АРОЛ РАСПРОСТВАЕ КРЫЛЫ


Віленскія навукі * У эўрапейскіх універсітэтах * На пасадзе — новы манарх * Вяртанне на радзіму Жаніцьба * Змаганне з казакамі Налівайкі * Паходы ў Падунаўе

У 1573 годзе Ян i яго брат Аляксандр выпраўляюцца вучыцца ў Вільню ў езуіцкі калегіум. Сталічная Вільня, улюбёная колішнімі Ягайлавічамі, была шматлюднай i разбудаванай. За гарадскімі вежамі i сценамі мясціліся касцёлы i цэрквы, палацы магнатаў i мураванкі купцоў i заможных рамеснікаў. У прадмесцях да схілаў узгоркаў ляпіліся драўляныя дамкі бяднейшых жыхароў. А над усім велічна ўзвышаўся замак Гедзіміна.

Вільня была палітычным, гаспадарчым i культурным асяродкам Беларусі. Таму менавіта тут аселі ў 1570 годзе манахі ордэна езуітаў, што ставілі сваёй мэтай барацьбу з рэфармацыяй у імя аднаўлення непадзельнага панавання артадаксальнага каталіцызму. Важнае значэнне ў пашырэнні сваіх ідэяў яны надавалі навучанню дзяцей i моладзі, асабліва з сем'яў магнатаў i буйной шляхты, слушна мяркуючы, што "чыя ўлада — таго i вера". Таму адразу ж па з'яўленні ў горадзе манахі адчынілі Калегіум, які праз 8 гадоў вялікі князь i кароль Сцяпан Батура ператварыў у Акадэмію.

Віленская вышэйшая школа, забяспечаная здольнымі выкладчыкамі, адзіная такога роўню ў краіне, карысталася папулярнасцю. Сюды ахвотна аддавалі сваіх дзяцей не толькі каталікі, але й пратэстанты i нават праваслаўныя.

Юнак Хадкевіч старанна вывучаў у Калегіуме лацінскую мову, з якой магчыма было даць сабе рады ў кожным каталіцкім краі Эўропы. Атрымаў ён тут таксама веды па матэматыцы, красамоўстве, логіцы, гісторыі Грэцыі i Рыма, а таксама па геаграфіі. Езуітам абыходзіла найперш выхаваць не свядомых грамадзян дзяржавы, a паслядоўных прыхільнікаў касцёла. Таму вучняў не вучылі ні беларушчыне, ні польшчыне, нават цалкам міналася мясцовая гісторыя i заканадаўства Вялікага Княства. З артыкуламі Статута Вялікага Княства Літоўскага ў будучым самастойным жыцці выпускнікі Калегіума (і Акадэміі таксама) павінны былі знаёміцца самастойна.

Захавалася мала сведчанняў пра юнацкія, асабліва віленскія, гады Яна Хадкевіча. Некаторыя падрабязнасці маглі ўзнікнуць пазней у выніку звычайнай вакол людзей такога маштабу міфатворчасці. Таму даследнікі i сёння сумняваюцца, ці сапраўды малады Хадкевіч вітаў у 1579 годзе на цудоўнай лаціне Сцяпана Батуру, які па шляху на вайну з Масквой затрымаўся ў сталіцы. Кароль, выслухаўшы рослага юнака, быццам бы прадказаў яму бліскучую будучыню палкаводца. Але i сапраўды Ян змалку захапляўся вайсковай справай. Спачатку гэта былі дзіцячыя забавы, затым сур'ёзнае авалоданне ратным майстэрствам праз вопыт старэйшых, кніжкі колішніх знакамітых ваяроў. Затым прыйдзе час развіваць i адшліфоўваць вайсковыя веды на практыцы, дзе так бліскуча ў шматлікіх бітвах раскрыўся ягоны талент палкаводца.

