Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны

Фрагмент 4. Гісторыя Кронана

Нёман — адна з галоўных рэк Беларусі, і не выпадкова ў народзе яе здаўна з асаблівай павагай называюць «Бацька Нёман». Тут дарэчы пагаварыць якраз пра слова Нёман. Спецыялісты ўжо даўно імкнуцца растлумачыць загадкавую назву ракі, якая не мае лёгка чытэльнай асновы, відавочна запазычанай з моў усходніх славян. Часцяком вытокі гэтага кароткага і фанетычна моцнага рачнога імя шукаюць у мовах прыбалтыйскіх народаў. Напрыклад, існуе версія, якая кажа, што адна з літоўскіх назваў чарніц «nemuogė» перайшла, у некалькі змененай форме, да найважнейшай ракi літоўскіх і беларускіх земляў. Літоўскае «miškelis», якое азначае невялікі малады лясок, некаторыя адмыслоўцы паказваюць у якасці магчымай асновы для вядомага яшчэ ў Сярэднія вякi назову Мемель, якім звалі адну з найбуйнейшых рэк рэгіёна жыхары нямецкіх тэрыторый. Часам спецыялісты знаходзяць вытокі імя ў іншых мовах. Лацінскае слова «nemus», якое азначае гушчар або гай, таксама называюць у ліку правобразаў імя «Бацькі Нёмана». Фінскае «niemi» абазначае мыс. Не варта забываць і адну са старажытных назваў ракі: Кронан, якую звязваюць з Кроносам, богам-бацькам Зеўса Грамавержца ў старажытнагрэцкай міфалогіі.

У любым выпадку, якое б паходжанне не мела імя цудоўнай беларускай ракі, сутнасць яе ад гэтага не мяняецца. Нёман застаецца сабой, то бок мае пэўныя гідралагічныя характарыстыкі.

Рака сілкуецца атмасфернымі ападкамі, адталымі водамі, а таксама крыніцамі. Найбольшы сцёк звычайна бывае вясной, але можа быць і ў іншыя сезоны. У цёплыя зімы Нёман можа не замярзаць, затое, паводле некаторых звестак, у асобныя асабліва халодныя зімы быў пакрыты лёдам больш за 100 дзён. Рачная сістэма Нёмана мае прыкметы дрэвападобнага тыпу. Тут часта сустракаюцца водмелі, пясчаныя астраўкі, перакаты і плёсы. Глыбіня ракі 1,5—5,6 метра. Сярэдні ўхіл складае 0,08 м/км.

Багатая гісторыя «старажытнага Кронана», воды якога бачылі сотні найзырчэйшых падзей, вядома, можа быць неверагодна цікавай.

Берагі ракі былі заселеныя з моманту адступлення леднікоў. Існуе археалагічная культура (7 — 3 тысячагоддзі да нашай эры), якая атрымала назву ў гонар Нёмана.

У Сярэднія вякi на тэрыторыі нёманскага басейна ішло актыўнае ўзаемадзеянне балцкіх і славянскіх плямёнаў. Яшчэ ў перыяд XII — XIII стагоддзяў у раёне Нёмана афармляецца шэраг часткова незалежных старажытнарускіх княстваў, найгалоўным з якіх, як можна меркаваць, першапачаткова было Гродзенскае. Багатая крэпасць на вяршыні наднёманскага ўзгорка, вядомая як старажытны Гарадзен, была важным цэнтрам славянскай каланізацыі на землях Панямоння. Адной з натуральных перашкод для нападу непрыяцеля на гарадзенскі дзяцінец служыў якраз Нёман.

Да перыяду ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, у XIII стагоддзі, адносяцца згадкі аб суднаходстве на Нёмане, а ў другой палове гэтага стагоддзя на Панямонне нападаюць крыжакі. Падчас баявых дзеянняў рыцары часта перапраўляліся праз нёманскія воды. На больш-менш блізкай адлегласці ад ракі, было пабудавана мноства розных умацаванняў, у тым ліку магутныя замкі ў Троках, Навагрудку, Лідзе, а таксама замкі ў Гродне і Коўне, якія стаяць ушчыльную з Нёманам.


Караблі на Нёмане ў 2020 годзе. Фота аўтара.


Вельмі цікавы вайсковы эпізод, звязаны з Нёманам, згадваецца пад 1390 годам. Тады войскі Ягайлы аблажылі гродзенскія замкі, а Вітаўт спрабаваў дапамагчы сваім гарнізонам, стоячы на левым беразе ракі. З гэтай мэтай ён стварыў пераправу ў замак, але польскія войскі Ягайлы, па звестках гісторыка Яна Длугаша, ссеклі векавыя дрэвы і спусцілі іх па цячэнні, каб разбурыць створаную Вітаўтам канструкцыю. Гэты дасціпны трук аказаўся для абложнікаў паспяховым.

Яшчэ адзін цікавы эпізод, звязаны з ракой, зафіксаваны ў дзённіку шляхціца Яна Храпавіцкага, пад 1668 годам:

«Раніцай віціна, нагружаная жытам, і з Міланоўскім, як толькі яна выйшла насупраць замка ў Гродне, патрапіла на моцны рачны парог, па віне п'янага рулявога, таму што ён не змог добра яе накіраваць, і ледзь не разбілася, нават рачнікі ўсё страцілі надзею і ўпалі ў ваду. Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».

Храпавіцкі згадвае тут вельмі цікавае судна, віцiну, якую прынята лічыць асаблівым, характэрным менавіта для Нёмана, караблём. Віціны хадзілі па Нёмане і іх даўжыня, паводле некаторых звестак, дасягала 42-х метраў. Для параўнання, флагманскі карабель Хрыстафора Калумба «Санта-Марыя», на якім ён адкрыў Амерыку, быў прыблізна ў два разы карацейшы.

У 1708 годзе Нёман стаў сведкам ваеннага мастацтва адчайнага шведскага караля Карла XII. Знатны шляхціц Кшыштаф Завіша пісаў пра гэта так:

«У Гродне шведскі кароль асабіста разам з шасцю сотнямі кавалерыстаў захапіў мост і шэсць маскоўскіх палкоў з горада прагнаў. Сам цар і Меньшыкаў збеглі адтуль за некалькі гадзін».

У другой палове XVIII стагоддзя «Бацька Нёман» перажыў асаблівую падзею. У тыя гады басейны Нёмана і Дняпра былі злучаны праз стварэнне канала Агінскага.

Успаміны польскай шляхцянкі Уршулі Тарноўскай, якія тычацца 1796 года, могуць паказаць чытачу наступны цікавы эпізод:

«Выехала я з Гродна ў сем вечара ў панядзелак, але прыехаўшы да перавозу праз Нёман убачыла, што дарога загрувашчана салдатамі і экіпажамі маскоўскімі і яны сказалі мне, што Рапнін знаходзіцца на беразе і аглядае новы мост, а таксама нядаўна пабудаваныя караблі, на якіх, разам з прускімі і іншымі афіцэрамі, ён павінен адправіцца для вызначэння межаў на вадзе».

Гэтыя ўзаемадзеянні прускіх і расійскіх адміністрацый не былі адзінымі. У 1803—1807 гадах пруска-расійская камісія займалася праектам карэкціроўкі рэчышча Нёмана.

Улетку 1807 года Аляксандр I і Напалеон Банапарт, не жадаючы вайны адзiн з адным, сустрэліся на мірных перамовах, якія прайшлі на плыце пасярэдзіне Нёмана, побач з горадам Тыльзіт (Савецк). Дамовіцца тады ўдалося, і ўладцы заключылі Тыльзіцкі мір. Аднак у чэрвені 1812 года велізарнае французскае войска перайшло Нёман, каб у выніку ўзяць Маскву, а затым прайграць вайну.


Сустрэча Аляксандра I і Напалеона на Нёмане.


У 1839 годзе быў завершаны Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман з Віслай.

У перыяд Другой сусветнай імя беларускай ракі ўвекавечылі ў назве эскадрыллі «Нармандыя — Нёман».

Вось некаторыя вехі гісторыі Нёмана. У непасрэднай блізкасці ад гэтай выдатнай ракі размешчана мноства славутасцяў, якія, па-за ўсякім сумневам, варта ўбачыць беларускім і замежным турыстам.

Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі

Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.

Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.

На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.

Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.

Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі — Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.

Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.

З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.


Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.


У часы Станіслава Аўгуста Паянтоўскага, у пушчы распараджаўся яго ўсемагутны ў ВКЛ прыхільнік, граф Антоні Тызенгаўз. Паўлегендарныя звесткі польскіх гісторыкаў XIX стагоддзя, сведчаць аб тым, што няўрымслівы каралеўскі фаварыт ледзь не ўладкаваў на пастаяннае месца жыхарства ў пушчу вялікага філосафа Жан-Жака Русо.


Жан-Жак Русо — амаль паляшук. Ігральная карта XVIII — XIX стагоддзяў.


Пасля далучэння да Расійскай імперыі земляў знішчанай Рэчы Паспалітай, рускія ўладары даволі хутка заўважылі патэнцыял Белавежскай пушчы. Цар Аляксандр III загадаў узвесці, прыкладна на месцы двара польска-літоўскіх валадароў, своеасаблівы паляўнічы замак, манаршага размаху. Размяшчаўся аб'ект на ўскраіне сучаснай вёскі Белавежа, і цяпер ад яго захавалася няшмат, хоць турысты ўсё яшчэ могуць убачыць эфектную «замкавую браму» знішчанай царскай рэзідэнцыі.

Пасля таго як палац згарэў у агні II Сусветнай палякі не сталі аднаўляць аб'ект, які асацыюецца з перыядам валадарства Расіі.


Царскі палац у Белавежы.


Ну а ў беларускай частцы пушчы пасля вайны была пабудавана знакамітая рэзідэнцыі «Віскулі» якая спачатку мела ролю паляўнічай хаткі (калі так можна назваць самавіты дом, у стылі сталінскай неакласікі) для кіраўнікоў СССР, ну а затым менавіта ў гэтым лясным кутку былі падпісаныя знакамітыя Белавежскія пагадненні, якія фармальна пазначылі распад СССР.

Вядома, што мяцовыя жыхары вырабляюць сваю асаблівую самагонку, якая носіць яркую назву «пушчанка». У 2000-х гадах аўтар, знаходзячыся ў складзе групы творчых работнікаў, меў магчымасць наведаць раённы цэнтр Свіслач, пасля чаго прымаючы бок вывез калектыў у пушчу, дзеля арганізацыі своеасаблівага банкету. Аднак просьбы пачаставаць гасцей менавіта «пушчанкай» не былі задаволеныя, бо гаспадары, па іх словах, не чакалі ўвагі працаўнікоў культурнага профіля да іх самаробнага прадукта і таму не назапасілі яго, а зрабілі стаўку на простую гарэлку з крамы. Мілыя, асабістыя ўспаміны…

Вось такая кароткая гісторыя знакамітай Белавежскай пушчы.

Фрагмент 6. Храм Ваўкавыска і загадка каложскай лапаткі

Старажытнарускі храм у горадзе Ваўкавыску адрозніваецца ад менскага храма, які мае падобны лёс, тым, што аблічча ваўкавыскай святыні даследчыкі могуць рэканструяваць даволі дакладна.

Узвядзенне храмаў Мінска і Ваўкавыска, на думку гісторыкаў, не было завершана і, ва ўсякім разе, цэрквы вядомыя толькі ў раскопках. Аднак храм Ваўкавыска адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы, і больш за тое, яго план амаль дакладна паўтарае план так званай Ніжняй царквы — старажытнай святыні гродзенскага дзядзінца, вядомага як Стары замак. Гэта дае важкія падставы меркаваць, што царква ў Ваўкавыску павінна была быць падобная на гарадзенскія цэрквы, уяўленне пра якія дае, перш за ўсё, адносна нядрэнна захаваны Барысаглебскі храм на Каложы.

Цікавая дэталь звязвае ваўкавыскі храм з гродзенскай Каложай. Заходні фасад гродзенскага храма, як і аналагічны фасад ваўкавыскага, несіметрычны. У правай частцы фасада Каложы знаходзілася шырокая лапатка, непадобная на суседнія, а ў ваўкавыскім храме ў гэтым месцы да падмурка фасада прымыкае падмурак асобнага прамавугольнага аб'ёму, які дазваляе меркаваць, што старажытны дойлід збіраўся ўзвесці там нейкую вежу.


Каложская царква, сярэдзіна XIX ст. Справа бачная шырокая лапатка.


Дзіўнай каложскай лапаткай, згубленай у выніку абвальвання сценаў храма, зацікавіўся гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які выказаў меркаванне, у сваёй публікацыі «Ці мела Каложская царква вежу-званніцу?», што тут некалі размяшчалася званіца храма. Пры гэтым спецыяліст меркаваў, што сама званіца не захавалася, а шырокая лапатка ўяўляла сабой яе ўнутраную сценку, то бок калісьці была закрытая вонкавымі сценамі. У доказ гэтай здагадкі Вашкевіч паказваў на вельмі сціплы дэкор шырокай каложскай лапаткі ў параўнанні з суседнімі, упрыгожанымі, паводле канона гродзенскай школы, паліраванымі камянямі і маёлікавай пліткай.

Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.


Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.


Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.

Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.

Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.

Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.

Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.

Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.

Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага

Фарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.

У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.

«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».

Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.

Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:

«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».

Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.

Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.

Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.

«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: „Пайдзі да Навагародка“. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».

Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.

Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.

Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.

У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:

«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька — Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».

Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.

Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.

«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».


Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.


Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:

«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».

Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.

Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.

Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў — Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.

Фрагмент 8. Да пытання сталічнасці Навагародка: аналiз артыкула Т. Банараўскаса

У гэтай нататцы аўтар паспрабуе разгледзець артыкул вядомага літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пад назвай «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф». Пісаўся гэты артыкул даўно, больш за 20 гадоў таму, і яго аўтар, па-за ўсякім сумневам, прагрэсаваў з тых часоў у плане сваёй прафесійнай дзейнасці, але і зараз яшчэ дадзеная праца Баранаўскаса нярэдка фігуруе ў якасці крыніцы інфармацыі ў розных публікацыях, таму варта разгледзець твор бліжэй. У рамках навукова-папулярнага выдання аўтар не ставіць сабе задачу выконваць фармальныя правілы напісання крытычных работ — ніжэй дакладна не прадстаўлена класічна аформленая рэцэнзія. Замест гэтага выкарыстаны, скажам так, вольны падыход, які дазваляе данесці сутнасць крытычных заўваг у жаданай для аўтара форме.

