Частка першая

Зіма не сьпяшалася прыходзіць. Стаяла цёплае восеньскае надвор’е. Увогуле нічога не папярэджвала гэтаму дзіўнаму сну. Мінуў звыклы дзень са звыклымі жыцьцёвымі клопатамі. Надышоў вечар. Полацкі пісьменьнік Васіль Кроква з паўгадзінкі пагартаў стужку сяброў у сваім «Фэйсбуку», наведаў некалькі інфармацыйных сайтаў. Ніякіх адметных падзеяў за мінулы дзень не адбылося – ані ў Беларусі, ані ў сьвеце.

Кроква прысьніў Власта, прычым той быў у нейкім напаўразбураным памяшканьні. Будынак нагадваў корпус закінутага цэху. У сярэдзіне будынка ўся падлога была засыпана друзам. Праз прабоіну ў сьцяне Васіль пабачыў абрысы полацкай каменнай пажарнай вежы – значыць, гэта недзе ў раёне помніка Сімяону Полацкаму, падумаў ён. Але там няма ніякіх прамысловых аб’ектаў. Хіба што толькі гаражы мясцовай пажарнай часткі.

Кроква адразу пазнаў Власта. Ластоўскі быў дакладна такі, як на клясычным фотаздымку, – у сьціплым шэрым гарнітуры, з вузкай стужачкай гальштука. Мужчыны павіталіся, але толькі на словах. Власт руку не падаў, а Кроква не насьмеліўся гэта зрабіць. Пры гэтым абодва размаўлялі неяк тэлепатычна, іх вусны былі нерухомыя. Тады Крокве гэта не падалося незвычайным. Толькі нараніцу, асэнсоўваючы сон, ён згадаў гэтую дзіўную акалічнасць.

Власт паклікаў Крокву ісьці за ім. Яны мінулі цэнтар закінутага памяшканьня. Роўна ў сярэдзіне будынка ў столі была дзірка, праз якую на падлогу, амаль вертыкальна, падаў прамень. У зыркім сьвятле віравалі клубы пылу, як мільярды плянэтаў у невядомай галяктыцы. Кроква заўважыў, што побач з гэтым промнем абрысы постаці Власта захісталіся і згубілі выразнасьць. Але калі Власт пайшоў далей, гэтыя зрокавыя хістаньні зьніклі. Насупроць чарговай прабоіны ў сьцяне Ластоўскі спыніўся. У пэрспэктыве праспэкту Францыска Скарыны праглядаўся будынак полацкай мэрыі. Усё яго левае крыло пужала чорным колерам, відавочна гэта сталася ў выніку або пажару, або нейкага моцнага задымленьня. Над будынкам лунаў незразумелы сьцяг з вэртыкальнымі чорнымі палосамі.

– Полацак захапілі марсіяне, – сказаў Крокве Ластоўскі.

– Але ж я ўчора днём быў у гэтым будынку – ніякіх марсіянаў там ня бачыў, – зьдзіўлена пра мовіў Васіль, хутчэй для самога сябе, бо зараз абгарэлую мэрыю ён мог назіраць на ўласныя вочы.

– Больш таго, яны ўжо захапілі ўсю Беларусь, – дадаў Власт.

– І што цяпер рабіць? – разгублена спытаў Кроква.

– Трэба ратаваць Бацькаўшчыну. – Вусны Ластоўскага заставаліся нерухомымі, але Кроква выразна пачуў гэтыя словы.

– Як ратаваць?

– Напрыклад, напісаць кнігу з назвай «Захоп Беларусі марсіянамі», – адказаў Ластоўскі.

– І гэта ўсё?! – Вочы полацкага пісьменьніка акругліліся ў трывожным зьдзіўленьні.

– Гэта толькі пачатак, але мусіш ужо заўтра пачаць працу. – Голас Ластоўскага гучаў без якіх-кольвечы пачуцьцяў, як у ваеначальніка, які павінен рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем, няма чаго хвалявацца, і калі ня будзем губляць галавы, то пераможам.


Прачнуўшыся, Кроква сеў на ложак і хвілінаў дваццаць асэнсоўваў сон. У сьне ён не паабяцаў Власту, што напіша раман «Захоп Беларусі марсіянамі». Да таго ж назва гэтая яму абсалютна не падабалася. Якія яшчэ марсіяне?! Але нейкае трывожнае пачуцьцё вярэдзіла душу.

* * *

Дваццацігадовы Алесь Дудар прыехаў у Полацак цягніком з Віцебску. Лютаўскі дзень ужо хіліўся на вечар. На вакзале Алесь пачаў распытваць, як яму адшукаць рэдакцыю газэты «Полоцкий пахарь», але ягоную рафінаваную беларускую мову ня кожны мог тут зразумець. Можа з трэцяга запыту яму дапамагла чарнявая дзяўчына, якая патлумачыла, як прайсьці да будынка, у якім месьцілася рэдакцыя. Дудар меў накіраваньне на працу ў полацкую акруговую газэту.

Лютаўскі мароз хутка пачаў даймаць паэта. Ён пэрыядычна хаваў твар у каўнер свайго кажушка, які шмат пабачыў на сваім вяку. Поўсьць авечкі захоўвала пахі роднага бацькоўскага дому, і гэты ўспамін таксама саграваў хлопца. Дудар сьпяшаўся трапіць у рэдакцыю – часу яму бракавала. Паэт мог застацца проста пасярод вуліцы, калі нікога не засьпее.

