О, гэта няпростая навука — пакахаць Ружу.
Перш за ўсё Вы павінны любіць паэзію,
гэта значыць — верыць,
што жыццё сапраўды вечнае.
Вы павінны па кропельцы сабраць
некалі згубленую наіўнасць,
дзякуючы якой шчымліва нерухомелі губы
пасля першага пацалунку.
Але галоўнае — Вы павінны пераканацца,
што ўсе клопаты — драбяза
ў параўнанні з марай — пакахаць Ружу.
У той мары ісціна, роўная мудрасці,
якую выпадкова пачулі Вы на Камароўскім рынку
ад старога калгасніка,— што ні робіцца,
а на сцябліне вырастае толькі адзін колас.