Шэрлак Холмс узяў з каміннай паліцы бутэлечку і дастаў з саф’янавага футарала шпрыц для падскурных ін’екцыяў. Доўгімі белымі нервовымі пальцамі ён насадзіў на шпрыц тонкую іголку і падвярнуў левую манжэту кашулі. Некалькі секундаў ён задуменна пазіраў на сваё мускулістае перадплечча і запясце – усё ўсыпанае незлічонымі слядамі ранейшых уколаў. Потым уваткнуў вастрыё ў вену, выціснуў поршань да канца і з глыбокім уздыхам асалоды адкінуўся ў вельветавым фатэлі.
Доўгія месяцы назіраў я гэтую сцэну тры разы на дзень, але, нават прызвычаіўшыся, не мог змірыцца. Больш за тое – відовішча з кожным днём раздражняла ўсё мацней, і начамі я мучыўся ад думкі, што мне не хапае мужнасці пратэставаць. Зноў і зноў кляўся я выказаць сябру ўсё, што пра гэта думаю, але яго стрыманая і нават абыякавая натура наўрад ці паддалася б хоць якім захадам, што абмяжоўвалі яго свабоду. Яго магутны розум, дасканалыя метады працы і многія іншыя высока шанаваныя мной надзвычайныя здольнасці дадавалі мне нерашучасці і прымушалі адмовіцца ад свайго намеру.
Але ў той дзень – ці то праз бургундскае, выпітае мной за абедам, ці то праз тое, што надзвычай марудныя і ўзважаныя дзеянні Холмса давялі мяне да мяжы – я раптам зразумеў, што больш не вытрымліваю.
– І што ў нас на сёння? – спытаў я. – Морфій ці какаін?
Холмс апатычна падняў вочы ад разгорнутага толькі што гатычнага старадрука.
– Какаін, – адказаў ён, – сяміпрацэнтны раствор. Хочаце паспрабаваць?
– Ні ў якім разе, – адрэзаў я. – Маё здароўе пасля афганскай кампаніі яшчэ не зусім паправілася. Я не збіраюся даваць арганізму лішнюю нагрузку.
Мая гарачнасць прымусіла Холмса ўсміхнуцца.
– Можа, вы і маеце рацыю, Ўотсан, – сказаў ён. – Здаецца, какаін не найлепшым чынам уздзейнічае на здароўе. Затое ён так цудоўна стымулюе думку і праясняе розум, што на яго пабочныя дзеянні я не звяртаю ўвагі.
– Але падумайце, якую цану вы плаціце! – настойваў я. – Вы кажаце, што наркотык абуджае мозг і паляпшае яго дзейнасць, але тканкі вашага цела ўсё больш змяняюцца, а гэта цягне за сабой паталагічныя незваротныя працэсы, пастаянную слабасць у найлепшым выпадку. Вы ж ведаеце пра кепскую рэакцыю арганізму на ўколы. Ці вартая аўчынка вычынкі? Чаму дзеля асалоды, якая хутка мінае, вы рызыкуеце сваімі бліскучымі здольнасцямі, падараванымі вам прыродай? Успомніце, што з вамі гаворыць не толькі ваш сябар, але і доктар, які ў пэўным сэнсе адказвае за ваш стан.
Холмс, здавалася, зусім не пакрыўдзіўся. Больш за тое, размова яму падабалася, бо ён звёў кончыкі пальцаў і зручна абапёрся локцямі на ручкі фатэля.
– Мой мозг паўстае супраць бяздзеяння, – сказаў ён. – Дайце мне загадку, дайце працу, дайце найскладанейшую крыптаграму ці самую заблытаную праблему – і я адчую сябе як рыба ў вадзе. Я забуду пра любыя штучныя стымулятары. Але шэрае штодзённае існаванне я ненавіджу. Я прагну разумовага напружання – дзеля гэтага і абраў сваю незвычайную прафесію ці, хутчэй, нават стварыў яе, бо такіх, як я, у свеце больш няма.
– Вы адзіны прыватны дэтэктыў у свеце? – спытаў я, падымаючы бровы.
