Прэзідэнт з Дабрасельцаў


Да сённяшніх дзён у вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна пражывае шмат сем’яў з прозвішчам Захарка. І ўсе яны з’яўляюцца далёкімі і блізкімі сваякамі Васіля Захаркі — актыўнага палітычнага дзеяча ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі.

Васіль Захарка нарадзіўся 1 красавіка 1877 года. Маладыя гады былі вельмі цяжкімі. Хлопец хацеў вучыцца, а грошай не хапала, бо бацькі-сяляне былі бедныя. Калі юнаку споўнілася шаснаццаць гадоў, памерлі маці і бацька. Васіль Захарка застаўся круглым сіратою, маючы пад сваёй апекаю сястру і двух братоў. Летам ён вёў гаспадарку, а зімою спрабаваў вучыцца.

У 1895 годзе хлопец з Дабрасельцаў вытрымаў экзамены на настаўніка царкоўнапрыходскай школы і нават атрымаў працу. Але тады ў гэтых школах настаўнікам плацілі вельмі мала, таму праз два гады Васіль звальняецца з працы і ўладкоўваецца пісарам.

У сярэдзіне кастрычніка 1898 года Васіля Захарку забіраюць на вайсковую службу. Чатыры гады ён вучыцца ў ваенна-юнкерскім вучылішчы, а пасля звальняецца як афіцэр запасу. А з выбухам руска-японскай вайны, яго зноў забіраюць на вайсковую службу.

За час службы вайсковец з Зэльвеншчыны набраўся добрага вопыту. У 1906 годзе ён быў справаводам брыгады, у 1914 годзе — памочнікам начальніка аправізацыі арміі Паўночна-заходняга фронту, у 1916 годзе — загадчыкам канцылярыі штабу 10-й арміі. А з красавіка 1917 года — намеснікам старшыні ваеннага суда штаба 10-й арміі.

У канцы кастрычніка 1917 года Васіль Захарка вяртаецца ў Менск і прымае актыўны ўдзел у арганізацыі з’езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, а пасля становіцца сакратаром Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады.

У снежні 1917 года ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі Кангрэс, дзе спадар Захарка быў абраны сябрам Рады. Калі Кангрэс пачалі разганяць бальшавікі, ён трапляе ў палон. Уцёкшы з палону, Васіль Захарка пачынае разам са сваім сябрам Кастусём Езавітавым арганізоўваць збройнае паўстанне супраць бальшавікоў. 19 лютага 1918 года Менск быў ачышчаны і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў з падполля…

У першым урадзе БНР Васіль Захарка займаў становішча дзяржаўнага скарбніка, а пасля меў розныя пасады ў міністэрстве. У 1919 годзе прэзідэнтам Рады БНР быў абраны Пётр Крэчэўскі, а яго намеснікам стаў Васіль Захарка.

2 чэрвеня 1920 года, калі бальшавікі выказалі жаданне весці перамовы з урадам БНР, В.Захарка быў прызначаны гэтым урадам старшынёй Надзвычайнай Беларускай Дыпламатычнай Місіі. Але не дамовіўшыся з бальшавікамі, Захарка вяртаецца з Масквы і вядзе далейшае змаганне за незалежнасць Беларусі.

У сакавіку 1928 года памірае прэзідэнт Рады БНР Пётр Крэчэўскі. Новым прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі становіцца Васіль Захарка. Гэта быў нялёгкі час як для прэзідэнта, так і для Беларусі. З утварэннем СССР новаму прэзідэнту са сваёй канцылярыяй прыйшлося эмігрыраваць. Васіль Захарка пасяліўся ў сціплай хатцы ў ваколіцы Прагі, хоць у гэты перыяд чэшскі ўрад, з прызнаннем СССР, прыпыніў афіцыйныя дыпламатычныя стасункі з БНР. Але прэзідэнт Васіль Захарка не падаў духам і не паддаваўся на розныя правакацыі. Ён, дарэчы, адхіліў таксама ўсе прапановы наконт супрацоўніцтва і з немцамі…

У сваёй кнізе “Споведзь” Ларыса Геніюш успамінае: “З дзядзькам Васілём жылі мы вельмі дружна. Старэнькі любіў заехаць да нас. Ён не спадзяваўся, што з ганарыстага маяго Янкі будзе такі добры муж. Цешыўся гэтым. Янка цікавіўся болей літаратурай і прыгожымі дамамі й зусім мала палітыкай, а дзядзька Васіль толькі палітыкай…” (Ларыса Геніюш. Споведзь. Мн., 1993. С. 35.).

