Частка трэцяя СМЕРЦЬ АЎТАРА

And her pale fire she snatches from the sun

W. Shakespeare

Пастка, сплеценая са словаў (Спроба апраўдання. Янка Пільняк)

У красавіку гэтага года я сустрэўся ў Вільні з чалавекам, які назваў сябе Джон Вілаў ды перадаў мне тэкст, які набыў шырокую вядомасць пасля публікацыі ў травеньскім «Ахрэме». Шэраг інтэлектуалаў на чале са мной успрынялі дадзенае літаратурнае практыкаванне як з’яўленне першага вартаснага беларускамоўнага рамана, бо сітуацыя цяпер у нацыянальнай літаратуры такая, што кожны чакае выспявання беларускай «Вайны і міра» ці хаця б беларускай «Ганны Карэнінай». У любым новым творы, які з’яўляецца на мове, усе спяшаюцца пабачыць не менш за «Вайну і мір», нават калі твор мае трыста старонак ды сюжэт, ад якога чалавеку адукаванаму робіцца крыху няёмка.

Мы вылучылі «Сцюдзёны вырай» на галоўную літаратурную ўзнагароду незалежнай Беларусі «Гліняны чэлес», назва якой сімвалізуе нашыя бясконцыя спадзяванні на ўрадлівасць беларускай культуры, якая павінна ў рэшце рэшт нарадзіць нешта вялікае — інакш мова проста дасць дуба. Тым больш прыемна, што гэты цуд прыгожай славеснасці стварыў амерыканец, які авалодаў беларускай мовай — казалі тыя, каму баліць за лёс нацыянальнай літаратуры. Людзі, датычныя да выхаду «Вырая», на гэты конт, заўважце, маўчалі. Іншыя казалі пра тое, што гэта наш беларускі Форэст Гамп, бо, як і ў выпадку з Форэстам Гампам, герой з’яўляецца небаракам, увасабляе такія нацыянальныя недахопы, як хранічая адсутнасць фарту, а таксама цягам усяго рамана ганяецца за каханай, якая не надта ім і захапляецца.

Вы ведаеце далейшы лёс «Вырая», ведаеце, што «чэлес» яму прысудзілі ўжо ў канцы траўня, Вілаў на цырымоніі не з’явіўся, з-за чаго Сеціва абышлі мае фоты з гліняным фаласам, трыумфальна ўскінутым над галавой, якія некаму падаюцца надта вясёлымі (зайздроснікі распачалі кампанію цкавання «У Янкі Пільняка стаіць вышэй за галаву», як смешна). Выдатна ведаеце вы і тыя падзеі, якія адбыліся праз два тыдні пасля цырымоніі: Насту ўзялі ў Вільні, у той самай кавярні CanCan, у якую яна паслухмяна з’явілася ў аўторак, бо ўрэшце прачытала тэкст. Цяпер яе месцазнаходжанне невядома, але зразумела, што яна недзе ў Беларусі, у тых месцах, адкуль даволі складана паведамляць аб уласным месцазнаходжанні. Дагэтуль невядома, якім чынам яе здолелі даставіць праз мяжу ў краіну, МЗС, МУС ды дзяржаўная бяспека Літвы ад каментароў на гэты конт адмаўляюцца, але ж ананімныя крыніцы прызнаюць, што гісторыя са «Сцюдзёным выраем» — самая эфектыўная спецаперацыя за ўвесь час існавання беларускіх спецыяльных службаў.

Джон Вілаў, тэкст якога здолеў зрабіць тое, што не зрабіў рэспубліканскі вышук, запыт у Інтэрпол ды сетка шпегаў па ўсёй Еўропе, знік з кватэры і хутчэй за ўсё з’ехаў у ЗША. Тыя, каго ўзрушыла яго гісторыя, лічаць, што Джону проста няёмка за тое, што ён спрычыніўся да арышту каханай, але ж гэта рамантычнае трызненне. Тутака я растлумачу вам, чаму гэта не так і што за чалавек насамрэч гэты Джон.

Я бачыў яго толькі аднойчы ў віленскай кнігакавярні. Тут адразу паўстае пытанне, якое я пакіну без адказу: ці сапраўды той «Джон Вілаў», з якім я хлябтаў капучына ды разважаў пра літаратуру ў Вільні, быў чалавекам, якога бачыла ў Стамбуле Наста? Гэтая гісторыя складаецца ў вас на вачах з трох частак: месцам дзеяння першай з’яўлялася Турэччына, местам дзеяння другой — Літва, трэцяя будзе цалкам адбывацца ў Беларусі. І вельмі можа так стацца, што турэцкі Вілаў, з якім сустракалася Наста, ды літоўскі Вілаў, з якім сустракаўся я і прадстаўнікі дыяспары, Вілаў, што складаў (ці толькі перадаваў ужо складзеную) гісторыю іх з Настай «кахання» ў Турэччыне — гэта зусім розныя людзі. Адзіная, хто мог бы параўнаць ягоныя рысы ды прыйсці да нейкай высновы, Наста, цяпер ізаляваная і будзе ізаляваная яшчэ вельмі-вельмі доўга.

Людзі скептычныя не дадуць мне веры, бо скажуць, што ў мяне ёсць асабісты зуб на Вілаў: з-за паршыўца я пазбавіўся працы ў «Ахрэме», бо яго галоўны рэдактар, Ванік Дастаеўскі, занадта сур’ёзна паставіўся да абвінавачанняў у тым, што выданне спрычынілася да арышту Насты. Але ж у стасунках з Вілаў — нічога асабістага. Я заклікаю ўспрымаць гэты тэкст як працу над памылкамі, спробу падкрэсліць чырвовным усе тыя «у» замест «ў», якія я прамаргаў у першы раз. Калі б я быў больш пільным, трохі больш пільным…

Дык вось, першае, што насцярожвае ў тым Вілаў, які быў паказаны мне: вы памятаеце, як Наста адзначала, што ў яго ёсць схільнасць да лішняе вагі? Не, не памятаеце? Ну дык памятаю я, бо працаваў з гэтым тэкстам. Прагледзьце пільна сцэну іх расставання, і вы знойдзеце там — «ты баязлівы, ты забабонны, ты маеш схільнасць да лішняй вагі…» Дык вось, на сустрэчу са мной, прызначаную праз электронную пошту (дзе даведаўся пра маю персанальную скрыню — таксама пытанне), прыбыў сухарлявы, бы нямецкая аўчарка, мужчына каля трыццаці. У ім не заўважалася нават згадкі пра акругласць формаў, ён трымцеў ад уласнага выдатнага фізічнага стану. Вы можаце запярэчыць: маўляў, усё, што мы ведаем пра ягоную схільнасць да лішняе вагі, прыйшло да нас не ад Насты ўласнаруч, а ад той Насты, што размаўляе з намі ў тэксце. А тэкст напісаны ці ім самім, ці тымі структурамі, якія рыхтавалі спецаперацыю. І што мы можам даведацца з гэтага тэксту аб чым заўгодна, але ж не аб тым, што думала сапраўдная Наста пра сапраўднага Вілаў (а сапраўдны Вілаў павінен існаваць, інакш «фальшывы» Вілаў не завабіў бы Насту ў Вільню, дзе яе ўжо чакала дзяржбяспека). Але ж тут усё тлумачыцца проста: мабыць, першапачаткова тэкст рыхтаваўся пад іншага «актора», які лепей падыходзіў да стэрэатыпнага ўспрымання амерыканцаў. Калі з’явіўся Вілаў № 2, віленскі Вілаў у сваёй «фінальнай рэдакцыі», тэкст не паспелі адаптаваць пад яго фізічныя асаблівасці. Такога роду памылкі вядомыя кожнаму, хто працуе з вялікімі празаічнымі фрагментамі, ёсць гарантаваныя шляхі іх пазбягаць, але ж тыя, хто кляпаў «Сцюдзёны вырай», у першую чаргу былі занятыя турботамі зусім не літаратурнага характару.

Я намалюю вам яго партрэт — на той выпадак, калі раптам вы сустрэнеце калі-небудзь падазронага іншаземца, які выпячвае ўласную беларускамоўнасць ды падбухторвае паразмаўляць з ім пра таямніцы дыяспары ці грошы апазіцыі ці пра месцазнаходжанне астатніх двух ці трох «ворагаў народа», нейтралізацыя якіх з’яўляецца прынцыповай дзеля беларускай стабільнасці.

Рост — метр семдзесят шэсць (ведаю, бо мы з ім прыкладна аднаго росту), твар выцягнуты, вушы трохі адтапыраныя, добра бачныя ў анфас пад коратка стрыжанымі валасамі. Наперадзе валасы значна радзейшыя, з-за чаго лоб падаецца больш высокім, чым ёсць насамрэч. Шчокі ў дагледжаным чарнявым шчацінні, там-сям у гэтай поўсці бачныя сівыя стрэмкі. Вочы запалыя, калі трэба было нешта прачытаць, карыстаўся акулярамі — круглыя, бы зробленыя з бурштыну: зразумела, што апрануць яго могуць у наступны раз у акуляры якія заўгодна, але ж вось і рысачка, якая застаецца з ім у любых акулярах, хаця б нават і шасцівугольных: калі чытаў, спускаў іх уніз, на самы кончык носа, і ўвесь час нервова папраўляў. Як правіла, такія звычкі ў людзей не змяняюцца гадамі, ды іх не пракантралюеш, бо адбываюцца яны на механічным узроўні, нібы цік. Агульнае ўражанне ад твару — ну нічога ў ім беларускага, нейкая мідзітэранія ці Італія.

Дык вось, сустрэліся, ён на мове так-сяк растлумачыў, што напісаў нешта па-беларуску, ён упарта называў гэта «творам». І што жадае, каб я, менавіта я, бо ў мяне прыстойная рэпутацыя (у мяне сапраўды рэпутацыя прыстойная, ды пэўная вага ёсць у літаратурных колах, з гэтым не паспрачаешся, дык я і не здзівіўся), папрацаваў з гэтым «творам», адрэдагаваў, калі трэба, падрыхтаваў да публікацыі як мага хутчэй. І што для яго вельмі прынцыпова, каб публікацыя адбылася ў «Ахрэме», я потым сам зразумею чаму, калі дачытаю ў тэксце. І што за ўвесь клопат ён мне прапануе суму, ну як вам сказаць… Ну проста касмічных памераў. Асаблівасцю гэтага моманту ў беларускай літаратуры з’яўляецца тое, што кошт працы рэдактара закладаецца выдавецтвам (а выдавецтва ў нас адно, вы яго ведаеце) у «макет». І рэдактары працуюць ці то за ідэю — дарэчы, самыя адданыя тым і займаюцца, маюць іншую звязаную са словам працу ды рэдагуюць без узнагароды, дзеля таго, каб наступнікам было, што чытаць, каб наша пустое стагоддзе захавала хоць некалькі літаратурных помнікаў з іх прозвішчамі на падножжы. Тыя, хто працуе за грошы, жывуць вельмі сціпла, бо пражыць на тыя 100 баксаў, якія сарамліва кладуць у капэрце (гэта ў лепшым выпадку, калі кніжачку фінансуе нейкі фонд ці амбасада!) — немагчыма. У працэсе выпякання кніг твой статус зменшаны да статусу аўтападкрэслівання словаў з памылкамі ў PageMaker: арфаграфія чырвоным, сінтаксіс — зялёным. А тут чалавек прапанаваў суму, за якую, як зноў жа шырока ўжо вядома (і шырока дамыслена ў Сеціве і нават пастаўлена ў доказы маёй асабістай «заслугі» ў Настынай трагедыі), я набыў аднапакаёвую кватэру ў Менску.

Адзначу, што ўзровень ягонай вуснай мовы быў значна горшым за мову тэкста, які прыйшоў мне на скрыню праз два тыдні пасля сустрэчы. Тут бы мне ўзрушыцца, запытацца: як так можа быць? Як чалавек, які толькі і можа, што запытаць: «Вы будаце кофэ ці капучыны», піша такія пранікнёныя радкі? Хіба не дзіўна выглядаў ужо першы абзац з развагамі пра снежань пасля ягонай няўдалай спробы пераказу сюжэта, спробы, у якой былі пераблытаныя канчаткі, часы ды націскі. Гаварыў ён хутка, не буду адмаўляць, але ж значная частка тых сказаў, у якіх было больш за два выказнікі, засталася для мяне незразумелай, бо ўяўляла сабой граматычную блытаніну: як быццам хтосьці ўсыпаў жменю канчаткаў ды лексічных асноў у банку з-пад распушчальнай кавы, патрос як след ды высыпаў на стол. Што да чаго выпадкова прыляпілася, тое і было агучана. Добра яшчэ, што ён падчас сустрэчы не казаў ні аб чым прынцыповым, разважаючы пра Памука, якога мог у родным склоне ў адным сказе ўжыць як «Памуку», у другім — як «Памукаў», у трэцім раптам вылазіў «Памукс», які, мабыць, паходзіў ад «ценю ангельскага `s», што яшчэ паўставаў у яго беларускай. «Але ж», — падумаў я і ўзважыў, ці вартая нават тая цыклапічных памераў сума, якая была прапанаваная мне, высілкаў корпання з тэкстам, напісаным чалавекам з такой дрэннай мовай. Але авантурызм перамог. Да таго ж, карцела паглядзець, што ўжо ён там накрэмзаў.

Я вярнуўся ў Беларусь, і мы пачалі камунікаваць з ім праз пошту. Тут адбылася дзіўная метамарфоза — ягоная мова расквітнела ды пахарашэла, як дзяўчынка, якая наблізілася да сексуальнага сталення. Я не скажу, што гэта была такая ўжо сфармаваная прыгажуня, там-сям яшчэ чапляла вока падлеткавая неахайнасць, вуглаватасць, але ж у гэтай мове пазнаваўся той, хто напісаў «Вырай». Гэта была такая моўная Лаліта — трохі больш высілкаў, і праз паўгода-год выхаваецца асляпляльнае прыгажосці «Міс свету ад Беларусі». А можа, і не. У тым уся прывабнасць лалітаў, што яны могуць ператварыцца ў звычайную бляклую цяжарную сучку, а могуць успырхнуць у нябёсы матылём. Іх пераходны статус утрымлівае адначасова ўсе якасці, уласцівыя непрывабным падлеткам ды самым фемінным істотам на зямлі, кшталту тых, што дэманструюць па Fashion TV.

Я атрымоўваў лісты, напісаныя па-беларуску лацініцай. Вельмі доўгія сказы. Адмаўленне арфаэпічнай «пявучасці» дзеля імкнення нашпігаваць сказ сэнсамі. Была ў гэтай прыгажуні адна асаблівасць — занадта ж русыя валасы і наўгародскія вяснушкі на носе, але пра гэта пагаворым пазней. Пакуль я быў здзіўлены тым, якая вялікая прорва палягае ў гэтага Джона Вілаў паміж вусным маўленнем ды пісьмовымі навыкамі. Звычайна ў людзей, якія вучаць другую мову, тым больш, такую складаную, як беларуская, маўленне засвойваецца прасцей за пісанне (складанасці якога абумоўлены яшчэ і тым, што трэба прывучаць вока да кірылічнага алфавіту). «Мабыць, шмат практыкаванняў рабіў і вось авалодаў пісьмовай граматыкай», — супакоіў я сябе. Я не разумеў тады, што за клавіятурай з таго боку сядзіць зусім не той лагодны, маўклівы амерыканскі італьянец, якога я спрабаваў угледзець за кожным новым прачытаным сакавітым беларускім словам (і дзе яны былі падчас жывой сустрэчы?). Не выключаю, што на скрыню мне прыходзілі лісты ад таго, хто быў змрочным рэжысёрам ці адным з рэжысёраў усёй гэтай спецаперацыі.

Урэшце, ён даслаў тэкст. Я не буду распаўсюджвацца тут пра якасці, бо занадта шмат сказаў на гэты конт у інтэрв’ю, якія папярэднічалі вылучэнню. Так, мне сорамна, сорамна, бо цяпер, калі сталі зразумелыя праўдзівыя матывы літаратурных заняткаў Вілаў, выглядае, што тэкст не толькі «геніяльны», як паўсюль трышчаў я, але ж вельмі пасрэдны. Ну так, чарговая гісторыйка кахання. Чытво для слязлівых жанчын. Але ж зразумейце і мяне: нам трэба было штосьці супрацьпаставіць шумнай ды зусім не літаратурнай славе аднаго рускамоўнага выскачкі, які за грошы маскоўскіх карпарацыяў паспрабаваў загіпнатызаваць ды зачараваць беларускага чытача сваёй нібыта забароненай кніжачкай, узлезці на пастамент, на якім павінны стаяць беларусы. Беларусы, а не ён! Трэба было адказаць гэтай арміі дэманаў, за спінамі якіх — прывіды Пятра, Суворава, Мураўёва, ды адказаць адразу ўсёй грамадой, супольна, паказаць, што ў нас ёсць вартасныя беларускамоўныя тэксты. І што нават калі амерыканец здольны напісаць раман па-беларуску, дык што казаць пра тых беларусаў, якія блазнуюць, што не могуць засвоіць мову, небаракі! Цяпер робіцца зразумелым, што мае лепшыя памкненні былі выкарыстаныя, прычым зусім не для мэтаў літаратуры. Я прашу прабачэння ва ўсіх тых, каму не спадабаўся «Вырай», але ж мы яшчэ стрэлім!

Вілаў растлумачыў мне, як працаваць з тэкстам: першая яго частка павінна была быць меней дасканалай у стылістычным плане, утрымліваць больш памылак нават пасля рэдагавання ды карэктуры, каб прадэманстраваць, як ён выказаўся «паступовае ўзыходжанне аўтара па прыступках валодання мовай» (штыль!). Я выпраўляў ліст за лістом, дасылаў яму, ён часцей за ўсё бясспрэчна пагаджаўся — вось тут была яшчэ адна прыкмета таго, што гэты тэкст напісаны не для літаратуры, што гэты тэкст — адна суцэльная спецаперацыя, бо ніколі аўтар не пагаджаецца маўкліва з тым, як хірургічна ўдасканальвае рэдактар ягоны шэдэўр. Вілаў жа спрачаўся толькі тады, калі размова заходзіла пра дэталі, прынцыповыя не для літаратуры, а для таго сцэнару, у які быў убудаваны гэты тэкст. Памятаю нашую доўгую палеміку аб тым, ці варта пакідаць дэталёвае апісанне вуліцы, на якой ён жыве, даваць такія шматлікія, аж да анёлу над варотамі, указанні, як яго расшукаць: я не разумеў, што ўсё гэтае было прынадай, вабай, якую ён рассейваў па тэксце на той выпадак, калі ахвяра спужаецца прамога запрашэння на спатканне ды будзе шукаць яго ўпотай (трэба разумець, што і ў «хаце» «Вілаў» яе таксама чакалі, як чакалі і ў кнігакавярні, у акадэміі мастацтваў — выглядае, што ў Вільні прапісалася значная частка «чакатараў»: які размах палявання, не па-беларуску шырокі размах, ці не так?)

Я пакінуў у тэксце фрагменты нашай камунікацыі з аўтарам. На момант публікацыі яны мне падаваліся цікавымі рысачкамі да новаспечанага шэдэўра. Цяпер яны разумеюцца найперш як доказ, як партрэт сцежак, па якіх блукала яго мысленне падчас працы над пасткай. Усе яго «неразуменні» ды моўныя «няздольнасці», якія выйшлі на паверхню, былі пабачаныя публікай, выглядаюць як выпадкова пакінуты на месцы тэракту чарцёж выбухоўкі, чарцёж, па якім можна зразумець нешта пра асобу смяротніка. Давайце ж возьмемся за фрагменты нітак, пакінутых Тэсеем у Лабірынце, ды паспрабуем прайсці па іх да Мінатаўра. Я спыняю расповед уласна пра знешнасць ды паводзіны Вілаў і пераходжу да аналізу гэтага паршыўца на больш тонкім узроўні — на ўзроўні тэкстуальным.

Карціць даць у друк чарнавік, аналізаваць не выпраўлены тэкст, а менавіта першапачатковы вырыянт, кудлатасці якога больш яскрава пацвердзяць усё тое, пра што я павяду размову. Але калі я зраблю так, мае зайздроснікі папракнуць мяне, што я сам прыдумаў моўныя хібы, пра якія пішу. Таму фундаментам для аналізу будзе надрукаваны ў «Ахрэме» тэкст, у якім ніхто нічога дзіўнага, здаецца, не пабачыў.

Спачатку сюжэт. Недзе на ўскрайках Стамбулу да Насты, якую шукаюць усе д’яблы Пекла, падыходзіць чалавек, які робіць выгляд, што ён гэтаксама, як яна, заблытаўся ў пошуках музея, у якім выстаўлены Шагал. Чалавек мае схільнасць да лішняе вагі і павінен выглядаць тыповым амерыканцам (яшчэ адзін чыннік адпрацоўваць віленскую ды стамбульскую часткі аперацыі двума рознымі «акторамі» — таго, першага, англамоўнага, прыйшлося б вучыць беларускай мове, а не факт, што ён быў да яе здольны!). Я правяраў праз Сеціва: у той год, калі паўсюль слухалі «Кросфайрз» Флаўэрса, сапраўды ў Стамбуле праходзіла выстава Шагала. Але ж гэта было залішнімі высілкамі з майго боку, бо сапраўднасць выставы пацвярджалася хаця б тым, што Наста маўкліва пагадзілася з тэкстам, у якім выкладалася менавіта такая гісторыя іх знаёмства, адрэагавала, прыехаўшы ў Вільню.

