Шыхх нацягаў на верх бабровай хаткі сухой травы, песьціўся ў мяккім гнязьдзе, любаваўся на сетку з павуцінак. Скура пайшла рудымі палоскамі, мімікрыравала. З сумам думаў, што іх, лясных людзей становіцца ўсё меней. Вось і ён жыве адзін і не можа знайсьці сабе пару, мець дзяцей. Колькі ўжо гадоў не сустракае сваіх. Пройдзе не так шмат часу і іхняя раса зьнікне.

Узгадаў, як надоечы адпачываў на сенавале недалёкага хутара і пераблытаў хутарскую дзяўчынку з кошкай. Шыхх заўсёды адчуваў думкі і пачуцьці ўсяго жывога, што зьяўлялася на невялікай адлегласьці. Ад жабы і зьмяі да чалавека. Разьлёгся на пахкім, з атавы сене і адчуў, як па драбіне падымаецца кошка. Думкі былі разарваныя і простыя: “Прыступка. Яшчэ прыступка. Пастаю. Прыступка. Прыступка. Высока. Прыступка. Там мышы.” І раптам над люкам у сенавал – блішчастыя цікаўныя вочы. Прыйшлося імгненна закапацца ў сена. Павольна спусьцілася назад. “Там цёмна. Страшна. Хлеўнік схопіць”.

Хлеўнік – Гэта ён, Шыхх. Вечарам бабуля мыла малой ногі ля ганку, - Шыхх падглядаў праз шчыліну ў зашчытку, - і яны размаўлялі пра лясную нечысьць:

- ...Дамавік, Дамінічка – такі чорны, валасаты. Жыве пад печчу і дапамагае гаспадарам спраўна гаспадарыць. А калі яго пакрыўдзіць, можа і шкодзіць – то посуд паб’е, то качаргой лясьне. Палохае гаспадароў. А бывае, Дамінічка, Дамавік жыве ў гумне ці на сене, тады яго клічуць Хлеўнік. Ён раніцай, перад сьвітанкам тузае за нагу пеўня. Певень палохаецца, б’е крыламі і крычыць. І будзіць гаспадароў на працу. Вельмі Дамавік ня любіць шуму, сваркі, неакуратнасьці ў рабоце...

- Бабуля, а чаму Дамавік – нечысьць? Ён ня мыецца?

- Не, Дамінічка. Дамавік – гэта былы чорт. Ён ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў. Ты ж ведаеш, хто такія чэрці?

- Ведаю, гэта анёлы, якія не слухаліся Бога. Нам сястра Альжбета распавядала.

- Правільна, Дамінічка. А чэрці – нечысьць. Значыць і Дамавік – нечысьць. І Хлеўнік, і Лесавік, і Вадзянік, і Багнік, і Жыжаль, Кікімара... Шмат ёсьць нечысьці.

- Бабуля, а я бачыла сёньня Хлеўніка. Ён зусім не чорны і не валасаты. Ён – шэры. І голы.

- Дзе ж ты бачыла, Дамінічка?

- У гумне на сене. Я залезла па драбіне. Ён ня страшны. Толькі падзьмуў вецер, сена ўзьляцела, і Хлеўнік зьнік...

- Дамінічка, а хто табе дазволіў лазіць на сена? А калі б ты з драбіны ўпала? – Бабуля спалохалася. – Дамінічка, ты ж ўжо разумная дзяўчынка. Ты павінна разумець, што я табе распавядаю казкі. Насамрэч няма ніякіх Дамавікоў, Хлеўнікаў. Гэта раней людзі былі непісьменныя, панапрыдумлялі...

- Няма нечысьці? А анёлы? Іх таксама няма?

- Ёсьць, Дамініка. І нечысьць, і анёлы. Падрасьцеш – даведаешся. Якая цікаўная – заблытала ты мяне сваімі пытаньнямі! Сама потым разьбярэшся. Вось – ножкі памылі – давай я цябе занясу ў ложак. Позна ўжо. Спаць.

Нешта пагрозьлівае, неасэнсаванае ўстрывожыла Шыхха, адарвала ад роздумаў. Прыслухаўся. Яго абкружалі. Людзі. Шмат людзей. Гэтыя мясьціны ніколі ня ведалі столькі. Кола замкнулася вакол і пачало сьціскацца. Людзі ішлі шчыльна, павольна, шумна. Перагаварваліся. Вецярок прынёс пах тытунёвага дыму. Гэта не магло быць звычайным загонным паляваньнем. Уся дзічына уцякла адсюль у час першай загонкі. Значыць, палююць на яго. Шыхх мог зашыцца ў траву, ці кусты – самы спрактыкаваны паляўнічы не заўважыў бы яго і з двух крокаў – але асьцерагаўся, што вернуцца сабакі.

Кола звужалася. За густымі кустамі, што густа раслі па берагах, зусім побач – крокі, трэск сукоў і трысьнягу, блямканьне зброі. Мнагагалосы тэлепатычны хор. Лаўцы злавалі на егера, на старшыню, на апошнюю восеньскую цеплыню, гатовыя былі страляць ва ўсё жывое. Асобна выдзяляліся некалькі галасоў: “А раптам які селянін? Зараз жа ўся вёска апранута ў камуфляж...” Але такіх было мала. І яшчэ Шыхх адчуў ад гэтых людзей нешта цяжкое, незразумелае і жахлівае. Такое ён адчуваў толькі адзін раз на жыцьці, даўно, калі сустрэў шалёнага ліса. Ліс разявіў пашчу і губляючы па зямлі ніткі цягучай сьліны рушыў на яго, фіксуючы мутным позіркам. Звычайна зьвяры баяліся, заўжды саступалі дарогу, а той раз спалохаўся Шыхх. І саступіў сам.

Рака, дзе ён адпачываў дзяліла аблаву на два паўколы. Сьлізгануў у ваду, нырнуў і пайшоў па цячэньню. Рака сярод тарфянікаў, дно цёмнае, скура Шыхха празь некалькі імгненьняў таксама счарнела, як у мурына, і ён стаў зусім незаўважным. Спускаўся ўніз на колькі здолеў затрымаць дыханьне. Вынырнуў асьцярожна – у куст ракіты з галлём на вадзе. Стараючыся не фыркнуць, аддыхаўся. Аблава засталася пустой. Некалькі хвілін слухаў. Так, з кола высьлізнуў. У тым баку, дзе сышліся людзі крыкі і лаянка. Лаюць старшага егера, не вераць у існаваньне “тэрарыста”.

Выбраўся на бераг і пабег прэч па зьвярынай сьцежцы. Далей, далей ад гэтага незразумелага жаху!..

...Занадта сьпяшаўся, імкнучыся хутчэй пакінуць балота, дзе ўпершыню палявалі на яго, і раптам па мазгах моцна разанула ранейшым цёмным, прымусіўшы імгненна спыніцца...

...Яны ўбачылі адзін другога адначасова – Шыхх, раптоўна перарваўшы імклівы бег, і старшыня дзяржавы, разваліўшыся на раскладным крэсьле з “Браўнінгам” на каленях. Як заўсёды на малой адлегласьці, Шыхх імгненна адчуў усё, што рабілася ўнутры гэтага чалавека.

Там быў страх за жыцьцё і шкадаваньне, што адправіў ахову. І зьдзіўленьне – як нечакана ўзьнік перад ім гэты незнаёмец у камуфляжным... гідракасьцюме, ці што? Відаць – сапраўды тэрарыст, прыйшоў па рацэ. Чаму бяз зброі?

Быў страх, што сьвету стане вядома пра таемныя турмы, дзе ён трымае сваіх ворагаў. Ня ўсіх, толькі каго ўдалося выявіць. З гэтымі яшчэ працаваць і працаваць.

Раздражненьне так званай сусьветнай супольнасьцю, якая суне свой нос у ягоныя ўнутраныя справы . Што гэта яшчэ за свабода слова? Якія яшчэ правы чалавека? Гэтаму быдлу патрэбен добры бізун!

Была злосьць на апазіцыю, якую ніяк не мог прыдушыць канчаткова і для барацьбы зь якой страшэнна разрасьціў і раскарміў карныя органы. Трэба часьцей мяняць судовую, пракурорскую і паліцэйскую вярхушку. Асабліва паліцэйскую. Паліцэйскія вярхі становяцца занадта моцнымі і пачынаюць думаць аб вярхоўнай уладзе.

Але ўсё гэта пераважвалася жахлівым пачуцьцём, падобным на тое, ад шалёнага ліса. Толькі зараз яно было шматкроць мацнейшым. Гэта была хваравітая нянавісьць да ўсяго сьвету. Да гэтай вось травы, да дрэваў, да візіркі, на якой сядзеў, да крэсла. Чорная нянавісьць. Уся яго істота імкнулася да забойства.

Шыхх, які забіваў толькі для ежы, ці абароны жыцьця, здрыгануўся ад велізарнай мярзоты. Як і тады, зь лісам, яму захацелася саступіць...

...Старшыня уськінуў стрэльбу. Яго апаноўваў велічэзны страх – зараз вось гэты скочыць на яго і голымі рукамі... Нездарма ж у яго не відаць зброі. З-за страху злавіць на мушку шыххаву галаву не ўдавалася...

...Шыхх не саступіў. Ён адчуваў момант, калі палец павінен націснуць на спуск, і мог лёгка ўхіліцца ад зараду, але не варухнуўся. Толькі глядзеў у вочы.

Паніка прайшлася па нервах старшыні моцным электрычным імпульсам. Дасягнула наднырачнікаў і яны выкінулі ў кроў магутную дозу адрэналіну. Калісьці гэта дапамагала нашым продкам зрабіць трохметровы скачок уверх, да сукоў дрэва каб выратавацца ад атакі драпежніка.

Адрэналін рэзка расшырыў каранарныя сасуды, выклікаў узмацненьне сардэчных скарачэньняў і крывянога ціску. Сасуды мозга не вытрымалі. “Браўнінг” вываліўся з рук, сунуўся руляй у зямлю. У тэлепатычным “эфіры” наступіла цішыня. Шыхх павольна павярнуўся і пакрочыў ўздоўж візіркі. На раскладным крэсьле расплыўся старшыня з сярдзітымі вачыма і адвіслай ськівіцай. З разяўленага рота на грудзі сьцякала цягучая сьліна. І ад яго сьмярдзела.


Палеская “вендэта”

Роўнядзь. Куды ні кінь вокам – ніводнага ўзгорка. Кажуць – гэта дно Герадотава мора, што ўзьнікла з расталага ледніка. Потым мора ператварылася ў Пінскія балоты. Потым балоты збольшага пасушылі. І вось – роўнядзь, ўздоўж Прыпяці парослая лозавымі джунглямі, а далей разьлінаваная меліярацыйнымі канавамі на прамакутнікі, “карты” па-тутэйшаму.

Неба над раўнінай шэрае, сьнег на раўніне таксама. На даляглядзе сьнег і неба зьліваюцца не ўтвараючы мяжы, ад таго здаецца Гію, што ён стаіць у цэнтры шэрага сусьвету.

Прозьвішча ў Гіі звычайнае – Кароль. Кароль Гія Гіявіч. Прадукт рамантычнай гісторыі паміж палескай “шляхцянкай” і грузінскім “князем”, што адбылася дзякуючы колішняму “экстэрытарыяльнаму прынцыпу камплектаваньня” эсэсэсэраўскага войска.

Любіць Гія Палесьсе. З малых гадоў швэндаецца па гэтых мясьцінах – удзень і ўночы, увосень, узімку, увесну. Зьмераў крокамі са стрэльбай за плячыма ўсё ад Янова да Лунінца і ад Гарадной да Лагішына. Як памерла матуля, памяняў кватэру ў Пінску на хату ў Пінкавічах – да Піны трыццаць крокаў – каб бліжэй да прыроды, каб паляўнічых сабак завесьці. Іх у Гіі цяпер шэсьць – двое ганчакоў-эстонцаў, двое ягдтэр’ераў, заходнесібірская лайка і дратхаар. Зьбіраецца яшчэ хартоў набыць. Пад’ялдыкваюць Гію суседзі, круцяць, бывае, пальцам ля скроні, але і паважаюць – за тое, што добры, што ня мае зайздрасьці, што ўмее сябраваць і заўсёды гатовы дапамагчы.

Шчасьлівы Гія. Дзевятнаццаць гадоў жанаты, і ні разу не пачуў ад жонкі благога слова, што, маўляў, марнуе час на паляваньне, завёў зграю сабак, мантачыць грошы на ўсялякія выплаты за права паляваць. Наадварот, як прынясе Гія з балота ці лесу якую дзічыну, засьвеціцца гонарам за мужа твар Люды, усьміхнецца яму белазубай усьмешкай і скажа зь пяшчотай: “Ах ты мой здабытчык”… А зубкі ў Люды раўнюткія, шчыльныя, што долькі часнаку.

…Стаіць Гія ў цэнтры сусьвету, чухае патыліцу. Гамон паляваньню. Галоўнае – не хацеў ён сёньня сюды, за сорак кіламетраў, ехаць. Валодзя, сябра, зьвёў. Як пачаў распісваць: “Зайцоў там у ракітніку па берагах – што ў сучкі блох! Пад ганчакамі па хмызох хадзіць ня будуць, абавязкова на дамбу выскачаць. Мы там па дамбе шпацыраваць будзем што па праспэкце.”

…Прыехалі яшчэ зацемна, з гадзіну чакалі, пакуль разьвіднее. Сьледу заечага сапраўды цэлыя дарогі пратаптаныя, і ўсе – у бок Прыпяці, дзе ракітнік непралазны. Пусьцілі Гіявых эстонак – Рэя і Герду. Разышліся па дамбе – ёй уся Прыпяць па абодвух берагах абвалаваная – мэтраў на дзьвесьце адзін ад аднаго. Хвілін празь дзесяць запрацавалі сабакі, але неяк незвычайна, як на чалавека чужога. Захрабусьцелі прыпяцкія джунглі, і вылецеў якраз паміж Гіям і Валодзем ласючок. Заклаў рожкі-сьпіцы на сьпіну і папёр “картамі” ў бок Беразцоў. Тут бы сабак перахапіць, ды на шворкі, ды зьехаць куды. Але так прыгожа лосік па картах бег, роўным такім і імклівым рысцом, што выхапіў Гія з футарала бінокль і любаваўся зьверам, ажно пакуль той ня зьнік за далёкімі абсадамі, што ўздоўж канала растуць. А пакуль любаваўся, эстонкі ягоныя, хоць і не паратыя, павольныя значыць, перавалілі праз дамбу і з бомканьнем, патанаючы ў сьнезе, пайшлі па следзе. І тут хоць ты крычы, хоць у рог трубі, хоць страляй – ня кінуць сьледу і ня вернуцца.

Стаяў Гія, чухаўся. Зарыпеў сьнег, Валодзя падышоў зь вінаватай усьмешкай. Хацелася яго вылаяць, маўляў, казаў жа я сюды не ехаць, вечна як цябе паслухаю… і гэтак далей, але стрымаўся. Стаяў, паліў цыгарэту і прывучаў сябе да думкі, што прапала сёньня паляваньне. Трэба сабак шукаць. Лось – не казуля і не лісіца, хоць і яны часьцяком ганчакоў зводзяць, гэты можа і дваццаць-трыццаць кіламетраў адмахаць. Так ужо бывала, гналі сабакі зьвера, сыходзілі са слыху, чакаў іх шмат гадзінаў, трубіў у рог, але ніколі дадому без сабак не вяртаўся. Пару разоў нават прыходзілася начаваць у балоце, а сабак знаходзіў. Бярог ганчакоў ад нагонкі на лася, не іхняя гэта справа, а сёньня вось не ўбярог.

