ЧАСТКА 2 ДАКУМЭНТЫ

Наваградзкі Эскадрон[1]

Першая частка Эскадрон фармуецца

I

Па Наваградку пракацілася вестка, што мае паўстаць беларуская вайсковая адзінка зь беларускім камандным складам, беларускай камандай ды нат, як цьвердзілі сьмялейшыя, яна мае быць незалежнай ад мясцовых нямецкіх уладаў. Адны кажуць, што немцы нарэшце да толку дайшлі і хочуць Беларусам памаленьку ўладу ў рукі перадаць — таму быццам і запрапанавалі тварэньне эскадрону. Другія, наадварот, цьвердзяць, што гэта беларускі актыў дамагаецца ад немцаў такой вайсковай адзінкі, маючы на мэце абарону жыхароў Наваградчыны з аднаго боку ад чырвоных бандаў, з другога-ж — ад самых немцаў, якія, як тыя мухі пад восень, у прадчуваньні блізкага канца, паляць і нішчаць беларускія вёскі, вывозяць моладзь у глыб Нямеччыны, сеюць страх і тэрор сярод беларускага сялянства. Разьюшаныя сьвежай беларускай крывёю, яны, здаецца, уступілі ў нейкія дзікія гонкі з бальшавікамі: хто больш спаліць хатаў, хто больш заб’е нявінных дзяцей, хто мацнейшы, хто бязьлітасьнейшы. Кажуць, што пах сьвежае крыві ўзбуджае ў жывёлы зьнішчальныя інстынкты. Чалавек аказаўся горшым … Довадам гэтага былі апошнія два гады вайны ў Беларусі.

Вестка аб арганізацыі беларускага эскадрону выклікала вельмі розную рэакцыю сярод насельніцтва гораду. Скептыкі сумніўна ківалі галовамі. Горкае дасьветчаньне з Самааховай і падахвіцэрскай школай у 1942 г. яшчэ было лішне сьвежым, каб браць насур’ёзна новую «бомбу».

«Зьбераце людзей, справакуеце іх перад партызанамі, не атрымаеце ні зброі, ні вопраткі, і для арганізатараў на гэтым кончыцца прыгожая ілюзыя. Не забывайцеся аднак аб тым, што чакае гэных людзей ды іх бацькоў, калі вы ня здолееце стварыць такой вайсковай адзінкі, якая зможа іх абараніць», — гаварылі яны.

«Ашалелі людзі, — казалі другія, — Немцы прайгралі вайну, мо заўтра будуць тут бальшавікі. Падумайце, што вы робіце. Ані ваш сумніўны эскадрон, ані батальён, ні нат дывізыя не заважаць на лёсе вайны. Немцы прайгралі вайну палітычна, цяпер іх дабіваюць за гэта мілітарна. За позна яны дагадаліся тварыць беларускую збройную сілу».

І адны і другія мелі пасвойму слушнасьць. Дасьветчаньне зь мінулага і сытуацыя на фронце прамаўлялі за імі.

Што-ж думала беларуская моладзь? Тая моладзь, з радоў якое і вырас пазьней «Наваградзкі Эскадрон»? Ня гледзячы на рашчараваньні ў мінулым, на бязьмежную нянавісьць да нямецкага акупанта, якая была хіба ня меншай, як да нядаўнага яшчэ бальшавіцкага і ягоных насьледкаў — чырвоных бандаў, яна ўспрыняла вестку аб тварэньні беларускага збройнага аддзелу зь вялікім энтузыязмам. Яна хацела паказаць беларускаму грамадзтву запраўдны вобраз беларускага жаўнера, здэфармаваны дасюль паводзінамі прапольшчанай і поўнасьцяй немцам падпарадкаванай паліцыі[2]. Яна хацела паказаць, як патрапіць беларускі жаўнер бараніць інтарэсы свайго грамадзтва і стацца ягонай духовай апорай, замест сеяць тэрор і зьнішчэньне. Яна ўрэшце хацела паказаць на чыне сваё бязьмежнае адданьне беларускаму сялянству, зданаму на ласку чырвоных партызанаў або нямецкіх каральных аддзелаў. Гэта была моладзь, як тысячы й соткі тысяч беларускіх юнакоў, што любілі свой народ і бацькаўшчыну ды былі гатовыя ў кажны момант змагацца за ейны лепшы лёс, за шчасьце народу, за незалежную Беларусь. Гэта былі самародкі-патрыёты. Часта яны ня ўмелі сфармуляваць тых пачуцьцяў, якія выпаўнілі іхныя чулыя душы. Ідэя вольнасьці, свабоды фармавалася ў іх ня словамі падкутага тэарэтычна інтэлігента, а той прыгожай беларускай прыродай, сярод якое яны ўзрасьлі, у адвечным імкненьні да сонца, вольнага прастору… З казак і апавяданьняў бабулек яны пазналі слаўнае мінулае свае Бацькаўшчьшы, яны чулі аб магутных літоўскіх князёх, аб сіле й славе беларускага народу… І ўзрастала ў іхных душах туга за сьвятлом, воляй… і напаўняліся іхныя сэрцы гордасьцяй за мінуўшчыну ды адазвалася ў гэтых дзяцей натуры вялікая ідэя, якой ня вырваць людзкой сіле, бо яна Богам даная, бо яна ёсьць іхным паветрам, вадою і сонцам. Бяз гэтага нельга жыць.

II

Беларускі актыў Наваградзкай Акругі сабраўся на адмысловым сходзе дзеля выслуханьня Барыса Рагулі, якому Акруговы Камісар Наваградка запрапанаваў арганізаваць беларускі эскадрон і абяцаў, у выпадку ягонай згоды, заладзіць усе фармальнасьці, зьвязаныя з арганізацыяй перад Гэнэральным Камісарам Беларусі.

Барыс Рагуля ў той час меў каля 23 гадоў. Выйшаўшы з бальшавіцкай турмы, у якую трапіў, уцёкшы зь нямецкага палону, вымучаны допытамі НКВД, лячыўся ў сваім родным мястэчку ад захапіўшага ягоныя лёгкія тубэркулёзу. На другім аднак тыдні пасьля вызваленьня ён сустрэўся зь беларускімі студэнтамі, якія вярталіся пехатой із Львова. Ад іх ён атрымаў лістоўкі, што заклікалі беларускі народ да выкарыстаньня палітычнай сытуацыі з мэтай адбудаваньня свае дзяржаўнасьці. Палкія словы ягонага двуроднага брата Міхася Рагулі, студэнта палітэхнікі, зрабілі сваё. У той самы дзень ён пераяжджае ў Наваградак і стае на працу ў характары перакладчыка пры раённай управе. Месяц пазьней, раённы бурмістр Панько, вялікі беларускі патрыёт, які загінуў пасьля ад нямецкае кулі, камандыруе яго на перакладчыка да Акруговага Камісара. На гэтым становішчы ен мае нагоду дапамагчы шмат у чым сваім суродзічам. Яму ўдаецца здабыць пры дапамозе З. К. (аднэй беларускай патрыёткі) прыхільнасьць і адданасьць беларускай справе штабсляйтэра Вольфмаера[3], які быў пасьля вялікай апорай у ўсьцяжным змаганьні з польскімі ўплывамі і нямецкай палітычнай тупалобасьцяй. Выкарыстоўваючы сваё становішча перакладчыка і растучы ўплыў на камісара Траўба, Б. Рагуля праводзіць у жыцьцё пляны адносна арганізацыі школьніцтва, распрацаваныя др. Орсам. Др. Орса, былы ягоны школьны настаўнік, зьяўляўся духовым бацькам маладога Рагулі, а таксама й настаўнікам у грамадзкай працы. У цесным супрацоўніцтве зь Я. Сажычам, былым школьным сябрам, ён арганізуе падахвіцэрскую школу Самааховы, якую й даручае апошняму.

Траўб пастанаўляе даць нагоду Рагулі наведаць Нямеччыну, спадзяючыся, што такое падарожжа зробіць належны пераўзгадаваўчы ўплыў у про-нямецкім кірунку. Вынік аднак, паводля словаў самога-ж Рагулі пасьля павароту ў коле сваіх сяброў, быў якраз адваротны. Да гэтага спрычыніліся два асноўныя моманты: «Майн Кампф» — кніга, якую нельга было дастаць на акупованай тэрыторыі ды сустрэча зь беларускімі работнікамі, што выехалі «дабраахвотна» на працу ў Нямеччыну. Рэзультат: 7-га ліпеня 1942 г. ён прыймае ўдзел у заснаваньні Беларускай Незалежніцкай Партыі, нелегальнай антыбальшавіцкай і антынямецкай арганізацыі, беспасярэднім арганізатарам якое быў Усевалод Родзька, таксама школьны калега Рагулі. У. Родзька адзначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі інтэлектуальнымі якасьцямі. Ён дзейнічаў у паразумленьні з кс. Гадлеўскім і М. Абрамчыкам.

У далейшым Рагуля поўнасьцяй аддаўся нелегальнай дзейнасьці. Ягоныя даклады аб Нямеччыне ўзбуджаюць недавер немцаў і Траўб адсоўвае яго ад Акруговага Камісарыяту, бяручы на ягонае месца расейскага немца Гэмпэля. Рагуля аддаецца тады працы ў сэмінарыі. Будучы там настаўнікам нямецкае мовы ды фізычнага ўзгадаваньня, ён праводзіць вайсковую падрыхтоўку хлапцоў на ўзроўні да камандзера зьвязу. Ён засноўвае, у паразумленьні і з падтрымкай Акруговага Інспэктара, вайсковую арганізацыю, апранае ў саматканыя ўніформы хлапцоў і дзяўчат, уводзіцца вайсковае прывітаньне… Тут якраз і гадуюцца будучыя кадры эскадрону.

Беларускі актыў перад цяжкой праблемай. Выслухаўшы інфармацыі Рагулі, у глыбокай задуме схіліліся сівыя галовы беларускіх патрыётаў. Пачалася дыскусыя. Разважаецца «супраць», абмяркоўваецца «за». Сытуацыя на фронце, недавер да немцаў, непакой аб сем’ях, будучы лёс жаўнераў з аднаго боку, а з другога незалежная беларуская нацыянальная адзінка, пачуцьцё апоры на беларускую зброю, якая ніколі не падымецца супраць інтарэсаў беларускага насельніцтва, а толькі ў іхнай абароне, незалежна ад таго, ці гэта будуць чырвоныя, ці немцы. Доўга важыліся аргуманты. І як на той вазе, раз пераважаў адзін, раз другі бок. Нарэшце сьвежая вестка аб тым, што немцы маюць мабілізаваць у недалёкай будучыні беларускую моладзь у нямецкі паліцыйны батальён зь нямецкім камандным складам ды поўнасьцяй падпарадкаваны мясцовай жандармэрыі, заважыла на канчатковай дэцызыі. Запала пастанова арганізаваць «Наваградзкі Эскадрон» выключна на базе дабраахвотнасьці ды датрыманьня немцамі пэўных умоваў.

На наступны дзень Рагуля ў камісара. Гутарка кароткая. Ён дае згоду арганізаваць эскадрон пад наступнымі ўмовамі:

1) поўная незалежнасьць перад мясцовымі нямецкімі ўладамі;

2) поўная свабода ў тактыцы змаганьня з партызанамi;

3) пачатак арганізацыі пасьля атрыманьня зброі і вопраткі;

4) асабістая гваранцыя генэральнага камісара да трыманьня пастаўленых умоваў.

Камісар Траўб адказаў:

«Вы можаце быць пэўны, што ўсе ўмовы будуць датрыманы. Я зразумеў нашыя памылкі. Я зразумеў, спадзяюся, не за позна, што вашыя дамаганьні былі слушнымі. Нажаль, мала хто з нас так разумее…»

Ён неяк задумана сказаў апошнія словы, здаецца на момант страціў штодзённую гордую паставу, але хутка апанаваўшыся, дадаў:

«Чакайце вызаву Гэнэральнага Камісара. Жадаю Вам посьпеху і рэалізацыі вашых мэтаў. Я тут больш не застануся, за некалькі дзён пераяжджаю ў Італію».

Здавалася, ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але на гэта не дазваляла яму ягоная штучная нямецкая гордасьць.

Каб зразумець гэтага немца, які едучы сюды быў падрыхтаваны на абняцьце нейкае маленькае часткі прастору іхняга новага «Лебэнсраўму», неабходна пазнаёміцца з адным, можа мала важным выдарэньнем, якое аднак беспасярэдня спрычынілася да пэўнай эвалюцыі, здавалася б ня здатнага да гэтага нямецкага ўрадаўца.


Жнівень 1943 г. У Акруговым Камісарыяце, які зьмяшчаўся ў будынку былага польскага «ваяводзтва» на Сломінскай вуліцы, насупраць «Белага Дому», як называлі папулярна наваградзкую турму, адбывалася нарада раённых бурмістраў з Акруговым Камісарам. На парадку дня: мэтады змаганьня з партызаншчынай.

На залі атмасфэра даволі тугая. Нейк неспакойна круціцца на крэсьле бурмістр любчанскага раёну, сп. М. Здаецца нехта насыпаў яму пад ягоную прыладу да сяджэньня войстрых каменчыкаў. Ягоныя маленькія вочкі неспакойна пераскаквалі з камісара на перакладчыка, з перакладчыка на вакно, і пасьля зноў вярталіся на залю, быццам шукалі выхаду зь няпрыемнае сытуацыі. Карэліцкі бурмістр, тып сярэдня заможнага селяніна з шырокай усьмешкай, чалавек не легендарнай адвагі, любячы перадусім спакойнае і дастатковае жыцьцё зь некаторай дозай, зразумела, роднай самагонкі — асноўнага і бадай адзінага «дыпляматычнага» аргуманту ў зносінах зь мясцовымі «Зондэрфюрэрамі»[4] — сядзеў нярухома, надзеўшы на твар штучна-абыякавы выраз. Ён уставіў вочы ў процілеглы куток, і, быццам бы нешта лічачы, стаічна чакаў канца нарадаў. Паміж імі неяк няпэўна сядзеў наваградзкі бурмістр, сп. Б. Ён крыху разьясьняў атмасфэру сваёй лысінай, робячы ўражаньне чалавека, які вельмі заклапочаны пастаўленай праблемай ды хоча, каб і іншыя гэта заўважылі. Ён устаўляў свае вялікія вочы на камісара і здаецца казаў: — Глянь, як я ўсім гэтым праймаюся, — то паглядаў на сваіх сяброў, нібы просячы рады. Адміністратар ён быў добры, толькі Бог адвагай не надарыў: уявіў ён сабе, што ўсе партызанскія сілы скірованы супраць яго. З памешканьня свайго зрабіў ён запраўдны форт, а пад падушкай у яго ляжалі два пісталеты. За імі крыху далей сядзеў, як цьвік, «дзятлаўскі ўдзельны князь», як яго папулярна называлі, бурмістр дзятлаўскага раёну, сп. Васіль Рагуля, былы сэнатар у польскім сойме. Аб ім шмат расказваюць розных гісторыяў. Прыпамінаю адну, якая здарылася добрых паўтара дзесятка гадоў таму, калі ён быў яшчэ сэнатарам.


Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве — сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды кажа:

— Вы, чловечку, ня сюды попадлі, тут першая кляса, штраф заплаціш.

— Паночку, хто яго ведае тыя клясы, тут цёпла, мякка, дык вось і сяджу, — пры тым зноў глыбока зацягнуўся і выпусьціў хмару махоркавага дыму.

Бедны ксёндз заёрзаў ненажарты. Хацеў ужо кандуктара клікаць, як той сам увайшоў:

— Білеты прошэ!

Ксёндз тыцнуў хуценька свой білет ды моргае, нядвузначна косячыся на «чловечка». Зразумеў кандуктар, у чым справа:

— Ваш білет попрошэ! — даволі няветліва адазваўся ён да сэнатара, што скромненька сядзеў у куточку. Той пачаў шолпацца за пазухай:

— Цьфу, каб цябе ліха! Нядаўна сюды палажыў, — мацаючы па кішэнях прамармытаў сэнатар.

— Прэндзэй, члэку! — дэнэрваваўся кандуктар. Нарэшце «члэк» выцягвае нейкі білет і паказвае кандуктару.

— Пшэпрашам, пане сэнатожэ, пшэпрашам, — і сагнуўшыся ў тры пагібелі польскім звычаем зьнік у дзьвярох купэ. І ксянжулькі штось больш ня было — мусіць пастанавіў зьмяніць купэ.


Той самы Васіль Рагуля разагнаў у 1941 г. польскую адміністрацыю, якая ў беларускім Наваградку абсадзіла ўсе адміністрацыйныя становішчы, а беларусы заснавалі ў тым жа Наваградку Беларускі Нацыянальны Камітэт з судзьдзёю Паўлам Сьвірыдам на чале.

— Сорам нам, братцы, — сказаў стары Рагуля на адным із сходаў, — каб мы ў сваім Наваградку ў адным пакоі хаваліся. Трэба расчысьціць атмасфэру і разагнаць польскую ўправу, у нас сваіх людзей хопіць.

На працягу трох тыдняў адміністрацыя стала беларускай. 600 польскіх урадаўцаў было звольнена.


Вось гэты самы Рагуля сядзіць на залі спакойна й зраўнаважана. Акруговы Камісар, з загнутым арліным носам, сухі, малы, уставіў свае халодныя вочы й глядзіць на сэнатара. Сустрэліся іхныя позіркі. Траўб ведаў, да каго зьвяртацца. Калі гэты чалавек ня дасьць парады, дык ад іншых няма чаго спадзявацца.

— Was denken Sie Herr Burgermeister? Што нам рабіць, каб эфэктоўна змагацца з партызанамі?

— Перакладнік! — пачуўся цьвёрды голас сэнатара, — перакладай! — Паважаны камісар, — пачаў ён, — дазвольце вас папытаць, чаму вы не папыталі мяне аб гэтым у 1941 годзе? Сяньня лішне позна выказваць мае пагляды на закранутую вамі тэму. Прычыны сяньняшняй сытуацыі глыбейшыя і аб іх беларускі актыў даводзіў ня раз і ня два да ведама нямецкіх акупацыйных дзейнікаў — усё безрэзультатна. Мы вам прапанавалі разьвязку беларускай нацыянальнай праблемы, вы не паслухалі. Сяньня я вам не магу нічога парадзіць.

На залі завалодала густая цішыня. Здавалася, што чуваць, як б’юцца сэрцы прысутных. Вялікай адвагі вымагала такая заява. Нат любчанскі бурмістр перастаў ёрзаць на крэсьле, наваградзкі стараўся схаваць сваю вялікую галаву паміж прыпаднятымі плячыма, як бы баючыся, каб прыпадкова яе хто ня зьняў. Перакладнік нейк мляўка і камечачы словы, быццам бы баючыся нясьці за іх адказнасьць, перакладаў сказанае і, як пабіты цюцька, паглядаў на камісара, нібы просячы прабачэньня, што ён забавязаны выказваць такія словы. Нарэшце сьціх. Цішыня, як у парны дзень перад бураю. Камісар нярухома стаяў, утапырыўшы вочы на сэнатара і здавалася, што ён не зразумеў ім сказанага і нібы шукаў у вачох бурмістра пацьверджаньня перакладзеных слозаў. Бурмістр стаіць дзіўна лёгка. На твары адбіваецца выраз пераможцы. Ён нейк вырас, змужнеў, гэты стары беларускі дзяяч. У вачох зайгралі дзіўныя аганькі, яны даказваюць нясказанае:

«Так, галубок-камісар, расьсёрбвай кашу, якую заварылі твае тупалобыя начальнікі, верныя служкі Розэнбэрга, што хацеў зрабіць з нашае краіны нямецкую калёнію. Перацярпелі бальшавікоў, перацерпім немцаў, перацерпім мо яшчэ акупантаў, але не памром. Народ наш моцны і ён асягне сваю мэту. А вам, даражэнькі, прыдзецца плаціць за сьлепату і дурноту…»

Камісар незаўважна неяк паменшаў. Задзёрысты выраз на ягоным твары зьмякчэў, і ён сумна павесіў галаву. Яшчэ мо пару месяцаў таму паслаў бы нахабнага «айнгаймішэ» бурмістра ў турму, ці на шыбеніцу, як гэта зрабіў з Паньком, але сяньня відаць не наважваецца, а мо й пагоджваецца ў душы з тым, што сказаў сэнатар і з тым, што дачытаў у ягоных вачох. Ён бяз слова пакінуў залю нарадаў.

IIІ

Па раёнах мясцовая жандармэрыя падрыхтоўвае мабілізацыю беларускай моладзі ў нямецкі паліцыйны батальён. У Наваградак даходзяць непакоючыя весткі, што калі ня будзе іншага выхаду, шматлікія пойдуць у лес. Ціхая няпрыкметная прапаганда, пушчаная па лініі БНП, узмацняе яшчэ больш варожае настаўленьне да плянаванага батальёну. Весткі арганізавана даходзяць да ведама камісара, што калі ня будзе беларускай вайсковай адзінкі, ніхто ня пойдзе ў нямецкі батальён. Скептыкі зноў заківалі галовамі. Яны хутка знайшлі водклік на падатным да недаверу грунце. Нарэшце даведваемся, што Б. Рагуля выяжджае ў Менск на выклік Генэральнага Камісара фон Готбэрга.

