Х
Яшніца стаяла пры вялікім паштовым тракце, мусіць, пры такім жа старым, як і само мястэчка. Пакуль не збудавалі чыгунку з Унечы на Оршу, тракт быў адзінай праезжай, гэта значыць, упарадкаванай дарогай працягласцю, можа, у сто вёрст, якая злучала павятовы горад з валаснымі мястэчкамі і вялікімі станавымі сёламі. Акрамя таго, па ім можна было трапіць адразу за межы павета — перш за ўсё ў Чарнігаўшчыну, да якой у той час належалі і Навазыбкаў, і Клінцы, і Старадуб, і Унеча, і Сураж... Можна сабе ўявіць, колькі тут праехала-прамчала тады ў абодва канцы шыкоўных фаэтонаў, рэсорных брычак, паштовых карэт, а найбольш, канечне, сялянскіх вазоў! Чыгунка цалкам перайначыла шляхі зносін у гэтай мясцовасці. З уводам яе ў дзеянне ўжо не знаходзілася ахвотнікаў пераадольваць тыя сто вёрст нават у самых нядрогкіх фаэтонах. Зразумела, што і стары тракт паступова зрабіўся непатрэбны вялікаму мноству людзей, цяпер па ім ездзілі ахвочыя ў госці ці па якой гаспадарчай патрэбе адно ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла, ад вёскі да вёскі. Ды і трактам яго перасталі называць — проста дарога, бальшак...
Але пачалася гэтая вайна, і забыты тракт зноў зрабіўся людным і шумным. Спярша па ім з цяжкімі баямі адступалі ад Сажа 21-я кавалерыйская і 132-я стралковая дывізіі, якія трапілі ў акружэнне ў Гусарскіх лясах. Пасля, у жніўні, старыя бярозавыя прысады абапал яго нішчылі гусеніцамі танкі Гударыяна. Цяпер жа па ім рухаліся вайсковыя часці ўжо ці не трэцяга эшалона 2-й танкавай групы, што была павернута з раёна Крычава на поўдзень.
Якраз як прыйсці верамейкаўскім кабетам у Яшніцу, у мястэчку спынілася адна такая вайсковая часць, рота аўтатранспартнага батальёна танкавай дывізіі. Скрозь па вуліцы стаялі збочаныя направа, у напрамку руху, крытыя грузавікі. Салдаты, якія ехалі на гэтых грузавіках, скарыстоўвалі прывал, як і належыць у такім выпадку: адны тапталіся нечага без усялякае справы між машын, другія, задраўшы ўгору зады, корпаліся ў маторах пад узнятымі капотамі, а то найбольш сядзелі купкамі на процілеглай абочыне, сілкаваліся дарожным пайком, гаманілі прыстойна альбо рагаталі — гэта ўжо ў залежнасці ад таго, дзе якая кампанія сабралася і што каму рупіла. Але ўсё ж салдат на гэтыя машыны, якія занялі ад скрыжавання ўдоўж усю местачковую вуліцу — як глянуць з канца ў канец яе,— было мала, бо на грузавіках пад тэнтамі ляжаў баявы і іншы вайсковы груз, які суправаджала канвойная каманда. А гэта, як кажуць, не для жаночага розуму. Затое верамейкаўскім кабетам адразу кінулася ў вочы тая купка немцаў, што стоўпілася вакол лаўкі, зробленай ля плота з дошкі на двух укопаных у зямлю кароткіх слупах. Такія лаўкі ў вёсцы звычайна робяць каля сваіх хат ледзь не ўсе гаспадары, ну, а мястэчка таксама далёка к гораду не падышло, у тым ліку і Яшніца. Праўда, мала хто выносіў лаўкі свае вось гэтак за вароты, часцей іх рабілі пад вокнамі ў двары, а калі і знадворку, дык таксама недзе пад самымі вокнамі. Гэтая ж лаўка была ўкопана крокі за тры ад сцежкі, што вілася па абочыне; ды і сама хата стаяла блізка да вулічнай дарогі, яе аддзяляў ад дарогі толькі вузкі абабіты штакетнікам гародчык, які завецца палісаднікам, дзе звычайна растуць высокія мальвы ды кусціцца бэз.
Чым бліжэй падыходзілі жанчыны да скрыжавання, тым больш станавілася зразумела, чаму стоўпіліся немцы — з сярэдзіны круга ўсё выразней даляталі гукі губнога гармоніка, чуўся знарочысты тупат ботаў, няйначай, хтосьці ў скоках размінаў здранцвелыя за доўгае сядзенне ў машыне ногі. І як бы ні былі захоплены ў гэты момант немцы, як бы ні пацяшаў іх сваім спрытам нейкі заліхвацкі саслужывец, але не заўважыць верамейкаўскіх жанок не маглі. Для іх, чамусьці, таксама цікава было ўбачыць разам столькі кабет. Таму гармонік ля лаўкі раптам сціх, салдаты павярнуліся да вуліцы, і адзін весялун, нізкі і таўсматы, акурат добра начыненая мясам сардэлка, з усмешлівымі, нават галузаватымі вачамі рушыў, распасціраючы рукі і прысядаючы, напярэймы жанчынам, усё роўна як збіраўся злавіць такім чынам цэлую чараду гусей, таму баяўся, што якая-небудзь праскочыць міма. Астатнія немцы ўсяго толькі падаліся трохі бліжэй, пастаўшы, нібыта ў прывычным ачапленні, па краі травяністай абочыны, ды весела, як на нечаканую забаву, якая мелася пачацца неўзабаве, талопілі вочы на крыўлянне, што рабіў іх таварыш. Той, між тым, ужо набліжаўся да кабет, клыпаючы ўсё далей на сагнутых нагах і валёхаючыся з боку на бок. На гэта, мусіць, сапраўды было смешна глядзець, таму ўсё больш да скрыжавання збягалася салдат з усяе расцягнутай па местачковай вуліцы аўтакалоны. Сёй-той ужо браўся ажно за бакі ад смеху, падказваючы кожны са свайго месца пракуду:
— Пак дас глюк байм Ціпфэль, Максі, зі іст ім брайтэнрок!18
— Фасэ мір ды...19
— Мір ды дыкэ, дас...20
— Мір аўх...21
— Га-га-га, га-га-га!..
Тым часам ніхто з верамейкаўскіх жанок,— а на вуліцы, акрамя іх, ніякіх другіх не было,— не меў ахвоты «лавіцца». Спярша, калі рушыў ад натоўпу напярэймы ім гэты таўсматы немец, бадай, і праўда вялікі пракуда, жанчыны толькі здзіўлена насцярожыліся: надта падобна было тое, што ён цяпер вырабляў, на звычайную няхітрую гульню-забаву, на якую здатныя былі і вясковыя дзецюкі; у кожным разе д’ябла ў ім ніхто пакуль не бачыў, хутчэй яны пазіралі на яго, як на ражанага, якога падгаварылі вось гэтыя, таксама пераадзетыя, дзецюкі, што ажно заходзіліся вакол у забаўным рогаце. Але падманлівае адчуванне, дакладней, падманлівае ўяўленне, усё-такі прайшло хутка: раптам у галовы маланкай цюкнула — ніякі гэта не ражаны, ніхто яго не падгаворваў і не наймаў; гэта — немец, і рагочуць вакол таксама не вясковыя дзецюкі ў храмавое свята, а немцы!.. І першая кабета, якой хутчэй за ўсіх прыйшло гэтае ўсведамленне, утарапела прыпынілася на дарозе, быццам з’явілася неабходнасць паправіць на хаду чаравік, тады шарахнулася назад, стварыўшы ў сваім натоўпе замяшанне, а гэтага ў сваю чаргу ўжо хапіла, каб хтосьці другі збянтэжана войкнуў, хоць, можа, яшчэ і не зусім свядома; у наступны момант верамейкаўскія кабеты страпянуліся разам і, падаўшыся назад, з віскам кінуліся раптам, бы сапраўды тыя дамашнія птушкі, на два бакі — назад і ўлева, бо справа стаялі грузавікі, а злева падыходзіў з распасцёртымі рукамі гэты крыўляка-немец; пры тым не ўсе салдаткі адразу спалохаліся, каб з аднолькавым жахам разбегчыся; былі і такія, што проста паддаліся агульнаму настрою, больш ахопленыя пачуццём цікаўнага жаночага замірання, чым бояззю. Звычайна пры традыцыйнай такой гульні-забаве трапляе ў рукі нехта адна — ці тая, што даўно ўлюбавана, ці тая, што забавіцца і не паспее адскочыць, а то і сама мае тайнае жаданне пабываць у абдымках. Але гэта калі свая, як кажуць, пажондная кампанія. Тут жа наўрад ці хацелася каму трапіць у рукі да немца. А паколькі зусім пазбегнуць такой долі нельга было, бо немец жартаваў не так сабе, дык апынулася бліжэй за ўсіх да яго Роза Самусёва. Спярша яна проста забавілася, можа, і праўда не зусім зразумела, чаго хацеў, рушыўшы напярэймы, немец, пасля, калі раптам кінуліся назад яе спадарожніцы, было позна — Розу выпхнулі неўзнарок, быццам віхорам, ледзь не з самай сярэдзіны на край натоўпу іншыя, больш спрытныя салдаткі, і яна, бачачы, што зараз застанецца адна супраць немца, скочыла ў другі бок, туды, дзе стаялі паўз плот крытыя грузавікі. На што яна спадзявалася пры гэтым, сказаць цяжка, бо там увачавідкі была гатовая лавушка — грузавікі стаялі ў самы прытык да плота, утвараючы кожны невялікі закутак, з якога ўжо далей не было ходу. Крайні грузавік таксама быў прыпёрты да плота, і Роза апынулася ў закутку паміж ім і высокім плотам, скіданым з жэрдзяў, цераз які адразу нават мужык ці пераскочыць, замітусілася, нібыта матылёк, што нечакана трапіў праз фортку ў моцна засвечаны пакой. Цяпер немцу зусім не складала цяжкасці злавіць яе тут. Але той не спяшаўся кідацца насустрач. Усё ішоў так, прысядаючы, з расстаўленымі рукамі, калываўся з боку на бок, акурат гусак, і толькі блудлівыя вочы з кожным крокам закіпалі пажадлівай чырванню. Роза, сцяўшыся ўся, адступала да плота, бліскучыя чорныя вочы яе наліваліся ўтрапёнымі слязамі, хоць яна і не плакала яшчэ. Але вось яна датыкнулася спіной да плота і, зразумеўшы, што ёй няма куды дзецца адсюль, затупала ў адчаі нагамі, усё роўна як маленькая, якую збіраліся пакрыўдзіць, залямантавала, бы заенчыла:
— А ма-а-амачка, а што ж ета!..