Па дарозе Алесь думаў пра беларускі горад. У цягніку ён увесь час чуў беларускую мову, большасьць людзей у вагоне былі вяскоўцамі або жыхарамі невялікіх мястэчак. Яны абмяркоўвалі віды на ўраджай, кошты на полацкім кірмашы, нейкія свае турботы і клопаты. Але як толькі Алесь ступіў на вакзальны пэрон у Полацку, як мова нібыта адразу зьнікла. Горад сустрэў яго расейскай гаворкай. Так было і ў Віцебску, дзе ён месяц адпрацаваў у тамтэйшай газэце. Вось і ягоныя звароты да полацкіх чыгуначнікаў не былі зразуметыя. У такіх выпадках Дудар часам пераходзіў на расейскую мову, але гэтым разам заўпарціўся і пачаў шукаць іншага суразмоўцу. Заўжды яму рабілася прыкра і балюча. Чаму так? Гэтае пытаньне ён задаваў сабе сотні разоў. Мелася некалькі адказаў, але ўсе яны не задавальнялі Алеся. Ён зноў і зноў вярэдзіў сваю душу тым балючым пытаньнем, спрабуючы знайсьці ня толькі адказ, але і спосаб, як гэтую праблему разьвязаць. Для Дудара не было ніякага іншага варыянту будучыні роднай Беларусі, як толькі ў разьвіцьці і пашырэньні роднай мовы. «Беларусі перадусім не хапае нацыянальнай культуры», – казаў сабе Дудар. Таму, па вялікім рахунку, і была заснаваная Дударом і яго паплечнікамі літаратурная арганізацыя «Маладняк». Каб несьці культуру ў беларускія масы. А пад словам «культура» маладнякоўцы мелі на ўвазе і беларускую мову. Бацькі-заснавальнікі «Маладняка» марылі пра стварэньне філій літаратурнай арганізацыі ў кожным беларускім горадзе і нават у невялікіх мястэчках. Таму Дудар і прыбыў у Полацак як місіянэр беларускай культуры, няхай сабе і пралетарскай, але перадусім беларускай.

Будынак, дзе месьцілася рэдакцыя, Дудар знайшоў хутка – ён знаходзіўся амаль на цэнтральным пляцы горада. На шчасьце, паэт засьпеў рэдактара газэты на працоўным месцы. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, гадоў на дзесяць-пятнаццаць старэйшы за яго. На рэдактары красаваўся пакамечаны гарнітур мышынага колеру. Стомленыя вочы чыталі нейкія паперы, якія бязладна грувасьціліся на стале. Дзьверы ў кабінэт былі адчыненыя. Дудар лёгка грукнуў у іх і прывітаўся:

– Добры дзень!

– Здравствуйте, товарищ! Присаживайтесь. Через пять минут я освобожусь. Тут, знаете, срочно нужно вычитать материал – прислали из окружкома. И как всегда за несколько часов до сдачи номера.


Дудар сеў на адзін з венскіх крэслаў, якія стаялі ля сьцяны насупраць стала. Нейкай іншай мэблі ў пакоі не было. Складалася ўражаньне, што рэдактара сюды засялілі часова. Далі стол і крэсла. Працуй, таварыш. Прыйдзе час, гэтак сама хутка высялім, як і засялілі. Памятай пра гэта і не будуй далёкасяжных плянаў.

«Я б цябе прыбраў ужо сёньня ж, русацяп», – незадаволена падумаў Дудар.

– Ну вот и всё, – выгукнуў рэдактар, расьпісаўся на паперах, якія чытаў, і некага гучна па клікаў: – Володя, зайди-ка быстренько.

У суседнім па калідоры пакоі адчыніліся дзьверы і да рэдактара зайшоў хлопец прыкладна ад наго ўзросту з Дударом.

– Вот, готово, теперь можно нести в набор. Сгоняй, Володя, в типографию. Скажи, что я просил оперативно набрать, чтобы ещё сегодня вычитать.

Хлопец узяў паперы і выйшаў з рэдактарскага пакоя.

– Слушаю вас, товарищ. Вы что-то написали для нашей газеты? – нарэшце рэдактар зьвярнуў увагу на незнаёмца.

– Я да вас прысланы на працу, – адказаў Дудар, устаў з крэсла і падаў складзеную ў столку паперу, якую ўжо некалькі хвілін камечыў у руках.

Рэдактар узяў паперу, разгарнуў і пачаў яе вывучаць. Ён прачытаў усё да канца і нават надпіс на пячатцы агітацыйна-прапагандысцкага аддзелу Віцебскага акружкаму.

– Вот и отлично, – сказаў рэдактар, – нам как раз нужна помощь. Мы ждали вас. Нам звонили из Витебска. Сейчас я вам напишу бумагу, чтобы вас поселили в общежитие. Это тут рядом. Володя вас проведёт.

Рэдактар пачаў пісаць паперу з просьбай пасяліць новага працаўніка газэты.

Дудар устаў з крэсла і падышоў да вакна. На вуліцы ўжо шарэла. Сонца нясьпешна кацілася за званіцы вялікага сабору, які стаяў на другім баку пляцу.

* * *

Васіль Кроква быў фрылансэрам – пісаў для некалькіх газэтаў. Гэта дапамагала яму ўтрымліваць сям’ю. Занятак літаратурай у Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі амаль не прыносіў прыбытку. Гэта, хутчэй, было пакліканьне. Беларусь заўсёды трымалася на літаратуры і паўстала зь літаратуры. Прыкладна так лічыла большасьць беларускіх пісьменьнікаў. Васіль Кроква пісаў, бо ня мог не пісаць. У літаратуру ён прыйшоў як паэт у далёкія студэнцкія гады. Але калі ён сур’ёзна пасталеў, дык адчуў, што мусіць ствараць вялікія празаічныя творы, каб было прасторна ягоным думкам, якія шчодра раіліся ў ягонай галаве. Кроква ніколі не арыентаваўся на нейкія моды, запатрабаваньні выдаўцоў або на патрэбу замежнага чытача. Ягоныя раманы былі гермэтычныя і скіраваныя выключна на беларускую аўдыторыю. Замежнікам яны былі б зусім не зразумелыя. Таму Кроква цураўся модных літаратурных тусовак і хаваўся ад усяго сьвету ў ціхамірнай правінцыі. Пасьля сканчэньня ўнівэрсітэту ён адмыслова ўзяў разьмеркаваньне ў Полацак. Тут ён стварыў сям’ю, стаў журналістам і напісаў свае лепшыя літаратурныя творы.

