Вязень Нарыма


Ужо многа гадоў шукаю сляды таленавітага беларускага паэта, драматурга, празаіка і публіцыста Тодара Лебяды (Пятра Фёдаравіча Шырокава). Шмат звестак і твораў знойдзена, сёе-тое апублікавана. Тодар Лебяда ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, знішчэнне беларускай нацыі. Імя літаратара на працягу некалькі дзесяткаў гадоў было забыта і выкраслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты з небыцця. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.

Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў. А гэтыя ён напісаў у 1960 годзе і надрукаваў у слонімскай раённай газеце “Вольная праца”:

Ёсць рэчка такая,

Лучосай завецца,

Над рэчкаю сад наш і дом;

Там спелыя вішні

Ружовым суквеццем

Схіляюцца ўніз

Над вадой...

Размова ідзе пра Віцебск, дзе 6 студзеня 1914 года нарадзіўся Пятро Шырокаў. Рана застаўся без бацькі, выхаваннем сына займалася маці Настасся Карпаўна Паедава.

Пасля Віцебскай сямігодкі Пятрок Шырокаў паступае ў рамеснае вучылішча чыгуначнікаў. Яшчэ ў школе пачынае пісаць вершы, а ўжо ў вучылішчы цвёрда вырашае займацца літаратурай. У 1933 годзе паступае ў Мінскі педагагічны інстытут. Яго нарысы і вершы друкуюцца ў газетах “Віцебскі рабочы”, “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”. У інстытуце ён знаёміцца і сябруе з Уладзімірам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. Тут ён знаёміцца і з яўрэйкаю Басяй Цыпінай, якая была на сем гадоў старэйшая за яго. Цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымушаюць Пятра Шырокава быць бліжэй да гэтай багатай мінчанкі-аднакурсніцы. Але, мабыць, гэта яна ўмела прывабіла беларускага рахманага хлопца. Пра гэта добра напісаў у сваім рамане “Раман Корзюк” (Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985) Масей Сяднёў: “... Скончылася лекцыя Піятуховіча, і студэнты высыпалі на перапынак на алідор... Пятрок Шыракоў з Цыпінай і з некаторымі іншымі студэнтамі заставаліся ў аўдыторыі, на калідор не выходзілі. Цыпіна карміла Шыракова бутэрбродамі, якія яна прыносіла з дому і якімі яна спадзявалася ўтрымаць пры сабе галоднага Шыракова. Шыракоў напачатку адмаўляўся ад пачастунку, але Бася ўмела яго ўгаварыць, і Пятрок згаджаўся, вымаў з кішэні сьцізорык і гаварыў:

— Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!

Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі...”.

У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння... Але ў гэты час бацькі Алесі, на жаль, побач ужо не было. Яго і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. Таму цягнік іх вёз аж у Новасібірскую вобласць. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём у гэтай вобласці, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку на іншыя работы.

За сувязь з “ворагам народа” Басю Цыпіну (а гэта быў апошні курс) выключылі з інстытута. Работу ў Мінску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.

У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтву ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Мінск для “перагляду справы”. З Мінска адпраўляюць у Чэрвень, дзе і застае хлопцаў вайна.

Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму вайскоўцам было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант той самы Масей Сяднёў занатаваў у сваёй паэме “Мая вайна” (зборнік “Патушаныя зоры”, Нью-Йорк – Мюнхен, 1975 г., с.203-205):

... Я падаў і плакаў...

— Ты што? —

пачуўся мне голас ласкавы

і нехта падаў паліто: —

Накрыйся й ляжы!

Апрытомнеў

І вочы падняў я — на крок

У ранішніх сонца промнях

Стаяў ад мяне Пятрок.

Той самы Пятрок, зь якім мы

вучыліся тры гады.

А потым экзамен ў Нарыме

трымалі за курс бяды.

Прасоўваліся па балотах

армейцы ваўчынай ганьнёй.

І лёталі самалёты

чужыя над нашай зямлёй.

Быў горад далёка за намі,

Ад сажы і дыму густы.

Ішлі з Петраком мы жытамі,

ня ведаючы куды.

І ўспомнілі мы, што болей

канвою над намі няма,

што сапраўды на волю

нас выпусьціла турма.

І хоць мы турму гнаілі,

ды посьля пяцёх гадоў

здавалася нам, наіўным,

мы сталі студэнтамі зноў.

Шумлівыя, сьветлыя залі,

прыемны студэнтак напеў.

Мы лепш, чым другія пазналі

“Кароткі курс ВКП”.

Прайшлі мы із словам “нацдэмы”

па мёрзлай зямлі і вадзе.

Ня ведалі нашыя, дзе мы

і думалі: можа нідзе.

Ісьці не маглі мы болей,

супольна — рука ў руку:

мяне у вадным чакалі,

яго — у другім баку.

Заплакалі мы на ростань,

змораныя ад хады,

і разьвіталіся проста,

як нашы калісьці дзяды.

У памяці дзень той выцьвіў,

на музыку просіцца слоў...

Мой сябра пайшоў на Віцебск,

а я — на Магілёў...

Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро — пісаў вершы, апавяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету “Беларускае слова”, што выходзіла тры разы ў месяц. У Віцебску была закончана і п’еса “Загубленае жыццё”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п’есы і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу “Жыве Беларусь” і зноў ажыццявіць пастаноўку “Загубленага жыцця”. Вяртаўся да яе В.Селях-Качанскі і жывучы ў г.Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п’еса “Загубленае жыццё” выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была поўнасцю апублікавана ў часопісе “Тэатральная Беларусь”. Гэтая драма — першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.

