Гэй, хлапчук, ты мо касмалётчык? Нядаўна выпусціўся, так? Не жадаеш са мной выпіць? Вазьмі вось, налі сабе гэтай марсіянскай барматухі. Мне не шкада. Вось так. Добра. Паслухай старога касмічнага ваўка. Табе ж карысць будзе. Вось што я табе распавяду.
Колькі мы ўжо лётаем? Гадоў дзвесце. Ды пачакай ты. Я кажу не пра нас з табой, а пра чалавецтва ў цэлым. Ну, дык вось, дзесьці каля двухсот чатырнаццаці гадоў атрымліваецца. Гэта калі браць адлік ад шэсцьдзесят першага. Ну, памятаеш? Ракеты, Гагарын, і ўсё такое. Але галоўнае не гэта. Галоўнае… э-э-э, гэта я аб чым? А, прыгадаў! Галоўнае тое, чаго мы за гэты час дамагліся. О, а мы дамагліся шмат чаго. Ды, не мы з табой, дурыла — чалавецтва! Гэта і міжзоркавыя пералёты. І калоніі на далёкіх планетах. Ды што там казаць, Альфа Цэнтаўра, Сірыус, усё гэта даўно зоркі Унутранай Сферы. Хоць зусім нядаўна — а я чытаў гістарычныя кніжкі — людзі марылі толькі дабрацца туды. Мы адляцелі на сотні, на тысячы светлавых год ад Зямлі. І што мы там знайшлі? Планеты, кажаш? Зоркі? Не-е-е. Нічога мы не знайшлі. Я маю на ўвазе ніякіх слядоў, ніякіх прыкмет разумнага жыцця. Так, сотні планет падобных да Зямлі, мы безумоўна знайшлі. А на некаторых нават і зародкі жыцця ёсць. Але розуму няма. Зусім. Ты ўяўляеш? Тысячы радыётэлескопаў скануюць глыбіні космасу. Сотні даследчых зондаў пасланы ў самыя далёкія куткі нашай галактыкі. Кожны год здзяйсняецца дзясяткі звышдалёкіх рэйдаў глыбіннай выведкі. І нічога. Увогуле, нічога. Дзвесце гадоў у космасе і ніводнага кантакту. Ніводнага, хоць бы ўскоснага сведчання пра існаванне іншых разумных істот. Ведаеш, ствараецца такое ўражанне, што мы адны ў сусвеце. Што акрамя нас тут нікога няма. Зусім нікога…
Але гэта не так! Я ў гэта ня веру. І ведаеш, чаму? Я сам іх бачыў. Не верыш. Налівай яшчэ. Афіцыянт, нам яшчэ бутэлечку гэтага пойла.
Я быў глыбінным выведнікам. Ды стой ты, пачакай смяяцца. Ты, напэўна, думаеш, што глыбінныя выведнікі толькі казкі ўмеюць распавядаць? Нажаруцца, і давай трызніць пра блукаючыя планеты. Пра могільнікі іншапланетных караблёў. Пра сустрэчы з зялёненькімі чалавечкамі. Так? А вось і не. Я не такі. Усё, што я табе распавяду, было насамрэч.
І было гэта ў адным глыбінным рэйдзе. У апошнім маім глыбінным рэйдзе. Курс трымалі да цэнтра галактыкі. Большая шчыльнасць зорак. Большая верагоднасць каго-небудзь сустрэць. Прынамсі, мы так думалі. Сотні дзве скокаў зрабілі і наткнуліся на планетарную сістэму. Невялікі такі чырвоны карлік. Дзесьці 0,6-0,7 санлайтаў. Чаго, чаго? Санлайтаў кажу. Гэта свяцільнасць зоркі па старой амерыканскай класіфікацыі. Адносна свяцільнасці Сонца. Дурыла ты не вучаная, а яшчэ касмалётчык. Лепш налі мне яшчэ.
Ну дык вось, у поясе жыцця ў таго карліка толькі адна планета. Але і тая, голы камень, ды і толькі. Атмасфера разраджана, паверхня пакрыта кратарамі. Ты Месяц бачыў? Вось і там тое ж самае, толькі памеры разы ў два большыя. Лавіць няма чаго, але інструкцыя глыбіннай выведкі прадпісвае абавязковую пасадку на ўсе планеты ў поясе жыцця. Што? Ты не ведаеш, што такое пояс жыцця? Чаму вас у вашых акадэміях толькі вучаць? Пояс жыцця — гэта такая вобласць поруч зоркі, у якой, ну, у вобласьці той, а не ў зорцы, створаны аптымальныя ўмовы для ўзнікнення і развіцця бялковай формы жыцця. Вось. Гэта значыць нашай з табой формы жыцця. Натуральна, гэты панятак не датычыцца небялковых формаў, але праўду кажучы мне з такімі сутыкацца не прыходзілася. Але не ў тым справа. Справа ў тым, што селі мы на гэтую планетку, і пачалі выведку. Хе, вось ужо і вершамі загаварыў. Налівай яшчэ.
