- Ты, пэўне-ж, ня ведаеш краiны, зь якой я паходжу?

Дзяўчына заўважыла, што вочы ягоныя глядзелi дзесьцi ў нейкую далёкую, можа перапоўненую iмглою, адлегласьць, магчыма, што ў мiнуўшчыну.

- Я люблю прыроду, пераважна тую, якую пакiнуў удома. Там ёсьць i салавейка, i жаўранак, i бусел, i нават тая нягоднiца сарока-белабока, якiх тут няма. Гэта птушкi. А нашы гонi, а нашы пушчы! Белавеская, напрыклад. Некалi каралеўскiя i розныя кайзэраўскiя ды царскiя вяльможы ды розныя меншыя шышкi-магнаты з цэлай Эўропы прыяжджалi туды паляваць на нашых зуброў, дзiкоў ды ўсякую iншую дзiчыну. А людзi нашы! Добрыя, працавiтыя, сумленныя, у Бога веруючыя... Цi ты, Верачка любiш паэзiю?

- Так, люблю.

- Цi ты калi чула пра Максiма Багдановiча, беларускага паэта?

- Не, мяркую, што не.

- Выдатны пiсьменьнiк i паэт. Калi зацiкавiшся iм, некалi больш раскажу. Цяпер мне на памяць прыйшоў ягоны выдатны i надта вымоўны сымбалiчны твор у прозе. Называецца "Апокрыф". Моцна люблю гэты твор, бо ён, як нiякi iншы, найлепш выявiў душу Беларуса.

- Можаш расказаць мне пра яго? - спыталася ў Алеся Вера.

- Аднойчы Iсус Хрыстос, наш Збаўца, зацiкавiўся як жыве ягоны народ i зыйшоў на зямлю, каб папахадзiць i паглядзець. I побач зь iм былi сьвяты Пётра i сьвяты Юр'я. I хадзiлi яны па ўсiх землях Беларусi, але людзi не спасьцерагалi iх. Хрыстос i сьвятыя бачылi вялiкую бяду, глум i цярпеньне. Але заўважылi, што гэтыя запрыгоненыя людзi ўсюды жылi зь песьнямi.

Тады зьдзiўлены сьвяты Пётра спытаўся ў Хрыста, чаму гэтыя людзi, якiя на дне галечы, жывуць зь песьнямi. I пачуў такi адказ: - Ты ня бачыш, што гэтыя прыгнечаныя горам людзi песьняй сваю душу выражаюць? Яны сьпяваюць вясной i летам, сьпяваюць калi аруць поле й зьбiраюць ураджай, на дажынкi i ў дзень Уваскрасеньня, зь песьнямi сустракаюць нованароджаных i таксама тады, калi адпраўляюць блiзкiх на той сьвет, сьпяваюць на вясельлях i хрэсьбiнах, на працы i падчас адпачынку. Сьпеў для iх - значэньне, сэнс жыцьця.

Пётра зразумеў. Яны йшлi побач жытняй нiвы i апостал заўважыў, што будзе дрэнны ўраджай. Надта-ж шмат васiлькоў расло мiж нягеглых каласоў жытнiх. Тады ён спытаўся ў Госпада: - Чаму тут расьце так шмат васiлькоў у жыце? Цi-ж гэтыя людзi ня ведаюць, што бедная глеба абаiх ня выкармiць? Цi-ж яны такiя няведы?

I адказаў яму на гэта Iсус Хрыстос: - Гэтыя людзi, каторыя адкрылi прыгажосьць песьнi, таксама ведаюць цану працы. Ды яны ня менш цэняць i красу, а таму й ня вырвуць сьцiплага васiлька, каб расло жыта. Што-ж гэта за жыцьцё без красы? Для iх васiлёк i зьявiўся ўвасабленьнем красы, сьцiпласьцi i ўзьнёсласьцi душы. Яны гэту кветку абагаўляюць. Праўда, што мала iм дадзена цяпер. Цi-ж ты хацеў-бы, каб яны мелi яшчэ менш? I калi яны, Хрыстос i ягоныя спадарожнiкi, нябачныя для людзей, праходзiлi побач руплiвых жнеек то пабачылi, як жанчыны й дзяўчаты спынiлiся ды iзь сярпамi ў руках, сьпявалi:

няма лепш цьвяточка над васiлёчка.

Лёгкi ветрык падхапiў тую песьню i iншыя галасы жнеек зь iншых нiваў далучылiся да таго хору, якi ўслаўляў сьцiплы васiлёк.

- Гэта запраўды прыгожа, яно натхняе чалавека. Так мне здаецца, як чую пра гэных людзей з Багдановiчавага твору. Цi запраўды яны такiя, Беларусы?

- Багдановiч ведаў пра каго пiсаў. Ён быў генiяльным.

Вера зiрнула блiжэй у вочы дзяцюка. Спасьцерагла там нейкi цень, якога раней ня бачыла. Пра бацькаўшчыну, вiдаць, думаў. Вочы напоўненыя тугою, можа таксама па тым Багдановiчавым васiльку. Хто ведае... Цяжка зразумець, што гэты чалавек, якi, пэўне-ж, любiў свой край i народ, не астаўся там мiж сваiх такiх добрых людзей. Вера добра зразумела i асэнсавала глыбiню Багдановiчавага "Апокрыфу". Дзяўчына цiкавiлася расейскай лiтаратурай. У некаторых творах Горкага, якiя падсоўвалi ёй у клюбе, прыгадала падобныя элемэнты пра бяду, красу й песьнi, якiя так умела згарусьцiў у адзiн кароткi твор Багдановiч. Праўда, той Пешкаў-Горкi бяз Бога абыходзiўся неяк...

Вера не адважылася адчынiць рот для таго кардынальнага пытаньня. Час надыйдзе. Лепшая будзе нагода, каб гэтага цiкавага дзяцюка выпытацца пра што трэба. Недзе ззаду маячыўся цень Капшуна, ягонае ганьбаваньне гэтых новапрыбылых, каторыя быццам жывых матак i iхных малых дзетак падчас вайны ў агонь кiдалi. А тут вось побач яе чалавек iз такой, як выглядае, адкрытай душой i чулым сэрцам... Нешта тут не пасуе - гэты дзяцюк i Капшуноў партрэт...

Больш таго. Гэты прыгажун закрануў i ў ейным сэрцы нейкую чулую струну. Ледзь крыху, але закрануў. Ужо там недзе ззаду можа падасьпець трывога, што яна ня зможа быць да гэтага чалавека, як тыя людзi з клюбу вымагаюць, зусiм абыякавай... Адчувала, што нешта, - а што гэта магло быць? - скранулася ў ейным сэрцы.

- Вера, - зьвярнуўся да яе Алесь надта ласкавым голасам, - хацеў-бы i я цябе назваць маёй кветкай, можа не васiльком, але нейкiм рамонкам...

- Ты што, таксама нейкi паэт, цi як?

- Ды не. Але прызнаюся, што я ня меншы паклоньнiк красы, чымся быў наш слаўны Максiм, цi, - калi ўжо пашукаць далей, - стварыцель мадоннаў слаўны Рафаэль.

- Во, во, зараз зробiш зь мяне Вэнэру Мiлоскую, паставiш на п'едэстал i пакланяцца будзеш. Ха-ха! - шчыра зарагатала Вера.

Спроба сьпiхнуць Алесева прызнаньне на жарт не ўдалася. Румянец разьбегся па твары i вочы ейныя пазьбягалi сустрэчы з Алесевымi.

- Мая прыгожая кветка Вера? Васiлёк цi рамонак? Скарэй усяго рамонак.

Алесь насалоджваўся дзявочым зьбянтэжаньнем. Выкрывалася цнатлiвая, нiкiм магчыма незакранутая дзявочая нявiннасьць. Нясьмеласьць, няпэўнасьць у цiхiм голасе, якi, хаця-нехаця, мусiў гамаваць азарт першых парываньняў каханьня. I тут-жа, у гэтым голасе, нейкi дысананс.

- Алесь, каб ты ведаў мяне, запраўдную...

Гэтта яна завагалася.

- Але-ж, але, зараз раскажаш мне страшную гiсторыю, падобную да тых юрлiвых апавяданьняў часапiсу True Confessions (Запраўдныя споведзi).

- Пачакай, я схаджу да свайго возу й нешта прынясу, - сказаў Алесь. Ён ускочыў, пабег да аўта, выняў спад сядзеньня бутэльку брэнды, другую бутэльку вады "Канада драй". Неўзабаве прыбег да дзяўчыны й зноў сеў побач. Напалову налiў брэнды ў плястыковыя кубкi, з папяровага мяшка выцягнуў загорнутыя ў паперы канапкi, паставiў побач бутэльку з вадой.

- Вып'ем, - запрапанаваў, падаючы Веры гарэлку.

- Ня п'ю я, прабач, - сказала цiха Вера.

- Прашу. хоць крыху, вусны памачы.

- Глядзi, напоiш мяне, бяду будзеш мець, - усьмiхнулася дзяўчына.

- За нашае здароўе!

- Добра, за нашае здароўе.

Яна запраўды ледзь вусны памачыла i Алесю давялося колькi разоў спанукаць, каб выпiла тое да дна.

- Так што ты запраўды ня хочаш слухаць пра мяне? - спыталася, гледзячы Алесю ўважна ў вочы, кусаючы канапку.

- Калi маеш нязвычайную, нейкую надта цiкавую гiсторыю з жыцьця свайго дык напiшы ў той часапiс "Тру канфэшанс", куды ўсе пакрыўджаныя цi азартныя дзеўкi пiшуць, - жартаваў Алесь.

Вера не сьмяялася.

- Магчыма, што некалi раскажу й зразумееш...

Алесь уважна зiрнуў на яе. Што такое яна можа яму расказаць? Можа пра першае i катастрафальна-няўдалае каханьне? А можа пра тое, як яны тут цярпелi падчас слаўнае вялiкае дэпрэсii, цi пра тое, як за iхныя рабочыя клюбы заступалiся камунiсты?

Пасьля таго, як Алесь выпiў другую брэнды, гэтым разам на солё, адчуў што хлынула цяпло ў галаву.

- Дык што, можа пабяжым зноў паплёхацца?

Ледзь скончыў, а дзяўчына ўжо была на нагах.

"Але-ж i дурань я, мусiць закахаўся!" - сьмяяўся сам зь сябе Алесь пад вечар, калi адвёз дзяўчыну й вярнуўся на кватэру.

13

Калi аднойчы Вера пачала распытваць Нiну Ляскiн пра Капшуна, тая сказала, што мужчына працуе недзе ў страховачнай кампанii, разыйшоўся з жонкаю i агулам ён добры чалавек, якога людзi часта недацэньвалi. Калi-ж Вера хацела даведацца якую пасаду цi працу Рыгор Капшун меў у мясцовым рабочым клюбе iмя Горкага, дзе зьбiралiся "рускiя канадцы", пачула ад Нiны дакор, што яна крыху занадта многа хоча ведаць. Гэткi дакор крыху ўкалоў Веру бо ня пыталася-ж яна пра нейкiя зашыфраваныя атамныя тайнiцы. У памяцi засела падазрэньне, што Капшун мог быць ня тым, чым прыкiдваўся. Павiнна-ж быць нейкае апраўданьне сакрэтнасьцi Нiны Ляскiн.

Ужо некалькi тыдняў жылi пад адной страхой. З гутарак зь Нiнай, наглядаючы яе зблiзу, Вера спачатку думала, што Рыгор Капшун ёсьць ейным "бойфрэндам", хаця Нiна нiколi гэтага не пацьвердзiла. Некалькi разоў выходзiлi разам у горад, у нейкае там кiно цi тэатр. Анi разу Нiна не параiла Веры, што трэба ёй пазнаёмiцца, або пачаць наведваць "землякоў з клюбу". Зь iншага боку Веры здавалася, што Нiна занадта ёй цiкавiлася. Асаблiва-ж Нiну цiкавiлi адносiны Веры да Якiмовiча. Гэнае Нiнiна зацiкаўленьне Якiмовiчам i ёй самой дражнiла дзяўчыну асаблiва яшчэ таму, што гэтая быццам сяброўка з кватэры амаль нiколi нiякiх сваiх сакрэтаў не расказвала. Калi наагул гаварыла пра сябе цi iншых, дык у вельмi агульных рысах, нiколi нiчога такога важнага й канкрэтнага. Вера пачала адудзячвацца Нiне тойсамай манэтай. Яна не магла пазбыцца ўражаньня, што за гэтай сяброўскай маскай суседкi крыецца спрактыкаваная, хiтрая старая дзеўка, якая заўсёды ведае куды больш, чым у яе на языку было.

Верын сьцiплы заработак у Трыфты Тонi паглынала кватэрная аплата, харчы й вопратка, ня лiчачы iншых дробных выдаткаў. Дзяўчына надзвычайна любiла прыроду i ўсьпела ўжо рашчаравацца гэтым вялiзным, гулкiм горадам, што шпаркiм амэрыканскiм дынамiзмам лез уверх i разрастаўся ўшырыню. Быццам соляй рану пякло дзяўчыну падазрэньне, што гэтая Нiна Ляскiн была ейным босам нейкага спэцыяльнага прызначэньня. Калi аднойчы спыталася ў старой дзеўкi, чаму яна да гэтага часу не пазнаёмiла яе з моладзьдзю з "прагрэсыўнага рабочага клюбу", Нiна намагалася вытлумачыць, што зусiм непатрэбна Веры наглiць, што ёсьць яшчэ час, што неўзабаве яна сама даведаецца ўсё, што патрэбна, ад самога Капшуна, што ёй тымчасам трэба як мага вучыцца беларускую мову, пазнаваць Якiмовiча ды агульна быць добрай i паслухмянай дзяўчынай. У вынiку такога Нiнiнага выясьненьня Капшун паказўся Веры ў iншым сьвятле. Ёй ужо здалося, што яна станецца нейкiм агентам на Капшуновым павадку, якi будуць трымаць касматыя рукi. Няцiкавая будучыня. Рашыла тымчасам устрымацца ад роспытаў. Дзейнасьць ейная, як выглядала, будзе розьнiцца ад звычайнай працы ў Балтаве. Калi-б ня так, дык навошта ўся гэтая сакрэтнасьць, чаму адчужэньне ад грамады мясцовага клюбу, навошта апэратыўнае апанаваньне беларускае мовы? Неўзабаве дайшло пару элемэнтаў пры помачы якiх можна ўжо было бачыць на нейкую адлегласьць апэратыўны гарызонт, што нарадзiў iншыя пытаньнi. Што-ж цяпер? Паслухмяна выконваць загаданае, цi напляваць на гэта ўсё? Пытаньнi, сумлевы, ваганьне... Нешта гэта для Веры зусiм новае i дагэтуль нязьведанае...

У той час Вера мела немалыя посьпехi ў пазнаньнi беларускае мовы. Дагэтуль яна нядрэнна ведала расейскую. Старшая жанчына, якая назвала сябе Лапа, якая жыла недалёка ў суседзтве ў скромна ўмэбляванай кватэры, выклiкала яе два разы на тыдзень i па дзьве гадзiны давала iнструкцыi. Нацiскала на гутарковую мову. Матар'ялам для чытаньня была нудная прапагандовая публiцыстыка пра быццам аграмадны прагрэс камунiстычнага гiганта на эканамiчным фроньце, пра сусьветную ягоную мiрную афэнзыву, паклёпы на так званых капiталiстычных падпальшчыкаў вайны ды "iндустрыяльна-мiлiтарны камплекс", розных капiталiстычных "акулаў з Ўол стрыту", пра галечу прыгнечаных i пакрыўджаных пралетарыяў у капiталiстычных краiнах ды проста цi ня райскае жыцьцё рабочых у Савецкiм Саюзе, якiя зь вялiкай цьвёрдасьцю i ўпэўненасьцю, - зразумела, пад кiраўнiцтвам роднай камунiстычнай партыi, - будуюць лепшую будучыню для ўсяго чалавецтва. Для дзяўчыны, якая, дзякуючы няспрыяльным жыцьцёвым абставiнам, апынулася была ззамоладу ў радыюсе так званай сацыялiстычнай прапаганды, цяжка было вывудзiць крывадушнасьць партыйных брахуноў-злыдняў iзь вялiкага мора хвальшу.

Капшун пазванiў Веры ў нядзелю пасьля абеду, папрасiў яе пачакаць бо ён вось неўзабаве мае зьявiцца да яе ў нейкай важнай справе. Апрануты ў спартовую, з гавайскiмi малюнкамi, кашулю, ён агледзеў пакой, сказаў нешта на тэму, што ўсё тут прыгожа ды ў парадку i выгадна расьсеўся на канапе, выцягнуў сваю люльку ды ўзяўся напiхаць табакаю. Веры цюкнула ў галаву, што гэты чалавек i тут, выглядае, лiчыць сябе гаспадаром, а яе госьцяй.

- Мне сказалi, што ты зрабiла ўжо пэўны прагрэс у вывучэньнi беларускай мовы, - пачаў Грыша бязь нiякiх уступаў. - Дык можа пачнем гаварыць пабеларуску? Га? Хачу табе памагчы.

- Я яшчэ слабая, мала навучылася. Ну але, окэй, будзем, - згадзiлася Вера.

Засланяючы вокны шторамi, каб не перашкаджала яркае сонечнае сьвятло, Вера маўчала. Юрлiвыя Капшуновы вочы сьлядзiлi кажны крок дзяўчыны.

- Гэта добра. Магчыма, што нам ужо трэба далей рухацца, - цягнуў нудным голасам Грыша, смокчучы люльку. - Мне таксама сказалi, што ты шмат пра што распытвала... Адкажу на твае пытаньнi, магчыма ня ўсе. Адно раю: не сьпяшыся ўведаць адразу замнога, табе дадзём усе патрэбныя iнфармацыi. А цяпер, пакуль пачнем пра тваю работу, я мушу некаторае выясьнiць.

Ён наўмысна не сьпяшыў. Павольнасьць i дыкцыя, папыхваньне люлькай, давала важнасьць чалавеку i прадмету, пра якi меў гаварыць.

- Цi ты калi чула пра камiтэт "За вяртаньне на радзiму й культурныя сувязi з суайчыньнiкамi за мяжой"?

- Не, ня чула, не прыпамiнаю такога.