Маленькі самалёт тыпу «Шторх» прызямліўся на ўскраі Наваградка. Групка людзей набліжаецца да самалёту ўжо крыху прымёрзлай раніцай. Ральля глухавата грукае пад іхнымі нагамі. У групе відаць Рагулю ў кароткім кажушку, падперазаным вайсковай дзягай. Пры боку — вялікі пісталет «Зьвязда», боты з закасанымі халявамі ў гармонік, галіфэ з саматканага сукна, на палёвай паўвайсковай шапцы — Пагоня. Ён лёгка пераскаквае з баразны на баразну і ўважліва слухае апошніх радаў сваіх прыяцеляў. Ужо сеўшы ў самалёт ён, махаючы рукой у бок сяброў з характэрным яму аптымізмам у вачох і на твары, клікнуў:

«Да хуткага пабачаньня з добрымі навінамі! Падтрымоўвайце дух у хлоп…» — далейшыя словы заглушыў гул матору. Самалёт падняўся й хутка зьнік на гарызонце.

«Шчасьці табе Божа», — нехта ціха дакінуў уздагон нябачнага ўжо самалёту.

Назаўтра ён ужо вярнуўся і неадкладна папрасіў склікаць сход актыву дзеля паінфармаваньня аб рэзультатах паездкі ў Менск. Судзячы па міне, навіны прывёз нядрэнныя. На сходзе ён расказаў наступнае:

«Беспасярэдня зь лётнішча мяне прывезьлі ў Гэнэральны Камісарыят. Я апынуўся ў пачакальні, у якой ужо былі прысутныя нямецкія ахвіцэры розных рангаў. Глянулі яны на мяне нейк зукоса. Дзіўным ім паказаўся мой выгляд на фоне элеганцка апранутых нямецкіх ахвіцэраў. У вадказ на маё прывітаньне я атрымаў нязначны ківок галавой. Я адчуваў сябе зусім самотна ў гэтай грамадзе. Цераз некалькі хвілінаў, якія мне выдаліся гадзінамі, зайшоў ад’ютант камісара. Назваўшы маё прозьвішча, ён увёў мяне ў кабінэт і сам зьнік бясшумна за дзьвярыма. Камісар стаяў нярухома каля свайго бюрка. Пасьля кароткага вайсковага прывітаньня, ён проста зьвярнуўся да мяне з запытаньнем:

— Welche sind Ihre Bedingungen? (значыцца ён ужо аб усім паінфармаваны, падумаў я).

— Unabhдngigkeit im Ausbildung und Tдtigkeit, Waffen und Bekleidung vor der Einziehung. Sдttel und Pferde nach zwei Monaten der Ausbildung.

— Wann rechnen Sie die Einheit zusammenstellen zu kцnnen? — папытаў ён.

— Drei tage nach dem Eintreffen der obengenannten Sachen.

— Sie haben mein Wort, Herr Hauptmann. Viel Gluck! In zwei Wochen alles wird zur Stelle.[5]»

Пераклаўшы для тых, што нямецкае мовы не разумелі, ён дадаў:

— На гэтым гутарка закончылася. Атрымаю абяцаныя рэчы й пачну фармаваць эскадрон.


У канцы лістапада зброя, вопратка, амуніцыя й сёдлы былі дастаўленыя зь Менску ў Наваградак і часова зложаныя ў магазынах жандармэрыі. У гэтым часе немцы пачалі набор у свой батальён. Моладзь катэгарычна адмаўляецца служыць у нямецкім батальёне і ахвотна горнецца ў сваю нацыянальную адзінку. Даслоўна на працягу трох дзён фармуецца «Наваградзкі Эскадрон». Былая польская школа сясьцёр Назарэтанак пры вуліцы 25-га Сакавіка (раней 3-га мая) напаўняецца беларускімі жаўнерамі. Нямецкія ўніформы хутка набіраюць беларускага выгляду. На патках каўняроў зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яны ярка адбіваюцца на шэрым фоне мундзіра.

Шмат каму з гэтых жаўнераў знаёмы будынак сяньняшніх казармаў. Улетку тут адбываўся месячны абоз працы для вучняў сэмінарыі, арганізаваны й кіраваны тым жа самым камандзерам сяньняшняга эскадрону. Гэны абоз быў выкарыстаны дзеля загатоўкі дроў на зіму для сэмінарыі і афармленьня пляцу пры будынку Настаўніцкае Сэмінарыі, на Замкавай вуліцы, у падножжы Замкавай Гары. Абоз быў таксама выкарыстаны дзеля правядзеньня інтэнсыўнай вайсковай падрыхтоўкі вучнёўскае моладзі.

Прыйшло мне на думку, як адзін з маіх сяброў папытаў раз камандзера:

— Для каго мы працуем? Можа за год тут будуць бальшавікі. Які-ж сэнс працаваць для іх?

— Нашая праца пры школе, гэта сымбаль працы для будучыні нашага народу. Тое, што мы зробім з думкай аб Бацькаўшчыне, будзе вечным. Могуць прыйсьці бальшавікі, могуць зьмяніць іх іншыя акупанты, але ўсяроўна прыйдзе той дзень, калі ў гэтай школе выключным гаспадаром будзе беларускі народ, — адказаў ён, пытаючыся мо сам сябе, калі нарэшце прыйдзе той час.

Зноў, як калісь, узьнімаецца ціхім вечарам над школай плаўная мэлёдыя жаўнерскай малітвы…

Беларусь, Наша Маці-Краіна,

Ты з нас моцных зрабіла людзей.

Не загінулі мы і ня згінем…

Яна ўзьлятае ў прастор, адбіваецца ад старых муроў Фарнага касьцёлу[6], узьнімаецца над старым замчышчам і ахутвае сабою слаўны горад, што дрэмле спавіты сьнежным пухам … І маці, пачуўшы родную песьню, мо скажа свайму дзіцяці:

«Паслухай дзетка, гэта песьня беларускіх жаўнераў. Няхай ім Усемагутны дапаможа зрэчаісьніць нашу Вялікую Мэту, каб ты, мой родненькі, ня ведаў, што значыць няволя…»

Ціха ў казармах. Чуваць толькі сухі скрып сьнегу пад ботамі вартавога, які забясьпечвае спакойны сон сваіх сяброў.

Зноў пагодная марозная раніца. Калёна за калёнай, эскадрон выходзіць на заняткі. Белая, як сьнег, зімовая вопратка амаль зьліваецца зь беляй вакольнага поля. Бадзёра гучыць жаўнерская песьня, так добра знаёмая й блізкая сэрцам жыхароў гораду. Клубы пары вырываюцца з маладых і гарачых грудзей ды ахутваючы родныя словы песьні нясуць іх у прастор. Бадзёра й ахвоча праводзяць заняткі маладыя камандзеры, бяз прымусу вучацца здысцыплінованыя жаўнеры.

Горад зжываецца із сваімі дзяцьмі «эскадронаўцамі», ці «рагуляўцамі», як іх часамі звалі. Сэрца радавалася, гледзячы на іхныя вясёлыя, бадзёрыя твары, калі ў нядзелі ці іншыя сьвяты яны выйдуць у царкву, ці на вуліцу. Спраўныя, чыстыя, ветлівыя…

Мімаволі на твары кажнага наваградчаніна, пры сустрэчы зь беларускім жаўнерам, зраджалася радасная ўсьмешка, якая сьветчыла аб вялікай сiмпатыі гораду да сваіх жаўнераў.

Прыгожыя наваградзкія дзяўчаты ды сэмінарысткі ўздыхалі паціху да «швадронаўцаў». Яны падбілі іхныя дзявочыя сэрцы. Яны былі прычынай тога салодкага суму-тугі, які баламуціў крыштальную чысьціню душы сінявокіх сэмінарыстак.

З другога-ж боку «геройскія» жаўнеры былі ў палоне наваградчанак. Кажны зь іх, пачынаючы ад камандзера ды канчаючы на жаўнера, пакінуў сваё сэрца ў мурох сэмінарыі. Настаўніцкая сэмінарыя сталася адначасова асяродкам духовага жыцьця беларускага жаўнера. Яны там шукалі адпачынку пасьля цяжкога жаўнерскага жыцьця, там яны чэрпалі духовую пажыву, там фармавалі свае ідэі, там гартавалі нацыянальную стойкасьць. Аб гэтым дбалі нястомныя настаўнікі сэмінарыі на чале з др. А. Орсам, ейнаю душою, імя якога застанецца вечна ў памяці наваградчанаў.

Маладыя паэты пішуць новыя песьні, беларускія кампазытары складаюць новую музыку …

Наваградчына ўжо ня сьпіць,

На варце эскадрон стаіць.

І целам і духам ён малады…

Падняты родны сьцяг дзяржавы…

Бывай мой родны кут і зьвяз,

Бывайце вы, лугі, і гоні,

Хай бачу ў лучнасьці я вас

Пад сьцягам слаўнае Пагоні…

…уздымаюцца ў прастор, абадзёрваюць змучаныя душы наваградчан, і недзе далёка рэхам адбіваюцца па ўсёй Беларусі…

IV

Ня мінуў тыдзень ад дня заснаваньня эскадрону, як даведваемся, што прыяжджае на інспэкцыю гэнэрал Гэльлер ці Гальле зь Менску. Увесь эскадрон на занятках. Дыжурныя прыбіраюць калідоры казармаў. Вартавы, як махавік гадзіньніка, рэгулярна ходзіць перад галоўным уваходам. Пад’яжджае машына. Зь яе вылазіць маленькага росту, ужо даволі пажылога веку чалавечак у вайсковай уніформе з чырвонымі кляпамі. Гэта відаць ён. У таварыстве ад’ютанта заходзіць у казармы. Яго прывітаў камандзер. Гэнэрал пацікавіўся, як прайшоў набор у эскадрон, які настрой жаўнераў. Яшчэ некалькі стэрэатыповых пытаньняў, якія павінен паставіць кажны, хто прыяжджае на інспэкцыю. Агледзеў казармы, кухню, сталовую і ўрэшце папрасіў даць яму нагоду пабачыць жаўнераў. Паехалі санкамі на месца заняткаў, якія адбываліся ўздоўж гарадэчанскага тракту. Гэта быў пэрыяд вышкалу паасобнага жаўнера. Групы раскіданы далёка па полі. Чуваць галасы камандаў. Спраўнае выкананьне. Усё гэта, відаць, робіць добрае ўражаньне на старога жаўнера. Ён прыглядаецца, як пасьля заняткаў паасобныя зьвязы фармуюцца ў калёны і з песьняй вяртаюцца ў казармы. Зьвяртаючыся да камандзера ён папытаў:

— Як доўга вы займаецеся з эскадронам?

— Амаль тыдзень. — адказаў камандзер.

— Гм, гм… — замармытаў гэнэрал.

Вярнуўшыся ў казармы, ён падзяліўся ўражаньнем зь інспэкцыі батальёну пад нямецкай камандай. Ён не разумеў, чаму той батальён, хоць і раней сфармаваны, робіць уражаньне арганізацыйнай стадыі.

Заняткі адбываюцца нерэгулярна, жаўнеры няспраўна выконваюць каманды. Наагул немагчыма параўнаць узровень абыдвух адзінак.

— Там не хапае ўздыму. Жаўнеры выконваюць загады з мусу або страху. Няма ніякага духовага кантакту паміж камандзерамі-немцамі і жаўнерамі-беларусамі. Калі яны патрапяць выясьніць, супраць чаго ён змагаецца, дык ніколі жаўнер яго не зразумее, за што ён мае змагацца.

Доўга яшчэ «ўсьведамляў» гэнэрала камандзер эскадрону, але ці асела нешта з гэтага ў ягоных цьвёрдых мазгах, цяжка сказаць. Коратка перад ад’ездам гэнэрал нейк нявыразна запрапанаваў:

— Бачыце, можа дзеля лепшага ўзгадненьня вышкалу нашага эскадрону зь нямецкай вайсковай сыстэмай, мы вам далі б нямецкага ахвіцэра, як лучніковага?

Наш камандзер добра ведаў, што абазначае такі лучніковы. І стоячы на пазыцыі поўнай незалежнасьці эскадрону ветліва, але катэгарычна адмовіў. Пры гэтым дадаў:

— Калі вы будзеце на гэтым настойваць, я распушчу безадкладна эскадрон.

— Не, не! Гэта толькі прапанова, але калі вы лічыце гэта непатрэбным, дык усё ў парадку.

На гэтым закончылася гутарка і больш ніколі падобная тэма ня была закранутая.


Аднак ня ўсё йшло так гладка, як бы гэтага хацелася. Хутка пачалі даходзіць весткі, што партызаны непакояць ceм’і жаўнераў эскадрону. Гэта абніжае настрой жаўнераў. Цяжкі непакой закрадаецца ў сэрцы юнакоў. Лёс бацькоў, братоў, ці сясьцёр загрожаны чырвонымі бандамі. Адзін з жаўнераў дэзэртуе. Неабходна хуткая рэакцыя. Камандзер склікае нараду ахвіцэраў. Розныя рады, прапановы, але ніводная не выдаецца добрай. Адзін з ахвіцэраў нясьмела запрапанаваў рэпрэсыі адносна сям’і, але зараз-жа гэтага пашкадаваў.

— Чым-жа мы будзем розьніцца ад чырвоных бандаў, калі ўжывем такі мэтад, — сказаў камандзер, дэзэрцыя зусім зразумелая з псыхалягічнага гледзішча. Трэба шукаць іншага выхаду…

Ніхто не забірае голасу.

— Выхад ёсьць, — раптам павесялеўшы ўскрыкнуў камандзер, — але… так… добра… — неяк нявыразна замяўся ён. — Дзякую, нарада закончана, — сказаў нарэшце цьвёрда. Відаць зрадзіўся нейкі плян, аб якім не хацеў гаварыць на нарадзе.

Больш гэтая тэма не закраналася, але й сем’і жаўнераў эскадрону сядзелі спакойна на вёсках. Партызаны іх не чапалі. Шмат пазьней выйшла наяў, што камандзер выслаў ліст да партызанаў з ультыматыўнай прапановай спыніць усялякія рэпрэсыі адносна сем’яў жаўнераў, з пагрозай, што эскадрон будзе змушаны на акцыю адказаць контраакцыяй і ўжыць падобныя рэпрэсыі адносна сем’яў людзей, што пайшлі ў партызаны. Як ні дзіўна, але гэта падзейнічала.

Паміма ўсяго, паложаньне эскадрону і ягонага камандзера было даволі цяжкое і скамплікаванае. Немцы з зайздрасьцяй глядзелі на рост беларускага аддзелу. Пасьля выезду Траўба ў камісарыяце ня было ніводнага немца, хто-б разумеў палітычную сытуацыю. Жандармэрыя наскоўвала СД[7] ды іншых немцаў супраць эскадрону і асабліва супраць ягонага камандзера. Жандармэрыю з другога боку ўраблялі палякі за пасярэдніцтвам маладых полек лёгкага паводжаньня. Ня меншай «сымпатыяй» цешыліся нямецкія жандармы і ў жаўнераў эскадрону. Пры такім паложаньні «высокага напружаньня» цяжка было ўнікнуць канфліктаў, якія часта прымалі камічныя формы. Нельга ня ўспомніць тут аднаго інцыдэнту, які здарыўся пару тыдняў пасьля паўстаньня эскадрону.


На той самай вуліцы, дзе знаходзіліся казармы, крыху далей на краю гораду, жыла група полек, да якіх адчувалі нейкі асаблівы сэнтымэнт адкормленыя беларускім салам нямецкія жандармы. Калі ўжо горад засынаў і на вуліцу не паказваўся ніхто, шануючы сваю галаву, яны, як духі начныя, ехалі да ўспомненых дзяўчат, каб там пацешыцца моцай іхнай самагонкі ды рэлятыўнай якасьці чарам іхных целаў. Гэтыя начныя «шпацыргангі» адбываліся штодня на вачох вартавога эскадрону. Вось у адну марозную ноч, калі расслабленыя п’янствам жандармы вярталіся дамоў, выскаквае спад брамы казармаў двух вартавых з стрэльбамі напагатове:

— Стой! Лягай! — прарэзаў начную цішьшю звонкі голас падахвіцэра Д., ведамага із сваіх асаблівых «сымпатыяў» да немцаў.

— Halt! Hinlegen! — паўтарыў ён яшчэ грозьнейшым голасам.

— Hier deutsche Qendarmen! — адазваўся адзін зь іх, відаць больш цьвярозы.

— Hinlegen oder ich schiesse! — ужо голасам, не пакідаючым ніякага сумніву ў сур’ёзнасьці ягоных намераў, зароў Д.

Як адкормленыя парсюкі, п’яныя жандармы паскочваліся ў сьнег, а спалоханы конь паймчаўся з пустымі санямі. Адзін з жандармаў прабаваў нешта выясьняць, але вострае «Маўчаць! Нікс фэрштэен» змусіла яго ўспакоіцца і церпяліва чакаць зьмены вартавых, каб магчы гутарыць з камандзерам варты. Пасьля блізу гадзіны прывялі працьверазеўшых жандармаў на старожню.

— Дакуманты! — папрасіў ужо больш ветліва Д. Яны неахвотна выцягнулі свае паперы. Прыгледзеўшыся бліжэй паперам, Д. заявіў пратэктарскім голасам: — Nicht Partisanen. Gute Кегlе. Geht nach Hause aber lieber nie mehr hier vorbeifahren[8].

Камандзер, слухаючы на наступны дзень расказу Д. аб начным выдарэньні, ня мог не заліцца шчырым сьмехам. Зразумела, не абыйшлося бяз вострай дыскусыі з акруговым начальнікам жандармэрыі. Інцыдэнт аднак апраўдваўся пільнасьцяй беларускага жаўнера ў выкананьні сваіх абавязкаў. Тым больш, што здараліся выпадкі, калі партызаны, перапрануўшыся ў нямецкія ўніформы, уяжджалі ў горад. На гэты аргумант цяжка знайсьці адказ, але гэтае дробнае выдарэньне завайстрыла яшчэ больш суадносіны зь мясцовымі нямецкімі ўладамі.


З кажным днём усё больш узрастаў давер наваградчан да свайго эскадрону. Ён стаўся для іх сымбалем беларускага войска. Сяляне не хаваліся па гумнах пры ўваходзе ў вёску жаўнераў эскадрону, як гэта яны рабілі, калі набліжалася нямецкая жандармэрыя. Беларускі жаўнер, замест рабаваць свайго селяніна, прыносіў дзецям цукеркі, а іхных бацькоў частаваў цыгарэтай. Паволі прывыклі жыхары наваградзкае акругі адрозьніваць сваіх ад чужых. Бел-чырвона-белы сьцяжок на патках каўняра — гэта свае, родныя дзеці, якія ня крыўду, а пацяшэньне й апеку нясуць. Эскадрон стаўся асяродкам, куды зьвярталіся вакольныя сяляне з жалямі на паліцыю й немцаў, просьбамі аб дапамозе пры палагоджаньні нейкай справы ў камісарыяце, ці нат з чыста прыватнымі справамі, як спрэчкі між суседзямі або, як гэта раз здарылася, у сямейных справах, калі муж у спрэчцы з сваёй жонкай ужыў «фізычны аргумант». Але ня толькі фізычнай і духовай апорай быў эскадрон для Наваградзкае акругі. Ен стаўся прыпынішчам для ўсіх тых, хто шукаў ратунку ад бальшавіцкага ці нямецкага прасьледу. Наступны выпадак зьяўляецца адным з найбольш яскрава насьвятляючых гэты бок.

…коратка кінуў ён у бок юнака, аб якім ужо меў кароткія інфармацыі ад дыжурнага. Калі-ж дзьверы канцылярыі зачыніліся за імі: — У чьш справа? Гаварэце сьмела! — дакінуў ён.

Юнак глянуў зь недаверам у бок пісара, пасьля паволі перавёў позірк на дыжурнага, што стаяў за ім. Камандзер зразумеў адразу.

— Пакіньце нас самых!

Пісар з дыжурным выйшлі з канцылярыі. Пасьля аднак для нас аднаго дня зьяўляецца ў казармы эскадрону малады хлапец гадоў васемнаццаці. На маладым ягоным твары адбіліся страх, змучаньне й некалькі нявыспаных начэй. Цёмна-карыя вочы шырака глядзяць на акружаючых яго жаўнераў. Ён напамінаў прасьледаванага дзікага казла, які пажадліва хапае паветра й шукае безнадзейна ратунку ад перасьледуючых яго гончых сабак.