Нарэшце немец зусім наблізіўся, у момант выпрастаўся і, хапаючыся рукамі за жэрдзь, стаў прыціскаць Розу сваім перадам да плота. Але плот быў нахілены трохі к вуліцы, таму Роза паспела павярнуцца бокам, стуліцца, моцна ўпіраючыся локцем левай рукі немцу ў грудзі. І як толькі ўдалося зрабіць ёй так, той адразу адчуў, што ўражання, на якое разлічваў, пачаўшы гэтае відовішча, ужо няздольны будзе здзейсніць. Таму ён, нягледзячы на сваю пажадлівасць, тут жа адступіўся ад плота, неяк ажно па-смешнаму закідваючы назад галаву, быццам асцерагаўся, што Роза, вызваліўшы другую руку, паласне ногцямі па ягоным твары.
Вядома, у такім разе ўсё магло б сапраўды скончыцца адной забавай. Яе, гэтакай забавы, хапіла б урэшце і для яго, і для тых, хто з рогатам назіраў за ўсім ды падбухторваў, бо маладую рускую кабету ці нават дзеўку ён усё-ткі прыціснуў да плота. Але разам з тым у душы пажадлівага пракуды засталася нездаволенасць, нават злосць на гэтую ўпартую славянку — сам-то ён добра ведаў, што вымушаны быў адступіцца ад яе. Ён адчуў яшчэ з першага дотыку да яе, як яна супраціўлялася, і супраціўлялася без прытворства. А спыніць гэтае ўнутранае яе супраціўленне тут ён не здольны быў. І вось самалюбівая злосць нечакана падказала яму іншае. Раптам няўдачлівы Макс разгледзеў, што жанчына, якая стаіць сцяўшыся перад ім, мае выразнае падабенства з яўрэйкай — яна такая ж чарнявая з твару, валавокая, з кучаравымі, як смоль, валасамі, якія скрозь пабраліся дробнымі бліскучымі хвалькамі.
— Юдын!22 — узрадваўся ён свайму нечаканаму адкрыццю і, злавіўшы Розу за руку, пацягнуў за сабой цераз дарогу.— Юдын! — весела крыкнуў ён і сваім таварышам, якія адразу перасталі рагатаць.
Між тым, другія верамейкаўскія жанкі, адбегшыся, адчулі, што ім больш нічога не пагражае, таму спыніліся і пасталі гуртам крокаў за сотню ад скрыжавання на дарозе. Роза ўжо к таму часу была заслонена з усіх бакоў нямецкімі салдатамі, і ўбачыць яе не было магчымасці. Вядома, кожная з кабет разумела, што замест Розы ў такім становішчы магла апынуцца і яна і што гэта толькі выпадак, што немцу ў рукі вось трапіла Роза. Неабходна было выручаць Розу. Але як гэта зрабіць і хто адважыцца пайсці туды? Разам з тым асобныя верамейкаўскія кабеты пакуль былі настроены так, што нічога небяспечнага з Розай не павінна здарыцца. Можа, адно напалохаюць там, а тады адпусцяць. Ведама ж — салдатня. І ўжо зусім нікому ў голаў не магло прыйсці, што немцы палічылі Розу за яўрэйку.
Дзіўна, але немцы таксама як не збянтэжаны былі гэтакай нечаканасцю: трэба ж, каб пустая забава раптам скончылася так? Сёй-той пачаў насміхацца з няўдачлівага пракуды, маўляў, добра, што хоць хапіла розуму агледзецца, а то б увачавідкі змяшаў арыйскую кроў з яўрэйскай... Але большасць салдат, што абступілі цяпер спалоханую Розу, якая зусім яшчэ і не здагадвалася, за каго яе прымаюць немцы, ужо стаялі нахмураныя і пазіралі з адкрытай непрыязнасцю, калі нават не варожасцю, усё роўна як гэтая чарнявая жанчына толькі што зрабіла нешта вельмі непрыстойнае ў дачыненні да іх, абакрала альбо, самае меншае, падманула. Макс, які прыцягнуў сюды Розу, паступова быў адціснуты назад, цяпер наперадзе, супраць яе, стаялі другія немцы. Яны не тузалі яе, накат не дакраналіся ні да чаго, але Роза хутка пачала адчуваць іхнюю варожасць да сябе па галасах і па выгляду. Яна стаяла пасярод неспакойнага натоўпу, халаднеючы целам і душой. Нарэшце высокі немец у акулярах, якія былі чамусьці шырэй за яго даўгаваты твар, тыцнуў пальцам ледзь не ў грудзі жанчыне, спытаўся:
— Юдын?
Роза не зразумела, чаго ад яе хочуць.
Тады высокі немец больш настойліва, дакладней, больш гучным голасам паўтарыў запытанне, але ўжо не тыцкаючы пальцам. Слова, якое ён другі раз вымавіў, гучала для Розы не выразна, чамусьці думалася, што гэта цалкам нямецкае слова, і ёй яно зусім незразумелае, нягледзячы на тое, што вельмі хацелася ўлавіць сэнс яго. Пры гэтым ёй здавалася, што калі б яна адказала на пытанне, то адразу скончылася б гэтая недарэчнасць і яе больш не затрымлівалі б тут. Дзіўна, але цяпер ёй не столькі страшна было, колькі яна адчувала сябе вінаватай, што не разумее немцаў, і яна плюскала вачамі, спрабуючы нават усміхнуцца. Між тым, вымушаная ўсмешка яе і выгляд увесь для немцаў зрабіліся, як выклік, прыкрыты праставатасцю, бо яны чакалі ад Розы зусім іншага, а не гэтай вінаватай усмешкі, што ішла, як ім здавалася, ад хітрай наіўнасці, таму маўчанне яе нарэшце пачало выклікаць у іх проста лютасць.
Пытаўся ўвесь час адзін немец. І кожны раз ён звяртаўся да яе з адным і тым жа словам:
— Юдын?
Такі допыт, вядома, пры яе няўцямлівасці мог цягнуцца бясконца, а мог скончыцца і хутка, звычайнай расправай.
— Бабы, дак што ета мы стаімо тута? — раптам захвалявалася ў сваім натоўпе Дуня Пракопкіна, што немцы доўга не адпускаюць сяброўку.— Яна ж тама!.. Бабы, дак што ж ета мы, а? — дакорліва, ледзь не са злосцю і крыўдлівымі слязьмі ў вачах крыкнула яна і, не чакаючы нікога за сабой, рушыла да немцаў, якія трымалі ў сваім коле Розу.