Далей у “Споведзі” Ларысы Геніюш — самыя сумныя радкі ўспамінаў: “Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю “мэтады”. Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і аператыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: “Няма ў нас выбару: альбо — альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэллігенцыю й асымілююць народ. Але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма…”.

У Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: “Донечка, хутчэй прыязджай” і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская. Якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў, і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці А.Крэчэўскага зьяўляецца Старшынёй БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! "Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай”. Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамэнт, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесьці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лэсі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамэнт, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстамэнце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля…

Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна…

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сёньня ня ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося…

А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экзэмпляр тэстамэнту й папрасіў, каб гадзіньнік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы разьвіталіся…”.

14 сакавіка 1943 года Васіля Захаркі не стала. Пахаванне яго адбылося на Альшанскіх могілках у Празе, якая была акупіравана немцамі. Развітацца з прэзідэнтам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі прыехалі дэлегацыі ад розных народаў. Але сказаць развітальнае слова слова ім гестапа забараніла. Таму атмасфера ў гэты час была надзвычай цяжкая. Яна больш згусцілася, калі пачалі труну апускаць у магілу. У гэты момант інжынер Мікола Абрамчык, ён ужо прэзідэнт Рады БНР, усё ж прайшоў да магілы і выступіў з невялікай прамоваю. Пасля яго некалькі слоў сказаў і прадстаўнік ад украінскай моладзі. А ўкраінскі прафесар Мазепа вымавіў толькі адзін сказ: “Нічога, мы шчэ будэмо маты оказыю промовіты іншым разом”.

Больш за ўсіх шкадавала дзядзьку Васіля Ларыса Геніюш. Калі пачалі засыпаць магілу, яна самлела. Спявак Міхась Забэйда-Суміцкі і інжынер Васіль Русак выносілі яе на руках…

Смерць Васіля Захаркі выклікала вялікі рэзананс у Еўропе. Але нямецкая цэнзура не дазваляла друкаваць у газетах артыкулы-некралогі, а таксама кантралявала, каб гэтая сумная вестка не дайшла да Беларусі.

Пахавалі Васіля Захарку побач з яго жонкаю Пелагіяй (Палінай) Захарка. Магіла, дарэчы, была загадзя закуплена і разлічана на дваіх. Да помніка з выяваю Пагоні, які паставіў Васіль Іванавіч сваёй жонцы, пазней прымацавалі толькі шыльдачку з прозвішчам Васіля Захаркі.

Згадваючы пра прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі, хацелася б прыгадаць і пра той вывезены з Прагі ў Францыю архіў Рады БНР, які перадаў Васіль Захарка Міколу Абрамчыку. Яшчэ ў 1974 годзе газета “Беларускі голас”, якую выпускаў у Таронта (Канада) Сяргей Хмара, надрукавала на сваіх старонках вялікі артыкул “Беларускія бібліятэкі і архівы на эміграцыі” Кастуся Мерляка з Нью-Йорку. У гэтым артыкуле спадар Мерляк згадвае і пра архіў Рады БНР: “Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, 6.03.1943, № 546, Прага. Іх міласьці гр. інж. Міколе Абрамчыку і гр. Ларысе Гэніюш. Будучы доўга і моцна хворым, што можа прынясьці хутчэй кепскі, чым добры канец майму жыцьцю, я гэтым перадаю вам пане інжынер Становішча Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

…Само сабой разумеецца, што ўсе архівы Рады БНР і дакумэнты пераходзяць таксама на вас. Старшыня Рады БНР В.Захарка…

Згодна гэтага дакумэнта інж. Мікола Абрамчык пераняў архівы і дакумэнты Рады БНР і перавёз іх ува Францыю. Гэты дакумэнт называўся “тэстамэнтам”, які даваў інж. Міколе Абрамчыку канстытуцыйныя правы называць сябе Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Архіў даўжэйшы час перахоўваўся ў памешканьні пры 65 ру дэ Гравілерс, Парыж, Францыя, а пазьней, здаецца, быў перавезены на прыватнае памешканьне інж.Абрамчыка на прадмесьці Парыжа.