– Што рабіць будзем, генацвале? – Валодзя чалавек бывалы, па сьвеце жыцьцё шмат кідала, нават на суахілі пару словаў ведае, любіць пры выпадку нагадаць Гію пра радзіму продка. Сам жа Гія па-грузінску толькі і ведае, што ад Валодзі чуў – “гамарджоба”, “генацвале” ды “мадлобд”.

– Што рабіць… Трэба за сабакамі ісьці. Думаю, будуць у балоце за Беразцамі. Пакуль наганяюцца, ды стомяцца, ды пачнуць назад дарогу шукаць… Ды ці знойдуць. Сьляды іхныя ўжо астынуць даўно. Добра, што сьнег, па чарнатропе нават не ведаю, як бы іх шукаў.

– Ну, то пайшлі…

– Не, ты вось што… Будзь тут, непадалёк ад машыны. Паспрабуй зайцоў “павытаптываць”, сьлядоў, бач, шмат. Па канавах пахадзі. У пойму ня лезь, там зайцы ёсьць, але без сабак, сам ведаеш, не дадуцца ў хмызоўі. А я ўжо сам. Не хвалюйся, да вечара павінен вярнуцца. Ня першы раз, такі, відаць лёс ганчатніка… Халера, лыжаў няма. Сьнег глыбакаваты.

Спусьціўся Гія на “карту” і пасунуўся па сьлядах нетаропкай, але спорнай паляўнічай хадою. Ішоў і думаў пра тое, як хутка ляціць час. Здаецца нібыта ўчора-заўчора тут на гусей паляваў. Замаскаваўся на дамбе ў пажухлай траве, а паабапал – куды толькі пагляд сягае – мора. Прыпяць заліла. І ўсё роўна ёй, што дамба па берагах. Ня там, дык сям знойдзе слабое месца, размые і разальецца. Толькі верхавіны кустоўя дзе-нідзе тырчаць. І вось тут, дзе ён зараз крочыць, вады, мабыць па грудзі было. У сакавіку. І гусі над гэтым морам ляцелі, часам ажно па васямнаццаць-дваццаць кліноў на небе налічваў. І шум крылаў, і гагатаньне гусінае, і неба сінюткае зь цеплаватым ужо сонейкам такое на сэрцы рабілі, што выказаць немагчыма. А цяпер ужо сьнежань. І вунь пасярод поля ліса, здаецца, мышкуе.

Гія сышоў у канаву на лёд, дастаў бінокль. Так, рыжая. Стаіць, натапырыўшыся, слухае – дзе пад сьнегам мыш заварушыцца. Яго, Гію, не заўважыла, у белай маскавальнай вопратцы, што Люда пашыла. Слухае. Потым высокі скачок – і ўсімі чатырма лапамі ў адну кропку, і адразу туды пыскай. О! Злавіла. Падкінула ў паветра – гам! – і няма мышкі.

Склаў Гія губы як для пацалунку, уцягнуў паветра. Атрымаўся гук, вельмі падобны на мышыны піск. А да лісіцы мэтраў трыста, ня меней. Невядома, пачула – не, але ў бінокль відаць, што галаву ў яго бок павярнула. Ці, можа, выпадкова… Не, пачула! Во дзе слых! Лёгкім трушком у бок Гіі накіравалася. Спынілася. Пастаяла, і – зноў скачок усімі чатырма ў сьнег. Да чаго забаўна! Век бы стаяў, глядзеў. Зноў набліжаецца… Мэтраў сорак да яе. Стала. Углядаецца. Страляць? Гэта ж потым невядома колькі кілямэтраў яе на сабе цягаць прыдзецца. А калі адразу скурку здымаць, таксама час змарнуеш. Хай жыве – і сьвіснуў Гія. Панеслася, бы птушка над зямлёю.

Сьляды ўлева пачалі забіраць, вёску абыходзіць, Беразцы. Адразу за Беразцамі балота вялізнае, усё хмызьняком парослае. Так і думаў, што туды лось сабак завядзе. Гэта ж ужо кіламетраў дванаццаць па сьнежным цаліку прайшоў. Горача Гію. Прапатнела ўсё адзеньне наскрозь і зьверху замерзла – марозік сёньня. Невялікі, градусаў пяць будзе. Спыняецца часам Гія, спачатку адпачывае, бо сэрца так тахкае, што, апроч гэтага тахканьня, нічога і не чуваць, а потым прыкладае далоні да вушэй, слухае – можа, дзе Герда з Рэем працуюць. У вёсцы дварнякі брэшуць, нехта дровы сячэ, трактар на калхознай ферме лапоча. Ганчакоў не чуваць.

Птушка па небе ляціць. Вялізная. Большая за гругана. І крыламі махае радзей, ня так, як крумкач. Размах як у чаплі ці бусла. А дзе наш бінокль…: Вось гэта сустрэча! Белахвосты арлан! Ах ты мая радасьць! Ну давай, бліжэй! Адвярнуў… Не давярае.

Па балоце беразцоўскім сьляды кружляць пачалі. Вось стаяў лось, слухаў, з нагі на нагу пераступаў, некалькі галінак з куста скусіў. Дачакаўся, што сабакі блізка – ізноў пайшоў. Ідзе Гія, сьляды чытае, слухае, ўзіраецца. На гадзіньнік глядзіць, Людзін падарунак – палова на другую ўжо. Хутка і дзень скончыцца. А сабак не чуваць. Ня можа быць, каб лось з гэтага балота куды далей пайшоў. Проста балота вялізнае, кілямэтраў восем на дванаццаць, таму і не чуваць сабак.

Вось тут недзе блізка дамба, а па ёй дарога, што да ракі Бобрык вядзе. Праўда, ракой Бобрык цяпер зь вялікім нацягам назваць можна – перастараліся з меліярацыяй.

Стоп! Што гэта пачулася? Ці ўжо “галюнікі”? Не, галасы мужчынскія. Можа, сяляне лазу на свае патрэбы нарыхтоўваюць? Сьляды ласіна-сабачыя якраз у той бок вядуць. Трэ спытацца, мусілі гон чуць.

Асьцярожна, паводле звычкі паляўнічай, пасунуўся Гія на галасы. Дзень на апошнія свае хвіліны пайшоў, ветрык перад вечарам пачаўся, шоргат крокаў глушыць, белая вопратка хавае. Выглянуў на лугавінку – мэтраў дваццаць на дваццаць – між хмызоўем, а там сьнег выбіты, закрываўлены, ласючок распрануты на ўласнай скуры ляжыць, і двое мужыкоў ля яго завіхаюцца, хочуць да цямна пасьпець. Збоку ля дрэўца стрэльбы пастаўленыя, а далей крыху – Герда з Рэем нейкім шнуром навязаныя. Заўважылі Гію, ускочылі, хвастамі замалацілі.

Гія стрэльбу сваю пад паху і выйшаў – якраз паміж мужыкамі і іхняй зброяй.

Быццам токам мужыкоў саданула, скалануліся, выпрасталіся, у руках закрываўленых нажы заціснутыя. Глядзяць нядобра. На адным куртка з шэрага камуфляжу, міліцэйская. І шапка міліцэйская, з кукардай. Другі таксама ў камуфляжы, толькі ў армейскім. А на грудзях нашыўка – “егер”. Ну, цяпер якую хочаш форму набыць можна. Хоць НАТАўскую. Кажуць, недзе ў Беларусі для НАТАўцаў курткі шыюць. І там нават галоўнакамандуючы абшываецца.

– Дзень добры, хлопцы. Што вы ласючка ўзялі, не мая справа. Ня я гадаваў. Хоць шкада ласючка, хай бы жыў. А вось сабак маіх вы нашто прывязалі? Што, нажыцца хацелі з маіх сабак? Прадаць куды-небудзь? Каб вас вашы дзеці прадавалі!

– Ды не, мужык! – першым азваўся “егер”. – Бачым, дзень сканчаецца, а сабакі – адразу відаць – дагледжаныя, гарадзкія. Думаем, не дачакаецца іх гаспадар, зьедзе ў Пінск, а тут ваўкі… Хацелі заўтра ў горад везьці, гаспадара шукаць. Ты не думай, мы ж нічога кепскага…

– Як ужо ты нас бачыў, – загаварыў другі, – давай, далучайся, памагай сьвежаваць, будзеш у долі. Тым больш, што гэта твае сабакі нам яго падагналі…

– Не, хлопцы. Ня трэба мне гэтага мяса, не галадаю, дзякуй Богу, пакуль.

Гія павесіў стрэльбу на плячо, павярнуўся да сабак, палез у кішэнь па шворкі. Апошняе, што пачуў, – храбусьценьне сьнегу за сьпіною…

…Прытомнасьць вярталася марудна. Спачатку пачуў быццам тарахценьне матацыкла, потым яно сьціхла, і галаву працяла моцным болем. Як на фотаздымку ў праяўляльніку ўсплыла паляна, сабакі. Было амаль цёмна. Пачынаўся сьнегапад.

У кішэні на грудзях завібраваў мабільнік. Гія пацягнуўся, каб дастаць, і адчуў, што рукі ня слухаюцца. Паварушыўся, але тут у галаве разанула, зрабілася зусім млосна, і Гію званітавала. Калі адкашляўся і адпляваўся, палегчала. Рукі былі закручаныя назад і зьвязаныя за камлём маладой бярозкі.

– Ото ж курвы, – млява падумаў Гія. – Чым гэта яны мяне? Добра, што шапка мяккая, янотавая, а то б, відаць, забілі. І глядзі, прывязалі. Час хочуць выйграць. Хоць і не зьбіраўся я іх закладваць, вельмі мне трэба…

Паварушыў рукамі, спадзеючыся, што зьвязалі яго такім чынам, каб сам мог разьвязацца – не, усё сур’ёзна. Далоняў зусім не адчуваў – замерзьлі. Сабакі ўбачылі, як ён валтузіцца, і таксама заварушыліся, нецярпліва заскуголілі, не разумеючы, чаму іхны важак не адвязвае, не бярэ на шворкі.

Зусім сьцямнела. Усхадзіўся вецер, сьнег паваліў мацней. Прапатнелая вопратка астыла, цела працінала дрыжыкамі. Гія сядзеў проста на сьнезе, сьпінай да бярозкі, сьнег пад ім растаў, нагавіцы прамоклі і прымерзьлі да зямлі. Каб сагрэцца, пачаў варушыцца, потым пакрысе сунучыся сьпіной па бярозе, падняўся. Адчувальнасьць далоняў вярталася невыносным болем. Ён перадаўся ў сэрца. А да таго ж вельмі захацелася па малой патрэбе.

Недзе ў баку Валянскіх мастоў завыў воўк. Яму адказаў другі, потым трэці, і ўрэшце жудасны хор запяяў над балотам. Гія адчуў, як заварушыліся пад шапкай валасы. Рукі, надзейна зьвязаныя відаць сынтэтычным шпагатам, і аслабіць петлі ніяк не ўдаецца. А тут яшчэ прыціскае патрэба. Урэшце зь ёю ўсё вырашылася само сабой. Зрабілася крыху цяплей, але ненадоўга.

“Відаць, гамон, – падумаў Гія. – Вось яно як бывае. З раніцы ня думаў, не гадаў. Сабак шкада. Дзіўна, сабак больш шкада, чым сябе. І Люду шкада. Плакаць будзе, сэрца рваць. А дзеці, што ж, такі лёс усіх дзяцей – па бацьках гараваць, рана ці позна. Як усё будзе? Да раніцы замерзну. Сабакі, тыя даўжэй пратрымаюцца. Хутчэй за ўсё, ваўкі знойдуць і перадушаць. І мяне аб’ядуць. Так што, магчыма, мы проста зьнікнем. Стоп. А Валодзя? Ён жа чакае, калі я вярнуся. А я не вярнуся. Во, тэлефанаваў нехта. Можа, Валодзя. Мо ён ужо шукае. Зараза, сьнегапад, на полі сьляды заносіць. Божачка, зрабі, каб Валодзя мяне сам знайшоў, каб здагадаўся па сьлядах пайсьці. “Ойча наш, каторы ёсьць у небе”, – раптам самі прыйшлі словы даўно забытай малітвы. – “Сьвяціся імя Тваё”, – Гія маліўся і сам дзівіўся той шчырасьці, той упэўненасьці, якая раптам зьявілася ў ім: Ён чуе! “Прыдзі валадарства Тваё!… Будзь воля Твая!…Як у небе, так і на зямлі”, – Гія маліўся моўчкі, але ўся ягоная істота крычала. “…І адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…”

Сабакі раптам натапырыліся і злосна забрахалі ў цемру. “Ваўкі!” – Гію стала горача, ён паспрабаваў крыкнуць, упэўнены ўсім сваім паляўнічым досьведам, што ваўкі да яго жывога наблізіцца не насьмеляцца, але ня вельмі давяраючы зараз гэтай упэўненасьці. Крыкнуць не атрымалася, замест крыку вырваўся слабы хрып.

Кусты заварушыліся, і на паляну выйшла чалавечая постаць. “Валодзя!” – зразумеў Гія, бо сабакі раптоўна змоўклі.

– Блін! Думаў, не знайду! Сьнегам сьляды закідала. Чаго ты тут стаіш? Здарылася што? Нага? Ёхарны бабай! Я ж цябе не данясу! – Валодзя бачыў толькі Гіеву постаць ля бярозы.

– Чаго стаю? Во, стаю. І ня проста стаю, а абасцаўшыся і аббляваўшыся. Давай, разьвязвай.

– Ну ні фіга сабе!

Ужо разумеючы: нешта здарылася, Валодзя замітусіўся, выцягваючы з похваў нож. Потым, разрэзаўшы шнур, запатрабаваў:

– Ну, распавядзі жаласную гісторыю, хто цябе так і за што?

– Пачакай, – паморшчыўся Гія. – на табе колькі штаноў? Калі двое, здымай адны мне. І, можа, шкарпэткі запасныя ёсьць. Я, ведаеш, сапраўды абасцаўся.

– Ужо ўнюхаў. – Валодзя скінуў боты і нагавіцы. Шкарпэткі і ніжнія штаны аддаў Гію. – Ну, што тут было? Не цягні ты, мог толькі так загінуць. Да раніцы акалеў бы.

– Нейкія дзьве падлы падладзіліся да гону і таго лосіка завалілі. І сабак маіх дурных злавілі. Колькі кажу вам, сябры мае дарагія: ня лашчыце вы чужых сабак, лепей дубцом, каб не давяралі чужым. А то – хто хоча, той і забраць можа... Значыць, дайшоў я сюды гадзіны за чатыры. Лася ўжо абадралі. Бачу – сабакі навязаныя. Ну і сказаў ім пару няветлівых, але ня тое каб ужо занадта. Яны мне – бяры нож, адразай сабе ласяціны. А я злосны за сабачак. Ды і цягнуць тое мяса назад… Ды ты ж ведаеш, я ня столькі дзеля таго мяса палюю. Карацей, адмовіўся і тут жа па карку атрымаў. Ачомаўся, як ужо амаль цёмна было. Гадзіне, мабыць, а чацьвертай. Стаяў, тузаўся, спрабаваў рукі вызваліць. Моцна, гніды паганыя, завязалі. У аднаго – камуфляж мянтоўскі, мо і сапраўды мент, іх, мабыць, у “гестапа” вучаць зьвязваць. А другі з нашыўкай “егер”. І яшчэ, як расчухаўся, здаецца, матацыклет чуў.

