Пасля захопу Гродна нямецкімі войскамі, у перыяд Першай сусветнай вайны, новая адміністрацыя, натуральна, пачала ўладкоўвацца на падкантрольных тэрыторыях, аднак хісткасць яе становішча была відавочна самім нямецкім вайскоўцам.
Адным з важных элементаў своеасаблівай нармалізацыі гарадскога жыцця стаў выпуск нямецкамоўнай газеты «Grodnoer Zeitung», у якой аўтары, з майстэрствам вопытных журналістаў, сталі ўпісваць горад у кантэкст нямецкай нацыі, паказваючы на розныя нямецкія сляды ў горадзе над Нёманам. Увага чытача звярталася і на прозвішча Антонія Тызенгаўза, і на помнікі гродзенскiх лютэранскiх могілак, і на іншыя элементы, якія можна было больш-менш арганічна ўбудаваць у новую, нямецкую культурную парадыгму горада. Гэтыя нататкі могуць выклiкаць немалую цікавасць у гісторыкаў, бо змяшчаюць некаторыя ўнікальныя звесткі. У дадзенай кнізе аўтар прысвеціць тры главы цытатам з «Grodnoer Zeitung». Гэта першая такая глава, у якой апісваецца, сярод іншага, штурм горада:
«Падчас вайны часта даводзіцца чуць, што яна часам здаецца сном тым, хто яе перажывае, чуць гэта ад людзей, якія ў цэлым схільныя думаць цалкам цвяроза і сапраўды разумна. Цалкам можа быць, што ад нязвыкласці, прыўнесенай у быццё людзей магутнымі вонкавымі перажываннямі, многія адчуваюць больш, чым раней, снавіцкую мімалётнасць нашага быцця. Кожны раз, калі я зноў бачу Гродна, я адчуваю ілюзорнасць нашага існавання. Адчуваю ўжо ад дрыжачага чыгуначнага маста, які мы працягнулі высока над Нёманам і яго глыбокай далінай, на месцы старога, узарванага рускага маста, гэтага некалі дзівоснага цуду тэхнікі, для завяршэння якога французскім інжынерам, пры цары Аляксандры, спатрэбілася шмат гадоў. Нашы першаадкрывальнікі пабудавалі новы за некалькі тыдняў.
Калі праязджаеш міма Гродна па высокай арцы маста, успамінаецца Таледа або любое італьянскае горнае мястэчка, якое бачыш ужывую або на малюнках, але яшчэ больш, чым ад чыгуначнага маста, уражанне фантастычнасці ўзнікае ў гэтым горадзе, калі падняцца на вышыню насупраць яго. На другім беразе Нёмана — Мемеля, як мы называем гэтую раку, якая тут больш, чым звычайна, падобная да нашага Мозеля, ёсць пляцоўка перад старой драўлянай сінагогай, якая вянчае ўзгорак, як вялікая, абветраная, футравая шапка. Тут адкрываецца лепшы від на Гродна. Горад быццам у сне ўстае перад табой і проста праплывае міма цябе, калі ты закрываеш вочы.
Такім ён уяўляўся войскам генерала Шольца, якія ўзялі яго і Гродзенскую крэпасць у першыя дні верасня 1915 года. Нібы міраж, ён узнікаў перад імі па меры таго, як нашы падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Гэта, мабыць, было ашаламляльна, цудоўнае відовішча для надыходзячых людзей, калі вобраз гэтага горада вырастаў перад іх вачыма на фоне вогненна-чырвонага неба пад грукат узарваных непрыяцелем крэпасцяў і мастоў.
Мясцовыя жыхары і іх хатняя жывёла на фоне ўзарваных мастоў.
Пасля таго, як жалезнае кальцо крэпасцяў вакол Гродна было разарванае нашай цяжкай артылерыяй, любымі дзеткамі закаранелага халасцяка Шольца, яго пераможнае, надыходзячае войска ўжо было не спыніць. Нехта з афіцэраў, якія атачалі Шольца, сказаў, што калі ён імчаўся наперад, у яго заўсёды ў галаве гучала салдацкая песня Эйхендорфа (нямецкі пісьменнік прым. Я.А.).
Трэба аддаць належнае рускім, рэдка яны так па-майстэрску перараблялі храмы пад свой архітэктурны стыль, як тут, у Гродне. Напрыклад, стары каталіцкі сабор на галоўнай плошчы, да таго, як яго перарабілі ў праваслаўны, не мог выглядаць прыгажэй. Яго блакітныя купалы-цыбуліны з залатымі навершамі глядзяць на нас, немцаў, як галоўная карцінка дзіўнай кнігі казак.
Асабліва зімовымі вечарамі, калі праязджаеш міма яго на бразгаючых санях, ён робіць незабыўнае, дзіўнае ўражанне.
Рускія любяць колеры. Кожны, хто праехаў па іх краіне, памятае чырванаватую, бледна-зялёную або бледна-сінюю фарбу, якой яны афарбоўваюць свае грамадскія будынкі. Вядома, яны не заўсёды ўдала падбіраюць колеры. Але тут, у Гродне, яны ў асноўным добра справіліся. Капліцы, якія яны перарабілі або пабудавалі для сваіх службаў, як рознакаляровыя куфэркі са скарбамі, з зялёнымі ці залатымі купаламі і зіготкімі крыжамі з перакладзінамі, раскіданыя па ўсім горадзе.
Адзінае, што расчароўвае ў Гродне, дык гэта яго замак. Гэты замак Гродна, пра які столькі чуў гісторык. Як збудаванне, яно зусім не адпавядае свайму цудоўнаму размяшчэнню высока над Мемелем. Аўгуст Моцны святкаваў тут, Пётр Вялікі напіваўся тут, шведскі кароль Карл XII прыдумляў тут новыя баявыя планы, і ў ім бедаваў і адрокся ад стальца апошні кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст.
Вецер гэтых слаўных падзей не вее вакол корпуса, які празаічна выглядае і пафарбаваны звычайным, жоўтым колерам. На тым жа месцы, раней была забаўляльная альтанка, у якой каралеўскія госці замка віталі ігрыстым віном заходзячае на Захадзе, над самым Нёманам, сонца.
У садзе перад замкам, які нашы салдаты толькі трохі даглядалі і ў якiм вы можаце атрымліваць асалоду гледзячы на лясiстыя вяршынi Мемеля, ёсць просты абеліск, немудрагелісты, як выпадковая паэма, пастаўлены ў памяць аб візіце кайзера Вільгельма II.
І Новы замак, пабудаваны Аўгустам Моцным побач са Старым, таксама не радуе. Ён пабудаваны занадта позна, для таго, каб ствараць хараство, таму што з 1797 абодва замка выкарыстоўваліся рускім урадам толькі ў ваенных мэтах.
Рускі губернатар жыў у самым прыгожым будынку Гродна, так званым замку Тызенгаўза (Schloss von Tyzenhaus). Чалавек, які насіў гэтае нямецкае імя, з'яўляўся апошнім рэгентам (Reichsverweser) апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста.
Відаць, гэта быў незвычайна разумны, адукаваны і энергічны чалавек, якому горад абавязаны сваім тэатрам, сваімі садамі, карацей, большай часткай таго, што яго ўпрыгожвае і сёння, за што горад і ўзнагародзіў яго: у фарным касцёле знаходзіцца выкананы з густам кенатаф Тызенгаўза.
Дымлівыя руіны яго велічнага палаца прыняў пераможны генерал Шольц, які загадаў сваёй артылерыі абараняць грамадскія будынкі горада, але ўжо не мог выратаваць гэты лепшы. Кажуць, што рускі губернатар загадаў спаліць свой замак, каб прымусіць знікнуць з паверхні зямлі відавочна сумнеўныя дакументы яго самога і яго папярэднікаў. Варварская, але разумная працэдура.
Старую каралеўскую рэзідэнцыю Гродна ад горада аддзяляе глыбокая цясніна, праз якую працякае ручаёк з назвай Гараднічанка, якая пераклікаецца з назвай горада і ўпадае ў Мемель ніжэй Старога замка. Гэтая цясніна, забудаваная абветранымі, чорнымі, драўлянымі хатамі, таксама надае гораду рамантыкі. Гэта нагадвае Гранаду. І наўрад ці можна здзівіцца, калі летам з нор і сховішчаў вылезуць цыганы, але ледзяны вецер, які праносіцца па гэтай бяссонечнай даліне зімой, адпужвае ўсіх, у каго няма двара, поўнага дроў, каб тапіць паўгода. Ён бязлітасна і сурова важдаецца вакол старажытнай Каложскай капліцы і пустога замка, якія над цяснінай гутараць адно з адным аб мінулым і няпэўнасці будучыні».
Сярод магнатаў Рэчы Паспалітай, па-за ўсякім сумневам, былі людзі высакародныя і ўзнёслыя, але неверагоднае багацце, якое даставалася арыстакратам паводле права нараджэння, мякка кажучы, не заўсёды штурхала да гарманічнага развіцця годнай асобы.
Нярэдка гралі сваю ролю і спадчынныя захворванні, якія ператваралі надзеленых велізарнай уладай вар'ятаў у вялікую небяспеку для людзей навокал, як гэта было ў выпадку князя-маньяка Марціна Радзівіла з Чарнаўчыц.
Безумоўна менш небяспечным, але, бадай, не на многа менш дзіўным быў князь Януш Аляксандр Сангушка. Гэты магнат, пасля смерці бацькі Паўла Караля, з'яўляўся гаспадаром вялiкай Астрожскай ардынацыі (непадзельнага маёнтка), якая ўключала больш за два дзесяткі гарадоў і некалькі сотняў вёсак, і, хоць князь з роду Гедэмінавічаў саступаў найбагацейшаму магнату Рэчы Паспалітай, Міхаілу Радзівілу «Рыбаньцы», Януш Аляксандр, па-за ўсякім сумневам, уваходзіў у лік найболей забяспечанай шляхты Рэспублікі Абодвух Народаў.
Князь не надта любіў пакідаць радавыя маёнткі, але шырока вядомым дзіваком яго зрабіла зусім не цяга да своеасаблівага затворніцтва. Пра некаторыя цікавыя рысы незвычайнага князя чытачам раскажа яго сучаснік, берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч.
«Януш Сангушка, спярша мечнік літоўскі, а пасля маршалак надворны літоўскі, пасля смерці бацькі свайго Паўла Сангушкі, маршалка вялікага літоўскага, на ўсякія свавольствы ахвочы, асабліва выкарыстанне мужчын для амураў, і жонку сваю прыгожую, з роду Дэнгоф, полацкую ваяводзянку (дачку вояводы, заўв. Я.А.) пакінуўшы, быў на ўсякія пустыя марнаванні ласы».
Такім чынам, князь Януш з'яўляўся, бадай, найбагацейшым і найбольш уплывовым магнатам Рэчы Паспалітай сярод асоб, скажам так, нетрадыцыйнай арыентацыі. Зразумела, у асяроддзі шляхты былі аматары «амураў» з мужчынамі, але Сангушка рэзка адрозніваўся ад большасці тым, што не хаваў сваіх прыхільнасцяў. Князь, кажучы сучаснай мовай, здзейсніў камінг-аўт тады, калі гэта не было мэйнстрымам, прычым не было мэйнстрымам наогул.
Далей Матушэвіч паведамляе, што Януш перадаваў спадчынныя гарады і вёскі Астрожскай ардынацыі розным шляхціцам, парушаючы тым самым прынцып непадзельнасці маёнтка.
Януш Сангушка.
Прыцягвае ўвагу паведамленне аб асаблівым выгадаатрымальніку. Матушэвіч запісаў, што князь падарыў:
«Каролю Шыдлоўскаму, мечніку смаленскаму, свайму фаварыту і каханку, горад Казмін (Kozmin) і 17 вёсак».
А што вы, дарагія чытачы, дорыце сваім «палавінкам»? Аўтар гатовы спрачацца, што нікому з вас не даводзілася ў літаральным сэнсе дарыць сапраўдны горад.
Ну а што ж звязвала Януша Сангушку з Гродна? У горадзе над Нёманам бацька Януша Павел Кароль узвёў, не без пэўнай цяганiны, палац, які перайшоў пазней сыну. Акрамя таго, гомасэксуальны князь валодаў каменнай карчмой на галоўнай плошчы горада. Рэшткі гэтага дома, уключаныя пры пазнейшых перабудовах у новы будынак, памылкова называюцца зараз палацам Сангушак. Аб'ект мае адрас: вуліца Савецкая, дом 1.
Шалёны марнатраўца і аматар забароненага кахання, князь Януш, не надаваў, вядома ж, асаблівай увагі сваёй гродзенскай нерухомасці, бо яна была толькі невялікай часткай яго шырокіх уладанняў, аднак часткова захаваная карчма дагэтуль можа нагадваць гараджанам аб асаблiвым «дзіваку», што застаўся ў гісторыі вельмі супярэчлівым, але па-свойму яркім персанажам.
