- Дзякую за iнфармацыю, - скрывiўся рэпарцёр i адыйшоўся.
Заля ўжо напалову апусьцела. Алесь i Нiк шукалi Веру, але нiдзе яе ня бачылi. Папрасiлiлi сяброўку, каб праверыла жаночую прыбiральню. I там Веры ня было.
- Слухай, Нiк, зрабi мне ласку. Я не магу адсюль пайсьцi яшчэ. Абавязкi, ведаеш... Будзь добрым хлопчыкам, паедзь да Веры на кватэру, пабач, цi яна дома. Не тэлефануй. Мне здаецца, што нешта адбываецца. Ты пагуляй у дэтэктыва. Калi што вельмi важнае, пазванi сюды, каб мяне выклiкалi.
- Ты ёсьць генiяльны, мой бос, ды вельмi зычлiвы й шчодры. Адразу бягу. Цi твая любоў яшчэ жыве iз той прастытуткай Нiнай?
- Прыкусi язык, мой хлопча! - усьмiхнуўся Алесь. - Мiс Ляскiн ёсьць вельмi шанаванай прыгажуняй i Вера яшчэ зь ёй жыве.
- Добра, бацька, ты выйграў. Ужо бягу.
- Вось добра, сынок. Як вернешся, куплю табе чарку!
Нiк вярнуўся мо паўгадзiны пазьней. Зь ягонага абыякавага твару Алесь ня зусiм дагадаўся, што здарылася.
- Дзьверы замкнёныя, у пакоi няма сьвятла. Выглядае, што твая мара некуды шмыгнула. Не абвiнавачвай мяне. Стаяў пад дзьвярмi, стукаў i званiў, - адрапартаваў Нiк.
- I нiчога?
- Няма яе, мусiць, дома.
- Дзякую табе за паслугу, Нiк. Дзе-ж яна магла падзецца?
- Ты-ж казаў мне, што чакаеш нейкiх насьледкаў ад свае прамовы. Ужо маеш iх.
- Мяркуеш, што я яе спалохаў?
- Цi-ж я, малавучаны й нягодны цябе, мудры настаўнiк, магу спасьцiгнуць велiч твае мудрасьцi? - iмiтаваў Нiк вучня нейкага антычнага аракула.
- Перастань, жартаўнiк! - ушчыкнуў яго за бок Алесь. - I што я маю цяпер рабiць?
- Давай заглянем у буфэт, можа чарка гарэлкi тваю мудрасьць ускалыхне! - запрапанаваў Нiк.
Пайшлi. На залi ўжо пачынаўся канцэрт. Цяпер Якiмовiч турбаваўся. Палiцыi нiчога пра Веру не казаў, хаця пановаму глядзеў на яе пасьля сьмерцi пiсьменьнiка. I цi раз у гутарках з суродзiчамi абяцаў памагчы разьвязаць праблему забойства. Дзяўчына цi то проста спалохалася, цi абхiтрыла яго. Прапала вельмi важнае кальцо ў ланцугу. Верыны ўцёкi ўжо ставiлi яе ўцень. Калi гэта былi ўцёкi. Праўда, магло здарыцца нешта зусiм iншае. Алесь нават баяўся думаць пра такое: дзяўчыну маглi схапiць бальшавiцкiя агенты. Цi цяпер падняць трывогу, паведамiць палiцыю? Справа надзвычайна далiкатная. Трэба асьцярожна, каб не пашылi цябе ў дурнi.
На наступны дзень Алесь даведаўся ад Нiны Ляскiн, што дзяўчына быццам была дома пасьля таго, як Алесь узяў яе на сустрэчу, але недзе зьнiкла. У гардэробе, - казала Нiна, - зьнiкла i дзяўчынiна вопратка. Калi-ж Вера не зьявiлася на працу пасьля таго сьвятога Лебярдзея, калi Нiна Ляскiн запэўнiла Алеся, што нiчога ад яе ня чула, ня мае нiякiх вестак куды яна падзелася, Алесь даў палiцыi даныя пра Веру Мак i папрасiў, каб яе знайшлi. Прычынай назваў тое, што ён дзейнiчае як ейны бос з Трыфты Тонi, якi шукае свае работнiцы, што бяз прычыны пакiнула працу.
39
Вера выйшла з тэатру, дзе адбывалася сустрэча, амаль нiкiм незаўважанай. Так ёй здавалася. Затрымала першае таксi й загадала ехаць дадому. Цяпер адна iдэя кiравала ёю: уцякаць як найскарэй, далей ад вачэй людзкiх! Прыехаўшы, замкнулася ў пакоi, ня ўключала сьвятла хоць ужо зьмяркалася.
Яна завiхалася, каб захапiць з сабою самае неабходнае ў дарогу. Перапалохаў яе званок пры дзьвярох. Села на канапу, прытаiла дыханьне, прыслухоўвалася. Хто гэта можа быць? Можа Капшун? Стары басяк напэўна бег за ёю. А што будзе, калi зараз зьявiцца Нiна, пабачыць яе гэтта ў пакоi безь сьвятла й даведаецца, што яна не рэагуе нават на званок, каб некаму дзьверы адчынiць? Гэткае нешта магло здарыцца. А той нехта за дзьвярмi зноў нацiснуў на званок. Мiнула пара хвiлiнаў. У калiдоры пачулiся крокi, што аддалялiся. Вера падскочыла да вакна, пазiрала праз шчылiну ў шторах. Так, гэта Капшун. Ён затрымаўся на ходнiку, кiнуў вачмi на ейнае вакно. Вера адхiлiлася. Трэба сьпяшыцца. Адзiн хвост за ёй ужо ёсьць. Уцякаць трэба адсюль!
Якраз калi ўзялася пакаваць вопратку ў чамадан, шукаючы ў змроку сваiх дакумантаў i грошы, якiх заўсёды не хапала, зноў адазваўся пры дзьвярох званок. Вера пацiху лаяла таго некага за дзьвярмi. Прайшла хвiлiна. Зноў званок. Дзяўчына баялася, што гэты нехта затрымаецца за дзьвярмi даўжэй, чымся Капшун. Але неўзабаве i гэты, чуваць, пайшоў. Яна падыйшла зноў да вакна i неўзабаве пазнала свайго суседа, што быў побач яе ў тэатры на сустрэчы.
Вера выклiкала таксi й паехала на чыгуначную станцыю. Якраз адыходзiў той цягнiк, што ёй быў патрэбны. Якое вялiкае шчасьце! Уцячэ з гэтага гораду, ад гэтых людзей, каторыя так абшмулялi, сканфузiлi ейнае жыцьцё. Пэўне-ж, у тым вялiкiм горадзе, куды яна перабiраецца, чакаюць яе новыя неспадзеўкi. Але там ёсьць у яе сяброўка, каторая сама ўжо добра ўладзiлася i Веру даўно настойлiва запрашала да яе перабрацца. Купiўшы бялет, Вера, цяпер ужо зусiм спакойная пасьля вялiкага ранейшага хваляваньня, накiравалася ў вагон.
40
Другi лiст ад маткi Алесь атрымаў на наступны дзень пасьля Лебярдзея. Падрыхтаваны на найгоршае, дрыжачымi пальцамi разарваў канвэрт. I ўзноў пажвавеў, здавалася, пульс крывi. Матка пiсала:
Мой дарагi сынок Алесь!
Я пiсала табе месяц назад i ты мусiць атрымаў лiст, бо ён назад не вярнуўся. Я ўстрывожаная. Чаму ты не адказаў? Прашу цябе, сынок дарагi, пiшы да мяне, я хачу ведаць як ты жывеш.
Далей мацi згадала сёе-тое з жыцьця вёскi, пасьля амаль казённае "я жыву добра", а тады галоўнае:
Мой сынок, я дачулася, што ты там сярод нашых суайчыньнiкаў робiш падрыўную варожую работу супраць нашай радзiмы. Калi гэта так, дык прашу цябе не рабiць таго. Нашто крыўдзiць сваiх людзей, шкодзiць iм? Ты чуеш, Янка?
Слухай сваёй маткi i няхай Бог блаславiць цябе, сынок дарагi. Чакаю твайго адказу. Я заўсёды твая матка, зь любоўю да цябе Алена.
Алесь некалькi разоў прачытаў той лiст, напiсаны на шурпатай, са школьнага сшытка, у клетачку, паперы. Ясным стала, што на матку ягоную адпаведныя ворганы робяць нацiск, проста зьдзекуюцца iз гаротнай жанчыны. Найбольш пагражальнай была фраза: "Ты чуеш, Янка?" Янкам называўся Алесеў бацька. Мацi часта клiкала гэтак, калi бацьку некалi забралi й недзе замардавалi. Адылi яна ня ўжывала такой фразы кажны дзень, а адно тады, калi нейкi вялiкi боль цiснуў сэрца, калi не магла ня выказаць надзвычайнай трывогi.
Алесь бачыў у гэтым лiсьце руку нягоднiкаў з КДБ. Матчына "просьба", каб не рабiў шкоды сваёй "радзiме". Значыцца, загад ад ворганаў - спынi "варожую" працу! Ну а што станецца, калi ён не паслухае ды ня спынiць? Холадна на сьпiне. Матка была заложнiцай. Алесь, ейны "дарагi сынок", капаў матцы магiлу. У тую ноч Алесь ня мог заснуць, кiдаўся на ложку ў бяссоньнiцы, жахлiвыя думкi не давалi супакою. Сьведамасьць свае бяссiльнасьцi там, дзе патрэбная моц духа й цела. Нават насонныя таблеткi не памагалi.
