НА IНФЛЯНЦКАЙ ВАЙНЕ


Пачатак ваенных дзеянняў * Супярэчкі з Радзвілам Пяруном * Палітычныя захады Яна Хадкевіча * Першыя перамогі * Хто такія гетманы? * Крылатыя вершнікі * Узбраенне i вайсковая тактыка

У 1594 годзе пасля смерці бацькі Жыгімонт Ваза стаў i шведскім каралём. Такім чынам узнікала персанальная вунія паміж Швецыяй i Рэчай Паспалітай, што магло рэальна аб'яднаць сілы дзвюх прыморскіх дзяржаваў у супрацьстаянні Маскоўшчыне, якая вельмі ж энергічна, асабліва ранейшымі гадамі Івана Жахлівага, "прасякала акно" ў Эўропу кірункам на Прыбалтыку. Аднак каталік Жыгімонт, абапіраючыся ўсё на тых жа езуітаў, актыўна пачаў фаварызаваць сваю веру i ў пратэстанцкай бацькавай вотчыне. Гэта выклікала супраціў амаль усяго мясцовага грамадства — феадалаў, месцічаў i сялянства. Малады Ваза быў адхілены ад улады, якая перайшла да яго дзядзькі пратэстанта Карла Судэрманскага.

Цяпер Жыгімонт Ваза мог вярнуцца ў Стакгольм толькі сілай зброі. Аднак ні магнацтва, ні шляхта Рэчы Паспалітай не хацела ваяваць з заморскай суседкай, справядліва мяркуючы, што спрэчкі за шведскую карону — сямейная справа роду Вазаў.

I тут Жыгімонт, якога Бог не абдзяліў хітрасцю, пайшоў на правакацыю. У 1600 годзе ён абвясціў перадачу ва ўладанне Рэчы Паспалітай Эстоніі, якая фактычна яму не належала, i загадаў нешматлікаму вялікакняскаму войску атакаваць шведаў у тамтэйшых гарадах. Тыя зараз жа перайшлі ў контрнаступ, адкінулі беларускія загоны i неўзабаве, маючы лепшую армію, прасунуліся да Дзвіны. Увосень войскі Карла Судэрманскага ўжо стаялі пад сценамі самой Рыгі.

Страта нядаўна набытых у Прыбалтыцы зямельных уладанняў вымусіла феадалаў Рэчы Паспалітай прыхінуцца на бок свайго караля. У студзені 1601 года яе парламент — Сой м абвясціў Швецы i вайну. Але, пакуль збіралася кароннае(польска-ўкраінскае) войска на далёкі паход, асноўны цяжар супраціву лёг на даволі сціплыя ўзброеныя сілы Вялікага Княства, кіраваныя вялікім літоўскім гетманам Крыштопам Радзівілам, празваным за свае перамогі Пяруном.

Вось у такой сітуацыі вясною 1601 года кароль i накіраваў Яна Хадкевіча ў Інфлянты як намесніка вялікага гетмана.

Цяжкое, не на карысць справе было супрацоўніцтва гэтых прадстаўнікоў двух сама ўплывовых у Беларусі, але пасвараных між сабою родаў. Да таго ж Пярун быў пратэстантам, а гэта не выклікала да яго прыхільнасці i Жыгімонта. Хоць вялікі гетман i атрымаў шэраг перамогаў над шведамі, але нескаардынаванасць дзеянняў ягонага войска i сілаў Хадкевіча не дазволіла развіць поспех. "Радзівіл, ваявода віленскі, з панам Каролем Хадкевічам, старастам жамойцкім, на той час, як два каты" — трапна ахарактарызаваў сітуацыю адзін з удзельнікаў той вайны. З'яўленне ў Інфлянтах летам 1601 года каронных сілаў, да якіх далучыўся сам Жыгімонт Ваза, мала дапамагло справе. Тым больш што амбіцыйны Хадкевіч не хацеў падначальвацца i польскаму вялікаму гетману. Справа скончылася адыходам пры канцы года ў Польшчу бальшыні войска, якое не вытрымала зімовых нягодаў. Жыгімонт жа пакінуў Прыбалтыку яшчэ раней. А перад гэтым вярнуўся ў Беларусь састарэлы i хворы Радзівіл, дзе праз год i памёр.

Такім чынам, адзіным гаспадаром ваеннага лесу ў Інфлянтах застаўся Ян Кароль Хадкевіч, якому манарх даручыў кіраванне рэшткамі войска.