Гісторыя комплексу будынкаў гродзенскага піўзавода, па меркаванні некаторых адмыслоўцаў, сыходзіць каранямі ў XVI стагоддзе. Вядома, што ў гэтым стагоддзі прадстаўнік знакамітага ў будучыні магнацкага роду, віцебскі ваявода Іван Багдановіч Сапега, валодаў нейкім палацам непадалёк ад галоўнай гродзенскай ракі.
У сярэдзіне XVI стагоддзя згаданы «сапяжынскі» палац ля Нёмана, які знаходзіўся ва ўласнасці вядомага палітычнага і вайсковага дзеяча ВКЛ, Астафея Багдановіча Валовіча. Гісторыкі мяркуюць, што гаворка тут ішла менавіта аб нерухомасці на месцы будучага гродзенскага піўзавода, хоць, існуюць і іншыя версіі адносна згаданай маёмасці Сапегаў.
Ранейшая сярод вядомых выяў палаца каля Нёмана, змешчана на гродзенскім плане, які датуюць 1655 годам. Мяркуючы па гэтым дакуменце, на месцы будучага піўзавода знаходзілася адносна буйная пабудова з чатырма выступамі па кутах, так званымі алькежамі. Такое архітэктурнае рашэнне з'яўлялася вельмі тыповым для шляхецкіх рэзідэнцый таго часу. Спецыялістам не зусім ясна цi быў прадстаўлены на плане аб'ект вядомым пазней каменных палацам, ці іншай рэзідэнцыяй, магчыма, драўлянай, ад якой у будучыні маглі захавацца толькі шырокія падвалы.
Мяркуецца, што мураваны палац сапраўды існаваў у перыяд 1680—1720 гадоў.
Мастацтвазнаўчы аналіз захаванага будынка дазваляе аўтару выказаць здагадку, што праектантам гродзенскага палаца з'яўляўся Тыльман ван Гамерэн — адзін з найвялікшых архітэктараў, якія працавалі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, ці нехта з яго пераймальнікаў.
З пачатку XVIII стагоддзя, пасля паражэнняў Сапегаў у грамадзянскай вайне, палац знаходзіўся ва ўласнасці іх праціўнікаў з даўняга княжацкага роду Агінскіх.
Згодна з планам пачатку XVIII стагоддзя, у тыя гады палац меў высокі дах і свайго роду вежы па краях асноўнага аб'ёму, то бок выступы-алькежы, якія ўзвышаліся над будынкам і былі накрыты шатровымі завяршэннямі.
План Гродна, як мяркуецца, пачатку XVIII стагоддзя. Па цэнтры бачны палац Агінскіх.
Рэзідэнцыяй валодаў Юзаф Тадэвуш Агінскі — троцкі ваявода. Вельмі выдатнай персонай была сястра гэтага высокага саноўніка — Алена Агінская, якая адрознівалася не толькі вялікім розумам, але і неверагоднай фізічнай сілай. Князёўна, паводле легенд, магла выйграваць рыцарскія турніры і згортвала срэбныя талеркi ў трубу голымі рукамі. Лёгка ўявіць сабе, як гэтая дзіўная жанчына наведвала брата ў яго гродзенскім палацы і паказвала свае незвычайныя ўменні.
Жонкай Юзэфа стала прадстаўніца найбагацейшага магнацкага роду, княгіня Ганна Вішнявецкая.
Ганна з Вішнявецкіх Агінская. Жонка гаспадара гарадзенскага палаца Юзэфа Агінскага.
На плане Гродна 1753 года палац адзначаны як каменны. Зафіксавана форма будынка, з двума рызалітамі па краях.
Пасля Юзафа і Ганны гродзенскім палацам валодаў іх сын — Міхаіл Казімір Агінскі. Гэты магнат стаў адным з самых вядомых прадстаўнікоў роду і адным з самых уплывовых людзей краіны. Ён ажаніўся з Аляксандрай з роду Чартарыйскіх, якая была вядома сваёй любоўю да мастацтва і картачных гульняў.
Пазней будынак перайшоў ва ўласнасць Казіміра Вальмера, вядомага ў гродзенскім павеце шляхціца і ўплывовага ў ВКЛ саноўніка.
Выгляд будынка ў канцы XVIII пачатку XIX стагоддзяў быў зафiксаваны на малюнку вядомага жывапісца Юзафа Пешкі, які адлюстраваў горад з боку сучаснага лесапарку Пышкі. На гэтым малюнку відаць, што пабудова ўсё яшчэ захоўвала сваё ўнушальнае аблічча магнацкага жылля з алькежамі-вежкамі па краях.
Аднак пазней будынак губляе былы бляск і падобна да некаторых іншых гродзенскіх палацаў перастае выконваць функцыі прадстаўніцкай рэзідэнцыі.
У 70-х гадах XIX стагоддзя будынак належаў аўстрыйскаму падданаму Юзэфу Кунцу, які і адкрыў у былым магнацкім палацы бровар.
Варта сказаць, што ў Гродне былі даўнія традыцыі піваварства. Піваварні размяшчаліся пры карчмах, а таксама ў асаблівых будынках у даліне Гараднічанкі. Займаліся піваварствам не толькі свецкія людзі, але і духоўныя асобы, якія, падобна сваім заходнееўрапейскім субратам, таксама варылі піва ў манастырскіх пабудовах. Напрыклад, броварам валодалі манахі бернардынцы, якія выраблялі пенны напой прама ў сценах манастырскага комплексу. Манахі баніфраты валодалі вялікім будынкам бровара на вуліцы Раскоша (Ажэшкі 9), а ў часы гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза быў ўзведзены бровар на высокім беразе Нёмана. Цяпер гэты будынак па адрасе Падольная 37.
План бернардынскага кляштара, ХIХ стагоддзе. Піваварня выдзелена стрэлкай.
Атрымаўшы новае, гэтым разам прамысловае прызначэнне, былы палац Агiнскiх быў значна рэканструяваны і пашыраны з дапамогай дадатковых прыбудоў. Новыя часткі будынка выконваліся ў строгім стылі, са стрыманым дэкорам, у духу так званай цаглянай эклектыкі.
Датай заснавання піўзавода Кунца лічыцца 1877 год. Прадпрымальны замежнік хутка нарошчваў магутнасці і неўзабаве выйшаў на першае месца ў горадзе па аб'ёме вытворчасці хмельнага напою.
Пасля Юзэфа піўзавод перайшоў да яго сыноў і спадчыннікаў Ігнацыя і Франца. Пазней прадпрыемства прадалі Браніславу Краткоўскаму.
У 1914 годзе завод вырабляў больш за 3 з паловай мільёны літраў піва ў год, што адпавядала больш чым 6 мільёнам бутэлек, якія ў расійскай імперыі павінны былі мець аб'ём 0,6 літра.
Нягледзячы на буйныя аб'ёмы вытворчасці піўзавод Краткоўскага меў і нямала канкурэнтаў у самім Гродне, у прыватнасці: бровары Рахілі Андрэс і Лейбы Слуцкага.
У 20-х гадах ХХ стагоддзя піўзавод знаходзіўся ва ўласнасці Юдэля Марголіса.
У 30-х гадах таго ж стагоддзя піваварная вытворчасць належала прадпрыемству найбагацейшага габрэйскага камерсанта з Варшавы — Гарацыя Гелера, які да таго часу ўжо сканаў. У гэты перыяд якасць гродзенскага піва стала вышэйшай.
За савецкім часам прадпрыемства працягвала працу, якая не спынялася і пасля распаду СССР.
Гарадзенскі піўзавод быў зачынены ў 2007 годзе.
Новае жыццё старажытнага аб'екта, які змяніў столькі розных гаспадароў, пачалося ў 20-х годах ХХI стагоддзя.
Аўтар меў магчымасць накіраваць свае прапановы адносна рэстаўрацыі будынка, якая якраз ідзе падчас напісання кнігі, у міністэрства культуры, а таксама самім гаспадарам і рэстаўратарам. Асноўнымі пунктамі гэтых прапаноў можна назваць адкрыццё старажытных арак і ўзвядзенне купалаў над уключанымі ў асноўны аб'ём алькежамі. Да моманту выдання гэтай кнігі аркі ўжо адчыненыя, але ўзвядзенне купалоў, вядома ж, запатрабуе ад навуковых кіраўнікоў значна больш адвагі. Якім будзе вынік адраджэння гэтага важнага для культуры краіны будынка як звычайна пакажа час.
Яшчэ адна глава, якая ўключае цытаты з газеты «Grodnoer Zeitung». На гэты раз прыведзены аповяд аб праектах выкарыстання мясцовай мінеральнай вады.
«Пры правядзенні буравых работ дзеля пошуку падземнай вады з мэтай забеспячэння горада Гродна ідэальнай пітной вадой, на Мемелі знойдзена жалезістая крыніца, якая залягае ў зямлі на глыбіні 40 метраў і мае тэмпературу 8 градусаў, і паднімаецца на 4 метры над зямной паверхняй.
Знаходка — пэўная крыніца жалезістай вады і яна здольная канкураваць з лепшымі такімі водамі з тых, што ёсць у нас у Нямеччыне. Крыніца складаецца з растворанага ў вадзе вуглякіслага жалеза (kohlensaurem eisen) у спалучэнні з вялікай колькасцю вугальнай кіслаты.
Колькасць месцаў для купання з прыроднымі жалезістымі водамі дастаткова вялікая. Вядомымі месцамі з'яўляюцца Пірмонт (Вальдэк), Кудава, Райнерц (Сілезія), Эльстэр (Саксонія), Лібенштайн (Майнінген), Спа (Бельгія) і як самы вядомы Швальбах Насаў. Утрыманне вуглекіслаты ў гэтых крыніцах рознае, гэта ў Пірмонце 0,077, Кудове 0,035, Райнерцы 0,05, Эльстэры 0,08, Лібенштайне 0,01, Спа 0,07 і Швальбахе 0,08. Абследаванне крыніцы ў Гродне паказала, што састаў вады аналагічны саставу вады ў Швальбаху.
Крыніцы Швальбаха, якія бяруць пачатак у Хунсруку, вядомыя з XVI стагоддзя, і веданне іх гаючых уласцівасцяў, якое iдзе з таго часу, таксама тлумачыць незвычайную папулярнасць гэтых купалень.
Ці мусіць Гродна атрымаць такі ж статус курорта, як Швальбах у мінулым? Нам даўно вядома, што мясцовасць багатая на мінеральныя воды, у Друскеніках нават знайшлі гаючыя радыевыя крыніцы. Утрыманне жалеза магло б дапамагчы курорту жыць, таму сёння ў цэнтры ўвагі знаходзіцца колькасць радыю ў крыніцы, і можна спадзявацца, што мы таксама зможам знайсці тут ваду, якая змяшчае радый.
Са спрадвечных часоў з водамі, багатымі мінераламі, звязвалі сагі і легенды, з'яўленне крыніцы лічылася цудам, таму што яго дзеянне лічылася дабром. Легенда аб Рэйнгольдзе (Золата Рэйна — опера Рыхарда Вагнера. Заўвага Я. А.) таксама заснавана толькі на сцвярджэнні, што воды Рэйна нясуць золата. Фарміраванне легенд, злучанае з такімі гаючымі крыніцамі, носіць сістэматычны характар. Засталося даведацца, ці створаць нашы бедныя паэзіяй часы міф аб гарадзенскіх жалезістых крыніцах».
Антоній Тызенгаўз не раз станавіўся героем асобных кніг і не толькі гістарычных, але і мастацкіх. Тут мы паспрабуем звярнуць асаблівую ўвагу на тэатральныя і музычныя праекты падскарбія надворнага літоўскага, дзякуючы якім сучасныя беларусы маюць права на асаблівы гонар за дасягненні іх земляка.
Найперш гаворка пойдзе пра найстарэйшы будынак тэатральна-музычных школ Беларусі, гэта значыць, у некаторым сэнсе, прабабулю ўсіх беларускіх тэатральна-музычных школ, у тым ліку і вышэйшых. Аднак ёсць і іншыя вельмі цікавыя дэталі гэтай гісторыі! Паводле даследаванняў аўтара, гродзенская школа гэта найстарэйшы будынак сярод музычных і тэатральных школ Рэчы Паспалітай, і адзін са старэйшых такіх будынкаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе! Чым не нагода для гонару!
Дык што ж такога асаблівага ў гэтай навучальнай установе? Паспрабуем разабрацца.
Музычная і тэатральная адукацыя ў Польшчы і Рэчы Паспалітай, вядома, не была нечым неверагодным. Музыкай і тэатрам займаліся ў розных навучальных установах, у прыватнасці, такія заняткі актыўна праводзіліся ў езуіцкіх калегіумах на тэрыторыі будучай Беларусі. Аднак у краіне не існавала асобнай школы, са сваім будынкам і выкладчыцкім калектываам, прызначанай менавіта для падрыхтоўкі артыстаў, гэта значыць правобразу будучых кансерваторый і тэатральных школ.
