Которой бы ваш друг с улыбкой,


В кругу порядочных людей,


Без всякой злобы и затей,


Не повторил стократ ошибкой,


А впрочем, он за вас горой:


Он так вас любит... как родной!

Прыгадваліся гэтыя радкі з „Яўгена Анегіна”, калі чытала ўспаміны пра таго ж Пушкіна, Лермантава... Пра Андрэя Белага (Зінаіды Гіпіус). „Мёртвага ільва кусаюць нават шчанюкі”. Хаця i жывога... Уварваць, што ўдасца, паказытаць, кусануць, каб доўга не ачомаўся, — любы занятак...

... Джэка Лондана ашуквалі з усіх бакоў: ён даваў, прыяцелі бралі. Бралі i так, як газетчык Ноўл, якому пісьменнік аддаў права перарабіць „Марскога воўка” для экрана, a Ноўл перапрадаў ix. I Лондан, заключаючы кантракт на экранізацыю ўласнага твора, павінны быў выкупляць правы... I г.д.

A фільм Бунюэля i Сальвадора Далі „Андалузскі шчанюк”, у якім Далі ўчыніў расправу над даўнім сваім сябрам — Федэрыка Гарсія Лоркам! Здзеклівы кпін — ужо ў самой назве: „андалузскімі шчанюкамі” называлі жыхароў паўднёвай Іспаніі, яно мела на ўвазе — недавярак, няўклюда, расцяпа. А сюррэалістычны мастакоўскі код (i ход) лёгка дэшыфраваўся людзьмі эстэтычна i жыццёва паінфармаванымі.

Аб прычынах гэтага эпілогу сяброўства можна здагадвацца, прачытаўшы ў аўтабіяграфічнай кнізе Далі: „ Я стаў пазбягаць сустрэч з Лоркам i кампаніяй, якая ўсё больш відавочна рабілася яго кампаніяй. Гэта быў апагей яго ўплыву, якому ніхто не мог супрацьстаяць i, мабыць, тады, адноечы ў жыцці, мне давялося зведаць нешта падобнае на пакуты рэўнасці”. I яшчэ: „...здань Федэрыка Гарсія Лоркі. Ахутала i ледзь не знішчыла прыродную самабытнасць маёй натуры”. І вось — „Андалузскі шчанюк”!

Уж эти мне друзья, друзья!

...Мемуары, біяграфічныя даследаванні, біяграфічныя аповесці, раманы, біяграфічныя дакументы i ігравыя фільмы — з’ява датклівая i далікатная. Меру аб’ектыўнасці i мастакоўскай ісціннасці, праваты вызначыць вельмі няпроста. І досыць частыя — так бы мовіць, свецкія кананізацыі, i слоўныя карціны-лубкі, ці, наадварот, збор усіх памыйных плётак, небыліц i бяссэнсіц... Або гэткая кухарска-побытавая аплікацыя, з банцікамі i фальбонкамі, міленькі-мізэрненькі, просталінейна-замілаваны, стэрэатыпна-дабрадзейны партрэцік — безумоўна, з лепшых намераў. Чытаеш — i не разумееш: няўжо гэты рассіроплены дзядзечка стварыў высокае, сапраўднае? Вечнае?

Даследчыкі, біёграфы, белетрысты-біёграфы звычайна абапіраюцца на першапачатковыя дакументы, успаміны — тыя ж самыя — блізкіх, сваякоў, сяброў... I калі весці гаворку пра „сямейныя” мемуары, дык мне асабіста найбольш прыгадваюцца кніга цёткі А. Блока М.А.Бекетавай i „Дакументы да біяграфіі Барыса Пастарнака”, падрыхтаваныя, адабраныя, вытлумачаныя з глыбокім разуменнем творчасці паэта яго сынам —- Яўгенам Пастарнакам. Згадваюцца таксама ўспаміны першай жонкі А.Купрына — М.Купрыной-Іярданскай — „Гады маладосці”. Улічваючы няпростыя абставіны творчай i асабістай біяграфіі гэтых мастакоў, можна толькі з удзячнасцю схіліць голаў перад даследчыцкай i чалавечай (можа, i найбольш) вытанчанасцю, высакародствам i аб’ектыўнасцю гэтых людзей. Гэта асабліва кідаецца ў вочы сёння, калі ад поўнай заслоны i цемры таямніц ва ўсім, што датычыць асабістага (а ў многім, значыць, i творчага) жыцця асоб, перайшлі да такога кафэшантаннага падыходу да ўсяго i ўсіх — што нема маўчыш, гледзячы, напрыклад, на ксёнжачку з красамоўнай назвай: „Жанчыны Міхаіла Булгакава” — з партрэтам пісьменніка на вокладцы. Дзе яны выкапалі такі фотаздымак! Ну, які-небудзь вадэвільны прастачок: да амплуа нават каскаднага героя аніяк не дацягвае. I гэта — аўтар „Майстра i Маргарыты”, „Белай гвардыі”, „Пана дэ Мальера”! Чалавек, які ў пару татальнай пралетарызацыі i стандартызацыі быў узорам густу, гжэчнасці, вытанчанасці...

А вось даўні альманах „Прометей” (М.,1974, т. 10). З якой тактоўнасцю, адчуваннем меры, павагі ідзе гаворка пра муз А.С.Пушкіна... Якія, дарэчы, партрэты, малюнкі... Якая культура выдання... (Хаця i папера не самага высокага гатунку, i мяккая вокладка). Які ўзровень мыслення, якая вышыня пачуццяў, які складаны духоўны свет — усё, што не паддаецца прымітыўнаму раскладу.

Урэшце — ў любога творцы матывы біяграфіі, рэальныя асобы, рэальныя факты — даюць штуршок натхненню, аднак мастак, менавіта ён, пераўтварае гэтыя факты ў „легенду вякоў” (А.Блок), легенду, суаднесеную са светам стыхій, зорак, камет, зместам стагоддзяў, прасветленым фаталізмам, ідэямі вечнымі i ідэямі часу...

Чтобы по бледным заревам искусства


Узнали жизни гибельный пожар!


(А. Блок)

Мабыць, так?

«Мая надзея, мой зялёны шчыт...»


Дзю Белэ


Хаця сучаснае жыццё — сплаў, сутыкненне рэальнага i іррэальнага, рэальнага i віртуальнага... Інтэрнэт, касмічная сувязь, тэлебачанне, мабільная сувязь... Але i спрадвечны спадарожнік чалавецтва, што нельга патлумачыць з пункту погляду нармальнай логікі, нармальнага мыслення, які пярэчыць самой натуры чалавека — войны...

Аднак духоўнае жыццё не знікае. I з’яўляюцца матэрыялізаваныя пацверджанні плёну духа. „Культура плённае існаванне” (Б. Пастарнак). I ад таго існавання ўзнікаюць творы, што даюць падставы згадаць думку Мікельанджэло Буанароцьці: „Beata l’alma, ove non corre tempo”. - „Шчаслівая душа, што не падуладная бегу часу!”

Не падуладная — аб’ектыўным, непасрэдным, самадастатковым існаваннем твораў мастацтва. I — суб’ектыўным, са-творчым успрыняццем гэтых твораў, жывой свядомасцю i актыўнай памяццю. Не падуладная бегу часу — натхнёнай творчасцю той „шчаслівай душы” i натхненнем „рэцыпіентаў”: чытачоў, гледачоў, слухачоў... Гарманічная суадноснасць, двухбаковы рэзананс, той чар, таямніца, якія даюць доўгае жыццё мастацтву (ars longa). Арыентуючыся не на актуаліі моманту (гэта асабліва выразна гучыць па-расейску „злободневность”), а на каштоўнасці sub specie aeternitatis.

I згадаю тут двух мастакоў, двух творцаў — не ўзносячы ix на п’едэсталы, не штампуючы нейкія эстэтычныя ўзоры. Зыходзячы з блізкасці ix духоўнага складу, інтэлектаў, духоўнага чуцця. З пэўных дэфініцый, звязаных з антыноміямі асабістага перажывання, інтуітыўнымі спасціжэннямі, у нечым тоеснымз са спасціжэннем сакральных тэкстаў, з непасрэдным уяўленнем сутнасцяў Быцця. З тых суб’ектыўных уражанняў, што былі ў сляпой — ці прадвызначнай? — плыні часу — сугучныя нейкаму пачуццёваму стану творцаў — са-творцаў, свядомаснай i падсвядомаснай сістэме адносін, узаемазалежнасці гармоніі i дысанансаў, логікі i алагізмаў...

І хаця тут размова пра канкрэтных асоб i — пра канкрэтную творчасць — усё гэта разам з тым: па-за прагматызмам падзейнай логікі, па-за прымітыўным тлумачэннем уздзеяння асобы i творчасці. У сферы — ідэі чыстай творчасці, у сферы — абсалюту, той вышыні, што недасягальная, але да якой імкнуцца паэты (у шырокім разуменні слова паззія: ад старагрэцкага — poiesis: творчасць).

...Памятаю гасцінны некалі дом сярод соснаў i цішыні — на Іслачы... Беларускі паэт з Польшчы запрашае слухачоў паслухаць з магнітафона спевы Данчыка (Багдана Андрусішына), на тую пару ў нас яшчэ амаль невядомага. I, мабыць. нешта ў эфекце гэтага голаса, нейкая высокая сутнасная форма, адгукаюцца ў свядомасці паэта, у значнасцях слоў яго пісьма. Паэта — Яна Чыквіна.

Лодка i вёслы. Цвітуць берагі.


Пясочак сыплецца з жмені,


Як нашага побыту час дарагі.

...Шляхі Музыкі i Паэзіі перасякаюцца. Музыка i Паэзія прыпадабняюцца адна адной. Hi музыку, ні паэзію нельга пераказаць. „... музыкі нам недаступная ідэя”, — задумаецца Ян Чыквін. I пачне — ні больш, ні менш — „будоўлю... мараў”.

І хаця Ян Чыквін па складу свайму мысленнік i філосаф, а паводле афіцыйнага статуса літаратуразнаўца, доктар навук, прафесар, выкладчык, — у пісьме ягоным, i ў непасрэдных кантактах з аўдыторыяй заўсёды адчуваецца ўсё ж менавіта гэтая вызначанасць яго натуры, яго існасці — паэт.

І калі непасрэдна вядзецца размова пра яго творчасць, i творчасць яго калег па літ’аб’днанню „Белая Вежа” — у Беластоку, у Мінску ў Доме літаратара, у Доме дружбы, яшчэ на якой творчай імпрэзе — прысутнічае не толькі непасрэдны герой урачыстасці i рабочай сустрэчы з яго непасрэдным выступлением: тут магутная прысутнасць мноства творчых актаў паэта, яго творчых эмоцый, мноства форм i сутнасцяў.

I, здаецца, звычайны шэранькі восеньскі дзень — але ён змяшчае ў сабе i навальніцу ў Беластоку, i „неонавыя кастры” Варшавы, i „даспелае сонца”, што „да плячэй паэта „туліцца”, i „сны залатыя” родных паэту Дубічаў... I „цвярозы холад пазнання”... I прадвызначаная гармонія гукаў, сэнсаў, зменнасцяў Быцця — адстароненыя мроі, адвольныя сістэмы, таемны ход імгненняў. Незвычайнае адчуванне жыцця, таямнічая матэрыя моўленага i невымаўленага, слоў i маўчання, i — моўных канструкцый, званых паэзіяй: усё нагадвае пра містычную бездань дадзенасцяў i пра яснасць i цэласнасць Знешняга Свету.

Можна браць непасрэдны ўдзел у такіх дзействах, можна не браць. Не ў тым сэнс. Часам, мне здаецца, не маючы падзейнага, слоўнага ўдзелу, не быўшы персанажам дзейства, можна адчуць i момант сустрэчы з Асобай, i той момант — стыхійны, падсвядомы — калі вы адчуваеце нараджэнне нейкага асобага свету нават i больш ярка.

А свядомасць наша не проста ўспрымае моўленае на якой сустрэчы пра Яна Чыквіна, яна — пад уплывам магнетызму яго тэкстаў, яго i нашых, чытацкіх, узлётаў думкі, гэтай высокай асабовай (личностной) свабоды i — адначасова — болю духа... Паўната быцця — i скептычная рэфлексія. Шматлікасць светасузіральных эмоцый — i самота: не тая, што вакуум адзіноты, а — мройная адухоўленасць, згусткі духоўнай рэальнасці, згусткі сэнсу.

Дождж ідзе на маю галаву пахмурна-навесны,


Дождж-напамін пра хуткаплыннасць светлаблакітнай песні,


Дождж ідзе. На маю галаву. Дождж серабрыставалосы.


I сплывае як ласка i глыбейшыя сэнсы маўклівых нябёсаў.

„Сэнсы маўклівых нябёсаў...” Вы адчуваеце метафізічная скандэнсаванасць, не праясненая падзейнай канкрэтыкай, містычная знакавасць, чар ідэі...Вымаўленасць i непрамоўленасць. Сплаў складанасці i дыстынктоўнасці... Мэтанакіраванасць абстрагаванай думкі.

I ведаю — верай — што раней не было мяне такога. што


Жыццём к жыццю пакліканы, пэўна, цалкам выпадкова


з ланцуга арганікі невядома як доўгага.


... Жыццё...


у парыве таемным...


перацячэ праз усё вядома жывое i род чалавечы


станецца формай, відавочна, яшчэ больш дзівосна магічнай.


Але ўжо там, за тым мурам, адкуль ні Слова, ні Рух нас не паклічуць.

Ян Чыквін разлічвае на індывідуальнае разуменне, пазбягае пустой бяссэнсіцы лірызму, апісальнасці, азадачвае наш розум, прапаноўвае нам суадносіны са свету ідэй.

Ян Чыквін вядзе асабісты маналог. Але нават там, дзе яго паэтычныя радкі відавочна маюць адрасата (ёсць i прысвячэнне: крыптанім):

Жыві, жыві, прыгожае тварэнне!


Шчаслівай будзь ад дотыкаў жыцця, —

ён у паэзіі сваёй перакідвае масток ад нібыта духоўнай выпадковасці да культуровых неаспрэчнасцяў, надаючы асобы сэнс рэальнаму:

Жанчына, што нечакана выйшла


з рамы вечнасці ў мой злічальны час, была


Дзевятай сімфоніяй Бетховена ін мінор.

Паэт наўмысна размывае зыходныя пункты, межы, лагічныя высновы. Не сцвярджае — але прапаноўвае. Памысліць. Выснаваць. Параўнаць.

Уладары часу


перададуць нам аб’ектыўны вобраз


нашай рэчаіснасці —


I не паверым.

I ўнікнем таямніцы. I згадаем — разам з Я нам Чыквіным — пра „густы мёд мудрасці” „старых паэтаў”.

I „мёд мудрасці” сучаснікаў Алеся Разанава, напрыклад. З якім Яна Чыквіна звязваюць i блізкасць духоўная, i творчыя стасункі. A i ў нашай чытацкай свядомаеці яны — недзе паблізу. Не паводле сістэмы густаў, нават не паводле загадкі вечных духоўных каштоўнасцяў, а — ў адпаведнасці з быційнай неабходнасцю.

„Мы ўцяклі: адзін са сваёй рэчаіснасці, другі — са сваёй, а ў часе ўцёкаў сустрэліся”. I „сустрэчу” гэтую адчуе кожны, хто адзначыў для сябе незвычайную трывучасць водгукаў прамоўленага Алесем Разанавым у свеце душы.

Я маю — усё i не маю — ўсё.


Сэрца сусвету б'ецца ўва мне.

Вось менавіта гэтае імкненне надаць мастацтву ўсеахопны сэнс — калі не светабудовы, дык значэнне быційнае — i прыцягвае да творчасці i асобы гэтага паэта.

Жывы на зямлі, нашу ў сабе сваю


смерць i неўміручасць,


i адкрываю жыццём зямлю,


i адкрываю смерцю нябёсы,


a неўміручасцю — што найвышэй за ўсё,


a неўміручасцю — што найбліжэй за ўсё,


a неўміручасцю — зоркі.