Цяжкасці перад Хадкевічам паўсталі, здавалася, непераадольныя — змалелае войска, на аплату якога да таго ж не ставала сродкаў; нізкая дысцыпліна жаўнераў, якія нярэдка па-сапраўднаму галадалі ды ішлі ў навакольныя паселішчы зброяй здабываць харчаванне або нават збягалі зусім. Нашым невялікім сілам у Прыбалтыцы супрацьстаяла здысцыплінаванае войска параўнальна багатай краіны, якая дынамічна развівала сваю гаспадарку — рамесную i мануфактурную вытворчасць, гандаль, земляробства, разбудоўвала флот. Аснову войска ўсё больш пачынала складаць набраная з маладых сялян пяхота з агняпальнай зброяй, якая выкарыстоўвала найноўшыя дасягненні эўрапейскай стратэгіі і тактыкі, а таксама найміты з розных эўрапейскіх краін.

Становішча ўскладнялася i сітуацыяй у самым краі. Мясцовая арыстакратыя была незадаволеная парушэннямі Вільняй i Варшавай аўтаноміі Інфлянтаў, раздачай земляў феадалам Беларусі i Польшчы, насаджэннем чужой адміністрацыі. Латышскія ж ды эстонскія сяляне i месцічы часта глядзелі на ваяроў Хадкевіча як на звычайных рабаўнікоў. Акрамя таго, жыхары паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі ўжо былі пераважна пратэстантамі, а ix пачалі спрабаваць вярнуць ва ўлонне каталіцкага касцёла. Асабліва шчыравалі ў гэтым езуіты. Усё гэта вяло да таго, што тутэйшыя гарады нярэдка адчынялі брамы перад шведамі, сустракаючы ix амаль як вызвольнікаў.

Ян Хадкевіч мусіў быць не толькі палкаводцам, але i арганізатарам i палітыкам. Найперш ён пачаў наводзіць суровую дысцыпліну ў войску, не спыняючыся нават перад караю смерцю. Аднак, вымагаючы ад жаўнераў паслухмяпасці i прыкладнай вайсковай службы, заўсёды клапаціўся, каб яны былі накормленыя i апранутыя, мелі добрых коней i спраўную зброю. А дзеля таго, што з каралеўскай скарбніцы грошы паступалі рэдка i скупа, не шкадаваў i ўласных сродкаў.

Каб атрымаць прыхільнасць мясцовага насельніцтва, Хадкевіч строга забараняў сваім ваярам самавольствы, зніжаў падаткі, пацвярджаў даўнія прывілеі гарадам i даваў новыя. Не давяраючы палякам, ставіў на кіраўнічыя пасады ў краі сваіх суайчыннікаў.

У канцы 1602 года Ян Хадкевіч, прывёўшы з Вялікага Княства блізу дзвюх тысяч войска, распачаў актыўныя дзеянні. Маючы гусарскія i казацкія харугвы, а таксама пяхоту, вырушыў пад Дэрпт[7] у паўднёва-ўсходняй Эстоніі. Пачалася аблога шведскага гарнізона, у якой спадзяваліся больш не на штурмы i абстрэлы, а на звычайны голад, які з часам мог зламаць супраціў абаронцаў. Аднак праз месяц i ў самой аблозе засталася палова жаўнераў; астатнія, не атрымаўшы платы за службу, разышліся. Праўда, нават рэштай сілаў удалося не толькі заблакаваць горад, але i разбіць шведскі аддзел, што спяшаўся на падмогу. А затым здарыўся амаль цуд — выгаладнелыя пасля многіх месяцаў сядзення за гарадскімі мурамі шведы ў красавіку 1603 года сапраўды капітулявалі.

Аднак гэты поспех не натхніў войска на далейшы наступ, бо грошай па-ранейшаму амаль не было. У каралеўскіх адказах на роспачныя лісты Хадкевіча перасылаліся адны абяцанкі. Хіба што толькі крыху, i то зрэдку, харчаваннем i зброяй дапамагалі землякі. Пераважна з Беларусі ішло i папаўненне войска.

Каля года на працяг ваеннай актыўнасці не хапала сілаў. Неаплочанае войска бурчэла, утварала канфедэрацыі пратэсту, разыходзілася, i перадусім — іншаземныя найміты. Заставаліся найбольш вытрымлівыя, дысцыплінаваныя, верныя абавязку i самому Хадкевічу.