Артысты ў ВКЛ і Польшчы часта былі замежнікамі, акрамя таго, у школьных і магнацкіх тэатрах ігралі непрафесійныя акцёры, нярэдка i шляхетскага паходжання.
Крывая афіцына. Першапачатковы від і фота 2010 года.
У другой палове XVIII стагоддзя магнацкія тэатры былі адным з галоўных лакаматываў тэатральнага і музычнага мастацтва Рэчы Паспалітай, і тут магнаты ВКЛ не саступалі польскім, а хутчэй нават пераўзыходзілі іх.
Вядома, што ў 60-я і 70-я гады XVIII стагоддзя актыўныя і адукаваныя людзі, схільныя да рэфарматарскай дзейнасці, а менавіта: Міхаіл Казімір Агінскі і Антоній Тызенгаўз, заснавалі адпаведна ў Слоніме і Гродне, школы для артыстаў сваіх тэатраў. Гэта быў прарыўны эпізод па мерках культуры ўсёй Рэчы Паспалітай. У Польшчы ў гэты час яшчэ не было сваёй «кансерваторыі».
Нажаль, ад палаца і іншых пабудоў Агінскага ў Слоніме амаль нічога не засталося. А вось будынкі тэатральнай і музычнай школы Тызенгаўза да гэтага часу ўпрыгожваюць адну з цэнтральных плошчаў Гродна, названую ў гонар самога алігарха.
Пасля падзення Тызенгаўза яго школа была пераведзена ў Паставы і выпусціла некалькі выдатных майстроў, напрыклад, Міхала Рымінскага, які, на думку польскіх спецыялістаў: «najwybitniejszy polski tancerz baletowy XVIII wieku».
Варта адзначыць і еўрапейскі досвед стварэння такіх школ. Напрыклад, правобраз Парыжскай кансерваторыі быў адкрыты толькі ў 1784 годзе, а Венскай кансерваторыі ў 1817 годзе. Так што пачынанні Тызенгаўза сапраўды былі неверагодна прагрэсіўнымі па мерках усяго Старога свету. У Расійскай імперыі прафесійнай музычнай адукацыі ў тыя гады яшчэ не было.
Узровень выкладання ў школе Тызенгаўза быў дастаткова высокім. Вучні асвойвалі клавішныя, духавыя і струнна-смычковыя інструменты. У праграму ўваходзілі таксама спевы, нотная грамата і тэорыя музыкі. Вялося выкладанне танца. Выкладчыкамі школы былі скрыпач Л. Сітанскі, італьянскія балетмайстры — браты Пецінэці і іншыя вопытныя артысты.
Пасля апалы Антонія Тызенгаўза ў 1780 годзе, тэатральна-музычная школа была пераведзена ў Паставы.
Захаваны ў Гродне комплекс будынкаў тэатральна-музычнай школы складаецца з ужо згаданай Крывой афіцыны і найблізкага флігеля — «афіцыны музыкаў». У перыяд 40-50-х гадоў XIX стагоддзя, Крывая афіцына была значна перабудавана. Будынак атрымаў трэці паверх. Галоўны фасад дэкарыраваны высокімі дарыйскімі пілястрамі, філёнгамі і цягамі. Вокны першага паверха маюць апраўленні з разеткамі і замкамі, вокны другога — апраўленні з сандрыкамі, а вокны трэцяга — простыя апраўленні. Фасад вянчае атык, у цэнтральнай частцы якога размешчаны авальны праём, з ляпной гірляндай вакол. Прыватныя ўладальнікі будынку здавалі яго ў арэнду.
Цікава, што экстэр'ер «музычнай афіцыны» максімальна набліжаны да эпохі Тызенгаўза, хоць і не цалкам арыгінальны, а вернуты ў выніку рэстаўрацыі, бо ў часы Расійскай імперыі будынак быў перабудаваны ў стылi класіцызму. І яшчэ дзіўны факт — у былой афіцыне музыкаў да гэтага часу выкладаюць музычнае і тэатральнае мастацтва: там знаходзіцца спецыяльная дзіцячая школа імя Тызенгаўза, гэта значыць будынак выкарыстоўваецца па прамым прызначэнні, як гэта было ў 70-я гады XVIII стагоддзя!
Як вядома, прыналежнасць тэатра, які знаходзіцца паблізу ад Крывой афіцыны, часта вызначаюць няправільна, называючы будынак «тэатрам Тызенгаўза». Насамрэч гэты старажытны тэатр пабудаваны пляменнікам караля, князем Станіславам Панятоўскім.
Цікава, што тэатр павінен быў размяшчацца на даволі вялікай адлегласці ад галоўнага палаца Гарадніцы, такім чынам, Тызенгаўз планаваў зрабіць хутчэй не класічны прыдворны «тэатр пры палацы», а паўнавартасны публічны тэатр, даступны абывацелям, якія маюць уваходны білет. Паводле даследаванняў аўтара, тэатр планаваўся прыкладна на месцы будынка па адрасе Ажэшкі 4. Мяркуючы па планах Гарадніцы, тэатр, які называецца «operhaus», павінен быў быць звязаны ў адзіную кампазіцыю з суседнімі будынкамі. Справа ад яго планавалі размясціць даволі буйны бровар, што пераўзыходзiў тэатр плошчай, а справа ад бровара планавалі ўзвесці будынак шпіталя, які павінен быў мець аналагічную тэатру плошчу, і, як можна меркаваць, мастацкае рашэнне, цалкам аналагічнае рашэнню тэатральнай пабудовы. На думку аўтара, даволі лагічнай будзе гіпотэза аб тым, што такі праект тэатра пазней выкарыстоўваў князь Станіслаў. Так з'явіўся будынак, вядомы ў горадзе як тэатр лялек і тэатр Тызенгаўза. Разам з асноўным корпусам і манежам яны склалі самы вялікі, па займаемай плошчы, палац ВКЛ, сярод цалкам пабудаваных у XVIII стагоддзі. Што да рэальнага тэатра Тызенгаўза, гэта значыць «оперхауса» і суседніх з ім будынкаў, то легенда плана 1780 кажа пра іх як аб пабудаваных. У любым выпадку, ужо на пачатку XIX стагоддзя гэтыя будынкі не існавалі.
План Гарадніцы 1780 года. Оперхаус (крайні справа) і суседнія будынкі.
Няма сумневаў, што трохi шалёны граф Тызенгаўз рэалізоўваў неверагодныя па размаху праекты, назаўжды ўпісаўшы сваё імя ў гісторыю Беларусі. І далёка не на апошнім месцы, сярод яго дасягненняў, стаіць стварэнне тэатральна-музычнай школы.
Цяпер мастацтва акцёраў і спевакоў прыносіць мільярды долараў, дзякуючы небывала развітай індустрыі забаў. І раз менавіта на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца будынак адной са старэйшых школ сярод усіх тэатральных і музычных навучальных устаноў Еўропы, то беларусам безумоўна варта ганарыцца такім аб'ектам і прыцягваць да яго ўвагу турыстаў.
Рускія самадзержцы, якія насілі царскі тытул, не раз бывалі ў Гродне. Варта разгледзець гэтыя адметныя візіты бліжэй.
Першым рускім царом, які наведаў Горад халмоў, меркавана быў палонны цар Васіль Шуйскі. У гістарычнай літаратуры ёсць смутныя ўказанні, што паланёны польска-літоўскім войскам цар і яго браты нібыта дастаўляліся ў розныя гарады ВКЛ, перш чым трапілі ў Варшаву, і адным з пунктаў пражывання палонных называецца Гродна. Улічваючы, што Гродна з'яўлялася лагічным прамежкавым пунктам паміж Масквой і Варшавай версія знаходжання зрынутага расійскага манарха не выглядае неверагоднай, аднак звесткі спецыялістаў, па гэтым пытанні, на момант выдання кнiгi, вельмі скупыя. Калі цар сапраўды спыняўся ў Гродне, то можна даволі ўпэўнена меркаваць, што яго пасялілі ў Старым замку, які выдатна падыходзіць для ўтрымання такога палоннага. Калі Шуйскі нейкі час утрымліваўся ў горадзе над Нёманам, то своеасаблівы рэванш Расіі, якая ўзяла ў палон польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, выглядае асабліва цікава, улічваючы, што каранаваны польскі палонны жыў там, дзе некалі трымалі дэтранізаванага расійскага ўладарца.
Васіль Шуйскі.
З усіх рускіх цароў больш за ўсё часу ў Гродне правёў, па-за ўсякім сумневам, манарх, які быў яшчэ і валадаром Рэчы Паспалітай. Размова пра Уладзіслава Вазу, які насіў не толькі тытулы польскага караля і вялікага князя літоўскага, але таксама фармальна з'яўляўся і расійскім самадзержцам.
Уладар ВКЛ, які паходзіў са шведскай каралеўскай дынастыі, вырашаў у Гродне важныя палітычныя, і не зусім палітычныя, пытанні, напрыклад, сустракаўся з пасламі Венецыянскай рэспублікі, спрачаўся з жонкай Цэцыліяй Габсбург (пра гэта можна прачытаць у дзённіку канцлера ВКЛ Альбрэхта Радзiвiла) i нават, па чутках, меў сярод гараджанак палюбоўніцу габрэйку.
Візіт у Гродна Пятра I з даўніх часоў выклікаў увагу гісторыкаў і краязнаўцаў. Напрыклад, у нямецкамоўнай прэсе, якая выходзіць у перыяд захопу Гродна кайзераўскімі войскамі, паведамляецца, што «цар Пётр піў» у Старым замку. А гродзенскі гісторык міжваеннага перыяду Юзаф Ядкоўскі пісаў, што цар нібыта глядзеў у Гароднi спектакль езуіцкага тэатра, быў вельмі задаволены і прасіў выпусціць на сцэну чарцей.
Менш легендарныя звесткі гавораць аб тым, што расійскі самадзержац удзельнічаў у Гродне ў перамовах з Аўгустам Моцным. Як паведамляецца ў амаль кожным больш-менш буйным нарысе аб гісторыі гродзенскага езуіцкага касцёла, Пётр і Аўгуст бралі ўдзел у асвячэнні гэтага выдатнага барочнага храма. Дакладна вядома, што ў Гродне Пётр планаваў ваенныя аперацыі супраць Швецыі і… пісаў лісты. Адным з адрасатаў гродзенскіх лістоў быў першы губернатар Масквы Ціхан Страшнёў.
У 1708 годзе цар з цяжкасцю выратаваўся з Гродна ад надыходзячых шведаў, на чале якіх быў сам Карл XII. Як пісаў пра гэта ўдзельнік падзеяў, менскі стараста Кшыштаф Завіша:
«У Гродне шведскі кароль асабіста разам з шасцю сотнямі кавалерыстаў захапіў мост і шэсць маскоўскіх палкоў з горада прагнаў. Сам цар і Меньшыкаў збеглі адтуль за некалькі гадзін».
Аляксандр I — цар-ліберал, не раз бываў у Гродне. Першы візіт ён ажыццявіў яшчэ ў 1802 годзе, на самым пачатку свайго валадарання. Манарх спыніўся ў палацы Валіцкага, які захаваўся дагэтуль. Тут мы звернем асаблівую ўвагу на візіт цара, які здарыўся ў 1812 годзе. Тады манарха суправаджаў ваенны міністр Барклай-дэ-Толі і іншыя саноўнікі. Пра гэта чытачу раскажа палкоўнік Максім Пятроў, які пакінуў каштоўныя для гісторыкаў мемуары.
«Прыбыўшы ў Гродна полк наш заняў каравулы як гарадавой, так і імператарскай кватэры пры дзяжурстве маім, на ўвесь час. Імператар прыбыў у Гродна напярэдадні вечара 17 мая. У ноч перад аглядамі я быў неадлучна пры ганаровай варце гасудара і ўвесь час правяраў пасты вонкавага ланцуга, начной кватэры і ўнутраныя — да спальні імператара. Перад узыходам сонца я прыйшоў паглядзець на прыбіральнявых вартавых унтэр-афіцэраў, якія стаялі каля дзвярэй перад спальняй гасудара. Служкі Яго Вялікасці былі ўжо на нагах, рыхтуючы адзенне імператара.
Усе яны былі поўныя ўзорнай ветлівасці, якую я ведаў яшчэ па службе ў Пецярбургу, асабліва ў званні генеральскага ад'ютанта, і за імгненне падалі ў залу на столік цудоўную каву і бісквіты, кажучы, што мне трэба падмацаваць сябе.
Добра паснедаўшы ў бацюшкі цара майго, я звярнуў асаблівую ўвагу на абутак імператара. Бачу, што стаяць на крэсле падрэйтузныя яго паўбоцікі і на іх ляжаць анучы са шчыльнага, ільнянога палатна, з якога шыюць кашулі салдат гвардыі. Я спытаў у дзеншчыка гасудара:
— Ці бацька наш не па частцы панчох?
