі свяжэць. Аналітычнымі гутаркамі-развагамі публіцыстаў і прафесіяналаў розных сфер, жвавымі журналісцкімі інтэрв’ю, нават пакуль што асцярожнымі дыскусіямі, а заадно новымі і рознымі рубрыкамі.
Яго турботамі абнавілася і такая неабходная частка тэлеперадач, як забаўляльная. Калі не па яго віне не ўдавалася падняць рэдкія і слабенькія жанры гумару і сатыры мясцовых эстрадных забаўляльнікаў з прыпеўкамі пра п’яніц, хуліганістых валасатых стылягаў з іх “бугамі-вугамі”, падпальшчыкаў вайны (чым вызначаўся персанаж Вялюраў з фільма “Пакроўскія вароты”) да ўзроўню ўсесаюзнага (рэпрызы Райкіна ці перадачы “КВЗ”, “Кабачок “12 стульев”, “Вокруг смеха”), то ў музычна-песенныя жанры на тэлебачанні ўнёс новыя змены. Тады яны, гэтыя жанры, мелі, як пазней зажартуюць, “народніцкі” характар: у асноўным гучалі ў выкананні паважных мэтраў. Яны пачыналі канцэрты ці сольныя выступленні з высокаідэйных перадавіц, а пасля дадавалі патрыятычнае з часоў вайны, устаўлялі лірычнае і нават светлажурботнае з даўніх песень ды рамансаў і ў адпаведнасці з тэматыкай вечарыны пашыралі абсяг песнямі, скажам, пра подзвіг, рамантычнасць працы цаліннікаў, касманаўтаў, геолагаў, ткачых, лесарубаў, шафёраў, вайскоўцаў, проста маладых хлопцаў і дзяўчат і г. д. Нямала ў такіх хваласпевах было абыклага, падхарошанага, але і нямала вабнага ад просценькага сюжэту і ўслаўлення чалавечых пачуццяў і добрых спраў, ад абуджанага натхнення. Вядомыя і новыя творы ў гэтым фармаце пад аркестр звычайна дапаўнялі вясёлая песенна-танцавальная самадзейнасць і пад гармонік альбо балалайку выканаўцы народных і аўтарскіх гарэзных прыпевак.
Бураўкін быў глыбока дасведчаны ў беларускай музычна-песеннай творчасці, дзе з яго равеснікаў ярка вылучаўся I. Лучанок. Яны нават былі сугучныя сваёй пачатковай “броўкасцю”. Як адзначалася ў “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” (1986), Лучанок з майстэрствам вырашае “тэмы высокага грамадзянскага гучання (Уі. Ленін, Радзіма, Ленінскі камсамол, подзвіг бел. народа ў Вял. Айч. вайне і інш.”). Апошняе паўслова вылучана мной.
Ды сам час уносіў папраўкі: паступова між “народніцкім” пачало ўкліньвацца іншае, што крыху дазволена, а часам і падпольна прарывалася на эстраду (крыху ў філарманічную і цыркавую, часцей у рэстаранную і моладзевую-вечарынкавую) і што паходзіла ад замежных салістаў і ансамбляў на аснове джазу-року (Прэслі, “Бітлз” і інш.). Калі з дазавана “буржуазным” джазам Уцёсава і некаторых іншых ідэолагі, меламаны-пурытане рана-позна змірыліся (тых для ажыўляжу не забараніў сам Сталін), то ўзбушанае англійска-амерыканскае ў рок-музыцы 1950-70 гадоў не прымалі. Як лічылася, за чужую эстэтыку, сумбурную аранжыроўку, выпінанне свайго “я” і ўласных поглядаў, празмерныя крыўлянне і шумавыя эфекты на сцэне, што, маўляў, не магло абудзіць у моладзі патрыятызм, працоўны энтузіязм, парыў да грамадска-дзяржаўных спраў кшталту цалінных і бамаўскіх. Нават выдатнаму і папулярнаму ўжо спеваку Магамаеву перападала за тое, што ён выконваў некаторыя песні “ў рытме чужароднага твісту”. Ды ва ўсю “самапальнічаў” Высоцкі. Ужо і ў ціхманай Беларусі ягоны дзеркаваты бунтоўны голас гучаў з многіх акон і балконаў, амаль з кожнай набытай грамадзянамі касетнай апаратуры. Касеты таксама шырока разносілі, як аказалася, шматлікі блатны фальклор, адасобленыя ад грамадства і заглыбленыя ў свой інтымны свет аўтарскія, пад гітарнае брынканне, дваровыя і турысцкія песні. Забурліла не зусім ў традыцыйнасці Пугачова, набываючы ўсё больш тысяч меламанаў, якія залічалі яе ў прымадонны сцэны. Гэты націск змушаў уладных паступацца ідэлогіяй: па тэлебачанні загучалі галасы блізкіх да “заходняй культуры” спевакоў з усходняга блока чэха К. Гота, палячкі М. Радовіч і інш. (на абавязковай рускай мове яны спявалі “цярпімае”, а на сваёй - у празаходнім духу). З савецкіх кампазітараў, аўтараў джазавых кампазіцый і мюзіклаў пачаў вылучацца Бабаджанян, маладзейшы Паўлс (прыбалтам у некаторай меры дазваляўся працяг аблічча іхняга нядаўняга буржуазнага мінулага, то для нас усіх Прыбалтыка ўяўлялася празаходніцкай з яе даўняй архітэктурай, маленькімі кавярнямі, мовай на лацінцы, не зважаючы на мноства засланых славян-інтэрнацыяналістаў, сціплай, але моднай апраткай, хатняй выпечкі хлебам і адмысловымі сырамі, інтэлігенцкаю манерай. У букіністычных вільнюскіх крамках можна было набыць колішнія кнігі рэпрэсаваных і ўсё яшчэ забароненых беларускіх “буржуазных нацыяналістаў”). Спакваля для самых устойлівых да сну пасля “Новогоднего огонька” запускаліся рытмы замежнай эстрады. Або, скажам, да бамаўцаў запрашалі для пад’ёму ў суровых умовах настрою непрызнанага ў ЗША выдатным на ўзроўні Прэслі або Ленана і Макартні, але для сябе хітрага, для савецкай ідэалогіі выгаднага з левымі намёкамі “чырвонага” рок-н-рольшчыка Д. Рыда, які чырвоніў і ў Паўднёвай Амерыцы, асядаў у ГДР і скончыў жыццё загадкава-трагічна...
