ІХ


Торгаючы лейцамі, Брава-Жыватоўскі выкіраваў каня на вясковую вуліцу і павярнуў яго налева, каб ехаць у Бабінавічы па канаплёўскім канцы. Спярша ў Зазыбы з’явілася жаданне паправіць Брава-Жыватоўскага, бо не хацелася разам з ім ехаць на віду ўсёй вёскі, да таго ж і дарога сюды была даўжэйшая, акурат на такую адлегласць, колькі займала вуліца, аднак у час перадумаў — можа, паліцэйскі меў намер па шляху забегчы яшчэ дамоў. Але дарэмна. Той не спыніў каня насупраць сваёй хаты. Значыць, ён проста спачатку ўзяў сабе ў галаву ехаць у мястэчка кружна, паўз Халахонава хацішча. Праўду сказаць, у выбары дарогі не апошнюю ролю магла адыграць і прывычка, бо канаплёўцы заўсёды кіраваліся ў Бабінавічы гэтым шляхам.

— Сын твой таксама павінен будзе з’явіцца ў валасную ўправу, — буркнуў паліцэйскі, калі яны з грукатам пераехалі першы масток за вёскай. — На ўлік трэба стаць, і ўсё такое.

— Ага, — думаючы пра другое, кіўнуў Зазыба.

Тады Брава-Жыватоўскі павярнуўся тварам да Зазыбы і ўсміхнуўся, акурат падахвочаны.

— Якраз дарэчы ён дамоў прыйшоў.

— Адбыў сваё, то і прыйшоў.

— А мне не абавязкова ведаць, адбыў Масей свой тэрмін ці не. Урэшце, сам скажа дзе трэба. Але што дамоў вярнуўся, не стаў бадзяцца, гэта добра. І бацьку выгада будзе, і самому можна ўлаштавацца як след. Немцам таксама адукаваныя людзі патрэбны.

— У яго свая галава на плячах, няхай сам думае. А выгады мне ад яго прыходу ніякай. Іншая справа — радасць.

— Не скажы. Выгада ёсць.

— Штосьці мне няўцям яна.

— Ну, а хоць бы ўжо тое, што Масей вярнуўся з турмы?

— Гм, вялікая ўцеха! Ды і пры чым тут турма?

— Гледзячы якая. Ён жа не злодзей і не забойца, а палітычны. Значыць, у яго разыходжанне з савецкай уладай было. Ну, а цяпер такія людзі ў цане.

— Вунь ты пра што? — нявесела ўсміхнуўся Зазыба. — Значыць, за сына і мне цана вышэй будзе? Так я цябе зразумеў?

— Так.

— Але ж немцы, мусіць, яшчэ не ведаюць пра Масея?

— Чаму гэта не ведаюць? — усё роўна як абурыўся Брава-Жыватоўскі.

— Адкуль жа ім стала вядома? — кінуў цікаўны позірк на свайго субяседніка Зазыба.— Сам кажаш, яму трэба яшчэ з’явіцца ў воласць, адзначыцца.

— Ну і што? Гэта ж адзначыцца, але... Словам, ты, Зазыба, не думай, што новая ўлада нічога пра нас не ведае. Ведае, ды яшчэ і як.

— Выходзіць, ты мой дабрачынец? — насмешліва спытаў Зазыба. — Значыць, табе трэба дзякуй сказаць?

— Ну, з гэтым яшчэ паспееш, — паблажліва адказаў Брава-Жыватоўскі.

— Праўда, паспею, — не мяняючы насмешлівага тону, згадзіўся Зазыба. — Але датуль давай мы з табой, Антон, дамовімся так: ты не робіш мне ніякай дабрачыннасці, а я не маю патрэбы ні ў чыім даверы. Па-першае, я ўжо не такі малады, каб думаць аб кар’еры, асабліва пры новай уладзе, а па-другое, для мяне цяпер важней не тое, хто мне давяраць збіраецца, і як, галоўнае, каму давяраць думаю я. Скажу шчыра, да цябе ў мяне даверу няма.

— Дарэмна.

— Не ведаю, але сказаў я, што думаў.

— Дарэмна, — паўтарыў Брава-Жыватоўскі і дадаў: — Цяпер табе не абысціся без мяне.

— Бачу, табе нечага дужа хочацца павязаць адной вяроўкай з сабой і мяне, і сына майго.

— Вяроўкі я не ўю, ты тут памыляешся, але кампаніі тваёй не цураюся.

— Вядома, не з Драніцай жа ўвесь час якшацца? Хопіць таго, што ён падвёў цябе каля крыніцы. Усё хваліўся, што можа па-нямецку, нашы мужыкі нават паверылі, што ён перакладчыкам пры табе, а як да справы дайшло, то лупцоў паспытаць давялося. Ды і немец той таксама нейкі шалапутны — не пазнаў свайго. Помніш, як у тым жарце?..

— Ну, чыя карова мычала, а твая маўчала б, — стараючыся быць спакойным, сказаў Брава-Жыватоўскі. — Твае таксама не меней шалапутныя. Мяне хоць плёткай, а цябе дык і зусім ледзьве са свету не зжылі. Так што дарэмна папікаеш.

— Ды я гэта к слову, — быццам і праўда пашкадаваў Зазыба, што неўзнарок напомніў паліцэйскаму непрыемнае.

— Дык у мяне таксама к слову прыйшлося, — прытворна, але яўна з іроніяй, павініўся Брава-Жыватоўскі.

— Будзем лічыць, што мы квіты.

— Квіты дык квіты, — лёгка згадзіўся паліцэйскі.

Але дарэмна ён спадзяваўся на квіты. Праз нейкі момант Зазыба сказаў:

— А парсюка з фермы вы няправільна ўзялі з Драніцам. Не мелі права.

— Глупства, — паспрабаваў адмахнуцца Брава-Жыватоўскі. — Лася ж неяк трэба было ўпарадкаваць.

— Калгасная ферма — не ўласны хлеў. З такой ахвоты кожны мог бы.

— Дык ты ж распусціў калгас.

— Але гэта яшчэ не значыць, што кожны можа хапаць, што задумае.

— Ат, — смыкнуў шчакой Брава-Жыватоўскі, — не пра гэта сёння трэба гаварыць нам! — І выраз твару свайго зрабіў ледзь не пакутніцкі, усё роўна як і сапраўды ён дамагаўся ў гаворцы нечага такога, што ніяк не даходзіла да Зазыбы.

«Эйш, — насмешліва падумаў Зазыба, — смуткі паліцая бяруць. Але гэта толькі начынка, а будзе цэлая аўчынка. Давядзецца шыла з перцам паспытаць». Тады сказаў:

— А гэта праўду гавораць нашы мужыкі, Антон, што ты ў Махно служыў?

— Служыў, — як ні ў чым не было, адказаў Брава-Жыватоўскі. — А што?

— Дык мы тады і раней, аказваецца, маглі сустракацца з табой? Я ж свой ордэн атрымаў за махноўцаў.

— Ну, пра гэта я, дапусцім, чытаў у раённай газетцы.

— Мог і ты апынуцца сярод іх. І табе б галаву адсек шашкай.

— Ну, гэта яшчэ бабка на два варажыла. Мог ты мне галаву адсекчы, а мог і я табе. Хіба не верыш?

— Але, мусіць, ажно зямлю са злосці грыз увесь час, пакуль жыў у нас ціха.

— Я, як ведаеш, зямлю араў, — сказаў на гэта Брава-Жыватоўскі. — Навошта мне было грызці зубамі яе? Ды мяне тады ўжо ў Махно і не было, як ты шабляй махаў там.

— Ці нарабаваў жа ты хоць золата, будучы ў Махно? — спытаўся Зазыба.

— Канечне, цэлы воз. Няўжо не бачыў, што на маёй хаце страха золатам крыта.

— Ну, дапусцім, хату накрыў яшчэ сам гаспадар.

— Але хто перакрываў яе?

— Перакрываў ты. Але чамусьці ажно не верыцца, што ты без золата. Бо вядома ж, якія вы, махноўцы, рабаўнікі.

— Я, мілы мой, прывык чэсна служыць.

— За ідэю?

— А калі не за ідэю, то ўсё роўна чэсна. Ты думаеш, я ў аднаго Нестара Іванавіча служыў? Я і ў Чырвонай Арміі быў.

— Калі — перад тым, як да Махно перабегчы, ці пасля Гуляй Поля ўжо?

— Што цяпер спавядацца! Трэба было раней пацікавіцца.

— Але дзіўна ў цябе выходзіць — служыць служыш, а пахваліцца нібыта і няма чым.

— Чаму? Я ж адкрыта служу.

— Дык гэта цяпер. Але што скажаш, як немцаў прагоняць?

— А ты ўсё яшчэ спадзяешся, што бальшавікі твае вернуцца?

— Спадзяюся, Антон, спадзяюся!

— Але прызнайся, Зазыба, ты б са мной вось так, па-чалавечы, размаўляў, каб за табой верх быў, каб ты на маё месца стаў?

— Па-першае, я на тваё месца не пасягаю. А па-другое, ты таксама хутка іначай запяеш. Гэта пакуль няма канчатковай пэўнасці, што ўлада твая надоўга зачапілася ў нас, дык ты анёлам прыкідваешся.

— Ну, ты гэта мне гаварыў ужо, — запярэчыў Брава-Жыватоўскі, — але, як бачыш, я ўсё яшчэ не спраўдзіў тваіх спадзяванняў. Ніхто ў Верамейках не можа паскардзіцца, што я зрабіў шкоду яму. І справа зусім не ў тым, што нечага чакаю. Тут, здаецца, ужо ўсё ясна. Чакаць лішне не трэба. Улада памянялася назаўсёды. Не ведаю, ці доўга будуць у нас самі немцы. Гэта ўжо справа іхняга ўрада. Аднак бясспрэчна адно — савецкай улады яны больш не дапусцяць. Сам ведаеш, сіла салому ломіць. Так што дарэмна ты спадзяешся на бальшавікоў. Не вернуцца яны.

— Дурны ты ўсё-такі, Антон, — цярпліва даслухаўшы да канца паліцая, усміхнуўся Зазыба. — Бальшавікі — гэта людзі. Жывыя людзі. І ніякая ўлада не прымусіць іх адмовіцца ад сваіх пераконанняў. Паспрабуй выкінь з чалавека душу. А пераконанне — гэта і ёсць душа. Ну, а паколькі людзі жывуць паўсюль, паколькі без людзей на зямлі немагчыма, значыць, і бальшавікі будуць заўсёды сярод іх.

— Ну от, я табе пра Хаму, а ты мне пра Ярому, — паціснуў плячамі Брава-Жыватоўскі.— Пры чым тут душа, пры чым пераконанні? Я гавару пра бальшавіцкую ўладу. А хто пра што думае — чорт з ім, млын, як сам бачыш, вялікі, усё перамеле. Не ў адных жа бальшавікоў пераконанні. Былі свае пераконанні некалі ў кадэтаў, у эсэраў, у меншавікоў, у анархістаў. Бальшавікі перамалолі іх на сваім млыне. Цяпер чарга настала за самімі бальшавікамі. Дасць бог, нацыянал-сацыялісты перамелюць іх.

Задаволены сабой, што гэтак грунтоўна давёў Зазыбу свае меркаванні, Брава-Жыватоўскі колькі часу ехаў моўчкі.

Дарога ўжо ішла па краі тарфяніка, дзе першы год высаджвалі кок-сагыз. Расліна гэтая для тутэйшай зямлі была невядомая, пра яе, здаецца, наогул ніхто не чуў дасюль не толькі ў Верамейках, а і па ўсёй Бесядзі. І вось сёлета ва ўсім раёне пачалі прапагандаваць яе яшчэ з самай зімы. Крайне патрэбна была гума. У земаддзеле быў уведзены нават асобны аграном па кок-сагызу, а ў калгасах створаны брыгады, якім цалкам належала займацца вырошчваннем новай сельскагаспадарчай культуры, якая мела стратэгічнае значэнне, прынамсі, прапагандуючы яе сярод калгаснікаў, усе, хто меў дачыненне да гэтага, націскалі на патрэбу ў ёй іменна са стратэгічнага боку. Зразумела, што ў Верамейках таксама была створана такая брыгада. І праз усю сёлетнюю вясну верамейкаўскія калгасніцы не паспявалі выводзіць цыпкі на руках і нагах. Але дарэмна стараліся. З вайной неяк адразу прапала цікавасць да кок-сагызу. Пра яго забыліся. І тады па тарфяніку зноў пайшоў расці пырнік, за ім — балотны перац і розная іншая трава, якая заглушыла кволыя парасткі новай расліны. Так што, лічы, кок-сагызу ў Верамейках ніхто і не бачыў. У кожным разе, у густым зарасніку балотнага перцу ды пырніку адшукаць яго цяпер немагчыма было. Выходзіла, што верамейкаўцы ў выніку гэтага дарэмна страцілі ладны кавалак сенажаці, бо датуль як узараць трактарам урочышча, тут кожны год буяла лугавая трава, бывала, аўсяніца высыпала чалавеку па самыя клубы і залівала пасярод лета фіялетавай паводкай увесь прасцяг, што пачынаўся ад гэтай дарогі і распасціраўся да новых калгасных лядаў, на якіх сеялі проса, авёс і грэчку.