Служыцель адказаў, што гасудар ужо тры гады замяняе панчохі анучамі з-за сухіх мазалёў.
— Спачатку было ў нас шмат клопату, — дадаў ён, — бывала мы абвязвалі-абвязвалі, круцілі-круцілі каля ступняў, але або пятка свеціцца, або палец выглядае, але добра, што хутка здагадаліся спытаць старога салдата-гвардзейца, які тыдзень пры нас жыў і вывучыў нас усіх абувацца і абуваць гасудара, з добрым спрытам, у гэтыя анучы, ахайна і зручна для ног. Так што гасудар цяпер больш не мае намеру насіць панчохі».
Далей Пятроў паведамляе, што таксама пераняў звычку цара насіць анучы, ці кажучы больш звыклай нам мовай, выкарыстоўваць парцянкі.
Наступны рускі цар, званы Аляксандрам, гэтак жа наведваў Гродна. Выратаванне Аляксандра II ад замаху, учыненага 4 красавіка 1866 года, натхніла гродзенскіх дваран пабудаваць царкву ў гонар Аляксандра Неўскага. Месца для аб'екта было абрана не занадта ўдала: храм наштосцi прыткнулі ўшчыльную да курданёра губернатарскага палаца, то бок створанай яшчэ ў XVIII стагоддзі галоўнай рэзідэнцыі кіраўніка каралеўскімі маёнткамі ВКЛ. Імператар падзякаваў мясцовым падданым за ініцыятыву, а потым, як пiшуць, асабіста наведаў храм, пабудаваны ў гонар свайго выратавання, што праўда не змяніла лёс цара і ён загінуў падчас чарговага замаху.
Аляксандр II.
Апошні рускі цар, Мікалай II, прыязджаў у Гродна з мэтай агляду Гродзенскай крэпасці. Ваенны пісьменнік Дзмітрый Дубенскі так апісваў візіт манарха ў Горад халмоў, які адбыўся, паводле запісаў Дубенскага, 1 лістапада 1914 года.
«1 лістапада Гродна меў гонар наведвання Гасудара імператара і Гасударыні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны з найсвятлейшымі дочкамі, вялікімі князёўнамі Вольгай Мікалаеўнай і Таццянай Мікалаеўнай. Роўна ў 10 гадзін раніцы да станцыі ціха падышоў імператарскі цягнік з Івангорада. Выйшаўшы з вагона ў суправаджэнні ваеннага міністра і світы Гасудар імператар прыняў рапарты каменданта крэпасці генерала ад інфантэрыі Кайгародава і гродзенскага губернатара, світы Яго Вялікасці, генерал-маёра Шебеkо. Затым Яго Вялікасці камендантам былі прадстаўлены вышэйшыя ваенныя чыны мясцовага гарнізона, некаторыя з іх удастоіліся літасцівых роспытаў. Затым Гасудар рушыў услед у адмысловую залу, дзе Яго Вялікасці губернатарам былі прадстаўленыя вышэйшыя чыны грамадзянскіх устаноў, дэпутацыі дваранства губерні, гродзенскага гарадскога самакіравання, сялянскага насельніцтва Гарадзенскага павета і гродзенскага габрэйскага грамадства».
Далей Дубенскі паведамляе, што ў Гродне імператар паспытаў хлеб-соль, і атрымаў 5 тысяч рублёў, сабраныя горадам на ваенныя патрэбы. Манарх выказаў падзяку і ўпэўненасць у канчатковай перамозе, а 5 тысяч, відавочна, будучы правільным мужам, аддаў у карыстанне імператрыцы.
Пасля сняданку, які праходзіў паводле рэалій сучасных людзей, ужо ў абедзенны час, цар адправіўся інспектаваць 4-ы і 5-ы фарты Гродзенскай крэпасці і ўвечары вярнуўся ў цягнік. Візіт цара, зразумела, мала чым мог дапамагчы будаўніцтву крэпасці, якое так і не было завершана ў момант удару нямецкіх войск. Вядома, што немцы без якіх-небудзь вялікіх цяжкасцей адкінулі расійскае войска і занялі Гродна.
Мікалай II у Гродне. Наведванне салдацкай зямлянкі.
На працягу стагоддзяў Гродна наведвалі ўладары розных еўрапейскіх дзяржаў, і як можна зразумець з вышэйпададзенага тэксту, зазіралі ў горад над Нёманам і расійскія манархі, прычым тут, як ужо мог пераканацца чытач, з імі адбываліся самыя розныя рэчы, ад прыемных да вельмі небяспечных.
Пасля аповяду аб візітах у Гродна 6-ці рускіх цароў, аўтар жадае больш падрабязна распавесці аб знаходжанні ў горадзе над Нёманам, мабыць, найболей выбітнага з іх. Гаворка, вядома ж, аб Пятры I.
Аднойчы аўтар чытаў у сацыяльнай сетцы аповед пра нейкага мужчыну, што стоячы ля аднаго з гарадзенскіх помнікаў, распавядаў маленькаму сыну якім выбітным валадаром быў Пётр I і вось таму ён, у сувязі з гэтым, уганараваны помнікам у Гродне.
— Але, пачакайце, — скажуць некаторыя чытачы, — у Гародні няма помніка Пятру!
Гэта так. Герой апавядання стаяў перад бронзавым мужчынам у трыкутцы. Нядзіўна, вядома, што для чалавека рускай культуры трыкутка і гарнітур XVIII стагоддзя азначаюць цара-рэфарматара.
— Насамрэч гэта помнік архітэктару Джузепе дэ Сака, — сказалі б многія, больш абазнаныя ў гісторыі свайго горада, гродзенцы. Гэта ўжо бліжэй да праўды… і ўсё ж тут толькі частка праўды. Чалавек у трыкутцы, які на момант напісання гэтага тэксту спакойна сядзіць на бронзавай лавачцы, усталяванай на вуліцы Ажэшкі, гэта нейкая зборная выява архітэктара XVIII стагоддзя, створаная Аляксандрам Анціпіным, гэта значыць помнік як бы яўляе і Джузепе дэ Сака, але не толькі яго аднаго…
Вяртаючыся да аматара рускай гісторыі, які ўбачыў у зборнай выяве гарадзенскага архітэктара аблічча любiмага ім расійскага самадзержца, хочацца сказаць, што гэтага чалавека напэўна парадаваў бы ніжэйпрыведзены тэкст. Аўтар гатовы паручыцца, што «чалавек ля помніка» нічога толкам i не ведаў аб знаходжанні яго куміра ў Гродне. Аднак гэты сюжэт можа быць цікавы не толькі аматарам гісторыі Расіі, бо Пётр I, гаворачы аб'ектыўна, быў выдатным персанажам усёй еўрапейскай гісторыі. І вось ужо толькі таму варта паглядзець на яго гродзенскія будні больш уважліва.
Мясцовыя гісторыкі даўно прыглядаліся да візітаў Пятра. Напрыклад, заснавальнік гродзенскага музея, Юзаф Ядкоўскі, які быў вельмі негатыўна настроены да праяў расійскай прысутнасці ў Гродне, i тым не менш палічыў неабходным апісаць візіты рускага самадзержца ў сваёй кнізе «Grodno» 1923 года.
Паводле гісторыка:
«Пётр Вялікі, знаходзячыся ў Гродне разам з Аўгустам II, наведаў кляштар айцоў езуітаў, ён захапіўся заснаваннем калегіума і, знаходзячыся ў касцёле, упаў на калені…»
Далей Ядкоўскі піша яшчэ:
«26 снежня 1699 года Аўгуст II, накіроўваючыся ў Саксонію, спыніўся ў Гродне, наведаў калегіум і касцёл Францішка Ксаверыя, а калі ў лістападзе 1705 года быў тут з царом Пятром, калегія ўшаноўвала цара абедам, а школа — тэатрам. Сам цар хацеў быць рэжысёрам і патрабаваў, каб чэрці былі ўпушчаны на сцэну. Разам з Аўгустам ІІ і сенатарамі ён прысутнічаў на асвячэнні касцёла Св. Францішка Ксаверыя біскупам хелмінскім Тэадорам Патоцкім, таксама на службе (na sumie) у дзень Св. Станіслава Косткі. Тады ён узорна стаяў з каралём у прэзбітэрыі, аднак не задаволіў просьбу рэктара Юзафа Рымгайлы суняць маскалёў, якія рабуюць усё вакол».
Цікавай дэталлю гэтага тэксту з'яўляецца згадка асвячэння гродзенскага езуіцкага храма. Цяпер, калі касцёл Францішка Ксаверыя ёсць адной з галоўных славутасцяў Гродна, пра гэты храм напісаны тысячы розных артыкулаў, змешчаных як на краязнаўчых сайтах, так і ў салідных навуковых выданнях. І практычна ўсюды паўтараецца, нібы нейкая мантра, згадка візіту Пятра і Аўгуста на цырымонію асвятчэння храма езуітаў.
У электроннай публікацыі расійскага гісторыка, прафесара Яўгена Анісімава, гэтыя звесткі прама аб'яўляюцца легендай на падставе таго, што 29 верасня 1705 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі адсутнічаў у Гродне. Аднак дата асвячэння храма, як і многія моманты загадкавай гісторыі езуіцкага касцёла, вар'іруецца ў розных публікацыях. У некаторых даследаваннях пазначана, што асвячэнне храма праходзіла ў лістападзе 1705 года. Менавіта да гэтага перыяду адносіць гродзенскія прыгоды Пятра, што нібыта выступаў рэжысёрам езуіцкага тэатра, і Юзаф Ядкоўскі, які, зрэшты, не называе дакладную дату самой цырымоніі асвячэння храма. У некаторых публікацыях датай асвячэння ўказана 6 снежня 1705 года. Тады ў Гродне быў Пётр, але вось знаходжанне Аўгуста Моцнага ў гэты дзень стаіць пад пытаннем.
Пётр I у пачатку XVIII стагоддзя. Прыкладна так выглядаў цар падчас свайго прыбыцця ў Гродна.
Усё гэта падштурхоўвае да высновы аб тым, што непарушная глыба гродзенскага краязнаўства, у выглядзе папулярнай у экскурсаводаў тэзы аб удзеле Пятра I і Аўгуста Моцнага ў асвячэнні гродзенскага езуіцкага касцёла, усё ж можа, пры цяперашнім узроўні ведаў гісторыкаў пра касцёл, выклікаць пытанні.
Цікава, што акрамя непрыхiльнага да Расіі польскага патрыёта і гродзенскага гісторыка Ядкоўскага, візіт Пятра ў Гродна прымецiў і аўтар нямецкай газеты, якая выпускалася акупацыйнай адміністрацыяй у перыяд Першай сусветнай вайны. Гэтага майстра слова таксама было б цяжка назваць вялікім фанатам Расіі, тым не менш ён не страціў зручны момант, каб адзначыць, нібыта адбытую папойку Пятра і Аўгуста ў гродзенскім замку.
Пасля разгляду ўрыўкавых і больш-менш легендарных звестак варта звярнуцца да больш пераканаўчых дадзеных, то бок інфармацыі пра жыццё Пятра I, якая падрабязна асвятляе і яго гродзенскія дні. На падставе гэтых абагульненых і сістэматызаваных дадзеных можна сцвярджаць, што Пётр I правёў у горадзе над Нёманам, у перыяд з 1705 да 1708 года, больш за 50 дзён.
Паглядзім на некаторыя значныя падзеі, якія адбываліся з ім у Гродне.
У канцы верасня 1705 года Пётр абедаў у Гродне ў ангельскага пасла, барона Чарльза Уітворта, у якога да цара збіраўся абедаць царскі фаварыт Аляксандр Меньшыкаў. Як можна бачыць, свецкае жыццё ў Гродне, у тыя гады, было яркiм, і гэта нягледзячы на вайну са шведамі.
30 верасня Пётр адправіў ліст Анікіце Рапніну, загадваючы ісці з войскамі ў Гродна.
2 кастрычніка цар загадаў, сярод іншага, даслаць яму палонных з ліку астраханскiх паўстанцаў.
19 кастрычніка Пётр знаходзіўся ў Гродне і хацеў атрымаць такарны станок. Кіпучая натура цара відаць патрабавала самых розных заняткаў.
24 кастрычніка Пётр загадаў Георгу Агільві і Анікіце Рапніну ўстаць з войскамі на зімовыя кватэры ў Гродне, і для гэтага ўмацаваць горад. Загад быў выкананы, у выніку чаго быў складзены спецыяльны план гродзенскіх умацаванняў добра вядомы цяпер гродзенскім краязнаўцам.
План гродзенскай пазіцыі расійскай арміі ў 1706 годзе.
11 лістапада Пётр, як можна меркаваць, разам з Аўгустам Моцным, прымаў у Гродне парад войскаў.