Яна пакладалася цалкам на ўдачу — ат, што будзе, то й будзе!..
Калі падышла блізка да немцаў, тыя ўсе талопілі вочы на Розу, таму ніхто нават не звярнуў на другую жанчыну ўвагі. Тады Дуня рашыла прабрацца ў сярэдзіну натоўпу, дзе стаяла Роза. Дуня і цяпер яшчэ не бачыла Розы, яе засланялі сабой салдаты. Усё роўна як нездаволеная тым, што яе не заўважаюць і не даюць праходу к сяброўцы, Дуня асцярожна, але рашуча распіхнула локцямі крайніх немцаў, што стаялі спіной да яе, і пачала праціскацца далей. Яе не затрымлівалі. Здавалася, нават з ахвотай прапускалі ўсярэдзіну, адно кіне хто з салдат нібыта здзіўлены позірк, а тады адвернецца, каб пачуць да канца размову, якая пакуль не давала вынікаў. Але вось Дуня прабілася наперад, абвяла дакорлівым позіркам вакол сябе і, звяртаючыся да Розы, сказала з тым жа дакорам, што быў у вачах:
— Якая бессаромная! Мы цябе чакаем тама, а ты!..
Яна, нават сама не думаючы таго, зрабіла выгляд, што Роза знарок тут бавіцца, а не тое, што яе затрымліваюць. Пры гэтым Дуня ўжо зусім не баялася — выйшла наадварот, пакуль працярэблівала сабе дарогу, распіхваючы локцямі немцаў, то ў адзін, то ў другі бок, страх, з якім яна падыходзіла сюды, перастаў калаціць яе, і яна адчула ў сабе здольнасць спакойна стаяць у чужым акружэнні і не менш спакойна разважаць. Яна толькі не здагадвалася, што сярод немцаў не было ніводнага, хто б ведаў яе мову. Таму, кінуўшы Розе гэтыя колькі слоў, яна тут жа, як раўнюткая, пачала ўшчуваць... немцаў, якія цяпер, убачыўшы яе пасярод свайго натоўпу, акурат збянтэжыліся.
— Што вы чапляецеся да яе? Ёй ісці трэба, вунь бабы стаяць, чакаюць, а вы затрымліваеце!
Ушчуванне яе, вядома, прагучала нібыта ў скляпенні, адкуль перад тым павыходзілі людзі; але рашучасць, з якой паводзіла сябе сярод немцаў Дуня, не магла застацца не заўважанай, яна адбівалася перш за ўсё на твары яе, а наймацней у голасе, у тым амаль незалежным тоне, які ўдалося ёй узяць ці не адразу. Немец у акулярах, да якога яна звярталася, нават не думаючы, што гэта ён тут цяпер за галоўнага,— проста раней ён стаяў насупраць Розы, а цяпер, калі была тут і Дуня, апынуўся і насупраць Дуні,— дык гэты немец, бадай, быў першы, хто адчуў яе тон. Здавалася, чужая незалежнасць павінна была б раззлаваць яго, аднак ён не раззлаваўся, толькі абурана, усё роўна як вымушаны быў тлумачыць ёй, сказаў, паказваючы на Розу:
— Зі іст юдын?23
Не ў прыклад Розе Дуня адразу ўцяміла сэнс аднаго з гэтых слоў — «юдын». Дарэчы, Роза цяпер таксама зразумела немца, можа, якраз таму, што побач стаяла сяброўка. Дуніна рашучасць, з якой яна прабілася сюды, у сярэдзіну круга, і з якой паводзіла сябе тут, нарэшце вярнула Розе здольнасць нармальна, без утрапёнасці, што туманіла розум, валодаць сабой. Але яна чамусьці не спалохалася, адкрыўшы раптам, што немцы палічылі яе за яўрэйку. Яна толькі дужа здзівілася гэтаму, і на твары яе адбілася новае хваляванне, ніколькі не падобнае на ранейшае, калі нічога не ведала і ні пра што не здагадвалася. Амаль гневаючыся, яна з неўразуменнем бліснула вачамі на Дуню, сказала, акурат скардзячыся, з надрывам:
— Што яны выдумваюць? Якая яўрэйка я? Скажы хоць ты ім, а то да цёмнага будуць трымаць, не адпусцяць.
— Ладна, я скажу,— кіўнула ёй разважлівая Дуня.— Але пакуль гаварыць ды тлумачыць буду, ты не стой, бяжы хутчэй адсюль. Бяжы вунь к бабам.
— Як ета?
— А так што, бяжы, і ўсё тута! — злуючыся на Розіну някемлівасць, ажно павысіла голас Дуня.
Роза згодна кіўнула галавой, хоць наўрад ці па-сапраўднаму думала над тым — бяжы, і ўсё тут!.. Адно — сказаць. Зусім другое — зрабіць гэта, калі вакол, амаль плячо ў плячо, ды яшчэ ў некалькі радоў, стаяць салдаты, якія не толькі не разумеюць цябе, але і варожа настроены. Ды і прысутнасць знаёмага і блізкага чалавека, як ёй здавалася, рабіла знаходжанне тут не такім ужо небяспечным.
Немцы чакалі, між тым, адказу. Але ўжо не ад Розы, не. Яны чакалі сабе адказу ад гэтай русявай і мілай з выгляду жанчыны, дарма што славянкі, якая не пабаялася прыйсці сюды сама і стаць побач з яўрэйкай. Смелы і, здавалася, неразважлівы ўчынак падзейнічаў на іх, таму яны нават не сталі чыніць перашкоды, калі жанчыны пачалі перамаўляцца паміж сабой на не зразумелай для іх мове.
Дуня даволі хутка ўцяміла, што цяпер менавіта ад яе немцы чакаюць адказу. Якраз таму яна і сказала Розе, каб тая непрыкметна падавалася да верамейкаўскіх баб. Але яна не запярэчыла немцам адразу, спачатку сама была збіта з панталыку — чаго-чаго, а гэтага, што выдумалі цяпер пра Розу, і ўявіць цяжка. Думала, немцы, дурэючы, і праўда кінуліся ў забаву. На справе ж выходзіла іначай.
— Не, пан, Роза — не юда,— нарэшце сказала Дуня, гледзячы скрозь шкельцы акуляраў у нецярплівыя вочы высокага немца.— Яна не яўрэйка. Яна — наша. Мы ж з адной вёскі, дак і яна беларуска, як і ўсе мы тама. Не, пан, Роза...
Яна яшчэ не паспела давесці сваё, як убачыла — чыесьці закасаныя па локці рукі пацягнуліся спераду да Розы, гатовыя ўчапіцца ёй у кучаравыя, схопленыя на патыліцы карычневай стужкай, валасы; зноў загаманілі, ажно закрычалі кругом чужымі галасамі салдаты; Дуня ад гэтага вэрхалу схамянулася і ў той жа момант зразумела, што словы яе займелі нейкае адваротнае дзеянне. Яшчэ не ведаючы дакладна, у чым справа, яна памкнулася загарадзіць сабой сяброўку і найперш з усяе моцы, на якую хапіла замахнуцца, пляснула немца па закасаных руках.
— А лю-юдзечкі, што ж ета ро-обіцца! — услед за гэтым у бяссільнай роспачы залямантавала кабета, акурат спадзявалася, што нехта блізка пашкадуе.
Але прыйсці на дапамогу не было каму, нават калі б хто і памеў адвагу,— акрамя верамейкаўскіх баб, якія стаялі гуртам на дарозе, на ўсёй гэтай вуліцы, занятай нямецкімі салдатамі і грузавікамі, не траплялася воку ніводнай іншай душы.