– Тут праз семдзесят метраў – дамба ў бок Беразцоў. Я, як з поля падыходзіў, бачыў матацыкл з вазком. У Беразцы паехалі. Слухай, гэтага так пакідаць нельга. Давай заявім у ментуру, ці ў пракуратуру. Гэта ж спроба забойства! Добра, што я ў час за табою пайшоў. Тэлефаную табе, а ты слухаўку не бярэш. Ну, думаю, нешта ня тое. Трэба ісьці. Пёр, што той нябожчык ласючок, табе мае штаны не прапатнелыя?

– Пасьля маіх – самае тое. А дзе мая стрэльба, няўжо забралі? Вырадкі!

– Не, стаіць вунь ля дрэўца. Трэба быць зусім прыдуркам, каб яшчэ і зброю забраць. Хаця гэтых і разумнымі назваць цяжка. Нават калі б ты і заклаў іх, што ім пагражала? Ну, штраф. А так – тэрмін! А чым яны цябе?

– Ня ведаю, ня бачыў. Можа, там сапраўды – мент зь егерам. Дык баяліся, што з працы іх выпхнуць. Пяр-рэваратні ў пагонах!

– Сэр! Егеры пагонаў ня носяць!

– А-а! Колькі палюю, у розных кампаніях быў, самыя паганыя браканьеры, самыя хцівыя і сквапныя – якраз мянты і егеры. Аднаго толькі ведаў егера прыстойнага, з Лагішына, ды і той ўрэшце скурвіўся. Выгналі. Так што заяўляць – справа марная, воран ворану…

– Што праўда, то праўда.

Памаўчалі. Валодзя выняў цыгарэты. Запалілі. Гія зацягнуўся і адразу выкінуў:

– Нешта мне млосна. Мабыць, страсеньне. І галава трашчыць горш, як зь перапою. – Дастаў шворкі, падыйшоў да сабак. Тыя, стаміўшыся ўжо чакаць, радасна заскакалі, закруцілі хвастамі. – Шпагатам поліпрапіленавым прывязалі. Такім сена ды салому ў цюкі вяжуць. Мабыць, вяскоўцы. Валодзя, давай ты сабак павядзеш, бо тузаюць моцна, у мяне ў галаве аддаецца, а я стрэльбу тваю панясу.

– Ты дайдзі толькі, я сам усё панясу. Апроч цябе.

– Давай пойдзем па дамбах, празь Беразцы. Крыху даўжэй, затое не трэба цаліну таптаць. А ў Беразцах зойдземся да Кандрацюка, спытаем, ці ёсьць там у каго матацыкл з вазком. Я зайдуся, скажу – сабак пакралі і сьляды матацыкла бачылі. Хітры, калі адчуе штосьці сур’ёзнае – нічога не скажа, а за сабак пакрыўдзіцца, у яго самаго шмат пакралі.

Выбраліся на дамбу, па прыцярушаным ужо матацыклетным сьледзе пасунуліся ў бок Беразцоў. Праз гадзіну паказаліся першыя хаты. Гія падышоў да скрайняй, Кандрацюковай – з гаспадаром ён часта паляваў. Хата сустрэла цьмяным водблескам шыбаў. Пастукаў. Потым яшчэ пастукаў. Нарэшце ў цёмнай зеўры заварушылася сьвятлейшая пляма.

– Хто?

– Піліпавіч! Гэта я, Гія! Адчыні!

Перад сенцамі запалілася лямпачка, загрымелі клямкі, і на парозе ўзьнікла незадаволеная постаць Кандрацюка ў белых сподніках з матузкамі.

– Ну, заходзь. Чаго лазіш уночы? Нармальныя людзі даўно ля жонак грэюцца.

– Якая ноч?! Шчэ й дзявятай няма! Сабак шукаў. Лісу пагналі, а тая ў тваё балота. Я па сьледзе, аж бачу – іх на матацыкл пагрузілі, у каляску. Пакралі, карацей, сабак. Можа, з вашых хто?

– Не. У нас “Ява” з вазком толькі ў Кур’яна. Але яму твае сабакі і задарма ня трэба. Ня тых інтарэсаў. Крадзе, як і ўсе, але – сена, зерне, бульбу. А сабак ня будзе.

– Там ля матацыкла двое было.

– Ня ведаю. Але гэта ня нашыя. Калі што, патэлефаную. Ты машыну дзе кінуў? А то заставайся начаваць. Месца хопіць. Куды ты так позна? Нікуды твая лайба не падзенецца.

– Не, не, Піліпавіч, дзякуй. Дамоў. А то жонка дасьць у косьці.

– Ну, то глядзі сам.

Захінуўшы плечы ў пуховую хустку выглянула, прымружыўшы вочы, гаспадыня.

– Што, Гівачка, сабак пагубляў? – жонка Піліпавіча кліча Гію “Гівам”.

– Пакралі сабак! – тлумачыць старой Піліпавіч. – На матацыкле зьвезьлі.

– О-ёй-ё-ёй! А каб яны павыгаралі, гэтыя злодзеі! А колькі ўжо нашых пакралі! Гівачка, вечарам каля хаты нашай ехаў матацыкал з каляскай. На матацыкле двое было. А ў калясцы я сабак ня бачыла. Я хадзіла сьвіньням даваць, а яны якраз едуць. Цёмна ўжо было, але здаецца, сьпераду ўчастковы быў, з гэтых… з Выганічаў. А ззаду за яго трымаўся – падалося мне, што гэта егер, Алег. Яны то часта да нас заяжджаюць. Я шчэ падумала – глянь во, паехалі, нават галавы не павярнулі. А то раней дык не выгнаць, прыйдуць, нап’юцца, стары мой зь імі – таксама…

– Кінь, старая! Ня лезь у мужчынскія гутаркі! – перапыніў жонку Піліпавіч. – Кінь балбатаць дурное! Каб то былі Алег з Толікам, заехалі б, нікуды не падзеліся. Надта маю самагонку любяць. “Піліпаўка”, кажуць.

– А дзе яны жывуць? Тамсама, у Выганічах?

– Ну! Як ехаць ад Парахонска, то другая хата па правай руцэ – Алега. Адзін зараз жыве, жонка зь дзецьмі другога знайшла. А Толікава – у самым цэнтры, ля крамы, цагляная хата, двухпавярховая. Там яна адна такая ля крамы. Яшчэ двухпавярховая ў прадсядацеля калхоза, але тая далей, з другога канца. Толькі, Гія, што гэта я табе падказаў – нікому. Але ня думаю, што гэты яны. Недзе твае сабакі дагэтуль у балоце. А можа – ваўкі палавілі. Зараз такія нахабныя ваўкі аднекуль падыйшлі – як пачуюць ганчака, дык адразу на перахоп!

…Дарога. Роўная, заледзянелая. Вакол дарогі ў гурбах сьнегу – хаты. Большасьць пад двухсьхільнымі шыфэрнымі дахамі. Але захаваліся яшчэ малесенькія, такія пульхненькія хаткі, крытыя чаротам, улюбёныя аб’екты краязнаўцаў і фалькларыстаў. А зрэдку сярод іх высяцца безгустоўна стылізаваныя пад палацы – з маленькімі вежамі, шпілямі, флюгерамі. Неасэнсаваная настальгія па тых часах, калі Беларусь была краінай замкаў...

...Выганічы сустрэлі Гію з Валодзем двума жоўценькімі прастакутнікамі вокнаў у другой хаце “па правай руцэ”. Праехалі крыху далей, спыніліся. Выйшлі, пастаялі. Гія выняў стрэльбу, напхаў у магазін набояў, ляснуў затворам. Асьцярожна, імкнучыся не навесьці вэрхалу сярод вясковых дварнякоў, прайшлі ў двор з жывымі вокнамі. Зазірнулі. Пасярод пакою за масіўным цёмным сталом сядзелі двое. Выпівалі. Самагонка ў трохлітровым слоіку, простая вясковая закусь – кіслая капуста, салёныя агуркі, хлеб, цыбуля. І пасярэдзіне – гіганцкая патэльня. “Яны”, – прашапацеў вуснамі Гія, перадаючы стрэльбу: “Давай, страхуй”.

Дзьверы незачыненыя. Бразнула адна клямка, другая – і Гія ступіў у хату. Тыя, за сталом паднялі галовы. Егер няўцямна, а ўчастковы са злосьцю, маўляў, хто гэта непакоіць у такі позьні час.

– Ну? Пазналі? Пас-с-скуды!... – прасіпеў Гія. – Бухаеце! Думалі, мне ўжо капец у балоце? Не-а… Памыліліся вы…

– Ты што, мужык! – упэўнена і нахабна загаварыў участковы. Ты паводле якога права ўрываешся ў хату?! Ты ведаеш, хто я! І за абразу зараз адкажаш. Выйшаў з-за стала і раптоўна кінуўся да печы, ля якой стаялі – толькі цяпер Гія заўважыў – стрэльбы. Дзынькнулі шыбы, у хату ўсунулася руля і ляснуў стрэл. Увушшу зазьвінела: стрэл у памяшканьні – гэта ня тое, што на вольным паветры. Зарад шроту адбіў трэску над галавой участковага. Той схапіўся за галаву, прысеў, потым лёг на падлогу, і заскуголіў:

– Хлопцы, не забівайце! Хлопчыкі, не забівайце! У мяне двое дзетак!

– Ага! У цябе, падла, дзеткі, а ў мяне – шчаняты?

Злосьць і гнеў, што перапаўнялі Гію, неяк адразу сьціхлі. Ён ішоў сюды зь цьвёрдым намерам зьбіць абодвух на горкі яблык. Зараз жа гэтае жаданьне зьнікла.

– Гэй, ты! – зьвярнуўся ён да замёрлага за сталом егера. – Хадзі сюды.

Той мітусьліва выскачыў і выцягнуўся як навабранец перад сяржантам.

– Хто мяне ўдарыў?

Егер вачыма паказаў на распасьцёртае ніцма цела.

– А хто прывязваў?

– Ён, – зноў паказаў на ўчастковага егер.

– Ага, значыць, ты толькі “шасьцярыў”… Ну, вось што – расшпіляй штаны – дуй на яго. Хай успомніць дзяцінства, ня ўсё мне аднаму сёньня абасцаным быць. Ну! – рыкнуў, калі ўбачыў, што той вагаецца...

...Ноч. Белыя плямы ад фараў скачуць па засьнежанай дарозе, раз-пораз выхопліваючы стаўбуры хвояў на абочынах. У машыне цёпла. Справа дзяўбе носам Валодзя. Пахне мокрымі сабакамі, гэта Герда і Рэй сёньня замест багажніка перакачавалі ў салон, на задняе сядзеньне. У Гіі палымнее твар. Галава баліць, але на душы радасна. І лёгка.


На скрыжаваньнях

Перадапошнім днём лета тульскі збройны майстар Афонька Левшов пакутваў зь перапою і таму брудна лаяўся. Калі рабілася зусім млосна – мудрагеліста блюзьнерыў, узгадваючы сьвятых, апосталаў і прарокаў.

Схіляў над варштатам азызлы твар з малюпасенькімі акулярамі на фіялетавым носе, прывязанымі за вушы сырамяцінай, напружана жмурыўся.

Уваччу мільгацела, калаціліся рукі, і апошні ўдар па чакане выйшаў недакладным. Паўторны сапсаваў ўсё яшчэ больш. Замест нуля атрымалася шасьцёрка. Не такая яскравая, як дзьве папярэднія, але шасьцёрка.

Трохлінейны* рэвальвер узору 1895 г. сістэмы Нагана замест нумару 660 атрымаў тры шасьцёркі.

– Тваю ў душу матары! – Афонька паставіў гатовы рэвальвер у жалезную скрыню. – Каб цябе накрыла тухлявымі пялёсткамі! Падла сівая! Як падступае! Што ж гэта я ніколі спыніцца не магу?! Борка, гад: “Памажы ды памажы кнура забіць!” Кнура! Утрох за вечар – і няма кнура!

Тут Афонька папярхнуўся і застыў з вырачанымі вачыма. На бруднай тынкоўцы зьявілася і пачала расьці гуля. Расла, варушылася, як парася ў мяшку. Вырасла да памераў гарбуза і прарвалася. З прарэха вылезла невялікая, з ката, чорна-зялёная хвастатая істота і заскакала па сьцяне, робячы непрыстойныя рухі. Галава Афанасія напоўнілася звонам і болем, у скронях запульсавала, страшэннай ламотай захрабусьцела ў карку. Амаль зьнепрытомеўшы, Афонька інстынктыўна падняў руку і перахрысьціўся. Істота тонка завішчэла і рассыпалася на рой мух. Тыя з гулам разьляцеліся. Зьніклі. Разам з мухамі сышоў звон і боль у галаве.

– Госпадзе, зьмілуйся! Гэта ж да белай гарачкі дапіўся!

* * *

Мінулыя суткі выдаліся шалёныя. Спачатку грузілі якарныя міны, потым перашвартоўваліся да вугальнай сьценкі. Усю ноч матросы цягалі на плячах кашы з данецкім антрацытам і ссыпалі яго ў трум. З Балтыкі мгла прыйшла на Кранштадт. Хаваючыся за ёю, ў Фінскую затоку краліся германскія дрэдноўты. Загараджальнік “Іпуць” меўся заваліць уваход у затоку мінамі. Ноччу падняўся вецер. Ён разагнаў імглу і падняў воблака вугальнага пылу, які рыпеў на зубах, асядаў у лёгкіх, абляпляў надбудовы і твары.

Да сьвітанку ўсё пагрузілі. Кандукторы прасьвісталі прыборку.

Мічман Андрэй Ліпов, мінёр, схадзіў у душ, пераапрануўся ў чыстае, потым праз разсыльнага выклікаў Хабібуліна і аддаў прапыленую вопратку. Татарын, акрамя таго, што прыбіраў Андрэеву каюту, за рубель на месяц яшчэ мыў ягоную бялізну, кашулі, чысьціў вопратку і абутак.

Хутка павінны былі празваніць “Аўрал” – здымацца са швартоваў. Але ў дзьверы зноў пастукаўся разсыльны і паведаміў “васкаброддзю” што “паноў афіцэраў у кают-кампаніі зьбірае камандзір”.

– Выхад на мінаваньне пераносіцца. Ніжнім чынам, апрача вахты – адпачываць. Паны афіцэры, таксама апроч вахтавых, да заўтрашняга пад’ёму сьцяга могуць быць вольныя, – камандзір, лейтэнант Сёдэрберг, быў лаканічны.