14 лістапада Пётр прыняў дацкага амбасадара Георга Грунда.
19 лістапада Пётр сустрэўся з Георгам Іаганам фон-Кейзерлінгам, прадстаўніком прускага караля Фрыдрыха. Пётр прасіў, каб Кейзерлiнг угаварыў Фрыдрыха стаць пасярэднікам у мірных перамовах з Карлам XII. У гэты момант Пётр быў стомлены вайной, не быў упэўнены ў перамозе і турбаваўся аб збяднелай расійскай казне, з якой ён фінансаваў і войскі Аўгуста Моцнага.
20 лістапада Пётр актыўна прымаў важныя рашэнні. Сярод іншага ён выдаў грошы Аўгусту Моцнаму і загадаў Івану Бутурліну не пасылаць загад аб забароне рускай вопраткi і нашэння барод у гарады міжрэчча Акі і Волгі, імкнучыся не правакаваць насельніцтва падчас паўстання.
У гродзенскай краязнаўчай літаратуры сустракаецца згадка пра тое, што ў 20-х чыслах лістапада Аўгуст Моцны нават заснаваў ордэн Белага арла — вышэйшую ўзнагароду Рэчы Паспалітай. Але польскія даследчыкі адносяць гэтую падзею на больш ранні перыяд часу, а некаторыя спецыялісты лічаць, што ордэн існаваў за некалькі гадоў да гродзенскіх сустрэч Аўгуста і Пятра.
2 снежня ў Гродне, падчас знаходжання Пятра, адбылася нарада расійскай дэлегацыі з дэлегацыяй Рэчы Паспалітай аб выкананні саюзніцкіх абавязацельстваў.
4 снежня былі імяніны Меншыкава, які знаходзіўся ў Гродне, адпаведна, Пётр і яго двор напэўна арганізавалі святкаванне.
6 снежня Пётр паведаміў у лісце Фёдару Рамаданаўскаму, што атрымаў тое, пра што прасіў раней, а менавіта: палонных паўстанцаў, станок, які, праўда, не дайшоў у цэласці, і нават белага мядзведзя.
11 снежня Пётр удзельнічаў, з нагоды свята Андрэя Першазванага, у вялікім балі ў Меньшыкава, якога зрабіў генералам кавалерыі. Таксама Пётр пісаў каралеве Англіі Ганне, выдаў указ аб падрыхтоўцы войска да баявых дзеянняў, накіраваў расійскаму паслу ў Парыж просьбу аб вызваленні рускіх караблёў, захопленых французскімі піратамі.
17 снежня Чарльз Уітворт атрымаў ад Пятра ліст для каралевы Ганны, у якім прасіў ангельскую манархiню быць пасярэдніцай для прымірэння са Швецыяй. Справы расійскага войска ўсё яшчэ ішлі не занадта добра і Пётр, бачачы сітуацыю, працягваў шукаць мiру.
Каралева Ганна, якой Пётр пісаў з Гродна.
18 чысла Пётр, пакінуўшы пад Гродна асноўную групоўку расійскай арміі, надоўга з'ехаў з горада над Нёманам, але, як кажуць, толькі для таго, каб зноў вярнуцца…
27 верасня 1707 года расійскі самадзержац заехаў у Гродна.
1 кастрычніка Пётр накіраваў ліст Мазепе у якім абмяркоўваліся перамовы з Польшчай адносна вяртання земляў украінскага Правабярэжжа. Пётр не падтрымліваў гэтую ідэю аб чым і нагадваў Мазепе, які, зрэшты, і так цудоўна ведаў пазіцыю цара.
2 лютага 1708 года Пётр пісаў царэвічу Аляксею, што неўзабаве чакае пад Гроднам шведаў. Акрамя таго, цар аддаў мноства ваенных загадаў сваім военачальнікам.
5 лютага Пётр прыгразіў свайму палкаводцу Барысу Шарамецьеву, які няправільна выканаў загад. У выпадку працягу самадзейнасці цар абяцаў Барысу Пятровічу, што той «заплаціць галавой». Шарамецьеў адразу ж папрасіў аб пратэкцыі Меньшыкава, скардзячыся, што ад слоў цара ён «впал в меленколию» і баіцца, каб яго не забіў «паралиж».
6 лютага Пётр і Меньшыкаў імкліва збеглі з Гродна, а праз дзве гадзіны горад захапілі шведскія войскі, у шэрагах якіх, па ўспамінах відавочца, біўся, і цалкам паспяхова, асабіста Карл XII.
У наступным годзе расейскія войскі атрымалі перамогу ў эпахальнай бітве пад Палтавай. Бязглузды авантурызм шведскага караля не мог доўжыцца вечна, нягледзячы на яго несумнеўныя воінскія таленты.
Прадстаўлены вышэй тэкст паказвае, што ў Гродне Пётр I першы займаўся не толькі найважнейшымі палітычнымі і ваеннымі пытаннямі, але, як гэта было прынята ў тую эпоху, знаходзіў час і для больш вясёлых заняткаў, абмаляваных як у паўлегендарных сведчаннях, так і ў цалкам дакладных крыніцах.
Па падліках аўтара, у Гродне Пётр правёў больш часу, чым у Вільні і Оршы, у якіх расійскі самадзержац таксама спыняўся надоўга. На працягу часу, занятага першай паловай Паўночнай вайны Гродна, такім чынам, стаў фактычна своеасаблівай сталіцай Пятра на тэрыторыі ВКЛ. Што ж, для каралеўскага горада падобны статус манаршай рэзідэнцыі быў суцэль звыклы.
Перадгісторыя візіту ў горад над Нёманам цэлага дэсанту знакамітых людзей Францыі даволі цікавая. Не ўдаючыся тут у падрабязнасці можна адзначыць, што ў выніку Вялікай французскай рэвалюцыі 1789—1799 гадоў каралеўскі дом Бурбонаў быў адхілены ад улады, а яго члены аказаліся ў вялікай небяспецы. Таму, у 1791 годзе, вырашылі збегчы з Францыі, хаця поспех спадарожнічаў не ўсім членам вянцэноснага сямейства, у прыватнасці, Людовік XVI быў схоплены і пазней гільяцінаваны.
Раялісты прызналі каралём юнага сына Людовіка XVI, Людовіка Карла, а рэгентам пры ім стаў брат пакаранага манарха — Людовік Станіслаў. Пасля падазронай смерці хлопчыка каралём быў абвешчаны Людовік Станіслаў, які стаў такім чынам каралём Людовікам XVIII, «каралём выгнаннікам» і «каралём падарожнікам», як яго нярэдка называюць. Людовік XVIII сапраўды вымушаны быў бадзяцца па самых розных кутках Старога кантынента, перыядычна сутыкаючыся з адмовамі еўрапейскіх ўладароў прыняць яго.
Людовік XVIII незадоўга да сваіх уцёкаў з Францыі.
У 1804 годзе кароль-выгнаннік жыў у Варшаве. Надзея на падтрымку расійскага цара, а таксама меркаваная спроба забойства абвешчанага караля з дапамогай яду, які нiбыта выкарыстоўвалі агенты Напалеона, прымусіла Людовіка спешна адбыць у Гародню, не чакаючы адказу на ліст расійскаму імператару Аляксандру I, у якім француз прасіў прытулку на рассейскай тэрыторыі.
Людовік карыстаўся канспіратыўным імём, называючы сябе графам дэ Ліль. З ім быў яшчэ адзін Бурбон — пляменнік караля, будучы фармальны кароль Францыі Людовік XIX, а таксама Антуан Луі — граф (ён жа герцаг) дэ Аварэ, кардынал Луі-Жозэф дэ Манмарансі-Лаваль, Луі Д'Амон — герцаг дэ П'ен, граф (будучы герцаг) П'ер Луі дэ Блакас, Алексіс Бруна — маркіз дэ Васэ, лекар, каплан і іншыя слугі.
Прыехаўшы ў Гродна 4 жніўня 1804 года, кароль даведаўся, што імператар Аляксандр, які не жадаў дадаткова абвастраць адносіны з Напалеонам, не хоча бачыць яго госцем сваіх зямель. На шчасце для французскага ізгоя ў яго быў запасны план. Шведскі кароль Гюстаў IV пагадзіўся прыняць уцекача ад французскіх рэвалюцыянераў — Людовіка.
Беспрэстольны кароль планаваў апынуцца ў адным з важных гарадоў шведскага каралеўства — Кальмары. З Гродна Людовік напісаў шведскаму манарху ліст, тэкст якога захаваўся.
«Монсеньёр, мой брат і кузэн, я атрымаў ліст Вашай Вялікасці ад 6 ліпеня. Ён нагадаў мне той ліст, які Гюстаў III пісаў мне ў страшны час Варэна. Маё сяброўства да бацькі, і мая пяшчота да сына. Ваша Вялікасць даруе гэты выраз, бо розніца нашых гадоў згладзілася ў маім сэрцы і слёзы захаплення і замілавання пацяклі з маіх вачэй. Я добра ведаў, што Банапарт хлусіў, калі адважыўся заявіць, што ніводны гасудар не адкажа на мой ліст ад 6 чэрвеня.
Я пасылаў Вашай Вялікасці вестку аб тым, што маю намер пакінуць Варшаву 25 ліпеня. Затрыманы на некалькі дзён у гэтым горадзе з-за клопату, выкліканага жахлівай справай, аповяд пра якую я ўжо даваў Вашай Вялікасці. Гэтая справа, паводле атрыманых мной новых данясенняў, уяўляецца паскудным лабірынтам, дзе гэты чалавек, які выкрыў злачынства, згуляў бы ролю зладзейскага верхавода, або саўдзельніка (Гаворка аб замаху на Людовіка. Заўвага Я. А.).
Я выехаў 30-га чысла і прыбыў сюды 4-га чысла гэтага месяца, дзе мяне сустрэлі самым цёплым чынам ваенныя і грамадзянскія ўлады, і калі я дазваляю сабе сказаць гэта Вашай Вялікасці, то гэта таму, што я ўпэўнены ў Вашым сяброўстве. Малюся, Ваша Вялікасць, каб Вы пераканаліся ў маіх пяшчотных і шчырых пачуццях, якія я адчуваю да майго брата і кузэна. Добры брат і кузэн Людовік».
Аднак гэты цiкавы тэкст не быў адзіным пасланнем шведскаму манарху. Паміж радкоў ліста было ўпісана іншае паведамленне, створанае з дапамогай адмысловых чарнілаў, якія выяўляюцца пры награванні ліста. Вось гэты таемны тэкст:
«Па прыбыцці сюды я застаў адказ Імператара Расійскага, Яго Імператарскай Вялікасці. Без сумневу кіруючыся палітычнымі абставінамі, якія трэба паважаць, ён не лічыць, што маё ўз'яднанне з часткай маёй сям'і павінна мець месца ў межах яго дзяржавы, таму я магу з упэўненасцю скарыстацца шчодрымі прапановамі Вашай Вялікасці, і я неадкладна аднаўлю сваё падарожжа да Балтыйскага мора, каб адправіцца ў Кальмар. Адзіная акалічнасць магла б перашкодзіць выкананню гэтага праекту, гэта калі б непераадольныя перашкоды не далі б маім бацькам з'ехаць з Англіі ў Швецыю. Я яшчэ не атрымаў іхніх адказаў. 17 ліпеня дата іх апошніх лістоў у адказ на мой ад 25 чэрвеня, але немагчыма, каб праз восем дзён я не ведаў пра іх планы. Бязмежны давер стаў у адносінах да Вашай Вялікасці абавязкам, таму я скажу Вашай Вялікасці і прашу захаваць гэты сакрэт, што, атачыўшы сябе бацькамі, я маю намер выдаць з імі новы акт, які я рыхтую і які я хачу адрасаваць свайму народу. Несумненна, для мяне было б вельмі здавальняючым змясціць тры геральдычныя лілеі пад прыкрыццё трох карон, але я не буду злоўжываць шчодрым сяброўствам з Вашай Вялікасцю, каб гэта не стала кампраметацыяй, гэта было б няшчасцем для мяне і крыніцай вечнага шкадавання. (Гэта геральдычная метафара, з адсыланнем да гербаў каралеўскіх дамоў Францыі і Швецыі, мабыць, азначае намер Людовіка абвясціць свой акт у Швецыі, калі Гюстаў не будзе пярэчыць. Заўв. Я.А.).Прашу Вашу Вялікасць прабачыць мяне за тое, што частка майго ліста напісана не маім почыркам. Я баюся зрабіць свой тэкст неразборлівым, таму я спадзяваўся на свайго сябра, графа дэ Аварэ. Людовік».
Кароль Швецыі Гюстаў Адольф — адрасат гродзенскага ліста Людовіка XVIII.