Улетку 1604 года Хадкевіч з войскам, папоўненым новымі харугвамі, аплочанымі пад заклад уласных маёнткаў у Летуве, ад Рыгі зноў вырушыў на поўнач. Трэба было спяшацца ўмацаваць залогу[8] Белага Каменя[9] — горада ў самым цэнтры Эстоніі. Пад тым Каменем на пачатку верасня Ян Кароль разграміў толькі што прысланы з-за мора шведскі корпус. Такі ж лёс затым напаткаў i іншую фармацыю праціўніка. Пасля апошняй бітвы палкаводзец паведамляў каралю: "25 верасня пачалася бітва. Лягло шведаў на пляцы больш як 3000, рэшта i шмат параненых у балотах згінулі; гарматак палявых 6, сцягоў 21 мне аддадзена, 5 рыцарствам параздзірана... Нашых забіта 81, параненых блізу 100". Пэўна, як такое звыкла здаралася ў падобных рэляцыях, страты праціўніка маглі быць завышаныя. Аднак перамога была несумненна значная.

Ды зноў жа адсутнасць сродкаў прыпыніла далейшыя дзеянні. А пры канцы года, калі надышлі асабліва халодныя i галодныя часы, некалькі гусарскіх харугваў адмовіліся падпарадкавацца военачальніку. Узбунтаваныя часціны, узначаленыя Аляксандрам Лісоўскім, пайшлі пад сцягі Змітра Самазванца паспытаць шчасця на маскоўскай зямлі. Раз'юшаны Хадкевіч запатрабаваў у канцлера Вялікага Княства Лева Сапегі суровага пакарання бунтаўніка. I, напэўна ж, не думаў, што шмат пазней давядзецца яму зноў сустрэцца з Лісоўскім на палях Маскоўшчыны.

Пры ўсім катастрафічным стане войска ў Інфлянтах дапамогі з Рэчы Паспалітай так i не было. Адзінае суцяшэнне — Сойм перадаў Хадкевічу булаву вялікага гетмана (1605 год), што засталася пасля нядаўна памерлага Крыштопа Радзівіла.

Што гэта за пасада была такая ў нашай дзяржаве — гетман?

У раннім Сярэднявеччы ў часе войнаў i бітваў войскам кіраваў сам князь або прызначаны ім ваявода — той, хто "вояў вядзе". Пры канцы XV стагоддзя пад уплывам польскай традыцыі ваяводаў усё часцей пачалі называць гетманамі[10]. Спачатку вялікі князь прызначаў гетмана часова — для арганізацыі абароны пэўнай часткі краю або кіравання вайсковымі аперацыямі на канкрэтным кірунку. Канчаткова пасада гетмана ў нашай дзяржаве была зацверджаная Аляксандрам Ягайлавічам на пераломе XV i XVI стагоддзяў пад час зацятых войнаў з Масквой. Пры гэтым напачатку існавала толькі пасада найвышэйшага (вялікага) гетмана, які, паводле сучасных уяўленняў, быў міністрам вайсковых справаў. Пазней пачаў прызначацца палявы гетман, які быў непасрэдным военачальнікам на пабаявішчы. Пры гэтым, як правіла, па сканчэнні вайны i "дэмабілізацыі" войска канчалася i гетманства. Пазней жа яно стала пажыццёвым.

Адным з першых беларускіх гетманаў быў Канстанцін Астрожскі, які пакрыў сябе несмяротнай славай на аршанскіх палях у 1514 годзе, калі яго войска пад бел-чырвона-белымі штандарамі разбіла амаль утрая люднейшыя маскоўскія сілы. Былі сярод гетманаў Вялікага Княства славутыя асобы i з іншых магнацкіх родаў — Радзівілаў (сямёра), Сапегаў (шасцёра), Агінскіх (трое) ды інш.

Гетман як галоўны камандзір павінны быў вылучацца вопраткай i ўзбраеннем. У часы Яна Хадкевіча папулярны быў вугорска-гусарскі строй. Гетману яго шылі з найлепшых матэрыялаў i багата аздаблялі — жупан з нагрудным панцырам, шапка або шышак. Даўняя традыцыя вымагала ад военачальніка мець адкрыты твар, каб моцным голасам падаваць каманды i каб падначаленыя бачылі мужнае i поўнае рашучасці аблічча правадыра. А найлепш было ў часе бою не мець шалома i панцыра ўвогуле. Гэта падкрэслівала бясстрашнасць гетмана, яго пагардуда небяспекі i ўпэўненасць у перамозе. Абавязковай зброяй палкаводца была шабля ў багата аздобленай похве.

Найгалоўнейшы знак гетманскай улады — булава, на доўгім дзяржальне, разьбяная, упрыгожаная каштоўнымі металамі i камянямі. Кожная такая рэч была выдатным творам мастацтва. Булавой даваўся знак на пачатак бітвы, паказваўся кірунак атакі. У крытычны момант яна ўжывалася як зброя. Вядомы выпадак, як пад час маскоўскай кампаніі Ян Хадкевіч ударам булавы суцішыў шляхоцкую пыху аднаго з фаварытаў польскага каралевіча.