- Гэты камiтэт арганiзаваўся даўнавата i базаваўся ў усходнiм Бэрлiне. Заданьне ягонае двайное: iнфармаваньне нашых суайчыньнiкаў за рубяжом Савецкага Саюзу пра запраўдны прагрэс нашай сацыялiстычнай бацькаўшчыны i краiнаў народнай дэмакратыi i зьбiраньне iнфармацыяў пра нашых суайчыньнiкаў, помач iм у культурных мерапрыемствах. Заданьнi, як бачыш, высакародныя: мэтай ёсьць помач нашым суайчыньнiкам у цэлым сьвеце ўтрымлiваць трывалыя зносiны з бацькаўшчынай, якая сяньня ёсьць зьзяючым прыкладам адбудовы i прагрэсу пасьля вялiкай перамогi фашысцкай Германii сiламi Савецкага Саюзу. Камiтэт робiць вялiкую працу. Ён зьбiрае весткi пра нашых землякоў, памагае iм, калi хочуць, наведаць родных удома, але найважнейшая яго праца гэта пашырэньне праўды пра нашу пралетарскую дзяржаву i ейную культуру ды тэхнiчны прагрэс а таксама яе мiрную палiтыку. Камiтэт цяпер выдае шаснаццаць газэтаў у розных мовах народаў Савецкага Саюзу, уключна зь беларускай мовай. Вось тут захапiў я адну, можаш паглядзець.

Капшун выняў зь кiшэнi i аддаў дзяўчыне гэтую навiну. Вера разгарнула яе i прыглядалася першай бачыне. Вялiчынёй чвэрцi мясцовых англамоўных гарадзкiх газэтаў, першая бачына - пад вялiкiм загалоўкам "Сьцяг Ленiна", на друку прапагандовае перадавiцы афiшавалася адбiткай, у чырвоным колеры, галавы заснавальнiка савецкае дзяржавы. Газэтка называлася "Голас радзiмы".

- Можаш пачытаць яе пасьля, - сказаў Капшун. - Прынясу iх болей, каб ты ар'ентавалася ў працы камiтэту.

Вера адлажыла газэту.

- Справа ў тым, - гаварыў Грыша, - што гэтыя людзi з Бэрлiну бяз нашае дапамогi з такiмi вялiкiмi заданьнямi ня справяцца. Ужо ад нейкага часу яны арганiзуюць цэлую сетку давераных людзей па цэлым сьвеце, зьвярнулiся i да нас у Канадзе. Ясна, мы лiчым, што помач для iх - наш сьвяты абавязак. Вось, так сказаць, ядро арэха.

- Спадзяюся, што знойдзеце памочнiкаў, - амаль абыякава сказала Вера.

- Ня ёсьць так проста, як яно выглядае. Ты ня чула дэталяў. Нашыя людзi з камiтэту зацiкаўленыя новай беларускай эмiграцыяй ня менш, а можа нават больш, як папярэдняй.

- Ага. Дык што за розьнiца? Падыход?

- Пэўне-ж. Старая эмiграцыя ня кiдае нам пад ногi калодаў. Агульна гаворачы, яна тут абжылася, пазнала эксплаататарскi капiталiзм, многа перацярпела ў часе вялiкае дэпрэсii i цяпер менш-больш прыязна ставiцца да Савецкага Саюзу, знаходзiцца пад уплывам нашых прагрэсыўна-мiрных iдэяў. Зусiм падругому абстаiць дзела з новай эмiграцыяй. Праўда, бальшыня яе ёсьць iнэртнай у палiтыцы, значыцца... Але сярод яе ёсьць вельмi адданая група фанатыкаў, фiнансiраваная некаторымi буржуазнымi агенцтвамi разьведкi й падрыву... Гэтая група робiць вялiкую i шкодную падрыўную працу супраць Савецкага Саюзу i дзяржаваў народнай дэмакратыi. Гэтая малая група, вельмi актыўная, ёсьць папулярна ведамая пад назвай беларускiх буржуазных нацыяналiстаў, у скароце - бебурнацы. Група мае некалькi сваiх цэнтраў: адзiн у Германii ў Мюнхэне, другi ў Ню-Ёрку, а галоўны канадзкi цэнтр знаходзiцца якраз тут у Радфордзе.

Гэтта Капшун змоўк, быццам наўмысна, каб дзяўчына перадумала сказанае iм, выстукаў попел зь люлькi, якую зноў пачаў напiхаць пахнучай галяндзкай табакай "Камфора".

- Не, нiчога я пра iх ня чула, - адказала Вера.

- Цяпер я хачу ахарактарызаваць гэтую буржуазную нацыяналiстычную групу, у якой будзеш працаваць. Вось-жа яны, бебурнацы, клянуцца, што яны ёсьць запраўднымi носьбiтамi палiтычных iдэалаў цi памкненьняў беларускага народу. Яны гарлапаняць, што зараз Беларусь ёсьць парабашчонная Расiяй, якую яны яра ненавiдзяць. Яны-ж даказваюць таксама, што Беларусь нiбыта хоча парваць з Масквой ды быць самасьцiйнай дзяржавай. Гэта ёсьць чыстая ярунда, вымысел гэтых ворагаў беларускага народу. Усё-ж iхная крывадушная прапаганда тут за рубяжом не праходзiць бясьсьледна. Яны працуюць у радыё ў Мюнхэне, якое фiнансiруецца амэрыканскай разьведкай i перадае ў Савецкi Саюз сваю варожую нацыяналiстычную ненавiсьнiцкую да савецкiх уладаў i сацыялiзму прапаганду. За амэрыканскiя грошы гэтыя калiшнiя гiтлераўскiя а цяпер амэрыканскiя лакеi выдаюць свае газэты. Група гэтая ваяўнiчая i ўсюды чужым разьведкам ахвяроўвае свае паслугi. Яе нельга iгнараваць. Нашыя людзi з Бэрлiну, з таго камiтэту, гэтай групай зацiкавiлiся i робяць намаганьнi, каб яе ў найгоршым выпадку нэйтралiзаваць, а ў найлепшым зьнiшчыць. Бачыш, вылюдкi гэтыя - пераважна фашыстоўскiя недабiткi, хлам, дэгенэраты, калябаранты Гiтлера, палiцаi i забойцы, якiя мардавалi сваiх-жа людзей. Iхныя рукi - ў крывi нявiнных, яны заслужылi на пятлю. Пры нашай помачы камiтэт хоча iх выкрываць, каб яны апынулiся ў нашых руках i адказвалi за свае злачыны перад народным судом.

- Калi яны, як кажаш, крымiнал, дык што прасьцей? - сказала Вера.

- Вось у тым то й дзела, што тут ня ўсё так проста, як яно выглядае. Бачыш, яны маюць сьвязi i iх фiнансуюць ня толькi амэрыканская i iншыя разьведкi, але й германскiя фашыстоўскiя рэваншысты. Яны вельмi заўзятыя, за грошы, канечне, жыруюцьна людзкой наiўнасьцi i палiтычнай няграматнасьцi, нават некаторых землякоў з нашай старой эмiграцыi абалванiлi.

- Аж так? - зьдзiвiлася Вера. Здавалася, яна зразумела пра якiх нягоднiкаў-вылюдкаў Грыша распавядае. Усё-ж чакала, пакуль той дабярэцца да нечага канкрэтнага, што адносiцца да ейнай працы ў гэтай чалавеканенавiсьнiцкай групе.

- Дык, сьледавацельна, - Капшун зацягнуўся пахнучым дымам, зiрнуў Веры ўважна ў вочы, - цяпер атнасiцiльна тваёй задачы, значыцца работы... Бэрлiнскi камiтэт найбольш вока дзяржыць на iхнiх лiдарах. Адносна iх хочуць iнфармацыi, панiмаеш... Такiя весьцi яны належна выкарыстаюць, асобiнна калi гэтыя фашыстоўскiя прыхвасьнi маюць родственiкаў удома. А многiя iх маюць.

- Ага...

- Вось i будзеш працаваць мiж гэтых людзей, - сказаў Капшун фiнальным тонам.

- Што маю рабiць? Iнфармацыi зьбiраць. Окэй. А дзе, ад каго пачынаць, дзе яны гэтыя ворагi народу ёсьць? Вы знаеце каго зь iх?

- Усё табе як сьлед паясьню ў час, як трэба, дам указаньнi. Работа табе спадабаецца, я гэтага пэўны.

- Я спадзяюся, - адказала Вера тонам, якi чакаў выкрыцьця нечага новага i надзвычайнага. Але Капшун, як выглядала, марудзiў.

- Ты не забоцься, - сказаў Грыша. - Апроч некалькiх закаранелых крымiналiстаў, запраўдных прафэсiяналаў, гэтыя людзi маюць адкрытае сэрца i ёсьць зялёныя аматары там, дзе праводзяцца так называемыя спецыяльныя мерапрыемствы. Доступ да iх лёгкi. Яны цябе спаткаюць з адкрытым сэрцам, асобiнна бяручы пад увагу тваю красату...

Пры згадцы пра "красату" Капшуновы юрлiвыя вочы ўважна аглядалi спакусьлiва-прыгожую дзяўчыну. Галава-кукiш налiлася нейкай агрэсыўнай паўнатой. Пачырванеўшы, Вера абцягнула дол спаднiцы нiжэй каленяў. Напружаньне. Патрэбны хуткi разрад.

- Можа вы вып'еце? - асьмелiлася дзеўка.

- Чаму-ж не...

- Я зараз прынясу, - устала дзяўчына й зьнiкла ў кухнi. Нiнiна пляшка гарэлкi тры чвэрткi поўная. Добра. Трэба будзе ёй адудзячыцца. Вера наладавала мiску лёду з халадзiльнiка, паставiла бутэльку з гарэлкай i яшчэ адну з джынджэр-эйл-вадой i шклянкi на паднос ды вярнулася ў сьвятлiцу. Грыша хадзiў па пакоi. Калi яна стаўляла паднос з напiткамi на столiк, ён спынiўся, зблiзу зазiрнуў ёй у вочы, а на твары-кукiшы паказалася грымаса, быццам усьмешка.

- Эх, чтобы я был так лет двадцать моложе! - уздыхнуў Капшун.

- Ну й што, каб быў? - Вера адыйшла пару крокаў назад.

- Яшчэ спрашываеш, - наблiзiўся мужчына да Веры. - Да ты-жа, мол, толька i будто бы сама ляцiш у аб'яцiя...

Пры такiх словах ён ушчыкнуў дзяўчыну за грудзi.

- Ну што вы, Грыша, пазваляеце сабе! - стукнуўшы па касматай выцягнутай руцэ адскочыла Вера.

Пасьля нязручнае хвiлiны Капшун усеўся на канапе, налiў палову шклянкi гарэлкi, адным махам перакулiў яе ў шырока адчынены рот, укiнуў у шклянку лёд, налiў джынджэр-эйл i запiў гарэлку.

- Як далёка ты, дзеўка, зайшла зь Якiмовiчам? - спытаўся.

На твары ягоным распаўзлася чырвань, а вочы налiлiся шэрасьцю.

- Дык вы й пра яго ведаеце?

- Ну да, канечна.

- В чем дело? Я-жэ зь iм... у яго работаю.

- Я не имею время за тобой насматривать, но хотел бы узнать затащил он тебя уже в кровать или нет.

Грышаў голас завайстрыўся. Можа гарэлка дзее? Узрушэньне пераключала яго на расейскую мову.

- Што за вапросы! - пачырванела Вера. Румянцам загарэўся твар дзяўчыны. Такiя пытаньнi чалавека з колкiмi вачмi, у якiх раней гаспадарыў прылiў юрлiвасьцi, прыносiлi небясьпеку. У скронi ўдарылi малаточкi. Капшун налiў амаль палову шклянкi гарэлкi сабе i Веры.

- Я гарэлкi ня п'ю, - станоўчым голасам сказала дзеўка.

- Ну, ничего, пригубить можешь! - ён падаў Веры шклянку з гарэлкай. За наше сотрудничество! Окей? - спытаўся ў яе, стукнуўшы сваёй шклянкай у ейную.

- Окэй, - нясьмела адказала Вера. "Хто яго ведае, што ён далей пачне вытвараць. Лепш асьцярожна зь iм", - меркавала дзяўчына.

- За твае ўсьпехi! - прадаўжаў Капшун. Ён выпiў гарэлку, запiў вадою, а Вера адно памачыла вусны.

- Буду старацца, - адказала. - Але чаму пытаецеся нашчот Якiмовiча? Што ён?

- Да он один с этих... понимаешь, наших объектов... фашистских колаборантов, сволочь!

- Ён хто?

- Я-ж сказаў: ён адзiн з тых крымiналiстаў, фашысцкi калабарант!

Дзяўчына анямела, адчынiла ад зьдзiўленьня рот. Што гэта такое чуе яна ад гэтага чалавека? Усьведамленьне сказанага iм прыходзiла паволi. Нешта быццам кальнула ў сэрца. Алесь... Што гэта такое? Адно тады стукнула ёй у галаву, якая ўжо неабыякавая яна да гэтага чалавека! Куды больш - закаханая. А гэтта вось кажуць, што ён з той крымiнальнай групы, можа дзе нявiнных людзей забiваў! Зь вялiкiм намаганьнем старалася ўтрымаць раўнавагу. Грыша трымаў на ёй свае колкiя, але крыху ўжо засмужаныя гарэлкай вочы.

- Калi йдзе пра Якiмовiча, я да яго... як вам сказаць? няпрывязаная, - сказала з ваганьнем у голасе дзяўчына.

- Да. Харашо. Хачу табе наказаць: нiколi не разрэшай чтоб тваё пэрсанальнае жыцьцё было заградай у iспалненьнi ўзятых табой абавязкаў. Не положено, понимаеш?! Якiмовiч гэта адзiн зь iх большых тузоў на нашай лiсьце. Другi ёсьць Антон Шпак, iзьвесны фашысцкi бебурнацкi пiсацель, таксама зьдзесь пражывает. Но ёсьць i другiя. Такiм нужно адабраць голас. Панiмаеш? Чтоб это зьдзелаць, нужна полная iнфармацыя. От как... Мы заiнцерэсаваныя iх слабасьцямi, навыкамi, сваякамi, якiх маюць дома, значыцца ў Саюзе Савецкiм... Каротка гаворачы, трэба iх iзучыць: чым яны дыхаюць, чым жывуць, што робяць. Неабхадзiма паэтаму ўлiцца ў iх обшчаства. Самае важнае - грунтоўнасьць i точнасьць, значыцца дакладнасьць. Промаху нам не положено делать. Понимаешь? Ведаю, што ня маеш практыкi ў такiм напраўленii... Цi згаджаешся такой работай заняцца?

- Га? Чаму-ж не... окэй! - паспяшылася з адказам Вера.

- Прежде всего и самое главное, - устаў Грышка з канапы, - советую тебе точно и усердно заняться Якимовичем... Калi ня будзе iншага выхаду, можаш навет пусьцiцца поўным образам... абы толькi ўлезьцi ў ягоны круг обшчаства. Панiмаеш? Патом я табе скажу што далей рабiць.

"Пусьцiцца поўным образам"... "Пра што гэты чалавек гаварыў? Пусьцiцца?" Увесь гэты, падсунуты ёй так умела нейкiмi там вышэйшымi апэратыўнымi спэцамi абавязак, паказаўся ў Верыным уяўленьнi зусiм iншым тварам. Пратэставала пачуцьцё, спрачалася яно з розумам, з развагай, недзе вагалася перад няведамым. Хто такi гэты вось чалавек з галавой-кукiшам, каторы нагаварыў ёй такiх бязглузьдзiцаў пра Алеся, да якога толькi вось кагадзе ў сэрцы зарадзiлася нейкая iскра, што разгаралася, пагражаючы вялiкiм полымем? Той Алесь, якога пазнала з працы i сустрэчаў, гэты прыгожы i дынамiчны дзяцюк зусiм не адпавядаў постацi нейкага там фашыстоўскага ката, што нявiнных людзей мог забiваць... Ёсьць недзе разгадка. Што-ж, тымчасам перад табой Гордыеў вузел...

- Я-ж сказаў, - пацьвердзiў ранейшае Капшун, - сьпяшыцца надта ня трэба. Але i не зявай! Падлабунься да Якiмовiча, а ўжо чэраз яго далезеш туды, дзе ты нам нужна.

Неўзабаве Капшун пайшоў. У тую ноч Вера доўга марылася бяссоньнiцай.

14

Калi Алесь жартаваў з Канадыйцамi пра сваё паходжаньне, дык перш за ўсё казаў, што завiтаў у гэты мурзаты й зваяваны сьвет тады, калi зямля ягонага бацькi галечай шчэрыла свае зубы пад акупацыяй наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу. Народ той у часе Алесевага нараджэньня на ўсю моц свайго ахрыплага патрыятызмам голасу энтузiястычна праслаўляў маршалкоўскую булаву вусатага маршалка, якi гэным часам клапацiўся пра "моцарствовую айчызну" ў варшаўскiм палацы Бэльвэдэры й забаўляўся сваiмi пасiвелымi вусамi ў Лазенцы.

На парозе Другое сусьветнае вайны "брацкую руку помачы" паняволеным Беларусам, што гаравалi дагэтуль пад уладай таго наймудрэйшага ў цэлым сьвеце народу, выцягнуў найбольш праслаўлены ў сваёй iмпэрыi панегiрыстамi й падхалiмамi "айцец усiх народаў i карыфей усiх навукаў". Ён, гэны наймудрэйшы з мудрых, кагадзе разбудаваў i ўзбуйнiў Гулаг, у якiм вымардавалi дзясяткi мiльёнаў нявiнных людзей. Неўзабаве той "бацька", пры помачы "раскаваных рабоў" прадаўжаў папаўняць рабсiлы Гулагу з той "здравствующей освобожденной Западной Белоруссии". Валаклiся па бездарожжах праклятага Сiбiру калёны сьмерцi iз словамi на парэпаных вуснах:

I заўтра зноў узыйдзе сонца,

I будуць людзi есьцi й пiць...

I нiхто iзь iх ня ўспомнiць,

Як мы хацелi жыць!

У чырвенi сорак першага на "айца ўсiх народаў" напаў ягоны "саюзьнiк Вялiкая Германiя". Амбiтны бэрлiнскi капрал новую ваенную трасцу згарусьцiў: перабудаваць сiламi "гэрэнфольку" сьпярша ўсю Эўропу, а пасьля й цалюсенькi сьвет. Пры тым капралавым "дранг нах остэн" здарыўся магутны ўсплёск, i калi ўжо "бацька ўсiх народаў" пхаў яго назад з клiчам "даёш Бярлiн!" дык нашага юнака Алеся тая хваля аж на Апэнiнскi паўвостраў выплюнула.

У Iталii Якiмовiчу давялося, - i дзякаваў ён Богу за тое, - надзець на сваю чубатую галаву талерку-шлём ды апрануць "батлдрэс" 8-е армii Джорджа Шостага, з Ласкi Божае Караля Брытанскага Камэнвэлту i Iндыi Iмпэратара. Гэткiм чынам юнак Алесь, што тут-жа перад вайною, у зрэбных штанох, кужэльнай саматканай кашулёнцы ды босы, джгаў як мага праз поле, - вочы на лоб! - да бальшака, каб пабачыць як пан Слатвiнскi на сваiм аўтамабiлi-дрыньдзе ехаў (гэта-ж табе ня хаханькi, такая тэхнiка!), пад канец вайны памагаў Джорджу Шостаму, - з ласкi Божае каралю iмпэратару й гэтак далей, - вытурваць нямчуру й чорнакашульнiкаў мясцовага "дучэ" са сьветлае краiны Дантэ, Вэрды й "сьвятых айцоў"... Цi гэта калi яно такое беларускаму пастуху й селянiну Алесю магло раней прысьнiцца?