Кроква верыў у свой лёс. Лёс трэба вычуваць і не імкнуцца рабіць тое, што табе не наканавана. Васілю здавалася, што калісьці, у іншым жыцьці, ён ужо жыў у Полацку. Кроква быў перакананы, што ў нейкіх таемных куточках яго мозгу захоўваюцца ўспаміны пра гэта. Часам яны фрагмэнтарна адкрываліся ў начных відзежах. Таму ён вельмі сур’ёзна ставіўся да сноў. Толькі ў адрозьненьне ад традыцыйнага іх успрыманьня, як нейкага зашыфраванага прадказаньня будучыні, Кроква бачыў у снах напамін пра мінулыя падзеі, якія нікуды не зьнікаюць, а дзесьці існуюць у іншай рэальнасьці.

Сон, у якім ён сустрэўся з Ластоўскім, выбіваўся са звыклага ўспрыняцьця сьненьня, да якога звыкся Васіль. Ластоўскі ня быў зь мінулага. Гэта абсалютна дакладна зразумела Крокве. І пры чым тут марсіяне? Ніякіх больш-менш сэнсоўных тлумачэньняў сну Кроква не знаходзіў.

Васіль дзеля цікавасьці схадзіў у мэрыю, наведаў аддзел капітальнага будаўніцтва, дзе ўзяў інфармацыю пра ўзьвядзеньне новага супэрмаркету ў мікрараёне Аэрадром, дзе ён жыў. Мэрыя была такая ж самая, як ўчора і пазаўчора. Ніякіх сьлядоў пажару на будынку не было. Кроква нават пашукаў месца, адкуль ён з Ластоўскім аглядаў будынак мэрыі. Але такога месца не існавала ў прыродзе. Бо калі глядзець на будынак з праспэкту Францыска Скарыны, то бачны толькі адзін бок мэрыі, а ня ўвесь будынак.

* * *

Уладзік Скуратовіч аказаўся добрым хлопцам. І пакуль яны разам ішлі ў інтэрнат, Дудар амаль пасябраваў зь ім.

– А ты всё время говоришь по-белорусски? – гэта было другое пытаньне, якое задаў Дудару яго новы знаёмец.

– Ну, а як я павінен гаварыць, калі я беларус і жыву ў Беларусі? – Такія пытаньні заўжды нэрвавалі юнака, але гэтым разам Алесь стрымаўся і не пачаў дыскутаваць.

– Такто так. Только в белорусских городах практически все не говорят по-белорусски. Вот и наша газета выходит по-руски.

– Да пары да часу. Рэвалюцыя разьняволіла народы, і беларусы пачынаюць адраджаць сваю Бацькаўшчыну. А якая Бацькаўшчына бяз матчынай мовы? – скаламбурыў Дудар, засьмяяў ся і прадэклямаваў: – Паняслася песьня волі між лясоў густых, балот…

– О, это строки Михася Чарота, он высту пал в Полацке, читал свою поэму «Босыя на вогнішчы». А ты хоть видел живого Чарота?

– Ня толькі бачыў, але разам зь ім працаваў у газэце «Савецкая Беларусь». І разам ствараў «Маладняк». Можна сказаць, што гэта мой сябар.

– Да ну! – зьдзівіўся Ўладзік. – Так и ты, наверное, поэт?

Уладзік спыніўся і пачаў пільна аглядаць Дудара. Даць веры таму, што гэты хлопец у пацёртым кажушку таксама паэт, было цяжка.

– Не «наверное», а паэт Алесь Дудар, мае вершы ўжо друкаваліся ў «Савецкай Беларусі».

А хутка выйдзе мая першая кніга «Беларусь бунтарская».

– Ух ты! – яшчэ больш зьдзівіўся Ўладзік. – Почитаеш мне когда-нибудь? Признаюсь, я тоже пробовал писать стихи. И даже некоторые из них были напечаны в нашей газете. Но мне кажется, они не совсем удачные, чего-то в них не хватает.

– А гэта таму, што пішаш не на роднай мове. Ты думаеш па-беларуску, гэтаксама як твае бацькі і дзяды, а вершы пішаш па-расейску. Таму і не атрымліваецца. Вершы твае нараджаюцца калекамі, у іх няма моўнай мастацкай дакладнасьці і прыгажосьці. Разумееш?

– Возможно, оно и так, – пагадзіўся Ўладзік.

– Вось створым у Полацку філію «Маладняка» і пачнем адпаведную працу. Прыедуць нашыя хлопцы, пачытаюць лекцыі. Пара Полацку ставаць на нацыянальныя культурніцкія рэйкі. – Дудар меў даручэньне ад Цэнтральнага бюро «Маладняка» стварыць у Полацку філію, як гэта ён ужо зрабіў у Віцебску.

