Пра Сквапнага папа, зладзеяў і дурную пані

Зноў паромшчык юшку варыць,

Зноў паромшчык байкі баіць,

Зноў ён сказ вядзе ладком,

З люлькі пыхкае дымком.

— Дзе струмевіцца крыніца,

Некалі была капліца.

Ля капліцы — божы храм

Узнімаўся важна там...

I здалёку плытагоны

Заўважалі крыж ягоны.

Людзі йшлі з усіх старон

На званоў басісты звон.

А на Спаса ці Міколу

Там кішэла ўсё наўкола...

Клыпаў інвалід, жабрак,

Абяздолены бядак,

Маладзіца і старая —

Зблізку і з чужога краю...

I з нагамі і без ног,

Каб малебен дапамог,

З «цудадзейнае» крыніцы,

Каб глытнуць «святой» вадзіцы,

Рукі памачыць і твар,

Свой пану паднесці дар,

Чмокнуць боскае распяцце,

Каб Хрыстос зняў з іх пракляцце:

Беднасць, трасцу, нагавор,

Шчасце каб прыйшло у двор!

Пан маліўся, каб падаткі

Мог здзіраць усе да латкі.

Злодзей, каб чужы замок

Быў знаёмы назубок.

Маці, каб сынка ў салдатах

Не забілі супастаты...

Казнакрад, дзялок, ліхвяр,

I хабарнік, і жандар

Тут угоднікаў малілі,

Каб яны ім падсабілі

Прыгнятаць, тлуміць народ,

Багацець самім штогод.

Благачынны ў тым прыходзе

Быў з усімі ў ладзе, згодзе...

Шчодра адпускаў грахі

Ды складаў дары ў мяхі.

Сквапны быў айцец і ласы:

На вяндліну, на кілбасы,

На яечкі, сала, здор —

Гроб дабро ва ўласны двор.

Крыжам поп махаў старанна,

Людзям падпушчаў дурману:

«Каб пазбыцца ад грахоў,

Кожны быў каб жыў-здароў —

Запасайцеся з капліцы

Цудадзейнае вадзіцы!

Бо яна — святы бальзам,

Боская яна сляза...

Ўсе вылечвае хваробы:

Мудрым стане тугалобы,

Вырадак — прыгажуном,

Маладзіца — з жаніхом.

Невідушчы — прасвятлее,

А жабрак — разбагацее,

Грэшнік — пападзе у рай,

Толькі бога паважай.

I не наракай ніколі

На сваю цяжкую долю...

Бог збавіцель наш адзін!

Алілуя і амін!»

...А за вёскай, хлапчаняты,

Некалі стаяў багаты

Замак. Пані ў ім жыла,

Дужа набажнай была.

Ці здзяцінела, старая...

Ці ўрадзілася, дурная?

Ёй жыві ды не шманай,

А яна ірвецца ў рай...

Кожны раз каля амбона

Адбівае лбом паклоны,

Значыцца, каб сам Хрыстос

Ды яе на неба ўзнёс.

Благачынны рад бязмерна

Той авечцы багавернай.

Кажа ён, узняўшы крыж:

— Хутка, пані, узляціш!

Толькі, пані, ты запомні —

Трэба шмат туды пад'емных,

Золата і серабра

I другога там дабра...

Каб нішто не замінала,

Каб нішто не затрымала —

Храму трэба ўсё аддаць,

Бо ўжо ж раю — не відаць.

— Я гатова, ойча любы,

Ўратаваць душу ад згубы...

Ўсі аддам! Любой цаной

Ў рай хачу я, ойча мой! —

У адказ гаворыць пані

I свае ахвяраванні

Шчодрыя царкве нясе...

Так памалу, пакрысе

Ўсе багацці са скарбонкі,

Бранзалеты і пярсцёнкі

Ў храм перацягнула той,

Засталася — ну як стой...

Пан цяпер інакш мяркуе:

«Навязаў мне бог дурную,

Прычапілася смала...

Трасца каб яе ўзяла!

Ўжо няма з яе карысці,

Ўсю абтрос, бы з дрэва лісце,

Нібы ліпку аблупіў,

Раем добра накарміў.

Толькі вось цяпер задача:

Адкаснуцца як ад клячы,

На той свет хутчэй спіхнуць

Ды з палёгкай уздыхнуць».

I надумаў багачынны...

Так гаворыць ён жанчыне:

— Крыху, пані, пацярпі

Ды святой вады папі.