Гледзячы цяпер сумнымі вачамі на заглушаны пустазельнымі травамі тарфянік і шкадуючы пра згубленую сенажаць, Зазыба прыгадаў нечага, як першы раз прывозіў сюды гадоў колькі назад Чубара. Тады яны таксама ехалі з Верамеек вось гэтай дарогай. Чубар толькі што прыняў ад Зазыбы калгасныя справы, але паколькі па намаганню Маштакова Зазыба заставаўся ў калгасе загадчыкам гаспадаркі, а гэта значыць, фактычным намеснікам старшыні, то яму выпала паказваць новаму старшыні і арцельныя ўгоддзі. Здаецца, якраз тымі днямі ваўсю цвіла тут лугавая аўсяніца. Паставіўшы ў алешнік ад сляпнёў жарабка-куплёніка, яны доўга хадзілі спярша па сенажаці, затым па лядах, балазе было чым захапляцца. Тут жа абодва сталі таксама міжвольнымі сведкамі, як па-над лядам з аўсом ястраб напаў на перапёлку...

— Дык а ўсё-ткі, — адарваў Зазыбу ад гэтых думак Брава-Жыватоўскі, — ты не адказаў мне. Што б ты рабіў са мной, каб раптам апынуўся цяпер на маім месцы, а я вось гэтак, як ты, палохаў цябе?

Зазыба паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі на вачах павекі, быццам тыя пяклі ад бяссонніцы, тады перастаў і глыбока ўсміхнуўся.

— А нічога, — сказаў ён роўным голасам.

— Няўжо?

— Можаш паверыць. Бо навошта б мне было гэтым займацца. Ты ж дэзерцір, ну, а дэзерціры падлягаюць вайсковаму трыбуналу. Так што, я проста быў бы пазбаўлены нават магчымасці прымаць удзел у вырашэнні твайго лёсу.

Дзіва, але Брава-Жыватоўскага гэта ніколькі не збянтэжыла, няйначай, за час акупацыі ён паспеў ужо грунтоўна абдумаць сваё становішча, прызвычаіцца, таму гатовы быў да любога павароту падзей, цалкам пакладаючыся на шчаслівую планіду.

— Значыць, ратунку не будзе? — валодаючы сабой, спытаў ён яшчэ, але адказу чакаць не стаў, пачаў, акурат зняверана, успамінаць: — А на спаса ты не такі катэгарычны быў, Зазыба. Помніш, нават надзею нейкую наперад даваў?

...Гэты раз народу на вуліцах у Бабінавічах было больш чым калі. Мусіць, мястэчка паступова прызвычайвалася да жыцця ў акупацыі, прыціралася да новых умоў. Але што адразу запала Зазыбу, дык гэта адсутнасць на выганах, у прамежках паміж дварамі хатняй жыўнасці — не тое, што раней, калі толькі і асцерагайся, каб не наехаць неўзнарок то на свінню з плоймай тлустенькіх парсючкоў, якая магла разлегчыся карміць іх проста на дарозе, то яшчэ на якую-небудзь жывёліну, якая таксама вольна адчувала і паводзіла сябе, не кажучы пра курэй ды гусей, якім і зусім ніякай забароны не было. Нават сабакі і тыя не кідаліся сёння з падваротняў услед.

Немцаў верамейкаўскія вазакі ўгледзелі тады, як уз’ехалі на галоўную местачковую вуліцу, што вяла з гэтага боку паўз вялікі, яшчэ ад панскіх часоў сад на кірмашовую плошчу, што ля царквы. Немцы таксама ехалі на возе, але насустрач. Было іх тры. Адзін, седзячы з нагамі ў перадку, паганяў лейцамі вялізнага каня, які ледзьве ўмяшчаўся ў аглоблях, а два другія сядзелі паабапал і размаўлялі паміж сабой, часам паварочваючы да фурмана галовы. Прыкмеціўшы немцаў, Брава-Жыватоўскі яшчэ здалёку заварушыўся на возе, сунуў у рукі Зазыбу лейцы.

— Цяпер ты, — сказаў ён.

Зазыба ўзяў лейцы, але з усмешкай падумаў, што Брава-Жыватоўскі, няйначай, гэтым хоча зрабіць выгляд перад немцамі, паказаць сябе як мае быць аж да таго, што мае ўласнага фурмана. Але па тым, як паліцэйскі пачаў адстаўляць далёка ад тулава локаць з павязкай, стала неўзабаве зразумела, што яго непакоіць зусім іншая рэч. Аказваецца, Антон баяўся, каб немцы не палічылі яго з вінтоўкай за выпадковага, варожа настроенага да іх чалавека. У сувязі з гэтым на памяць Зазыбу прыйшло здарэнне ля верамейкаўскай крыніцы. Тады Брава-Жыватоўскі ўвесь час таксама стараўся трымаць на віду гэтую руку з паліцэйскай адзнакай. Аднак абачлівасць яго не дапамагла. Ад цяперашняй згадкі Зазыбу зрабілася яшчэ больш смешна, але, каб дарэмна не злаваць Брава-Жыватоўскага, ён не падаваў адкрыта выгляду, смяяўся ў душы — маўляў, сапраўды свае свайго не пазнаюць!..

Тым часам вазы размінуліся на шырокай местачковай вуліцы, і Зазыба з раўнівым пачуццём, быццам яго знарок і неспадзявана ашукалі, адзначыў для сябе, што немцы нават вокам не кінулі ў іх бок, а праехалі міма, бесклапотныя, цалкам захопленыя сабой.

Калі Брава-Жыватоўскі з Зазыбам пад’ехалі да камендатуры, якая размяшчалася ў былым будынку сельскага Савета, там ужо сядзелі на лаўках, што па два бакі высокага, крытага ганка, выкліканыя на нараду да каменданта з мястэчка і навакольных вёсак старасты, таксама старшыні калгасаў, дзе такія засталіся, напрыклад, бабінавіцкі Абабурка, і іншыя добраахвотныя і прымусовыя чыны валасной управы. Усяго тут, разам з паліцэйскімі, сышлося чалавек дваццаць. Як меркавалася немцамі, яны павінны былі дапамагаць устанаўліваць у вёсках па два бакі Бесядзі «новы парадак».

Акрамя Абабуркі, якога Зазыба добра ведаў па даваенных нарадах, ён убачыў яшчэ Захара Доўгаля, што быў старшынёй калгаса ў Гончы, таксама даўняга актывіста Аўдзея Хрупака з Ніжняй Варонаўкі. Наогул, знаёмых твараў кінулася ў вочы нібыта і больш, чым два гэтыя, але хто яны, Зазыба пэўна сказаць не мог, каб спыталі, хоць пераконаны заставаўся, што яму раней усё-ткі даводзілася сустракаць іх. Затое Зазыба мог пацвердзіць адно: гэтыя людзі, акрамя трох — Абабуркі, Доўгаля і Хрупака, не мелі дачынення раней ні да кіраўніцтва гаспадаркай, ні тым больш да актыўнай грамадскай дзейнасці. Мусіць, належалі яны да такіх добраахвотнікаў, што і Брава-Жыватоўскі, калі, вядома, не да такіх, як сам Зазыба. У кожным разе, гэтую акалічнасць, хто і як тут апынуўся, можна было высветліць і пасля.

Абабурка, між тым, згледзеў Зазыбу таксама хутка, яшчэ тады, як той лаштаваў каня паміж вазоў, але нібыта спалохана тут жа адвёў вочы, няйначай, не хацеў сустрэчы пры гэтакіх абставінах. Затое Захар Доўгаль падышоў адразу, па старой звычцы, зусім без унутранай скаванасці, паважна падаў руку для вітання.

— Цябе таксама паклікалі? — спытаў ён, але як пра штосьці звычайнае.

Хаваючы супраць свайго жадання вочы, Зазыба адно кіўнуў у адказ галавой.

Было чуваць, як на ганку, смеючыся, нехта расказваў:

— Дык я й кажу, едзе ета Адольф па дарозе за нашай Слабодкай, а тама мужык поле арэ пад зябліва. Дуцік, можа, чуў? Ну, і як бывае звычайна, на заваротах плуг на руках патрымаць не хоча. Лянуецца. Дарогу таксама калупае. Вядома, што Адольфу дрогка па такой дарозе ехаць. Вось ён і падзывае Дуціка да сябе. Кажа: «Я цябе зараз навучу, як поле араць, маць тваю так!» — ды шомпалам, шомпалам.

— Ну, што шомпалам з’ездзіў, ета не дзіва, — згаджаўся другі хтосьці, — з шомпалам ён не расстаецца, можа, нават і спаць кладзецца, а вось што па-мацеры... У немцаў жа не такая лаянка, як у рускіх.

— Затое другая ёсць. Як ета?..

— Ат, у іх адно гунд ды гунд, швайн ды швайн17.

Захар Доўгаль прыслухаўся да галасоў на ганку, задзірліва ўсміхнуўся:

— Вось як легенды складаюць. Звычайны садыст і самадур, а яго авечыя душы за руплівага гаспадара выдаюць, за настаўніка.

— Ладна, няхай байдуны захапляюцца, няхай цешацца, пакуль самім не папала ад Адольфа, — падміргнуў яму Зазыба і мякка ўзяў за локаць: — Лепей скажы, як вы там у сваёй Гончы?

— Ды, мусіць, горш, чым вы ў Верамейках. Мы ж не паспелі падзяліць гаспадарку. Так і жывём калгасам. А я, бачыш, старшыня. От зараз паслухаем, што нам Гуфельд скажа, якія ў яго планы на наш конт. А цябе што, старастам верамейкаўцы выбралі?

— Не, бог мілаваў. Ды і наогул не займаліся яшчэ такой справай, як выбары новай улады. Абыходзімся адным паліцэйскім.

— Але пасля нарады ты не спяшайся, пабудзем недзе разам, — у мяне справа да цябе, ды не для чужых вушэй.

Прыехаўшых на нараду паклікалі ў камендатуру.

— Хадзем і мы, — сказаў Захар Доўгаль.

— Няхай другія зойдуць, а мы паспеем.

— Не баішся, што пазаймаюць месцы? — жартам спытаў Доўгаль.

— Нічога, пастаім.

Некалі, гадоў пятнаццаць таму, будынак гэты перавезлі ў Бабінавічы з Палужа, правага прытока Бесядзі, дзе яго абсталёўвалі пад млын. Але не скончылі. Калі ў мястэчку спатрэбіўся другі будынак для сельскага Савета, амаль ужо гатовы млын разабралі і перавезлі на конях сюды, пераабсталяваўшы яго знутры паводле новага плана. Цяпер у ім была вялікая зала, у якой праходзілі сесіі сельскага Савета і розныя іншыя ўрачыстасці, таксама меліся прыёмны пакой, дзе сядзеў сакратар Савета, і кабінет старшыні — прасторны пакой на тры акны па адной сцяне. Перш чым трапіць у залу пасяджэнняў, дарэчы, як і ў кабінет старшыні, належала прайсці праз прыёмны пакой, перагароджаны, акурат у ашчаднай касе ці на пошце, лесвіцай-парэнчай з адмыслова вытачанымі драўлянымі балясінамі.

Немцы таксама не памянялі ўнутрунага абсталявання ў будынку, пакінулі ўсё ў ім без змен. Розніца была толькі ў тым, што за перагародкай у прыёмным пакоі цяпер сядзеў немец у чыне унтэр-афіцэра, а кабінет старшыні займаў Гуфельд.

З боку новых гаспадароў будынка адчувалася ветлівая ласкавасць, нават пры ўваходзе ў залу пасяджэнняў стаяў малады салдат, паказваў рукою дарогу гасцям, маўляў, не саромцеся, праходзьце.