Навокал зусім стала цёмна. Бадзёра рыпеў сьнег пад нагамі. Уладзік прывёў свайго новага калегу ў адзін з будынкаў былога езуіцкага калегіюму, які быў пераабсталяваны пад інтэрнат. Тут жылі пераважна вайскоўцы і навучэнцы 43-х полацкіх камандных курсаў. Але спыняліся і розныя цывільныя камандзіраваныя. Пахадзіўшы па нейкіх закутках, Уладзік прывёў мажную кабету, якая загадвала гаспадарчай часткай. Дудар паказаў ёй паперу ад рэдактара, кабета прачытала і павяла паказваць Алесю ягоны ложак.

* * *

Кроква любіў Ластоўскага. А ягоную аповесьць «Лябірынты» лічыў сваёй настольнай кнігай. Прыканцы 80-х, калі Власта і ягоную літаратурную спадчыну нарэшце рэабілітавалі і надрукавалі ў часопісе «Маладосьць», Кроква збрашураваў часопісныя старонкі і зрабіў кнігу. Ня ўсё ў гэтай аповесьці было яму зразумела, але наяўнасьць нейкай таямніцы, якую трэба разгадваць, прымушала глядзець на «Лябірынты» ня толькі як на мастацкі твор. Гэта азначала, што да аповесьці трэба было вяртацца зноў і зноў. Кроква быў упэўнены, што Ластоўскі нешта за шыфраваў у «Лябірынтах». Нешта вельмі істотнае ды ізатэрычнае.

Тое, што ў Полацку былі, а можа і зараз ёсьць, падземныя хады, не было адкрыцьцём. У любым старым беларускім горадзе знойдуцца свае ўласныя легенды пра сутарэньні і лёхі. Звычайна іх будавалі ў крэпасьцях і кляштарах. Гэта дазваляла заможным асобам або мніхам пры небясьпецы пакінуць сваё жытло незаўважна. У гэтых сутарэньнях таксама хавалі ад хцівага вока скарбы і каштоўныя рэчы.

Полацак быў поўны легендаў пра падзямельлі. З краязнаўчых кніг нават былі вядомыя ўспаміны людзей, якія на пачатку ХХ стагоддзя ў тых лёхах пабывалі.

Васіль верыў у гэтыя легенды. Больш таго, ён лічыў, што ў тых лёхах да сёньня перахавана нешта вельмі істотнае для Полацка. Магчыма, нават Полацкі летапіс, пра які ўсе казалі, што ён страчаны назаўсёды. Але як тыя лёхі адшукаць?

Васіль некалькі разоў старанна абсьледаваў усе закуткі Замкавай гары. Са сталёвым прэнтам ён аблазіў нават зарослыя быльнягом і кустамі стромкія схілы ракі. Нічога, аднак, падазронага не знайшоў. Калі нейкі ўваход або выхад з падзямельля тут і існаваў, то, відавочна, быў засыпаны пластом зямлі.

Кроква вылічыў і месца, зь якога Ластоўскі з Падземным Чалавекам спускаўся ў полацкія лёхі. Недзе побач з тым лазам стаяў некалі будынак Базыльянскага кляштару. Цалкам магчыма, што Ластоўскі спускаўся ў падзямельле са склепу таго будынка. Бо ўсе манастырскія камяніцы ў Полацку мелі свае дрэнажныя лёхі для адтоку грунтовай вады. Некаторыя мелі такую вышыню, што па іх можна было, сагнуўшыся, вольна хадзіць.

* * *

Стварыць філію «Маладняка» ў Полацку аказалася яшчэ складаней, чым у Віцебску. Дудар абышоў усе ўстановы культуры і адукацыі ў горадзе ў пошуках патэнцыйных сяброў літаратурнай арганізацыі. Але знайсьці творчых людзей у правінцыйным зрусыфікаваным Полацку было ня так проста. Найбольшае расчараваньне Дудара чакала ў мясцовым пэдтэхнікуме. Тут ён меў гутарку з выкладчыкам Аляксандрам Пшчолкам, які наўпрост сказаў юнаку, каб той не баламуціў навучэнцаў і ўвогуле палачанаў, бо «белорусы не принимают в обиход этот язык».

З такім нахрапістым адмаўленьнем Дудар сустрэўся ўпершыню.

– Ведаем, адкуль вы набраліся гэтых думак. Але ранейшыя часы ня вернуцца, як бы вы ні хацелі і ні імкнуліся іх вярнуць, – са злосьцю прамовіў Дудар.

Словы гэтыя яму даліся ў знакі, бо Пшчолка напісаў скаргу ў акружны камітэт. Маўляў, грамадзянін Дайлідовіч яго абражаў і абвінавачваў невядома ў чым, ледзь не ў контррэвалюцыі. Насамрэч пільны выкладчык толькі зрабіў вымову юнаку за тое, што той без дазволу цягаўся па пэдтэхнікуму і бунтаваў навучэнцаў.

Дудара выклікалі ў агітацыйна-прапагандысцкі камітэт акружкама, дзе яму прыйшлося даваць тлумачэньні.

Па-іншаму сустрэлі Алеся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Тут пераважна вучыліся вясковыя дзеці, таму скрозь гучала беларуская мова. У лястэхнікуме пэрыядычна адбываліся розныя імпрэзы, сустрэчы і вечарыны. Дудар з задавальненьнем іх наведваў. Аднойчы ён і сам быў запрошаны выступіць перад навучэнцамі. Алесь расказаў пра «Маладняк», пра тое, што зараз працуе над стварэньнем полацкай філіі літаратурнай арганізацыі, запрасіў тых, хто спрабуе свае сілы ў прыгожым пісьменстве, далучыцца да філіі. Пасьля сустрэчы да яго падышлі два навучэнцы. Першы зь іх, Уладзімір Паскробка, сказаў, што зьяўляецца карэспандэнтам некалькіх менскіх газэтаў і плянуе заняцца літаратурай. Другі – Міхась Гулякевіч – быў проста аматарам беларускай літаратуры, які перачытаў усё, што здолеў адшукаць, і чакаў ад Дудара дапамогі ў пошуку кніг беларускіх аўтараў.