41
Надыйшлi жахлiвыя днi й ночы, цi ночы й днi - Алесь ня мог уцямiць што за чым iшло, калi што канчалася й чым ды дзе абмяжоўвалася. Найважнейшай i прыгнятаючай спанукай было жаданьне, каб пазьбегчы рэальнасьцi, акунуцца недзе ў нечым iншым, як у той адной песьнi нейкага "мастака" рок-н-ролу сьпяваецца: "спынiце сьвет, я хачу зьлезьцi!" Але як гэта зрабiць? Пры помачы алькаголю? Калi ў мiражы п'янкi пачнуць прасьвятляцца мазгi, зноў набухай поўную шклянку брыды... Так, цi не?
Калi гэта пачалося? Два цi тры днi назад? Ня прыгадваецца. Хто яго ведае... Часта званiў тэлефон. Многiм сябром з працы, i нават самому Давiду Зэлману - таму самаму няспыннаму дынамо, - давялося сказаць, проста з мосту так адрэзаць, каб ня дурылi ягонай, Алесевай, галавы, каб самi адправiлiся ў заслужанае iмi пекла, а яго, Алеся Якiмовiча, пакiнулi ў супакоi. Яму гэты бiзнэсавы сьвет абрыдзеў, ён апынуўся ў iншым, туманным, дзе трацiш ар'ентацыю часу й месца, дзе не стаiць i не цяўкае над табою нейкi гультаяваты цяльпук цi iншая назола. А вы - усе к чорту! Я сам сабе цяпер гаспадар. Напляваць на вас усiх!
Матка, дарагая ты мая, мiлая, родная! Дзесьцi ў iмгле нейкай яна... Плакала, калi намаўляла яго астацца, калi пакiдаў яе. I гэта ейнае жахлiвае: "Ты чуеш, Янка?" Роспач.
Даволi гэтых телефонных званкоў. Даволi гэтага абрыдлага сьвету. Алесь схапiў i вырваў тэлефонны провад. Во як! Цяпер перастануць дакучаць. Пастанавiўшы, што ён ужо нешта канструктыўнае зрабiў, устаў, пайшоў у пакой з ваннай, пазiраў у люстэрка. Адтуль глядзеў на яго аброслы барадою, з чырвонымi вачмi схуднелы твар. Цi гэта ён, Алесь Якiмовiч? Божа мой! У пакоях няма нiякага парадку. У халадзiльнiку пуста. Колькi гэта часу мiнула ад добрай стравы? На цэлае шчасьце яшчэ была гарэлка. Ён налiў палову шклянкi, тут-жа выпiў амаль адным глытком. Як гэта сталася, што галава такая цяжкая, ледзь не цэлую тону важыць?
Ён у пiжаме. Ён-жа дома. Гэтак i добра. Навошта нешта iншае апранаць? Алесь расьсеўся ў крэсьле-гойдаўцы на бальконе. Цяпло алькаголю разьлiлося па ягоным целе. Блаславёнае няведаньне рэальнасьцi. Як цудоўнай i прынаднай ёсьць пустата, калi ты рэальна ня iснуеш. Недзе, праўда, адчуваеш нейкiя фiзычныя патрэбы, функцыi i да таго падобнае... Але затое поўная духовая пустэча. Найбольшая небясьпека на сумежжы, дзе сьвiтаньне пераходзiць у зьмярканьне, цi як яно там... Рэальнасьць высоўвае сваю агiдную маску. Вон яе!
42
Назойлiвы стук у дзьверы i за дзьвярмi галасы. Алесь не варушыцца. Стук паўтараецца куды галасьней.
- Ал, адчынi, ты гультай! Мы ведаем, што ты дома.
Голас Нiка Лока. Алесь не адказвае.
- Ал, слухай, адчынi! Калi не адчынiш, выламiм дзьверы!
- Iдзеце к чорту! Я не хачу вас бачыць. Нiкога не хачу бачыць. Чаму вы, добрыя людзi, ня можаце пакiнуць мяне ў супакоi? Адчапiцеся ад мяне!
- Слухай, Ал. Я ёсьць твой добры сябра Нiк Лок, а са мной ёсьць яшчэ адзiн твой добры сябра Анды. Мы толькi хочам з табой пагутарыць. Слухай, будзь добры хлопец, адчынi нам.
- Я казаў... А ну вас! Окэй, няхай сабе.
Алесь устаў i адамкнуў дзьверы.
- Ай, яй-яй, як гэта ты мог так зьдзекавацца над самiм сабой! жахнуўся Нiк, убачыўшы змарнелага Якiмовiча.
- Як гэта ты так ухiтрыўся зьмянiцца? Давай руку! - усьмiхнуўся Анды.
- Калi ўжо сiлай улезьлi, то сядяйце. Ня буду прытварацца, што я рад вас бачыць, - сказаў Алесь.
- Ты перастань. Мы ведаем усю рэшту. Давай цяпер праверым, што i як тут у цябе, - пагаспадарску гаварыў Нiк. Ён адчынiў халадзiльнiк i сьвiснуў. Зiрнi, Анды, зусiм пусты. Цi ты, Ал, пастанавiў сябе голадам замарыць? Калi гэта ты еў апошнi раз?
- Ня памятаю, - пад носам буркнуў Алесь.
- Дык надзенься, хадзем, нешта зьядзём, - цягнуў Алеся Анды за руку.
- Пачакай, мой добры сябра, можа пасьля. Перш дай мне закурыць.
- Дык што гэта такое? - пытаўся Анды, калi Алесь прыкурваў. - Цi ты ня ведаеш, што так можаш сваю працу страцiць?
Алесь з прысьвiстам зацягнуўся дымам. Выглядала, што намагаўся iгнараваць сяброў.
- Некалi чытаў я пра гiндускiх манахаў, цi мудрацоў, - пачаў ён, не зважаючы на тое, цi яго слухаюць цi не, - ведаеце, пра гэтых, што мэдытацыяй i рэжымам iзаляцыi стараюцца спасьцiгнуць Бога, цi тую ступень дасканаласьцi, якая роўная Стварыцелю. Я думаў многа на гэтую тэму. Мяркую, што трэба цяжкiх намаганьняў, каб тое асягнуць, калi наагул нешта падобнае ёсьць даступным для людзей. Калi там патрэбныя вялiкiя намаганьнi ды надзвычайная канцэнтрацыя, дык гэта не для мяне. Маё жаданьне вельмi сьцiплае: пакiньце мяне на нейкi час у супакоi, забудзьцеся пра мяне, не дакучайце. Пытаешся сам сябе: цi гэта зашмат, цi гэта такое вялiкае вымаганьне? Выглядае, што так... Глядзiце. Гэтта я замкнуўся, адлучыўся ад сьвету, нiкому на горла ня лезу, не дакучаю. Ну й што, вы думаеце, здарылася? Усе спрабуюць выламаць мае дзьверы.
Ён спынiўся, пазяхнуў, устаў, пачаў хадзiць няроўнымi крокамi, зноў сеў.
- Максiм Багдановiч некалi сказаў: "Процi цячэньня вады зможа толькi жывое паплыць, хвалi-ж ракi заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць". Мяркую, што я - анi жывы, анi мёртвы, а паэт забыўся сказаць, што мае рабiць чалавек у маiм палажэньнi: плысьцi супраць цячэньня, цi скончыць жыць...
- Давай, найперш раскажы нам, што табе дакучае, - сказаў Анды.
- Дзякую вам, бойсы, што адведалi мяне, хоць я i хацеў-бы сядзець у адзiноцтве. У гэты час я не прашу нiчыёй падтрымкi. Кропка. Мушу прайсьцi, цi пераплысьцi многа мiляў, пакуль вылезу на салiдны бераг.
- Чуеце, якiя важныя словы! - укiнуў нецярплiва Нiк. - Скажы нам, цi ты страцiў розум таму, што дзяўчына ад цябе ўцякла?
Алесь нават ня зiрнуў на Нiка. Памалу, быццам пра нешта разважаючы, ён выцягнуў з пачкi другую цыгарэту, закурыў. Углядаўся ў клуб дыму.
- Запраўды ня ведаю, цi мог-бы я табе нешта вытлумачыць, калi-б нават спрабаваў...
- Спрабуй!
- Баюся, што не зразумееш, хлопча.
- Пастараюся.
- Ты, мой сябра, некаторыя здарэньнi цi выпадкi, цi няшчасьцi мусiў-бы перажыць. Яны занадта скамплiкаваныя, каб iх апiсацць, цi пра iх расказаць.
- Не насядай, Нiк, - раiў Анды. - Маем час.
- Цi вы, добрыя людзi, ня можаце сваiмi прымiтыўнымi мазгамi зразумець, што я хачу мець перапынак? Вы сiлаю цягнеце мяне назад у тое барахло, што называеце жыцьцём. Я не хачу яго. Нейкi час я хачу пасядзець на плоце, прыгледзецца як валочыцца грамада разумнага народу.
- Але-ж ты руйнуеш усё, што да гэтага часу здабыў, - заўважыў Нiк.