Пільнасць думкі, спроба звязаць — магчыма, паводле Кантава імператыва, неба над намі i закон унутры нас, можа, паводле Гегеля, дзейсную прыроду духа i абсалютную ідэю, ці вызнаць „чыстую духоўнасць”, калі „рэчаіснасць ёсць унутраны свет”, а сваё ўласнае „Я” самаадносіцца да свайго ж „Я” паводле К’еркегора. Магчыма. Паводле нашага ўспрыняцця. Магчыма, i тое, i другое, i трэцяе. Не ад эклектызму самасвядомасці, — ад настойлівага імкнення да „квінтэсэнцыі існасці”.

І ў гэтым суб’ектыўным успрыняцці імкненні i шляхі Алеся Разанава перакрыжоўваюдца з намкненнямі іншых. Не аднадумцаў — о, не! — на такім узроўні творчасці нічога аднолькавага не бывае. (Увогуле — сумнавата, калі людзі аднолькава, стэрэатыпна мысляць). Размова — пра судачыненні свядомасцяў, блізкасць успрымання светапарадку. Урэшце — пра тую магію духоўную, калі творчасць аднаго чалавека набывае ва ўспрыманні другога асобую каштоўнасць, пераўтвараецца, вызнае новыя сэнсы.

Так было заўгодна Провіду, — што чыста падзейна, храналагічна — i мой шлях (жыццёвы) перакрыжаваўся з шляхам Алеся Разанава. Аднак пазначыць, што мы працавалі ў адной рэдакцыі або ведалі адно аднаго як рэдактар i аўтар (ролі мяняліся) — гэта не сказаць нічога.

Храналагічна быў той час, калі, з аднаго боку, творчасць Алеся Разанава пэўная частка (калі не большасць) беларускага літаратурнага атачэння ўспрымалі вельмі складана, часам — варожа, а з другога боку — створанае ім пераходзіла ад аднаго да другога, нібыта аб’ядноўвала яго прыхільнікаў, як у старажытнасці аб’ядноўваў пасвечаных абмен пласцінамі кувезнага (чеканного) золата.

Памятаю вечарыну ў Доме мастацтваў (што каля касцёла Святога Роха). I поўную залу вось тых самых прыхільнікаў: мастакоў, навукоўцаў, людзей розных літаратурных i нелітаратурных прафесій. I — двух апанентаў Алеся Разанава, побач з ім, на сцэне: літаратуразнаўцы, што спецыялізаваліся на вывучэнні паэзіі. I хаця Алесь Разанаў — паэт зусім не для вялікай аўдыторыі i ўжо цалкам не эстрадны, але гэта быў той самы выпадак, калі сабраліся „пасвечаныя”, калі творчасць паэта абуджала ў кожным сваё і набывала ў іншым тую самую асобую каштоўнасць.

У непасрэдных стасунках з людзьмі Алесь Разанаў адыгрываў вялікую ролю самім актам свайго быцця, сваей духоўнай прысутнасцю. Хаця маюць значэнне i ненасрэдныя, i дзелавыя кантакты. І такія прасветленыя моманты, як той, калі Алесь Разанаў паказваў нам у рэдакцыі здымкі: ён ca сваёй па-ранішняму маладой жонкай Галінай. (Не стэрэатыпныя фота „на памяць”, а паэтычныя выявы — яны ўдвух на лугавіне, нібыта ўвабраўшы ў сябе хараство ўсяго бачнага свету).

Калі твая будучыня


сумесціцца з будучыняю сусвету —


усе словы дарэчы,


усе ўчынкі да месца,


усе стрэлы ляцяць у цэль.

І мабыць, гэтае мае „хаця” недарэчы. Усе моманты жыцця, існавання ў часе — гэта i патаемныя трансфармацыі Быцця, духоўныя здвігі, нематэрыяльныя акты рэчаіснасці. І творчасць — чужая — становіцца часткай духоўнага існавання іншага чалавека. Дзіўная, складаная радасць, прасякнутая тугой i сумнівам. Часам — дзейсная, штуршок для ўласнага дзеяння, часам — рассяроджаная ў бясконцых пытаннях. Да суб'екта творчасці. Да жыцця. Да...

Творчасць Алеся Разанава вызначылася мноствам кніг, пункцірамі Быцця, у якіх — i прэзэнтацыі новастворанага, толькі што выдадзенага.

Скончыўся дождж.


Цякуць


адкінутыя адлюстраванні.

I зноў — натхненне чытача, слухача. Не просценькі захліп — ах! — a складаны, няўлоўны працэс, калі адбываецца нейкая трансфармацыя, свядомая i стыхійная, ад слоў вымаўленых i ад фраз, словаў схаваных, непраяўленых — калі слова значыць куды больш, як яго моўная функцыя. Калі стыхійныя, унутраныя рытмы творцы супадаюць, сутыкаюцца, перакрыжоўваюцца з рытмамі чытачоў. Усё захоплена, насычана ўтварэннямі нейкага Свету — тоеснасцяў, аналогіяў, суадносін, нейкай жыццёвай i мастацкай сістэмы, нейкіх вобразаў, што існуюць у гэтай духоўнай сферы. Канцэнтрацыя пачуццяў, духоўная сітуацыя, поўная няўлоўна-мройных уражанняў, самавыяўленняў душ — i адасабленне, маўклівая абарона кожнага ўласнага „Я”, стынь неўвасобленага, абпаленасць паўсядзённай эмпірыкай. I — адчуванне ўзнятасці на вышыню паэта. I — боязь згубіць гэтую вышыню ў сабе. I — адчуванне духоўнай рэальнасці, якая адпавядае „суверэннай асобе”.

I вось што важна i заканамерна — Алесь Разанаў ніколі не спрабуе падладжвацца пад нечыя густы — не мае на мэце нікога „выхоўваць”, клікаць (не кажу пра кан’юнктурнасць, мімікрыю, злабадзённасць), аднак з пэўнага часу беларуская маладая літаратура так ці інакш знаходзіцца ў свядомасным полі паэта, яго літаратурнага вопыту (побач з пільным углядваннем i творчым засваеннем сторанага сусветнай культурай).

Канкрэтна на гэтым пытанні засяроджвацца не буду, а вярнуся да той умоўна-эстэтычнай ноты, да таго асобага свету сутнасцяў i сутнасных аналогій, да „вызначанасці быцця”, што „насычана не адчуваннем або шматграннай матэрыяй..., а духам i ведае сябе як усю ісціну i сапраўднасць” (Гегель).

I вяртаючыся да гаго, Мікельанджэлавага, „beata l’alma” — Шчаслівая душа, не падуладная бегу часу, да „унутранай сутнасці” індывідуума i да таго, што звычайна гэта „не абыякавая адзінкавасць індывідуума, але нешта субстанцыяльнае, сапраўды ўсеагульнае” (Гегель), пазначыць, што менавіта таму i ўзнік гэты допіс. Як разважанне... Пра творчасць i творцаў... Пра сувязь падзейнага i сутнаснага... Пра вечную таямніцу таленту. Незалежнага ад падзейнай эмпірыкі. І залежнага. Ад сітуацый. Ад дзеянняў канкрэтных асоб. Ад рэалій часу. Ад складу абставін. Ад верагодных i неверагодных спружын рэчаіснасці. Ад таямнічых рухаў падсвядомасці творцы. I — незалежнага: у галоўным. У створаным. Дзе набываюць галоўную значнасць — „сэнсы маўклівых нябёсаў”. У сваей неадменнасці.

Часоп. „Тэрмапілы” (Беласток), 2003, № 7. (За подпісам: Альбіна Сямёнава).


У МРОЙНЫЯ ХВІЛІНЫ ПАДАРОЖЖАЎ

Паралелі, аналогі, алюзіі

У сваю пару, пасля вандроўкі ў Францыю, у 1978 годзе, у адной з рэдакцый я распавяла была гаворку пра нататкі. I вельмі мэтанакіраваная i дзейсная асоба імярэк паглядзела на мяне так, нібыта мне стрэліла ў голаў вырошчваць бручку ў ружоўніку. Маўляў, звар’яцела няшчасная: гэткі ашалом ад эмоцый, а тую Belle France, так бы мовіць, толькі адным вокам бачыла: што такое дзесяць дзён (ці дванаццаць)! Я сумелася i паклала накіды ў стол.

Пасля падарожжа ў Італію ў 1987 годзе зноў узяла сумніва — ўскруг усё віравала, усё змянялася кожнага дня: што тая Італія?

Але яна ўзнікала — хрэстаматыйна-знаёмая, a ў нечым вядомая толькі мне i маім спадарожнікам. Памяць вяртала — чакана i нечакана — i далёкія французскія ўражанні. I ўсё гэта пакідала адбітак на дні ўчарашнім, на дні сённяшнім, на падзеях апошняга часу.

Ды i гэтыя краіны мараў сталі, на жаль, бліжэй далека не для ўсіх маіх суайчыннікаў. Жалезную заслону адчынілі, але шляхі на Захад, ды i на Усход, перапынілі для многіх найперш эканамічныя няўладзіцы.

Тады... Тады свабода слова толькі абвясціла пра сябе, усе пафасна (пафас у былым Саюзе быў хранічны) абвяшчалі перабудову.

Яшчэ здавалася нязрушнай КПСС, яшчэ мала хто мог уявіць, што „Союз нерушимый республик свободных» лічыць апошнія гады. Незалежнасць рэспублік здавалася фантастыкай. Меркаванні, што неўзабаве падаліся б звычайнымі, тады выдавалі не менш, як крыміналам.

Тымчасам мы выракліся, адмовіліся, разбурылі. Апынуліся на руінах. Ці то будавалі новы гмах, ці то зноў стваралі паветраныя замкі.

I вяртаючыся да старых допісаў, я трымаюся гэтага сюжэта таму, што хачу знайсці калі не грунт існавання, дык хаця б нейкія зачапкі ў гэтым свеце. Магчыма, тут ёсць схільнасць да таго, што пэўным часам пазначылі было гэткім гаспадарча-інвентарызацыйным паняццем: агульначалавечыя каштоўнасці. Хаця па сутнасці зноў паперадзе інтарэсы дзяржавы.

І камерцыялізацыя асабістага. I — словы, словы, словы...

А — ва ўсе часы былі i ёсць яшчэ прыкметы быцця — сталыя i зменныя, залежныя ад геаграфіі i нацыянальнай ментальнасці i паўсюдна агульныя, пазнавальныя прыкметы, што вызначаюць проста жыццё. „Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые...” Хто ведае... Што больш меціць быццё: гістарычныя ці пазагістарычныя імгненні? Калі людзі проста існуюць — радуюцца, спрачаюцца, спасцігаюць навуку, вучаць іншых, робяць, кахаюць, бяруць шлюб, мысляць, ходзяць у госці... Падарожнічаюць. Не ў перыяды ж вялікіх гістарычных змен узводзяць бажніцы, ствараюць карціны, будуюць гарады, вырошчваюць сады, гадуюць кветкі...


Восеньскі падарунак

Вандроўка ў Італію была нечаканая. Гэткі падарунак восені. Здаецца — тым самым момантам, калі пані Удача нібыта забылася нават пра тваё існаванне, а жыццё толькі i робіць, што кідае цябе ў накдаўны, i ты ўжо рыхтуешся да чарговага наканаванага хуку — а тут раптам узнікае той самы сподачак з блакітным акрайцам. Італія...

Весь груз тоски многоэтажный —

Сгинь в очистительных веках!

У галаве — мешаніна. Нейкая чаўпра з вежаў, нефаў, купалоў. Цэркваў, палацца... Каналы, гандальеры... Хаця не, Венецыі ў маршруце няма. „Кавалак неба, што трапіў на зямлю” — Неапаль — таксама заетаецца ў баку. Затое — будуць Рым, Фларэнцыя, Мілан, Балонья, Рэджо-Эмілія...

Лацыё, Умбрыя, Таскана... „Голубоватым дымом вечерний зной возносится, долин тосканских царь...” Мітусня цытат. Нейкія ўрыўкі з фільмаў дэ Сантыса, Вісконці, Антаніёні, Феліні. Слоўная феерыя Анны Маньяні, самнамбулічны позірк Монікі Віцьці, каскад рухаў Марчэло Мастраяні... Напаўзабытыя факты i даты... З Базары, Муратава, Джывелегава... I зноў — радкі, радкі, радкі...

„Omnia mutantur, nihil inferit.” A яны былі аптымісты, старажытныя рымляне. „Усё змяняецца, нічога не знікае”.

Так, безумоўна,трэба было б давесці да ладу, сістэмы факты, надсвежыць памяць, пэўна даведацца — але ўжо няма часу. Пачынаецца вандроўка. I абавязковыя няўладзіцы, неспадзяванкі, недарэчнасці. Хіба ў нас інакш магло быць? Самалёт з Мінска ў Маскву (група журналістаў, тады яшчэ СССР, вылятала з Масквы) позніцца на пяць гадзін, гатэля ў Маскве няма, патрэбнае аддзяленне Інтурыста я знаходжу, добра паблукаўшы па калідорах i холах Астанкінскага гасцёўнага комплексу. Паводле не самых лепшых традыцый не самых лепшых часоў нам паведамляюць процьму правілаў, інструкцыяў: перасцерагаюць, папярэджваюць, даводзяць „да ведама”.

І тым не менш — напаўяве, напаўсне мы аказваемся ў аэрапорце Леанардо да Вінчы, або Ф'ю Мічына. Выпраўляемся далей. Не ў Рым, a ў Остыю: чэмпіянат па лёгкай атлетыцы, усе гатэлі вечнага горада занятыя.

... Мост, перасохлая, выцвілая рачулка, як быццам нехта плескануў вады на звычайны шэры жвір. Высвятляецца, аднак, — гэта хрэстаматыйна вядомы Тыбр. Усё змяняецца? Ці проста канец спякотнага лета?

А светлы, рудавата-вохрысты колер будынкаў каля дарогі — колер „трастэверын”, колер Рыма.

Наш „Сатэліт-палас” у Остыі сціплы. Але з усімі выгодамі цывілізацыі. Асноўнае насельніцтва гатэлю падчас нашага знаходжання там — паліцыянты.

Раніцай каля гатэля — усё блакітнае i сіняе ад кашуль-уніформаў i машын: першынства свету, муніцыпальная паліцыя пачынае працоўны дзень. Пачынае свой дзень i Остыя — грукацяць жалюзі крамаў, мужчына паважна вядзе сабаку на ланцужку, жанчыны паліваюць кветкі ў лоджыях. Вуліцы чысцюткія, дагледжаныя. Лоджыі патанаюць у зеляніне. А мы, праглынуўшы кубачак кавы i булачку-расету, сядаем у наш „Італбус”, шыкоўны, з кандыцыянерамі, з аграмаднымі светаахоўнымі шыбамі.

У „Сатэліт-палас” мы прыязджаем уначы. I тое, што Остыя — старажытны горад, порт, што мора побач, мы ведаем выключна тэарэтычна. Хаця нашы гіды нас пераконваюць: не трэба засмучацца - у ваду ўсёроўна лезці нельга. Уяўляем сабе малюнак накшталт „Чырвонай пустыні” Антаніёні i супакойваемся.

У Рым. Толькі ў Рым.

... Мабыць, i ў першыя дні стварэння свету магло быць вось такое мяккае, цёплае, пахмурнае надвор'е, будзённы дожджык, што спраўна сыпле на сімвал Рыма — Калізей. „Пясок мораў i кроплі дажджу i дні вечнасці хто вылічыць?” Востры водар — туберозаў? Але ж я з тых няўдаліц, якія заўсёды гавораць: нейкая птушка, нейкае дрэва. (Прыгадваю Янку Брыля, што бязлітасна кпіў над гэтымі невукамі).

Калізей стаіць адасоблена, нішто яму не замінае. Як у часы Цэзара. Нікому не рупіць пабудаваць побач сучасны гмах. Тут маюць павагу да прапорцыяў старажытнасці, да архітэктурнага рытму Старажытнага Рыма.

Хаця ёсць i відавочная эклектыка эпох. Турыстычныя карнавальныя атрыбуты. Конь з фаэтонам. Зразумела — калясніца Геліёса мела іншы выгляд. Рамізнік у адзенні аперэтачнага вентурына, на фаэтоне — ліхтар, таксама, пэўна, не антычнага абрысу.