Адгэтуль простая выснова: вайна тая магутнай катапультай выкiнула нашага юнака "ў людзi", а пасьля ён ужо найбольш сваiмi намаганьнямнi, пры мiнiмальнай помачы Джорджа Шостага, перабраўся за акiян. У пасьляваенны час нялёгка за акiян трапiць было, але-ж хаўрусьнiкаў, за iхныя ваенныя заслугi, узнагародзiлi. Алесь Якiмовiч падпiсаў з канадыйскiм урадам кантракт, што за мiзэрную заплату, - сорак пяць даляраў у месяц, харчы й кватэру, - будзе працаваць парабком у нейкага канадыйскага фармара, даiць кароў i гной кiдаць. Ужо куды пазьней давялося Алесю рагатаць, калi пачуў на мэлёдыю канадыйскага дзяржаўнага гiмну змайстраваную адным беларускiм жартаўнiком пародыю:

Ох, Канада! Як я цябе пазнаў,

Дык кiдаў гной i рана уставаў.

А назаўтра зноў я даiў кароў

I ў полi жыта жаў...

Ох, Канада, як я цябе праклiнаў!

I казаў пра гэтую вялiзную заморскую краiну некалi генiяльны Вальтэр, што яна - некалькi акраў сьнегу. А канадыйскi Армянiн ахарактарызаваў яе ўжо зусiм памадэрнаму: "Канада - балшой чохнiка, а култура нiкакой".

Мiнулае не адыйшло ў нябыт. Тваё карэньне... Там асталася й мацi. Дзе яна, жыве яшчэ цi ўжо адыйшла ў лепшы сьвет? Мiнулае - гэта ты. Дарма iлюзiямi жыць. I бiзнэсавы гармiдар, i матар'яльныя прыбыткi, i пашана за твае гандлёвыя посьпехi - усё гэта нажытае, прылепленае да цябе быццам звонку. Яно не з тае глыбiнi, не ад дарагiх родных гоняў i лясоў, не ад бусла, зязюлькi й салавейкi, не ад песьняў працавiтых жнеек i вясковых пастушкоў, не ад той вялiкай i гаротнай зямлi, што дала табе жыцьцё... I ў гомане гандлю, i ў шуме траскатнi гораду-гiганта, што магутнее й расьце, не пакiнеш ззаду мiнулае, бо яно - ты...

Пасьля таго, як "бацька народаў" падаў сваю закрываўленую руку "прыгнечаным" Заходняе Беларусi, нарадзiлася ў людзей спадзяваньне на лепшую будучыню. Новыя гаспадары раздавалi сялянам зямлю польскiх памешчыкаў i асаднiкаў. Малазямельны Алесеў бацька таксама трымаў вока на сьцiплы надзел, не падазраючы, як i бальшыня руплiвых сялянаў, што зямля тая станецца пасткай на дарозе ў калгасны прыгон, у якi неўзабаве пачалi заганяць новыя валадары пры помачы мясцовых гультаёў i абiбокаў. Бальшавiцкi "новы лад" душыў непасiльнымi падаткамi, груганьнём розных палiтрукоў на бесканечных "мiтынгах", выгнаньнем людзей у канцлягеры. Алесеў бацька, замарыўшы каня вывазамi кубамэтраў каменьня й лесу, схудзеў, ледзь валок ногi, праклiнаў новы лад i мясцовых ды чужых паразiтаў, плакаў, гаротнiк, ад тых "дабротаў новага ладу". Забралi яго цёмнай ноччу. Прапаў. Колькi мацi ня бегала да рознага начальства, нiчога канкрэтнага не даведалася нi пра ягоную нейкую быццам крамолу, нi пра тое, дзе ён падзеўся. I ў мацi не высыхалi цяпер сьлёзы. Як i раней, лiпела пры сваёй швейнай машыне, каб хоць неяк пражыць, спадзяючыся, што сын падрасьце ды на добрыя ногi стане.

"Саюзная Вялiкая Германiя" абрынулася ў чырвеньскi дзень на "iмпэрыю зла", якая пахiснулася, трэснула, распадалася, ня гледзячы на палымяныя заклiкi "бацькi ўсiх народаў", каб змабiлiзаваць на яе абарону ўсякую "ваенi рабсiлу". Неўзабаве цэлую Беларусь праглынуў Гiтлераў "гэрэнфольк". I паверыце? Перад беларускай моладзьдзю адкрылiся дагэтуль няведамыя гарызонты. Алеся клiкала беларуская школа, вялiкае нацыянальнае адраджэньне, а пасля - Саюз Беларускае Моладзi. Вiрус патрыятызму прыжыўся на папялiшчах дагэтуль зьненавiджанага i адыйшоўшага ў нябыт маскоўскага прыгону. Бацькаўшчына клiкала далучацца да шэрагаў моладзi. Акупант не заахвочваў, але й не перашкаджаў беларускiм дзеткам вучыцца ў роднай мове. Як прыгадваў пасьля Алесь, клiкаў-заахвочваў юнакоў i юначак змагацца за сваё i магутны голас генiяльнага паэта:

Рушымся, брацьця, хутчэй

У бой з жыцьцём, пакiдаючы жах,

Крыкi пужлiвых людзей

Ня стрымаюць хай бiтвы размах!

Процi цячэньня вады

Зможа толькi жывое паплыць.

Хвалi-ж ракi заўсягды

Цягнуць тое, што скончыла жыць.

"Дранг нах остэн" зьмёў на сваiм шляху "жыда-бальшавiзм" i голасна аб'явiў, што ён "назад ня вернецца"! Спачатку на занятых Немцамi абшарах Беларусi адчынiлiся адно пачатковыя школы. У праграме адукацыi зьявiлiся, як здавалася дзеткам старэйшых клясаў, два загадкавыя словы: гiсторыя Беларусi.

- Беларусi гiсторыя? - пыталiся яны. - Цi ёсьць такая гiсторыя? Адкуль яна пачынаецца? Цi гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гiсторыю? Тое, што яны "тутэйшыя", бальшыня дзетак ведала. Некаторыя выняткова ведалi нават, што яны - Беларусы. Але што Беларусь мае сваю гiсторыю? Зьбянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мiнуўшчыну. Пачалi ад далёкага Полацкага Княства... На сыстэматычны разгляд i праверку кажнай бачыны гiсторыi дарагога народу ня было часу. Пераскаквалi, часта праз некаторыя гiстарычныя раўнiны i ўхабы шыбавалi нацянькi. А тут ужо, дзе блiжэй, i галасы выдатных сыноў i дачок былi куды больш зразумелыя. Гэтак зусiм, здаецца, яшчэ нядаўна, Янка Купала сказаў, што

...чалавек я, хоць мужык!

На помач яму - Якуб Колас:

...папы й ксяндзы дубiнай

заганялi нас у рай!

Во як! Дубiнай заганялi! Што гэта за рай такi, у каторы "дубiнай" трэ было заганянь? I гэтта на помач словы яшчэ аднаго гаротнiка-паэта:

А даўней Беларус, непадданы,

Гаспадарыў, быў сам над сабою

I далёка у сьвеце быў знаны

За Лiтоўскай i Ляскай зямлёю.

Па зярнятку, па макулiнцы прагна i скваплiва зьбiралiся веды. Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзiла хрысьцiянскае i нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогi адкрыцьця, шляхi радасных i бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вулiцы - на бальшак, а там i на вялiкiя дарогi. Насамперш прышчэплiвалася любоў да пакрыўджанага шматпакутнага калiшняга гаспадара роднай зямлi, створанай iм культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных i рэлiгiйных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гiсторыя Беларусi раскрывала i выстаўляла бясспрэчнымi фактычнымi доказамi жахлiвае махлярства, суцэльную хлусьню i варварства суседзяў, што заўсёды пад лёзунгамi хрысьцiянства й панславiзму, падпёртага калiшнiм мiсiянiзмам, пасьля камунiзмам i цi мала яшчэ якiмi крывадушнымi iзмамi крывавiлi, выбiвалi, стагодзьдзямi паланiлi некалi вялiкi й мiралюбны народ, падсякалi ягонае жывое карэньне. Моладзь прагна спажывала духовы корм, станавiлася на поўны рост, напаўняла родныя прасторы патрыятычнымi песьнямi, рухалася ад асноўнага вывучэньня ўсяго свайго роднага й дарагога да элемэнтарнага тварэньня гiсторыi.

А навокал, вунь на iхных вачох, вялiкая гiсторыя рабiлася ненасытнымi-прагавiтымi хiжакамi-чужынцамi. Часу было ў вабрэз. Гэтта-ж, як на даланi, вiдаць было, як казаў генiяльны паэт, што

Чужак-дзiкун, крывёю ўпiўшысь сьвежай,

Запрог цябе ў няволю, ў батракi

I тваю мацi-бацькаўшчыну рэжа,

Жывую рве на часьцi, на кускi.

Дый не адзiн "чужак-дзiкун", а найменш два... I яны - Масква й Бэрлiн для народу беларускага былi абое рабое! Гэтта-ж ля iх, тытанаў, каб уварваць i сабе кавалачак, завiхалiся памочнiкi з таго найразумнейшага на сьвеце народу. I яны на верных сыноў i дачок зямлi беларускай, зьняможаных у змаганьнi, быццам ненажэрныя шакалы i груганьнё нападалi. У агнi й крывi, у пекле расьлi юныя патрыёты, беларускае нацыянальнае ўскалосьсе. Цi хопiць часу, каб каласом узбуйнець i плён даць?

Два тытаны мардавалi, палiлi, нiшчылi. Цi ёсьць словы й гукi якiмi льга перадаць тое, што адбывалася тады ў той гэене на гаротнай зямлi? Ужо пасьля вайны рабаўласьнiкi непакорнай краiны быццам падлiчылi й сказалi: так, загiнуў кажны чацьверты. Так? А цi ўзялi ў лiк тыя мiльёны, каторых у "мiрны час вялiкага сацыялiстычнага будаўнiцтва" ў канцлягерах сьмерцi, у шматлiкiх i тады яшчэ неадкрытых Курапатах вымардавалi?

Алесь належаў да Саюзу Беларускае Моладзi, скончыў курсы кiраўнiкоў яе ў Альбэртыне. Ганарыўся гэтым. Затое яго пасьля маскоўскiя падхалiмы фашыстам i калябарантам назвалi. Саюз Беларускай Моладзi быў нянькай i апякуном маладой Беларусi, якой выпала менш трох гадоў, каб стануць на ногi й падрасьцi. Яна ўлiвала ў сэрцы юнакоў i юначак патрыятызм, вучыла iх сумленнасьцi, веры ў Бога, працавiтасьцi, пашаны гiсторыi й народных традыцыяў. Здабывалiся асноўныя цноты чалавека. Найважнейшае, каб на моцы ўсяго, яму некалi адабранага, а цяпер дадзенага, здабыў самае дарагое i неабходнае - беларускую годнасьць. Бо замала было асягнуць тое дэклярацыйнае - людзьмi звацца! Цяпер трэба было ня толькi людзьмi быць, але змагацца на жыцьцё й сьмерць за тое, каб выжыць. Каб нiхто й нiколi ўжо не паставiў цябе на каленi, рабсiлай не зрабiў!

I для людзей, якiм перарэзалi, здаецца, усе шляхi, адабралi права якога-небудзь выбару, у сорак чацьвертым вясной прыйшоў час выбару. Няпраўда, выбарам гэтага нельга назваць: або ўцякай, разам зь Немцамi, або сустракай маскалёў. Абое рабое, - найнавейшая Сцыла й Харыбда! Што-ж будзе, калi трапiш у пашчу ненасытнага "вялiкага й мудрага бацькi народаў"? Цябе чакае або сьмерцяносны Гулаг або "даёш Бярлiн". Ненавучанага ваеншчыны пагоняць на перадавыя, дзе крыкам "ура" нiкога не спалохаеш. А Гулаг чакаў новае рабсiлы. Ну а што станецца, калi зь Немцамi пойдзеш? Недзе да станка на фабрыцы прывяжуць, або ў якога баўэра ад сонца да сонца, - дух зь цябе вон! - будзеш iшачыць. Гiтлер мiльёны сваёй машынай вымардаваў, дык значыцца i тут рабсiла... Ох, як патрэбная! Выбiрай.

Гiтлераў "тысячагадовы райх" крышыўся-гарэў-распадаўся пад ударамi з захаду i ўсходу. Значыцца на ягоную зьмену сюды ў Беларусь прыйдзе зьненавiджаны й мiлiярды разоў пракляты маскоўскi Молах-тытан, каторы ў мора варварства кiне цэлую ўсходнюю i сярэднюю Эўропу. А там, на захадзе, перамогуць дэмакратычныя краiны. Каб туды як дастацца!

Думка, што неяк ня зусiм выразна нарадзiлася ў галаве, iнтрыгавала. Можа яна, гэтая раптоўная думка, пусьцiла карэньне ў сьведамасьцi куды раней, калi Алесеў бацька, праклiнаючы "мiсiянераў" з Масквы й Варшавы, добрым словам успамiнаў Ангельшчыну i Амэрыку. - Вось там, - разважаў бацька Янка Якiмовiч, - павiнны людзi добра жыць! Тамака, кажуць, i заробiш добра, i для Бога, i для чалавека волi хапае!

Дарэчы, у гэны гурт краiнаў, дзе людзi добра жывуць, дзе ўсiм волi хапае, залiчаў бацька Алесеў i Аргэнтыну, i Канаду, дый блiжэйшую Францыю. Ведама-ж усiм навокал, што ў Францыю многа каторыя дзяцюкi езьдзiлi "ў шахты" грошы зарабляць, прывозiлi адтуль заашчаджаныя франкi, ну а з Амэрыкi цягнулi даляры. За гэткiмi дзяцюкамi пасьля ганялiся ўсе дзеўкi; адно пальцам кiўнi, - любую возьмеш.

Разважаньнi... меркаваньнi... Ня было калi, агонь ужо пяткi прыпякаў. I гэткiм чынам, выбар у бязвыбарным пiхнуў на захад. Шкада маткi, якую перашкодзiлi забраць. За яе адну, за яе гаротнiцу, марыўся пасьля юнак доўгi час бяссоньнiцай.

Пасьля перамогi захаднiя хаўрусьнiкi скрупулёзна выконвалi свой дагавор з Масквой аб рэпатрыяцыi зь Нямеччыны савецкiх грамадзянаў. Давялося iм, вядома, ужываць так званую цьвёрдую руку. Ангельскi Томi i амэрыканскi Джы ай Джоў сваiм вачом ня верылi: людзi адмаўлялiся ехаць на радзiму... Як гэта разумець? Расея, тая аграмадная i магутная Расея, якая ў сканфужаным уяўленьнi заходняга хаўрусьнiка "бацькi народаў" цягнулася ад Владывастоку да Бэрлiну, гэтая Расея клiкала сваiх дзетак дамоў, каб прыгарнуць iх, нагрэць, ашчасьлiвiць. А гэтыя дзеткi адмаўлялiся. Яны ня толькi не сьпяшылi ў абдымкi дарагой мацi, а некаторыя забiвалi сябе. Што гэта такое? Адкуль таму Джову, што чвякаў жвачку Рыглея, цi пляваў сьмярдзючай табакай, зразумець было пачвару Расею й паняволеныя ёю народы?

Пад камандай генэрала Пiлiпа Iванавiча Голiкава, "намесьнiка наркома абароны па кадрах, упаўнаважанага па справах рэпатрыяцыi", што атаўбаваўся iз сваёй бандай у Парыжы, пры помачы верных захаднiх саюзьнiкаў праводзiлася паляваньне на "невозвращенцев" хуткiм тэмпам па цэлай Эўропе. На помач Голiкаву - мiльённая амэрыканская ваенная сiла, ня меншая ангельская. Мiльёны людзей, у тым прынамсi паўмiльёна Алесевых суродзiчаў, загналi ў Гулаг. Адзiн Лiхтэнштэйн, якi ня меў нiкога пад зброяй для абароны мiнiятурнага княства на сумежжы Швайцарыi i Аўстрыi, пад апеку каторага ўцякло пару сотняў "невозвращенцев", сказаў Голiкавым паляўнiчым, што нiкога iм не аддасьць бо гэныя людзi не хацелi ў нiякую эсэсэрыю да нiякага "бацькi ўсiх народаў" вяртацца. I Голiкаў, - паверыце, добрыя людзi? - пакiнуў бравы Лiхтэнштэйн у супакоi.

"Вялiкi й мудры" варвар у Крамлi захлынаўся ад рогату. Ён за ўсякую цану намагаўся напоўнiць Гулаг новай рабсiлай. Нiколi-ж у сваiх найбольш амбiтных марах не давялося спадзявацца яму, што заходнiя так званыя саюзьнiкi запраўды такiя сьляпыя й дурныя. Яны пазбывалiся сваiх найлепшых памочнiкаў, патэнцыяльных хаўрусьнiкаў у будучым змаганьнi з маскоўскiм iмпэрыялiзмам, аддавалi iх усiх "вялiкаму й мудраму айцу ўсiх народаў i карыфэю навукаў", проста навыперадкi пхалi мiльёны зьнямоглых гаротнiкаў у бальшавiцкае пекла.

Ужо шмат пазьней, пасьля вайны, даведаўся Якiмовiч пра так званае страчанае пакаленьне. Паводле прыблiзных падлiкаў адказных вэтэранаў "вялiкай айчыннай вайны", тым страчаным пакаленьнем аказалiся ўраджэнцы 1924-25-26 гадоў. З сотнi высланых на "даёш Бярлiн", вярталася назад адно двух цi трох... Былых сяброў Саюзу Беларускай Моладзi праглынуў на даўгiя гады Гулаг. I Алесь гадамi нараджэньня належаў да таго "страчанага пакаленьня". Кемлiвасьць, патрыятызм i вынаходлiвасьць выратавалi яго ад праклятай сталiнскай мятлы, што на замiнаваным i крывавым шляху "даёш Бярлiн" i ў Гулагу зьмяла з родных нiваў найбольш цэннае, што было ў самым росквiце, пакаленьне шматпакутнага народу.

15

Пасьля тае даўгое гутаркi з Капшуном Вера цi раз намагалася ўявiць Алеся вылюдкам, забойцам нявiнных людзей, з рукамi ў iхнай крывi. Казаў яшчэ Грыша, што ён i цяпер быццам браў удзел у нейкiх кансьпiрацыйных апэрацыях. Што за загадка! Тут цi ня сам чорт рогi мог паламаць. Намаляваны Капшуном злачынца нiяк не нагадваў таго дзяцюка, - ветлiвага, талерантнага, зычлiвага, добра адукаванага, сумленнага, - якога Веры ўжо ўдалося пазнаць з блiжэйшае адлегласьцi. Калi-б Алесь нават хацеў маскавацца, дык-жа перад ёю ня было патрэбы. Ён ня мог яе ведаць да сустрэчы ў Трыфты Тонi.

