1.
Дрыжаць азёраў ледзяныя вейкі,
Пралескамі прашыты край лясны.
На рыштаваннях дзён
Майстры вясны!
Цягнік зімы павёз вузкакалейкай
Снягі на поўнач,
Рушыўшы рыўком...
Прабіта неба першым жаўруком.
I трутні ажываюць... Павукі...
Ну што ж: прырода...
Гэты факт не новы.
Шыбуй, вясна! Няхай твае палкі
Зялёны сцяг вядзе на заваёвы.
Дай полю — колас,
Песню — салаўю,
Каб лес шумеў лістотай, луг — травою...
Шчыруй, вясна! Няхай жыве жывое!
Я ўсё жывое радасна люблю.
Гайдай, вясна,
Гадоў імклівых лодкі,
Качай грамы бухматыя ў траве!..
Хай горкі дым,
Айчыны дым салодкі
Над знойдзеным і страчаным плыве.
2.
Плыві, плыві, Айчыны дым салодкі...
Паводка ачышчае лік зямлі —
I па рацэ праносяцца з паводкай
Сухія дрэвы, мёртвыя камлі.
Над крыгаломам
Сталі круталоба
Нязломныя бетонныя масты...
Жалоба страт — кароткая жалоба.
Майстры вясны — вясёлыя майстры.
Ах, як яны смяюцца белазуба,
Вады і ветру вольныя сыны;
Прабіў іх час! — і гэты час яны
Не аддадуць на страту і на згубу.
Яны ідуць
Калона за калонай,
Работнікі вясны і ўладары,
Аратыя,
Паэты,
Змагары,
Людской красы і моцы чэмпіёны.
Мне па нутру крутыя іх натуры,
Густы блакіт, замешаны ў вачах.
На іх руках
Забранзавела скура,
На іх руках
Пляцоўкі Байканура,
Краіна ўся — ад Буга да Амура —
На чэсных іх, мазолістых руках.
Я веру ім.
Вітаю іх кагорты,
Раўняю крок да іхняе хады...
Напоўнены вясною іх аорты!
Яны ідуць — і ведаюць, куды...
Мне трыццаць. Час настаў такі,
Калі — ні ў вучні, ні ў настаўнікі.
Яшчэ шкалярскі доўг плачу
Купалу,
Танку,
Куляшову,
А ўжо з Глыбоччыны хлапчук
Прысуднага чакае слова.
Мой родны!.. Бог табе суддзя.
Суды сабе падобных лепяць.
Якая песня ў лебедзя?
Як лебедзь.
Ах, лебедзяў прыгожа б'юць!
Як выжыць — я магу параіць.
А вершы пішуць — як жывуць.
Як дыхаюць. Як паміраюць.
Хлапчук маланкі тушыць вейкамі,
Яму здаецца — ён паэт! —
Што я хаваю тайну нейкую,
Што ў ёй паэзіі сакрэт!
Наросхрыст ён ідзе па вуліцы,
Ён казку ўспамінае вусцішна:
«Пад дубам куфар ёсць, там вуціца,
Не лебедзь — вуціца, а ў той
Яйко з іголкай залатой...»
Галосіць дуб пустымі дупламі!.
Хлапчук ледзь пераводзіць дух.
«Пра што і як пісаць?» — ён думае.
...Лягчэй, што думаем удвух.
Збілі на ўзлёце...
Падала, хісткім крылом
Неба чапляла...
Здабыча ўжо... Птушка былая..
Па
Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом:
— Міма, бадай, цябе... Міма, халера!..
— Бывае.
— Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?..
Цэзар, апорт!.. А яна яшчэ доўта ляцела,
Покуль ударыла ў цёмны асенні чарот
Водгукам стрэлу...
Дзеля таварыша злосць можна выдаць за жарт,
Хоць і таварыш былы —
Птушка былая.
— Ды зразумей ты;
Гэта спрадвечны азарт...
Не разумею азарт, які дабівае!
Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш,
Продкаў злачынствы катуюць пячорны мой розум...
Што ў ім спрадвечнае?
Што яму дадзена звыш?..
Рана — пытанні, адказы знаходзяцца позна.
Ах, як над возерам
Птушка свабодна пяе!
Песня знямее —
I ўночы разбудзіць, як выбух!
Ісціна — вечнае.
Звыці — толькі выбар яе.