Рассаджваліся тубыльцы па радах доўга і шумна, тым больш што ніхто не падганяў і не перашкаджаў. Нават і тады, як усе расселіся і, здавалася, угаманіліся ўжо, а ў зале запанавала адносная цішыня, ім яшчэ доўга давялося чакаць каменданта. Нарэшце парог пераступілі адзін за адным два чалавекі. Адзін быў у цывільным — сярэдняга росту, таксама, мусіць, сярэдніх гадоў, прынамсі, маладым назваць яго нельга было ні ў якім разе, нават з першага, вельмі кароткага знаёмства. Здавалася, ён зусім без цікавасці павёў цёмнымі вачамі па зале. Але абыякавы выгляд яго быў падманлівы, бо ўважліваму чалавеку хапіла адно злавіць на сабе гэты нібыта не цікаўны позірк, каб пераканацца ў адваротным — за вонкавай абыякавасцю, нецікавасцю ў глыбіні вачэй яго хавалася жывая думка і тая асаблівая ўчэпістасць, тая праніклівасць, што дазваляе ў адзін момант багата што ацаніць і зразумець. Другі немец быў у вайсковым. У адрозненне ад цывільнага, гэты вылучаўся вонкавай сабранасцю, вядома, як і належыць вайскоўцу, нягледзячы на саракагадовую паўнату, у ім нават па выгляду можна было адчуць рухавасць і спрыт чалавека, які пакуль ні ад чаго не збіраўся адмаўляцца ў жыцці. Зайшоўшы ў залу, ён адразу нечага ўсміхнуўся і першы рушыў ад дзвярэй па вузкім праходзе з левага боку да доўгага стала на памосце, які нагадваў заніжаную сцэну. Па тым, што ў руцэ вайсковец трымаў, быццам стэк, звычайны шомпал ад пяхотнай вінтоўкі, няцяжка было здагадацца — камендант Гуфельд.

Не адрываючы вачэй ад каменданта, Зазыба раптам успомніў, як у пачатку акупацыі палічыў быў Гуфельда за... нямецкага камуніста. Магло ж такое прыйсці ў галаву!.. Ад гэтай колішняй недарэчнасці сваёй яму нават зрабілася горача ўсярэдзіне, быццам што разлілося нечакана пад дыхавіцай.

Тым часам камендант спыніўся за сталом, акурат пасярэдзіне, і ўзмахнуў зусім над стольніцай шомпалам, мусіць, ім гэтакі жэст узяты быў за звычай, але прысутнымі ён успрыняты быў, як для постраху.

— Добры дзень, панове, — картава прывітаўся патутэйшаму камендант, сабраўшы на сярэдзіну свайго ледзь не квадратнага лоба глыбокія маршчыны, усё роўна як яму каштавала вялікага намагання сказаць гэта; няйначай, ён збіраўся і далей гаварыць па-тутэйшаму, але не здолеў адшукаць у сваёй памяці патрэбныя словы, можа, нават першае з іх, таму бездапаможна засмяяўся і павярнуўся да цывільнага, які выбраў месца збоч, сказаў штосьці па-свойму.

— Камендант вітае вас усіх у гэтай зале, — не ўстаючы з крэсла, пачаў добра-ткі гаварыць па-руску цывільны; тое, што ён не даў сабе цяжкасці падняцца ў прысутнасці каменданта, які стаяў за сталом, сведчыла аб нейкай ягонай незалежнасці, а можа, чалавек хацеў падкрэсліць гэтым нават сваю непрычыннасць да таго, што мелася быць тут.

Прынамсі, Зазыбу ажно заманулася хуценька ўбачыць, як ставіцца да гэтай самастойнасці цывільнага камендант. Але дарэмна. Той не падаваў ніякага выгляду, каб зразумець, падабаюцца яму паводзіны перакладчыка ці не. «Хто іх тут, чарцей, разбярэ!» — з прыкрасцю падумаў у наступны момант Зазыба. Аднак цікавасць яго да чалавека, які зусім няблага размаўляў па-руску, ужываючы часам нават мясцовыя словы, і які пэўна што выпадкова апынуўся ў перакладчыках, засталася. Таму не больш як праз хвіліну Зазыба пачаў усё часцей пераводзіць позірк з каменданта на цывільнага, хутчэй наадварот, бо зразумелы сэнс зыходзіў ад апошняга; пры гэтым ён, відаць, рабіў свае назіранні занадта падкрэслена, бо неўзабаве і сам адчуў на сабе не менш зацікаўлены позірк цывільнага, дарэчы, які ўжо не пакідаў яго без увагі да канца нарады.

Камендант, між тым, паклаў упоперак стала шомпал, усё роўна як надакучыла страшыць і забаўляцца ім, памацаў вызваленай рукой, не паварочваючы галавы, спінку крэсла ззаду, пасунуў па дашчаным памосце трохі да сябе, каб акурат прыйшлося па задзе, і сеў. Пры гэтым ён неяк рэзка адкінуўся на спінку крэсла, можа, яшчэ не дакрануўшыся ягадзіцамі да цыраты, якой было абабіта сядзенне, міжволі стварыўшы смешнае ўражанне. Але на тварах прысутных не адбілася яно, дзіва што — не тыя абставіны, не тыя ўмовы і не тое месца, каб дазволіць сабе хоць незнарок зубаскаліць. Тубыльцы паводзілі сябе стрымана, нават з паважнасцю: у каго яна была прытворная, у каго палахліва-неўразумелая, а ў каго, натуральна, адкрыта вернападданіцкая.

— Перш чым гаварыць пра нашы мясцовыя справы, я зачытаю вам, панове, зварот генеральнага камісара да жыхароў Беларусі. — Камендант рыўком выструніўся за сталом і ўзяў з тоўстай папкі, якую прынёс з сабой, аркуш сіняй паперы. — Вызвалены з-пад бальшавіцкага ярма, — пачаў ён чытаць, — непераможнай сілай пераможнай нямецкай зброі беларускі край вольна ўздыхнуў. Прагучаў і змоўк бразгат зброі на Беларусі. Пад надзейнай апекай нямецкіх узброеных сіл можна зноў узяцца за адбудову зруйнаваных дамоў, майстроўняў і гаспадаркі. Следам за нямецкім салдатам прыйшоў сюды нямецкі ўрадовец, каб абняць кіраўніцтва краем. Мэтай ягоных, слаўных ува ўсім свеце і прызнаных нават зайздроснымі ворагамі, здольнасцяў з'яўляецца стварэнне для вас дабрабыту і забяспечанай будучыні ў межах новага вялікага нямецкага парадку, які ўсталюецца ў Еўропе. Ён прыйшоў, як прыяцель ахвочага да супрацоўніцтва народа, як вартаўнічы справядлівага парадку і спрактыкаваны будаўнік агульнага дабрабыту. Край павінен зноў адрадзіцца. Вам і вашым дзецям будзе забяспечана спакойная будучыня дзякуючы нямецкаму парадку... Беларусы, першы раз у вашай гісторыі перамога Германіі дае вам магчымасць забяспечання вашаму народу свабоднага развіцця і спакойнай будучыні без расейска-азіяцка-балышавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панавання. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што ягоныя інтарэсы сцісла звязаныя з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі паслядоўнікамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.

Услед за камендантам цывільны скончыў перакладаць, тады ў зале пачуліся воплескі. Для Зазыбы гэта настолькі было нечаканым, што ён спачатку нават не ўсвядоміў сабе, чаму раптам узніклі яны. Сам ён не стаў пляскаць у далоні, але каб не мець пасля клопату, заварушыўся на месцы, быццам таксама ў радасці з поваду зачытанага камендантам звароту генеральнага камісара Беларусі. Вачэй ён пры гэтым не ўзнімаў, глядзеў на свае каленкі, адчуваючы на сабе ад стала праніклівы позірк немца ў цывільным.

Камендант тым часам зноў нязручна апусціўся задам на крэсла і яшчэ пад воплескі нешта сказаў перакладчыку.

— У цэлым насельніцтва вашага раёна, — пачаў ён зноў праз нейкі момант, — сустрэла нашы войскі лаяльна, у некаторых вёсках нават па добраму вашаму звычаю з хлебам-соллю. Напрыклад, у Забычанні такім чынам сустрэлі танкавую калону Якіменка Павел і Каплунова Настасся, у Белым Камені — Прывалаў Трыхван, а ў Арцюхах селянін Лахманоў спыніў артылерыйскую батарэю і паказаў міны, якія былі закладзены на дарозе савецкімі сапёрамі. Разам з тым сёння я асабіста атрымаў загад ад ваеннага каменданта раёна, у якім указваецца, што ёсць выпадкі, калі асобнымі злаўмыснымі ворагамі новага парадку распаўсюджваюцца ложныя весткі з фронту, а дзве сям’і з Прудзішчанскай воласці пакараны за адданасць нацыянал-сацыялізму. Акрамя таго, маюцца выпадкі нападу на нямецкіх салдат. Так, каля Прусінскай Буды ўзброеныя незнаёмыя напалі на аўтамашыну, у якой ехаў начальнік палявой жандармерыі раёна. Паколькі вінаватыя не былі выяўлены, давялося ўзяць з кожнай навакольнай вёскі па заложніку. За сем прабоін, якія аказаліся ў борце аўтамашыны, расстраляны сем чалавек мясцовага насельніцтва. У загадзе ваеннага каменданта раёна спецыяльна падкрэсліваецца — за кожны падобны выпадак, калі не будуць выяўлены сапраўдныя злачынцы, палявая жандармерыя і паліцыя парадку мусіць расстрэльваць заложнікаў. Мы таксама аб’яўляем бальшавіцкім агентам: кроў за кроў, а смерць за смерць. А вы непасрэдна павінны давесці загад у сваіх вёсках. Акрамя таго, мы сёння дадзім кожнаму прадстаўніку адозву, атрыманую ад дзяржаўнага камісара ўсходняга абшару ў застэмпоўстве пана Фрындта, якую вы старанна перапішаце ад рукі зразумелым почыркам у некалькіх экземплярах і вывесіце на самых людных месцах, каб кожны селянін ведаў, як яму паводзіць сябе і за што ён пасля мецьме адказваць. Гэта што датычыць распараджэнняў і загадаў вышэйстаячых улад. Разам з тым вам неабходна растлумачыць таксама сваім аднавяскоўцам, што ўсяму насельніцтву воласці належыць цяпер абавязкова вітацца з нямецкімі салдатамі і афіцэрамі — мужчынам і жанчынам. За непавагу да афіцэраў арміі вялікага фюрэра вінаватыя будуць карацца. Гэта, між іншым, датычыцца і чыноў паліцыі. Пры сустрэчы з нямецкім афіцэрам чыны паліцыі павінны аддаваць чэсць, беручы пад казырок, мужчыны — здымаць шапкі, жанчыны — гаварыць «добры дзень!». Зразумела?

— Так, так, — заківалі галовамі найбольш вернападданыя, а можа, і ўтарапелыя тубыльцы, акурат коні ў гарачы дзень.

Тым часам Захар Доўгаль, які сядзеў побач з Зазыбам, непрыкметна піхнуў ботам яго нагу. Шапнуў:

— Дажылі, брат!.. Спярша кось-кось, а тады лазінай па баку, лазінай!..

— Баюся, што адной лазінай не абыдзецца, — не паварочваючы галавы да суседа, ціха азваўся Зазыба. — Чуў жа, як зрабілі ў тых вёсках, што вакол Прусінскай Буды. У нас таксама ўжо ледзьве такое не здарылася.

Як і кожны спрактыкаваны дакладчык, які, акрамя ўсяго іншага, разлічвае яшчэ і на эфект ад сказанага ў аўдыторыі, Гуфельд даў трохі часу паварушыцца тубыльцам у мулкіх крэслах, нават перамовіцца, падумаўшы сабе — няхай-тка і яны пабрэшуць на свой хвост, а то некаторыя ваўком падшыты, тады пачаў гаварыць зноў:

— Тут, у зале, знаходзяцца, за малым выключэннем, нашы сябры, якія ўжо далі згоду супрацоўнічаць з новай уладай. Я спадзяюся, што заклік генеральнага камісара знойдзе адпаведны водгук і сярод іншых прысутных. Мы сабралі вас сёння, мужы даверу, каб адным часам і паразумецца і вырашыць надзённыя справы, якія датычаць шырэйшага распаўсюджання новага парадку ў воласці. Вы амаль усе тут сяляне. Таму і гаворка ў першую чаргу будзе пра зямлю. Ад савецкага рэжыму атрымана цяжкая спадчына. Зямля, як вы самі ведаеце, была размеркавана па калгасах. Сяляне ў выніку калектывізацыі перасталі быць сялянамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Вы зрабіліся па-сутнасці наёмнымі вясковымі рабочымі. Мэтай германскіх улад стане хутчэйшая і радыкальная ліквідацыя савецкай недарэчнасці, якой з’яўляюцца вашы калгасы. Аднак кожнаму разумнаму селяніну павінна быць зразумела, што цяпер няма магчымасці адразу, без правядзення значных падрыхтоўчых работ, ліквідаваць калгасы і перайсці да індывідуальнай гаспадаркі. Таму калгасы пакуль будуць захоўвацца, каб затым паступова пераходзіць да абшчыннага гаспадарання. Успомніце, што было з сельскай гаспадаркай, калі савецкая ўлада без паступовага пераходу, адным росчыркам пяра, усюды заснавала калгасы?.. Гэтак сама здарылася б і цяпер, калі б адбыўся раптоўны падзел калгасаў. Сельскагаспадарчая вытворчасць моцна скарацілася б, чаго ні ў якім выпадку мы не можам дапусціць. — Тут камендант запнуўся на момант, яўна спахапіўшыся, затым паправіўся, дадаўшы: — У вашых асабістых інтарэсах. Як разумееце, усяму свой час. Але вы дачакаецеся, што нарэшце будзе выдадзена распараджэнне дзяржаўнага міністра аб адмене калгасаў. Будзе ўведзены новы парадак землекарыстання.