Прыступім да сутнасці і звернемся да цытат са згаданага вышэй артыкула.

«1238 г. стаў фатальным для Русі і Літвы. На Русь навалілася хваля мангольскага нашэсця, якая неўзабаве ператварыла ў руіны многія квітнеючыя гарады. У Літве ж, наадварот, спыніліся міжусобіцы і зацвердзілася аднаасобная ўлада Міндоўга».

Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:

«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: ″Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве ″. Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.

Далей ён піша:

«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: ″Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину ″. Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».

А вось тут выснова Баранускаса аб залежнасці дзіўная і па сутнасці нічым не абгрунтаваная. Нежаданне пінскіх князёў ваяваць з Літвой, пра якое ідзе гаворка, зусім не кажа пра залежнасць Пінска ад Літвы. За некалькі гадоў да апісаных падзей Міхаіл Пінскі спрабуе папярэдзіць літоўцаў аб надыходзе галіцка-валынскіх войскаў.

«Міхаіл Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска».

Гэта сведчыць аб тым, што пінскі князь шукаў нейкіх кантактаў з літоўцамі, але зусім не сведчыць аб залежнасці пінчукоў ад Літвы.

Пасля апісання малапаспяховых для літоўцаў сутыкненняў з валынянамі, у выніку якіх Міндоўг і Войшалк аддалі князю Раману Данілавічу Навагрудак, а таксама інфармацыі аб барацьбе валынян з яцвягамі, Баранаўскас робіць цалкам неабгрунтаваную выснову аб Навагрудку:

«Яцвягі ўваходзілі ў склад Літвы як перыферыйнае, не зусім паўнапраўнае і неканчаткова інтэграванае ў структуру дзяржавы племя, аднак таксама на больш-менш добраахвотных асновах. Яны пярэчылі змене іх статусу, але ненастойліва. Наваградак жа быў уключаны ў склад Літвы шляхам гвалту, і таму не аказваў ніякага супраціву перадачы горада прадстаўніку традыцыйнай для яго дынастыі Рурыкавічаў. Жыхары Наваградка ад такой рэформы толькі выйгравалі».


Лічыцца, што гэта пячатка Міндоўга.


З чаго менавіта літоўскі спецыяліст тут робіць выснову аб уключэнні Навагародка ў склад Літвы «шляхам гвалту»? У папярэдніх частках тэксту ў якасці нейкага абгрунтавання для гвалту прысутнічае толькі тэкст пра «рэпрэсіі» Войшалка, у якім, як чытач ужо мог пераканацца раней, няма ніякіх указанняў на этнічную прыналежнасць нібыта забітых людзей. Ці былі гэтымі ахвярамі будучага хрысціянскага падзвіжніка наваградцы, ці палонныя з ліку валынцаў, а можа быць і няўгодныя слугі-літоўцы? Аб гэтым дакумент маўчыць. А значыць ніякіх абгрунтаванняў гвалтоўнага далучэння Наваградка Баранаўскас не прывёў і яго высновы цалкам галаслоўныя.

Пасля згадвання забойства Міндоўга, літоўскі даследчык паведамляе аб вяртанні Войшалка ў Літву з Пінска, куды да гэтага збег спадчыннік вялікага князя, баючыся забойцаў бацькi.

«Пачуўшы аб гібелі Трэнёты, Вайшалгас адразу вярнуўся ў Навагрудак, а адтуль з пінскім і наваградскім войскамі адправіўся ў Літву займаць трон».

Тут Баранаўскас справядліва паказвае на ўдзел пінчукоў і наваградцаў (а апошніх, нагадаю, нібыта ўключылі ў склад ВКЛ шляхам гвалту) ва ўсталяванні ўлады Войшалка. Гэты найважнейшы для гісторыі Беларусі момант летапісу прама паказвае, што продкі беларусаў яшчэ ў самым пачатку дзяржаўна-утваральных працэсаў ВКЛ у Панямонні мелі палітычную суб'ектнасць, а не з'яўляліся толькі аб'ектам заваёвы магутных літоўскіх кунігасаў, як гэта жадаюць бачыць некаторыя літоўскія спецыялісты, у тым ліку і спадар Баранаўскас.

Далей гісторык працягвае цытаваць летапіс.

«У Літве змоўшчыкі супраць Трэнёты ўжо падрыхтавалі глебу да прызнання сына Міндоўга вялікім князем: ″Литва же вся прияша и с радостью своего господичича″. Радасць, аднак, не была ўсеагульнай — праваслаўны князь не карыстаўся папулярнасцю ў Літве».

І зноў Баранаўскас дазваляе сябе, кажучы па сутнасці, адсябяціну, прыпісваючы супернікам Войшалка матывы, якія не пазначаныя ў дакуменце. Чаму менавіта праваслаўнае хрышчэнне князя павінна было ствараць яму ворагаў (ці пазбаўляць папулярнасці, як гэта называе Томас), а не мноства іншых фактараў, у тым ліку і лагічнае для феадалаў суперніцтва ў барацьбе за ўладу і рэсурсы?

Далей літоўскі гісторык апісвае падзеі, звязаныя з вакняжэннем у Літве Шварна Данілавіча і дастаткова абгрунтавана заўважае:

«Можна зрабіць выснову, што Навагрудскае княства Вайшалгас перадаў свайму суправіцелю і намечанаму спадкаемцу Шварну. Навагрудак, такім чынам, у 1264—1267 г. можна лічыць рэзідэнцыяй субманарха Літвы».

Хоць дзеля справядлівасці варта заўважыць: тое, што польскiя паслы заспелі Шварна ў Навагародку (ГВЛ дае такi эпiзод) не даказвае сталічнасць горада, але ўсё ж для таго, каб гаварыць, як гэта робіць Баранаўскас, пра рэзідэнцыю князя Шварна ў Навагародку ёсць некаторыя падставы.

Далей літоўскі спецыяліст зноў прадстаўляе чарговыя здагадкі.

«Нездарма баяўся Шварн ўлады ў Літве — Літва, якая згубіла дзесяць гадоў таму яго брата Рамана, з цяжкасцю прыняла праваслаўнага Вайшалгаса, Літва не была гатова падпарадкавацца чужому князю. Гэта не мела прэцэдэнта ў гісторыі сярэднявечнай Літвы. Княжанне Шварна ў Літве было кароткім, летапісец замоўчвае падрабязнасці, толькі коратка абагульняе: ″Княжащю же по Воишелце Шварнови в Литовьскои земли, княжив же немного лет, и тако преставися. И положиша тело его въ церкви святыа Богородица близъ гроба отня. Посем же нача княжити в Литве окаанныи, безаконныи, проклятыи и немилостливыи Троидени… ″. Смерць Шварна ў Холме кажа аб тым, што памёр ён, быўшы выгнаным з Літвы „акаянным“ Трайдзянісам».

Хто менавіта паведамляе Баранаўскасу, што Літва не была гатова падпарадкавацца чужому ўладцы застаецца загадкай для чытачоў, таму што ў цытатах з летапісу, прыведзеных самім жа літоўскім гісторыкам, нічога такога няма. Больш за тое, летапісец прама гаворыць аб праўленні Шварна ў Літве і нічога не гаворыць аб выгнанні. Гэтае самае выгнанне Баранаўскас даказвае тым, што Шварн памёр у Холме, хоць сказана толькі пра тое, што ён быў пахаваны ў Холме побач з бацькам, відавочна, у нейкай сямейным магільным склепе галіцка-валынскіх князёў. Па логіцы Томаса выходзіць, што Стэфан Баторый, пахаваны ў саборы Вавеля, памёр у Кракаве, а не ў Гродне, як было насамрэч, і, відаць, Стэфана хто-небудзь выгнаў з яго любімага горада над Нёманам.

Далей літоўскі гісторык дэманструе своеасаблівае «чытанне думак» Трайдзеня.

«Засяроджваючы сваю ўвагу на ўдарах па Тэўтонскім ордэне і на падтрымцы паўстанняў балцкіх плямёнаў (прусаў, земгалаў) супраць Ордэна, ён і абарону літоўскіх інтарэсаў у Навагрудскай зямлі бачыў у балцкай каланізацыі краю. У 1276 г. ″придоша Пруси къ Троиденеви из своея земле неволею пред Немци. Онъ же прiя я к собе и посади чясть их в Гродне, а часть ихъ посади у Слониме ″.».

Чаму менавіта нейкія «літоўскія інтарэсы ў Навагрудскай зямлі» павінны былі рухаць Трайдзенем падчас так званай «балцкай каланізацыі», а не простае жаданне ўзмацніць гарнізоны важных замкаў новымі падданымі? Само слова каланізацыя, хаця фармальна і можа падыходзіць сюды, у значэнні «засяленне», усё ж у кантэксце выглядае хутчэй указаннем на нейкую культурную літоўскую экспансію, казаць пра якую няма ніякіх падставаў.

У цэлым, ва ўсёй карціне, якая малюецца ў артыкуле Томаса Баранаўскаса, адчуваецца жаданне паказаць Літву нейкай «нацыянальна літоўскай» дзяржавай, якая не прымае чужакоў і іншаверцаў, хоць той жа Галіцка-Валынскі летапіс згадвае з людзьмi Міндоўга нейкага Астафiя Канстанцінавіча, а братоў Трайдзеня гэтая ж дакладная крыніца называе хрысцiянамі.

Вельмі сумнеўныя і высновы спадара Баранаўскаса ў канцы артыкула.

«Міндаўгас ніколі не кіраваў Навагрудкам непасрэдна, а толькі праз сваіх васалаў, г. зн. праз свайго сына Вайшалгаса і некаторы час праз Рамана Даніілавіча. Дадзеныя аб кіраванні Навагрудкам праз васалаў цалкам выключаюць меркаванне, што ён мог быць сталіцай у часы Міндоўга. Зусім немагчыма перадача сталіцы ў лён князю чужой дынастыі. Не захавалася ніводнага дакладнага пасведчання аб тым, што Міндоўг наогул калі небудзь асабіста наведваў Наваградак. Гэта, вядома, не выключае такой магчымасці, але чыста тэарэтычная магчымасць не мяняе высноў аб значэнні Навагрудка для Міндоўга».

Цвёрдая ўпэўненасць у тым, што Навагрудак ніколі не кіраваўся Міндоўгам непасрэдна, здаецца дзіўнай, бо дакументы прама не сведчаць пра гэты факт, затое нашчадкам дакладна вядома, што Наваградак належаў Міндоўгу. Яшчэ больш дзіўнай выглядае думка аб тым, што Міндоўг ніколі не бываў у буйным і багатым горадзе, які знаходзіўся ў яго землях. Пры гэтым у сучаснай Літве старажытнай сталіцай аб'яўляецца Кернава, хаця гэты горад сапраўды ніяк не звязваецца з Міндоўгам вядомымі дакументамі. Памер і даволі багатая матэрыяльная культура гэтага літоўскага паселішча, выяўленыя пры раскопках, зразумела, ніяк не даказваюць яго сталічнасць. Акрамя таго, у Літве згаданая ў крыніцы прыналежнасць Кернава Трайдзеню нярэдка чамусьці тлумачыцца як указанне на сталічнасць горада. Па аналогіі, Навагародак, які дакладна належаў Міндоўгу, можна аб'яўляць яго сталіцай, калі, вядома, не прытрымлівацца нейкіх падвойных стандартаў. Больш за тое, нават Томас Баранаўскас вымушаны прызнаць, што:

«У гады кіравання ў Літве былога наваградскага князя Вайшалгаса (1264—1267 г.) Навагрудак становіцца рэзідэнцыяй субманарха і спадчынніка трона Шварна Даніілавіча».

Аўтар хоча тут спецыяльна ўдакладніць, што Навагародак можна лічыць толькі адной з рэзідэнцый Шварна, і больш за тое, з дакументаў не зразумела колькі часу князь знаходзіўся ў горадзе, і, адпаведна, узнікае пытанне аб тым наколькі тут дарэчы гучнае слова «рэзідэнцыя». Аднак зразумела, што Шварн бываў у Навагародку, і акрамя таго, што ён працягваў наведваць землі валынянаў, у прыватнасці, быў у Холме.

Нягледзячы на шматлікія неабгрунтаваныя сцвярджэнні ў тэксце артыкула літоўскага гісторыка, высновы Томаса Баранаўскаса аб Навагародку, некалькі парадаксальным чынам, адносна дакладныя, у тым сэнсе, што сталічнасць гэтага горада пры Міндоўгу сапраўды ніяк не даказаная і сумнеўная, хоць пад пытаннем стаіць і сама наяўнасць сталіцы ў гэтага даволі авантурнага, але і паспяховага манарха. Міндоўг, як пазней Ягелоны, якія валадарылі ў яго дзяржаве, мог, тэарэтычна, шмат перамяшчацца па падуладных землях. Пры гэтым князь, як можна меркаваць, мог і не мець нейкага «сталічнага граду».

Разам з тым, сталічнасць Навагародка пры Шварне Данілавічы выглядае куды больш абгрунтаванай, чым сталічнасць любога населенага пункта ВКЛ, пры любым манарху, да самага выхаду на палітычную арэну сталіцы Гедыміна — Вільні. Таму літоўскія даследчыкі, якія адносна справядліва крытыкуюць тэзу пра сталічнасць Навагрудка, не змогуць абгрунтаваць і сталічнасць, у часы першых вялікіх князёў, любога населенага пункта на тэрыторыі Рэспублікі Літва. Больш за тое, у параўнанні з Кернава, Вільняй і іншымі патэнцыйнымі сталіцамі Міндоўга, Навагародак нават мае перавагу, бо летапіс, прынамсі, выразна сведчыць аб прыналежнасці гэтага горада першаму і апошняму літоўскаму каралю.

Фрагмент 9. Міндоўг ці Войшалк: хто з іх больш звязаны з Навагрудкам?

Хто з ўладцаў Вялікага княства Літоўскага больш звязаны з Навагрудкам, і хто з іх больш варты помніка ў гэтым горадзе?

Помнік адзінаму літоўскаму каралю Міндоўгу ў сталіцы ВКЛ Вільні прадстаўляе велічнага і спакойнага ўладара, свайго роду, «бацьку нацыі», аблічча якога поўнае высакароднасці. Вядома ж, сапраўдны Міндоўг, які змагаўся за ўладу нават са сваякамі і мог забраць жонку ў свайго паплечніка Даўмонта, быў хутчэй беспрынцыповым палявым камандзірам, а не высакародным каралём-стваральнікам літоўскай дзяржавы, хоць, без усялякага сумнення, Міндоўг з'яўляўся адораным палітыкам.