Тыя ж закасаныя рукі, што не дацягнуліся да Розы,— яны адно пахіснуліся ўніз ад удару жанчыны,— не меняючы напрамку, тыцнуліся Дуні ў грудзі, і Дуня адчула, як учэпістыя пальцы пачалі сціскаць шаўковую блузку, загаляючы і здзіраючы яе са спіны. Дасюль Дуня рабіла ўсё акурат неўзнарок, падпарадкоўваючыся толькі кароткім унутраным штуршкам, якія хутчэй былі вынікам не заўсёды асэнсаванага пратэсту — дзіва што, крыўдзілі яе сяброўку! — а тут зразумела раптам, што небяспека ўжо стала пагражаць самой. У момант яна напружынілася ўся, налілася непрытворнай, а ўжо сапраўднай злосцю і моцна ўхапіла немца за запясці коўзкіх ад насычання бензінам рук, патрымала іх у адным становішчы, быццам яшчэ не цалкам верачы, што падолее мужчыну, тады моцным штуршком уніз адарвала ад сябе, ажно паляцелі ў самой, быццам пырхнулі адкуль, эмалевыя гузікі з блузкі. Цяпер, калі ніхто не гнуў яе галаву кнізу, Дуня ўбачыла немцаў твар, перш за ўсё чырвоную, у палец шырынёй, палоску пад левым вокам, якая, няйначай, была нейкім абгарэлым следам,— альбо ў дзяцінстве падпякло блазнюка чым, альбо ўжо цяпер, на вайне, зачапіла,— затым вочы, мутныя і набрынялыя невыразнай вадкасцю, усё роўна як у п’янага, бо ў іх не толькі было прыкметна разумнага бляску, але і жывой рухомасці. Здавалася, гэтага намагання яе хапіла ўжо, каб немец зусім адчапіўся. Ды дзе там! Той нават і не збіраўся адступаць. Праз нейкі момант ён ужо зноў пачаў выпростваць да яе свае закасаныя, з растапыранымі пальцамі рукі, наважваючыся ўхапіцца за расхрыстаныя грудзі, на якіх яна не паспела захінуць блузку. Тады Дуня рашылася на самае простае, да чаго звяртаюцца ўжо ў апошнім выпадку ўсе жанчыны,— раптам з агідай плюнула гвалтаўніку ў твар. Але гэта было ўжо, як кажуць у такім разе, зусім занадта. Нават немец у акулярах, які лічыўся ці не старэйшым у іх, і той падаўся назад, баючыся, што калі не адумаецца і не сціхне гэтая жанчына, то наступны плявок атрымае ён, як самы, бадай, блізкі.
— Фэстнэмэн!24 — крыкнуў ён зрывістым голасам і для пэўнасці яшчэ ўзняў на ўзровень сваіх вачэй вывернутую вонкі далонь, маючы намер засланіцца так.
Дуня больш не абаранялася ад немцаў і сама не нападала. Здавалася, у яе кончыліся сілы, і яна ўжо няздольная стала на супраціўленне. Таму яна дазволіла двум немцам, якія кінуліся да яе па толькі што пачутай камандзе, заламаць за спіну сабе рукі, а сама, яўна стыдаючыся, пачала захінаць барадой на грудзях блузку, спрабуючы дацягнуцца такім чынам да абедзвюх манішак.
Немцы, папіхваючы адзін аднаго то плячамі, то спінамі, тут жа расступіліся на бакі, утвараючы ў натоўпе праход, а тыя два салдаты, што заламалі за спіну Дуніны рукі, штурханулі Дуню наперад, павялі па гэтым праходзе. Не засталіся стаяць на месцы і астатнія немцы, што складалі дасюль натоўп. Яны таксама з неспакойнай гаманой рушылі ўслед, утварыўшы цэлую працэсію. У выніку атрымалася так, што на нейкі час немцы забыліся пра Розу, і яна засталася на абочыне дарогі, адна. Стаяла і з жахам сачыла за тым, што будзе з Дуняй далей. Вось немцы нарэшце давялі Дуню да крайняга грузавіка, і хоць там была металічная прыступка, але яны яшчэ адкінулі і задні борт. Дуня вызваліла рукі, мусіць, ёй ужо не заміналі гэта зрабіць, азірнулася па баках, усё роўна як развітвалася з усім, што навокал, тады паставіла калена на край адкінутага борта і, хапаючыся за дно кузава, сама палезла ўсярэдзіну, пад тэнт. За ёй лёгка скочылі туды і тыя два немцы, што вялі яе сюды. Яны адразу засланілі сабой у кузаве Дуню, і Роза колькі ні прыўзнімалася на дыбачкі, каб стаць вышэй, але не магла ўбачыць сяброўку.
За сябе Роза не баялася. У яе чамусьці было такое разуменне, што недарэчнасць, якая здарылася з ёй, больш не паўторыцца і што немцы пакінулі яе ў спакоі свядома. І наогул, па прастаце душэўнай Роза схільна была думаць, што ўсё-ткі дарэмна Дуня гэтак неразумна павяла сябе, урэшце, яна б, Роза, і сама паступова неяк выбавілася б з нечаканай пасткі, няхай нават што палічылі яе за яўрэйку, бо ці мала што выдумаць можна, калі меркаваць пра чалавека толькі па знешняму выгляду. Але ж на самой справе яна ніякая не яўрэйка, значыць, і баяцца надта няма чаго. Нябозе зусім няўцям было, што адно ўжо імя — Роза, якое, нічога не падазраючы, вымавіла яе сяброўка, узбурыла немцаў дарэшты. Не здагадвалася яна і пра тое, што пройдзе ўсяго некалькі хвілін, і немцы спахопяцца, зноў успомняць пра «юду», бо сам учынак, які зрабіла Дуня, кінуўшыся бараніць яе, будзе разглядацца як недапушчальны крымінал — супраціўленне вермахту і свядомае спачуванне яўрэям... А пакуль пра Розу яшчэ не ўспомнілі немцы, то яна стаяла сабе ціха на месцы, быццам пакінутая восеньскай чарадой пакалечаная птушка. Роза чула, як ужо колькі разоў нясмела, бы ў кулак, гукалі яе верамейкаўскія бабы, што тоўпіліся воддаль, за скрыжаваннем, але яна чамусьці нават не паварочвала ў іхні бок галавы, акурат баялася, што яе пачнуць ушчуваць там ды вінаваціць ва ўсім. Можа, якраз гэта вось адчуванне і падказала ёй нарэшце зрабіць іначай — паспяшыць не туды, куды клікалі яе спадарожніцы, а наадварот, падацца да грузавіка, дзе знаходзілася пад вартай Дуня Пракопкіна. Паволі і зусім непрыкметна, усё роўна як не ў сваім розуме, маладая салдатка пачала перамяшчацца з абочыны на дарогу, тады бліжэй да плота. Калі нарэшце яна апынулася на паўдарозе да грузавіка, раптам нехта аклікнуў яе з гарода — проста, узяў ды выгукнуў штосьці зусім невыразнае, ды кашлянуў, пэўна, адно каб прыцягнуць у свой бок увагу. Роза зразумела гэта, тут жа кінула скоры позірк на плот. Там, за рэдкім зялёным хмызам, можа, насаджаным маліннікам, скрытна стаяў чалавек. Відаць, то быў мясцовы жыхар, гаспадар хаты, што знаходзілася па левы бок вуліцы, ад скрыжавання другой па ліку; хата тулілася ў зацені старых ліп, на якіх віселі, прымацаваныя да ствалоў, пакрытыя бяростай круглыя вуллі. Круцячы галавой па баках, чалавек клікаў Розу пальцамі да сябе, выразна даючы зразумець, што мае нешта сказаць ёй.
— Ты што ж гэта робіш? — пачаў гаварыць ён паспешліва і паўшэптам, калі Роза падышла па яго знаку да плота.— Уцякай, пакуль не позна! Уцякай, дзеўка!
Ці то гэты паўшэпт вывеў яе з душэўнага здранцвення, ці то ён з’явіўся толькі зыходным штуршком, нават не штуршком, а тым псіхафізічным момантам, якога яна ўнутры, можа, сама несвядома чакала, аднак Роза раптам сапраўды памкнулася бліжэй да плота. Затрымалася перад ім на момант, а тады ўхапілася абедзвюма рукамі за верхнюю жардзіну. Пералазіла яна цераз плот па-жаночы, не адразу і скокам, як робяць гэта звычайна мужчыны, а паступова, лучаючы нагамі ўгору па кожнай прыступцы. Немцы ў гэты час, няйначай, заняты былі размовамі пра здарэнне, якое толькі што адбылося, таму Роза зусім без перашкоды пералезла па той бок плота і, падхапіўшы левай рукой падол шырокай спадніцы, пабегла мяжой па гародзе, забылася нават пра чалавека, які, уласна, падказаў ёй гэтак ратавацца. Бегла яна няспрытна, чаплялася за бульбоўнік, што аплятаў мяжу, да таго ж гарод выгляд меў узгоркавы, схілам спадаў да вуліцы, і бегчы ўвесь час даводзілася ўгору. Неўзабаве Роза адчула, як горыч пачала захаланаць ёй у сярэдзіне грудзі. Ёй бы па сіле якраз спыніцца цяпер, каб хоць перавесці дыханне, а яна ўсё бегла і бегла. Нарэшце адолела пагорак. Думалася, па роўным ужо будзе нашмат лягчэй уцякаць, аднак адразу за ўзгоркам пачынаўся нечы другі гарод, хоць і без плота, ды ўзараны ўпоперак мяжы, па якой дасюль шыбавала Роза. Горыч, якая спярша нібыта заткнула адны грудзі, цяпер працінала як не наскрозь усё нутро, а сэрца, здавалася, вось-вось праб’е збоку грудную клетку, выпырхне адтуль спалоханай птушкай. Ды і ногі зрабіліся зусім непаслухмяныя, яны не тое што адубелі ці падкошваліся ад знямогі, проста ажно балелі, усё роўна як перад гэтым вытрымалі вялікі цяжар на сабе. Роза яшчэ прабегла гэтак трохі ўздоўж разоры, павярнуўшы на новым гародзе направа, тады прымусіла сябе спыніцца.
