1.
Год пасляваенны. Год работны.
Шчэ з руін не выветрыўся дым,
А на танцах, звыклыя да поту,
Кірзачы і хромавыя боты
Рэжуць полькі крокам страявым.
Год надзейны. Год пасляваенны.
Шчэ падлікі страт не паіменныя —
I маўчаць хатынскія званы,
І да мёртвых — літара за літарай
З плачам, галашэннямі, малітвамі —
Пісьмы йдуць
На той канец
Вайны.
Год пасляваенны. Год гаротны.
Шчэ жыццё паўзводнае, паротнае,
Хлеб па картках і па картках соль,
I людзей — хоць ёсць таварыш Сталін,
Хоць перамаглі і адстаялі —
Аніяк не адпускае боль.
Ён — нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка.
2.
Касавіца.
Ліпень напачатку.
Не да святаў. Хутка час жніву.
Старшыня пахукаў на пячатку,
Пляснуў па даведцы —
I жыву.
Першы сорт. Пасляваенны выраб.
Чым прырода апраўдала выбар:
Быць альбо не быць мне на зямлі?
Як неверагодны выйгрыш выпаў?
Бацьку
Снайпер выбіваў — не выбіў,
Маці ў роў вялі — не давялі.
Вось з вайной мая прамая сувязь,
Лёсаў і крыві густая сумесь,
Што праз марлю год не працадзіць.
Памяццю сваёй
Я не свабодны:
Сутыкненне нацый і народаў
Вырашала — быць мне ці не быць.
А душа мая
Шукала цела.
3.
Быць хацела! Дыхаць ува мне!
Ля траншэй цвіла рамонкам кволенькім,
Калй дотаў стракатала конікам...—
Не! -
Новенькі,
Бліскучы,
З меткай «супер»,
Не з'явіўся — выжыў я насуперак
Вайне.
На прамежжы
Азіі з Еўропай
Як хачу
свячу ружовай попай,
Знаць не знаю пра сваё жыццё,
Крэўны сын
Някляева Пракопа,
Стасі Магер
Роднае дзіцё.
4.
Трое нас.
Ніводны не забіты.
5.
Сорак шосты.
Даспявае жыта.
Час вялікіх спраў —
не да малых!..
Нават чарку кінуў недапітай
Схаршыня на хрэсьбінах маіх.
Старшыня — начальнік адмысловы.
Франтавік.
Герой.
Гвардзеец.
Франт.
Казыраў ён нетутэйшым словам
«Факт» —
I парыпваў кабурою новай,
Медалямі, слепячы, звінеў...
Ён сказаў на хрэсьбінах прамову.
Вось што я з прамовы зразумеў:
Факт,
Што набірае моц Радзіма.
Факт,
Што ў нашых ворагаў інфаркт.
Факт,
Што жыта сёлета ўрадзіла.
Нарадзіўся я — таксама
Факт.
Факт яшчэ, што банда паліцаяў
Не дабіта ў Суцькаўскім бары...
«Ды пра паліцаяў — абяцаю»,—
Шчоўкнуў старшыня па кабуры.
Той парою
Шчоўкалі заўзята...
6.
Ноччу бралі Кабянка Ігната,
Першага бандыта на раён.
Узялі. Вяскоўцам паказалі.
— Ён? — спыталі.
— Гэты,— адказалі.
А сівы Стапуль сказаў:
— Не ён.
7.
Трох красунь-нявестак Стапулёвых
На суках таполевых, вясновых
Весела
Ігнат павесіў быў:
Першую — бо мела кроў чужую,
Бо хавала першую — другую,
Трэцюю...—
Бо троіцу любіў.
З імі побач, на суках кляновых
Трох сыноў-асілкаў Стапулёвых
Кабянкова банда падняла:
Першага — бо выкраў вартавога,
Бо не выдаў першага — другога,
Трэцяга...—
Каб троіца была.
Тры начы і дні гайдаў іх вецер...
8.
Ці на вецці ружавее квецень,
Ці лісты асеннія ляцяць,—
Гэтыя тры клёны,
Тры таполі
Дзень і ноч на Стапулёвым полі
Шэпчуцца,
Калышуцца,
Шумяць.
9.
А Стапуль сваё:
— Не ён. Не гэты.
10.
Сорак шосты.
На зыходзе лета.
Сад. Калыска. Вечар.