- Руйную? - скрывiўся ў твары Алесь. - Цi адпавядае тут гэткае слова, я ня ведаю. Некалi здавалася мне, што я да нечага iмкнуўся, рабiў прагрэс, асаблiва тады, калi пачынаў новы шлях у гэтай багатай, дзiўнай i слаба заселенай краiне. Першы раз у жыцьцi, здаецца, сонца было да мяне ўсьмiхнулася. У маёй дзiцячай наiўнасьцi мне здавалася, што адкрыў я нейкае сваё Эльдорадо. I я - вялiзны дурань, спадзяваўся, што прыйшоў нарэшце i для мяне новы пачатак. Я ўскочыў на гэтую апантаную дынамiзмам карузэлю, быў захоплены ёю, памагаў iншым, каб будаваць, разьвiваць, паляпшаць i так далей. Так, сябры мае дарагiя, нейкi час галава мая трашчэла ад радасьцi. Не забывайцеся, што ад прыгоннага халопа ў Савецкiм Саюзе i да экзэкутыўнага крэсла ў канадыйскiм бiзнэсе дарога даўгая, цяжкая, з многiмi ўхабамi. Я прайшоў яе, меў салiдныя асновы спадзявацца, што будучыню сабе ўжо запраўды, як трэба, забясьпечыў. I аднаго дня тое вялiкае здарэньне было... Мяне сьцягнулi ўнiз, зьвязалi. Каротка гаворачы, я апынуўся там на самым дне, дзе некалi пачынаў, з дабаўкай усьведамленьня, што я заўсёды туды належаць маю. Цяпер, - Алесь пагражальна выставiў указальны палец у бок сяброў, - цi вы сабе ўяўляеце што гэта значыць апынуцца на самым нiзе, адкуль ты пачаў, без надзеi, што адтуль некалi выкарабкаешся?
- Гаворыш нейкiмi загадкамi. Хто цябе i ў якi нiз сьцягнуў? Нiхто! сказаў Нiк.
- Я бачу, што вы, мудрыя галовы Трыфты Тонi, усё яшчэ нiчога ня скумекалi. Мусiце памятаць, што сталася за апошнi месяц у мяне i ў нашай беларускай калёнii. Перш за ўсё - забойства Шпака, - няхай Бог прыйме яго на ўлоньне Сваё! Тады ўцякла некуды Вера, а цяпер гэта вось!
Алесь узяў шэрага колеру канвэрт i трымаў яго перад Нiкам.
- А што гэта такое? - зацiкавiўся Анды.
- Лiст ад маёй маткi. Я-ж казаў вам пра яе раней, цi-ж ня так?
- Так, ты згадваў пра яе некалi...
- I цi вы ўяўляеце, чаму яна пiша? - Алесь пачаў хадзiць па пакоi, гарачыўся, павысiў голас. - Таму што ёй загадалi, вось чаму. I што яна пiша? Цяпер, джэнтлемэны, паслухайце яе: яна просiць мяне, каб я перастаў працаваць тут у грамадзкiх арганiзацыях сваiх суродзiчаў. Праца мая тут у Канадзе сярод нашых людзей, каторыя стараюцца прыжыцца, стаць на ногi, працу здабыць, дзяцей на добрых людзей гадаваць, у сваiх сьвятынях памалiцца, вось гэтая мая праца, гэткая бясплатная работа мiж сваiх, яна, - чулi вы такое супярэчыць iнтарэсам бальшавiцкае дзяржавы i iмi паняволенага беларускага народу. Вы, мае добрыя сябры, напэўна ўжо адгадалi ў чым справа: лiст той прадыктавалi матцы камунiстычныя палiтрукi. Характэрна, што й мова бюракратычна-казённая, якраз такая, якой матка мая нiколi, пiшучы да мяне, не надумалася-б ужываць. Але самае важнае ў тым лiсьце, што мая дарагая матка, - дай ёй, Божа, многа здароўя! - сумела мяне перасьцерагчы. Яна туды ў тэкст лiста ўставiла такую фразу, якую, - я пэўны гэтага, - яна ўжывае толькi, каб перадаць сiгнал вялiкае небясьпекi. Як вам гэта падабаецца? Цяпер-жа, калi жадаеце далей заглыбiцца ў гэтую справу, я магу iлюстраваць. Ёсьць тая гаргара-дзяржава. Яе тут у Канадзе называюць iранiчна "расейскi мядзьведзь". Тэрмiн гэты, магчыма, некалi пасаваў да царскай Расеi, але не цяперашняга гiганта, якiм загадвае бальшавiцкая мафiя. Я вось гэтую бальшавiцкую iмпэрыю, што цяпер яна ёсьць, прыраўняў-бы да крыважэрнага актопуса. Ён душыў-жор мой народ i радню, а цяпер ужо выцягвае шчупальцы, каб i мяне праглынуць. Ведаючы паходжаньне й характар гэтага дэмана, магу даволi дакладна прадказаць, што далей здарыцца...
Алесь спынiўся, як быццам чакаючы, каб яго заахвоцiлi прадаўжаць. Мужчыны пазiралi на бледнага i ўсхваляванага сябру.
- У сваiм наступным лiсьце мама, пад дыктоўкай гэтага самага актопуса, будзе прасiць мяне... Не, чакайце, яна будзе апэляваць да мяне, ужываючы тыя дыктаваныя саладжавыя казённыя словы, каб я дамоў вярнуўся. Абавязкова гэтак будзе. Матка да мяне зьвернецца: вярнiся, сыночак родненькi! I яшчэ ў гэным лiсьце, у адпаведнай форме зьявяцца абяцаньнi, - так, абавязкава абяцаньнi! - што бацькаўшчына, якую яны называюць радзiмай, з радасьцю прыме на ўлоньне сваё гэтага блуднага сына ды выбачыць яму ўсе грахi вялiкiя i малыя, каторыя ён, блукаючы па чужыне, супраць той самай радзiмы нарабiў. Ды тое выбачэньне гэных нiбы грахоў мае наступiць, - заўважце гэта, - толькi пасьля таго, калi я пакаюся, выбачэньня такога ў iх, нiзка пакланiўшыся, папрашу. Значыцца, як усёроўна на споведзi: каюся, каюся, каюся, выбачце мне грэшнаму. Дапусьцiм цяпер, што я маю намер якраз такi крок зрабiць. Бязумоўна, я не зраблю так, але ўявiм сабе такую сытуацыю. За якiя гэта грахi i ў каго я маю спавядацца ды выбачэньня прасiць? Але-ж, не ў каго iншага, як толькi ў маскоўскiх крымiналiстаў, iхных беларускiх янычараў, значыцца тых, што паняволiлi маю бацькаўшчыну, народ запрыгонiлi, зрабiлi жывое пекла ў ёй... Вось каго...
Алесь хiстаўся, хадзiў яшчэ па пакоi.
- Але-ж прашу выбачыць, - адумаўся ён, - я загаварыўся i забыўся пра вас. Пачакайце, калi ласка.
Ён прынёс з кухнi шклянкi, напоўнiў iх садовай вадой зь лёдам, а ў чаркi паналiваў гарэлку.
- Прапаную, за нашае здароўе! - сказаў Алесь.
Выпiлi.
- Прашу ўзяць пад увагу, што мае суродзiчы выгнанцы, уключна са мной, цяпер вядуць вайну. Прызнацца трэба, дзiўная гэта вайна. Наш вораг трымае ў няволi ўсiх заложнiкаў, мае вялiзныя запасы амунiцыi i амаль неабмежаваныя матар'яльныя рэсурсы. Запраўды, мы ня маем амаль нiякiх шанцаў на посьпехi ў такiм няроўным змаганьнi, нi аднаго ў мiльёне. Усёроўна мы робiм рух, быццам б'ёмся, мы нават намагаемся пераконваць свой бок, што маем нейкiя здабычы, пэўне-ж на iдэалягiчным фроньце. Але нiкога тут не абманеш. Хоць не пачуеш пра гэта ад канадыйскага мiнiстра iмiграцыi, мы - гэта значыць бальшыня нас, Беларусаў, пасьляваенная iмiграцыя, - апынулiся тут з палiтычных прычынаў. I ў гэтай краiне мы працуем на грамадзкiм i палiтычным груньце, як нейкiя мiсiянеры. Мы апынулiся тут, каб мабiлiзаваць помач для пакрыўджаных, паняволеных, для тых, якiх бязбожны таталiтарны i крывавы фашыстоўскi рэжым з Масквы вынiшчае мiльёнамi. Мы расказвалi пра лёс паняволеных нязьлiчоную колькасьць разоў. Мы прасiлi зразуменьня, папярэджвалi й асьцерагалi гэтую краiну й цэлы сьвет, што калi камунiстычны ракавы арганiзм ня будзе зьнiшчаны, калi ягоны рост ня будзе стрыманы, дык ён цэлы вольны сьвет паняволiць i зьнiшчыць. Ну i якi з таго вынiк? Сьвет, да якога зьвяртаемся, як казаў адiн калега мой, цынiк "бесится с жиру", ён iз паблажлiвай усьмешкай глядзiць на нас, як на нейкiх дзiвакоў. Ён спакойна прыглядаецца, як некаторыя народы ў камунiстычным ярме ўжо душацца ў перадсьмяротных канвульсiях. Госпадзе мой, чаму Ты адвярнуў ад нас твар свой?
Амаль задыхаючыся ад такой узьнёслай рыторыкi, Алесь спынiўся, прыкурыў новую цыгарэту.
- Я нiколi не ўяўляў таго, што яно гэтак ёсьць! - голасна зьдзiвiўся Нiк.