Цікава і месца пастою французскіх арыстакратаў. У сваім лісце кароль адзначае цёплы прыём з боку гродзенскіх улад, што можа наводзіць на думкі аб прадастаўленні госцю нейкага элітнага жылля. Усё ж выгнаннік, хоць і стараўся захоўваць канфідэнцыйнасць і быў пазбаўлены ўлады, працягваў заставацца фармальным манархам вялікай еўрапейскай краіны, таму нярэдка кватараваў у палацах, напрыклад, у Мітаўскім палацы і адным з палацаў у варшаўскіх Лазенках.
Спіс гродзенскіх прадстаўніцкіх рэзідэнцый дазваляў выбіраць з некалькіх аб'ектаў. Вядома, што за два гады да заезду элітнай французскай кампаніі, Гродна наведваў імператар Аляксандр I, які спыніўся ў так званым палацы Валіцкага. Ці не ў гэтай рэзідэнцыі кватараваў і Людовік са сваімі спадарожнікамі? Пісьменнік і гісторык Эрнэст Додэ адзначаў, што Блакенфельдскі палац, размешчаны непадалёк ад латвійскай вёскі Вільцэ, даў прытулак выгнаннікам пасля ад'езду з Гродна і быў больш камфортны, чым гродзенскія заезныя двары (auberges), хоць тэкст французскага даследчыка не цалкам паказвае чытачам з чаго зроблена выснова аб пражыванні Людовіка і яго маленькай світы менавіта ў гродзенскіх заезных дварах. Вядома, што граф дэ Аварэ, у 1801 годзе, маючы пры сабе ліст Людовіка XVIII, пакінуў жонцы рускага вяльможы Віктара Качубея запіску з адрасам для распараджэнняў «Hotel de Grodno». У французскай мове слова Hotel як раз можа азначаць дастаткова вялікую гарадскую сядзібу.
Так ці інакш, у жніўні 1804 года высокія французскія госці хутка з'ехалі з Гродна, адбыўшы ў бок Рыгі. Ужо ў канцы верасня Людовік, пакінуўшы хворага графа дэ Аварэ ў Блакенфельдскім палацы і трапіўшы на шляху ў марскую буру, высадзіўся ў шведскім Кальмары, дасягнуўшы такім чынам мэты, пазначанай у гродзенскім лісце.
Вось такія важныя і таемныя шасцяронкі еўрапейскай палітыкі круціліся на самым пачатку XIX стагоддзя ва ўжо тады былым каралеўскім горадзе, які, зрэшты, яшчэ вельмі добра памятаў найважнейшыя падзеі, агульнаеўрапейскага маштабу, якія адбываліся падчас апошняга сейма Рэчы Паспалітай, крыху больш за 10 гадоў таму.
І апошні тэкст з «Grodnoer Zeitung». Гэта фрагмент унікальнага і вельмі каштоўнага для краязнаўцаў апісання страчаных лютэранскіх могілак, якія размяшчаліся насупраць кірхі, якраз там, дзе цяпер знаходзіцца дзіцячы садок (вул. 1 мая 22).
«Гэтыя старыя могілкі прыгожыя, яны як кнігі жыцця, поўныя найчыстай мудрасці, якія распавядаюць гісторыі пра дурное, дарагое чалавецтва, пра каханне і зайздрасць у паўсядзённым жыцці, а часам і пра падахвочванні, якія выходзяць за межы. Абветраныя надпісы расказваюць жывыя гісторыі мёртвых. У Гродне таксама ёсць такое старое, але размаўляючае месца.
Месца спакою знаходзіцца далёка ў прыгарадзе. Яно ляжыць там, дзе апошнія вуліцы прабіраюцца ва ўсходнюю далеч, як нейкiя. здольныя шукаць, пальцы. Там, дзе ў верасні бушавалі асабліва жорсткія вулічныя баі. Тут, дзе сёння Кірхштрасэ, зараз даволі чыста. Нямецкая абшчына Гродна раней валодала вялiкімі землямі і тут апрацоўвала свае палі. У асяроддзі змрочных соснаў, у асяроддзі светлых бяроз, стройных у сваёй цнатлівай грацыі, ляжыць напоўненае супакоем месца жалобы. Букі ўрачыста раскінулі вунь там свае цёмныя галіны, справа зялёная, накрытая мохам, зямля, якая калыхаецца, як мора, пад ласкавым ветрам. Тут узгорак ідзе за ўзгоркам, без каменя, без слова, без імя. Тут нямецкія гукі, нямецкая душа, нямецкая стараннасць, калісьці прынесеныя на вуліцы Гродна. Гэта меланхалічная рэфлексіўная частка гэтага маленькага сада смерці.
Але ёсць і іншыя грабніцы, такiя, якія гавораць, ёсць дзіўныя пабудовы. Тут стылі ўсіх часоў, змешаныя разам, але ўсе раўнамерна выветраныя, з'едзеныя непагаддзю. Знакі хуткаплыннасці на месцы мінулага.
Тут узвышаецца абеліск з разбітай вяршыняй. Уверсе завостраны прут, як громаадвод на апошняй трубе згарэлага дома. Вільгельміна Даратэя Мелін, народжаная фон Расэнбах (Wilhelmine Dorothea Mellin geb von Rossenbach), знаходзіцца пад цяжарам калоны. Яна памерла 18 чэрвеня 1806 года, ва ўзросце 32 гадоў. Каханне паставіла ёй прыгожы помнік. Выцвілы надпіс з цяжкасцю паддаецца расшыфроўцы.
Радасць мая памерла з табой
Адной з прыгажэйшых больш няма
Калісьці там, дзе блажэнны спакой
Ты зноўку разам будзеш са мной
Часы знікаюць — часы застаюцца — 1806. Якім мог быць Гродна, праз які гэтая цудоўная, трыццацігадовая жанчына пранесла сваю юную, нямецкую радасць? І якая была гэтая жанчына? Бялявая, мабыць, стройная, і высокая, яна шпацыравала па цясніне Гараднічанкі — адной з самых прыгожых. Тут у Расіі, якая стала яе домам і месцам кахання, яна знайшла свой цудоўны, жаночы лёс. 1806 год. І прыгажосць, і каханне, і шчасце гэтай маладой немкі сталі амаль легендай. Толькі абветраны абеліск яшчэ ціха напявае сумную песню шчасця і прыгажосці, і ранніх пакут.
Далей злева ўзвышаюцца дзіўныя, нізкія, падобныя на печ збудаванні, з касымі карнізамі. Медны дах звісае хваравітымі лахманамі, чорнымі сцягамі смутку. А на чатырох квадратных бакавых сценах павінны былі быць поўныя кахання надпісы, але час сцёр іх. Мы ходзім паміж камянямі па гэтай найстаражытнай нямецкай зямлі Гродна. Тут ляжаць маладыя людзі. Эдуард Хельбінг (Eduard Helbing), прапаршчык гродзенскага батальёна, памёр 29 лістапада 1851 года ва ўзросце 28 гадоў. Нават і не састарэлі гэтыя раннія немцы Гродна. Непадалёк ад прапаршчыка спіць вечным сном палкоўнік Ёган Вільгельм фон Штэйн (Johann Wilhelm von Stein) памёр у 1876 годзе. Шмат-шмат добрых нямецкіх імёнаў кажуць аб нямецкім жыцці на рускай зямлі. Ёзэф Міхаэліс (Joseph Michaelis), стацкі саветнік (Тут нямецкі аўтар, відавочна, апiсвае магілу даволі вядомага гродзенскага архітэктара, які хоць і не адрозніваўся вялікім талентам, усё ж унёс адчувальны ўклад у архітэктурнае аблічча горада. Сярод іншага Міхаэліс, якога ў літаратуры памылкова называюць Віктарам, займаўся перабудовай корпуса дамініканскай гімназіі на Вiленскай, а таксама перабудовай кірхі. Заўвага Я. А.), Марыя Магнус, народжаная Шпіцбарт (Marie Magnus geb Spitzbarth), Фрыдрых Крысціян фон Коль (Friedrich Christian von Kohl), Міхаэль Віганд (Michael Wigand), маёр 104-га палка, Тэадор Гейне (Theodor Heine). Цэлая нямецкая калонія, якую тут пакрывае мох.
Пасярод двара стаіць самая прыгожая грабніца з усіх: сіняя жалезная аснова ў стылі ампір, на якім стаіць стройная французская дарычная калона і высока на ёй прыгожа выгнуты збан са слязамі, ці ж гэта урна з прахам. Няхай яна будзе для нас збанам са слязамі, бо яна павінна сабраць шмат смутку. Тут спачывае, верагодна, руская жанчына, якую любілі і аплаквалі многія юнакі. Але ў крайнім левым куце роўнымі радамі высяцца белыя крыжы загінуўшых салдацкай смерцю ў вулічных баях 2 і 3 верасня 1915 года за гонар і існаванне Германіі. Гэтыя драўляныя крыжы кажуць жалезнай мовай нашай вялікай жывой сучаснасці на старым летуценным цвінтары. Тут, у чужой краіне, на старой нямецкай зямлі, нашы храбрацы спяць багатырскім сном. Гераічныя сагі сплятуцца вакол гэтых маўклівых, але красамоўных белых крыжоў. Такім чынам, гэтае старое нямецкае месца смерці абудзіцца да новага нямецкага жыцця і застанецца вечна маладым у любові і падзяцы вялікай нямецкай айчыны».
Як вядома, Гродна так і не стаў часткай «нямецкай айчыны», нягледзячы на яшчэ адну спробу напоеных імперскім ядам немцаў зрабіць горад сваім, праведзеную ў перыяд Другой сусветнай вайны. Аднак, незалежна ад сітуацыі, звесткі нямецкіх аўтараў пра горад над Нёманам вельмі каштоўныя для краязнаўцаў, а паэтычная мова тагачасных журналістаў толькі дапамагае ўявіць больш яркую карціну старажытнага Горада халмоў.
13 ліпеня 2021 года аўтар гэтых радкоў скарыстаўся, калі можна так сказаць, наводкай мінскага архітэктара-рэстаўратара Юліі Шастак і наведаў дом №9 па вуліцы Рэйманта ў Гродне. Нават такія прыемныя і здольныя адмыслоўцы, як панi Юлія, не заўсёды могуць агледзець цікавячыя іх рэчы з-за аб'ектыўных перашкод, якімі, у дадзеным выпадку, былі даволі высокі плот і вароты вакол цікавага міжваеннага асабняка, нібы схаванага на адной з ціхіх вулачак гістарычнага раёна Гродна, Новага Свету. Таму аўтар асабіста дамовiўся з гаспадарамі дома, а калі казаць дакладней, то проста папрасіў дазволу ўвайсці і сфатаграфаваць дзверы ў аднаго з малодшых чальцоў сям'і гаспадара — хлопчыка-падлетка. Па словах хлопца, сям'я нават падумвала выкінуць гэтыя старыя дзверы. Сфатаграфаваўшы аб'ект, я пайшоў дадому і напісаў аб гэтым пост у сваіх сацыяльных сетках.
Дзверы з рэльефамі. Фота аўтара.
Вельмі хутка, нібы ў пацверджанне існавання асобай магіі iнтэрнэту, уладальнік асабняка і, адпаведна, дзверэй, напісаў мне, намякнуўшы, што я трохі ачарніў сям'ю і ніхто не збіраўся выламваць дзверы, пасля чаго я адказаў, што толькі пераказваю словы сустрэтага мной маладога хлопца. Гаспадар не стаў спрачацца, а папрасіў, калі гэта ў маіх сілах, даць каардынаты якіх-небудзь гарадзенскіх рэстаўратараў, каб яны маглі папрацаваць над дзвярыма. Аўтар паразмаўляў на гэтую тэму з некаторымі работнікамі гродзенскіх музеяў, у прыватнасці з Сяргеем Казуляй, і даў гаспадару дома каардынаты вядомага рэстаўратара Уладзіміра Кіслага.
З таго часу прайшло больш за два гады, але дзверы дома так і не адрэстаўравалі, але, прынамсі, яны ўсё яшчэ на месцы.
Што ж такога асаблівага ў гэтым аб'екце?
Пры вывучэнні вялікай колькасці дзвярэй у рэгіёне Беларусi, i нават у іншых частках Еўропы, можна адзначыць адносную рэдкасць выкарыстання выяваў чалавека і жывёл у дэкоры такіх прадметаў. Нават вельмі багатыя дзверы ў вельмі багатых будынках часта пазбаўлены падобных упрыгожванняў. Складаныя шматфігурныя рэльефы можна ўбачыць, напрыклад, на дзвярах каталіцкіх храмаў. У гэтых выпадках персанажы, вядома ж, узяты з хрысціянскіх гісторый. Другі вялікі кластар, у якім прадстаўлены персанажы, што выкарыстоўваюцца для такіх рэльефаў — антычная міфалогія. Першы медальён (паслядоўнасць злева направа і зверху ўніз) уяўляе сабой тучнага мужчыну (жанчыну?), які нешта піша ў кнігу, у руцэ бачныя шалі. Другі чалавек сядзіць, падпёршы галаву рукой. Трэці медальён яўляе выяву галавы, якая нібыта вырастае з кнігі. Ну а ў чацвёртым медальёне сядзіць сава на кнізе.