Але якая ж сувязь гэтага манарха ХІІІ стагоддзя з Навагрудкам? На падставе дакладных дакументаў, вядомых спецыялістам, можна сцвярджаць, што сувязь гэтая значна меншая, чым тая, што дагэтуль малюецца шматлікімі беларускімі гісторыкамі.


Літоўскі даследчык Томас Баранаўскас, сцвярджаў, што Міндоўг мог нават ніколі не бываць у Навагрудку, і ў цэлым, дадзенае меркаванне можна прызнаць абгрунтаваным, бо прамых указанняў вядомых, дакладных крыніц, на прысутнасць Міндоўга ў Наваградку, сапраўды няма, хаця думка аб тым, што літоўскі валадар ніколі не бываў у адным з найбагацейшых гарадоў сваёй дзяржавы і здаецца дзiўнай. Каранацыя Міндоўга ў Навагародку, хрышчэнне Міндоўга ў гэтым горадзе — не больш, чым звесткі з крыніц, якія не могуць лічыцца пэўнымi.


Што ж насамрэч можна сцвярджаць пра сувязь Міндоўга і Навагародка? Тое, што яна сапраўды была. Без усялякага сумнення, горад належаў літоўскаму ўладару. Крытыка сувязі Міндоўга з Навагрудкам не з'яўляецца, вядома ж, прэрагатывай аўтара. Гэтую сувязь крытыкаваў, напрыклад, беларускі гісторык Юры Мікульскі ў яго артыкуле «Увекавечанне міфа вакол помніка літоўскаму князю Міндоўгу ў Навагрудку». Пры гэтым дадзены даследчык праяўляў відавочную тэндэнцыйнасць, імкнучыся ўсяляк падкрэсліць гвалтоўны характар устанаўлення ўлады літоўцаў у гарадах Панямоння, сцвярджаючы, што гэта даказвае була папы Рымскага да Міндоўга, дзе згадваецца захоп Міндоўгам земляў нейкага «каралеўства Русі», пры гэтым пад «каралеўствам Русі» даследчыкі разумеюць розныя землі, звычайна альбо Галіцка-Валынскае княства, як гэта робіць Мікульскі, альбо, як гісторык А. Дубоніс, Полацкае княства, але існуе і версія, што гэтым каралеўствам быў Вялікі Ноўгарад. Сумнеўнае і сцвярджэнне Мікульскага аб тым, што Навагародак не меў асаблівага значэння для Міндоўга. Справа ў тым, што княжыў у Навагародку Войшалк, як звычайна лічыцца — старэйшы сын Міндоўга і яго спадчыннік, які, у любым выпадку, відавочна, выступае адным з самых актыўных і ўплывовых паплечнікаў бацькі, адпаведна, такі чалавек, верагодна, павінен быў атрымаць ва ўпраўленне важны горад.


Войшалк з'яўляецца найцікавейшым персанажам у гісторыі Беларусі. У адрозненне ад Міндоўга, Войшалк згадваецца як наваградскі князь у пэўным Галіцка-Валынскім летапісе (ГВЛ).


«Войшалк пачаў княжыць у Наваградку, быў ён язычнікам і пачаў праліваць шмат крыві. Ён забіваў кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаецца. Калі ж заб'е каго — тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён задумаўся, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».


Т. Баранаўскас бачыць у гэтым тэксце ўказанне не нейкія рэпрэсіі, якімі суправаджалася вакняжэнне Войшалка ў Навагрудку, але аб этнічнай прыналежнасці забітых людзей у тэксце летапісца нічога не сказана, таму рабіць выснову аб тым, што забітымі былі менавіта наваградцы некарэктна. Князь, тэарэтычна, мог забіваць нават сваіх літоўскіх слуг, не кажучы ўжо пра палонных ворагаў, захопленых падчас набегаў. Самі звесткі аб жорсткасці Войшалка выглядаюць хутчэй легендай, якая паказвае пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна.


Можна выказаць здагадку, што прычыннай хрышчэння Войшалка было не раптоўнае рэлігійнае азарэнне, а менавіта палітычная неабходнасць стаць сваім для навагародцаў. Такім чынам, можна меркаваць, што хрышчэнне сына Міндоўга і паказвае на першапачаткова мірны характар прыходу да ўлады літоўца ў горадзе, як гэта было ў выпадку Пскова, дзе хрысціўся і быў пастаўлены князем літоўскі ўцякач Даўмонт, ці, прынамсі, на пазнейшыя крокі, на сустрэчу наваградцам, з боку Войшалка.


У 1255 годзе, паводле ГВЛ, Войшалк аддаў «Романови снови королевоу Новогородокъ от Миндога, и от себе, и Вослонимъ, и Волковыескь. и все городы». Напор валынян завяршыўся тым, што Міндоўг вымушаны быў шукаць міру, а Войшалк аддаў ад яго і сябе гарады Панямоння князю Раману Данілавічу.

Гэты тэкст летапісу дазваляе меркаваць, што менавіта Войшалк быў своеасаблівым намеснікам бацькі ў старажытнарускіх гарадах Панямоння, што лагічна стыкуецца з яго хрысціянскім хрышчэннем.


Вядома таксама, што Войшалк заснаваў нейкі манастыр паміж Літвой і Навагародкам, дзе нейкі час жыў. Гэтым манастыром звычайна лічаць Лаўрышаўскі манастыр, хаця прамых доказаў гэтаму няма.


Пасля смерці Міндоўга, а затым і яго забойцы Траняты, Войшалк вяртаецца ў Навагародак і разам з навагародцамі устанаўлівае сваю ўладу ў Літве.


З вышэйпададзенага бачна, што менавіта князь Войшалк быў дастаткова цесна звязаны з Навагрудкам, тады як дакладныя, вядомыя даследчыкам, дадзеныя, гавораць аб тым, што Міндоўг валодаў горадам, як вярхоўны ўладар Літвы, але не паведамляюць нічога хаця б аб адным візіце князя ў горад.


Усё гэта, вядома ж, не значыць, што помнік каралю Міндоўгу не можа стаяць у Навагрудку, але на думку аўтара, больш дарэчы ўвекавечанне там памяці наваградскага князя Войшалка.

Фрагмент 10. 33 патрабаванні Брэсцкай уніі

Брэсцкая царкоўная унія, якая фармальна аб'яднала каталіцызм і праваслаўе, без усялякага сумнення адна з самых значных гістарычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў цэлым і яе заходніх зямель у прыватнасці.

Пра царкоўную унію, заключаную ў Брэсце, у 1596 годзе, напісаны цэлыя кнігі, і тут не варта марнаваць шмат слоў дзеля спробы паказу такой маштабнай з'явы. Замест гэтага аўтар прапануе чытачу зірнуць толькі на маленькі фрагмент гістарычнай мазаікі, складзенай продкамі беларусаў і іншых народаў рэгіёна, у яскравую і супярэчлівую карціну царкоўнага саюза, заключанага ў горадзе над Бугам.


Іпацій Пацей — адзін з галоўных актараў Брэсцкай уніі.


Невялікі дакумент нядрэнна растлумачыць, калі можна так сказаць, дыспазіцыю царкоўнага начальства, падчас падрыхтоўкі уніі, і пакажа важную частку ідэалагічнай асновы брэсцкага саюза цэркваў.

Як вядома, уніяты павінны былі пачытаць сваім кіраўніком Папу Рымскага, што нават дае падставы даследчыкам называць уніяцтва галіной каталіцкай царквы. Аднак праваслаўныя святары зусім не збіраліся адмаўляцца ад усяго таго, што лічылі важнай часткай сваёй веры, а галоўнае, мелі намер змагацца за свае ўласныя, у тым ліку і маёмасныя, інтарэсы. Таму ў 1595 годзе праваслаўны епіскапат адправіў Папе Рымскаму 33 умовы, якія пантыфік прыняў, пасля чаго яны былі зачытаныя падчас заключэння уніі, у берасцейскім храме Св. Мікалая. З дадзенага пераліку патрабаванняў можна зрабіць выснову, у прыватнасці, аб матывах праваслаўных біскупаў, якія падтрымлівалi ўнію. Вось змест гэтага ліста.

«Мы патрабуем папярэдніх гарантый гэтых артыкулаў ад рымлян, перш чым мы ўступім у саюз з Рымскай царквой.

1. Таму што паміж рымлянамі і грэкамі ёсць спрэчкі аб сыходжанні Святога Духа, якія моцна перашкаджаюць адзінству, уласна, не па якой іншай прычыне, як толькі таму, што мы не хочам разумець адно аднаго — просім, каб нас не прымушалі ні да якога іншага веравучэння, але каб мы заставаліся з тым, што было перададзена нам у Святым Пісанні, у Евангеллі і ў пісаннях святых грэчаскіх настаўнікаў, гэта значыць, што Святы Дух зыходзіць не з двух крыніц і не праз падвойнае сыходжанне, але з аднаго пачатку, ад Айца праз Сына.

2. Каб набажэнствы і ўсе малітвы і богаслужэнні ранішнія, вячэрнія і начныя службы заставаліся для нас некранутымі, без усялякай змены, па старажытным звычаі Усходняй Царквы, а менавіта: Святыя Літургіі, з якіх тры: Св. Васіля Вялікага, Св. Іаана Залатавуста і Св. Епіфанія, якія здзяйсняюцца Вялікім постам з першасвечанымі дарамі, і ўсе іншыя абрады і службы нашай Царквы, як мы мелі іх да гэтага часу, бо ў Рыме гэтыя адны і тыя ж службы знаходзяцца ў падпарадкаванні Вярхоўнага Пантыфіка, і гэтыя службы павінны быць на нашай роднай мове.

3. Каб сакрамэнты Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана нашага Ісуса Хрыста былі захаваны цалкам, як мы прывыклі да гэтага часу, пад выглядам хлеба і віна — гэта павінна заставацца сярод нас навекі адным і тым жа, і нязменным.

4. Каб Сакрамэнт Святога Хрышчэння і яго форма заставаліся ў нас у нязменным выглядзе, як мы служылі яму да гэтага часу, без усялякага дадатку.

5. Не будзем спрачацца пра Чысцец, але давяраем сябе вучэнню Святой Царквы.

6. Мы прымем новы каляндар, калі стары не можа быць, але без якога-небудзь парушэння велікоднага цыклу і іншых нашых свят, як яны былі падчас аб'яднання, таму што ў нас ёсць некаторыя асаблівыя святы, якія рымляне не маюць. Шостага студзеня святкуем мы памяць Хрышчэння Пана Хрыста і першай з'явы Адзінага Бога ў Тройцы. Мы называем гэта свята Богаз'яўленнем, і ў гэты дзень у нас ёсць асаблівая служба водаасвячэння.

7. Нас не павінны прымушаць да ўдзелу ў працэсіях у дзень Цела Хрыстовага, і мы не павінны здзяйсняць такія працэсіі з нашымі містэрыямі, паколькі наша выкарыстанне містэрый адрозніваецца.

8. Таксама нас не варта прымушаць да асвячэння агню, карыстання драўлянымі трашчоткамі і таму падобным абрадам перад Вялікаднем, бо такіх абрадаў у нашай Царкве не было да гэтага часу, але неабходна, каб мы выконвалі свае абрады паводле статута нашай Царквы.

9. Шлюбы святароў застаюцца ў сіле, акрамя дваяжонцаў.

10. Каб мітраполіі, епіскапату і іншых царкоўных санаў нікому не даравалася, акрамя рускіх ці грэкаў, якія павінны быць нашага веравызнання. А паколькі нашыя каноны патрабуюць, каб мітрапаліты, архірэі і іншыя абраныя спачатку клірам, былі годнымі людзьмі, то мы просім Караля Ягоную Міласць, каб выбары былі свабоднымі, пакідаючы ў недатыкальнасці ўладу Караля Ягонай Міласці прызначаць абраных як ён хоча. Гэта азначае, што, як толькі нехта памрэ, мы павінны выбраць чатырох кандыдатаў, і Яго Каралеўская Мiласць будзе свабодна выбіраць, каго ён пажадае, з гэтых чатырох. Гэта неабходна, асабліва для таго, каб асобы, прызначаныя на такія пасады, былі годнымі і адукаванымі, бо Яго Каралеўская Міласьць не належыць да той жа рэлігіі, а таму ня можа ведаць, хто варты гэтага, і таму здаралася, што такія неадукаваныя людзі былі прызначаны. Калі Яго Каралеўская Мiласць пажадае прызначыць свецкую асобу на гэтыя духоўныя пасады, прызначаны павінен прыняць святарства на працягу не больш за тры месяцы пад страхам страты прызначэння, у адпаведнасці з канстытуцыяй сейма ў Гродне і артыкуламі караля Жыгімонта Аўгуста, блажэннай памяці, зацверджанымі цяперашняй Яго Каралеўскай Міласцю, бо ў цяперашні час ёсць такiя, хто трымаюць у руках вядомыя духоўныя пасады, але не прымаюць святарства цэлымі гадамі, апраўдваючы сябе нейкімі каралеўскімі «выключэннямі». Мы просім, каб у будучыні такога не было.

11. Каб нашы біскупы не пасылалі ў Рым па дазвол на пасвячэнне, але, калі Яго Каралеўская Міласць прызначыць каго-небудзь на біскупства, каб па старым звычаі арцыбіскуп-мітрапаліт меў абавязак і права пасьвячаць яго. Сам мітрапаліт, перш чым уступіць на пасаду мітрапаліта, павінен спытаць блаславення ў Папы. Затым, пасля таго як ён атрымае благаслаўленне з Рыма, няхай біскупы пасьвяцяць яго, прынамсі, двое з іх, паводле іх звычаю. Калі біскупа абяруць мітрапалітам, няхай не пасылае па благаслаўленне, бо ён ужо мае біскупскую хіратонію, ён можа прынесці прысягу на паслухмянасць Вярхоўнаму пантыфіку ў прысутнасці Арцыбіскупа Гнезненскага, які ў гэтым выпадку будзе дзейнічаць не як арцыбіскуп, а як прымас Польшчы.

12. Каб улада наша была большая, і каб мы з большай павагай кіравалі нашымі вернымі, мы просім месца ў Сенаце Каралеўскай Міласці для мітрапаліта і біскупаў. Мы просім аб гэтым па многіх прычынах, паколькі ў нас такі ж чын і іерархічная годнасць, што і ў рымскіх біскупаў.