Выбраўшы вечнае, ісціну можна не выбраць.
Гэтая птушка... Іншая быць не магла...
Хто растлумачыць мне сувязь між ёю і мною?
Толькі пытанні між намі, толькі імгла,
Толькі пячорная памяць крыла за спіною.
...Мы
На зямлі
Месца
Найлепшае
Выбралі.
Шклянкі напоўнілі:
— Ну, будзь здароў...
— Будзь здароў...
I пад нябёсамі,
дзе спадарожнікі зыркалі,
Возера гойдала
Водбліскі нашых кастроў;
...I сціраўся лягчэй,
чым сціраецца след ад алоўка,
На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс...
Ён ішоў наўздагад;
да хрыбта прыкарэла ватоўка.
У хусцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс.
Як ад смерці ратуюцца,
ён ад жыцця ратаваўся,
I жыццё абмінала, і смерць не шукала яго.
Тры разы пакідаў,
тры разы да каханай вяртаўся,
На чацвёрты вярнуўся —
ды ўжо не было да каго.
Ён на полі пустым
тры начы прастаяў нерухома,
На чацвёртую ноч
кінуў семя з хусцінкі ў раллю.
I зямля скаланулася,
быццам ад нізкага грому,—
I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю.
У чатыры канцы
ён ляцеў у здабытай прасторы —
I нікога за ім, і нічога прад ім не было.
...На абражаным полі зраселі апалыя зоры,
I паўночнае ззянне
паўліным хвастом расцвіло...
Перад зярнятамі, што прападалі,
Схілімся долу.
Не выпадае, не выпадае
Вылічыць долю.
З берага ветрам пакошаных траў
Цягне да неба.
Толькі ў вышынях, куды прарастаў,
Цёмна і нема.
...Зорка зрываецца, як з далані
Кропля блакітная...
Не падмані, не падмані,
Бераг пакінуты.
Дзе храм калісьці быў — цяпер піўная...
Цыган вясёлы скача і спявае,
Удала ўкраў каня — удала збыў
I грэх запіў!
Тут храм калісьці быў...
Правінцыя!
Люблю твае кантрасты!
Люблю твой люд скуласты і гарласты,
Прастор, прапахлы небам і зямлёй!..
Але нашто, скажы мне, калі ласка, ты,
Крышыць муры гісторыі сваёй?..
Цыган шалее! Млеюць мужыкі.
Гісторыя мая. Палешукі.
Нальюць па шклянцы — сціснуць кулакі.
Як піларамы, ходзяць жаўлакі.
— Ты, можа, расстараўся б, га, Сымонка?
За першай і гамонка не гамонка...
Сымон не зломак —
За другой,
За трэцяй
Пайшла размова пра жыццё на свеце.
— А што жыццё?..
Ідзе, якое ёсць.
Мы госці ўсе — і ты таксама госць.
Адзін швейцар вунь, як у горле косць.
Дурны мужык...
Давай, яму на злосць...
Швейцар цікуе — вокам не міргне,
Ён знае сам, што ісціна ў віне,
Але на службе прэ з яго натура
Барацьбіта за сервіс і культуру.
«Панас! Давай да нас, швейцарскі цар!..»
Усмешкай, як маланкай, блісне твар
З той цемры, дзе схаваны ад людзей
Сузор'і і галактыкі надзей.
Рагоча жартаўнік —аж стогнуць міскі.
Да Гомля — го!..
Яшчэ далей да Мінска...
Цыган танцор і праўда не благі!
— Чаго сядзіш?!
Устаў не з той нагі?..
Правінцыя!
Пранізлівасць тугі,
Глухія каля Турава снягі,
А некалі... Але было даўно,
Правінцыя! Прагорклае віно,
Правінцыя! Маленства сон чароўны!..
Я толькі тут сабе самому роўны,
Правінцыя! Як быць мне, як мне жыць —
Не выказаць, што на душы ляжыць...
Смяецца дзеўка, поўная грудзей.
У круг яе!
Да люду!
Да надзей!
І-эх, шкада, што кашы з ёй не зварыш
— Ты што, таварыш?..
— Захмялеў таварыш.
— Ды не чапайце, хай сабе паспіць...
Правінцыя! Як соладка баліць!
Качаю па стале змакрэлы мякіш:
Ёсць, дзякуй богу,
Тураў, Зэльва, Мядзель!..