Баркас у Піцер адыходзіў празь дзьве гадзіны. Андрэй нетаропка пасьнедаў, запіў сьняданак келіхам “Мадэры”, кіўнуў на знак падзякі веставому кают-кампаніі і сышоў на другую палубу, у каюту. Хабібулін прынёс гарачай вады. Андрэй, схіліўшыся над ракавінай, намыліў твар і старанна пагаліўся, хоць галіць асабліва не было чаго. Прыгледзеўся да сябе ў люстэрку. Чырвоныя, запаленыя вочы, схуднелы незнаёмы твар з жаўцява-шэрай скурай. У целе адчувалася страшэнная млявасьць, вельмі хацелася спаць. “Дарэмна, здаецца, я піў “Мадэру”, – падумаў Андрэй. – Можа, сапраўды застацца і паспаць хвілін шэсьцьсот, калі ўжо здарылася такая нагода?” Але думку гэтую адразу адкінуў: “Не, пасплю на баркасе”.

Там, у Піцеры, у малюпасенькай нанятай кватэры з двух пакойчыкаў яго чакала Зіначка, яго радасьць, яго шчасьце, яго жоначка, зь якой яны пабраліся два месяцы таму і зь якой за гэтыя два месяцы разам былі мо якіх трое сутак. Гадзіны зь Зіначкай Андрэй не прамяняў бы ні на якія каштоўнасьці сьвету.

Палез у рундук пад ложкам і, пакорпаўшыся сярод рэчаў, дастаў рэвальвер у рыпучай скураной кабуры. Час быў ваенны – сыходзіць з караблёў дазвалялася толькі ўзброенымі.

Расшпіліў кабуру, выцягнуў чорны “Наган”. Пакруціў барабан, зь якога латунным бляскам мякка засьвяціліся донцы гільзаў. “Наган” сядзеў у руцэ ёмка, выгляд меў зграбны, драпежны і сэрца дваццацігадовага мічмана затахкала шпарчэй. Любуючыся, пакруціў зброю ў руках. Зьлева на рамцы выбіты нумар ЛАР 666, апошняя шасьцёрка не зусім ясная. Па-штатнаму на ўзбраеньні ў флоцкіх афіцэраў стаяць бельгійскія “Галаны” – недарэчныя, з гранёнымі рулямі. Піжонства, вядома, але на першае афіцэрскае забесьпячэньне набыў у збройнай краме, што ля Анічкавага маста, сучасны рэвальвер. Грошай было шкада – падкупілі літары нумара – якраз ягоныя ініцыялы...

Андрэй прыгадаў, як, выбіраючы рэвальвер прышчаміў курком палец, ажно кроў пырснула, і пачырванеў. Было балюча і сорамна перад крамнікам, які замітусіўся, заліў ранку ёдам, але не прыбраў з твару паблажліва-зьдзеклівую ўсьмешку.

А яшчэ, калі вяртаўся з набыткам, яго ледзьве не пераехаў адзіны на ўсю вуліцу аўтамабіль. Увогуле той дзень выйшаў надзіва няўдалы. Калі ўзыходзіў на баркас, нага трапіла паміж бортам і прычалам. Каб не матрос, які літаральна выхапіў яго, нагу б раструшчыла.

Потым на караблі Андрэя паглынулі безьліч справаў – ад гары папераў і баявой падрыхтоўкі да мінёрскай гаспадаркі. Так што “Наган” ціха праляжаў у рундуку пад ложкам.

Дурэючы, прымеціўся праз адчынены ілюмінатар у чайку, што гістэрычна крычала на швартове. Чайка страсянулася і стала чорна-зялёнай хвастатай малпачкай. Малпачка заскакала на канаце дзіўны танец, дражнячыся высалапіла доўгі чырвоны язык, гарэзьліва бліснула вочкамі. У галаве загудзеў рой шэршняў, застукала ў скронях. Андрэй страсянуў галавой – і прывід зьнік: на швартове зноў дурным голасам гарлала чайка. “Во ператаміўся, да галюцынацыяў. Дарэмна я ўсё ж піў “Мадэру”...

…Баркас стукнуўся аб прычал, і Ліпов прачнуўся. Плечы і шыя ад нязручнай позы занямелі, цела працінала дрыжыкамі. Па хісткай сходні сышоў на бераг, таропка пайшоў па вуліцы, вышукваючы вачыма рамізьніка.

Усю дарогу дадому Андрэй думаў, як добра ён зрабіў, калі адразу пасьля заканчэньня Корпуса ажаніўся зь Зіначкай. Вядома, ягонай дзяўчынцы, Зіначцы, такой вытанчанай, такой непрыстасаванай да самастойнага жыцьця, відаць, цяжка. І шлюб іхны яшчэ не зусім падобны на шлюб. Але пройдзе час – усё ўсталюецца. І тое, што за два месяцы яны былі разам гэтак мала, потым будзе ўзгадвацца ў рамантычным сьвятле. Затое цяпер яму ёсьць куды імкнуцца, ёсьць каго абараняць, і ёсьць каму чакаць яго з мора.

– Зараз адчыню дзьверы, – Андрэй падымаўся па шырокай мармуровай лесьвіцы і намацваў у кішэні ключ, – ціхенька ўвайду ў пакой: “Вось і я!” Зіначка, у лёгкай паркалёвай сукенцы, завішчыць і ашчаперыць рукамі за шыю, а нагамі за талію. І ад яе будзе пахнуць сьвежасьцю і кветкамі.

Замок мякка чвякнуў, Андрэй увайшоў і прыслухаўся. З другога пакою даносіліся няясныя гукі. Асьцярожна, каб не зарыпеў паркет, падышоў да дзьвярэй, парывіста адчыніў: “Вось і я!”. Зіначка сядзела на каленях у нейкаго даўгавалосага стварэньня з чорнымі вусікамі і казьлінай бародкай на бледным твары. З расшпіленай паркалёвай сукенкі бессаромна бялела. Цёмна-зялёны сурдут акуратна вісеў на сьпінцы крэсла. На стале –бутэлька, келіхі з чырвоным і садавіна.

Зіначка завішчэла, кінулася да Андрэя, ашчаперыла рукамі за шыю, а нагамі за талію. Кудлатая мужчынская асоба, схапіўшы сурдут, праціснулася ў шчыліну дзьвярэй і зьнікла. Ліпов са зьдзіўленьнем убачыў у сваёй руцэ рэвальвер. Яму стала млосна, ледзьве не званітавала. Цела аслабела. З агідай адарваў ад сябе Зіначку. Ад яе моцна пахла потам і алкаголем. Павярнуўся, выйшаў на лесьвіцу. Зіначка нешта лапатала ўсьлед, але слухаць ён не мог. Сэрца тахкала ў грудзях, ажно грукала ў патыліцу, ногі не слухаліся. Прысеў на прыступку. Пачуў за сьпіной, як Зіначка зачыняецца на ключ. Недзе ў глыбіні так балела, што здавалася – перажыць гэта немагчыма.

– А навошта цяпер жыць? – спытаўся-сьцьвердзіў нехта ўнутры Андрэя. – Дзеля чаго? Навошта цярпець? Вось яно – выйсьце. Адзіны рух пальцам – і ніякага болю, ні агіды.

Ён узьвёў курок і паднёс рэвальвер да скроні. Заплюшчыў вочы. Дакрануўся ўказальным пальцам да спуску. Вось і ўсё. Проста сьвет для яго згасьне.

Андрэй уявіў, як куля ўвойдзе ў чэрап, за ёй уварвуцца парахавыя газы і разнясуць галаву на кавалкі, распырскаўшы кроў і мазгі па сьценах. Ён заваліцца на пляцоўку ля дзьвярэй, сэрца яшчэ з хвіліну будзе біцца і выпампоўваць кроў. Вялізная нацячэ лужына. Фэ!

Расплюшчыў вочы, апусьціў рэвальвер, асьцярожна прытрымліваючы вялікім пальцам, спусьціў курок. Боль, што яшчэ хвіліну таму разрываў яго, зьнікаў, пакідаючы халодны вакуум.

…Ён ішоў няроўным крокам, перад ім са спалоханымі тварамі расступаліся людзі.

– Пан мічман! Андрэй Раманавіч! Падымайцеся сюды, да нас!

Знаёмы голас згары прывёў да прытомнасьці. Ён быў у рэстаране “Тройка”. Збоку бялеў спалатнелы твар швейцара. Голас даносіўся з другога паверху, з балкону. Падняўся туды.

– О-о! Андрэй Раманавіч, ды вы ўжо п’яны! Схавайце! Схавайце рэвальвер. Вы перапалохалі тут усіх “шпакоў”.

На балконе гулялі афіцэры зь “Іпуці”.

– Не, сябры. Я не п’яны. Але сёньня я буду шмат піць... За каханьне... Панове, хто хоча гэты цудоўны рэвальвер? Аддаю за паўцаны... Ну, што? Нікому не патрэбны? Добра... Гэй, чалавек! Будзь ласкавы, пакліч гаспадара.

Праз колькі хвілінаў Андрэй Ліпов атрымаў крэдыт рэстарана, а ягоны “Наган” апынуўся ў Абрама Лібермана, гаспадара “Тройкі”.

* * *

– А Божа ж мой, што ты будзеш рабіць з гэтымі афіцэрамі, – мармытаў сабе пад нос Абрам Ліберман, хаваючы ў глыбокім закутку вялізнага сэйфа рэвальвер. – Ну скажыце, калі ласка, навошта мне гэтая цацка? Ад яе мецьму толькі шмат непрыемнасьці... Але што зробіш – калі адмовіш – таксама будзеш мець шмат непрыемнасьці... Гэтыя хлопцы з бліскучымі гузікамі могуць такі нарабіць вэрхалу і нават пазбавіць дазволу на сваю справу за мяжой аседласьці... Добра... Добра!... Цацка таксама каштуе грошай... Ну, ня сорак рублёў, але дасьць Бог, сёньня яны столькі не прап’юць, а там хто ведае – вайна… Можа, ня вернуцца з мора...

Апошнім днём жніўня ў кабінэце было горача, не хапала паветра, і перад вачыма Абрама лёталі чорныя мушкі. З глыбіні сэйфа пачуўся тоненькі дурнаваты сьмех, заварушылася нешта цёмнае, падобнае да ката, бліснулі жоўтыя вочы. Абрам здрыгануўся ад нечаканасьці, адчыніў сэйф шырэй, угледзеўся.

– Пэ-х-х, здалося! Трэба худаць. Лішняя вага, ціск завысокі...

* * *

У жніўні, трыццатага дня, на сьвітанку завылі сабакі. Абрам прачнуўся ад іхняга шматгалосься і выглянуў з-за фіранкі. Сабакі пасярод вуліцы вялізнай зграяй сьпявалі на бялявы маладзік. Потым усе разам змоўклі і бязладным натоўпам, але дружна ўцяклі. Праімчаўся на возе хлопец. Ён азіраўся і шалёна круціў над галавою лейцамі. Конь спуджана касавурыў назад ліловым вокам - здавалася, яно праменіць злавеснае сьвятло.

Нібыта марскі прыбой зашапацеў у паветры. Узмацніўся, наблізіўся. Цёмная маса закалыхалася ў канцы вуліцы, цёмная маса з чырвонымі плямамі над ёю. Па вуліцы ішоў пралетарыят і крычаў “Даеш!”. Зьвінелі шыбы мануфактурных крамаў, стагналі дубовыя дзьверы харчовых складаў. Адтуль выскоквалі нагружаныя людзі з расчырванелымі тварамі.

Абрам выкаціў сваю тлустую постаць на ходнік перад рэстаранам, замахаў рэвальверам у потнай далоні, закрычаў на нярускай мове. Пралетар зь недакуркам у куце рота перацяў яго па галаве ланцугом. – “Лэхайм, Абрам... “ – Кінуў ланцуг, падняў і сунуў у кішэнь “Наган”. Разам з натоўпам уваліўся ўсярэдзіну. Прабегся па дальніх калідорах у пошуках чаго-небудзь вартага. У скронях стукала, балела галава, з цёмных кутоў мроілася чорна-зялёнае чарцяня. Яно брыдка скакала і брудна мацюкалася тоненькім мярзотным голасам. “Горача. Трэба недзе акунуцца”, – падумаў пралетар Апалінар Луков, выносячы з былой рэстарацыі цяжкое крэсла цёмнай драўніны.

* * *

Стаяла незвычайная для канца жніўня сьпёка. Усе вокны і дзьверы расчыненыя, але проймы не ўзьнікала. Паветра ў зале было густым і ліпучым, як кісель. Людзі сядзелі з сур’ёзнымі застылымі тварамі, баючыся паварушыцца. Рух мог прыцягнуць увагу. Баяліся нават выцерці пот, які ручаямі струменіўся з-пад валасоў і сьцякаў пад цьвёрдыя стаячыя каўнеры фрэнчаў. Самыя сьмелыя ківалі ў такт словам выступоўца – дэманстравалі падтрымку і згоду. Мікрафон разносіў моцны звонкі голас з акцэнтам:

– За другі квартал бягучага году таварышь Егоров выявіў і арыштаваў сто дваццаць чатыры асобы ворагаў народу. Гэта – кулакі, буржуазныя нацыяналісты, польскія шпіёны і іншыя ненавісьнікі дыктатуры пралэтарыяту. Сто дваццаць зь іх вырачаны да найвышэйшай мэры пралэтарскай справядлывасьці. Таварышь Егоров, да мнэ!. Маладэц! За заслугі ў барацбэ з ворагамі народнай улады вы ўзнагароджваетэся ордэнам Чырвонага Сьцяга. Сядайце на мэсца, таварышь Егоров. Вы – прыклад сапраўднага чэкіста!

Але, таварышы, ня ўсе паказваюць такі прыклад! Качук! Устаньце! Глядзіце на яго! Гэты, з дазволу сказаць, чэкіст, за другі квартал выявіў толькі сорак двух ворагаў! І толькі сем зь іх былі растраляныя! Астатнія трыццаць пяць атрымалі ў сукупнасьці ўсяго чатырыста дваццаць пяць год зьняволеньня! Я думаю, нам трэба разабрацца з вамі, Качук! Вы арыштаваны!

Пакуль двое ў сініх фуражках раззбройвалі і выводзілі Качука, зала зусім скамянела. Апалінар Луков, апусьціўшы галаву і ўперыўшыся спадылба ў постаць за трыбунай, убачыў, як з гудзеньнем заляцеў і закруціўся вакол яе рой мух. Постаць страціла самавітасьць і па-дурному заскакала, дрыгаючы рукамі і нагамі, высалапіўшы доўгі чырвоны язык. Ззаду на пасе заварушыўся, як жывы, “Наган” у парусінавай кабуры. Гудзеньне ўзмацнілася, пранікла пад чэрап Апалінара. Для яго ўсё згасла. Апалінар здрыгануўся і абмяк. Самлеў. Да прытомнасьці прывёў штуршок суседа локцем у бок і сыканьне: “Ты што сьпіш... За Качуком захацеў?”...

...Ноч удалася зорнай, зь белымі туманамі ў нізінах. Аўтамабіль – “варанок”, напханы пад завязку людзьмі, – стаяў на ўскрайку мястэчка. Бялеў у цемры мур вакол могілак, над ім грувасьціліся чорныя шаты хвояў. Апалінар паліў папяросу за папяросай, думкі яго роспачна мітусіліся. Назойлівы шэпт “За Качуком захацеў?” віраваў у галаве. Ад сэрца па целу расплывалася гарачая пляма, галава мерзла, з-пад фуражкі на сьпіну беглі халодныя кусьлівыя мурашкі, рукі патнелі, і лыцар рэвалюцыі раз-пораз выціраў іх аб галіфэ. Заданьне на арышт амаль выкананае. Усе ворагі народу паводле сьпісу знаходзіліся ў клетках “варанка”. Апроч аднаго. Уцёк, падла, праз вакно, не пасьпелі своечасова абкружыць хату. Што цяпер будзе?