Дудар быў рады і гэтай «знаходцы».

* * *

Сьвятло ліхтара ўпала на сьцены сутарэньня. Падземны ход быў выкладзены з цэглы, цяжка ўжо сказаць якога колеру, бо каменныя бакі лёхаў і столь шчодра пакрываў слой зялёнага налёту, нібыта яны мядзяныя і ад вільгаці пакрыліся пацінай. Але зялёнымі сьцены выглядалі толькі на пачатку шляху: там, куды яшчэ час ад часу трапляла сьвятло. Далей яны былі ўжо чорнымі, як быццам бы ў фоташопе прыбралі колер. Столь упрыгожвалі плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня не сягала за мэтар.

Лёхі вялі ў бок Сафійскага сабору. Але ў падзямельлі цяжка арыентавацца, лёхі маглі кудысьці адхінуцца, а заўважыць гэта было амаль немагчыма.


Пасьля 40-50 мэтраў стала цяжка дыхаць. Ён не зьвярнуў на тое ўвагу і рушыў далей. Праўда, гэты асьцярожны рух наўрад ці можна было б назваць шпацырам. Ён сунуўся хутчэй як мінэр па замінаваным полі. Спачатку яму здавалася, што можа абрынуцца столь і яго засыпле. Ці яго самога, ці выхад з падзямельля. Затым яму пачало мроіцца, што нехта ў гэтых лёхах ужо ёсьць і сочыць за ім. Ён нібыта чуў гукі таропкіх крокаў, нейкія ўсхліпы і шоргаты. Пасьля таго спыняўся, прыслуховаўся, і дзіўныя гукі адразу зьнікалі. Нібы той ці тыя, хто былі ў лёхах, умэнт заціхалі.

Ён ужо пачаў шкадаваць, што пацёгся ў пад зямельле адзін. Навошта было так рызыкаваць?

Але не хацелася ні з кім дзяліцца гэтым адкрыцьцём. Апошнім часам ён нікому не давяраў. Нехта зусім падсеў на грошы. Нехта проста стаў падазроным. Нехта сьпіўся і дэградаваў. Не, давяраць не было каму. Ён ня мог так рызыкаваць: усё трэба рабіць самастойна. І ня толькі таму, каб сабраць усе ляўры. Не было ўпэўненасьці, што хтосьці не захоча пагрэць рукі на схаваным тут ад хцівых позіркаў.

Дыхаць стала зусім цяжка. Ён спыніўся і адчуў, як гулка тахкае сэрца ў грудзёх. Здаецца, яго стук разьлятаўся па ўсім падзямельлі. Затым яго хіснула і падалося, што сэрца спынілася. Як быццам бы ў тэлевізары раптам на экране зьявіліся перашкоды ў суправаджэньні гучнага сьвісту. Гэты сьвіст імкліва нарастаў, і ён адчуў, што траціць прытомнасьць.

* * *

Праца ў газэце не была цяжкай. Дудар галоўным чынам займаўся разглядам рэдакцыйнай пошты. А таксама рыхтаваў да друку карэспандэнцыі актыву газэты, перадусім моладзі з навакольных мястэчак і вёсак. Гэта было зручным, «стратэгічным» месцам для стварэньня філіі. Праўда, адна справа – напісаць нататачку ў га зэту, з тузінам памылак, да таго ж на трасянцы, і зусім іншая – мастацкі твор. Але Дудар, прынамсі, ужо ведаў некалькі чалавек, якія маглі больш-менш зьмястоўна і гладка выкладаць на паперы свае думкі. Больш за ўсё яго раздражняў іншы бок працы – газэта была расейскамоўнай, і таму даводзілася з трасянкі перакладаць на расейскую. А гэта азначала, што ён як бы сам русіфікаваў маладых людзей, паказваючы, дзе яны памыляюцца, пішучы па-расейску. Разуменьне гэтага свайго дэструктыўнага чыну, бывала, даводзіла яго да шалу. Ён некалькі разоў парываўся завесьці гутарку з рэдактарам пра перавод газэты на беларускую мову, але рэдактар і слухаць не хацеў, тлумачачы, што такое пытаньне вырашаецца нават ня ў Полацкім акругкаме.

Існавала, аднак, добрая магчымасць працаваць і ў іншым кірунку. Гэта адбывалася пры непасрэдным кантакце з аўтарамі газэты. Па-першае, Дудар усіх запрашаў у філію «Маладняка», якую яму даручана стварыць Цэнтральным бюро літаратурнай арганізацыі. Па-другое, ён усіх намаўляў вучыць беларускую мову і спрабаваць пісаць на ёй, бо, як тлумачыў малады менскі паэт, усё адно з часам полацкая газэта пяройдзе на беларускую мову, то варта ўжо зараз пачаць гэты працэс зь нізоў – зь селькараў і рабкараў.

Выдатным падарункам Дудару стаў выхад у Менску яго першага зборніка вершаў «Беларусь бунтарская». Гэта значна павысіла ягоны аўтарытэт у вачах полацкага кіраўніцтва і сярод полацкай моладзі. Цяпер Дудару даручалі і ўкладаньне літаратурнай старонкі ў тутэйшай газэце, і, натуральна, у ёй стала зьяўляцца значна больш беларускамоўных твораў. Дудара таксама актыўна пачалі запрашаць на сустрэчы ў школкі, іншыя навучальныя ўстановы, у працоўныя калектывы. Ён ужо пасьпеў выступіць ня толькі ў самім Полацку, але і ў Ветрыне і Дрысе.