– Адзіны прыватны дэтэктыў-кансультант, – адказаў ён. – Я апошні і найвышэйшы апеляцыйны суд у дэтэктыўнай справе. Калі Грэгсан, ці Лестрад, ці Этэлні Джонс не могуць справіцца з праблемай – а так яно звычайна і бывае, – яны ідуць да мяне. Я як эксперт вывучаю ўсе падрабязнасці і выказваю сваё меркаванне – меркаванне спецыяліста. Мне не патрэбная слава. Маё імя не з’яўляецца ў газетах. Найлепшая мая ўзнагарода – гэта сама праца, цудоўная магчымасць прымяніць свае выбітныя здольнасці. Але вы ўжо сутыкаліся з маімі метадамі ў справе Джэферсана Хоўпа.
– Канечне, сутыкаўся, – сказаў я, памякчэўшы. – Нішто ў свеце так мяне не ўражвала. Я нават апісаў гэтую гісторыю ў невялічкай кніжцы з трохі вычварнай назвай «Эцюд у пунсовым».
Холмс сумна кіўнуў.
– Я прагледзеў яе, – сказаў ён, – і, шчыра кажучы, не магу вас з яе выхадам павіншаваць. Расследаванне злачынстваў мусіць быць дакладнай навукай, і апісваць яго варта стрымана і без эмоцыяў. Вы ж паспрабавалі дадаць туды рамантычнага флёру. З тым жа поспехам можна ўпрыгожыць пяты пастулат Эўкліда* любоўнай гісторыяй ці сцэнай таемных уцёкаў.
– Але гісторыя і праўда рамантычная! – запярэчыў я. – Усе факты я перадаў дакладна.
– Пра асобныя факты лепей было б прамаўчаць ці хаця б падаць іх, не забываючыся пра пачуццё меры. Адзінае, што заслугоўвае ў гэтай справе ўвагі, – цікавы ланцуг разважанняў, які ад вынікаў прывёў да прычынаў. Дзякуючы гэтаму я і разгадаў загадку.
Мяне раззлавала такое крытычнае стаўленне Холмса да маёй кнігі, напісанай выключна з мэтай зрабіць яму прыемнае. Мушу прызнацца, што больш за ўсё мяне абурыў эгаізм сябра, якому нібыта хацелася, каб кожны радок майго твора быў прысвечаны яго цудоўным здзяйсненням. Я ўжо больш за год жыў з ім на Бэйкер-стрыт і заўважыў, што за спакойнай і павучальнай яго манерай хаваецца пэўнае славалюбства. Аднак я змаўчаў і проста ўладкаваў пашкоджаную нагу як мага выгодней. Колькі часу таму мяне параніла куля з джэзайла*, і хаця рана не перашкаджала мне хадзіць, яна ўсё яшчэ адгукалася на любую змену надвор’я.
– З нядаўняга часу мая практыка пашырылася і на кантынент, – працягнуў неўзабаве Холмс, набіўшы сваю старую брыяравую* люльку. – На мінулым тыдні я кансультаваў Франсуа дэ Вілара, а ён, як вы, магчыма, ведаеце, апошнім часам лічыцца адным з найлепшых дэтэктываў Францыі. У яго бліскучая кельцкая інтуіцыя, але яму вельмі не хапае дакладных ведаў, неабходных для далейшага развіцця вышукнога майстэрства. Справа была звязаная з адным тэстаментам і падалася мне досыць цікавай. Я паказаў яму на два падобныя выпадкі – адзін меў месца ў Рызе ў 1857-м, а другі – у Сэнт-Луісе ў 1871 годзе, – і яны падштурхнулі яго да правільных высноваў. Сёння ранкам я атрымаў ліст, у якім ён дзякуе мне за дапамогу.
З гэтымі словамі Холмс перадаў мне змяты замежны аркуш паперы. Я прабегся па ім вачыма, адзначаючы мноства самых разнастайных выказванняў удзячнасці – усіх гэтых magnifiques, coup-de-maîtres і tours-de-force[1], якія сведчылі пра глыбокае захапленне француза.
– Ён піша вам як вучань настаўніку, – заўважыў я.
– О, ён пераацэньвае маю дапамогу, – весела сказаў Шэрлак Холмс. – У яго самога выбітны талент. З трох якасцяў, неабходных дасканаламу дэтэктыву, ён мае дзве: умее назіраць і рабіць высновы. Не хапае толькі спецыяльных ведаў, але з часам прыйдзе і гэта. Цяпер ён перакладае мае сціплыя працы на французскую.