Да рэвалюцыі з многіх куткоў імперыі імкнуліся ў яе сталіцу, каб у навукова- культурным цэнтры атрымаць высокую адукацыю ці пасаду, ступень і званне, апынуцца сярод эліты. Пры СССР новыя пакаленні таксама імкнуліся патрапіць у сталіцу, ужо ў Маскву. Апошняя вярнула сабе былы самы высокі статус, сталася немалым людскім катлом, але не верыла ўсіхным слязам, некаторых, хто не вытрымаў канкурэнцыю, жорстка адкідала на абочыну. І з-за гэтай рэаліі нямала хто не даязджаў да Масквы, затрымліваўся ў Мінску. І да прастольнай недалёка, і менталітэт тут спрыяльны ды моўнай праблемы не трэба асцерагацца. Пра тых, каго прыслалі на камандныя пасады і хто сам скачэўнічаў, ужо гаварылася. Карысці ад іх - кот наплакаў. Яркіх асоб узроўню Машэрава не было, але і бязлікія заўзята пераўтваралі нашу рэспубліку ў дзейсны і паслухмяны эканамічны рэгіён СССР.
Іншая справа - далучэнне прыезджых да навукі і культуры. Нямала з іх і самі раскрыліся як таленты, і ў агульную справу ўнеслі значны ўклад. Скажам, тры Глебавы (акцёр, скульптар, кампазітар), а яшчэ - этнограф Дабравольскі, гісторык Пічэта (першы рэктар БДУ), кінарэжысёр Корш-Саблін (адзін з заснавальнікаў бел. мастацкай кінематаграфіі), кампазітары Аладаў (як запісана ў энцыклапедыях, “адзін з арганізатараў і першых выкладчыкаў Белмузтэхнікума і кансерваторыі, адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага, кантатнага, харавога жанраў беларускай прафесійнай музыкі”) і Туранкоў (адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў нашай музыцы), спевакі Данілюк, Гайда, Вуячыч, акцёр Тарасаў, балетмайстар Елізар’еў і інш.
Калі не паток, то прыток творчай моладзі з іншых рэспублік не спыняўся. Хто прыбываў навучацца ў музычным вучылішчы або кансерваторыі, а хто ўжо і рэалізаваць свае задумы і творчыя сілы (Мулявін, Ханок (двойчы), Еўдакімаў, Ярмоленка і інш.). Як помніцца, Бураўкін нямала прыкладаў намаганняў, каб маладыя кампазітары пісалі музыку і на разнастайную, багатую беларускую паэзію, што зусім не замінала патрапіць і на маскоўскую сцэну. Яркі прыклад быў: Лучанок (той творчасць высокага грамадзянскага гучання дапаўняў, узвышаў тым, што ў энцыклапедычнай даведцы пра яго было аднесена да “і інш.”: цёплымі, светла-журботнымі песнямі на словы беларускіх аўтараў. “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Вераніка”, “Алеся”, “Авэ Марыя” і г. д. Гэтая кампазітарская творчасць сваёй самабытнасцю і свежасцю палюбілася не толькі ў нас, мела вялікі і ўсесаюзны ды замежны поспех. Адпаведна, і ў выканаўцаў пабольшаў рэпертуар з беларускамоўных песень. Тут быў паказальны прыклад: ансамбль “Песняры”. Ён многіх у нас, за межамі рэспублікі зачараваў каларытнасцю апрацовак фальклорнага песеннага тварэння, вершаў Я. Купалы, М. Багдановіча, а таксама выкананнем песень Лучанка, Семянякі і інш. Але калі ўдачнікі палічылі свой этап беларускасці пройдзеным, збочылі з абранага шляху, нечакана зажадалі здзівіць свет услаўленнем бунтоўнага, але малаўцямнага светапогляду аўтара паэмы пра Леніна і верша пра савецкі пашпарт, то не набылі новых прыхільнікаў. Паступова ансамбль патрапіў у крызіс і, на жаль, распаўся. Уваскрэснікі маглі толькі дзяліць былую славу.
Не будзе перабольшваннем: на тэлебачанні адбыўся і пакуль што не дасягнуты бураўкінскі музычна-песенны перыяд, калі з экрана гучала лепшае з “народніцкага”, г. зн. ужо класічнага, і лепшае з новага. З экспрэсіўнымі матывамі, джазавымі, рокавымі мелодыямі. Першае не абрывала традыцыі высокага мастацтва, другое набывала сваё аблічча і не гублялася ва ўсесаюзнай новай плыні. Безумоўна, яшчэ вялікую ролю адыграў пачаты ў 1980-я тэлевізійны фестываль “Песню бярыце з сабой”. Тады яшчэ не было дачніцкага буму, то на збор пад адкрытым небам збіраліся тысячы аматараў спеваў.