Ніхто з нас, праўда, не рызыкуе, не мысліць трапіць у кліенты гэтага каларытнага рамізніка: грошы нам яшчэ не мянялі, аднак калі б ліры i звінелі ўжо ў кішэнях, дык камерцыйныя нашы мажлівасці наўрад ці супалі б з таксай фурмана. Хаця — хто ж у вечным горадзе раскашуе ў экіпажах? Толькі пешшу i на самоце. Хаця i гэта — раскоша для нас. Мы зноў у „Ітапбусе”. Тэрмы Каракалы, брама Канстанціна. Капітолій. Усё змяняецца, нічога не знікае... Нібыта перагортваем выдатна ілюстраваны падручнік па гісторыі Старажытнага Рыма. Паглядзіце налева, паглядзіце направа. Мітуслівае дачыненне да вякоў....


Сярод вярхоўных рытмаў сусвету...

Ды ўсё ж — „Carpe diem”. Толькі ў такую бясхмарную раніцу Рыма i здолелі вызначыцца ў памяці шматкі чэзлай універсітэцкай латыні. Carpe diem — „Карыстайся днём”. Сапраўды. У цэнтры Рыма — ніводнай машыны. Марафонскі забег чэмпіянату свету. Пешшу — як у часы Гарацыя або Лукрэцыя. I амаль на адзіноне. Можна не бегчы, раўняючы крок з шэрагамі групы, a кіравацца крыху паперадзе або наадварот — ззаду. Глядзець на Рымскі форум (Foro Romano) збоку, зверху i менавіта тут, на Палатынскім пагорку, гледзячы ўніз, неяк раптам зрокава адчуць, што гэта — магутны дыктат Старажытнага Рыма. Пачынаеш відавочна ўяўляць carmen saeculares, ludi saecula res: стогадовыя песні, стогадовыя гульні. Адноечы на стагоддзе. A між іншым, i мудрым, i знакамітым, i дзейным здавалася, што стагоддзям Рыма не будзе канца... Як i сёння — не адзінкі, многія, і разумныя, i энергічныя, так i не ўяўляюць 1/6 частку зямной кулі інакш, як Саюз. Неабсяжны, непарушны. Мадэль — калі не светапарадку, дык дзяржаўнасці.

Усё змяняецца, нічога не знікае. На руінах Старажытнага Рыма з’явіліся першыя хрысціянскія базылікі. I не толькі першыя. Вось i бажніца Святога Пятра створана на фундаменце яшчэ тых, паганскіх, антычных часоў. I — дзіўна — але, магчыма, гэта выключна асабістае ўражанне, святыні ўжо не ціснуць на свядомасць, як гэта адбываецца з рэштамі Старажытнага Рыма.

Невыпадкова, мабыць, усе дыктатары найноўшага часу падрабляліся пад Старажытны Рым i Грэнцыю. Напалеон, Мусаліні, Гітлер, Сталін. Усё аграмаднае, вялікапышнае, каб чалавек адчуў сябе popolo minuto (мізэрным, змарнелым народам). Перадусім — алтар Айчыне рабілі ў Рыме ў XX стагоддзі i яшчэ да валадарання дучэ. 1911-ты год. Хто быў тады? Кароль Эмануіл? Але так ці інакш — гэта нейкі каменны ўздых па жалезным дыктаце імперыі. Бясконцая белая каланада, неабсяжная лесвіца, пахмурны метал вазкоў i коннікаў. Укленчы, шараговы чалавецтва...

Але Рым — горад нечаканы. Горад розных стагоддзяў. У язычніцкім Рыме, на пагорку Палатын, аднекуль чутны мяккі перагук званоў — неўзабаве заход сонца, пара вечаровай Імшы...

Тымчасам мы апынуліся ў адной з раннехрысціянскіх базылік — Санта-Марыя ін Казмедын — суровая гэтая святыня перабудоўвалася якраз на грунце рымскай архітэктурнай асновы ў VIIІ i XII стст. Але гукі званоў той царквы не маюць адбітку змрочных яе муроў, у ix адчуваецца злагада адыходзячага дня, асветленага i пазначанага малітвамі, аднаго ca шматлікіх дзён двух тысяч год хрысціянства. У гуках тых: „...веліч вышыні, цвердзь чысціні...” У вогуле — што меўся выявіць чалавек у гэтым бясслоўным i нібыта бессюжэтным кожнадзённым рытуале? Простая i вечная музыка стагоддзяў. Векавечны зварот да Бога. Мабыць, нездарма ў іншай краіне чалавек горкага лёсу i адухоўленага разумення слова так пераклаў верш Томаса Мура, а двое іншых — таленту значнага i немітуслівага, стварылі такую музыку, што паўтары стагоддзі — ў атачэнні сям’i i ў прафесійных хорах, у дружнай кампаніі i сам-насам з сабой i ўсім светам спяваюць: „Вечерний звон, Вечерний звон! Как много дум наводит он...” Туга i ўспамін, роздум пра незваротнасць усяго на зямлі i марнасць усяго існага... „И уж не я, а будет он в раздумье петь: „Вечерний звон!”

Сонца на суклоне i ў ім нібыта сышліся ўсе колеры адыходзячага дня. У Рыме 30-35 градусаў паводле Цэльсія. А мы тымчасам на п'яцца Квірынале, каля Каралеўскага палаца. Глядзім на гарачую, ярка-аранжавую паласу на нясцерпным блакіце паўднёвага неба, бясконца доўга глядзім на палымяны небасхіл. Потым проста доўга сядзім — пачынаюць запальваць ліхтары. Шпацыр, маўляў, як у часы Сенэкі i Нэрона, па безаўтамабільным Рыме цяпер помсціць нам аўтамабільнымі заторамі, наш „Італбус” мы чакаем дзве з паловай гадзіны. Турыстычна пільна ўглядваемся ў палац, бачым, як адны вартавыя змяняюць другіх, i вось наша цікаўнасць узнагароджана не вельмі арыгінальнай, але каларытнай сцэнкай. Дзве рымлянкі (як гучыць!) у ботах (30 градусаў) i ў бліскучым лускавінні камізэляў вядуць доўгую i ажыўленую размову з гараджанамі вечнага горада. Тыя на шыкоўных навенечкіх матацыклах, матацыклы вуркочуць, зіхотка ззяюць, храпуць, што коні, збіраючыся несціся наўскапыта. Нашы шчоўкаюць фотаапаратамі — мадэлі прыгожыя. Хоць на палатно карціны, хоць на подыум. Дзяўчаты нешта даказваюць маладым сіньёрам, тыя горача пярэчаць. Усе смяюцца, зноў спрачаюцца. Нешта даказваюць, у нечым пераконваюць. Мы не ведаем мовы, i тут ёсць свая перавага. Чуваць толькі чароўныя гукі галосных i падвойных зычных — вельмі прыгожа, стаката пераходзіць у спеўны рэчытатыў — сіньёрыны гулліва ківаюць гловамі; раскоша ix валасоў робіць гэты жэст свавольным i гарэзлівым, потым яны адмоўна круцяць галовамі — хвалі локанаў перакідаюцца справа налева i злева направа, дзяўчаты нешта малююць нагой на асфальце: ах, хто ўстоіць перад боцікам гэтых чараўніц! Адзін з кабальера (хаця не, гэта ў Іспаніі - кабальера), ну, так бы мовіць, з персанажаў дзейства, прымае позу залежнага ад дамы рыцара, класічную позу — з нізкім паклонам... Зноў смех — i яны, усе чацвёра, ад'язджаюць на пераможных, хуткаімклівых матацыклах. Сама маладосць, само жыццё...

Ну, а наш „Італбус” урэшце рэшт прарываецца на п'яцца Квірынале.

„Фін каралы, фін каралы”, — гэтую мелодыю мы чуем увесь час, калi нашага шафера Франка просяць стварыць музычны фон падарожжу. Просьбу часцей за ўсё паўтарае адна i тая ж жанчына — Італія ўяўляецца ёй нечым накшталт гучна-стракатага папуры з песняў Тото Кутуньё, Адрыяно Чэлентано i Рафаэлы Кара.

„Фін каралы, фін каралы” — гэтыя ж легкадумна-дрымотныя рытмы суправаджаюць нас i тады, калі мы едзем зранку ў Ватыкан. Мелодыя настройвае на несур’ёзны, лёгкі лад. Закалыхвае. А едзем мы на сустрэчу з рэзідэнцыяй Святога Пасаду, Сікстынскай капэлай, з Мікельанджэла. Але добра тэмперыраваны клавір Баха не прадугледжаны праграмай, ды i што-небудзь больш дастасаванае да мэты вандроўкі ці хаця б — на крайні выпадак — да часу i геаграфіі Боскага Мікеля — таксама. „Фін каралы, фін каралы” — вуркоча мелодыя.

...Муры Ватыкана з боку віале Ватыкана. Малыя, мізэрныя побач з імі сыны i дачкі чалавечыя. I неяк спракаветна строгія i важкія гэтыя муры. Пачынаю ўяўляць наша ўзыходжанне на вяршыню пагорка, да Свягога Пасада, але ўсё аказваецца празаічна i проста, усё ў рэчышчы нашага прагматычнага, мітуслівага часу. Ліфт — i ўсё...

І вось мы ўжо крочым па галерэях Ватыкана. Перад тым быў уступны экскурс. Ва ўнутраным падворку Ватыкана, скрозь залітым сонцам. Падворак жоўта-белы, з акуратна стрыжанымі газонамі, такімі ж акуратна стрыжанымі дрэвамі, якім дакладна вызначана месца ў гэтым паралелепіпедзе. Амаль пустым. Наведвальнікі ў залах i музеях Ватыкана.

Наш гід, Анна Сандрэцьці, узняўшы высока над галавой ці то жазло, ці то піку з кветкай-ружай (каб мы маглі бачыць яе i не згубіцца), прапануе нам надзвычай жвавы тэмп. Анна Сандрэцьці дзесяць год жыла ў Савецкім Саюзе, выдатна валодае рускай мовай. A ў музэях Ватыкана адчувае сябе як выдатны спецыяліст, прафесіянал на сваёй працы. Спяшаецца яна, мабыць, імкнучыся не перабраць адведзенага нам часу. Ёсць у яе i яшчэ рацэі, з якіх яна прытрымліваецца шпаркага рытму, мусіць, слушна лічыць, што на такой хуткасці ніхто не здолее распытваць яе. Анна ледзь не ў трансе ад дапытлівасці нашых — на тую пару — суайчыннікаў. Нехта спытаў у яе з выглядам першага вучня: „Прабачце, а хто жонка папы?” Анна Сандрэцьці захлынулася словамі, а пазней усё неяк тужліва перапытвала:

„Няўжо гэта сапраўды група журналістаў?” Некалі ў Францыі ў нас таксама была рэкардсменка па кур'ёзных пытаннях.

У музеі імпрэсіянізму яна, стоячы перад сусветна вядомай карцінай Клода Манэ „Сняданак на траве”, усё настойліва перапытвала назву, старанна запісваючы яе ў нататнік. А ў адным з музеяў Ватыкана адзін з нашых калег i ўвогуле не пазнаў „Лаакаона”, тыражыраванага ўсімі падручнікамі для сярэдняй школы.

Дарэчы, нас інструктавалі, папярэджвалі, вучылі, зусім паводле традыцый даўніх i нядаўніх часоў — ніякіх стасункаў з чужынцамі-чужаземцамі (а чаго тады ехаць?), ніякіх шпацыраў на адзіноце (парушала гэтае правіла, дзе толькі была магчымасць, не заўсёды ўдала, але пра тое пазней), ніякіх адхіленняў ад групы, ніякіх..., не, не, не... Праўда, чамусьці нікому не стрэліла ў голаў пазначыць, што плады асветы мы часцей за ўсё праглыналі недаспелымі, a часцей — толькі паглядалі на недаступныя плады i змушаныя былі аднеквацца: „зело зелены”. Увогуле ж „учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь”... (А з далечыні году выхаду ў свет кнігі, а не моманту публікацыі допісу — з жалем пасведчу: стала яшчэ горш).

...Вяртаючыся ж у музеі Ватыкана... Знакі, стрэлкі... Усе — да Сікстынскай капэлы. Стрэлкі ў галерэі з арасамі, стрэлкі ў галерэі са столлю, дзе роспісы ў стылі рамбулье (рамбалі, як вымаўляла Анна Сандрэцьці) — роспісу, што зрокава стварае ілюзію рэльефу.

Урэшце — капэла Сікстына. Тут прадугледжана ўсё, каб, наколькі гэта магчыма ў натоўпе, пакінуць усю мітусню свету за дзвярыма. Нельга перамаўляцца, нельга весці экскурсіі, нельга фатаграфаваць, нельга здымаць на кінаплёнку.

Закратаваныя вокны капэлы — высока-высока. Алтар: драўлянае разьбярства. Такі ж драўляна-разны амбон. Aлe ўсё гэта здаецца антуражам, прычым нязначным, галоўнае — роспіс Мікельанджэла. „Урачыстае i змрочнае свята, дзе ўсё нагадвае пра жалобу дня памерлых”. Так згадваў пра гэты — адзіны ў свеце — роспіс Рамэн Ралан. Твор Буанароцьці аднаўлялі — i там, дзе папрацавалі рэстаўратары, усё чамусьці прыгладжваецца, набывае ненатуральна новы выгляд, робіцца спакойна-гарманічным, нібыта гэга ўжо не магутна-трывожны геній Мікельанджэла, а ясны, злагадны талент Філіпо Ліппі.

У Рыме наогул, a ў Ватыкане асабліва, нібыта вандруеш з эпохі ў эпоху. Усё спалучана, усё ў судачыненні. Пачынаеш губляць адчуванне рэальнасці, чуццё істоты ў пэўна пазначаных часе i прасторы, шматвекавы гістарычны час уладна прыцягвае да сябе, пераконвае відавочнасцю мастацтва, шматвекавых рэалій. Вазы, тыя самыя, што мы бачылі ў падручніках, чорныя амфары з вохрыста-бэжавым малюнкам, чарніліца, якой 2500 год, знакаміты Апалон Кановы... I ўжо нават даглядчык з музэя Ватыкана пачынае нагадваць уладарнага прынчыпе (князя) часоў Ларэнцо Медычы (Ларэнцо Цудоўнага). А на знакамітай лесвіцы Скала Рэджа, здаецца, неўзабаве з’явіцца сам Святы Айцец. Аднак відавочна выпрабоўваць эфект калонаў, што паступова змяншаюцца ў памеры, рызыкуюць толькі два фотааматары.

Варта Ватыкана — нязменна ва ўборах яшчэ паводле эскізаў Мікельанджэла, і, падпаўшы пад узвышанае ўздзеянне Ватыкана i пад магічны ўплыў цырыманіялу старадаўніх часоў, са здзіўленнем глядзіш на мулатку ў саборы Святога Пятра — ў найсучаснейшых ружовых нагавіцах, з дзіцем. Дзіця плача. Яны прытуліліся каля калоны, жанчына амаль ляжыць на плітах бажніцы. Чаму яны апынуліся тут? Магчыма, жанчына лічыць, што тут яе жальба будзе хутчэй пачута Усявышнім? Ці спадзяецца на неадкладную дыяканічную дапамогу? А можа, прыйшла глядзець на знакамітую будову Джаванні Берніні? Неверагодна прыгожую грабніцу Святога Пятра? Асабліва глядзіцца яна (грабніца) з сучаснай падсветкай: высакародны абрыс лесвіцы, умеркаванасць пазалоты, мяккасць белага i каляровага мармуру. I нейкая падкрэсленая свецкасць, нават тэатральнасць — i ўсё нагадвае не так пра марнасць зямнога, як сцвярджае адвечнасць Боскай Красы.

Нейкая суцэльная эйфарыя — апошнія метры дзяржавы Ватыкана. Хаця — ў розных людзей, мабыць, свае уражанні. У некага — узвышаныя, узнёслыя ад дачынення да Боскага Святла, у некага — абумоўленыя выключна рацыянальнымі назіраннямі, у некага — пантэістычныя, ад адчування вечнасці прамяніста яснага сонца, ад якога белая каланада на плошчы Святога Пятра перад саборам здаецца пякуча белай. Ёсць i сакральнае, глыбока асабістае, пра што весці гаворку ў такіх стракатых нагатках немагчыма.