13. І калі з часам Гасподзь дасць, каб і астатнія браты нашага народа і грэцкай рэлігіі прыйшлі да таго ж самага святога адзінства, дык няхай нас не папракнуць і не зайздросцяць таму, што мы апярэдзілі іх у гэтым адзінстве, таму што мы павінны зрабіць гэта па пэўных, сур'ёзных прычынах, для гармоніі ў хрысціянскай рэспубліцы, каб пазбегнуць далейшай бязладзіцы і рознагалоссяў.

14. Трэба, каб калі ў нашых дыяцэзіях прэзбітэры, архімандрыты, ігумены і іншае духавенства, а асабліва іншаземцы, нават біскупы і манахі, якія могуць быць выхадцамі з Грэцыі і быць нашай веры, але не жадалі быць пад нашым вяршэнствам, то яны ніколі не павінны адважыцца здзяйсняць якое-небудзь богаслужэнне. Бо калі б гэта было дазволена, то не было б ніякага парадку.

15. Калі ў будучыні хто з нашай рэлігіі захоча далучыцца да Рымскай Царквы, адмаўляючы сваю ўласную рэлігію і абрады, хай ня будзе ён прыняты, бо ён прыніжае сакрамэнт Адзінай Царквы Божай, бо, будучы ўжо ў Адной Царкве, мы будзем мець адзінага правадыра — Папу.

16. Каб шлюбы паміж вернікамі рымлiнамi і вернікамі рускiмi здзяйсняліся свабодна, без усялякага прымусу ў адносінах да рэлігіі, бо і тыя, і іншыя ўжо складаюць адну Царкву.

17. Мы страцілі ўладу над многімі царкоўнымі ўладаннямі, некаторыя з якіх нашы папярэднікі адчужалі іншымі правамі, чым свабоднае распараджэнне гэтымі дабротамі на працягу іх жыцця, з-за чаго мы знаходзімся ў такой галечы і беднасці, што не можам добра забяспечыць патрэбы цэркваў, ды і самі мы амаль нi маем сродкаў на харчаваньне, таму мы патрабуем, каб гэтая маёмасьць была вернута нашым цэрквам. Калі хто законна набыў пажыццёвае права карыстання на якую-небудзь царкоўную бенефіцыю, няхай ён будзе абавязаны штогод плаціць царкве рэнту, а па яго смерці няхай бенефіцыя вяртаецца да царквы. Такая бенефіцыя не можа быць дадзена нікому без згоды біскупа і яго капітула. Уся маёмасць, на якую ў цяперашні час мае права царква, павінна быць запісана ў царкоўных кнігах, нават калі царква не ажыццяўляе ніякага кантролю над некаторымі бенефіцыямі. Такім чынам, яны, прынамсі, бясспрэчна будуць належаць царкве. Зрабіўшы гэта, царква можа ўзяць на сябе абавязак вярнуць тыя бэнэфіцыі, якія былі адчужаныя ў больш ранні час.

18. Па смерці мітрапаліта ці архірэя, старасты і дзяржаўныя скарбнікі не ўмешваюцца ў царкоўную маёмасць. Па звычаі і традыцыі Рымскай царквы, гэтай маёмасцю будзе кіраваць капітул да таго часу, пакуль не будзе абраны новы мітрапаліт ці біскуп. Хоць гэта ўжо гарантавана нам нашымi прывілеямі, мы просім, каб гэта было ўключана ў канстытуцыю каралеўства.

19. Архімандрыты, ігумены, манахі і іх манастыры, па старым звычаі, будуць у падпарадкаванні ў архірэяў і іх дыяцэзій, бо ў нас ёсць толькі адзін манаскі статут, якім карыстаюцца нават архірэі, і ў нас няма правінцыялаў.

20. Каб пры трыбунале сярод рымскага кліру і ў нас было два з нашых святароў для вядзення спраў нашай царквы.

21. Каб архімандрыты, ігумены, святары, архідыяканы і іншае наша духавенства карысталіся такой жа павагай, як і рымскае духавенства, і карысталіся тымі ж свабодамі і прывілеямі, якія былі дараваны каралём Уладзіславам. Таксама яны павінны быць вызваленыя ад усіх падаткаў, як асабістых, так і тых, якія адносяцца да царкоўнай уласнасці, у адрозненне ад несправядлівай практыкі, якая існавала да гэтага часу, бо калі яны валодаюць якой-небудзь прыватнай уласнасцю, то яны павінны плаціць падаткі з яе, як гэта робяць іншыя ўласнікі. Кожны сьвятар і іншае духавенства, якія валодаюць царкоўнымі ўладаннямі ў межах тэрыторый сенатараў і дваранства, падпарадкоўваюцца ім і павінны падпарадкоўвацца ім: не павінны звяртацца ў суды і ўступаць у сваркі з уладальнікамі, але павінны прызнаваць права патрона. Але абвінавачанні, якія датычацца клірыка і яго духоўных функцый, з'яўляюцца прэрагатывай толькі біскупа, а правіннасці кліру караюцца выключна архірэем па скарзе гаспадара зямель. Такім чынам, усе — духавенства і свецкія, захаваюць свае правы цэлымі і недатыкальнымі.

22. Каб рымляне не забаранялі нам званіць у званы ў нашых цэрквах у Вялiкдзень, як у гарадах, так і паўсюль.

23. Каб нам не забаранялася наведваць хворых з Найсвяцейшымі дарамi, публічна, са свяцільнямі і ўборамі, па нашых абрадах.

24. Каб без усялякага ўмяшання мы маглі свабодна праводзіць богаслужэнні, колькі патрабуецца, у святыя дні па нашым звычаі.

25. Каб нашы рускія манастыры і цэрквы не былі пераўтвораны ў рымска-каталіцкія цэрквы. І калі які рыма-каталік пашкодзіць ці разбурыць адну з нашых цэркваў ці адзін з манастыроў на сваёй тэрыторыі, то ён абавязаны аднавіць яе ці пабудаваць новую для карыстання рускага народа.

26. Духоўныя царкоўныя брацтвы, нядаўна створаныя патрыярхамі і зацверджаныя Яго Каралеўскай Міласцю, напрыклад, у Львове, у Брэсце, у Вільні і ў іншых месцах, у якіх мы бачым вялікую карысць для касцёла божага, калі яны жадаюць знаходзіцца ў гэтай уніі, то павінны захоўвацца ва ўсёй сваёй цэласнасці пад падпарадкаваннем свайго мітрапаліта і біскупаў, у дыяцэзіях, у якіх яны функцыянуюць і да якіх кожнае з іх належным чынам прыпісана.

27. Мы павінны быць вольныя мець школы і семінарыі на грэцкай і царкоўна-славянскай мовах у месцах, дзе гэта найбольш зручна, і каб нашыя друкарні былі вольныя, зразумела, пад наглядам мітрапаліта і біскупаў, каб ніякія ерасі не распаўсюджваліся і нічога не друкавалася без ведама і згоды мітрапаліта і біскупаў.

28. Таму што былі вялікія злоўжыванні і непаслушэнства з боку некаторых святароў ва ўладаннях Яго Каралеўскай Міласці, а таксама ў землях шляхцічаў і магнатаў, так што гэтыя святары атрымалі абарону шляхцічаў і магнатаў для іх злоўжыванняў, якія скасоўваюць шлюбы, бо старасты і іншыя служэбнікі атрымлівалі пэўную выгаду ад гэтых разводаў і таму агароджваюць гэтых святароў, не дазваляючы біскупам і сіноду судзіць такіх наравістых клірыкаў, лаючы і нават збіваючы прыезджых нашых, таму просім, каб такія злоўжыванні спыніліся, каб мы былі вольныя выпраўляць наравістых і падтрымліваць парадак, і калі нехта будзе адлучаны ад царквы за яго непаслушэнства, або за злоўжыванне, няхай служэбнікі і шляхцічы, як толькі яны будуць апавешчаныя біскупамі ці пасланцамі, не дазваляюць такому адлучанаму духавенству выконваць царкоўныя функцыі, або служыць у цэрквах, пакуль яны не будуць вызвалены іх пастырамі ад іх памылак. Гэта трэба разумець і для архімандрытаў, і ігуменаў, і іншых царкоўнікаў, якія падпарадкоўваюцца біскупам і іх уладзе.

29. Саборы ў галоўных гарадах і ўсе парафіяльныя цэрквы паўсюль ва ўладаннях Яго Каралеўскай Міласці, у любым месцы і юрысдыкцыі, незалежна ад таго, ці заснаваны яны каралём, горадам або мясцовым шляхціцам, знаходзяцца пад уладай біскупа, і свецкія не павінны кіраваць імі ні пад якой прычынай, бо ёсць такія, якія ўмешваюцца ў правы біскупа, уладкоўваючы справы, як хочуць, і не жадаюць падпарадкоўвацца сваім біскупам. Няхай гэтага не адбудзецца ў будучыні.

30. А калі нехта адлучаны сваімі біскупамі ад царквы за якую-небудзь правіну, дык хай не прымаецца ў Рымскую царкву, але, наадварот, хай абвяшчаецца і там яго адлучэнне. Таксама і мы зробім з адлучанымі ад Рымскай царквы, бо гэта агульная справа.

31. І калі Гасподзь Бог па Сваёй волі і святой ласкі дазволіць астатнім братам нашым Усходняй царквы грэцкай традыцыі прыйсці да святога адзінства з Заходняй царквой, а затым у гэтым агульным саюзе і па дазволе Агульнай царквы не павінна быць ніякіх змен у абрадах і набажэнскім статуце Грэцкай царквы, мы падзелім гэта як людзі адной рэлігіі.

32. Мы чулі, што некаторыя адправіліся ў Грэцыю, каб набыць адмысловую царкоўную ўладу, і вярнуліся сюды, каб даваць парады і ўплываць на духавенства, і распаўсюджваць сваю юрысдыкцыю на нас. Таму мы просім Яго Каралеўскую Міласць прыняць меры засцярогі на дзяржаўных межах, каб любому, які мае такую юрысдыкцыю і адлучэнне ад царквы, быў забаронены ўезд у краіну. У адваротным выпадку паміж пастырамі і паствай Царквы могуць узнікнуць сур'ёзныя непаразуменні.

33. Усе мы, ніжэйпадпісаныя, жадаючы святой згоды на славу Імя Бога і для міру Святой Царквы Хрыстовай, далі гэтыя артыкулы, якія лічым неабходнымі для нашай Царквы і на якія патрабуем папярэднюю згоду і запэўненні ад Святога Айца Папы і ад Яго Каралеўскай Міласці, літасцівага уладыкі нашага. Для большай бяспекі мы ўручылі нашыя Інструкцыі прападобным братам нашым у Богу, айцу Іпація Пацею, Галоўнаму біскупу, біскупу Уладзімірскаму і Брэсцкаму, і айцу Кірылу Цярлецкаму, Экзарху і біскупу Луцкаму і Астрожскаму, каб ад нашага імя і ад свайго імя прасілі Найсвяцейшага Айца, а таксама Яго Каралеўскую Міласць, літасцівага ўладара нашага, загадзя пацвердзіць і гарантаваць усе артыкулы, якія мы тут маем, дадзенымі ў пісьмовай форме, каб, стаўшы ўпэўненымі ў веры, у містэрыях і ў нашых абрадах, мы маглі прыйсці да гэтай святой дамовы з Рымскай Царквой без нейкай абразы нашага сумлення і паствы Хрыстовай, адданай нам, а таксама каб іншыя, якія яшчэ вагаюцца, бачачы, што мы захоўваем усё ў недатыкальнасці, хутчэй прыйшлі за намі ў гэты святы саюз.

Дадзена ў год Божы 1595, месяц чэрвень, першы дзень па старым стылі».

Акт Брэсцкай уніі на славянскай мове (старабеларускай або стараўкраінскай) захоўваецца, як і многія найважнейшыя артэфакты гісторыі Беларусі, за межамі краіны, у Львове. Нават у познім СССР уніяцкая царква Украіны налічвала, паводле некаторых ацэнак, некалькі мільёнаў прыхаджан. Таму не дзіўна, што Брэсцкай уніі надаюць нямала ўвагі ўкраінскія даследчыкі, а арыгінал у архіве Львова нават прапаноўвалі ўнесці ў спіс ЮНЕСКА, як нацыянальны здабытак. На беларускіх землях уніяцкая царква, нягледзячы на некалі дамінуючае становішча, афіцыйна налічвае ўсяго некалькі тысяч паслядоўнікаў, хаця некаторыя дадзеныя паказваюць на некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў. Так ці інакш гэта вельмі сціплы паказчык у межах статыстычных дадзенных хрысціянскіх цэркваў Беларусі.

Фрагмент 11. Гальшанскія прывіды і ўваскрослы падканцлер

З Гальшанамі звязаны адны з самых папулярных беларускіх легенд аб прывідах: гісторыі пра Чорнага манаха і Белую панну. Гісторыі расказваюць з варыяцыямі, звычайна ў цэлым захоўваючы сюжэтную аснову. Часам Чорны манах і Белая панна аб'яўляюцца ўдзельнікамі нейкага пералюбу, які ганьбіць княскую годнасць гаспадара Гальшан, а iм часта паказваюць будаўніка замка і францысканскага манастыра, гэта значыць Паўла Сапегу. Аднак часцей у аснове гісторыі пра Белую панну ляжыць больш арыгінальны сюжэт пра дзяўчыну, якую замуравалі жыўцом у сцяну дзеля своеасаблівай ахвяры нейкім сілам, што былі пакліканы дзеля дапамогі ў будаўніцтве. Рабілася гэта для таго, каб прыдзірлівы гаспадар горада (звычайна гэта ўсё той жа Павел Сапега) не пакараў муляроў.


Павел Сапега.


Гальшанскія гісторыі пра зданяў яшчэ і, у пэўным сэнсе, самыя рэальныя з беларускіх легенд пра прывідаў, уключаных у гістарычны кантэкст, ці, прасцей кажучы, яны атрымліваюць найбольшую колькасць сучасных пацверджанняў. Напрыклад, у сувязі з легендай пра Белую панну часта любяць згадваць нейкую рэальную знаходку костак маладой жанчыны, здабытых падчас рэканструкцыі манастыра. Рабочыя, якія знайшлі гэтыя астанкі, нібыта ў хуткім часе памерлі. Акрамя таго, турысты, як пішуць у публікацыях СМІ, часам начуюць у пакоях кляштара, а потым нярэдка паведамляюць пра сапраўды дзіўныя і містычныя рэчы.

Дарэчы, свая Белая панна-здрадніца ёсць і ў гродзенскім замку… але ў замку Гродна, які знаходзіцца ў Ніжняй Селезіі, а не ў Старым замку Гродна над Нёманам.