Вера некалi чытала ня толькi "буревестника революции", але й розных клясыкаў. Пачынаючы зь несалодкага дзяцiнства жыла мiж розных апякуноў, пазнавала шматлiкiх людзей. Меркавала, што жыцьцё ўзнагародзiла яе багатай практыкай. Тут-жа яна лоб у лоб сустрэлася зь нечым, чаго раней ня мела магчымасьцi спанатрыць. З аднаго боку Капшун выступiў iз сваiм варыянтам Алеся. Зь iншага - Алесь, якога, здавалася ёй, крыху ўжо пазнала. I завязка таго, што людзi называюць каханьнем.

Намагалася прадставiць Алеся ў найбольш нэгатыўным сьвятле, уявiць яго чалавекам на Капшуноў узор. Пасьля гутаркi з Грышам трымалася ў адносiнах да Алеся больш асьцярожна. Лёгка было страцiць раўнавагу, апынуцца ў мутацыях нявырашанага нутранога канфлiкту. Колькi тут было няведамых? Духовы фэрмэнт нарастаў. Канфлiкт мог выбухнуць зь небясьпечнай сiлай, разбурыць веру й догмы, якiя былi апорай дагэтуль.

Вера ўпэўнiлася, што Алесь ёй шчыра цiкавiўся, магчыма што ў адносiнах да яе кiраваўся адно пачуцьцём. Дзяўчына-ж асiрацела ў веку васьмi гадоў i ў дзяцiнстве не спазнала ад нiкога матчынай ласкi. Пазьней да яе, ужо ўзрослай, цi раз заляцалiся розныя дзяцюкi. Але нiводнага сур'ёзнага не пазнала. Некаторыя цiкавiлiся адно сэксам. Аднойчы была моцна пакрыўджанай, iншы раз рашчараванай. Да часу знаёмства з Алесем, мiма ўсяго пройдзенага, зьберагла, ёй здавалася, у сябе ўсё найлепшае. Гатовая была пайсьцi насустрач запраўднаму, гатоваму расьцi з двух бакоў, каханьню.

Цяжка было яе зьвесьцi з тропу нейкiм маскарадам. Алесь захапляўся ейным прывабным выглядам, цi раз пра гэта адкрыта гаварыў. Быў памяркоўным, зычлiвым, дабрадушным, шмат разоў памагаў ёй на працы ў краме, нiколi не надужываў сваёй пазыцыi боса. Дрымучыя дзявочыя пачуцьцi прачыналiся. Кантраляваныя раней, яны цяпер жадалi поўнi, росквiту, плёну. I цi яе вiна, што гэтта зьявiўся Капшун, якi сказаў наступнае: перад табой фашыстоўскi крымiналiст, забойца нявiнных, выкiдыш грамадзтва. Iдзi, нават пусьцiся зь iм, злавi падманi за ўсякую цану. Празь яго мы закрыем раты iншым бебурнацам, фашыстоўскiм махрыстым злачынцам, або зьлiквiдуем iх.

Заданьне нялёгкае. Ды выканаць яго такой дзяўчыне, як яна - плюнуць, калi-б яно не закранала тваiх людзкiх пачуцьцяў, каб можна было гэта неяк мэханiчна. Хаця-нехаця, тут лёгка ад яго не адкараскаешся. Пастанавiла, падумаўшы-перадумаўшы пра "людзей з клюбу", ацанiўшы сытуацыю "на халодную галаву", дзеяць паволi. А сумлевы вярталiся. Зноў-жа вярталiся старыя пытаньнi... А можа яно так, а можа лепш гэтак...

Падсумаваўшы выказваньнi Капшуна, гэты дзяцюк павiнен быць надта-ж спрытным i кемлiвым чалавекам, праўдападобна не адны зубы зьеў у мастацтве iнтрыгi, махлярства. Магчыма меў набiтую руку ў забойствах. Памяркуем, што ён цяпер зь вядомых прычынаў маскаваўся. Дык што крылася пад маскай? Адкуль ён зьявiўся, што рабiў падчас апошняй вайны. Кардынальныя пытаньнi...

16

Гэтых вялiкiх матылёў зь вясёлкай хварбаў называлi тут манархамi. I запраўды цi адзiн манарх мог-бы iм такiх колераў пазайздросьцiць. Некаторыя мясцовыя i суседнiя навукоўцы ўжо ганялiся за гэтымi прыгажунамi, каб адказаць на пытаньне: дзе яны зiмуюць. Расьцьвiла адна тэорыя, што яны адсюль, з сакавiтай прыроды Канады адлятаюць зiмаваць аж у Мэксыка. А тымчасам яны вось тут - вялiзная колькасьць - пырхаюць у квеценi ля поўнай рэчкi Крэдыт, што паволi пхне цяпер свае воды ў глыбокiм яры ў недалёкае возера. А за матылямi, сама быццам матылёк, ганяецца Вера. Усьцешанаму такiм пагодным днём Алесю прыгадалася пачутае ў сьвятынi: "усякае дыханьне славiць Госпада". Так яно. Птушыныя песьнi, расьцiннасьць, сонца... Пацеха, маладосьць... Не хапае салавейкi, бусла й жаваранка... Калi-ж iдзе пра тое "дыханьне", дык тут няма атрутных бензiнных гарадзкiх выхлапаў. Сонца, зелень, роскаш. Вера, пабачыўшы птушку робiна, цiкава раскажа пра яе. Яна ў гэтай краiне роджаная, любiць прыроду.

Дзяўчына перастала ганяцца за матылямi. Iшлi, задуманыя, насычвалiся адчуваньнем блiзкасьцi, гаварылi зрокам. I iхныя думкi былi, пэўне-ж, больш будзённымi, чымся тыя, што "славiлi Госпада".

- Алесь, ты ведаеш, мы ўжо даўно разам працуем i бачымся, але ты мала расказаў пра сябе: як ты жыў, дзе быў. Можаш расказаць?

- Гэй! - зьдзiвiўся Алесь. - Я ня ведаў, што ты так добра гаворыш пабеларуску. Адкуль то раптам узялося?

Яны спынiлiся. Алесь доўга i ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы. Дагэтуль гаварылi пераважна паангельску, адно рэдка калi ў мову дзяўчыны прарывалася расейскае цi беларускае слова.

- Я, знаеш, мала гаварыла, але цяпер нямношка падвучылася.

- А навошта табе гэта? Цi ты нямношка падвучылася, каб са мной пабеларуску гаварыць, цi што?

- Можа так, а можа й ня так. Хачу пазнаць твой край, чытаць беларускую лiтаратуру, спаткаць землякоў тваiх.

- Мне вельмi прыемна такое з тваiх вуснаў пачуць. Калi магу як памагчы табе вучыцца, то калi ласка...

- Можаш, мой даражэнькi, - раптам згадзiлася Вера.

"Даражэнькi"... Дагэтуль дзяўчына нiколi не назвала яго гэтым ласкальным словам. Алесь задумаўся, цi Вера цяпер думала паангельску i ўжывала беларушчыну, цi як. Iдзе, прыкладна, пра ўжываньне таго-ж слова "дарагi". У канадыйскай цi амэрыканскай бiзнэсавай дый i ў iншай карэспандэнцыi, там, дзе ў беларускай мове ўжываецца слова "шаноўны" цi "паважаны", на гэтым кантынэньце ды i ў самой Ангельшчыне скрозь ужываецца слова "дарагi". Чалавек вам зусiм незнаёмы, вы да яго пiшаце лiст у нейкай справе першы раз, усёроўна пачынаеце: "Дарагi мiстар Смiт", так i гэтак... У нашай мове гэткi зварот здаўся-б надта дзiўным. Адгэтуль у ангельскай мове слова "дарагi" набыло крыху iншы нюанс цi сфэру ўжываньня, чымся ў нашай.

Прыселi на беразе рэчкi.

- Ты вельмi амбiтная дзяўчына, - пахвалiў Веру Якiмовiч.

- Як добра чуць гэта ад майго боса. Можа дасi мне лепшую работу? жартавала Вера. Яна ўзяла гатовы кiй, што знайшла побач, варушыла iм у вадзе. Паднялася каламуць. Дзяўчына прыглядалася страказе, што быццам верталёт, затрымалася над купiнай.

- Зусiм не жартую. Беларускую мову вучылася! Цiкава, якiя там яшчэ ў цябе неспадзеўкi.

- Ты не адказаў на маё пытаньне.

- Гэта якое пытаньне? Ага, памятаю. Ты хочаш даведацца пра мяне?

- Так.

- Чаму?

- Таму, што хачу лепей цябе пазнаць.

Алесь маўчаў. Ейная парфума... Якая гэта? Цi ня бэзавая? Ледзь стрымлiваўся, каб ня ўзяць дзяўчыну ў абдымкi, абцалаваць яе...

- Адкуль мне пачынаць? - спытаўся.

- З самага нiзу.

Алесь усьмiхнуўся, уважна прыгледзеўся рамонку-спакусе, жартаўлiва пачаў апавядаць.

- Ну добра... Расказвалi мне, што нарадзiўся я ў старэнькай струхлелай хаце над ранiцу, пасьля трэцiх пеўняў...

- Што гэта струхлелая? Што гэта трэцiх пеўняў? - адразу перапынiла яго дзяўчына.

- Струхлелая, гэта значыць спарахнелая, цi - паангельску - rotten, а пеўнi то roosters, яны сьпяваюць трэцi раз над ранiцу.

- Разумею.

- Расказваюць, што на сьвет памаглi мне зьявiцца дзьве вясковыя бабкi, каторыя мяне спавiвалi. Тут во жанчыны родзяць дзяцей у шпiталях, а там, удома iнакш... Далей апавядаюць, што я заявiў аб сваiм зьяўленьнi на гэты божы сьвет добрым i галасьлiвым кугiканьнем цi кугаканьнем, так, як належыцца ўсiм ад часоў Адама i Евы, а, - калi ты пакланяешся Дарвiну, - ад пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-пра-прамалпаў...

Дзяўчына ўсьмiхалася i ўважна слухала.

- Калi, значыцца, я голасна заявiў пра сваё зьяўленьне на гэты сьвет божы, тады аглядалi мяне з усiх бакоў, охалi i ахалi з захапленьня, а адна бабка ўзяла верацяно, ды, - каб я круты й паваротлiвы быў, - адрэзала на верацяне мой пуп.

- А што гэта верацяно?

- Spindle. Ведаеш такое нешта?

- Ага. Ну й што далей сталася?

- З таго, што мне ўдалося даведацца пра маё на гэты божы сьвет прыбыцьцё, дык тут галоўнае адно. Паколькi я з самага нiзкага, так сказаць, мужыцкага цi сялянскага роду, дык там ня было прысутных нiякiх пiсараў афiцыйных нi прыватных, а таму й ня было каму запiсаць для гiсторыi нашага народу цi маiх насьледнiкаў такiя важныя дэталi, як маю вагу, колер вачэй, стан здароўя мой i маткi маёй, камэнтары й гамонку вяскоўцаў i так далей, i да гэтага падобнае...

Вера хiхiкала, але Алесь зусiм ня трацiў сур'ёзнасьцi.

- Гэта генiяльна! - жартавала дзяўчына.

- Цяпер-жа, паколькi мы выясьнiлi ўжо калi i як я нарадзiўся, дык трэба можа не забывацца якога я племя. Вось-жа з добрых крынiцаў, гэта значыць з аўтарытэтных вуснаў я чуў, што належу да вялiкай масы людзей, пра якiх Лiнкольн, здаецца, некалi сказаў, што Бог павiнен гэтых людзей моцна любiць калi стварыў iх так многа...

- Ага, надзвычайна! - усьмiхалася Вера.

- Iншая справа, - вельмi сур'ёзным тонам прадаўжаў Якiмовiч, - што вусаты маршалак з Варшавы i ягоныя паны, пад уладай каторых я нарадзiўся, зусiм не згаджалiся з апiнiяй Лiнкальна адносна нас, добрых людзей, якiх найбольш натварыў Бог на сьвеце. Той вусаты i ўжо трухлявы марашалак ды ягоныя паны казалi, што мы ўсе - хамы, што нашая мова - хамская, што мы мусiм цэлы час на паноў працаваць, як некалi амэрыканскiя Негры на сваiх уладальнiкаў...

- А што гэта такое хамы?

- Паводле бiблii, у Ноя быў сын Хам, якога бацька пракляў за непашану яго. Палякi хамамi называюць прымiтыўных, нявучаных людзей, паангельску назваць iх можна dopes...

- Ага, ну далей! - спанукала Вера.

- Дык Палякi нас старалiся да працы ў паноў за мiзэрную плату запрэгчы. Яны, - значыцца гэтыя самыя Палякi, - думалi, што яны ёсьць найразумнейшым народам на сьвеце, а таму гэтыя нiкчэмныя людзi казалi, што яны маюць права гуляць i жыць за нашыя мазалi... Кумекаеш?

- Яны вас эксплёатавалi?

- Во, во, але. Яшчэ як эксплёатавалi! Цяжка было, але неяк трывалi, бо дзе дзенешся... Ды сталася яшчэ горш, калi Гiтлераў саюзьнiк Сталiн задумаў нас вызвалiць, цi, як нам казалi, падаць нам "братнюю руку". Гэта здарылася сямнаццатага верасьня ў трыццаць дзявятым. Перад тым Сталiн i Гiтлер зрабiлi саюз, умову такую як гэта падзялiць цi паглынуць усiх тых меншых, што ў iх пад бокам жылi, у тым лiку й нас. I вось Сталiн, калi праглынуў нас, дык адных гнаў у калхозы, а другiх, каторыя не хацелi туды, вывозiў у Сiбiр у канцлагеры, дзе марыў iх працай i голадам. Так дзясяткi мiльёнаў людзей нячысьцiк вымардаваў.

У нас дык ён выдумаў так званых кулакоў. Так назваў тых, каторыя былi лепшыя i працавiтыя гаспадары на сваёй зямлi. Былi гэта бедныя сяляне, бо багатымi ў нас толькi польскiя паны маглi быць... Вось-жа калi ты меў нейкi кавалак зямлi, пару коней, пару кароў, хацеў сам гаспадарыць i ўпiраўся, як цябе ў калгасны прыгон гналi, дык ты быў ужо кулак i падлягаў лiквiдацыi.

Мой бацька меў сем гактараў зямлi, дзьве каровы, аднаго каня, сьвiньней пару ды авечак, некалькi курэй i гусей. Бацька быў надзвычайна працавiты, а матка шыла, дык бяз хлеба не сядзелi. Бальшавiкi налажылi аграмадныя падаткi, што нельга iх нiяк было выплацiць, а тады пачалi гнаць усiх у калгасы. Бацька супрацiўляўся, не хацеў, праклiнаў iхны новы лад. Яго ноччу, беднага, забралi. Матка хадзiла да iх днямi i тыднямi, вочы выплакала. Прапаў чалавек. Напэўна ў Сiбiры недзе, гаротнiка, замардавалi...

- Твой бацька быў контррэвалюцыянерам? - сур'ёзна спыталася Вера.

- Што гэта за пытаньне? Дзе ты здабыла сваю палiтычную адукацыю?

Вера ледзь ня прыкусiла язык.

- А што дзiўнага я сказала?

- Нiчога такога дзiўнага, толькi што я чамусьцi не спадзяваўся пачуць гэтага слова з тваiх вуснаў... Яно заўсёды было зброяй савецкiх палiтрукоў i чэкiстаў... Чула ты пра iх? Мой бацька быў чэсным, у Бога веруючым, працавiтым i сумленным чалавекам. Яго забралi i напэўна замардавалi таму, што ня бег у калгас, а калгасы - гэта прыгон, няволя, ярмо! Разумееш?

Маўчаньне. Алесь у гэны час жадаў-бы зьмянiць тэму, расказваць казкi пра каханьне, прыгажосьць... Гэтаму спрыяў птушыным шматгалосьсем насычаны i сонцам ды квеценем напоўнены дзень. А найбольшай аздобай усяго была яна, тая, што побач яго. I чаму зь ейных прынадных вуснаў зьляцела тое зацяганае ў "iмпэрыi зла" бальшавiцкiмi забойцамi слова? Яно ня мела права ўварвацца гэтта дысанансам у iхную iдылiю!

- А што ты рабiў у вайну?

Сур'ёзны зусiм голас з тых самых вуснаў, што нядаўна адным словам мiр, супакой i прыгожы настрой змарнавалi. Гэтым разам Алесь, - як быццам-бы яго пчалiнае джала пеканула, - не ўглядаўся ў асмужаныя прамянiстыя вочы, каб там адказу пашукаць. Не. Цi-ж яна ня ведае, што такiм пытаньнем цэлы дзень руйнуе? I навошта? Нахлынула злосьць. Якраз адпаведны зарад злосьцi, каб зьявiўся на помач Якiмовiч-цынiк, цi, - калi хочаце, - зьдзеклiвы, немiласэрны, зусiм няштодзённы i тысячамi хваляў апошняе вайны кiданы й крыўджаны юнак. Ён скоса зiрнуў на Веру. Яна ня сустрэла ягоных вачэй, бо сканцэнтравалася на кiйку, што мяшаў на беразе ракi каламуць. Быццам тое пытаньне, што пчалiным джалам пеканула Алесева сэрца, было вось такое сабе звычайнае, няважнае, абы якое...

- У вайну? Чакай, трэба прыгадаць, як гэта было, - iранiчна-зласьлiва ўсьмiхнуўся Алесь. - Значыцца, калi гэты Сталiнаў саюзьнiк, генiяльны фюрэр з Бэрлiну - Адольф Гiтлер, - узяўся вызваляць усю рэшту сьвету ад Жыдоў i бальшавiкоў ды розных там плютакратаў ды калi ён пачаў будаваць так званую новую Эўропу, я адразу скумекаў важнасьць таго, што ён робiць. На ўсходзе ад самога таго райху Гiтлер вызначыў для сябе "лебэнсраўм" - жыцьцёвы прастор для сваiх арыйцаў з блакiтнымi вачмi i блёнд валосамi, значыцца для "гэрэнфольку" Немцаў. А ў нас, як усiм вядома, нiколi ня было добрых гаспадароў i парадку, бо ня мелi кампэтэнтных людзей у эканомiцы й палiтыцы. Калi я скумекаў, што тут зьявiўся генiяльны правадыр, каторы зробiць iдэальны парадак i пабудуе свой райх на тысячу, а можа й дзьве тысячы гадоў, я тады закасаў рукавы i пабег памагаць Гiтлеру будаваць той райх. Разумееш?