Паўсюль ён шукаў патэнцыйных сяброў стваранай філіі «Маладняка». Праўда, вынікі гэтых пошукаў былі сьціплымі. Як высьветлілася, паэты і празаікі не нараджаюцца самі па сабе, іх ствараюць і вырошчваюць. І для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы.

* * *

Выраз «узьняцца на гару» для Васіля Крок вы не з’яўляўся нейкім абстрактным і ўмоўным. А быў абсалютна канкрэтным і азначаў узьняцца на полацкую Замкавую гару, на якой, даміную чы над усім навакольлем, стаяў Сафійскі сабор. Найбольш пісьменьніку падабалася ўздымацца на гару з боку Запалоцьця. У гэтым пад’ёме быў нейкі рытуал – прайсьці па мастку праз Палату, пабачыць, як меншая рака сустракаецца з большай, і несьпешна, прыступка за прыступкай, узысьці на гару. Пры гэтым добра ўсьведамляць, што ўскрай гары некалі ішла драўляная абарончая сьцяна. І каб трапіць у Верхні замак, трэба было прайсьці праз браму зь вежай, якая, як казачны волат, ахоўвала ўваход у сэрца горада.

Гэтым разам Васіль не шукаў уваход у пад зямельле. Ён прыйшоў сюды, каб паразважаць і падсілкавацца ад гэтай тысячагадовай крыніцы энэргіі. Кроква сеў ля камля бярозы, якая расла амаль ля самага краю гары над вусьцем Палаты. Адсюль быў добра бачны новы мост празь Дзьвіну. Падчас яго будаўніцтва рабілі насыпную дарогу на мост, якая прайшла якраз па сярэдзіне былых Міхайлаўскіх могілак. Гэта было жахлівае відовішча – налева і направа ад дарогі ляжалі драўляныя рэшткі трунаў (а часам і цэлыя труны), чалавечыя косткі і старыя надмагільныя помнікі. Васіль некалькі разоў пісаў у газэты, у тым ліку і сталічныя, пра будаўнічае барбарства, але дамогся адно таго, што ўсе гэтыя «спадарожныя знаходкі» будаўнікі хуценька прыбралі. Пакінуўшы, незразумела чаму, толькі два надмагільныя помнікі – адзін нейкаму стацкаму саветніку Пагодзіну, другі – маладой палачанцы, якая пайшла з жыцьця ў 18-гадовым узросьце. Гэтыя помнікі яшчэ некалькі гадоў ляжалі побач з новай дарогай. Затым і яны некуды зьніклі.

Праваслаўныя Міхайлаўскія могілкі зруйнавалі саветы ў 30-х гадах, калі пашыралі полацкі аэрадром. Зраўнялі зь зямлёй ня толькі магілы, але і саму Міхайлаўскую царкву, якая месьцілася пасярод старых кладоў. Самалёты з савецкімі зоркамі на крылах і фюзэляжах узьляталі тут проста над трунамі, косткамі і надмагільнымі помнікамі.

Кроква паспрабаваў гэта ўявіць – і па ўсім яго целе пабеглі нэрвовыя мурашы. Ад старых жыхароў Запалоцьця ён неаднойчы чуў страшныя гісторыі, зьвязаныя з гэтым трагічным месцам. Тут почасту адбываліся розныя жахлівыя здарэньні – забойствы і згвалтаваньні, – і не аднойчы бачылі ўсялякія дзіўныя зьявы. Вось і цяпер найбольш дарожных аварыяў у Полацку здараецца менавіта на гэтым, здавалася б, абсалютна бясьпечным участку дарогі на новы мост.

«Нешта ёсьць у гэтым сьвеце, што нараджаецца і дзейнічае тысячагодзьдзі, нягледзячы на ўсе грамадзка-палітычныя зьмены і закалоты, – разважаў Кроква, прытуліўшыся сьпінай да камля бярозы. – І, відаць, гэта значна больш істотнае, чым розныя партыі, грамадзкія рухі і аўтарытарныя рэжымы. Хаця, зь іншага боку, менавіта аўтарытарныя рэжымы і пакідаюць пасьля сябе такія жахлівыя анамальныя мясьціны, учыніўшы гвалт і злачынства, парушыўшы сьвятыя традыцыі і запаветы дзядоў».

Кроква ня быў зацятым антыкамуністам. Ён, хутчэй, прытрымліваўся сваёй тэорыі дабра і зла, сьвятла і цемры. Паводле яго, у кожным асяродзьдзі, сярод прыхільнікаў любых ідэяў і перакананьняў ёсьць сьветлыя і цёмныя людзі, калі не лічыць зусім ужо дэманічных і вар’яцкіх, а такіх Кроква ўважаў проста за небясьпечна хворых. Бо нават сярод нямецкіх акупантаў часоў Другой сусьветнай вайны былі сьветлыя людзі. Адзін з такіх немцаў папярэдзіў дзеда Кроквы, што яго на раніцу арыштуюць, і такім чынам уратаваў усю дзедаву сям’ю, якая ўночы выехала ў партызанскі лес. Уратаваў і яго бацьку, які быў тады малым хлопчыкам, і, атрымліваецца, уратаваў і яго, Крокву.

Аднак у сваёй тэорыі Васіль ніяк ня мог знайсьці прычыну падзелу людзей на сьветлых і цёмных. Калі казаць, што тут грае асноўную ролю выхаваньне з маленства, то якім чынам здараецца, што браты-блізьняты вырастаюць абсалютна рознымі людзьмі, часам – супрацьлеглымі? Як так атрымліваецца, што сьвятыя айцы і мніхі, якія палову жыцьця правялі ў сумоўі з Богам, раптам зьдзяйсьняюць жудасныя злачынствы?