Дык што ж гэта за персанажы? Адносна трох чалавек у медальёнах можна вылучыць не вельмі абгрунтаваную гіпотэзу. Можна выказаць здагадку, што гэта майстар, чаляднік і вучань (у тым жа парадку, што і ў апісанні), гэта значыць тры класа працоўных з рамесных майстэрняў. Або іншая іерархічная група, звязаная з адукацыяй, напрыклад, рэктар ВНУ і яго студэнты. У адрозненне ад першых трох, чацвёрты медальён тут паддаецца дастаткова упэўненнай расшыфроўцы.
Нягледзячы на дрэнную захаванасць, можна сказаць, што гэта так званая Сава Мінервы, то бок сімвал мудрасці. Ацэньваючы выяву ў цэлым, можна адзначыць, што на ўзроўні архетыпаў выявы відавочна ўяўляюцца злучанымі з працэсам навучання, набыцця ведаў, на што паказваюць сава і кніга. Гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч лагічна заўважыў, што вывучэнне гісторыі ўладальнікаў дома, якія ўстанавілі гэтыя дзверы, можа даць ключ да разумення загадкавых рэльефаў.
Ну а зараз вішанька на торце. Сава Мінервы, якая сядзіць на кнізе, з'яўляецца сімвалам ілюмінатаў. Тых самых, з кніг Дэна Браўна! Так-так, гэта эмблема, якая з'явілася ў кнізе «Das verbesserte System der Illuminen» заснавальніка ордэна Адама Вейсгаўпта. Дарэчы, згаданыя вышэй майстар, чаляднік і вучань — гэта тры масонскія ступені, а ілюмінаты і масоны, як вядома, цесна звязаныя паміж сабой.
Калі спытаць аматараў гарадзенскай гісторыі:
— Якія гравюры Гродна вы ведаеце? — то хор галасоў адкажа:
— Цюндта і Макоўскага!
Тады можна спытаць зноў:
— А гравюра Рашэўскага?
Тут ужо прызадумаюцца і шматлікія дасведчаныя краязнаўцы. Вось таму варта пiарыць гэтую адносна малавядомую, але крутую гравюру Гродна. Канешне, самымі вядомымі гравюрамі, якія паказваюць Горад халмоў, насамрэч з'яўляюцца гравюры Цюндта і Макоўскага. Гэта факт. Першую з іх, нават аўтар той кнігі, з якой узята прэзентуемае тут гравюра, называе знакамітай. Абедзве гэтыя гравюры актыўна выкарыстоўваюцца ў афармленні гродзенскіх будынкаў, кнiг ды шмат чаго яшчэ… I гэта, вядома ж, цудоўна.
Гравюра Рашэўскага.
Але ёсць і іншыя цікавыя гравюры Гродна. Напрыклад вось такая, што захавала для нашчадкаў выгляд горада з каланчы. Зроблена яна па фатаграфіі, у канцы ХІХ стагоддзя, гэта значыць, далёка не такая старая, як гравюры Цюндта i Макоўскага. У вікіпедыі яе аўтарам пазначаны К. К. Случэўскі — некалі вельмі папулярны, а цяпер прызабыты расейскі літаратар. Аднак Случэўскі быў, зразумела, толькі аўтарам дарожных нататак «Па Паўночным-Захадзе Расіі», у выданні якіх змешчана гравюра Гродна, а аўтарам гравюры, па невядомай фатаграфіі, з'яўляўся ілюстратар М. Рашэўскі.
Гэты майстар паходзiў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ён рабіў высакакласныя ілюстрацыі (i iншыя творы) і адрозніваўся незвычайнай пладавітасцю. Толькі ў папулярным часопісе «Ніва», было надрукавана больш за 1500 ілюстрацый Рашэўскага! Ёсць меркаванне, што Рашэўскі быў адным з найлепшых рускіх гравёраў канца ХІХ стагоддзя. Гравюра Рашэўскага з выявай Гароднi, даволі дакладная, і цікавая хаця б ужо тым, што на ёй прадстаўлены многія значныя і страчаныя аб'екты. Некаторыя з іх аўтар падпісаў, зрабіўшы «расшыфроўку» гэтай старадаўняй выявы.
Гродзенскі касцёл ордэна езуітаў, які шмат гадоў таму стаў фарным, гэта значыць галоўным каталіцкім храмам Гродна, па прызнаю многіх спецыялістаў з'яўляецца выдатным помнікам барока, годным стаяць у адным радзе з лепшымі ўзорамі стылю ва Усходняй Еўропе. Тым больш дзіўнай, на фоне падобных фактаў, выглядае малавывучаная гісторыя храма. У той момант, калі аўтар піша гэтыя радкі нават абсалютная большасць лепшых гродзенскіх краязнаўцаў не зможа назваць архітэктара, які падарыў нашчадкам гэтую жамчужыну барока, адначасова стрыманы і раскошны храм, дзіўны ў сваёй кампазіцыйнай гармоніі і мастацкай выразнасці.
Гарадзенскі езуіцкі касцёл. Фота аўтара.
Па-за ўсякім сумневам, пытанне мае патрэбу ў дадатковым вывучэнні.
Аднак сёе-тое можна меркаваць і нават сцвярджаць ужо зараз.
Вядома, што езуіцкі храм Францішка Ксаверыя будаваўся ў другой палове XVII стагоддзя. Першапачаткова храм езуітаў меў нямала агульнага з гарадзенскім касцёлам дамініканаў. Вядомыя абрысы верхніх ярусаў веж езуіцкага храма, якія прывабліваюць погляд сваімі увагнутымі формамі, з'явіліся, як лічыцца, у другой палове XVIII стагоддзя і, тэарэтычна, маглі быць творам кагосьці з прыдворных саксонскіх архітэктараў. Зрэшты, адукаваныя айцы езуіты маглі, тэарэтычна, самастойна скласці праект. Падобная здагадка суцэль дарэчна і ў выпадку першапачатковага праекту храма, фасад якога быў больш аскетычным і стылістычна блізкім да помнікаў так званага сармацкага барока.
Але акрамя гіпотэз можна агучыць і некаторыя імёны ўдзельнікаў будаўніцтва. Дакладна вядома, што ў будаўніцтве езуіцкага храма, відаць, менавіта касцёла Францішка Ксаверыя, прымаў удзел вопытны мясцовы спецыяліст, майстар гродзенскага будаўнічага цэха па імені Томаш Пярсіцкі.
Мабыць, яго навыкі ўсё ж былі не зусім дастатковыя, таму што праца гродзенца падвергнулася крытыцы нейкага прыезджага італьянца, якім, на думку польскага гісторыка архітэктуры Пятра Ямскага, мог быць прыдворны архітэктар Сапегаў, Фрэдыяні. Меркаваная крытыка Фрэдыяні, які, як лічыцца, удзельнічаў у пабудове віленскага касцёла Пятра і Паўла, робіць яго адным з верагодных удзельнікаў будаўніцтва ў гарадзенскіх езуітаў.
Краязнаўчыя міфы, якія жыхары і госці горада Гродна могуць пачуць падчас экскурсій па цудоўным Горадзе халмоў, надзвычай жывучыя. Базуюцца яны як на зусім неабгрунтаваных звестках, так і на больш-менш пераканаўчых у свой час навуковых працах, дадзеныя якіх пазней былі абвергнутыя, што, вядома ж, не перашкодзіла ўкаранёным міфам жыць далей.
Паспрабуем разгледзець некаторыя міфы.
Аўтар пачне з аднаго са сваіх любiмых міфаў. «У бернардынскім касцёле Гродна знаходзіцца 12 партрэтаў дзеячоў ВКЛ на паўночным баку галоўнага нефа і 12 апосталаў на паўднёвым». Пацешна, але з кожнага боку не 12, а 19 выяваў, у гэтым лёгка пераканацца проста падняўшы галаву і пералічыўшы нішы з жывапіснымі партрэтамі. «Можа апосталаў і дзеячоў усё ж 12, а астатнія намаляваныя персанажы не ў лiк» — запярэчыць хто-небудзь. Партрэты з бернардынскай галерэі па-за ўсякім сумневам маюць патрэбу ў дадатковым вывучэнні, аднак у шэрагу з паўночнага боку, там дзе, паводле міфа, павінны быць дзеячы ВКЛ, дакладна знаходзяцца Хрыстос, апосталы Пётр і Павел. Іх партрэты размешчаны бліжэй за ўсё да алтара. Увогуле, нешта ў папулярным міфе не працуе, як не круці. Дарэчы, 12 апосталаў сапраўды намаляваны над праёмам апсіды, дзе змешчана сцэна Унебаўзяцця Дзевы Марыі, аднак пра гэта звычайна не пішуць у нататках турыстычных сайтаў. Аўтарам фрэскі называюць значнага беларускага жывапісца Пятра Сяргеевіча.
Яшчэ адзін міф абвяшчае: «У Баторыеўцы жыў Стэфан Баторый». Ну што ж, гучыць даволi лагічна. Але не, дадзенае сцвярджэнне — міф. Аўтарытэтныя польскія даследчыкі Яцэк Ямскі і Пшэмыслаў Баравік надалі дастаткова ўвагі вывучэнню гродзенскага палаца, вядомага як Баторыеўка. Іх даследаванні паказваюць на іншы перыяд будаўніцтва рэзідэнцыі, якую, паводле Ямскага, узводзілі прадстаўнікі магутнага роду Сапегаў, у XVII стагоддзі. Зразумела, можна меркаваць уключэнне фрагментаў больш ранніх пабудоў, часоў Стэфана Баторыя, у новы будынак, асабліва калі гаворка пра скляпы, але нават у гэтым выпадку звязваць іх з Баторыем няма падстаў. Даследчыкі вылучаюць розныя версіі адносна паходжання легенды, і некаторыя гіпотэзы гавораць аб тым, што міф аб прыналежнасці Баторыю можа ісці ад саміх Сапегаў, аднак, на думку аўтара, больш верагодна, што ён запушчаны міжваеннымі польскімі гісторыкамі. Варта адзначыць, што нават у апошнім выпадку баторыеўскай легендзе ўжо прыблізна сто гадоў, і яна відавочна працягне жыць і далей.
Наступны міф такі: «Стары замак пабудаваў архітэктар Санці Гучы». І зноў, для таго, каб казаць аб гэтым як пра факт няма падстаў. Тут можна не пісаць шмат тэксту, а толькі заўважыць, што Санці Гучы, тэарэтычна, мог удзельнічаць у будаўнічых працах у Гродне, напрыклад, у якасці скульптара, але казаць тут трэба толькі пра гіпотэзу, а не даказаны факт.
Ну і, вядома ж, аўтар не забудзецца згадаць Давыда Гарадзенскага. Яго біяграфія, якая падаецца турыстам экскурсаводамі, ледзь не цалкам складаецца з міфаў. Сцвярджаецца, што Давыд пахаваны ля Каложы, хоць для падобнай легенды ўвогуле няма ніякіх падстаў, што Давыд быў непераможны ў бітвах з крыжакамі, хоць у Хроніцы Пятра з Дусбурга згадваецца здабыча, адбітая ў атрада Давыда. Акрамя таго, часцяком Давыда называюць Даўмонтавічам, гэта значыць сынам пскоўскага князя Даўмонта. Менавіта так палкаводзец названы і на пастаменце гродзенскага помніка: каменны Давыд, падобны на шахматную фігурку, трохі стомлена глядзіць у бок вуліцы Замкавай, як бы чакаючы з'яўлення новых атрадаў сваіх ворагаў крыжакоў, хоць з'явіцца тут могуць толькі іх аддаленыя нашчадкі — нямецкія турысты.
Кропкі над «i» у гісторыі з Давыдам дапамагае расставіць Пскоўскi першы Летапіс.
Пасля апісання смерці князя Даўмонта ні аб якіх яго дзецях і тым больш іх праўленні гэты дакумент не паведамляе. Замест гэтага гаворыцца аб Барысе пасадніку, гэта значыць выбарным кіраўніку горада, які займаецца добраўпарадкаваннем Пскова, у прыватнасці, узводзіць «стену плитяну от святого Петра и Павла к Великой реке». Неўзабаве Барыс сканаў.