Цыган крычыць:
— Ты не гароцься, госць!
Не прападзём! Яшчэ, брат, коні ёсць!
...Як зрэз на дрэве, набрынялы сокам
Цяжкім, што кроў...
«Мой ясны сокал!
Мой высокі сокал!»
А галубы ляцелі з рукавоў,
I зіхацелі пацалункі ў дзюбах —
Пярсцёнкі залатыя вуснаў любых.
Накормлены — брывом не зварухнуць!
На спіны галубятнікі валіліся...
А я не мог бязбоязна дыхнуць
Паветрам тым, гпто ля цябе свяцілася.
Той дождж, што пырскаў у тваю далонь,
Я піў набожна, як ваду святую,
I як паганцы верылі ў агонь,
Паверыў цёмна ў навальніцу тую,
Калі з-за хмар, бы ў меднае вядро,
Грамы шпурлялі за ядром ядро,
I мы ўдваіх лавілі ўратавана
Маланкі асляпляльнае пяро,
Бліскучы меч Ізольды і Трыстана!
— ...Дык што ж той меч?
— Ступеў ва ўжытку хатнім...
— А галубы?..
— Жывуць на галубятні.
Круты абрыс біблейскіх гор.
Зарніц спалохі...
Над Арменіяй
Сусветнае
Знішчэнне
Зор...
А зор не менее.
Закон
Ахоўвае матэрыю.
А кроў святла на спад лавінаю,
Як перарэзалі артэрыі
Над Арарацкаю далінаю.
У коп'ях неба
I ў мячах —
Пектаграфічны заніс эпасу.
Дух вояў-продкаў не ачах! —
Пад пацінаю на шчытах
Арэс і Эрас.
Не вынішчаецца любоў...
Зноў небасхіл, як выраб Палеха.
I слоў не менее
Ад слоў,
У горне ночы ў попел спаленых.
Як доказ іх магічнай сілы
З-за Крабавіднае туманнасці
Глядзяць на люлькі і магілы
Густыя вочы Туманяна.
Сядзеў панура,
Згорблена,
I раптам — песня горлам.
Скакаў табун, таптаў палын,
Шакалы вылі следам.
Ніхто не ведаў —
Што акын.
Ды ён і сам не ведаў.
Свістала і хрыпела
Жалоба і вуда,
Як з крана з'іржавелага
Гарбатая вада.
Нібы замоваю лячыў,
Спяваў.
Пра ўсё.
Нічога.
Была
За песняй
Далячынь.
Пустэча.
Стэп.
Дарога.
Турысты пырскалі:
— Выццё...
— Саліст ансамбля «Пенсія».
Адна дамбра. Адно жыццё.
I смерць адна. I песня.
Колас.
Купала...
У гуках імён іх люлянку я чую,
Якую матуля калісь
над калыскай маёю спявала
Колас.
Купала...
Мелодыю мовы славянскай я чую,
Той мовы, якую агнямі палілі,
Ды з попелу
Страцімам-птахам яна паўставала —-
Колас.
Купала...
Я чую ў іх звонкія гуслі
I гулкасць
Той сілы,
Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала
Колас!
Купала!..
Адвечную песню народа,
Што горда
Жыла ў ім
I кленчыць прад ворагам не дазваляла! —
Колас.
Купала.
Падобны на словы замовы
Імёны,
Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла —
Колас...
Купала...
I грозна, сурова гучала іх слова,
Калі над Айчынай чумы навісала навала
Колас!
Купала!
Яно падымала да зораў
і ў нетры зямныя кідала...-
На вечныя векі
Вятры намялі
Курган вашай славы
На роднай зямлі —
Паэзія...
Колас.
Купала.
Валілася неба на вышчапы гор,
Апошнія зоры страсаючы ў зморы.
А сонца ўставала, нібыта сабор.
Званілі ў саборы.
У Чэці ў мячэці маліўся стары...
На твары — адчаю кінжальная мета.
«Алах! Магамет не прыйшоў да гары -
Гара пракляла Магамета.
Алах, я сівы ўжо...
Я хутка памру.
Прашу на мяжы твайго вечнага царства:
Алах, пакарай за бунтарства гару!
Алах! Магамету даруй за бунтарства...»
Ён гэту малітву тварыў да пары,
Пакуль не сабраліся хмары над светам...