Турботна было “КГБ” з тэлекінасправай. У яго веданні знаходзіўся “Тэлефільм” як галоўная рэдакцыя (з 1964-га). Быў і “Тэлефільм” як вытворча-творчае аб’яднанне тэлефільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” (яна да пераезду ў 1960-м у Мінск тулілася пры розных кінастудыях СССР; “Тэлефільм” пры ёй задзейнічаў з 1968-га). Клопаты сыходзілі яшчэ і ад таго, што ў нас не было ВНУ для падрыхтоўкі кінасцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, мастакоў і артыстаў. Кадры пастаўляў Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, дзе, зразумела, навучаліся будучыя прафесіяналы з усяго СССР. Многія рускамоўныя з нацыянальных рэспублік, як яшчэ зазначаў Ленін, мякка кажучы, не хіліліся прымаць карэнную мову і культуру, то, адпаведна, і да нашага, таксама славянскага, не рабілі выключэнне. Больш паціскалі плячыма: хлопцы, што за ўпартасць? Вам жа так лёгка перайсці ў рускамоўны свет! Тыя, хто не патрапіў на прэстыжную кінастудыю Масквы і Ленінграда, а размеркаваўся сюды, прыбылі не многа і не мала, а з амбітным “своим видением”, з марай здабыць лаўры калі не Феліні, то выбітных маскоўска-ленінградскіх кінадзеячаў. У розны час прыезджыя ўзялі ў свае рукі зацверджаны ў 1962-м на першым з’ездзе Саюз кінемаграфістаў, дзе за рэдкім выключэннем (Тураў, 1976 - 1981) мелі старшынёўства і вызначалі кіношную палітыку.
Беларусьфільмаўскі “Тэлефільм” працаваў па заказе (значыць, са згоды) Цэнтральнага тэлебачання. Адпаведна, каб таму спадабацца, пісаліся сцэнарыі па вядомых там творах (“Корцік”, “Прыгоды Бураціна”, “Пра чырвоную Шапачку”, тургенеўскія “Бацькі і дзеці”, пра непарушнасць савецкіх межаў шматсерыйны “Дзяржаўная граніца”) з удзелам маскоўскіх вядомых акцёраў. І ў чаканых фільмах на беларускім матэрыяле (“Руіны страляюць...”і інш.) артыстам нашых тэатраў дасталіся толькі эпізадычныя ролі. У карціне “Нас выбраў час”, як хваліўся адзін са сцэнарыстаў (дарэчы, зямляк), былі запрошаныя артысты ажно з... 20 тэатраў СССР! 3 такім падыходам экранізаваліся і нашыя нацыянальныя шэдэўры: “Паўлінка” Я. Купалы, “Палеская хроніка” І. Мележа, “Тартак” І. Пташнікава, “Чужая бацькаўшчына” В. Адамчыка. Слоў няма, гэтыя, як раней і іншыя кінапрацы (па творах В. Быкава, І. Шамякіна, А. Кудраўца, В. Казько) цікавыя, але сродкамі кіно не былі адухоўленыя іхнія мастацкія вартасці, рознахарактарныя вобразы розных герояў (сялян, кулакоў, партызан і паліцаяў, настаўнікаў). Скажам, глядзіш: просты чалавек, нібыта наш селянін (найчасцей няголены і неахайны), загаворыць - не, нейкі волжскі ці нават сібірскі акцэнт. Акцёры, асабліва ўраджэнцы розных сельскіх куткоў СССР, не маглі не перадаваць свой сялянскі светапогляд, свае моўныя інтанацыі, лічачы, што гэта падыдзе і нашаму селяніну. А гэта як і ў яркіх спевакоў: толькі падаў голас - адразу ўчуеш: сапраўднае, салаўінае ці не. Да ўсяго прыгнятала, што празмерна сцэн знята ў цемнаце, з паказам запусцення дамоў і гаспадарак, дзікаватых і недагледжаных сялян (ёсць розніца: беднасць і нядбайнасць), са звычаямі ды забабонамі сярэднявечча, з завыўнымі музыкай і песнямі.
У 2021 годзе на мінскім канале “Культура” адзін з кіназнаўцаў А., які вядзе шэраг перадач пра дзеячаў кіно і з пахвалою кожны раз расказвае пра сябе (нават пра тое, як з кіпай выдзеленых грошай завітваў у Маскву, падпойваў у рэстаранах не толькі вядомых, але, галоўнае, паспяховых, з высокімі сувязямі артыстаў, каб яны “соизволили за хорошие деньги” прыехаць у Мінск на здымкі). Яшчэ стары грэшнік паблажліва апраўдвае тагачасныя рэжысёрскія выбрыкі і многія шэрыя экранізацыі беларускіх твораў: маўляў, “местная власть принуждала” іх экранізаваць нашу... “анучную літаратуру”. Вось таму яны і “не усердствовали”. На табе! Выходзіць, вось найперш за што прысудзілі Мележу і Быкаву Ленінскую прэмію, памылкова палічыўшы іхнія глыбока сялянскія ці, лепш сказаць, народныя творы лепшымі ў СССР на пэўным этапе. Няўжо гэтак жа падманваўся і Нобелеўскі камітэт, калі адзначаў сваёй прэміяй “анучнае” ў рамане “Сяляне” польскага пісьменніка Рэйманта, у вяскова-казацкай эпапеі Шолахава “Ціхі Дон”? Там таксама не ўсе героі хадзілі ў бальных касцюмах, наэдакалоненыя і вялі вялікасвецкія размовы. Але хто цярпеў, а хто змагаўся за боскае права, як геніяльна вызначыў для беларусаў яго мысляр Янка Купала - найперш жыць і людзьмі звацца!
Цяжка ўявіць, калі б былі пазбаўленыя сваіх яркіх выканаўцаў роляў грузінскія фільмы “Бацька салдата”, “Дата Туташкія”, “Дарога да храма”. Або карціна В. Жалакявічуса “Ніхто не хацеў паміраць”, то ці дасягнулі б яны такой глыбіні і вышыні без беражлівага адлюстравання народнай самабытнасці, без паказу не заідэалагізаваных, а жыццёвых драматычных лёсаў людзей, калі кожны чалавек па-свойму асоба, пакутуе ад несправядлівасці і насілля, хоча выжыць і захаваць дзедаўскае, сваё і падбаць пра вольных, шчаслівых дзяцей і ўнукаў? Я, як і іншыя, глядзеў пералічаныя фільмы ў перакладзе на рускую мову, але быў перакананы: гэта - грузіны, літоўцы. Са сваімі турботамі, што маюць агульначалавечае значэнне. То тут да месца будзе напомніць з “Универсального энциклопедического словаря” (М., 2003), названыя там, здаецца, такія звычайныя складнікі незвычайнай сусветнай папулярнасці рэжысёра Феліні: яна, зазначана, на аснове роздуму пра гістарычны лёс Італіі, яе нацыянальны менталітэт, за стварэнне ўласнага кінематаграфічнага стылю...