Перш мы, - гэта значыць я i Гiтлер, - мусiлi вырашыць праблему перанасяленьня. Замнога людзей было. Вырашэньне тае праблемы патрабавала радыкальных мераў. Таму я ахвотнiкам кiнуўся на службу, як тады называлi, лiквiдатара гэных лiшкаў насельнiцтва, каторае Гiтлеру замiнала тысячагадовы ягоны райх будаваць. Работа, трэба прызнацца, ня была чыстая, але затое якая нажыва, - золата, брылянты, багацьце, - усяго хапала! Ну й зажылi мы, загулялi! А Гiтлер мяне яшчэ рознымi заслужанымi ўзнагародамi надзялiў, усялякiмi там кройцамi з гакамi i бяз гакаў мой эсэсаўскi мундзiр удэкараваў! Эх, якая слаўная была тады для мяне жытуха настала. I каб ня гэтая нечысьць жыда-бальшавiкi, то я зь Гiтлерам...

- Алесь, я ня думала, што ты жартаваць з гэтага будзеш.

Рука зь кiйком перастала мяшаць каламуць у рэчцы, а прамянiстыя вочы, з дакорам, глядзелi на яго.

- Мне прыкра, даражэнькая мая, але я ня лiчыў патрэбным перад табой спавядацца.

- Ня хочаш сур'ёзна расказаць аб тым, што вайною рабiў?

- Ды не, чаму-ж... Магу. Але чаму нельга пажартаваць?

Ён узяў дзяўчыну за падбарадок, прыгарнуў да сябе, зiрнуў у ейныя вочы.

- Паглядзi, што за iдылiя. Цэлы сьвет усьмiхаецца, цi, як у царкве я сяньня чуў, "усякае дыханьне славiць Госпада"! Нашто пра вайну й сьмерць гаварыць? Як той паэт сказаў - жывому жыць, зьнiшчэньню сьмерць! Усьмiхайся, цаца мая мiлая! Поўнiся сваёй прыгажосьцю, красуйся!

Вера ўсьмiхнулася з натугай. Рашчаравалася. Першая спроба, каб з вуснаў дзяцюка пачуць пра ягонае цёмнае прошлае, не ўдалася. Трэба будзе падыйсьцi да яго зь iншага боку.

Калi ехалi ў горад, Алесь ня мог разгадаць, чаму дзяўчына нос павесiла. Магчыма, што трэба будзе знайсьцi да яе iншы падыход.

17

Антон Шпак цi раз намагаўся ўявiць сабе сытуацыю, у якой, ён быў перакананы, аднаго дня апынецца. Шпак - рэалiст, часты пэсымiст, жадаў застрахавацца ад удару, якi, хаця-нехаця, прынясе яму ягонае, - як часта жартаваў, - нулявое сацыяльнае становiшча ў гэтай чужой краiне. Пасьля такога бясцырымоннага звальненьня з працы ягонага сябры Эстонца, Шпак ведаў, што ягоны лёс на валаску вiсеў. Прычынаю былi частыя нямогласьцi, калi працаваць ня мог. Ён дзiвiўся, што да гэтага часу неяк утрымаўся.

Адылi, нягледзячы на такую псыхалягiчную застрахоўку перад магчымым ударам, усё-ж вытрымаць яго цяжка было. Дый здарылася тое лiха тады, калi пiсьменьнiк яго найменш спадзяваўся. За апошнi месяц не прапусьцiў нiводнага дня працы, хоць i адчуваўся фiзычна змораным. Аднае ранiцы, калi зьбiраўся дадому, наглядчык паклiкаў яго ў кантору.

- Мы пастанавiлi звольнiць вас з працы.

Цьвярды, няветлiвы голас. Укалоў, ашаламiў ураднiцкi тон. Чалавек, здавалася, думкаю i да гэтага быў падрыхтаваў сябе. Але праца, якая-бы яна нi была, гэта якар, на якiм трымалася ўся чалавечая годнасьць у змаганьнi зь лiхам у чужой краiне. Цяпер гэны якар паднялi i Антон Шпак апынуўся на шляху, якi бег у тупiк. Наперадзе - нумар на лiсьце беспрацоўных, адна маленькая бездапаможная фiгурка ў дзяржаўнай статыстыцы.

- Мне здаецца, што ня мушу вам казаць пра прычыны... - трашчэў сухi, калючы голас ураднiка. - Замнога няпрысутнасьцi. Мы ня можам апэраваць гатэлем бяз сталае абслугi.

- Навошта выясьняць... Усё й так зразумела. Мне прыкра...

- Няхай вам ня будзе прыкра за мяне, - адказаў ураднiк.

- Прабач, але навошта лiшняя гаворка? Каб мяне ўкалоць? - павысiў пiсьменьнiк свой голас. Наплывала злосьць. - Давай палагодзiць фармальнасьцi.

- Атрымаеш кнiгу страховачную i грошы як адчынецца канцылярыя.

Шпаку хапiла таго гатэлю. Палагодзiўшы свае справы, хаця змораны, пастанавiў iсьцi дахаты пехатою. Быў гэта раньнi ruch hour гадзiна-сьпешка. Вялiзная маса людзей, - хто на "сваiх дваiх", а найбольш аўтамабiлямi, - усё гэта ў iмклiвым руху; аўты запаўнялi свае стаянкi, энэргiяй новага дня гаманiлi фабрыкi, крамы, канторы. Магутная ў сваiм кiпучым пералiве артэрыя жыцьця, якой кiравалi правы iснаваньня i вызначаныя мэты. Натоўпы каля трамваяў, аўтабусаў i тралейбусаў, каля падземнае чыгункi, суцэльныя, амаль упрытык адзiн да аднаго, вужы аўтамашынаў. Усё гэта нармальнае i рацыянальнае для ўсiх, апроч аднаго, капрызным лёсам зьняможанага i зноў на рынак беспрацоўных выкiнутага чалавека.

Шматлюднасьць падчас гадзiны-сьпешкi цяпер паўстала перад вачмi Антона Шпака бяздушнай машынай. Яна ноччу спынялася, яе складныя часьцi рассыпалiся на свае вызначаныя месцы, адпачывалi. Цяпер-жа тыя часьцi зноў займалi раней вызначаныя месцы й машына пачынала гул працы й прагрэсу. А цi быў гэта прагрэс? Цi ня круцiлiся ўсе гэтыя людзi навокал бяз мэты? Цi ня была гэта пагоня за iлюзорнай зьявай?

Званы на ратушавай вежы адзначылi дзявятую. Людзям пачаўся працоўны дзень, а Антону Шпаку мiнуў яшчэ адзiн сэктар часу ў падарожжы ў нiкуды... Ён нядаўна выбыў з тае агульнае машыны, што выплюнула яго бязь нiякага шкадаваньня, бо быў-жа занадта слабым, каб далей несьцi адпаведны цяжар. Такiм чынам ён быў цяпер нiкiм i нiкуды ня йшоў. А цi запраўды быў ён нiчым, на шляху ў нiкуды?

Антона Шпака ведалi суродзiчы й чужынцы. Зь ягонымi словамi i iдэямi змагалiся супраць ненавiсных ворагаў. Для Беларусаў ён стаўся сымбалем непахiснае веры ў перамогу й вызваленьне бацькаўшчыны. А якая цана яму на гэтым баку акiяну, дзе адзiным сымбалем амэрыканскага сьвету, як здавалася яму цяпер, быў усемагутны даляр? Беларускiя грамадзкiя i рэлiгiйныя iнстытуцыi на эмiграцыi трымалiся на дабравольнай i ахвярнай працы ды грашовых складках сваiх сяброў. Камэрцыйных установаў новая эмiграцыя ў гэны час яшчэ была не стварыла. Малыя зарганiзаваныя групы не маглi ўтрымлiваць платнага пэрсаналу.

Мог-бы Антон Шпак працаваць у радыё "Вызваленьне" ў Мюнхэне, што рыхтавала й перадавала адмысловыя праграмы для сваiх слухачоў за "зялезнай заслонай". Вядома, што бальшавiкi гэныя радыёпраграмы глушылi як маглi. Зьмест радыёматар'ялаў iшоў празь сетку цэнзуры. Будзь аўтаматам, тлумач чые-небудзь скрыпты, прытрымлiвайся iнструкцыяў пры аўтарстве сваiх тэкстаў, адным словам працуй пад цэнзурай.

Антон Шпак паставiў-бы Амэрыканцаў у шэраг зялёненькiх навабранцаў на фроньце праблемаў зьвязаных з паняволенымi чырвона-фашыстоўскай Маскоўшчынай народамi. Русiфiкацыя нерасейскiх моваў i звужэньне сфэраў iх ужываньня, нацыянальная культура на савецкi лад, цалкам падпарадкаваная цэнтру гаспадарка, немажлiвасьць абмену iнфармацыi i ведаў зь перадавым культурным i навуковым замежжам, нутраныя мэтады поўнае кантролi й рэпрэсii ўсiх паняволеных народаў у "iмпэрыi зла", камунiстычная партакратыя i камандна-бюракратычная сыстэма кiраваньня, Гулаг i генацыд паняволеных народаў - вось некаторыя з галоўных дзялянак "саветалёгii" куды адно пасьля вайны пачалi падарожнiчаць амэрыканскiя калюмбусы.

Амэрыканскiя навабранцы часта дыктавалi табе розныя мудрасьцi, звычайна зачэрпнутыя iмi раней з розных крынiцаў белых расейскiх адзiнанедзялiмцаў. Яны мелi нахабнасьць пераконваць людзей такога выдатнага прэстыжу як Антон Шпак, што яны ведаюць лепшыя шляхi змаганьня з камунiзмам... Наiўнасьць, дзе твае межы? Награмадзiлася маса праблемаў у супрацоўнiцтве з тымi зялёнымi амэрыканскiмi экспэртамi i спэцамi, якiя сваёй сьлепатой у расейскiх i савецкiх справах адпiхнулi ад супрацоўнiцтва шмат аўтарытэтных людзей, якiя паходзiлi з краiнаў паняволеных цяпер Масквою.

Славiстыка пры канадыйскiх унiвэрсытэтах ня мела праграмаў беларусаведы. Выкладаньне расейшчыны абсадзiлi Жыды. Галоўнае, што аставалася для Антона Шпака - творчая праца ў беларускай лiтаратуры i журналiстыка. Даходу адсюль амаль нiякага. Беларуская эмiграцыя, у вялiкай меры палоханая бальшавiцкiмi шантажамi й пагрозамi, усё-ж жыла, стварыла свае рэлiгiйныя, культурныя, навуковыя i грамадзкiя iнстытуцыi, сваю прэсу. Антон Шпак павiнен быў падтрымлiваць раськiданы прынамся на чатырох кантынэнтах беларускi эмiграцыйны арганiзм. А з чаго самому жыць? Быццам Богам пасланы Алесь Якiмовiч часта яму памагаў i Шпак ведаў, што на яго можна спадзявацца ў выпадку якой патрэбы. Хапiла адно Алесю затэлефанаваць. Праўда, - заўсёды дакучала Шпаку гэтая думка, - ён не хацеў сядзець цяжарам на чужых плячох. Балела ўсьведамленьне таго, што ня меў доступу да мiльёнаў беларускамоўных чытачоў, што ня мог на сваё пражыцьцё зарабляць сумленнай творчай працай.

Калi пасьля двухгадзiннай дарогi пiсьменьнiк вярнуўся дамоў, у сваёй паштовай скрынцы пры дзьвярох знайшоў туга напакаваны, вялiкiх разьмераў канвэрт. Мясцовы штэмгаль. Беспамылкова напiсаны ягоны адрас. Адрасу высланьнiка няма. Шпак доўга прыглядаўся канвэрту, выпiў шклянку сьцюдзёнай вады, сеў на канапу. Прыслалi яму газэтку "Голас радзiмы". Зь пярэдняй бачыны нахабна сур'ёзным тварам нейкi там "герой працы" абяцаў выканаць i перавыканаць чарговую норму ў iмя такога-то зьезду "роднай партыi". Антон Шпак нядаўна перабраўся сюды на гэтую новую кватэру. Завяртанская разьведка жыве й дбае пра аднаго Антона Шпака, ад сяньняшняга дня чалавека ў нулявой пазыцыi мiж грамадзтва гаргары Канады.

"Вяртайцеся, суайчыньнiкi, дамоў! Радзiма вас клiча!" - крычала другая бачына. Здымкi дарагiх кажнаму беларускаму выгнаньнiку гiстарычных месцаў i нацыянальных сьвятыняў. Зiрнуўшы на iх, нальецца сэрца болем па страчанай зямлi. Гэны-ж артыкул, што заклiкаў вярнуцца на "ўлоньне дарагой радзiмы" падпiсала група ведамых людзей. Шпак знаў некаторых зь iх. Цi iх раiлiся як зьвяртацца да "суайчыньнi каў", цi яны далi згоду, каб ужывалi iхныя прозьвiшчы пад заклiкам? Зь некаторымi зь iх Шпак сустракаўся "за кратамi". Цяпер, як выглядае, яны, пэўне-ж не сваёй воляй, сталiся шчупальцамi ўдушлiвага бальшавiцкага актопуса. Не, гэта ня быў iхны голас. Зямля бацькоў дрыжэла ў цяжкiх пакутах, а "чужак-дзiкун" намагаўся загнаць у Гулаг тых сыноў i дачок забранае зямлi, каторыя за мяжой старалiся клiкаць усiх на помач паняволенаму народу. Некаторыя Шпакавы сябры сталiся прыладамi маскоўскiх злачынцаў, прынадай. Шпак перажыў некалi цяжкiя часы й нiколi не заламаўся духам. Дык няхай клiчуць. Ведама чый гэта голас.

Шпак затэлефанаваў у Трыфты Тонi, папрасiў сакратарку, каб перадала Алесю Якiмовiчу просьбу адведаць яго вечарам. Пасьля гэтага пiсьменьнiк памыўся ў ваньне пад дожджыкам i лёг спаць. Сон прыйшоў раптоўна, але мучыў нейкiмi трывожнымi прывiдамi. Разбудзiў яго стук у дзьверы. Зьявiўся Алесь. Было каля шостай гадзiны вечарам.

- Што ў вас новага? - спытаўся Алесь пасьля таго, як Шпак памыў твар сьцюдзёнай вадой, зашпiлiў кашулю. Галава яго была цяжкая, твар выглядаў змучаным.

- Я вольны, як птушка, - адказаў Шпак.

- Звольнiлi?

- Так.

- Не магу сказаць, што гэта неспадзеўка.

- Не, зразумела, што не.

Трывала доўгае маўчаньне.

- Цi ня мог-бы ты паглядзець, каб знайсьцi для мяне якi занятак у гэтай тваёй краме? - ня так спытаўся ў Алеся, як разважаў быццам сам з сабою пiсьменьнiк.

- У нас, як ведаеце, тэмпо-тэмпо, дай Божа! Вечная пагоня з найбольшым разгонам, - паволi, з нацiскам на кажным слове, гаварыў Алесь. - Вам трэба нешта больш лёгкае i абавязкава не такое, як у нас, тэмпо. Выглядае, няма патрэбы пытацца зь якой прычыны вас звольнiлi?

- Няма, апроч...

- Апроч чаго?

- Ня ведаю, цi мае гэта нейкае значэньне... Мяне зьдзiвiў час майго звальненьня. За апошнi месяц я не прапусьцiў нiводнага дня. Пасьля таго, як яны звольнiлi Эстонца, я стараўся, разумееш... i не спадзяваўся якраз цяпер...

- Вы мяркуеце, што тут, як Немцы кажуць, недзе ein Hund begraben?

- Можаш сам угадваць.

Зноў маўчалi. Алесь ня мог назваць пiсьменьнiку запраўднае прычыны, чаму ён ня зможа ўладзiць яго на працу ў Зэпмана. Шпак быў слабы, фiзычна нямоглы. Калi-б яго наняць, а пасьля зь нейкай прычыны звольнiць, чалавек мог-бы мець удар сэрца. Шпак зачасаў свае срэбраныя валосы, выцягнуў палавiну цыгарэты з пачкi Плеерс.

- Закурыце маю, - прапанаваў Алесь.

- Дзякую.

Шпак падыйшоў да полкi ў куце, каб пашукаць брытвачку ды перарэзаць цыгарэту.

- Навошта разразаць яе? Курыце цэлую.

- Прывычка, - адказаў пiсьменьнiк. Ён палажыў брытвачку на полку. Прыкурылi. Здавалася, што будзiльнiк на камодзе галасьней пачаў лiчыць час, як-бы прынагляючы мужчын прадаўжаць спыненую гутарку.

- Занятыя моцна ў краме?

- Ага, навал працы. Я думаў...

- Што думаў?

- Чаму вы не маглi-б зарабiць на сябе пiсанiнай?

- Як? - зацiкавiўся Шпак.

- Ёсьць такая лiтаратура, на якую тут заўсёды добры спрос. Яе называюць папулярнай, цi як там. Рынак на яе расьце, яна дае фiнансавы прыбытак.

Алесь змоўк, пасьля дадаў:

- Ня турбуйцеся пра мову, перакладчыка няцяжка знайсьцi.

- Якую гэта такую лiтаратуру ты маеш на думцы, Алесь? Сэкс i крымiнал?

- А чаму-б не?

Iзноў маўчаньне. Шпак устаў з канапы, уважна паглядзеў Алесю ў вочы i, пераканаўшыся, што Алесь разважаў усур'ёз, падыйшоў да вакна, зацягнуўся ўжо напалову скуранай цыгарэтай.

- Я запраўды не магу зрабiць табе анiякага закiду за такую прапанову, гаварыў пiсьменьнiк цiха, але тым асаблiвым голасам, якiм заўсёды выяўляў пачуцьцёвае напружаньне. - Магчыма мяркуеш, што ў маiх абставiнах можна i такiм спосабам на хлеб зарабляць. Мушу табе, браток, сказаць, што ня цямiш што для мяне азначаў-бы такi творчы паварот. Маю на думцы сваё духовае "я". Скажу табе адкрыта: некалi мне самому прыйшла такая iдэя ў галаву, але яе хутка адкiнуў. Падумаў, што мне небясьпечна нават абмяркоўваць такое нешта... Гэта праўда, што так званая тут папулярная лiтаратура не патрабуе вялiкай фантазii. Складнiкi яе даўно й шырока вядомыя, толькi бываюць розныя варыянты з рознымi дозамi накалу. Добра яшчэ мець у такiм стылi набiтую руку. Гэта няцяжка. Не магу сказаць, якi зь мяне мог-бы быць майстра, ня маючы практыкi ў такой пiсанiне. Мяне паралiжуе самая задума. Такая творчасьць была-бы для мяне ня менш як прастытуцыяй душы для грошай. Фу, што за iдэя!

- А чаму-б ня пiсаць пад псэўданiмам? - раiў далей Алесь.

- Справа ня ў тым, каб схавацца ад некага, але самога сябе не абдурыш.