Ля вулля
Падаюць самлелыя ранеты.
Роіцца натоўп ля сельсавета.
Суд сягоння.
Судзяць Стапуля.
Суд у фрэнчах.
Хросны мой за сведку.
Ён суду паказвае даведку
З дзірачкай ад кулі на ражку.
Холадна ў прасцяг глядзіць ахова.
Кожнае тут сказанае слова
З хаты ў хату йдзе па ланцужку.
11.
СУД
Прагакольны запіс
Хросны (то запнецца, то саб'ецца):*
* Заўвага судовага сакратара
— Па законах новых, па савецкіх
Я панёс малога ў сельсавет.
Г о л а с
Мог і без малога.
X р о с н ы
Дык не ведаў.
Думаў, як хрысціць...
С у д
Адзін?
X р о с н ы
З суседам.
С у д
Стась Стапуль сваяк вам?
X р о с н ы
Так, сусед.
С у д
Дык сусед або сваяк?
Г о л а с
Суседзі.
Х р о с н ы
Старшыні няма.
«Чакайце, едзе...»
А ў мяне і час быў, як знарок.
Ну, сядзім.
Чакаем. Словы доім...
С у д
Што?
X р о с н ы
Гамонім. Уваходзяць двое:
Старшыня і гэны...
Кабянок.
С у д
Без канвою?
X р о с н ы
Той пасля заскочыў.
Старшыня счарнелы — нават вочы
Быццам з галавешкамі на дне.
Кажа: «Факт. Пазналі гада дома».
Я кажу: «Дык чалавек вядомы».
А Стапуль як ёсць упёрся:
«Не».
Старшыня ўдыбкі — і на старога:
«Пакажы мне Кабянка другога!
Ворага шкадуеш, маць тваю!..»
С у д
Далікатней...
Тут жанчыны, дзеці.
С т а п у л ь
Прызнаю ўсё існае на свеце.
У звярах людзей не прызнаю.
X р о с н ы
От, сказаў ён так — і я паверыў.
С у д
Дзе Стапуль сякеру ўзяў?
X р о с н ы
Сякеру?..
Каля печы, мусіць... Каля дроў.
Г о л а с
Сам прынёс!
Якія летам дровы!
X р о с н ы
Кабянок жа гэны — звер здаровы.
С т а п у л ь
Без сякеры нельга ля звяроў.
С у д
Так. Далей?
X р о с н ы
Ён кінуўся на Гната.
С у д
Хто?
X р о с н ы
Стапуль.
С у д
А вы?
X р о с н ы
Я вінаваты.
За руку схапіў:
«Чакай, сусед!»
Старшыня адразу з пісталетам;
Кабянок — убок,
і скок... і гэта:
Выбіў старшынёвы пісталет.
З крыку і дзіця загаласіла.
Кабянок, нячыстая ён сіла,
Цэліцца ў яго:
«Хто зробіць крок...»
Я яму: «Ігнат, пабойся бога...»
Старшыня загарадзіў малога.
Кабянок націснуў на курок.
I тады Стапуль яго сякерай...
Тут ужо набеглі...
Насцеж дзверы...
Выскачыў з малым я — ледзь стаю...
С т а п у л ь
Вінаваты ў старшынёвай смерці...
Прызнаю ўсё існае на свеце.
У звярах людзей
Не прызнаю.
Г о л а с
А даведка?
X р о с н ы
Ды была гатова:
Вось, знайшлі ў кішэні старшынёвай..
Нічыёй паперка стала б, каб...
12.
Мне даведку тую не вярнулі;
Падшывалі —
Шчэ адну праткнулі
Дзірачку, такую ж, як ад кулі,
Там якраз, дзе прыназоўнік «аб».
13.
Зноў шумяць
Тры клёны,
Тры таполі.
Зноў бяда на Стапулёвым полі.
Хата ссірацелая гарыць.
Год пасляваенны. Год суровы.
Шэпча вёска Стапулёвы словы.
Я яшчэ вучуся гаварыць.
Я пакуль не ведаю, што лёсам
Звязаны з сусветам,
Што за лесам
Столькі вышыні і шырыні,
I што ўсім жыццю я абавязаны,
А яно, як сноп той, перавязана
Перавяслам лёсу старшыні.
14.
...Я аднойчы ўстану сярод ночы
I зусім спакойна гляну ў вочы
Горкай, перакручанай, сірочай
Стапулёвай праўдзе. I мане.