— Хачу бачыць камандзера эскадрону, — зьвярнуўся ён нарэшце да жаўнераў, і пасьля пэўнага перапынку дадаў, не пакідаючым ніякага сумніву ў пільнасьці справы голасам: — вельмі пільна, гэта пытаньне майго жыцьця.

Дыжурны затэлефанаваў камандзеру. Празь некалькі хвілінаў, якія напэўна прыбыламу юнаку здаліся вякамі, пачуўся тупат каня ў галёпе і ў наступны момант дзьверы старожкі шырака адчыніліся. Камандзер ужо быў тут.

— Заходзьце ў канцылярыю, — ня было сакрэтам, што адбылося за зачыненымі дзьвярыма.

Камандзер, частуючы прыбылага цыгарэтай, зьвярнуўся да яго больш лагодным голасам, запрашаючы расказаць спакойна аб тым, што яго сюды прывяло.

Малады хлапец быў Барыс X. зь Дзятлава. Бацька ягоны быў адміністратарам дзятлаўскага маёнтку. Пэўнага дня палякі зьвярнуліся да яго з просьбай, каб той пастараўся ўладзіць трох палякаў на працу ў маёнтку. Паколькі аднак усе месцы былі занятыя, ён адмовіўся. Палякі пачалі дамагацца звальненьня беларусаў, каб на іх месца ўзяць палякаў. Ен адмовіўся зноў.

— Пожалуеш, с… с…! — гаркнуў паляк, паказваючы воўчыя зубы спад авечай скуры.

Праз два дні прыбег да Барыса X. перакладнік мясцовае жандармэрыі, школьны калега Барыса, шчыры беларускі патрыёт, і расказаў яму падслуханую гутарку паміж начальнікам жандармэрыі і загадчыкам Ц.Г.О.[9], палякам, нейкім Длубкам. Гэты апошні абвінавачваў Барыса X. у падтрымцы партызанаў харчамі, якія ён быццам краў у маёнтку, ды, што яму ведама з пэўных крыніцаў, што Барыс X. зьяўляецца бальшавіцкім агентам і яго неабходна ліквідаваць, зразумела, дзеля дабра «новага парадку ў Эўропе». Для абмежаванага немца гэтага хапала, каб арыштаваць нявіннага юнака і перадаць у СД. Гэта раўналася амаль расстрэлу. Пры гэтым начальніку жандармэрыі не хацелася спрачацца з палякамі, каб ня страціць ласкі ў польскіх «дзевушэк», якія асалоджвалі «цьвярдое» вайсковае жыцьцё, папхнутыя на гэты шлях ці то самай нізкаю похацяй, ці матарыяльнай нажывай, але заўсёды выконваючы загады й інструкцыі сваіх польскіх шэфаў.

— І вось я ў вас, — неяк лягчэй уздыхаючы, закончыў Барыс. — Я чуў аб вашым эскадроне. Я не хацеў шукаць ратунку ў варожых нам партызанаў, але ня хочу згінуць дарма ад нямецкае кулі. Вазьмеце мяне да сябе!.. — дакінуў ён голасам, які зраджваў глыбокую трагэдыю беларускай юнацкай душы.

Мала старэйшы ад Барыса X., камандзер павесіў галаву й глыбока задумаўся. Аб чым мог ён думаць у гэткі момант? Можа перад ягонымі вачыма ўстаў вобраз беларускай моладзі, вернай сваім нацыянальньш ідэалам і нясучай цяжкі крыж за ўсе крыўды гісторыі… У родных лясох ненавісныя чырвоныя банды, сьлепа выконваючыя загады Масквы, у гарадох і мястэчках — смаглы «лебэнсраўму» нямецкі акупант. Адзін абяцае «белорусскую республіку», другі кажа «Вас чакае зямля»… Ісьці зь немцамі супраць Масквы — капаць сабе магілу, пайсьці з Масквою і «аліянтамі» — шукаць сабе вяроўку. Сотні, тысячы, дзесяткі тысяч беларускіх юнакоў шукаюць разьвязкі і… часта яе не знаходзяць ды йдуць, нясьведама зьведзеныя фальшывай прапагандай, насустрач свае гібелі… Дзе ён, той ратунак?! Уратуецца адзін, а сотні гінуць ад сьцякаючае беларускай крывёю рукі акупанта. Народ зьняможаны ўзьнімае вочы да Ўсявышняга. Але ён здаецца сьляпы, глухі й нямы. Ня бачыць і ня чуе. А мо адвярнуўся й ня хоча пачуць голасу таго народу, які калісьці, у далёкім мінулым так геройска бараніў Ягонае Імя і Ягоную Навуку перад татарскай навалай?

Дзе вы, часы слаўных Вялікіх Князёў?!

Дзе вы, Рагвалоды, Усяславы, Вітаўты?!

Дзе вашыя магутныя палкі,што разьбівалі ў пыл стальныя крыжацкія рады, што ўбівалі свой меч у брамы Масквы?

Ці ёсьць яшчэ вашы нашчадкі? Ці жыве яшчэ ваш дух у народзе?

«… На крыві ахвяраў за сьвятыя ідэалы народу вырастае магутнае дрэва…»[10]. Дзе ты, тое магутнае беларускае дрэва? Ці вырасьцеш Ты на гэтай беларускай зямлі, пранікнутай сьлязамі і крывёю?… Хто дасьць на гэта адказ?… Не, не чакай адказу ад нікога, але вер, вер у гэта! Не разважаньні, але вера, не аблічэньні, але вера і толькі вера дасьць табе адказ! Моцная, нязломная вера. Яна мацней за сілу аружжа. Яна пераможа непераможнае, яна асягне недасягальнае!..

Дык верыць! Трэба верыць самому і навучыць верыць іншых. Верыць у нашую праўду, нашу будучыню, у самых сябе. Верыць у ласку Ўсемагутнага, бо яна ёсьць бязьмежнай. Верыць у Беларускі Народ і ягонае прызначэньне. Верыць у васкрошаньне слаўнае мінуўшчыны!..

Камандзер паволі падняў галаву і позірк ягоны лёг на старыя муры наваградзкага замчышча. Чароўна-магутны флюід гісторыі эмануе з гэных муроў. Ён пранікае ў глыбіню беларускае душы, будзіць дзіўныя пачуцьці, улівае незразумелую сілу. Камандзер стаў перад вакном, прыцягаючы да сябе Барыса X. і моцна сьціскаючы яго за плячо, ужо голасна дадаў, нібы канчаючы свае думкі:

— Так, трэба верыць. Вось гэны замак! Гэта сымбаль нашага Народу. Ён ператрываў шмат нападаў, бураў, пажараў, але стаіць і горда глядзіць у неба. Ён магутны, ён велічны, ён непераможны! Ён дачакаецца часоў, калі залунае над Беларусяй бел-чырвона-белы сьцяг. Так і наш народ не памрэ, пакуль будзе горда стаяць і бараніць сваіх ідэалаў…

— Бо ён магутны … Бо ён велічны … непераможны … — паўтарыў, як рэха Барыс X.

— Дыжурны! — ужо бадзёра гукнуў камандзер. — Завесьці нашага новага сябру да мундзіровага.

Барыс X. ня быў ужо больш сумным. У яго загарэліся новыя аганькі. Камандзер з жаўнерам сьціснулі рукі. Так, яны зразумелі адзін другога.

Два дні пазьней, а 8 гадзіне раніцы, калі эскадрон рыхтаваўся да штодзённых заняткаў, перад казармай замітусілася група нямецкіх жандармаў, узброеная стрэльбамі і скарастрэламі, як на выезд на акцыю.

— Aufmachen! — крыкнуў на вартавога, збліжаючыся да галоўнага ўваходу, нямецкі вахтмайтар.

Вартавы спакойна папытаў, чаго ён жадае.

— Неадкладна адчыніць! — пачуў ён у адказ, — я маю загад арыштаваць Барыса X., які паводля дайшоўшых да нас вестак хаваецца ў вашых казармах. Ён нам ведамы, як бальшавіцкі агент, які стаіць на службе чырвоных бандытаў. Адчынеце неадкладна! — крыкнуў ён зноў, грозна паказваючы «машынкай» на дзьверы.

— Мая ня справа, ці тут хто хаваецца, ці не, але я ведаю, што тут загадвае толькі адзін чалавек — камандзер эскадрону, — адказаў вартавы крыху ўжо падэнарваваным тонам. — Verstanden, Wachtmeister? — зласьліва дакінуў ён.

У міжчасе дыжурны склаў рапарт камандзеру аб дамаганьні нямецкіх жандармаў. Камандзер у той час абгаварваў із сваімі ахвіцэрамі плян прадбачаных на гэты дзень заняткаў.

— Ня ўпушчаць нікога! Я зараз зыходжу наніз! — сказаў ён дыжурнаму зь нейкім дзіўным адценкам у голасе, прапускаючы словы праз заціснутыя вусны. Пры гэтым вочы ягоныя загарэліся нябачаным дагэтуль блескам.

— Lassen sie ihren… ihren Kommandanten kommen — зацінаючыся із злосьці сіпеў вахтмайстар.

У дзьвярох казармаў паказаўся камандзер. Ён затрымаўся на хвіліну і здаецца разглядаў сытуацыю ды разьмяркоўваў сілу. Паміж галоўным уваходам у казармы і вонкавай брамай сабраліся жаўнеры. Яны панура паглядалі праз драцяны плот і браму на сабраных за ім жандармаў і даволі нядвузначна сьціскалі стрэльбы. Сытуацыя выглядала даволі сур’ёзна. Камандзер паволі падыйшоў да вонкавай брамы:

— Sie wunschen? — папытаў ён жандармаў.

— У вас у казармах схаваўся Барыс X. зь Дзятлава. Мы маем загад яго арыштаваць, — адказаў жандарм, паясьняючы прычыны арышту.

— Ад каго маеце загад? — запытаў камандзер.

— Ад акруговага начальніка жандармэрыі, — ужо нецерпяліва адказвае вахтмайстэр.

— Дык прымеце да Вашага і вашага акруговага начальніка ведама наступнае: Барыс X. не хаваецца ў казармах эскадрону, а зьяўляецца жаўнерам эскадрону, як і ўсе іншыя. Арыштаваць, судзіць і караць яго, як кажнага іншага жаўнера можа толькі камандзер эскадрону і ні ў якім выпадку нямецкая жандармэрыя. Перадайце, калі ласка, гэта вашаму начальніку. — Ен сказаў гэта цьвёрдым пагамована-зраўнаважаным голасам, і адвяртаючыся плячыма да анямелых жандармаў, даў загад выходзіць на заняткі.

Жандармы, зьбянтэжаныя неспадзяваным для іх і дасюль ніколі нябачаным захаваньнем «айнгайміша», няпэўна затапталіся каля брамы. На іхных тварах адбіваўся выраз чалавека, што хацеў глынуць гарачую бульбу вялікаватага абыйма ды якая засела ў горле. Цераз некалькі хвілін іх ужо ня было перад брамай казармаў.

— Калі будзе тэлефон з камісарыяту, перадайце, што я на занятках і ў камісарыят прыйду каля паўдня, — сказаў камандзер дыжурнаму і зьвяртаючыся да Барыса X., які няпэўна стаяў пры дзьвярох дакінуў:

— Ня бойцеся нічога. Вы бачылі, як за вамі стаіць увесь эскадрон.

Мне няведамы далейшы паварот інцыдэнту. Камандзер хадзіў у камісарыят. Барыс X. застаўся ў эскадроне. Гэта была нашая першая перамога і наяўны доказ, што «Наваградзкі Эскадрон» быў незалежнай беларускай вайсковай адзінкай.

Другая частка Эскадрон у акцыі

І

Жыцьцё эскадрону йшло нармальным шляхам. Інтэнсыўныя заняткі выпаўнялі дні й тыдні. У сутнасьці бадай немагчыма разьмежаваць пэрыяд пераходу эскадрону ў акцыю ад пэрыяду вышкалу. Засяг дзеяньня пашыраўся з кажным днём усё далей ад Наваградка і, зразумела, дробныя сутычкі з партызанамі былі няўхільныя. Тымчасам жыхарства Наваградчыны, а асабліва Наваградка, зжывалася із сваім эскадронам і перажывала нараўні зь ягонымі камандзерамі і жаўнерамі ўсе дасягненьні й няўдачы.

Агулам наваградчане неяк спакойна глядзелі ў будучьню, дарма, што фронт з кажным днём усё больш выгінаўся на захад. На пачатку 1944 году ня было хіба ніводнага чалавека, які, цьвяроза думаючы, верыў у нямецкую перамогу. На чым жа асноўваўся тады гэны супакой наваградчан? Напэўна не на разумовым разважаньні. Гэта проста псыхалягічны мамэнт, выніклы з даверу беларусаў да свайго жаўнера.

— Я ведаю, што немцы вайну прайгралі і за некалькі месяцаў фронт перасунецца на ўсходнія межы Нямеччыны. Але я маю нейкае ўражаньне, што падзеі абмінуць Наваградак. Чаму, сам ня ведаю… Мо таму, што мы маем тут свой эскадрон, — дадаў пасьля колькіх хвілін маўчаньня адзін з урадаўцаў гарадзкое ўправы ў гутарцы зы мною.

Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася б із сваім адрэзкам фронту.

Штож да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў бы, дык быў бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад — гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі.

Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр бы натуральнай сьмерцяй.

Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім:

«Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта».

Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі.

Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.

Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.

Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзеня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.

Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».

— Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.

Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.

— Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.

Ізноў усё пакрыла цішыня. Стратаў ня было ні з нашага боку, ні з боку партызанаў. Усю ноч солтыс Сяльца зь яшчэ колькі сялянамі правёў у сяброўскай гутарцы з камандзерам і жаўнерамі.

— Каб не эскадрон, дык сяньня ўначы нехта заплаціў бы жыцьцём, а мо й я сам. Дзякую вам, хлопцы. Шкада, што ня можаце застацца даўжэй…

Першыя чатыры месяцы 1944 году былі выпаўнены падобнымі большымі ці меншымі выбегамі ў тэрэн. Ваколічныя вёскі Лагадкі, Рутка, Ваўкавічы, Куравічы, Попкава, Лазьневічы, Жданавічы, Асмолава, Каменка былі чарговымі аб’ектамі нашага эскадрону. У сакавіку паасобныя зьвязы выяжджалі ў паветы, дзе ў гэтым часе падрыхтоўвалася і праводзілася мабілізацыя ў Беларускую Краёвую Абарону, загаданую Беларускай Цэнтральнай Радай.

БЦР мела пачаткава пераняць у свае рукі цывільнае судоўніцтва, школьніцтва, і пазьней адміністрацыю. Гэны твор быў вынікам нямецкіх няўдачаў на фронце і партызанскага руху, які ўсьцяж рос. Немцы думалі, што змогуць задаволіць незадаваленьне беларускіх масаў гэтым «эрзацам» улады. У практыцы аднак палажэньне не зьмянілася. Назначаныя на акругі Акруговыя Намесьнікі ня мелі практычна большага значэньня, як дасюлешнія кіраўнікі Самапомачы, ці Мужы Даверу. Немцы не хацелі выпускаць лейцаў з сваіх рук. Там, дзе мясцовы актыў здабыў сабе сякую-такую пазыцыю, там яе і ўтрьмаў: там дзе яе ня было, не памог і гэны штучны наватвор.

Абвешчаная мабілізацыя ў БКА выклікала шмат камэнтараў. Калі ставілася пад сумлеў мэтазгоднасьць фармаваньня эскадрону з гледзішча агульнага палітычнага палажэньня і ў васаблівасьці палажэньня на франтох, дык тым больш паўставала пытаньне дамэтнасьці падрываньня беларускіх масаў да згары асуджанага на няўдачу пачыну. Не на гэтым аднак месцы крытычны агляд таго пэрыяду ды й гэта было б адыходам ад тэмы. Мабілізацыя была агалошаная. Набор у БКА праводзіўся па ўсіх куткох Беларусі ў засягу цывільнае ўлады. Практычна яна абмяжоўвалася па пунктах, неапанаваных партызанскім рухам.

Камандзер Наваградзкага Эскадрону, які спаўняў адначасова функцыі Акруговага Намесьніка, у паразуменьні зь мясцовым актывам наважыўся скарыстаць з гэтае нагоды, каб пашырыць эскадрон да велічыні баталёну. З гэтай мэтай былі адкамандыраваныя на паветы, а найменна ў Любчу й Карэлічы, паасобныя зьвязы ці групы дзеля выбару лепшага элемэнту ў батальён, а таксама дзеля забясьпечаньня ходу мабілізацыі. У Любчу было адкамандавана каля 30 жаўнераў на чале з лейтэнантам К. У ліку падахвіцэраў быў таксама Д., малады, палкі й энэргічны жаўнер, што выйшаў з кадраў наваградзкае сэмінарыі. Партызаны даволі часта непакоілі ваколічныя вёскі. Апошнім часам яны сыстэматычна грабілі Падзагор’е, Воўкаразь і нат Далятычы. Мясцовая паліцыя й нямецкая жандармэрыя запрапанавалі лейт. К. супольную акцыю. Ня надта ахвотна ехалі эскадронаўцы на супольную акцыю, асабліва з гэтымі апошнімі, але пусьціць іх самых, дык наробяць яшчэ больш шкоды, чымся карысьці.

Лейт. К. дае сваю згоду. Распрацоўваецца супольны плян дзеяньня. Аб’ект: Воўкаразь. Наш зьвяз пайшоў дарогай на Зarop’e, паліцыя й жандары на Далятычы. Кантакт мелі навязаць на вышыні зарасьляў на ўзгорку, на паўночны захад ад Загор’я. Ужо ў Загор’і чуліся стрэлы. Паліцыя ўвязалася ў бой з партызанамі. Наш зьвяз, мінуўшы вёску, разгарнуўся ў баявы парадак да наступу.

— Паадзіночна скокамі наперад маарш! — пакацілася па лініі. Спраўна пасоўваўся ланцуг эскадронаўцаў наперад. Стрэлы з боку ворага пачалі радзець. Было відаць, як партызаны адзін па адным зьнікалі за ўзгоркам.

— На ўзгорак бягом маарш! …Прыгнуўшыся, з заціснутымі стрэльбамі ў руках, рынуліся эскадронаўцы на ўзгорак. Партызаны ў міжчасе хаваліся ў забудовах Воўкаразі. Зьвяз хутка дасягнуў вёскі. Партызаны зьніклі ў ляску за вёскай. Далейшая пагоня была бессансоўнай.

— Рукі ўгару! — пачулася раптам на адным панадворку. З-за хаты паказаўся партызан з паднятымі рукамі, а за ім двух нашых жаўнераў. У міжчасе ўвайшлі ў вёску немцы й любчанская паліцыя.

Усе сталі вакол камандзера зьвязу, які выпытваў палоннага.

— Скуль ты?

— З Бору, — быў адказ.

— Чаму пайшоў у партызаны? — пытаў далей лейтэнант.

— Падчас апошняе акцыі немцы спалілі вёску. Шмат пастралялі цывільнага жыхарства, якое нічога супольнага з партызанамі ня мела. Іншых забралі на працу ў Нямеччыну, а некаторым удалося ўцячы ў лес. Я быў паміж гэтых апошніх.

Вакол запала глыбокае маўчаньне.

— Я не бальшавік, — нясьмела пачаў зноў палонны, — я быў першы, які супрацівіўся калектывізацыі. Я ненавіджу бальшавікоў, але хто дасьць мне сяньня ахову? Усяроўна прыходзіцца гінуць. Толькі ня мучце, — папрасіў ён глуха.

У міжчасе прыбліжыўся вахтмайстар зь любчанскай жандармэрыі.

— Ah, Gefangener, gut, gut,[11] хлопцы. Давай яго сюды, мы зь ім расправімся.

У лейтэнанта загарэліся вочы.

— Падахвіцэр Д., — гукнуў ён, — адкажы вахтмайстру!

Падахвіцэр Д., відаць зь вялікай натугай, але стрымана паінфармаваў, што гэта палонны не жандармэрыі, а наш, ды што мы маем асобныя інструкцыі адносна абыходжаньня з палоннымі. — Гэта наш палонны і мы зробім зь ім, што нам спадабаецца, — закончыў ён цьвёрда.

— Was werden sie denn mit ihm tun?[12]

— Павесім за…, — весела ўжо адказаў Д.

— О, гут, гут, — задаволена адказаў немец. У міжчасе лейтэнант працягваў гутарку з палонным.

— Мы ня немцы, — казаў ён, — мы беларускія жаўнеры. Палонных не расстрэльваем. Мы не змагаемся супраць беларускага народу. Нашая мэта, гэта вольная ад усіх акупантаў Беларусь. Перадумай аб гэтым, раскажы сваім сябром. Шлях да нас для цябе заўсёды адчынены. Ідзі з Богам. Але памятай, каб твая рука ніколі не паднялася супраць твайго брата-Беларуса. Ідзі!