Каб войска бачыла, дзе знаходзіцца гетман, каля яго трымалі адпаведны знак. IM было крыло арла або жураўля на доўгай жэрдцы з шарам, на які надзявалася гетманская шапка. Часам каля крыла прывязвалі бунчук з конскага хваста i бела-чырвоныя стужкі пад колер сцяга.

Пры палкаводцы быў i гетманскі сцяг з гербам. Тут жа знаходзіўся ахоўнік — шчытаносец. Аднак асноўнай аховай гетмана была прыбочная гвардыя з найлепшых ваяроў. У сама адказны момант, каб пераламаць ход бітвы, гвардыю кідалі i ў сечу.

Войска Рэчы Паспалітай было грунтоўна рэфармаванае Сцяпанам Батурам. Кароль паходзіў з Вугоршчыны, якая вяла частыя войны з Асманскай імперыяй. Прыходзілі на яго бацькаўшчыну i войскі з цэнтральнаэўрапейскіх краінаў, найболей з Аўстрыі. Такім чынам, вугорцы былі добра знаёмыя як з усходняй турэцкай, так i з эўрапейскай вайсковай справай.

Традыцыйна, яшчэ з ранняга Сярэднявечча, войска складалася пераважна з феадальнай конніцы. На шляхоцкай конніцы (паспалітым рушанні) грунтавалася збройная моц дзяржавы i пазнейшым часам. Гэтага вымагалі частыя войны з татарамі i масквой, якія мелі шмат дасканалых вершнікаў. Існавалі таксама i пяхотныя фармацыі, але яны найбольш ужываліся пры абароне або пры захопе чужых гарадоў. Такое дамінаванне конніцы вяло да перамог "у чыстым полі", у кароткачасовых сечах. У зацяжных жа войнах, асабліва пры аблогах i штурмах умацаванняў, адчувалася нястача пяхоты. Так, можна ўспомніць перамогі яшчэ Альгерда i яго няўдачы пры спробе ўзяць Маскву, пазнейшыя цяжкасці пры аблогах Смаленска, Пскова. Дый вызваленне Полацка таму ж Батуру каштавала значных намаганняў.

Яшчэ апошні Ягайлавіч — Жыгімонт Аўгуст спрабаваў стварыць сталае платнае войска, так званае кварцянае[11]. Сцяпан Батура не толькі прадоўжыў справу папярэдніка, але i значна павялічыў колькасць войска, зрабіў яго больш сучасным. Аснову пяхоты пачалі складаць найманыя i выбранецкія фармацыі.

Выбранецкая пяхота набіралася з сялян каралеўскіх уладанняў. Наўзамен збройнай службы выбранцы вызваляліся ад усіх павіннасцяў, а найбольш храбрыя з ix, што асабліва вызначыліся ў бітвах, маглі нават спадзявацца на атрыманне шляхоцтва. Наймітамі маглі быць як народзінцы Беларусі, так i жыхары іншых краёў. Асабліва цаніліся ваяры з Нямеччыны i Вугоршчыны. Многія з ix былі сапраўднымі прафесіяналамі вайсковай справы, загартаванымі "выжламі вайны". Яны ішлі ў кожны куток Эўрогіы, дзе пахла порахам i спажывай.

Выбранцы i найміты былі ўзброеныя шаблямі, баявымі сякерамі i стрэльбамі — рушніцамі або мушкетам). Яны ўтваралі роты прыкладна па сто ваяроў, падзеленыя на дзесяткі. У часе бою пяхотнікі шыкаваліся ў шэрагі i ўтваралі прастакутнікі, прыкрытыя на перыметры пікінёрамі i шчытаносцамі. Такім чынам фармацыі ператвараліся ў рухомыя цытадэлі, ашчаціненыя доўгімі вострымі пікамі, абстаўленыя сцяной шчытоў. Варожай конніцы было нялёгка зламаць шыхты вопытных жаўнераў, тым больш калі тыя вялі густы агонь з рушніц i мушкетаў.

Кавалерыя дзялілася на два галоўныя віды — лёгкую i цяжкую. Да першай адносіліся вершнікі казацкага строю ("казакі"), якіх не трэба блытаць з казакам i запарожскімі, i так званыя ў Беларусі пяцігорцы. Лёгкія вершнікі ахоўвалі сваё цела кальчугай i мелі на ўзбраенні дзіды, шаблі, лукі i стрэльбы. Найлягчэйшымі лічыліся загоны беларускіх татараў, аселых у нас яшчэ пры Вітаўце, з шаблямі i лукамі.