- Гэта цяжка ўявiць, гэта ня гульня ў гакэй, - стараўся ўсьмiхнуцца Алесь.
- А якую ролю тут Вера Мак iграе? - спытаўся Анды.
- Вера, мая любоў, - заглыбiўся ў iншы сьвет Алесь, - iдэал маiх доўгiх i нязбытых мараў, памагатая ў забойстве вялiкага й выдатнага чалавека. Сымбаль чыстай i незаплямленай красы й прыгожая зьява з камунiстычным чарвяком унутры сябе, мадэль скромнасьцi i шпiён бяз прэтэнзiяў... Гэта, хлопцы, агульна гаворачы, вобраз дзяўчыны, пра якую мова. Я запраўды ня ведаю, цi маю права ёй дакараць. Магчыма, што яна мае нейкае апраўданьне... Цяпер-жа яна зьяўляецца адной нiтачкай, якая вядзе да вырашэньня справы забойства. Аднак, магчыма, што камунiсты ўжо яе прыбралi. Прызнаюся, што вобраз гэтай дзяўчыны ня месьцiцца ў маёй галаве i цяпер. Выглядае, што я сустрэў дзьве дзяўчыны, адну - запраўдную, цела й кроў з усiмi, як прыказка кажа, бародаўкамi; другая - твор майго ўяўленьня, сьцiплая i незраўнаная ў сваёй прыгажосьцi цнотка, ляля, цацанька. Калi-б зьявiлася яна перада мною, засыпаў-бы яе пацалункамi i сказаў-бы ёй, што ўсё тое, што сталася раней, калi нашыя ворагi замардавалi такога выдатнага чалавека, у чым памагла ейная рука - гэта нейкi дурны капрыз цi недарэчнасьць. Iснуем толькi мы з табой, Верачка, мы i нашае каханьне. Iншым разам, калi-б трапiла яна ў мае рукi, хацелася-б выцiснуць зь ейнай мяккай шыi апошняе дыханьне...
Алесь так загаманiўся, акунуўшыся ў сваiм пачуцьцёвым сьвеце, што, вiдаць, забыўся пра прысутных сяброў. Цяпер-жа ён раптоўна павярнуўся.
- А што вы тут робiце? Цi ня бачыце, што цярплю зьдзекi? - крыкнуў, быццам разьюшаны.
- Ал, спынiся, успакойся! - сказаў спакойна Анды. - Цi-ж ты ня бачыш, што мы прыйшлi, каб табе памагчы?
- Не, бойсы. Ад шчырага сэрца вам дзякую, але вашая помач гэтта непатрэбная. Я стаю над пропасьцю. Удома матку нацiскаюць, каб намаўляла мяне вярнуцца, значыцца проста ў рукi дэмана. А тут... Ведаеце, мне патрэбны час, каб перадумаць, падтасаваць, зрабiць падлiкi мiнулага. Я цяпер, у такiм становiшчы няздольны да жыцьця. Мушу зрабiць разьлiкi з сабой, зь Верай... Бяз вашай дапамогi...
- Ты, чалавеча, цi ты здурэў зусiм, цi што? - выбухнуў Нiк. - Ты-ж страцiш сваю працу. Зэлман казаў...
- Чакай Нiк, маўчы. Выглядае, што мушу табе тлумачыць простай мовай. Слухай, мой сябра: мне абсалютна няважна, што Зэлман казаў, што нехта пра мяне думае цi кажа. Маю перад сабой праблему, якую мушу сам вырашыць i жадаю, каб мяне гэты сьвет на нейкi час пакiнуў у супакоi. Будзь ласкавы, скажы Зэлману, няхай iдзе ў возера скочыць! Зрабiце мне, хлопцы, ласку, пакiньце мяне самога. Мне прыкра, але ня чуюся...
- Окэй, Нiк, пойдзем, - устаў Анды. - Памятай, Ал, калi запатрабуеш помачы, толькi сыгналу ад цябе чакаем.
Калi сябры пакiнулi яго, Алесь паставiў Чайкоўскага патэтычную сымфонiю. Заслухаўся, загойдаўся ў сваiм крэсьле-гойдаўцы. Гвалтоўны плач трос ягонае згаладалае за апошнiя днi цела.
На наступны дзень зьявiўся да Якiмовiча сам Давiд Зэлман. Алесь быў крыху зьдзiўлены, але надта ўдзячны свайму босу за ягоную вiзыту. Халодным i зраўнаважаным тонам Зэлман пераконваў Алеся, каб вярнуўся неадкладна на працу. Зь некаторым намаганьнем Алесь выясьнiў крамнiку, што так, у цяперашнiм эмацыянальным хаосе, ён зусiм няздольны да нiякай працы. Паспачуваўшы яму, Зэлман намякнуў, што праца на яго ня будзе доўга чакаць i пайшоў.
43
Неўзабаве пасьля Новага году Нiк наведаў Мантрэал. У першы дзень палагоджваў бiзнэс, а на другi пайшоў заглянуць у мясцовы тэатр барлеску. У сваiх тэатральных упадабаньнях Нiк меў просты смак. Падабалася яму шорсткая камэдыя больш чым нейкая складаная i сур'ёзная драма, мэлядыйная апэрэта брала верх над гранд-опэрай. Часта заглядаў у барлеск.
У раньнi час, калi ён прыйшоў, на залi пуставала многа крэслаў дык Нiк прымасьцiўся ля самай сцэны. Нейкае маладое гарлапанiстае стварэньне прасьпявала пару папулярных нумароў пап-музыкi, выступаў штукар. Канфэрансье рэклямаваў гурт уежджаных, не адну вупраж знасiўшых "цудоўных маладых прыгажуняў". Гэныя прыгажунi, што выбеглi пабрыкаць на сцэне, пад тоўстымi слоямi пудры й памады на сваiх тварах маскавалi сваю "маладосьць".
Нiк ужо пазяхаў у нейкай нудзе i разважаў, цi ўжо выйсьцi, калi канфэрансье, пасьля колькiх грубых анэкдотаў пра сэкс, прапанаваў зорку атракцыi.
- А цяпер, паважаныя спадарынi й спадары, - урачыста гаварыў ён, - маю прыемнасьць прадставiць вам галоўную атракцыю сяньняшняга шову, замаскаваную цудоўную прыгажуню. Нiхто ня ведае адкуль яна ў нас зьявiлася й куды пойдзе. Залежыць ад вас, цi вы тут яе затрымаеце, цi ў новую дарогу адправiце. Вось даю вам зорку - "Замаскаваную Прыгажуню"!
Бляндынка сярэднягя росту, на твары мела надзетую ружовага колеру маску. Калi павольнымi й плаўнымi рухамi пачала яна хадзiць па сцэне й распранацца пад саладжавую мэлёдыю флейты, Нiк захапiўся формай надзвычайна прыгожай фiгуры. Просты, без амаль заўсёды прысутнай у такiх паказах вульгарнасьцi, танец. I маўчала, у захапленьнi ад гожай формы на сцэне, мужчынская грамада. У рухах танцоркi пракiдвалася для Нiка нейкая надзвычайная паэзiя. Маладое, пругкае цела. Не, гэта яна ня з тых уежджаных прыгажуняў, што раней выбеглi на сцэну пабрыкаць. Цудоўная! - захапляўся Нiк Лок.
Калi танцорка прыблiзiлася на край сцэны, Нiку здалося, што ён распазнаў абрысы твару яе... нейкiя, недзе бачаныя. Дзяцюк пачаў уважней прыглядацца. Дзяўчына, калi зноў апынулася блiзка яго, зрабiла рух, мiмалётны рух распазнаньня, цi што... Цi гэта магчыма? Так, гэта мусiць быць яна, а ня хто iншы. Трэба будзе праверыць, пастанавiў Нiк. Калi не асьмелiцца, ня будзе мець супакою. А навошта-ж маска? Калi на паказ выстаўляеш усё цела, за выняткам толькi эратычнай зоны, дык якая прычына, каб схаваць твар? Сарамлiвасьць? Нешта iншае. Хочаш грошы зарабляць i быць iнкогнiто. Вось яно. Пабачым.
Нiк меркаваў, што да загадчыка трупы дарэмна iсьцi, прозьвiшча дзяўчыны ў масцы ён, пэўне-ж, не назаве. Што аставалася? Спрабаваць заглянуць за сцэну? Рызыка невялiкая. Калi прагоняць, ну дык што...
Як толькi апусьцiлася занавеса, Нiк шмыгнуў праз левыя дзьверы за сцэну. Ён апынуўся ў вузкiм калiдоры i пазiраў на некалькi дзьвярэй, мяркуючы ў каторыя пастукаць. Дзьве жанчыны з тых размаляваных i напудраных прыгажунь, што брыкалi раней на сцэне, выйшлi з аднаго пакою i Нiк спытаўся ў iх дзе знайсьцi "маску". Адна зь iх паказала дзьверы якраз у той час, калi ў канцы калiдору зьявiўся мускулясты выкiдайла. Нiк хутка адчынiў паказаныя дзьверы i ўвайшоў. Ён апынуўся ў малым пакоi, дзе ў кутку, ля камоды зь люстэркам i рознай касмэтыкай i прыладамi для прыхарошваньня валосаў i твараў якраз i ўбачыў дзяўчыну, але бяз маскi. Яна ўжо апранула сябе ў джынсы й ружовую разьлятайку. Дзяўчына павярнулася да Нiка ад люстэрка на камодзе. Устала.