I зноў — мешаніна часоў i эпох. Руіны тэрмаў Каракалы. „In corpore sano mens sana”. Toe, што мы ўсе памятаем з маленства. „У здаровым деле здаровы дух”. Рымляне ведалі пра гэта. Пасля лазні ішлі ў бібліятэку.

...Віа Алессандро, палацца Фарнезе. Менавіта тут жыла дама барока, шведская каралева Крыстына-Аляксандра, што адмовілася ад прастола, каб прыняць каталіцтва. Тая самая, што адпрэчыла прапанову, каб яе прывезла карэта, зробленая паводле задумы самога Берніні. Яна з’явілася ў вечным горадзе конна. Як сапраўдная каралева Сеічэнта — каралева ХVII стагоддзя. Тая, перад якой адчувалі сябе падданымі нават кансакраваныя асобы. Як сведчылі многія, не хто-небудзь, Адзаліні — служка Боскі — кінуў на брукаванку сваю кардынальскую мантыю, каб каралева не сутыкнулася з брудам маставой.

Грабніца Крыстыны-Аляксандры змешчана ў саборы Святога Пятра: vixit Christina Deo annos 63 — (Крыстына, што памерла ва ўзросце 63 гадоў). Тут знайшлі вечны супакой астанкі каралевы, верніцы, што ведала 7 моў, штудыявала класікаў, валодала лепшай бібліятэкай свайго часу. Studia Divina — вывучэнне Боскага — было асноўным яе заняткам. Хаця яна любіла гарэзліва пацвельвацца: „Баўлю час тым, што смачна ем i добра сплю, вяду прыемныя размовы i ўвогуле жыву так, як мне падабаецца”. Век барока... Што ў яе словах — праўда, а што — не? Праўда — яе адрачэнне ад прастола дзеля веры... Мы ведаем — колькі людзей i якімі спосабамі дамагаліся кароны... А яе словы... Век барока... Век складаны. Велікапышны... Век не толькі каралевы Крыстыны, але i вялікіх дойлідаў: Берніні, Бараміні, Гварыні. Век з’яўлення мройлівага цуда фантанаў Рыма. (Дарэчы, вадазборы Рыма дагэтуль бяруць ваду з 12 водаправодаў Старажытнага Рыма. A самыя вядомыя з акведукаў: Аква Паола, Аква Марыя, Аква Фелічэ, Аква Вірга.)

Празрыста-блакітная „архітэктура” водаў фантана Трэві, насцярожаны спакой скульптурнай групы. Нейкае дзівоснае спалучэнне , няўлоўную яго красу не перадаюць ні фотаздымкі, ні нават кіно. Тут бы засяродзіцца наякую гадзіну... Але ж якія гадзіны!

Мы едзем на віа Aпia, знакаміты — хаця што ў Рыме не знакамітае? — Апіевы шлях. Пасля ўладарна-цяжкай антыкі Рыма, магутнага ўплыву Кватрачэнта i Чынквечэнта, пышнасці барока, Апіевы шлях здзіўляе нейкай хатняй утульнасцю сваіх маштабаў (як i Тыбр), негарадскім выглядам віл, што патанаюць у зеляніне. Тут цяпер раскашуе сённяшні патрыцыят i набіліят — фінансавыя каралі, зоркі кіно i сцэны. Цішыня такая, нібыта яе пазычылі з мінулых стагоддзяў. Быццам i няма побач аграмаднага сучаснага Рыма, яго мітусні, шуму, затораў на вуліцах. Яго турыстаў.

...На пляцы Іспаніі славутай лесвіцы амаль што не відно: сядзяць, стаяць, ляжаць — нейкае сяйво з людзей. I якім часам здымалі фільм пра дзяўчат з гэтай плошчы? Там лесвіца заўсёды была амаль што пустая. Ці часы — іншыя?

Сама плошча маленечкая. У Еўропе, здаецца, увогуле за выключэннем антычнага Рыма, няма аграмадных плошчаў, якія так здатныя майстраваць у нас. На савецкай — у сваю пару — i постсавецкай прасторы. Ад плошчы разбягаюцца вулачкі. Здаўна тут, паводле сведчання яшчэ П.В. Аненкава, любілі жыць іншаземцы. Тут была кватэра М. В. Гогаля, на віа дэль Крочэ. Непадалёк, на віа Кандоцьці, улюбёная кавярня пісьменніка. Анфілада невялічкіх пакояў, з люстрамі i канапкамі, a напрыканцы — цёмная, змрочная зала. У ёй — партрэт Гогаля, цытата ягоная, аблямаваная рамкай: факіміле.

Ці ёсць у Рыме сляды нашага Мікалая Гусоўскага? Нават зірнуць на эпітафію ягонага сябра i мецэната Эразма Вітэмуса не ўдалася: мы не былі ў бажніцы Святой Марыі дэль Попала.

Не пабачым, не паспеем, не прадугледжана праграмай. Нібыта прысуд. Асабліва калі ўлічыць, што жылі мы ўсё ж у Остыі.

Хаця нашы чычэроне як маглі спрыялі нам.

Ix было дзве.

Адна, Ніна Аляксандраўна, сустрэла нас у закутках Астанкінскага гасцёўнага комплексу. Калi мы прыехалі ў Італію, яна набыла нейкі асаблівы шарм. Флюіды Рыма? Яна пачала апранацца ярка, з фантазіяй, i высветлілася, што ў ёй нешта ёсць ад жанчыны з Брулоўскага „Італьянскага полудня”. Хіба што з таго „полудня” мінулася гадоў дзесяць... У ёй, без асаблівай эклектыкі, адчуваўся водар розных часоў: спраўны рытм нашага часу, крыху загадкавасці часоў Адраджэння i нешта ад вакханкі Старажытнага Рыма.

Другая — Анна-Ліза — без перабольшання магла быць жывой мадэллю для партрэта мадонны. Любога хрысціянскага веку. Гэтаму ўражанню не пярэчылі ні модныя, да шчыкалатак, нагавіцы, ні фацэтная блуза. Гід фірмы „Планетарыё”, яна добра валодала рускай мовай. Засяроджана-клапатліва пералічвала нас кожным разам, як мы заходзілі ў аўтобус.

„Анна-Ліза, Анна-Ліза, Анна-Ліза...” Да яе звярталіся з прычыны i без дай прычыны. Прыгажосць прыцягальная... І маладосць...


Чывіта Век’ё застаецца ў баку

Калі мы штодня ехалі з Остыі ў Рым, дык сустракалі ваблівую стрэлку: Чывіта-Век’ё. Італьянская фабрыка кінасноў i кінамараў. Але мы заўсёды паварочвалі ў другі бок. У нас іншая праграма. Рытуал полудняў i вячэраў займаў тут не аношняе месца. У Фларэнцыі, Рэджа-Эміліі i Мілане мы палуднавалі ў рэстаранах гатэляў, у Рыме — у розных лакандах i траторыях. Наведвалі мы, зразумела, рэстараны не самага высокага класа. Прыблізна паводле Купрына — той лічыў, што ў кожным горадзе трэба наведаць царкву, схадзіць на кірмаш i ў не самы шыкоўны рэстаран („средней руки”).

Рэстаран „Да Беніга” ў раёне Трастэвэрэ, сярэднявечным раёне Рыма. Зала з каменнай столлю, набеленымі сценамі. Пад столлю, недзе на адлегласці паўметра, драўляныя бэлькі, ці то з дубу, ці то з грабу. На ix хатнія кветкі. Аграмадны, на ўсю сцяну, буфет, паводле моды пачатку XX стагоддзя — ў ім посуд, віно ў бутэльках i ў плеценых бутлях. Памяшканне нечым нагадвае малдаўскую каса-марэ.

У адной з рымскіх траторый — канапкі, люстры з контуравымі, пуантылісцкімі малюнкамі — бутэлькі к’янці, парк, палац. У рэстаране гатэля „Сан-Марко”, дзе мы жылі ў Рэджа-Эміліі, на люстраной паверхні гольчастым контурам вымаляваны кіназоркі, каля майго месца быў люстраны Ален Дэлон.

Усюды — цішыня. Не выюць магнітафоны, не надрываюцца стэрэасістэмы (усё гэта ў Італіі надзвычай таннае, да ўзору: магнітафон „Sony „ — 30.000 ліраў, рублёў паводле курса 1987 года: 1 даляр — 60 капеек). Рэстаран — для адпачынку, для спакойнай гаворкі, для сустрэчы. Урэшце — дзеля таго, каб паесці ў спрыяльных умовах. Так растлумачылі, дарэчы, усё той жа нястрымнай аматарцы вакалу. Для танцаў ёсць дансінгі, клубы.

Харчавалі ўсюды смачна. I паўсюдна ў Італіі ў рэстаранах, вялікіх i малых, каля ўвахода — горы дымчастых сліваў, аграмадных персікаў колеру сонца, яблык, пра якія гавораць: наліўныя, ігруш, з якіх гатовы пырснуць сок, рудаватых бананаў, вінаграду, нават на выгляд спакусліва-салодкага. Нехта нясмела спытаў ў Анны-Лізы, ці нельга замест шчодрай вячэры атрымаць некалькі гэтых пладоў, на выгляд — ці не з райскага саду. Анна-Ліза ўскінула рукі ў шырачэзных рукавах, нешта ўсклікнула па-італьянску, некуды пабегла... I з таго вечара на нашых сталах шыкоўныя вазы. На той момант з пладамі, якія сярэдні жыхар Беларусі, Расіі, Прыбалтыкі, мякка кажучы, не так часта бачыў на сваім стале. Персікі, апельсіны, бананы.

Увогуле на наш харч штодзённа выдаткоўвалася 50.000-60.000 ліраў (25-30 рублёў усё па тым жа курсе 1987 года). Грунтоўна. I не кожнаму патрэбна. Аднак змяніць нічога нельга. Так вызначана.

(Тады нават уявіць сабе было немагчыма, што неўзабаве нашы былыя суайчыннікі будуць здзіўляць ужо не дазволенай нішчымніцай — „совеціко морале” — a неверагодным нарабаваным багаццем i роўнай яму безгустоўшчынай.)

Мы з цікавасцю прыслухоўваліся, прыглядаліся, каштавалі мясцовыя наедкі. Тартэліні — мясцовы гатунак пельменяў, пасатэлі — смажаніну з целяціны, фаршыраванай артышокамі... Дарэчы, на італьянскай мове назвы самых звычайных страў гучаць, нібыта імёны оперных герояў. Рызотта — рысавая каша, палента — кукурузная каша, ну, i знаёмая ў нас — кава „капучына” (пышная пена сапраўды нагадвае капюшон манаха-капуцына).

На што нельга было не зважаць, дык на тое, што i ў Італіі, i ў Францыі захаваўся свой стыль у рэстаранах, гатэлях, кавярнях. Своеасаблівы тэатр, са сваімі акторамі. Між іншым, у Францыі ў невялікіх мястэчках, вёсачках можа не быць нават крамы (яна паблізу), але кавярня ёсць заўсёды.

Дык a ў рэстаране „Да Беніта” (тым самым, дзе зала падобная да каса-марэ) ля ўвахода таямніча пасверкваў праз жардзіньеркі ліхтар, афіцыянт быў рэспектабельны не як сэрвіторэ, а ледзь не як ангельскі лорд. Гэткі уніфікаваны міжнародны стыль. Затое ў „Эмбэсі-хаўс” у Фларэнцыі, у гатэлі, насуперак энглізаванай назве, тайстры насіла вясёлая хударлявая італьянка, у фартушку: выкапаная гаспадыня хаты, нібыта толькі што адышла ад печы. І зала рэстарана таксама была па-хатняму ўтульная, ці больш справядліва, дзве залы - невялічкія круглыя сталы з бэзавымі абрусамі да падлогі, утульныя крэслы, са спінкамі да самай падлогі. Афіцыянтка з „Эмбэсі-хаўс” заўсёды нешта гаварыла — гучна, працягла, добразычліва. „Пэр фаворэ, пэр фаворэ, пэр фаворэ” — „Калі ласка, калі ласка, калі ласка”.

А я згадвала эксцэнтрычную i вытанчаную францужанку з Бардо. Тая нібыта дырыжыравала, энергічна робячы рукой прыгожыя, пластычныя жэсты: «Жю, ва, о» — „Аранжад, віно, вада”. I вальсавала некуды ў глыбіню залы, каб зноў пераможна ўляцець, нешта прыбраць. I зноў пайсці каскадным крокам. „Уі?” — „Так?” Рабэр (імя францужанкі) адчувала сябе галоўнай асобай гэтага спектакля — дзейства, феерыі... „Мерсі!” — яна не проста дзякавала, яна запрашала прыняць удзел у сцэнічным дзеянні. Дзе яна выпраменьвала мяккую гарэзію, какетавала, вяла сваю партыю з тайстрамі. Царавала. Зала рэстарана была вялікая i не вельмі ўтульная, падобная на нашы тых гадоў — ці то вагон-рэстаран, ці то вялікая стайня. Але Рабэр валодала ўмельствам падпарадкоўваць сабе прастору. Гэта была яе тэрыторыя, яе манеж, яе сцэна. Рабэр! Ваш выхад!

У Андаі прыносілі мноства страў — халодныя i гарачыя закусі, розныя вышукі баскскага кухарскага майстэрства (Андай — горад на поўдні Францыі, у краі баскаў, яго некалі вельмі любіў Хэмінгуэй: танныя гатэлі, выдатныя кухары.)

Ix умельству аддавалі належнае i мы. Марнавалі на тую салодкую атруту, здаралася, i гадзіны са тры, хаця, падобна, сапраўдных гурмэ — знаўцаў гастранамічных вышукаў, сярод нас не было, затое ў гурманаў — аматараў пад’есці, ператвараліся нават заклятыя аскеты i прыхільнікі розных дыет. A напрыканцы гасцьбы з’яўляўся кухар. Ён ведаў: галоўны персанаж тут ён, i толькі ён. Загадзя ведаючы адказ, кухар хітравата пытаўся, ці спадабаліся ягоныя стравы.

A калі мы апошнім разам вячэралі ў рэстаране гатэлю “Гарнье” у Парыжы, нам прынеслі торт з бенгальскімі агеньчыкамі... Увогуле французы, нягледзячы на ўсе рэвалюцыі, не згубілі адчування не проста прыгожага i дыстынктоўнага, але i таго, што завецца смакам жыцця — мабыць, гэта мае пэўную назву на французскай мове, але я ці то не ведаю яе, ці то не ідзе на памяць.

Я не знаўца він, але згадваю, на сустрэчы з героямі макі, удзельнікамі французскага Супраціўлення, у Баённе (таксама паўднёва-заходняя Францыя, атабарыліся мы ў гатэлі ў Андаі, а адтуль выязджалі ва ўсе пазначаныя нам пункты маршрута), дык вось у Баённе прыём а ля фуршэт добра здзівіў вока нашых суайчыннікаў: бутэлькі, бутэлечкі, карафкі, фужэры, келіхі — вельмі прыгожыя, выштукаваныя, не тое каб твор мастацтва, але, безумоўна, аздоба — стала, бара, буфета. Тут былі ўсе знакамітыя напоі заходняга поўдня Францыі. Віны Бардо: Савэтэр, Монсэіур, Таргон, Крэон; Вэр, Кот ле Бур, Блай; Сатэрн, модны арманьяк „пус-рапэр”. І, і, і...

Тут, у Баённе, я магла зноў уведаць трывіяльную ісціну пра тое, што свет не такі ўжо вялікі. I які штукар — пан Выпадак. Тут я сустрэла дзяўчыну — мала што з Беларусі, мала што з Мінска, а з той вуліцы, на якой я жыла.

Распавяла мне рамантычную, a калі ведаць, адкуль яна, то i незвычайную гісторыю. Яна рабіла экскурсаводкай у адным з музеяў Мінска. Сярод наведвальнікаў адноечы трапіўся Жан-П'ер. I — ўсё адбывалася па шчаслівым варыянце рамантычнага сцэнарыя. Ён прыехаў яшчэ i яшчэ. I ўрэшце яны пабралі шлюб. Лена разам з мужам з’ехала ў Францыю. Калi ўлічыць, што нашы стасункі з замежжам у тыя часы не вельмі заахвочваліся, нават такія светлыя, учынак быў незвычайны. Леначка набыла французскі шарм i, здавалася, знайшла свае асабістае шчасце.