Палонны не разумеў. Ён нясьмела адступаў назад, паглядаючы неспакойна ўбок немцаў. Ён ня верыў сваім вушам. Пот сьцякаў па ягоным твары. Раптам ён кінуўся бегчы, і па нейкім часе зьнік у бліжэйшых кустох. Гэтай сцэне прыглядаліся жыхары вёскі, якіх у міжчасе загадаў сагнаць вахтмайстар. Бяз слова прыглядаліся яны. Вахтмайстараў твар набег крывёй.

— Sofort das Dorf abbrennen. Hier sind alle Partisanen. Anstekken[13], — зароў ён дзікім голасам.

Падахвіцэр Д., схапіўшы вахтмайстра за грудзі, выціснуў цераз сьцятыя вусны:

— Ня ты будаваў і ня ты спаліш. Zurrucktreten, oder ich schiesse![14] — дадаў ён па-нямецку тонам, які ўжо не пакідаў ніякага сумлеву што да далейшых кансэквэнцыяў. Пасьля хутка адскочыў узад і адцягнуўшы ручку «дзехцяра», накіраваў рулю ўбок немцаў. Грозна заляскалі замкі эскадронаўцаў. Аргумэнт здаваўся дастаткова пераконвальным.

Немцы й паліцыя паволі аддаляліся ў бок Любчы. Неяк дзіўна ціха стала на вуліцы вёскі. Жыхары глядзелі на сваіх жаўнераў шырока адчыненымі вачыма. Раптам з грамады пачуўся плач жанчыны. Плач гора й шчасьця. Плач беларускай маці:

«Сынкі мае, вы-ж нашы дзеткі, вы-ж нашы збаўцы…»

Далейшыя словы ўтапіліся ў вагульнай мітусьні. Сяляне абдымалі жаўнераў. Зь іхных вачэй зьзяла радасьць і шчасьце. Нашага лейтэнанта яны на руках унесьлі ў хату.

II

Аднэй сакавіковай раніцы прыйшла ў Наваградак навіна, што палякі перайшлі Нёман і занялі шкляную гуту ў Бярозаўцы. Гэта была першая паважная акцыя польскіх партызанаў зь Лідчыны ў Наваградзкай Акрузе. Тут трэба даць колькі словаў паясьненьня адносна польскага партызанскага руху ў тых ваколіцах.


Пачатак польскага руху датуецца прыблізна з пачатку 1942 году. Асноўнай ягонай базай была якраз Лідчына. Жыхарства Лідчыны ў сваёй аснове амаль стопрацэнтна беларускае, ня лічачы невялікае колькасьці асаднікаў і былых польскіх урадаўцаў, насланых польскім урадам у часе існаваньня польскае дзяржавы. Жыхарства гутарыць прыгожай беларускай мовай і не зважаючы на надлюдзкія палянізатарскія высілкі польскага ўраду, яно засталося ў сваёй аснове беларускае. Аднак дзякуючы таму, што ў пераважальнай бальшыні было яно каталіцкага веравызнаньня, польскія сьвятары мелі тут шырокае поле дзеяньня. Выкарыстоўваючы свой духоўны сан і глыбокую традыцыйную рэлігійнасьць беларускага народу, яны вязалі паняцьце веравызнаньня з нацыянальнасьцяй. Зразумела, гэная акцыя не закранала сьведамай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая бачыла ўсю пэрфіднасьць тактыкі польскага клеру, але сярод шырэйшых масаў гэта пакінула ці малы сьлед. Тыя нешматлікія беларускія каталіцкія сьвятары, якім нейкім цудам удалося здабыць сьвятарскі сан, залежалі ад польскай каталіцкай герархіі, якая пры першай праяве нацыянальнай дзейнасьці гэткага сьвятара высылала яго ў польскія асяродкі.

Вось гэная акцыя польскага клеру і падрыхтавала падатны грунт для польскіх партызанаў у Лідчыне. У часе нямецкае акупацьгі палякі захапілі ўсе ключавыя адміністрацыйныя і гаспадарскія становішчы. Яны абставілі немцаў сваімі перакладнікамі, засноўвалі польскія школы. Касьцёлы сталіся асяродкамі польскае акцыі. Беларускія патрыёты прадстаўляліся палякамі як камуністы, былі перасьледаваныя нямецкім СД.

Наваградзкая Акруга старалася дапамагаць у меру магчымасьцяў беларускаму актыву Ліды, высылаючы туды першым чынам маладых настаўнікаў. Трэба адцеміць, што яны прарабілі там вялізарную нацыянальную працу.

Нельга не адцеміць той фізычнай і духовай апоры для беларусаў Лідчыны, якую ім даў чыгуначны баталён, зарганізаваны ў Наваградку капітанам Сажычам, ды высланы ў Ліду. Зразумела, што насельніцтва Наваградзкае Акругі зь непакоем сачыла за падзеямі ў Лідчыне. Кажны новы атэнтат палякаў на беларускі актыў выклікаў хвалю абурэньня й жаданьне помсты. Змаганьне аднак было тым цяжэйшае, што пачынаючы ад канца 1943 году польскія партызаны зьмянілі тактыку й спынілі змаганьне супраць немцаў, дамовіўшыся з апошнімі на супольную акцыю супраць чырвоных партызанаў. Немцы давалі ім зброю, амуніцыю й уніформы, а таксама пакрывалі іх крымінальныя вычыны ў дачыненьні да беларускага жыхарства.

Зусім зразумела, што заняцьце шкляной гуты ў Бярозаўцы палякамі выклікала абурэньне сярод наваградчан. Жаўнеры эскадрону дамагаліся неадкладнага дзеяньня. Гульня немцаў была тут ясная: палякі занялі гуту із згодай нямецкіх уладаў, якім належала адначасна аслабіць эскадрон.

Для эскадрону сутычка з добра ўзброенымі палякамі, нат пераможная, была нявыгадная. Аднак пакінуць палякаў на «сваёй» тэрыторыі было абсалютна недапушчальна. На нарадзе камандзераў зьвязаў з камандзерам эскадрону было пастаноўлена здабыць гуту, але раней папрабаваць прымусіць палякаў пакінуць гуту бяз бою. Каманду пераняў ст. лейт. С. Цэлы дзень кіпела рыхтоўля да маршу. Папаўняліся стужкі «максімаў», набіваліся дыскі «дзехцяроў». На сьвітаньні эскадрон выйшаў у паход. Каля паўдня перад жаўнерамі зарысаваліся коміны гуты, а на найвышэйшай зь іх вісеў польскі сьцяг. Заціснуліся рукі на стрэльбах.

Зьвязы занялі вызначаныя пазыцыі. Мінамёты і на той час адзіная супрацьпанцырная гармата з гатовай да бою абслугай чакалі на загад каб пачаць бой.

Ст. лейтэнант С. меў гатовы плян. Ліст да камандзера польскага аддзелу ляжаў у ягонай кішані. У ім было сфармуляванае ўльтыматыўнае дамаганьне неадкладнага адступу палякаў за Нёман. С. падклікаў аднаго селяніна і даручыў яму перадаць ліст собскаручна камандзеру польскага аддзелу. Палякам было дадзена дзьве гадзіны часу. Камандзер глянуў на гадзіньнік. Роўна поўдзень. Ён дапісаў нешта ў ліст, заклеіў і перадаў селяніну. За некалькі часінаў той ужо быў каля першых забудоваў вёскі. Два польскія жаўнеры выскачылі з-за хаты насупраць яго і неўзабаве зьніклі ў забудовах.

Памаленьку пасоўваецца стрэлка гадзіньніка. Жаўнеры гараць нецерпялівасьцяй. Ніхто ня верыць у мірнае палагоджаньне канфлікту. У іхных вачох устаюць постаці дзесяткаў і сотняў забітых беларускіх патрыётаў. Тыпічны праяў рыцарскасьці польскіх партызанаў: данос у СД або куля ў плечы.

Стрэлка мінае першую гадзіну. Камандзеры зьвязаў маюць апошнюю нараду з С.

— Пачынаем пунктуальна ў дзьве гадзіны. Другі зьвяз павінен заняць як найхутчэй мост цераз Нёман. Пакінуць адну дружыну і атакаваць Бярозаўку з паўночнага боку. Трэйці зьвяз пад прыкрыцьцём мінамётаў і цяжкіх кулямётаў зойме першыя забудовы. Першы зьвяз у рэзэрве. На белую ракету заняць першыя забудовы ўправа ад гуты! — палі апошнія словы С.

Гадзіна 1,45. На дарозе паказваецца постаць селяніна. Адначасна польскі сьцяг на коміне гуты паволі апушчаецца. За некалькі часін камандзер трымае ліст у руках:

Палякі пастанавілі адступіць за Нёман. Роўна а 2-й гадзіне эскадрон увайшоў баявым парадкам у гуту. Тэлефанічная сувязь з Наваградкам была навязана неадкладна. І паплыла па дроце радасная вестка аб бяскрывавай перамозе эскадрону. Маланкай разьнеслася вестка па Наваградку. Ягоныя жыхары ўспрынялі яе з энтузіязмам.

«Малайцы хлопцы. Палякі здрэйфілі. Гэта ім не з-за вугла страляць. Эх, брат, каб такіх эскадрончыкаў з сотню ў Беларусь. Сьпярылі б і белых і чырвоных, ды й немцы йначай засьпявалі б».

Гэтым вечарам падобныя гутаркі чуліся бадай у кажнай беларускай хаце. Тымчасам эскадрон заняў гуту. На комін усьцярэбліваецца жаўнер. За колькі часінаў разгарнуўся на ветры бел-чырвона-белы сьцяг і залунаў у праменьнях сонца. Як на каманду вырвалася з маладых грудзей «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» і падхопленае ветрам паняслося далёка за Нёман. Дзесь зь бесканцовасьці пачулася рэха: «…у крывавых муках мы адродзім жыцьцё Рэспублікі свае …»

На наступны дзень палякі прыслалі дэлегацыю з прапановаю наладжаньня сустрэчы камандзераў польскіх партызанскіх аддзелаў у Лідчыне з ахвіцэрамі эскадрону. Як месца сустрэчы, яны запрапанавалі адзін хутар каля двух кілямэтраў ад Бярозаўкі. З кажнага боку будзе трох дэлегатаў. Адны й другія павінны забавязацца прыйсьці бяз эскорты і толькі з бакавой зброяй. Мэта сустрэчы: шуканьне паразуменьня між двума бакамі ў супольным змаганьні супроць чырвоных партызанаў. Ст. лейт. С. пасьля кароткае нарады даў сваю згоду. Трэба сказаць, што пры наяве ведамых падступных мэтадаў палякаў, такая сустрэча была больш чым рызыкоўная і вымагала вялікай адвагі нашых камандзераў. Ст. лейт. С. у таварыстве лейт. М. і падахвіц. У. роўна а дванаццатай гадзіне выйшаў на ўмоўленае месца сустрэчы. Дзьве дружыны ў поўнай баёвай гатоўнасьці былі вызначаны на ўсялякую непрадбачаную эвэнтуальнасьць. На хутары сустрэў нашых камандзераў маёр Рогэр (так ён прынамся прадставіўся). Перад быстрым аднак вокам падахвіцэра У. не схаваўся аддзел польскіх партызанаў у сіле каля 30-х чалавек, што залёг ў кустах мэтраў 300 ад хутару. Ён паінфармаваў аб гэтым камандзераў. Маёр Рогэр, зразумеўшы сказанае, зрабіў выгляд, што ён аб гэтым нічога ня ведаў, і што гэтыя жаўнеры апыніліся там безь ягонага ведама. Ім ён даў загад неадкладна пакінуць раён хутару.

Атмасфэра была даволі напружаная. Паміма добрага абеду і самагону, гутарка ня клеілася. Нашы адмовіліся піць. Нарэшце палякі прыступілі да справы. Пасьля доўгага ўступу аб міжнароднай сытуацыі ды няўхільным прыходзе бальшавікоў, яны імкнуліся пераканаць, што польскі лёнданскі ўрад будзе мець дастаткова ўплываў на міжнародныя падзеі, каб захаваць Польшчу незалежнай дзяржавай у старых межах ды што для беларусаў адзіны выхад — гэта супрацоўніцтва цяпер з палякамі. Гэта будзе дастаткова ацэнена апошнімі, і ў будучыні належна ўзнагароджана ў шырэйшым нацыянальным маштабе. На вуснах С. паявілася дабратлівая нядвузначная ўсьмешка.

— За нашой вольносьць і вашой, ня так? — папытаў ён.

— Як сен цешэн жэ пан мне зрозумял, власьне о то ходзі, — ускрыкнуў радасна маёр, пасьпяшаўшыся з выснавамі.

— Вось у гэтым і справа, — ужо паважна адказаў С. — Нельга ашукваць два разы на тую самую прынаду. Гэта не бярэ. Зрэштай такога характару гутаркі павінны весьціся ў дзяржаўным маштабе. Вашую вольнасьць мы пазналі і нацешыліся ёю дастаткова за дваццаць гадоў вашага панаваньня. Маем годзе. Прапаную гутарыць больш аб нашых лякальных справах. Мне ведама, што вы атрымоўваеце зброю ад немцаў. Мы таксама. Мы змагаемся супраць чырвоных партызанаў. Вы ад некаторага часу таксама павярнулі зброю супраць бальшавікоў. Але ёсьць адно «але»: вы змагаецеся першым чынам супраць беларусаў, вынішчаючы нацыянальна сьведамы элемэнт, які ў канчальным выпадку таксама як і вы змагаецца супраць бальшавікоў. Не за немцаў, але за лепшую будучыню свайго народу. Нашая мэта — незалежная Беларусь. Зразумела, што пажадана, каб нашыя народы жылі ў добрасуседзкіх дачыненьнях, але дзеля гэтага трэба ўжо сяньня палажыць да гэтага асновы. Вашая праступная тактыка адносна беларусаў у Лідзкай акрузе ў ніякім выпадку ня спрыяе гэтай мэце. Дайце выясьненьні што да забойстваў беларусаў.

Маёр быў выразна занепакоены.

— Бачыце, цяжка ўтрымаць дысцыпліну ў партызанскім жыцьці. Гэта былі выпадкі, зробленыя бязь ведама галоўнага камандаваньня. Вы разумееце, што існуюць паасобныя нездысцыплінаваныя банды, і нам цяжка мець над імі кантролю. Але ў нас ёсьць загад не чапаць беларускага насельніцтва. Вы павінны гэта зразумець…

— Так, я добра разумею і раблю з гэтага адпаведны выснаў: нельга дагаворвацца аб супольнай акцыі з камандзерамі, якія ня маюць аўтарытэту над сваімі жаўнерамі. З майго боку наступная прапанова: вы павінны неадкладна спыніць тэрарыстычную акцыю супраць беларускага актыву. Даём вам час да перакананьня нас у вашых добрых намерах. Прапаную пасьля аднаго месяца сустрэцца зноў. У выпадку аднак, калі тэрарыстычная акцыя паўторыцца, мы будзем змушаны адказаць тэрорам на тэрор і пачнем сыстэматычную акцыю вынішчаньня палякаў на тэрыторыі Наваградзкае Акругі. Я скончыў.

Разьвітваючыся, С. дaдaў:

— Прапаную Вам да сяньня вечара вывесьці ўсе вашы аддзелы за Нёман, каб ухіліцца ад непатрэбных сутычак.

Увечары нашая дэлегацыя, расказваючы аб сустрэчы, знайшла поўную падтрымку ў занятым у гутарках з палякамі становішчы.

Месяцы сакавік і красавік у вялікай меры былі прысьвечаны коннаму вышкалу жаўнераў. Эскадрон атрымаў коні ў палавіне сакавіка. Вышкалам заняўся лейт. Д-а, добры кавалерыст, які задзіўляў нас уcіx сваімі вычынамі на кані. Гэта быў незраўнаны жаўнер. Перад уступленьнем у эскадрон ён быў кіраўніком карэліцкай паліцыі і адзначыўся ў баёх з партызанамі. Колькі разоў ранены, ён рабіў уражаньне чалавека, якога кулі не бяруць, бо ніразу пасьля раненьня, нат паважнага, не пайшоў у больніцу. Ён ведаў сабе цану і таму канфлікт зь мясцовай жандармэрыяй, якой падлягала паліцыя, быў няўхільны. Пасьля аднэй вострай дыскусіі, у якой яго абразіў жандар, ён не паўстрымаўся, і выцяў яго па твары, і каб не сябры, застрэліў бы яго на месцы. Пасьля гэтага факту быў арыштаваны й вывезены ў наваградзкую турму, скуль уступіў у эскадрон.

III

Набліжалася 25 сакавіка. На гэны дзень была вызначаная прысяга. Дзьве сястры М-а, аднаго з эскадронаўцаў, зрабілі прыгожы сьцяг з вышытай Пагоняй і гэрбам Наваградка. На чорным трыкутніку пры дрэўцы надпіс: Першы Беларускі Эскадрон.

Наваградак рыхтуецца да вялікай урачыстасьці — прысягі. Лейт. Д-а інтэнсыўна рыхтуе маладых кавалерыстау. Ён хоча, каб прынамся адзін зьвяз выступіў конна.

25 Сакавіка. У Наваградку сьвяточны настрой. На галоўны пляц выходзяць калёны сэмінарыстау, прагімназіі, паліцыі, беларускага батальёну пад нямецкай камандай. Таксама й жыхарства гораду масава накіроўваецца на наваградзкі рынак.

Эскадрон выстраіўся на Горадзенскай вуліцы да параднага маршу. Загучэлі гукі вайсковага маршу. Падае каманда. На чале калёны сьцяг эскадрону, на які будуць складаць прысягу маладыя жаўнеры. Парадны марш вядзе сам камандзер эскадрону. Зьвяз за зьвязам, роўным крокам набліжаецца эскадрон да трыбуны. Камандзер узыходзіць на трыбуну, на якой ужо знаходзяцца адказныя беларускія кіраўнікі ды прадстаўнікі нямецкіх уладаў. Гукі музыкі заглушаюцца воплескамі й спантанічнай маніфэстацыяй сымпатыі наваградчан да эскадрону.

Эскадрон выстраіўся перад трыбунай у рады да прысягі. Перад ім сьцяг эскадрону. Штандаровая тройка, трох рослых юнакоў, стаіць фронтам да эскадрону. З радоў выступае трох жаўнераў — па адным ад кажнага зьвязу. Падае каманда:

— Да прысягі!

З адкрытай галавой і горда паднятым чалом, із сьмелым і ясным позіркам стаяць жаўнеры. Паважны настрой аўтаматычна перадаецца і прысутным. Усе здымаюць шапкі і сканцэнтравана чакаюць урачыстага мамэнту.

«Прысягаю…»

«Прысягаю, ― як рэхам паўтарылі жаўнеры, — у ймя Бога верна служыць свайму народу й Бацькаўшчыне».

Звонка гучаць словы прысягі з вуснаў жаўнераў. У левай руцэ палатно сьцягу, правай тры пальцы паднятыя ўгару. Гэны дзень застанецца заўсёды жывы ў успамінах кажнага, хто яго перажываў.

Настаўніцкая сэмінарыя запрасіла эскадрон на ўрачыстую акадэмію. Былыя вучні — сяньняшнія жаўнеры, настаўнікі, сяньняшнія вучні і прышлыя жаўнеры — усё гэта сцэмэнтавалася ў вадну неразлучную сям’ю, споеную аднэй ідэяй, заключанай у сымболіцы Акту 25 Сакавіка.

IV

Па паветах мабілізацыя ў поўным разгары. У Карэлічы быў высланы падахвіцэр М. — былы студэнт права віленскага ўнівэрсытэту, зь дзьвюма дружынамі дзеля аховы забясьпечаньня спраўнага ходу і выбару жаўнераў у плянаваны батальён.

Аднаго дня кіраўнік павету паведаміў М., што ў вёсцы Красна партызаны перашкаджаюць людзям прадстаўляцца перад мабілізацыйнай камісіяй. М. хутка выстраіў сваю групу й накіраваўся ў бок Краснае.

Партызаны зрабілі засаду ў першых забудовах. Падпусьціўшы групу М. на 50 мэтраў ад вёскі, яны адчынілі па іх густы агонь. Эскадронаўцы ўпалі на зямлю. Гладкае поле. Ніякіх магчымасьцяў прыкрыцьця. Наш «дзехцяр» хутка адказаў, але шансы былі няроўныя. Партызаны ў добрым прыкрыцьці, нашы ў чыстым полі. М. хутка ар’ентуецца ў сытуацыі. Праз траскатню стрэлаў чуваць ягоны голас: «Падрыхтаваць гранаты!»

А пасьля колькі хвілінаў:

«У вёску бягом маарш!..»

Падарваўся сам і за ім ягоная група. Раптам зваліўся, падняўся зноў, вьшусьціў з правай рукі «фінку», схапіў у левую пісталет, зноў паміж першых. Агонь ворага сьціх. Нашыя занялі вёску, людзі маглі свабодна йсьці ў Карэлічы.