Значна больш “КГБ” змог паўплываць на “Тэлефільм” непасрэдна пры тэлебачанні. Але не ў прыклад усесаюзнаму “Тэлефільму” (11 серый на год; 1985) на рэспубліканскі не шчадрыліся: на год толькі... 9 гадзін! Менш гадзіны на месяц! На мастацкія і дакументальныя (зразумела, кароткія) фільмы, на тэлеспектаклі ды, калі не памыляюся, і на тэлеканцэрты. Улічваючы, што проза і драматургія нашых старэйшых пісьменнікаў між здымкамі твораў аўтараў з іншых краёў час ад часу таксама экранізавалася, Бураўкін распарадзіўся, каб рэспубліканскі “Тэлефільм” свае кароткаметражкі здымаў па творах літаратараў сярэдняга і малодшага пакаленняў, што абуджала цікавасць гледачоў да новых майстроў мастацкага слова.
Нельга не далучыцца да іншых і не ўздыхнуць у сувязі з умоўным ладам у гісторыі: “калі б...”. На жаль, Бураўкін зведаў апякунства Машэрава ў зацвярдзелы час брэжнеўскага ладу зусім мала. Дык вось, калі б яны абодва былі побач у пачатую “рэвалюцыю зверху”, у перабудову, то, бясспрэчна, змены і перамены ў нас пайшлі б іначай, як і іншым чынам склаўся б наш нацыянальна-дзяржаўны лёс: наяўныя, але прыхаваныя ў тых умовах машэраўскія якасці цяпер маглі б развіцца шырэй і паўней. Адпаведна, і наяўныя чалавечыя, дзяржаўныя задаткі Бураўкіна маглі б быць падтрыманыя і скарыстаныя на больш высокім службовым узроўні, а яго асоба магла б сцвердзіцца яшчэ большай значнасцю. Кіраўніком новага тыпу.
Такое бачанне тагачаснай сітуацыі пацвярджае і былы сакратар Мінскага гаркама, а пазней міністр замежных спраў (значыць, у адзін час і начальнік Бураўкіна-дыпламата) П. Краўчанка ў кнізе “Беларусь на ростанях” (Мн., 2007), дзе прызнанне ў тым, што кіраўнікі ЦК КПБ не разгледзелі або не жадалі разгледзець, падтрымаць тое здаровае, што ў нас у час перабудовы пачало развівацца ў нацыянальным працэсе і чаго яны збаяліся як агню. “Можна было, - піша аўтар, - напрыклад, вылучыць сакратаром ЦК па ідэалогіі паэта і журналіста Генадзя Бураўкіна, а першаму сакратару ЦК Яфрэму Сакалову даручыць займацца сельскай гаспадаркай, у якой той сапраўды разбіраўся, а не партыйнай стратэгіяй, ад якой ён быў такі далёкі...”. У той сістэме і адна здольная, наватарская асоба, калі быў давер Першага і паслухмянага яму найбліжэйшага акружэння, калі дзейнічала партыйная дысцыпліна, магла павярнуць і намаганні іншых на абноўлены шлях. Бураўкін змог абнавіць дзейнасць дзяржтэлерадыё, яму было па сіле і скарэктаваць ідэалагічны накірунак. Зразумела, не без яшчэ большых высілкаў нават у асяроддзі падначаленых ідэолагаў розных рангаў: сярод іх было нямала як рэтраградаў, прыстасаванцаў-папугаяў, так і “асочнікаў”, якія маглі самі або па іхнім падбухторванні іншыя “засігналіць” у ЦК КПСС. А там дзяды не любілі разумных і яршыстых.
Бураўкіну магла быць дзейсная падпора з ліку маладзейшых. Гэты рэзерв не быў скарыстаны. Як паўтаралася многімі і пра многае, азначэнне “калі б” у жыцці, гісторыі застаецца няспраўджаным меркаваннем. Бураўкін меў толькі невялікі адрэзак часу таксама плённа падзейнічаць пры нядоўгім першынстве разумнага, гаспадарлівага, але абачлівага Кісялёва, які доўжыў тое, да чаго і ён пры Машэраве, амаль 20 гадоў узначальваючы Саўмін і маючы досвед стаўлення да рэспублікі цэнтра, прыкладаў розум і руку.
Кароткі час у спробе Андропава надаць новы імпульс сістэме насільнымі спосабамі і ў аслабелай дрымоце Чарненкі толькі падоўжыў стагнацыю яе. Адпаведна, крамлёўскія верхаводы пасля адыходу па-сапраўднаму яркіх і самых аўтарытэтных у рэспубліцы Машэрава і Кісялёва падбіралі кіраўнікамі ў нас на свой погляд надзейных, а значыць, найперш паслухмяных. Спачатку ў машэраўска-кісялёўскае крэсла сеў тэхнакрат Сл., які раней вызначыўся як здольны кіраўнік трактарнага завода і які мог справіцца з патрабаваннямі да міністра машынабудавання, але лёс якога павярнуўся іншым чынам: пасля нечаканага пераводу на пасаду першага сакратара Мінскага гаркама партыі быў пакліканы ў Маскву ў Дзяржплан, дзе, як казалі, абкатваўся ў патрэбным цэнтру духу на месца старшыні Дзяржплана ў нас. Ды абставіны ўзвысілі яго на ролю рэспубліканскага Першага. А такое лідарства патрабавала не толькі высокай прафесійнасці ў пэўнай галіне, але і іншых якасцей, без якіх не бывае яркай асобы, значнага палітыка.