– Вашыя працы?
– А вы што, не ведалі?! – усклікнуў ён са смехам. – За мной таксама водзіцца гэты грашок – я напісаў некалькі даследаванняў на прафесійныя тэмы. Вось, напрыклад, адно з іх – «Асаблівасці попелу ад тытуню розных гатункаў». Тут апісаныя сто сорак гатункаў цыгарнага, цыгарэтнага і люлькавага тытуню і змешчаныя каляровыя ілюстрацыі розных відаў попелу. Падчас расследавання злачынстваў пытанне пра тытунёвы попел узнікае вельмі часта – ён неаднаразова рабіўся надзвычай важным ключом. Калі вы зможаце, напрыклад, давесці, што забойства здзейсніў чалавек, які курыць індыйскія цыгары, гэта істотна звузіць кола падазраваных. Для трэніраванага вока розніца паміж чорным попелам ад трыхінапальскага тытуню* і белымі шматкамі «птушынага вока»* такая ж відавочная, як розніца паміж бульбай і капустай.
– Вы надзвычай уважлівы да дробязяў, – адзначыў я.
– Я цаню іх важнасць. Вось маё даследаванне пра сляды падэшваў – у ім змешчаныя некаторыя заўвагі адносна захавання адбіткаў з дапамогай гіпсу. А вось цікавая брашурка пра ўплыў прафесіі на форму рукі з літаграфіямі рук страхароў, маракоў, коркавых майстроў, кампазітараў, ткачоў і шліфавальшчыкаў алмазаў. Для дэтэктыва-навукоўца гэтае пытанне мае надзвычайнае практычнае значэнне, асабліва калі трэба апазнаць труп ці вызначыць род дзейнасці злачынцы. Але, здаецца, мае зацікаўленні вас прытамілі.
– Зусім не! – палымяна запярэчыў я. – Усё гэта вельмі захапляльна, да таго ж я меў шчаслівую магчымасць назіраць практычнае прымяненне вашых ведаў. Але вы толькі што згадалі ўменні назіраць і рабіць высновы. Мне здаецца, што адно з іх падразумявае і другое.
– Не, наўрад ці, – адказаў ён, з асалодай адкінуўшыся на спінку фатэля і выпускаючы з люлькі тонкія шызыя завіткі дыму. – Напрыклад, уменне назіраць падказала мне, што сёння ранкам вы былі на пошце на Ўігмар-стрыт, а ўменне рабіць высновы дапамагло зразумець, што вы адправілі там тэлеграму.
– Усё правільна! – сказаў я. – Абедзве высновы – проста ў яблычак! Але мушу прызнацца, што не разумею, як вы да іх прыйшлі. Пра свой намер я вам не расказваў, бо пошта ў мае планы не ўваходзіла.
– Няма нічога прасцейшага, – адказаў Холмс, смеючыся з майго здзіўлення. – Чаго тут яшчэ тлумачыць. Але гэты прыклад дапамагае размежаваць уменне назіраць і ўменне рабіць высновы. Першае падказала мне, што да вашых чаравікаў наліпла трошкі чырванаватай зямлі. А ля самай пошты на Ўігмар-стрыт акурат знялі ходнік. Там усё разрытае, і калі хочаш трапіць да будынка, абысці перашкоду немагчыма. Зямлі такога колеру няма, калі я не памыляюся, нідзе ў суседніх раёнах. Вось вам і назіранне. Засталіся высновы.
– І як жа вы зрабілі выснову пра тэлеграму?
– Сёння я ўвесь ранак праседзеў з вамі ў адным пакоі, а таму, безумоўна, ведаў, што ніякіх лістоў вы не пісалі. Таксама я заўважыў у адчыненай шуфлядзе вашага стала цэлы аркуш марак і тоўсты пачак паштовак. Значыць, адзінай мэтай вашага паходу на пошту магла быць тэлеграма. Выключыце ўсё, чаго не магло быць, – і вось вам правільны адказ.