- Я цябе чакала, - сказала такiм тонам, быццам яна ўчора з табою бачылася.
Нiк прыгадаў змарнелага, худога, рашчараванага i горам зьбiтага ды зьбянтэжанага чалавека, якога бачыў пару дней назад. А вось перад iм, у роўным пульсе свайго пругкага цела, з пышнымi хвалямi валосаў, выклiкам маладосьцi ў прамянiстых вачох стаяла Алесева цацанька, iдэал ягонага каханьня, нiбыта сьцiплая цнотка, за якую дзяцюка i цяпер морыць бяссоньнiца.
- Ты сука! - гаркнуў на яе Нiк i навотмаш правай рукой сьцебануў Веру па твары. Яна абапёрлася на верх камоды.
Ззаду скрыпнулi дзьверы i Нiк азiрнуўся. Здаравенны выкiдайла затрымаўся ў дзьвярох.
- Джан! - зьвярнулася да яго Вера, гладзячы шчаку, якая смылела. - Гэта мой сябра. Не чапай яго!
Выкiдайла выйшаў.
- Сядай, Нiк, - паказала дзяўчына рухам рукi канапу.
Яе ўпэўненасьць голасу i ўсьмешка на твары зусiм абяззброiлi Нiка. Ён сеў.
- Цяпер, мне здаецца, што табе выпадае выясьнiць тую аплявуху i зьнявагу мяне.
- Прашу цябе, Вера, выбач мне. Мяркую, ты дагадваешся, чаму я руку на цябе падняў. Я хацеў-бы пачуць выясьненьне ад цябе. Павер мне, што калi-б я нават шукаў цябе, дык ня ў гэткiм тэатры ды яшчэ як нейкую зорку ў стрыптызе. Калi я цябе пазнаў, пастанавiў з табой пагаварыць. Я прыгадаў пакрыўджанага i зруйнаванага табой Алеся. Рука засьвярбела. Разумееш?
- Бачыш, дык усё-ж праўда была мая?
- Якая гэта праўда?
- Ты сказаў, што калi-б шукаў мяне, дык ня ў гэткiм тэатры i не ў такой ролi. Затое я i ёсьць тут.
- Ты хочаш сказаць, што хаваешся? У масцы?
- А як ты думаеш? Але цяпер, калi ты мяне ўжо знайшоў дык няма патрэбы больш хавацца. Так цi не?
- Слухай, зайдземся ў рэстаран, там пагамонiм.
- Окэй, пачакай, я надзену пальто.
Зайшлiся ў суседнi рэстаран i селi пры стале ў куце. Гэтта было цiха. Замовiлi напiткi i па гамбургэру на кажнага. Нiк уважна аглядаў дзяўчыну. Падумаць адно, у стрыптыз палезла. Якiм гэта чынам? Нешта тут загадкавае. Ад каго яна хаваецца?
- Можа-б ты мне расказаў перш пра яго? - запрапанавала Вера, калi прынесьлi напiткi.
Прынаднасьць ейнага твару, як i раней, -заўважыў Нiк, - амаль не аздобленая касмэтыкай, натуральная.
- Можна й так, - пачаў дзяцюк, - хоць, запраўды, ня ведаю ад чаго пачынаць. Скажу адразу самае найважнейшае: сяньня Алесь амаль зусiм зруйнаваны чалавек. I найгоршае ў тым, што ён пра нiчога ня дбае, адным словам напляваць яму на ўсё. У яго амаль няма грашовых сродкаў...
- Чаму ён так? I чаму ў яго няма сродкаў?
Нiк уважна зазiрнуў у дзяўчынiны вочы. Там, дзе калiсьцi было недаўменьне цi дзявочая сарамлiвая прывабнасьць, цяпер вылузвалася самаўпэўненая зухаватасьць.
- Дзiўна чуць такое пытаньне ад цябе, - Нiк падкрэсьлiў "цябе", каторая сталася прычынай ягонай дэградацыi. Ён-жа не працаваў амаль ад таго часу, калi ты зьнiкла.
- Чаму? Што зь iм? Давiд яго выкiнуў?
- Нiхто яго ня выкiдаў. На працу ён не пайшоў, а зачынiўся ў сваiм апартамэньце й гарэлкай пачаў залiвацца. Мы ўсе намаўлялi яго, каб апамятаўся, сам Давiд наведаў яго. Ён нiкога не паслухаў. Казаў, што хоча, каб гэты сьвет пакiнуў яго ў супакоi, у адзiноцтве, бо ён мусiць сам усё абмеркаваць, перагледзець, параацанiць. Выглядаў ён як чалавек, што вось-вось у абдымкi сьмерцi наважыўся йсьцi. Апроч таго ўдару, якi ты яму зрабiла, быў у яго iншы крызiс. Камунiсты пачалi шантажаваць яго празь ягоную бедную i запалоханую матку. I гэты другi ўдар яму, вiдаць, волю адабраў. Мацi пiсала яму пару разоў, прынагляла, каб дамоў вяртаўся.
- Аж гэтак! О, мой дарлiнг, мой мiленькi Алесь!
У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.
- I што яшчэ?
- Ён быў i, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькi разоў, калi пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круцiўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напiнаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.
- Нiк, будзь добры, не называй мяне гэтак.
- Выбач, мне здавалася, што ты гэта любiш.
- Не, ня люблю, анi таго, што на сцэне паказваю...
- Таму й замаскавалася?
- Так i не. Але мне не залежыць, каб людзi ведалi, што займаюся такiм... мастацтвам.
Апошняе слова дзяўчына вымавiла зь нясмакам.
- Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы? - Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.
- Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур'ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькi зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкiм чынам зьвязаная з забойствам пiсьменьнiка Шпака. Уявi ягоны боль. Я ня ведаю колькi ў тым праўды...
- Раскажы мне пра ягоную матку.
- Выглядае, што камунiсты на яе населi. Алесь проста забiвае сябе турботамi бо ня можа старой i беднай жанчыне нiчым дапамагчы. Пачкi дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты i ясны: вяртайся дамоў без адвалокi!
- Мяркуеш, што ён паедзе? - спыталася Вера з трывогай у голасе.
- Ня ведаю. У такой сiтуацыi, як ён цяпер знаходзiцца, дык цяжка нешта прадбачыць.
- Так хацелася-б яму памагчы, - сказала дзяўчына.
Нiк ледзь не падскочыў з радасьцi, схапiў яе за руку.
- Верачка, дарагая, хочаш? Скажы слова. Ты адзiная, што можаш вярнуць яго да нармальнага жыцьця.
- Так думаеш?
- Я пэўны гэтага. Праўду табе сказаць, дык ён быццам цябе зьненавiдзеў. Абвiнавачвае цябе за тваю долю ўва ўсiх ягоных няшчасьцях. Зь iншага боку ён кахае цябе як i раней, прападае безь цябе. Людзi кажуць, ведаеш, што каханьне й нянавiсьць - блiзкiя сваякi. Ня ведаю. Асьмелюся сказаць, ведаючы яго добра, што ён аднаго дня спадзяецца твайго вяртаньня.
- Бедны хлапец, - шчыра й паволi сказала Вера. Яна заказала яшчэ адзiн напiтак, канчала свой гамбургэр.
Нiк прыглядаўся ёй i думаў, цi яна апынулася ўжо ў тых учэпiстых руках, якiя зацягнулi яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогi.
- Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё вiну звальвае. Бачыш, Нiк, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца...
- Чаму не? Твая праца?
- Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нiк, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволi скамплiкаванае, цяпер ня буду выясьняць... Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусiм ведаю, што маю далей рабiць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкi. Я старалася знайсьцi выхад, але тымчасам не магла.
- Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?
- Нiк, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць... Цi ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калi-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.
- Але-ж некалi да яго вернешся?
- Спадзяюся, Нiк. Шчыра гавару.
- Скажы мне, калi ласка: цi ты яшчэ цяпер скрываешся ад палiцыi i чырвоных?
- Хто сказаў, што я скрываюся ад палiцыi i чырвоных?
- Наколькi памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзiў магчымасьцi небясьпекi для цябе ад камунiстаў.
- Аж так? Ну, можа я й скрываюся...
Наступiла маўчаньне. Нiк зiрнуў на гадзiньнiк.
- Сьпяшыш, Нiк?
- За гадзiну сядаю на аўтабус.
- Iлгун ты, Нiк. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзiце аўтабусам?
- Твая праўда. Самалётам еду.
- Вось так лепш. Дык ня маеш часу?
- Для цябе часу ў мяне хопiць. Хочаш яшчэ вiна?
- Я ня супраць.
Нiк заказаў напiткi.
- Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я нiколi не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьцiпла гаворачы, паказухi... Я-бы прысягнуў... Табе гэта падабаецца?
- Я ненавiджу гэткую працу, - скрывiлася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць. - Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, - у вачох такая юрлiвасьць... Мiж iншым, як я табе спадабалася?
- Надзвычайна! Цi маю выразiць сваё захапленьне з кветкамi?
- Нiк, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска...
- Дык ты хочаш быць ананiмнай? Калi такую працу гэтак ненавiдзiш, дык хто цябе змушае да яе?
- Нiхто, Нiк, нiхто. Абставiны... Мне прыкра, Нiк, шмат рэчаў не магу табе высьнiць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьцi там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калi пабачыла мяне, пачала хвалiць мой выгляд i раiла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпiла зь яе, каб адчапiлася ад мяне. Яна сур'ёзна пераконвала мяне, што гэта зусiм паважная прафэсiя.