Не, вядома, глыбінная выведка не толькі пошукам жыцця і розуму ў галактыцы займаецца. Мы бо не дармаеды якія-небудзь. Мы і планеты для далейшай каланізацыі падшукваем. І аналіз рэсурсаёмістасці праводзім. Руды, металы, мінералы. Увогуле, займаемся карыснай справай, а не толькі за зялёнымі чалавечкамі ганяемся. Як некаторыя пра нас думаюць. Таму нашая высадка на такую бесперспектыўную ў плане жыцця планету як той голы касмічны камень, была ўсёткі не марнай справай.
Яшчэ з арбіты запрыкмецілі мы кратар, багаты рудой. Туды і селі. Выслалі групу для ўзяцця спроб грунта. У яе ўваходзіў і я. Разбрыліся мы па тым кратары. А сувязь лайновая. Ці то магнітная анамалія, ці то яшчэ што. Халера яе ведае. Увогуле, у слухаўках толькі шыпенне і трэск. Таму мы імкнуліся трымаць адзін аднаго ў межах простай бачнасці. Але я, дурны, захапіўся. Знайшоў цікавы абразчык. За ім яшчэ адзін. Прайшоў яшчэ трохі і не заўважыў, як згубіўся. А калі заўважыў, то не моцна знерваваўся. Кірунак да карабля я ведаў. Ды і знікнуць у абмежаванай кратарам прасторы складана. Калі трэба, мяне б хутка знайшлі. Аўтаномнасці скафандра хапала на некалькі сутак.
Карацей, іду я сабе далей, толькі пад ногі гляджу. А там усё цікавей і цікавей. Спачатку трапляліся каменьчыкі з украпваннямі. Потым кавалкі руды ў чыстым выглядзе, што само па сабе вялікая рэдкасць. І, нарэшце, здаравенны такі камень, увесь з найчысцейшай і самай якаснай руды. Я зусім пільнасць страціў і не гледзячы панёсся да гэтага каменя. А дарма. Проста перад ім была роўная пляцоўка. Я спачатку падумаў, што каменнае плато. Але потым, калі нага пачала правальвацца, не знаходзячы апоры, зразумеў, што гэта пыльная яма. Ведаеш, такія паглыбленні запоўненыя пылам часта сустракаюцца на планетах без атмасферы і з малой гравітацыяй. З выгляду звычайная роўная паверхня. І па колеры нічым не адрозніваецца ад іншых участкаў. Але ступіш і адразу па грудзі ў пыл правальваешся. І затым яна, халера гэткая, цябе павольна далей засмоктвае. Як зыбкія пяскі на Зямлі. Чуў пра такія? Я спачатку боўтацца спрабаваў. Ды куды там. Яшчэ мацней цягнуць стала. Тады я супакоіўся. Зразумеў, што канец надышоў. Загубіла мяне мая цікаўнасць. Вядома, скафандр падоўжыць мне жыццё. І ёсць верагоднасць, што мяне знойдуць. Але калі яма глыбокая, то ляжаць мне на яе дне да сканчэння часоў. Ніякія геарадары не дапамогуць.
Увогуле, змірыўся я са сваім сумным лёсам, амаль з галавой у пыл сышоў. І тут адчуваю, што нейкая сіла пачала мяне з пылу выцягваць. Стаў я пакрысе выбірацца з ямы. Высунуўся спачатку па грудзі, потым па пояс. А затым, калі ў пыле заставаліся толькі ногі, гэта сіла ўзяла і шпурнула мяне на бліжэйшы камень. Цвёрды камень. Я ад удару на імгненне прытомнасць страціў. Калі ачуняў, паматаў галавой і краем вока заўважыў нейкі бляск. Выбліск. А затым іскру, што ўздымалася вертыкальна ўгару. У неба. Можа, гэта мне ўсё і падалося. Можа, гэта ў мяне ў самога зоркі ў вачах заскакалі. Як гэта часам пасля ўдару бывае. Але я чамусці не сумняваюся, што гэта былі яны. Яны дапамаглі мне выбрацца, а затым зляцелі.
Калі вярнуўся да сваіх, я нічога ім не стаў расказваць. Толькі паказаў камяні. І ўсё. Ды яны і нічога не заўважылі. Вельмі перспектыўнай сталася планета. А потым і мы паляцелі. Больш я ўжо не лётаў. Стары стаў. А на той планеце цяпер быццам бы перапрацоўчы завод пабудавалі.
Пра той выпадак я нікому не распавядаў. Не ведаю чаму. Можа таму, што сам не да канца ўпэўнены… Не, я сапраўды ведаю, што яны ёсць. Іх проста не можа не быць. Як не можа ў полі быць толькі аднаго каласка. Ты ж касмалётчык, можа табе прыйдзецца з імі сустрэцца. Успомніш тады старога выведніка.
Што? Ты не касмалётчык? Куртку ў знаёмага ўзяў. І хто ты тады? Журналіст! Гора мне! Яшчэ адзін артыкул пра звар’яцелых глыбінных выведнікаў і сустрэчах з зялёнымі чалавечкамі. Правальвай! Бачыць цябе не хачу! Афіцыянт! Яшчэ бутэльку.