Будаўнік гальшанскага замка Павел Сапега і сам нярэдка становіцца аб'ектам своеасаблівай інферналізацыі. У публікацыях СМІ можна сустрэць мянушку «Сіняя барада», прылепленую да магната з-за таго, што ён перажыў трох сваіх жонак. Аднак многія маладыя шляхцянкі тых гадоў паміралі рана, і больш-менш пажылы магнат нярэдка мог пахваліцца двума і больш шлюбамі. Напрыклад, Аляксандр Людвік Радзівіл быў жанаты тройчы. Цікава, што і яго апошняя жонка Катарына Яўгенія Тышкевіч таксама тройчы была заручана, а брала шлюб два разы. Такім чынам, шлюбы Паўла Сапегі, вядома ж, не былі нечым небывалым і ніяк не даказваюць яго нядобрае стаўленне да жонак.

Затое вядома, што напрыканцы свайго жыцця Сапега, які дасягнуў высокай пазіцыі ў іерархіі ВКЛ і займаў пасаду падканцлера вялікага літоўскага, змог здзівіць эліту Рэчы Паспалітай сваім нечаканым уваскрашэннем. Альбрэхт Радзівіл пісаў пра гэта так:

«Год 1634

Месяц чэрвень

Кароль, выехаўшы з Вільні, па дарозе палюючы і забаўляючыся, у апошнія дні гэтага месяца прыехаў у Гродна. Між тым вестка аб смерці падканцлера ВКЛ разнеслася, і гэта заахвоціла многіх, не чакаючы дакладных навін, стаць суіскальнікамі гэтай пасады. І кароль бы раздаў пасля яго пасады, але неўзабаве падканцлер прыбыў жывым і здаровым, і суіскальнікі, ашуканыя ў сваёй надзеі, сталі ўсеагульным пасмешышчам».

Вось такое цудоўнае вяртанне з таго свету, якое нямала ўразіла сучаснікаў.

Зрэшты, у наступным годзе Сапега памёр ужо па-сапраўднаму.

На пахавальнай цырымоніі магната, якая праходзіла ў тым самым францысканскім касцёле Гальшан, дзе цяпер нібы з'яўляецца Белая панна, францысканскі аратар Марк Карона зрабіў велізарную польскую прамову, багата закрашаную лацінскімі фразамі, у якой пералічваў шматлікія заслугі памерлага. У 1637 годзе выступленне францысканца было выдадзена ў Вільні асобнай кнігай, пад назвай «Krzyz strzalisty oswieconego domostwa ich mosciow pp. Sapiehow…» у якой было больш за 40 старонак.


Герб Сапег з кнігі М. Кароны, якая змяшчае пахавальную прамову ў гонар П. Сапегі.


Руіны гальшанскага замка, францысканскі касцёл гэтага мястэчка і прыгожае надмагілле Паўла Сапегі і трох яго жонак, і цяпер яшчэ даступныя для агляду, а значыць падканцлер Вялікага княства Літоўскага пакінуў пасля сябе нядрэнную спадчыну.

Фрагмент 12. Ляхавіцкія гарматы і талерантнасць, якая апярэдзіла свой час

Замак у Ляхавічах, створаны ў яго найбольш вядомым выглядзе, самым выдатным палкаводцам ВКЛ, Янам Каралем Хадкевічам, з'яўляўся адным з самых непрыступных фартыфікацыйных комплексаў, якія існавалі на тэрыторыі будучай Беларусі. У рамках гэтай кароткай нататкі мы, аднак, не будзем надаваць увагу слаўнай гісторыі абароны фартэцыі Ляхавіч, а замест гэтага зірнем на інвентар замка, які знаходзіцца ў пераліку Актаў Віленскай Археалагічнай Камісіі.


Ляхавіцкі замак у XVII стагоддзі. Бачныя гарматы.


Складзены дакумент быў у 1658 годзе і яго асаблівая каштоўнасць у тым, што ён вельмі дэталёва апісвае арсенал знакамітага замка ВКЛ. У дадзеным выпадку, мы звярнём увагу на, у некаторым родзе, паэтычны кампанент пераліку грознай зброі, сабраннай у замкавым арсенале. Гаворка пра назвы гармат, якія ў тыя гады мелі свае асаблівыя імёны.

У фартэцыі Ляхавіч знаходзіліся наступныя пушкi: Кантар, 1614 з гербамі Яна Караля Хадкевіча, Васіліск, 1606 з тымі ж гербамі, Кіт, 1617 з тымі ж гербамі, Малпа, таго ж года і з гербамі Яна Караля Хадкевiча, Перун, 1609 года з тымі ж гербамі, Баба, 1602 года з гербам «Лілія» і літарамі С. D. S., Маўр, 1614 года з гербамі Яна Караля, Дракончык з выявай дракона, Сокал, 1601 года і з тым жа гербам, Самсон, 1617 года з гербамі Яна Караля і шмат іншых гармат, у прыватнасці, шведскіх, якія, мабыць, з'яўлялiся трафеямі.

Цікава, што самым цяжкім ядром, якое важыць 25 фунтаў, магла страляць гармата Маўр. Тут аўтар дазволіць сабе крыху гумару і заўважыць, што, відавочна, ужо тады літвіны зразумелi немалое значэнне талерантнасці і паліткарэктнасці, як звычайна апярэдзіўшы свой час.

Фрагмент 13. Старая пліта і Рымвіды-Міцкевічы з Лідчыны

Калі вы зазірнулі ў велічны езуіцкі, а цяпер фарны, храм горада Гродна, то без усялякага сумнення вам варта агледзець капліцу Св. Міхаіла Арханёла, размешчаную злева ад галоўнага алтара. Там варта звярнуць увагу на вялiкую каменную пліту, якая ляжыць на узроўне падлогi капліцы. Як не цяжка здагадацца гэтая пліта закрывае ўваход у сямейную крыпту. Надмагілле ўпрыгожваюць два шляхецкія гербы — Ліс і Абданк. Не абавязкова быць вялікім знаўцам гербаў шляхты ВКЛ, каб ведаць, што герб Ліс выкарыстоўваўся, акрамя іншых, магутнымі Сапегамі. Але хто ж пахаваны пад гэтай плітой? Нехта з Сапегаў? Нават не ўсе гарадзенскія краязнаўцы ведаюць адказ на гэтае пытанне. Гэта Эліяш Міхаіл Рымвід, герба Ліс, і яго трэцяя жонка — Беата Тэрэза Пекаслаўская, герба Абданк.

Род Рымвідаў, які паходзіць, відавочна, ад балцкага продка, быў дастаткова разгалінаваным. Акрамя таго, верагодна, што некаторыя шляхецкія носьбіты дадзенага прозвішча, а роўна і падобных прозвішчаў, не былі сваякамі і вялі свае радаводы ад зусім розных заснавальнікаў.


Пліта з Фарнага касцёла.


Вядома, што па ўмовах Гарадзельскай уніі нейкі Ян Рымвідавіч атрымаў герб Гржымала ад вядомага польскага рыцара Дамарата з Кабылян. У першай палове XV стагоддзя згадваецца таксама Генрык Карэйва Рымвідавіч. У гэты ж перыяд жылі Аляхно і Юшка Рымвідавічы. Менавіта ад гэтых двух Рымвідовічаў, паводле некаторых гіпотэз, паходзілі роды Дарагастайскіх і Забярэзiнскіх. Паводле іншай версіі, заснавальнікам гэтых шляхетных родаў быў нейкі іншы Рымвід.

Па звестках лідскага краязнаўцы Міхала Шымілевіча, нейкія Юхно і Раман Рымвідавічы згадваюцца на пачатку XVI стагоддзя ў Вількамірскім павеце.

Каспар Нясецкі згадвае род Рымвідаў у Жамойцкім старостве. Гэты род, на думку Нясецкага, карыстаўся варыяцыяй герба Ліс. Тут, дарэчы, варта адзначыць, што на гарадзенскай пліце адлюстраваны стандартны варыянт герба, з двума перакладзінамі. Менавіта да гэтага роду, які асеў у Жамойці, Нясецкі адносіць Эліяша Міхаіла Рымвіда, які будаваў кар'еру ў лідскім павеце.

Можна выказаць здагадку пра сувязь роду Эліяша са згаданнымі вышэй Юхно і Раманам. Акрамя таго, вядома, што ў 1567 годзе нейкі Юзэф Рымвід валодаў трыма валокамі зямлі ў Васілішках, непадалёк ад Ліды.

Эліяшу Рымвіду ўдалося значна ўмацаваць пазіцыі роду і заняць пасаду лідскага маршалка. Гэты пан неаднаразова быў паслом на сеймы. У сваім маёнтку Дэмбрава Эліяш пабудаваў храм езуітаў, які, у перабудаваным выглядзе, захаваўся да нашых дзён.

Рымвід памёр пасля 1695 года. Мецэнат езуітаў быў пахаваны ў іх гродзенскім храме, разам са сваёй трэцяй жонкай Беатай Пекаслаўскай.

Ян Рымвід, які з'яўляўся сынам Эліяша Міхаіла, атрымаў ад бацькі Дэмбрава і двор у Лідзе, але біяграфія гэтага шляхціца малавядомая даследчыкам.

Далейшы лёс лідскіх Рымвідаў — таямніца для спецыялістаў.

У гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы нюанс. Нясецкі прыпісвае жамойцкім і лідскім Рымвідам прозвішча Міцкевіч, нібыта атрыманае ад аднайменнага маёнтка. Ад роду Рымвідаў-Міцкевічаў з Лідчыны вёў свой радавод і самы знакаміты носьбіт прозвішча, паэт Адам Міцкевіч. Як вядома, паходжанне Міцкевіча служыць прадметам спрэчак. У дыскусіі з аўтарам беларускі генеалог Дзмітрый Дрозд аднойчы выказаў заўвагу, паводле якой даследчыкі радаводу паэта адзіныя ў меркаванні аб тым, што Міцкевіч не меў дачынення да Рымвідаў. Разам з тым, загадкавы лёс лідскіх Рымвідаў пакідае прастору для гіпотэз. Ці быў пахаваны ў Гродне Эліяш Рымвід далёкім сваяком знакамітага паэта? Хто ведае. Але супадзенне прозвішчаў відавочна.

Фрагмент 14. Пачвара з Чарнаўчыц

Шалёны член знакамітага роду Радзівілаў, сын Яна Радзівіла, Марцін Радзівіл, з'яўляецца, на дадзены момант, даволі папулярным персанажам у заснаваных на гістарычных фактах публікацыях СМІ. Яркая выява магната-маньяка, супастаўнага сваёй легендарнай жорсткасцю, напрыклад, з шырока вядомай «крывавай графіняй» Лізаветай Батары (ці дакладней яе вобразам у папулярнай культуры) добра падыходзіць для кароткіх і маляўнічых аповядаў, здольных прыцягнуць увагу публікі да гістарычнага кантэнту.

Ці сапраўды гаспадар палаца ў Чарнаўчыцах пад Брэстам быў псіхічна хворым злачынцам, схільным да садызму? Мяркуючы па гістарычных дакументах — так. Гэта не адмяняе таго факта, што з часам дзеі князя абраслі легендамі, якія дапаўняюць вобраз крыважэрнага злыдня не заўсёды пэўнымі фактамі. Можна паспрабаваць разабрацца, дзе ж насамрэч праўда, а дзе хлусня ў аповядах пра алхіміка з Берасцейскага ваяводства.

Сярод звестак, якія заслугоўваюць даверу, можна вылучыць, напрыклад, інфармацыю з дзённіка Марціна Матушэвіча, які быў сучаснікам свайго жахлівага цёзкі-магната. Марцін напісаў пра князя радкі, якія дэманструюць стаўленне Радзівіла да ўласных схільнасцяў:

«Князь Марцін Радзівіл крайчы ВКЛ, ведучы свавольнае жыццё і маючы свой шматлікі гарэм, заўсёды баяўся, каб кансісторыя (рада каталіцкага духавенства. Заўв. Я.А.) не папракнула яго за гэта».

Яшчэ больш дэталёвае апавяданне змешчана ў іншым месцы дзённіка і паказвае ўзяцце вар'ята-князя пад варту. Некаторыя легендарныя звесткі апісваюць цэлы штурм чарнаўчыцкай рэзідэнцыі падчас якога князь Марцін нібыта граў на скрыпцы, але Матушэвіч малюе крыху іншую карціну:

«Тады стараста старадубскі расказаў мне пра ўзяццё князя літоўскага крайчага пад апеку князя харунжага вялікага літоўскага. На трох Радзівілаў была падзелена гэтая апека, каб узяць князя крайчага, а менавіта: князя гетмана вялікага літоўскага, на князя харунжага вялікага літоўскага і на князя ваяводу наваградскага. Перш за ўсё, нікому не кажучы загадзя, князь выехаў з Бялай у Чарнаўчыцы і паслаў перад сабой 200 найбольш давераных людзей, каб узяць князя крайчага. Гэтыя людзі акружылі двор у Чарнаўчыцах, калі князь крайчы, які быў папярэджаны аб гэтай апецы і збіраўся ўцякаць з Чарнаўчыц на наступны дзень, выскачыў з пісталетамі, тады яго неадкладна выкралі і выкруцілі пісталеты з рук. Пасля аддадзенага рапарта, што князь крайчы ўжо быў узяты, князь харунжы і стараста старадубскі прыбылі ў Чарнаўчыцы. Там князь харунжы зрабіў прамову пра яго свавольнае жыццё і ўчынкі князя крайчага і загадаў яму пастанову аб папячыцельстве прачытаць, прачытаўшы якую, князь крайчы паабяцаў выправіцца і хацеў даць вялікія сумы князю харунжаму, просячы аб свабодзе, але гэта не дапамагло. Затым князь харунжы спытаўся пра княгіню крайчанку, яго жонку, якая знаходзілася ў зняволенні. Тады князь крайчы даў ключы ад пакоя, дзе яна была зачынена, і яе вывелі адтуль, там жа маленькія княжычы, яе сыны, былі зачынены ў вялікай нязручнасці і смуродзе, таму што ў гэтым адным пакоі яны павінны былі спаць, есцi і задавальняць іншыя патрэбы прыроды. Потым князь харунжы спытаўся пра мэтрэс, якіх таксама выпусцілі з іншага закрытага памяшкання. Іх шмат пыталі аб тым, у каго ёсць дзеці ад князя і як яны патрапілі ў гарэм. Кожная павінна была расказаць сваю гісторыю, і адны казалі, што іх падманулі, іншыя, што іх выкралі сілком, а трэція, што іх прадалі бацькі і маці, а адну парафіяльны ксёндз з Давыд-Гарадка скраў у бацькоў і за 200 дукатаў прадаў. Распавядалі і іншыя жахі, як ён сваіх памерлых дзяцей, народжаных мэтрэсамі, дыстыляваў, як ён верыў габрэям і жадаў ехаць у Амстэрдам. У гэтых мэтрэс адабралі каштоўнасці і даражэйшыя рэчы, i ў сукенках, якія ў іх былі, потым даставілі іх да сваякоў.