Сонца якраз вісела над тым пагоркам, па якім Роза толькі ўзбегла сюды. Цяпер ён засланяў усю местачковую вуліцу, дзе стаяла нямецкая калона. Можна было спадзявацца, што немцы таксама не маглі бачыць яе адтуль. Але ж там, пасярод вуліцы, засталіся верамейкаўскія бабы!.. Таксама недзе ў грузавіку сядзела Дуня Пракопкіна, якая адна цяпер мусіла адказваць за ўсё!.. Роза адно толькі ўявіла, што можа здарыцца па яе віне, як раптам закалацілася ўся ў адчаі і, слепнучы ад горкіх слёз, бухнулася ніцма ў разорыну. Хоць яна і ўсведамляла сваю бездапаможнасць, хоць яна і разумела, што мала чаго можа, аднак у душы не збіралася доўга хавацца тут, на гэтых незнаёмых гародах, ёй здавалася — яна толькі паляжыць трохі наводшыбе, а затым вернецца назад, на вуліцу, няхай ужо будзе там што будзе!.. Ды і ў дачыненні да Пракопкінай Дуні льга было захаваць звычайную чалавечую прыстойнасць, тая не спалохалася і не падумала пра сябе, калі ішла на выручку ёй!.. Тым часам міналі хвіліны, а Роза ляжала нерухома ў разорыне, быццам не магла хоць колькі адарваць ад зямлі сваё непаслухмянае, нягнуткае цела.
* * *
Між тым, немцам нарэшце спатрэбілася гэтак нечакана злоўленая «яўрэйка». Але на абочыне местачковай вуліцы яе не было ўжо. Тады яны кінуліся шукаць Розу па дварах, якія стаялі абапал старога тракту. Разбегшыся па тры, па чатыры, заклапочаныя салдаты ўрываліся з рашучымі тварамі ў хаты, шнарылі скрозь па хлявах, заглядвалі ў паграбы. Аднак дарэмна — Розы нідзе не знаходзілі. Адзіны, хто мог штосьці канкрэтнае сказаць пра яе, быў той чалавек, што нядаўна цікаваў на гародзе з зялёнага хмызу. Але і яго не відаць было на ранейшым месцы — гаспадар сігануў з малінніку адразу, ці не следам за Розай, толькі не пабег далёка па гародзе, а павярнуў да сябе ў хату. З акна адтуль яму было відаць усё — і як немцы неўзабаве замітусіліся вакол, шукаючы знікшую «яўрэйку», і як вясковыя кабеты, што прыйшлі з ёй у Яшніцу, змаўляліся аб нечым на дарозе. Яму толькі дзіўна зрабілася, чаму пры такой сітуацыі гэтыя кабеты ўсё яшчэ не разбегліся, адно стаяць ды талопяць, быццам неразумныя авечкі, на немцаў вочы.
Вядома, здзівіцца хоць з чаго не надта цяжка, асабліва калі ёсць на гэта падстава. Але, як падумаць, то зразумець верамейкаўскіх кабет таксама можна было — куды раптам пойдзеш адсюль, калі дзвюм спадарожніцам пагражае небяспека? Натуральна, яны не ведалі, чым канкрэтна магла пагражаць і Дуні, і Розе небяспека, бо ніхто з кабет не бачыў нават збольшага, што адбылося — усе запомнілі толькі, як спярша дураслівы немец злавіў каля плота і сілай павёў за руку цераз дарогу Розу, затым туды на выручку сяброўцы накіравалася Дуня... І вось цяпер не было ні Розы, ні Дуні!.. Праўда, Дуня ў грузавіку. За гэтым ужо верамейкаўскія жанкі пастараліся прасачыць акурат. А Роза дык і зусім знікла з вачэй, падобна было, што яна альбо ўцякла, альбо проста схавалася дзе паблізу, вось толькі ніхто не згледзеў, як ёй удалося зрабіць гэта: немцы, здавалася, наогул забыліся пра яе існаванне, а верамейкаўскія кабеты, пераканаўшыся, што яна не абзываецца — ні рухам, ні голасам — на іхняе гуканне, звялі вочы з салдаткі ў другі бок, пачалі назіраць за немцамі.
Немцы, між тым, сапраўды колькі хвілін паводзілі сябе спакойна, усё роўна як у іх і ў галовах не было нічога пра нядаўні інцыдэнт. Магло здавацца, што наогул ніякага выпадку не адбылося, і Дуня Пракопкіна трапіла ў грузавік зусім па добрай згодзе, па сваёй ахвоце, дальбог, хоць падумай: няйначай, гэтыя маладыя немцы ўгаварылі яе паехаць кудысьці разам, быццам казакі тую Галю... Але вось аднекуль з галавы калоны прыбег да скрыжавання унтэр-афіцэр, той самы немец у акулярах, што дапытваў спярша Розу, пасля — Дуню, і тады, каля аўтамашыны зноў прыйшло ўсё ў рух. Было відаць, як салдаты пачалі недаўменна круціць галовамі, азірацца вакол, нарэшце забегалі ўдоўж вуліцы. Пакуль унтэр-афіцэр звярнуў увагу на верамейкаўскіх кабет і падумаў, што «яўрэйка» за гэты час, як ён бегаў дакладваць аб інцыдэнце камандзіру роты, магла далучыцца да іх, салдаты паспелі абшукаць вуліцу ўдоўж платоў, і па той і па гэты бок, перавярнулі ўсё ўверх дном у бліжэйшых дварах. Да верамейкаўскіх кабет унтэр-афіцэр падышоў у суправаджэнні чамусьці толькі двух салдат, сярод якіх быў той Макс, што пачынаў нядаўнюю гульню-забаву. Праз яе тады і пачалося ўсё. Макс гэты стараўся цяпер найбольш — падскокваў да кожнай жанчыны, пільна ўглядаўся ў твары, наогул неяк празмерна мітусіўся, усё роўна як адчуваў за сабою віну. Унтэр-афіцэр таксама акурат не знаходзіў сабе месца — яму край неабходна было адшукаць «яўрэйку» вось зараз, гэтую ж хвіліну, бо камандзір роты не захацеў займацца нечакана ўзнікшай справай, ды і не было калі, таму што канчаўся адведзены на прыпынак у гэтым мястэчку час, і загадаў перадаць абедзвюх кабет — і злоўленую «яўрэйку», і тую, што аказала супраціўленне ягоным салдатам пры затрыманні «яўрэйкі»,— альбо ў штаб тылавога раёна, дзе па штату ёсць чыны палявой жандармерыі, альбо проста ў тутэйшую камендатуру ці нават у паліцыю.
«Вэг! — нарэшце ўзбурыўся сваёй няўдачай унтэр-афіцэр, і Макс з другім салдатам кінуліся адпіхваць аўтаматамі верамейкаўскіх баб.— Вэг!»25
«Вэг!» — з нейкай зацятай ахвотай паўтаралі яны, акурат ляскалі пугамі, кароткае унтэр-афіцэрава слова і ўсё далей адпіхвалі аўтаматамі баб, ажно пакуль не загналі ўсіх у бакавую вулачку, вузкую і кароткую, звычайны завулак, што недзе злучаў сабой другую, паралельную гэтай, вуліцу.
Зноў, як і на тым скрыжаванні, верамейкаўскія кабеты збіліся ў гурт, але не шумелі, стаялі моўчкі, толькі некаторыя, найбольш трапяткія і жаласлівыя, ціха ўсхліпвалі ды выціралі рукамі вільготныя ямкі пад вачамі.
