III


Божа! Як жа навокал ціха,

Цішыня і тая знямела,

А ні руху табе, ні дыху

У паветры мярцвяна-белым.

Можа, нехта сканаў вялікі,

А малыя па ім не плачуць,

Бо застылі на вуснах крыкі,

Што нічога не перайначыць,

Бо застылі на вуснах словы,

Бо патухла у словах памяць.

Калі нельга вынішчыць мову,

То імкнуцца хаця б параніць.

І сцякае яна крывёю

Па халодных маўклівых вуснах.

Колькі ж вас, паяднаных ёю,

Неразумных, сляпых распусных.

Людзі — волаты (нат здаля),

А галовы й мазгі — пігмеяў,

І ўсе яны спакваля

Набываюць абрысы змеяў.

Хто згадае той гук і зык,

Хто паўторыць яго нанова?

Калі змейны ва ўсіх язык,

Калі ён двайны да паловы…

Уцякаю, бягу — куды?

Дзе ні ткніся, паўсюдна «змеі»:

Як жахліва «сіпяць» гарады,

Як пачварна вёскі нямеюць!

Быццам хто апрануў аброць

Ды кіруе свет зацугляны,

І ніхто ні слова супроць,

Толькі продкаў крывяняць раны.

Мо таму і маўчым цяпер,

Што на гэтай крыві паўсталі,

Што, як ікламі ў цела звер,

Нам у гены уеўся Сталін.

Слова стала нібы праснак,

Раз пачуеш — навек абрыдне,

Алегорыя — Мяккі Знак,

Калі ў хаце пануюць злыдні…

Я, прывыкшы глядзець у ноч,

Але я не прыхільнік ночы,

Калі тая шапоча: збоч

Ці заплюшчы ціхенька вочы.

І таму на свечку лячу,

Як матыль ля яе шалею,

Каб гарэла ярчэй хачу,

А яна не гарыць, а тлее…


Загрузка...