Акрамя таго, у фальварку былі кадэткі — маладыя дзяўчаты, з прыгожымі тварамі, з розных саслоўяў, якіх бралі, а па дасягненні паўналецця аддавалі князю. Яны таксама ў вялікім дыскамфорце, босыя і ў кашулях, былі паўсюль, і часта быў моцны голад, і яны заўсёды былі зачыненыя.

Князь баяўся ўсіх людзей, як бы яго не атруцілі, таму ўнутры палаца былі і бровар, і кухня, і півавар, і кухар давераныя. Абед звычайна быў у 6 гадзін дня, а вячэра на досвітку, але часта па некалькі дзён не было ні абеду, ні вячэры.

Князю крайчаму загадалі сесці ў карэту, каб ехаць у Бялу. Ён жа так чапляўся за жонку, што яе ледзь-ледзь вырвалі з яго рук. Нарэшце знайшлі лёкая Міхала, без якога ён не хацеў ехаць, сілай кінулі ў карэту, закрылі яе і прыставілі варту, а затым вывезлі да Бялай. Потым габрэя, ягонага фаварыта, па імені Шымон, які ўсім кіраваў і многім хрысціянам рабіў жудасныя рэчы, знайшлі і пасадзіўшы ў крытыя вазы, вывезлі з усёй яго сям'ёй у Бялу. Потым, па ўказанні гэтага ж жыда, перад тым як яго павезлі, знайшлі 200 тысяч злотых польскіх гатоўкай, каштоўнасці ды іншыя рэчы.

Князь харунжы выехаў у Бялу і там трымаў князя крайчага ў суровым арышце, не даючы яму ні нажа, ні відэльца, не голячы яго, а толькі абстрыгаючы нажнічкамі бараду. Вось такую я тады атрымаў ад старасты старадубскага справаздачу».


Марцін Радзівіл.


Такім чынам, мемуары Матушэвіча апавядаюць пра жанчын, якія знаходзяцца ў гарэме, аднак пра прычыны траплення ў гарэм шляхцічы даведаліся са слоў саміх палонных дам. Ці маглі дзяўчыны пагадзіцца на добраахвотнае пражыванне ў гарэме, улічваючы, што, як напісана ў Матушэвіча, «мэтрэсы» гарэма мелі пры сабе дарагія рэчы, у тым ліку і каштоўныя ўпрыгожванні? Тэарэтычна, так.

Могуць выклікаць сумневы і жахлівыя аповяды аб продажы дачок уласнымі матулямi, а таксама страшных досведах з целамі немаўлятаў. Аднак падобны продаж дзяцей для задавальнення запатрабаванняў паноў апісаны і ў мемуарах знакамітага Казановы, які наведваў Рэч Паспалітую, праўда ў другой палове XVIII стагоддзя, калі князь Марцін ужо знаходзіўся пад апекай радні. Легендарны спакуснік адзначыў, што падчас знаходжання ў Пулавах яму спадабалася сялянка, якую яе бацька прымусіў, ужыўшы фізічную сілу, уступіць у сувязь з госцем. За нявіннасць дзяўчыны Казанава спакойна аддаў 100 флорынаў пасля чаго на яго пасыпаліся іншыя прапановы.

«На раніцу мне сталі прапаноўваць іншых, хаця нават не паказвалі.

— Але дзе ж сама дзяўчына? — пытаўся я ў кашталяна.

— Што Вам да яе асобы, галоўнае, што яна нявінная.

— Так твар якраз і важнейшы за ўсё іншае.

Пасля гэтага іх сталі да мяне вадзіць і перад ад'ездам я дамовіўся яшчэ з адной дзяўчынай. А ўвогуле, скажу, што жанчыны ў тых краях непрыгожыя».

Яшчэ некалькі слоў пра злачынствы Радзівіла.

Польскі гісторык Тэадор Мараўскі, які не жыў у часы князя Марціна, піша пра магната, што «палоннікаў, якія крычалі ў ягоных лёхах, ён называў сваімі спевакамі».

Народжаны яшчэ пазней Мараўскага, гісторык Юльян Барташэвіч паведамляе аб легендарным маньяку наступнае:

«Арыгінальным у гэтых ягоных дзівацтвах было тое, што ён стаў габрэем. Сэрца і душу, і ўвесь свой маёнтак ён аддаў габрэям. Габрэй быў у яго касірам, саветнікам, бліжэйшым сябрам. Кожную пятніцу ляцелі да яго, нібы звар'яцеўшы, габрэі з Брэста…»

Відавочна, што князь сапраўды быў, калі можна так выказацца, яскравым нефармалам, але некаторыя гісторыі, у прыватнасці, пра актыўныя і складаныя заняткі алхіміяй, усё ж выглядаюць сумнеўнымі, зрэшты, няма падстаў адмаўляць жорсткасць, амаральнасць і псіхічныя адхіленні Марціна.

Гісторыя князя яўляе чытачам рэдкі прыклад паўнавартаснага дзеяння так званага «закону бумеранга». Марцін трымаў людзей у зняволенні, здзяйсняючы таксама мноства іншых жудасных учынкаў, і ў выніку сам стаў палонным Гераніма Радзівіла, які, як лічыцца, адрозніваўся схільнасцю да садызму і не так і моцна саступаў у сваіх «дзівацтвах» чарнаўчыцкаму вар'яту. Геранім забраў Марціна ў найпрыгажэйшы замак Радзівілаў у Бялай, якая цяпер размешчана на тэрыторыі Польшчы, і там, як можна зразумець нават са скупых звестак Матушэвіча, былы гаспадар гарэма ўтрымліваўся ў вельмі жорсткіх умовах. Узнагарода знайшла героя.

Памёр князь Марцін у 1782 годзе, і, як напісана ў яго біяграфіях, быў пахаваны ў сямейным склепе, у Нясвіжы. Марцін не быў першым дзіваком з роду Радзівілаў і не стаў апошнім, але гэта, як любяць пісаць многія аўтары, ужо іншая гісторыя.

Фрагмент 15. Брэсцкі сейм, літоўская альтэрнатыва і пара несімпатычных магнатаў

У 1653 годзе ў Брэсце прайшоў сейм Рэчы Паспалітай. Ён аказаўся адзіным сеймам аб'яднанай дзяржавы, праведзеным у горадзе над Бугам. Акрамя таго, гэта быў самы першы сейм Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі ВКЛ. Цяпер, калі Гродна адносна шырока вядома ў асяроддзі беларускіх, польскіх і літоўскіх аматараў гісторыі, як сеймавая сталіца Рэчы Паспалітай, першы літоўскі сейм у Брэсце як бы адціснуты ў цень гродзенскімі сеймамі, у тым ліку і самым знакамітым з іх — апошнім сеймам той шляхецкай рэспублікі.

У якасці прычыны правядзення сейма ў Брэсце польскія даследчыкі называюць дрэнную эпідэмічную сітуацыю ў Польшчы. Як піша гісторык Караль Лапатецкі: «Магчыма, што падчас гэтага сейма сенатары заўважылі прыродныя абарончыя вартасці гэтага месца», і гэта, на думку спецыяліста, магло ў далейшым паўплываць на з'яўленне праектаў дадатковага ўмацавання горада.

Старшынстваваў на тым сейме, то бок быў сеймавым маршалкам, Хрыстафор Пац — дзейны і безумоўна здольны магнат, які, мяркуючы па некаторых фактах, валодаў яшчэ і добрым мастацкім густам. Аднак па-за ўсякім сумневам яго складана назваць сімпатычным чалавекам. Ушлы палітыкан, што не цураўся хабара, зразумела, дзейнічаў перш за ўсё дзеля ўласных інтарэсаў і інтарэсаў сваёй сям'і. Тым не менш, менавіта Пац адыграў вялікую ролю ў гісторыі Гродна, хаця на момант напісання гэтага тэксту мала хто з гродзенцаў, нават краязнаўцаў, ведае пра гэта.

Менавіта Хрыстафор Пац правёў на адным з варшаўскіх сеймаў рашэнне аб тым, што кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай павінен адбывацца ў Гродне. Ці не задумаў Пац гэтую камбінацыю яшчэ ў Брэсце, убачыўшы на практыцы, што сеймы Рэчы Паспалітай можна праводзіць і ў ВКЛ? Хто ведае.


Хрыстафор Пац.


Польскія саноўнікі, зразумела, негатыўна паставіліся да ідэі гродзенскіх сеймаў. Знакаміты польскі пісьменнік XVII стагоддзя, Ян Хрызастом Пасек пісаў пра гэта так:

«Год Гасподні 1679. Сёлета першы сейм у Літве праходзіў у Гродне. Паны-Літва ў нас выбілі такія пастановы, каб два сеймы, адзін за адным, праходзілі ў Кароне, а трэці ў Літве. Гэта было вельмі цяжка: нашым туды ездзіць. Але гэта ўжо назаўжды, калі стала звычаем».


У якасці матыву, які падштурхнуў Паца на прасоўванне так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць склікання гродзенскіх сеймаў, даследнікі звычайна называюць жаданне магната павялічыць значэнне падуладнай яму Гарадзенскай эканоміі. Акрамя таго, Пац капітальна рэканструяваў гарадзенскі замак, які быў моцна разбураны, і для ўвекавечання яго ўчынку ў сцяну аднаго з будынкаў комплексу ўмуравалі памятную табліцу. Відавочна, Хрыстафор зусім не быў супраць услаўлення яго дзеянняў сярод нашчадкаў.

Пасля набыцця статусу сеймавай сталіцы ў Гародню пацягнуліся галоўныя саноўнікі краіны, якія жадалі пабудаваць у горадзе над Нёманам свае рэзідэнцыі, а гродзенскі езуіты ўзвялі буйнейшы і больш уражальны храм, чым іх стары касцёл Пятра і Паўла, на галоўнай плошчы горада.

Няма сумненняў, што менавіта дзякуючы статусу сеймавай сталіцы Гродна быў абраны цэнтрам рэформаў яшчэ аднаго здольнага шляхціца, каралеўскага фаварыта Антонія Тызенгаўза. Яго рэфарматарская дзейнасць сапраўды ўражвала, хоць, як чалавек ён быў дакладна не больш сімпатычным, чым Хрыстафор Пац — яго папярэднік на пасадзе кіраўніка Гарадзенскай эканоміі. Абапіраючыся на свой статус фактычнага намесніка караля ў ВКЛ, Тызенгаўз актыўна канфліктаваў з самымі рознымі людзьмі, у тым ліку і даволі магутнымі шляхціцамі. Успаміны аб бясчынствах Антонія можна знайсці, напрыклад, у мемуарах яго ворага Міхала Залескага.

Усе гісторыі, аднак, маюць пачатак і канец. Несімпатычны Хрыстафор Пац, памяць якога пакуль ніяк не ўшанавана ў тапаніміцы Гродна, памёр у 1684 годзе і быў пахаваны ў адным з найпрыгажэйшых храмаў Літвы, касцёле Пажайлійскага манастыра. Труна магната да гэтага часу мірна стаіць у крыпце храма. Несімпатычны Антоній Тызенгаўз, імя якога носіць цэлая плошча ў Гродне і дзіцячая школа мастацтваў, якая стаіць на ёй, памёр у 1785 годзе. Цела графа, як пішуць гісторыкі, пахавалі ў старым касцёле яго радавога маёнтка ў Жалудку, а пасля знішчэння гэтага храма яго нібыта перанеслі ў новы храм горада. Аднак сваякі Антонія, мабыць, лічылi, што граф павінен быў супакоіцца ў адным з найпрыгажэйшых храмаў Гродна — езуіцкім касцёле, бо менавіта з горадам над Нёманам магната звязвала столькі радасных і цяжкіх для яго падзей. Таму сваякі рэфарматара зрабілі ў святыні езуітаў шыкоўную сімвалічную магілу Тызенгаўза — найлепшы, у мастацкім сэнсе, кенатаф, сярод існуючых у Беларусі.


Кенатаф Антонія Тызенгаўза ў Фарным касцёле.


Неўзабаве пасля смерці Тызенгаўза памерла і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.


Паміж Брэстам і Гродна, нейкі вышэйшы архітэктар нібы зноў прачарціў сувязную лінію, злучыўшы першы літоўскі сейм Рэчы Паспалітай, які прайшоў у Брэсце, і апошні сейм на тэрыторыі ВКЛ, сабраны ў Гродне. Ён, як вядома, стаў і апошнім сеймам усёй польска-літоўскай шляхецкай рэспублікі. Фармальная сталіца ВКЛ — Вільня, так і не прыняла ніводнага сейма аб'яднанай дзяржавы.

Фрагмент 16. Дзятлаўскія Радзівілы: свой супраць сваіх і бойка ў манастыры

У межах нясвіжскай лініі знакамітага магнацкага роду Радзівілаў існавала некалі свайго роду дзятлаўская галіна. Заснавальнікам яе быў Мікалай Фаўстын Радзівіл. Нарадзіўся князь у канцы XVII стагоддзя, і быў сведкам узвышэння магнатаў Сапегаў, якія часова выцеснілі яго род з пазіцыі галоўнай алігархічнай сям'і ВКЛ.

Зрэшты, у часы максімальнага ўзвышэння сапежынцаў Мікалай Фаўстын быў яшчэ вельмі малады. Яго звязаная з войскам кар'ера пачала набіраць абароты на пачатку XVIII стагоддзя. Як і многія багатыя шляхцічы тых часоў Мікалай Фаўстын актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны, пераходзячы з аднаго лагера ў іншы. Нярэдка яму даводзілася супрацьстаяць і ўласным сваякам, што было самай звычайнай справай у межах барацьбы за ўладу і рэсурсы ва ўжо аслабленай Рэчы Паспалітай.