Але... Я мела магчымасць зноў уведаць, што свет не такі ўжо вялікі, а шчасце — „самая дарагая i няпэўная рэч у свеце.” Ад адной маёй знаёмай, што мелася адпачываць улетку на адной дачы з дзецьмі той Лены з Баённы, я даведалася, што рамантычны шлюб пратрымаўся не так ужо i доўга, a дзяўчына з маёй вуліцы пераехала з Баённы ў Парыж i выйшла там другі раз замуж.

Вяртаючыся ж да далёкай Баённы i краю баскаў — тут ва ўсім адчувалася культура традыцыі, традыцыя культуры. Як ва ўсёй Францыі. Кожны падворак — не проста дагледжаны. Не толькі чысціня, a i хараство. Як i ў крамах. I ў крамах кошт — зусім не для крэзаў. Усё разлічана на звычайныя кішэні. I ў Бардо, i ў Баённе, i ў Андаі, i ў Парыжы... I ў Рыме, Рэджа-Эміліі, Фларэнцыі, Мілане...

У вогуле ў нас i да падзей кастрычніка 17-га года, а пасля ix — то найбольш, пра густ да нармалёвага жыцця вялі гаворку не інакш, як іранічна, пра звычкі нямецкіх бюргераў i французскіх буржуа выключна паблажліва i звысоку. Не кажучы пра ацэнку гістарычных падзей — тут размова была звычайна такая, нібыта прамоўцы валодаюць ісцінай у апошняй інстанцыі. З просталінейна-сацыялагічным ухілам.

Цяпер „рэгістр адносін” іншы ці больш правільна, ракурс бачання, але танальнасць, на жаль, тая ж. Калі раней лічылі — вось крымінальны лёс вызначыў нарадзіцца i жыць да 17-га, значыць, амаль усе — царскія сатрапы, усё было пагана, усе вінаватыя, калі не маюць індульгенцыі — рабоча-сялянскага паходжання (ды i тут — з кім меў стасункі, што чытаў, якія думкі меў?), інакш маўляў, на сметнік гісторыі. Мы свой, мы новы свет збудуем. Збудавалі. Агледзеліся. Ні Бога, ні цара, ні героя. Разбурым. Разбурылі. Адшукаем усіх, у каго хаця кропля блакітнай крыві, узновім лепшае з таго, што было да Кастрычніка... Уздымем. Увойдзем.

Наперад, у новую светлую будучыню...

Калі на гэтую будучыню зірнуць сёння, так бы мовіць, з рэалій 2006-га года. Рэчаіснасць пераўзышла чаканні... Толькі, падобна, усё ў рэжыме наадварот. Расія ператварылася ў алігархічную дзяржаву, дзе, мусіць, як i абяцаў галоўны „приватизатор”, 6-ці працэнтам належыць усё багацце краіны, дзікі капіталізм, мільёны беспрытульных дзяцей, большасць насельніцтва — ў нішчымніцы. Сярэдняя Азія ці не вярнулася паводле сацыяльнага i дзяржаўнага статусу да сярэднявечча. У нас — абвясцілі кірмашовы сацыялізм. I, мабыць, ад вялікага набытку зранку каля сметніц — людзі, падбіраюць рэшты ад выкінутага аблашчанымі гандлёвым „сацыялізмам”. (І ва ўсіх постсавецкіх краінах тыя, хто валодае капіталам, у асноўным — былыя крымінальнікі, злодзеі, былыя партакраты, досыць часта ўсе гэтыя паняцці тоесныя.)

У той часавы момант, калі ствараўся гэты матэрыял (1992), i ў блізкія гады (да i пасля), віравала духоўнае жыццё, вярталася духоўная спадчына, выдавалі кнігі забароненых i непажаданых раней аўтараў, а цяпер ці не ўсё культуровае i мастацкае жыццё паглынула камерцыйная плынь, a з ёю — пошласць, адсутнасць этычных норм i арыенціраў, ухвала агрэсіі i звярыных інстынктаў.

У момант напісання эсэ, паводле дэкларацый дзяржаўных кіруючых асоб, павінны быў наступіць ледзь не ўсеагульны мір на планеце Зямля, a сённяшняя рэчаіснасць сведчыць зусім пра іншае: лакальныя войны, тэрарызм у шырокіх маштабах, бунты i закалоты ў самых, здавалася б, спакойных i ўладкаваных краінах Еўропы. Ну, a ў нас, у роднай краіне Беларусь, постфактум i дэ-факта , да ўсяго дадалося ў самым горшым варыянце занядбанне карэннай, сваёй мовы... I не толькі...

Ну, а вяртаючыся ў Італію... Там было рознае... На адной з сустрэч адзін з яе актыўных арганізатараў Рудольфо Курці, што некалі вучыўся ў Маскве i ведаў Саюз не паводле кніг, давёў: вы хочаце жыць, як мы. Дарэчы, кіраўнік групы падчас гаворкі адразу апынуўся побач, некага адпіхнуў, некага адсунуў: камандзёр, як яго называла наша Анна-Ліза, сімпатычна кантамінуючы словы камандзір i командор. Але сіньёр Курці адразу перапыніў нашага начальніка: „Я хачу гаварыць з гэтымі жанчынамі, а не з вамі”. Мы былі ўдзвюх з журналісткай з Эстоніі.

Камандзёр пайшоў шукаць суцяшэння неўнармаванымі дозамі напояў Эміліі-Раманьі. (1987 год — разгар антыалкагольнай гарбачоўскай кампаніі.) Не стрымаюся, каб не згадаць, як падчас наведвання фірмы „Рыніта” (вытворчасць він) гэты ахоўнік палітычнай надзейнасці па-гаспадарску прыхапіў з сабой падарунак, зроблены ўсёй трупе: цэлую скрыню трохсотграмовых бутэлечак лёгкага віна з рознымі напаўняльнікамі з садавіны.

Зноў нагадаю — асабіста для мяне паперадзе ўсяго — Дзяржава Божая: Civitas Dei. Што датычыць астатняга — ўсё адносна. A справядлівасць, законы Божыя — вечныя.

Менавіта паводле гэтых законаў цікавіла мяне вандроўка. I яе пуцявіны.


Area del Sol

Дарога Сонца — Area ciel Sol. Галоўная магістраль Італіі. Дзяржаўная аўтастрада, але платная. Аплата — ў залежнасці ад працягласці маршруту i цыліндроўкі машын.

Мы ехалі з Рыма па Паўночнай Італіі. Менавіта гэтая Італія займае сваё месца сярод сямі самых развітых краін свету. Менавіта тут — Фларэнцыя, Венецыя, Верона, Перуджа, Сіена, Парма, Балонья, Мілан... Паўночная i Паўднёвая Італія - гістарычна, эканамічна, сацыяльна — па сутнасці, дзве розныя краіны. Самі італьянцы гавораць: на Рыме заканчваецца Італія, пачынаецца Поўдзень. Сам Рым — у вобласці Лацыё. Поўнач: вядомыя нам Умбрыя, Таскана, Лігурыя, П’емонт, Эмілія-Раманья, Ламбардыя. Усё, што мы ведаем пра Італію па кнігах, па гісторыі, датычыць у асноўным Поўначы. Поўдзень: Кампанья, Базіліката, Апулія, Сіцылія, Сардынія. Гэта тое, што старэйшыя пакаленні ведаюць па фільмах неарэалістаў.

Італьянцы з Поўначы гавораць: „Мілан працуе, Рым спажывае, Неапаль спявае, Сіцылія спіць”. Жыхары Поўначы гавораць пра землякоў з Поўдня: гароні — гэта тыя, хто корпаецца ў зямлі. Тыя ж, што жывуць на Поўдзень ад Рыма, таксама ўмеюць сплаціць доўг. Палента — памятаеце, гэта кукурузная каша — такую мянушку яны прыдумалі суседзям.

Мы ехалі ў напрамку да Мілана. Спачатку — ў Фларэнцыю. І Поўдзень са ўсімі сваімі праблемамі, пра якія, дарэчы, у сваю пару распавёў мастацкую размову Лукіно Вісконці ў фільме „Рокко i яго браты”, дык вось Поўдзень застаецца там, у нас за спіной.

А мы нібыта глядзім прыгожы відавы фільм. Італійскія пагоркі... Хараство. I „другая прырода” — паводле Гегеля. Арв'ета — горад на скале. Спраўджанае майстэрства дойлідаў Сярэднявечча выкарыстоўваць ландшафт у сваіх задумах. Ці то пабудовы — працяг скалы, ці то наадварот. Хаця — Арв’ета пабудаваны на месцы старажытнага селішча этрускаў.

A ўвогуле ў Італіі шмат паселішчаў, дзе засталася структура гарадоў Старажытнага Рыма: квадраты вуліц, i пераважна лагчына.

Уздоўж аўтастрады — гарады. Згадваеш з удзячнасцю Арэа дэль Соль, едучы па Нямеччыне, дзе аўтабаны — бездакорная дарога i дзве высачэзныя глухія сцяны з двух бакоў. Шэрыя, цьмяныя. Едзеш, як у тунэлю. Затое, мабыць, зручна жыхарам гарадоў побач з аўтабанам.

I — не ведаю, як італьянцам, але нам Дарога Сонца падабалася. Назвы — нібыта пазыўныя вякоў. Гарады, пра якія ў нас традыцыйныя ўяўленні. Крэмона — горад, які ўславіў сябе скрыпкамі вялікага майстра Страдывары. Перуджа... Нашы гіды тут адразу арыентавалі нас на сучаснасць: лепшыя цукерачныя вырабы, унівсрсітэт замежных студэнтаў. У тым годзе, калі мы праязджалі каля яго — самы багаты горад Італіі па колькасці даходаў на душу насельніцтва.

Санта-Крочэ — тут займаюцца вырабам камп’ютэраў. Модэна - вядомая тым, што тут школа карабінераў (афіцэрская школа). Карабінеры — італьянская жандармерыя.Частка карабінераў нясе службу на аўтамабілях, частка — конна. У гэтым жа горадзе — заводы фірмы „ферары”.

Hiна Аляксандраўна i Анна-Ліза адказваюць на нашы пытанні. Часам не адразу, але абавязкова.

...Анна-Ліза, нязмушана дэманструючы нам свой класічны профіль i не менш класічны фас, распавядае, што ў Італіі існуюць тры віды жылля. Хату або кватэру можна купіць, можна арэндаваць, ёсць i муніцыпальная ўласнасць. Кошт арэнды ў невялікіх гарадах разоў у пяць меншы, як у Мілане або Рыме. Рост кошту арэнды абмежаваны ўладай, таму ўладальнікам жылля часам не выгадна працягваць кантракты, i яны аддаюць перавагу куплі-продажу, але часцяком бывае так, што ў дакументах фігуруюць адны лічбы, а кошт будынка зусім іншы.

Маладым сем'ям падабаюцца кааператывы. Першы ўзнос — ад двух да чатырох сярэдніх заробкаў. Растэрміноўка — 10-20 год. Пра чэргі ніхто не чуў. Ёсць грошы — калі ласка, набывайце жытло.

Землякі Рамэо i Джульеты не спяшаюцца браць шлюб. Звычайна гэта адбываецца, калі ім спаўняецца 26-27год. Падзею прынята адзначаць урачыста. Прыгадваецца зноў-такі кінематаграфічная паралель. Фільм „Дні кахання” — з Марчэло Мастраяньні i Марынай Уладзі. Трагікамічныя перыпетыі ix герояў — усё з-за таго, што няма за што набыць вясельнае ўбранне для нявесты, няма за што банкетаваць. Сукенка для нявесты i сапраўды каштуе не менш як 1.000.000ліраў (500 рублёў паводле курсу 1987 года). Вясельная вячэра або абед у рэстаране — не менш як 50.000 ліраў на чалавека. Вянчаюцца ў бажніцы, потым рэгіструюцца ў муніцыпалітэце.

Нявеста звычайна прыязджае да святыні са сваім бацькам, жаніх чакае яе са сваёй маці. Букет нявесты пасля вянчання кідаюць у натоўп, дзяўчына, якая паспее яго ўхапіць, неўзабаве, паводле павер’я, павінна выйспі замуж. A гальштук маладзёна шматкуюць на дробныя кавалачкі: на шчасце.

Пасля вяселля прынята выпраўляцца ў падарожжа. Паводле італьянскіх законаў даецца 15 дзён з захаваннем заробку, i паехаць можна на працягу месяца пасля рэгістрацыі.

Як i ў большасці краін, калі згадаць народныя звычаі, маладзён павінны мець жытло, нявеста — пасаг. Праўда, як i паўсюдна, цяпер дамаўляюцца так, як зручна абодвум. Але на выпадак разводу — а развод у Італіі ўчынак няпросты, калі гэта шлюб царкоўны, патрэбны дазвол самога Святога Айца — Папы, — дык вось на выпадак разводу закон Італіі абараняе інтарэс жанчыны. Былы муж павінны плаціць ёй аліменты, незалежна ад таго, ёсць у ix дзеці ці не.

Калі ў жанчыны, што працуе, з’яўляецца дзіця, ёй даюць аплочваемы адпачынак: 3 месяцы да нараджэння дзіцяці 3 пасля. Пасля 4-месячнага ўзросту нованароджанага рабочае месца маці захоўваецца, але аплочваецца толькі 30% заробку.

Ёсць у Італіі яслі i садкі. Муніцыпальныя, каталіцкія i прыватныя. Toe ж самае — школы. Абавязковая адукацыя — 8-гадовая. Да 3-га класа навучанне бясплатнае. Пасля 8-га класа працуюць або паступаюць у ліцэй: ёсць ліцэі класічныя, гуманітарныя i так званыя навуковыя, дзе выкладаюць прыродазнаўчыя i фізіка-матэматычныя дысцыпліны.

Тыя, хто працягвае адукацыю ва універсітэце, паступаюць туды пасля ліцэя без экзаменаў, але ёсць гадавы ўзнос — прыблізна трэцяя частка сярэдняга заробку. Гэта заваёва 60-х гадоў, якая дала сябе адчуць, аднак, нерэгулюемым працэсам падрыхтоўкі кадраў: няма куды падзець юрыстаў i медыкаў. Ba універсітэтах ёсць i завочнае аддзяленне, але ў дыпломе гэта адзначаецца, i да завочнікаў ставяцца больш падазрона, калі прымаюць на працу.

...Школа мастацтваў — Порта Рамана. Тут робяць копіі знакамітых карцін i скульптур. I чамусьці менавіта каля яе — не вельмі зразумелая сучасная кампазіцыя: жанчына нясе жанчыну.

Гэта ўжо Фларэнцыя. Фірэнцэ (Firence) — так гучыць назва па-італьянску.

Наш невялікі гатэль у самым цэнтры. Памянёны ўжо „Эмбэсі-хаўс”. Тут больш сімпатычны, як у Остыі, нумар там быў доўгі, пусты, i недзе ў куточку хаваліся два ложкі. Тут — утульны стандарт. Два ложкі, столікі з люстрамі, ванная, крэмавыя шторы, крэмавыя пакрывалы. Уначы ў нумары чуцён скрогат — прыбіраюць Фларэнцыю. Потым, у Рэджа-Эміліі, будзе зацішны i амаль такі ж нумар. I ў кожным гатэлі мы наноў вырашалі „рэбус”: як „запусціць” душ, кожны раз новае прыстасаванне.

Увогуле ў Італіі ўвесь час быў прыдатны стандарт гатэляў. I як мне падалося, чатырохзоркавы гатэль „Аджып” у Мілане адзіна чым адрозніваўся, дык гэта халадзільнікам з напоямі, натуральна, для нас недаступнымі (згадаем — 31 рубель абмену). I тэлевізарам, які не было часу глядзець. Былі яшчэ аднаразовыя хатнія пантофлі i процьма рушнікоў. А так усё — стандарт.

Магутнай фірме „Аджып” („Agip”) на тую пару належалі матэлі каля аўтастрад, крамы, комплексы санпаслуг. У матэлі можна было прыпыніцца, а можна i проста пакарыстацца яго паслугамі: прыняць душ, прывесці сябе да належнага стану i г.д. Усё гэта за грошы. Незадаўга да Фларэнцыі мы прыпыніліся каля аднаго з такіх комплексаў , адчулі карыснасць i зручнасць яго.