Ці можам мы паверыць, быццам проста так супала, што Вілаў трапіў у тое ж «Гюстэпа», што і Наста? Што два чалавекі ў адзін і той жа час, па хвілінах ды секундах, апынуліся ў адным і тым жа — няправільным — месцы? Што яны памыліліся ў адным і тым жа кірунку? Ці, хутчэй, выглядае, што за ёй сачылі ды проста выкарысталі яе памылку як нагоду для таго, каб падкінуць ёй Вілаў? Ці нават стварылі гэтую памылку з дапамогай «выпадковага» «дарадцы», які накіраваў яе не туды? Тэкст сцвярджае, што Вілаў наблізіўся да яе таму, што ў яе далонях быў запрашальнік на выставу. Хто і дзе ёй яго даў? Ці не прадстаўнік усёй гэтай гоп-кампаніі? Дарэчы, для чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, які збег з радзімы ды павінен хаваць свае планы, даволі ненатуральна цікавіцца жывапісам. Тым больш, гойсаць па горадзе з запрашальнікам у далонях. Не веру! Чамусьці цяпер я ўяўляю сабе наступную сцэнку: Наста, пад паркай, згорбіўшыся, каб толькі не пазналі, выходзіць з падземкі ды сутыкаецца з доўбнем, які выглядае безабароннай істотай, і гэта ў Вілаў у далонях — запрашальнік, гэта Вілаў запытваецца ў яе, як прайсці, бо ён так згубіўся!

Заўважце, разлік у гэтым выпадку быў бяспройгрышны, бо зроблены з улікам індывідуальных асаблівасцяў Насты, ейнага памкнення дапамагаць усім і кожнаму. Хлопцы, якія зацягнулі яе ў гэтыя небяспечныя кварталы, добра ведалі яе біяграфію, ведалі пра той эпізод на плошчы, калі яна выцягвала групку збянтэжаных студэнтаў-птушанят з-пад шыхтоў АМАПу (як яе не замялі ў той момант? Але ж усё добра бачна на відэа, якое выкладзена на YouTube, бачна, як яна рыкае: «Не бегчы! Счапіцца! Адыходзіць павольна, разам!»). Зноў жа, адзначым, што з усіх іншаземцаў, якія маглі напаткаць яе там, у Гюстэпа, быў абраны амерыканец — прадстаўнік англамоўнай нацыі, ангельская мова — адзіная, якую Наста больш-менш ведае. Чаму — чыста статыстычна — яе не напаткаў француз? Ці немец, які ні слова не разумеў па-ангельску? Ці не дзіўнае гэта супадзенне?

Пройдзем далей па спісе супадзенняў. Англамоўны іншаземец, які патрабаваў дапамогі, апынуўся мастацтвазнаўцам, патэнцыйна найлепшым суразмоўцам пра Шагала. Нейкім дзіўным чынам гэты мастацтвазнаўца, спецыялізацыя якога — рускае мастацтва, амерыканец, у якіх усё грамадства трымаецца на вузкай спецыялізацыі, здолеў разважаць пра Шагала. Ці бывае так?

Заўважце, нават з тэксту вынікае, што Насту падчас сустрэчы турбавала пачуццё пераследу. Мы ўсе добра ведаем гэты прыкры халадок чужых вачэй на ўласнай патыліцы, які суправаджае гэбэшныя «праводкі» ды сачэнні. Яна магла не бачыць тых спецыялістаў, якія пляліся за імі ўслед, але ж яна адчувала іх. Мы ведаем Насту як моцную, узважаную асобу, якая б не стала істэрыць на пустым месцы. Сцэна, якая дэманструе нам прыпадак параноі, істэрыку, не магла ўзнікнуць проста з-за аслаблых нерваў — не такая Наста асоба. Яна бегла, яна спрабавала схавацца — схаваць сябе ды небараку Джона, не разумеючы, што менавіта ён і з’яўляецца чыннікам неспакою, што ён — той маяк, які наводзіць пераследнікаў.

Мы не можам цяпер даведацца, ці сапраўды той чалавек у кавярні прыйшоў за ёй, але ж сцэна з гандляром салепу нібы паўтарае тое, што адбылося пазней у Вільні (цяпер не ўсе дэталі літоўскай аперацыі вядомыя, але ж дакладна вядома, што яе стамбульская баязлівасць быць атручанай мела пад сабой рэзон). Скончылася ўсё менавіта шэкспіраўскім атручэннем (будзем спадзявацца, што далей у тым тэксце, у які афармляецца гісторыя Настынага жыцця, мы даведаемся пра падрабязнасці).

Джон расказвае ёй камічную гісторыю са сваёй «мастацтвазнаўчай» памылкай з Саўрасавым. На гэтай гісторыі трэба спыніцца асобна, бо яна з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што Вілаў — фэйк, робат, зроблены у сутарэннях КДБ. Справа ў тым, даражэнькія, што кошты на Саўрасава — нават на вялікія па памерах ягоныя працы, не адпавядаюць заяўленым у тэксце. Вілаў адзначае, што прадавец Саўрасава «быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі ды лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам». «Шматмільённы алей», вы заўважылі? А не здзівіліся? Я скажу шчыра, падчас працы над тэкстам не засяродзіў увагі, бо выглядала цалкам лагічна, што такія нахваленыя персаналіі з падручнікаў сапраўды ацэньваюцца ў мільёны. Але адразу пасля таго, як тэкст ціснулі, я атрымаў лісты ад знаўцаў беларускага мастацтва, якія выказвалі здзіўленне заяўленым коштам. «Саўрасаў не каштуе мільёны», — адзначалі яны. Я палез у Сеціва ды нечакана для сябе заўважыў, што апошнім часам на аўкцыёнах за гэтага рускага прапойцу не давалі больш, чым дзве-тры сотні тысячаў. Я тады яшчэ здзівіўся, навошта Вілаў так сказіў кошт. Потым працяла думка, што калі ўсё палатно каштуе толькі дзве сотні тысяч, дык пакупнік не прапанаваў бы камісію, памер якой дазваляў Вілаў боўтацца паміж ЗША ды Турэччынай, жыць у Стамбуле і гэтак далей.

Тлумачэнне знайшлося са скраданнем Насты: ніхто яго і не наймаў. А сцэнарысты гэтага «трылеру» не патурбаваліся знайсці больш адпаведную сусветнай кан’юнктуры попыту на мастацтва знакамітасць. Пры гэтым на павярхоўным узроўні зразумела, чаму яны абралі менавіта Саўрасава — апошні перыяд жыцця, калі той шмат піў, стварае добрую глебу для з’яўлення «не ўлічаных», згубленых «шэдэўраў». Але ёсць і менш павярхоўны ўзровень. Бо Саўрасаў — мастак рускі, а тыя, хто планаваў гэтую аперацыю, бадай, толькі ў рускім мастацтве і арыентуюцца (пра іх прыналежнасць гаворка пойдзе трохі ніжэй). Не хапіла ўзроўню агульнай адукацыі, каб пашукаць сярод фламандцаў: да таго ж, ім патрэбны быў мастак, які дазваляў вывесці Вілаў на размову пра Шагала, мастак, геаграфічна блізкі да Беларусі.

Хадзем далей. Падчас камунікацыі апынаецца, што Вілаў, які сустрэўся нашай гераіне «выпадкова», які «выпадкова» англамоўны, раптам яшчэ і беларус! Ці не зашмат ужо тут супадзенняў? Ці бывае так у жыцці, а не ў надуманым мастацкім творы? Гэты англамоўны беларус, да таго ж, паходзіць з родных Настыных мясцінаў. І зноў «выпадкова» ягоныя продкі некалі валодалі маёнткам, ля якога прайшло Настына дзяцінства.

Я магу ўявіць сабе, як планавалася гэтая аперацыя. Як у вялікім пакоі пад абразамі тых, хто не ведаў абразы, сабралася шмат людзей з надзвычайнымі выразамі на тварах. Як яны, нібы здані, шамоцячы кіцелямі, згрудзіліся над сталом, старамодным драўляным сталом, лак якога меў чарнавата-барвовае адценне засохлай крыві. У пакоі было смуродна, свяціла настольная лямпа пад зялёным каптуром, але ж не музейны экспанат ленінскіх часоў, а навадзел. Такіх лямпаў, з літаральным падабенствам да алейных інтэр’ераў з Дзяржынскім, апошнім часам шмат стала ў крамах, нібы прамысловасць стала афарбоўваць у фізічна наяўныя рэчы чыесьці ўспаміны ды прадаваць гэтыя фрагменты калектыўнай памяці зніклага пакалення па прывабных коштах у ГУМе. Не выключаю, кожнаму чэкісту, нават з аддаленых гарадоў, прыемна мець у кабінеце новаствораны сімвал той эпохі, своеасаблівае пацверджанне пераемнасці традыцыяў ды адроджанай атмасферы тых часоў.

Запавесы на вокнах былі напаўспушчаныя, па тварах мітусіліся цені: гэта нагадвала ўрачыстую цырымонію, зладжанаю патаемным згуртаваннем эпохі рамантызму («Філаматы і філарэты»), кожнаму з іх было прыемна быць яе часткай. На стале, на зялёным сукне, у шэраг былі налепленыя звычайныя жоўценькія паперкі «Post-it», на іх выпісваўся лёс Насты, які меў цяпер абрыс шыхту з маленькіх аркушыкаў. Першы быў падпісаны «незнаёмец», далей ішлі «сустрэча», «збліжэнне», «сяброўства», «каханне?» (са знакам пытання, бо ў такіх тонкіх матэрыях ніколі няможна быць упэўненымі, што пастка спрацуе ажно да пяшчоты, ажно да таго, што ў гэтым ведамстве называецца «рамантычнымі пачуццямі»). Далей ішлі яшчэ паперкі, якія вызначалі, як разгарнецца гэты сюжэт, і мы не можам быць упэўненымі, што адразу тут з’явілася «Вільня», не выключаю, першапачаткова план скрадання быў зусім іншым.

Жрацы ўзяліся за лініі Настынага лёсу і пачалі іх мяняць. Яны адчувалі ўласную магутнасць, бо ці не Боская гэта справа — умяшальніцтва ў чалавечае жыццё і чалавечую свабоду? Ці не Ён — адзіны, хто можа вымусіць нас кахаць? Ці не Ён — адзіны, каму вырашаць, каго нам напаткаць у віры лёсу?

Самы надзвычайны з іх адлепліваў ад стала першую паперку ды агалошваў: «вызначым незнаёмца». І здані прыглушанымі галасамі, па чарзе, агучвалі прапановы. Хтосьці заўважаў, што гэта павінен быць збеглы беларус з рэгіёнаў, што трэба знайсці кандыдатуру ды затрымаць па жалезабетонных абвінавачаннях, так, каб адразу 15 год у перспектыве. Пры гэтым шырока закінуць інфу ў медыі, каб хвалі пайшлі, пайшлі хвалі. Далей у астрозе папрацаваць з ім як след, зламаць, правесці трэнінг, парэпетаваць ды перакінуць да Насты. Вызначальныя рысы — павінен быць беларускамоўным, адданым справе адраджэння, прывабным, як мага больш прывабым (пры затрыманні не калечыць). Першы аркушык Post-It («незнаёмец») накіраваўся ў масіўную попелку з алтайскага крышталю ды быў падпалены. Замест яго шыхт узначаліла налепка «беларус, беларускамоўны», «уцякач» з караценькім пералікам тых, на каго гэты раптоўны лёс — лёс Настынай прынады — мог зваліцца ўжо ўвечары. Але ж надзвычайны пакруціў галавой ды парваў «беларускамоўную налепку»: «Не паверыць. Яна не дасць веры беларусу. Яна ж бачыць усіх гэтых сержукоў ды вітаўцікаў наскрозь. Гэта павінна быць істота з далёкага космасу, якая не мае дачынення да мясцовых дзікунскіх раскладаў і, да таго ж, унутраны свет якой не такі зразумелы для славяніна» (яны ўсе лічаць, што беларусы — гэта такія славяне, бо княства Полацкае, бо Ізяслаў з Рагнедай, але ж не будзем паглыбляцца…).

Так на месцы Post-It «незнаёмца» з’явіўся спачатку «амерыканец», потым, сыходзячы з аналізу яе магчымых пераваг у тым, што тычыцца мужчынскіх імёнаў (хуценькі аналіз зроблены дактарком-псіхаложцам, якога паклікалі з сенцаў: апынулася, што за масіўнымі дзвярамі цэлы бестыарый з малых дэманюкоў, гатовых далучыцца да агульнай справы), выявіў, што лепшае імя — «Джон». Потым нарадзіўся «Джон з беларускімі каранямі». Затык у грамады атрымаўся са «збліжэннем». Я магу ўявіць сабе, як гадзіну за гадзінай яны спрабавалі выдумаць, што можа выклікаць яе сімпатыі да хлопца. Што можа прымусіць прасякнуцца даверам ды адкінуць падазронасць. Усе традыцыйныя хады — «гарэлка», «кветкі», «сумесны паход на культурную падзею (выстава)?» ці не спрацоўвалі, ці не давалі гарантаванага выніку, бо надта ж ужо экзатычным фруктам была Наста з яе характарам.

Калі цяжкі гадзіннік, які нерухома стаяў на падлозе, нібы ўзброены «трохлінейкай» чырвонаармеец-вартавы, агалосіў залу звонавым пералівам, і яшчэ, і яшчэ (працавалі шостую гадзіну), аднаго з іх падштурхнула прагледзець спіс уласных рэчаў Насты («вопіс заплечніка па стане на 18 студзеня … году»). «Што гэта за руіна на яе дзіцячым фота?» — пацікавіўся маладжавы, але ўжо непапраўна цынічны афіцэрык. Паглядзелі ў тлумачальную цыдулку. «„Чазімцява“, маёнтак, належаў Вярбіцкім, нашчадкаў не засталося». Так «незнаёмец», які стаў «Джонам», ператварыўся ў «Джона Вілаў»: на Post-It яны напісалі «уладальнік руіны з дзіцячага фота», мабыць, накідалі яшчэ дэталяў знешнасці, кшталту той самай «схільнасці да лішняй вагі», каб амерыканец быў не проста амерыканцам, але ж тыповым амерыканцам.

Я ўяўляю сабе кастынг «амерыканскіх» прэтэндэнтаў ды якую-небудзь падобную да Насты псіхалагічна і фізіялагічна дзяўчыну, якая працавала «дарадцай па ўспрыманню»: пільна ўглядалася ў твары, камандавала ў мікрафон — «павярніся», «прыспусці штаны», «пакажы ногі», «спой што-небудзь». Тыя, хто «прэтэндаваў» на «ролю», разгублена ды спужана пазіралі навокал у цьмяным пакоі без вокан, па-сабачаму аддана выконвалі абразлівыя, прыніжальныя загады. Аднаму Богу вядома, што прыцягнула цікавасць да іх з боку дзяржбяспекі, на якія скасаваныя крымінальныя абвінавачанні яны абмянялі ўласную дапамогу ў выпраўленні Настынага лёсу. Ці так быў Абраны «Джон Вілаў» у сваёй першай, Стамбульскай, рэдакцыі? Той Джон Вілаў, які расчуліў Насту? Ці лёсы цяпер вызначаюцца як-небудзь яшчэ?

Але ж адыйдзем ад маіх фантазій пра тое, як будаваўся гэты сюжэт, і вернемся да сюжэту як такога. Любога чуллівага чалавека гэтая сітуацыя — калі на чужыне, стоячы адной нагой на іншым кантыненце, ты сустракаеш асобу, што паходзіць з табой з аднаго дзяцінства, узрушыла б да дрыжыкаў. Планоўшчыкі разумелі, што кранаючы тую руіну, тую копанку, той дэндрар, да якіх цяпер ані фізічна, ані метафізічна не дацягнуцца (бо іх няма не толькі ў арэале дасягальных Настай краін, але ж і ўвогуле ў рэальнасці, бо зруўнавана ды спілавана), можна лёгка падштурхнуць яе да нелагічных крокаў.

Што робіць Наста? Яна пераглядае ўласныя планы, якія вялі яе ў бяспеку і якія безумоўна б выратавалі яе ад той гаротнай долі, якую яна напаткала з-за гэтага «літаратурнага эксперыменту». «Вілаў», «маёнтак», «забытая мова» — гэтыя тры складнікі падштурхоўваюць да таго, што наша гераіня не з’язджае ў Амерыку, але ж накіроўваецца ў памежжа. Узважым: ці можна было гэта прадказаць? Здаецца, так. Ці мог чалавек, які пачуў усё тое, што пачуў ад Насты — у тым ліку — пра абвяшчэнне яе ў вышук, дазволіць ёй вярнуцца? Ці ўсё чалавечае ў ім павінна было затрымаць дзяўчыну (заўважце, з яго гісторыі вынікае, што ён не надта намагаўся таго)?

Далей. Джон з вартым жалю пафасам апісвае, як яна не з’явілася на спатканне, і прапануе нам лічыць, што быццам справа была ў тым, што ён пераблытаў мячэць са Святой Сафіяй. Але ж ці былі вы ў Стамбуле? Ведаеце, якая панарама адкрываецца з пляцоўкі ля ўваходу ў Hagia Sofia? Адтуль бачны велічны далягляд, над якім дамінуе Блакітная мячэць. Султан Ахмет зрабіў гэта ў сямнаццатым стагоддзі наўмысна, каб тыя «няверныя», якія ўсё ж такі прыходзілі пакланіцца некалі галоўнай святыні хрысціянскага свету, траплялі вокам на велічны абрыс мячэці з яе мінарэтамі ды купалам. Калі б Наста сапраўды прыйшла не туды, аднаго позірку ёй было б дастаткова, каб выправіць памылку Вілаў. Калі не выправіла, калі не рушыла туды, дык, значыць, не ў тым была справа. Давайце пагодзімся: не збіралася Наста да гэтага «Вілаў», бо адчула подых небяспекі, які ішоў ад яго. Яна развіталася з ім назаўсёды (заўважце — не сказаўшы, дзе жыве!) ды толькі ягоная фанатычная ўпартасць у «ператварэнні ў беларуса» — упартасць, якая была выдуманая, як доказ неангажаванасці Настынамі ворагамі, вымусіла дзяўчыну перагледзець свае адносіны ды сунуцца ў пастку.

Далей у тэксце нас сустракае «віленская частка», у якой занадта ж шмат словаў. Калі б тут не казалася пра рэчы, балючыя для кожнага свядомага беларуса (прызнаюся, што спрычыніўся тут не толькі да рэдагавання, але ж і ўласнаруч дапісаў трохі, з-за чаго тэкст заззяў прыгажосцямі, якія былі слушна адзначаныя на цырымоніі), яе б трэба было скараціць утрая. Асноўнай інтрыгай гэтай часткі з’яўляецца расповед пра збродлівую Асту, якая ледзь не сапсавала ўласным цынізмам ды жывёльнасцю нашага блакітнавокага беларускага хлопчыка. «Аўтар» сцвярджае, што ўключыў гісторыю пра другую дзяўчыну ў тэкст дзеля таго, каб папрасіць прабачэння ў Насты, каб, прымаючы рашэнне, сустракацца ці не, яна ўзважыла ў тым ліку і ягоную загану.

Насамрэч, паверце чалавеку, у жыцці якога было шмат дзяўчын, прычым большасць з іх я спакусіў менавіта маімі літаратурнымі талентамі: друкаваў у «Ахрэме» апавяданне пра каханне, атрымоўваў стос лістоў ад прыхільніц, абіраў найбольш пекных, спакушаў дасціпнасцю ў «скайпе», сустракаўся, ну і далей тарам-парам. Дык вось, паверце казанове са стажам, не будзе мужык шматслоўна апісваць секс з іншай жанчынай для таго, каб прывабіць каханую. Калі б сапраўды Вілаў быў чалавекам, а не тэрмінатарам, запраграмаваным на пошук Насты, ён бы распавёў пра Асту пры асабістай сустрэчы, напаўшэптам, пасля таго, як яны ўжо тарам-парам ды ляжалі ў заслужаным адпачынку (як я гэта называю). Такі падыход мо і падаўся б ёй занадта цынічным, мо і скончыўся б аплявухай, але б гарантаваў тарам-парам (я заўсёды раблю так і заўсёды дамагаўся свайго. А тыя лайдакі, якія кажуць праўду, застаюцца ні з чым, бо да дзяўчыны, як і да кабылы, патрэбны падыход: сунься не адтуль ды атрымаеш базыля капытамі).

Зноў жа, паверце знаўцу ўсяго жаноцкага: Астай у тэксце дасягаліся дзве мэты. Першая. «Аўтар» намагаўся выклікаць пякучую рэўнасць, зрабіць наяўнасць канкурэнткі (і шмат якіх іншых магчымых канкурэнтак) чыннікам абавязковай сустрэчы. Ну не можа баба, тым больш такая баявітая, як Наста, даведацца, што «яе» хлопца, ці нават напаўзнаёмага хлопца, які яе нібыта «кахае», спакушае нейкая іншая дзеўка, а яна тымчасам сядзіць на печы ды боўтае ножкамі. Ну не можа баба не заўважыць, што сцэна расстання з Настай — галоўнай гераіняй гэтага тэксту, уладальніцай манапольнага права на Вілаў, прапісаная з меншай пяшчотай ды болем, чым сцэна страты Асты. Перачытайце тое, як сціпленька яны развіталіся ў Стамбуле — толькі што чайкі крычалі, гэта адзіная прыкмета ўзрушанасці нашага «аўтара». Ён з нейкай аслупянеласцю ідзе да сябе ў гатэль, а потым усё п’е гарбату, чакаючы яе ля Блакітнай мячэці. Звернемся ж да сцэны расстання з Астай і тут пабачым, як ён прагна аглядаў яе спіну, калі тая апраналася, як ён каштаваў шампанскае яе вуснаў, як абрыналіся «белыя шматвежавыя замкі супольнай будучыні», калі ён застукаў яе з мужам. Дык пра каго гэтая аповесць? Пра Насту ці пра Асту? І калі ўсё ж пра Насту, дык навошта рабіць яе незаўважным ценем, які герой, здаецца, і ўспамінае выключна ў кантэксце высокіх пачуццяў да радзімы? Уяўляеце, да якога вар’яцтва гэта павінна было давесці нашую баявітую гераіню?