Неўзабаве стала чутно, як на скрыжаванні загурчалі маторы, адразу запахла скрозь дымам, які неўпрыкмет паплыў на местачковых гародах. Можна было здагадацца, што нямецкая аўтакалона нарэшце збіралася рушыць далей. Але жанчыны яшчэ доўга не адважваліся падысці па завулку ды глянуць уздоўж шляху. І толькі тады, як шум матораў аддаліўся ад скрыжавання і пачаў паступова сціхаць, смялейшыя з верамейкаўскіх кабет набраліся духу датупаць да таго месца ў завулку, адкуль направа і налева праглядвалася ўдоўж сама вуліца. Ад скрыжавання яна ішла ўгору, дужа гарбацілася за якога паўкіламетра адсюль і ўся была пустая, адно ў прыдарожнай канаве, якраз насупраць таго двара, дзе на ліпах віселі вуллі, ляжала нейкая скрыня.
— Ну, што? — падышла да смялейшых кабет і Анэта Прыбыткова.
— Не відаць,— не паварочваючы галавы да яе, а ўсё гледзячы ў той бок яшніцкай вуліцы, куды зніклі за пагоркам нямецкія грузавікі, адказала Варка Касперукова.
— Во нарабілі бабы клопату! — зусім пасмялеўшы, абурылася тады Кузьмова нявестка.
— Каб жа аднаго клопату! — дакорліва паківала галавой Гэля Шарахоўская і раптам схапілася рукамі за твар, быццам збіралася загаласіць.
— Ну, Дуню павезлі яны,— маючы на ўвазе немцаў, разважыла Варка Касперукова.— А дзе ж Роза?
— Дак можа і Розу тады павезлі з сабой? — усё роўна як спыталася ў самой сябе раздумлівым голасам Прося Рацэева.
— Наўрад ці...— адразу ўсумнілася Анэта Прыбыткова.— Хто ж ета бачыў?
— А хто іх ведае,— развяла рукамі Гэля Шарахоўская.— Можа, й павезлі...
— Дак чаму тады немцы ўзбегаліся былі? — не пераставала сумнявацца Кузьмова нявестка.— Во і нас загналі сюды. Можа, якраз Розу шукалі? Не, бабы, так не трэба гаварыць. З Дуняй — тут усё, здаецца, ясна, яе немцы павезлі з сабой на машыне, а Роза...
— Анэта праўду кажа,— падтрымала Кузьмову нявестку Палага Хахлова.
— Яй-бо, Розу немцы шукалі,— пачалі падаваць упэўнены голас і другія кабеты.
— Анягож...— паступова згаджаліся амаль усе. Варка Касперукова кіўнула галавой:
— Ета ж каб і праўда з нармальнымі людзьмі справу меў. А то ж немцы!.. Што яны табе скажуць на сваёй мове? Да і ім што ты ў адказ скажаш? Адно і чуеш — гер-гер...
— Як ужо так выходзіць у нас, дак лепей было б нам і саўсім не ісці сюды,— уздыхнула, зажурыўшыся, Анэта Прыбыткова.— Тады ў тым Ключы праява выйшла, а цяпера й тута. Вярнуліся б яшчэ з Ключа тады, дак...
— Дуня як прадчувала, не хацела ісці.
— Дак...— Анэта пастаяла задуманая, тады і сама быццам асуджаць Дуню пачала: — Я таксама етак вам скажу — трэба вярнуцца было.
— Але ж каб ета знаццё!..
— Ага, каб знаццё! — пачалі бедаваць бабы. Аднак стаяць у завулку і разважаць доўга тым часам не выпадала.
— Ладна, бабы! — гледзячы з-пад рукі на сонца, спыніла дарэмныя нараканні Варка Касперукова.— Бяду з вамі цяпера во, етую мінуту, мы не паправім. Давайце думаць, што рабіць далей.
— Трэба пашукаць Розу...
— Што Роза? — Варка нахмурыла чорныя бровы, якія на яе светлым твары былі ўсё роўна як непрывычныя.— Роза, калі што якое, калі яна і праўда схавалася дзе, дак Роза выйдзе, сама неўзабаве будзе шукаць нас. Але што нам рабіць? Можа, пакуль што да чаго, дак сходзім да таго лагера? Трэба ж неяк паглядзець, ці ёсць нашы тама, каб пасля дарэмна не думалася.
— Тады зробім так,— пачала распараджацца Анэта Прыбыткова.— Вы ўсе ідзіце да царквы, вунь, бачыце, булавы дзе тырчаць, дак вы зараз ідзіце туды. Лагер недзе ля царквы. А я тым часам тута пабуду. Можа, Роза адкуль вынікне. Не сядзець жа ёй да самага вечара ў схроне. Дак я і прывяду яе адразу к вам. І пра Дуню яна ўсё скажа. Толькі глядзіце, бабы, ужо і майго тама, можа, й мой трапіцца, дак скажыце, што я таксама з вамі прыйшла.
— Не,— упарта замахала рукамі Варка Касперукова,— не дзела ты зараз гаворыш, дзеўка! Трэба неяк разам трымацца. Альбо тута застанемся стаяць усе, альбо наадварот — пойдзем туды разам. А то пагубляемся ўсе ў етай Яшніцы і знаць пасля не будзем, хто дзе. Хопіць ужо і таго во, што Дуні з Розай няма. А цяпера ты во нешта такое захацела. Каб і самой трапіць у якую неспадзяванку. Не, Анэта, і не думай заставацца. Пойдзем з намі. Во паглядзім на той лагер, пашукаем сваіх, а тады ўжо кінемся ўсе па слядах. Не вяртацца ж нам без кабет у Верамейкі. Колькі сірат адразу наробім тама! У Дуні двое заплачуць у хаце, і ў Розы таксама...
Але Анэта не краналася з месца. Тады Варка Касперукова паклала ёй руку на спіну і лёгенька падпіхнула наперад.
— А ма-а-амачкі мае-е!..— як не заплакала зрушаная з месца Анэта.
— Цыц! — строга сказала ёй Варка, нібыта і праўда занепакоеная тым, што салдатка зараз пачне лямантаваць.— Слязьмі не паможаш. Можа, яшчэ ўсё абыдзецца. Я вось толькі думаю, дарэмна тады Дуня сама пайшла да немцаў. Роза б і адна выбавілася ад іх. Ну, падурэлі б трохі, а тама й адпусцілі.
— А я думаю,— яшчэ больш скрывілася Кузьмова нявестка,— што ета мы вінаваты. Каб пайшлі на выручку ўсе разам тады, а не адна Дуня, дак... Можа б, і не здарылася такое.
— Думаеш, мне не шкода нашых баб? Думаеш, адна ты такая жаласная да харошая?
— Дак...
— Усім нам шкода іх,— уздыхнула Варка Касперукова.— Але што цяпера зробіш? І наогул, хто ведае, што цяпера рабіць? Ну, будзем блукаць па мястэчку да вінаватых сярод сябе шукаць, а тады што? Не, лепей і праўда мы зараз во сходзім сабе к таму лагеру, паглядзім мужыкоў, пасля ўжо прыкідваць станем, што да чаго.
Лагер ваеннапалонных у Яшніцы сапраўды быў ля царквы, дакладней, у самой царкве, даўно непрыгоднай для службы. Але яшніцкая царква мела яшчэ і старую агароджу, таму лагерам называлася ўсё разам — і дзіравы з даху будынак царквы, і агароджаны царкоўны двор. Побач размяшчалася кірмашовая плошча.
У сярэдзіне мястэчка, на вуліцах, ужо сустракаліся людзі, па ўсім тутэйшыя — яшніцкія жыхары. Але ніхто з местачкоўцаў надта не дзівіўся з вялікага гурту чужых кабет, бо такое цяпер нярэдка даводзілася бачыць.
Плошча з краю да краю была пустая, і тым з верамейкаўскіх кабет, якія траплялі сюды раней, яна бачылася такой, бадай, упершыню: у кірмашовыя дні тут заўсёды поўна, ажно іншы раз не пратачыцца, народу, таксама вазоў, на якіх прывозяць прадаваць у мястэчка ў драўляных скрынях гусей, свіней ды іншую хатнюю жыўнасць. У вокнах местачковых дамоў, што стаялі прыбудовамі шчыльна адзін да аднаго, адсвечвала трапяткой ружовасцю сонца, якое дагарала сёння акурат над старым, парослым крывулямі-вербамі валам, насыпаным яшчэ ці не ў Паўночную вайну, калі ў гэтых месцах Пятровы войскі адбівалі ад Масквы шведаў. Больш як за дзвесце гадоў вал ужо амаль зраўняўся з плошчай, і толькі па старых вербах угадваўся колішні абрыс яго. Двухгаловая цагляная царква, што вонкава нагадвала хутчэй касцёл, узвышалася з паўднёвага боку кірмашовай плошчы, таму сонца высвечвала яе ад самага мармуровага цвінтара да канічных купалаў, на якіх блішчалі пустацелыя, акурат выгнутыя з дроту, крыжы. Агароджа вакол царквы стаяла з керамічных сотаў, і праз іх скрозь праглядваўся царкоўны двор, па якім ляніва, як тыя манахі, сноўдалі палонныя ў чырвонаармейскай форме. На далёкім рагу агароджы, там, дзе цераз дарогу да яе туліліся местачковыя двары, была ўзведзена назіральная вышка, збітая з дошак і паднятая ўгору на драўляныя слупы. На вышцы стаяў і глядзеў на верамейкаўскіх кабет вартавы немец з наведзеным на плошчу кулямётам.