Якiмовiч зразумеў. Шпак утрымаўся высокаякасным i вельмi цэнным пiсьменьнiкам перадусiм таму, што захаваў чалавечую годнасьць i чыстае сумленьне. Творчае лiтаратурнае мастацтва ставiў на высокi п'едэстал. Да тварцоў так званай вулiчнай, або папулярнай лiтаратуры адносiўся з пагардай. Шпакавы творы - пераважна сьвет цярпеньняў, высокай цноты, ахвярнасьцi. Запрыгоненыя iшлi ў бой за свабоду. Зь iншага боку - каламуць дэспатычнае крывадушнасьцi, распусты, махлярства, бязбожнiцтва, забойства з боку "сiльных сьвету гэтага". Суродзiчы бачылi ў асобе Шпака ня толькi выдатнага пiсьменьнiка, але вялiкага змагара за вызваленьне Беларусi зь няволi маскоўскай калянiяльнай iмпэрыi.

Хаця ў некаторых творах Шпак не абмiнаў эротыкi, але яна ня была самамэтай, а толькi пабочным элемэнтам высокага iдэалiзму. Гэта на цэлы Эвэрэст вышэй той "лiтаратуры", якая гэтта за акiянам масава тварылася для шырокага рынку.

Шпакавым творам цяжкая была дарога ў iншамоўныя рынкi перадусiм таму, што Беларусь была ў маскоўскай няволi, у захаднiм сьвеце мала хто ведаў пра яе наагул. Калi ў Аб'еднаных Нацыях сядзеў прадстаўнiк ад БССР, дык яго i прадстаўнiка савецкай Украiны лiчылi як-бы ўзнагародай у якасьцi двух галасоў у мiжнароднай арганiзацыi за тытанiчныя ахвяры Маскоўшчыны ў вайне з фашыстоўскай Гiтлеравай Нямеччынай. Пазыцыю маскоўскiх марыянетак - савецкай Беларусi цi Ўкраiны, - на мiжнароднай арэне можна было вызначыць найлепш той прыказкай: нi рыба, нi мяса! Нешта непаважнае гэта. Калi ворагi Беларусi на дыпляматычнай мiжнароднай арэне не маглi цяпер, пасьля другой сусьветьнай вайны, ужываць валуеўскага "не было, нет и не будет", дык усёроўна трымалiся думкi, што Беларусь ня была, ня ёсьць i ня будзе самастойнай дзяржавай.

- Так што ня будзем пра гэта гаварыць, - заключным тонам сказаў Алесь. - Ёсьць у мяне яшчэ адна iдэя. За пару дзён, магчыма, скажу вам пра яе.

- Праца?

- Магчыма нешта падобнае, хоць я няпэўны тут... Адзiн з маiх наглядчыкаў у краме мае брата, уласьнiка адпачынкавага рэсорту на поўначы. Гэта прыблiзна тры гадзiны язды адгэтуль аўтам. Як я быў у яго дык меў уражаньне, што яму патрэбныя рукi. Калi iм трэба чалавека, каторы-б даглядаў траву, абслужыў бензiнную помпу, нейкi там плот цi што направiў, адным словам вось такi падручны памочнiк...

-Гэта быў-бы здабытак, - адразу згадзiўся пiсьменьнiк. - Цi ёсьць там блiзка дзе рыбу лавiць?

- Як-бы для выгады гасьцей, рака цячэ празь ягоны луг. Тут-жа й цудоўны лес, а збоку - возера. Цi-ж ня добра было-б маленькiм трактарам i касiлкай зрэзаць траву, напоўнiць некаму ў аўце бак бензiны ды пасьля пайсьцi i выцягнуць з ракi колькi прыгажуноў фарэляў? Як вам падабалася-бы такое?

- Во, во, такая праца якраз для мяне! - павесялеў Шпак.

- Надзвычайна. Я пранюхаю, што i як. Вам цяпер патрэбны добры адпачынак, здаровае i лугом цi лесам насычанае паветра, добрыя харчы. Гэтага ўсяго там ёсьць уволю. Што-ж да заплаты, - ня ведаю, - прыдзецца згадзiцца на тое, што ён дасьць. Ды гэта ўсё яшчэ ў будучынi. Цяпер-жа мяне жывот упiкае, што я пра яго забыўся. Запрашаю вас на вячэру.

- Добра, калi так прыгожа просiш, - жартаваў Шпак.

- Прашу, калi ласка.

- Яшчэ адно, - прыгадаў Шпак. - Хачу паказаць табе вось што.

Ён падаў Алесю канвэрт i "Голас радзiмы". Алесь уважна агледзеў iх.

- Лёкальны штэмпаль. Нiкчэмнiкi, яны за вамi па пятах! - злосна гаварыў Якiмовiч. - Няма-ж на iх пакуль што з нашага боку нiякай паганякi!

18

Пасьля паўдня ў тойсамы дзень, калi Шпака выкiнулi з працы, Нiна Ляскiн тэлефанавала Капшуну. Яна карысталася тэлефонам з публiчнай будкi. Наагул, згодна кансьпiрацыйных правiлаў, ёй было дазволена тэлефанаваць у выключных выпадках. Сяньня Нiна мела iншыя пляны на вечар, але Капшуна не жадала бачыць у сваiм памешканьнi ў прысутнасьцi Веры, якая магла-б пачуць нешта, што ёй не належалася. А адкладаць такую важную для Капшуна навiну Нiна не магла.

- Маю добрую навiну, - казала яна ў трубку, калi адазваўся Капшун. Шпака звольнiлi з працы. Лiо казаў мне, што крышку трэба было падмазаць, каб паслухаў.

- Маладзец ты, дзеўка! Я ўжо нямношка беспакоiўся...

- Грыша, як ты мог! - дакарала Нiна. -Я-ж табе казала, што слова датрымаю.

- Ведаю...

- Цi я цябе калi падвяла?

- Было пару разоў...

- Разумею. Ну ведаеш, не спадзявайся, што кажны раз, як толькi пальчыкам кiўнеш, то да цябе зараз у абдымкi пабягу.

- Я-ж многа не вымагаю, а ты гэтае дабро на рынак не панясеш, Нiначка...

- Уважай ты, прагавiты, калi хочаш каб наша справа добра iшла.

- Магу цябе сяньня вечарам пабачыць?

- Нет, нiяк...

- Чаму?

- Мая субкватарантка будзе дома.

- Ну ладна ты, языкаватая красавiца, не хачу цябе гнявiць. Цяпер-жа пра гэтага пiсаку... Я забясьпечыў яго адпаведнай лiтаратурай. Ён павiнен быў яе ўжо атрымаць.

- Думаеш, што табе ўдасца яго зламаць?

- Спрабую. Стары нягоднiк павiнен мець свае слабасьцi. Калi зломiм, добра, калi-ж не, - тады...

- Тады што?

- Можна будзе нешта больш радыкальнае.

- Ты думаеш пра "настаяшчую абработку"?

- Казаў-жа табе некалi, што не раблю на сваю руку. Трэба будзе зь кiм-небудзь параiцца...

Нiна Ляскiн дагадвалася на каго Грыша намякаў. Здавалася ёй, што Капшун i той "нехта" выконваюць заданьнi з самага верху. Яе спэцыяльная пазыцыя многiя кантакты на працы й вонках яе - спрыяла "дзелу".

- А як адносна дзяўчыны? - пытаўся Капшун.

- Нiчога, усё ў парадку. Яна такая нямношка засьценчывая, праводзiць час з тым Якiмовiчам. Рэдка расказвае мне пра што яны гавораць.

- Можа быць элемэнт небясьпекi, калi-б яна ўтрэскалася...

- Яна ненадзейная?

- Была окэй. Заўсёды трэба вока дзяржаць на непрадбачаным. Разумееш?

- Буду старацца.

- Што я маю асаблiва на думцы... Сьлядзi за зьменамi ў яе паводзiнах. Калi што, ведаеш...

- Мяркую, што так.

- Чаму-б табе не заглянуць да мяне сягоньня? Або можа дзесьцi спаткаемся?

- Прабач, не магу.

- Штосьцi важнае замiнае?

- Для мяне важнае. Пацярпi.

- Ты заслужыла яшчэ на адзiн пацалунак за тое, што вытурыла з працы таго нягоднiка. Я затрымаю яго для цябе...

- Затрымай для сваёй цешчы, любоўнiк!

- Ну, не...

- Бывай. I паведамi мяне, калi цябе запраўды прыпрэ.

- Ты цынiк!

Нiна павесiла трубку. Грыша напэўна дадумаўся, што яна сяньня мае сустрэцца зь iншым. I калi яна зажадае мець Грышу, ён будзе там, дзе бывае заўсёды.

19

Была гэта невялiкага разьмеру, у чорнай плястыковай вокладцы, з абношанымi-працёртымi кутамi запiсная кнiга. Вiдаць па вокладцы й бачынках, што часта ўжывалася. Тыповы запiс, прыкладна, такога зьместу: Язэп Сноп, нар. у Н., 1925 г.; радня ўдома ў калгасе. Нэгатыўны да камунiзму, нявыразная палiт. ар'ентацыя. Таракан у саладусе. Цяперашнi адрас: 1113 Вiнэт вул., Мантрэал, 36. тэл.: 374-8602.

Алесь любiў гумар, а таму i ў запiсную кнiжку траплялi некаторыя "кавалкi". Напрыклад, цi чулi вы як адзiн наш суродзiч спасьцярог калi сусед ягоны, гэткi-ж, як i ён, iмiгрант, у гэтым капiталiстычным сьвеце ўжо дарабiўся? - Глянь ты на яго! - казаў ён сябру свайму. - Чалавек ужо дарабiўся. Ён i ягоная сям'я ўжо тэлевiжан вачуюць!

Слова вачуюць - гэта ад ангельскага to watch - глядзець. Людзi, бачыце, ужо глядзяць тэлебачаньне. А здарылася тое ў пяцiдзясятых гадох, калi тэлевiзары дорага каштавалi. Вось чаму чалавек, каторы мог купiць дарагi апарат i меў час глядзець праграмы розныя - чуеце? - ужо дарабiўся ў гэтай капiталiстычнай краiне. У чорнай кнiжцы, што была некалi неразлучным спадарожнiкам Якiмовiча, было шмат такiх нататак. Для Трыфты Тонi яму даводзiлася падарожнiчаць i палагоджваць розныя iнтарэсы, а ягонае сяброўства ў управе Згуртаваньня Беларусаў накладала дадатковыя абавязкi. Трымаў кантакты з многiмi сябрамi арганiзацыi, пашыраў нацыянальную i арганiзацыйную лiтаратуру. Прыдбаў многа сяброў i награмадзiў матар'ялу адносна апазыцыi. У гэтай апошняй групе бачыў ня толькi людзей няпрыязных для сябе цi беларускiх актывiстаў, але й так званых тараканоў у саладусе чыстых матар'ялiстаў, проста гультаёў i розных колераў ханжу, што адно пра сябе дбала.

Магчыма, што Алесь ня чуў пра Франца Бэйкана, але жыцьцё падказала яму, каб трымаўся ягонага правiла: Трактуй сваiх сяброў так, як быццам-бы яны мелi стацца тваiмi ворагамi, i глядзi на ворагаў, як быццам-бы яны маглi стацца тваiмi прыяцелямi. Накш гаворачы: трымай усюды адкрытыя вочы, вушы й дзьверы. Ззамоладу лёс навучыў Алеся як важна мець iнфармацыю адносна людзей. Яе трэба было ня толькi зьбiраць i парадкаваць, але й цэлы час абнаўляць. Найбольш адносiлася гэта да людзей палiтычна актыўных.

Чорная кнiга багацела нататкамi. Цi раз даводзiлася Алесю думаць, што камунiсты былi-бы надзвычайна задаволеныя, калi-б такая кнiга трапiла ў iхныя рукi. Калi Давiд Зэлман затрымаў Алеся на базе i наладаваў на яго немалы цяжар даўгiх гадзiнаў, Алесь неяк забыўся пра тую чорную запiсную кнiгу бо яна была цяпер яму непатрэбная. Ляжала падсунутая пад большыя кнiгi на полцы ягонай сьцiплай хатняй бiблiятэкi. Алесь любiў чытаць i цi раз, зьвяртаючыся да сваiх улюбленых аўтараў, спасьцерагаў на полцы малую запiсную кнiгу, мяркаваў што зь ёю зрабiць, ды так i пакiдаў яе там, дзе была дагэтуль. Бальшыня адрасоў з Алесявай запiсной кнiгi перайшла i да сакратара арганiзацыi, хоць усялякiя дробныя iнфармацыi Якiмовiч затрымаў для сябе.

Рашчараваная Алесевым сарказмам пра ягоныя ваенныя гады, Вера прадаўжала свае пошукi. Сустракалася зь Якiмовiчам, хадзiлi разам у кiно, на танцы цi ў тэатры. Паступова дзяўчына даведалася шмат чаго з Алесевага мiнулага, але цёмнай астаўся для яе ягоны ваенны пэрыяд. Вера зацiкавiлася беларускай лiтаратурай. Алесь выказаўся, што Максiм Горкi, якога яна цi не найлепш ведала, будзе даволi мiзэрна выглядаць у параўнаньнi зь Янкам Купалам, Коласам, Багдановiчам. Калi-ж дзяўчына пыталася дзе можна дастаць iхныя творы, Алесь параiў ёй пакарыстацца ягонай собскай бiблiятэкай, у якой ён згуртаваў усе эмiграцыйныя выданьнi беларускае клясыкi.

- Бяжы да мяне калi захочаш. Усе мае пiсьменьнiкi й паэты зь вялiкiм гонарам возьмуць цябе ў абдымкi й пазнаёмяць iз сваiмi гэроямi.

Падчас ейнае вiзыты, Алесь параiў ёй выбраць што хоча зь ягоных кнiгаў, а сам пайшоў у кухню, каб нешта нарыхтаваць. Вера спасьцерагла, што да беларускай клясыкi прысуседзiлiся Мiцкевiч, Гэмiнгвэй, Томас Ман, Конрад, Дастаеўскi, Агата Крысты й iншыя. Зрок ейны затрымаўся на малой кнiзе з вокладкай чорнага колеру, шыйка якой выглядала спад нiзу кнiгi твораў Оскара Ўайлда. Дзяўчына выцягнула тую кнiжачку i гартаючы, хутка спанатрыла што за скарб трымала ў сваiх руках. З кухнi чуваць быў бразгат пасуды. Калi Алесь вярнуўся ў сьвятлiцу з наладаваным закускай i напiткамi падносам, малы чорны блакнот бясьпечна ляжаў у Верынай сумачцы а сама яна гартала Шпака.

- Варта табе яго прачытаць, - сказаў Алесь пра Шпака. - Ён ёсьць надзвычайным пiсьменьнiкам.

- Магу пазычыць гэту кнiгу?

- Калi ласка, бяры.

Вера ледзь не правалiлася пасьля, калi ўжо выпiлi вiна й закусвалi каўбасой.

- Ведаеш, Верачка, - жартаваў Алесь, - я заўсёды даводзiў, што найлепш пазнаеш дзеўку, калi заглянеш у ейную сумачку, цi, як у нас дома кажуць, торбачку. Магу я заглянуць у тваю?

Гэтак гаворачы, Алесь выцягнуў руку, каб узяць сумачку Веры з кракадзiлавай скуры, што ляжала побач.

- Чакай, стой! - запярэчыла перапалоханым голасам дзяўчына.

Зьдзiўлены такой нечаканай рэакцыяй на свой жарт, Алесь глядзеў на зьбянтэжаны дзяўчынiн твар.

- Ты, вiдаць, перапалохалася, як-бы там нейкi вялiкi скарб трымала.

- I am sorry, толькi... толькi я не хацела...

- Разумею. Ты там схавала тайную лiсту ўсiх варожых агентаў, паблажлiва жартаваў Алесь i гладзiў Верыну руку, заглядаючы ў яе вочы. - Так што давай яшчэ вып'ем.

Ён напоўнiў пузатыя кiлiшкi на высокiх ножках чырвоным портвiном. Вера, як выглядала, вярнула сабе поўную раўнавагу, павесялела i ўсьмiхнулася, а хлапец i не падазраваў, што жартам ледзь не раскрыў ейную таямнiцу.

Капшун ледзь не падскочыў з радасьцi, гартаючы Якiмовiчаў блакнот. Ён сказаў Веры, што блакнот тымчасам затрымае, а пасьля, - не адразу, а так за днi тры цi чатыры, - трэба яго вярнуць назад. I за днi тры Грыша аддаў Веры чорную кнiжачку.

- Iнфармацыi цэнныя. Не магу ня выказаць з гэтай прычыны надзвычайнага задаваленьняз так удачнай работы. Але ты, - ён тут затрымаўся i ўважна глядзеў дзяўчыне ў вочы, - ты мусiш прадаўжаць сустракацца зь Якiмовiчам i дакладваць мне аб iм, як раней. Панятна? А чалавек, да якога ты далжна дабрацца гэта Антон Шпак. Чула пра яго?

- Чула. Мне Якiмовiч расказваў аб iм.

- Цудоўна! Пастрайся, каб цябе зь iм пазнакомiў. Узнай як ён жыве, што робiць, якiя мае планы. Надзеюсь, гэта цябе не азадачыць?

- Ды не.

Тыдзень пазьней Вера зноў зайшлася да Алеся, каб нiбыта замянiць кнiгi. Калi Якiмовiч адлучыўся на кухню, малая кнiжка з чорнымi вокладкамi апынулася пад кнiгай твораў Оскара Ўайлда.

20

За кароткi час пiсьменьнiк Шпак усьведамiў сабе, што i ён, у лiку iншых выдатных Беларусаў у дыяспоры, апынуўся пад скрыжаваным агнём маскоўскiх злачынцаў i iхных бэсэсэраўскiх падхалiмаў. Кагадзе меў пэўныя сумлевы, што бальшавiкi неяк памаглi выкiнуць яго з працы. Цяпер-жа асновы тых сумлеваў зьнiкалi. Праясьнялася. Лiсты прыходзiлi цi ня кажны дзень. Звароты амаль пасяброўску дарагiм i ласкавым тонам. Старшыня камiтэту завяртанцаў з Бэрлiну нейкi энкавэдыст Мiхайлаў, быццам дбайны бацька, турбаваўся пра лёс суродзiчаў, кiнутых у эмiграцыйную нядолю. Вось як яно! I ў заклiках, мотто амаль жыўцом зь бiблii: "Вяртайцеся на ўлоньне радзiмы, блудныя сыны й дочкi. Калi й саграшылi, бацькаўшчына вам выбачыць".

Лiсты падрыхтаваныя машынапiскай, адбiтыя на рататары, а iншыя рэгулярным кнiжным шрыфтам. Iшлi-ж яны ня толькi да Антона Шпака, але й да iншых выгнаньнiкаў высокае рангi. I прасiлi такiм мiлым-прамiлым тонам, каб вярталiся ў абдымкi дарагой i кахаючай iх бацькаўшчыны, якая i прыгарне, i накормiць, i...