I вось — Фларэнцыя. Перш-наперш доўгая вячэра. Яшчэ адна лукулава гасцьба. Яно i цікава — спіцыката (тушанае, дробна сечанае мяса з грыбамі), салата з садавіны (ананасы, дыня, гарбуз), піцца... Але — не дае спакою думка: раблезіянствуем другую гадзіну, а за вокнамі — Фларэнцыя, дзесяць хвілін хады — i Сайта Марыя дэль Ф’ёрэ. Нейкая дзіўная традыцыя. Ці гэта дадатковыя тэсты на палітычную надзейнасць i ідэалагічную вытрыманасць, ці то псіхоз калектывізму, ці яшчэ нешта. Ну, каб гэта вечар дзе-небудзь каля рэчкі Шчары ці Іслачы: схацеў — i прыехаў. А то ж на беразе Арно...

Высветлілася — такія думкі не ў мяне адной. І мы — некалькі чалавек — ідзем на сустрэчу з Санта Марыя дэль Ф'ёрэ.


„Улёгкім чаўнаку мастацтва...”

А Санта Марыя дэль Ф’ёрэ надзвычай прыгожая ўвечары. Сабор падсвечваецца электрычным святлом, вельмі густоўна, здаецца, ружаваты мармур свеціцца сам, выключна Боскай воляй. Санта Марыя дэль Ф'ёрэ... Я ведаю пераклад з італьянскай: Святая Марыя з кветкай, але ў перакладзе назвы губляецца магічнае сугучча галосных i лабіядэнтальных, губляецца хараство гучання, фанетычная гармонія... Як i ў перакладах п'яцца ды Навона — плошча ды Навона, палацца Век'ё — Стары палац, понта Век'ё — Стары мост...

Каля галоўнага храма Фларэнцыі згадваем Рым. Антычны, сярэднявечны, сучасны. А я паглядаю на юнакоў, што вольна атабарыліся непадалёк ад святыні — як i ў Рыме: каля фантанаў п'яцца ды Навона, фантана Трэві, на лесвіцы плошчы Іспаніі... Калі трэба ехаць у Італію? У Рым, у Фларэнцыю, у Венецыю? У семнаццаць — як гэтыя хлопцы з гітарамі? Як Блок — у дваццаць дзевяць, ужо набыўшы сваю долю скепсісу i расчараванасці, але не згубіўшы i рамантычную дзейснасць свядомасці? Як Гётэ — у трыццаць сем? кінуўшы службу (пасаду першага міністра) i на два гады вызначыўшы статус вольнага мастака? Можа, прыязджаць трэба, калі семнаццаць даўно міне i цяжар уласных гадоў адчувальны амаль так, як цяжар стагоддзяў?

Мабыць, трэба прыязджаць сюды неадноечы? I быць тут доўга... Адчуваючы водар старажытнай зямлі, які моцны — па-рознаму — паўсюдна i які не назаляе. Што ў садзе, дзе ўсё выдае цветам у сваю пару, а квецень тая помніцца i ў голую стынь. Відаць, гэта невыпадкова — так часта паўторанае: дэль Ф'ёрэ?

Можа, таму, вяртаючыся з галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі, я раблю зусім вар’яцкі крок з пункту погляду нашага бессярэбраніка-турыста: спрабую купіць кветкі. Мабыць, гэта ўздзеянне знакамітага к’яра скуры — спалучэння цёмнага i светлага. Таго самага к’яра скуры, што ёсць на карцінах Батычэлі i якое не пазначаецца нават на самых лепшых рэпрадукцыях. „Прымавэра” — постаці жанчын, ад якіх, здаецца, зыходзіць нейкая флюарэсцэнцыя, на фоне аб’ёміста-цёмнага, таямнічага саду. Здаецца, фізічна адчуваеш яго глыбіню, нейкую ваблівую i вусцішную прастору Сандро, як называлі яго сучаснікі. Таго адзінага, каго ў сваім манускрыпце Леанардо да Вінчы згадаў асабіста: „Наш Батычэлі”. Хаця — калі ўглядаешся ў карціну, не згадваеш ні да Вінчы, ні тое, што была жывая мадэль гэтай жанчыны з кветкамі на карціне Батычэлі — Сіманета Катанеа. Hi пра тое, што ў яе быў муж — Марко Веспучы i амант — Юліян Медзічы. Рытм абрысаў i ліній i гэтага зваблівага святла падпарадкоўвае сабе, прыцягвае. Палоніць.

У галерэі Уфіцы можна было заставацца сам-насам з творамі вялікіх. Залы маюць нумарацыю, гатэль — пятнаццаць хвілін хады адсюль. I можна спакойна ўзірацца ў мадоннаў Рафаэля — цікава, ён так бачыў натуру, гэткай высакароднай i мяккай? Ці ў легкадумнай дачкі булачніка, звады i спаісусніцы Фарнарыны, быў такі цнатлівы, хатні, пяшчотны выгляд?

Тыцыян i Кранах, хай мне даруюць знаўцы, нічога да майго ўяўлення ix не дадалі. Так, Тыцыян почаўна-ўзвышана веляпышны, так, амаль монахромна скупы ў фарбах Кранах. I квяціста-шчодры Рубенс, i таямніча-праніклівы Караваджо... Хаця... Да Караваджо, як i да Батычэлі, цягне вярнуцца, угледзецца, адчуць... Дарэчы, нам пашанцавала — i „Прымавэра”, i „Мадонна” незадаўга вярнуліся ў залы пасля рэстаўрацыі...

...Я выходжу на плошчу — гэта побач з палацца Век'ё, знакамітую вежу не відаць, бачная толькі неверагодна высокая сцяна колеру мёду (ці віна?). Тут многа народу, проста на плошчы стаяць столікі, i ідзе мой спакушальнік. Вазок поўны ружаў. Я важна дастаю тысячу ліраў (адзін рубель) i спрабую высветліць: „Чы по фарэ сконта?” („Колькі каштуе?”) Але адказу на італьянскай не разумею, пачынаю тлумачыць на валяпюку, які можна лічыць ангельскай, — ён не разумее. Пераходжу на прымітыўнае эсперанта жэстаў, але паспяваю спахапіцца — напярэдадні наша Ніна Аляксандраўна тлумачыла: у італьянцаў свой код жэстаў, кожны жэст мае сваё значэнне. Паказваю гандляру сваю тысячу ліраў i разводжу рукамі. Ён смяецца, дае мне адну ружу — колеру мёду (ці віна?): „Рыкорда ды Фірэнцэ” — „На памяць пра Фларэнцыю”. Я працягваю яму свае ліры: „Грацые”. — „Грацые”, — ён прымае позу уладарнага сіньёра i вяртае мае ліры. Мусіць, недзе побач флюіды бескарыслівага Данатэла — ён пакідаў каля дзвярэй сваёй майстэрні гамалейку з грашмі: для сяброў i вучняў.

Быў у Фларэнцыі яшчэ адзін выпадак — цяпер ён здаецца смешным, на тую пару мне было не да смеху.

Як i ўсе маламаёмасныя людзі ў Італіі — я зайшла ў UPIM — то самыя танныя універмагі. Да гэтай пары памятаю наборы рондаляў, рондалек, місаў, місачак... На той момант для нас — раскоша, неяк знікла з продажу ўсё самае звычайнае i патрэбнае, a i падчас „кірмашовага сацыялізму” тое, што неабходна, не знойдзеш. Там было ўсё, без чаго не абыдзешся ў побыце. Прыгожае, таннае, даступнае...

Я не аматарка „экскурсій” у крамы — трэба нешта набыць, ідзі, а так... чаго губляць час. Аднак тут было што паглядзець, i я глядзела.

Раптам заўважыла — нейкі маладзён сочыць за мной: універмаг пусты i гэта не можа не кінуцца ў вочы, выпадкова зірнуўшы ў люстра, знаходжу пацвярджэнне таму, што я i так ведаю: узрост Джульеты ў мяне пэўна i надзейна мінуўся i цалкам неверагодна, каб гэты бландзін загарэўся на пяшчотнае пачуццё. Забыты знаёмы? Не выпадала — мяне там ніхто не ведаў. Выйшла з UPIMa - літаральна побач: кірмаш, проста на вуліцы. Развешаныя нейкія кофты, камізэлі, сукенкі, мне падалося, ці то зношаныя, ці то заляжалыя. На тую пару наша мінская „Алеся”, Брэсцкая i Баранавіцкая фабрыкі рабілі больш цікавыя рэчы, не кажучы пра фабрыку мастацкіх вырабаў. (Безумоўна, быў адзетак выкшталцоны i дарагі, але не тут, не ў гэтых прылаўках на вуліцы. Затое проста на ходніку — найпрыгажэйшыя куфэркі, куфэрачкі, карабкі, хоўткі, бранзалеткі, камеі — знакамітыя фларэнтыйскія камеі. Лыжачкі з мельхіёру з патоўшчанымі напрыканцы тронкамі з выявамі слынных мясцін Фларэнцыі, у празрыстых футаралах. Усё таннае, даступнае нават мне. Я купіла камею, пару лыжачак, бранзалет. I — ўбачыла таго чалавека. Ён ва ўпор глядзеў на мяне. Што ён хоча? Зайшла ў будынак мясцовага харчовага рынку, сноўдалася каля зеляніны, садавіны, гародніны, каля паляндвіц i вяндліны, каля гораў розных прысмакаў. І гэты чалавек ішоў за мной. Пачалі свідраваць свядомасць словы папярэджанняў: магчымыя правакацыі, нечаканыя выпадкі... Цвярозы розум i логіка падказвалі: каму ты тут патрэбная? Я чамусьці кінулася да понта Век’ё, да яго знакамітых гандлярскіх галаў, замест таго, каб бегчы напрасткі ў гатэль.

Пачала разглядваць аб’ёмісты залаты ланцужок (з надзіманага золата) — не лёгенькая прасцячка, складана-плецены, важкі ланцужок — ланцуг, падобны на тыя, што былі аздобай у фларэнтыйскіх нобіляў i венецыянскіх дожаў, якіх мы бачылі на старадаўніх партрэтах. Камеі на Понта Век’ё — сапраўдныя творы мастацтва, хаця тыя, што прадаюць на ходніку, таксама вельмі прыгожыя. Разгледзела лёгкае, бліскучае, мройнае калье. I... пачала адступаць. Да тых гандлёвых шэрагаў, на ходніку. Можа, ёсць хто з нашых? Днём раней тут мая суседка па пакоі хвацка гандлявала надзіманымі калмаценькімі жывёлінамі — цацкамі, a фотакарэспандэнт з Сярэдняй Азіі займаўся таямнічымі фінансавымі аперацыямі. Я, як чалавек законапаслухмяны i суцэльна бязладны ва ўсім, што датычыць камерцыі, не ўзяла з сабой нічога, хаця ўвогуле ведала, што ў Італіі да месца былі б рэчы з ільну (тады ix у нас было-было! i вельмі танных!), i „палех”, i „хахлама”. Але закон — гэта закон. I тыя самыя генетычныя i сацыяльныя карані — яны, мабыць, адчувальныя. Поўная адсутнасць прадпрымальніцкага таленту.

Затое я з задавальненнем спазнавала на справе, што такое dolce far niente (салодкае гультайства) i сузіральнасць. Калі б не гэты суб'ект. Ён зноў узнікаў у полі зроку. Рабілася ніякавата. Я ўжо не проста ішла, а бегла подбегам, ляцела каля тых камізэлек, спадніц, караляў. Недзе зазнавала „смак” біжутэрыі: востранькія пацеркі хвасталі мяне па твары, недзе я скінула на асфальт доўгі стракаты шалік. Мне наўздагон нешта крычалі — мяркуючы па інтанацыях, не самае прыемнае. Але я бегла. Да самай віа Нацыянале, дзе была наша гасцёўня. Зірнула — якая яна вузенечкая, гэтая вулачка. Зараз запіхнуць у машыну... Аднак да гатэлю літаральна некалькі крокаў. І чаму я так доўга сунуся па вуліцы? У „Эмбэсі-хаўс” у вестыбюлі — нікога. Ліфт. Хол паверха, у якім наш нумар. Нікога, акрамя парцье. Доўга разглядаю праспекты турысцкіх бюро Фларэнцыі i іншых фірмаў: ксераксы, камп’ютары (1987-мы!), машыны, інтэр’еры гатэляў. Час палуднаваць. Прыйшлі нашы. I я ўздыхнула з палёгкай.

Так i не ведаю, хто гэта быў. Ці то прыняў мяне за некага іншага, ці то зямляк, што пазнаў „сваіх”, ці то вар'ят. I чаго так раптам збянтэжылася я. Сярод белага дня. У Фларэнцыі, вядомай як „месца, ахоўваемае Богам i ўлюбёнае багамі”. Гэта ўвесь час паўтараў наш гід Лео Гірардоні. Анна-Ліза i Ніна Аляксандраўна з намі, аднак у Фларэнцыі дастачыўся яшчэ экскурсавод. Ён вёў нас у сад Бобалі, дзе любіў шпацыраваць Дастаеўскі. Як i большасць іншаземцаў той пары, ён усіх нас лічыў рускімі. I для яго гэта, можа, i даравальна. Але там, у Фларэнцыі, мне давялося пачуць зусім не ад чужаземца на той гістарычны момант: якія яшчэ беларусы, такой нацыі няма. Даказаць яму, як я зразумела, было складана. Хаця мяне падтрымалі эстонцы i малдаване. I калі ідуць бясконцыя інфармацыі расейскіх CMI пра ўціск правоў рускіх у Прыбалтыцы, згадваю i тую спрэчку, i пафасныя сцвярджэнні тых жа CMI пра вялікаросаў, вялікую Расію, вялікі народ, народ-месію... I робіцца ніякавата... Як i тады, калі адказныя дзяржаўныя асобы абвяшчаюць, што няма розніцы — рускія, беларусы... Чаго там — правінцыя Расіі...

Ну, а наш Лео Гірардоні... ён усё ведаў пра дзяржаву-горад Фларэнцыю. Бажніцы Una citta Firence: Сан-Ларэнца, Сайта Спірыта, Санта Марыя Навэла, Сайта Крочэ, палацы Строццы, Медзічы-Рыкардзі, Ручалаі, Барджэла... Пагоркі Мікельанджэла, святыні Сан Сальваторэ аль Монтэ, Сан Мініятааль Монтэ...

Лео Гірардоні дае згоду — гэтага няма ў афіцыйнай праграме — паехаць на пагоркі Мікельанджэла, дзе тыя самыя святыні — Сан-Мініята i Сан-Сальваторэ i адкуль відаць уся Фларэнцыя. Фларэнцыя — ружова-бэзавая дахоўка, лёгкая, палётная вежа палацца Век’ё (зблізу гэта магутны высачэзны гмах), востры шпіль Санта-Крочэ, ланцужкі мастоў над Арно. Усё гэта нібыта на фоне неабсяжнага блакіту неба. Дзякуючы Лео Гірардоні мы трапляем i ў Ф’езале, прадмесце Фларэнцыі. Уласна — Фларэнцыя пачыналася з Ф’езале. Але — так часта бывае ў жыцці — маёмасная i знакамітая Фларэнцыя паставілася паблажліва-высакамерна да сведкі свайго маленства. Хаця — i тым не менш — Ф’езале пазірае на Фларэнцыю ca сваіх пагоркаў з годнасцю i адчуваннем сваіх пераваг: ведаючы, што менавіта ў Ф’езале цішыня, свежае паветра, выдатныя вілы. З нейкае пары якраз тут месцяцца тыя, хто можа набыць дарагое жытло: па-вясковаму зялёная трава, утульныя патыё, кветкі, кветкі, кветкі... Ф’езале... „Сон золотистый и старинный...” Вялікі паэт адчуў перавагі менш знакамітага, як горад, прадмесця...