Нiк уважна пазiраў у ейныя вочы. Ня бачыў у iх ценю хвальшу.
- Я апынулася ў цяжкiм становiшчы. Бяз працы, у пазыкi залезла. Даходзiлi слухi, нiбыта мяне шукаюць. Якi-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лiстала нейкi журнал i пабачыла жанчыну ў масцы. Голад i даўгi - не сябры. Нарадзiлася iдэя... ў масцы. Сяброўка мяне завяла.
Вера спынiлася.
- Ну i?
- Нiк, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Нiколi не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калi-ж ёсьць, як вiдаць, такi вялiзны выбар, дык ты мусiш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзiцца, цi што... Усё гэта мне здалося агiдным.
Падалi напiткi. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нiк яе спанукаў.
- Дык, за тваё здароўе! - Нiк падняў келiх з брэнды.
- На здароўе.
Вера ледзь памачыла вусны вiном i прадаўжала.
- Калi прыйшла мая чарга, я пайшла на iнтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам "iнтэрвю". Той агент намякаў, рукамi лез, можаш уявiць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў i плакала...
I запраўды сьлёзы наплылi ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла iх. Нiку зрабiлася няёмка.
- Ведаеш, - прадаўжала Вера, - усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад i, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялi.
- Прабач за пытаньне: мусiла ты яму сэксам заплацiць?
- Нiк, ня ткай носа туды, дзе ня твой бiзнэс... Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цiкавасьць ужо задаволiлася?
У вачох ейных зьявiлася перамога.
- I як-жа так скора ты да зоркi дабралася? - насядаў Лок.
- Але-ж ты недаверлiвы, Нiк. Скажу праўду: трыкi памаглi!
Яна зьдзеклiва ўсьмiхнулася.
- Цi магу ўсё гэта пераказаць Алесю?
- Нiк, баранi Божа, не рабi гэтага!
Голас ейны задрыжэў. "Добры знак", - падумаў Нiк.
- Чаму-ж ты ня хочаш, каб я твайму дарлiнгу ўсё расказаў? Можа ён будзе захоплены тым, што ягоная мара ўжо зоркаю стрыптызу сталася? Можа гэтая вестачка ўваскросiць яго з дэградацыi? Га?
- Нiк, навошта тут твая iронiя i розныя кручкi? Я не магу гэтага зьнесьцi, бо сёе-тое чула пра тваю мараль. Якое права маеш адносiцца да мяне, як нейкi судзьдзя? Цi ты ведаеш маю праблему, цi тыя абставiны, у якiх я была апынулася? Ты расказваеш пра Алеся i спачуваеш яму. Дзякую табе за тое, што ты памагаў чалавеку, якога кахаю. Але пра мяне, упiкаць мне? Прабач...
Дзяўчына злавалася i ў гэнай злосьцi станавiлася надта прывабнай. Iншая, на яе месцы, даўно апынулася-бы мiж сапсутых наркотыкамi прастытутак. Запраўды, Нiк набраў да яе пашаны цяпер, вось у такой адкрытай гутарцы. Алеся якраз вось такая асоба можа выцягнуць назад з дрыгвы дэградацыi.
- Прабач, Вера, я мусiў-бы крыху накш... Можа гэта нешта такое ў маiм характары, што пхае, каб iншых крыўдзiць. Выбачыш мне?
- Я табе ўжо прабачыла, - зазьзяў твар Веры.
- Дзякую. Ты - надзвычайная дзяўчына. У адну хвiлiну ты ўспыхнеш выбухам злосьцi, а ў наступную прамянiшся сонечнай усьмешкай. Гаворачы шчыра, я зайздрошчу Алесю.
- Цяпер-жа ты лiсьлiвы...
- Ды не... Хачу спытацца, вяртаючыся да галоўнага: запраўды ня хочаш, каб расказаў Алесю пра цябе?
- Не цяпер, Нiк, прашу цябе.
- Нават не сказаць, што цябе сустрэў?
- Прашу цябе памаўчаць, Нiк. Расказ пра мяне толькi прынясе яму горыч i цярпеньне. Я спадзяюся, што яго скора пабачу. Ня пытайся калi, я пастараюся. Вер, Нiк, што тут мне працаваць нялёгка. Некаторыя з гэтых сук такiя зайздросныя, што, каб маглi, яны-бы мяне жывой зьелi.
- Згода, Вера. Але я мушу змывацца ўжо, мне час. Нешта хачу табе запрапанаваць. Давай, зробiм такi дагавор: я нiчога цяпер не скажу Алесю пра цябе калi ты прыабяцаеш быць са мной у кантакце й дасi мне свой адрас. Строга, пасяброўску, Вера, кажу табе, што я гатовы табе поўнасьцю давяраць. Спадзяюся, бязумоўна, што й ты мне давяраеш. Дасi мне адрас, цi што?
- Нiк, я табе давяраю i тое самае хацела табе прапанаваць. Пасяброўску, зразумела. Верыш?
- Ды што, можа хочаш, каб на бiблiю прысягнуў?
- Я сур'ёзна, Нiк. Не жартуй. Я сур'ёзна хачу ведаць пра Алеся, прашу мяне iнфармаваць. Дык давай замяняемся адрасамi.
Так i зрабiлi.
- Хачу папрасiць цябе, Вера, сьпяшы да Алеся. Ён ёсьць надзвычайна цэнны, проста высакародны ды вялiкадушны чалавек. Я тут не абыякавы. Цаню яго й стараюся дапамагчы яму. Запраўды турбуюся пра яго. Прашу цябе, Вера, памажы яму.
- Добра, Нiк, абяцаю, - сказала Вера, калi ўжо ўсталi, каб пакiнуць рэстаран. - Жадаю табе i Алесю ўсяго найлепшага. Да наступнай сустрэчы.
Яна лёгка пацалавала Нiка ў шчаку й сардэчна пацiснула яму руку на разьвiтаньне.
44
Алесь гойдаўся ў сваiм крэсьле й пазiраў праз вакно пакою на вулiцу. Наняў гэты пакой у свайго сябры пасьля таго, як перастаў працаваць у Трыфты Тонi. Гэтта ён праводзiў цяпер бальшыню свайго вольнага часу. У пакоi было адно неабходнае: стол, тры плястыковыя крэслы, ложак з пасьцеляй i шуфляда. Гара кнiгаў займала цэлы кут. Некаторыя зь iх - у кардонавых скрынках. Кнiгi й паперы беспарадкам ляжалi й на стале.
Алесь аднойчы быў урачыста пастанавiў напiсаць гiсторыю свайго жыцьця. Добра папацеўшы, напiсаў быў ужо тры першыя разьдзелы, а аднаго дня, у прыплыве раптоўнай злосьцi, выкiнуў усё тое на сьметьнiк. I запраўды, хто будзе цiкавiцца ягонай пiсанiнай? Уся тая эмацыянальная жоўць, якую вылiў на паперу, - мяркаваў Якiмовiч, - гэта стрэл у пустое... Цяпер-жа, пачуцьцёва здраньцьвелы, Алесь доўгi час кiваўся ў сваiм крэсьле, глядзеў на вулiцу.
Мог-бы ён зусiм дакладна апiсаць усе тыя малыя падзеi, што там адбывалiся: што суседзi робяць i ў якi час, якiя дзецi i зь кiм гуляюць, калi палiцыя начэплiвае штрафныя жоўтыя бялеты на аўтамабiлi, каторыя тут ставiць можна толькi ў пэўныя абмежаваныя гарадзкiм правам гадзiны. Алесь прадаў свой Олдсмабiл i большасьць грошы ўжо выдаў на ўтрыманьне. Хутка павiнен знайсьцi працу. Нiк абяцаў, што можа ўзяць яго ў Трыфты Тонi, хоць ягоная калiшняя пазыцыя была ўжо занятая. Атрымаў яшчэ пару лiстоў ад маткi з просьбай, каб вяртаўся на бацькаўшчыну. Бальшавiцкая пастка. Матцы памагчы ня мог, а самому ў варожую пятлю лезьцi?
Часамi запрашаў яго да сябе сусед з дому Янка Кум. Запрашалi й iншыя, але Алесь да нiкога не хадзiў. З Кумам, якi працаваў у вялiкай фiрме сельскагаспадарчых машынаў, меў добрую беларускую жонку й двое дзетак, ужо выплацiў свой мураваны двухпавярховы дом, меў аўтамабiль, Алесь мог пагаварыць пра жыцьёвыя дробязi, бо ведаў гэтага добразычлiвага i стараннага чалавека, якi нiколi не насiў на нiкога камяня за пазухай. I Алеся ён не распытваўся пра самае найбольшае, што яго балела. Гэтак выгадна было Алесю. Высьцерагаўся тых, каторыя з задаваленьнем маглi-б вярэдзiць ягоную рану.
Часта наведваў яго Нiк Лок. Апошнiм часам Алесь заўважыў, што ён быццам нешта скрываў, ня мог проста глядзець Якiмовiчу ў вочы. Аднойчы Нiк спытаўся ў Алеся, як-бы ён захаваўся, калi-б Вера раптам пастукала ў дзьверы ягонага пакою. Алесь пацiснуў плячыма, ня ведаў, што адказаць.