Яшчэ адна цікавая абставіна: усім нам вядома, як рупяцца дзяўчыны пра сваю знешнасць. Калі жадаеце якую з іх зачапіць, убіць у галаву кол думкі, якая будзе ўсплываць у ейных размовах ажно пакуль Хрыстос сапраўды не прызямліцца ў Гародні, дык скажыце штосьці добрае пра знешнасць сяброўкі, забыўшыся адзначыць, што вашая суразмоўца ўсё ж прыгажэйшая. І «Вілаў» гэта ведае: у першай частцы тэкста мы наогул не знойдзем ніякіх узрушаных апісанняў знешнасці Насты. Мы ведаем пра яе выключна тое, што яна «чарнявая» (ну і што?), што яе далонькі «распаленыя», хуткія ды нервовыя (хутчэй непрыемная акалічнасць — нейкі злодзей-кішэннік, а не дзеўка). Мы пабачым тут таксама «сціснутыя вусны» (ці прыгожа гэта? Здаецца, не), вострае ды ганарліва ўзнятае падбароддзе, «моц» у далікатным стане. Карацей, не баба, а нейкі мужык-гімнаст-клептаман. Пра Асту ён піша, захлынаючыся ад захаплення, ён «жарэ» яе вачамі, бо яна падаецца яму «прыгожай, вельмі прыгожай». Супрацьпастаўленне Асты ды Насты — гэта супрацьпастаўленне прыгажосці ды моцы. Супастаўце радкі пра прыгажосць літоўскай калабродкі з характарыстыкай Насты — «колькі неверагоднай моцы адчувалася ў яе постаці! Колькі свавольнай энергіі!» Якой жа дзяўчыне не захацелася б пратэставаць, бараніць уласную феміннасць? Тут не трэба было мець на руках падрабязнага псіхалагічнага партрэту Насты, падрыхтаванага спецамі выведкі (а зразумела, што такі партрэт у аўтара гэтага тэксту быў), каб зразумець, што такое неахайнае да яе стаўленне, у звязцы з палкімі прызнаннямі Вілаў, яе завабіць. Яна прыедзе на спатканне, хаця б для таго, каб даказаць (самой сабе), што прыгажэйшая за ўсіх. Хай пры гэтым будзе раз’юшаная ды з’едлівая, але ж прыедзе.

Другі чыннік з’яўлення Асты (зноў адзначым наўмысную, неверагодную «літаратурнасць» сугучнасці імёнаў) — увесці ў тэкст «дзікуна», «зухаватага дзядка» Іванова. Сэнс усяго гэтага эпізоду з падазроным чалавекам, які па-вар’яцку дамагаўся пабачыць «сяброўку» Вілаў ды пасля таго, як тая збегла арганізаваў вобшук кватэры — не ў сюжэце як такім. Сэнс быў у тым, каб намаляваць нам дзіўны свет успрымання «аўтара», які не можа здагадацца аб відавочным, аб тым, што дзядок працуе на спецслужбы, што вобшук зладзіла КДБ, што кампутар скралі дзеля таго, каб высветліць, ці кантактуе ён з Настай праз пошту і з якіх IP-адрасоў ад яе прыходзяць лісты, у якой краіне яна хаваецца. І вось нам вымалёўваюць сцэну, у якой любы беларус пра ўсё здагадаецца, прачытае ўсе закладзеныя ў сюжэт узроўні, а «аўтар», нібы несамавіты дундук, дзівіцца ды з апошніх сілаў робіць выгляд, што Іваноў сапраўды быў безабаронным ды бяскрыўдным вар’ятам. Выснова, да якой павінна была прыйсці Наста, — што пісаў сапраўды амерыканец, далёкі ад усёй гэтай нашай клінічнай грамадска-палітычнай шызафрэніі. Тут «стрэліў» не «plot», як напісаў бы «Вілаў», тут стрэліў «фокус нарацыі» — спецыяльны літаратуразнаўчы панятак, які адсылае да пазіцыі таго, хто расказвае нам гісторыю і тых умоўных чытачоў, якія ў гэты час слухаюць яго ў амфітэатры ўяўлення аўтара. Чытачы павінны былі ўсклікнуць: «Ах, які ж ён наіўны, безабаронны душка, гэты Вілаў!».

Яшчэ адно нязручнае пытанне да аўтара гэтага тэкста ці тых людзей, для каго тэкст быў выключна механічнай прыладай, кшталту таго пляскатага гузіка ў пастцы, на які звычайна нашпільваецца кавалачак сала. Мышаня хапае сала з гузіка, выпростваецца сталёвая ды тугая, нібы ў дубальтоўцы, спружына і бац — замест адной істоты мы маем два кавалкі рассечанай на часткі ды яшчэ цёплай свежыны. Дык вось, пытанне наступнае, панове. А што здарылася з катом Крысцінай? Яго забіла машына? Ці з’ела прагная і заганная Аста? Каб не на пусты страўнік глытаць «бурбалкі шампанскага», якога ва ўсіх прасцінных сцэнах нават болей за секс? Кот спруцянеў ад абразлівасці таго, што ўладар прыняў яго за дзяўчынку ды не заўважыў у кацяняці двух маленькіх камячкоў, якія сімвалізуюць ягоную мужнасць і годнасць? Дзе падзеў ката, аўтар?

Я растлумачу вам, куды той дзеўся. Крысцін завязнуў у дрыгве сюжэту, бо з’яўляўся трэцяраднай дэталлю, кшталту колеру вачэй у афіцыянта, які абслугоўвае кампанію, якая скокала ў п’яным гапаку вакол галоўнага героя, калі той… Разумееце ўзровень запатрабаванасці Крысціна? У такога афіцыянта за тэкст колер вачэй пры сярэднеўзважанай нядбайнасці аўтара можа змяніцца тройчы — ад адценню шампанскага (з бурбалкамі), калі тыя пачынаюць з шампанскага да сталёвага блакітнага, які тэкстуальна раптам сутыкнуўся, счапіўся са скрадзеным у параксізме п’янай прадбачлівасці мельхіоравым відэльцам (у выкрадальніка наваселле, яму няма чым дома падчапляць сасіскі з талеркі, ну бывае так!). Крысціна штуршкамі ўпіхнулі ў пакоі Вілаў, бо кот быў патрэбны дзеля ўзгадкі пра котку Насты, якую прыбіла мамка-садзюга. Кот Крысцін быў яшчэ адным кавалачкам сала ў пастцы, развіваў супрацьпастаўленне людажэрнага свету Беларусі, да якой аўтар, дарэчы, ставіцца занадта грэбліва, і гуманнага, прыемнага ва ўсіх адносінах Вілаў. Адтуль жа, дарэчы, узгадка пра тэлевізійны сюжэт пра норыцаў. Норыцы знешне падобныя да катоў, асуджэнне ўсёй краіны агулам за тое, што ў ёй забіваюць норыцаў (а што з імі рабіць? Чакаць, пакуль падохнуць ад старасці? Ці, можа, адпусціць у лясы ўсіх звяркоў, якія каштуюць больш за мільён еўра?), дык вось, гэтае асуджэнне псіхалагічна ўмацоўвала пазіцыі Вілаў. Ён бароніць норыцаў, ён завёў ката і назваў яго ў гонар забітай Настынай коткі, ён такі небарака, што нават чэлес кацяняці не заўважыў, ну ці яго можна падазраваць у сувязях з вайсковай выведкай ці КДБ?

Але ж кот — не сюжэт па тэлевізіі, які прамільгнуў, быў узгаданы ды забыўся. Заўважце, Крысцін «нарадзіўся» ў тэксце на палове другой часткі. І з той пары пра яго — ніводнай згадкі. Суседская курыца яшчэ ўсплывае, а кот, кот, якога трэба карміць, паіць, які спіць з табой у адным ложку, ці чамусьці не спіць (звычайна гэта адразу трагедыя — кот не спаў са мной сёння, штосьці здарылася, мы страцілі псіхалагічную сувязь, ці я яго пакрыўдзіў!), кот — знікае. Кот, які павінен быў раздзерці гаспадарскую мэблю ды быць адзначаны за гэтае россыпам сюсюканняў (бо ката ж лаяць немагчыма), кот, які павінен быў неяк паставіцца да Асты (уладальнікі катоў ведаюць, што пра тое, як прыняў Асту Крысцін тут павінна было быць адразу некалькі абзацаў) — ён наўпрост знік. Гэтае знікненне з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што тэкст Вілаў апісвае не рэчаіснасць, але выдумку. Няўвага да трэцярадных дэталяў вымышленага свету — распаўсюджаная прыкмета аўтараў, якія толькі пачынаюць шлях у літаратуру. Колер вачэй афіцыянта змяняецца тройчы, герой раптам хапае са стала кілішак з гарэлкай, хаця замаўляў крамбамбулю — знаўцы ведаюць, пра што я кажу.

Рэчаіснасць не дазваляе сказіць падобныя дэталі. Калі мы маем справу з аўтабіяграфічнымі творамі, каты не знікаюць. Вілаў прадае ўласную частку дэбэшнай пасткі менавіта як аўтабіяграфію. Але не існавала таго героя, якога ён пазначае аўтарскім «я». І ката ў таго героя ў двухпавярховай кватэры ля Піліес не было. Кватэра была, нават «віленскі Вілаў», «Вілаў № 2» з дрэннай, ламанай беларускай мовай там жыў, прычым хутчэй за ўсё жыў не адзін, а з брыгадай захопу. Але ж гэта быў не той чалавек, якога бачыла Наста ў Стамбуле, не той, хто яе «кахаў», не той, хто пісаў даволі дасканалы беларускамоўны тэкст. Тут была сапраўдная «здымачная брыгада», сапраўдны вайсковы шыхт з герояў, дублёраў герояў, свядомасці герояў, якая афармлялася ў тэкст. І дзіва што нейкаму кату, згаданаму ў тэксце, у рэальнай кватэры месца не знайшлося. Калі Наста сунулася б туды, ката (ці ягонай адсутнасці) усё роўна разгледзець не паспела: яе б захапілі яшчэ на падворку, «зухаваты Іваноў» бы захапіў. Коціка не было ў рэале, знік ён і з тэкста, быў забыты нядбайным аўтарам.

Колькі чалавек пісала гэты тэкст? Колькі чалавек — Джон Вілаў? Карціць заявіць, што аўтараў было трое. Такое ў мяне асабіста склалася ўражане. Тэкст нагадвае мазаіку з фрагментаў, якія не роўныя адзін адному па моцы ды па мове. Здаецца, самы віртуозны і віхлявы спец ствараў фрагменты, якія краналі пачуцці. Усе гэтыя чуллівыя лямантаванні пра мову, пра Насту, пра радзіму. Быў другі, неблагога ўзроўню (карэктар «Нашай нівы»), які вымалёўваў Стамбул ды Вільню і выдумляў сцэнкі кшталту тых танцуючых маладзёнаў. Быў і зусім слабы, роля якога палягала ў тым, каб проста «правесці» сюжэт ад кропкі «А» ў кропку «Б» па сінапсісе, які пакінулі першыя двое. Тэкст утрымлівае падказкі наконт наяўнасці гэтых трох: моўнае шматгалоссе, калі адзін і той жа панятак сігніфікуецца рознымі лексемамі. Так, «пархаты дыван» далей ператвараецца ў «лятучы дыван» з тым, каб скончыць найменнем «дывана-самалёту». У чалавека не бывае так, каб у адным месцы шклянка называлася «кіліхам», у другім — «куфлем» ці якой-небудзь іншай трасцай. Зноў жа, «кошкі» ў тэксце то «коткі», то «кошкі». Мы ёсць тое, як мы гаворым. І flying carpet для нас будзе ці то «пархатым дываном», ці то «дыванам-самалётам». Можна спрачацца аб тым, што дакладней, што больш па-беларуску, але, здаецца, не варта спрачацца, ці можа адна і тая ж свядомасць прадукаваць розныя словы для адной і той жа з’явы.

Але ж я не буду сцвярджаць прынцыпова, што Вілаў было тры (ці чатыры, улічваючы «вагасхільную» істоту, якая наогул нічога не пісала, роля якой вычэрпавалася выключна суправаджэннем Насты па Стамбуле). Знаёмыя лінгвісты кажуць, што розныя найменні ўласцівыя людзям, няпэўным у моўным асяроддзі. Мысленне такіх людзей яшчэ не афарбавалася канчаткова, яны жанглююць тымі словамі, якія ім падказвае свядомасць.

Кранем лепей больш балючую тэму, з якой можна будзе лёгка перайсці да галоўнага пытання — спецы якой краіны ўсё гэта зладзілі. У стамбульскай частцы Вілаў параўноўвае каштаны з «печанай бульбай». Параўнанне трапнае — кожны тут, хто хаця б раз быў у дзяцінстве на піянерскім вогнішчы, хто пеў «Взвейтесь кострами», узгадае печаную піянерскую бульбу, з яе хрумсткай скарынкай, яе салодкі смак… Але ж адкуль у Вілаў, амерыканца, такія ассацыяцыі? Адкуль у яго ў падсвядомасці ўзялася гэтая бульба? Бо, здаецца, пад зорным небам Мічыгана юнакі пякуць макмелаў пай, але ж не бульбу. Дык як Вілаў зведаў гэтую асацыяцыю? Ды дзе пад Калугай, Масквой ці Піцерам жор сваю печаную бульбу?

Далей «аўтар» сцвярджае, што «асноўны орган успрымання для мастацтвазнаўцы… — пятая точка». Сам выраз не беларускі, няма «точкі» ў мове, але ж ідыёму тут дзіўна было б перакладаць як «пятую кропку». І я яе не чапаў. Аднак — заўважце — у беларускай мове такога выразу, «пятая точка» — няма. Аўтар сцвярджае, што з рускай мовай не знаёмы. Настолькі незнаёмы, што нават слоўца «краваць» у набокаўскім вершы яго бянтэжыць. Дык адкуль тады ўстойлівы выраз, прапіска якога — у рускай, а не беларускай ці літоўскай мовах? Ці, можа, аўтар усё ж у першую чаргу рускамоўны і толькі ў другую — беларускамоўны? Можа, у прастору беларушчыны ён ступіў з імперскай глебы рускай культуры?

Ён зубаскаліць са смешнага выразу ў біяграфіі Івана Анісімавіча Зайчыкава, мастака з рускай глыбінкі, высцёбвае «крыэйціў пафф», якім недарэчна перакладзены «творчаскі шлях». Але ж зноўку: няма ў беларускай ідыёмы «творчаскі шлях». Пабачыўшы creative path у тэксце сапраўдны амерыканец павінен быў здзівіцца ды не зразумець, да якога ўстойлівага выразу тут адсылае пераклад. Адкуль у Вілаў веды аб «творчым шляху» (заўважце — не «творчым шляху», а менавіта «творчаскім» — суфікс не беларускі!)?

Прыгожы момант, дзе ў кнігакавярні Вілаў кажа, што вымушаны быў карыстацца «ангельскай мовай», каб паразумецца з афіцыянтамі, якія ні бельмеса не разумелі па-беларуску. Ён усклікае: «Толькі беларуская надавала майму роднаму маўленню (ангельскаму) анёльнасць, нябёснасць», бо сапраўды можна заўважыць цень «ангела». Але ж «ангел» — рускае слоўца. Рускае, не беларускае! Як ён зразумеў гэтую «анёльнасць» ангельскай? Адкуль даведаўся пра «ангела»? Гэты момант, дзе ў імя стылістыкі адмаўляецца папярэдняя легенда пра «адно беларускамоўнага Вілаў» — першы трывожны званочак, у якім ужо дакладна чуваць бразгат сталёвых дзвярэй Лубянкі.

Яшчэ адзін званочак — Астын нос. Памятаеце, як Вілаў, каб пазначыць правільнасць носу, узгадвае «па-гогалеўску агромністыя гіпсавыя макеты», якія ён нібы маляваў на анатоміі ў каледжы? «Па-гогалеўску агромністыя» гэта ўзгадка пра «Нос», значны твор у рускай культуры. Нават не пра сам «Нос», але пра ягоную апошнюю частку, дзе герой бачыць нос, які самавіта блукае па горадзе. Упэўненасць, з якой узгаданы гэты нос, выкрывае адчуванні аўтара. Што да распаўсюджанасці гэтага вобразу з рускай культуры ў беларускамоўным асяродку. Не буду пытацца, дзе ён прачытаў той «Нос», запытаюся, дзе ён узяў уяўленні пра таго чытача, які можа свабодна зразумець рэферэнцыю.

«Я нагадваў сабе чароўнага прынца, які прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, забіў качку, выцягнуў з яе яйка, з яйка дастаў іголку, праз агонь і дрыгву прыскакаў да каралеўны…» — гэты фрагмент пераказвае сюжэт казкі, галоўнага ліхадзея якой некалі на беларускую перакладалі як «здыхліка неўміручага» (Кощей Бессмертный) — дробная помста першых лінгвістаў незалежнай Беларусі за культурнае дамінаванне ўсяго рускага. «Кощей бессмертный» — руская, а не беларуская казка. Я не надта абазнаны ў этна-лінгвістыцы, але ў Сеціве вы знойдзеце шмат узгадак пра тое, што казкі, на якіх гадаваўся ў дзяцінстве, назаўсёды фармуюць успрыманне суб’екта (пачытайце хаця б Леві-Строса). «Здыхлік неўміручы» — відавочная прыкмета нацыянальнасці тых, хто стварыў пастку для Насты. Яны — маскалі, яны гадаваліся на казках пра Івана-дурня, лайдака, якому нават птушкі вымушаныя былі дапамагаць зрабіць уласную працу.

І зусім ужо не пакідае сумневаў ягонае прызнанне, што каб знайсці каханую, ён распрацаваў «спецаперацыю». Слоўца, якое часцяком можна пачуць у ФСБшным этэры суседняй краіны, якой заўсёды ёсць справа да маленькай ды незалежнай суседкі са старажытнай гісторыяй і прыгожай мовай.

«Спецаперацыю» па пошуках Насты зладзілі менавіта нашыя рускія сябры, бо ні ў адной спецслужбы маленькай Беларусі не ставала б грошай, каб здзейсніць нешта падобнае па амбітнасці ды размаху. Планавалася аперацыя на Лубянцы, менавіта там, у цішы велічных ды страшных пакояў, якія шмат для каго з дзеячаў беларускага адраджэння былі апошнім колам Дантавага пекла, адбылося Настына лёсавызначэнне. Менавіта тут, пад вялікімі, ва ўсю сцену, партрэтамі катаў, мечаных россыпамі залатых пентаграм — таўра іх адданасці справе нячысціка, выдумляліся вясёлкавыя поплававы, што натхнялі на вывучэнне мовы няіснага Вілаў, выкліканага з глыбіняў вычварэнскага ўяўлення. Навошта яны дапамаглі беларусам захапіць дзяўчо (відавочна, што ўтрымліваюць яе цяпер дзе-небудзь у аддаленай ад Менску лясной установе, замаскіраванай пад дом адпачынку з бетоннай агароджай, шэрая шурпатасць якой адпудзіць выпадковага грыбніка ўласным дысанансам з лагодай навакольных краявідаў)? Не толькі з-за пачуцця карпаратыўнай салідарнасці, разумення, што мэты ў іх адны, апісаныя, здаецца, тады яшчэ, калі стваралася Пісанне… Не, тут быў цвярозы разлік, прадбачлівасць, уласцівая тым, хто вось ужо трыста гадоў не дазваляе нашай зямлі прачнуцца. Трэба было прыбраць Насту, як апошнюю надзею Беларусі на не залежную ад пякельнай барвовасці будучыню. Трэба было пазбавіць магчымасці гаварыць тую, каму хапіла смеласці называць белае — белым, чорнае — чорным. У тым жа і ёсць справа Вельзевула: зблытаць дабрадзейнасць і загану ды не даваць людзям ачуняць. У гэтай зграі хапае вопыту па вярбоўцы выканаўцаў за мяжой ды здзяйсненню эфектных спецаперацыяў там, дзе шануюць зусім іншых багоў. Згадаем хаця б Троцкага ці Ліцвіненку.

І я, Янка Пільняк, свядомы беларус, міжволі адыграў уласную ролю ў дэбэшным спектаклі, што быў зрэжысіраваны Масквой. Я рэдагаваў гэты тэкст, я дамаўляўся аб ягонай публікацыі. Няма мне прабачэння! Што магу сказаць у абарону (голасам няўпэўненым ды вінаватым)? Што прадбачыў нейкую неспадзяванку ды намагаўся дапамагчы хаця б намёкам. Першая частка напісанага Вілаў тэкста называлася «Снег у выраі» — з-за тых не ўласцівых Турэччыне ападкаў, якія нібыта пабачыў Джон пасля таго, як не дачакаўся каханай. І вось, калі я дасылаў карэктуру на вычытку «аўтару», літаральна ў апошні момант, я вырашыў трохі змяніць сцэну, у якой герой уцямлівае, што спрычыніўся да Настынага вяртання. Там, дзе Вілаў «вінавата маўчаў», дзе ён нібы падбіраў словы, каб яна ўсё ж не адмаўлялася ад мэты знайсці супакаенне ў Штатах (пагана падбіраў!), я дапісаў ад яго імя тое, што вы ўжо прачыталі ў «Ахрэме»: «я зразумеў, што стаў для яе нагодай, падставай для прыняцця рашэння, якое можа яе згубіць». Першапачаткова тут не было слоўца «падстава», якое ў беларускай з’яўляецца кшталту сіноніму да нагоды. У суправаджальным лісце я прапанаваў Вілаў выкарыстаць гэты фрагмент, каб назваць гэтую частку як «Падстава». Ён трохі здзівіўся ды адзначыў, што па ягоным адчуванні «Снег у выраі» лепей за «Падставу». Але ж я запярэчыў, падкрэсліўшы, што «сцюжа» ды «вырай» ужо прысутнічаюць у назве, і нам не варта рабіць паўтор. Тым больш, што назва першай часткі ідзе ў тэксце адразу ж пасля назвы ўсяго твора. У рэшце рэшт Вілаў са скрыгатам пагадзіўся, бо мой аўтарытэт у стылістыцы тэкстаў лічыцца бясспрэчным.

Чаго я дамагаўся гэтым перанайменнем? Сапраўды, у беларускай «падстава» ёсць сінонімам «нагоды». Але ж рускі кантэкст, а няма сумневу, што Наста, як і ўсе мы, адной нагой ці паловай адной нагі стаіць у гэтым рускім кантэксце, дык вось, рускі кантэкст мае яшчэ адну канатацыю «падставы» — тое, што па-ангельску можна вызначыць як «set up», а па-беларуску — «пасткай» (я ж тады быў упэўнены, што Вілаў не можа прачуць шматзначнасці «падставы»). І вось тэкст выйшаў з «падставай» у шапцы. Чаму Наста не заўважыла гэтага майго засцерагальнага шэпта, які прагучаў на тле чужога тэкста? Эх, каб я ведаў, чым скончыцца!