— Перамаглі, хлопцы. Слаўна было, — сьмяючыся казаў М. І толькі цяпер жаўнеры заўважылі, што ён быў ранены ў плячук. З рукава сьцякала кроў. Ён стараўся трымацца на нагах, але хутка асунуўся. Зрабілі правізарычныя насілкі, знайшлі воз і адвезьлі свайго камандзера ў Карэлічы, а адтуль у Наваградак. Рана выдавалася нецяжкая, але пры адсутнасьці адпаведных лекаў хутка наступіла заражэньне крыві і М. памёр у Наваградзкай больніцы. Першая ахвяра эскадрону на аўтар Бацькаўшчыны.


Пахіліўся штандар. Труна апусьцілася ў магілу. Цішьшю прарэзалі тры разьвітальныя сальвы. Эскадрон разьвітваўся із сваім сябрам. Глуха грукацела зямля аб труну. Гэны гук ўпіваўся ў сэрцы сяброў. Яшчэ адна, але ўжо ціхая прысяга — памсьціць свайго сябру. Вырасла новая магілка на вайсковых могілках Наваградка. «…На крыві народу вырасьце магутнае дрэва…» І гэтае дрэва будзе звацца Беларуская Сувэрэнная Дзяржава.

Неяк у гэты дзень завітаў у эскадрон барон фон Энгэльгард — немец з Латвіі. Ён вырас сярод беларусаў і палюбіў іх. Ягоныя пробеларускія сымпатыі выразна прабіваюцца ў ягонай кнізе «Weisruthenien», якое карэкту ён рабіў якраз у гэтым часе. Ён любіў эскадрон і быў ягоным частым госьцем. У гэты дзень ён быў прыгнечаны паховінамі М. Гутарылася на розныя тэмы і зразумела скончылася тэмай змаганьня з партызанамі. Раптам, зьвяртаючыся да камандзера эскадрону, ён сказаў:

— Я маю добры плян змаганьня з партызанамі. Гэтую праблему можна ліквідаваць добра й хутка.

Позіркі прысутных падняліся на яго.

— Сабраць усіх немцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, палавіну расстраляць, а палавіну выслаць на фронт. А на іх месца паставіць беларусаў, — выпаліў ён злосным тонам. Пры гэтым устаў і выйшаў.

Нас ня трэба было пераконваць у праўдзе ягоных словаў. Гэта была ідэя, за якую ён у 1941 годзе змагаўся ў Міністэрстве Ўсходніх Справаў, дамагаючыся шырэйшай аўтаноміі аж да незалежнасьці для Беларусі. За гэта заплаціў ён сваім становішчам і быў пераведзены ў Наваградак на становішча звычайнага лясьніка.

V

У міжчасе йшла падрыхтоўка да фармаваньня батальёну. Немцы звольнілі былыя польскія кашары ў Скрыдлеве. Камандзер эскадрону падбіраў афіцэрскія кадры. Вялікай дапамогай у гэтым часе быў капітан б. царскай арміі Ф. Родзька. Ён фактычна пераняў на сябе абавязкі заступніка акруговага намесьніка, якім быў Рагуля, і да гэтага чыста адміністрацыйныя справы плянаванага батальёну.

Адносіны паміж немцамі і эскадронам нацягваліся штораз больш. Немцы выпрабоўвалі розныя спосабы, каб скампрамітаваць камандзера эскадрону ў вачох Гэнэральнага Камісара, якому беспасярэдня эскадрон быў падпарадкаваны. Яны ведалі, што камандзер эскадрону мае кантакты зь некаторымі партызанскімі аддзеламі, але ня мелі довадаў. А кантакты былі. Прыкладам зь Віктарам, камандзерам паважнага партызанскага аддзелу. Віктар быў лейтэнант савецкай арміі, які пасьля ўцёкаў бальшавікоў зь Беларусі застаўся працаваць у вёсцы Багудзенка ў Г. Ён быў беларус з Смаленшчыны і моцна ненавідзеў бальшавікоў. Калі ж немцы пачалі заганяць у лягеры ўсіх былых палонных, ён разам зь іншымі апыніўся ў лесе. Пачаткова пасыўныя, пасьля арганізаваныя парашутаванымі камандзерамі, ня маючы іншага выхаду, яны паддаліся савецкаму камандаваньню. Віктар меў аддзел сілай каля 300 чалавек. Адзначаўся ён вялікай рыцарскасьцяй у вадносінах да ваколічных жыхароў і ня было выпадку, каб ягоны аддзёл грабіў ці забіваў безбароннае цывільнае жыхарства. На перамовы зь ім была высланая сэмінарыстка Г. Была вызначаная асабістая сустрэча дзеля плянаваньня супольнае акцыі. Аднак гэтыя перамовы праніклі да партызанскага штабу і Віктар быў пачаткова перанесены ў іншыя ваколіцы, а пасьля расстраляны партызанамі.

Аднаго дня камандзер эскадрону застаў у сваім памешканьні былога вучня сэмінарыі Г-а, які лічыўся загублены ад пэўнага часу. Вось гэны вучань прынёс ліст ад аднаго зь ведамых партызанскіх аддзелаў з рознымі нявіннымі прапановамі, дамагаючыся неадкладнага пісьмовага адказу. Камандзер аднак адмовіўся даць пісьмовы адказ, просячы перадаць, што ён згодны сустрэцца, але аб часе і месцы паведаміць сваечасова. Колькі тыдняў пасьля аказалася, што ліст быў высланы не партызанамі, а лідзкім СД у паразуменьні з наваградзкай жандармэрыяй. Яны спадзяваліся мець пісьмовы адказ, наяўны довад кантакту з партызанамі.

Тымчасам вышкал эскадрону пасоўваўся шпарка наперад. Цяжкавата прыходзілася часам пасьля штодзённых заняткаў на кані. Партызаны ж з кажным днём усё больш правакавалі эскадрон. Не абыходзілася і без дацінкаў, скіраваных пад адрысам камандзера і ягоных маладых сяброў. Аднаго дня, калі вучні сэмінарыі варочаліся з Карэлічаў у Наваградак, іх перахапілі партызаны з аддзелу слаўнага Міцькі. Яны цікавіліся сілай і ўзбраеньнем эскадрону. Пасьля Міцька прасіў перадаць камандзеру эскадрона, каб ён перад тым, як сустрэцца ў баі зь ім, выцер малако з вуснаў і прыдбаў лішнюю зьмену хусьця. Ня доўга яму прыйшлося чакаць на гэтую сустрэчу.

VI

У канцы красавіка эскадрон атрымаў новы транспарт амуніцыі і папаўненьне зброяй. У паветры вычувалася шырэйшая акцыя. Настрой эскадрону падняўся. 27 красавіка цэлы дзень йшла інтэнсыўная падрыхтоўка да даўжэйшага маршу. Куды? На як доўга? — Ніхто ня ведаў.

Нарэшце доўгачаканы дзень. Ураньні 26-га красавіка грукат конскіх капытоў разбудзіў наваградчан. Заспаныя твары паказваліся ў вокнах. Жаўнеры ім прыветліва махалі рукамі. Усе яны знаёмыя, родныя, блізкія сэрцу жаўнераў.

— Эскадрон выходзіць на акцыю, — казалі адзін другому.

— З Богам, хлопцы, вяртайцеся зь перамогай! — кідалі яны ўздагон эскадрону.

Эскадрон накіраваўся на Баранавіцкую вуліцу. Мінае апошнія хаты гораду. За Кораставам камандзер заклікаў да сябе камандзераў зьвязаў і дружынаў.

— Першы этап: Гарадышча. Там начуем. Найбольш небясьпечны адрэзак сяньняшняга этапу, гэта Сьвітазь. Уехаўшы ў Сьвітазянскі лес, пярэдняе забясьпечаньне перашукае дакладна лес углыб. Пільна забясьпечыць бакі. Не забывайцеся, што фронту няма. Мы ўваходзім у чыста партызанскі раён.

Камандзеры вярнуліся да сваіх зьвязаў і дружынаў. Хуткім трухтам адна дружына высунулася наперад. Зь ёю лейт. Д-а — з такім забясьпечаньнем страху няма. Эскадрон крануўся зь месца. Спакойна, бязь ніякага інцыдэнту даехалі да Валаўкі. Ужо пярэдняе забясьпечаньне выехала на горку пад валяўскую царкву, мінула яе. Адзін з жаўнераў застаўся, а пры ім нейкі дзядок. Калі камандзер зраўнаўся зь ім, жаўнер склаў рапарт, што гэты дзядок хоча бачыць камандзера. Камандзер прыблізіўся да старога.

— У чым справа, бацька?

— Не забівайце мяне толькі, я нічога не вінаваты. Мне даручылі партызаны перадаць вам вось гэты ліст, — сказаў дрыжачьм ад страху голасам стары.

Камандзер уважліва прачытаў ліст. Пасьля голасна засьмяяўся і сказаў старому:

— Перадай партызанам, што мы ня ў іхны тэрэн едзем, а ў свой собскі. Калі-ж нам стануць на дарозе, дык зумеем маскоўскіх валацугаў прыняць з дарогі.

Як пасьля выявілася, партызаны перасьцерагалі эскадрон перад уваходжаньнем у іхныя раёны. На нікога гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Эскадрон прадаўжаў свой марш. Здалёк на гарызонце зарысаваўся цёмнай лініяй сьвітазянскі лес.

VII

У радох эскадрону заціхлі гутаркі. Кажны дакладна ўяўляў небясьпеку, што чакала іх наперадзе. Шаса парасла зельлем: даўно ўжо гэтая терыторыя лічылася партызанскай і толькі добра ўзброеныя «Geleitzug’i» наважваліся часамі яе праяжджаць.

З правага боку збліжаўся выцягнутым галёпам ганец.

— Два партызанскія конныя патрулі пасоўваюцца паралельна да нас і накіроўваюцца ў сьвітазянскі лес, — адрапартаваў ён камандзеру.

— Ня ўвязвацца ў бой з дробнымі аддзеламі. Пры ўваходзе ў лес зьменшыць адлегласьць да зрокавага кантакту з эскадронам, — загадаў той.

Было відавочна, што ён не хацеў увязваць эскадрону ў бой. Мэтай гэтага маршу ня была баёвая акцыя, а хутчэй дэманстрацыя сілы ды ўзьняцьце маралі жыхарства, запужанага як Немцамі, так і бальшавіцкімі партызанамі. І вось, ня гледзячы на даволі нахабныя правакацыі з боку партызанскіх патрулёў, з нашага боку ня паў ніводзін стрэл. Тымчасам пярэдняя ахова збліжалася да лесу. Камандзер павольна апусьціў руку, і эскадрон затрымаўся.

— З ко-о-оней! — пачулася каманда. — Кулямёты на стачовішчы!

Замітусіўся эскадрон. Неўзабаве коні былі адведзеныя ў бясьпечнае месца, і эскадронаўцы ляжалі на вагнявых становішчах.

Пярэдняя ахова схавалася ў лесе. Зьніклі таксама й бакавыя, заглыбіўшыся ў гушчу сьвітазянскага бору. Наступіла цішыня, поўная чаканьня. Камандзер не адрываў вачэй ад біноклю. Урэшце зь лесу вынырнуў жаўнер — дарога вольная!

Эскадрон паволі ўехаў у бор. Міжволі падымалася рука, каб скінуць шапку, апыніўшыся ў гэтай сьвятыні натуры. Сэрца білася моцна ў грудзёх, напоўненых гамай розных пачуцьцяў. Здавалося, што хопіць падняцца на страмёнах, каб дастаць гордыя верхавіны соснаў.

Стук конскіх капытоў па шасе прыклікаў жаўнераў да рэчаіснасьці. Ганец ад лейт. Д-кі паведамляў, што дарога вольная, ды што пяпэдняя ахова на выгадных становішчах за возерам; на працілеглы край лecу высланы патруль.

Цераз прагаліны лесу ўсьміхнулася блакітная глядзь Сьвітазі, гэтага цудоўнага, таемнага ляснога вока.

— Камандзер, камандзер, — пачулася з розных бакоў, — затрымаемся тут хоць на часінку!

— Трымаць зрокавы кантакт з аховамі, — ужо неяк менш празаічна сказаў той. — Дзесяць хвілінаў адпачынку.

Жаўнеры былі ўжо пры возеры. Адны пілі крыштальна-чыстую ваду, другія паілі коней, іншыя з асалодаю змывалі сабе твар ад дарожнага пылу.

Сьвітазь хавалася ад вачэй эскадрону за гушчай лесу. Яшчэ раз усьміхнулася возера прагалінамі лесу на разьвітаньне ды зьнікла ў гушчы бору.

Неўзабаве выехалі зь лесу. Здалёк, направа ад дарогі віднеліся папялішчы Парэчча, спаленага п’янай нямецкай жандармэрыяй. Вастрыём нажа ўбіваліся ў сэрцы жаўнераў напоўразваленыя каміны. Людзей ня было відаць: калі й засталіся дзе якія, дык і тыя хаваліся ў лясох. Узброены жаўнер ніколі ім нічога добрага не прарочыў.

Увечары гэтага ж дня эскадрон уяжджаў у Гарадышча. Жаўнеры былі паднечаны яшчэ сьвежымі ўражаньнямі. Яны дзяліліся сваімі перажываньнямі з дарогі. Пазьней мела месца сяброўскся сустрэча зь мясцовьм беларускім актывам. Усе цікавіліся жыцьцём эскадрону, плянамі на будучыню, ходам мабілізацыі ў наваградзкай акрузе. Выменьваліся думкамі, спасьцярогамі й дазнаньнямі. Не абыйшлося й бяз крытычных заўвагаў.

— Зразумела, плян ваш нязвычайна сьмелы, сказаў адзін з старэйшых ахвіцэраў гарадышчанскага батальёну, зварочваючыся да ахвіцэраў эскадрону, — але ня ведаю, ці ня лішня вы тут кіраваліся пачуцьцямі. Ён мог ужо, або можа хутка скончыцца загубай красы наваградзкай моладзі. Вонкавы эфэкт прыгожы, але канкрэтная карысьць — сумляюся, ці надта вялікая.

— Нельга кіравацца толькі розумам, — адказаў лейт. М.

— Паколькі камандзер адказвае ў першую чаргу за жаўнераў, дык у яго павінен розум браць верх над пачуцьцямі. Пачуцьці й энтузіязм патрэбны для жаўнера, але павінны быць выключаны ў камандзера, або прынамся іх роля зрэдукавана да мінімум.

— З гэтым цяжка пагадзіцца, не здаваўся лейт. М. — Што варты разумны й разважны ахвіцэр, але без энтузіязму? Ён хутка страціць духовы кантакт з жаўнерам і адарвецца ад яго.

— Гэта нязвычайная праблема, — умяшаўся ў гутарку камандзер эскадрону. — Трэба ўмець спалучыць энтузіязм з развагай, а гэта нялёгкая рэч. У эскадроне як жаўнеры так і камандзеры — усе маладыя, усім ім хапае энтузіязму, праўда, магчыма й за кошт халоднага розуму. Але ж ў сяньняшні час, пры сяньняшнім палітычным і франтавым палажэньні, можна кіравацца вылучна развагай? Нас асудзяць за бязьдзейнасьць, вычэкваньне лепшых мамэнтаў, а вычэкваньне й бязьдзейнасьць раўназначна з духовай сьмерцяй адзінкі й народу. Энтузіязм жа парывае да акцыі.

— А што, калі гэты неразважны энтузіязм спрычыніцца да сьмерці цьвету нашае моладзі, не дазволіўшы ёй даць зь сябе ўсяго тога, што ад яе мы можам спадзявацца?

Падахвіцэр У-іч, яшчэ нядаўны вучаць сэмінарыі, умяшаўся ў гутарку. Ён ужо даўно шукаў зручнага мамэнту, каб выказаць сваю думку.

— Ці ж былі б мы сяньня Беларусамі, каб нашыя мінулыя пакаленьні, страціўшы сваю дзяржаўную незалежнасьць, злажылі рукі ды чакалі зручнейшых мамэнтаў дзеля рэалізацыі нашай канчальнай мэты? Ці ж пралітая кроў Каліноўскага й яго сучасьнікаў не давала й не дае нам сяньня сілы да далейшага змаганьня? Ці-ж магчымы быў бы Акт 25-га Сакавіка бяз тых нязьлічоных, неразважных часта, пачынаў нашых бацькоў ды дзядоў? Ці ж быў бы ён магчымы бяз энтузіязму як беларускіх масаў, так і тагачасных кіраўнікоў?

― Магчыма, — працягваў ён ужо больш спакойна, — што наш сяньняшні высілак дарэмны на кароткую мэту. Магчыма гісторыя забудзецца аб гэтым малым эпізодзе — нашым эскадроне. Але паколькі гэты эскадрон зьяўляецца маленькай часткай вялізарнага, магчыма неразважнага, але энтузіястычнага высілку ўсяе сучаснае беларускае моладзі, дык аб гэтым гісторыя не прамаўчыць. Гэты сяньняшні энтузіязм будзе маленькай можа, але неабходнай цэглінай пры будове Незалежнай Беларусі.

У У-ча іскрыліся вочы, гарэлі шчокі. Ягоныя словы й тая духовая сіла, якая праменявала ад яго ў гэны мамэнт, былі дастаткова пераконвальнымі. Стала ціха пасьля слоў маладога жаўнера.

Яшчэ ў гэты самы вечар нямецкая жандармэрыя папярэдзіла aфіцыяльна камандзера эскадрону, што ён ня можа разьлічваць на іхную дапамогу паза засягам гарадышчанскага гарнізону. Яны паясьнілі, што вёска Ясенец — кілямэтраў тры ад Гарадышча — ужо ў засягу партызанаў. У Паланэчцы пост паліцыі разьбіты. Аж да Міра ніякага апорнага пункту. Эскадрон павінен лічыць толькі на свае сілы. Аб гэтым апошнім мы ведалі загадзя…

На сьвітаньні эскадрон ужо стаяў гатовы да выезду. Раніца была прыгожая. Сьцюдзёны вецярок праймаў дрыжыкамі вырванае із сну цела. Нязвычайна рэзкім здаваўся стук конскіх капытоў па бруку местачка, што спала яшчэ глыбокім сном.

Камандзер даваў апошнія настаўленьні:

«Сяньня мусім асягнуць Мір. Пойдзем праз Паланэчку, Серамовічы, Малыя й Вялікія Жухавічы. Ахова — ухіляцца бою з малымі патрулямі. Трэба быць асабліва ўважнымі, бо праціўнік мог ужо зарыентавацца ў прадбачаным намі маршруце. Як пярэдняя, так бакавыя і задняя аховы — ня траціць зрокавага кантакту з эскадронам. У выпадку неспадзяванай атакі, не адступайце без загаду: эскадрон павінен мець час заняць выгадныя пазыцыі. З Богам, сябры!» — дадаў ён.

Праз колькі часінаў эскадрон у поўным баявым парадку рухаўся ў кірунку Паланэчкі. Ранішняе сонца прыветліва глядзела на маладых жаўнераў. Ізноў склонная да рамантызму беларуская натура аддавалася лятуценьням. Але мамэнтамі іхныя вочы загараліся іншым блескам: папялішчы й разваліны хутароў ды вёсак, сьлед праступнай бальшавіцкай і нямецкай акупацыі, прыклікаў іх да рэчаіснасьці.

Пярэдняя ахова хавалася ў Паланэчцы. Сьляды нядаўнага бою былі яшчэ зусім сьвежыя. Беларуская паліцыя змагалася да апошняга патрону з удзесяцёра большай сілай партызанаў. Мала каму ўдалося выйсьці з жыцьцём. Бальшыня згінула ў няроўным змаганьні. Некаторыя захавалі апошні патрон для сябе, каб ня трапіць жывымі ў бальшавіцкія рукі. Жыхары Паланэчкі перажылі ня менш жудасныя дні. Пасьля партызанскай навалы прышлі каральныя нямецкія аддзелы. Зноў пацярпелі нявінныя сяляне: каго расстралялі на месцы, каго схапілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну.

Пакаралі партызанаў…

Таму ня дзіва, што сяляне панура глядзелі на незнаёмы аддзел войска.

— Цяпер гэтая свалата. Уначы адны, удзень другія. Ніколі няма супакою ад іх, — можна был б прачытаць у іхных вачох.

Памалу аднак іхныя твары разьясьняліся. Бел-чырвона-белыя сьцяжкі і ветлівыя ўсьмешкі жаўнераў рабілі сваё.

— Гэта ня немцы! — пачулася ў грамадзе. — Свае, дальбог свае!

З грудзей жаўнераў вырвалася песьня:

«У гушчарах затканых імглою… Беларусь, Беларусь залатая…»

— Свае! Эскадрон! Рагуляўцы! — штораз весялей чулася з грамады.

Кароценькі адпачынак. Жаўнеры частуюць сялянаў цыгаркамі. Дзецям раздаюць цукеркі, старанна адкладаныя дзеля гэтай мэты. Жанчыны частуюць малаком і пахучым чорным хлебам, печаным на сьвежым аеры.