Грамніца слізнула на вышчап гары —
Лавіна
Раструшчыла
Дом Магамета...
Направа залева,
Налева залева,
Матор «Масквіча» ліхаманка заела —
Давай, ну давай, калымага старая!..
Нутро выгарае.
Нутро выгарае...
Патопныя воды на шкло ветравое;
Дарога назад —
Да шумераў? да Троі?
Дарога наперад —
Да пекла? да раю?
Давай, ну давай, калымага!.. Стараю-
чыся з усіх сіл, перагрэты,
Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планеты,
Спірала дыханне на страшнай спіралі,
Дзве сілы —
Крыж-накрыж — сусвет распіралі:
Круціліся ў бездані левыя колы —
На правых праколы! На правых праколы!
I покуль машыну завальвала ўлева,
Я бачыў, як справа святлела залева,
Хіліліся горы, і слаліся травы
Направа, направа, направа, направа,—
Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах,
Шалее салоўка на шостым каленцы,
Званамі аглухлымі падаюць бэры
На попел цяпельца любові і веры,
Дзе пахне атаваю луг за ракою,
Дзе мама насустрач махае рукою
I з ціхай надзеяй пытае пра справы...
Завальвае ўлева!
Аблокі — направа,
Направа звяры ўсе, і рыбы, і гады,
Мой снежань направа, мае лістапады.
Направа ўзлятаюць —
Ілона і Ева —
Дзве птушкі з галін радаслоўнага дрэва
Направа — сілкамі пакоры і гневу —
Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева
У зорную прорву, дзе вечнасць клубіцц
Дзе некалі сон гэты будзе мне сніцца...
Хай будзе жыццё! Гэта ноша па мне!
Па мне гэта доля сустрэч і расстанняў,
Я ведаю: зоймецца хутка ў акне
Апошні світанак майго існавання.
Ну што ж, гэта ноша таксама па мне.
Спакойна змяняю я долю на волю —
I толькі хіснуся, як цень на сцяне,
I толькі на момант хаду запаволю...
Дарога вяла на Ляўкі.
Праз ніву.
Праз лес.
Праз вякі.
Цяжарна ўздыхала ралля.
Храплі на аселіцах Коні.
Свістала ў прасторы Зямля —
Каля небасхілу,
Каля
Той жылкі, што б'ецца на скроні.
Дарогу ўздымала гара,
I там, дзе дарога знікала,
Над вечнай вадою Дняпра
Стаяў нерухомы Купала.
Кацілася шляхам сваім
Рака —
Як магла,
Як хацела.
Быў страшны Купала —
На ім,
Яшчэ даваенным, жывым,
Святочна кашуля гарэла.
Хісталіся цені жуды
Сляпымі маланкамі ў змроку...
Адзін толькі крок да вады!
Не зробіць ён гэтага кроку.
Ён скуру здзярэ, як луску,
I рушыць на вольны гасцінец...
Ён пройдзе яшчэ праз Маскву
Па цьмяных прыступках гасцініц.
Ён будзе на сходках начных
Спяваць,
Зратаваных ад кулі
Сяброў абдымаць —
I на іх
Святочна запальваць кашулі.
Ён будзе! .
...Кружыла Зямля.
Храплі на аселіцах коні.
Усё гэта будзе — пасля.
Усё гэта будзе — ніколі.
Пасля — у мальбе і праклёнах.
Ніколі — у спратах віны.
...Адзін
I адзіны
З мільёнаў,
Адзін і адзіны, спалёны
На росстанях смутных
Вайны...
Прызнаць віну, якой не варты вы,—
Адчэпка толькі для суда людскога...
Калі душа, як за сцяной астрога,
I сочыш ты за ёй, як вартавы,—
Не абвяшчай: я вінаваты ў тым,
Што ёсць мана, што пыл яе і дым
Твар праўды захінае, як аблога.
Не словамі, а справай пачынай:
Астрог паруш — і ў сэрцы паламай
Нож асцярогі, зброю вартавога.
Губернскі пісар Стэфан Дастаеўскі
(Каліграфічнай вырабкі памешчык)
Адчайна спрабаваў пісаць раманы
I меўся
Увайсці ў літаратуру;
Яшчэ ў яго арэндаваў маёнтак
Купалаў бацька, Дамінік Луцэвіч;
Так праз жылплошчу лішнюю — не тое
Каб зведаў славу сына Дамініка,
Аднак у часе не прапаў бясследна
Каліграфічнай вырабкі памешчык,
Губернскі пісар Стэфан Дастаеўскі.