Апалінар вылез з кабіны, пстрыкнуў у цемру недакуркам, прасачыў за агеньчыкам, і рашуча грукнуў у бляшаны борт: “Канвой! Выходзь!”

– Так, таварышы чэкісты! Зараз абкружаем скрайнюю хату і цягнем аднаго, хто там ёсьць мужэска полу...

...На ўсходзе пачало ружавець. “Варанок” прагрукатаў па бруку, перасек горад, выехаў на узгорак, парослы маладым лесам і абгароджаны высокім плотам. За брамай спыніўся ля сьвежых доўгіх ям. Далей усё проста. Толькі не зважаць на енкі і лямант:

– Выводзь па адным. Зьвязвай рукі.

Стрэл у патыліцу.

– Наступнага!

Стрэл.

– Наступнага!...

Так. Выкінуць гільзы з барабана, перазарадзіць. Патронаў поўная кішэнь. О-о, якая руля гарачая!

– Наступнага!

Ах, халера! Апошні, гадоў дваццаці хлапец, той, якога ўзялі замест зьбеглага, скочыў з будкі “варанка” не на зямлю, а на двух байцоў, што, парушаючы інструкцыю, сышліся заблізка. Зьбіў абодвух з ног, упаў сам, пругка, як кот, перакаціўся праз галаву і шуснуў за аўтамабіль, за хвойкі, у шэры ранішні змрок.

– Луков Апалінар Радзівонавіч?

– Я…

– Стала вядома, што вы адпусьцілі польскага шпіёна. Вы арыштаваны. Здайце зброю. О! ЛАР 666! Амаль імянны!

На шыбе кабінэта заскакаў чорны даўгахвосты сылюэт.

***

У паветры разьліты пах жыта, саляркі, бэнзіну. Ля ходніка чарга грузавікоў. На прахадной млынкамбіната запарка. Ахова не пасьпявае прапускаць машыны зь зернем, таму і ахоўнікі і кіроўцы злосныя. Начальнік аховы дае адмашку:

– Паўгадзіны пакурыце! У нас перазьменка.

А машыны ўсё падыходзяць і падыходзяць.

– Аляксей! Ну што ты корпаешся, як гэты…? Бачыш, колькі машын чакае! Давай, расьпісвайся за прыём дзяжурства – і ўперад!

– Не, братка. Ня першы год замужам!. Пакуль не праверу ўсё, не расьпішуся. Давай пістоль… Чаму нячышчаны? Патроны ўсе на месцы?

– Ну ты й зануда! Бачыш, што робіцца? Не было калі чысьціць. Машыны і ўдзень, і ўночы. Ледзьве на нагах стаю, а ты з дурнымі пытаньнямі… Дарэчы, гэта не пістоль, а рэвальвер, калі не першы год замужам – мусіш ведаць.

– Ат! Што кіем, што палкай – адзін хрэн. Так. “Наган” нумар ЛАР 666. Патронаў калібру 7,62 міліметра да рэвальвера сістэмы “Наган” – сем штук. Кабура брызентавая – адна. Дзяга скураная, афіцэрская – адна. Дата. Якое сёньня?

– З раніцы трыццатага было…

– Трыццатага жніўня тысяча дзевяцьсот семдзесят першага года. Подпіс… Стралок ваенізаванай аховы Лазарэвіч… Ну, бывай здароў!

Пад вечар машын паменела, а як сьцямнела, падвоз зерня спыніўся зусім. Лазарэвіч зачыніў дзьверы прахадной, расклаў на стале ля турнікету анучкі, бутэлечку са змазкай, дастаў з кабуры і паклаў побач рэвальвер. Тут яму моцна забалела ў скронях, а за шыбай вакна, што выходзіла на браму, прымроілася пачварная кудлатая пыса. Пыса выкрыўлялася і круціла Аляксею хвігі. У дзьверы моцна загрукалі, і пачвара зьнікла. Зьнік і боль. Грукалі двое міліцыянтаў:

– Вы нікога тут ня бачылі падазроных?

– Толькі што во перад вамі ў вакне нейкая морда мне языком дражнілася і хвігі круціла. А тут вы пастукалі, і яна зьнікла. Як прывід.

Міліцыянты адразу выскачылі на тэрыторыю камбінату, але празь пяць хвілін вярнуліся ні з чым:

– Тут побач, у інтэрнаце, нейкі вісус студэнта нажом парануў. І ўцёк. Так што асьцярожна. І калі што – вы, дзядзька, сваім антыкварыятам карыстацца ўмееце?

– Анягож!...

– Ну, глядзіце… А як што якое – тэлефануйце “нуль два”…

…Ноч насунулася на горад. Душная, хмарная. Паміж хмарамі і горадам у вырай ляцяць дзікія гусі. Паветра зьвініць ад іхных крылаў. “Гак-гак! Улю-улю-улю!” – рознагалосая гусіная гутарка хвалюе душу. Лазарэвіч пасьля чысткі рэвальвера выйшаў з прахадной і спыніўся, ўражаны гусіным пралётам. Нешта зашкрэблася на бэтоннай агароджы і гупнулася аб зямлю. Ля самотнага ліхтара сьлізгануў цень.

– Гэй! Хто там лазіць?! Ну, не дурэй, а то стрэлю!

– Не страляйце, бацька! – зь цемры выйшаў танклявы, жылісты хлопец з нахабнымі вачыма. – Заблукаў я. Што за парадкі, ніводнага ліхтара нідзе…

– Ты, хлопча, гэта… Не падыходзь блізка! Бачыш во, пістоль… Пойдзем на прахадную, там разьбярэмся, хто дзе блукаў.

– Ну, вядзі… Можа, “рэнкі до гуры” задраць?

– Ідзі давай. Ня трэба мне твае рукі. – На прахадной падсунуў зэдлік. – Сядай во, а я пакуль патэлефаную. – Сьхіліўся над апаратам. – Нуль… Два…

– Ты што, бацька, у мянтуру тэлефануеш? Пачакай…

Няўлоўным рухам выхапіўшы з-пад сябе зэдлік, кароткім замахам ударыў па Аляксеевай галаве.

Потым, засоўваючы рэвальвер за дзягу, прамармытаў:

– Так лепей, бацька. А то ўзяў моду – мянтам тэлефанаваць!

* * *

Развод закончыўся.

– …Напра-а…-ва! На ахову грамадскага парадку!… Крока-а-м!…Руш!! – ляскаючы падэшвамі па пляцы, калона прамаршавала ля дзяжурнага і выйшла за браму.

Начальнік патруля, бамбіза ў камуфляжы і чырвоным барэце, і чорнабарэтныя патрульныя:

– Хлопцы! Ну кім бы я быў, калі б не амон? Мае аднакласьнікі палова ўжо сьпіліся, другая палова мардуецца на трактарах, на камбайнах. За капейкі! Я ў сваёй вёсцы любіў… гэта… ну... выпіць, у зубы каму даць. Ужо сядзеў бы. А тут, у амоне я раблю тое ж самае. Ну, што люблю! І выпіць магу, ну ў меру, канечне. І ў зубы – але тут, прыкінь, за гэта мяне ня тое што ў турму – тут мне вялікія бабкі бацька плоціць. І форма. І пайка. І праезд бясплатны. І тут я паважаны чалавек, асабліва калі здаў на крапавы барэт. На “стомятроўцы”, ну за цыркам, дзе б...дзі стаяць, я магу любую. Бясплатна! А што? Суботнік называецца! Дый так магу любую з вуліцы. Думаеце, будзе заяўляць? Не! Марная справа! Калі і заявіць – камандзіры адмажуць. А, дык я пра крапавы барэт! На крапавы барэт здаць вельмі няпроста. Асабліва гарадзкім, у іх дыхалка слабейшая, ну, зь дзяцінства выхлапнымі газамі дыхаць…

Тройка шпарка крочыць па вуліцы. Чырвонабарэтны з усяе сілы імкнецца даказаць маладзейшым сваё супэрмэнства:

– Прыкінь, спачатку крос па перасечанай мясцовасьці, трыццаць кэмэ. У “броніку”, з аўтаматам, баекамплектам. Ну гэта яшчэ херня. Самае цяжкае – бой з “крапавіком”. Тут цябе ніхто шкадаваць ня будзе. Вытрымаў, ня страціў прытомнасьці – тваё шчасьце. Ня вытрымаў – трэніруйся да наступнай здачы. Здаць на крапавы барэт – гэта, я вам скажу, ня кожнаму дадзена… Вось рукапашны бой – колькі там тых трэніровак афіцыйна? Дзьве гадзіны на тыдзень. Мала… Усе да аднаго “крапавікі” трэніруюцца ведаеце дзе? Сёньня пакажу. Я так кожнае дзяжурства трэніруюся, каб форму трымаць. Тут ля стадыёна піўбар, а побач дворык. Дамы гэтыя на знос, ужо ўсіх павысялялі. Ціха там, толькі гэтыя, зь піўбара, адліць туды наведваюцца. Мілае дзела на іх адпрацоўваць. Рукамі – па “верхнім паверсе”, джэбы, сьвінгі там, і гэтыя… хукі. Нагамі – ня вышай яйцаў, інакш раўнавагу можна страціць, асабліва зімой, на лёдзе ці сьнезе ўтаптаным. Сама лепш нагамі – лоў-кікі. Ну, сёньня пакажу.

* * *

Месячык на зыходзе млява блішчыць над горадам. Асьвятляльныя мачты нешта выглядаюць унізе на стадыёне. Рэзкія, як крык зайца ў драпежных зубах, сігналы аўтамабіляў. Натоўпы людзей на прыпынках штурмуюць дзьверы. Пад аркай, што вядзе ў брудны двор, трое абступілі чацьвертага.

Чырвонабарэтны праводзіць “майстар-кляс” для падначаленых. Насупраць цяжка дыхае, поўнячы цёмны бязьлюдны двор пахам алкаголю, немалады мужчына. З носа падаюць буйныя кроплі крыві. Яна здаецца чорнай. Мужчына тонкім дрыготкім голасам просіцца:

– Хлопцы… Дык я ж нічога… Тут жа ніхто не жыве… Ня біце, хлопцы… Піва выпілі, дык ужо трываць ня мог, а да вакзала далёка, да прыбіральні… Ня біце, хлопцы…

Яго ніхто не слухае. Слухаюць “крапавіка”.

– Што трэба для трэніроўкі? Каб бязь сьведкаў. Вось зараз нікога лішняга няма. Так што на гэтым можна трэніравацца. Глядзіце: спачатку вы з дыстанцыі наносіце нагой “фронт-кік” або “лоў-кік”. Калі пасьля гэтага праціўнік не падае, скарачаеце дыстанцыю і праводзіце сэрыю рукамі, невялікую, “раз-два”, або “раз-два-тры”. Звычайна гэтага досыць. Калі праціўнік упаў, працуеце па ім тонфай. Старайцеся меней наносіць удараў у галаву, каб не было сьлядоў. Вось мой карыфан, Калода, нарабіў сьлядоў у час “трэніроўкі”, а гэта аказаўся дэпутат з “палаткі”. Ну і выперлі з органаў, два гады умоўна далі. Шкада, харошы хлапец. Эх, каб той ня быў дэпутатам! Лепш за ўсё апрацоўваць па печані, па нырках, добра ў вобласьць сэрца. Сьлядоў звычайна ніякіх. А калі селязёнка адарвецца – хто там будзе разьбірацца, ад чаго. Асабліва калі гэта не дэпутат. І лепш за ўсё трэніравацца на п’яных.

Бамбіза выкінуў нагу, абутую ў высокі чаравік, і ўбрыкнуў дзядзьку ў жывот. Той склаўся ўдвая, захрыпеў, сеў на асфальт. – Зараз апрацуй яго тонфай. Ды ня так! Спачатку перацягні па нырках, ён перавернецца на сьпіну, будзе іх ратаваць, тады перакладзінай ці доўгім канцом торкаеш “пад дых” або ў печань. Падымайся, алкаш!

Чырвонабарэтны пераклаў гумовую тонфу з правай рукі ў левую.

– Бегма адсюль, пакуль жывы!

Мужчына, кульгаючы, стрымгалоў кінуўся са двара.

– Вось так, хлопцы. Зараз паходзім, яшчэ якога-небудзь калхозьніка знойдзем. Так і дзяжурства весялей ідзе, і карысьць для прафесійнай падрыхтоўкі.

– Антон, твой Калода на “палатачніка” нарваўся, – кажа адзін у чорным барэце, – а калі б на якога бандзюгана з “валынай”? Што б ён з тонфай супраць ствала рабіў?

– Гэ-э-эх, хлопцы! На такі выпадак трэба мець такую-сякую цацку. Толькі гэта між намі. Згода? Пару гадоў таму – можа, чулі? – стукнулі нашым, што ў адным доме двое вуркаў заселі. Гусь і Лагун. Ну, прыгналі нас, абкружылі дом. Начальства ў мацюгальнік брэша, здацца прапануе. А тыя з-за цагляных сьценаў пастрэльваюць зрэдку. Далі каманду, мы і ўвалілі па гэтым доме – з гранатамётаў, з аўтаматаў. Дом той, скажу вам, відаць, доўга пасьля нашага штурму гаспадары рамантавалі. Перасталі тыя страляць. Дасылаюць мяне і яшчэ дваіх у разьведку – паглядзець. Мы ў “броніках”, пярэдні са шчытом ад куль. Заходзім у памяшканьне, там… Ну, пасьля двух гранат вы ўяўляеце, што. Валяюцца гэтыя двое. Я для пэўнасьці паўмагазіна з “Калаша” па іх выпуліў. У Гуся, хоць і дохлага, ТТ у руцэ, а каля Лагуна, крыху далей – “Наган”. Я “Наган” першы ўбачыў і паціху – за пазуху. Думаю, ад ТТ-шніка гільзы кругом, а гэты гільзаў не раскідвае. Ну, быццам яны з аднаго пісталета адстрэльваліся. Так і здарылася . Начальства ні вухам, ні рылам, што я “машынку” прысабечыў. Два патроны толькі страляныя, пяць – цэлыя. Я, праўда, іх у лесе неяк па-п’янцы і пастраляў усе.

– Дык што карысьці з тваёй цацкі, калі яна без патронаў? Добра, быў бы ПМ – патронаў што гразі ў дождж. А дзе ўзяць рэвальверных? Там які калібр?

– Як у першага “Калаша”, 7,62. Патрончыкі як у паляўнічай стрэльбы, толькі маленькія. Цыліндрыкі. І куля ўся ў гільзе ўтопленая. Тупая, з пляскатым носам.