— Куды ты з малаком сваім пхаешся, — адазваўся адзін вусаты дзядзька гадоў каля пяцьдзесяцёх. — Ім трэба малака ад шалёнай каровы, — хітра міргаючы жаўнерам, дадаў ён, дастаючы з-за пазухі пляшку самагонкі.

— Вып’ем хлопцы, а то й так немцы ці партызаны забяруць.

Жаўнеры крыху разгубіліся. Урэшце адзін здабыўся на адказ:

— Дзякуем, дзядзька, шчыра дзякуем, але нам нельга. Перад намі вялікая дарога. Хто ведае што нас яшче чакае ўперадзе. Лепш мець цьвярозую галаву. Вось ад малачка ды хлеба дык не адкажамся, — каб ня скрыўдзіць селяніна адмовай, злагодзіў ён.

Дзядзька шырака адчыніў вочы й зьдзіўлена глядзеў на жаўнераў. Ён прывык толькі й чуць: «Давай самагонку!» А гэтыя адмаўляюцца…

— Эх, хлопцы, вы нейкія іншыя ад другіх… — ен стаяў, ня ведаючы, куды дзець пляшку.

— Мы дзядзька, узялі зброю не па тое, каб грабіць, але каб бараніць сваіх.

— Цяжка вам давядзецца, хлопцы, — нейк задумана сказаў селянін. Аднак словы жаўнера падзеілі на яго відавочна.

— На ко-о-оней… — пачулася здалёк.

— Ну што-ж, нам ужо пара, — сказаў жаўнер і працягнуў руку. Шчыльна прыстала да яе мазольная долонь селяніна.

У Серамовічах эскадрон спыніўся на полудзень. І тут, як усюды, лёд першага недаверу хутка быў пераламаны. Жаўнераў акружылі групкі сялянаў. Пасыпаліся пытаньні. Эскадронаўцы адказвалі, выясьнялі, дыскутавалі.

— Мы хочам мець сваю дзяржаву, — чулася, прыкладам, з аднаго боку. — Хочам, каб на нашай зямлі былі гаспадарамі мы, нашы дзеці, як некалі нашы дзяды ды прадзеды…

VIII

Мір. Прыгожае беларускае местачка. Там яшчэ да сяньня стаіць прыгожы замак — былая сяліба мірскіх князёў. Мір ведамы ўсім у Беларусі з сваіх слаўных кірмашоў, куды зьяжджаліся купцы з усяе Эўропы дзеля закупу коней. Жыхарства, праўда крыху бунтарнае, але сьведамае свае мэты. Мір, Турэц, Карэлічы шмат далі сьведамай беларускай інтэлігенцыі.

У гэты ж вечар была наладжана на прасторным пляцы сустрэча эскадрону зь мясцовым баталёнам БКА. Жаўнеры баталёну выстраіліся на пляцы. Яны яшчэ ня мелі вайсковай вопраткі, не хапала зброі. Ня гледзячы на гэта, жаўнеры бадзёра глядзелі ў будучьшю, верачы, што тыя, хто іх паклікаў у імя Бацькаўшчыны, падумаў аб усім і ў хуткім часе яны атрымаюць усё патрэбнае.

На пляц уехаў эскадрон. Ён заняў трэйці бок квадрату. Камандзер выехаў перад фронт і гукнуў: «На чэсьць Мірскога Батальёну тройчы: Жыве!»

«Жыве! Жыве! Жыве!» — вырвалася дружна з грудзей наваградчан.

— На чэсьць Эскадрону, — адазваўся з вышыні трыбуны камандзер Мірскога Батальёну, — тройчы: Слава! — Рэхам пакацілася магутнае «слава».

Камандзер батальёну ў палкіх словах вітаў сваіх гасьцей. Далікатнае вуха магло аднак пачуць у іх тоны трывогі за будучы лёс сваіх жаўнераў, што прыйшлі сюды за клічам патрыятызму, але недастаткова забясьпечаных.

— Я веру, — канчаючы сваю прамову, сказаў ён, — што нашы высілкі, часамі здавалася б безнадзейныя, ня будуць дарэмнымі. Няхай Усемагутны дапаможа нашаму народу зісьціць ягоныя натуральныя дамаганьні дасягнуць тога, што Бог даў усім народам на адвечнае карыстаньне — Свабоду й Незалежнасьць!

Камандзер эскадрону, відавочна ўсхвалёваны словамі свайго сябры па зброі, моцна паціснуў яму руку. Ён узыйшоў на трыбуну й прывітаў ад імя эскадрону й наваградчан мірскі батальён. Цяжка ўспомніць увесь зьмест ягонай прамовы. Засталіся толькі некаторыя мамэнты.

«Нашае палажэньне, як і ўсяго нашага народу, нязвычайна цяжкое й скамплікаванае, гаварыў ён. Некалі мы спадзяваліся на немцаў, што яны задаволяць нашыя нацыянальныя дамаганьні, але пераканаліся, што моцна памыляліся. Бальшавіцкае панаваньне й іхныя хлусьлівыя лёзунгі ды абяцаньні мы пазналі дастаткова. Заходнія народы сяньня хаўрусьнікамі нашага найбольшага ворага — бальшавікоў. Хаўрусьнікаў ня маем. Ды зрэштай ніводзін хаўрусьнік не дароўвае дзяржавы. За яе трэба змагацца. У змаганьні галоўнае, гэта собскія сілы й вера ў сябе. Гэты хаўрусьнік ня зрадзіць. Маючы яго, мы знойдзем іншага, але страціўшы веру ў собскія сілы, у свой народ, мы нідзе ня знойдзем дапамогі…»

«Кажуць, што мы немцам служым, — у іншым месцы працягваў ён. — Мана! Няважна, што мундзіры аднаго колеру, але пад мундзірамі іншыя сэрцы б’юцца. Чыны нашы няхай будуць сьветкамі службы нашаму народу».

«Вораг наш кажны, хто супраць нашага ідэалу — Незалежнай Беларусі. Сяньня мы павіны выкарыстаць нагоду, каб давесьці нашаму народу, што ён мае яшчэ верных сыноў. Наше заданьне — вярнуць веру народу ў свайго жаўнера. Пераканаць стэрарызаванага селяніна, што стрэльба ў руках беларускага жаўнера не дзеля тэрору, а дзеля абароны Беларуса перад тэрорам чужынцаў. Гэта першая мэта нашага змаганьня. Дасягнем яе, дасягнем і іншых…»

Сустрэча двух беларускіх вайсковых адзінак моцна падняла на духу як жаўнераў, так і камандзераў гэых адзінак.

28-га красавіка эскадрон прыбыў у Турэц. Тут адбылася паважная нарада з бурмістрам і начальнікам мясцовай паліцыі што да далейшага маршу. Паводля іхных інфармацыяў, этап Турэц — Карэлічы — найбольш небясьпечны. Апошнім часам быў загледжаны ўзмоцнены рух партызанаў у гэтых ваколіцах. Як бурмістр, так і начальнік паліцыі перакананы, што Міцька, адзін з найздальнейшых партызанскіх камандзераў і маючы да свае дыспазыцыі вялізарныя сілы, не прапусьціць нагоды, каб не заатакаваць эскадрон пры пераправе цераз Сэрвач, найбольш небясьпечны пункт этапу. Паміж Турцом і Карэлічамі сувязь ужо ад даўжэйшага часу была зусім перарваная. Гаспадарамі ў раёне былі партызаны.

Плян маршу быў дэтальна распрацаваны: два цяжкія кулямёты з чатырох наяўных павінны быць усьцяж на становішчах; пераправа цераз Сэрвач мела адбывацца малымі групамі, пад аслонаю кулямётаў і мінамётаў.

Эскадрон гатовы да маршу. Шмат жаўнераў, улучна з камандзерам, былі родам з Турца. Таму разьвітаньне з гэтым утульным местачкам было мо крыху больш сантымэнтальным, як зь іншымі.

— Бывайце здаровы! З Богам хлопцы, з Богам, заглядайце часьцей! — чулася з розных бакоў.

Эскадрон паволі пасоўваўся наперад. Каля Тарасэвіч паказаліся першыя партызанскія конныя патрулі. Двух коньнікаў галёпам рвалі ў бок Слабодкі. На лева, з Навасёлак, два патрулі галяпавалі ў кірунку Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты — гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах.

— Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! — паў загад. — Эскадрон з коней! — пакацілася па лініі.

Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў.

— Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай!

Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам.

IX

У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.

Як пазьней выявілася, партызаны ведалі пароль. Зьнялі пост паліцыі, і зусім бясьпечна ўвайшлі ў кашары. К-кі сваёй гераічнай сьмерцяй уратаваў колькі дзесяткаў нованабраных жаўнераў БКА.

Гэтае здарэньне прыгнятаюча адбілася на настроі эскадрону. Але прыгнечаньне замянілася ў жаданьне помсты свайго сябры. Яно ахапіла ў роўнай меры жаўнераў і камандзераў эскадрону. Хутка родзіцца плян: выправа на партызанскі штаб у Забалоцьці. Калі аб гэтым даведаўся бурмістар і кіравецтва мясцовай паліцыі, зь якой супрацоўніцтва было неабходнае, яны войстра запратэставалі:

— Ваш плян — гэта шаленства. Нічога не дасягнеце, толькі загубіце свой эскадрон. Застанецеся лепш дзень нашымі гасьцьмі ды варочайцеся ў Наваградак. Вас чакаюць большыя заданьні, — намагаўся пераканаць камандзера й ягоных сяброў бурмістар. — Яшчэ нядаўна быў тут нямецкі батальён, першарадна ўзброены. Яны мелі падобны плян, але мусілі павярнуць з палавіны дарогі. Што ж зробіце вы з вашай сотняй жаўнераў? Разважце раз паважна, — прасіў ён настойліва.

Але на развагу ня было месца ў маладых галовах. Камандзер падзякаваў бурмістру за перасьцярогі й парады ды прыступіў да абгутараньня пляну. Ён быў наступны: зьвяз коннай паліцыі выедзе над сьвітаньнем на Равіны, Руткавічы, Зарэчча. Трэба спадзявацца, што ў ваколіцах Руткавіч іх заатакуюць партызаны. Эскадрон заляжа ў ярох на паўночны захад ад Руткавіч і ў вадпаведны мамэнт уступіць у бой. Калі ж зьвяз дойдзе да Руткавіч і да дзесятай гадзіны партызаны яго не заатакуюць, эскадрон далучыцца да іх у Руткавічах і адтуль пойдзе нармальным маршам на Зарэчча й Забалоцьце.

Ня было ніякага сумлеву, што гэтым разам давядзецца сустрэцца з асноўнай сілай партызанаў. Плян быў падрыхтаваны ліхаманкава і распрацаваны недакладна. Ён апіраўся на меркаваньнях, якія, ня гледзячы нат на найвялікшую праўдападобнасьць, маглі выявіцца памылковымі.

Яшчэ перад сьвітаньнем эскадрон і зьвяз паліцыі крануліся ў паход. Тэрэн быў нязвычайна цяжкі. Глыбокія яры, густа пакрытыя зарасьлямі і падшытым лесам, давалі вялікую перавагу партызанам, якія свой тэрэн добра ведалі. Магчымасьці для цяжкое зброі былі невялікія. У такой мясцовасьці асноўную ролю могуць згуляць скарастрэлы ды гранаты. На кажным кроку відаць было сьвежыя сьляды партызанаў. Нідзе ні жывой душы — ціха і неяк несамавіта.

Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай — ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак.

Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец:

— Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая — на Палужжа.

— Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў.

Тымчасам з Руткавіч нат бязь бінокля можна было бачыць партызанскую масу. Можна было меркаваць, што было іх там каля тысячы. (Як пасьля мы даведаліся, у акцыі прыймала ўдзел прыблізна паўтары тысячы партызанаў). Плян іх быў відавочны: абыйсьці эскадрон з двух бакоў, адрэзаць ад Карэліч, і змусіць прыняць бой у нявыгаднай пазыцыі ў Руткавічах, на дне даліны паміж узгоркамі й ярамі. Ахвіцэры хутка зарыентаваліся ў палажэньні: далейшы марш немагчымы. Трэба заняць якнайхутчэй пазыцыі на ўзгорках за вёскай, і там прыняць бой. Камандзер высылае ганцоў да аховаў зь інструкцыямі адступіць на вызначаныя пазыцыі. Лейтэнанту С-ко даручана неадкладна адступіць з асноўнай часткай эскадрону на вызначаныя ўзгоркі і арганізаваць абарону. Камандзер, лейтэнант Д. і 7 жаўнераў засталіся ў вёсцы, вычэкваючы на зварот ганцоў да аховаў з рапартам аб іхным адыходзе на ўзгоркі. Тымчасам падкова партызанаў заціскаецца. Ганцы спад Зарэчча й Забалоцьця вярнуліся; аховы выканалі загад. Ганца ад С. усё няма.

— Паедзем самі, так іх ня можам пакінуць, — сказаў камандзер. ― Пры нагодзе агледзім тэрэн эвэнтуальнага бою.

Стралою прамчаліся коні праз апусьцелую вёску. Дзіўным рэхам адбіваўся стук конскіх капытоў аб пустыя хаты.

Мінуўшы зарасьлі, група выехала на прасторную паляну. Нідзе ні сьледу аховы С. Павінны хіба быць на наступным узгорку, густавата пакрытым лесам. Накіраваліся туды. Ціха. Нашых ні сьледу.

— С…! — прыглушана гукнуў Д. Ціха. Выяжджаем на край лесу. Раптам густы агонь «фінак» і стрэльбаў прарэзаў глыбокую цішыню. Высока над галовамі засьвісталі кулі. Коні крута павярнулі назад. Выехалі зноў на паляну. Едзем уздоўж левага краю над глыбокім ярам, шырынёю мэтраў з пяцьдзесят. Перад намі ўзгоркі, на якіх залёг эскадрон. На права Руткавічы. Раптам на тым баку яру нешта зарухалася.

— Паліцыя, — ціха кінуў нехта. Пільна прыгледзеўшыся, можна было разрозьніць групу людзей, чалавек сорак-пяцьдзесят. Партызаны! Скуль яны маглі тут узяцца? Няўжо залеглі тут ад раніцы? Няўжо яны ведалі аб нашых плянах? Ня было часу аб гэтым думаць.

— Секанём па іх! — адазваўся Д.

— Давай! — адказаў камандзер.

Доўга ня думаючы, адкрылі агонь. На адказ доўга чакаць ня давялося: партызаны адказалі густым, але няцэльным агнём. Мы хуткім галёпам збліжаліся да ўзгоркаў, спускаючыся ўздоўж яру, які мэтраў сто далей крута паварочваў улева. Камандзерава кабыла прысела на задзе й пачала аставацца, але хутка ён зноў зраўнаўся з групай. З чорнага заду кабылы сачылася кроў.

Калі даехалі да павароту яру й завярнулі налева, каб лёгкім адкосам падняцца на ўзгоркі, насустрач выехаў неспадзявана конны аддзел партызанаў. На часіну адны й другія застылі ад нечаканай сустрэчы. Адзіны выхад, каб ухіліцца ад няроўнага бою ў нявыгаднай сытуацыі — проста ўсьпінацца на стромую сьцяну яру. У галовах ня месьціцца, што гэта магчыма. Д., стары кавалярыст, відаць расцаніў гэную магчымасьць інакш, бо крыкнуўшы «За мною!» накіраваў каня проста на абрыў яру. Упіліся шпоры ў конскія бакі: тыя дзіка кінуліся на стромую сьцяну. Цераз колькі часінаў мы былі ўжо сярод сваіх. Там чакала нас добрая вестка: група С. ужо далучылася да эскадрону.

Эскадрон быў разьмешчаны на ўзгорку формы трыкутніка, падстава якога была ад боку Карэліч і на бакі працягвалася даволі роўным і параўнальна адкрытым тэрэнам. Правы бок, ад Тупалаў, спадаў глыбокім ярам, густа пакрытым кустамі й маладым лесам. Левы бок, ад Равінаў, лагодна спушчаўся ў даліну ды канчаўся шырокім адчыненым полем. Верхні кут трыкутніка быў з боку Руткавіч. Гэта быў найбольш небясьпечны адрэзак, бо надта парэзаны ярамі ды равамі, густа пакрыты кустамі і маладымі зарасьлямі ды да гэтага шмат ніжэй паложаны. Гэты адрэзак быў адарваны ад рэшты тэрэну, занятага эскадронам — поле бачаньня ў той бок было практычна роўна нулю. Аднак тут неабходна было пакінуць тры дружыны, каб зачыніць найбольш выгадны падыход да пазыцыяў эскадрону. Пры гэтай групе застаўся таксама й камандзер эскадрону. Правы бок трыкутніка быў даручаны другому зьвязу, на чале зь лейтэнантам Д. Левы абсадзіў лейтэнант П. зь першым зьвязам. Адзін цяжкі кулямёт быў памешчаны з правага боку верхняга кута трыкутніка, крыху ззаду, каб пабольшыць поле бачаньня й абстрэлу. Другі заняў пазыцыю ў правым рагу на падставе трыкутніка. Ён меў вялікае поле абстрэлу і пакрываў агнём блізу ўвесь правы бок, за выняткам шматлікіх мёртвых поляў, якія трэба было пакрыць агнём «дзехцяроў» і стрэльбаў. Гэны кулямёт мог зьмяніць хутка кірунак агню і ў выпадку патрэбы пакрыць усю падставу трыкутніка. Менш-больш такую пазыцыю мелі два куляметы па левым баку, з тэй розьніцай, што поле абстрэлу было шмат лепшае. Тры дружыны засталіся пры конях, якія былі памешчаны ў катлавіне пры падставе трыкутніка. Нявыгада конных аддзелаў ляжыць якраз у тым, што блізу трэйцяя частка аддзелу, а ў найлепшым выпадку чацьвертая, мусіць заставацца пры конях. Тут жа зьвяз паліцыі служыў задняй аховай.

Партызаны не далі на сябе доўга чакаць. Яны адчынілі нерэгулярны й даволі рэдзенькі агонь на пазыцыі эскадрону. З нашага боку ня паў ніводзін стрэл: суровы загад забараняў страляць да таго часу, пакуль ня зьявіцца праціўнік. Гэткае маўчаньне дзеіць даволі прыгнятаюча на праціўніка.

Агонь гусьцеў і ад часу да часу ўжо быў чуцён над галовамі сьвіст куляў. Раптам у ярох узьняўся гоман і мітусьня. Зь дзікім крыкам кінулася партызанская маса на абрывы яру. Гэта быў мамэнт для нас. Забрахалі паважна кулямёты. Адрывіста, кароткімі сэрыямі, пакрывалі яны бакі яру. Тонам вышэй і неяк сьпяшаючыся, сакаталі «дзехцяры». Ад часу да часу ўмешваліся сюды «фінкі», а стрэльбы намагаліся ўтрымаць нейкі такт. Партызаны атакавалі пазыцыі на высунутым куце трыкутніка і ўвесь правы бок. Зь левага чуліся толькі рэдкія стрэлы.

Пры найбольш высунутым кулямёце сядзеў падахвіцэр К.

— А ну давай, нарывайся, сабачая пошасьць! Во вам, сталінскія халуі! — прыгаворваў ён пры кажнай сэрыі.

Ня гледзячы аднак на густы агонь, партызаны пхаліся на яры. Ужо чуліся паасобныя ўскрыкі партызанаў, густа перакладаныя «сакавітай» расейшчынай.

«Гранаты!» — паў загад па лініі.

Дзесяткі гранатаў узарваліся блізу адначасова. Хмары дыму й пяску засланілі зарасьлі й партызанаў. І раптам стала ціха. Партызаны скочваліся ўніз: першы наступ заламаўся.

Але нядоўга трывала цішыня: цяпер зь левага боку пачуліся стрэлы. Зноў дзікія крыкі, гоман: атакуюць сьвежымі сіламі. Але там ужо разумней, больш разважна, ня кучай. Зразумелі, што шапкамі нябось не закідаюць.

Другі зьвяз адчыніў агонь. Абслуга, прыладзіўшы свае мінамёты, спрытна выбірала мёртвыя полі ды цэльна мацала іх мінамі. Партызаны пачалі мітусіцца. Адзін з каманды мінамётаў быў тоўсьценькі жаўнер Т. з дабрадушнай усьмешкай. Яна ня зыходзіла зь ягоных вуснаў нат у найбольш паважных мамэнтах. І цяпер, закладаючы ў мінамёт міну, ён цалаваў яе і з дабрадушна-хітрай усьмешкай казаў:

«Занясі, душачка, прывет ванькам!»

Калі ж міна не трапляла ў мэту, ён цмокаў нездаволена, папраўляў прыцэл і, гладзячы новую міну, ласкава прасіў:

«Папраўся, сястрычка, чырвоным прывет перадай!..»