У адзiн дзень Нiк тэлефанаваў да яго i спытаўся, як ягонае здароўе. Абяцаў зрабiць яму неспадзеўку сяньня-ж пасьля працы. Алесь падумаў пра нейкi чарговы Нiкаў жарт, на якiя ён, вынаходлiвы чалавек, быў заўсёды здольны. Алесь глядзеў праз вакно. Сьнег перастаў падаць i некаторыя руплiвыя суседзi ўжо чысьцiлi перад сваiмi дамамi ходнiк. Пад'ехала таксi i Алесь бачыў як Нiк вылез з аўта. Зь iм вылезла нейкая жанчына цi дзяўчына апранутая ў каштанавага колеру футра й такую-ж футраную круглую шапку. Хто-ж гэта такi? Калi яны наблiжалiся, Алесь распазнаў яе. Сэрца ягонае раптоўна паскорыла свой рытм. Усхвалёваны Алесь схапiўся за цыгарэту. Ужо зьмяркалася, ён уключыў сьвятло, падгладзiў коўдру на пасьцелi, зiрнуў на хаос на стале. Апусьцiлiся рукi. "Няхай бачыць, - падумаў, - гэта-ж во якая неспадзеўка!" Пастукалi ў дзьверы.
- Калi ласка, заходзьце!
Адчынiлiся дзьверы i Нiк зь дзяўчынай увайшлi ў пакой. Алесь стаяў, абапёршыся на стол i не зварухнуўся. Пiльным вокам аглядаў дзяўчыну.
- Добры вечар, Ал, глядзi каго я да цябе прывёў, - голасна сказаў i ўсьмiхаўся Нiк, пазiраючы то на Алеся, то на Веру.
Дзяўчына агледзела пакой, зрабiла крок наперад i спынiлася.
- Вера, - сказаў Алесь нiзкiм i напружаным тонам, - цi гэта запраўды ты?
- Я спадзявалася, што ты пра мяне не забыўся, - адказала Вера дрыготкiм голасам. - Можна да цябе?
- Слухай, - зьвярнуўся Нiк да Алеся, - запрашай нас сесьцi. Што з табой? Хадзi, Вера, давай мне сваё пальто, сядай.
Нiк узяў у Веры пальто й шапку, палажыў iх на ложак, пасадзiў яе на крэсла. Алесь не крануўся зь месца.
- Дык ты вярнулася, мая кветка, - сказаў ён голасна, быццам сам да сябе.
- Дык ты незадаволены, што яна вярнулася? Прызнайся!
Алесь уважна аглядаў дзяўчыну i быццам ня чуў таго, што сказаў Нiк. Настала маўчаньне. Алесь, як выглядала, нiбыта iснаваў у нейкiм сваiм, аддалёным сьвеце. Уся ўвага ягоных вачэй была сканцэнтраваная на той, якую вось ня так даўно, яму здавалася, незваротна страцiў. А цяпер аглядаў яе тут-жа ў сваiм пакоi, жывую, прыгожую, румяную, i ня верыў сам сабе.
- Некалi ўдома ў майго бацькi быў сад, - пачаў ён паволi апавядаць. Было некалькi маладых яблыняў папяровак. На гэтых маладых дрэўцах вырасталi вялiкiя жоўтыя, во так вялiчынёй з два кулакi, яблыкi. Я надта любiў яблыкi. У суседаў сад лазiў iх латашыць ну й да сваiх стараўся, як толькi дасьпявалi, першым дабрацца. А яблыкi на папяроўцы былi такiя цяжкiя, што сукi ламалi, дык бацька ладзiў для iх спэцыяльныя падпоры. I вось таго лета, аглядаючы часта адну папяроўку яблыню, я спасьцярог, што ўсе цяжкiя, ужо пападпiраныя яблыкi яшчэ зялёныя, хоць ужо вялiкiя, але адзiн яблык раней пачаў жаўцець. Вось, думаю сам сабе, гэты яблык ёсьць надзвычайны прыгажун i вялiзны маладзец, ён раней за ўсе iншыя чамусьцi сьпее, быццам для таго, каб я яго зьеў. Пакуль бацька дабярэцца, дык я ўжо i ў рот яго! Яно так i сталася. Каб бацька цi матка ня бачылi, я раз шмыгнуў у сад, сарваў той сьпелы яблык папяроўку i як найшырэй разiнуўшы рот, адкусiў вялiзны пахучы кавалак яго. I тут я стануў, як акамянелы, мой рот перастаў жваць. I чаму? А таму, што зь сярэдзiны таго кавалка яблыка, больш як паловы яго, каторы трымаў у сваёй руцэ, пазiраў на мяне сваёй чорнай галавой вялiзны жоўты чарвяк. I сыты-ж паразiт, каб яго пранцы! Ды яшчэ, прыгадваю, выкручваецца, быццам iзь зьдзiўленьнем на мяне глядзiць. Я так узлаваўся, выплюнуў тое з роту, i гэты кавалак, каторы ў руцэ трымаў - пад ногi! Растаптаў!
- Я, мусiць, пайду, - сказаў Нiк.
- Га? Ага, як хочаш...
Нiк зразумеў, што Алесь быў у нейкiм iншым, яму зусiм недаступным сьвеце. Нават не падзякаваў яму за тое, што Веру прывёў. Ён шмыгнуў за дзьверы.
- Ну й што ты гэтым хочаш сказаць? - спыталася Алеся Вера. Яна ўважна слухала схуднелага, мiзэрнага цяпер у твары, аброслага барадой Алеся. Яна сядзела на крэсьле. Алесь падыйшоў да яе, стануў насупраць, пазiраў у вочы.
- Як гэта так? Ты нiчога не зразумела? Калi я, некалi, закахаўся ў цябе, адкуль мне было ведаць, што камунiстычны чарвяк-паразiт сыцее ў тваiм нутры? I цяпер проста сьмешна й няверагодна: нават такая думка, баранi Божа, каб мне калi ў галаву цюкнула! Анi-нi! Некаторыя з маiх суродзiчаў намякалi, што такая магчымасьць можа быць, яй-Богу! Што за дурань, асьлеплены каханьнем дурань зь мяне быў!
Вера схiлiла галаву й ледзь стрымлiвала сьлёзы.
- Дык чаго-ж маўчыш? - пытаўся ў яе Алесь.
- Алесь, мiлы мой, мне прыкра, што так сталася. За тое, што я зрабiла, няма прабачэньня. Усё-ж я спадзявалася, што выслухаеш мяне, таму й прыехала...
Цяпер яна падняла галаву, i Алесь спасьцярог там сьлёзы.
- Выслухаю што, Вера? Ты мне раскажаш, якiм вялiкiм iдэалiстам ты была, як памагала iм пхаць той увесь сьвет да рэвалюцыi, ды як Мiкiта кукурузьнiк адчынiў табе вочы? Што ты новага можаш мне сказаць, Вера?
Голас Алесеў войстры, як брытва. У вачох - маланкi. Ледзь стрымлiваўся, каб "кветку" за горла не схапiць. Колькi-ж кiпенi ў сэрцы!
- Алесь, дарагi мой, я вярнулася па сваёй волi, спадзявалася, што выслухаеш мяне. Я меркавала, што ў цябе на столькi хопiць цярплiвасьцi, калi ўжо не пашаны да мяне...
- Добра, дзяўчына, окэй, расказвай. Пачынай. Ды даволi мяне зводзiць. Высьцерагайся гэтага. Няхай гэта будзе запраўды нешта важнае, бо...
- Ал, ты запраўды нiколi не даведаўся адкуль я паходжу, пра маiх бацькоў i маё дзяцiнства нiчога ня ведаеш. Калi раскажу табе, можа зразумееш...
- Я слухаю.
- Калi я была яшчэ маленькай дзяўчынкай, тут быў вялiкi эканамiчны крызiс. Ты пра яго чуў. Мой бацька быў бяз працы й ня было за што пражыць. Гэтаксама цярпела маса iншых. Страшная сытуацыя. Беспрацоўныя дэманстравалi, а палiцыя бiла iх, разганяла бiзунамi, цкавала сабакамi... наяжджала на iх коньмi. Я помню адну такую сцэну i я яе не забудуся да канца жыцьця. Было многа людзей, былi жанчыны й дзецi ў мястэчку, палiцыя разганяла дэманстрацыю рабочых. Пачалося ад крыку й кiданьня каменьнямi, а кончылася тым, што коньмi наляцелi на людзей i забiлi тады, у лiку iншых, майго бацьку. Ты зразумей, што я тады была малой дзяўчынкай, мая мацi трымала мяне ў сваiх руках. Калi бацьку забiлi, яна была самлела, а мяне, - пасьля казалi, - людзi выратавалi спад конскiх капытоў. Маю матку ледзь аднялi ад бацькi мёртвага ўжо. Пасьля ўсiх гэтых гадоў я памятаю яго, зьбiтага, што ўмiраў на руках маёй маткi. I маёй матцы нядоўга асталося было жыць, за год i яна адыйшла пад ударам сэрца. Я асталася сама на гэтым сьвеце, маленькая сiрата. Можаш сабе ўявiць якое мяне чакала жыцьцё. Мне памаглi добрыя людзi. Гэтак мне тады здавалася. Мясцовы рабочы клюб, як я пасьля дый запозна гэта зразумела, памагаў мне не таму, што быў натхнёны духам Самарытанiна... Людзi з таго клюбу мне ня толькi мiнiмальна памагалi, але мяне i выкарыстоўвалi для сваiх мэтаў. З палiтычных меркаваньняў яны з майго бацькi зрабiлi вялiкага змагара, проста мучанiка за камунiстычныя iдэалы. I для добрых людзей я быццам напамiнала пра тое зло, якое капiталiстычны ўрад зрабiў бедным i беспрацоўным людзём. Людзi гаварылi мне, часта прыпамiналi мне, што гэта ўрад мяне сiратой зрабiў. Я да гэтага прывыкла. I ведаеш што? Тая рэкляма, якую рабiлi мне, як дачцэ вялiкага змагара за справу працоўных, нават спадабалася мне. Такая, вiдаць, нiкчэмная людзкая натура... Калi я падрасла, працавала ў рабочым клюбе ў Балтаве. Казалi, што я добрая i пiльная работнiца. Прыйшла навука. Я чытала, што мне давалi. Ты ведаеш iхную лiтаратуру, ты павiнен ведаць... Яны мелi школьную праграму па суботах i нядзелях. Я навучылася чытаць i пiсаць парасейску, а ад людзей яшчэ ведала i пабеларуску. Чытала многа савецкай лiтаратуры, пераважна Максiма Горкага. Яны, мусiць, лiчылi мяне добрым матар'ялам бо нават далi магчымасьць у Савецкi Саюз зьезьдзiць.