І апошняя сумная рыса. Два тыдні прайшло пасля таго, як з Вільні дайшлі супярэчлівыя звесткі аб тым, што Насту ўзялі. Уся беларуская дыяспара, усе ўзгаданыя ў тэксце «сяргеі», у якіх мы з лёгкасцю пазнаем сапраўды існых беларусаў, яскравых прадстаўнікоў нашае эліты ў выгнанні, што сябравалі з мярзотнікам, спрабуюць расшукаць таго Вілаў. Ён жа нібы выканаў запланаванае побач з (выдуманай) Астай ды (выдуманым) мужам Асты і праваліўся пад зямлю ў пекла (туды яму і дарога). Хата ля анёла спусцела, спусцелі і пакоі, якія займаў «Іваноў». У агенцыі кажуць, што сапраўды нерухомасць была ў доўгатэрміновай арэндзе, але ж пашпартных дадзеных гасцей у іх не захавалася (а калі б захаваліся — што гэта б дало? На Лубянцы маглі зрабіць пашпарт на імя не толькі грамадзяніна ЗША Вілаў, але ж нават на адказнага карыстальніка жылплошчы «Дэмана Іванавіча Рагатага»). Дык вось, у гэтай мітусні, калі яшчэ не было зразумела, якіх памераў пастка была падрыхтаваная для Насты, на маю хатнюю скрыню прыйшла пульхная бандэроль з ЗША. Без зваротнай адрэсы, штэмпель «П. О. боксу» з Бостана ды стракатыя налепкі авіяцыйнай пошты. Адпраўніком быў заяўлены той самы Джон Вілаў, які ўбіўся ў ласку палове беларускай Вільні.

Дрыготкімі рукамі рву паперу, адчыняю кардонную скрынку ды бачу там ёлачную ляльку: палатняны трусік у клецістай сукенцы ды франтаватым паліто з адарванай у параксізме юнага садызму нагой. Ні ліста, ні якіх іншых тлумачэнняў. Перад тым, як знікнуць назаўжды, знікнуць без следу, Вілаў даслаў мне цацку, падараваную яму дзяўчынай, якая з-за яго скончыла ў астрозе. Не ведаю, ці то былі сентыментальныя пачуцці (калі падобныя пачвары здатныя на пачуцці), якія вымусілі яго напрыканцы «здаць інвентар». Бо можна ж было тую ляльку змясціць у якім-небудзь «пакоі славы» на Лубянцы, пакоі, у якім можна знайсці артэфакты, здабытыя цягам паспяховых аперацыяў, сімвалы пераможнасці дзяржбяспекі: ледасек, якім праламілі галаву Троцкаму, кубачак з кавярні, у якой атрымаў дозу палонію Ліцвіненка… Але ж вось выракся, даслаў тое, што яму не належала, бо не яго гэта спадчына — асабістыя рэчы зніклага маёнтка. Можа, не хацеў гнявіць здані, што яшчэ лётаюць там, над поплавамі ля Навагрудку? Ці кіраваўся спецыфічнымі службовымі забабонамі, згодна з якімі — дужа дрэнная прыкмета захоўваць маёмасць тых, чый лёс паламаны дзякуючы табе? А можа, гэта быў знак таго, што Вілаў назаўсёды выходзіць з гульні, знікае, раствараецца ў паветры? Каб мы яго не шукалі? Вось апошняе, што звязвала яго з Настай, пекнай прыгажуняй са станам далікатным, нібы вітая калона часоў барока, лялька, лялька з адарванай нагой…

Наста, я ведаю, што ты не прачытаеш гэтыя словы, але я бяру гэтага трусіка — твайго трусіка, кампаньёна па бестурботнаму дзяцінству, я бяру яго ў далоні, скручаны адчуваннем уласнай віны перад табой, я бяру гэтую маленькую палатняную істоту са збянтэжанай мыскай — яго сапраўды пазбавілі мамкі, бо ты ж гуляла з ім, была для яго як маці, я захоўваю яго ў доміку ўласных рук, я кранаю яго за лапку ды паводжу ёй з боку ў бок, гэта такое вітанне — ён не ведае, дзе ты, але ж вітае цябе, вітае, небарака, у якога няма душы і які з-за гэтага ніколі — ніколі, Наста, не здрадзіць. Не здрадзіць табе, як гэта зрабілі людзі, здаецца, усе людзі, усе да аднаго, якія цябе атачалі, і я — я ў іх ліку… Ён памятае пра вашыя гульні, пра тыя пяшчотныя словы, якімі ты яго клікала, ён нудзіцца, яму дрэнна без цябе, але ж ён маша лапкай, і мы з ім — мы ўдвух — спадзяемся, што там, дзе ты зараз, табе зрабілася трохі цяплей.

Як бралі Насту

Допіс з блогу карыстальніцы Crazy_By

Хай, піпл! З-за таго, пра што я тут сабралася казаць, гэты ўтульненькі бложак наведае процьма народу, большасць пра мяне і не чула, дык прадстаўлюся. Я — Крэйзі, тая чувіха з зялёнымі валасамі, якую можна пабачыць на ўсіх асабістых фотах Насты апошніх пяці гадоў. Мы з Настачкай, як бы тут пацнатлівей выказацца, карацей, мы з ёй людзі, якія добра, вельмі добра, ведаюць адна адну. Пазнаёміліся пяць год як, падчас адсідкі за нейкую там акцыю салідарнасці, Наста туды папёрлася, бо ёй балела, я — таму, што шукала драйву, потым была бойка з АМАПам насупраць магаза «Паляўнічы», вясёлая такая — цемень, выбліскі фотаапаратаў, народ раве — ну натуральна дыскатэка! Вы павінныя былі бачыць той ролік, дзе я ўскочыла на плечы «касманаўта» ды катался на ім з бел-чырвона-белачкай. Калі пачалі пакаваць у аўтазак, гэта я прыдумала спяваць «Зеленаглазае таксі» — здаецца, тым і здабыла сімпатыі Настулі. Потым прысуд, 15 сутак, дзяўчачая камера, ну і неяк ужо там з намі шмат чаго адбылося, і прыкальней за ўсё было цалавацца, калі ў вочка пяліўся канваір: яны там кансіліумы збіралі, мабыць, каля нашых дзвярэй, не ведаю, што там рабілі, але сапенне было чутно тое яшчэ.

Калі выйшлі, адразу паехалі да мяне і там ужо далі дусту, больш не развітваліся, толькі тады, калі мая дарагая бзднула ў Стамбул, ды так хутка, што нават я за ёй не паспела — дамаўляліся сустрэцца ўжо ў Штатах, там яна казала ў Каліфорніі аднаполыя шлюбы дазволеныя. Дык я ёй нават у Брусэлі ў ювелірцы на самым галоўным пляцы пярсцёнак стырыла, з дыяменцікам, збіралася ўрачыста ўручыць на свабоднай зямлі. Але ў Стамбуле мая Наста дала слабіну ды сказала, што не едзем нікуды, што застаецца яна ў Еўропе. Ну застаемся дык застаемся. Пажылі трохі ў Вільні, потым маханулі ў Нямеччыну, потым перасунуліся ў Прагу, і мне там больш за ўсё спадабалася, бо ніхто на дзявочыя абдымкі не азіраецца ды можна шмаль паліць, пазычыўшы запальніцу ў паліцыянта. Потым быў Берлін, Амстэрдам — добры гарадок, але ж надта тлусты: кава каштуе, як прастытутка ў Вільні — я за тыя дзесяць еўра сама ў бэхе на Шоду задавальняла аднаго прыстойнага каталіка, каб Настачцы было чым павячэраць. Усе сквоты кішаць мажорамі, якім шкада за гатэль дзве соткі еўра пакідаць, карацей, не спадабаўся нам Амстэрдам. Пабоўтала нас апошнім часам як след. Настунька змучылася ад параноі — яе зноў абвесцілі ў вышук, ды сябры з Беларусі пісалі, што шукаюць, як некалі Сталін Троцкага. «Што я такога зрабіла?» — не вытрымлівала яна, я ж яе песціла, гладзіла па валасах, ды мая бэйбі патроху супакойвалася.

Потым мая каханая трохі папусцілася на тэму прывязанасці да бацькаўшчыны, бо яе ў Стамбуле неяк моцна торкнула, ды пачасалі мы на Усход. «Там кошты на жытло таннейшыя», — сказала яна, як быццам бы мы здымалі жытло ўсе гэтыя гады, а не бадзяліся па бамжатнях ды падобных да бамжатняў свабодных майстэрнях мастакоў-авангардыстаў. Я пагадзілася, бо з дзяцінства было цікава пабачыць, як малпы трахаюцца, у заапарках іх трымаюць у розных клетках, дык не пазырыш. Да таго ж, у Бангкоку прасцей знайсці якога рускамоўнага свінтуса, якому сто баксаў за секс з белай дзяўчынкай — не грошы, бо навокал выключна азіяткі, —падумала я, але Насце нічога не сказала. Яна ўзяла моду мяне раўнаваць да кожнага, хто ў мяне засоўваў гэтую штуку — нібы з мужыком у дзяўчыны са сфармаваным унутраным светам могуць быць нейкія пачуцці, акрамя прагматычнага жадання вычапіць як мага больш грошай за як мага менш сексуальных высілкаў у ложку (ці не так было выдумана гетэрасексуальнае каханне?).

Павандравалі па Тайландзе, не спадабалася, у групе жаночага суправаджэння нейкага сярэдніх памераў (23 см) нафтавіка пераляцелі ў Індыю, там адразу ж збеглі з гэтага гарэму. Індыя была ўжо лепей, аднак брудненька. Наста тым часам валакла мяне на Поўнач, скончылі ў Чайне, у Тыбеце, трохі там пагойсалі па гарах, падражнілі маладжавых прыгожых, нібы дзяўчынкі, будысцкіх манахаў, ды Наста раптам зноў засмуткавала. Я кажу ёй — хэй, паглядзі, якое ў нас жыццё цікавае, вандруем, як чалюскіны, а яна ў адказ нешта пра радзіму, далася ёй тая радзіма з касымі хібарамі ды раскіданымі стрэхамі. Але ж я ў нас здабытчыца, яна — стратэг, таму павалакліся ў Еўропу, зачапіліся ў Ваве, бо ў Польшчы тыя ж бярозкі, і мова ёй нагадвала беларускую. Вось тут і здарыўся прыкол. Хтосьці ёй падсунуў інфу аб пераможцы «Глінянага хуя», нейкі амерыканец, які накрэмзаў раманчык па-беларуску. Апынулася, што яна таго амерыканца напаткала ў Стамбуле, ды ён выклаў «рамантычную» гісторыю іхняга кахання, за што і быў узнагароджаны галоўным беларускім літаратурным чэлесам. Яе трохі гэта ўразіла, яна ўсю ноч чытала ягонае сачыненне, недзе нават хлюпнула носам. Мне тэкст совала, я адкрыла на выпадковай старонцы, чытнула тры радкі ды зарагатала. «Ну, кажу, Наста, ты тут пава! Нібы тыя цёткі з куксамі з іспалкомаў! Размаўляеш тут так мудрагеліста, як у Набокава. Ты што, каб яго завабіць, вырашыла сур’ёзку ўключыць?». Яна нічога не адказвала, нібы сапраўды прасякнулася сімпатыяй да гібона — а ўсе ж мужчыны ў плане пачуццяў ды інтымных адносінаў натуральна гібоны. Я яшчэ доўга кпіла з недарэчнасцяў гэтага фрагмента. Адзінае, што там да Насты падобна — сцэна, дзе яна турку мозг калупае, каб ён з амерыканца тры шкуры за вячэру не лупіў. Вось тут — так, Наста. Усё астатняе — трызненне, апісанае мовай пазамінулага стагоддзя.

Я яшчэ выпадковую старонку прачытала, каб было, чым маю каханую дражніць, натрапіла на момант, дзе яна гібону кажа, што збіраецца ў Штатах мужа завесці, «мужа-беларуса». Я спачатку думала пакрыўдзіцца, але потым зразумела, што яна, мабыць, пра мяне кажа як пра «мужа» — мы з ёй час ад часу дурачыліся, розныя ролі выдумлялі. Так, сапраўды планавалі дзіця ўсынавіць у Штатах, выгадаваць яго беларусам. Карацей, праехалі. Ну не адразу праехалі, пабілі посуду, прычым не ўласнага, уласнага посуду ў нас ніколі не было, у кавярні я неяк не вытрымала, на наступны дзень, бо прыкра было за гэтае хлюпанне носам. Вызверылася на яе гэтыя «гетэрныя» замарочкі, кажу, бля, калі ты бісэксуалка, дык ты мне так і скажы, а то і з тымі, і з тымі, — так не робяць, Наста! І зразумела, чаму ты мяне да гібонаў падраўноўваеш! Бразнула кубкам аб сцену, мы збеглі, грошай за каву забашляць у нас палюбэ не было. Дык вось, пасля гэтага яна мяне прылашчыла, я супакоілася. А яна кажа — слухай, давай у Вільню рванем, патусім там троху. Ну ў Вільню, дык у Вільню, выправіліся ў Вільню. Спачатку на «сабаках», потым як заўсёды ссадзілі, як заўсёды, драпалі ад паліцыі ды далей паціхеньку, стопікам. Дзве дзяўчынкі-прыгажунькі, хто ж нас абміне: дачэпалі да трасы, там знялі нейкага маўклівага харвата, які толькі вочкамі зірк-зірк на мае каленкі, але ж маўчаў, паспрабаваў бы пры Настушы, яна б яму паказала айкідо.

Давалок ажно да самых Фабіёнішак, я з аўтамата дзынькнула Вальдэмару, але ж ён сказаў цяпер на Шоду кліентаў няма, а тыя што былі — усіх пабралі, лёгкіх пянёндзаў з каталікоў не навышмандоўваеш, дык выправіліся ў сквот, там былі студэнты з нейкага беларускага універу, ЕБУ ці штосьці, добрыя рабяты, вясёлыя, спачатку ляснулі папяровую паўтараху чырвоненькага, думалі мяне даслаць у «Максіму» яшчэ за палівам, але ж тут Настачка пачала выкабельвацца, кажа, ёй патрэбныя грошыкі, бо заўтра ж аўторак, у яе «сустрэча», кажа, з сямнаццаці да васемнаццаці нуль-нуль. Я кажу, чэсь, сябровачка, што за прыкол, чаму я не ведаю, з кім гэтая сустрэча, ці не з той Светачкай, з якой мы абяцаліся больш не важдацца. Яна кажа, не твая справа, я кажу не мая справа, ах не мая справа, дык я зараз хуценька, толькі нумарок знайду, то будзеш мяне потым па ўсёй Жамойці шукаць, ды знойдзеш у нечым ложку ў Паланзе, дык як не мая справа. Ну трохі паразмаўлялі, з кіпцюркамі, ажно пакуль тамашні галоўны гіпан не паўстаў, кажа, дзевачкі, ідзіце сварыцца ва Ужупіс, у нас тут ціхенькая камуна, не трэба тут Лісістрату ў двух дзеях закочваць, я кажу, ты каго Лісістратай назваў, сам ты Лісістрата, але ж тут Наста мяне прылашчыла, кажа, не псіхуй, дурында, ну і карацей зашыліся мы ў куток ды пачалі ўсё ціхенька так высвятляць. Кажа, трэба ёй. Я пагаджаюся: ну трэба і трэба, але ж я з табой, каханая, бо ў цябе ж сэрца чуллівае, спакусіць які-небудзь гарылоід, не, не, разам ідзем. Яна кажа, не можна разам, ёй адной трэба пытанне адно закрыць. Я кажу, што за пытанне такое. Я цябе кармлю, я танчу, я пытанні павінна вырашаць. І што за пытанне такое патаемнае наогул. Ніколі таямніц паміж намі не было, ты ведаеш, калі ў мяне пачынаецца, я ведаю, калі ў цябе, разам цацкі набываем у крамах, у якіх некаторыя каталікі тут за ўсё жыццё ні разу не былі, разам такое робім. А тут нейкая «сустрэча» ў яе.

Ну і тут яна выдала споведзь, кажа, амерыканец той, Вілаў, са Стамбулу. Ён карацей зямлячына ейная, мову вось вывучыў. Я кажу, мову ён вывучыў? А ў бэхе на Шоду ён за цябе ногі рассоўваў? У Таіландзе дупай да ўсякай свалаты паварочваўся? Выдумала подзвіг, мову! Ну я зноў на кабылу, кіпцюры ёй у валасы, расчырванелася, а яна супакойвае словамі нашымі спецыяльнымі. Карацей, дыспутавалі шэптам ажно да самага світанку, бо я ж дурная, у мяне даведка. Урэшце, і яна пагадзілася. Кажа, добра, Крэйзічка, ніводзін гібон тваіх пяшчотных пальчыкаў не варты, я з ім не збіралася нічога, проста сустрэцца. Каб непаразуменняў не засталося. Каб уцяміў хлопчык, што яна не па гэтай справе, што яе мальчыкі, карацей, не таго… Ну і калі я такое лайно раўнівае, дык пойдзем разам, буду ціхенька побач сядзець, лапкі на каленях трымаць ды ні ў якім разе не паспрабую яму вочкі выдрапаць. Я яшчэ высвятляла, як так: яна заўсёды побач, як ён наогул свіданку здолеў прызначыць, што я не даведалася, Наста растлумачыла, што кантакт у іх неяк праз тэкст адбыўся — праз гэтае ягонае літаратурства, якое я прачытаць не здолела. Ну, карацей, паэт азвярыцельны, мацней за Быкава ці Скарыну.

Дачакаліся вечара, яна прыхарошвалася пад маё шыпенне, спадніцу апранула такую кароткую, задзірлівую, ды пайшлі. Я да яе прыляпілася, абняла так шчыльненька, на той выпадак, калі гарылоід пабачыць, як мы набліжаемся, каб адразу зразумеў, чыя мая Настачка. Прыйшлі ў палове на шостую. Піцэрыя «Кан Кан», белыя столікі, насупраць — будыніна з мужыкамі, у якіх гаўбец на плячах. Усё, як напісана, кажа, «дом пад балванамі». І тут Настулька ўпершыню знервавалася. Кажа, дзіўна, ён тут павінен быў з пяці вечара сядзець, як так можа быць, што яго няма. Але ж яна не параноілася, хутчэй перажывала, што малпа ўсё наблытала, ён не надта разумны, як усе мужчынкі, у Стамбуле ёй сустрэчу прызначыў, зблытаўшы месца, але ж Наста і не пайшла тады, бо кахае толькі мяне.

Яна зазірнула ўнутр — нікога, а афіцыянты замітусіліся, нібы пачэсныя кліенты якія прыйшлі. Паселі за столік, чакаем. Я гундошу, што калі не прыйшоў, дык і трасца з ім, хадзем пляшык чырвонага цяпнем ды на Нярыс, там зараз можна на траве паваляцца, памілавацца, ну! Але яна ні ў якую, сядзіць, толькі вусны сціснула. Замовілі кавы, бо грошай толькі на адну каву было, для нашае каралеўны, мне як заўсёды не хапіла, але ж мне і не трэба, мне б толькі з каханай побач быць. Прыйшоў афіцыянт, такі хуценькі каржакаваты дзядун, у мяне яшчэ потым пыталі, ці былі на ім акуляры, не, акуляраў не было. Дзядочак каву перад Настачкай паставіў, на ногі ёй зірнуў, падла, ды шась кудысьці. Настачка каву п’е, на гадзіннік вулічны лупіцца, я кажу на мяне лупіся, бо зараз твар раздзяру, не будзеш цікавая свайму гібончыку.

І тут раптам Настуля мая бах, усхапілася, крэсла грымнула за спінай, а яна стаіць ды перад сабой глядзіць. Я кажу, што здарылася, ластавачка? А яна вочы то заплюшчыць, то расплюшчыць, ды далонямі па стале водзіць, безабаронна так. Раток раскрыты, уся збянтэжаная, нібы згвалцілі яе. Я кажу, што ж такое, ну? А Наста, задушаным голасам: Крэйзі, што з маімі вачамі? Я ўсхапілася, гляджу — нічога, нармальныя вочы, не чырвоныя, няма ў іх нічога, ну і абняла яе, абхапіла, адчуваю, што калоціць, нібы яна жабу ў ложку знайшла. Настулечка пачала сабе твар далонькамі чапаць, дала некалькі аплявухаў сама, і вочкі — то заплюшчыць, то расплюшчыць. І кажа, так ціхенька, Крэйзічка, а што ў мяне за вадкасць на далонях? Уздымае ручкі, а яны ўсе ў чырвона-чорных пісягах. А з-пад валасоў дзве танюткія нітачкі — па шыі, на плечы, я зараўла, бля, Наста, у цябе з вушэй кроў хвошча, чаму ў цябе з вушэй кроў? А яна так жаласна: «Крэйзічка, я нічога не бачу!».

Тут зараўлі мы абедзве, зноў прыбег дзядун з кавярні, кажа, трэба «хуткую» выклікаць, а як яе выклічаш, у нас жа мабілаў няма, мы ж не мажоркі нейкія, трэба бегчы ў кіёск за жэтонам ды потым шукаць аўтамат, зараз я, Настачка, дык ён са свайго тэлефона нумарок наляпаў — я яшчэ думаю, якая неўласцівая літоўцам ды мужыкам сардэчнасць, праз хвіліну літаральна спыняецца тачка, адтуль вывальваюць два бугаі ды доктарка, такая спрытненькая, прыгожая, вочы ў яе добрыя, а грудкі высокія, цвёрдыя, нібы няспелыя слівы. Я да яе як да анёлу: дапамажыце, цётухна! Бугаі Настаньку на асфальт паклалі, не чапаць яе, не чапаць, кажуць, не падыходзіць ды не віскатаць, тут такое, што ад хваляванняў можа сканаць дзяўчо. Доктарка ціск змерыла, кажа, трэба везці ў клініку, бо, мабыць, крываносны сасуд у галаве Настынай кокнуўся, а дзе ваша страхоўка, а няма страхоўкі, але ж я ўсё для яе зраблю, усё аддам, вось бярыце мой айпод з калекцыяй ліцэнзійнага Брэндана Флаўэрса, цётачка кажа, не трэба ёй айпод, паспрабуем дапамагчы, а ў самой вочы добрыя і грудкі цвёрдыя, карацей, асоба, вартая даверу.