«Вось так!» — казаў ён задаволена, калі слуп дыму й пылу падымаўся ў належным месцы.

«Гэта вам за М., а гэта вось за К…»

На левым баку наступ партызанаў узмацняўся. Нечакана ні то крык, ні то выцьцё ўзьнялося блізу перад самымі пазыцыямі на куце трыкутніка збоку Руткавіч. Партызаны не атакавалі, але ўжо штурмавалі, падпоўзшы ціха да нашых пазыцыяў. Тонка засьвісталі кулі «фінак», густа пакрылі пазыцыі эскадрону. Узрыў гранатаў, крыкі партызанаў «Здавайся!» і «салёныя» адказы эскадронаўцаў, — усё зьмяшалася разам. Падахвіцэр В. замахнуўся прыкладам і зьехаў нейкаму нахабніку, які асьмеліўся дабрацца аж да яго.

— Зацяўся максім, — крыкнуў кулямётчык. Камандзер падскочыў да кулямёту й адчыніў замок: у рулі засеў нявыпал.

— Шомпал! — гукнуў ён ды высунуўся зза прыкрыцьця, каб паспрабаваць выбіць набой. Тут жа нехта з жаўнераў крыкнуў: «Рагуля, лажыся!» і бадай у той самы мамэнт сноп куляў зь «фінкі» ўрэзаўся ў вал перад кулямётам. Калі камандзер падняў галаву, дык партызан ужо выпускаў «фінку» з рук, прашыты куляй эскадронаўца.

Спакойны і зраўнаважаны агонь эскадронаўцаў, эфэкт масавага ўжыцьця гранатаў зрабіў сваё: яшчэ раз давялося адступіць партызанам. Камандзер выслаў ганца па Д. Незадоўга той падпоўз да камандзера і зь вясёлай усьмешкай папытаў:

— Ну як? Далі крыху перцу?! У вас тут весялей, — дадаў ён.

— Можа пяройдзем у наступ? — запрапанаваў камандзер.

Але Д., дасьветчаны ў партызанскіх баёх, катэгарычна адрадзіў.

— Пачакаем, яны яшчэ раз паспрабуюць. Няхай сьцякаюць крывёй, а наступаць на нішто ня здасца: жывой душы ня знойдзем, а сваіх можам палажыць здорава.

Жаўнеры падцягалі скрынкі з амуніцыяй, папаўнялі дыскі й стужкі, абвешвалі сябе гранатамі. Цэннай зброяй аказаліся яны! Ужо два разы ратавалі палажэньне.

Тымчасам партызаны зноў адчынілі агонь па пазыцыях эскадрону. Цяпер ён быў радзейшы, але больш цэльны. Зь левага боку выстройвалася партызанская кавалерыя, відавочна зьбіраючыся шаржаваць. Агонь па правым боку ўзмацняўся.

Да камандзера прыбег ганец.

— Кавалерыя хоча адрэзаць дарогу на Карэлічы. Рыхтуецца салідны наступ.

— Кінуць зьвяз паліцыі ў левы рог. Трымацца да апошняга. Перадайце лейтэнанту Д., што я выцягну тры дружыны й узмоцню ваш бок.

Выцягнуць дружыны было толькі дзьве магчымасьці: або цераз адкрытае поле, што даволі строма падымалася ў кірунку пазыцыяў эскадрону, або абыйсьці левым бокам зарасьлямі й ярам. Першае больш рызыкоўнае, але пэўнае, другое — небясьпечнае, бо ў зарасьлях ды яры маглі быць партызаны. Камандзер выбраў першы шлях.

У першую чаргу — воз з амуніцыяй. Цяжка храпучы, усьпінаўся па мяккай ральлі конь. Ня гледзячы на агонь праціўніка, жаўнер вёў каня за аброць. Іншыя скокамі падымаліся на ўзгорак. Партызаны, зар’ентаваўшыся ў нашым манэўры, узмоцнілі агонь. Кулямётчык застагнаў і павіс на кулямёце: з правага пляча сачылася кроў. Жаўнер пры амуніцыйным возе, пабачыўшы гэта, вярнуўся, і з дапамогай стужкавага загрузіў кулямёт на воз.

— Усе з вашай дружыны? — папытаў камандзер жаўнера з групы К-кі, якая была на найбольш высунутым становішчы.

— Усе. Засталося 5-ёх зь сержантам К-ам, але яны пайшлі налева, каб абыйсьці адчыненае поле.

Камандзер пры дапамозе жаўнера падняў раненага і захапіўшы яшчэ скрынку амуніцыі, што засталася ад кулямёту, накіраваўся на адкос. Ён ня бачыў, як з-заду паднялося колькі партызанаў. Але ў гэты мамэнт падскочыў зь «дзехцяром» жаўнер К-іч — той самы, што месяц таму меў заданьне ад партызанаў ліквідаваць камандзера — і засланіў яго.

Неўзабаве дзьве дружыны з трох занялі пазыцыі фронтам на Руткавічы. Гэтая пазыцыя выявілася больш выгаднай, бо давала лепшае поле абстрэлу. Тымчасам на левым баку, проста на нашыя пазыцыі, рвала партызанская кавалерыя. Грозна выглядала іхная шаржа, але як жа неабдумана: два разы мяшаліся ейныя рады пад агнём нашых кулямётаў, два разы яны перафармоўваліся. Урэшце мусілі пакінуць свой неразважны плян.

Агонь на правым баку заціхаў. Штораз радзей падалі стрэлы. У гарачцы бою страцілі разьлік часу — сонца хілілася ўжо на захад. Падлічаем свае страты: лейтэнант Д. ранены ў нагу, але сядзіць на кані; кулямётчык — у плячо, яшчэ адзін жаўнер — у руку й нагу; сержанта К-кі і 4-ох жаўнераў нестае. Паводля аднаго, што выратаваўся з гэнай групы, яны ўсе трапілі ў палон.

Аб стратах партызанаў мы даведаліся шмат пазьней ад аднаго з нашых, што ўцёк з партызанскага палону (яшчэ двух уцякло пазьней) і ад мясцовых сялян: 65 забітых і каля гэтулькі ж раненых. Хоць мэты не дасягнулі, але партызанаў навучылі рэспэктаваць беларускага жаўнера.

Прыгнечаныя крыху стратай чатырох сяброў, але задаволены з канчальных вынікаў, эскадрон варочаўся ў Карэлічы.

Назаўтра, перад адыходам, мы разьвіталіся з сваім сябрам К., пахаваным на могілках у Запольлі. Яшчэ адна ахвяра на аўтары Бацькаўшчыны.

Апошні этап Нягневічы-Наваградак

Першага травеня. Наваградак прыняў сьвяточны выгляд. Калёны вучняў машыруюць на замковы пляц, дзе мае адбыцца ўрачыстая акадэмія з нагоды сьвята працы. Наваградчане групамі накіроўваюцца на замак. Настрой аднак невясёлы. Розныя весткі даходзілі аб эскадроне. «Разьбіты, зьліквідаваны, Міцька акружыў, Рагуля ў палоне…» Ніхто ня ведаў праўды.

Камісар выходзіць на трыбуну з прамовай. На падвышэньні каля трыбуны сядзяць немцы з камісарыяту. Абыякава прыглядаецца гэтаму зыбраная гушча. Нечакана, як электрычны ток прашыў дасюль інэртную масу: з валу замчышча нейкі юнак гукаў: «Эскадрон! Рагуляўцы едуць!» Загула грамада, і натоўпам кінулася на валы замчышча.

Камісар застаўся адзін на трыбуне. Перад ім — пусты пляц. За ім пару немцаў нязручна круціліся на лавах. Тымчасам эскадрон з песьняй заварочваў на замковую гару. Ім насустрач, з грудзей юнакоў — СБМ-аўцаў, няслася песьня, ведамая ўжо ўсяму Наваградку — «Наваградзкі Эскадрон». Цяпер толькі пачалося для наваградчан запраўднае сьвята.


Апісаны выезд эскадрону ў тэрэн быў апошнім актам існаваньня эскадрону, як зусім самастойнай адзінкі. На пачатку травеня ён быў перафармаваны й улучаны ў арганізаваны Наваградзкі Батальён. Лепшыя падахвіцэры й жаўнеры былі ўзятыя на камандны склад трох пяхотных ротаў батальёну. Каманду над батальёнам пераняў капітан Рагуля, дасюлешні камандзер эскадрону. Ягонае месца ў эскадроне заняў старэйшы лейтэнант С-ко.

Язэп Сажыч Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941 — 1945

Вайна нямецка-савецкая ў 1941 годзе застала мяне ў Львове, дзе я студыяваў на ўнівэрсытэце.

Быў сьведкаю наступу й паходу немцаў, якія акружылі Львоў, пайшлі далей, а ўкраінцы перанялі часова ўладу ўключна з агалашэньнем Незалежнасьці, якая доўга ня трывала, бо не задоўга [быў прызначаны] губэрнатар Галіцыі, які аб’явіў акупацыйную ўладу. Разам з украінцамі перажыў гэтае расчараваньне й перакананьне, што ад немцаў-нацыстаў няма чаго спадзявацца й думаць нейкай незалежнасьці ці аўтаноміі.

Пабачыўшы, што многія з маіх сяброў-украінцаў былі арыштаваныя, а многія пайшлі ў падпольле — вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну, адкуль да нас — беларускіх студэнтаў — падсылалі заклікі й ўлёткі, каб вярталіся дадому й памаглі будаваць беларускую адміністрацыю пад нямецкай акупацыяй.

Прыбыўшы позна восеньню 1941 году ў Наваградак, застаў там інтэнсыўны беларускі рух у напрамку абароны перад палякамі, якія адразу пасьля акупацыі захапілі ў свае рукі паліцыю, «сакратарства» й перакладчыкаў пры нямецкай жандармэрыі й акупацыйных уладах. Стараліся нішчыць беларускую інтэлігенцыю даносячы, ў жандармэрыю ці ў СД на іх як на камуністаў. Нават і на мяне, хутка як вярнуў дадому, усьпелі ўжо данесьці немцам, што яшчэ адзін беларус-камуніст зьявіўся ў Наваградку. Але пры гэбітскамісары ўжо добра быў уладжаны мой сябра Барыс [Рагуля], які ня толькі адразу зьліквідаваў гэты данос, але запрапанаваў мяне Камісару як кандыдата на акруговага камэнданта паліцыі дзеля пераняцьця гэтай функцыі ад палякаў. Я быў заскочаны гэтым і не згадзіўся, заяўляючы, што на ніякае супрацоўніцтва зь немцамі не пайду (маючы дасьведчаньне з Украіны). Асабліва ў паліцыю не хацеў ісьці, а хіба толькі калі будзе магчымасьць арганізаваць сваё войска. Тут паўстала поўнае непаразуменьне сярод нас — быўшых добрых сяброў.

Далей былі пераконваньні маіх сяброў і старэйшых нашых беларускіх дзеячоў, што мусім нешта сваё арганізаваць, адміністрацыю й, асабліва, школы, каб не загінуць з рук акупантаў і іх памочнікаў — нашых ворагаў. Бязумоўна, хутка ўцягнуўся ў культурны рух «Беларускі дом», хор і г. д. Перабраўся з гаспадаркі ўдома ў Гарадэчні жыць у Навагарадку, каб быць разам зь сябрамі й зь беларускай моладзьдзю. З пачатку прыняў функцыю Сакратара Міравога Суду пры судзьдзю Біруковічу. Потым стаў загадчыкам адміністрацыі нацыяналізаваных маёмасьцяў (асабліва земляў) пры камісару Ройтару — блізкаму памочніку гэбіткамісара. Але гэтага было мала. Хутка Барыс прыказаў мне рана ўставаць і йсьці ў настаўніцкую сэмінарыю, каб вучыць там хлапцоў «гімнастыкі», якая палягала ў вайсковай муштры й маршах з палкамі і з жаўнерскімі песьнямі.

«Гімнастыка» ў Настаўніцкай Сэмінарыі, можна сказаць, была пачаткам беларускага вайсковага руху й вышкаленьня кадраў у Наваградку. Для мяне давала вялікае задавальненьне выявіць свае «капральскія» здольнасьці ў муштраваньні юнакоў-рэкрутаў. Маючы здольнасьць і добры голас да вайсковых сьпеваў і падаваньня камандаў, выбіўся яшчэ з гэтым у польскай падхаранжоўцы.

Некаторыя хлопцы — студэнты Сэмінарыі — наракалі, што гімнастыка гэтая крыху зажорсткая, аднак бальшыня адносілася зь вялікім энтузыязмам да паўвайсковага вышкаленьня. Пачалі на хаду вышукваць і кампанаваць беларускія маршовыя песьні. Маршыруючы вельмі прыгожа сьпявалі, што ўмелі. Паўстала таксама праблема зь беларускімі камандамі. Вечарамі часта разважалі, як iх перакладаць на беларускую мову, пераважна з польскіх камандаў. Пыталіся ў старэйшых, якія каманды й вайсковую тэрміналёгію ўжывалі Случчакі і Балахаўцы (напэўна, расейскую).

Зіма 41/42 году пакінула даволі прыемныя ўспаміны з жыцьця моладзі ў Наваградку. Культурнае жыцьцё — канцэрты, забавы — шумела. Разбудоўвалася пачаткавае школьніцтва й сэмінарыя. Але ўжо пачалася штораз большая актыўнасьць партызанская.

Барыс недзе часта выяжджаў (у Менск, у Вільню) і не заўсёды дзяліўся з намі, дзе быў і што чуў. Меў нейкія кавалерыйскія замашкі, арганізуючы часта конную паездку на конях нямецкіх чыноўнікаў, калі тыя былі на выездах.

Дзесь у пачатку 42-га году, аднойчы дзесь каля гадзіны 2 раніцы, позна вярнуўшыся зь Менску, Барыс разбудзіў мяне й кінуў мне на стол жмутак папераў і загадаў, кажучы: «На табе войска, аб якім усё марыш». Схапіўшыся, пачаў чытаць і разглядаць гэтыя загады ды пастановы, якія былі падпісаныя нейкім гэнэралам Цэннэрам. Беларусам дазваляецца арганізаваць «Самаахову» супраць нападаў і нішчэньняў вёсак з боку штораз актыўнейшае дзейнасьці чырвоных партызанаў, а потым рэпрэсіяў з боку немцаў.

У Менску арганізуецца першы курс перашкаленьня беларускіх афіцэраў пад камандаю капітана Ф. Кушаля. У кажнай акрузе будзе зарганізаваная падафіцэрская школа, а ў кажным раёне будзе стаяць батальён Беларускае Самааховы БСА. Немцы забавязваюцца даць зброю, а Беларуская Самапомач павінна забясьпечыць гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі харчамі й абмундзіраваньнем.

Плян пачаў хутка рэалізавацца. Пашылі мне мундзір зь льнянага палатна, памаляванага на зялёны колер. Хутка вызвалі мяне ў Менск на першыя курсы афіцэрскія з многімі іншымі змабілізаванымі Беларусамі — вайскавікамі, пераважна быўшымі падхаружымі з польскай арміі, малодшымі афіцэрамі з быўшай царскай арміі, і хоць у малой колькасьці, але і зь лейтэнанты чырвонае арміі, якім удалося вырвацца з палону й далучыцца да нас.

Памятую разьвітаньне з маім начальнікам, які быў злы, што адыходжу з працы, і быў перакананы, што нічога з гэтага беларускага войска ня будзе, цьвердзячы, што мы — немцы — ня можам давяраць Беларусам і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску.

У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў — здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі.

Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры.

На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя — завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы.

Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў — пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі.

Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты — з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў «вайсковую гімнастыку», і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы «Зьвяз Стрымгалоўцаў». Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў «рэкрутаў», а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда «сядай», а бягучы з гары — каманда «лягай», дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было б больш талкова з гары «сядай», а пад гару «лягай», але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну.

Кажны дзень пачынаўся зборкаю на пляцы ў чатырохкутніку з «хворымі» на левым крыле. Службовы афіцэр здаваў мне рапарт, прывітаньне «Жыве Беларусь» й адсьпяваньне малітвы «Беларусь наша Маці-Краіна», і тады кажны зьвяз маршыраваў у сваім напрамку на заняткі. Часам на такую цырымонію пад'яжджаў Акруговы Камандзер БСА Барыс на інспэкцыю. Тады здаваўся рапарт яму.

Характэрным для гэтай школы было, што вельмі прыгожа сьпявалі, як і маршыравалі на занятках, а гэта ўжо заслуга камандзера школы, які сам любіў сьпяваць.

Першыя месяцы школы адбываліся ў вельмі энтузыястычным настроі й духу. Дасылаліся індывідуальныя новыя кандыдаты, напр., студэнты Малешка й Кавэліч, якіх змабілізавалі, каб эвэнтуальна вышкаліць іх на афіцэраў. З пачатку цяжка было іх уламаць у вайсковую дысцыпліну як вольнадумцаў-студэнтаў, але потым некаторыя зь іх выйшлі добрымі афіцэрамі й энтузыястычнымі беларускімі вайскавікамі як, напр., лейтэнант Малешка, які пазьней загінуў у Лідзе з рук польскай партызаншчыны, альбо Бітус Валодзя. Сярод старшых падафіцэраў выбіліся некаторыя вельмі здольнымі камандзерамі, якім акруговы камандзер прапанаваў надаць рангі лейтэнантаў — напр., Орсічу, Сацэвічу і некалькім іншым.

У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Акінчыц, д-р Орса й іншыя.

На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты — абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу.

Ня помню, як ішла арганізацыя батальёнаў у раёнах, куды мае курсанты павінны былі пераходзіць у якасьці камандзераў дружынаў ці зьвязаў. Немцы пачалі прапанаваць і разьбіраць нашых падафіцэраў у іншыя дапаможныя паравайсковыя аддзелы, як, напр., лейтэнанта Орсіча забралі ў Менск на камандзера добра ўмундзіраванай і ўзброенай роты пры жандармэрыі, Ул. Сацэвіча й Бітуса на камандзераў лясной аховы. Мяне асабіста выклікалі ў Менск, дзе ў вялікім будынку — быўшым доме «правіцельства» — спаткаў мяне ў чорным і гранатовым чыгуначным мундзіры капітан Кушаль і таксама нізенькі палкоўнік Мірскі ў такім самым мундзіры.

Капітан Кушаль дае мне загад: забраць з Наваградку мінімум 50 чалавек і ехаць у Ліду, дзе будуць дабаўленыя змабілізаваныя ў БСА жаўнеры, каб школіць і камандаваць т. зв. «чыгуначным батальёнам». Паўстала гарачая дыскусія. Я прабаваў пратэставаць ізноў, што зь немцамі немагчыма йсьці на нейкае супрацоўніцтва, але капітан Кушаль, пасьля сьцьверджаньня, што нам трэба хапаць зброю, дзе толькі даецца, закончыў — «непатрэбныя далейшыя дыскусіі, а мусіце падпарадкавацца загаду» — павёў мяне ў канцылярыю галоўнага камандзера чыгуначнай аховы, які быў у чыне гэнэрала. Там ён мяне прадставіў як кандыдата на камандзера ў Ліду. Той выясьніў мне, што атрымаем добрае абмундураваньне, зброю й закватэраваньне з харчамі, а таксама, што буду мець поўную свабоду ў шкаленьні й камандаваньні гэтай адзінкі, толькі мушу пазнаёміць і навучыць крыху сваіх школьнікаў нямецкае каманды і, бязумоўна, пазнаць добра лёгкую нямецкую зброю: вінтоўкі, пісталеты, кулямёты й мінамёты і ў вагульным — гранаты. Будуць прызначаны да мае адзінкі двох немцаў-афіцэраў з чыгуначнай аховы як інспэктары. Падаў мне руку й пажадаў добрых усьпехаў. Спадары Кушаль і Мірскі абнімалі мяне й падкрэсьлівалі нейкую гістарычную ролю новаарганізаванага беларускага чыгуначнага батальёну. Завялі мяне дзесь у нейкі чыгуначны склад і выбралі прыгожы да меры кангэровы гранатовы мундзір, выдалі новы бэльгійскі браўнінг. На круглай шапцы была начэпленая беларуская Пагоня, а на каўнярох — Ярылавыя крыжы.

Прыехаўшы назад у Наваградак, я перадаў камандаваньне ўжо расьцярушанае падафіцэрскае школы штабс-капітану Сьцяпуржынскаму. Выбраў дзесяць падафіцэраў, пераважна маладых, ізь зьвязу «стрымгалоўцаў» на інструктараў у Ліду. Агаласіў:

«Хто хоча, на ахвотніка, ехаць зы мною ў Ліду [працаваць] спасярод радавых жаўнераў, далучаных ужо ў той час да школы для фармацыі батальёну БСА».