Беларусь лічылася адной з перадавых рэспублік СССР, але і ў ёй, пры грувасткай сістэме, назбіралася нямала завалаў, што, як тады было прынята, асабліва не афішаваліся. У прамысловасці - шмат старых тэхналогій, абсталявання ды завялікая доля ручной працы, незацікаўленасць рабочых у колькасці і якасці сваёй прадукцыі (ведаю з вопыту работы брата-слесара найвышэйшага разраду: зробіш больш і лепш - павысяць план, і болей усё роўна не атрымаеш ды яшчэ выклічаш незадавальненне калег па заводскім цэху). Круты паварот у рэспубліцы да хімізацыі і яе гігантаў, як і ад адкідаў буйных жывёлагадоўчых комплексаў, пабольшыў забруджанне прыроды, а значыць, пагоршыў людское здароўе ўжо не толькі ў насычана прамысловым Мінску, але і ў дагэтуль менш прамыслова развітых Наваполацку, Магілёве, Гомелі, Гродне, Салігорску. Сельская гаспадарка з-за звыклага даўняга і слабога ўкаранення навуковых ведаў, з-за невялікага напаўнення найноўшай тэхнікай развівалася марудна, не ўсё як след збіралася, захоўвалася ці перапрацоўвалася. Ураджайнасць павышалася за кошт пабольшвання ўжытку мінеральных угнаенняў, а таксама шкодных пестыцыдаў. Давалі пра сябе знаць выдаткі паспешнай і не ўсюды неабходнай меліярацыі, а таксама АПК (аграрна-прамысловага комплексу). Па ўсесаюзных планах ён нешта вытвараў больш, чым тут патрабавалася, а штосьці вельмі патрэбнае не развівалася, завозілася, што неўзабаве пры абрыве сувязей у нядаўнім СССР прынесла вялікія турботы. Да гэтага дадалася загвоздка, як тады гаварылі, неперспектыўных вёсак (малалікасць і старэнне люду, закрыццё фермаў, школ, клубаў, крам, перабой з транспартам). Машэраўскі план ссялення паселішчаў у буйныя аграгарадкі з вялікімі шанцамі і выгодамі забуксаваў (а год за годам лік непрыкаяных розных Яновак і Янковічаў толькі павялічваўся). Ды ўвогуле ўзровень жыцця нашага вясковага люду значна адставаў ад гарадскога і ў СССР быў не самы высокі, а пра параўнанне з развітымі капіталістычнымі краінамі не было і гаворкі. Ды ўжо толькі ў постсавецкі час, у прыватнасці, у 1995-м, у “Нарысе гісторыі Беларусі” пра апошнія савецкія дзесяцігоддзі стануць публічныя вось такія яскравыя загалоўкі раздзелаў: “Палітычная адліга і адыход ад яе”, “Зрухі і распаўсюджанне застойных з’яў у гаспадарцы”, “Сацыяльнае становішча народа: планы і рэчаіснасць”, “Здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры”. Праўда, свядома падхвалены, а на самай справе прыніжаны беларускі менталітэт (фактычна пакорлівасць лёсу, спосаб выжыць у любых умовах) змушаў цярпець: “Дармо. Абы не было вайны”.
Карацей, немалыя турботы чакалі новага Першага. Як па матэрыяльным, так і па духоўным развіцці ўсёй рэспублікі. Было ўдосталь таго, куды, дзе і дзеля чаго прыкласці свае веды, здольнасці. Наколькі помніцца, ён асабліва не афішаваў сваіх поглядаў і планаў, толькі падкрэсліваў вострую патрэбу тэхнакратызацыі. Адчувалася: функцыянеры яго заасцерагаліся. Даходзіла: ён моцны ў тэхнічнай справе, але абмежаваны як палітык, не разборлівы ў духоўна-культурнай сферы, якую лічыў “остаточной”, г. зн. другараднай. Высокія дырэктарская пасада трактарнага завода, першага сакратара Мінскага гаркама (магчымая стартавая пляцоўка ў верхнія эталоны ўлады), дзяржпрэмія СССР, званне Героя сацпрацы, казалі, ускружылі яму галаву, і з падначаленымі ён паводзіўся не проста жорстка, а фанабэрліва, вельмі помсна. Яшчэ гаварылі, паслямашэраўскае кіраўніцтва рэспублікі менавіта з-за гэтых ягоных якасцей не жадала бачыць яго на пасадзе старшыні Дзяржплана. То цяпер, калі ён па волі абставін тут Першы, калі пры большай уладзе павялічваюцца і адмоўныя рысы, ды яшчэ пры патуранні цэнтра... Ад аднаго вядомага пісьменніка, які ведаў многія вышэйшыя сакрэты, я пачуў: той будзе “ператрасаць замацярэлыя машэраўскія кадры”. П. Краўчанка пацвярджае тое: ператрус пачаўся з тых, хто нядаўна падаў голас супраць яго. Старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета адправілі на пенсію, па Канстытуцыі важную, у рэчаіснасці неўплывовую пасаду заняў знаёмы Першаму па былой партыйнай рабоце, а ў той час першы сакратар Мінскага гаркама, кандыдат тэхнічных навук Т., старшыню Саўміна (казалі, аднаго з машэраўскіх любімцаў) з узгадненнем з М3С СССР перавялі паслом СССР у Польшу, другі сакратар ЦК КПБ, які, паводле П. Краўчанкі, мог стаць перспектыўным для рэспублікі Першым, апынуўся савецкім паслом ажно ў Паўночнай Карэі... Такім застрашвальным метадам даволі хутка былі ацішаныя ўсякае незадавальненне і закулісныя непрыязныя размовы і дасягнута поўнае адзінаўладства. Як некалі дасягалі такога многія рускія князі: праходзілі вывучку ў мангольскай стаўцы, здавалі іспыты на вернасць вышэйшаму хану, вярталіся і, спраўна плацячы яму ясак, верхаводзілі, не церпячы ніякага суперніцтва. Гэты князёк дзейнічаў як ханскі намеснік на даручаных землях і таму намагаўся найперш услугаваць свайму апекуну. Пры высокім аўтарытэце Машэраў мог штосьці адстояць для рэспублікі, гэты - не. На жаль, у той час Бураўкіну на тэлерадыё прыйшлося прысуцішыць свой разбег, успомніць машэраўскае: “Действуй. Но осмотрительно”. Таму і паболела яе, асцярожнасці. У перадачах пра сучасную эканоміку адчувалася пэўная дазіраванасць, каб не дапусціць непажаданай уладатрымаўцу негатыўнасці, у духоўна-культурных праграмах паболела забаўляльнасці. Вышэйшая ўстаноўка здаўна вядомая: “Жыць стала лепш і весялей”.
