Згадка пра Гальяша Леўчыка


Няма на Чырвонаармейскай вуліцы ў Слоніме хаткі, дзе жыў выдатны беларускі паэт, калекцыянер, мастак і музыкант Гальяш Леўчык (Ілья Міхайлавіч Ляўковіч). Гэта была не хатка, а цуд! Цяпер там, дзе яна стаяла, знаходзіцца Слонімскі аўтарамонтны завод.

Праект гэтай хаткі склаў і яе будаваў у 1920 годзе сам паэт, разабраўшы старую бацькаву хату. Яна прастаяла да пачатку 60-х гадоў, але пасля была знесена, бо пашыралася тэрыторыя завода. Шкада, а мог бы быць там добры музей нашаму паэту.

Хатка Гальяша Леўчыка нагадвала маленькі своеасаблівы музей. Усе сцены былі пазавешаны малюнкамі ў пазалочаных рамачках яго работ, фатаграфіямі, сярод якіх быў вялікі алейны партрэт самога Гальяша работы варшаўскага мастака Барвіцкага. Шмат было розных кніжак, роспісаў, старых рэчаў. Паэт цікавіўся гісторыяй Беларусі, збіраў народную творчасць, калекцыяніраваў усё беларускае — кнігі, паштоўкі, значкі, музычныя інструменты. Ды і сам добра іграў на гітары, скрыпцы і акарыне.

Падобны музей беларускай літаратуры і мастацтва быў і ў ягонай кватэры ў Варшаве. Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме, а зімою — у сталіцы Польшчы. Захаваўся ўспамін Зоські Верас, які яна напісала ў 1984 годзе, пра варшаўскую кватэру Гальяша Леўчыка: "Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сцяна была адбудаваная даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі... Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі "Нашай нівы" ад самага яе пачатку, "Гоман", некалькі нумароў "Мужыцкай праўды", Францішак Багушэвіч: Дудка, Смык..., "Сялянка" Дуніна-Марцінкевіча ды іншыя яго творы... Купала, Колас... Усё, што выдала Суполка "Загляне сонца і ў наша ваконца"... І ўсе тамы "Lud Bialoruski" М. Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку аўтарам... Усе паліцы ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменнікаў, паштоўкамі, краявідамі... Шмат з таго было купленым, але шмат і падараваным аўтарамі ды знаёмымі"...

З Варшавы зноў вернемся ў Слонім, дзе жыў наш дзядзька Гальяш. Дзядзькам Гальяшом яго звалі маладзейшыя слонімскія паэты, мастакі, музыканты. У доміку № 73 на вуліцы 3-га мая ў Слоніме часта бывалі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, мастак Антон Карніцкі, а таксама Ядвіся. Так-так, тая самая Ядвіся, аб якой пісаў Якуб Колас у аповесці "У палескай глушы". Пра гэта пры жыцці не раз расказваў Сяргей Новік-Пяюн. Ён нават меў сустрэчу з Ядвісяй, іх пазнаёміў Гальяш Леўчык. Ядвіся, сапраўды, жыла ў Слоніме на Ружанскай вуліцы. Прозвішча ў яе было — Бараноўская. Яна пісала вершы і друкавала ў "Нашай ніве" пад псеўданімам Юстына. У 1945 годзе Ядвіся пакінула горад над Шчарай і выехала ў Польшчу. Як склаўся яе далейшы лёс, невядома.

Да Гальяша Леўчыка ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і дзеячка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Міхась Лынькоў, Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Мінск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім "шаўрале" Янка Купала пад'ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў "Першы беларускі рэстаран", які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці ім сустрэцца не давялося.

Гальяш Леўчык меў шмат сяброў. Яны прыязджалі не толькі ў Слонім, але і часта пісалі пісьмы, дасылалі кнігі, паштоўкі, часопісы. А вось сяброўкі, гаспадыні ў доме ў яго не было. І неяк у 1932 годзе ён прачытаў у газеце "Кур'ер Кракаўскі" аб'яву, дзе 30-гадовая жанчына з Ваўкавыска, якая піша апавяданні, хоча выйсці замуж. Гальяш Леўчык "клюнуў" на гэтую аб'яву і напісаў жанчыне пісьмо. Пачалася перапіска, а праз пэўны час яны спаткаліся. Жанчына аказалася прыгожай і вельмі спадабалася слонімскаму паэту. Праўда яна была даволі лёгкіх паводзін і любіла жыць раскошна. І гэта Гальяша Леўчыка трохі насцярожыла. Ён нават заехаў у Дзярэчын да свайго сябра Яна Пятроўскага (жыў і памёр у ЗША), каб пагутарыць пра сваю будучую жонку. Той яго адгаворваў жаніцца на польскай дзяўчыне з Ваўкавыска. Але Гальяш не паслухаў сябра, і праз пэўны час слонімскі паэт і польская дзяўчына Зося ўзялі шлюб.

