Лекцыя 47
… пар.53. Перад мяккімі зычнымі з, с, ц, дз
зьмякчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіце, дзьве і г.д.
…У радзе выпадкаў… ужыванне літары ь
можна разглядаць як свядомае імкненне
абазначыць асімілятыўную мяккасць зычных:
зьведенье, злость, масть, радость, сьвет,
сьвиренъ, сьмерть…
Быў далёкі і страшны час,
Як зляталі з плячэй галовы,
Як знішчалі, мо ў соты раз,
Нашу памяць і нашу мову.
Што я ведаю з тых часоў?
Калі быць немагчыма шчырым —
Інфармацыю з галасоў,
Ледзь нашморганую з эфіру,
Пару кніжак хрушчоўскіх год,
Зачытаных да латак кволых,
Ды маўчання калючы дрот,
Што пануе у нашых школах…
Ну не верыць жа галасам,
Як і культаўскім звонкім одам.
Лёс гукнуў: «Разбярыся сам,
Хто быў вораг твайму народу…»
Колькі розных прайшло сустрэч:
Інфарматары, дыверсанты…
І над кожным зіхцеўся меч,
Кожны — контра, ці проста — анты…
Хто ж былі ўладары падзей? —
Сведкі, доказы, бланкі, справы
Ды нібыта сябры людзей
Ад даносчыка да Цанавы.
Нейчы лёс дзеля іх — нішто,
Свой — усё, бо на тым паўсталі,
Пад нагамі — з людзей плато,
Над галовамі — бацька Сталін.
Нікне вечар, іду дамоў,
Думкі чэрап ірвуць на часткі,
Быццам вынік усіх размоў
Мне навокал здаюцца пасткі.
І ў паветры, нібы ядваб,
Распрамляючы зноў калені,
Вырываюцца з іхніх лап
Без віны вінаватых цені.