3 узвышэннем тэхнакратаў усё ж былі не абыдзены ўвагай і мы, лірыкі. Нас, узгодненую з ЦК групу літаратараў розных пакаленняў і літаратурных пасад, паклікалі ў ЦК на бюро (я патрапіў як намеснік сакратара партыйнай арганізацыі Саюза пісьменнікаў). Азначэнне “вопроса” бюро не магло не здзівіць: як партарганізацыя СП накіроўвае грамадзянскую і творчую дзейнасць арганізацыі. Што значыць такое накіроўванне ў творчай суполцы? Патрабаваць ад беспартыйных Быкава і Брыля або партыйнага, члена ЦК Шамякіна, скажам, пісаць больш і лепш пра рабочы клас, без якога нельга было абысціся, але які ўжо даўно быў уганараваны толькі на паперы і ў прамовах?
Уражанне ад таго пасяджэння самае кепскае. У новага кіраўніка, ужо не франтавіка ці партызана, здавалася, сфармаванага светапоглядам у духу ХХ з’езда КПСС, выявіўся павярхоўны, заскарузлы погляд на пісьменніцкую творчасць. Пачулася нуднае, чутае-перачутае патрабаванне: паколькі пісьменнікі пішуць па ўказцы сэрца, а яно належыць партыі, то неабходна больш шырока і ярка адлюстроўваць сучаснасць, накіравальную ролю партыі, працу перадавікоў прамысловай і сельскай гаспадаркі. Значыць, мы фактычна павінны былі выконваць ухвальныя журналісцкія функцыі, толькі больш яркімі фарбамі. Адпаведна, зноў абыходзіць асвятленне нашай сфальсіфікаванай гісторыі, спрэчнасці, беды рэчаіснасці. Як вядома, упадабаны Сталіным афарыстычны лозунг для вызначэння метаду сацрэалізму ў літаратуры падказаў Шолахаў. Але хітры казак свой выдатны “Ціхі Дон” пісаў найперш ад сэрца, што належала народу, роднаму казацтву, што не ва ўсім было сугучнае з партыяй Леніна-Сталіна, з яе рэвалюцыйным ператрусам і тэрорам. І з-за гэтага, увасобленага вялікім талентам, ён займеў сусветнае прызнанне.
Ад імя пісьменнікаў слова было дадзена старшыні СП Максіму Танку. Ён, як заўсёды, бадзёра адрапартаваў пра нашы “намаганні і вынікі”. Хтосьці з цэкоўскіх прапанаваў: каб натхніць пісьменнікаў пісаць не толькі пра франтавыя і партызанскія падзеі апошняй вайны, але і пра стваральны сённяшні дзень, трэба вылучыць спецыяльныя прэміі за лепшы твор пра рабочы клас і сялянства. Запомніліся рэакцыя, генеральскі “досціп” на гэты конт камандуючага БВА, члена бюро: “Что - давать одному писателю трактор, а другому корову?” Многім гэта спадабалася - выбухнуў адпаведнага ўзроўню рогат. Прапанова не прайшла. Нечакана ажно ўзвіўся яшчэ машэраўскі сакратар па ідэалогіі, былы ваенны авіятар, і ні з таго, ні з сяго затрос перад сабой часопісам “Маладосць”: “Национализм не пройдет!” На гэта было глухое маўчанне. Але, як аказалася, і гэтая звышідэйная застрахоўка на нечых “касцях” не ўтрымала заслужанага франтавіка і спрытнага партыйнага хітравана. Яго, па ўзросце пенсіянера, таксама замянілі. Галоўным ідэолагам у нас пачаў лічыцца, калі не памыляюся, радыёфізік. Як хутка ўбачыцца, зусім недасведчаны як у ранейшай, так і цяперашняй творчасці пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў, дзеячаў кіно, тэатраў і музеяў ды заадно павярхоўны як партыйны функцыянер. Пазней я аднойчы на прагулянцы ў парку запытаў у машэраўскага ідэолага: што ён тады меў на ўвазе менавіта пра наша маладзёжнае выданне. “Не помню. Сколько приходилось и молчать, и говорить то, с чем не разделял мнения”. А тады Першы (чалавек важкі, хмурны, без вясёлай іскрынкі ўваччу), звыклы да тэхнічных і эканамічных тэрмінаў, у заключэнне натужліва, нібы варочаючы каменне, бубніў вельмі трафарэтнае, нібы зачытваў сухую газетную перадавіцу пра ролю і задачы пісьменніцкага саюза, які павінен быць на нейкім “вастрыі” задач сучаснасці, таксама ўдзельнічаць у “бітве за ўраджай” - ідэйна-мастацкі. Было вырашана: яшчэ сабрацца групе супрацоўнікаў ЦК і кіраўніцтва СП, каб выпрацаваць вызначальную пастанову. Збіраліся, выпрацоўвалі (пра змяненне становішча беларускай мовы ў лепшы бок не патрапіла і слова) і неўзабаве, калі ўзвысіўся Гарбачоў, пра ўсё тое дружна забылі. Як у той казцы, пры апусканні гарачага жалеза ў ваду выйшаў толькі пшык.