Невыразнае жаданне
Лета.
Ластавак.
Вяртання.
Лесвіцаю успамінаў
З нізкіх долаў успамінаў.
Гнёзды свецяцца ў байніцах.
Проста ўсё, што ў таямніцы.
Толькі ты — бы ўзмах крыла,
I яна — бы ўзмах крыла!..
Толькі снежань з-пад крыла —
Ды на снезе след расталы...
Недзе музыка была.
Вось і музыкі не стала.
Выстыў Талін. След змяло.
Толькі што было — было.
Там, з Вышгорада,
З апетай
Даўняй вежы
Ценем лета
Цёнькне
Ластаўкі крыло...
Дзень — святло,
I ноч — святло.
Не дазволь пайсці мне... Затрымай...
Рукі на грудзях скрыжуй стамлёна...
Хай сабе не варты я праклёну —
Праклінай.
Праклінай, галосячы пра страты,
Адзіноту, здраду і тугу.
Не магу я
Быць
Не вінаватым!
Чуеш, не магу.
У імя няўмольнага расстання
Над бяздоннем,
На апошнім дні —
Не карай мяне ўсёдараваннем!
Злітуйся... Даруй мне... Пракляні...
Прагінае вецер кроквы.
Мёртвы снег пластае дах.
Пуста. Гулка.
Крыкі, крокі
У завеяных палях.
— Мама, хто там?
— Спі. Нікога.
Вецер... Снег...
— Зірні ў акно;
Ваўкалак!
— Пабойся бога!
— Нехта ёсць усё адно!
Крык.
— Ты чула?
— Падалося...
Стрэл.
— Ты чуеш?
— Гром...
— Зімой?
Мама,
Мама, ён галосіць!
— Гэта сцюжа, хлопчык мой.
Кожнай дошкай стогне хата.
Клямка бразгае сама.
— Мама, страшна...
Дзе наш тата?
— Тата ў горадзе...
Зіма.
Пуста. Гулка.
Крыкі. Крокі.
Зноўку стрэл. I крык.
I ціш.
Леснічоўка. Край далёкі.
Шлях далёкі. Снег глыбокі.
Дні.
Гады.
Стагоддзі.
— Спіш?
...Ён заснуў, нібыта згінуў.
Ваўкалак трубіў у рог.
Раніцою вецер кінуў
Шапку бацькі на парог...
Праводзіла з дому...
На ўзмежку бацькоўскага поля:
«Сынок мой... — сказала, — які ж мне наказ табе даць?
Ніколі не збочваць з дарогі — зайздросная доля.
Ды хай не міне цябе доля дарогу губляць.
Хай зведаеш ты
Нежалобную долю блуканняў,
Хай знойдзеш — і знішчыш,
Хай дойдзеш — і кінешся прэч,
Спазнаеш Сустрэчу
У час спусташальных расстанняў,
Спазнаеш Расстанне
У час невыносных сустрэч.
Хай страціш ты многа,
Каб долі сапраўднай не страціць».
Ён жыў гэтай доляй.
Кахаў.
Расставаўся.
Блукаў.
Дадому вярнуўся:
«Сынок мой,— спыталася маці,—
Знайшоў ты ці страціў?..»
Заплакаў —
I ў ногі
Упаў.
Вачэй тваіх сумненне.
Зноў ноч не спіць.
Рака неразумення.
Яе не пераплыць,
Калі гудуць вірамі
Мана, лухта,
Калі між берагамі
Ніводнага маста...
Бывай, мая чароўная!
Рака гудзе...
Бязвёсельныя чоўны
Сплываюць па вадзе.
Руіны замка.
Дзікая зямля.
Ды чэзлыя наўкол кусты шыпшыны.
А на сцяне ўцалелай — твар жанчыны,
Наложніцы старога караля.
Была яна наложніцай ці не,
Ды ўладаром валодала красою —
Ён загадаў лічыць яе святою
I ўвекавечыць
На глухой сцяне.
Свавольны быў кароль той, як дзіця.
Не ведаў межаў шчодрасці і злосці...
Даўно струхнелі ўладаровы косці
Пад чэзлымі шыпшынамі жыцця.