Кажа, добра, мы яе зараз у шпіталь, у той, што на Антакальніс, там агледзім ды калі трэба прааперуем — а бугаі каханую маю ўжо ў «хуткую» піхаюць. Я за ёй, яны мне: «Не суйся! Не раві! Не панікуй! Толькі замінаеш, памрэ зараз!» Наста ўжо зусім знепрытомнела, вусны мае любыя ссінелі, а доктарка, анёл гэты гнуткі, ну як жа яе не паслухацца, супакойвае: кажа, едзь сваёй хадой на Антакальніс, таксоўку вазьмі ці вось тут на двойку скокні, яна прамком давязе, прыпынак «Антакальніс», едзь туды, запытаешся там у рэгістратуры, куды яе змясцілі, як, дарэчы, прозвішча, імя, год нараджэння пацярпелай, чамусьці пацярпелай, не хворай запыталася, ну і ў картку дадзеныя ўнесла, сказала яшчэ «добра, вельмі добра», гэта цяпер зразумела, што яны так правяралі, што ўзялі патрэбную ім, а не каго выпадковага, а тады я думала, што «добра» значыць, што з ёй не надта дрэнна, што ўзрост ці яшчэ што падае надзею. Потым «хуткая» замільгацела блакітнымі ліхтарыкамі ды ірванула (я яшчэ здзівілася, што ірванула зусім не ў бок «Антакальнісу», а да хуткаснай трасы, ну ды ў іх свае рэзоны, можа па аб’ездзе хутчэй).

Падбегла да таксоўшчыка, такі ладны мужык, аж ільсніцца ад таго, як добра жыццё складаецца, і тачка ў яго такая вылізаная, кажу, бля, хутка, паехалі, толькі грошай у мяне няма — дура, трэба было потым сказаць, што грошай няма. Ён такі, гоп-стоп, малая, у Вільні без грошай не возяць, валі адсюль адкуль звалілася. Я яму давай дамовімся, братэла, я табе потым у ляску чупа-чупс зраблю, я не сарамлівая, а ён скрывіўся і кажа, а ну гэць з маёй тачкі, потым сядушкі ад мандавошак дэзінфікаваць, блядзіна зялёнавалосая, страхалюдзіна іншапланетная. Я і з аднаго, і з другога боку, ужо слёзкі пацяклі, бо Наста ж там здохне без мяне, і пра сяброўку паспрабавала, але ж не разжаліць, і пра Вальдэмара, які называўся аўтарытэтам, казаў, яго ўсе кіроўцы таксовак ведаюць, а гэты слухаць не стаў, дзверы адчыніў ды волакам мяне за цішотку з тачкі выкінуў. Я галавой аб бардзюр трэснулася, так, што ажно ў вачах пацямнела, ну, думаю, падла, а ён зматвацца, дык я каменьчык пацяжэй на асфальце намацала ды з усёй радасці ў ягоную тачку — шкада, па шкле не трапіла, недзе ў бок грукнула, дык, спадзяюся, хутка там з’явіцца пляма іржы, якая ўсю ягоную машыну зжарэ.

Скокнула ў трал, а ехаць жа праз усю Вільню ды па вечаровых корках, едзем, а я за вакно гляджу і спрабую вачамі горад назад, за спіну, штурхаць — так хутчэй едзем, калі гораду дапамагаць назад адступаць, тры прыпынкі, заходзяць кантралёры, прычым, бля, адразу нейкім табарам, тусняком чалавек у дзесяць, яшчэ б мядзведзя з сабой прывялі, «квіточкі», кажуць, тут я ўжо не вытрымала, раскрычалася ды расплакалася, што, бля, за горад, сяброўка аслепла, знепрытомнела, увезлі, таксоўка не ўзяла, а тут вы яшчэ, а яна там зараз здохне, дык яны кажуць, едзь сабе, нават цыгарэт на сядушцы побач пакінулі цэлы пук, хаця я не палю, навошта мне цыгарэты?

Цягнуўся трал у Антакальніс, я паспела вывучыць «кіта стукяліс» — «наступны прыпынак» па-літоўску, вывучыла і паўтарала разам з кіроўцай, якая абвяшчала прыпынкі, я паўтарала за ёй — «кіта стукяліс» і сканчала за яе: «Ан-та-каль-ніс»! Але ж замест «Антакальнісу» яна ўсё не тое выдавала: «кіта стукяліс»… далей такая шматабяцальная паўза, і я паспяваю грымнуць: «Антакальніс!», а тая сучка кажа: «Пятра ір Пуло бажніцэ». І валачэ трал далей, павольненька так, бо не спяшаецца, у яе ж расклад, у яе мабіла і страхоўка, у яе сяброўка не ляжыць пад нажамі мяснікоў-гібонаў з адчыненым чэрапам, ці пагалілі яе, калі пагалілі, як жа я буду без яе валасоў? І зноў «кіта стукяліс», і зноў паўза, я малюся Шыву — адзінаму богу, якога паважаю, але ж хуй, «кіта стукяліс… Нярыс». Ну я чалавек спакойны, але ж падбегла да яе тэрарыюма, крычу: «Давай, хутчэй Антакальніс абвяшчай!» А тая робіць выгляд, нібы па-руску не разумее.

Карацей, ну прыехалі мы ўрэшце рэшт, прыбылі да «Антакальнісу», вялікі будынак побач з прыпынкам, на сценцы напісана «Клінікас» крывавымі літарамі, тое, што трэба, — і натоўпы хворых ды скалечаных цягнуцца да ўваходу, бы зомбі, якія прагнуць Настыных мазгоў. Ля рэгістратуры чарга, як пры пасадцы на каўчэг, я адразу ў пачатак, расштурхоўваю балезных, крычу, дзе Наста, бля, дзе? Але ж тутэйшы Ной мяне не заўважае, бо трэба ў чаргу і станаўлюся ў чаргу, чакаю своеасаблівага «Антакальнісу» ўжо тут, у чарзе, у клініцы, крок у тры хвіліны — такая хуткасць, трэба супакоіцца, хутчэй не будзе, вось і акенца, схіляюся, тлумачу, трохі заікаюся, бо Настуленька мая — побач. Там сядзіць павольны сівы малпюк, які прапануе мне супакоіцца ды яшчэ раз усё растлумачыць, так, усё ж не зразумела, тлумач яшчэ, бо малпень не можа ўцяміць, якая «хуткая»? Сюды? І ў «хуткай» была дзяўчына? Беларуска? Не, тут малпыч прасвятляецца ды з усмешкай кажа, што адбылося непаразуменне: па-першае, такой не прывозілі, па-другое, «хуткія» сюды ніколі хворых не дастаўляюць — не той у нас профіль.

Яшчэ з паўгадзіны я лётала па раёне ў пошуках другога, «правільнага» шпіталя, бо не дала веры малпуку, які сказаў, што няма тут ніякага іншага шпіталя. Потым вярнулася ў рэгістратуру, зноў чарга, зноў Ной, але ж гэтым разам іншы — памаладзей ды пагібонісцей, я кажу яму, сяброўку забралі, звезлі некуды непрытомную, давай, тэлефануй у Міністэрства аховы здароўя, высвятляй, дзе яна, што значыць не твая справа, я зараз ўсё шкло ў будынку высаджу, я зараз табе аловак гэты ў вока засуну так, што толькі гумка з вачніцы тырчэць застанецца, ды можаш клікаць тую ахову, але ж ведай, бля, я праз пятнаццаць сутак выйду, тваю хатнюю адрэсу знайду, расшукаю, ды жыцця ў цябе болей не будзе, зразумеў? Бо станеш маім асабістым ворагам, зразумеў? У чарзе летувісы зашапталіся, што гэтыя рускія зусім ахуелі, што пагражаюць дактарам, але ж Нойчык адчуў, што з дзяўчынамі, у якіх зялёныя валасы, лепей не звязвацца, набраў нейкі нумарок, удакладніў дадзеныя маёй Настуні, дзынкнуў яшчэ некуды ды яшчэ і абвесціў, што не прывозілі маю каханую ні ў адзін са шпіталёў Вільні, што гэта дзіўна.

Я зноў пачала трохі буяніць, бо мне падалося, што гібон з мяне здзекуецца, як гэта не прывозілі, куды ж яе забралі, але тут і паліцыя падаспела, румяныя такія хлопцы, вясёлыя, пакуль вязалі нават пушкі падаставалі, бо надта я ўжо кусалася. Калі ў тачку валаклі, мужчынка з рэгістратуры побач бег ды тлумачыў мне, што паліцыю не ён выклікаў, а нехта з чаргі, і хай я яму, калі ласка, не помшчу, бо ён жа не адказвае за тое, што тыя з чаргі нарабілі, але ж мне не да яго было, плюнула яму на калашыну ды сказала, каб на хуй ішоў.

У пастарунку спачатку змясцілі ў пакоі, дзе быў вялікі штандар Літвы, стол, цяжкая шафа з дакументамі, але ж не было крэсла, я нервова гойсала па перыметры ды думала, ці не высадзіць шкло ў шафе ды ці не парэзаць вены, бо Наста, мабыць, ужо памерла, а жыць мне без яе немагчыма. Потым трохі супакоілася ды ўцяміла, што, мабыць, забрала яе не «хуткая», зусім не «хуткая», а злодзеі скралі, і цяпер яе непрытомную усім кагалам абыходжваюць, па чарзе, цікава толькі роля той прыгажуні с цвёрдзенькімі грудкамі: яна таксама падстаўляецца, ці яна там кшталту галоўная. І яшчэ прыгадаўся літаратар гэты стамбульскі, каб яму зрабілася зусім неспакойна.

Прыйшоў мянтоўскі следчы, прынёс два зэдлікі ды стос паперы. Сеў на зэдлік, прапанаваў мне таксама «прысаджвацца» ды пачаў складаць пратакол за тое, што я «лаялася матам» у грамадскай установе, я кажу, дзядзечка, вы што ж робіце, у мяне сяброўку скралі, амерыканец скраў: прызначыў спатканне, сука, атруціў яе, а зараз мабыць яе сэксуальна эксплуатуе з сябрукамі недзе ў лесе. Следчы выглядаў не надта разумным, як большасць мужыкоў, папрасіў «па парадку» выкласці ўсё, што адбылося, нібы з першага разу не зразумела яму. Я распявяла пра «Ахрэм», пра Насту маю прыгажуню, пра тое, што кавы сербанула, страціла прытомнасць і знікла пасля гэтага. Следчы запісаў прозвішча, год яе нараджэння, задумаўся, сказаў «адну хвіліну» і знік на некалькі гадзін. Пакой зачыніў, але ж зэдлікі не забіраў. Што можна было кваліфікаваць як прыкмету даверу да мяне, бо рашоткі на вакне былі хісткімі, я б за тры хвіліны зэдлікам іх вынесла.

Я яшчэ пасядзела трохі, цяжка было вось так не гістэрыць, проста сядзець нерухома, але ж трымала сябе ў руках, бо з’явілася надзея, што зараз дзверы адчыняцца, а там будзе стаяць мая нявестачка, якую вызвалілі дзякуючы пільнасці ды своечасовай алармацыі адзінай блізкай ёй істоты. Дзверы ўрэшце сапраўды адчыніліся, але ж паказалася там не Наста, а яшчэ адзін прадстаўнік мужчынскага полу, у лабсердаку ды пры гальштуку. Усё шэранькае, як мужчынскі лад мыслення. Гэты паказаў сябе разумнейшым ды адразу запытаўся, ці мая Наста гэта тая Наста, якая актыўна ўдзельнічала у грамадскім і палітычным жыцці Беларусі. Я сказала, што за палітыкай не сачу, але ж на мітынгах мы з ёй так, бывала, весяліліся. І што яна ў вышуку з-за нейкай сваёй «пазіцыі», але мне значна лепш вядомыя тыя яе «пазіцыі», у якіх яе трэба лашчыць, каб дасягнуць хуткага ды палкага рэзультату.

Мужык тады паказаў мне закатанае ў пластык пасведчанне, я не зразумела, кажу, гэта што, даведка аб тым, што ў вас няма сіфілісу, а ён урачыста так, «я прадстаўнік дзяржбяспекі Літвы». Нібы я павінна была ўзняцца з зэдліку ды праспяваць гімн Жамойці. Ну дзяржбяспека і што. А ён яшчэ больш урачыста кажа, што абвінавачанні ў адміністрацыйным злачынстве з мяне знятыя і цяпер я ператварылася з падазраванай у сведку. І што ў яго толькі адно пытанне: ці на той «хуткай», якая забрала Насту, былі беларускія нумары. Я кажу, не, не беларускія, я б заўважыла такое дзіва: «хуткая» з беларускімі нумарамі ў Вільні. Ён яшчэ некалькі пытанняў пра гэтыя нумары задаў (ці не пластмаскай трымаліся, а, можа, на гаечках — цьфу, якія дробязі!). Урэшце махнуў рукой, кажа палюбасу змяніць нумары — хвіліна працы.

Прапанаваў гарбаты, я адмовілася, дастаў нейкія кроплі смярдзючыя, кажа заспакаяльнае, выпі, ага, зараз я буду ад незнаёмых мужыкоў браць вадкасці — пасля таго, як атруцілі ўжо адну… Ён тады змяніў танальнасць на больш душэўную, крануў мяне, але ж без сексуальнай амбіцыі, па-бацькоўску, крануў ды пранікнёна сказаў, што ёсць адна сумная навіна. Што па іх дадзеных дзве з паловай гадзіны таму «хуткая» з пробліскавымі ліхтарамі без чаргі перасекла літоўска-беларускую мяжу на памежным пункце ў Марвілішках. У «хуткай» была непрытомная дзяўчына з кровазліццём у мозг, якую, як растлумачылі дактары, трэба было тэрмінова даставіць у Гародню. Памежнікаў трохі здзівіла, што дактары на «хуткай» былі з беларускімі пашпартамі, але ж тыя сунулі ім пад нос праграму міжнароднага кангрэсу дактароў хуткай дапамогі, з якога іх адклікалі для тэрміновай дапамогі цяжкаму хвораму. Сітуацыя выглядала надзвычайнай, пашпарт у грамадзянкі рэспублікі Беларусь Насты быў у парадку, і яны ўзнялі шлагбаум. «Хуткая» рушыла на беларускі бок, і больш на мяжы нічога дадаць не могуць.

«Ты разумееш, што гэта значыць?» — запытаўся. Разумею, кажу. Не дурніца. Звезлі Настулю. Ён тады дадаў, што, улічваючы мой псіхалагічны стан, яму лепей было б мне збрахаць, але ён не балбатун ды наогул… Карацей, мая каханая больш не «на іх» тэрыторыі. І што ўсе адказныя за гэтую спецаперацыю хутчэй за ўсё ўжо з’ехалі з Літвы. Прычым, не выключана, менавіта ў той «хуткай». Я кажу, окей, а як вы яе тады вернеце? А ён у адказ: у тым справа, што не вернем. Зараз прасцей мерцвяка ажывіць, чым Насту «адтуль» вярнуць. Што, можа, абмасада і заявіць нейкі пратэст, можа, нават на міністэрскім узроўні каго-небудзь куды-небудзь выклічуць ды петыцыю перададуць, але бясплённа. І што ён колькі часу працуе пра такое нават не чуў. Беспрэцэдэнтна, кажа. Мабыць, моцна яна там у Беларусі некаму крыві папсавала, што супраць яе такую дзейнасць забацалі. І што ён асабіста мне можа абяцаць: усе адказныя асобы на Марвілішках будуць звольненыя з пасадаў і змешчаныя пад следства.

Усё астатняе тыя, каму неабыякавы лёс маёй Настачкі, ведаюць толькі ўскосна. «Хвароба» яе была часовай, яна хутка ачуняла, бо блогер з Ашмян пабачыў, як каля крамы «Коммерческій рай» а восьмай гадзіне спынілася «медыцынская машына», нумары якой ён не заўважыў. З «хуткай» выйшаў бугай, уціснуўся ў чаргу перад гэтым нашым блогерам і папрасіў пачак цыгарэт «Мірскі замак». Блогер спрабаваў піскнуць, але ж бугай на яго паглядзеў так, што той праглынуў уласныя меркаванні аб тым, ці варта вось так нахабна паводзіць сябе ў чэргах — нават калі ты прадстаўнік хуткай дапамогі і штодня ратуеш чалавечыя жыцці. Меркаванні тыя блогер трохі шматслоўна выклаў у сваім допісу, з-за чаго памер выйшаў занадта вялікім і ступень чытэльнасці для звычайнага чалавека знізілася (допіс меў назву «Некалькі пытанняў да міністра аховы здароўя»). Бугай яшчэ чакаў свой «Мірскі замак», бо гандляры ў Ашмянах не надта спрытныя, як праз вакно ў краме ўся чарга пабачыла, што дзверы «хуткай» адчыніліся і адтуль вылецела чарнявая «пацыентка» ў шпіталёвым халаціку. Пацыентка прашмыгнула прэч, праз плынь машынаў, ускочыла на капот старэнькага «Фольксвагена», з за чаго той рэзка тармазнуў, і ў яго грукнулася тачка ззаду. Дзікунка тым часам дрыснула ў бок прыватных падворкаў і мела ўсе шанцы, заўважце, але ж бугай з чаргі не па-доктарску спартова высадзіў дзверы крамы нагой ды паляцеў ёй напярэймы. Блогер паспеў сфоціць на ўласную мабілку: ускудлачаная Наста з аголенай дупай (на ёй тыя ружовенькія стрынгі з коцікам на попке, якія я скрала для каханай ў Амстэрдаме) ды два дужыя гарылоіды, што прыціснулі яе да тратуара. Наста выглядае бадзёра і энергічна. Яна ўсміхаецца — вядома ж мне, мне адной! Потым яе завалаклі ў машыну, а ў краме з’явілася цётачка, бялявая, нібы анёл. Яна патлумачыла, што ўсё «пад кантролем» і што іх «экіпаж» эскартуе буйную вар’ятку ў Менск, так што не трэба хвалявацца, а лепей ідзіце дадому ды кладзіцеся спаць. «Хуткая» зноў зазіхацела «пробліскавымі» ды з ровам знікла, пакінуўшы ўладальніку «Фольксвагена» ў якасці матэрыяльнай кампенсацыі за шкоду той пачак цыгарэт «Мірскі замак», які бугай так і не забраў, даўшы, між іншым, грошы («у нашай „хуткай“ так моцна башляюць?» — рытарычна ўсклікаў допіс).

Знайшліся тыя, хто залажаў аўтэнтычнасць гісторыі, бо штосьці на фотцы выклікала ў іх сумнеў — нейкія «трэйсеры», «адлюстраванні» ды «марфалогія ценяў», але ж я ўпэўненая, што гэта была мая ластавачка. І не толькі з-за стрынгаў, пра наяўнасць якіх на дупе ў Насты выпадковыя фальсіфікатары ведаць не маглі, але з-за таго, што здрыснуць з машыны, у якой сядзіць цэлы ўзвод спецыяльна падрыхтаваных байцоў — вельмі ў яе стылі. Да таго ж, ёсць больш грунтоўнае пацверджанне: праз два дні той блогер допіс выдаліў, а потым выдаліў і блог, а калі яму патэлефанавалі з «Нашай Нівы», растлумачыў, што гэта ўсё яму падалося, быў моцна п’яны. Па тэлевізіі паказалі інтэрв’ю з уладальнікам крамы, які катэгарычна заявіў, што цыгарэт «Мірскі замак» у продажы яны ніколі не мелі, што абслугоўванне кліентаў тут вядзецца з хуткасцю маланкі, і ў якасці доказу дэманстраваў кард-рыдэр «Белкард», які дазваляе ім праводзіць якаснае абслугоўванне ўсіх жадаючых разлічыцца карткай.

Ну і напрыканцы некалькі словаў ад сябе. Па-першае, я б хацела заклікаць Насту выканаць усе патрабаванні следства ды выступіць з пакаяльным відэазваротам да нацыі, калі гэтага запатрабуюць дактары. Бо ніякая «палітыка» не вартая свабоды: свабоды дыхаць пад мірным небам Радзімы, свабоды сустракацца з сябрамі, свабоды жыць ды працаваць на агульную карысць грамадства. Па-другое, бо ўсё роўна ведаю, што яна мой заклік не выканае, хачу сказаць, што адчуваю сябе добра, прэтэнзіяў да тых, хто мяне затрымліваў на беларускай мяжы не маю, усё было зроблена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Хацела б прынесці прабачэнні службоўцам, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, супрацьдзейнічалі маім намаганням пазбегнуць правасуддзя ды пацярпелі ад гэтага фізічна. Рэбры мае ўжо зрасліся, я магу хадзіць без дапамогі. Зараз мяне вызвалілі, дазволілі пісаць што заўгодна ў Сеціве, калі ўсё будзе добра, хутка вярнуць мне пашпарт, і я зноў змагу валэндацца па свеце.

Што тычыцца Насты, дык я лічу тое, што адбылося, даволі справядлівым, бо часам бывае, мы самі не разумеем, што нам на карысць, а што не. Вядома ж, нуджуся без каханай, але ў выніку яе затрымання, адчула нейкі касмічны спакой. Бо калі мы былі разам, заўсёды была пагроза, што яна пойдзе налева, што пасябруе з кім-небудзь, пакуль я сплю ці здабываю грошыкаў ёй на ежу. Што з’явіцца ў яе асяроддзі новы «Вілаў» ці баба-прашмандоўка на адну ноч, а мне потым глытаць слёзы абразы ды рэўнасці. Зараз яна дагледжаная, яе добра кормяць, тры разы, як мне сказалі, вечарамі яна глядзіць серыял «Доктар Хаўз» па беларускім тэлебачанні. Я ведаю, што ніхто яе ў мяне не скрадзе, што яна заўсёды будзе са мной, і я ўрэшце рэшт яе дачакаюся.