«Значыць, вось дзеля чаго прывёз мяне Брава-Жыватоўскі сюды, — наперад падумаў Зазыба, бо ў Верамейках усё зроблена наадварот. — Значыць, адказваць давядзецца?» — Але ні страху, ні нават слабай утрапёнасці ён чамусьці не адчуў, можа, таму, што камендант і перакладчык усё яшчэ працягвалі гаварыць і сваімі няроўнымі галасамі перашкаджалі, каб гэтая думка цалкам авалодала Зазыбавай свядомасцю, хоць на правай скроні, бліжэй да віска, і запульсавала ў яго здрадлівая жылка.

А вось і тое галоўнае, што павінен быў пачуць на гэтай нарадзе Зазыба, уласна дзеля чаго яго і выклікалі ў мястэчка.

— У сувязі з гэтым я мушу сказаць, што ў некаторых вёсках воласці, асабліва па той бок ракі, адбываецца самачыннасць. Не чакаючы распараджэння, там пачалі дзяліць калгасную маёмасць, пасевы і гэтак далей. Напрыклад, у Верамейках. — Камендант павёў вачамі па зале, адшукаў сярод мужоў даверу Брава-Жыватоўскага і даў знак рукою падняцца з крэсла. — Правільна я кажу, што ў вашай вёсцы без дазволу пачалі дзяліць калгас?

— Так, — ускочыў Брава-Жыватоўскі.

— Хто ў гэтым вінаваты?

Брава-Жыватоўскі паглядзеў на Зазыбу.

Тады і камендант перавёў свой позірк у той рад крэслаў, дзе сядзеў Зазыба.

— Хто вінаваты? — ужо з разлікам на Зазыбу гукнуў зноў Гуфельд, хоць яшчэ і не ведаў, хто мусіць падняцца на яго запытанне са свайго месца. — Адкажыце, хто вінаваты?

Зазыба зразумеў, што трэба адказваць. Паволі, быццам замінала што паміж крэслаў, выпрастаўся.

— На якой падставе вы зрабілі гэта? — выразна злуючыся, уставіўся на яго камендант.— Хто вы?

— Загадчык гаспадаркі.

— Заўхоз? — удакладніў перакладчык.

— Так.

— А старшыня дзе? — спытаўся камендант.

— Пайшоў разам з фронтам.

— Ён камуніст?

— Так, камуніст.

— А вы?

Зазыба змоўчаў.

Дзіва, але камендант таксама не настойваў на адказе, усё роўна як штосьці ведаў ужо пра Зазыбу і цяпер успомніў тое.

— Дык навошта вы без дазволу падзялілі калгас? — зноў задаў ён першае пытанне.

— Так рашыла праўленне, — адказаў Зазыба і нават сам здзівіўся, што зусім супакоіўся. — У нас па арцельнаму статуту ў гаспадарцы адзін чалавек нічога не рашаў. Ні старшыня, ні загадчык гаспадаркі, ні брыгадзіры, ніхто іншы. Для вырашэння калгасных спраў мы выбіралі праўленне. Праўленне ўсё і рашала. Так што...

— Ну, мы з гэтай граматай вашай трохі знаёмы, — незалюбіў такога абцякальнага і, па сутнасці, безадказнага тлумачэння Гуфельд. — Вас не папярэджвалі аб асабістай адказнасці?

Зазыба неўразумела паціснуў плячамі.

Тады камендант перавёў колкі позірк на Брава-Жыватоўскага.

— Не паспеў я, пан камендант, папярэдзіць яго, — нечакана схлусіў той, хоць, вядома, ні ён сам, ні Зазыба не забыліся пра размову на возе, што адбывалася на спаса, а пасля і назаўтра, ужо ў полі. — Пакуль прыехаў ад вас у вёску, там усё пачалося. Сапраўды, праўленне рашыла. Праўда, яно цяпер не ў поўным складзе, не хапае членаў праўлення, таму пасяджэнне можна лічыць непаўнамоцным.

Мусіць, гэтая, апошняя акалічнасць не мела для каменданта ніякага значэння, бо ён тут жа няверліва глянуў на цывільнага, штосьці абурана сказаў. Але той не стаў тлумачыць камендантавы словы мужам даверу, толькі ўсміхнуўся.

— У якім стане цяпер гаспадарка? — хутка пераклаў ён наступнае камендантава пытанне.

— Усё падзелена, — адказаў Зазыба. — Калгаснікі працуюць аднаасобна.

— Але не думайце, што мы не высветлім, хто вінаваты ў гэтым, — папярэдзіў камендант, і па тым, як паглядзеў таксама і на Брава-Жыватоўскага, стала зразумела, што цяпер ён ужо меў на ўвазе не аднаго Зазыбу. — Дарэчы, гэта датычыць не адных верамейкаўцаў. Я адзначаў, што без нашага дазволу пачалі дзяліць калгасы і ў іншых вёсках. Таму каб ведалі — вінаватых будзем шукаць паўсюды. А вы можаце сесці, — літасціва дазволіў ён верамейкаўцам.

Тыя апусціліся на свае крэслы.

Пакуль Зазыба рыпеў ды ўлаштоўваўся на месцы, Захар Доўгаль паспеў нахіліцца да пляча яму, прамовіць шэптам:

— Нездарма кажуць — раз не здолеў адсекчы руку свайму ліхадзею, то мусіш цалаваць цяпер яе.

— Нам засталося абгаварыць з вамі яшчэ некалькі важных пытанняў, — перабіраючы паперкі, сказаў, між тым, камендант. — Хутка вы пачнеце атрымліваць ад нас розныя цыркуляры, згодна якіх будзеце дзейнічаць. Адміністрацыйная будова па воласці зацверджана такая: у самой воласці — управа, у якой бургамістр, пісар, рахункавод, аграном, таксама валасная паліцыя парадку; у вёсцы — стараста, намеснік валаснога агранома, адзін паліцэйскі з разліку на дваццаць — трыццаць двароў. У нас ужо ёсць бургамістр. Гэта — пан Брындзікаў. Прывітайце яго.

На сваім месцы ў першым радзе заварушылася і ўстала на ўвесь рост ссутуленая постаць бургамістра, былога старшыні сельспажыўсаюза.

— Ёсць пісар, — працягваў камендант, — ёсць рахункавод. Прыйшлі добраахвотнікі ў паліцыю. Такім чынам, што належыць валасной управы, то тут у нас усё як мае быць. Але яшчэ не ў кожнай вёсцы па воласці ёсць старасты. Не выбраны намеснікі валаснога агранома. Праўда, мы з гэтым свядома затрымаліся трохі, бо там, дзе засталіся на месцы старшыні калгасаў, усё кіраўніцтва па адміністрацыйнай частцы выконваюць яны. Цяпер неабходна паскорыць выбранне стараст там, дзе былі распушчаны без дазволу калгасы. Трэба таксама ўлічыць, што не хапае і паліцэйскіх. Я падкрэсліваю, на кожныя дваццаць — трыццаць двароў для аховы парадку трэба мець па адным паліцэйскім, значыць, на вёску ў сто двароў у выніку неабходна набраць не менш як пяць. Парадак павінен строга захоўвацца. Нездарма ж мы назвалі паліцыю — паліцыяй парадку. На гэтым я скончыў.

Перакладчык мала пазніўся паўтараць за ім па-руску, таму цішыня ў зале ўсталявалася ледзь не адразу.

— Калі ёсць пытанні, — сказаў ён пасля ўсяго, — пан камендант з задавальненнем адкажа вам.

Першы памеў цікавасць да нечага смуглявы чалавек, што сядзеў побач з Абабуркам.

— Скажыце, — адкашляўся ён, — а якая адміністрацыйная будова ўлады ўстаноўлена ў раёне?

— Я адкажу, — выслухаўшы пераклад, кіўнуў галавой камендант. — Па-першае, раённая ўправа, якая мае аддзелы — народнай адукацыі, фінансаў, а таксама сельгасгрупу, якой падпарадкаваны нарыхтоўчыя і падаткавыя органы. Па-другое, у раёне функцыяніруюць вайсковыя ўлады, якім падпарадкавана і грамадзянская адміністрацыя.

— Тады скажыце, пан камендант, — не садзіўся Абабуркаў сусед, — як будзе падатак цяпер устанаўлівацца, па якіх нормах?

— Гэтае пытанне яшчэ як след не распрацавана, — адказаў камендант, — але хутка і тут будзе ўнесена яснасць. Хутчэй за ўсё для большай зручнасці, пакуль не адбыўся пераход на індывідуальнае землекарыстанне, будуць выкарыстаны матэрыялы савецкіх камітэтаў па нарыхтоўках, у аснову якіх лягуць нормы былых дзяржаўных паставак па ўсіх відах падатку. Разам з тым я хацеў бы сказаць, што найбольш востра цяпер стаіць пытанне не аб падатках, а аб уборцы ўраджаю. Асабліва ў калгасах. Што ж датычыць аднаасобных гаспадарак, як тых, якія дасталіся нам ад Саветаў, так і тых, што ўтварыліся ўжо ў новых умовах, то і тут будуць вызначаны адпаведныя нормы. Зразумела?

— Так.

У другім канцы залы, ці не з самага апошняга рада крэслаў, таксама пачуўся голас:

— Я так зразумеў вас — раз у раённай управе створаны аддзел народнай адукацыі, значыць, і вучоба ў школах будзе адноўлена. Калі гэта можа адбыцца? Звычайна ў нас у школах заняткі пачыналіся з першага верасня, а тут ужо тэрмін даўно сышоў.

— Так, сапраўды, — паслухаўшы пераклад, усё роўна як узрадаваўся Гуфельд.— Новая ўлада адукацыі вашага народа будзе надаваць не менш значэння, чым гэта рабілі бальшавікі. Але больш падрабязна вам на гэта пытанне можа адказаць ваш бургамістр. Пан Брындзікаў, падыдзіце сюды, да стала, і раскажыце мужам даверу ўсё як ёсць. Вы ж, здаецца, былі ўжо на школьнай нарадзе ў Крутагор’і?

Бургамістр выйшаў наперад, паказаў прысутным свой чырвоны, добра адкормлены і адпоены ў спажывецкіх крамах твар.

— Так, — паспешліва пачаў ён старацца, быццам нечага непакоіўся, — мы ў управе ўжо маем сякія-такія інструкцыі на гэты конт. Пачатковае і народнае школьніцтва мае быць цалкам бясплатным. Належная ўвага будзе нададзена таксама разбудове і ўдасканаленню агульнага і спецыяльнага сярэдняга навучэння. Што ж датычыць тэрміну, то тут сапраўды мы ўсе ў раёне спазніліся. Давядзецца пачаць вучобу ў школах пазней: калі не да першага кастрычніка, то недзе ў лістападзе ўжо абавязкова трэба правесці ўкамплектацыю школ і настаўнікамі, якіх, дарэчы, мала засталося ў раёне, і навучэнцамі.

— Тады скажыце яшчэ, — пачуўся другі голас, ужо бліжэй да Зазыбы; належаў ён смугляваму чалавеку ў цёмна-сіняй сацінавай кашулі са стаячым каўняром. — Якія прадметы будуць выкладацца ў школах?

— Нямецкая мова, гэта найперш, — пачаў пералічваць бургамістр, — затым закон божы, хімія, фізіка, батаніка, заалогія, арыфметыка з алгебрай і геаметрыяй, ну, і руская мова, вядома.

— А беларуская?

Мусіць, бургамістр не меў на гэты конт пэўных інструкцый, бо адразу павярнуўся да каменданта. Той доўга, ажно занадта доўга слухаў перакладчыка, некалькі разоў нават перапытваў яго пра штосьці, нарэшце з ухвалой заківаў галавой.