А пакуль жыву, нібы ў разведцы:
Кабянок скрозь дзірачку ў даведцы
З пісталета цэліцца ў мяне.
Так блізка да неба — хоць зоры ў папаху зграбай.
Узняўшыся ўверх па сцяжыне абрывістай, коўзкай:
«Дамбай!» —- я гукнуў.
Пракацілася рэха: «Дамба-а-й»*.
* Дамбай (карачаеўск.) — зубр. Гара на Каўказе.
I ценем прайшоў па вярніынях Мікола Гусоўскі.
— Куды вы? спытаў я.
— Нікуды.
— Адкуль?
— Ніадкуль.
Прайшлі альпіністы —
Элітныя дзеці прагрэсу.
— Са мной ты ці з імі?..
Рашай, як захочаш, пакуль
Кастры не пагаслі
I песні спяваюць чаркесы.
Мы рушылі побач
На полымя дальніх кастроў.
Як страшна ісці з несмяротным
Хадою смяротнай!
— Скажы ты мне:
Зараз палююць у вас на зуброў?
— Палююць,— зманіў я.
I ён усміхнуўся гаротна.
Чабан ля кастра, прывітаўшы,
Падаў нам айран:
— Пітво без атруты...
Напітак нязвыклы для Рыму.
— Пра што ты, чабан?
— Пра жыццё.
Пра людзей я, алан**
** Алан (карачаеўск.) — сябар, дружбак
Што толькі кахаюць
Ды шчэ паміраюць без грыму.
Мы доўга маўчалі.
На поўначы ветах патух.
Ступалі планеты сваім урачыстым парадам.
Ні хто мы,
Ні што мы — пра нас не пытаўся пастух.
I ўстаў я ісці.
А Гусоўскі прамовіў:
«Няпраўда».
— Няпраўда,— сказаў ён.—
Без грыму наш пот. Мазалі.
Чабан не спрачаўся:
— Я байку адну вам разбаю.
Жыў бай на Дамбаі. Наладзіў ён рай на зямлі —
З віном і гульбою — як рай той спатрэбіўся баю.
Ён зеллем апойваў сваіх ненадзейных служак,
I найміты везлі іх, сонных, пад шаты Дамбая.
I там ім казалі:
«Вы трапілі ў рай не за так —
За верную службу,
За вечную працу на бая».
Тры дні ім дарылі на райскія гульні. Пасля
Зноў зеллем паілі, да бая прывозілі ўночы.
— Джыгіты мае! Пасівела ад гора зямля,
Калі вас не стала!
I слёзы спалілі мне вочы!
Я неба маліў! I пачуў мяне бог:
«Забірай
Батыраў сваіх...»
Вас малітвы мае ажывілі!
Служыце мне верна —
I кожны з вас вернецца ў рай!
Служыце мне верна!..—
I верна батыры служылі.
— Знаёмая байка...
Ды я не служыў каралю:
Служыў я Вялікаму княству,
адзінай Айчыне.
Зрабіў, што паспеў;
Што не здолеў — яшчэ адраблю:
На славу Айчыне
ёсць новая песня ў зачыне.
Адно разгадаў ты: вялікі я зведаў падман.
Ды праўдзе не здрадзіў,
Збіраў сваю праўду па жменьцы!..
— Дык хто ж вы такія? —
спытаўся нарэніце чабан.
I я прамаўчаў.
А Гусоўскі сказаў:
«Чужаземцы».
Падзякаваў ён чабану за айран, за агонь.
— Пара мне!..
На ловы гукаюць дубровы, на роздум.—
I свіснуў у пальцы.
I ўстаў, як укопаны, конь.
I прывідам знік чужаземец,
Што з Гусава родам.
— Сапраўдны джыгіт!
Не паверу ніколі, што госць...—
Апошнія іскры у кастры чабана балявалі.
— Скажы, чужаземец, паэты ў краях вашых ёсць?
— Бывалі,— сказаў Я,—
Калі на зуброў палявалі.
Бывайце...
— Бывай. Калі нешта не так, выбачай...
Даспелі на досвітку
Зор залатыя арэхі.
Зграбаў я ў папаху іх,
Клікаў прастору: «Дамба-а-й!..»
Далёка кацілася, тупала, цокала, шорхала рэха...