Ізноў з ахвотнікамі ня было праблемы, бо згаласілася замнога й трэба было выбіраць найлепшых, напр., адзін вельмі гарачы беларус і адважны жаўнер Міхась Чартко з Далятыч, прасіўся з плачам, каб яго ўзяў з сабою. У мяне былі засьцярогі, што ён часам выпіваў замнога. Ня ведаю чаму, але мне прышлося зарганізаваўшы аддзел замэльдавацца ў Акруговага Кіраўніка Беларускай Самапомачы сп-ра Якуцэвіча. Той прыняў мяне ў сваёй канцылярыі зь вялікай «помпай». Даў мне напісаны загад — гэтым загадваецца Вам на чале аддзелу ў сіле 50 чалавек неадкладна ехаць у горад Ліду й замэльдавацца ў «Бангофсафіцыра». Таксама выдаў мне пасьведку па-нямецку із штэмпелем Гэбіткамісара.

У Лідзе па прыбыцьці нас памясьцілі ў кашары (быўшая фабрыка галёшаў у Лідзе). Даслалі, больш зь Лідзкай акругі, змабілізаваных жаўнераў, на чале зь вельмі добрым камандзерам Клінцэвічам. Разам стварылі тры зьвязы па 60 чалавек. Цікава, што немцы вельмі неахвотна прызнавалі афіцэрскія рангі, як лейтэнанта або капітана, а ўжылі тытулаў «фюрэр» — zugführer і gruppenführer. Мяне мае падначаленыя называлі «Спадар ротны».

Пачаліся заняткі вышкаленьня. Нямецкія афіцэры-інспэктары падавалі прапановы, каб галоўна школіць у валоданьні аружжам, муштры й вартавой функцыі. Але пакідалі поўную свабоду камандзеру як школіць, бачачы спраўнасьць, дысцыпліну й прагрэс нашых вайскавікоў — некаторых зусім без вайсковага вопыту перад гэтым.

Бязумоўна, нашым цэлем было даць поўнае ваеннае вышкаленьне, дык выходзілі за горад у поле, цьвічачы наступ і абарону (з капаньнем акопаў).

Маршыруючы праз горад на цьвічэньні ці заняткі, заўсёды вельмі спраўна грымелі беларускія маршавыя песьні. Памятаю на каталіцкія грамніцы 2-га лютага, якраз рота маршыравала па сьнягу, па вуліцы каля касьцёла і сьпявала песьню «У гушчарах». Усе вырынулі з касьцёла на двор і прыглядаліся, ня ведаючы, што гэта за вайсковы аддзел (не паліцыя), а ў чорных мундзірах у поўным баявым узбраеньні, плецакі з лапаткамі, вінтоўкі і штыхі, гранаты й тры кулямёты. Расказвалі потым мне, што паніка панавала сярод «палякаў» — думалі, што гэта нейкі карны атрад і распаўсюджвалі плёткі, што ямы за горадам капаюць; а мы цьвічыліся ў рыхтаваньні акопаў, хоць вельмі плыткіх і правізарычных.

Вечарамі часта з падафіцэрамі прыгатоўвалі новыя песьні. Прыслалі мне зь Менску ад Саковіча словы і ноты да песьні першага зьвязу штурмовага «Чутно гоман — там войска сьпявае». Падафіцэры, быўшыя сэмінарысты з Наваградку, памагалі мне развучыць гэтую песьню пры помачы мандалінаў, але неяк не выходзіла гэта добра да маршу, а словы вельмі прыгожыя і баявыя, дык я сам дабраў мэлёдыю да гэтай песьні і цікава, што яна сталася вельмі папулярнай сярод нашых вайсковых аддзелаў па ўсёй Беларусі.

Да прыезду «беларускіх чыгуначнікаў» у Лідзе ўжо працавалі ў школах маладыя настаўнікі, якія закончылі сэмінарыю ў Наваградку і пачалі беларусізаваць спольшчаныя пачатковыя школы, але спачатку ім ішло гэта вельмі цяжка, бо былі тэрарызаваныя й [знаходзіліся] пад страхам польскай помсты. Як пачаў дзейнічаць чыгуначны батальён, дык палякі на чале зь іхнай паліцыяй прыціхлі, а нашыя настаўнікі «паднялі вушы». Ніколі не забуду, як у нядзелю спацыруючы з маладою настаўніцай Соняй у цэнтры гораду, многа якраз праходзіла па ходніках людзей з касьцёлаў. Ідуць супроць нас дзьве панюсі зь дзьвюма дзяўчынкамі-школьніцамі, а гэтыя, убачыўшы настаўніцу, паднімаюць ручкі і голасна вітаюць: «Жыве Беларусь». Я прыгожа адсалютаваў ім, а панюсі-полькі аж захлыснуліся: «Co sie robi, pani droga, świat się kończy».

Вельмі сардэчна мы пасьмяяліся з Соняю і цешыліся сваёй перамогай. У вольным часе пазнаёміўя зь беларусамі, працуючымі пры gebiets-камісары, і дзіўна быў заскочаны, што там у канцылярыях панавала поўнасьцю польская мова, але сьведамейшыя беларусы пачалі «адважна» гаварыць па-беларуску, маючы за плячыма сваё «войска».

Памятаю, спаткаў там інж. Клімовіча, т. зв. палкоўніка Дзямідава, сп-ра Вітаўта Рамука.

Хутка ўсе мы — афіцэры і падафіцэры, бел.[арускія] чыгуначнікі, настаўнікі, пераважна маладыя і прыгожыя паненкі і працаўнікі з адміністрацыі — наладзілі вялікае спатканьне — банкет і забаву. Забава была вельмі ўрачыстая. Помню, як плачучы горача прамаўляў палкоўнік Дзямідаў, вітаючы нашых вайскавікоў першы раз тут у гісторыі Ліды.

Не абышлося й без малых інцыдэнтаў. Танцуючы ў поўнай салі мае падафіцэры, як пачуюць, што нейкая парачка танцуе й па-польску гаворыць, дык ня могуць устрымацца й зачапаюць такіх, гаворачы «хто вас сюды запрасіў — палякаў». Здарылася гэта нават і са сп-ром Рамуком, які танцаваў зь нейкай сакратаркай і па-польску гаварыў. А мне прыкра было ўспакайваць іх і тлумачыць. Цікава таксама, што мы даведаліся, што ёсьць дзесь на могілках праваслаўная царкоўка, а я сам любіў у нядзелі быць на богаслужбах і многія з маіх жаўнераў жадалі. Дык у нядзелю стройна са сьпевам маршыравалі ў царкву, але як пасьля службы выйдуць усе з царквы й знаёмяцца, дык цяжка было паверыць, што асабліва маладыя пераважна гавораць між сабою па-польску. Знаёмячыся з нашымі вайскавікамі, цяжка ім, дзяўчатам, было пераломлівацца і нейк са страхам, аглядаючыся — гаварыць па-беларуску. Паколькі ў Лідчыне быў тэрор і палянізацыя, многія ўспамінаюць, што пакуль нашае «войска» там стаяла, панаваў крыху беларускі дух. На жаль, доўга гэта не патрывала, толькі 2 — 3 месяцы й немцы, пераканаўшыся, што нашыя «ваякі» ўжо добра пашколеныя — загадалі разьдзяліць гэтую вялікую роту на малыя аддзелы (па 10 да 15 чалавек) і рассылаць па меншых чыгуначных станцыях для аховы. Да кожнае дружыны я вымагаў далучыць свайго падафіцэра, каб камандаваў сваімі людзьмі. Пакінуў пры сабе сталы «штаб» — інструктараў, зь якімі пасьля Ліды быў пераведзены ў Маладэчну, дзе вышкаліў таксама роту маладых юнакоў, потым у Стоўпцы, а там, цікава, атрымаў рэкрутаў пераважна з усходняй Беларусі — са Случчыны, якія спачатку вельмі насьцярожана на нас, камандзераў, глядзелі (заходнікаў — ці «нямецкіх наймітаў»), але потым у часе шкаленьня здабылі да нас давер і пашану. Адзін з такіх пазьней стаўся падафіцэрам, расказваў мне, што баяўся мяне і не разумеў, чым я «пахну» — ці я за немцаў, ці за чырвоных, бо ў сваёй прамове казаў «напляваць нам на новую Эўропу ці новыя парадкі, а толькі трэба аружжа ў свае рукі хапаць й свайго дабівацца». Ад случчакоў шмат падхапіў песьняў і ўвёў іх да маршавога сьпеву.

Са Стоўпцаў перавялі мяне ў Баранавічы й тут ужо астаўся як бы ў «Галоўнай кватэры чыгуначнага батальёну». Паралельна з арганізацыяй мною роты ў Лідзе была арганізавана падобная рота ў Менску пад камандаю Зьмітрука Чайкоўскага, але зь Менску гэтая арганізацыя далей не пасунулася.

Будучы ў Баранавічах, мяне лічылі «Verbindungs-афіцэрам»[15] паміж усімі аддзеламі, раскіданымі па станцыях.

На мясцох па станцыях нямецкія «вахтмайстры» стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung[16] і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі.

Так, напр., на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам — камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei[17], разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошнiя два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар — не давяраючы яму.

Мяне з гэтай прычыны вызывалі ў галоўную кватэру Bahnschutzpolizei у Менску, пагражалі, але я скарыстаў з гэтага, каб здабыць большае права лучнасьці й нагляду над сваімі хлапцамі, каб іх ня крыўдзілі немцы.

На адрэзку Клецак — Слуцак будавалі новую лінію чыгункі і туды скіравалі даволі многа нашых чыгуначнікаў для аховы будовы й мабілізацыі рабочых сілаў з падводамі. Паехаўшы туды адведаць сваіх, вадзілі мяне ў вёскі сярод сялян, якія на маю гордасьць і пацеху выражаліся вельмі прыхільна аб нашых хлапцах. Разумеючы, што яны мусяць выконваць загады немцаў, але робяць гэта справядліва й лагодна, а ня так, як «белашыйкі» (паліцыя), якіх можна было «падкупляць» і [якія] паказвалі сваю брутальнасьць улады.

Будучы ў Баранавічах (на станцыі) пасьля заканчэньня шкаленьня, меў шмат часу й свабоду руху, чыгункаю мог езьдзіць ува ўсе бакі. Асабліва часта прабываў у Менску, быў зьвязаны з БНП.

Прыяжджаў да мяне Барыс, калі дастаў дазвол арганізаваць конны швадрон, прапануючы мне вярнуцца ў Наваградак й абняць каманду якогась плютону. Аднак зразумеў, што мне не выпадае пакінуць сваіх чыгуначнікаў. Адно, што змог парадзіць яму, якіх камандзераў выбраць з кадраў быўшай школы БСА.

Усевалад Родзька запрапанаваў мне быць камэндантам кашараў, дзе адбываліся курсы кіраўнікоў СБМ, а ён быў кіраўніком і выкладчыкам на гэтых курсах. Вельмі цікава і прыемна было правесьці некалькі тыдняў з нашаю моладзьдзю, сярод якой трымаў дысцыпліну і меў пашану (сьведка М. Ганько).

У часе Другога [Усебеларускага] кангрэсу мне даручана было зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу — у выпадку нападу партызанаў або немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганьне незалежнасьці. Абладаваны двума пісталетамі й гранатамі, хадзіў дзесь па бальконах і кругом будынку, мала абсэрвуючы, што адбывалася на кангрэсе.

Хутка пасьля кангрэсу — адступленьне на Захад. Наш быў апошні цягнік, які адыходзіў з цэнтральнае станцыі ў Баранавічах (Палеская станцыя ўжо была занятая чырвонымі). Некалькі дзён перад гэтым былі сьведкамі вялікіх калёнаў пешаходаў і фурманак адступаючых бел. сялянаў і іншых у кірунку на захад. Многія падафіцэры, напр., Русак й жаўнеры, падыходзілі да мяне, пытаючыся, што рабіць. Радзіў ім, калі нічога ня ведаюць удома — дзе ты й калі зможаш захавацца перад тэрорам чырвоных — аставайся. Мы едзем няведама куды й калі вернемся. У апошні мамэнт далучыліся да нас пару дзяўчатак у зялёных уніформах (сярод іх Юзя Брэчка), даў ім асобнае месца ў вагоне, і забралі іх.

Падарожжа было доўгае й цяжкае. Міны і атакі партызанаў на дарозе. Нейк абмінулі Варшаву, паехалі праз Чанстахову, Сьлёнск на Прагу — у Чэхію. Адтуль уздоўж Баварыі ў раён Saarbrücken, дзе нас разаружылі, загналі ў Durchgangslager[18], а потым паразьдзялялі па станцыях, каб папраўляць калейкі пасьля аліянцкіх бамбёжак, якія там былі вельмі цяжкія й частыя. Аднаго разу зьяўляецца да мяне маёр Барыс і загадвае мне пакавацца і ехаць зь ім у Берлін. Загад з БНП быў трымацца з хлапцамі й пры аказіі перайсьці да францускіх партызанаў. Але ж Барыс быў маім спонсарам у БНП, дык ня мог яму супраціўляцца.

У Бэрліне на «Weissensee» тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым — сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі — БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі «Ostarbeiter»[19], каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім «запасным батальёнам» у Бэрліне — гэта разьбіткі з БКА — шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte[20].

Ня ведаю, дзе ў гэты час Барыс боўтаўся. Сп. Ю. Сабалеўскі запрапанаваў мне разам зь Бяленічам быць інспэктарам па расьсяленьні бежанцаў у Нямеччыне, якіх часта пасялялі ў Ostarbeiterlagers[21].

Дастаў прымэльдаваньне й харчавыя картачкі. Пачаў езьдзіць па Нямеччыне, знайшоў сваю сымпатыю Вару М. у Турынгіі. Урэшце йзноў зьявіўся Барыс і заявіў мне, што нідзе ня выкруцішся. Дывізія ўжо зарганізавана й мне прапануецца камандаваньне афіцэрскай школы пры гэтай дывізіі. Атрымаў зялёную вайсковую ўніформу з пагонамі капітана і выехаў у Баварыю.

Тут пачаліся нармальныя заняткі ў школе і ў батальёнах «дывізыйных». Барыс прыпыніўся пры штабе гэнэрала Зыглінга як лучнік да дывізыі (Verbindungsoffizier).

За пару тыдняў прысылаюць у школу «Sturmbahnfüher’а» Marbach, які пераймае каманду школы, якую пераймяноўваюць у «падафіцэрскую школу (Unteroffizierschule). Мне прапануюць астацца, як «Verbindungsoffizier». Паўстала замяшаньне. Кадэты пачалі бунтавацца, ня прызнаючы нямецкага камандзера, а дэманстрацыйна здаючы мне рапарты і т. д., як, напр., Зьмітро Зыбайла (?). Немцы загадалі мне й некалькі афіцэрам-інструктарам больш не паяўляцца ў школе, а сядзець у асобным бараку да дальшага распараджэньня.

Ізноў зьяўляецца Барыс — забірае мяне ў штаб, дзе быў у нейкім замку на ўрачыстасьці з усім нямецкім гэнэралітэтам і даволі блізка абсэрваваў самога гэн. Зыглінга, які выдаваўся мне вельмі прыстойны, высокі й даволі сымпатычны. Атрымоўваем з Барысом паперы й напраўленьне на поўнач у Ростак. Гэта мне вельмі заімпанавала, бо вельмі ж калісь прагнуў папасьці ў нямецкую акадэмію ваенную.

Там школілі нас на камандзераў батальёнаў і брыгадаў. Ня было афіцэра ніжэй капітана, шмат маёраў і палкоўнікаў Ritterkreuzträgers[22].

З чужаземцаў было з намі пяць афіцэраў мадзярскіх. Вадзілі на палігоны, дэманстравалі панцэрфаўсты й панцэршрэкі.

На выкладах вучылі, як арганізаваць штаб батальёнаў і новыя дывізыі «45» з малою колькасьцю людзей, але вельмі сільнаю зброяй, кожны жаўнер з аўтаматам. Падкрэсьлівалі немцы, што ім не хапае добрага вышкаленьня ваяваць уночы і ў лясох г. зн. з партызанамі.

Вазілі нас ува ўнівэрсытэт у Ростак на цікавыя выклады й дыскусіі. У часе перарываў высокія афіцэры акружвалі нас пры перакурцы, распытвалі хто мы, бо мелі на шапках Пагоні, а на каўнерах ярылаўскія крыжы. Асабліва захопленыя былі Барысом, які сярод іх выглядаў молада, быў у ранзе маёра й бадзёра трымаўся. Я асабіста нейк слаба разумеў панямецку, ды агарнуў мяне пэсымызм, чуючы часта гарматныя стрэлы недалёка пад Штэтынам.

Пыталіся і радзіліся нас практычных заўвагаў пра барацьбу з партызанамі. Цікава, што часта заяўлялі, калі б нас (немцаў) аліянты пакінулі бамбіць і атакаваць з захаду, дык мы гэтым герояў чырвоных яшчэ здольныя былі б загнаць назад з-пад Бэрліна й Штэтына за Маскву.


Аднаго разу выгналі нас на пляц кашараў, пастроілі ў трыкутнік (чалавек каля пару тысяч). Зьяўляецца фэльдмаршал з булавою, якому здалі рапарт, а ён кажа:

«Спадары, на ўсходнім фронце дрэнна, таму што шмат дэзэрцыі. Я патрабую пару сотняў ахвотнікаў сярод вас, якіх мы кінулі-б на фронт каб устрымаць дэзэрцыю.

Ахвотнікі, прашу выступіць наперад».

Цішыня і ніхто не варушыўся. Фэльдмаршал ня гневаўся, а спакойна заявіў — я разумею, таму мушу сам вызначыць, і ідучы перад лініямі пастроеных паказваў булавою:

― «Вы-Вы-Вы», ― каб выступалі, і наткнуўся на Барыса, які заўсёды строіўся ў першы рад, а я за ім у другім раду. Барыс самлеў, а я ззаду

«Кажы, што Ausländer[23], дык ён мэльдуе, што з Беларускае Дывізіі, да якой ён хоча вярнуцца».

Маршал лепш прыгледзеўся да ягоных адзнакаў і загадаў:

― «Zurücktreten», ― адступі назад.

Зараз пад’ехалі аўтобусы й «ахвотнікаў» павязьлі недзе, а Барыс падзякаваў мне за параду.

Песьні Першага Беларускага Штурмовага Зьвязу

* * *

Чутны гоман — там войска сьпявае,

Ўвёсцы водгалас рэха чуваць.

Беларускі жаўнер прыбывае

Ў сваю вёску начлегам стаяць.

Гэта йдзе першы зьвяз наш штурмовы,

Беларусь — родны край — бараніць.

Хоча скінуць чужыя аковы

Ў вольным краі, каб вольным мог жыць.

Людзі кветкамі іх абкідаюць,

А дзяўчаты цалункі ім шлюць.

Яны з радасьцяй гэта прыймаюць

Так прыгожа празь вёску ідуць.

Па кватэрах гаворка, шаптаньні,

Прысяганьні, ў вачох поўна сьлёз, —

Ноч прайшла, надыйшло развітаньне

Бо жаўнера такі ўжо лёс.

Беларускае войска сьпявае —

У крывавы гатуецца бой,

А дзяўчына жаўнера пытае,

Чаму браць ён ня хоча з сабой.


Родная краіна

Шкода роднае Краіны

І тый міленькай дзяўчыны,

Шкода, шкода, баліць сэрца,

Яна гіне ў паняверца.

Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!

Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!

Яна, бедная, чакае,

Горкі сьлёзы пралівае,

А я тутка між чужымі

Тужу вечна за сваімі.

Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!

Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!

Але прыйдзе і хвіліна,

Калі любая дзяўчына

Зможа пры мне пасядзеці

І ў вочкі паглядзеці.

Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!

Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!

У нас гаворкі будзе многа,

У аднога і ў другога.

Што чуваць і як жывецца

Да чаго кожны імкнецца.

Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!

Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!

Будзем Бога мы прасіці,

Каб пазволіў разам жыці.

Па прайшоўшай завірусе

Ў сваёй роднай Беларусі.

Гэй, гэй, гэй браточкі, вы любыя сакалочкі!

Гэй, гэй праз даліны, да каханае дзяўчыны!


Новыя часы

Ўжо новыя часы для нас наступаюць,

Бо і нас у войска сваё заклікаюць.

Ня сумуй, дзяўчына, і ня плач сьлязамі

Як зло пераможам, дык зноў будзем з вамі.

Мы роднай старонцы йдзём усе служыці

І ворага злога ўсюды будзем біці,

Бо дзе лясы, рэкі, дзе старонка тая,

Гэта край наш родны — Беларусь сьвятая.

Дык мы ж, яе дзеці, будзем ёй служыці

І колькі сіл хваце будзем бараніці.

Каб наша змаганьне марна не прапала

І Беларусь вольнай як найхутчэй стала.

Дык я заклікаю ўсіх з усёй сілы

Бараніць край родны да самой магілы.

І хоць бы прыйшлося жыцьцё ёй аддаці,

Мы ўсе ж гэта зробім, бо яна нам маці.


Нямеччына,

травень 1941 г. Б. Д-ч.

Загрузка...