Заўсёды не вашая, не, не, не вашая, Крэйзі.

Янка Пільняк, аўтар «Сцюдзёнага выраю»

Змешчаны ніжэй тэкст быў надрукаваны ў здвоеным нумары «Ахрэма», №№ 9–10 за верасень-кастрычнік. Пасля кароткага ўступу, у якім Ванік Дастаеўскі здымае з сябе адказнасць за ўсе наступствы, якія можа мець ліст для лёсу і дабрабыту існых («і паспяховых», — дадае ён з’едліва) персанажаў беларускай літаратуры, ідуць адсканаваныя аркушы белай паперы. На аркушах месцяцца роўныя радкі тэксту, напісанага каляровымі алоўкамі. Літары вялікія і трохі схіленыя ў левы бок, як быццам вось-вось страцяць прытомнасць і паваляцца на спіны. На трэцім ці чацвёртым лісце радкі робяцца драбнейшымі — ці то колькасць паперы была абмежаваная, ці то аўтар намацаў рытм уласнага аповеду і перастаў зважаць на прыгажосць ды чытэльнасць таго, што атрымоўваецца. Тэкст пільна вывучаўся людзьмі, якія ведаюць аўтара, і на дадзены момант спрэчкі аб тым, ці быў падроблены почырк, ужо спыніліся: нават самыя занудзістыя зануды пагадзіліся, што напісана менавіта тым наратарам, які заяўляе пра сябе з першых сказаў.


Вітулькі, народ. Наста тута. Тая самая Наста. Хочаце верце, хочаце — не, ваша справа. Чаму пішу, калі пісаць не ўмею і не збіралася? Растлумачу. Некалькі тыдняў таму падчас сняданка я атрымала кубак, перавёрнуты донцам дагары. Прынеслі, як заўсёды, паднос з рудой пластмасы. На ім — лустачка батона, маргарын ды варанае яйка. Так выглядае тутэйшая штодзённая пайка. Без раскошы, аднак непараўнальна з тым «бігасам», якім, бывала, частавалі ў іншых месцах утрымання. Дык вось, побач з гэтым хараством быў алюміневы кубак для гарбаты, але без гарбаты. Да гэтага кубка звычайна дзесяць хвілін не дакрануцца з-за таго, што метал пераймае гарачыню вадкасці. Колькі разоў вусны апальвала. Але я не пра тое. Пра што? Блін, як пісаць? Нешта думкі блытаюцца, я ж не Дастаеўскі, гы гы.

Карацей, кубак. Гэтым разам гарбаты няма, кубак перавёрнуты дагары дупкай. Я спачатку думаю, нейкі сімвал ці што. Вальдэмар распавядаў, што калі ў Літувініі бандзюкі вырашаюць абвесціць калегу смяротны прысуд, дык дасылаюць таму пустую смску: усё, чувак, даскокаўся, чакай цяпер пяра ў бок. Дык спачатку загналася. Думаю, нейкая сімволіка. Нейкі Акудовіч пайшоў. Кубак, перавёрнуты донцам дагары! Афігець, ці хопіць маіх дзіравых мазгоў зразумець? Але ж потым уцяміла — сімволіка-сімволікай, мне ж батон няма чым запіць. Зараўла вертухаю: эээ, кажу, што за дзялы, дзе мая гарбата? Той плячамі моўчкі паціснуў: мая справа «пацыентам» пайку разносіць, што наклалі, тое і прынёс. Ну, лады, думаю, я табе, падлюка, адпомшчу, насру пасярод пакоя, што ты зробіш, я ж дэлірыюмная!

Узнімаю кубак — матухна! Пад кубкам сядзіць Сцяпанка, уласнай лінялай персонай! Колькі год яго ўжо не бачыла! Не, вы не падумайце, што я тут зусім дзяўбанулася! Сцяпанка гэта не які-небудь чатырохсантыметровы мужчынка, які ўдалбанай Насце падвязаўся выконваць любыя жаданні, гы гы, не, усё не настолькі дрэнна. Сцяпанка — мая цацка дзіцячая, палатняная, старая. Трусік у франтаватым паліто, кшталту тых, што насілі паны з маёнтка, дзецям якога Сцяпанка некалі належаў. Трусіку я ў сем гадоў адарвала нагу. Чаму адарвала? Бо ўпершыню задумалася пра таямніцу размнажэння. Запытваюся ў маці: «Як я з’явілася на свет?». Яна адказвае: «У капусце знайшлі». Я кажу, а што я там рабіла? Тая спачатку пра бусла пачала, але ж я зусім збянтэжылася, пры чым тут бусел, мамо? Што ён у капусце рабіў? І што такое секс, дарэчы? Ну, карацей, мамка пайшла па аграрным шляху ды растлумачыла, што дзяцей садзяць увесну ў глебу, а пад восень збіраюць на разорах. Мяне гэтая экспланацыя задаволіла, і я вырашыла зрабіць дзіцёнка і Сцяпану: адкруціла ў таго нагу, пайшла на грады з капустай і прыкапала там у якасці насення. Калі нага Сцяпана «не ўзышла», маці патлумачыла тым, што трэба было палоць, палоць, каб пустазелле не задушыла, ты ж буракі полеш, бульбу полеш, дзяцей таксама трэба палоць. Яна яшчэ доўга трымала мяне такімі гісторыйкамі ў поўным няведанні таямніц сусвету, за што ёй вялікі дзякуй. Прыводжу гэтую гісторыю проста каб адлюстраваць мысленне тых, на кім трымаецца наша бягучая «моц» ды «квітненне»: вітулі, мамо! Што ты зараз мне скажаш? «Патрывай трохі, доню»? «Так трэба»? «Не варта абурацца, дзяржава лепей ведае, што з табой рабіць»? Цьху, бля! Задушыцца! Вось прысудзяць мне аднойчы шыбеніцу, будзеш стаяць побач з катам ды поўраз на маёй шыйцы папраўляць. «Пацярпі, донька, спачатку будзе складана дыхаць, а потым зробіцца прасцей»…

Вядома ж, мне было прыемна пабачыць дзіцячую цацку тут, у цяперашніх маіх занадта белых і сонечных дэкарацыях. Але паколькі ў мяне зараз вельмі шмат вольнага часу і амаль што няма заняткаў, я пачала разважаць, а што б гэта значыла? Сцяпанку я некалі падарыла Джону Вілаў, якога, як сцвярджае Янка Пільняк, «не існавала». Вы бачыце, што я пільна сачу за падзеямі ў краіне і маю ўсе тэксты, у якіх узгадвалася маё імя. Потым трусік апынуўся ў Янкі, бо Вілаў такім чынам нібы «адмаўляўся ад маёй справы і прапанаваў больш яго не турбаваць». Бачыце, якія жарсці! Урэшце трусіка перадаюць мне за краты. Што вельмі, канечне, прыемна, я павінна запляскаць у далоні і напісаць удзячны ліст Пільняку. «Дзякуй, Яначка, збаўца мой! Дзякуй, што вярнуў маю ўлюбёную цацу ды прасануў злодзея, які спрычыніўся да майго захопу». Я нават магу сабе ўявіць, як ва ўводзінах да майго ліста, што Пільняк надрукаваў бы паўсюль, дзе толькі можа надрукаваць, гэты мудзіла напісаў бы нешта «душэўнае». Можна ўявіць гэты ягоны штыль… «Уся гэтая гісторыя» — ён прэцца ад абагульненняў, — «можа быць прачытаная» як гісторыя «прыгодаў палатнянага трусіка». Ён бы разводзіў соплі пра тое, што трусік, бачыце, быў падараваны не вартаму такога падарунку чалавеку, перададзены Янку і ў рэшце рэшт вернуты ўласнай «мамцы». І такім чынам мы маем справу амаль што з хэпі-эндам. Наста цалуе трусіка ў яго «збянтэжаную мыску», трусік «маша лапкай» гледачам, пакутніца ды звярушка зноў разам, яны ўз’ядналіся, слёзы, занавес, «Оскар».

Але ў цітрах да гэтай меладрамы ўзнікае дробнымі літаркамі пытанне: «Як Ян Пільняк, які, вядома ж, не мае ніякага дачынення да спецслужбаў, здолеў перадаць цацачку Насце?». Тое яшчэ пытанне, пагадзіцеся. Месца майго ўтрымання «Наша ніва» слушна назвала «самай вялікай таямніцай у краіне». Як «мовазнаўца» ды «літаратар» Ян Пільняк даведаўся аб гэтай таямніцы? І чаму, сука, маўчыць? Дапамог бы ўсім астатнім, растлумачыў бы, куды мне пісаць.

І другое. Выкажам здагадку. Янік атрымаў падказку ад нейкага свайго выпадковага сябрука ці нават ад «Джона Вілаў» — у тым пякельным выглядзе, якім Вілаў нам намаляваны Янам. «Джон Вілаў» перад канчатковым «сконам», «знікненнем», вырашыў зрабіць паслугу чалавецтву і выдаць Пільняку маё месцазнаходжанне. Каб трусік знайшоўся. Бо Вілаў балела пра трусіка, што той без гаспадыні.

Дык як Пільняк здолеў перадаць трусіка мне? Ляльку ж сюды не паштар прынёс у блакітным, як вочы нашай Радзімы, мундзіры! Як трусік тады апынуўся сярод тутэйшых соснаў? Адміністрацыя ўстановы, канечне, уцяміла, што адбылося парушэнне рэжыму. Выглядае, што вартаўнік менавіта ад адміністрацыі трусіка і атрымаў. Бо занадта нахабна ўсміхаецца, падла, на мае пытанні. Дарэчы, вы чытаеце гэтыя радкі? Яны выйшлі з установы? Ну дык гэта ж лепшае пацверджанне, што мае ўладары ў дадзеным выпадку ўсё ведалі і выконвалі загад.

Бо ўвесь гэты абзац, таксама як і ўсе іншыя абзацы, узгодненыя па пяць разоў з інстанцыямі. Такім чынам, наш Ян Пільняк не проста дамовіўся з вартаўніком, якога можна за хабар да чаго-небудзь падштурхнуць. Не, ён дамовіўся з сістэмай, каб яна дазволіла яму, чарвяку, «літаратару» ды «рэдактару», зарганізаваць парушэнне распарадку. А тут, я скажу, з парадкам усё амаль што так непазбежна, як з рухам планет вакол Сонца. Калі дзе фортку не зачынілі па «графіку проветріваній», дык чакай заўтра зацьмення сонца. Яначка наш апынуўся Богам, ось што! Ён не толькі ўсё ведае, ён, да таго ж, усё можа. Ведае, дзе ўтрымліваюць Насту. Можа перадаваць асабістыя рэчы ў месцы, у якіх нават службоўцы перад заходам за вароты, абавязаныя распрануцца для асабістага дагляду ды здаць мабільныя тэлефоны.

Я не кажу, што зразумела ягоную ролю ў сваім жыцці пасля таго, як атрымала меладраматычную дзіцячую цацку, своеасаблівую падробку пад хэпі-энд. Усё я разумела і да гэтага. Проста лялька зрабілася апошняй кропляй. Нават не сам гэты трусік, але маўклівае чаканне маёй падзякі мярзотнікам Пільняком. Гэтая самазакаханая пачвара была ўпэўненая, што выкліча Настыны слёзкі падзякі? Ну дык атрымай дусту замест ружаў!

Некалькі тыдняў пайшло на тое, каб запэўніць тутэйшага галоўнага астранома, які адказны за рух планет, заходы, усходы, форткі ды нават колькасную прысутнасць O2 у той паветранай сумесі, якой я дыхаю, што я магу апеляваць на напісанне ліста на волю. Астраном спачатку слухаць не хацеў, толькі смяяўся. А я ўсё працягвала прасіць, напісала паперку, потым яшчэ адну, яшчэ, брала на сябе нейкія «абавязальніцтвы», сцвярджала, што не буду супраць таго, «што ліст прачытаюць», потым — што «з задавальненнем» выпраўлю ўсе «памылкі», якія астраном і іншыя датычныя да раскладу руху планет заўважаць у маім разуменні таго, як трэба пісаць лісты з-за кратаў.

Я ведаю, што рашэнне аб гэтым лісце прымалася на найвышэйшым, зааблокавым узроўні, недзе побач са стратасферай. Складана сказаць, што прымусіла пагадзіцца з маёй апеляцыяй тых усемагутных маўчуноў, якія спачатку маўчалі «не», а потым аднаго дня пачалі раптам маўчаць «так, добра, згодныя». Падаецца, усё вырашыла іх адчуванне гідлівасці да Янкі Пільняка, пра якога ніжэй вы даведаецеся шмат чаго цікавага. Прусак, нават калі ён карысны прусак, карысны, бо чысціць стол ад хлебных дробак — усё ж прусак. І пры першай магчымасці рука цягнецца за тапкам. Гэта вышэй за розум, гэта вышэй за разуменне таго, што прусак шмат яшчэ дробак са стала прыбярэ. Проста глядзіш на яго, працінаешся гідлівасцю і неяк аўтаматычненька — хоба — і плямка замест кузуркі.

Тутэйшага «галоўастранома» больш за ўсё ўразіў мой «амерыканскі аргумент». Чую вашую гаману: Наста, бля, хопіць ужо хаваць іх за гэтым какецтвам, дай нам імя, прозвішча, пасаду! Але, людцы, не маю права, не магу агучваць нават прыкладных фармулёвак іхніх пасадаў, бо не прапусцяць ліст… Дык вось, хай будзе галоўастраном.

Галоўастраном кінуў смяяцца і пачаў дапамагаць з дазволам на ліст, калі пачуў мой «амерыканскі аргумент». Вось гэты аргумент: «Вы ж не хочаце, каб мае прыхільнікі і паплечнікі, і паслядоўцы знялі на Соні ХэндзіКэм адразанне галавы грамадзяніна Вілаў ланцужнай пілой? Бо вы ж улічвайце, я ж у пэўным сэнсе жывы сімвал для свядомых змагароў. А гарачых галоваў, у якіх з-за тае гарачыні праз вушы выпарыліся глузды, хапае ў беларускай эміграцыі! І асабліва ў амерыканскай беларускай эміграцыі, зашыфраванай, падпольнай! У Бостане схаваліся пасля нашага крывавага снега некалькі сапраўдных Рэмба, яны з лёгкасцю і пілу знойдуць, і відэакамеру, і, што самае прыкрае, самога Вілаў, бо той насамрэч — жывы, здаровы, рэальны і гэтак далей». І вось, натуральная гідлівасць да прусака Пільняка ў сукупнасці з нежаданнем міжнароднага скандалу прывялі да таго, што мне дазволілі займацца «пісаннем» на штотыднёвых «эстэтычных практыкумах».

Мне паставілі тры ўмовы. Прыводжу іх, каб люд не гундзеў, чаму я тое сказала, а тое — не.

Першая ўмова. Ні слова пра падрабязнасці спецаперацыі па маім фізічным захопе ў Вільні. Бо там працавалі спецыялісты, якія дагэтуль на аператыўнай службе, і выпадкова ці невыпадкова я магу іх раскрыць. Акрамя таго, я знаходжуся «пад эмацыйным уплывам наступстваў» іхняй працы і не здолею аб’ектыўна ацаніць высокія прафесійныя якасці, якія яны прадэманстравалі і за якія былі ўзнагароджаныя. Адзіны сказ, які праз тры сеансы выпраўлення памылак мне дазволілі пакінуць: «Пра гэтую аперацыю ўсё ўжо напісана ў Сеціве: чытайце ды аналізуйце». І не пра аперацыю, а так, каля яе. Я не буду каментаваць усяго таго, што напляла малая ці што сказалі наплесці малой, бо мне і гэтага зрабіць не далі. Але ж чытайце Крэйзіны запісы пільна і рабіце высновы, сыходзячы з усёй сукупнасці абставінаў, у якіх яна апынулася, усё, усё, тут спыняюся, бо, здаецца, ужо недзе заступіла за рысу.

Другая ўмова. Я не магу даваць намёкаў на тое, дзе мяне ўтрымліваюць. Я не магу пакідаць у тэксце зашыфраваных мэсаджаў, якія дазволяць мяне знайсці. Калі на любым узроўні праверкі тэксту апынецца, што ягонай мэтай было не вызваленне Вілаў ад незаслужанай помсты, а пакіданне слядоў ды арыенціраў, ліст не накіруецца ў «Ахрэм», а будзе знішчаны. Ацаніце, дарэчы, як яны на маю тэму шухерацца і прыкаліцеся таму, якім крутым перцам спрабаваў выставіць сябе Пільняк, які не толькі нібыта «даведаўся», дзе я «жыву», але ж нават і перадаў цацачку.

Другую ўмову выканаць вельмі проста, бо я нават прыблізна не ведаю таго, што абавязалася «не выкрываць» нават намёкам. Дзе я? У якой вобласці? У якім раёне? Няведанне таямніцы — панацэя ад яе выпадковага раскрыцця, таму пішу спакойна.

Перавозілі мяне сюды ў стане медыкаментознай непрытомнасці, што не было катаваннем і не можа ўспрымацца як здзек з асуджанай, бо ім было неабходна дэзарыентаваць мяне. Потым яшчэ некалькі дзён трымалі ў пакоі без вокнаў, каб я па нейкіх там секундных зменах у наступленні ранка не зразумела нечага аб уласных каардынатах на мапе радзімы. Вось настолькі ўсё тут сур’ёзна, а вы кажаце, лялька ад Янкі Пільняка. Адзінае, што я бачыла з наваколля на ўласныя вочы і што зноў жа мне высакародна дазволілі захаваць у тэксце — тыя прыгожыя сосны, якія ўзвышаюцца за бетонным плотам, калі мяне выводзяць на шпацыр. Сосны, сярод якіх можа блукаць узгаданы Пільняком «выпадковы грыбнік» — думка аб яго нікчэмнай свабодзе, якую ад маёй адпакутаванай, перажытай несвабоды аддзяляе ўсяго некалькі крокаў ды шурпаты чатырохметровы бетон, праз які я столькі разоў павольна пераскоквала ў снах, гэтая думка, ах, гэтая думка… Сосны, якія ірвуць сваімі галінамі нябесны лазурак ды зіхацяць бурштынавымі слязмі на сваіх лускаватых аксамітных ствалах, яны плачуць са мной, калі мяне раптам зранку захалане залева журботы, калі б вы ведалі, як тут бывае, калі б толькі я магла сказаць, калі б мне дазваляла мова ды людзі, якія даюць дазвол на мову, на кожнае слова ды кожную коску…

Па начах я бачу ў сваім вакне сузор’е Вялікай Мядзведзіцы і, бывае, у зацыкленым руху ад адной зоркі каўша да другой, трэцяй, чацвёртай, распазнаю маршруты ўласнага жыцця, якое таксама раптам абмежавалася чатырохкутнікам майго белага пакою, але ж аднойчы я абавязкова ірвануся наперад, прэч, па той уяўнай рысцы, якая вядзе ад каўша да Палярнай — ірвануся з тым, каб напаткаць самую зыркую зорку на небасхіле…

Ну і трэцяя ўмова. Я не магу заклікаць у тэксце да фізічнага ўздзеяння на Янку Пільняка. Гэта адзінае, што паўстала паміж тапкам ды прусаком у якасці падзякі за паслугу ад яго «гаспадароў»: умова пра адсутасць маіх заклікаў да таго, каб хто-небудзь яго ўрэшце прышлёпнуў. Рабіце высновы — тыя, хто ўзважвае, ці варта супрацоўнічаць (выдаліць з тэкста).


Заўвага рэд. «Ахрэм»: мы атрымалі ліст з закрэсленым чырвонай асадкай сказам ды ананімным надпісам («выдаліць з тэкста»). Паколькі мы друкуем Настын ліст у тым выглядзе, у якім яго атрымалі на рэдакцыйную паштовую скрыню і, да таго ж, не ведаем, чыя гэта парада і каму адрэсаваная, мы вырашылі сказ не знішчаць.


Я не заклікаю Янку забіваць. Я не заклікаю адпілаваць яму галаву. Я нават не прашу аб малым, каб хто-небудзь адшчыкнуў яму яйцы тупымі садовымі нажніцамі. Не будзем чапаць гэтую мярзоту, хай сабе жыве. Мне дастаткова, каб усе ведалі, як усё было насамрэч, каб ніхто не крануў невінаватага. Не магу выключаць, што разам са з’яўленнем майго тэкста ў «Ахрэме», будзе выдадзены які-небудзь контр-тэкст, які запэўніць усіх прагных крыві Янкі Пільняка ў ягоных геройствах у дачыненні да мяне. Ці будзе сцвярджаць, што тыя словы, якія я выводжу зараз зялёным алоўкам на паперы, былі насамрэч напісаныя не Настай у спецустанове, у якой яна апынулася з-за Пільняка, а палкоўнікам на Лубянцы. Але ж я не магу моўчкі назіраць за тым, як белае становіцца чорным, а чорнае — белым, як зноўку ўсё пераблытваецца, перакуляецца дагары нагамі, і гэтым разам размова ідзе пра мяне, пра мой лёс, маю гісторыю, маіх норыцаў ды маіх трусікаў. У апошні раз паспрабую выправіць свет, хаця блытаць анёлаў з шатанамі звыкла для нацыянальнага характару, і нават сотні жыццяў тут не хопіць, каб памясціць анёлаў назаўсёды ў рай, чарцюкоў — назаўжды ў пекла. Хацела тут выкарыстаць замест «чарцюка» слоўца, якое вынайшаў Пільняк, слоўца «дэманюк», аднак зрабілася грэбліва ад яго мовы ў маім роце: нічога агульнага з гэтай пачварай! Магла б, нават правапіс змяніла б на тарашкевіцу, каб толькі не карыстацца тымі ж словамі, што і ён, але не здольная…

Дарэчы, прамільгнула зараз думка, што прычына, па якой КДБ вырашыў стачыць Пільняка — не ў гідлівасці. Бо бландзіністых прынцаў у белых бурносах ў камітэце няма, а лайно ад лайна не званітуе. Тут можа быць іншая карысць: з ліста вынікае, што Насту свабоды пазбавіла не сістэма, а Янка Пільняк. І што нянавісць павінна факусавацца выключна на ім, а не на ўсіх гэтых незаўважных чэкісцкіх нячысціках, імя якім у краіне — легіён. Даволі разумна… Выглядае, цяпер ўжо я гуляю на іх баку?