— Пан камендант лічыць, — глянуў у залу перакладчык, — што з боку германскіх улад, як і паабяцана ў звароце генеральнага камісара Беларусі, не будзе рабіцца перашкод, каб у школах вывучалі мясцовую мову. Але вам усім трэба ведаць, што раён ваш пакуль што належыць да вобласці ваенных аперацый.

— Зразумела, — сумеўся смуглявы чалавек, але не сеў на крэсла.

Зазыба раўніва ўсміхнуўся сабе:

«Падлавіў жа, халера!»

— І апошняе пытанне, — сказаў смуглявы. — Па якіх падручніках будзе весціся ў школах навучанне? Якога можна чакаць матэрыяльнага забеспячэння настаўнікам?

— Пакуль не выдадуць новых падручнікаў, — узяў на сябе тлумачэнне бургамістр, — выкладанне трэба ажыццяўляць па савецкіх. Але загадана назаўсёды выкінуць з іх словы «савецкі», «бальшавік» і гэтак далей. Партрэты бальшавіцкіх правадыроў таксама неабходна выкасаваць. Што датычыць матэрыяльнага забеспячэння, то тут захоўваецца ранейшы, у савецкім размеры, аклад, акрамя таго, будзе выдавацца паёк — па дзесяць кілаграмаў збожжа на месяц самому настаўніку і па пяць кілаграмаў на ўтрыманца ў сям’і.

Другім прысутным таксама закарцела даведацца ў каменданта пра што-кольвеч, напрыклад, ці адчыняцца магазіны, якое мяркуецца лячэнне для мясцовых людзей?

— Платнае, — цярпліва адказаў той, — па пяць рублёў за прыём у доктара ў вясковым лячэбным пункце і па дзесяць у гарадской бальніцы альбо амбулаторыі. Ну, а наконт магазінаў, дык тут і сумнявацца не трэба. Без камерцыі яшчэ ні адна ўлада не абыходзілася.

Тады падняўся са свайго крэсла Захар Доўгаль.

— А ў мяне такое пытанне, — выразна хвалюючыся, пачаў ён. — Калгас, як ён задуманы адразу, вымагае калектыўнай працы. Але ж калектыўная праца патрабуе ў сваю чаргу выкарыстання на вялізных палях тэхнікі. Савецкая ўлада давала нам такую тэхніку. Гэта вам кожны пацвердзіць. Таму цікава ведаць — ці забяспечыце вы нас трактарамі, пасяўной і ўборачнай тэхнікай? Асабліва калі ўлічыць, што ў вёсках няма коней?

— Дзе ж вашы тыя, савецкія, трактары? — нездаволена свідрануў камендант вачамі Доўгаля.

— Эвакуіраваны.

— А навошта вы дазволілі эвакуіраваць?

— Дапусцім, у нас асабістага дазволу не пыталіся, — пераадольваючы сябе, каб таксама не адвесці ад каменданта вачэй, адказаў Доўгаль. — Тым больш што трактары, малатарні і іншая такая тэхніка належала дзяржаве ў асобе машынна-трактарных станцый, якія апрацоўвалі кагласныя палеткі па дагавору.

— Не пыталіся! — паморшчыўся Гуфельд. — У вас не пыталіся! І разам з тым раптам высвятляецца, што ў Ніжняй Варонаўцы эмтээсаўскі, а гэта значыць, як вы кажаце, дзяржаўны трактар быў закапаны тайным чынам у лесе, у зямлі. Добра, што знайшліся лаяльныя нам людзі ды выдалі схованку. Так што, не дужа рабіце з сябе прасцячкоў. Мы яшчэ паглядзім, куды што сапраўды падзявалася. Ну, а наконт таго, ці будзе новая ўлада забяспечваць вас тэхнікай, то скажу пэўна — пакуль ніякай сельскагаспадарчай тэхнікі, таксама аўтамашын мы не маем магчымасці выдзеліць. А вось наконт коней?.. Тут мы можам даць вам верную параду. Скарыстоўвайце ў гаспадарцы як цяглавую сілу кароў. — І, убачыўшы, што тубыльцы недаверліва, нават з іроніяй заўсміхаліся, строга павысіў голас: — Так, так, кароў! У Пратэктараце, напрыклад...

— Дзе, дзе? — не зразумеў хтосьці ў зале.

— У Чэхіі, — растлумачыў перакладчык.

— У Пратэктараце, напрыклад, — працягваў тым часам камендант, — даўно на каровах выконваюць усе палявыя работы — ворыва, сяўбу, баранаванне, вазавіцу і гэтак далей. Мяркуйце самі, конь працуе ў гаду на ўсю моц трыццаць — сорак дзён, не болей, а харчу на яго трэба запасці на ўсе трыста шэсцьдзесят пяць. Таму замест каня там многія сяляне цяпер трымаюць адну-дзве дойныя каровы. Паколькі ў гаспадарцы каня няма, каровам дастаюцца ўсе кармы. А добра кормячыся, каровы, не зважаючы нават на працу, даюць больш малака. Таму і вам варта пераняць гэты вопыт. Выкарыстанне кароў на самых розных работах — гэта вельмі рацыянальны спосаб вядзення гаспадаркі. Разумееце?

— Да ўжо ж, — муляючыся, пачухаў патыліцу Доўгаль, — але як паарэш на карове, то ўжо... наясіся малака, акурат як з той казы.

Пачуўшы гэта, хтосьці гучна хмыкнуў у сярэднім радзе, здушваючы ў сабе адкрыты смех, але дарэмна — чалавек не стрымаўся, даў сабе волю, а за ім нечакана зарагаталі амаль усе, хто сядзеў на задніх радах: сапраўды, кожнаму дзіва, каб на карове араць!..

Зазыба ад гучнага рогату ажно сумеўся — накліча на сябе Захар няміласць. Але камендант, слухаючы, што даводзіў яму з Захаравых слоў перакладчык, раптам таксама пачаў смяяцца, ці то робячы адно выгляд, ці сапраўды паддаўшыся агульнаму настрою.

Тубыльцы між тым парагаталі, ужо нібыта з дазволу, ды сціхлі.

— На гэтым нарада наша, уласна, скончана, панове, — адразу за цішынёй абвясціў камендант. — Але не спяшайцеся — ёсць адна неадкладная справа, пра якую таксама трэба дамовіцца. Яшчэ ў жніўні каля вёскі Белая Гліна ў часе адступлення Чырвонай Арміі быў спалены на Дзяражні мост. Цяпер ад вайсковага каменданта раёна і начальніка дарожнага аддзела паступіў загад — неадкладна адбудаваць гэты мост. Таму я ў сваю чаргу таксама загадваю — на адбудаванне маста накіроўваць кожнага дня з вёскі па дзесяць падвод з вазніцамі і адмысловымі цеслярамі. За гэта адказваюць перад камендатурай чыны паліцыі і старасты.

Па тым, як Гуфельд узяў у рукі свой шомпал, усе ў зале зразумелі, што цяпер нарада сапраўды вычарпала сябе.


* * *


З камендатуры Зазыба выходзіў у ліку апошніх. Нават Захар Доўгаль, які ўсю нараду прасядзеў поплеч, цяпер чамусьці памкнуўся наперад, акурат у яго была задума перастрэць кагосьці на ганку. У душы ў Зазыбы было такое адчуванне, быццам яго толькі што ашукалі альбо, яшчэ горай — незаслужана збэсцілі ўшчэнт, хоць, вядома, нічога асаблівага за ўсе гэтыя паўтары гадзіны, пакуль ішла нарада, не адбылося, урэшце, Зазыба і дасюль усведамляў, куды ехаў сёння з Верамеек, з кім і да каго!.. Але тым не менш душу смактала прыкрасць. І, можа, якраз таму, што нічога падманнага, таксама абразлівага не адбылося: дзіва, але факт, ад якога ні рукамі, ні нагамі, ні галавой — нарада прайшла, як некаторыя людзі любілі раней гаварыць, на высокім узроўні. Галоўнае, ніхто асабіста нікога не лаяў, ніхто нікога не палохаў, не спрабаваў падвесіць на дыбу нават вінаватых, як Зазыба,— а Зазыбу чамусьці хацелася думаць, што сёння ў мястэчка ў якасці адказчыка не толькі ён быў пакліканы, дакладней, прымусова дастаўлены, — дык нават вінаватых усё роўна як знарок памілавалі, няважна, што трохі прыгразілі. Выходзіла, што камендант сапраўды збіраў з навакольных вёсак мужыкоў дзеля таго, каб паразумецца разам, як весці ў воласці ў новых умовах гаспадарку, як ладзіць парадак. Але, ступаючы цяпер за натоўпам па прыступках ганка, Зазыба падумаў і пра тое, што за гэтыя паўтары гадзіны, як слухаў каменданта — прамову яго і адказы на пытанні, неяк зусім не даў сабе цяжкасці ўнікнуць у сутнасць таго, пра што гаварылася на нарадзе, асэнсаваць усё і ўзважыць у галаве. Адно сядзеў на мулкім драўляным крэсле ды слухаў, акурат баяўся прапусціць што. Праўда, была прычына, якая ўвесь час перашкаджала яму перайсці ад крытычнага ўспрымання да аналізу, да асэнсавання камендантавай прамовы і наогул усяго, што давялося чуць: гэта прысутнасць у зале цывільнага, камендантавага перакладчыка, якому Зазыба адразу ўпаў у вока і які потым ужо не губляў яго з-пад увагі, нібыта правяраў па ім, як рэагуюць на ўсё мясцовыя «мужы даверу». Выйшла, што Зазыба першы пачаў прыглядацца больш да цывільнага, чым да каменданта, хоць, вядома, цікавасць да апошняга павінна была б праявіцца мацней — Гуфельд зрабіўся адыёзнай асобай. Але гэтага не здарылася, бо Зазыбу ўжо здавалася, што камендант для яго страціў цікавасць, прынамсі, тую, што ў іншых падтрымлівалася рознымі чуткамі яшчэ з таго, як немцы заснаваліся ў Бабінавічах. Яму толькі заставалася адчуваць нездаволенасць, што іншы раз даводзілася думаць пра каменданта нават супраць жадання, усё роўна як хто помсціў яму за ранейшыя ілюзіі. Між тым, іначай і быць не магло, бо Гуфельд з’яўляўся той новай рэальнасцю, якая ніколькі не залежала ад Зазыбавага жадання, гэта па меншай меры. Словам, Зазыба, калі разважаць паслядоўна, не так сабе звярнуў увагу на цывільнага, калі той паявіўся разам з камендантам. Але ён не чакаў, што гэтым у адказ выкліча да сябе не меншую цікавасць. Пільная, хоць і не адкрытая чужая ўвага неўзабаве пачала непакоіць, і Зазыба не мог пазбавіцца ад гэтага пачуцця да канца нарады...

Сышоўшы з ганка, тыбульцы не спяшаліся аддаляцца ад камендатуры. Збоку можна было падумаць, што яны гэта вывалілі гурмой на вуліцу ў часе перапынку, каб неўзабаве зноў вярнуцца ў будынак. Пастаўшы ў купкі пад вокнамі чалавек па пяць-сем, курцы пачалі рабіць самакруткі, частуючы адзін аднаго самасадам, а тыя, хто не ўжываў смуроднага зелля, проста далучаліся да знаёмых, калі не пагаварыць, то хоць бы паслухаць. Пры гэтым нехта сказаў, смеючыся:

— Што мне спадабалася сянні, дак ета што баб не было сярод нас. Адны мужыкі засядалі. А то раней панавыклікаюць розных актывістак, а тады за імі і слова ніхто не дасць табе.

— Ну, а як жа без актывістак? — падтрымаў яго другі ахвотнік пагаварыць. — Спярша — прамовы, моў, трэба і нада, а пасля — шуры-муры.

Недзе ўжо наставаў час абеду. Густая і цяжкая духата вісела над мястэчкам — дзіва, але і ўвосень хапала сонца, каб стварыць яе.

Было чуваць, як за садам на бальшаку то заціхалі, то зноў пачыналі гусці машыны. Паслухаўшы няроўны, аслонены дрэвам гул, Зазыба ўспомніў, што ўранні ім з Брава-Жыватоўскім пашанцавала пераехаць бальшак свабодна, мусіць, тады яшчэ не паспеў аднавіцца рух. Прыгадаў ён і той раз, калі вёз у мястэчка Марылю, і нібыта нанава пачаў перажываць усё, ведаў, нялёгка даліся тыя хвіліны не толькі яму, а і дзяўчыне; нарэшце ён разважыў, што абавязкова павінен наведацца да яе ў Хоніну хату, балазе недалёка, адразу за поштай, бо Марфа таксама спакою не дасць яму, будзе пытацца, чаму не схадзіў, але тут жа і пашкадаваў, што ўжо зусім па-бацькоўску, — ехаў сюды на пустым возе і нічога не ўзяў з сабой, каб даць Марылі; ды і Марфа чамусьці не здагадалася пра гэта.