Лео Гірардоні, дарэчы, удзельнік Супраціўлення, i пра гэта ён мімаходзь, але важка згадвае, увесь час вельмі прафесійна чаргуе цікавыя факты з арыгінальнымі абагульненнямі i не абыдзе ўвагай якую мясцовую гістарычную плётку ці быль. Фларэнтыйскую! У тым ліку i папулярную легенду пра тое, як Напалеон, увайшоўшы ў горад, дзе ягоныя салдаты добра шышавалі, вырашыў папракнуць у нязмысных дзействах гаспадароў: „Італьянцы — ўсе грабежнікі!” А яму адпрэчылі: «Не, cip, толькі буона партэ» (гульяя слоў — „добрая частка”). Фларэнтыйцы! Гонар i кеплівыя хітрыкі — тут яны майстры. I Лео Гірардоні — ветлівы, рэспектабельны наш гід — хто ён? Нашчадак папаланаў — буржуа, або патрыцыяў — феадалаў? Хаця — ў Фларэнцыі папаланы даўно ўжо зведалі смак улады. Яшчэ ў 1293 годзе тут была прынятая антыдваранская канстытуцыя „Устанаўленне справядлівасці”, паводле якой феадалы страчвалі свае прывілеяваныя палітычныя правы. Гэта час, калі было прынятае i Магдэбургскае права, да якога мы, беларусы, тады жыхары Вялікага княства Літоўскага (гістарычна тымчасам часцей пазначаныя як русіны i ліцвіны), мелі самае непасрэднае дачыненне: ужо ў 1390 годзе прывілей на карыстанне Магдэбургскім правам агрымаў Брэст, а да ХVІ стагоддзя амаль усе гарады i мястэчкі былі, як цяпер, мабыць, пазначылі б, паўнамоцнымі членамі эканамічнай супольнасці. А як у наш час?

Дарэчы, i тады ў Фларэнцыі, i пазней часта прыходзіла думка, што некаму падасца натуральнай, некаму — непамысным крыміналам. Вось мы прызвычаіліся ў сваю пару да адналінейнага ўпрымання выказвання Ф. Энгельса: “Межы ранейшага orbis terrarum былі разбітыя; толькі цяпер, пa сутнасці, была адкрытая зямля i пакладзены асновы дзеля пазнейшага сусветнага гандлю”. Ён меў, безумоўна, рацыю. Аднак ёсць тут i іншы ракурс. Вось як успрымаў той час аўтар знакамітай кнігі „Образы Италии” Муратаў: „Свет, у якім ён, фларэнтыец Кватрачэнта (XV ст.) жыў, быў невялікі, i далягляд ягоны быў замкнёны лысымі Апенінамі Пістойі з аднаго боку i пакрыты вінаграднікамі пагоркаў К’янці з другога. Яшчэ не надышоў час для турботлівых i сябелюбівых душ, што лічаць Айчынай увесь свет, а па сутнасці ўсім чужых i ўсюды непатрэбных. Айчына — гэта Фларэнцыя, яна — новы Рым i новыя Афіны, яна — храм, майстэрня, месца, ахоўваемае Богам i ўлюбёнае багамі”. „Лічаць сваёй Айчынай свет”, „Мой адрес не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз”, „У Брытанскай імперыі ніколі не заходзіць сонца”. Свет зведаў i вялікую, i малую цану гэтых паняццяў. Сапраўды, народы даведаліся, што там, за даляглядам, у эпоху так званых вялікіх адкрыццяў. Але зведалі i іншае: прыніжэнне залежнасці, таму што гэта была эпоха не толькі адкрыццяў, але i заваёў. Калi карыстацца прынятай у раманскіх краінах тэрміналогіяй, эпоха Рэканкісты. Час людзей, „усяму чужых”. Ці не таму Іспанская каланіяльная імперыя вярнулася да проста Іспаніі, i высакамерныя англічане ўжо не маглі дабраць гонару на месцы былой імперыі Габсбургаў узніклі суверэнныя дзяржавы...

Магчыма, таму ў Фларэнцыі так відавочныя знакі прысутнасці тых, для каго яна была не толькі часткай свету, але i светам, светам, які пакідалі i ў які вярталіся, свету, у якім Дантэ „пазнаваў знакі старажытнага полымя”. Гэтыя знакі старажытнага полымя — яны прачытваюцца i ў нас. Тыя адзіныя, сакральныя — што ўваходзяць у сістэму знакаў i вымярэнняў, ведамых i іншым. Людзям чалавечай супольнасці, у ix раз’яднанасці i ix згодзе. Ці зможам мы ў гэтай супольнасці зноў сцвердзіць сябе як дзяржава, як роўныя з роўнымі? Ці зможам пазбавіцца ад фантомаў, комплексаў i варагавання? Ці пабудуем новыя i ці ўзновім старыя палацы? Прыгожыя, на хвалу Богу i хараству? Ці з’явяцца ў нас мецэнаты ўзроўню Медычы, Сапегаў i Радзівілаў? ...

Пра гэта думалася ў Фларэнцыі. Колькі ўжо вякоў па брукаванцы горада заварожана ходзяць турысты, a будынкі трывалыя i дагледжаныя, колер палацца i бажніц застаецца спакойным, але не выцвілым, не бляклым — тэракотава-карычневым, высакародным: „плашч такога колеру быў бы да месца на плячах караля, што хавае свой лёс пад апранахай спадарожніка” (Бернсан). Высакапышна? Мусіць. Але Фларэнцыя настройвае на высокі лад. Тут з’яўляецца патрэба згадаць радкі Дантэ, зразумець, што меў на ўвазе Піко дэла Мірандола, калі разважаў пра тое, што ёсць годнасць, зразумець знаўцу класічнай латыні i аўтара трактата „Пра насалоду” Ларэнцо Валлу.


„Вякі навылёт...”

Мы павінны былі ехаць у Балонью, мінаючы Парму, якая літаральна побач. У Балонью i яе прыгарад на свята газеты „Уніта”. Але гэты сканцэнтравана сацыялагічны напрамак мы скарэкціравалі. Трапіўшы i ў Балоньню, i ў Парму, ну, i, вядома, на свята, пра якое ўжо згадвалася на старонках допіса.

I ў астральных інстанцыях відавочна спрыялі нам. Мы трапілі не проста ў la grassa (тлустую) i la dotta (вучоную) Балонью — яна заўсёды была вядомая сваім дабрабытам, практыцызмам, цвярозасцю, вучонасцю, але амаль што ў Балонью тых стагоддзяў, якія зрабілі яе знакамітай.

На плошчы каля бажніцы Святога Петронія — трывожны i выразна рытмічны гук. Бубны. I хлопцы, апранутыя ў адзетак сярэднявечных цэхаў. Яны падкідвалі высока два штандары i на меншую вышыню — астатнія. Рытуал? Гульня? Спаборніцтвы? Hi Анна-Ліза, ні наша Ніна Аляксандраўна не ведалі. І ў гэтым была свая акраса. Свой чар. Можна было даць волю фантазіі i дадумваць усё, што заўгодна. Лепш усё ж ведаць? Мабыць, мабыць... Што мы пэўна ведалі — ў Балоньі вельмі ганарацца тым, што сабор Святога Петронія большы за Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. Адценне суперніцтва прысутнічае не толькі ў гэтым.

Кожны ў Балоньі ведае, што ў ix горадзе ёсць усё, чым знакамітая Італія, або амаль усё: свае пахіленыя вежы Торрэ Азінэллі i Торрэ Гарызенда, ёсць цэлы комплекс раманскіх бажніц — Сан-Стэфано, адпаведны пляц: пяці святыняў. Ёсць свой універсітэт. Ён, праўда, ніколі не быў такі знакаміты, як Падуанскі, але заснавальнікамі яго былі юрысты, людзі, якія ведалі цану рэчаў i з’яў. Між іншым, у ХVIII стагоддзі, напрыкпад, Балонья ўвогуле славілася сваім асяродкам i спосабам жыцця: прыгожымі жанчынамі, разумнымі размовамі, шчодрымі вячэрамі, канцэртамі знакамігых майстроў. Ва ўладаннях Святога Пасада яна лічылася другім горадам пасля Рыма, a мясцовы кардынал быў другой асобай пасля Папы.

З Балоньяй так ці інакш былі сутычныя Рафаэль, Мікельанджэла, Карэджа, Гётэ, Стэндаль, Шэллі. Яна не мае таго рамантычнага мройлівага арэолу, як Фларэнцыя, няма тут манументальнай грунтоўнасці Рыма, але Балонья прыгожая цяжкаватай, устойлівай прыгажосцю — горад у лагчыне, вузкія прамыя вуліцы (планіроўка рымскага ваеннага лагера); будынкі з бясконцымі галерэямі (порцікамі) — тут, відаць, добра рабіць праходкі падчас дажджу. Усё надзейна, трывала, але не ўражвае аграмаднасцю i незвычайнасцю. Галоўны горад вобласці Эмілія-Раманья i правінцыі (раёна) Балонья. З 1943 года — адзін з цэнтраў італьянскага Супраціўлення.

A ў Парме, як i паўсюдна ў Паўночнай Італіі, усё дагледжана, уладкавана. Спакойна. У цэнтры горада можна толькі хадзіць пешшу або ездзіць на веласіпедах. Усё падобна на дэкарацыі са спектакляў паводле п'ес ці то Карло Гоццы, ці то П'етро Арэтына, ці то Джавані Ручалаі. Невераемнага хараства гаўбцы, адмысловыя ліхтары, франтоны — ўсё кідаецца на фотаплёнку. Але засяродзіцца на Рэнесансе, згадаць, параўнаць — гэтага мы сабе дазволіць не маглі. Подбегам — не інакш. Аднак мы паспелі пабачыць казачна прыгожы баптыстэрый (хрысцільню) з цёплага, ружовага мармуру, з венецыянскімі вокнамі, з галерэямі вакол усяго будынка. Брама ў рай, а не баптыстэрый. Бажніца жаўтавата-халоднага тону, вельмі хораша глядзіцца побач з баптыстэрыем, але ўсё ж галоўнае ў ансамблі — хрысцільня i храм. Бажніца, дарэчы, толькі з адной вежай, на другую не хапіла грошай, у італьянскіх папаланаў i нобіляў бывалі нявыкруткі з грашмі: знаёмыя абставіны.

A ўсяму свету вядомую пармскую цытадэль мы не пабачылі, яна на другім канцы горада, a нашы гіды саступалі нам да пэўных межаў.

У вогуле ж у нас пра Італію існуюць (ці да нядаўняга часу існавалі) выключна рамантызаваныя i залітаратураныя ўяўленні: Старажытны Рым, Высокае Адраджэнне, барока, Гарыбальдзі, „Маладая Італія”... Ну, яшчэ абытоўленыя ўражанні паводле неарэалістаў, магнетызм экзістэнцыяльных празарэнняў Антаніёні, праўда i містыфікацыі „фільмаў-эпістал” Феліні, антрапамарфізм i высокі акадэмізм Вісконці... Складаныя псіхалагічныя высновы Васко Праталіні, эксперыменты Таніно Гуэрры... Гэткае карнавальна-святочнае бачанне: тэатр Ла Скала, фестывалі ў Сан-Рэма, тэатр моды Ніны Рыччы... Менш, i здаецца, не толькі я, мы ўяўляем будзённую Італію, Італію справы. Тую, што заняла апошнім часам устойлівае месца сярод сямі вядучых дзяржаў свету. (Хаця апошнім часам — сумесныя вытворчыя прадпрыемствы, гандлёвыя фірмы, экспарт, імпарт... Час змяняе многае, i змяняе істотна... Сёння вандроўка ў Італію, нягледзячы на чэргі-натоўпы ў італьянскай амбасадзе, зусім рэальная з’ява...)

Чы по фарэ сконта,


альбо што які кошт мае

A ў Італіі, краіне пераможанай у Другой сусветнай вайне, было сваё эканамічнае дзіва. Як у ФРГ. Як у Японіі. Як сёння ў Кітаі.

Італія... Краіна, якая капітулявала. Краіна пераможаная. Але i краіна-пераможца: магутны рух Супраціўлення.

Прамысловая Поўнач. Адсталы Поўдзень. Высокая ступень манапалізацыі прамысловасці i архаічная аграрная вытворчасць. Пасля вайны — масавае беспрацоўе. Эміграцыя. (Праўда, скажам, на мяжы 50- 60-х гадоў эміграцыя — гэта часовая праца паводле кантрактаў).

Так званая мадэль эканамічнага росту мела на ўвазе тэхнічны прагрэс працазберагаючым шляхам i адначасова прадухіленне росту заробкаў. Прадукцыйнасць працы павялічвалася хутчэй за капіталаўзброенасць. На 9/10 павышэнне прадукцыйнасці працы было абумоўлена якасным павышэннем выкарыстання рэсурсаў працы i абсталявання i толькі на 1/10 - за кошт якаснага павелічэння тэхнічных сродкаў у разліку на аднаго занятага. Гэта дадзеныя вядомага італьянскага эксперта Руджэро Спесса.

Iнтэнсіфікацыя працоўных працэсаў, выкарыстанне найноўшай тэхналогіі ажыццяўляліся ў першую чаргу за кошт набыцця патэнтаў i ліцэнзіяў за мяжой. (Менавіта тое, пра што мы шмат гаворым, але мала робім.)

Абмежаванасць унутранага рынку збыту пераадольвалася за кошт экспарту прамысловай прадукцыі. Мадэль развіцця абапіралася на танную сыравіну i паліва на сусветным рынку. (Гэта тымчасам у СССР гарэлі полымем вогнішчы з газу i білі фантаны з нафты — бяры, усім хопіць да скону веку. A i сённяшняя Расія, дзе столькі людзей гібеюць у нішчымніцы, аддала прыродныя рэсурсы ў рукі некалькіх людзей i плануе газа і нафтапровады, якімі збіраецца ашчаслівіць ледзь не паўсвета...)

Аднак... Як i ў японскім цудзе, як у сённяшнім кітайскім, у італьянскім былі свае шчыліны. Аўтамабілі i мотаролеры з’явіліся шмат у каго раней за гарачую ваду i каналізацыю. Пра адукацыю i сацыяльнае забеспячэнне таксама асабліва не пякліся. Як i пра медыцынскае абслугоўванне. Да 1969 года 70% насельніцтва было занята ў прамысловасці i ў сферы паслуг (згадаем, турызм у Італіі — гэта развітая гаспадарка, адзін з галоўных спосабаў прыбытку), 14% — у сельскай гаспадарцы.

Увайшоўшы ў агульны рынак i ажыццявўшы так званы план Пандольфі ў 1978 годзе (Пандольфі — на тую пару міністр фінансаў), Італія замацавала эканамічны цуд. Аднак адвечныя праблемы засталіся: адсталы Поўдзень, слабасць навукова-тэхнічнага грунту. Так, прынамсі, сцвярджалі італьянскія i замежныя спецыялісты. Цяпер, пасля ўзнікнення i пашырэння ЕЭС, узніклі свае праблемы. А тады — тое, што мы бачылі ў Паўночнай Італіі, сведчыла пра наяўнасць эканамічнага цуда. Пра крамы, лаканды i траторыі згадвалася, але гаспадары далі нам магчымасць даведацца тое-сёе пра вытворцаў. І мне здаецца, метады працы італьянскіх кааператываў цікавыя i сёння. Для нас у сённяшніх умовах — асабліва.

Сельскагаспадарчы кааператыў „Джыльё” (самая прэстыжная частка ў ім — выраб пармезанскага сыру), завод сельскагаспадарчых машын фірмы „Фергюсон — Ландзіні” i вінаробчая кааператыўная фірма „Рыніта” — такія былі кірункі нашых пазнавальных маршрутаў.

На думку знаўцаў i сапраўдных гурмэ пармезанскі сыр — адзін з самых лепшых у свеце. Робяць яго толькі ў вобласці Эмілія-Раманья, у правінцыі Рэджа-Эмілія. Рэч у тым, што складнікі тутэйшай вады i яшчэ некаторыя мясцовыя кампаненты не маюць аналагаў у свеце. „Джыльё” — самы вялікі кааператыў па вытворчасці гэтага сыру. (Здаецца, i да сённяшняй пары.)

Сябрамі кааператыва „Джыльё” з”яўляюцца 110 сем’яў (звярніце ўвагу — сем’яў). Супольныя землі — 250 га: тут месцяцца i два жывёлагадоўчыя комплексы, па 450 кароў у кожным. Парода — сатанэйра, італьянская. Рацыён мясцовых карміцелек — сена, трава, канцэнтраты. Дарэчы, індывідуальны рацыён яшчэ тады (1987-ы) вызначалі камп’ютары. У кожнай каровы — ашыйнік, індывідуальныя радыёпазыўныя, паводле якіх яны выходзілі на даенне. У ашыйніку ж знаходзіўся індыфікатар, па ім падаваліся дадзеныя на камп’ютар. Праграму набывалі ў шведскай фірмы „ Альфа лаваль”. Гэтая ж фірма забяспечвала i абсталяванне для комплексу.