Заўвага рэд. «Ахрэм»: далей ідзе некалькі радкоў тэкста, якія былі замазаныя белай карэктарскай фарбай. Мы спрабавалі скалупнуць яе, аднак разам з фарбай адышоў і вялікі кавалак паперы, таму выглядае, што тэкст не аднавіць.


Але ж харэ корпацца ў складаных пытаннях, я вам тут не Сігмунд Фройд. Давайце шчыльней да справы, бліжэй да стравы. Побач з маім белым, як полацкая Сафія, пакоем, знаходзіцца зала эстэтычнай тэрапіі, дзе я штотыдня малявала адзін і той жа букет — пасля таго, як далоні перасталі дрыжэць ад прывітальнай дозы «галы», якой мяне ветліва сустрэлі прафесійныя дактары, высокую кваліфікацыю якіх я тут яшчэ раз засведчу.

Букет уяўляў сабой пук нейкіх ссохлых раслінных рэшткаў у жбане, задрапіраваных аптэкарскім халатам, на якім з некаторай складанасцю былі ўтвораныя цяжкія класічныя складкі, як у Хруцкага. Мне не далі фарбаў, бо дактары сказалі, што баяцца майго магчымага самагубства: нажаруся якога ўльтрамарыну ды памру нах. А ім адказваць. Такія прастадушныя! Нібы з дапамогай алоўка забіцца немагчыма!

І вось, пасля таго, як мы дамовіліся з галоўастраномам пра тры забароны, замест малюнку на эстэтычных практыкумах я пачала займацца пісанінай. Мабыць, нейкая ўнутраная інструкцыя недастаткова дакладна тлумачыла алгарытм дзеянняў у выпадку, калі пазбаўлены волі жадае змяніць занятак на «тэрапіі прыгажосцю». Бо мяне працягваюць саджаць за мальберт перад гэтым пастылым нацюрмортам ды зноў даюць дзве гадзіны на тое, каб выканаць «заданне»: адчуванне здаровага сэнсу іх мякка абыходзіць бокам, бо кожны раз пасля таго, як я здаю спісаную паперу, каб яе замкнулі ў шафе да наступнага тыдня, адказны доктар агалошвае мне адзнаку за нацюрморт і ўрачыста прастаўляе яе ў дзённік. Я прасіла пакінуць мне аркушы паперы ды алоўкі ў пакоі, каб я пісала тады, калі мне таго захочацца, але атрымала адмову, бо «працэсс пісання ліста» можа занадта мяне раз’юшыць ці расхваляваць, а яны прызвычаіліся да думкі, што мяне тут насамрэч вылечваюць ад нейкага псіхічнага захворвання. Адчуваць сябе дактарамі, вядома ж, прыемней, чым катамі ці турэмшчыкамі.

Перачытала напісаны абзац ды ўразілася дакладнасцю ўжытага выразу: «пазбаўленая волі». Ужыла яго аўтаматам, а цяпер прыпухла ад таго, як дакладна ён апісвае мой стан: я не «пацыент», я не «арыштант», я менавіта «пазбаўленая» ўласнай псіхічнай «волі». Карацей, мастак ува мне памёр, і нарадзіўся складальнік лістоў, пісьмоўнік. На вялікі жаль, дарэчы, бо ўжо нешта атрымоўвалася з аловачкамі.

Неяк седзячы перад тым нацюрмортам, кожная рыса якога вывучаная, як зморшчынкі на ўласным твары, я нахерачыла па памяці копію шагалаўскага палатна з велізарнымі ўрачыстымі кветкамі ды неабавязковай аголенай дзяўчынай, прыгажосць якой блякла побач з адвечным хараством створанага прыродай цуду ружаў. Тут, гэтым доўгім эстэцкім сказам, наўмысна дражню Пільняка: менавіта так бы гэты паганец загнаў пра букеціну. Я нічога асаблівага ў ёй не заўважыла, а што Вілаў пра яе ціўкаў, дык зразумела — заляцаўся хлапчына. Я прымалявала аголенай чарнявыя валасы, і яна атрымалася падобнай да мяне. Памятаеце тую развагу пра хараство (не тваёй) жанчыны і хараство (не твайго) букета напачатку «Сцюдзёнага выраю»? Дык прыкладаю свой малюнак да ліста. Людцы добрыя, хто з вас будзе ў Штатах, сустрэньцеся з Вілаў, аддайце яму, хай узгадае пра нашае спатканне, хай усміхнецца ды запэўніцца, што лепей зырыць на чужыя кветкі, чым на чужых жанчын.


Заўвага рэд. «Ахрэм»: малюнак да ліста прычэплены не быў.


Я не надта здольная да красамоўнасцяў, больш маю досведу ў пісанні лаканічных пранумераваных планаў, кожны з пунктаў якіх багаты магчымасцямі зрынання канстытуцыйнага ладу, але ж сканчаецца заўсёды іншай пісанінай — тлумачэннямі ў пракурорскіх кабінетах. Ну дык не буду бурыць уласнае пачуццё стылістыкі і працягну ў сваёй нешматслоўнай манеры.

Далей я збіраюся адказаць на два пытанні. Першае: хто напісаў «Сцюдзёны вырай»? Другое: «Як я даведалася аб тым, што „Сцюдзёны вырай“ напісаў менавіта гэты чалавек?»

Дык вось, адказ на першае пытанне даю адразу ж. Гэты тэкст, які быў названы ў прыпадку калектыўнага ачмурэння «лепшым мастацкім творам беларускай літаратуры», тэкст, які атрымаў «Глінянага чэлеса» ды цэлы похапак гістэрычных рэцэнзіяў, што абвяшчалі складальніка Бэтменам, Мікі-Маўсам і Мерлін Манро адначасова, быў напісаны ад пачатку да канца Янам Пільняком. Пільняк запытваўся: «Як будзе „omnipresent“ па-беларуску?» І сам жа адказваў сабе, выконваючы ролю адначасова бездапаможнага амерыканца-аўтара і дасведчанага рэдактара-беларуса. Гэтаксама Пільняком была напісаная «спроба апраўдання», у якой ён даволі шчыра выкладаў некаторыя абставіны напісання «Вырая», прыпісваючы ўласныя вынаходніцтвы задвухкошанаму Вілаў, наяўнасць якога адмаўляў. Дарэчы, апраўданне не прынятае, сволач.

Далей я вымушаная ступіць на хісткую глебу літаратуразнаўства, у якой я не вельмі пракачаная. Таму звярнуся па дапамогу да асноўнага сховішча ведаў пра Беларусь і беларусаў. Усім мясцовым вядома, што шукаць інфу пра выбітных асобаў лепш за ўсё на беларускім аналагу «Вікіпедыі», партале «Срут.бай». На той выпадак, калі гэты мой допіс будзе вылучаны на Нобелеўскую прэмію — а я не здзіўлюся, бо для нашага пісьменніцкага братэрства галоўная не мастацкая вартасць тэкста, а каб чалавек быў харошы — растлумачу, што такое Srut.by. Любы, хто пажадае, можа пакінуць на «Сруце» кароткі артыкул пра сябе самога ці пра якога Акудовіча. Звычайна гэты «стартавы» артыкул станоўчы і падкрэслівае ўнёсак асобы ў развіццё цывілізацыі ды барацьбу з рэжымам. Потым любы іншы можа скарыстацца опцыяй «абдрыстаць» і напісаць да артыкула пашыраны камент, які змяняе тэкст да непазнавальнасці. Напрыклад, замест фразы «у 2009 годзе кніга Віктара Марціновіча „Параноя“ трапіла пад негалосную забарону ў Беларусі», з’яўляецца фраза «у 2009 годзе Віктар Марціновіч дзеля таннага самапіяра зрабіў выгляд, нібыта „Параноя“ забароненая ў Беларусі» — з тым, каб скончылася ўсё наступным чынам: «у 2009 годзе на замову КДБ шэраг незалежных сайтаў распаўсюдзіў інфармацыю аб нібыта забароненай рускамоўнай „Параноі“ дзеля таго, каб адцягнуць грамадскасць ад факту з’яўлення новай кнігі Севярына Юзыфовіча „Прыступкі сьвядомай паспалітасьці“». «Дрыст» прымаецца і дадаецца да артыкула назаўсёды, калі цягам тыдня з ім пагаджаецца хаця б два наведвальнікі і калі ягоны характар больш жорсткі за тую фармулёўку, якая прысутнічала дагэтуль. «„Срут.бай“ стаў такім папулярным, таму што эксплуатуе прагу беларусаў да абсірання суседа», — напісана ў «дрыстах» «Срут.бай», прысвечаных парталу «Срут.бай». Здаецца, дарэчы, што тут каментатары «абдрысталі» не партал «Срут.бай», а беларусаў як нацыю, але каго гэта бянтэжыць? Паколькі станоўчыя заўвагі на сайце не прымаюцца, адзіны шлях адпомсціць таму, на каго паў падазрон у складанні крытычных «дрыстаў» пра цябе ці твайго героя, — напісаць пра крыўдзіцеля самому. Таварышы сруць і сруць, у нацыянальнай «дрыстапедыі» ўжо два мільёны артыкулаў.

Але ж вернемся да артыкула «Іван Пільняк» на «Сруце». Ён агромністы, і ягоная агромністасць паказвае, як шмат добразычліўцаў у нашага Іванчыка. Чытаем: «Іван Пільняк як аўтар нарадзіўся ў адну неспакойную ноч, калі на скрыню рэдактара буйнога расейскага выдавецтва, назва якога, як і ўсё найлепшае ў рускай культуры, складаецца з трох літараў, прыйшоў ліст з Беларусі, ад чалавека, які называў сябе Іванам Пільняком і цьмяна ківаў на генетычныя сувязі з вядомым аднафамільцам — сувязі павінныя былі выкрыць тое, што Іван Пільняк складаецца з тых жа геніяльных генаў, што і Барыс Пільняк, паэт прамысловага подзвігу, аўтар тэкста „Волга впадает в Каспийское море“». Спынюся цытаваць і адзначу, што асобныя фармулёўкі пільняковай біяграфіі на «дрыстапедыі» смярдзяць пільняковымі фармулёўкамі. Ведаючы ягоную лісіную натуру, нельга выключаць, што ён актыўна ўдзельнічаў у аўта-аўтадафе, дадаючы ўзважаныя «дрысты», каб па ім не «дрыстанулі» менш стрыманыя ворагі.

Чытаем далей, што ў файле, які атрымаў рэдактар, утрымлівалася рускамоўная спроба пяра нашага мудачонкі, таўсценны псіхалагічна-гістарычны раман «Несвижские эхи». Цытуем «Срут»: «У „эхах“ Пільняк паказаў сябе дасведчаным марадзёрам, які можа эфектыўна пажывіцца з мошчаў продкаў, паралельна забацаўшы псіхалагічна-лірычную лінію пра тых навукоўцаў, якія корпаюцца на могілках гісторыі». Суправаджальная рэцэнзія, якую, як вынікае, Пільнячок накрэмзаў сам, «выкрывала сувязі ягонага тэкста, сюжэт якога разгортваўся ў двух часавых вымярэннях, з лепшымі творамі, якія былі зробленыя на „беларускім дыялекце рускай мовы“, у прыватнасці — з Караткевічам». Ананімны крытык працягвае, што «Янусік да Караткевіча не дастаў, бо не хапала фундаментальнай гістарычнай адукацыі: тэкст быў працяты дылетантызмам ды занадта мадэрновым разуменнем сярэднявечча — атавізм ганебнай журфакаўскай ляноты розума, а Ян скончыў журфак у тыя часы, калі ад яго ўжо патыхала ваксай жаўнерскіх ботаў».

Хто пісаў гэтыя радкі? Няўжо гэтае шматслоўе ўжо ператварылася ў нацыянальную літаратурную манеру? Ці мы бачым тут Пільняка, які крытыкуе Пільняка? Не маем адказа! Ведаем, што «рэдактар выдавецтва з трох літараў» палічыў дэбютны раманчык нашага Іванкі настолькі смешным, што выклаў гісторыю свайго ліставання з Пільнячком ва ўласным эдытарскім блогу, дзякуючы чаму мы цяпер ведаем, як пачынаўся гэты пісацелішча.

Цытуем далей нашую энцыклапедыю заганаў: «У адказ на „эхи“ Ян-Іван атрымаў ліст, у якім слушна заўважалася, што прырода ягонага даравання ў агульных рысах нагадвае дараванне Барыса Пільняка. Аднак часы цяпер не тыя і лепей было б паспрабаваць сябе ў жанры гістарычнага хорару. Пакуль Янік спрабаваў сябе ў жанры гістарычнага хорару, рэдактарскі допіс у блогу прачытаў вядомы ліберал Святаслаў Гельцэрмахер, аўтар жорсткага палітычнага баевіка „Берёза“, у якім на метафарычны двубой з Пуціным выходзіць раслінны свет вялікай краіны. Як большасць расейскіх лібералаў, Гельцэрмахер быў прыхільнікам вялікай і моцнай Расеі, а таму яму спадабалася дакладнае разуменне „мальчыкам з Беларусі“ той ролі, якую адыгрывае беларуская мова ў сям’і ўсходнеславянскіх дыялектаў.

Святаслаў узгадаў Яніка ў адным са сваіх шматлікіх тэлевізійных інтэрв’ю, і гэта ўжо было сур’ёзна: трэба было тэрмінова друкаваць „мальчыка“, каб медыйны эфект паспеў адлюстравацца на памерах продажаў. Выдавецтва з трох літараў ціснула „Несвижские эхи“ накладам пяцьдзесят тысячаў, што ў старым савецкім свеце адпавядала б цвёрдай вокладцы і сяброўству ў Саюзе пісьменнікаў. Ян да таго часу ўжо адаптаваў „эхи“ пад запыты рынку, запаланіўшы вуліцы Нясвіжа ажно да ратушнай плошчы, на якой ля крамы „Сноў“ размясціліся намёты спецназу, замбякамі, што паўсталі з магільных скляпоў Радзівілаў. Ачольваў натоўп вялізны орк з прозвішчам Радзівіл Сіротка: мерцвякі рушылі наперад, але пасля бітвы пад Воршай, на якую супрацьстаяць натоўпу беларускіх дохлых шляхціцаў былі кінутыя ўзброеныя сілы Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі, былі загнаныя пад зямлю. Укушаны за абцас Чорнай Паннай Нясвіжа камандзір расейскага спецназу абдымае свайго беларускага калегу, яны зліваюцца ў пацалунку, а сонца коціцца за гарызонт, і зразумела, што Янка можа за кароткі тэрмін нахерачыць яшчэ і „Несвижские эхи-2“, у якім бойку са спецназам будуць весці працятыя старажытным беларускім праклёнам абцасы. Аднак раман атрымаўся настолькі дрэнным, што нават паўторная ўзгадка пра „беларускага хлопчыка Пільняка“ Гельцэрмахерам не дапамагла. У Беларусі Пільняк мільгануў у буйных газетах, было адзначана, што гэта першы поспех беларускага празаіка ў расейскай літаратуры, папярэдні наклад быў 45 тысяч, чакаем новых рэкордаў. Акудовіч тлумачыў, што гэта не літаратура, і ён пра яе нічога казаць не будзе».

Вы можаце запытацца, якога ражна я так падрабязна распавядаю тут пра другараднага літаратара, навошта шараговаму чытачу ведаць пра першацветы Івана Пільняка. Аднак зразумейце, людцы, гэты чалавек — асноўная прычына ўсяго таго, што здарылася са мной. Ён — галоўны герой рамана «Сцюдзёны вырай», які зрабіў для сюжэта значна больш, чым я ці небарака Вілаў.

Чытаем «Срут» далей: «Пільняк напісаў другі раман, гэтым разам — пра крыж „Евфросинии Полоцкой“: на метафізічным узроўні тут панавалі вампіры, на сюжэтным — выкраданне крыжа маладым Брэжневым, на ідэйным — паданне пра тое, што Полаччынай заўсёды будзе валодаць тая дзяржава, якой належыць крыж. І што пасля таго, як Брэжнеў з вампірамі захапілі крыж, смактаць кроў з Беларусі і Полаччыны павінна Расея. Рукапіс быў адрэцэнзаваны ў „Русском журнале“ Глебам Паўлоўскім, які заўважаў „тонкі геапалітычны сімвалізм“ гэтай гісторыі, замаскіраванай пад „трэш-літаратуру“. Але замаскіраванасць гэтым разам выйшла настолькі ўдалай, што „Сокровище Преподобной“ выдалі ў мяккай вокладцы, з цыцкастай бабай у манаскай спадніцы: аголеныя цыцкі дазвалялі зрабіць выснову, што пад „сокровищем“ разумеецца пэўная фізіялагічная адметнасць „преподобной“, што знаходзіцца менавіта пад спадніцай, якую дзяўчо прыціскае да каленяў крыжом.

Гэты раман прадаваўся даволі хутка, галоўным чынам — за кошт дасканалай формы цыцак, на якую купляліся дальнабоі на развалах. Але Іван Пільняк раптам адчуў сябе пісьменнікам з вялькай літары „пісь“. Ён наклацаў усхваляваны допіс пра тое, што руская літаратура задыхаецца ад цыцак на вокладках, а дыскусія аб тым, ці можа стаяць чэлес у нежывога мужчыны, нават калі той вельмі закаханы — не навуковая, і што ён асабіста болей не будзе кранаць тэму вампіраў у сваіх творах. У якасці спробы новага штылю Іван змясціў у Сеціве фрагменты са „зборніка рэалістычных апавяданняў“, які назваў „АграгарадОК“. Апавяданні паразітавалі на другой пасля гандлю муміямі продкаў тэме беларускай літаратуры — жыцці простых людзей на зямлі. Апавяданні былі лёгкімі, смешнымі — так падавалася аўтару і яшчэ чатыром чалавекам, якія змарнавалі час на іх чытанне і пакіданне ганебных каментаў. У „АграгарадКУ“ Пільняк яшчэ намагаўся заляцацца да беларускай культурнай улады — той, што як схапілася за маўзер пры Шагале, так ад гэтага маўзера ніяк не адмовіцца. Ён яшчэ спрабаваў працаваць „і нашым, і вашым“, даючы спрэчныя інтэрв’ю са згадкамі пра асаблівасці кіравання ў мастацтве, але ж „АграгарадОК“ той пісаў у патаемным спадзяванні, што, можа, у Купалаўскі возьмуць ці ў ЛіМе надрукуюць. Карацей, старанна абыходзіў усё тое жывое, што зараз у Беларусі намінуецца „палітыкай“ і спрабаваў кранаць выключна „вечныя тэмы“, якія таму і „вечныя“, што такія ж нерухомыя ды нежывыя, як чэлес у вампіра.

„АграгарадОК“ не ўзялі і не надрукавалі. Па-першае, таму, што трэш, толькі гэтым разам зроблены з сур’ёзным тварам, па-другое, таму, што вобраз старшыні, які размаўляе ў „Аграгарадку“ на трасянцы, камусьці штосьці нагадаў, як бы Пільняк не запэўніваў, што нічога такога на ўвазе не мелася. Акудовіч працягваў маўчаць, але ж нехта выклаў са спасылкай на Акудовіча версію, што калі б той жа „АграгарадОК“ быў напісаны на мове, ось тады б… Пільняк зрабіў апошнюю спробу знайсці сябе ў рускамоўнай прозе — спробу ўжо асуджаную на правал, бо адмовіўшыся пісаць пра вампіраў, ён страціў краіну, якая на той мове размаўляла. Выдавацца ў Расеі і не пісаць пра вампіраў для чалавека ягонага ўзроўню таленавітасці было немагчыма».

Наступны фрагмент дакладна накрэмзаны Пільняком. Нягледзячы на крытычную танальнасць, бачна, як ён, падла, захапляецца сабой ды ўласнай выключнай роляй: «Карацей, Пільняк абвесціў сябе „апошнім рускім пісьменнікам“, „спадкаемцам рускае мовы“, якая была „расстраляная бальшавікамі“. У прадмове да апошняй рускамоўнай аповесці ён сцвярджаў, што была вось вялікая руская літаратура кшталту Гогаля, Дастаеўскага, Чэхава. Але потым адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. І ўсе носьбіты гэтай літаратурнай традыцыі з’ехалі ў эміграцыю, пабраўшы з сабою сюжэты, мову, карацей — канон. І што пакуль вялікая руская літаратура памірала ад голаду ў Парыжы, як Газданаў, ці пакутавала ад галечы ў Берліне, як Набокаў, у Расеі тым часам паўстала новая ружовашчокая, борзая і простая літаратура, якую стваралі пралетарскія пісьменнікі». (Дадам ад сябе: кшталту Пільняка, гы гы).

«І абставіны склаліся так, што эмігранцкая літаратура, правапераемніца вялікай рускай традыцыі, сканала ад старасці, потым пайшоў і Саюз, але ў расейскай прозе, якая павінна была выракчыся пралетарскасці, узняцца над дзікунствамі моўных ды сюжэтных спрашчэнняў, пачала развівацца тая літаратура, якая нарадзілася з 1917 года. І, пакуль у публічнай прасторы паступова адбываўся чэкісцкі рэванш, у прасторы культурнай варочалі паслядоўнікі Марыеташагінян ды Ільфапятровых. Вампіры паўсталі як непазбежны выток адданасці справе трупажэраў, а цыцкі былі абумоўленыя жаданнем зарабіць адразу ўсе грошы на зямлі, уласцівыя расейскаму капіталізму на існай ступені ягонага развіцця. І што ў гэтых умовах менавіта ён, Іван Пільняк, з’яўляецца апошняй надзеяй вялікай рускай літаратуры. Бо паходзіць звонку, з-за мяжы, хай сабе тая мяжа даволі празрыстая ды аддзяляе Расею ад яе сяброўкі Беларусі. Па-другое, ён маскоўскіх Літынстытутаў, у якіх таленавітым дылетантам робяць прычоску мазгоў, адаптуючы да рэаліяў постсавецкай савецкасці, не сканчаў, быў узгадаваны на эмігранцкай прозе, а таму з’яўляецца натуральным спадкаемцам Газданава, Набокава і г. д.