Не атрымаўшы ў сваё ўпраўленне харугву пяцігорцаў — байцоў лёгкай кавалерыі, узброеных дзідамі, Мікалай Фаўстын увязаўся ў барацьбу супраць вялікага гетмана ВКЛ Людвіка Пацея, якога падтрымліваў і канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл.

У 1717 годзе ў Гродне праходзіў Скарбавы трыбунал ВКЛ і Мікалай падаў пратэст супраць дзеянняў гетмана і канцлера. Іх барацьба працягнулася і на гродзенскім сейме 1718 года. Аднак неўзабаве Мікалай прымірыўся з Міхаiлам Радзівілам «Рыбанькай», які і лічыўся кіраўніком такой жаданай для Мікалая Фаўстына харугвы пяцігорцаў.

У гродзенскім сейме 1726 года Мікалай Фаўстын удзельнічаў у якасці пасла Навагрудскага ваяводства.

Неўзабаве князь зрабіў нарэшце рашучы рывок у сваёй кар'еры і атрымаў пасаду наваградскага ваяводы, дзякуючы чаму мог удзельнічаць у гарадзенскім сейме 1729 года ўжо ў якасці сенатара, хаця той сейм быў сарваны амаль адразу ж пасля адкрыцця.

Мікалай Фаўстын выступаў супраць кандыдатуры іншаземнага манарха падчас перыяду бескаралеўя, які настаў пасля смерці Аўгуста Моцнага ў 1733 годзе, аднак разам з іншымі магнатамі, у прыватнасці Паўлам Сангушкам і Міхаілам Вішнявецкім, Мікалай Фаўстын не збіраўся падтрымліваць кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага і нават звярнуўся да Аўстрыi и Расеi з просьбай аб ваеннай падтрымцы супраць прыхільнікаў Ляшчынскага.

У гэты момант супрацьстаянне ўнутры клана Радзівілаў, а канкрэтней: паміж Міхаілам Казімірам «Рыбанькай», які раней памірыўся з Мікалаем Фаўстынам, і ўласна наваградскім ваяводам, было надзвычай моцным, таму маці «Рыбанькі», княгіня Ганна, нават пісала пра апанента-сваяка «ганьба нашага дома» і называла яго «бязбожным князем наваградскім».

Неўзабаве Мікалай Фаўстын атрымаў прапанову супрацоўніцтва з расійскімі агентамі, якія шчодра аплочвалi прасоўванне выгадных Расіі палітычных праектаў. Расійскі саноўнік Юрый Лівен, са старажытнага ліфлянцкага роду, даставіў Мікалаю Фаўстыну ліст ад расійскай імператрыцы Ганны Іаанаўны. Для наваградскага ваяводы гэта быў шанец значна павялічыць свае даходы і ўплыў. У адрозненне ад Міхала Радзівіла «Рыбанькі» Мікалай Фаўстын пагадзіўся на самае блізкае супрацоўніцтва з агентамі царыцы, стаўшы, такім чынам, правадніком расійскіх інтарэсаў у Рэчы Паспалітай.


Мікалай Фаўстын Радзівіл.


На сейміку Наваградскага ваяводства, ён супрацьстаяў партыі Міхаіла Радзівіла «Рыбанькі». Сеймік скончыўся рашэннямi выгаднымі менавіта прарасійскай партыі Мікалая Фаўстына, а ў выніку звычайнага для падобных сходаў канфлікту Бенедыкт Тызенгаўз — бацька будучага некаранаванага ўладара ВКЛ Антонія Тызенгаўза, які, дарэчы, нарадзіўся якраз у год апісванага сейміка, а таксама іншыя шляхцічы з той партыі, пабіліся з прадстаўніком вядомага ў наваградскім павеце роду Верашчак, а менавiта гэты род у будучыні даў укаханую і музу выбітнага паэта Адама Міцкевіча, Марыю Верашчаку.

Міхаiл «Рыбанька» і яго людзі пры гэтым, як пісаў сам магнат: «сунімалі як маглі» разгарачаных шляхцічаў.

Адбываўся канфлікт у такiм месцы якое, здавалася б, наладжвае на спакойную камунікацыю, а менавіта рэфектарыі (трапезнай) дамініканскага кляштара. Агрэсія п'яных шляхцічаў — абаронцаў выгадных суседнім краінам рашэнняў, нявыгадных для іх радзімы, выяўленая ў бойцы, якая мела месца ў трапезнай манастыра… Усё гэта з'яўляецца для нашчадкаў адным з яркіх прыкладаў маральнай дэградацыі ўладаручых, шляхецкай анархіі тых гадоў — галоўнага фактару знішчэння Першай Рэчы Паспалiтай.

Пазней шляхціцы напалі і на самога Міхаіла «Рыбаньку», уладкаваўшы засаду на дарозе і адкрыўшы стральбу па карэтах і свіце «Рыбанькі» і яго саюзніка, берасцейскага старасты Яна Фрэдэрыка Сапегі. На гэты раз Мікалай Фаўстын асабіста даў сваяку ахову, відаць палічыўшы, што адкрытае забойства ўплывовага члена яго дома з'яўляецца пераборам.

Празмерны разгул страсцей і канфлікт у ваяводстве не быў выгадны Мікалаю Фаўстыну, таму ён вырашыў уладзіць канфлікт з «Рыбанькай» і Сапегам, і зладзіў з імі перамовы, у выніку якіх яму ўдалося дасягнуць сваіх мэт і дабіцца кантролю над ваяводскай шляхтай, якая была ў партыі Міхаіла Казіміра і Яна Фрыдэрыка.

З ліста Міхаiла Радзівіла становіцца ясна, што «Рыбанька» не жартам баяўся за сваё жыццё, што і паўплывала на яго рашэнне перадаць кантроль над сваімі наваградскімі кліентамі ў рукі Мікалая Фаўстына.

Як пішуць даследчыкі, у гэты час Мікалай Фаўстын атрымаў з царскай казны 2 тысячы рублёў, прызначаных для далейшага прасоўвання інтарэсаў Расіі ў Рэчы Паспалітай.

Неўзабаве да наваградскай шляхты, узначаленай Радзівілам, далучыліся і шляхцічы з Ваўкавыскага павета. Аб'яднанне наваградскай шляхты, нiбыта аброслае прадстаўнікамі іншых ваяводстваў ВКЛ, утварыла магутную апазіцыю Станіславу Ляшчынскаму, што і стала адным з найважнейшых фактараў, якія прывялі да абрання на трон Аўгуста III, а ён, паводле характарыстыкі нямецкага падарожніка Вільгельма Шлемюлера, быў «слабаваты розумам».

Мікалай Фаўстын, у выніку падобнай палітычнай камбінацыі, зразумела, набыў немалы ўплыў у ВКЛ, і на чале шляхты, падтрыманай расійскімі салдатамі, заняў Брэст з мэтай падпарадкавання горада новаму каралю.

Спецыялісты пішуць, што, пачынаючы з 1733 года, Мікалай Фаўстын атрымліваў ад расійскага двара 5 тысяч рублёў за год, на ўласныя патрэбы.

Навагрудскі ваявода заставаўся верным саюзу з Расіяй, хоць у рамках падрыхтоўкі да гродзенскага сейма 1744 года ён падлашчваўся да прускіх дыпламатаў, якія, зрэшты, не бачылі ў ім надзейнага саюзніка.

Памёр Мікалай Фаўстын у 1746 годзе.

Галоўным маёнткам і своеасаблівай сталіцай Мікалая стала Дзятлава, дзе Радзівілы ўзвялі невялікі, але надзвычай пышна аздоблены палац. Мікалай валодаў таксама ўчасткам у Гродне: з гэтым горадам, як можна зразумець з вышэйпададзенага тэксту, яго звязвалі шматлікія адметныя моманты кар'еры. Гродзенскі ўчастак Мікалая Фаўстына размяшчаўся на вуліцы Замкавай, дзе дзятлаўскія Радзівілы валодалі невялікай, мураванай рэзідэнцыяй.

Нягледзячы на рост уплыву, Мікалай так і застаўся адносна бедным, па мерках свайго вялікага роду, чалавекам, не дзіўна таму, што гродзенская рэзідэнцыя дзятлаўскіх Радзівілаў была нашмат сціплейшай за вялізны палац Міхаіла Казіміра «Рыбанькі». Гэтая рэзідэнцыя размяшчалася непадалёк, якраз на цэнтральнай плошчы Гродна.

Зрэшты, нягледзячы на мінулыя супярэчнасці, пахаваныя Міхал і Мікалай Радзівілы былі ў фамільным склепе ў Нясвіжы. Аднак сэрца Мікалая Фаўстына, як пішуць гісторыкі, пахавалі ў перабудаваным ім дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Дзевы Марыі.

Старэйшы сын Мікалая, эксцэнтрычны Удальрык Радзівіл, не зрабіў вялікай палітычнай кар'еры, аднак быў прадуктыўным пісьменнікам. Другі сын Альбрэхт Радзівіл у адрозненне ад бацькі, у пэўны перыяд сваёй палітычнай кар'еры пярэчыў уплыву Расіі ў Рэчы Паспалітай і стаў адносна прыкметным удзельнікам Барскай канфедэрацыі. Трэці сын князя — Ежы, з'яўляўся пераемнікам Мікалая на пасадзе наваградскага ваяводы. Вядома, што яшчэ адзін сын Мікалая Фаўстына Станіслаў Радзівіл валодаў тым самым палацам на вуліцы Замкавай у Гродне, а таксама дзятлаўскім палацам, акрамя таго, выступаў супраць Барскай канфедэрацыі, якую падтрымліваў яго родны брат Альбрэхт. Дачка Станіслава — Францыска Тэафілія, выйшла замуж за Станіслава Солтана пасля чаго дзятлаўскі палац знаходзіўся ва ўласнасці Солтанаў. Так скончыўся радзівілаўскі перыяд у гісторыі Дзятлава — цікавага, наднёманскага горада.

Фрагмент 17. Некаторыя факты пра кляштар картэзіянцаў у Бярозе

Манастыр ордэна картэзіянцаў у Бярозе… Без усялякага сумнення гэты вялізны архітэктурны комплекс мог бы быць адной з найбольш цікавых турыстычных жамчужын Берасцейшчыны.


Ідэалізаваная выява кляштара ў Бярозе, XVIII стагоддзе.


Пабудаваны яшчэ ў першай палове XVII стагоддзя манастыр, які з'явіўся дзякуючы ахвяраванням роду Сапегаў, стаў іх велічнай пахавальняй.

Галоўны храм ансамбля з'яўляўся прыгожай базілікай, з высокай званіцай, прыбудаванай да апсіды храма. На ўваходзе з боку галоўнага фасада змяшчаўся круглы прытвор-крухта, накрыты купалям. Фасад меў дугападобныя абрысы, членіўся цягамі і буйнымі філёнкамі, быў дэкараваны пілястрамі, нішамі для скульптур, барочнымі апраўленнямі праёмаў.

Па падліках аўтара, даўжыня храма, ад уваходу крухты да далёкай сценкі званіцы, складала прыблізна 60 метраў. Шырыня — прыблізна 25 метраў. Гэта ставіла святыню ў адзін шэраг з найбуйнейшымі барочнымі храмамі ВКЛ, хоць яна і саступала некаторым з іх, да прыкладу, езуіцкаму касцёлу Францішка Ксаверыя ў Гродне, які, зрэшты, быў пабудаваны крыху пазней за бярозаўскi аб'ект.

Гранёная званіца была даволі раскошна ўпрыгожана пілястрамі і філёнкамі, а вянчаў яе высокі купал, які, дарэчы, вельмі нагадваў купал гродзенскай Фары Вітаўта.

Вышыня званіцы, ад зямлі да верхавіны крыжа, была больш за 50 метраў. Бакавыя нефы у інтэр'еры храма займалі капліцы, злева ад галоўнага ўваходу змяшчалася вінтавая лесвіца, якая вяла на хоры.

Але не толькі сам храм уражваў сваёй пышнасцю. Асаблівае значэнне картэзіянскаму манастыру надаваў яго размах. Манастырская агароджа абмяжоўвала буйны ўчастак, усярэдзіне якога размяшчаліся сады картэзіянцаў. Манастырскія карпусы былі надзвычай працяглыя. Прастакутны замкнёны падворак манастыра, размешчаны за апсідай храма, меў вельмі вялікія памеры. Яго плошча складала больш за 6700 квадратных метраў. Для параўнання, кляштар брыгітак у Гродне, які стаў месцам спачыну магнатаў Весялоўскіх, мае прылеглы да касцёла двор плошчай менш за 900 метраў квадратных.

Манастырскі комплекс упрыгожвалі даволі высокія вежы і эфектныя, барочныя вароты.

Ён меў добрыя бастыённыя ўмацаванні, цалкам прыдатныя для абароны ад розных варожых войскаў, якія, у тыя смутныя часы, часта была змушана прымаць Берасцейшчына.

У манастыры былі пахаваныя яго галоўны дабрадзей Казімір Леў Сапега, а таксама Казімір Ян Сапега, які стаў фактычным ўладцам ВКЛ, а акрамя гэтых двух высокіх саноўнікаў яшчэ і іншыя члены роду.

Няма сумненняў, што поўнае аднаўленне архітэктурнага комплексу картэзіянцаў дазволіла б вярнуць беларусам важную частку іх спадчыны.

Фрагмент 18. Творчасць Самуэля Бекера

Прыдворны архітэктар Сапег — Ян Самуэль Бекер, адрозніваўся цудоўнымі здольнасцямі. Нягледзячы на тое, што карані архітэктара выводзяць з Саксоніі, у яго творчасці ў значнай ступені выяўляліся рысы не толькі саксонскага барока, якое складала славу дрэздэнскіх дойлідаў, але і элементы, характэрныя для ампіру, якому было наканавана заваяваць Стары кантынент.

Шырокія фінансавыя магчымасці магутных Сапегаў далі Бекеру неабходную базу для вялiкага размаху яго творчасці, і майстар не падвёў заказчыкаў. Чаго толькі вартая яго каласальная трыўмфальная арка, пабудаваная ў Ружанах. Уражваючыя вароты ў курданёр палаца не былі, вядома ж, нейкім ноў-хаў у архітэктуры магнацкіх рэзідэнцый Рэчы Паспалітай: цудоўна аформлены ўезд можна назіраць, напрыклад, у беластоцкім палацава-паркавым комплексе Браніцкіх, так званым «Падляшскім Версалі». Але Бекер, мабыць, перасягнуў уязную групу, створаную ў Беластоку. Збудаваная ім трыўмфальная арка — сапраўды была вартая таго, каб адзначыць трыўмф не толькі князёў Сапегаў, але і самога дойліда, які прыўнёс у суровыя краі Вялікага княства Літоўскага манументальную пампезнасць старажытнарымскіх архітэктурных знаходак.