Гэтта-ж побач, зусiм адкрыта - пагрозы. Усе вылюдкi, бандыты, фашыстоўскае ахвосьце, здраднiкi, каторыя й цяпер паклёпы майструюць на "родную ленiнскую камунiстычную партыю" i на "сацыялiстычную радзiму", - усе яны ў свой час будуць трымаць адказнасьць перад народнымi судамi. Во як! Яны прападуць, як зьнiкае пена ад карабля ў акiяне. Дык вось - чада мои, вяртайцеся на радзiмы ўлоньне. Хадзеце й сядайце за падрыхтаваны для вас сямейны стол, сярод раднi й сяброў спажывайце плёны зямлi роднай, а заўтра, закасаўшы рукавы, станавiцеся побач, памагайце лiквiдаваць ваенныя руiны.

У чым-жа сiла такiх крывадушных заклiкаў? Апэлявалi яны да патрыятызму i эмоцыi людзей, што апынулiся ў нялёгкай духовай цi матар'яльнай сытуацыi. Надта добра змайстраваны падман, якi вялiкай моцай прамаўляў да выгнаньнiкаў, што ня мелi гэтта, - за межамi Гулагу, - фiзычных сiлаў i духовай вытрываласьцi, каб будаваць сабе нейкую больш-менш нармальную будучыню. Людзi старэйшыя, або тыя, што ня мелi тэхнiчнае адукацыi, апынулiся ў цяжкой сытуацыi. Завяртанцы з таго бэрлiнскага камiтэту напалохалi i так званых простых сялянаў цi iндустрыяльных работнiкаў. Замежная сетка бальшавiцкiх агентаў таго камiтэту зьбiрала весткi пра ўсiх так званых суайчыньнiкаў, рабiла лiсты iхных сваякоў, што былi ўдома; стваралiся пры гэтым чорныя лiсты так званых грахоў перад радзiмай у часе "вялiкай айчыннай вайны". Напалоханыя бальшавiцкiм шантажом Беларусы не маглi весьцi нармальнае карэспандэнцыi iз сваiм сваякамi, што жылi ў маскоўскiм ярме. Згодна так званых правоў, цi бяспраўя грамадзянаў эсэсэрыi, сувязь з загранiцай была крымiналам. Напалоханыя бальшавiцкiмi шантажамi, шматлiкiя Беларусы за мяжою трымалiся таксама воддаль ад беларускiх арганiзацыяў. Гэта, - верыце, цi не? - калi-б бальшавiкi даведалiся пра iхны ўдзел у беларускiм грамадзкiм жыцьцi за межамi "сувэрэннай БССР", магло-б сьцягнуць рэпрэсii на iхных сваякоў.

Цiкавая i зусiм неабходная застрахоўка, для бясьпекi жыцьця "блудных сыноў i дачок" ды iхных сваякоў у маскоўскiм прыгоне, наглядалася ў эмiграцыйнай прэсе. Лiсты ахвяраў на выданьне газэтаў i часапiсаў поўнiлiся рознымi iнiцыяламi, скаротамi, або псэўданiмамi. Шматлiкiя выгнаньнiкi высьцерагалiся, каб ня трапiць на якiя груповыя здымкi, што зьмяшчалiся з нагоды розных урачыстасьцяў цi збораў у беларускай эмiграцыйнай прэсе. Яны пераканалiся, што НКВД-КДБ зьбiрае ўсё ў свае архiвы, студыюе кажны твар, пры помачы сваiх агентаў на эмiграцыi трымае пiльнае вока на найбольш актыўных антыкамунiстах. Некаторых выдатных людзей, у тым лiку i зь Беларусаў, КДБ рукамi сваiх агентаў лiквiдавала. Добрасумленныя суродзiчы нашы, што ўжо прыжылiся на эмiграцыi i матар'яльна маглi памагчы сваяком на паняволенай бацькаўшчыне, баялiся гэта рабiць, каб не сьцягнуць на сваякоў якую рэпрэсiю з боку акупацыйнага рэжыму.

Як ацанiць маштаб шкоды, што бальшавiкi ўчынiлi беларускiм нацыянальным арганiзацыям грамадзкага, палiтычнага, рэлiгiйнага, навуковага цi харытатыўнага характару на эмiграцыi? Нашы суродзiчы намагалiся за межамi паняволенае бацькаўшчыны будаваць сваё новае жыцьцё, гадаваць дзетак у беларускiм духу й веры ў Бога, даваць iм магчымасьцi скончыць вышэйшую асьвету, i пры гэтым памагаць народу змагацца за вызваленьне з маскоўскага ярма. I вось супраць гэтых людзей вялася дзесяцiгодзьдзямi бесьперапынная бальшавiцкая акцыя шантажу, нацкоўваньня, паклёпу, антыгуманнай прапаганды. Фашысьцiлi эмiгрантам здольныя бальшавiцкiя палiтрукi, што найчасьцей у завяртанскiм "голасе" выступалi апосталамi вышэйшай справядлiвасьцi. Выдатных беларускiх патрыётаў, што былi на эмiграцыi, яны называлi "мацёрымi" здраднiкамi, быўшымi прыслужнiкамi фашыстоўскiх гiтлераўскiх акупантаў цяпер ужо "вызваленай" - пры ахвярнай помачы "братняга рускага народу", - радзiмы.

Антон Шпак бачыў змаганьне за вызваленьне бацькаўшчыны з маскоўскага калянiяльнага ярма на шырокiм прасторы. Канкрэтнае-ж i штодзённае заданьне: мала было адбiвацца сяньня цi атакаваць тых маскоўскiх цiвуноў, што няспынна прадаўжалi фашысьцiць усiм беларускiм нацыянальным лiдарам у дыяспоры; неабходна было ня толькi захаваць, але й памнажаць свае сiлы, цi, - калi накш сказаць, - людзкiя рэсурсы, каб мець базу для аднаўленьня нацыянальнага арганiзму ў будучынi. Там-жа, у зоне, цяпер ужо пад уладай спадкаемцаў таго "вялiкага й мудрага айца ўсiх народаў" адбывалася нячуванае дасюль у сваiх маштабах злачынства: лiквiдавалiся апошнiя беларускамоўныя школы, а русiфiкацыя культурнага, навуковага i адмiнiстрацыйнага жыцьця "сувэрэннай" псэўдарэспублiкi дайшла да кульмiнацыйнага пункту; ад якога ўжо няма дарогi назад да адраджэньня зганьбаванай i запрыгоненай нацыi. Пасьля страты мовы, культуры, традыцыяў, сьведамасьцi свае гiстарычнае мiнуўшчыны, собскае i нацыянальнае годнасьцi - наперадзе адно цемра: некалi ў гiсторыi вялiкi й слаўны народ ператворыцца ў "зямляцтва", угнаеньне для прагавiтых дзярлiвых чужынцаў.

Трэба, адылi, разьлiчваць, што цяперашнi гвалтоўны напор расейшчыны яшчэ ня зможа дасягнуць сваей канчальнай мэты, што ў запасе яшчэ ёсьць час i добрыя хаўрусьнiкi. Супольны фронт усiх паняволеных Маскоўшчынай народаў, пры адпаведнай палiтычнай каньюнктуры i падтрымцы дэмакратычных краiнаў вольнага сьвету, дасьць даволi сiльны штуршок, каб пiхнуць "iмпэрыю зла" да яе суцэльнага распаду. Дык мала цяпер толькi адбiвацца ад тых, што фашысьцяць табе ў розных "голасах радзiмы", дэзынфармуюць i так цi мала зьбянтэжаных суродзiчаў. Абавязкова трэба назапасiць амунiцыi i на будучыню, трэба гадаваць новую зьмену. А гэнай зьменай могуць быць адно тыя, што тут, на чужыне навучацца свае мовы й захаваюць яе, пазнаюць запраўдную гiсторыю Беларусi, яе культуру, традыцыi, пабудуюць для сябе рэлiгiйныя сьвятынi i паклiчуць да аўтароў такiх сьвятароў, для якiх любоў блiжняга стане на адным узроўнi з адданасьцю iнтарэсам беларускае эмiграцыi i паняволенай бацькаўшчыны.

У розных сваiх эмiграцыйных iнстытуцыях трэба новаму, ужо за межамi бацькаўшчыны народжанаму, пакаленьню даць добрыя веды пра Беларусь i, у найгоршым выпадку, калi ўжо нельга тут выхаваць жаданых патрыётаў Беларусi, дык прынамсi старацца ўзгадаваць нейкiх ейных сымпатыкаў i абаронцаў. Каб запрыгоненая краiна нiколi ня страцiла за межамi, у вольным сьвеце, голасу свайго, каб захаваць насеньне для будучага аднаўленьня плёнаў на родных нiвах.

Усьведамiўшы, што пiсьмы Мiхайлава i цэлая "чырвоная афэнзыва" вялi псыхалягiчную вайну аж да зьнямогi супраць бедных антыкамунiстычных iнтэлектуалаў за межамi "забранай зямлi", Шпак пастанавiў у гэны крытычны час узяцца за публiцыстыку. Шматлiкiя суродзiчы жадалi пачуць ягоны голас, натхнiцца яго заклiкам i знайсьцi адпаведную амунiцыю супраць тых завяртанскiх стралкоў i цiвуноў, што наперабой фашысьцiлi ўсiм, каторыя так цi накш змагалiся за вольную Беларусь i захаваньне беларускага этнасу на эмiграцыi.

Трэба было аналiзаваць i ў дробных дэталях ды ў цэлым камплеце паказаць мэтады й сродкi агрэсыўнага камунiстычнага наступу, стварыць цэлы й аб'ектыўны вобраз таго бяздоньня, куды вядзе капiтуляцыя перад адвечным ворагам Беларусi, а цяпер i ўсяго чалавецтва. Шпак ня браўся атакаваць тых, якiх гэтта на эмiграцыi называлi зьвiхнутымi. Гэткай мянушкай ахрысьцiлi тых, што з розных прычынаў трапiлi ў варожую пастку, а цяпер, пасьля адпаведнага раскаяньня перад "радзiмай, якая ўсё прабачыла i да сваiх грудзей прыгарнула", яны выхвалялi катаў беларускага народу, лiлi розныя памыi на перадавых беларускiх патрыётаў на эмiграцыi ды заклiкалi суродзiчаў вяртацца на бацькаўшчыну. "Зьвiхнутыя", або здраднiкi, - як называлi iх iншыя беларускiя патрыёты, - сталiся маленькiмi пешкамi ў вялiкай, ворагам вольнае Беларусi плянаванай вайне.

Пiсьменьнiк Шпак у раньнi пэрыяд сваей пiсанiны спанатрыў вялiкую цану непасьпешлiвага i халоднага доказу. Яшчэ лепш, калi падтэкстам памагае лёгкая iронiя. Шпак адказваў Мiхайлаву i ягоным "саўдзельнiкам у злачынствах" лагодна-мяккiм i зьдзеклiвым тонам, ягоная вiвiсэкцыя нутра камунiстычнага арганiзму - удалая i сьмелая, аргумэнты - быццам скала. Балела пiсьменьнiку сэрца за раськiданых па цэлым сьвеце суродзчаў, што апынулiся пад скрыжаваным шквалам варожае прапаганды. Шпак напiсаў сэрыю ў трох артыкулах, перагледзеў iх, паправiў, выслаў заказной ды паветранай поштай у беларускую штотыднёвую газэту ў Мюнхэне.

Калi вярнуўся з пошты, ня мог пазбыцца ўражаньня, як нiкчэмна мала зрабiў. Беларускiя выгнанцы ўсё роўна будуць трапляць у хiтра расстаўленыя працiўнiкам пасткi. Магнiт у руках катаў занадта моцны, каб яму супрацiўляцца маглi слабыя духам, якiх карэньне на гэтым баку акiяну ды ў Заходняй Эўропе яшчэ не ўрасло дастаткова глыбока ў чужую глебу. Шпак малiўся Богу, прасiў Яго, каб прыйшоў суродзiчам на помач, скарэй паслаў той час расплаты зь ненавiсным ворагам, якога ракавы арганiзм руйнуе ўсё чалавецтва, каб урэшце вярнуў раськiданых па цэлым сьвеце, - насамперш i тых са сьмяротнага Гулагу, - сыноў i дачок на вольную i дарагую Бацькаўшчыну.

21

На п'едэстале, на аграмадным канi - прынамсi ўдвая большым за нармальнага, - расьсеўся Яго Каралеўская Вялiкасьць, Кароль Вялiкай Брытанii, з Ласкi Божае Iмпэратар Iндыi i гэтак далей... Бронзавы конь, зь пярэдняй левай паднятай нагой, - гатовы ў дарогу, - касавурыў крыху налева. Сам яздок ягоны, з адкрытай, галубамi ўдэкараванай лысай галавой з вусiшчамi i бародкай, грудзьмi абвешанымi мэдалямi i рознымi шнурамi ды кукардамi, ботамi з халявамi за каленi, трымаў паляўнiчы брыль у правай руцэ на калене, а левай рукой натужыў лейцы ад аброцi. Шырокi iмпэратарскi твар спакойна пазiраў наўскасяк направа. I цяпер галуб з галубкай аглядалi парк з выгаднай лысiны Эдварда VII-га, найстарэйшага сына Вiкторыi, якому трэба было пажыць гадоў шэсьцьдзесят, пакуль мацi з высокага трону зьлезла.

Помнiку Эдварда VII-га, якi некалi займаў пачэснае месца ў сталiцы Iндыi, адвялi кут у Радфардзкiм Гарадзкiм парку. Яшчэ ня так даўно, пакуль нахлынула пасьляваенная хваля iмiгрантаў, парк падлягаў правом прыроды. Зайцы, на якiх тут паляваць забаранялася, гэйсалi ўсюды ў гушчы дрэваў, у кронах якiх гнязьдзiлася маса птушак. Вялiкая паркавая прастора ўключала пагоркi, далiны, дзьве рэчкi, што вужамi вiлiся мiж дрэваў i хмызьнякоў. Спакойная паверхня невялiкага возера гаманiла дзiкiмi качкамi й шэрымi канадыйскiм гусямi ды вечна галоднымi крыклiвымi чайкамi. Ля таго возера ў далiне была лодачная станцыя - аблюбаванае месца моладзi. Апавядалi, што некалi парк гэты, пакуль стаўся ўласнасьцю гораду, наведвалi пераважна аматары паляваньня й рыбакi.

Калi аж тры ўрады - фэдэральны, правiнцыяльны й гарадзкi - наважылiся барукацца зь беспрацоўем, надта хутка знайшлiся фiнансавыя сродкi для ўпарадкаваньня i аднаўленьня гэтага вялiзнага плошчай парку. Нанава расплянавалi, пабудавалi адну цалкам неабходную дарогу для аўтамабiляў, сьцежкi для бягуноў, хадуноў i самакатаў, аўтастаянку пры мадэрным, непадалёк возера, летам халоджаным, рэстаране. Зашумелi сям-там мiнiятурныя вадапады, пчолкамi й чмялямi загулi кветнiкi. Выгадныя лаўкi пры сьцежках i ў зеленi травы запрашалi чалавека адпачыць воддаль ад шуму й гармiдару гораду. Акцэнт мадэрнiзацыi парку клаўся на лёгкую кантролю прыроды з прыбыткам зусiм неабходнай, але не залiшняй цывiлiзацыi.

- Зiрнi ты на яго, паляўнiчага iмпэратара! God save the king! усьмiхаўся Алесь, аглядаючы вялiзнага Эдварда сёмага на бронзавым канi.

- А адкуль ён тут узяўся? - зьдзiвiлася Вера. - Такiя пампёзныя помнiкi iмпэратарам стаўлялi перад будынкамi парламентаў цi на якiх важных сквэрах...

- А ты ня чула?

- Што?

- Ды як гэтага гэроя нашыя манархiсты сьцягнулi зь Ню Дэлi?

- Калi гэта?

- Як Iндыя сталася незалежная ды сваiм розным Магатмам пачалi помнiкi майстраваць...

- Дык тады гэтага iмпэратара сюды?

- Хацелi яго дзесьцi на якую галоўную Кiнг вулiцу паставiць, але... ня тыя часы, ня тое пакаленьне. Бальшыня ў гарадзкой управе ўпёрлася... Дык вось яго сюды, у больш экзатычнае месца... Зрэшты, яго й тут галубы, як бачыш, для сваiх патрэбаў адаптавалi...

Прыгожае надвор'е хутка напаўняла парк i Алесь уздыхнуў з палёгкаю, калi яму ўдалося знайсьцi вольнае месца для свайго Олдсмабiля.

- Окэй, даражэнькая, давай заглянем цяпер у дзiч, - прапанаваў Алесь дзяўчыне. - Знойдзем такое месца, куды яшчэ не сягнула сваёй прагавiтай рукой цывiлiзацыя.

- А тут ёсьць такое?

- Пашукаем, - узяў Веру за руку Алесь. - Мне здаецца, што я павiнен цябе сяньня рамонкам вялiчаць: Miss Daisy.

Сукенка ў кветкi iзь цесным тулавам i шырокай спаднiцай, прыгожа раськiнутыя па бакох i ззаду валосы ды той нявiнны дзяцiнна-прывабны тварык iз загадкавымi прамянiстымi вачмi... Захапляўся дзяцюк i дзяўчынай, i прыродай: летняй чысьцiнёй, сьвежасьцю, водарам налiваных поўнымi сокамi расьлiнаў i кветак. А побач - поўная й пышная ў сваёй сьпеласьцi й красе маладосьць. Дзяўчына, у Алесевым уяўленым параўнаньнi, запраўды нагадвала рамонак на нiве цяпер далёкай, чужнiкамi забранай зямлi. Але гэта дзяўчына iшла вось побач яго, яе скваплiва аглядалi сустрэчныя мужчынскiя вочы.

Прыселi на лаўку пад вялiкiм дубам. Праз галiны дрэваў зьзяла люстра залiтага сонцам возера й вiдаць быў лодачны прыстанак. Некалькi парачак у лодках марылi пра каханьне, а больш заавансаваныя практыкавалi яго ў пацалунках.

- Вось што я люблю, - сказаў Алесь, - мы жывём у дваццатым стагодзьдзi а паглядзi, як мы далёка ад яго, значыцца ад цывiлiзацыi ягонай, што цi не пайшла на злом галавы... Якое тут хараство! Адсюль, ад гэтай цудоўнай прыроды запраўды блiжэй да Бога...