Як патлумачыць дзеяньні зацятых вернікаў, калі яны з ахвотай дапамагалі нямецкім карнікам зьнішчаць габрэяў? Падобна, што прычына падзелу на сьветлых і цёмных палягае значна глыбей, а прыкметы прыналежнасьці захоўваюцца, магчыма, у генах. Або людзі не паміраюць, а толькі мяняюць цялесную абалонку. І ўсе свае назапашаныя якасьці штораз пераносяць з сабой у новую чалавечую істоту.

Кроква дастаў зь невялікай сумкі, якую насіў на раменьчыку праз плячо, нататнік і сваім мудрагелістым почыркам запісаў: «Людзі, магчыма, не паміраюць, а толькі мяняюць свае цялесныя абалонкі». Затым ён спусьціўся з гары, з таго самага боку, зь якога і падняўся, і пашыбаваў спорным крокам у бок свайго мікрараёна.

* * *

Чарговы выклік у Полацкі акруговы камітэт не абяцаў Дудару нічога добрага. Пачуцьцё трывогі нарастала з кожным няроўным крокам, якім ён набліжаўся да адпаведнага будынка. Мінулы раз ён меў сьведкаў, студэнтаў пэдтэхнікуму, якія яго вадзілі па навучальным корпусе. Таму данос Пшчолкі аказаўся марным. Студэнты пацьвердзілі, што ніякім чынам Алесь выкладчыка не абражаў, толькі сказаў, што царскія часы ніколі ўжо ня вернуцца, а Савецкая Беларусь будзе спрыяць нацыянальнай культуры, а значыць і мове. Пра гэта можна прачытаць у любой сталічнай газэце на першай паласе. Гэта была, можна сказаць, генэральная лінія камуністычнай партыі ў нацыянальным пытаньні. Таму ў акруговым камітэце ніякім чынам не маглі аспрэчыць словы Дудара, тым больш палічыць іх за абразу. Нават калі і не былі прыхільнікамі беларускага адраджэньня.

Прадчуваньне Алеся не падманула. Гэтым разам сытуацыя была больш складанай. Дуда ру паказалі ананімку, у якой невядомы «добразычлівец» паведамляў у акругкам, што Аляксандр Дайлідовіч, супрацоўнік газэты «Полоцкий пахарь», ён жа паэт Алесь Дудар, падчас наведваньня Ветрына называў кіраўніцтва Полацкай акругі русацяпамі, якія сабатуюць палітыку беларусізацыі, ня хочуць пераводзіць сваю газэту на беларускую мову, нічога ня робяць у сфэры адукацыі. Казаў, што неўзабаве камсамол такіх савецкіх работнікаў пагоніць бруднай мятлой.

Гэта быў удар пад дых, бо цяпер абражанымі рабіліся работнікі Полацкага акругкаму. Разам ўявіць, якая адбылася размова і чым пагражалі Дудару. Алесь усё аспрэчваў і казаў, што гэта хлусьня і чыстай вады правакацыя, бо калі б чалавек меў сапраўдныя факты, то навошта яму пісаць ананімку. У камітэце паабяцалі сур’ёзна разабрацца і прыняць меры. Меры маглі быць надзвычай радыкальнымі.

Назаўтра ў Полацак прыехаў сам кіраўнік «Маладняка», да таго ж галоўны рэдактар газэты «Савецкая Беларусь» Міхась Чарот. Яго візыт абудзіў правінцыйны Полацак. Паэта су стрэлі як шаноўнага госьця, нават наладзілі яму вечарыну ў камсамольскім клюбе. Чарот меў шчырую гутарку з кіраўніцтвам акруговага камітэту і паручыўся за свайго маладога калегу Алеся Дудара.

Калі Дудар на чыгуначным вакзале праводзіў Чарота на цягнік, той нахіліўся да ягонага вуха і ціха прамовіў: «Трымай свой язык за зубамі, бо з ГПУ я цябе ўжо ня выцягну».

Увечары Дудар, застаўшыся сам-насам, напісаў верш.

Цені блудзяць па твары,

Сэрца точыць нуда.

Сёньня лепшы таварыш

Можа цябе прадаць.

Сёньня ня верыць нікому,

Можа, я сам шпіён.

Сьціснуць рукамі скроні,

Няхай пагасьне агонь.

Многія маюць сховы

У шкліцах чырвоных маніст.

Скажы па-свойму слова,

Крыкнуць – ты шавініст.

Будзіць волатаў косьці,

Будзіць сафійскі звон.

Прыйшлі вы да нас у госьці

І нам надзелі ярмо.

* * *

З боку Запалоцьця, непадалёку ад вусьця Палаты, прычаленым да дзьвінскага берагу стаяў дракар. Тут досыць нізкі бераг, крыху топкі, бо шчодра б’юць крыніцы, таму дракар, які, відаць, на хуткасьці ўехаў у бераг, ці не напалову корпусу аказаўся сярод берагавога аеру. Гэта дазваляла амаль па сухому трапіць на карабель. Затое каб адчаліць, спатрэбіліся б цягліцы ці ня тузіна мужчын, бо саштурхнуць дракар на ваду цяпер было ня так проста.

Побач з дракарам нікога не было. У такую раніцу хіба што рыбака можна сустрэць у гэтай ціхамірнай мясьціне. Ці быў хто на самім дракары, Крокве не было відаць, бо, па-першае, ён бачыў дракар збоку, а чалавек мог проста сядзець на днішчы або ляжаць, а па-другое, ветразь карабля быў спушчаны не да канца, таму за ветразем мог таксама нехта знаходзіцца.