– Вашая праўда, – сказаў я, трохі падумаўшы. – Але як самі вы толькі што сказалі, нічога прасцейшага быць не магло. Не палічыце за нахабства, але мне хочацца выпрабаваць вашыя ўменні больш сур’ёзна.
– Буду толькі рады, – адказаў ён, – бо гэта выратуе мяне ад чарговай порцыі какаіну. Я ахвотна займуся любой праблемай, якую вы мне прапануеце.
– Калісьці вы казалі, што, карыстаючыся штодня той ці іншай рэччу, чалавек абавязкова пакідае на ёй сляды сваёй індывідуальнасці, якія трэніраваны назіральнік можа расчытаць. Вось вам гадзіннік, якім я пачаў карыстацца не так даўно. Ці не зробіце ласку расказаць мне пра характар і звычкі яго папярэдняга ўладальніка?
Я перадаў Холмсу гадзіннік, радуючыся ў душы, што ён не зможа, як мне здавалася, прайсці гэтае выпрабаванне. Гэта паслужыць яму добрым урокам і прымусіць адмовіцца ад катэгарычнага тону, якім ён часам да мяне звяртаецца. Ён узважыў гадзіннік у руцэ, уважліва агледзеў цыферблат, потым адчыніў вечка і вывучыў механізм спачатку няўзброеным вокам, затым з дапамогай моцнай пукатай лупы. Калі ён урэшце зашчоўкнуў вечка і з панылым тварам вярнуў мне гадзіннік, я ледзь змог стрымаць усмешку.
– Слядоў амаль не захавалася, – адзначыў ён. – Гадзіннік нядаўна чысцілі, а таму я пазбаўлены самай відавочнай інфармацыі.
– Маеце рацыю, – пацвердзіў я. – Яго пачысцілі да таго, як ён трапіў да мяне.
У думках я абвінаваціў сябра ў тым, што ён так бездапаможна і непераканаўча спрабуе апраўдаць сваю паразу. Чаго ён, цікава, чакаў ад нячышчанага гадзінніка?
– Але гэтая прыкрая акалічнасць не перашкодзіла мне ўсё ж зрабіць нейкія высновы, – сказаў Холмс, летуценна і безуважна гледзячы ў столь. – Я, безумоўна, магу памыляцца, але мне здаецца, што гадзіннік належаў вашаму старэйшаму брату, які атрымаў яго ад бацькі.
– І пра гэта вам, канечне ж, паведамілі ініцыялы «Х. Ў.» на вечку.
– Усё правільна. «Ў» адносіцца да вашага прозвішча. Гадзіннік зроблены гадоў пяцьдзясят таму, прыкладна столькі ж гадоў і гравіроўцы з ініцыяламі, а значыць, яе зрабілі для чалавека старэйшага пакалення. Ювелірныя вырабы звычайна пераходзяць да старэйшага сына, і цалкам магчыма, што вашага брата назвалі ў гонар бацькі. Калі памяць мне не здраджвае, ваш бацька памёр шмат гадоў таму. Такім чынам, гадзіннікам валодаў ваш старэйшы брат.
– Пакуль усё правільна, – пагадзіўся я. – Што-небудзь яшчэ?
– Ён быў неахайным чалавекам – так, вельмі неахайным і няўважлівым. У яго былі добрыя магчымасці, але ён упусціў свой шанец, доўгі час жыў у нястачы, якая зрэдку змянялася кароткімі перыядамі росквіту, і ўрэшце запіў і памёр. Вось і ўсё, што мне ўдалося высветліць.
Я ўскочыў і, кульгаючы, пачаў раздражнёна хадзіць па пакоі. Словы сябра моцна мяне зачапілі.
– Як гэта непрыстойна з вашага боку, Холмс! – усклікнуў я. – Не думаў, што вы апусціцеся да такога! Вы дазналіся дзесьці пра майго няшчаснага брата, а цяпер робіце выгляд, нібыта атрымалі гэтыя звесткі такім вось неверагодным чынам. Вы думаеце, я паверу, што ўсё гэта вы расчыталі па яго старым гадзінніку?! Гэта проста непрыгожа і, шчыра кажучы, патыхае махлярствам!