Упэўніўшыся канчаткова ў сваім рашэнні, Зазыба пачаў шукаць вачамі сярод «мужоў даверу» Брава-Жыватоўскага. Але той, няйначай, не выходзіў яшчэ з будынка. «От ёлуп, — узлаваўся Зазыба, — прымушае чакаць, бо не кінеш без нагляду каня, тады і праўда на каровах давядзецца яму ў воласць ездзіць». Не было відаць у купках і Захара Доўгаля. «Ну от, — зноў застаўся нездаволены Зазыба, — а казаў, што справу мае, ды каб адзін на адзін». Зазыба не здагадваўся, якая ў таго з’явілася справа да яго, але і без яе не лішне было б пагаварыць з разумным чалавекам, які, па ўсім відна, таксама цяпер пакутуе і трывожыцца не менш за астатніх сумленных людзей.

Цяпер, як ніколі, патрэбны аднадумцы. Так, трэба шукаць аднадумцаў!

Але дзе яны?

У сярэдзіне адной з жывых купак на дарозе Зазыба раптам згледзеў таго самага смуглявага чалавека, які на нарадзе пытаўся ў бургамістра, ці будуць выкладаць у школах беларускую мову. Здавалася, сярод іншых спраў не такая ўжо ўрэшце важная гэта, калі ідзе наўкол вайна і калі на парадку дня наогул стаіць пытанне аб існаванні народа, які гаворыць на той мове, у кожным разе, як думалася Зазыбу, не самая важная, але тым не менш чалавек сваім пытаннем выклікаў у Зазыбы сімпатыю. Цяпер смуглявы чалавек таксама быў у цэнтры ўвагі. Ён нешта расказваў, а тыя, хто стаяў вакол яго, гучна смяяліся. Зазыба ажно пазайздросціў ім і, можа б, не ўтрымаўся ад спакусы дапасці хоць вухам да чужой гаворкі, аднак на гоман з камендатуры якраз выйшаў Брава-Жыватоўскі. Ён трымаў у руцэ трубкаю ўніз вялікі скрутак папер. Па ўсім было відаць, што адчуў верамейкаўскі паліцай тут сябе, як дома, нават лепей, чым дома, калі мець на ўвазе адносіны, якія склаліся паміж ім і жонкай: пасля спасаўскай вечарынкі, на якой ён адкрыўся мужыкам са сваім махноўскім мінулым, Параска зрабілася, як чужая... Брава-Жыватоўскі, між тым, падышоў да воза, нечага запусціў руку глыбока ў сена, быццам правяраў, ці ляжыць што пад ім, тады з захапленнем сказаў, патрэсваючы перад Зазыбам папяровым скруткам:

— Будзем дома развешваць на хатах плакаты! Няхай нашы верамейкаўцы прывыкаюць да новых правадыроў і да розных новых карцінак-малюнкаў. — І, каб не пакідаць Зазыбу ў сумненні, раскруціў верхні вялікі аркуш гладкай паперы і разгарнуў яго на вачах, адстаўляючы з адным краем далёка ў бок левую руку. — Вось якую форму неўзабаве будуць насіць чыны паліцыі парадку! — пахваліўся ён, скіроўваючы Зазыбаву ўвагу на плакат, дзе каляровымі фарбамі былі намаляваны нямецкі афіцэр інтэнданцкай службы — чамусьці ў белым мундзіры, з маленькімі, амаль цалкам чырвонымі пагонамі, і паліцэйскі, апрануты ў цёмна-сіні, з шырокім чорным адкладным каўняром фрэнч, і таксама пры пагонах, але без сярэбраных кубікаў на ім; і нямецкі афіцэр, і паліцэйскі, трохі схіліўшыся насустрач, ветліва паціскалі адзін аднаму руку.

Унізе цераз увесь плакат па белай паласе Зазыба прачытаў: «Форма і знакі адрознення для чыноў паліцыі ў вызваленых усходніх абласцях».

Вядома, плакат не мог застацца не заўважаным на вуліцы. Брава-Жыватоўскага адразу абступілі, пачалі разглядваць плакат, а тады і зусім выхапілі яго з рук, і ён паплыў далей. Як падахвочаны, Брава-Жыватоўскі ўзяўся адгарнуць са скрутка другі плакат, пасля трэці, здымаючы іх адзін з другога, бы кашулі. На ўсіх наступных плакатах быў намаляваны ў розных іпастасях Адольф Гітлер. На адным трохі ссутулены фюрэр трымаў за плечы дзяўчынку, усміхаючыся камусьці наперадзе. Подпіс гаварыў: «Вярхоўны правадыр германскага народа праяўляе вялікі і пяшчотны клопат аб дзецях».

— Дык будзем, Зазыба, сёння наклейваць замест Сталіна новага правадыра? — Паліцэйскі сказаў гэта з выразным разлікам таксама на тое, што яго чуюць навокал, і, можа, нават найбольш дзеля гэтага. — Будзем наклейваць ці не?

Зазыбу яго абразлівая знарочнасць абурыла, але ён не паддаўся злосці, кінуў няпэўна:

— А ці трэба?

— Думаеш, рана? — адгадаў, чаго не сказаў адкрыта ён, паліцэйскі, і зарагатаў: — Будзь пэўны. Сваімі вачамі карту ў каменданта бачыў. Якраз не рана. Ужо даўно, больш за месяц, як немцамі пройдзены Смаленск, вароты на Маскву. Украіна таксама амаль уся пала. Засталося толькі Кіеў узяць па той бок Дняпра. Так што, не бойся, сябрам тваім кранты, таму свабодна развешвай плакаты.

— Не, ты ўжо сам рабі гэта, — моцна крутануў галавой Зазыба, дадаўшы: — Дый з гэтым можа справіцца любы малы падшыванец. Адно цукеркі паабяцай.

— Адкуль яны цяпер, тыя цукеркі? — зусім сур’ ёзна паглядзеў на яго Брава-Жыватоўскі.

— А ты патроны ад вінтоўкі раздай, — кепліва параіў Зазыба. — Яны гэтым цяпер толькі і займаюцца, што самастрэлы робяць. А не, дык сам дай каму пастраляць з вінтоўкі.

— Патроны на ўліку.

— Ну тады, як знаеш. Але што гэта мы сабралі тут мітынг? Каменданту, нябось, можа не спадабацца пасля такой нарады?

— Якраз наадварот.

— Ну, от што, — стрымліваючы сябе, сказаў Зазыба, разумеючы пры гэтым, што іначай цяпер ад паліцэйскага не адкараскацца, — ты сабе едзь у Верамейкі адзін, а мне трэба ў Зялёнкавічы яшчэ, да жончыных родзічаў.

— Нешта ты зачасціў да іх, — нездаволена буркнуў Брава-Жыватоўскі. — Можа б, і мяне запрасіў з сабой? А то сам частуешся, а мне ні разу не перапала.

— Значыць, трэба мець сваіх там родзічаў.

— Але ж як выручаць цябе дык я павінен, а не родзічы, а як частавацца...

— Ты ета пра што?

— Ды хоць бы і пра тое, што ад цябе хацеў пачуць камендант.

— А-а, — усміхнуўся Зазыба. — Ну, то мог не выручаць.

— Урэшце, як хочаш, — махнуў рукою Брава-Жыватоўскі. — Я сабе напарніка ехаць знайду. А сам вазьмі вось гэты напамінак, каб не задумваўся над што-кольвеч, — і ён сунуў у рукі Зазыбу аркуш паперы.

— Ну й добра, — Зазыба крута павярнуўся і выйшаў з натоўпу. Ён яшчэ пачуў, як нешта кінуў наўздагон Брава-Жыватоўскі, можа, пакпіў, аднак цяпер Зазыбу гэта ўжо не кранала. У яго было такое адчуванне, быццам толькі што выйшаў з балота, дзе дурэлі чэрці.

«Цяпер, гіцаль, доўга будзе напамінаць, што дзеля мяне схлусіў каменданту!..» — з прыкрасцю падумаў ён, кладучы ў кішэню атрыманую ад Брава-Жыватоўскага паперку, хоць і не ведаў, чым бы ў адваротным выпадку магла скончыцца ўся гэтая гісторыя з яго выклікам на сённяшнюю нараду.

На кірмашовай плошчы, куды, не азіраючыся назад, нарэшце выкіраваў па местачковай вуліцы Зазыба, каля газетнай вітрыны, што засталася яшчэ ад савецкага часу, стаяла некалькі жаночых і мужчынскіх постацей. На вітрыне нешта бялела. «Мусіць, ужо нямецкія газеты», — падумаў Зазыба, успомніўшы, што на спаса іх яшчэ не было тут. Падахвочаны цікаўнасцю, ён перайшоў амаль па дыяганалі местачковую плошчу і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў на не зашклёнай ужо вітрыне знаёмыя літары — «Правда». Спярша Зазыба ажно не паверыў сабе, але чым бліжэй падыходзіў да вітрыны, то мацней пераконваўся, што не памыліўся. Местачкоўцы сапраўды чыталі «Правду». Збянтэжаны, Зазыба спыніўся ля вітрыны за спінамі нейкіх дзвюх кабет і, стрымліваючы хваляванне, таксама прыпаў вачамі да газеты. Але тут жа патрос, быццам ад наслання, галавой — загалоўкі артыкулаў былі чужыя, варожыя!.. «Больш за 260 савецкіх дывізій знішчана ў пачатку вайны», «Савецкі ўрад рыхтуе знішчэнне Масквы і Ленінграда»... Акурат яшчэ не верачы, што перад ім звычайная фашысцкая падробка, Зазыба глянуў на агульную назву газеты. Загаловак быў такі ж, як і ў маскоўскай «Правде», адціснуты такім жа маляваным паўкруглым шрыфтом. Але пад ім кінуўся зроку зусім іншы тэкст: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся для барацьбы з бальшавікамі».

«Да чаго дадумаліся гіцлі!» — абурыўся ў душы Зазыба, але прымусіў сябе прабегчы вачамі па ўсіх чатырох старонках фашысцкай падробкі. На адной з іх у слупку тлусным шрыфтам былі вылучаны два радкі: «У часе налётаў на Маскву адзначаны пападанні ў Крэмль». Унізе пад раешнікам — «Лорды засядаюць, а немцы наступаюць» — чарнела аб'ява: «Выражце і захавайце гэты пропуск. З адным пропускам на бок германскіх войск можа прайсці неабмежаваная колькасць байцоў і камандзіраў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі». Тут жа, узяты ў рамачку, змешчаны быў і тэкст пропуска на дзвюх мовах — па-руску і па-нямецку, маўляў, прад’яўнік гэтага, не жадаючы дарэмна праліваць кроў за інтарэсы жыдоў і камісараў, пакідае пераможаную Чырвоную Армію і пераходзіць на бок германскіх узброеных сіл, за што нямецкія салдаты і афіцэры акажуць перайшоўшаму добры прыём, накормяць і ўладкуюць на працу.

Ніжэй фашысцкай падробкі былі прыклеены дзве аб’явы, надрукаваныя на добрай паперы. Дакладней, першую, мусіць, нельга было назваць аб’явай. Хутчэй то было распараджэнне, хоць подпіс асобы ці ўстановы, ад якой яно зыходзіла, і адсутнічаў. «За няздачу радыёапаратуры, — прачытаў Зазыба, — і прадметаў савецкага вайсковага рыштунку гр-н Карэнін І. асуджаны на 6 месяцаў турмы з 20 дубцовымі ўдарамі штомесяц». «Карэнін?.. Карэнін?..» — пачаў успамінаць Зазыба. У Бабінавічах сапраўды жыў чалавек з такім прозвішчам, але Зазыба добра ведаў, што звалі таго Цімохам. Значыць, гэты Карэнін, што апынуўся ў нямецкай турме, быў хтосьці іншы. Але што ў другой аб’яве? Зазыба прачытаў і яе: «Рыскіна Вольга Рыгораўна, ураджэнка вёскі Малая Ліпаўка, мяняе прозвішча на дзявочае — Тупікава, а таксама мяняе прозвішча свайго сына, Рыскіна Уладзіміра Абрамавіча, нараджэння 1940 года, на сваё прозвішча — Тупікаў, і імя па бацьку дае па свайму хроснаму — Іванавіч». «Ну от, — падумаў Зазыба,— новы парадак у дзеянні!..»