Ад 1943 году да сьмерці 29 травеня 1970 году інж. Абрамчык зьбіраў і папаўняў архіў Рады БНР. Людзі, якія давяралі, у тым ліку і я (маецца на ўвазе Кастусь Мярляк. — С.Ч.) асабіста, перадавалі яму архіўныя матэрыялы, асабліва з палітычнае дзейнасьці Рады БНР і грамадзкіх арганізацыяў. Не раз інж. Абрамчык высказваўся і паклікаўся публічна на дакумэнты, якія знаходзяцца ў архівах Рады БНР.

У апошнія пару гадоў перад сьмерцяй інж. Абрамчыка Ангельскі Сэктар Рады БНР намагаўся правесьці інвэнтарызацыю архіву ды забясьпечыць Архіў належнай аховай. На жаль, Старшыня Рады БНР ня ўважаў гэтую справу важнай або меў іншае прызначэньне, каб не дазволіць уліку архіўнага матэрыялу.

Пасьля яго сьмерці была пакліканая камісія ў асобках: а.Льва Гарошкі, а.А.Смарчка і сп.А.Лашука, каб яны перанялі ад сп-ні Ніны Абрамчык, перапісалі Архіў Рады БНР і перадалі яго ў Беларускую Бібліятэку і Музэй імя Францішка Скарыны ў Лондане, Англія.

Сп-ня Абрамчык усякімі спосабамі адцягвала перадачу Архіву. Сябры камісіі былі змушаныя ехаць у Парыж некалькі разоў, аж нарэшце сп-ня Абрамчык заявіла, што Архіву Рады БНР яна нікому не перадасьць. Яшчэ зрабіў адну спробу сп. М.Нікан з Аўстраліі.У жніўні 1973 года паехаў у Парыж спэцыяльна, каб пераканаць сп-ню Абрамчык перадаць архівы, бо гэта агульная беларуская маёмасьць, а не персанальна інж. Абрамчыка, якую яна пераняла ў спадку. Яна сп.Нікана не прыняла ў хату. Ён толькі пагутарыў з сынам Альгэрдам на ганку.

І вось такім чынам Беларускі Дзяржаўны Архіў, няведама ў якіх ён апыніцца руках. Ведама ўсім, што ворагі беларускае незалежнасьці і дзяржаўнасьці заплоцяць усякую суму грошай, каб заўладаць гэтымі дарагімі беларускаму народу дакумэнтамі, каб пазбавіць беларусаў гістарычнае дакумэнтацыі Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі й змаганьня за ажыцьцяўленьне ідэалаў 25 Сакавіка.

Інж. Мікола Абрамчык, які пратэндаваў на Прэзыдэнта БНР, ня меў ніякіх якасьцяў дзяржаўнага мужа, гэта пацьвярджае ягоная прымітыўная дзейнасьць на эміграцыі і сам факт не забеспячэньня перадачы Дзяржаўнага Архіву ў рукі грамадзтва, які ён у свой час атрымаў ад свайго папярэдніка сьв. пам. Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі” (Кастусь Мярляк. Беларускія бібліятэкі і архівы на эміграцыі//Беларускі голас.1974. № 225, верасень).

Па архіў БНР да Ніны Абрамчык у свой час звярталіся і спадары Рагуля, Войтанка і іншыя. Але жанчына нікога не падпускала і блізка. Дарэчы, недзе ў 60-х гадах амерыканскі дзеяч Далін хацеў архіў БНР выкупіць для Калумбійскага універсітэта. Але таксама нічога не атрымалася. А ў апошні час мне давялося чуць, што пражскі архіў БНР знаходзіцца ў адным з храмаў Францыі.

І ўсё ж верыцца, што архіў Беларускай Народнай Рэспублікі некалі вернецца на Беларусь, а былому прэзідэнту БНР Васілю Захарку будуць устаноўлены помнікі ў Зэльве і ў яго роднай вёсцы Дабрасельцы. Ён варты гэтага.

1993 г.


Загрузка...