Да каляд ты папасціся

Ды ва ўборы убярыся,

Я ў царкве цябе адну

На ўсю ноч тады замкну.

I ўзнясешся да анёлаў

З гэтай грэшнае стадолы...

Станеш дзеваю святой.

Ну, рыхтуйся, бог з табой!

Сам жа цешыцца кудлаты:

«Падпячэ мароз ёй пяты...

Адбярэ ураз душу,

Вось і спраўлю я імшу».

Дзень назначаны надходзіць,

Поп яе ў царкву адводзіць,

Замыкае на замок,

Сам ідзе у свой дамок

I пад цёплую пярыну

Спаць кладзецца благачынны.

Пані ж хукае ў кулак,

Пасіпела, бы мярцвяк,

Прад распяццем па калені

Пала, моліць аб збавенні,

Каб яе Хрыстос Ісус

Збавіў ад зямных спакус...

...А ў зладзеяў тых таксама

Інтарэс свой быў да храма.

План узнік у іх ліхі...

Поп ачысціў жа грахі.

...Месяц ў небе серабрыцца,

Благачыннаму штось сніцца...

Ну а пані ў гэты час

На святы глядзіць абраз

I збіраецца ў дарогу

Да самога бацькі-бога...

Раптам — трэск над галавою,

Нібы грымнуў гром зімою...

I царквы раскрыўся дах,

Ахапіў старую жах.

Пані вочы закаціла

I прытомнасць тут згубіла,

Павалілася на бок,

Як драўляны чурбанок.

Ну, здаецца, ўжо капут —

Трапіла на страшны суд...

Ды жывучая старая!

Вось ачуньвае, ўздыхае,

Устае і рукі трэ,

нтарэс яе бярэ:

Што за гром, за навальніца?

Ці Ілья за ёю мчыцца?..

Але ў гэты момант вось

Пачало спускацца штось...

I здалося пані кволай,

Што ляцяць ужо анёлы,

Што жаданы час настаў —

Бог сваіх ганцоў прыслаў.

А «ганец» той зухаваты

Думкай іншаю заняты,

З коша скокнуў, бы вядзьмар,

Абдзіраць пачаў алтар...

Абдзірае ён, спяшае...

Раптам — прывід заўважае:

Твар кашчавы, твар худы,

Бы ў нябожчыцы, бляды.

У вачах агонь шалёны,

Вусны шлюць нібы праклёны,

Ну, няйначай, смерць сама,

Толькі што касы няма.

Рукі сінія прасцёрла —

Вось учэпіцца у горла.

Здані жоўтыя клыкі

Ляскаюць, як малаткі.

Зварухнуцца ён не смее,

Кроў у жылах ледзянее...

I праз міг каторы зух —

Свой навек спускае дух.

Пані ж, у святым экстазе,

Хуценька у кош залазіць,

Размяшчаецца зручней:

Падымай, маўляў, шпарчэй!

— Ну, гатова? — голас з неба...

— Так, гатова, як і трэба,—

Пані ціха у адказ.

І пад'ём пачаўся ўраз.

Кош крануўся, закачаўся,

Ўгору пакрысе падаўся.

Усё вышэй, вышэй, вышэй...

Зоркі ўсё бліжэй, бліжэй.

Пані ручкі крыжам склала,

Пані ўся затрапятала...

Месяц вось над галавой,

Да яго падаць рукой.

Кош пад самы дах узняўся,

Дух у пані разыграўся,

Дзікім голасам яна

Завяла, бы сатана:

— Багародзіца святая,

Узлятаю! Узлятаю!

Мне шырэй вароты ў рай,

Святы Пётра, адчыняй!

...Ад такога скавытання,

Ляманту і завывання

Тыя «боскія» ганцы

Аддалі ураз канцы.

Ў неба ж пані не дапяла...

Вобзем — плясь! I тут сканала...

Атрымаўся з пані блін...

Алілуя ёй... Амін!

... Ды жыццё цяпер другое,

Знікла селішча “святое”...

Ні крыжоў тых, ні званіц,

Ні зладзеяў, ні дурніц.

Аднаго вось толькі шкода,

Што папоўская парода

Не звялася... А пара,

Каб іх д’ябал сам пабраў!

... А спрадвечная крыніца

Ўсё струменіць і бруіцца,

Б’е з зямліцы родны сок...

Паспытай яго, браток.

Дзед Пахом свой сказ канчае

І на юшку запрашае.

Загрузка...