Імя яго забыта ў тых краях,
Дзе ён сваволіў і хадзіў вайною
На ўсіх суседзяў,
Каб агнём,
Маною
Пакору аднаўляць у іх
I страх...
Ды не астыў вачэй блакітны вар
Жанчыны той! —
Ліецца на абшары...
I свеціцца
Тугой былых пажараў
Драпежна-вольны
палачанскі твар.
Сцакусы яблык даспеў на яблыні.
Спакойна, Ева. Вачыма талымі,
Губамі грэшнымі не спакусі,
Атруту яблыка не надкусі.
Яна ўсміхаецца: вучы вучоную!..
Ды ёсць жа душы незамучоныя,
Крынічна чыстыя, амаль святыя!..
Смяецца Ева:
«У нас не тыя».
Яна крычыць мне: «Ідэаліст!..»
А ў садзе падае апошні ліст,
I снежнай квеценню халадзее
Святая яблыня
Маёй надзеі.
Апраметная. Эдэм.
Мост разведзены.
Да сярэдзіны ідзем.
Да сярэдзіны.
Ад пачатку. Ад канца.
Злева. Справа.
Да сярэдзіны:
вянца
справы.
...Ты не згодны? Крывіш рот?
Жэст асобы.
Да сярэдзіны — народ.
Ты
асобна.
Ты — прарок. Месія. З тым
Стань над масай.
«Гэй, з партфелем!
(Цябе пытаюць, чаго акуляры вылупіў?!)
Колькі часу
на тваім
на залатым?..»
Выйшаў. Хіснулася поле
За небасхіл неадольны.
«Любая, што гэта?»
«Воля».
«Волі не ведае вольны».
Біўся. Вяртаўся дахаты.
Голаў качаў на падоле.
«Любая, што гэта?»
«Краты».
«Знаю. За кратамі — воля».
Скончылася лета... Не сумуй!
Звыклаю хадою час прастуе.
Ад спакою ён цябе ўратуе,
Ад самоты — сам сябе ратуй.
Не сумуй... Яшчэ ў тваіх гадах
Верасень — не першая прыкмета.
Падаюць антонаўкі ў садах.
Скончылася, скончылася лета!
Вывесілі жоўтыя сцягі,
Высахлым бульбоўнікам канае...
Не сумуй!.. Шырэй за берагі
Рэчак не бывае.
Прызвычайся рэчышчам цячы
I, імгненнем будучым багаты,
Страчанае стратай не лічы.
Шчасны будзь, што меў такія страты.
Вярнуцца ў маленства пры гомане дня —
I ўспомніць, як ссекчы на дрэве галіну:
Была сярод іншых гульняў
Гульня
Дражніць старую Куліну.
— Куліна, Куліна, хто твая матка?
— Кулініна матка — спадніца ў латках.
— А хто, Куліна, твая свякроў?
— Куліне свякроў — ліхая кроў.
— Куліна, Куліна, а хто твой муж?
— Кулінін муж — стары капялюш.
— Куліна, Куліна, а хто твае дзеці?
— Кулініны дзеці — палёўкі ў клеці.
Нядаўна было... А прайшлі, праплылі
Гады мае ранкамі роснымі...
Дзяцінства не ведае жалю, калі
Не помняць спагады дарослыя.
«Вядзьмарка!..» — і рогат ляцеў над табой,
Дзяцінства маё!..
Праз аер і маліну —
Гаротай сваёй, басатой, галыцьбой —
Цябе даганяла Куліна.
Заблытвала ногі ў траве ля бяроз,
Зноў бегла, матляючы торбаю сачыка...
Ніхто не даруе нам крыўды і слёз —
Адплаціцца ўсё і адплачацца.
Няўмысную крыўду грахом не лічу...
I ўсё ж — як дамоў прывядуць каляіны —
Хаваючы вочы, няўклюдна маўчу,
Сустрэўшы старую Куліну,
Яна ўжо даўно мяне не пазнае...
Але, быццам памяці лютая спадчына,
Мне чуецца скрогатны голас яе:
«Адплаціцца ўсё і адплачацца!»
Спытаю:
«Куліна, якая віна
Мая прад табою?!.»
Адказ не пачую...
За што ж тады ўслед мне ўсё шэпча яна
Дражнілаўку тую,
Дражнілаўку тую?..