– Мой дарагі доктар, – мякка перапыніў мяне Холмс, – шчыра прашу прабачэння. Гледзячы на гэтую справу як на абстрактную праблему, я зусім забыў, як балюча яна можа закранаць вас прыватна. Аднак даю слова, што да сённяшняга дня я пра вашага брата нічога не ведаў.
– Але адкуль тады, дзеля ўсяго святога, вы пра гэта дазналіся? Вашыя высновы абсалютна правільныя, да самых дробязяў.
– О, значыць, мне пашанцавала. Я мог прапанаваць толькі некалькі дапушчэнняў і не чакаў, што ўсе яны акажуцца правільнымі.
– Але ж гэта былі не проста здагадкі?
– Безумоўна, не – простых здагадак я ніколі не раблю, бо гэта кепская звычка: яна разбурае здольнасць мысліць лагічна. Вы ўражаныя толькі таму, што не можаце прасачыць мой ланцуг разважанняў і не заўважаеце дробязяў, ад якіх часам усё залежыць. Вось, напрыклад, спачатку я адзначыў, што ваш брат быў неахайным. Калі вы разгледзіце адваротны бок гадзінніка, то заўважыце на ім не толькі дзве ўвагнутасці, але і шматлікія драпіны, якія сведчаць пра звычку насіць цвёрдыя прадметы, напрыклад, манеты ці ключы, у той самай кішэні, што і гадзіннік. Не трэба быць выбітным мысляром, каб зразумець, што чалавек, які з такой абыякавасцю ставіцца да гадзінніка за пяцьдзясят гінеяў, вылучаецца пэўнай неахайнасцю. Цалкам лагічным падаецца таксама дапушчэнне, што ўладальнік такой каштоўнасці някепска забяспечаны і іншымі дабротамі.
Я кіўнуў, паказваючы, што сачу за ягонымі развагамі.
– Прымаючы гадзіннік, ангельскія ліхвяры звычайна надрапваюць іголкай нумар квітанцыі на яго адваротным баку. Такая пазнака зручнейшая за цэтлік, бо яе нельга згубіць ці пераблытаць. З адваротнага боку вашага гадзінніка я з дапамогай лупы налічыў як найменш чатыры такія нумары. Першая выснова: ваш брат нярэдка перажываў кепскія часы. Другая выснова: часам справы яго папраўляліся, іначай ён не мог бы выкупіць заклад. І ўрэшце, прашу вас зірнуць на адтуліну для ключа. Бачыце, колькі вакол яе драпінак? Яны сведчаць, што ключ слізгаў па корпусе. Хіба можа цвярозы чалавек, заводзячы гадзіннік, мець з ім столькі цяжкасцяў? Але для п’яніцы гэта звычайная справа. Ён заводзіць гадзіннік ноччу, і ключ у няцвёрдай руцэ пакідае такія вось сляды. Ну і дзе тут таямніца?
– Усё ясна як божы дзень, – пагадзіўся я. – Прызнаюся, што быў да вас несправядлівы. Я мусіў больш давяраць вашым дзівосным здольнасцям. Магу я пацікавіцца, ці займаецеся вы цяпер якім расследаваннем?
– Не! Адсюль і какаін. Без разумовай працы я не магу. Дзеля чаго тады жыць? Зірніце ў акно! Што за тужлівы, панылы і безнадзейны свет! Паглядзіце, як жоўты туман паглынае вуліцу і ахутвае блякла-карычневыя дамы. Усё такое безнадзейна празаічнае і прыземленае… Якая карысць з маіх здольнасцяў, доктар, калі я не магу выкарыстаць іх на практыцы? Злачынствы нудныя, існаванне нуднае – на зямлі не засталося нічога, што не было б нудным.
Толькі я адкрыў рот, каб адказаць на гэтую тыраду, як хтосьці рашуча пагрукаў у дзверы, і ўвайшла нашая гаспадыня, трымаючы на масянжовым падносе візітоўку.
– Да вас маладая лэдзі, сэр, – сказала яна, звяртаючыся да майго сябра.
– Міс Мэры Морстэн, – прачытаў Холмс. – Хм. Ніколі не чуў гэтага імені. Місіс Хадсан, запрасіце, калі ласка, маладую лэдзі сюды. Доктар, не сыходзьце. Мне хацелася б, каб вы засталіся.