Памаўчалі крыху. “Крапавіку” – Антону Лукашыку – не цярпелася:

– Я, хлопцы, былы вясковец. А ў нас, у вяскоўцаў, рукі ня з дупы растуць. У нас самы апошні алкаш – і той дваццаць-трыццаць прафэсіяў ведае. Можа, ня надта добра, але шмат чаго ўмее. Вось вазьмі мяне – я і электраправодку магу ў хаце зрабіць, і машыну адрамантаваць, і зруб сабраць здолею, калі прыпячэ, і цэглу класьці , і кафлю, і шпалеры, і па сталярцы тое-сёе... Карацей, расстраляў я тыя патроны, думаю, дзе яшчэ здабыць? Але ў мяне рукі на месцы, галава таксама, ня меў бы старшынскія пагоны. Я дрыльком у стрэляных гільзах адтуліны пад капсулі рассьвідраваў, каб можна было паляўнічы “Жэвело” ўціснуць, пораху з аўтаматных патронаў насыпаў, а кулькі зь сьвінцу адліў. Сёньня выпрабуем.

Начальнік патруля агледзеўся. Пад аркай і ў двары нікога не было. Горад засынаў. Толькі ўдалечыні, на вакзале, грукаў па рэйках цягнік. Задраў ззаду куртку і выцягнуў з-пад дзягі рэвальвер. Крутануў аб рукаво барабан.

– На, паглядзі. Толькі асьцярожна, зараджаны. – І застыў з выцягнутым тварам:

– Ах, ты гандурас вашывы! – Кінуўся цераз арку на вуліцу. Спыніўся на выхадзе ў праёме, замітусіўся туды-сюды. Вярнуўся ўзрушаны.

– Бачылі? Там на вуліцы нейкі шпэндрык недароблены нам “факі” паказваў. Дробны такі, недакурак! Ну, падлы, зусім абарзьдзелі, амону не паважаюць! І куды толькі дзеўся?! Выбег на вуліцу – як скрозь зямлю! А там і схавацца няма куды! Што, ня бачылі? Ды ён, можа з хвіліну – і так, і гэтак, і задніцай павернецца, пахлопае, і язык высалапіць. Ну, г-хніда х-худая, ну трапіў бы ў рукі, жывым ня выйшаў! С-сука! Ажно галава разбалелася, зараз здаецца лопне. Гудзе, як мухі на падле!

– І ў мяне гудзе. І баліць, – паведаміў малады з рэвальверам. – Можа, цыклон набліжаецца? На надвор’е, кажуць, галава баліць. На зьмену.

– Лухта! Не зважай, і ўсё. Пайшлі ў двор, стрэлім па разе. На спробу, новымі патронамі. Я буду першы. Пастаў якую мішэнь. З-зараза, цёмна тут. Ну, нічога. Будзем страляць з прыцэльваньнем па становішчы рукі. Ведаеце, класныя стралкі ня мецяцца па мушцы. Зброя ў іх – як працяг рукі. Глядзяць на цэль, выцягваюць руку, і ўжо ведаюць, куды куля трапіць... І вока не заплюшчваюць, глядзяць абодвума... Што ты там кешкаешся? Во вядро вазьмі, пастаў там ля сьцяны. Вышэй. Падстаў што-небудзь. Ну, ты, блін і ёлупень! Вунь казлы ляжаць, пастаў ля сьцяны, а на іх вядро. Вучыць вас усяму трэба... Зь якой адлегласьці страляем? Давайце зь дзесяці крокаў. Хто не пацэліць – купляе на ўсіх па літру “Лідскага”. Што? Усе не пацэлім – усе купляем, будзе па тры літры на кожнага.

Ён адлічыў дзесяць крокаў ад вядра, што цямнела на фоне сьветлай сьцяны. Ледзьве чутна рыпнуў курок. Шчоўкнуў – стаў на баявы ўзвод.

Хмарка набегла на месяц. “Крапавік” вырашыў не чакаць, накіраваў рэвальвер у бок мішэні і націснуў на спуск. Вогненны шар на імгненьне бліснуў на месцы далоні, грымнуў і кінуў старшыну Лукашыка патыліцай на дол. Тонкім ручайком кроў сьцякла між броваў, заліла вока, чорнымі кроплямі закапала на засьмечаны асфальт кінутага двара.

Чэзлы месячык вызваліўся нарэшце ад хмаркі і зьедліва ўсьміхаўся. Яго прывідны прамень затрымаўся на вострым кавалку мэталу, што вытыркаўся зь сярэдзіны ілба АМАПаўца. Бліснуў і загарэўся надпіс ЛАР 666. На вежы насупраць вакзала гадзіннік прабіў апоўнач. Пачаліся перадапошнія суткі лета.


“Чэсьімею”

1.

“Фольксваген”, брудна-жоўты, як жухлая трава, лемантуючы ўсімі сваімі клапанамі і падшыпнікамі, са смуродлівым кашлем пераскочыў мост ля езуіцкага калегіюма і нырнуў у золкі сырадой туману. Працінаюць дрыжыкі. У багажніку варочаюцца сабакі. Толік Седляр сьхіліўся да лабавога шкла, яму здаецца, што так лепей відаць, лаецца:

- А каб цябе накрыла сіняй дупай! Піксель шызы! Ні хал-леры не відно!

Пласт туману нятоўсты, і справа на шэра-фіялетавым небе вісіць грандыёзны Арыён. Побач мігціць Сірыус. Гэта галоўная зорка Вялікага Сабакі, гэта Вялікі Сабака падміргвае Рыгору вострым вокам. Што хоча сказаць ён? Аб чым папярэдзіць? У думках Рыгор зьвяртаецца да яго за дабраславеньнем.

Па Любанскім мосьце пераехалі Прыпяць. Выскачылі з туману, тут крыху вышэй, чым ля ракі. Спыніліся на полі ля Сернічак, побач з маладзенькім хвойнікам. На ўсходзе заружавела неба. Зашкрэбліся сабакі.

- Выпусьці, хай пабегаюць. – Непакоіцца Толік. Баіцца, каб там чаго не падрапалі.

- Навошта? На сьлед наскочаць, будуць ганяць у цемры. Пакуль разьвіднее, яны ўжо ніякія.

- Ну, навяжы. Хай прадыхаюцца на сьвежым паветры.

Сабакі ўзбуджана дрыжаць і пазяхаюць. Нервуюцца. У паветры разьліты пах восені – прэлае лісьце, сена, сырая зямля.

- Панюхай, які пах! – Кажа Рыгор. – Я так люблю гэты пах. Гэта пах паляваньня, пах гусіных крыкаў, пах зайцаў, што зараз недзе хаваюцца на днёўку.

- “Пах гусіных крыкаў”! – Дражніць Толік. – Гноем нясе з серніцкай фермы, гэта ёсьць. Ну і яшчэ псінай ад тваіх барбосаў. Пасьпяшаліся мы прыехаць. Яшчэ добрая гадзіна да сьвітанку. Лепш бы гэтую гадзіну паспалі.

- Абраза сабакі гэта абраза гаспадара. – Рыгор робіць выгляд, што злуе. – Мае сабакі мыюцца часьцей, чым некаторыя дужа ганаровыя. Псінай сапраўды нясе, але гэта ад іншага кабяля, у якога дзьве каханкі...

...Над лемяшэвіцкім лесам пунсовае неба. Толік прыкладаецца да стрэльбы:

- Усё. Мушку відаць ужо. Пускай сабак. Як будзем рухацца?

- Давай так. Зараз па полі уздоўж Сернічак, метраў за трыста ад агародаў, потым, як мінем вёску – улева, у бок лемяшэвіцкага лесу, там уздоўж пасадак да горнаўскага, і потым сюды, да машыны. Толькі я ўпэўнены, што такога кола не атрымаецца. Падымем касога, ён пойдзе ў лес, там і будзем круціцца. Або ў лемяшэвіцкім, або ў горнаўскім. Вось паглядзіш!

Сабакі, спушчаныя са шворак спачатку бязладна гойсаюць вакол машыны. Радуюцца першаму пасьля доўгага перапынку паляваньню.Выплюхнуўшы першую радасьць, пераходзяць да асэнсаванай працы. Рухаючыся зігзагам Чак і Вісла пачынаюць “палаз”, раз-пораз паглядаючы на паляўнічых каб узгадніць свой “генеральны курс” з іхным. Ходзяць шырока, да паўкіламетра ад Рыгора з Толікам, якія нясьпешна, са стрэльбамі напагатове крочаць сьледам. Яркімі бела-чорна-рыжымі плямамі, ганчакі мільгаюць уперадзе сярод някошанай травы.

За дзьве гадзіны аблазілі поле ўздоўж вёскі, а калі наблізілія да хваёвых пасадак на буграх ля Лемяшэвіцкага лесу, занерваваліся сабакі, замітусіліся, аж да зямлі прыпадаюць. І хвастамі махаюць як заўзятары сьцягамі на стадыёне– прынюхалі нешта.

- Недзе шарак тут залёг у траве. – Шэпча Рыгор Толіку. – Давай так: Ты ад горнаўскага лесу стань, я ад лемяшэвіцкага. Зараз падымуць, ён у лес пойдзе. Калі хочаш, я ад горнаўскага... Тут, братка як пашанцуе...

Толькі разышліся, сталі на сьцежках, заякаталі сабакі. Паднялі шарака. Хоць і чакалі гэтага Рыгор з Толікам, і жадалі гэтага, усёроўна пры першых гуках ледзьве не самлелі ад хваляваньня. Секунд праз пятнаццаць, калі заяц ад сабак адарваўся, іхны істэрычны лямант перайшоў у сапраўдны гон – па сьледзе. А яшчэ праз некалькі імгненьняў выкаціў заяц на Рыгора. Злавіў ён мушкай пазанкі, лясь – і паляцеў вушасты праз галаву. І разьнёсься над палеткамі пераможны Рыгораў крык.

- Што дзіцяня... Чаго горла дзярэш?... Быццам першага ў жыцьці касога ўзяў. – Хаваючы зайздросны позірк паўшчуваў Толік, падыходзячы. – Ну, з полем цябе.

- Дзякуй. Дай нажа, свой я ў машыне забыўся, у заплечніку. Пазанкі адрэжу.

Адрэзаў пазанкі – пярэднія лапкі, кінуў сабакам, што радасна круціліся побач, спрабуючы ўхапіць зайца. Потым употай памазаў прыклад стрэльбы заечай крывёй, “дзякаваў” за стрэл. Дастаў зь кішэні кавалак шнура, зьвязаў зайцу пярэднія ногі з заднімі, уськінуў накрыж праз плечы. – Шкада, што кароткі гон. Так сабак можна папсаваць. Прывыкнуць, што паднялі – і ўсё, і заяц у торбе. Разумней было вушастага адпусьціць, каб паганялі, пакруцілі. Але дзе ж ты тут стрымаешся, калі проста ў ногі коціць! Будзем спадзявацца, што хопіць яшчэ сёньня сабакам трэніроўкі.

Каля лемяшэвіцкага лесу прайшлі туды-сюды сьвежай ральлёй. Сабакі хваляваліся, але нічога не паднялі. Зноў пайшлі някошанымі травамі ў бок Горнава.

- Толік! Лісу хочаш здабыць? – Паклікаў Седляра Рыгор. – Я не жартую. Магу аб заклад біцца, калі зробіш, як я кажу, адсоткаў дзевяноста верагоднасьці, што возьмеш рыжую.

- Трыньдзець не мяшкі варочаць! Дэрсу Узала ты наш!... Ну, добра... Што рабіць?

- Вунь там, уздоўж лесу меліярацыйная канава. Бачыш, уся зарослая кустоўем?

- Бачу...

- А вунь кустоў няма, прагал невялікі... Бачыш?

- Ну?...

- Гэтым прагалам усё жывое, што паднята на полі, у лес прэ. Іншага шляху тут няма. Ідзі туды, перайдзі на той бок канавы, стань за куст які і будзь уважлівы. Быць не можа, каб мы з гэтых траваў нічога не сьпіхнулі...

Рыгор пачакаў хвілін пятнаццаць пакуль постаць Толіка не мільганула у тым прагале на канаве, і паціху “порскаючы” пайшоў зігзагам па траве, імнучыся захапіць большую плошчу. Яго абагналі сабакі, пайшлі шырокім намётам. То тут, то там замільгалі ў высокай траве іхныя яркія пярэстыя сьпіны.

Доўга хадзіць не прыйшлося. З месца засады пачуўся стрэл, потым, праз некалькі імгненьняў другі, потым на луг выскачыў з канавы Толік. Было відаць, як ён ліхаманкава перазараджае стрэльбу, уськідвае... Перабягае. Зноў уськідвае. На стрэлы, сьцелячыся над травою, імчаць Чак зь Віслай. Застагналі, загалісілі. Пайшлі ў бок Прыпяці. Там на шляху лес сінее ўдалечыні. Увайшлі ў лес – галасы адразу сталі гучнейшыя, аб’ёмнейшыя, музыка, ды й толькі!

Вочы ў Толіка круглыя і бліскучыя. Твар чырвоны. Гаворыць хутка, аж захліпаецца:

- Ну, ты сапраўды – Дэрсу Узала! Адкуль ведаў? Я думаў – ты так, панты калоціш... Прыйшоў, пералез канаву, там сьцежка добра набітая. Вады да сярэдзіны лыткі. Лёг на тым баку ў тараву. Бачу, вы па лузе “у палаз” пайшлі, адвярнуўся, на лес цікую, думкі ўсялякія думаю... Тут раптам – сабакі не працавалі, не! – ззаду ў канаве нешта як плюхне! Мяне як токам! Азіраюся – а ліса ўжо пасярэдзіне канавы! Пакуль я ўсхапіўся, яна назад! Бачу – раз мільганула, я – лясь! Бачу –другі, я – зноў – бах! Пайшла! Але, здаецца, зачапіў... Адкуль ты ведаў, што тут ліса будзе?!

- Гэта ты тут першы раз. А я гэтыя мясьціны ўжо гадоў дзесяць тапчу. Проста, назіраў як зьвер ходзіць... Дарэмна мне не паверыў. Я ж казаў – уважліва! Зьвядзе рыжая сабак!

- Ай, зьвядзе! Куды яна тут іх зьвядзе? Прыйдуць! Наганяюцца і прыйдуць. Давай пакуль што саматопам зайцоў пашукаем... Давай? А то табе добра, у цябе ўжо вунь за плячыма вісіць...

- Не, Толік. Да машыны недалёка, кіламетры два ўсяго. Тапчы сам. Тут не заблудзіш. А я ў той бок, да Церабня. Мо рыжая там у лесе круціць пачне, але баюся, што да самой Прыпяці пойдзе, а там сам ведаеш якія травы і зарасьнікі... Карацей, буду спрабаваць сабак хоць бы на слыху трымаць. Вазьмі майго зайца, у багажнік кінеш. А то невядома колькі мне зараз прайсьці прыдзецца.

...Ліса зрабіла кола ў лесе пад Церабнем, потым выйшла і берагамі меліярацыйных канаваў, абыходзячы вёску, накіравалася ў абалону Прыпяці, заціснутую дамбамі. Гон, у лесе яркі і гучны як арган, на полі збляк, пачаў заціхаць. Сабакі “сыходзілі са слыху”. Лаз у лесе Рыгор заняць не пасьпеў. Апошняе, што пачуў, прыклаўшы да вушэй далоні – слабае як камарыны піск “Аў...” Віслы ў Пінскім накірунку...


2.