Нерэалізаваны праект фасада Ружанскага палаца.


У цэлым, уся кампазіцыя палацавага комплексу прасякнута духам класічнай велічы ордэрнай архітэктуры, і, хоць элементы барока яшчэ моцныя ў гэтай працы, усё ж будынкі Бекера, як бы лунаючыя над вулачкамі Ружан, яўляюць сабой яркія прыклады строгасці і велічы класіцызму.

Уражвае і праект Петрапаўлаўскай царквы ў Ружанах, створаны ў духу саксонскіх барочных цэркваў. Ён не саступае сваёй мастацкай дасканаласцю праектам храмаў сталічнага Дрэздэна.

Бекер добра паказвае сябе не толькі ў маштабных праектах княжых рэзідэнцый Ружан і Дзярэчына, але i ў працы над малымі формамі, напрыклад, капліцай Св. Казіміра ў Ружанах.

Дойлід не толькі фармуе выразную архітэктоніку фасадаў: ляпныя дэталі на створаных ім аб'ектах таксама адрозніваюцца найвышэйшай, па мерках архітэктуры ВКЛ, якасцю прапрацоўкі, цалкам супастаўнай з лепшымі еўрапейскімі ўзорамі, а гэтым, варта адзначыць, не заўсёды могуць пахваліцца творы нават высокакваліфікаваных архітэктараў, працаваўшых на землях будучай Беларусі.

Пра жыццё самога выбiтнага дойліда спецыялістам пакуль вядома не шмат. Тым не менш, імя архітэктара без усялякага сумнення ўваходзіць у пералік выдатных творцаў, якія стваралі на землях будучай Беларусі сапраўдныя жамчужыны мастацтва, здольныя на роўных канкурыраваць з шэдэўрамі майстроў Заходняй Еўропы.

Фрагмент 19. Напалеон Орда і яго няправільны малюнак

Напалеон Орда не быў, вядома, вялікім мастаком, як гэта часам заяўляюць аўтары беларускіх СМІ, складаючы чарговы артыкул са згадваннем майстра, аднак, без усялякага сумнення, культурны ўклад шляхціца, народжанага на прасторах былога Берасцейскага ваяводства, вельмі вялікі. Пладавіты жывапісец паспеў стварыць мноства розных пейзажаў, якія служаць цяпер каштоўнымі крыніцамі інфармацыі аб помніках архітэктуры, размешчаных на тэрыторыях, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Не будзем забывацца і пра тое, што адоранасць Орды мела мультыдысцыплінарны характар. Шляхцiц не толькі маляваў, але таксама займаўся музыкай і выдаваў кнігі.

Тут мы звернем увагу на адзін з сотняў малюнкаў Орды. Справа ў тым, што дагэтуль гэтую даволі вядомую ў Беларусі выяву часта лічаць выглядам турэмнага шпіталя ў Кобрыне. Аднак не… Гэта недакладная інфармацыя! Насамрэч Одра адлюстраваў шпіталь, але шпіталь размешчаны ў Гродне! На малюнку Одры — аб'ект, які адыграў выдатную ролю ў гісторыі Беларусі, а менавіта гродзенскі Новы замак.


Н. Орда. Новы замак, памылкова званы кобрынскім шпіталем.


Расійская адміністрацыя, пасля далучэння Гродна, ужо не мела патрэбы ў такой колькасці прадстаўніцкіх рэзідэнцый, якой мог пахваліцца сеймавы горад. Гэта лагічна, бо губернскі цэнтр зусім не павінен быць утыканы палацамі шляхты так шчыльна, як адна са сталіц Рэчы Паспалітай. Гродзенскі губернатар з камфортам размяшчаўся ў буйным палацы на Гарадніцы, вядомым як палац Тызенгаўза, таму былы каралеўскі палац можна было спакойна перарабіць у нешта іншае… Гэтым іншым стаў вайсковы шпіталь, які і намаляваў Орда, у сярэдзіне XIX стагоддзя.

Былая рэзідэнцыя польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх паказана прыкладна з таго пункта, дзе цяпер знаходзіцца вельмі сумны савецкі дом, які мае адрас вуліца Давыда Гарадзенскага 2. На пярэднім плане вялікі яр, засыпаны ў савецкія часы дзеля пракладкі дарожнага палатна, а сам палац-шпіталь дэманструе гледачу крыло, якое не сталі аднаўляць пасля пашкоджанняў Другой Сусветнай вайны, хаця гэты корпус захаваўся не горш за асноўны П-падобны будынак.

З вышэйпададзенага зразумела, што пазнаць Новы замак на малюнку не так проста, і гэта абумовіла шырока растыражаваную памылку ў атрыбуцыі выявы. Але на гэтым недакладнасці не заканчваюцца. Справа ў тым, што Орда не зусім дакладна адлюстраваў аб'ект, які атрымаўся меншым і з меншай колькасцю вокнаў. Падобныя недакладнасці — не рэдкасць у працах таленавітага жывапісца.

Калі б Напалеон быў цвёрда ўпэўнены, што яго малюнкі будуць выкарыстоўвацца падчас падрыхтоўкі аднаўлення такой вялікай колькасці старажытных будынкаў, размешчаных цяпер у межах Беларусі і Украіны… Хто ведае, можа быць тады, ён яшчэ больш увагі надаваў бы дакладнасці сваіх замалёвак.

Вось такая гісторыя пра ўраджэнца Берасцейшчыны, які пакінуў нашчадкам мноства відаў Гродна.

Фрагмент 20. Графіня Марта, Косава, Свіслач і варшаўскі бардэль

Вядомае яшчэ з XVI стагоддзя паселішча Свiслач, знаходзілася ва ўласнасці гродзенскага сярэднешляхецкага роду Кердзеяў. Дзяўчына з гэтага роду, якая мела цудоўнае імя Пудэнцыяна, выйшла замуж за Стэфана Ромера і Свіслач перайшла да роду жаніха. Пазней (верагодна, у выніку продажу) маёнтак апынуўся ў руках Пуслоўскіх. У Вандаліна Пуслоўскага, будаўніка вядомага Косаўскага палаца-замка, была дачка Марыя, якая выйшла замуж за графа Красінскага. Пасля гэтага пара і пабудавала, у канцы XIX стагоддзя (па іншых дадзеных, на пачатку ХХ) прыгожы асабняк у сваім маёнтку Свіслач. Гэты дом стаў летняй рэзідэнцыяй Красінскіх, у якой Марта адпачывала ад мітуслівай Варшавы, дзе граф і графіня валодалі легендарным палацам, пад назвай «Крулікарня». У часы апошняга манарха Рэчы Паспалітай «Крулікарня» мела рэпутацыю элітнага бардэля, але графіня Марта зрабіла свой дом прыстанкам для людзей з трохі іншымі заняткамі. У графіні, паводле звестак гісторыкаў, гасцявалі самыя выбітныя ў Польшчы людзі мастацтва, у тым ліку Генрых Сянкевіч і Уладзіслаў Рэймант, а таксама палітычныя дзеячы краіны, такія як прэм'ер Юльян Новак. Мяркуецца, што пражываючы ў Свіслачы, Марта не здраджвала сваім звычкам і запрашала на прыём выбітную гарадзенскую пісьменніцу Элізу Ажэшку.


Марта Красінская.


Палац Красінскіх звычайна маркіруюць стылем мадэрн, хоць тут, мабыць, слушней казаць пра польскі архітэктурны рамантызм. Шыкоўныя каменныя цокаль і партал дома надаюць яму манументальнасць. Незвычайна прыгожая каменная галерэя, нажаль, часткова закладзеная цэглай. Гэтыя дэталі робяць асабняк унікальным у маштабе ўсёй Беларусі аб'ектам.

У Свіслачы размешчаны яшчэ вельмі цікавы і даволі буйны драўляны дом у так званым закапанскім стылі, пабудаваны ў перыяд 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя.

Фрагмент 21. Леў рэвалюцыі пра Брэсцкі мiр

Брэсцкі мір — гэта пагадненне паміж так званымі Цэнтральнымі дзяржавамі, у блоку якіх кіравала Германская імперыя, і Расіяй, якая ўжо ўзначальвалася бальшавікамі, што якраз уступілі на шлях прызнання іх актарамі ў сістэме міжнароднай палітыкі. Дамова была заклікана забяспечыць мір паміж Нямеччынай і Расеяй, які дазволіў бы кіраўнікам першай засяродзіць сілы на заходнім фронце, а лідэрам другой выйсці з бітваў Першай сусветнай вайны і засяродзіцца на ўнутраных канфліктах.

Дагавор быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года, у Брэсце над Бугам. Пра гэту эпахальную падзею, значэнне якой знаходзіцца ў тым жа шэрагу, што і значэнне Брэсцкай уніі 1596 года, можна расказваць доўга і з запалам. Аднак у рамках гэтай кароткай нататкі аўтар не будзе спрабаваць падрабязна асвяціць усе хітраспляценні эпапеі Брэсцкага мiру, а толькі дасць слова аднаму з галоўных яго архітэктараў, вядомаму як «Леў рэвалюцыі», гэта значыць Лейбе Давідавічу Бранштэйну, інакш званаму Леў Троцкі. Мяркуючы па аналізе пошукавай статыстыкі інтэрнэту, зараз публіку нашмат больш цікавіць кіно пра Льва Давідавіча, чым яго кнігі, хоць рэвалюцыянер пісаў шмат, і мог бы, будзь ён жывы, пахваліцца не толькі парнаграфічным лістом жонцы, але і цэлымі тамамі сваіх твораў.


Леў Троцкі ў перыяд працы над Брэсцкім мiрам.


У адной з кнiжак Троцкага, а менавіта першай частцы працы «Савецкая Рэспубліка і капіталістычны свет» можна прачытаць наступныя радкі:

«Брэст-Літоўскія мірныя перамовы — у наш хуткі час — адышлі ўжо ў вобласць далёкага мінулага. У Брэст-Літоўск мы адпраўляліся для таго, каб заключыць мір. Чаму? Бо ваяваць не маглі. На нарадзе прадстаўнікоў фронту мы зрабілі папярэдне анкету, выснова якой была зусім ясная: войска не жадае і не можа ваяваць. Вывад гэты быў, зрэшты, толькі фармальным пацверджаннем цалкам відавочнага факта. Салдаты, абуджаныя рэвалюцыяй, адноўленыя ёю супраць імперыялістычнай вайны, якія не паспелі яшчэ ні перадыхнуць, ні тым больш разабрацца ва ўсёй складанасці сусветнай абстаноўкі, не хацелі больш ніводнага лішняга дня заставацца ў акопах. Раз мы не маглі весці вайну, — мы вымушаны былі заключыць мір. Але ў той самы час мы імкнуліся выкарыстоўваць самi перамовы ў мэтах міжнароднай рэвалюцыйнай прапаганды.

Сапраўды, Брэст-Літоўская канферэнцыя была самай мудрагелістай камбінацыяй, якую магла стварыць гісторыя: з аднаго боку стала — прадстаўнікі магутнага тады мілітарызму, наскрозь прасякнутага пераможным салдафонствам, каставай напышлівасцю і найвялікшай пагардай да ўсяго не праўдзіва гогенцолерна-пруска-нямецкага; з іншага боку — прадстаўнікі пралетарскай рэвалюцыі, учорашнія эмігранты, якія ў Берлін Гогенцолерна заязджалі няйначай, як з фальшывым пашпартам у кішэні.

Пасля нашай фармальнай капітуляцыі ў Брэст-Літоўску германскі імперыялізм не пратрымаўся і 9 месяцаў. Гісторыя даставіла нам добры рэванш — пакуль яшчэ, праўда, далёка не поўны: па-першае, партыя Лібкнехта і Люксембург не вырвала яшчэ ўлады з рук лёкаяў, якія часова прыйшлі на змену гаспадарам; па-другое, пераможцы нашых былых пераможцаў яшчэ не пераможаны.

Англа-французскі імперыялізм яшчэ не толькі жывы, але і небяспечны. Германскі імперыялізм уступіў з намі ў перамовы, бо спадзяваўся пакарыць нас без працы. Англа-французскі імперыялізм не верыць сабе і таму баіцца нас. Калі для таго, каб перакуліць аўстра-германскі імперыялізм, гісторыі спатрэбіўся этап Брэста, то гэта зусім не значыць, што, адыходзячы ад Брэста, англа-французскія драпежнікі адыдуць ад гібелі. Гісторыя вынаходлівая, і ў распараджэнні яе маецца шмат метадаў і сродкаў, а мы не дактрынёры і ахвотна прымем гібель нашых ворагаў, незалежна ад таго, у якім выглядзе яна абрынецца на іх галовы».

У гэтым тэксце Леў Давідавіч, вядома ж, дэманструе выдатны прыклад класавай нецярпімасці і вялiкай рашучасці змагацца з калектыўным Захадам, які, у дадзеным выпадку, пазначаны як нейкая група буржуазных прыгнятальнікаў, але сутнасна Троцкі тут выглядае апалагетам усё той жа ідэі вайны Расіі і Еўропы, якая ніяк не можа канчаткова застацца толькі прадметам вывучэння гісторыкаў, таму што час ад часу атрымлівае плоць і кроў у выглядзе рэальных сутыкненняў.

Так ці інакш, Льву Давідавічу не ўдалося ўбачыць гібель «англа-французскіх драпежнікаў», і справа нават не ў тым, што і праз сто гадоў пасля стварэння яго тэксту гэтыя драпежнікі працягваюць квітнець. Можа, калі б Троцкі меў магчымасць пражыць столькі ж, колькі старазапаветны Ной, то і дачакаўся, нарэшце, падзення праклятых буржуа — хто ведае. Аднак сам Леў Давідовіч пазбавіўся, як вядома, нават тэарэтычнага шанцу паставіць рэкорды і здзівіць герантолагаў, з прычыны гібелі ад рук… не, не класава чужых імперыялістаў, а агента яго былога паплечніка, таварыша Сталіна.

Што да Брэсцкага мiру, то тут Троцкі, на думку аўтара, разыграў нядрэнную камбінацыю і ў выніку перамог у Грамадзянскай вайне, замацаваўшы ўладу бальшавікоў. Пераможцаў не судзяць — кажуць людзі, хаця тут успамінаецца яшчэ адзiн, у свой час папулярны выраз: «Хлусіць, як Троцкі!»

Загрузка...