Найгалоўнейшай часткай цяжкой кавалерыі з часоў Батуры сталі гусарскія фармацыі[12].

Характэрнай зброяй былі дзіды. Яны рабіліся з лёгкага дрэва i дасягалі 5-метровай даўжыні. Да ix жалезных вастрыёў мацаваліся сцяжкі. Прызначэнне гусарскіх дзідаў было спецыфічнае. Яны служылі для знішчэння шчыльных чатырохкутнікаў пяхотнікаў-пікінёраў або закаваных у жалеза турэцкіх вершнікаў. У атацы галопам дзіды крышыліся аб панцыры. Але справа зроблена — першыя шэрагі праціўніка парушаліся. Далей наставала чарга пісталетам, шаблям, рапірам, у валоданні якімі гусары былі непараўнаныя. Калі ж вопытная пяхота вытрымлівала першы ўдар, гусарскія шыхты з новымі дзідамі паўтаралі атаку. Часам шматкроць.

Тагачасныя i пазнейшыя малюнкі яскрава паказваюць сцэны гусарскіх атак: ураганныя хвалі вершнікаў з нізка прыгнутымі дзідамі, трапятанне мноства сцяжкоў. Уяўляецца навальнічны шум апераных крылаў, прымацаваных да рыцарскіх панцыраў, аглушальны тупат конскіх капытоў i рык тысяч мужчынскіх горлаў. Праз пыл i парахавы дым такая лавіна з жалеза i цягліцаў зносіла ўсё са свайго шляху. Менавіта такія атакі крылатых вершнікаў прыносілі найбольшую славу беларускай зброі i нашым палкаводцам.

Упершыню беларуская гусарыя найлепшым чынам засведчыла сябеў 1506 годзе ў пераможнай бітве Міхала Глінскага з татарамі пад Клецкам. Па-майстэрску выкарыстоўвалі яе Канстанцін Астрожскі пад Вішняўцом на Украіне ў бітве з татарамі (1512 год) i на аршанскіх палях — з масквой (1514 год), Мікалай Радзівіл Руды i Рыгор Хадкевіч на Вуле ў змаганні з масквой (1564 год), Сцяпан Батура ў часе паходаў на івана Жахлівага (1579, 1580, 1581 гады), Радзівіл Пярун пад Кокенгаўзэнам у Латвіі пад час бітвы са шведамі (1601 год). Гусарыя была ўлюбёным войскам i Яна Кароля Хадкевіча.

Яшчэ ў XIV стагоддзі ў Эўропе з'явілася першая агняпальная зброя, якая неўзабаве стала вядомая i ў Беларусі. Пад канец XVI стагоддзя яна значна ўдасканалілася, стала разнастайнай i эфектыўнай — стрэльбы некалькіх тыпаў, кароткарулевыя пісталеты, лёгкія i цяжкія гарматы. Хадкевіч, у прыватнасці, заўсёды вымагаў, каб ягоныя гусары мелі спраўныя пісталеты, якія пускаліся ў ход, калі была скрушаная дзіда, не было ўжо як замахнуцца шабляй ці трэба было імгненна дапамагчы таварышу, якому пагражала небяспека.

Якраз у гетманства Яна Хадкевіча конныя, асабліва гусарскія, войскі дасягнулі свайго зорнага часу. Але ўсё гусцейшыя i дакладнейшыя залпы артылерыі, мушкетаў i аркебузаў, беглая пальба пісталетаў былі тым громам, які абвяшчаў будучыя перамогі дысцыплінаванай i ўмелай пяхоты над вершнікамі. I ўжо ў сярэдзіне таго ж XVII стагоддзя кінжальны агонь шведскіх мушкецёраў не раз засцілаў пабаявішчы гусарскімі целамі.

Агняпальная зброя вымагала вялікіх сродкаў. Таму багацейшыя краіны мелі i лепшую пяхоту. Грошай жа ў Рэчы Паспалітай вечна не ставала. Часам нават бракавала коней-цяжкавозаў для артылерыі буйнога калібру.

У часы Яна Хадкевіча ўжо шырока выкарыстоўваліся розныя земляныя ўмацаванні, якімі абводзілася месца размяшчэння войска. Сам гетман неаднойчы дастасоўваў вопыт чэшскіх гусітаў i асабліва запарожскіх казакоў, абкружаючы лагер пасам счэпленых абозных вазоў. Такім чынам утвараўся табар, непераадольны для кавалерыі праціўніка.


Загрузка...