Скарбы, як вядома, адкрываюцца нечакана. Так здарылася і ў адным з аршанскіх манастыроў. Амаль 200 гадоў у ягоных скляпеннях хавалася каштоўнасць значна большай вартасці, чым золата і срэбра. Падчас рамонту ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя будаўнікі знайшлі замураваную ў сцяне запыленую за стагоддзі баявую кальчугу. Працерлі пыл гісторыі і ўбачылі на кольцах літары. Яшчэ больш здзівіліся дойліды: не буквар жа гэта манаскі, не азбука школьная!
Каштоўны здабытак перадалі ў Віленскі музей старажытных рэчаў. Вопытныя спецыялісты як вялікую загадку разгадвалі яе паходжанне. Высветлілася, што незвычайная знаходка адносіцца да ХVІ стагоддзя. Суровым выпрабаваннем для беларускіх земляў стала Лівонская, альбо Інфлянцкая вайна. Барацьба Расіі ў 1558--83 гадах супраць Лівонскага ордэна, Швецыі, Польшчы і Вялікага княства Літоўскага за выхад да Балтыйскага мора насіла зацяты характар. З тым далёкім часам і з беларускай зямлёй звязаны лёс ажно дзвюх кальчуг.
Адна з іх належала маскоўскаму князю Пятру Іванавічу Шуйскаму, актыўнаму ўдзельніку Лівонскай вайны. На сваім ваенным шляху ён зведаў шмат перамог. Аднак у студзені 1564 года фартуна адвярнулася ад яго. У бітве на рацэ Ула непадалёк ад Чашнікаў князь не здолеў супрацьстаяць корпусу вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога. Войска Шуйскага спазнала паражэнне, а сам князь быў забіты. Ягоная кальчуга захоўвалася ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Пазней Іван Грозны абдарыў ёю вядомага казацкага атамана Ермака, з імем якога звязана асваенне Сібіры. А ў дадатак паслаў і яшчэ адну. Моцна ўсцешаны царскай шчодрасцю, Ярмак не здымаў іх ні днём, ні ноччу. Калі ў 1585 годзе давялося ратавацца ад раптоўнага набегу татараў, начны Іртыш праглынуў цела Ермака, абцяжаранае важкімі даспехамі. Кальчуга Шуйскага-Ермака ператрывала шмат прыгод і зноў вярнулася ў Маскоўскі Крэмль.
А што ж з аршанскай знаходкай? Даследчыкам удалося прачытаць мудрагелістыя надпісы на маленькіх кольцах. Гэта і адкрыла таямніцу. Зацёртыя літары склаліся ў словы: “Ивана Грьевіча Выроткова”. Як вядома, майстар-аружэйнік свайго імені на вырабах не пакідаў. Значыць, надпісы сведчылі пра асобу ўладальніка кальчугі, для якога невядомы майстар і выкаваў ахоўнае адзенне.
Іван Рыгоравіч Вырадкаў служыў дзяком (быў такі адміністрацыйны чын) у маскоўскага цара Івана Грознага. Стаў вядомы як ваенны інжынер, адзін з першых будаўнікоў рускіх партоў на Балтыцы. Адбывалася гэта ў самы напружаны час царавання – з 1547 па 1565 гады. Іван Вырадкаў ездзіў у замежныя краіны з дыпламатычнымі місіямі, удзельнічаў у прыёме паслоў польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Браў удзел у асадзе Казані, будаваў ваенныя ўмацаванні. Пасля быў важным царскім чыноўнікам у Маскве, меў частыя выезды з самім царом.
Каб засцерагчыся ад розных нечаканасцяў, і вырашыў ён заказаць сабе кальчугу. Як правіла, яны вырабляліся тады з металічных кольцаў, скляпаных на цвік. Аршанская ж мела зусім іншую будову, адрознівалася ад традыцыйных метадаў кальчужнага рамяства. Яна нагадвае кашулю, мае каля 90 сантыметраў у даўжыню і каля 70 у шырыню. Важыць крыху больш за 12 кілаграмаў. Па характэрных прыкметах яе можна аднесці да кальчугі-байдана. Гэтым словам арабскага паходжання называлі від кальчугі з буйных пляскатых жалезных кольцаў, якія былі высечаны спецыяльным штампам з суцэльнага жалезнага ліста. Вядома, змацаваць гэткія кольцы між сабой было немагчыма. Таму кальчуга складалася з чаргавання суцэльных кольцаў і кольцаў на заклёпках. Гэткія кальчугі называлі яшчэ сечанымі. Дзеля надання магічнай сілы на кольцы наносілі малітоўныя надпісы. Іх упрыгожвалі рознымі ўзорамі.
Усё гэта маецца і на Аршанскай кальчузе, што яднае яе з вядомай кальчугай-байданай, якая належала некалі Барысу Гадунову. Каштоўнасць аршанскай знаходкі не толькі ў старадаўнасці яе паходжання і спосабе вырабу. Асаблівую вартасць маюць надпісы на ёй.
Патрабавалася ювелірнае майстэрства, каб на кольца, шырыня абадка якога 3 міліметры, дыяметр – 17, а таўшчыня ўсяго адзін міліметр, нанесці літары. Аршанская знаходка мае яшчэ большыя дзівосы -- надпісы зроблены на абодвух баках усіх кольцаў: і тых, што з заклёпкамі, і суцэльных. Гэта робіць кальчугу сапраўды унікальнай, надае ёй асаблівую каштоўнасць. Ад кальчуг масавага вырабу аршанскую вылучае тое, што надпісы зроблены спецыяльна для яе, па жаданню ўладальніка. Таму нідзе больш не паўтараліся.
А што ж сталася з Аршанскай кальчугай пасля? Верагодна, разам з Іванам Грозным у гэтай ахоўнай апратцы царскі дзяк Іван Рыгоравіч Вырадкаў хадзіў паходам на Полацк у 1562 годзе. Пасля ён удзельнічаў у бітве на рацэ Ула, дзе перамаглі вялікалітоўскія воі. Былі захоплены абозы царскага войска, у якім разам з Пятром Шуйскім змагаўся і атрад Івана Вырадкава. У ліку трафеяў аказалася і ягоная кальчуга. І, мажліва, тады ж гэты трафей быў схаваны ў Аршанскім манастыры. Цяпер жа кальчуга, знойдзеная ў Аршанскім манастыры, захоўваецца ў Гістарычным музеі ў Маскве.