Для дзяцей заможнейшых беларускіх сем'яў было абавязковым пасля першапачатковага навучання ў краі зрабіць вандроўку па Заходняй Эўропе, пабываць у тамтэйшых універсітэтах. Па заканчэнні Акадэміі, ужо пасля смерці бацькі, Ян i Аляксандр (найстарэйшы Гаранім на той час не жыў) таксама накіраваліся ў замежжа. Найдаўжэй браты затрымаліся ў Баварыі ў вядомым езуіцкім універсітэце Інгальштадта. Затым мы бачым ix у Італіі — у Падуі, дзе калісьці вучыўся Скарына, i ў Венецыі. Ян трапіў нават на Мальту, дзе мог шмат чаму навучыцца ў мясцовых ваяроў, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў супрацьстаялі войскам магутнай Асманскай імперыі[4].

За час адсутнасці маладых Хадкевічаў на бацькаўшчыне шмат чаго змянілася. Найперш — памёр славуты Сцяпан Батура. Пайшоў нечакана, рыхтуючыся да чарговага паходу на ўсход, гэтым разам адваёўваць Смаленск. Ім было зроблена шмат: праведзена вайсковая рэформа i разгромлена моц Івана Жахлівага, што больш як на паўстагоддзя змяніла баланс сілаў на беларуска-маскоўскай мяжы на нашу карысць. Значныя набыткі былі i ў Прыбалтыцы. I хоць Швецыі ўдалося адхапіць сабе поўнач Эстоніі, бальшыня земляў колішняга Лівонскага ордэна — Інфлянты падначаліліся Рэчы Паспалітай.

Аднак пасля смерці бяздзетнага Батуры зноў паўстала пытанне: хто зойме вялікакняскі i каралеўскі пасады? Распачалося вострае спаборніцтва паміж прыхільнікамі імператарскага роду Габсбургаў i шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы, які па маці паходзіў з Ягайлавічаў. Невядома, як бы склалася наша далейшая гісторыя пры Габсбургах (пэўна б, узмацнілася германізацыя, асабліва польскіх земляў). Выбар жа заморскага кандыдата ў будучым кіне краіну ў пекла спусташальных войнаў са Швецыяй, украінскім казацтвам, Маскоўшчынай, Турэччынай.

Выхаваны пры шведскім каралеўскім двары, Жыгімонт ніколі не пакідаў намеру вярнуцца ў Стакгольм на бацькаў пасад. У гэтым сэнсе на Рэч Паспалітую ён глядзеў як на сілу, якая магла дапамагчы яму здзейсніць такі намер. Заняты каталік, ён у процівагу сваім папярэднікам Ягайлавічам, ды нават i таму ж Батуру, быў нецярпімы да іншаверцаў. Гэта небяспечна абвастрыла сітуацыю ў шматканфесійнай дзяржаве, пасеяла нязгоду з пратэстантамі, якія займалі прыкметнае становішча ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, са шматлікім праваслаўным насельніцтвам, асабліва на Украіне.

Час быў i Яну Хадкевічу, які ў 1590 годзе вярнуўся ў Беларусь, далучыцца да актыўнага жыцця ў краі. Але адбылося гэта не адразу. Малады Хадкевіч доўга адсутнічаў, быў нежанаты, на ім нібы ляжала пляма бацькавых няўдач у Прыбалтыцы. Усё гэта замінала добраму старту.

Найперш трэба было ўладкаваць сямейныя справы. Адбылася дзяльба бацькавай спадчыны з братам Аляксандрам. Яну дасталіся землі з Быхавам, Ляхавічамі, Свіслачам i Гнезнам на Ваўкавышчыне, значныя ўладанні ў Жамойці.