Вельмі цяжка жылося Гальяшу Леўчыку з Зосяй Ляўковіч. Яна яго не кахала і не берагла, а жыла, як хацела сама. Усе зберажэнні мужа жанчына праз некаторы час поўнасцю расходавала. А ў гады вайны за ёю сачыла нямецкая паліцыя, якой не падабаліся яе частыя выезды ў Варшаву. Паліцыя ўзяла ў яе распіску аб нявыездзе са Слоніма. Зося ўсё ж працягвала свае паездкі. Яе хутка арыштавалі, і ў камеру паліцыя падаслала правакатаршу, якой жанчына расказала, што яна захоўвае ў падушчы польскі сцяг з арлом. На кватэры немцы сапраўды знайшлі сцяг і незадоўга пасля гэтага ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма.

Гальяш Леўчык цяжка перажываў страту Зосі, відаць, моцна яе кахаў. У 1942 годзе са Слоніма ён падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Прыбыўшы туды, ён дабраўся да свайго дому і кватэры. Але ў ёй ужо жыла іншая сям'я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватэрантаў. Так наш зямляк застаўся без жонкі, без кватэры і без архіваў. У акупіраванай немцамі Варшаве галадаў, а ў пачатку 1944 года паэта не стала.

Да вышэй сказанага пра Гальяша Леўчыка хочацца нагадаць і яго біяграфічныя звесткі.

Нарадзіўся Ілья Ляўковіч 20 ліпеня 1880 года ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках "шчасця-долі ў шырокім свеце". Ілья скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля ў канцэлярыі міравога суддзі.

Набыўшы на курсах прафесію чарцёжніка, наш зямляк падаўся ў Варшаву. Там ён уладкаваўся на працу ў будаўнічы аддзел варшаўскага магістрата. У пачатку 20-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт вярнуўся назад у Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага служачага, то беспрацоўнага.

З 1907 года Ілья Ляўковіч супрацоўнічае з газетай "Наша ніва", дасылае вершы, якія падпісвае псеўданімам "Гальяш Леўчык". "Наша ніва" моцна прывязвае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для "Беларускага календара", выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданні. У Варшаве Гальяш Леўчык аб'ядноўвае вакол сябе ўсіх беларусаў, аказвае бясконцыя таварыскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апякуецца прыезджымі, гуртуе ў зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся беларускай мовы і не забыліся беларускай мовы. Шмат піша сам. А ў 1912 годзе ў Вільні выходзіць яго першы зборнік вершаў "Чыжык беларускі".

У 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнаю кнігаю яго выбраныя творы пад загалоўкам "Доля і хлеб".

Чытаючы вершы Гальяша Леўчыка, якія ён напісаў 85-70 гадоў назад, адчуваеш іх сённяшнюю актуальнасць, злабадзённасць і смеласць. Некалькі строф з розных вершаў так і хочацца працытаваць:

— Чыжык, чыжык, дзе ты быў?

— Я на Белай Русі жыў:

Бачыў слёзы, жалю крык

як гаруе там мужык...

* * *

Чаму ўсё праўда дзесьці гіне?

Ні ў кога ласкі к чалавеку...

Калі ж бяда нас гнуць пакіне?

Калі ж у нас не будзе здзеку?

* * *

Дружна, брацця, будзьма ў згодзе,

Ці ў нядолі, ці ў прыгодзе.

І злучымся ў шнур, як гусі

На дабро ўсёй Беларусі.

* * *

Пара беларусам, пара

Для роднага краю старацца,

Для долі, свабоды, дабра

За шчасця, народ свой змагацца.

* * *

Хто адрокся сваіх,

Хто стыдацца нас стаў

І прыліп да чужых, —

Каб ён свету не знаў!

Мову родную хто

Пазабыў, асмяяў,

Загубіў за нішто, —

Каб ён свету не знаў!

Хто з народам не жыў

І карысці не даў,

Хто сваіх не любіў, —

Каб ён свету не знаў!


2000 г.


Загрузка...