Хімічныя дадаткі з рацыёну выключаныя, выключаныя i мінеральныя ўгнаенні на палях фірмы. Рэцэпт сыру „Пармезан-рэджана” цалкам выключае ўжыванне хіміі. „Пармезан-рэджана” вельмі далікатны сыр, малако для яго вытворчасці не вытрымлівае транспартыроўку больш як на 10 кіламетраў. Малако для гэтага сыру нельга перавозіць i ў цыстэрнах, таму вырабляюць сыр у асноўным у невялікіх сыраварнях. Марку фірмы, месяц стварэння сыру звычайна выпальваюць — i ніякія іншыя спосабы не ўжываюць, інакш сыр ужо не будзе адпавядаць прынятаму стандарту. (Тут можна згадаць чарнільныя знакі, немаведама калі i кім зробленыя на нашых сырах.) Падчас вытрымкі — на яловых дошках — сыр раз на тры тыдні пераварочваюць. Грузяць пазней выключна з дапамогай робатаў. (Тут я ўжываю цяперашні час, таму што рэцэпт прыгатавання сыру няўхільна нязменны.)

Сыр экспартуюць ва ўсе краіны свету, дзе ёсць італьянскія рэстараны. „Джыльё” забяспечвала i мясцовы рынак: малаком, кефірам, ёгуртам, вяршкамі, маслам. Менавіта „Джыльё” вырабляла тыя масла, вяршкі i малако, што карысталіся попытам у кандытарскай прамысловасці Італіі. На той момант у нас не толькі вялі барацьбу з усімі напоямі, што мелі хоць які градус хмелю, i віно было, зразумела, найвялікшым дэфіцытам, але i з малаком i асабліва творагам былі свае праблемы, то малако фірмы „Джыльё”, якое можна было трымаць у пакеце 90 дзён, рабіла ўражанне на нас. Зноў жа ў тым далёкім 87-м, калі камп’ютары былі для нас ужо не дзівам, але i не сталі неад’емнай часткай жыцця, рабіла ўражанне i тое, што i тут, на ферме, усё кантралявалася камп’ютарам, i перфастужка захоўвала дадзеныя.

I ўжо тады фірма сельгасмашын “Фергюсон-Ландзіні” рабіла міні-трактары. I ўжо тады — быў рэальны ўзор разумнага гаспадарання. Недзе ў 1960 годзе дзве фірмы: „Фергюсон” i „Ландзіні” — апынуліся на мяжы банкруцтва. Злучэнне капіталаў, жорсткае ўлічванне кан’юнктуры рынку далі неблагія вынікі. 50% створанага iшло на экспарт, у асноўным у Центральную Афрыку i Паўднёвую Амерыку. На пытанне, як там ставяцца да тамтэйшых заводаў у Саюзе, у фірме адказалі: Мінск ім не канкурэнт, а пра Валгаградскі завод i зусім нічога не ведаюць.

80 % тых, хто рабіў на прадпрыемстве, былі забяспечаныя лікавай сістэмай кіравання, уласна кажучы, ёю забяспечаныя ўсе цэхі, акрамя зборачнага. Давала свае вынікі i „размеркаванне роляў”: у зборачным цэху працавалі вопытныя рабочыя, a ў цэхах, дзе новыя тэхналагічныя працэсы, камп’ютэрызацыя — маладыя.

I калі раней у фірме імкнуліся да падвышэння заробку ўсіх, дык з цягам часу сталі заахвочваць прафесійны ўзровень працоўных. Існавала 7 разрадаў для рабочых i службоўцаў i так званая перасоўная шкала заробку, якая не залежала ад змен на рынку: паводле ўмоў кантракту, працоўнага i прафсаюзнага заканадаўства. Адміністрацыя прадавала ў кантакце з прафсаюзамі, да прыкладу, у сталоўцы харчаванне каштавала 40% рэальнага кошту. Была i свая крама, дзе рэчы больш танныя, як у звычайных магазінах. У фірмы існавалі свае дзіцячыя лагеры на моры i ў гарах. Дзеці ад 4 да 12 гадоў забяспечваліся пуцёўкамі, але аплата — 100%, ні пра якія скідкі гаворкі не было.

Не ведаю, ці сёння мы наблізіліся да таго, каб быць канкурэнтамі такіх фірм, як „Фергюсон-Ландзіні”. А вось кааператыву „Рыніта” мы наўрад ці калі-небудзь будзем канкурэнтамі — нават у самых спрыяльных умовах. Гэта фірма „Рыніта”, як ужо згадвалася, займалася вырабам вінаградных він. На тую пару тут перапрацоўвалася 2.000.000 цэнтнераў вінаграду ў год, 160.000 бутэлек. Гадавы абарот капіталу — 160 міліярдаў.

На прадпрыемстве было занята 400 чалавек. Змены — па 6 гадзін, але аплочваўся 40-гадзінны тыдзень. Члены кааператыву „Рыніта” былі па ўсёй Італіі. 4.000 — у Рэджа-Эміліі.

У кааператыве працавала шмат жанчын. Для ix зручна мець 6-гадзінны рабочы дзень, для адміністрацыі выгадна, жанчыны на такой вытворчасці куды больш надзейныя за мужчын: няма спакусы (ці яна меншая) да дэгустацыі прадукцыі. Тут таксама дзейнічала сістэма аўтаматаў. Дарэчы, сістэму каркавання, прынятую на „Рыніце”, выкарыстоўваюць i для амерыканскай кока-колы.

На „Рыніце” таксама абавязкова правяраюць, ці ёсць хімічныя кампаненты ў зыходнай сыравіне — вінаградзе. Праўда, умовы крыху больш мяккія, як у фірмы „Джыльё”: калі з аграрыем заключаны кантракт, вінаград прымаюць у любым выпадку, аднак калі выкарыстоўваліся хімікаты, аплата стане значна ніжэйшай.

Традыцыйныя віны „Рыніты”: ламбруска, з натуральнай, а не ўведзенай шыпучасцю, віно, якое вырабляюць толькі ў Эміліі-Раманьі; б’янка — белае віно „Рыніты”; мальвазія. 80% вырабленага ламбруска ішло на экспарт, асноўны экспарцёр — ЗША.

Усе гэтыя віны прадаюць i ў Італіі, зразумела. Нам у нашым гатэлі „Сан-Марко” ў Рэджо-Эміліі падавалі да абеду віно б’янка i ваду ў букатках — тую самую, з Апенінаў, з рымскіх старажытных акведукаў. У гатэль мы звычайна прыязджалі ледзь жывыя... Ва ўсе свае падарожжы — ў Балонью, у Парму, на ўсе прадпрыемствы — мы выязджалі адсюль. I раніцай паспявалі пабачыць з акна гатэля ўтульныя жаўтавата-крэмавыя лоджыі будынка насупраць гатэля i — кветкі, кветкі, кветкі... А калi нам урэшце ўдалася пахадзіць па горадзе, дык пабачылі побач з гатэлем шматпавярховыя дамы з гаражам і, утульныя катэджы — каля аднаго з ix паспелі перакінуць масток прыязнасці праз плот прыгажуну-спаніэлю: ён так добра глядзеўся на лужку перад домам — ярка-карычневы на зялёнай траве, пешчана-добразычлівы.

A ў цэнтры горада было ўсё, што павінна быць у старым італьянскім горадзе. Палацца Сакраці, палацца дэль Капітано, палацца дэі Прынчыпе i іншыя палацца. Палацца з венецыянскімі вокнамі, з балконамі i зубчастымі дахамі — кожны зубец нібыта разламаны напалам: Рэджо-Эмілія падчас двухсотгадовага варагавання паміж гібелінамі (прыхільнікамі імператарскай улады) i гвельфамі (прыхільнікамі царкоўнай улады) была горадам гібелінаў, гэта ў ix былі такія знакі-сімвалы ў гарадах. (Крэмль у Маскве таксама будавалі прыхільнікі гібелінаў — прыгадайце зубцы яго вежаў i муроў.)

У Рэджа-Эміліі быў будынак гарадской управы, была плошча — п’яцца Тромбалі, дзе збіраліся мужчыны, каб абмеркаваць праблемы сусветнай i мясцовай палітыкі...

Быў у горадзе i оперны тэатр, які, дарэчы, на рахунку муніцыпалітэта. Гэта ў горадзе, дзе жыве толькі 130.000 жыхароў. Па сучасных маштабах урбанізацыі — зусім мала. Білеты на оперны спектакль каштавалі ліраў (30 рублёў на тую пару). У параўнанні з нашымі цэнамі ў тэатрах тых год — неверагодна дорага, у параўнанні з Міланскім Alla Skala (менавіта так пазначана на афішах знакамітага тэатра, Алла Скала, а не Ла Скала, як прызвычаіліся гаварыць мы) гэта зусім даступная цана. Там, у Мілане, на тую пару, самы танны білет на шэраговы спектакль — 80.000 ліраў. А на адкрыццё сезона (7 снежня) або на прэм’ерныя спектаклі білеты ў партэр роўныя сярэдняму месячнаму заробку — 800.000 ліраў. З таго часу шмат што змянілася, але білеты ў Ла Скала больш таннымі не сталі...

Але гэта ўжо Мілан.


„За хараством...”

У гэтым горадзе перш-наперш мы былі ў знакамітым тэатры. Толькі ў будынку. Не на спектаклі. I ў музеі Ла Скала.

Сцэна — i вельмі сімпатычныя лямпы з абажурамі над аркестровай ямай. Багемскі крышталь — у фае. Крышталь з Мурана — ў зале. Фае відавочна разлічана на вечаровыя строі дам, фракі, смокінгі, паважныя праменады. Белы карарскі мармур, матавае святло свяцільняў, высокія, ад падлогі да столі, люстры.

У музеі — бюсты вялікіх: Ліст, Глюк, Шуман, Моцарт, Бетховен, Мендэльсон, Paciнi, Керубіні, Меербер, Бах, Гендэль, Гайдн. Але прыцягваюць увагу чамусьці не гэтыя парадныя скульптурныя партрэты...

...Злепкі рук... Тонкая, вытанчаная — рука Шапэна. Пухлаватая, цяжкая, працавітая — рука Вэрдзі... Маналог рук. Пра што распавядаюць яны? Пра смутак толькі што створанага вальса або накцюрна? Пра цяжкую працу маэстра, якому заўсёды спрыяў поспех? Пра лёс вялікага па-за сцэнай?

Пасля музея знакамітага тэатра мы настройваліся на пілігрымку — не інакш — да „Тайнай вячэры” Леанардо да Вінчы, але палац Сфорца быў зачынены: выхадны. Так што ні гэты роспіс, у сталавальні кастэла Сфарцэска, ні фрэскаў у зале дэллэ Ассэ па яго ж эскізах мы не пабачылі, паглядзелі толькі на вішнёва-цагляную забудову Джаванні ды Мілана, Філарэтэ i Брамантэ. Замак-фартэцыя нагадвае Трокі. Насупраць яго — прапылены гарадскі сад, не тое каб засмечаны, але недагледжаны, ён нагадваў нашы раённыя, абласныя, сталічныя скверыкі, тыя самыя, дзе зусім незадаўга да таго часу абавязкова бранзавеў або выдаваў літой сталлю які-небудзь правадыр паслякастрычніцкіх часоў. Пацягнула на гэтыя параўнанні, можа, таму, што прыгадаўся Блок, яго з’едлівыя заўвагі: „Племя ангельскіх турыстаў i турыстак вызначаецца відавочна парасячай пладавітасцю; „Тайная вячэра” Леанардо, напрыклад, ужо недаступная для гледача; пры ўваходзе ў сырую стайню, дзе змешчана карціна, натыкаешся перш-наперш на плот з пляскатых дошак: гэта — спіны англічанак, якія сядзяць на седалах, што куры на курасадні”.

Якія словы прамовіў бы ён пра нас, гэты зрэдзьчасу бязлітасны геній? У кожным выпадку, мабыць, меў бы сумніў, ці здольныя мы “ўхапіць у часу хаця адно імгненне ні з чым не параўнанага захаплення».

Каюся — я добрасумленна глядзела на Міланскі сабор, але ні з чым не параўнанаму захапленню відавочна перашкаджалі будынкі, якія заціснулі з трох бакоў святыню. Відаць, будаўніцтва на працягу пяці стагоддзяў (пачаты ў 1386-м, скончаны на пачатку XIX стагоддзя) нават для готыкі, што стваралася звычайна доўга i грунтоўна, занадта вялікі тэрмін. Не, контрфорсы, аркбутаны, фіялы — ўсё бездакорна, але не хапае „паветра”, прасторы, гістарычнага архітэктурнага i пейзажнага антуражу. Таго, што робіць ансамбль. А сама бажніца — грандыёзная, прыгожая. Велікомная...

I, магчыма, гэта мой рассяроджана-развітальны погляд. З Мілана мы выпраўляліся дадому. I калі пісалася гэтае эсэ, многае ўяўлялася іншым... I на паперы з’яўляліся такія радкі...

Наперадзе — лета... I ў нас, i ў Італіі. I там будуць трымаць свой фантастычны маналог фантаны п’яцца ды Навона, весці глыбакадумныя размовы пахіленыя вежы Балоньі i Пізы, перакідвацца рэплікамі масты i масткі Венецыі; будуць трымаць сваю шматзначную паўзу палацца i бажніцы Фларэнцыі; шматгалосы, але не шумны харал Сіены, Пармы, Асізі засведчыць старую, але бессмяротную думку пра архітэктуру — застылую музыку. Арэа дэль Соль будзе ажыўленай i карнавальна-святочнай. I выправяцца куды-небудзь за акіян трактары фірмы „Фергюсон-Ландзіні”, пармезанскія сыры i віно ламбруска. I нехта пройдзе ўпершыню абетаванай зямлёй Італіі. Наіўны i захоплены, або скептычна зацікаўлены. Як гэты лірычны герой:

А я все тот же гость усталый


Земли чужой.


Бреду, как путник запоздалый


За красотой.


За хараством...

У звычайныя, неэпахальныя, пазагістарычныя імгненні. Дзе жыццё — „у вокамгненных драбніцах”, дзе „гараць кветкі, запаленыя дажджом”, дзе „ ў бурштыновым забыцці паўдзённых тых хвілін урачысты спеў вядуць фанфары Цьепало i флейты Джорджыёне”.

Часоп. „Неман”, 1992, № 7. (Карэктывы — снежань 2005 г.)


P.S. Тады, у 1987-м годзе, я i не спадзявалася, што траплю ў Італію зноў. A надарыўся такі падарунак лёсу. У 2000 годзе. Пілігрымка з нагоды Беатыфікацыі 11 сёстраў-назарэтанак.

I была Венецыя. Сакавіцкая. Ветраная. Знакамітых гандолаў i гандальераў не было відаць. A хуткі параходзік — vaporetto — імчаў нас па лагуне да п’яцца Сан-Марко, да знаёмай да дробязяў па здымках i малюнках аднайменнай святыні. I была незабыўная Імша ў санктуарыі бажніцы, а пазней — набажэнства ў Падуі.

I за вокнамі аўтобуса ўсё ружавела ад толькі што зацвіўшага міндаля, халодным блакітам пракідалася здалёк мора, выпрабоўвалі на дарожную трываласць серпантыны гор Італіі... i быў незабыўны горад Святога Францішка — Асізі...

І быў зноў Рым. Вечны горад. Апостальская сталіца. I тое, сакральнае, на плошчы Святога Пятра. Пра гэта — маё эсэ „Sursum corda” (у часоп. „Наша Вера”, у маёй кнізе — „Таямніцы пакутны колер”).

I зноў здавалася — нібыта перамаўляюцца яны паміж сабою — бажніцы Італіі. Спеўна i высока. Святыні Фларэнцыі i Пармы, Падуі i Анконы, Сіены i Равенны... A ўрэшце — як велікомны „Магніфікат”. Святыня Сан-П’етро ў Рыме. Куды імкліва i натхнёна крочаць пілігрымы... Ad limini Apostołorum...

Да Апостальскіх парогаў...

Загрузка...