ЦК вёў сваё, мы чакалі перамен. Тэхнакрацтва таго Першага нічога не палепшыла ці не паспела на ўзроўні рэспублікі нават абазначыцца. Хоць не, ён усё ж вызначыўся. У звыклай партыйнай пазіцыі як набраў у рот вады пра чарнобыльскую трагедыю. Мо і з-за ўдзячнасці быў пераведзены ў Маскву на высокую, ды не зусім вырашальную, толькі ўкормную пасаду. Як член Палітбюро ЦК КПСС па-свойму патрапіў у маскоўскі перабудовачны анекдот: дыктар вядзе перадачу для глуханямых і пальцамі паказвае, хто з высокага кіраўніцтва прысутнічаў на пэўным пасяджэнні. Калі трэба назваць Гарбачова, пстрыкаў сабе па шыі і паказваў дулю (значыць, паводле “сухога закону” дудкі вып’еш), пры ўпамінанні Варатнікова браў сябе за каўнер, а з прозвішчам нашага земляка, моршчачыся, сплёўваў праз плячо... Жарсткавата. Але ў анекдот героі проста так не трапляюць...
Пасля тэхнакрата Першым у нас стаў абкамавец. Як гаварылі дасведчаныя, яго, хто ў свой час пасакратарнічаў і ў розных партыйных камітэтах за межамі рэспублікі, а ў нас буйнога спецыяліста па свінагадоўчых комплексах, агледзеў і падтрымаў другі сакратар ЦК КПСС Лігачоў. На ідэалагічным бязрыб’і (адказны сакратар ЦК КПБ не мог пераадолець некваліфікаванасці ў даручанай яму справе) ракам стаў, г. зн., ініцыятыву ідэолага перахапіў загадчык аддзела агітацыі і прапаганды, празваны ў журналісцкім абыходзе Саўкам. Казалі, ён стаў галоўным ідэалагічным дарадцам Першага, які аніяк не быў гатовы стаць ідэалагічным валадаром рэспублікі ўзроўню Машэрава. Тым больш у завіхураных Гарбачовым ідэйна-палітычных, сацыяльна-эканамічных працэсах.
Цяпер ажно не верыцца: першыя гарбачоўскія спробы надаць сацыялізму “чалавечае аблічча” агучыліся... амаль 40 гадоў таму. Пра тое больш-менш выразна помніць пакаленне, каму сёння пад 55. Маладзейшыя толькі чулі тое-сёе пра тагачасныя гарачыя спрэчкі, што ўспыхвалі нават у сям’і. Яшчэ для болей маладых імёны, палітычныя справы Леніна, Троцкага, Сталіна, Бухарына, чэкісцкія ад Дзяржынскага да Берыі, дзеі Хрушчова і Брэжнева, ужо нават пагібельная для “развітога“ ці “з чалавечым тварам сацыялізму” тая “перабудова” - мінуласць і не зусім яснасць. Як і не вельмі яснае ўсведамленне, што сталася пасля саветызму- сацыялізму і ў што яно пералілося. А тады, як выразна бачылася намі, сталымі ўжо, не толькі радавымі камуністамі, але і кіраўнікамі розных партыйных рангаў па завядзёнцы сцэнарый гучна заяўленай перабудовы ў новым мысленні бачыўся прыкладна так: збярэцца чарговы “гістарычны” з’езд і пры цяперашнім прыхільным да новаўвядзенняў і галоснасці Генсеку пагамоніць, ухваліць вызначаныя зверху напрамкі, і... спакваля ўсё ацішэе, пойдзе далей сваім ладам, і навацыі пакрыху прызабудуцца, як многае раней новае прапанаванае (НТР, пабудова камунізму, Харчовая праграма або тэза “Эканоміка павінна быць эканомнай”) цішэла і чэзла ў штодзённай руціне. Ды Генсек звярнуўся не толькі да радавых, не зусім абцяжараных стэрэатыпамі калег па партыі, але і да ўсёй грамадскасці, у тым ліку і дагэтуль бурклівай ці асцярожнай, безыніцыятыўнай. Спачатку рэвалюцыя зверху і зашумела ў асноўным у вярхоўі, у Маскве і Ленінградзе. Але гарбачоўскія без паперкі палымяныя інтэлектуальныя прамовы і непасрэдны выхад у народ, які ўпершыню блізка сузіраў кіраўніка дзяржавы і яго элегантную жонку (“по стране гуляет тройка: Миша, Рая, перестройка”), адпраўка ў адстаўку састарэлай сталінска- брэжнеўскай наменклатуры і ўскладанне на яе віны за савецкі таталітарызм, дзёрзкае выкрывальніцтва яго ў некаторых выданнях заўзятарамі перабудовы ці прыстасаванымі да яе - гэта і іншае пачало спрыяць, каб усё ж шырэй “пайшоў працэс”. У Маскве яшчэ пры стрыманасці да асобы Леніна і ў асноўным утворанага Сталіным сацыялізму спакваля нарастае непрыхільнасць ужо да партыі і сацыялізму (адны бачаць яго рыначным, іншыя падкрэсліваюць ягоную хібнасць). Асабліва дзёрзкія выпады з’яўляюцца ў часопісах “Огонёк” і “Юность”, у такім жа духу падае голас новае і, галоўнае, вольнае выданне “Московские новости”, у Ленінградзе - нечуваная па хлёсткасці тэлеперадача “600 секунд”, у якой забуяніў Няўзораў, павёўшы бесцырымонны, жорсткі штурмавы агонь па абкаму ды выканкаму з іхнімі групаўшчынай і карупцыяй, па рыначнай мафіі ды іншай крымінальнасці, і пры гэтым вылучыўшы тэзіс вяртання “величия” Расіі, аднаўлення моцы праваслаўя і, “если хотите”, манархіі (з яго інтэрв’ю “Юности” у № 4 за 1990 год). Заяхіднічалі некаторыя эстраднікі-гумарысты (хто халодным душам над сістэмай, хто пошласцю), заагрэсіўнічалі супраць усяго і ўсіх асобныя спевакі (Цой, Талькоў). За Масквой і Ленінградам у Расіі, а ў нас асабліва нават ніякіх дыскусій, а то скрытнае непрыняцце “гарбачоўшчыны“, спадзяванне на астуджанасць грамадства да яе. Напрыклад, у некаторых артыкулах Мінск быў параўнаны з Вандэяй (французскі горад, дзе сабралася рэакцыя супраць мяцежнага Парыжа ў час французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.). Рэспубліканскія партыйныя камітэты занялі кругавую абарону, абрывалі ўсякія “иные мнения”, прадаўжалі выпрабаваную лінію: пры кожным негатыўным выпадку тут жа вылучалі на першы план перамогу партыі і народа ў вайне з фашызмам, аднаўленне разбуранай гаспадаркі, прапаганду новых грандыёзных агра-прамысловых планаў і замоўчвалі застойнасць ды нават наступствы чарнобыльскай трагедыі, штодзённа языкачосілі пра прамысловыя і сельскагаспадарчыя поспехі, пра дружбу народаў, інтэрнацыяналізм. Спробы асобных грамадзян, найперш моладзі, стварыць свае клубы, гурткі для адраджэнскай культурна-асветнай дзейнасці, скажам, па ўшанаванні даўніх народных свят і абрадаў, па ўпарадкаванні многіх запусцелых гістарычных помнікаў, а значыць, па захаванні нацыянальнай самабытнасці (мінская, гомельская і магілёўская “Талака”, гродзенская “Паходня”, віцебскае “Узгор’е”, брэсцкі “Край”, маладзечанская “Беларуская хатка” і інш.), - дык вось і такія, здавалася б, культурніцкія, бяспечныя для ўлады захады зусім не віталіся. Больш...