Праз 11 гадоў пасля смерці Барыса ў Пскоў прыязджае «великий князь Юрий», мабыць, Юрый Данілавіч, унук Аляксандра Неўскага. Аб уласных кіраўніках Пскова ў гэты момант нічога не паведамляецца. У гэты ж год, немцы напалі на Пскоў, якраз, калі Юрый знаходзіўся ў горадзе, тым не менш пскавічы паслалі «к Давыду князю в Литву», які прыехаў і, разам з пскавічамі, разбіў немцаў. Пасля гэтага паведамлення летапісец удакладняе, што князь Юрый з'ехаў, то бок, па сутнасці, уцёк, у Ноўгарад. Аднак у тым жа годзе немцы вярнуліся, відавочна жадаючы ўзяць рэванш. Летапісец зноў падкрэслівае нягодныя паводзіны Юрыя «а князь велики Юрьи и новогородци не помогоша». У гэтым жа 1323 немцы зноў напалі на Пскоў выкарыстоўваючы караблі і пры гэтым «убиша посадника Селила Олексинича». Такім чынам, мабыць, менавіта гэты Селіл і быў пасаднікам, кіраўніком Пскова.
Пскавічы ў чарговы раз паслалі да князя Юрыя ў Ноўгарад, аднак Юрый зноў падвёў пскавічоў, затое на дапамогу гораду прыйшоў ізборскі князь Астафей (Яўстафій), які выдатна пакалашмаціў немцаў, і пасля гэтага падаспеў і Давыд са сваімі людзьмі, пасля чаго ўнёс свой уклад у перамогу над агульнымі ворагамі.
Праз некалькі гадоў, як паведамляе летапіс, пскавічы выбралі князем Аляксандра Міхайлавіча, вялікага князя цвярскога.
Падводзячы вынік, можна сказаць, што летапіс не паведамляе аб нейкіх спадкаемцах Даўмонта, а тытулам князя, акрамя Давыда, у тэксце называюцца і іншыя людзі, да якіх пскавічы звяртаюцца за дапамогай супраць немцаў. Давыд сапраўды, гэтак жа як іншыя згаданыя князі, выступае саюзнікам Пскова супраць немцаў, якія з'яўляюцца і яго ворагамі, але ніякіх падстаў казаць аб тым, што ён дзейнічае як пскоўскі князь няма. Мяркуючы па дадзеных летапісу, пасля Даўмонта ў Пскове кіруюць пасаднікі, пакуль пскавічы не абіраюць князем Аляксандра Міхайлавіча. Тут нават можна выказаць сумнеў у тым, што пскавічы звалі менавіта Давыда Гарадзенскага, бо згадваецца толькі Літва, але не Гародня, а ў Літве, тэарэтычна, мог быць і не адзін князь Давыд. Тым не менш, чалавек вядомы зараз як Давыд Гарадзенскі быў лепшым, ці, калі выказацца больш сціпла, адным з лепшых палкаводцаў у часы Гедыміна, і таму менавіта яго ўдзел у дапамозе Пскову выглядае лагічным.
Такім чынам, паходжанне ад Даўмонта і княжанне Давіда ў аддаленым Пскове, падчас якога ён наштосцi «падзарабляе» кашталянам гродзенскага замка — міф, мабыць запушчаны расійскімі гісторыкамі яшчэ ў XIX стагоддзі. Значна больш пераканаўчай гіпотэзай аб паходжанні гродзенскага ваеначальніка будзе версія з яго гродзенскімі каранямі, напрыклад, можна меркаваць, што ён нашчадак гродзенскіх князёў Усеваладковічаў. Так ці інакш, дарэчы меркаваць, што Давыд быў удзельным князем у ВКЛ, што і тлумачыць княскі тытул, прыпісаны яму пскоўскім летапісцам.
Развянчанне краязнаўчых міфаў — безумоўна па-свойму займальны занятак. Аднак аўтар упэўнены, што і праз дзясяткі гадоў пасля выхаду яго кнігі гістарычныя міфы Гродна будуць жыць у свядомасці некаторых аматараў гродзенскай даўніны. Што ж можа быць больш устойлівым, чым гарадскія легенды, мабыць, толькі самі гарады.
У межах горада Гродна, жадаючыя могуць знайсці аб'екты з вельмі інтрыгуючымі назвамі. Гэтыя старажытныя пабудовы можна называць: каралеўскія дамы задавальненняў. За яркімі ярлычкамі хаваюцца, зрэшты, добра знаёмыя аматарам гродзенскай даўніны невялікія асабнякі, якія знаходзіліся ва ўласнасці апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава II Аўгуста, вядомага таксама пад больш свойскім імём кароль Стась.
Афіцыйна гэтыя аб'екты называюцца сядзібамі: сядзіба Станіславова, сядзіба Аўгустова (тут каралеўскі палац не захаваўся) і сядзіба Панямунь, але чаму ж, у такім выпадку, іх можна называць дамамі задавальненняў? Паспрабуем разабрацца ў гэтым пытанні.
Дамамі задавальненняў, на нямецкай «Lusthaus», звалі невялікія, звычайна загарадныя рэзідэнцыі знацi, прызначаныя для жыцця ў больш сціплых умовах, удалечыні ад велізарных двароў пры галоўных палацах. Тут манарх ці ўплывовы саноўнік мог правесці час у вузейшым коле, адпачыць ад мітусні, паглядзець спектакль прыдворнага тэатра, а таксама і аддацца тым самым задавальненням, аб якіх падумалі некаторыя чытачы, прачытаўшы загаловак дадзенай нататкі.
Па звестках адмыслоўцаў, вядомы ў Варшаве палац «Крулякарня», суцэль падыходны, па сваіх характарыстыках, для пераліку дамоў задавальненняў, быў нейкім элітным бардэлем у часы караля Стася. У гэтым доме пражывала палюбоўніца Станіслава Аўгуста, балерына Кацярына Тамацiс, жонка авантурыста Карло Тамацiса. Гэтая дама фігуруе нават у мемуарах Казановы, які высока ацаніў яе прыгажосць, але меў скептычнае меркаванне аб яе здольнасцях танцоркі.
Станiславова.
Можа быць Станіслаў Аўгуст пасяліў якую-небудзь палюбоўніцу і ў адной з гарадзенскіх сядзіб?
Мемуарыст Ян Дуклан Ахоцкі ўспамінае аб тым, што ў Гродне, падчас апошняга сейма Рэчы Паспалітай, які праходзіў у 1793 годзе, задавала моду французская фаварытка караля, нейкая маркіза Лулі.
З дзённіка графа Безбародкі вядома, што першым візітам, які кароль зрабіў пасля свайго адрачэння ад прастола ў 1795 годзе, быў візіт у сядзібу Станіславава. Ведаючы аб гэтым так і хочацца выказаць здагадку, што апошні кароль шукаў суцяшэння ў абдымках якой-небудзь маладой прыгажуні, якая жыла ў той сядзібе.
Зрэшты, вядома таксама, што падчас пражывання ў Гродне, побач з палонным расійскай імператрыцы Кацярыны II была яго фактычная жонка Эльжбета Грабоўская, а сам былы ўладар Польшчы і Літвы часцяком знаходзіўся ў цяжкім псіхічным стане, нярэдка адчуваў фізічныя недамаганні і быў ужо даволі пажылым чалавекам, нават па сучасных мерках.
Ці былі сапраўды гродзенскія сядзібы караля зацiшкамі для кахання фрывольных дам і кавалераў XVIII стагоддзя? Даследчыкам яшчэ ёсць над чым папрацаваць, каб добра асвятліць гэтае пытанне.
Аднак несумненна, што гэтыя загарадныя палацы можна называць дамамі задавальненняў.
Вельмі блізкім і часцяком сінанімічным паняццем з'яўляецца «Lustschloss» на нямецкай або на французскай «maison de plaisance», гэта значыць, па сутнасці, тыя ж самыя дамы задавальненняў, што пазначаныя як «Lusthaus».
Для маркіравання гродзенскіх каралеўскіх сядзіб лэйблам «дом задавальненняў» дарэчы выкарыстоўваць архітэктурную тыпалогію, мастацтвазнаўчы аналіз і звесткі аб заказчыках будаўніцтва.
Гэта невялікія асабнякі, размешчаныя ў дастаткова маляўнічых мясцінах, пабудаваныя для караля польскага і вялікага князя літоўскага. Дадзеныя звесткі ўжо дазваляюць класіфікаваць будынкі як «maison de plaisance». Найбольш ярка, сярод усіх гродзенскіх сядзіб караля, рысы дома задавальненняў выяўлены ў палацы сядзібы Панямунь. Асабняк меў самае маляўнічае размяшчэнне, а акрамя таго, адмысловую аглядную альтанку, у кітайскім стылі, уладкаваную прама на даху. Выкарыстанне розных архітэктурных рашэнняў з мэтай стварэння пляцовак, зручных для агляду наваколляў, было характэрнай прыкметай будаўніцтва «maison de plaisance». Адмысловыя аглядныя «вежкі» маюцца, напрыклад, у веймарскім Бельведэры, палацы Фаварыт у Людвігсбургу, палацы Фаварыт у Раштаце, і іншых падобных рэзідэнцыях.
Асаблівае значэнне гродзенскім дамам задавальненняў надае тое, што гэта найрэдкі прыклад такіх аб'ектаў, якія належалі польска-літоўскім манархам. Аналагамі для іх можа служыць, да прыкладу, Белы дамок у Лазенках, ды і сам лазенкаўскі Палац на вадзе нясе ў сабе рысы «maison de plaisance».
Завяршыць гэтую кнігу аўтар хацеў бы аповедам пра падзеі таго ж перыяду, у які здарылася гісторыя, узятая для пралога, то бок тут мы не будзем уцякаць далёка ў мінулае, а застанемся ў XXI стагоддзі. Хоць, не баючыся таўталогіі, можна тут заўважыць, што перадгісторыя гісторыі адбылася яшчэ ў XV стагоддзі.
Як вядома, незадоўга да сваёй смерці Вітаўт Вялікі выношваў планы каранацыі, гэта значыць хацеў прыняць каралеўскую карону, каб пры гэтым, у пэўным сэнсе, зраўняцца з каралём Ягайлам, які быў фармальным сюзерэнам вялікага князя літоўскага. Праект знаходзіўся, як той казаў, на фінальнай стадыі, але каранавацца Вітаўт не здолеў і неўзабаве памёр.
У Гродне, у 10-х гадах ХХI стагоддзя, з'явілася даволі буйное графіці, якое адлюстроўвае Вітаўта. Яно цiкавае ўжо хаця б тым, што за спіной валадара знаходзіцца Стары замак, аднак гэта Стары замак у часы Баторыя, то бок варыянт, які з'явіўся на свет праз больш за 100 гадоў пасля смерці Вітаўта.
Вітаўт. Графіці ў Гродне. Фота аўтара.
Але ёсць і яшчэ адна займальная дэталь гэтай выявы. На галаве Вітаўта надзета… каралеўская карона. На сваіх кананічных (і, дарэчы, выдуманых мастакамі) выявах, вялікі князь паказваецца ў княжай кароне, ці інакш кажучы, княжай шапцы, але ў Гродне галаву Вітаўта вянчае карона вельмі падобная да польскай каралеўскай. Ці хацеў мастак нешта сказаць падобным выбарам вянца? Сумнеўна, канешне, каб аўтар, якi, як можна меркаваць, памылкова адлюстраваў замак Баторыя за спіной Вітаўта, разбіраўся ў адрозненнях манаршых рэгалій. Але хто ведае… Можа быць гэта падыход постмадэрніста, ці нават метамадэрніста. Ці ж, і гэта вельмі верагодна, аўтар бачыў карціну літоўскага мастака Ёнаса Мацкявічуса, напісаную ў 1930 годзе: на гэтым палатне вялікі князь, насуперак канону больш старых партрэтаў, таксама носіць каралеўскі вянец.
У любым выпадку, можна канстатаваць, што Вітаўт усё ж атрымаў сваю каралеўскую карону, хаця адбылося гэта крыху пазней, чым ён разлічваў.
У фінале дадзенага раздзела і ўсёй кнігі, аўтар заўважыць, што менавіта постаць вялікага князя Вітаўта, які быў таксама князем гродзенскім і берасцейскім, служыць выдатным сімвалам цесных гістарычных сувязяў дзвюх сталіц заходніх абласцей Беларусі.
Вядома ж, не толькі Гродна і Брэст цесна звязаны ў гісторыі важнымі падзеямі, нярэдка як бы падзеленымі паміж гэтымі гарадамі, але і ўся Беларусь, па сутнасці, з'яўляецца дастаткова маналітным, у гістарычным плане, рэгіёнам, населеным людзьмі, чые продкі стагоддзямі жылі на гэтай зямлі і будавалі свае дзяржавы, ад Полацкага княства да сучаснай Рэспублікі Беларусь. І ўсё ж ёсць нешта асаблівае ў двух апорах заходніх беларусаў, Гродзеншчыне і Брэстчыне, краях Белавежскай пушчы і «Бацькі Нёмана», замкаў літоўскіх ўладцаў і рэзідэнцый найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай, краях, дзе адбылося столькі памятных падзей, упісаных у гісторыю Еўропы вялiкiм шрыфтам.
Жыццё працягваецца, а значыць і летапіс Захаду Беларусі будзе працягнуты.