Спачатку Васіль падумаў, што гэта чарговая вандроўка скандынаваў, якія любілі займацца рэканструкцыяй часоў вікінгаў. Пра адну з такіх вандровак ён неяк рабіў рэпартаж. Але чым бліжэй падыходзіў да карабля, тым мацней у яго ўзьнікала пачуцьцё, што гэта сапраўдны дракар. Што значыць «сапраўдны», наўрад ці ён мог патлумачыць. Але што гэта не сучасная падробка, Кроква быў абсалютна ўпэўнены.

Драўляны Одзін на носе дракара быў такім архаічным і праўдзівым, што Кроква нават улякнуўся. Хвілінаў пяць ён прастаў насупраць Одзіна, баючыся яго абмінуць і ступіць на карабель. І тут пачуў голас:

– Ну, сьмялей, чакаю цябе ўжо колькі гадзін.

За ветразем устаў чалавек. І Васіль імгненна яго пазнаў. Гэта быў Ластоўскі.

Кроква асьцярожна ўскараскаўся на борт дракара. На днішчы ляжалі вёслы і скураныя торбы, наладавыя нейкім майном. Асьцярожна пераступаючы праз усё гэта, Кроква пасунуўся ў бок Ластоўскага. Той ужо сядзеў на лаве для весьляра і глядзеў у бок Замкавай гары. Васіль наблізіўся да яго і сеў побач. Нейкі час яны маўчалі. Як доўга, Кроква пазьней ня мог згадаць. Але ён выдатна памятаў, што першым парушыў маўчаньне Ластоўскі. І зноў, як і мінулым разам, ён не варушыў вуснамі.

– Як думаеш, ці наведваў гэты дракар Бізантыю?

Пытаньне Крокве падалося ня тое што дзіўным, але бессэнсоўным. Якая розьніца, наведваў ці не наведваў гэты дракар Бізантыю.

– Магчыма, і наведваў. Але якое гэта мае значэньне?

– Гэта можа быць доказам таго, што сапраўды існаваў шлях «з варагаў у грэкі».

Ага, падумаў Кроква, значыць, Ластоўскі тут як гісторык і дасьледчык, як аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі». Гэтая думка неяк разьняволіла Крокву, бо ён ужо пачаў гадаць, што за мэта гэтай чарговай сустрэчы.

Ластоўскі працягваў:

– Гэты дракар не пасьпеў на дапамогу Рагвалоду, і цяпер ён непрытульны, як Лятучы Галяндзец. Чуў легенду пра Лятучага Галяндца?

– Канешне, кожнае дзіця ведае гэтую легенду, – адказаў Кроква Ластоўскаму, як вучань настаўніку.

– Усё было б інакш, калі б гэты дракар пасьпеў у час. Уся беларуская гісторыя пайшла б іншым шляхам. Вельмі небясьпечна ў лёсаносны пэрыяд не пасьпець у час.

– А дзе каманда гэтага дракара? Бо, напэўна, не дракар вінаваты, а каманда, – нерашуча спытаў Кроква: наколькі ён ведаў, у Лятучага Галяндца былі і капітан, і каманда. Бо што такое карабель без каманды? Проста чарупіна сярод хваляў.

– Каманда зьяўляецца адразу, як толькі ўздымаецца ветразь, – Ластоўскі павярнуў га лаву ў бок мачты карабля і дакрануўся рукой да ветразя. – Маеш рацыю, вінавата каманда, а не дракар. Але людзі могуць памыляцца і ра біць кепскія ўчынкі, а дракар ня мае права па мыляцца. Дракар – гэта пасланьнік лёсу. Ёсьць у сьвеце больш сур’ёзныя і важныя рэчы, чым людзі і іх жаданьні, пляны і справы.

Кроква сіліўся зразумець, што гаворыць Ластоўскі, але ў яго гэта не атрымлівалася.

– Але людзі несьмяротныя, яны толькі мяняюць абалонку, – нечакана для самога сябе сказаў Кроква.

Ластоўскі ўважліва паглядзеў на Крокву. Затым павярнуў свой твар у бок Сафійскага сабору і спытаў:

– Бачыш, на крыжы Сафіі сядзіць крумкач. Гэта птушка або чалавек?

Кроква паглядзеў у бок Сафіі і ўбачыў на крыжы званіцы чорную кропку.

– Канешне, птушка, – упэўнена сказаў Кроква.

– Але гэта таксама абалонка. Разумееш? Усё, што ты бачыш навокал, – гэта абалонкі. Чалавек ня можа сам абраць сабе тое, што заманіцца. Гэта вырашае дракар. Дакладней, той дракар, да каманды якога ён прыпісаны. Калі твой дракар спазьняецца, ты апынесься на Лятучым Галяндцы. І тады, як бы ты ні хацеў, твой лёс гу бляе мэту, тады дракар проста перасоўваецца ў прасторы – бязмэтна і бяз порту прыпіскі.

Кроква адчуў, як пад ім заварушыўся кара бель, як нешта жывое.

– Нам пара пакінуць гэты дракар-прывід. – Ластоўскі ўстаў і пачаў прабірацца на запалоцкі бераг. Кроква пасунуўся сьледам.

Калі яны абодва сышлі на зямлю, на дракары рэзкім рухам узьняўся ветразь і карабель рыўкамі пачаў ссоўвацца на ваду. На вадзе кара бель ашчацініўся вёсламі і досыць імкліва пайшоў супраць плыні.

Крокве хацелася задаць Ластоўскаму апошняе пытаньне, каб неяк праясьніць для сябе па чутае. Ён ня вытрымаў і запытаўся:

– А мэта якая? Якая мэта?

– Не даць марсіянам захапіць Беларусь, – пачуў Кроква ў адказ, але самога Ластоўскага ўжо ня ўбачыў.

Загрузка...