Ды паслухаем доктара гістарычных навук, аўтара даследавання “На ростанях айчыннай гісторыі” (Мн., 1999, с. 246): “Мы не маем права забываць (...) і злачынствы тых камуністычных паслугачоў, з лёгкай рукі якіх у другой палове 80-х гадоў вогнішчы на народнае свята Купалле заліваліся з пажарных аўтамабіляў МУС, а маладзёжнае свята Гуканне Вясны героі Афганістана разганялі веласіпеднымі ланцугамі ў Траецкім прадмесці Мінска. Мы павінны памятаць таксама аб міліцэйскім гвалце і дубінках на свята Дзяды ў 1988 г. супраць тых, хто прыйшоў аддаць даніну памяці продкам і курапацкім ахвярам - “ці не апошняй звярынай канвульсіі ўласнага здыхаючага фашызму, замаху супраць маладой дэмакратыі, якая толькі ўдыхнула першы глыток свабоды, і гэты глыток быў атручаны газам пад ідылёваю назвай «Чаромха» (В. Быкаў)”.
Мы ў “Маладосці” хацелі змясціць абуральны матэрыял (з яскравымі фотаздымкамі нашага карэспандэнта В. Ждановіча) пра збіццё юнацтва пры Свіслачы, якое названыя паслугачы аб’явілі... “акцыяй нацыстаў, якія хацелі ўшанаваць памяць Гітлера”. Ды той фотанарыс ад нас “изьяли” яшчэ да пасылкі ў друкарню. Пра дзеянні міліцыі на тыя Дзяды я адмоўна адгукнуўся ў штотыднёвіку “ЛіМ”, што з лёгкай рукі А. Вярцінскага станавіўся самым праўдзівым і смелым нашым выданнем. Мяне нечакана запрасілі на “творчую” сустрэчу ў МУСаўскую газету “На страже Октября”. Ды ніякай творчай размовы там не планавалася: перазапрасілі ў кабінет тагачаснага міністра МУС П. Той чакаў мяне з “ЛіМам” на стале, дзе маё слова было спрэс падкрэсленае, з заўвагамі на палях. П. з мяккім дакорам (напярэдадні свята Дзядоў выступаў па тэлебачанні як дэмакрат, прыхільнік літаратуры, у прыватнасці пісьменніка В. Распуціна) папікнуў: што ты, былы ваеннаслужачы ўнутраных войскаў МУС СССР, вытвараеш? Наша народная міліцыя супраць усякай несанкцыяніраванасці, цвёрда стаіць на ахове сацыялістычнай законнасці, а ты. Я: трэба, каб палітыка-культурны дыялог з захавальнікамі народнай памяці вёў ідэолаг, а не міліцэйскі капітан з дубінкай. А капітан павінен найперш абараняць канстытуцыйную законнасць. Мне: але ж сацыялізм, супраць якога ваш Пазняк, не адмяняюць. Яму ў адказ: ды сацыялізм, сказана самім генсекам, цяпер павінен быць з чалавечым тварам і з такім не папяровым, а сапраўдным паняццем, як дэмакратыя. Да ўсяго я змог напомніць некаторыя палажэнні з закрытых статута ды інструкцый МУС СССР, паколькі быў азнаёмлены з імі на вайсковай службе як камсамольскі сакратар батальёна. Адным словам, дыскусія генерала і ст. лейтэнанта запасу закончылася без надрыву голасу і запалохвання гаспадара кабінета, з чаем і аўсяным пячэннем, мне нават паказалі закрыты ведамасны музей, дзе я суправаджаючага падпалкоўніка папрасіў напомніць міністру некалькі экспанатаў. 3 1920-х гадоў. Дзе прадпісанне, што савецкі міліцыянер павінен быць культурным чалавекам, ведаць на пэўным узроўні беларускую геаграфію, гісторыю і мову ды дзе экзэмпляр ведамаснага выдання з назвай “На варце Кастрычніка...”. Было дасягнута вуснае пагадненне, што пра тую “личную беседу” я не напішу: маўляў, некаторыя нефармалы няправільна зразумеюць запросіны мяне ў МУС. Пра тое расказаў Бураўкіну ўжо тады, калі той міністр перабраўся ў дэпутацкае крэсла і не пакінуў абараняць найперш сацыялістычную ідэалогію і законнасць.