БЫЛОЕ


Баранавалі жанчыны поле,

Намёртва ўвязаныя ў барану.

Іржышчам ногі свае калолі,

А ім глядзелі штыкі ў спіну.

Штыкі штыкецінамі стаялі —

Не азірнуцца, не уцячы!

Жанчыны поле баранавалі,

Што замініравана па начы...

Вось ззаду выбух... Вось зноўку енкі...

Шчаслівай — цётка мая была.

Ідзе сягоння яна з даёнкай,

А грэчка пахне, нібы смала.

I памяць коле, і памяць коле:

«На гэтым полі, на гэтым полі...»

Цяпер шматколернасцю жывою

Яно красуецца і здаля.

Таму, напэўна, што, як вадою,

Крывёй напоена тут зямля...

Загрузка...