Самых цвёрдых бралі спярша:
Гэта цвёрдыя чыняць шкоду,
Гэта ў іх не баліць душа
Пра патрэбы свайго народу.
Гэта цвёрдыя (хто ж яшчэ?)
Нас вядуць па шляхох няслушных.
Кат, нібыта мяснік, ссячэ
Іх галовы пад спеў задушны.
Спеў халодных турэмных брам,
Спеў завей у далёкім Сібіру,
Дзе ярэмна нават вятрам,
Дзе прыгонна таёжнай шыры.
Горкай праўдай сталее люд,
А салодкай — марнее, гіне,
Што народжана без пакут,
Тое цяжка цягнуць на спіне.
Бралі ж лёгка і без разваг,
Пазбаўлялі падсудных лавы,
Бо кароткае слова «враг!»
Бараніцца знішчала права.
Іх не стала, на іх табу,
Догма ж, выраслая ў пачвару,
Абвастраючы барацьбу,
Зноў шукала сабе ахвяру.
І тады, быццам цень, няўзнак,
Безгалосы слуга граматык,
Раптам выступіў Мяккі Знак
На арэну смяротных схватак.
Самы мяккі пайшоў у бой,
Браў, як цвёрды, сцены крутыя,
Каб цвярдзейшых прыкрыць сабой,
Каб паспелі ачуцца тыя.
А з фатэляў наўкол віжы
Падымалі свае азадкі,
І зіхцелі, нібы нажы,
Здрадай востраные асадкі.
Быў свінец непатрэбных слоў,
Кананада бязладных гукаў
Вылятала, як гром, з галоў
І лічылася звышнавукай.
Білі ціхага, як заўжды,
Ды навошта (не дайма веры!):
Што па-варварску праз гады
Забірае ён шмат паперы.
Ну, вядома ж, паперы брак,
Калі чорных спіскаў замрога
І яны даўжэй, чым барак,
Ці у люты Сібір дарога.
Выспяваў спакваля закон,
Як мярцвяк ажываў пад снегам:
Мяккі Знак асудзіць на скон,
Як буржуйскага здрадцу-шпега.
Колькі «супраць» было і «за»?
Ды з абодвух бакоў нямала,
А ў віжоў на канцы ляза
Кожны спрэчнік засеў трывала.
На ашчаджаным аркушы,
У атраманце зберажоным
Затрымцела святло душы
І зайшлося кайданным звонам.
Скон цянёты плёў, як павук,
Рассыпалі завеі спевы,
Тэарэтыкі звышнавук
Для паперняў валілі дрэвы.
І хацелі пляваць яны,
Што ў далёкай бацькоўскай хаце
Ад сапраўднае іх віны
Нехта родную мову страціў:
Песьні — песнямі сталі спрэс,
Сьлёзы — сталі слязьмі наўкола.
Тарашкевіч ішоў пад прэс,
І злачынства вітала школа.
Над жывымі вітаў праклён,
А над мёртвымі? Мёртвы скуль тут?!
Волат Цяпінскі. Нават ён(!)
Здолеў стацца ахвярай культу…
Восень лісце кладзе на дол,
Воз гісторыі ў брудзе вязне,
Не падкласці пад колы кол —
У Сібіру канаюць вязні.