Салдаткі на нейкі момант замуліліся на сярэдзіне плошчы — ісці альбо не ісці далей, але ўсё ж перамаглі ў сабе атарапеласць, якая ўзнікла пры выглядзе гэтай вышкі з узброеным вартавым. Набліжаліся яны да лагера, жагнаючы сябе кожная правай рукой, быццам і на самой справе ў думках цяпер нічога не было, акрамя царквы гэтай ды госпада бога.
Між тым, палонныя таксама ўгледзелі новы гурт вясковых кабет яшчэ на плошчы, здаецца, хтосьці нават гукнуў пра гэта на ўвесь двор, бо з царквы адразу ж пачалі з’яўляцца постаці ў чырвонаармейскай форме. Усе яны — і тыя, што бадзяліся дагэтуль па двары, і тыя, што хаваліся ў будынку царквы,— накіроўваліся насустрач кабетам, да керамічнай агароджы. Пакуль жанчыны перасякалі плошчу, падыходзячы да самага лагера, з таго боку ля агароджы паспелі пастаць ледзь не ўсе насельнікі двара. Іх было няшмат, сотні дзве, калі трохі не болей. Палонныя былі даўно не стрыжаныя і не голеныя, мелі выгляд змарнелых людзей, хоць і не зусім такіх, каб не трымацца на нагах. Справа ў тым, што ў яшніцкім лагеры палонным ужо давалі харчу для падтрымання сіл, каб людзям не толькі жыць тут, на гэтым царкоўным двары, але таксама хадзіць на работу — на лесапільню, на бальшак, дзе кожны раз даводзілася засыпаць усё новыя і новыя калюжыны ды выбоіны ад гусеніц і колаў, на павал лесу. Да таго ж і сам тутэйшы лагер быў невялікі. Словам, у гэтых палонных пакуль яшчэ някепска трымалася душа ў целе. Але вочы ва ўсіх, на каго ні паглядзець, былі сумныя, як у сапраўдных нявольнікаў.
Па тым, што вартавы на назіральнай вышцы свабодна дапусціў верамейкаўскіх кабет да агароджы лагера, дзе па другі бок стаялі ваеннапалонныя, можна было адразу зрабіць вывад, што гэтакае тут адбывалася часта, прынамсі, ужо не першы раз. На нейкі час кабеты і палонныя, здавалася, наогул былі пакінуты без увагі. І толькі хвілін праз колькі з невялікай хаткі, дзе раней, мусіць, змяшчалася царкоўная гаспадарка, выйшаў нямецкі салдат з аўчаркай на повадзе і аўтаматам на грудзях. Ён таксама не кінуўся адганяць кабет ад агароджы. Трымаючы няўрымслівую аўчарку на повадзе, пачаў моўчкі і няспешна пахаджваць паўз дапаўшых да агароджы кабет. А тыя за гэты час, пакуль іх ніхто не чапаў, ажно пасмялелі зусім — перабягалі з месца на месца, каб лепей бачыць твары палонных, гукалі.
Перш чым назваць Івана, Варка Касперукова гучна спытала:
— З Верамеек ёсць сярод вас? Можа, Пармен Пракопкін альбо Іван Самусь? — Гэта яна клапацілася пра сябровак, якія не дайшлі да лагера.— А Каспярук Іван? Ёсць Каспярук ці не? Кажу, з Верамеек ёсць сярод вас хто?
Але верамейкаўскіх мужыкоў у яшніцкім лагеры не было.
Тады Прыбыткова Анэта пачала дапытвацца ў кожнага, абы злавіла чый позірк на сабе:
— Можа, хто сустракаў нашых? Верамейкаўскіх?
Нарэшце адзін, высокі і вузкі ў плячах, з акуратнай чорнай барадой палонны нібыта злітаваўся, сказаў:
— Тут мясцовых няма. Прыходзілі вось так, як і вы, жанчыны і забіралі сваіх. Хоць, зрэшты... А чаму яны павінны быць у лагеры? Можа, ваююць? Вам хто-небудзь сказаў, што яны ў палоне?
— Не, ніхто не гаварыў.
— Дык чаму вы тады шукаеце?
— Ну як жа... Ета ж... мужыкі нашы!.. Хто ж аб іх другі паклапоціцца?
— Але самі бачыце,— счакаўшы трохі, сказаў палонны,— вашых сярод нас няма. Як вы кажаце, верамейкаўскіх?
— Ага.
— А прозвішчы? Як прозвішчы мужыкоў вашых?
— Майго, напрыклад, Прыбыткоў,— з нейкай новай надзеяй сказала Анэта.— Іван Прыбыткоў. І Цімох Прыбыткоў. Ета брат мужа майго. А яе,— Анэта паглядзела на Палагу Хахлову, што стаяла побач,— яе чалавека таксама Іванам завуць. Хахол прозвішча. Іван Хахол. Можа, сустракаліся?
— Не.
— Дак, можа, на вайне сустракалі? — удакладніла Анэта, усё роўна як спадзеючыся, што палонны нешта ўспомніць яшчэ.
— Не, Прыбыткова я не сустракаў,— адказаў Анэце ваеннапалонны.
— А Хахла, Івана Хахла не бачылі? — спыталася ў сваю чаргу Палага.
Палонны пасля гэтага павярнуў галаву направа, налева і гучна спытаўся:
— Тут пытаюцца Івана Хахлова з Верамеек, не ведаеце хто? — І, не дачакаўшыся адказу, паспачуваў: — Бачыце, не сустракалі.
Між тым, зняволеныя, страціўшы цікавасць да верамейкаўскіх жанчын — маўляў, нават ніякага харчу з сабой не прынеслі, пачалі патрохі разыходзіцца ў розныя канцы па двары.
І гэты палонны, што спагадліва размаўляў спярша з Анэтай Прыбытковай, а тады і з Палагай Хахловай, якая таксама старалася хоць што якое выведаць пра свайго мужа, памкнуўся быў ужо пайсці, аднак затрымаўся быццам на момант і раптам зацікаўлена спытаўся:
— Верамейкі? Дзе гэта Верамейкі вашы?
— Дак... За Хоцімскам туды,— адказала яму Палага.— Якраз як пайсці адсюль на Бялынкавічы, а тады ажно да Малога Хоцімску.
— Далёка?
— Да вёрст каля сарака, лічы, будзе.
— Так,— сказаў як сабе палонны.
Тады не стрымалася, каб не спытацца, Анэта Прыбыткова.
— А сам жа адкуль будзеш?
— Я не тутэйшы,— усміхнуўся палонны.— Я — з Масквы.
— А-а-а,— паківала галавой Анэта, быццам яна зразумела штосьці больш за тое, што было сказана.— І колькі ж вам тута, у етай царкве, сядзець прыйдзецца?
— Мусіць, да канца вайны. Хоць... Вось каб хто з вас сказаў немцам, што я... Ну, што я таксама нечы муж.
Паварот такі ў размове зусім быў нечаканы, таму Анэта Прыбыткова ажно сумелася. Затое Палага Хахлова раптам больш уважліва паглядзела на чалавека, быццам прымерваючыся. Нарэшце вінавата ўсміхнулася.
— Дак... Мы, здаецца, не пара ўжо адзін аднаму. Хоць ты і з барадой, і зарос, але ж па вачах бачу — малады. Вось каб Анэта?
Пачуўшы гэта, Кузьмова нявестка войкнула і спалохана замахала рукамі:
— Ты не ў сваім розуме, Палага! Як ета я пры жывым мужыку да назаву другога? — яна нават не адважвалася цяпер паглядзець у той бок, дзе стаяў за керамічнай агароджай палонны.