У гэтыя дні, бадай, усім даводзілася шмат чаму здзіўляцца. І шмат што, нягледзячы на ўнутраную падрыхтаванасць, было нечаканым. Нечаканасць наогул выклікае, няхай хоць і часовую, разгубленасць, калі чалавек раптам пачынае не зусім разумець, здавалася б, зусім простыя рэчы. Тым больш калі гэта датычыць ваеннага часу. І не проста ваеннага, а часу варожай акупацыі, калі ўсё, пачынаючы ад грамадска-палітычнага ладу, мяняецца. Таму не дзіўна, што для разумення агульнай абстаноўкі, так званага бягучага моманту, Зазыбу куды больш давалі вось гэтыя дзве маленькія аб’явы, дарэчы, як і загад вайсковага каменданта раёна, што быў зачытаны на нарадзе Гуфельдам, чым нават цэлая газета ў вітрыне, дзе жаданае хутчэй за ўсё выдавалася за сапраўднасць. Тым часам аб’явы сведчылі пра іншае. Праз іх Зазыба выразна ўбачыў тое пачварнае і жахлівае, чым не толькі пачынала жыць, а і жыло ўжо так званае мірнае насельніцтва, якое не па сваёй ахвоце засталося па гэты бок фронту.

«Але куды ўсё-ткі дзяваўся Доўгаль? — зноў схамянуўся Зазыба. — Якраз пагаварылі б пра ўсё, злашча, што той сам нечага ўгаворваў ехаць у адну дарогу, справу нейкую меў».

Шкадуючы так, ён завярнуўся ад вітрыны, каб зноў перайсці ў тым жа напрамку местачковую плошчу, а тады накіравацца па другой вуліцы за пошту, да Хонінага дома, бо ў яго найбольшая адказнасць у мястэчку цяпер была перад Марыляй. У планах Зазыбу думалася, што ён толькі паглядзіць адно, як уладкавалася дзяўчына, можа, мае патрэбу ў чым, якую здольны будзе ён задаволіць, пасля пехатою пашыбуе сабе па надбяседскай дуброве ў Верамейкі.

Але дарэмна Зазыба непакоіўся. Здаецца, Марыля ні ў чым не мела патрэбы. Прынамсі, на Зазыбу яна ўжо не разлічвала.

Каб убачыць яе, Зазыбу нават не давялося заходзіць у Хонін дом. Марыля выйшла яму насустрач... з нямецкім афіцэрам, перад якім паводле новага парадку Зазыба павінен быў зняць шапку. Дзіва, але якраз пра гэтае новаўвядзенне, пра гэтую старапанскую акалічнасць Зазыба нават не падумаў. А яшчэ большае дзіва было б, каб ён наогул зрабіў так.

Убачыўшы Марылю, якая вяла пад руку па вуліцы афіцэра, Зазыба адразу адчуў, як лінула ў твар яму кроў. Зрабілася і сорамна, і прыкра. Была б магчымасць збочыць куды, то першае, што ў такой сітуацыі належала зрабіць — гэта, нават дзеля таго, каб не даць падставы адчуць такую ж збянтэжанасць ёй. Але збочыць, як на тое, не было куды, адно калі, быццам хлапчуку малому, пераскочыць цераз плот ды схавацца ў сліўніку, што павісаў над вуліцай з гародаў. Тым часам адлегласць паміж імі скарачалася, хутка яна стала такой, што іх ужо аддзяляла паўсотня крокаў. Лаячы ў душы сябе і тую няўдалую хвіліну, якую ён выбраў, каб наведаць Марылю, Зазыба зніякавела пасоўваўся насустрач. Праўда, Марыля жыла ў мястэчку на асобым становішчы, і Зазыба мог даўмецца ўрэшце, што яна цяпер нічога ганебнага не рабіла, ідучы па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наадварот, ахвяруе дзеля справы, на якую пакінута тут. Аднак ён чамусьці і не ўспомніў пра гэта, няйначай, як асабістае, акурат бацькоўскае пачуццё замінала ўявіць, чым магла быць Марыля на самай справе. А калі гаварыць далей, то наўрад і ці мела б якое значэнне тое, што Зазыба даўмеўся б да ўсяго, бадай, такая акалічнасць ніколькі не зменшыла б вастрыні становішча — сапраўды, а ці ўзрадуецца цяпер яна сама, убачыўшы раптам чалавека, які адзін тут што-кольвеч ведае альбо здагадваецца пра яе. Словам з усёй сітуацыі зразумела адно пакуль — Зазыбу было пакутліва і брыдка ісці вуліцай. У яго ўяўлені ўчынак Марылі выглядаў не толькі не патрыятычным, гэта самае меншае, але і амаральным, маўляў, зрабілася распусніцай!.. «Выходзіць, недарэмна тады папярэджваў Шарэйка?» — падумаў Зазыба. І якраз вось гэту, другую вінаватасць ён чамусьці лічыў ужо зусім недаравальнай — зноў жа, мусіць, па той прычыне, што гэта датычыла яго асабістых пачуццяў.

Не магло быць, каб Марылі таксама дасюль не ўпала ў вочы знаёмая Зазыбава постаць. Тым больш што Зазыба, збянтэжаны такой неспадзяванкай, не скеміў нават перайсці з аднаго боку вуліцы на другі, каб сцежка, што служыла тут тратуарам, не звяла іх з Марыляй твар у твар. Як кажуць, дасюль гатовы быў хоць скрозь зямлю праваліцца, абы не ісці насустрач Марылі, а вось зрабіць самае простае — памяняць абочыны, недадумаўся. Між тым, у наступную хвіліну Марыля прайшла міма, нават вачмі не павяла на Зазыбу. Яна была (ці рабіла выгляд, што гэта так) цалкам занята кавалерам, маладым бялявым обер-лейтэнантам, які таксама здаваўся не менш запалоненым ёю. Выгляд яе ўразіў Зазыбу. Гэта ўжо была зусім не тая мілая ў сваёй сціпласці дзяўчына, якую ён убачыў некалі ў хаце кулігаеўскага Сідара Раўнягіна і якую потым, праз некалькі дзён, прывёз сюды, у Бабінавічы. Цяпер чаго вартыя былі адны, больш чым трэба, паднятыя грудзі, што выпіналі з цеснай блузкі і назойліва лезлі ў вочы. І наогул яна ўся нібыта пакруглела за гэты час, багата што ў ёй цяпер падкрэслівалася знарок, прынамсі, тлумачыць, што азначала тая ці іншая частка яе цела, не трэба было.

Зазыба не здагадваўся, але за тым, як Марыля палюбоўна ішла па вуліцы з нямецкім афіцэрам, наглядаў не ён адзін. Не ведаў ён і пра тое, што яго падапечная рабіла вось гэтак не першы раз. У кожным разе местачкоўцам, якія жылі на Паштовай вуліцы, яе пагулянкі з немцамі не з’яўляліся навіной, асабліва пасля таго, як незнаёмая дзяўчына, якая невядома адкуль і чаму ўзялася тут, уладкавалася працаваць у вайсковым шпіталі, што не лішне даўно спыніўся ў Бабінавічах і заняў памяшканне местачковай бальніцы, пакінуўшы доктару Каласоўскаму з яго хворымі тубыльцамі месца на пяць стацыянарных ложкаў у старой мураванцы, дзе раней, пры царскім часе, была станавая «халодная», а яшчэ раней царкоўны клір трымаў дары — гаршкі з мёдам, кошыкі з яйкамі, кругі воску, кадкі з насыпаным зернем... Вядома, Марыля не адна такая была ў мястэчку, што кінулася завязваць дружбу з немцамі, аднак на Паштовай вуліцы, апроч яе, яшчэ ніхто не служыў ім, а тым больш гуляў вось так з акупантамі. Праўда, паводзіны чужой дзяўчыны не вельмі каб ужо і дзівілі, дакладней, бянтэжылі тутэйшых жыхароў, бо яна была ўсё ж у мястэчку прыблуднай аднекуль, таму і адносіны да яе склаліся адпаведныя, маўляў, што з чужой возьмеш, хоць тым не менш кожны крок яе не заставаўся без чыёй-небудзь вольнай ці міжвольнай увагі. Адны падпільноўвалі распусную дзеўку проста з абывацельскай цікаўнасцю — а можа, і сапраўды пашанцуе падгледзець нешта такое, што яшчэ не здаралася тут бачыць, словам, падгледзець нештачка, другія наадварот, пазіралі на яе з пагардай, раўніва захоўваючы такім чынам спрадвечную мерку чалавечай ахайнасці ці, як ў дадзеным выпадку, жаночай цнатлівасці, ужо не кажучы пра грамадзянскую годнасць і патрыятычнасць. Гэтыя, апошнія, у сваёй пагардзе не мелі ніякай літасці да прыблуднай дзяўчыны, хоць зноў жа ці варта дзівіцца, бо нават Зазыба, які адзін мог даць рады, і той цяпер не толькі дакараў у думках, а і саромеўся за яе.

Між тым, не з адных вокнаў сачылі за Марыляй і яе кавалерам вольныя ды цікаўныя местачкоўцы. Зазыба раптам змеціў на агародзе, што быў ужо амаль побач з Хоніным дваром, кабету, якая стаяла там, не тоячыся: паклала сагнутыя ў локцях рукі паўзверх паркана, што даходзіў ёй да падпах, і ўсё роўна як чакала Зазыбу, калі той параўняецца. Яна і праўда неўзабаве ўшчала гаворку, але перад тым ажно здзівілася, што пазнала яго. Была кабета гладкая, з круглым незагарэлым тварам, такія гаспадыні звычайна не займаюцца вясковай працай, не капаюцца ў зямлі, няйначай, гэта належала да так званай местачковай інтэлігенцыі, у якую залічваюць сябе нават школьныя прыбіральшчыцы-тэхнічкі, не тое, што медсёстры ды іншы абслугоўваючы персанал, ці была замужам за чалавекам, за якім не было вялікага ўрону пасядзець і без справы.

— Ну, што? — гукнула кабета насустрач, укладваючы ў гэтыя, пакуль не зусім зразумелыя для Зазыбы, словы столькі з’едлівай іроніі, колькі хапіла б яе на цэлую зацятую сварку. — Нашкодзіў, а цяпер адварочваешся? Гэта ж ці не ты яе прывёз сюды? Думаеш, я не бачыла, як вы з аднаногім краўцом заносілі ў Хоніну хату яе рэчы?

Зазыба маўчаў, — не адказваў і не глядзеў ужо на кабету. А тую ўсё больш зацінала:

— Цяпер хоць ты дзівіся з іх! І сучка гэта не пазнае яго, і ён нібыта не рашаецца пазнаць! Можа, дачка нават?

Чуючы перад сабой ледзь не лаянку, Зазыба ішоў па сцежцы з такім адчуваннем, быццам пераадольваў недзе над цёмным вірам высокую кладку, здавалася, ступіш не той крок ці глянеш не ў той бок, як паляціш уніз.

— Гэта я ўсё не пабачу таго Шарэйку, — не сціхала кабета, — а то ён у мяне забраў бы даўно гэтую сучку дамоў к сабе адсюль! А то раптам пасялілі ў чужы дом, а чалавеку цяпер няма дзе жыць! Бачыш, зараз сядзіць вунь Хоня пад плотам з дзецьмі, сіратамі, і страхі над галавой не мае, усё роўна як і хаты не заказваў будаваць сабе, быццам гэта ўжо і не яго дом! Ну і што, калі яўрэй?