Жыцця палавіна... Жыцця палавіна...
Старая Куліна... Старая Куліна...
Паедзем у Цхіву, Карын...
У Цхіву, лазой вінаграднай спавітую,
У Цхіву, дзе сонца,
Нібы мандарын,
Салодкае і сакавітае,
Паедзем, Карын!
Нас чакае сястра —
Таполька,
Тугою касой,
Бы лазой вінаграднай,
Павітая.
Як добра было з ёй сядзець ля кастра
I слухаць размову,
Дзе напіыя словы
З грузінскімі зблытаны.
Паедзем, Карын...
Брату нельга сястру забываць,
I мне з ёй сустрэцца — душа набалела
Сумую, Карын...
I хачу паўтараць:
Натэлла... Натэлла... Натэлла...
Паедзем у Цхіву, Карын...
...Брат, забывай, што малады
Па балынаку скакаў найпершы.
Твае крылатыя сляды
Затопчуць пешыя.
На свяце ліпеня шыкуй —
Ды чуй ад студзеня,
Здалёку:
Дарога не па балыпаку.
Дарога збоку.
Яна вядзе цябе за край
Звычайных змен святла і цемры.
Ты вобмацкам яе шукай,—
Дарогу веры.
Не гніся — лінію дабра
Направа выгнуць ці налева,
Нібы з Адамава рабра
Выточваць пацеркі для Евы.
I выняньчаць цябе
Рака,
Ігліца,
Дзьмухавец і рута,
Калі ты пылам балынака
Дыхнуў атрутна.
Што, Валодзька?.. Зноў, здаецца,
З каляіны выбіла...
Ах, як выбалела сэрца!
Ах, як выбалела.
Таргаваў на кірмашы
Весела ранетамі...
Вершаў сумных не пішы,
Дурань гэтакі.
Ах, зялёным лоннем вод
Вочы дзеўчыны!..
Не пішы святочных од.
Сні пра вечнае.
Вам — за вочы і касу —
Яблыкі найлепшыя...
Рыфмай лозунгі не псуй.
Смешна.
Пакацілася — трымай! —
Сэрца яблыкам...
Вось пра гэта і спявай
Ямбамі.
Жанчына...
Каханая ўстала над цёмнай ракой.
Жанчына...
Каханая доўга глядзела ў ваду.
На поплаве дальнім
Я потым русалку знайду,
Русалчыны вочы закрыго спакойнай рукой.
Пасля я — аслеплы — па беразе
Буду
Ісці.
I будуць дзве чорных гадзюкі
За мною
Паўзці.
Дагоніць адна з іх —
Ударыць маланкаю лютай.
Дагоніць другая —
I высмакча з раны атруту.
Праплыў перон і знік.
I колы зачасцілі.
Дрымотны праваднік
Разносіць чай астылы.
Салдат... Жанчына... Дзед...
Дзяўчынка (ў сёмым классе).
Ніяк не ўспомню, дзе
Я з імі сустракаўся.
Калышацца вагон
Чаёва, вечарова...
Шануй дарожны сон
Да станцыі чарговай.
Пацягне скразняком...
Жалеза праляскоча...
Махне нам дзед кійком,
Па цаліку пакроча.
Запорхае за ім
Дзяўчынка, як сняжынка...
Сцячэ з адхону дым —
I захіне сцяжынку.
Не з першага крыку,
Не з першай слязіны,
Не з першага смеху
Пачаўся быў я,
а пачаўся быў с першага снегу
Над плошчай вакзальнай,
дзе ты мяне ціха гукнула,
I перш чым гукнула —
Пазнала,
Прызнала,
Пачула,
I перш чым сляды нашы,
збегшыся, рушылі побач,
I перш чым у дом наш
прыйшла варажбіткаю поўнач,
I перш чым цябе анідзе
Назаўсёды не стала —
Сняжына апошняя
Першага снегу
Растала...
Несупадзенне дат.
Несупадзенне вех.
Вяртаецца назад
Даўно забыты снег.
Узняў забыты дождж
Блакітнае крыло.
Усё было — і ўсё ж,
Што будзе — не было.
I ў садзе над ракой,
Чырвоным ад калін,
Пружынай
Пад рукой
Напружанне галін.
Галінку адпушчу —
Мільгне за далягляд,
I вернецца назад,
I вернецца назад.