Алесь усеўся на крэсьле насупраць Веры i ўважна прыглядаўся ейнаму твару й вачом, калi яна прадаўжала расказваць. Ня было сумлеваў у Алеся. Дзяўчына гаварыла шчыра i, магчыма, хацела цяпер перад iм выспавядацца, цi прынамсi выказацца пра некаторыя свае памылкi ў мiнулым.
- Ты езьдзiла ў Савецкi Саюз? - перапытаўся ён Веру.
- Так, езьдзiла ў складзе зарганiзаванай iмi групы. Я табе не казала пра гэта?
- Не, не казала.
- Дык вось там яны проста паказвалi нам тыя вядомыя пацёмкiнскiя вёскi. Праўда, многа гаварылi пра гэройства савецкага народу, каторы перамог гiтлераўскi фашызм i так далей. Ты ведаеш iхную прапаганду. Пасьля таго, як Хрушчоў выкрыў Сталiна, у нас зьявiлiся iншыя думкi i пра камунiстычную ўладу i пра iхных правадыроў - тую мафiю, каторая сядзiць на вярхушцы. Нарадзiўся недавер да iх. Але ў сваёй далейшай працы тут у iхным клюбе ў Канадзе мае сумлевы яшчэ не перашкаджалi. Тая зьвязанасьць зь iмi ад маленства, ды тая шыльда для майго забiтага ў абароне працоўных бацькi, гэта не магло прайсьцi бясьсьледна. А скажы, Алесь, што-бы ты рабiў, каб быў на маiм месцы?
Алесь не адказаў.
- Пасьля яны папрасiлi мяне, каб я пераехала ў Радфорд. Вiдаць, што мне давяралi i лiчылi мяне добрым работнiкам.
- Цябе напэўна яны лiчылi ўдарнiкам, бо выслалi сюды, каб даносiла на нас?
- Не. Яны нiчога такога мне не казалi. Абяцалi, што буду працаваць тут у клюбе побач iз сваёй рэгулярнай нейкай працай у нейкай канторы. Ды пасьля ўжо iншае сталася.
- Я бачу. I ты даносiла на Антона Шпака?
- Я расказвала пра яго Капшуну.
- Хто такi той Капшун? Той, што цябе прыслаў да нас?
- Так.
- Хто яшчэ?
- Ягоная памочнiца Нiна Ляскiн, - ты яе знаеш. Жыла я зь ёй на кватэры.
- Я мусiў-бы даўно дагадацца пра гэную нягоднiцу. Скажы мне, Вера, цi ты гатовая злажыць усе гэтыя прызнаньнi палiцыi?
- Навошта?
- Каб знайсьцi забойцу Антона Шпака.
Вера адказала не адразу. Думала.
- Ты мяркуеш, што гэта яны, значыцца Капшун i Ляскiн Нiна?
- А як ты, Вера, мяркуеш? Ты даносiла таму Капшуну на Шпака. Бачылi два рыбакi над ракою, што ад таго месца, дзе Шпак ляжаў забiты, уцякаў у лясную трушчобу нейкi чалавек. Нехта-ж таго чалавека падаслаў... Усе сьляды вядуць да людзей, якiя цябе прыслалi, каб на нас даносiць. А чаму ты думаеш, змусiлi маю старэнькую матку, каб прынагляла мяне ехаць дадому? Чаму? Бачыш - прэсiя на нас з усiх бакоў... I галоўнага ды найбольш выдатнага нашага пiсьменьнiка яны замардавалi. Ты iм гэта памагла зрабiць...
- Я? Алесь, даражэнькi, я ня ведала нiчога пра гэта...
- Ты наiўная. Яны цябе выкарысталi. Ды я цяпер прашу толькi памагчы нам, каб выявiць тых людзей зь iхнага кодла, а там ужо палiцыя разматае клубок i забойцу Шпака знойдуць. Паможаш, Вера?
- Добра, памагу.
- I падасi палiцыi прозьвiшчы ўсiх тых людзей, каторыя давалi табе iнструкцыi i падаслалi да нас, i каторым ты даносiла на мяне й на Шпака?
- Окэй.
- Хочацца табе верыць, але...
- Алесь, я спадзяюся, што ты паверыш мне. Я-ж сама вярнулася да цябе, ускочыла дзяўчына з крэсла. Устаў i Алесь. - Я-ж цябе кахаю!
- Мне здаецца, што я пачынаю разумець цябе, дарагая мая, - адыйшоўся Алесь да вакна. - Ты ёсьць дачка камунiстычнага гэроя. Я тут не перагiнаю дугi. Магчыма нават, што твой бацька нiколi, як сьлед, не разумеў камунiзму. Ён быў звычайны добры Беларус, каторы паехаў у чужую краiну шукаць дабрабыту для сябе i сям'i. Беспрацоўны i галодны чалавек выпадкова апынуўся ў дэманстрацыi за правы працоўных на перадавой лiнii. Выпадкова цi наўмысна яго забiлi. Кропка. Так, напэўна, здарылася. Але-ж камунiстам патрэбныя былi гэроi. Бацьку на перадавую лiнiю выпхнула бяда, а камунiсты там завiхалiся для сваiх палiтычных мэтаў. Шляхi, як казаў той, зьбеглiся. Забiлi бацьку, а год пасьля, зь вялiкага гора адыйшла матка. Асталася сiрата, дачка гэроя, што змагаўся за рабочых i быццам за камунiстаў. Дык камунiсты-ж мусiлi цябе выкарыстаць. Ты была для iх вялiкiм прапагандовым капiталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных i галодных канадыйскiх рабочых з камунiстамi пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Манiпулявалi табой наёмнiкi Масквы, фашысты i забойцы ня меншыя за гiтлераўскiх... Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.
- Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што мацi пiсала да цябе?
- Так, пiсала. Пад дыктоўку бальшавiцкiх палiтрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў iхныя рукi, каб замардаваць i мяне.
- I што ты надумаўся рабiць?
- Я не магу маткi выратаваць. Яна ў iхных руках, як заложнiца. Яны хочуць мяне прынадзiць голасам маткi, каб вярнуўся ў iхныя лапы. Матку вельмi шкадую i прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калi бацькаўшчыну ў часе вайны пакiдаў. Але-ж яна не хацела йсьцi, мяне намаўляла, каб дома астаўся... Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскiя чырвоныя фашысты насiлуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мiльёнамi запрыгоненых нашых суродзiчаў, а тут на эмiграцыi выкарыстоўваюць такiх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!
Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавiсьцi. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымi вачмi - змарнелы, худы, мiзэрны цень таго калiшняга, - вясёлага, агрэсыўнага i адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькi разоў трымала ў абдымках. I цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведамiла, як шкадавала i кахала яго i якiмi недарэчнымi шляхамi дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палiтычныя сыстэмы прывялi i Алеся, i яе ў небясьпечны тупiк. I выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупiка, пэўне-ж, можна толькi любоўю, мiласэрнасьцю i абавязкава супольнымi сiламi.
- Алесь, дарагi мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца балiць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабiла. Цi ты можаш мне выбачыць? Цi дазволiш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзiцца, памагчы табе...
Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьнiўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.
- Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такiя словы з вуснаў тваiх. Я такi задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкi й прыгажосьцi.
Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.
- Шшшшшшш! Маўчы!
Яны застылi ў доўгiм пацалунку, забыўшыся пра сьвет.
- Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабiла й дзе была.
Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўнiцы, якiя, здавалася яму, неяк пасьмялелi ад таго часу, калi яе бачыў перад тымi тайнымi ўцёкамi. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.
- Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гiсторыя.
- Усё-ж ты, вiдаць, даволi спрытная, бо цябе нават палiцыя не магла знайсьцi.
- Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, - падмiргнуўшы Алесю, жартавала Вера. - А калi ў тую палiцыю пойдзем?
- Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такi задаволены што камунiсты цябе не накрылi.
- А яны шукалi?
- Шукалi, вядома. Цяпер мусiм адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцiлi за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкi па каторых я так зажурыўся.
У гэным гарачым абдымку новай энэргiяй i радасьцю запульсавалi два сэрцы. Сiла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьлiць iх у адно цела.