Палага таксама зразумела, што дарэмна гэтак лёгка сватае салдатцы незнаёмага чалавека. Але перавесці гаворку на жарт і адбыцца адным ім ёй таксама не хацелася, бо чалавек не жартаваў, прасіў сур’ёзна. І яна таму памкнулася да другіх спадарожніц, пачала тузаць іх, шэпчучы ледзь не кожнай на вуха і паказваючы то кіўком галавы, то проста рукой на палоннага. Глянуўшы ў той бок, салдаткі, акурат як і толькі што Анэта Прыбыткова, войкалі ад нечаканай прапановы, сарамліва хіхікалі, быццам Палага падбівала іх на штосьці непрыстойнае.
— Але ж неяк трэба памагчы чалавеку! — нарэшце разгубілася кабета.
Страціўшы надзею ўгаварыць каго-небудзь са сваіх спадарожніц, яна тым не менш абнадзейваючы махнула палоннаму рукой, маўляў, не бядуй, усё роўна выручым, тады павярнулася да вартавога, які, быццам не зважаючы ўвагі на кабет і на палонных, тупаў непадалёк з аўчаркай на павадку.
— Пан,— пачала яна прасіць таго, хапаючы за рукаў,— тама чалавек мой. Вэнь стаіць. Аддайце мне яго.
— О, гут, гут!26 — немец зацікаўлена падышоў да агароджы, паглядзеў паўз керамічную соту на палоннага, затым павёў прыжмураным позіркам з галавы да ног па Палазе і тут жа грэбліва ўсміхнуўся: дужа яснай была розніца ва ўзросце, каб палічыць іх за мужа і жонку; але спытаўся: — Іст эс дайн зон? 27
— Так, муж, так,— не зразумела яго Палага і для большай пэўнасці замахала зверху ўніз абедзвюма рукамі.
— Найн, найн, матка,— чамусьці гулліва запярэчыў вартавы.— Кайн ман. Матка — люгт. Матка іст нэ думэ ганс 28.— І абыякава, зусім не раззлаваўшыся, што яго збіраліся абдурыць, патупаў у адваротны бок паўз агароджу.
— Дзякуй вам,— вінавата сказаў спагадлівай жанчыне палонны і сумна ўсміхнуўся: — Гэта мы дарэмна з вамі задумалі...
— А родненькі мой, чым жа памагчы табе яшчэ? — як не залямантавала збітая з панталыку Палага.
— Нічога, дзякуй і за гэта.
— Хоць бы хлеб быў які пры сабе, дак і таго няма,— усё хацела зрабіць нейкую карысную справу душэўная кабета.
У гэты момант з таго боку, ад царквы, паказаўся другі немец, але без сабакі, і аб нечым моцна закрычаў. Палонныя, хто яшчэ стаяў ля сцяны, пачалі азірацца на крык і адыходзіць на сярэдзіну двара.
Час быў штосьці пэўнае рабіць і верамейкаўскім кабетам — ніхто ж тут не спаткаў ні мужа, ні брата, ні свата...
— Можа, і праўда, нашы ў Крычаве...
Сказала гэта Варка Касперукова, але падумалі так у адзін голас усе салдаткі. Разам з тым ісці ў Крычаў адсюль ніхто з іх не планаваў — па-першае, гэта не блізка, а па-другое, ніякай гарантыі, што сапраўды апынецца хто-небудзь там з Верамеек...
— А мы думалі, цётка,— гледзячы ўсмешлівымі вачамі на Палагу, раптам нібыта ўспомніла пра няўдалую спробу Гэля Шарахоўская,— што ты... Словам, што вас адсюль сілай падручкі ўжо адводзіць прыйдзецца. Думалі, не расстанешся са сваім масквічом.
Дзіва, але нават у сённяшнім становішчы настрой у верамейкаўскіх салдатак мяняўся, як пагода ў няпэўны дзень — ужо, здаецца, і не чакаеш, а яна раптам то сонцам выблісне, то дажджом пральецца.
Апошнія словы Гэлі Шарахоўскай патанулі ў рогаце, быццам кабеты, усе без выключэння, толькі і чакалі гэтага паджартоўвання.
Палага таксама не пакрыўдзілася на іх. Толькі напусціла на сябе строгасць, сказала:
— Вам абы!..
Тым часам кірмашовую плошчу патрохі пачынала апаноўваць шэрае сутонне, відочнай адзнакай якога ўжо былі доўгія суцэльныя цені з няроўнымі макушкамі, што слаліся нізам ад местачковых дамоў і даставалі праз усю плошчу да брукаванай дарогі паўз царкву.
— Хадзем-ка мы, бабы, дамоў к сабе,— раздумліва, амаль летуценна прамовіла Прося Рацэева.
— Ага, дамоў!..— раптам спахапіліся другія кабеты і загаманілі так, быццам яны зайшлі сёння не далёка ад дому, а былі недзе за Верамейкамі, на блізкіх пожнях.
Між тым, наўрад ці забылася з іх якая, што яшчэ ўдзень згаворваліся ўсе начаваць у Трасціне. Там засталася Анюта Жмэйдава і цяпер, няйначай, чакала іх, каб пасля разам ісці двору. Але з таго часу, як была тая дамоўленасць, шмат што змянілася. Ужо не было з імі Розы Самусёвай, Дуні Пракопкінай... І хоць ніхто з кабет не ведаў, якой у гэтым становішчы можна даць рады, аднак адчуванне віны ў іх было, асабліва цяпер, калі блізка загаварылі аб доме, усё роўна як яны назнарок не збіраліся рабіць для сваіх спадарожніц, што трапілі ў бяду, нават таго, што ад іх залежала. А залежыць магло ад кожнай, таксама як і разам ад усіх, вельмі нямногае, усяго толькі трэба сумленна пашукаць па мястэчку Розу, калі тая сапраўды ўцякла, ды ўведаць нарэшце, куды павезлі немцы Дуню Пракопкіну... Разам з тым тут мелася і свая насцярога — хаджэнне такой парой па местачковых вуліцах, ды яшчэ вясковай гурмай, нарабіла б лішняга шуму, а гэта якраз зусім непажадана, бо хто ведае, якія ўскладненні могуць выйсці пасля, хто можа даць гарантыю, што зноў не прычэпіцца якая-небудзь брыда. Лепш за ўсё, вядома, было б падацца ўжо сёння ў Трасціно, пераначаваць там, а заўтра вярнуцца ў Яшніцу.
— Яно калі Роза і вырвалася, дак цяпер ужо недзе ля Верамеек,— разважала далей Прося Рацэева.
Гэты раз яе падтрымала адна Варка Касперукова.
— Ля Верамеек, можа, і не будзе, а вось за Трасцяном, дак ета ўжо да. Не будзе ж яна варон па дарозе лавіць, раз дала лататы!
Хоць некаторыя другія кабеты таксама дадалі няпэўнае:
— Да ўжо ж...
— А ў Крычаў заўтра не пойдзем? — усё роўна як асуджаючы, паглядзела тады на Варку Анэта Прыбыткова.— Сам ж кажаш: можа, нашы тама!
Варка на гэта не абазвалася.
Затое Палага раптам ціха засмяялася, сказала:
— А я як думаю сабе, дак мой Іван ваюе. Праўду гаварыў той масквіч — чаму ета ўсе салдаты павінны ў палоне апынуцца?
— Ну, ты, цётка, цяпера са сваім масквічом...
— А што?
— Дак...
— А я і праўда думаю — мой Хахол недзе ваюе. Ета вашы... Вашым што, маладым! Абы хутчэй да жонкі маладой пад крыльца. А ваююць няхай старэйшыя.
— Ну, ты ўжо на нашых, цётка, таксама не дужа нагаварвай.
— Дак пойдзем заўтра ў Крычаў, ай не? — зноў падала голас Анэта Прыбыткова, але цяпер больш настойліва, усё роўна як раззлавана, так што і не пачуць ужо нельга было.
— Раніца за вечар разумней,— адказала ёй, уздыхнуўшы, Палага.— Трэба начлегу шукаць, от што я скажу вам, бабы, ці паспеем ета мы дабегчы да таго Трасціна?
— І праўда ж, Анюта чакае...— занепакоена спахапілася Прося Рацэева.
— А Роза?
— Пагукаем і Розу.
— Што гукаць? Трэба шукаць!
— Дзе ж ты цяпера яе ўгледзеш?
— Ага, цёмна робіцца.
— Хадземце, хадзем!..
Гаворачы так, верамейкаўскія кабеты і не заўважылі, як перайшлі нанова кірмашовую плошчу ў Яшніцы.