Дзень заканчваўся. Чорныя хмары насунуліся з усходу. Запахла сьнегам і няўтульнасьцю. Вясёлыя восеньскія фарбы раптоўна выцьвілі і пакрыліся шэрым. Вецер, у якім адчувалася дыханьне зімы непрыемна халадзіў прапацелую бялізну на сьпіне, марозіў пальцы на руках. Толік, расклаўшы ў машыне крэслы, хроп, нацягнуўшы на твар вязаную шапачку. Калі Рыгор адчыніў дзьверцы, незадаволена забурчэў:

- Зачыні сенцы, не травень-месяц... Што, не вярнуліся? – Шырока, зь енкам, пазяхнуў. – А я, брат ты мой, таксама ўзяў аднаго. Іду ўздоўж лесу, метрах у трыццаці. Па траве. Нічога не бачу, не чую. Ветрык ужо падняўся, шапаціць. Ня ведаю, што мяне прымусіла азірнуцца. Уяўляеш – касы мяне прапусьціў, я ў двух кроках ад лёжкі прайшоў, устаў за сьпіною і ўжо ў лес залятае! Толькі белыя “штаны” мільгаюць! Каб не азірнуўся, то і не ведаў бы, што заяц быў. Добра, што стрэльбу ў руках трымаў. З пляча пакуль зьняў бы, пакуль прыклаўся, пайшоў бы той заяц нечапаны...

- З полем... – Не разьдзяляючы Толікавага ўзбуджэньня павіншаваў Рыгор. – Галава, блін, баліць... І ў вушах звон. Чатыры гадзіны ў ражок дзьмуў. Пайшлі зарасьнікамі ўздоўж Прыпяці. Можа зараз дзе каля Пінску. Не ведаю, што і рабіць... Каб ты мяне паслухаў, ды ўзяў на канаве тую лісу, усё было б нашмат весялей...

- Ну! Ну, не мая была рыжая... Давай, зачахляйся, дадому паедзем. Праз паўгадзіны цёмна будзе. Заўтра прыедзеш, будзеш шукаць.

- Не! Як гэта я паеду, а сабак тут кіну? Чакаць трэба. Бывалі ў мяне выпадкі – зводзілі іх далёка. Лісы, пару разоў казулі. Але заўсёды вярталіся ў тое месца, дзе мы зь імі апошні раз бачыліся. Трэба чакаць. Як гэта – я буду ў кватэры, а яны тут. У мяне сэрца разарвецца! І жонка з хаты выганіць. Не, трэба чакаць!

- Ты што! – Занерваваўся Толік. – Падумаеш – сабакі засталіся! Такі іхны сабачы лёс! Халера іх не возьме!

- Што значыць – не возьме! Сабакі пакаёвага ўтрыманьня, да холаду нязвыклыя, не закаленыя. Наганяюцца, стомяцца, лягуць недзе адпачыць. Вось і запаленьне лёгкіх. Потым – ваўкі могуць злавіць. Альбо вернуцца туды, дзе па лісе пачыналі гнаць, а мяне там няма. Пачнуць шукаць – сыдуць немаведама куды.

- Ой-ёй-ёй! Запаленьне лёгкіх! Знайшоў аб чым непакоіцца! А каб яны здохлі – чакаць іх! Вернуцца – ня вернуцца! – Толік пачаў псіхаваць.

- Што?! І табе таго ж жадаю!... – Крыўда і гнеў пачалі душыць Рыгора. Зпудлаваў, з-за яго фактычна сапсаваны дзень, і дазваляе сабе тут... – Ты як хочаш, а я застаюся.

- Здурнеў?! Паглядзі, якое надвор’е!... Вось-вось сьнег пойдзе!

- Нічагусенькі. Будзем жывы... – Рыгор распрануўся, ськінуў мокрую ад поту ніжнюю кашулю, надзеў на голае цела швэдар, зьверху камуфляжную куртку. Дастаў з заплечніка запасныя тоўстыя шкарпэткі, пераабуўся. Толік моўчкі, са злосным тварам назіраў за ягонымі маніпуляцыямі.

Закінуў заплечнік, стрэльбу на плячо і пакрочыў у густую ўжо цемру.

- Грыша! Канчай фігнёй займацца! Знойдуцца твае сабакі! – Закрычаў усьлед, але Рыгор зацята крочыў пад стылымі хмарамі. Адыйшоўся крокаў на сто, спыніўся. Ісьці ў сырую халодную ноч было страшнавата, але ён уявіў мокрых, галодных, змораных сабак, сэрца разанула жалем, і страх зьнік. Толік яшчэ нешта крычаў, разабраць было немагчыма. Потым у цемры ўспыхнулі фары, сьветлавы калідор крутануўся па полі, на імгненьне асьляпіўшы, і на чорным пачалі чэзнуць чырвоныя агеньчыкі.

Ішоў павольна, часта спыняўся і слухаў. Спадзяваўся пачуць знаёмыя галасы. Так здаралася ўжо не раз. З наступленьнем ночы выходзілі зайцы. Сабакі траплялі на сьвежы сьлед і пачынаўся начны гон, яркі і бесьперапынны, бо ўначы зайцы менш блытаюць і не “западаюць”.

Гону не было чуваць. Толькі зрэдку даносіўся брэх дварнякоў з навакольных вёсак. Вецер крыху прыціх, але ўсё ж даволі адчувальна перашкаджаў слухаць.

Каля пераходу праз канаву, месца толікавай засады, Рыгор дастаў з заплечніка кашулю, выразаў ладную анучу і пакінуў на беразе канавы. Потым сьцежкай, што ледзьве распазнавалася ў траве, рушыў да дарогі, выбітай сельгастэхнікай. Кожныя сорак-пяцьдзесят крокаў адразаў ад кашулі лапік і кідаў на зямлю. Пракладаў пахавы накірунак. Шматкі з прапацелай кашулі павінны былі захоўваць ягоны пах нашмат даўжэй за сьляды ботаў. Прайшоў крыху па дарозе, збочыў на палетак і яшчэ некалькі хвілінаў крочыў па іржышчы. Неўзабаве сярод цемры вочы яго ухапілі крыху сьвятлейшае. Саламяную сьцірту, складзеную з тугіх цяжкіх скруткаў, абвязаных сінтэтычным шпагатам. Сьлізгаючы па мокрай, падгнілой зьверху саломе, Рыгор ускараскаўся на самы верх. Дапамагаючы нажом, прадраў паміж двума скруткамі глыбакаватую прасторную яму, і ад сьценкі ямы – нару, даўжынёю ў свой рост. Насупраць нары – месца для сядзеньня. Гнілой салома была толькі звонку. Унутры ж – сухой і пахкай. Абклаўся ёю па грудзі і сядзеў, слухаў, глядзеў. Зь Лемяшэвічаў, а мо і з Чорнава ветрык прынёс гукі, відаць, вясельля. Музыкі не чутно, толькі жаночыя віскі і бум-бум-бум – барабан. Рыгор уявіў асьветленую хату, абразы ў ручніках на покуці, на сьценах падмаляваныя акварэльлю фотапартрэты гаспадароў, сталы літарай “П”, лавы, распараную гарэлкай і танцамі моладзь. Забурчэла ў жываце і вельмі захацелася есьці. Пашкадаваў, што адмовіўся ад “ссабойкі”, якую спрабавала сунуць у заплечнік жонка. Хацеў зрабіць “разгрузку”. Вось і зрабіў, нават лепшую, чым меркаваў.

На заходнім накірунку – дарога Столін-Пінск. Далекавата, кіламетры чатыры, але відаць раз-пораз мільганьне фараў. На паўночным захадзе неба афарбаванае жоўтым. Гэта Пінск кідае на хмары чэзлае сьвятло. Зусім недалёка – Сернічкі, але ў тым баку ніводнага агеньчыка. Хоць яшчэ не позна. Колькі часу? Паўзіраўся ў наручны гадзіньнік і нічога не разабраў. Уздыхнуў: “Эх, ты... Паляўнічы... Запалак не маеш... А Седляр, ну паскуда! Кінуў і паехаў! Хоць бы жонцы патэлефанаваў...” – Пры гэтай думцы стала страшэнна адзінока. – “І чаго я на яе вызьверыўся, калі спрабавала піхнуць у заплечнік “ссабойку”? Ах, які я бываю грубы і нястрыманы... Вось і на Седляра толькі што... Што яму мае сабакі? Чаго гэта ён павінен заставацца са мною тут, у гэтым мокрым змроку? Не, дарэмна я на яго злуюся... Ну, не зайшоўся б ён учора, усё роўна сёньня я б быў тут. Даехаў бы як заўжды, аўтобусам. І невядома – можа быць гэтая ж лісіца ўсёроўна зьвяла б сабак. І прыйшлося б начаваць. Так што сапраўды – злавацца няма чаго...”


3.

...Вечарам, ужо шарэлі шыбы і на вуліцы запальваліся ліхтары, Толік шумна ўваліўся ў кватэру. Некалі, за пару гадоў да звальненьня ў запас служылі ў адной “в.ч.” Цыкнуў на сабак, што выскачылі сустрэць госьця, расшпіліў куртку, выцягнуў з унутранай кішэні пляшку. Грукнуў ёю па стале на кухні. Каньяк, трохзоркавы. Жонка паглядзела на Рыгора. Той на яе. Маўляў, не вельмі і хочацца, але што цяпер зробіш... Нічога не зробіш.

- Чэсьімею!... – Зароў Толік, выскаляючы ва ўсьмешцы буйныя жоўтыя зубы. – Што вы пераглядваецеся? Можна падумаць, кожны дзень каньяк спажываеце?

- А што за сьвята? – Скрывадушнічаў Рыгор.

- Як – “Што за сьвята”?! Самае сьвята і ёсьць! Ты што, забыўся? Заўтра паедзем касых ганяць! Ага!

- Ды не, не забыўся... Але можа лепей гарбаткі... – Зноў крывадушна, каб мець потым аргумент для жонкі, вымавіў Рыгор. – Што за паляваньне з хворай галавой?

- Ты што! Гэта ж “каніна”! Заўтра нават і не адчуеш! Тамара! – Зьвярнуўся Толік да гаспадыні за падтрымкай і трохі зьніякавеў. – Што ты глядзіш так негасьцінна? Ну, дай скарынку хлеба. Прыкусіць.

- Добра. – “Здаўся” Рыгор. – Не ный. Што з табою зробіш... Тамарачка, зрабі закускі. Сапраўды, з адной пляшкі нічога не будзе.

- Вы прабачце, што я не папярэдзіўшы... – Казаў Седляр, уладкаваўшыся за сталом і наліваючы па паўкілішку. – Глядзі, “каніну” трэба піць пакрысе. А то суайчыньнікі яго як які-небудзь пладова-выгадны шмурдзюк, па паўшклянкі. Вось так, на адзін маленькі глыток, потым паганяць у роце, каб смак і пах адчуць... Каньяк, братка, гэта ж... І закусваць яго трэба не абы чым. А то нашы саўкі... Ну, сёньня можна і кілбаскай... Куды паедзем сезон адчыняць?

- Можа пакруцімся паміж Сернічкамі і Лемяшэвічамі? Ці ў цябе іншая прапанова?

- Сернічкі, дык Сернічкі. Дамовіліся!

Выпілі раз. Другі. Паўзгадвалі сумесную службу, калегаў. Памянулі тых, хто ўжо памёр.

- Вось ты, Грыша, ты дзеля чаго жывеш? Які сэнс твайго жыцьця?

- Толік, не грузі ты сваімі зампалітаўскімі фішкамі. Яны мне ведаеш як абрыдлі?

- Не-е, Грыша! Ты мне скажы – дзеля чаго ты жывеш? Ты ж афіцэр! У афіцэра павінна быць мэта жыцьця!

- Мае бацькі былі простымі вяскоўцамі. І ведаеш, не дурнейшыя былі за мяне, за цябе. І мэту мелі – дзяцей у людзі вывесьці. Нас трое было. Я, і яшчэ брат і сястра. Прыстойная, я лічу, мэта.

- Ты не ўнікай, не ўнікай! Я пра цябе асабіста пытаю. Твая мэта? – Седляр калі вып’е вельмі ўчэпісты.

- Я адкажу словамі Чэхава... Ці Горкага?... Ну, чалавек створаны для шчасьця. І я жыву, каб быць шчасьлівым... Чак! Ідзі на месца! – Крыкнуў Рыгор на сабаку, што сядзеў ля стала утаропіўшыся бліскучымі вачыма. Той цяжка ўздыхнуў, павярнуўся і выйшаў.

- Во-ось! А што такое шчасьце? Што па-твойму шчасьце?

- Шчасьце – гэта калі няма няшчасьця. Здаецца, Васіль Быкаў сказаў. Во, хто галава. І сапраўдны афіцэр.

- Быкаў... Сорамна сказаць – нічога не чытаў. Шчасьце, Грышачка, гэта перш за ўсё адчуваньне ўласнага гонару і годнасьці!. Толькі той, хто мае гонар і годнасьць заслугоўвае павагу да сябе і толькі ён можа быць шчасьлівым. Вось я неяк ехаў, галасуе калгасьніца. Ці маладая, ці ўжо пенсіянерка, іх там хрэн разьбярэш, старэюць хутка. Зжаліўся, падвёз. Дык яна мне рукі стала цалаваць! Як папу! Ну ніякай годнасьці! Дык, ці заслугоўвае яна павагу? Ці можа быць шчасьлівай?

- Ха! Што зампаліт, што поп – адзін хрэн! Ідэалагічны аддзел! Ну, а ты, “Чэсьімею”, ты са сваім гонарам, ты – шчасьлівы?

- Я? – Анатоль на хвілінку задумаўся. – Я адбыўся. У сэнсе – сацыяльна. Маю кватэру, машыну, лецішча, каханку. Дзьвух нават – Тамара, ты нічога не чула. Дзеці, праўда, засмучаюць... Але гэта так... А на дзень перамогі, дзевятага траўня, апрану парадную форму, шпацырую па горадзе, а ўсе на мяне ведаеш як глядзяць?...Так што братка, я – шчасьлівы. Не заўсёды... Часам... Гы-гы, як пенсію атрымаю... Маю гонар, маю годнасьць. – Язык Седляра пачаў крыху заплятацца. – Дарэчы! Дарэчы! Пасьля звальненьня я цябе ні разу па форме не бачыў. Грэбуеш?

- Ды не... Чаго гэта я буду па форме дэфіліраваць? Неяк няёмка – у промнях чужой славы грэцца. Ну якое мы дачыненьне маем да той перамогі? У той час мы яшчэ нават у выглядзе сьперматазоідаў не існавалі... Ды і ветэранаў мне чамусьці шкада, шчыра кажучы. Неяк не падобныя яны на пераможцаў. Жаласны выгляд маюць. Можа, што ўжо вельмі старыя... Відаць – у іх жыцьці нічога больш і не было істотнага, апрача той вайны... Неяк выпіваў у кампаніі зь ветэранам, дык ён мне так і сказаў: “Не паверыш, я зараз як азірнуся назад, разумею – самым шчасьлівым я быў тады, на вайне! Каб было магчыма, то вярнуўся ў той час”. Вось так.

- Ну ты даеш – чужая слава!... Чужая... Нічога не чужая. Мы – нашчадкі, маем права... Каторая ўжо гадзіна? О! Ісьці трэба. Да заўтра! Чэсьімею...


4.

Учора выгульваў сабак і нюхаў ветрык, што прыносіў з-за Прыпяці пахі засынаючых палеткаў. Яны хвалявалі і ў душы расло нецярпеньне. Размаўляў з ганчакамі: ”Што, цюці, дачакаліся? Дачак-каліся... Заўтра ўжо, пацярпіце крыху. Ох і павесялімся!...”