Дзіва, але лаянка гэта паступова пачынала мець адваротнае дзеянне — чым даўжэй кабета знеслаўляла Марылю, а разам і яго з Шарэйкам, тым хутчэй Зазыба мяняўся ў пачуццях да Марылі, на словы яе вырастала ў душы яго супраціўленне, і неўзабаве ён не лішне далёка быў ужо ад таго, каб узбурыцца, хоць, вядома, таксама не дужа будзеш паказваць характар у такім становішчы, бо каму патрэбны цяпер тут шум. Аднак пярэчанне ўнутры сапраўды з’явілася, і Зазыба ўжо дакладна ведаў, адкуль яно — якраз ад лаянкі гэтай жанчыны. І ён, Зазыба, таксама харош!.. Прывёз ды пакінуў тут, як у лесе сярод ваўкоў, адну... Праўда, не па сваёй задуме прывёз. Але ж нешта думалі тыя людзі, што прасілі зрабіць гэта? І Маштакоў, і той вайсковец, няхай што і хлусіў тады пра Масея? Дастаткова было пачаць збіраць у адно думкі так, як зноў нядобрае пачуццё аднекуль стала брацца, тачыць сярэдзіну. Яно было акурат такім, як і ў той дзень, калі яшчэ ў Верамейках ён абураўся, што Марылі знайшлі зусім не дзявочую справу, накіроўваючы сюды, у акупіраванае фашыстамі мястэчка. Можа, і сённяшнія паводзіны яе тлумачыліся гэтым вось, а не тым, што бянтэжыла хвіліну назад яго і што абурала гэтую местачковую кабету, якая лаяла на чым свет стаіць іх абодвух — Зазыбу за тое, што прывёз распусную дзеўку, а Марылю, зразумела, за само яе распусніцтва. І не можа, а хутчэй за ўсё, што так. А калі так, то... Зазыба раптам усвядоміў для сябе прыкрую, нават жахлівую рэч — і той афіцэр, што недзе ішоў з ёю цяпер, Марылі не сябра, і гэта кабета, якая вісне ў з’едлівай злосці на паркане і ледзьве не плюецца ўслед, таксама, лічы, вораг. А тут яшчэ Хоня Сыркін!.. З’яўленне яго ў мястэчку было нечаканым і ўжо, няйначай, што ў пэўнай ступені выпадковым, але аб’ектыўна яно сведчыла пра тое, што Зазыба не зусім дакладна выканаў даручэнне: непрадбачаная акалічнасць, якая выявілася ў Хоніным вяртанні, магла адбіцца — і нават нядробным чынам — на становішчы Марылі, якая заняла пусты яго дом. Сур’ёзна заклапочаны гэтым, Зазыба ў момант забыў пра жанчыну, якая не пераставала кідаць услед яму абразлівыя абвінавачанні, і ледзь не подбегам мінаваў пошту, на ганку якой стаяў немец-вартавы. Зазыба спяшаўся да Хонінага дома не таму, што вельмі закарцела пабачыць гаспадара. Наадварот, у душы яшчэ заставалася надзея, што кабета назнарок абмовілася, каб мацней дапяць яго, і што Хоня-нарыхтоўшчык не вярнуўся ў мястэчка. Але далёка глядзець не трэба было. Сыркін сядзеў з двума сынамі-падлеткамі на мураве паміж сцежкай-тратуарам і парканам, быццам хаваючыся ў ценю: хоць сонца ўжо стаяла насупраць. Усе Сыркіны цяпер нечым нагадвалі кудлатых колішніх старцаў, якія ішлі-ішлі ды здарожыліся, селі адпачыць тут, усё-ткі не ў бязлюдным месцы, можа, хто і падасць міласціну, як звычайна, акраец у торбу альбо медны пятак у шапку. Паўз іх льга было чалавеку прайсці зусім не заўважаным — Хоня трымаў галаву, звешаную амаль на грудзі, акурат у знямозе ці ў адчаі, а хлопцы, хоць і выглядалі жывейшымі за бацьку, аднак былі таксама безуважныя, нібыта згубленыя. Тым часам Зазыба не збіраўся цурацца іх. Ён не ведаў яшчэ, пра што загаворыць зараз з яўрэем-нарыхтоўшчыкам, які чамусьці вярнуўся з эвакуацыі ў мястэчка; не здагадваўся ён наперад і пра тое, ці будзе мець гэтая зачэпка яго карысць, прынамсі, для той справы, аб якой ён цяпер хваляваўся, але загаварыць з Хонанам Зазыба край быў павінен, і гэта было не проста чалавечым жаданнем, а патрэбай, неабходнасцю; вось зараз ён параўняецца з Сыркіным і яго дзецьмі і спытае, зразумела, пра Цылю, бо яе няма з імі, ды і кабета тая гаварыла пра нейкае сіроцтва, таму лепшай зачэпкі і прыдумаць не прыдумаеш, калі б нават і знарок шукаў.

— Здароў, Хонан! — спыніўшыся насупраць, мякка гукнуў Зазыба, каб павітанне не было раптам знянацку.

Сыркін адразу пазнаў Зазыбу, хоць вялікага дзіва не было ў тым, бо мала каго наогул яўрэй-нарыхтоўшчык не ведаў з блізкіх і далёкіх вёсак, асабліва такіх прыкметных людзей, як гэты верамейкаўскі.

— Дзе ж твая Цыля? — спытаў Зазыба далей, як і думаў наперад запытацца.

— Няма Цылі, — хрыпла, нават некалькі абыякава адказаў Сыркін і адвёў убок вочы, быццам раней яшчэ правініўся ў нечым перад Зазыбам, але проста адчуваў сваю віну наогул, пра якую кожнаму льга было здагадацца. — Ужо няма Цылі, — дадаў ён, кідаючы словы ў пустату, але цяпер Зазыба выразна ўлавіў скруху ў ягоным голасе, акурат гэта быў моцны, хоць і стоены стогн.

Па ўсім было відаць, што Сыркін не меў патрэбы ў чужой спагадзе, і, можа, не таму, што не хацеў яе ад людзей; няйначай, цяпер ён знаходзіўся ў такім стане, калі проста бывае нават не да гэтага.

У самы момант, калі Зазыба збіраўся з далейшымі словамі, за спіной пачуўся знаёмы голас — аказваецца, тая кабета пералезла на вуліцу са свайго гарода цераз паркан, прыйшла следам.

— Не слухай яго, Хонан, — сказала яна, і Зазыба зразумеў, што голас яе па-ранейшаму здзеклівы, значыць, злосці сваёй кабета яшчэ не растраціла, таму нічога добрага далучэнне яе сюды не абяцала. — Гэта ж яны з тым кульгавым Шарэйкам, што краўцом у мястэчку, зязюлю гэту пасадзілі ў дом табе. Адкуль жа хоць ён, Хонан? Ці ведаеш?

Пачуўшы гэта, Сыркін адразу страпянуўся, павярнуў твар да Зазыбы, аднак не здзіўленне бліснула ў яго паразумнелых вачах, а чамусьці адкрытая няверлівасць, быццам ён да глыбіні душы быў уражаны пачутым і цяпер хацеў пераканацца ў адваротным.

Зазыба не сказаў на гэта Сыркіну ні слова, ён толькі шырэй расплюснуў вочы, акурат баючыся, што іначай нутром выдасць сябе: у ягоны разлік не ўваходзіла гаварыць пра Марылю з кім бы то ні было, таксама як і пра сваю прычыннасць да ўладкавання яе ў мястэчку.

— Дык адкуль гэты чалавек, Хонан? — нібыта спрабавала разбудзіць Сыркіна ўедлівая местачкоўка, няйначай, размова такая кабеце патрэбна была ўжо не столькі дзеля спагады, з якой яна звярталася да бяздомнага чалавека, ганьбячы ягоных крыўдзіцеляў, — колькі для задавальнення звычайнага самалюбства, якое зацяло ёй — от жа Сыркін, нябось, ведае гэтага вяскоўца, а таксама баіцца, не гаворыць!

Зразумеўшы, што местачкоўка не адступіцца лёгка, будзе доўга чаўпсці сабе вось так, пакуль не вырве ў Хоні адказу, Зазыба паспяшыў узяць на сябе размову.

— Не слухай ты яе, Хонан, — сказаў ён, зрабіўшы зморшчаны ад прыкрасці твар. — Табе тут зараз усяго нагаворыць! Ні я, ні Шарэйка не вінаваты, што так выйшла. Ды і ніхто не вінаваты. Цябе не было ў мястэчку, а хата пуставала. Ну, дзеўка і пасялілася ў тваю хату. Так што, бачыш... Магла чыю другую аблюбаваць, а выбрала тваю. І цяпер нічога не зробіш. Не чапацца ж табе праз гэта з немцамі, бо яна ж, мусіць, у іх служыць?

— І служыць, і...

— Ну, от, — нібыта ад радасці перабіў кабету Зазыба, — значыць, не трэба сядзець вам тут. Мазоліць вочы. Раз твая хата занята, перахадзі жыць з сынамі ў другую. Здаецца ж, у мястэчку вольных дамоў хапае.

Сыркін свядома заківаў галавой.

— Ну, то і ступай зараз жа, — падбадзёрыў яго Зазыба, — займай чый-небудзь дом з вашых бежанцаў ды і жыві, а то і праўда наклічаш... на сябе бяду якую.

Мусіць, дагэтуль Хонан нават і ў галаве не меў, што можна неяк абысціся ў мястэчку без свайго дома, што можна знайсці прытулак у іншым месцы, балазе апусцелых дамоў сапраўды хапала, але як сказаў пра гэта Зазыба, дык адразу нібыта павесялеў знутры — акурат у непагадзь, проці ночы, атрымаў запрашэнне на начлег.

Між іншым, здавалася, жанчыну, якая не толькі прысутнічала тут, а і актыўна ўдзельнічала ў вырашэнні справы, не задавальняў такі зыход, таму яна ажно ступіла ў парыве наперад, стаўшы паміж Зазыбам і Сыркіным.

— Во, ён нарабіў шкоды, пазбавіў чалавека ўласнай страхі, а я раптам вінаватая?

— Ніхто цябе не вінаваціць! — паціснуў плячамі Зазыба, акурат выказваючы гэтым сваё недаўменне.

— Не, не абдурыш! — не здавалася тым часам уедлівая местачкоўка. — Не такая я капуха, каб ты мяне вакол пальца абвёў! І ты, Хонан, не вер яму! Сама, на свае вочы бачыла, як вы з Шарэйкам курву гэту прывозілі сюды! Нават магу сказаць, калі гэта было! На спаса, во калі!

— Вярзеш абы-што, — спрабуючы суняць жанчыну, строга але, разам з тым і лагодна сказаў Зазыба. — Усё ты бачыла, усё ты чула. А між іншым, магла і памыліцца. Магла і не даглядзець як след.

— Памыліцца, не даглядзець, — крывячы губы і перадражніваючы словамі Зазыбу, як не залямантавала кабета. — Мне ж пакуль вочы не вырвала і вушы не пазатыкала!

— Ладна, дапусцім, — не губляючы разважлівага тону, паблажліва ўсміхнуўся Зазыба,— думаў, хоць гэтым выкліча ў жанчыны душэўнае ўтрапенне, каб звесці пасля гаворку да звычайнага чалавечага ладу, злашча што як грамадзянін Зазыба не мог не разумець, якія пачуцці кіравалі кабетай, — урэшце, яна гаварыла чыстую праўду; іншая справа, што яе праўда была не да месца, пагражаючы нанесці шкоду; з другога боку, гэтую недарэчную гаворку, якая з кожнай хвілінай перарастала ў звычайны лямант, трэба было край скончыць; таму Зазыба адкрыта спытаў: — Але якая табе карысць? Ну, няхай Хонан, яму ёсць пра што клапаціцца, а табе якая карысць?

— А што чалавеку няма дзе прытуліць дзяцей, дык...

— Вось гэта ўжо іншая гаворка, — паспяшаўся Зазыба, — калі ўжо так выйшла, што гаспадара не пускаюць у хату, то запрасіла б яго да сябе.

— Я? — як не жахнулася местачкоўка.

— А чаму б і не?

— Дык...

— Бачыш, Хонан, — скарыстаўшы яе збянтэжанасць, звярнуўся да Сыркіна Зазыба, — я праўду табе кажу, не сядзі тут, ідзі куды-небудзь са сваімі хлопцамі ў вольную хату, а то гэтыя жаласлівыя местачкоўцы яшчэ доўга будуць душу табе атручваць.

Яўрэй зноў, згаджаючыся, заківаў галавой.

Тады і жанчына акурат спахапілася, што чужы чалавек мае большую рацыю, пачала падказваць:

— Млынароў дом, здаецца, таксама пусты дасюль. — Да таго ж Зазыбава прапанова адпавядала цяпер і яе жаданню — а раптам і праўда давядзецца весці гэтых яўрэяў у дом к сабе?

Не чакаючы бацькавай каманды, Хоніны хлопцы пабралі з муравы рэчы, якія прынеслі з сабой. Адарваўся ад зямлі і сам Сыркін, пакутліва разгінаючы натруджаныя, пабітыя, а за час сядзення і адубелыя, ногі.

— А ведаеш, з кім мы ішлі дарогай? — Выраз твару цяпер у яго быў такі, усё роўна як адно гэта ўвесь час ён і меў у галаве і зусім не слухаў, аб чым спрачаліся над ім і гэты верамейкаўскі мужык, і гэтая знаёмая кабета, лічы, суседка, бо іхнія двары мала што не стаялі страха да страхі. — З Чубарам вашым, вось з кім!

— З Чубарам? — не паверыў Зазыба. — Калі гэта было? Сёння?

— Не, раней. Мы ў Мяльку затрымаліся былі, пажылі трохі, а ён далей пайшоў.


Загрузка...