Цяпер можна было падумаць i пра сваё гняздо. Трыццацідвухгадовы кавалер прапанаваў руку i сэрца знатнай i багатай маладзіцы Соф'і — удаве князя Сымона Алелькавіча Слуцкага. Соф'я на доўгія гады стала каханай, шчырай i клапатлівай жонкай, якая як магла дапамагала мужу, падмяняла яго ў гаспадарчых справах пры частых i доўгіх адлучках, нярэдка дзяліла з сваім Янам нягоды вайсковага жыцця. Хадкевіч аддзячваў узаемнасцю. "Наймілейшая Зосечка, адзіная, каханая душа..." — звяртаўся ён да яе ў шматлікіх лістах.

Соф'я прынесла з сабой i пасаг — Цімкавічы i навакольныя землі на Капыльшчыне. Мястэчка стала ўлюбёнай мясцінай для Яна Хадкевіча, дзе ён стараўся праводзіць вольны ад вайсковых клопатаў час.

Неўзабаве сталася нагода маладому арлу паспрабаваць свае крылы на полі бітвы. Праўда, праціўнік быў не чужаземны, а свой, "паспольскі".

У 1594 годзе на Украіне бяднейшае казацтва, сярод якога было шматуцёклых ад панскага прыгнёту беларускіх сялян, падняло паўстанне. Узначаліў яго Севярын Налівайка. Паўстанцы пад націскам каралеўскіх сілаў i верных Рэчы Паспалітай казакоў адышлі на беларускае Падняпроўе. Тут, абапіраючыся на падтрымку прыгоннага сялянства i гарадской беднаты, яны атрымалі пэўныя поспехі, захапілі Магілеў i шэраг іншых гарадоў. Беларуска-ўкраінскае магнацтва i шляхта дружна сталі на абарону сваіх уладанняў. Да ix далучыўся i Ян Хадкевіч, тым больш што паўстанне ахапіла таксама землі, што належалі ўкраінскім князям Вішнявецкім, з якімі ён быў спароднены праз стрыечнага брата i сястру. Кіруючы ротай вершнікаў (каля 100 шабляў), малады Хадкевіч атрымаў першае баявое хрышчэнне ў баях з выпрабаванымі ваякамі — казакамі. Свае здольнасці i адвагу ён праявіў i пры ўзяцці Канева i пры аблозе табару Налівайкі пад Лубнамі. Мабыць, ва ўзнагароду за ўдзел у задушэнні казацкага паўстання Ян Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага Вялікага Княства, a ў 1599 годзе ён быў прызначаны i старастам Жамойці, што раўнялася пасадзе ваяводы i давала месца ў найвышэйшым кіраўнічым органе Рэчы Паспалітай — Сенаце.

У 1599 годзе Хадкевіч з уласным загонам вершнікаў накіраваўся ў Сяміграддзе[5]. Праз год з братам Аляксандрам ён зноў апынуўся на поўдні, на гэты раз у Малдавіі i Валахіі[6]. Гэта былі землі, дзе сутыкаліся інтарэсы Аўстрыі, Турэччыны i польска-ўкраінскіх феадалаў. Сюды, на гора мясцоваму жыхарству, ішлі ix войскі, каб падтрымаць чарговага прыхільнага сабе князя. Як сведчаць сучаснікі, Хадкевіч у паходзе вы значыўся вялікай мужнасцю i адвагай. Праўда, поспех быў часовы, бо неўзабаве туркі выгналі стаўленіка Рэчы Паспалітай. Аднак Яну Каролю быў пажытак нетолькі ў тым, што гартаваўся ваярскі вопыт. За кампанію ў Валахіі ён стаў палявым (польным) гетманам — кіраўніком войска i атрымаў адпаведную булаву. Менавіта з гэтага часу ён стаў прафесійным вайскоўцам. Вайна зрабілася часткай ягонага жыцця, адпускаючы толькі ў рэдкія часы зацішша. Нават апошні яго зямны дзень прайшоў пад гарматную кананаду. Але гэта настане праз доўгія два дзесяцігоддзі. Цяпер жа беларускага ваяра клікала на свае палі Прыбалтыка, дзе ўжо чулася гарачае дыханне старадаўняга бога грому i вайны Пяруна.


Загрузка...