У акупіраваным немцамі Віцебску Пятро Шырокаў рэгіструе шлюб з артысткаю Верай Жгут. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з беларускімі акцёрамі і пісьменнікамі, часта наведвае Мінск. А ў 1944 годзе з друку выходзіць першы паэтычны зборнік Тодара Лебяды “Песьні выгнаньня”. Ва ўступе да яго напісана: “Беларускі народ многа перацярпеў гора і зьдзеку. Найбольш, аднак, прыйшлося цярпець за часоў бальшавіцкага панаваньня. Бальшавікі, накідаючы сваю волю беларускаму народу, жорстка прасьледавалі ўсіх тых беларусаў — сялян, работнікаў, інтылігентаў, якія хацелі наладжваць жыцьцё ў Беларусі так, як хацеў беларускі народ. Бальшавікі саджалі беларускіх патрыётаў у вастрогі, канцэнтрацыйныя лагеры, высылалі ў далёкія азіяцкія краіны, адкуль бальшыня з іх ніколі ўжо ня вернецца, бо яны не змаглі перажыць бальшавіцкіх зьдзекаў і тых жудасных абставінаў, у якія іх укінулі бальшавікі, і злажылі сваё жыцьцё, як ахвяру, на аўтар Бацькаўшчыны. Ёсьць, аднак, і такія людзі, якім удалося перажыць бальшавіцкія зьдзекі, вырвацца з бальшавіцкіх кіпцюроў і зьявіцца ізноў на беларускую ніву да працы дзеля дабра беларускага народу. Да гэткіх шчасьліўчыкаў належыць між іншых малады беларускі паэт Тодар Лебяда. Яму ўдалося вырвацца з бальшавіцкіх рук, захаваць жыцьцё і цяпер ён плённа працуе на беларускай культурнай ніве...Зборнік гэты мае вялікія мастацкія вартасьці і ёсьць дакумэнтам тых усіх жудасьцяў, якія мусілі перажыць беларусы ад бальшавікоў і да паўтарэньня якіх беларускі народ ніколі ня можа дапусьціцца”:

Пад вакном за выцвілай, за брамай

Расцвітаў ізноў прыгожы май.

Трэці год, як сына ўжо забралі,

Трэці год, як роднага няма.

Як забралі — весці не пачула...

І на твары роспач і адчай.

Трэці год, як бедная матуля

Перастала спаці па начах.

Поўнач. Стукнуў хтосьці. Хто там?

Гэта сон ... Але ж пасля сама

Выбягае хутка за вароты, —

Прыглядаецца... глядзіць вакол... няма.

Той жа ночы дзесьці на чужыне

Родны сын яе навек спачыў.

І дарма матуля варажыла

Пад акном сядзела уначы.

У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён, разам з жонкаю Верай Жгут, уладкоўваецца на працу да адного баўэра. Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. Гэтае пісьмо пры жыцці Сяднёў прыслаў мне і яно захоўваецца ў маім хатнім архіве: “Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам — С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г.далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам – сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы – вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтак сама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, чым яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы – беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым-бы мы не казалі.

Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты – не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае – гэта каб ты не забываўся пра нас і пісаў-бы нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар “Раніцы” ад сп.Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны.

Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак.

Яшчэ раз просім цябе – пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.

Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л.Случчаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П.Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у “Раніцу” аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву – 8 год і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту “Раніца” – Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда”.

Цяжка сказаць ці была гэтая аб’яўка ў “Раніцы”, а вось невялікая рэцэнзія М.Сяднёва на зборнік “Песьні выгнаньня” была ў свой час надрукавана ў “Новай (беластоцкай) дарозе”.

Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі толькі чуткі, што ён з’агітаваны савецкім афіцэрам вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У маі 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Мінскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, але на гэты раз на 25 гадоў:

Алеся любая,

Дачушка дарагая,

Што так боязна

Глядзіш ты на мяне?

Сягоньня я

Надоўга ад’яжджаю,

А там, -- магчыма, стрэнемся...

Мо’ не...

Я ручкі кволыя

Бяру сваёй рукою...

Сягоньня я... Ты плачаш?

Перастань!..

Пайду па вуліцы

Пад моцным пад канвоем

Твой бацька,

Любы твой,

А сёньня – арыштант...

Я еду ў край

Такі, што ты й ня сьніла,

Дзе многа, многа

Страшных мерцьвякоў,

Дзе кожны дзень

Капаюцца магілы

Дзеля замучаных,

Зьняволеных бацькоў...

У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі адно, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае на Беларусь у горад Слонім. Адразу ўладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, а таксама пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў на фабрыцы стварыць драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — “Людзі ва Хрысце” — была надрукавана ў райгазеце “Вольная праца”.

Тодар Лебяда быў добры і апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.

Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” Георгій Валкавыцкі захаваў і перадаў неяк мне пісьмо Пятра Шырокава ў “Ніву”, дзе ён, у прыватнасці, пісаў: “Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуту Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. А быў бы я Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г.Слонім, пас.Альбярцін, вул. 17 верасня, д.3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай — Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.”.

Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...

1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другі псеўданімам — Клім Каліна.

У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.

Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсіраванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што ў Чэрвенскім раёне на Міншчыне жыве яго дачка Ала (Алеся) Пятроўна Козел. Некалькі гадоў з ёю перапісваюся. Яна даслала незабыўныя ўспаміны пра трагічны лёс бацькі. У адным з лістоў Ала Пятроўна напісала: “Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні “Ці ўсе лугі пакошаны”, “Ой, у полі вярба”, “Ой, пайду я лугам, лугам” і многія іншыя народныя песні.Быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі...”.

2000 г.


Загрузка...