Зачараваная прыродай дзяўчына, сама прыгожая ляля, маўчала. Алесь носам адчуў запах бэзавай парфумы, зiрнуў на румяны тварык. Блiзкасьць дзяўчыны гэтта, на ўлоньнi прыроды, актывiзавалася адным жаданьнем. Калi зiрнуў на яе ўважна, спасьцярог нейкi выклiк у ейных вачох. Поўныя ружовыя, зусiм немаляваныя вусны, румяныя шчочкi, абяцаючыя вочкi - усё гэта на выклiк. Магнiт, якому няма супрацiву. Сустрэлiся цi не на поўдарозе. I спачатку вусны ейныя, быццам коркавыя, непаслухмяныя, як некалi гэны першы раз. Ды тут-жа адразу дзяўчына памякчэла, быццам ажыла, усiм дрыготкiм целам прыльгнула да яго, упiлася ў ягоныя вусны. Хлапец ледзь трымаўся пры наплыве крывi, малаточкi стукалi ў скронi. Здавалася, што шпаркая хваля зусiм затуманiла галаву, кiнула цябе ў нейкi вiр, дзе ўлада жывёльнага сьвету бярэ верх. Цябе ўсяго паглынае адно прагавiтае iмкненьне. I якраз тады, калi Алесь ужо цалкам апынуўся ў тым дзiўным ашаламленьнi, Вера раптоўна адхiнулася. У ейных вачох на iмгненьне, - бачыў Алесь выразна, - прамiльгнуў цень страху. Яшчэ п'яны нэктарам пацалунку, дзяцюк зьбянтэжыўся. Ды зараз-жа дзяўчына прыгарнулася да яго яшчэ шчыльней i проста зь нейкай канвульсiяй упiлася ў ягоныя вусны. Алесь задрыжэў усiм целам i цяпер ён першы адхiлiўся. Рукой лагодна падняў Верын падбародак, заглянуў уважна ў закаханыя вочкi.

- Огоо! Умееш цалавацца! А мне раней здалося, што ты быццам ня ты, што ты тут зусiм няпрысутная. Але-ж ты зусiм ажыла, вярнулася! Дзякуй табе! гаварыў захоплены Алесь.

I зноў патанулi ў соладзе вуснаў i абдымкаў, цяпер ужо бяз нiякага напружаньня, нэрваў, у вялiкай роскашы. Усё зьлiлося ў адно, тое, што вядзе да фiзычных вытокаў, чым сьпявае й пульсуе ўсё жыцьцё ад часу стварэньня, калi iмкнецца да завязi, што нясе новыя плёны. У гэным экстазе, калi два целы зьлiваюцца ў адзiн гарманiчна пульсуючы сокамi жыцьця арганiзм, рэальнасьць адыходзiць у нябыт, а мiраж становiцца запраўднасьцю. П'яны хмель нэйтралiзуе галоўнага вартаўнiка - дасканалы апарат мозгу. I дзiва няма, што ў самы адказны момант, - калi галоўны вартаўнiк-кiраўнiк адсутнiчае, - шырака адчыняюцца дзьверы для новых пакаленьняў. I вось гэтта, цяпер, у парку навосьцеж якраз адчынiлiся такiя дзьверы. Ды Вера раптоўна адпiхнула дзяцюка. Быццам рыба, выцягнутая з вады, Алесь лавiў паветра.

- Алесь, я мушу табе расказаць, - цiха шаптала Вера.

- Расказаць што?

- Пра той першы пацалунак i чаму я проста не магла... знаеш... Была прычына... Гэта сталася даўно, калi мне ня было яшчэ шаснаццацi гадоў...

- Не! Не кажы, перастань! - Алесь закрыў ёй далоньню рот. - Я не хачу слухаць пра тое, што там было. Я хачу цябе бачыць i ўяўляць, - калi цябе няма пры мне, - такой, як цябе цяпер бачу - цудоўным пахучым рамонкам, прынаднай i чыстай прыгажосьцю. Навошта-ж усё гэта бярэшся сапсуць?

Дзяцюк уяўляў ужо, што вось гэтая цаца-ляля, што побач, зараз-жа пачне рабiць нейкiя дзiўныя цi жахлiвыя прызнаньнi пра свае дзявочыя грахi, наводля тых, пра якiя можаш прачытаць у такiх папулярных для аматараў усякай эротыкi часапiсах, як True Confessions...

- Ды я ня зьбiраюся нiчога сапсуць, - гаварыла ўжо ўсхваляваная Вера. А чаму-ж я не магу нiчога расказаць пра сябе? Цi гэта я ўчора нарадзiлася?

Цяпер у тых прывабных вачох зьявiўся дакор.

- Вiншую цябе, мiс Мак, з тваiм ранейшым нараджэньнем i з тым, што ты вырасла прыгожай, як ляля, але-ж я ня выклiкаў цябе на нейкую споведзь. Мала што нешта там было...

- Не, Алесь, я мушу, я хачу табе расказаць!

Памаўчалi. Алесеў зрок затрымаўся на лодцы, што на возеры. I там - ён i яна. Магчыма, першае каханьне... А тут у яго каторае? Дзяўчына хоча апавядаць пра сваё мiнулае... Няхай...

- Мне тады ня было яшчэ чатырнаццацi i я жыла ўжо ў другой сям'i...

Дзяўчына, нагнуўшыся, зрывала сьцяблiнкi высокай травы. Навокал, у сваiм росквiце, цешыўся сьвет. А гэтта Вера Януку пачынае нешта наводля споведзi. Ён уважна зiрнуў на ейны твар i здалося, што яна цяпер намагаецца пазьбягаць ягоных вачэй.

- У iх быў адзiн сын, гадоў можа дваццаць пяць векам. Вялiкi, сiльны й брыдкi, у шахце працаваў. Бацькi ягоныя любiлi мяне, як сваю, часта паўтаралi, што й самi некалi хацелi мець дачку. Я таксама iх любiла; добрыя i працавiтыя, ашчадныя, сумленныя людзi. Яны мелi сваю харчавую краму, працавалi доўгiя гадзiны. Ведаеш, як гэта ёсьць у малым гарадку, - калi не абслужыш людзей тады, як да цябе прыйдуць, значыцца ў любы час, дык скора i клiентаў мець ня будзеш.

- Мы жылi наверсе, над крамай. Было гэта перад Калядамi. У краме было многа работы перад сьвятам i гаспадыня - яна называлася Джэйн, - папрасiла мяне, каб я пачысьцiла пакоi наверсе. Я старалася iм памагчы, дык i прынукi ня трэба было. Я шматай мыла там падлогу i была на каленях, калi пачула, што адчынiлiся дзьверы. Гэта быў гаспадароў сын Джоў. Ня раз раней я бачыла злосны агеньчык у ягоных вачох i баялася яго. Хлопец гэты быў грубы, няпрыемны, дужы й агрэсыўны. Як я ўстала дык ён падыйшоў да мяне й сказаў: Мiленькая мая, не супрацiўляйся, бо нiхто цябе не пачуе. Будзь добрая для мяне i я цябе не пакрыўджу.

- Гэтак ён сказаў iз такой яхiдненькай усьмешкай на твары. Пакуль я, як тая разiнька, апамяталася што тут робiцца, ён раптам схапiў мяне й нёс на ложак у спальню. Для мяне той напад быў такi неспадзяваны, што я ня ведала што маю рабiць... Помню, што адкрыла рот крыкнуць, але гэты гарыла закрыў яго. Я, мусiць, укусiла тады ягоную руку цi шматай зьехала яго па твары бо ён мяне злосна кiнуў на ложак i пачаў бiць мяне. - Ты хочаш бiцца, сука! крычаў на мяне. Я старалася адпiхнуць яго калi ён пачаў мяне разьдзяваць. Раз я сьпiхнула яго з пасьцелi, кiдала на яго падушкi, але гарыла iзноў намагаўся на мяне ўзьлезьцi. Мне ўдалося скацiцца на падлогу i я тады бегла да дзьвярэй, але ён схапiў мяне за руку, крутнуў i я крэпка стукнула аб вушак дзьвярэй галавой што аж зоры пабачыла... Калi ён цягнуў мяне назад на ложак, мне не хапала паветра дыхаць.

- Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сiлы баранiцца, але неяк спрамаглася i з апошнiх сiлаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сiлаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапiў мае абедзьве рукi, трымаў iх як клешчамi, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сiлы. Ня помню добра, што было пасьля, мусiць пацямнеў для мяне сьвет... Нейкая мiтусьня ў пакоi i тады ягоны, Джова, бацька нахiлiўся нада мной i спытаўся цi я окэй. Мацi таго гарылы старалася захiнуць мяне, бо на мне была парваная сукенка...

Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладнiць.

- Ну i як, удалося яму?

- Што цi ўдалося?

- Ну тое, чаго ён хацеў...

- Не, дзякуй Богу, - цiха сказала дзяўчына.

- Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, - сказаў Алесь i адразу шкадаваў сваiх словаў.

- Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся! - злосна сыкнула Вера. Твар ейны налiўся чырваньню а вочы глядзелi кудысьцi ўбок.

- Ты-ж гэта хацела падкрэсьлiць. Цi-ж ня так? - настайваў Алесь.

- Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў i моцна пакрыўдзiў. Я тады была вельмi маладая. Гэта ня жарты былi. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела нiколi бойфрэнда i нiколi нiкому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца i ня прыкрашвацца, як iншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў цi якой iншай касмэтыкi таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлi, але я нiколi нi зь кiм не хадзiла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай i ты бачыў як гэта выйшла.

- Ты бедная, дарагая мая, - суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбiнь. Пад квяцiстай сукенкай рухалiся захiнутыя ў "крос-май-гарт-бра" поўныя грудзi. Адкрытасьць i поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вялiке эмоцыi i душэўнага цяжару.

- Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла... Я нiколi й нiкому раней гэтага не расказвала.

- Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу? - сказаў Алесь.

- Алесь, як ты можаш так казаць? - дакарала дзяўчына.

- Выбач, я не падумаўшы...

Доўга маўчалi. Лёгкi вецярок забаўляўся дубовымi лiсьцямi. Непадалёку на траве спынiўся робiн, нахiлiў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялiкага дажджавога чарвяка, пырхнуў i зьнiк у гушчы лесу. Дзесьцi за ўзгоркам раскрычалiся павы. Там у загарадцы гарадзкi гаспадар парку трымаў некалькi жывёлаў i птушак для малечы.

- Алесь, - цiха, ледзь чутна сказала Вера.

- Што?

- Раскажы пра сябе.

- Што ты хочаш цяпер ведаць?

- Калi я цябе раней прасiла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну...

- Цi гэта так важна? - насьцярожыўся Якiмовiч. Ён ня змог-бы ў той час вытлумачыць чаму якраз гэтак а ня iнакш рэагаваў на пытаньне каханай дзяўчыны. Яна выглядала сумленнай i шчырай. Вось цяпер-жа, тут пад гэтым дубам-гiгантам раскрылася яму, здаецца, поўнасьцю. Выспавядалася, што называецца. А ён-жа быў пэўны, што кахаў яе. Дык дзе была тая запруда, што перашкаджала яму выказацца?

- Так, Алесь, я-б хацела ведаць.

Вера адчула вялiкую палёгку калi падзялiлася з Алесем сваiм мiнулым, няхай сабе малым кавалкам яе, - нiбы выспавядалася. Спадзявалася, што Якiмовiч нейкiм падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун i ягоная банда ня прысутнiчалi ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калiшнiм загадам разьведаць пра гэтага "фашыста", што побач.

- А што ты хацела-б ведаць?

- Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабiў? Усё...

- Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калi мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта... Перш за ўсё дай мне цалусiка!

- Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!

- Ня маю таго настрою, - сказаў Алесь зь вялiкiм нацiскам на апошняе слова.

- Цi-ж я ў цябе чаго замнога прашу? - насядала дзяўчына. - Я-ж во расказала пра маё самае важнае...

Цяпер яна поўнасьцю ўсьведамiла моц каханьня, якое нарадзiлася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, iмкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такiм, якiм яго Капшун намаляваў.

- Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, - тлумачыў Алесь зь нецярплiвасьцю ў голасе. - Скажы, навошта так насядаеш?

- Ты мне дарагi, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.

- Божа мой! Цi-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?

Недзе парвалася струна, голас павысiўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мiнулым. Узьненавiдзеў усякiх сьледавацеляў-iнквiзiтараў.

- Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела...

- Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я i не хацеў слухаць...

- Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.

Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала i хуткiмi крокамi пайшла прэч.

- Вера, вярнiся!

Дагнаў дзяўчыну, схапiў яе за руку, але яна адпiхнула яго.

- Iдзi ад мяне! Я нiколi не хачу цябе бачыць!

У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. I ў тым - поўная фiнальнасьць. Зьбянтэжаны такiм нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамi да сьцежкi, кроў малаткамi бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлiлася ля ног i ззаду калi той "цудоўны рамонак" зьнiк за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кiшэню й выцягнула сярэбраную папяросьнiцу. Едкi дым ускалыхнуў лёгкiмi.

- Чорт цябе ведае, што за дзяўчына! - сказаў сам сабе Алесь.

22

Вера шпарка бегла да трамваю. Навокал поўна людзей, але яна нiкога побач ня бачыла, у галаве панаваў хаос, цяжка было думаць, разважаць. Тое, што зрабiла, было спрычыненае нейкiм нэрвовым, незалежным ад розуму, iмпульсам. Але, - адчувала гэта, - на сцэне зьявiўся новы элемэнт, якому не магла даць рады. Доўгi час ён быў у летаргii. Яго разбудзiў прыгожы дзяцюк. Новае, раней нязьведанае перажываньне. Жаданьне, каб яе Алесь кахаў, засланiла ўсё iншае. Цяпер баялася, што ейная эмацыянальная раўнавага пахiснулася да небясьпечнага ўзроўню на лавачцы пад тым дубам, дзе першы раз у жыцьцi раскашавалася запраўднай асалодай юрлiвага пацалунку каханага чалавека. I запраўды пачыналася нешта новае, перад якiм ты бездапаможная. Як тое вызначыць цi ацанiць?

Калi адчынiла дзьверы ў сваю кватэру, званiў тэлефон. Схапiла трубку. Мёртвы гук. Нiны ня было дома. Вера меркавала, што яна дзесьцi на пляжы, або ў iншым месцы ў добрым таварыстве. Вера нiколi надта ня цiкавiлася Нiнiнымi любошчамi. Старая дзеўка, гуляла зь дзяцюкамi пэўне-ж ня так, як сьцiплая i стрыманая мiс Мак.

Зноў ажывiўся тэлефон. Роўны i аўтарытэтны мужчынскi голас вярнуў яе ў будзённую рэчаiснасьць. "Каб ты здох, хрэн стары! - праклiнала ў думках чалавека. - Ты апошнi на зямлi, зь кiм мне цяпер хочацца гаварыць!"

- Мiс Мак, - гаварыў Капшун, - добра што нарэшце знайшоў цябе. Я ўжо раней званiў.

- Я была выйшла.

- Ёсьць важная справа. Хачу, каб ты ёй адразу занялася.

- Слухаю.

- Недзе змыўся з гораду Антон Шпак i я хачу, каб ты пастаралася яго знайсьцi.

- Як гэта разумець "змыўся"?

- Некуды, вiдаць, перабраўся. Няма яго на ранейшым адрасе. Мы ня можам знайсьцi яго ў горадзе.

- Ну дык пры чым тут я? Цi вы хочаце, каб я пачала па чужых хатах бегаць? Я нiколi нават чалавека не спаткала й ня знаю яго...

- Вера, слушай, ты как смеешь ко мне обращаться таким тоном? Якiмовiч ведае дзе Шпак. Ён мусiў памагчы яму перабрацца. Што скажаш?

Вера адразу ўцямiла важнасьць новага заданьня. Якраз тады, калi ўжо амаль пастанавiла нейкi час трымацца воддаль ад Якiмовiча, гэты палiтрук пхаў яе назад у дзяцюковы рукi. Зьбянтэжылася.

- Халера на вас! - вылаялася голасна.

- Што, што ты сказала? - грымела трубка.

- Ды нiчога важнага... Што гэта вы пыталiся мяне?

- Што з табой сягоньня?

- Ды нiчога...

- Мне здалося... Я прасiў цябе знайсьцi Антона Шпака. Трэба нам вока зь яго ня спушчаць. Мусiм ведаць дзе ён ёсьць i чым займаецца. Разумееш?

- Ну няхай, пастараюся...

- Глядзi, пастарайся як сьлед. Обязательно! I чым скарэй, тым лепш. Як толькi што ўзнаеш, да мяне. Панiмаеш?

- Ага.

Канфуз павялiчыўся. Сядзела на канапе, рукамi закрыўшы твар, прыслухоўвалася да быццам паскоранага рытму сэрца. Абрыўкi думак хаосам кружылi ў галаве. Пачулася поўнасьцю адзiнокай, некiм у нейкi тупiк загнанай. I тады нахлынулi сьлёзы. Раптоўна, патокам. Уздрыгамi трасло цела, як некалi даўно-даўненька на магiле маткi.

23

Рэсорт Пайн Рыдж разьмясьцiўся на лагоднай абшырнай пахiласьцi ў суседзтве вялiкае пушчы, што паглынула пятнаццатую шашу ў адлегласьцi трох гадзiнаў язды на паўночны ўсход ад Радфарду. Галоўны будынак з прыгожых круглых бярвеньняў хвоi, iз цыркулярным пад'ездам на фроньце, кветкамi й кусьцiкамi абсаджаны, з боку роўнай зелянiнай прыгожа стрыжанай травы, разьмяшчаў кантору, сьвятлiцу й рэстаран. Якiх сотню крокаў воддаль, блiжэй дарогi была бензiнная стаянка. За рэстаранам, у сасновым бары вiдаць было некалькi катэджаў. Некаторыя зь iх мелi па дзьве спальнi, былi абсталяваныя вадой i электрычным аграваньнем, мелi амаль усе гарадзкiя выгады. Катэджы спалучалi вымашчаныя пабiтым каменьнем сьцежкi. Блiжэй рэстарану, ззаду за iм, на даволi вялiкiм i добра дагледжаным траўнiку, стаяла некалькi пiкнiкавых сталоў.

Нейкага паўкiлямэтра ў глыб пушчы рака Пома гнала свае чыстыя крынiчныя воды праз завалы каменьня й валуноў, гнiлыя пнi дрэваў, жывое карэньне. Шпаркi ток стрымлiваў бег ля крутых паваротаў, падмываў вязы, клёны й хвоi. У большых глыбiнах ля берагоў шнырыла фарэль. Водыр i гамана пушчы дапаўнялася тужлiвым i надта выразным працяжным клiканьнем-гукам люнанурца, - птушкi гусiнай вялiчынi, што бытуе ў тутэйшых вазёрах. Гэта ад яе, як кажуць мясцовыя людзi, - пачынаецца прырода канадыйскай поўначы. Галоўнымi ворагамi рыбакоў былi тут чорныя мушкi й камары. Ад гэтай заедзi ратавалiся ўсялякiм мазямi й вадкасьцямi, каторыя рыхтавалi за шчодры фiнансавы здабытак розныя хiмiчныя фiрмы.

Загрузка...