- (Ага... Весела... Хоць страляйся!)

...Недзе далёка быццам бы працуюць ганчакі! Ці ўжо “галюнікі”? Прыклаў далоні да вушэй, пакруціўся ўлева-ўправа. Не, толькі вецер, ды “бум-бум”. Можа яны дзесьці не вельмі далёка? Не ведаюць, куды ісьці. Свае сьляды даўно “астылі”, сьцямнела. Трэба пагудзець у ражок, можа пачуюць...

Гудзеў зь перапынкамі гадзіны дзьве. Слухаў. Пару разоў здалося, што чуе работу Чака зь Віслай. Каб пачуў упэўнена, то пайшоў, пабег бы ў той бок, перахопліваць. Нічога, што ноч. Ён гэтыя мясьціны так выхадзіў, што... Але гукі, падобныя на гон былі такімі слабымі і кароткімі, што не ўдавалася ні вызначыць накірунак, ні упэўніцца, што гэта менавіта ягоныя ганчакі. На сэрцы ўсё больш і больш роспачы.

Рукі і твар на паветры пачалі мерзнуць. А ногі ў гумовіках пад пластом саломы распарыліся. Сьцягнуў боты, напіхаў саломай. Сам застаўся ў вязаных шкарпэтках. Блізка-блізка зь цемны ўзьнікла птушка, замахала ля галавы крыламі. І зусім бязгучна! Разабралася, што да чаго і гэтак жа бязгучна зьнікла. Сава. Пачула шамаценьне саломы. Для палявых мышэй гэтая сьцірта – проста люксовы гатэль. А для мышаедаў, відаць, рэстарацыя.

Холадна. З носа пацякло. І ў сон хіліць. Пагудзеў крыху і палез у нару. За сабою бярэмя саломы пацягнуў, яму заткнуў. Цёмна тут. І, відаць, пылу!... Каўнер швэдра, ён доўгі, удвая складваецца, на твар нацягнуў – рэсьпіратар...

...Цёмна, хоць выкалі вока, пахне жытам. Рыгор ляжыць у цёмнай душнай нары. Думае. Вось гонар, зь якім так носіцца Толік, па-расейску гэта “честь”. Калі служылі ў войску, патрэбна было казыраць адзін адному, гэта называлася “отдать воинскую честь”. Малодшы “аддаваў” першым, а старэйшы – у адказ. “А калі старэйшы не” аддасьць” малодшаму “честь”? – Думае Рыгор. – Малодшы” аддаў”, а старэйшы – не. Не вярнуў “честь” назад. Што ж гэта будзе? Малодшы будзе бяз “чести”? “Обесчещеный”, значыць? Зьняслаўлены? Зганьбаваны? Не, гэта нешта ня тое...

Яшчэ ў палякаў ёсьць такое слова – “чэсьць” – “здароў”, “вітаю”. Во, гэта якраз падыходзіць! Казырнулі адзін адному – “Здароў! – Здароў!”... А хто не павітаўся – той папросту хамуйла...


5.

“Аяй-аяй-аяй! Вуў-вуў! Аяй!” – сабакі захліпаюцца. Сьветла ўжо. Рыгор сядзіць у сваёй схованцы на самым версе сьцірты. Далё-ёка відаць! Сабакі за кустоўем, за канавай, мільгаюць, а на дарогу, што тэхнікай выбілі, шарак вылез. І нетаропка так да сьцірты Рыгоравай – кульдыц, кульдыц. Ну давай, давай, бліжэй. Сеў, вушамі варушыць, прыслухоўваецца. Здаравенны, кіль на шэсьць будзе. Метраў пяцьдзесят да яго, трэба страляць, бліжэй можа і не падысьці. Выцаляў зайца старанна Рыгор і націснуў на спуск. А стрэлу няма! Што такое?! Скасіў вочы на засьцерагальнік – так і ёсьць, ня зьняў. Ціскануў вялікім пальцам, перавёў гузічак уперад, глянуў, а зайца няма ўжо. І так крыўдна стала Рыгору, што аж прачнуўся. Прачнуўся, цемра навокал, душна і горача. І адразу ўсё ўзгадаў. І крыўда тая, са сну, паболела. Бо сабак няма. Заварушыўся, разгарнуў саламяны “корак”, а адтуль марозным дыхнула. Высунуў галаву – о Езус-Марыя! Усё навакольле сьняжком прысыпана! Сьвятлей стала, лясы навакольныя чарнеюць, палеткі ўзараныя, а трава – шэрая. Паслухаў – не, не чуваць жаданых гукаў. Так, буркаюць там-сям па вёсках дваровыя Тузікі ды Джульбарсы. Палез назад у нару, каб цяпло ўтрымаць. Паляжаў, не ў змозе заснуць, у думках пачаў з сабакамі разьвітвацца. Такі жаль агарнуў, быццам, барані Божа, каго з родных згубіў. Нават сьлёзы ў ваччу і ў горле камяк. Потым прыйшло ў галаву, што мабыць можна зараз стрэлкі гадзіньніка разгледзець. Выпаўз, глянуў – сапраўды, відно. Шостая гадзіна ўжо. Праспаў гадзін, мабыць, шэсьць ці сем. Дастаў ражок.

Пасьля першага сігналу за сьпіной Рыгора зашапацела салома, якую ён надраў, калі рабіў нару. Шапаценьне было такім нечаканым, што здалося грукатам пяруна. Рыгор, здрыгануўшыся, крутануўся назад. З кучы саломы ляніва вылазіў Чак. Вылез, страсянуўся. “Ну? Чаго клікаў?” – Пытаецца ягоная морда.

- Чак!... Хлопчык! Дзе ж ты лазіў, гад такі? – Схапіў і пачаў ціскаць, пяшчотна лаячыся. – Паскуднік ты кардонны! Катаед сьмярдзючы! – І спахапіўся: – А Вісла!... Дзе Вісла?

На гэтыя словы ў саломе зноў зашамацела – “тах-тах-тах” – Вісла, не жадаючы вылазіць з нагрэтага гнязда, папросту паварушыла хвастом, маўляў, чую, што гутарка пра мяне, мне прыемна.

- Віслачка! І ты тут! Мае ж вы харошыя! Надраць бы вам задніцы, ды не зразумееце – за што. Ды і няма за што. Ай і малайцы! Ай і паляўнікі мае! Ай і арыенціроўшчыкі! Не захацелі мяне будзіць? Што? Замарыліся? Ну, адпачывайце пакуль, у сем рушым. Прыкінем, тут да шашы гадзіны паўтары, ну, калі вас на павадках цягнуць, то гадзіну-сорак. Аўтобус недзе павінен у палове дзевятай. Не, трэба ў шэсьць трыццаць ісьці. Лепш запасу мець...


6.

...”Ікарус” з запацелымі вокнамі. Зьвяглівая касірка:

- Чаму сабакі без намызьнікаў? Не паложана без намызьнікаў! – Намызьнікаў Рыгор ня ўзяў. Не разьлічваў вяртацца аўтобусам. Рыгору карціць кінуцца ў дыскусію наконт небясьпечнасьці пэўных сабак і пэўных кабет, але не рызыкуе. Спрабуе дамовіцца мірна:

- Ды яны зусім не агрэсіўныя... Рахманыя, што каты...

- Не паложана!...

Тады Рыгор завязвае сабачыя морды павадкамі. Фармальнасьць выканана, касірка супакойваецца.

- Дзе зайцы!? – Раптам раве на ўвесь аўтобус нейкі дзед з кепскай артыкуляцыяй. Відаць зь вечара п’яны. Ці ўжо з ранку “дзюбнуў”. А мо і тое і другое. Рыгор робіць выгляд, што не чуе.

- А што гэта ты так рана з паляваньня? – Цікавіцца дзедаў сусед. Таксама, здаецца, паддаты. – Усе на паляваньне, а ты дадому?

- Мы з учарашняга... – Рыгора раздражняе заўсёднае “тыканьне” вяскоўцамі паляўнічым. Вось сустрэне такі цябе ў цывільным – нармальны, выхаваны чалавек. Будзе і “дзякуй”, і “калі ласка”, і “вы”. І той жа самы, толькі ўбачыць чалавека са стрэльбай і сабакамі – раве не сваім голасам: “Дзе зайцы?”. І ніякіх табе “дзень добры”, “будзьце ласкавы”!...


7.

- ...Алілуя! Нарэшце! – Тамарын твар яшчэ захоўвае сьляды хваляваньня. – І ўсе разам! Дякуй Богу! Я ўсю ноч не спала. Толік патэлефанаваў, што ты ў лесе застаўся. А тут надвор’е... Сьнег пайшоў... Замерзьлі?

- Не ў лесе, а ў полі, у сьцірце начавалі. Нармальна, цёпла. А Толік зайца не прывозіў? Я зайца ўзяў, у яго машыне застаўся.

- Не. Да яго там нейкія госьці прыехалі, хоча іх уразіць. Казаў, пазьней за зайца “адкосіць”. Толькі ты ня езьдзі зь ім больш. Халера зь ім, з тым зайцам! Бачыш, ненадзейны чалавек. Кінуў аднаго...

- Тамарка... Есьці... І сабак памый. Добра? І вопратку... – Рыгор адчуў раптам, што ён гранічна стомлены. – Я ў душ. І ў ложак... Тамарка, ты не ўяўляеш – як мне было самотна, як я цябе кахаю. – Злавіў гарэзьлівы позірк жонкі. – Як я зацаніў увесь час, усе гэтыя трыццаць гадоў, што з табою!... – Скончыў са сьмехам - І белыя прасьціны! Дзеля гэтага варта было сустрэць першы сьнег у стозе!


8.

...Засынаў ужо. Зацілікаў тэлефон ля ложка.

- Алё! На дроце...

- Грыша? Чэсьімею...


БАЙКІ


Інтэграцыя

Здалося Казлу, што на яго паляне трава нясмачная. Пайшоў да Мядзьведзя:

- Патапавіч, у цябе ўсяго так шмат і ўсё такое файнае… Давай інтэгравацца!

- - Ты шта-а, паніма-аш! - Зароў той. - За каго мяне лічыш! Як ты насьмеліўся мне такое прапаноўваць!

- Ты не зразумеў, - сіплым голасам забляяў Казёл. – Інтэгравацца, гэта ад слова “інтэграл”, гэта калі часткі, “дыферэнцыялы” па-навуковаму, зьліваюцца ў адно цэлае…

- А-а… - палагоднеў Мядзьведзь. І ўдарам лапы зламаў Казлу хрыбетнік.

Потым, адчуваючы ў жываце прыемны цяжар казьляціны, паблажліва прабурчэў:

- Панапрыдумляюць слоў! Інтэграцыя! Так бы адразу і сказаў, што хоча стаць са мной адным цэлым.


Трылер для Алесі

- …Сьпі, дачушка, сьпі. Ну чаго ты круцішся, быццам ваўчок?

- Тата, раскажы казачку…

- Якую табе казачку?

- Ну… Раскажы трылер.

- Які яшчэ “трылер”? Я ня ведаю, што такое “трылер”.

- Гэта такую страшную казачку. Пра чарцей.

- Пра чарцей…? Ну, слухай…

- Цяклі праз Палесьсе рэкі Піна і Прыпяць. Дарэчы, ты ведаеш, што такое Палесьсе?

- Ведаю, татачка. Гэта дзе мы жывем.

- Правільна. Цяклі, значыць, Піна і Прыпяць, і ня толькі яны. Тут і Стыр, і Ясельда, і Гарынь, і Стубла, і шмат-шмат яшчэ. Разьдзяляліся на шматлікія рукавы, зьліваліся зноў, прабівалі новыя рэчышчы, пакідаючы за сабою зарослыя водарасьцямі старыцы. Увесну разьліваліся на многія кіламетры, аб’ядноўвалі сілы і ўтваралі сапраўднае мора. І тады не разабраць – дзе якая рака. А пасярод гэтага мора была невялікая выспа, яна ніколі не залівалася вадой, нават у час самых моцных паводак. Выспа гэтая якраз дзе Піна сустракалася з Прыпяцьцю і дзе яны адразу зноў разыходзіліся. І вось на гэтай выспачцы пасяліліся людзі. Даўно пасяліліся, мо тысячу гадоў таму, а мо і болей. Падсыпалі крыху выспу, зрабілі дзядзінец і на ім пабудавалі горад. І назвалі яго – Пінск, гэта значыць “горад на Піне”.

- Тата, а калі будзе пра чарцей?

- Пачакай крыху. Будзе табе пра чарцей. Калі да лета вясеньняя паводка крыху спадала, на месцы мора ўтвараліся балоты. Былі яны вялізныя, глыбокія, цёмныя. А колькі там вялося птаства! І лебядзі, і гусі, і качкі, і розныя кулічкі, і чаплі , і буслы… Калі ўсё пералічваць, я да раніцы казачку ня скончу. А ў водах палескіх рэк колькі рыбы было! І асятры, і бялугі і самы, і …розныя-розныя! Добра людзям у горадзе Пінску жылося. Усяго хапала. А чаго не было свайго, купцы прывозілі на вялізных чаўнах з-за мяжы. Зь Кіева везьлі, з Варшавы, з Караляўца, адусюль.

Але здавён вядома - дзе людзям добра, тыя месцы разьведваюць чэрці і стараюцца людзям паскудзіць. Вось і на Палесьсі павылазілі чэрці зь пекла і пачалі ўсё, да чаго маглі дацягнуцца, псаваць. А ты, дарэчы, ведаеш, адкуль узяліся яны, і чаму маюць сілу шкодзіць людзям?

- Гэта былыя анёлы, што здрадзілі Богу. І шкодзіць могуць людзям, якія саграшылі і не пакаяліся…

- О-о, якая ты ў мяне ўжо пісьменная! Гэта ў нядзельнай школцы даведалася?

- Так, сястра Дамініка распавяла… Тата, а што далей?

- Ну, людзі грашылі – зайздросцілі адзін другому, пракліналі, брыдка лаяліся, даносілі, і такім чынам дапускалі да сябе чарцей. А тыя падбухторвалі людзей да яшчэ большых грахоў і з-за гэтага мацнелі.

- Тата, а якія яны, як выглядаюць?

- Хто, чэрці? Розныя. Ёсьць худыя, ёсьць тоўстыя, нізкія і доўгія, лысыя і калматыя, гарбаносыя і кірпатыя. Могуць нават прыкідвацца добрымі, але “дабрыня” іхняя заўсёды кепска для людзей заканчваецца.

- Тата, памятаеш, мы былі за Пінай на пляжы, там ніякага балота няма.

- Балоты, дачушка, людзі, апанаваныя чарцямі, асушылі. Цяпер на іх месцы жоўценькі пясочак. Качачкам зараз няма дзе качанятак выводзіць.

- Дык, калі балоты асушылі, куды чэрці самі дзеліся, дзе яны тады жывуць?

- А вось бачыла на гэтым баку, на набярэжнай вялікі будынак? На даху там заўсёды чырвона-зялёны сьцяг вісіць. Яны туды, ў гэны будынак перабраліся. Зусім блізка ад нас. За грахі нашыя…

О-о, ды ў цябе ўжо вачаняты заплюшчваюцца. Ну,сьпі, дачушка, сьпі.

Загрузка...