У якасці заяўкі на ўласны новы стан і месца ў прозе, ён прэзентаваў новую аповесць, напісаную „той самай“ рускай мовай, якая не імкнулася да спрашчэнняў, сказы ў якой складаліся з вялікай колькасці словаў, а героі былі трохі больш складанымі, чым тыя „буллённыя кубікі“ з вуснаў, чэлесаў ды похваў, якія панавалі, гатовыя да хуткага сюжэтнага выкарыстання ў Маскве. Ягоны новы твор абапіраўся на трэцюю і апошнюю класічную тэму беларускай літаратуры —„вялікую ацечэственую вайну“. Дзяды Пільняка ўхвалялі подзвіг народа, які будзе жыць у вяках. Бацькі — казалі пра тое, што ўсё было не бясспрэчна, старшыя браты ўжо даволі смела выкрывалі злачынствы партызанаў ды малявалі кранальныя сцэнкі кахання нямецкіх гансаў ды беларускіх палін. Янка вырашыў пайсці далей і ўзняцца над сітуацыяй, якая апранае людзей на нашай зямлі ва ўсё новыя ды новыя маскі. Ён падаў гісторыю беларуса, Васіля Аладава, які пабываў у Арміі Краёвай, змагаўся за незалежнасць Польшчы, потым уладкаваўся ў партызанскі атрад, у рэшце рэшт, пасля таго, як атрад пажэр усіх свінак у навакольных вёсках ды „расфарміраваўся“, герой скончыў у паліцаях. З тым, каб павесіцца, бо апынулася, што перамагаць у вайне пачалі менавіта тыя, каго ён лавіў ды здаваў у Гестапа апошнія месяцы свайго не надта гаротнага, аднак і не вельмі ладнага жыцця. Дарэчы, у малюнку гэтай гістарычнай іроніі, здольнасці лёсу заўсёды рабіць найгоршым з магчымых той выбар, які робяць беларусы, бачыцца наймацнейшая адметнасць твору».

Я чытала тую кніжку і памятаю, што вынікам кожнай з гэтага шэрагу «рэінкарнацыяў» героя была змена светаўспрымання. Нібы ў калейдаскопе трансфармавалася разуменне ім савецкай улады, Гітлера, прыгнёта, нацыянальнасці, нават кахання. Польская красуня Марыся, з якой ён пёрся на сенавалах, змянілася рускамоўнай Алёнкай, якая марыла пра мір ва ўсім свеце, размаўляла мовай чырвонаармейскіх статутаў, падстаўлялася ззаду ды дапамагала жаночай пяшчотай адразу чатыром мужыкам іх узброенага фармавання. У рэшце рэшт, апрануўшы форму паліцая, Аладаў сустрэў напырсканую хранцузскай дзікалонай Грэтхен, якую ўспадкаваў пасля таго, як з мястэчка з’ехаў штаб нямецкай арміі. Яна ведала шмат пяшчотных нямецкіх словаў і дапамагала Аладаву адчуць сябе на прасцінах сапраўдным арыйцам.

Дадам, што я не вялікі мастак у разуменні тэкстаў, аднак гэтая аповесць, якую Пільняк назваў «Тры жыцці Васіля Аладава», адзінае вартае чытання з ягоных карэбак. Як заўсёды ў такіх выпадках, аповесць поспеха не мела зусім і засталася з сотняй праглядаў на сайціку «прозабай». «Срут» дадае, што «выдаваў Янка яе ўжо за ўласны кошт, і гэта было першай прыкметай ягонага больш шчыльнага набліжэння да рэаліяў беларускай літаратуры». Запыленую кніжэнцыю, якая зжаўцела ад уласнай незапатрабаванасці, можна знайсці ў некалькіх дзяржаўных крамах, у якія яна, пішуць, вярнулася пасля таго, як Пільняк так удала прадаў мяне за кватэру.

Чытаем далей: «Праз яшчэ два гады Іван зразумеў, што месца на белым свеце для яго больш няма. Расея трыумфальнага вяртання спадкаемцы дарэвалюцыйнай традыцыі не заўважыла, бо колькасць аўтараў, якія могуць пісаць не пра вампіраў, абмежаваная там ёмістасцю рынка (4 новыя чалавекі ў год па квоце: двух называе Захар Прылепін, аднаго Дзмітрый Быкаў, аднаго Уладзімір Сарокін: Святаслаў Гельцэрмахер пасля новай кніжкі „Ходорок“ быў прыбраны з федэральных каналаў і страціў магчымасць абвяшчаць таго ці іншага аффтара пісьменнікам)».

Далейшае, відаць, напісана чалавекам, які дрэнна ставіцца не толькі да Пільняка, але і да беларускамоўнай літаратуры. Не выключана аднак, што і тут пакорпаўся сам Іванік, які вельмі добра змяняе рогі на крылы і наадварот:

«І тады Іван Пільняк здзейсніў самагубства. Замест яго нарадзіўся Янка, Ян Пільняк, ваяр беларускай мовы, апошняя надзея нацыянальнай літаратуры. Нарадзіўся ён не празаікам: у строгай адпаведнасці з традыцыяй, у якой чалавек адбываецца як беларускамоўны пісьменнік яшчэ да таго, як добра авалодае мовай, наш герой склаў кніжачку вершаў. Вершаў — таму, што напісаць нешта, даўжэйшае за вершаваны радок, Пільняк не мог: не хапала мовы. Таму ён накляпаў васьмірадкоўяў на вострую сацыяльную праблематыку, у якіх зноўку натужна гумарыў. Каб атрымалася меней штучна, сыпануў жменю дзявочай лірыкі, у якой „любоў“ у лепшым выпадку рыфмавалася з „маркоў“, а ў горшым — ні з чым не рыфмавалася, бо карэктар выкрасліў русізм ды замяніў яго беларускім словам з іншым канчаткам, дарэчы, менавіта так у нашую мову масава прыйшлі верлібры, у якіх спрабуе сябе большасць неафітыкаў („каханне“ і „маркоў“ — рыфма больш высакародная, бо ўтрымлівае прывід скасаванай лексічнай неадпаведнасці беларускаму вакабуляру).

Першая танюткая кніжачка Янкі была названая ў строгай адпаведнасці з традыцыяй, якая пануе у белліце: павінна быць два словы, адно з якіх зразумелае без слоўніка шырокаму колу чытачоў ды самому аўтару, другое знойдзена „паэтам“ у кніжках і сімвалізуе дасканалае валоданне моўнай матэрыяй. Назва была такая: „Смарагдавы далягляд“. Дарэчы, трохі больш пульхная кніжачка Пільняка называлася „Аксамітныя поплавы“, і тут ужо была прэтэнзія на эксклюзіўнасць, бо абодва словы вымагалі ад такіх знаўцаў мовы, як Пільняк, зазірання ў слоўнік».

Спынюся ды адзначу, што толькі па гэтых двух выдрыстах моўнай фантазіі Пільняка, па «Смарагдавым даляглядзе» ды «Аксамітным поплаве» — толькі па іх можна было пазнаць і зразумець рэальнага аўтара «Сцюдзёнага вырая», у якім «смарагдавасці» ды «поплаваў» занадта шмат. Каб толькі я занялася вывучэннем біяграфіі паскудніка трохі раней! Каб толькі я ведала, як шмат карысці можа прынесці цікаўнасць да літаратуры!

Я памятаю адзіную ў жыцці жывую сустрэчу з засранцам. Калі Янка Пільняк толькі-толькі ўсхваляваўся беларускай мовай, нехта зацягнуў мяне на паэтычныя чытанні. На сцэне стаяў доўгі сухі Пільняк і старанна чытаў са «Смарагдавага далягляду», памыляючыся ў націсках не радзей, чым два разы на радок. Асноўнае ўражанне, якое ён у мяне пакінуў, было супрацьлеглым. Як быццам у чалавека ёсць добрыя галасавыя звязкі, але ж напружвае ён іх не ў тым месцы ды не так, каб выдаваць прыемныя гукі. Уявіце сабе мужчыну з мяккім прывабным барытонам, які наўмысна гвалціць сябе, сваё горла, каб гаварыць віскатліва. Віскатлівасць, штучнасць засталася асноўнай адметнасцю ў маім разуменні Пільняка. Ёсць такое слоўца — чэрававяшчальнік, якое пазначае чалавека, які кажа не ротам, а іншымі, не прызначанымі для маўлення часткамі. Напрыклад, дупай. І вось менавіта дупай Янка заўсёды і гаварыў са сваім чытачом. Ён ёй, дарэчы, і думаў.

Чытаем далей: «Хутка пасля выхаду „Аксамітных поплаваў“, часопіс „Ахрэм“ узяў з новым беларукім пісьменнікам вялікае інтэрв’ю, у якім у прыватнасці высвятляў, што канкрэтна Іван меў на ўвазе, калі казаў „Русскому журналу“, што „белорусский „язык“ с его „гуканнями“ и фрикативными согласными прекрасно подходит исключительно для одного занятия — выпаса стада крупного рогатого скота. „Гэй“, „куды пошла“, „жывела“, „скацина“, „жыта“ — вы чувствуете, как тут сама мелодика произношения вписывается в социальную ситуацию, к которой большинство белорусов привязаны генетически, многими поколениями предков. Далекий лай собаки, журчание реки, безмятежные облака над головой — вот что чувствуется в этом диалекте. Но никак не шепот дождя по стеклу, аккомпанирующий ожиданию белого платья, уже мнящегося в тумане оголённого беспощадной осенью парка. Когда я слышу призывы писать по-белорусски прозу и тем более поэзию, я чую запах свежего навоза на клевере“. Янка даволі вынаходліва патлумачыў гэтыя свае колішнія словы пра мову выключна спробай адзначэння яе „пастаральнай пявучасці“. А ў якасці індульгенцыі за заганы мінулага выдаў доўгую сентэнцыю пра тое, што руская мова з’яўляецца „атрутай у роце“ беларусаў, якую трэба выплюнуць і ні ў якім разе не праглынаць».

Дадам ад сябе, што пасля гэтага інтэрв’ю ён быў першы раз люта адпізджаны — хутчэй за ўсё тымі прыхільнікамі ўласнага таленту, якім Іван Пільняк падабаўся больш за Янку Пільняка. Піздзілі яго потым яшчэ шмат разоў, і ён заўсёды метафарычна, калярова з прыкладамі і стылістычнымі тропамі гэта апісваў журналістам.

Аднак сканцэнтруемся ды скончым цытаванне «Срут.бай»: «Ператварыўшыся ў „беларускамоўнага“ літаратара, Пільняк працягваў пісаць тымі ж доўгімі сказамі, якія „атрымаў у спадчыну“ ад вялікай рускай літаратуры. Ягоны моўны партрэт змяніўся не прынцыпова — выгадаваць у сабе гурмана, які адчувае смак таго ці іншага незвычайнага, як салёны смаржок, беларускага слова ён не здолеў, бракавала пачуцця ўнутранай дасканаласці». Дарэчы, заўважце, людцы: апісваючы паход Вілаў у свет беларушчыны, Пільняк апісваў самога сябе. Пры гэтым выглядае, што авалоданне мовай давалася яму больш складана, чым Вілаў, бо Вілаў у «выраі» не меў той фундаментальнай заганы, якая вызначае ўсе рысы характару Пільняка, а менавіта — ляноты. Дагэтуль Пільняка называюць самай «маскальскай» істотай свету беларускай прозы, бо па колькасці русізмаў усё, што выходзіць з-пад ягоных пальчыкаў, можа супернічаць адно што з беларускім перакладам «Правілаў карыстання метрапалітэнам» у вагонах менскай падземкі.

Вядома ж, Пільняк першапачаткова — рускамоўны, рускафільскі празаік мог стварыць адно рускацэнтрычнага героя, такога, як няісны «Вілаў», што працуе на «русские спецслужбы». Вілаў, які быў выгадаваны на піянерскіх зарніцах, еў печаную бульбу ў піянерскіх летніках ды чытаў рунет. Вядома ж, Пільняк трыюмфальна «выкрыў» Вілаў, абвінаваціўшы ў наяўнасці ў ягонай мове тых рускіх шаблонаў, якія здолеў заўважыць уласнавоч (іх там значна болей). Але ж нагадаю прынцып: той, хто грамчэй за ўсіх абвінавачвае іншага ў супрацы з расейскімі спецслужбамі, сам працуе на спецслужбы беларускія. Так было заўсёды. І як толькі Пільняк пачаў ляпіць у «Спробе апраўдання», што Вілаў супрацоўнічае з Лубянкай, трэба было з разуменнем пляскаць у далоні: яшчэ адзін агенцік адшукаўся.

Ды дадам ад сябе наконт яго казановістасці. Дакладна вядома, што ў Яна Пільняка толькі аднойчы быў кантакт з жывой жанчынай: размова ідзе пра старэйшую на пятнаццаць год прадпрымальніцу, што гандлявала кніжачкамі на ВДНХ. Нейкім чынам — можа, гіпнозам якім, Пільняк запэўніў тую, што з’яўляецца выбітным прадстаўніком літаратуры, з якой жанчына кармілася. Некалькі месяцаў у Янкі быў раман, яго актыўна абмяркоўвала ўся беларуская літаратурная суполка. Аднак вельмі хутка жанчына яго пагнала, бо, мабыць, сэксуальныя ўласцівасці паганца апынуліся яшчэ меней пэўнымі, чым літаратурныя. Больш жывая жанчына побач з Пільняком заўважана не была. Гэта на тэму ягоных глыбокіх ведаў жаночай прыроды.

«Срут.бай» адзначае, што «асноўнай адметнасцю пільняковай прозы з’яўляецца клінічная адсутнасць фантазіі. Складаючы раманчыкі пра зомбі ды Брэжнева, ён карыстаўся канонам, які на гэты момант склаўся настолькі дэталёва, што раманы можна пісаць па шаблоне — дадай толькі імёны і прозвішчы ў пустыя радкі. Ад ягоных апавяданняў, вершаў ды нават артыкулаў, надрукаваных у часопісах, хочацца пазяхаць». Менавіта таму так уражваюць моманты кшталту планавання майго затрымання, якія кантрастуюць з усім астатнім, што спароджана ягонай фрыгіднай фантазіяй. Дык сапраўды планаванне майго жыцця і лёсу было, сапраўды збіраліся маўклівыя суворыя мужчыны над маналітным драўляным сталом, на якім налепкамі пазначаліся этапы майго жыцця і знаёмства з рэальным Вілаў! Аднак адбывалася гэта ні на якой ні на Лубянцы, але ж тут, у краіне, у адным з велічных барочных будынкаў, у якіх вызначаюцца лёсы, воля ды свабода шмат якіх упэўненых у тым, што белае павінна быць названа менавіта белым, а не шэрым ці стракатым у фіялетавую крапінку.

Ён кажа пра тое, што той «Вілаў», з якім ён сустрэўся, каб атрымаць замову на тэкст, не меў схільнасці да лішняе вагі, быў сухарлявым ды чарнявым, нібы італіец? Людцы, Вілаў — той добры, збянтэжаны хлопец, якога я напаткала ў Стамбуле — выглядаў як сапраўдны беларус з-пад Навагрудку, які гадаваўся не на бульбе з грэчкай, а на «МакДональдсе» з «Бургер Кінгам». Валасы колеру сена, блакітныя вочы — ніякіх паралеляў з пільнякоўскай «мідзітэраніяй». Больш за тое, Вілаў у тым выглядзе, які пададзены ў пасляслоўі Пільняка, больш за ўсё нагадаў мне самога Пільняка — таго сухарлявага чарнявага адсоса, якога я некалі бачыла на прэзентацыі. Вось там сапраўды нейкі прысмак усхода, мабыць, бацька ягоны быў цыганам. Яму не хапіла фантазіі, каб выдумаць злодзея, і Яначак не змог знайсці нічога лепшага, як намаляваць у якасці злодзея самога сябе. Файны крэатыў!

Тое ж самае можна сказаць пра Іванова — той дзядуля, які падсунуў мне атручаную каву, быў адзін да аднаго падобны да народжанага Пільняком «спецслужбоўца». Тая ж вірлівасць у паводзінах, ён тры разы запытаўся, ці для мяне кава. Гэткая зухаватасць, якая межавала з непрафесіяналізмам. Малая расамаха магла глынуць у мяне з кубачка, яна заўсёды так і робіць, не запытваючыся, дык што, мяне б разам з Крэйзі вывозілі на «хуткай»? А яе куды? Па галаве і ў канаву? Ці змясцілі б у суседнім пакоі? Фантазіі мудачыны хапіла хіба што на акуляры Іванова, якіх на дзядку не было, усё, сканчаю, бо дамаўляліся аб гэтым не ўзгадываць, так, гэта парушэнне першага пункта дамовы.

Тут ад асобы Яна Пільняка, які з другараднага рускамоўнага недапісьменніка ператварыўся спачатку ў чэмпіёна беларускага літаратурнага Алімпа, а потым і ў адкрывальніка талентаў, які расшукаў у пыле эміграцыі бліскучы дыямент «галоўнай празаічнай знаходкі тысячагоддзя», самы час перайсці да таго, як я яго выкрыла. Адзначу, што мне варта было зразумець замену шчырага хлопца злыднем яшчэ пры першым чытанні «Сцюдзёнага вырая». Бо Вілаў не мог стварыць тэкст, у якім было столькі нянавісці: да рускіх, ад якіх скаланае Пільняка, імі прылашчанага, а потым злітага. Рускія ў тэксце гэта «бухі» Саўрасаў ды ягоны раздзяўбаны «прасёлак», які ўвасабляе рускае растрындзяйства, неахайнасць ды галечу, вось нічога добрага няма там, ну нават незразумела, адкуль столькі нобелеўскіх лаўрэатаў пайшло… Мы чытаем пра пахмурных замкнёных літоўцаў, якіх ён таксама не пераносіць, бо «скралі гісторыю», бо вежа Гедыміна — «фэйк», бо «Літва прапаноўвала беларускую гісторыю ва ўжо расфасаваным выглядзе, аздобленым цэннікам і этыкеткай на літоўскай мове». Слухайце, ды нічога дрэннага літоўцы нам не зрабілі, хопіць ужо плявузгаць пра Вільню! Пільняка скаланае ад каталікоў, якія ў ягоным хваравітым уяўленні атрымаліся юрлівыя, як сантэхнікі ды медсёстры ў порнафільмах. Ён пляжыць беларусаў, ён зневажае палякаў, усе яму не тыя, усе не вартыя павагі — у той час, як адметнасцю сапраўднага пісьменніка, на маю дылетанцкую думку, з’яўляецца гуманізм, пачуццё прыгажосці і здольнасць яе даносіць словам. Дарэчы, менавіта таму ў нас дагэтуль няма вялікай прозы: быў Караткевіч, які ўвесь зіхацеў ад чалавекалюбства, ды сышоў. Схільнасць да талерантнасці, уласцівая амерыканцам, з’яўляецца самай нераспаўсюджанай якасцю сярод нашых, якія, як той Васіль Аладаў, змянілі столькі сутнасцяў, настолькі заблыталіся ў супрацы з КДБ, Фронтам, Пазьняком, Масквой і г. д., што ўжо не разумеюць сябе, маюць у сэрцы адно чорную зняважлівасць ды пагарду.

«Сцюдзёны вырай» напісаны той жа ванітнай мовай, што большасць пільняковых «творыкаў». Але зразумела гэта зрабілася толькі пасля таго, як было надрукаванае Янава «апраўданне». Бо апынулася, што гэтае «пасляслоўе» створана так, як і аповесць Вілаў. Ведаеце, што вымусіла мяне расплюшчыць вочы? Дужкі! У абодвух тэкстах — тым, што нібы створаны Вілаў, і тым, што створаны Пільняком — зашмат дужак. Да таго ж — і там, і там шматслоўныя сказы, якія спрабуюць прадрацца праз штыль сэнсаў, як лінкор, на які нагрувашчаная каравэла, на якую зверху пляснуты яшчэ браненосец часоў руска-японскай вайны. Бывае так, што перакладчык размаўляе той жа мовай, што і пісьменнік, якога ён перакладаў усё жыццё. Гэта можна пабачыць, напрыклад, у біяграфіі Набокава, напісанай Барысам Носікам, перакладчыкам Набокава (ацаніце, як я нахапалася, рыхтуючыся выкрыць свалату!). Тут блізкасць маўлення абумоўленая тым, што чалавек унікаў у чужую свядомасць, спрабаваў знікнуць, растварыцца ў мове аўтара.

Але ж калі Пільняк спачатку рэдагуе «нечый» тэкст, а пасля абвяргае гэты тэкст, і ягонае абвяржэнне напісанае тымі ж невыноснымі канструкцыямі, што і «варожы» тэкст, якога ён выракаецца, дык відавочна робіцца, што аўтар у абодвух выпадках — адзіны. І тут не толькі дужкі: і тут, і там — слязлівыя ўсклікі, шматкроп’е, узважаная стылістычная разгубленасць у пабудове сказаў, як быццам бы аўтар не можа знайсці словаў, каб выкласці ўласныя складаныя пачуцці і спыняецца, а потым гаворыць зноў і не выпраўляе, не шліфуе, пакідае шурпатым, каб мы здзівіліся багаццю ягоных пачуццяў, якія нават пасля выкладання ў мове застаюцца вышэйшымі за мову.

Паўсюль — адна і тая ж лексіка, пераважна — другарадная ў параўнанні з сакавітай прыгажосцю спрадвечнага маўлення, лексіка, пачарпнутая мовай у тыя часы, калі які-небудзь цэкашны «мовавед» мог запратэставаць супраць дзікунскага для яго вуха гучання словазлучэння «рэвалюцыйны ўздым» ды настаяць на тым, што трэба прыняць ды размясціць у мове на пастой рускі «пад’ём» — так было са знакамітым даносам Панамарэнкі на беларускіх пісьменнікаў. У абодвух тэкстах бачым словы з рускім пашпартам, у які па-мянтоўску неахайна ляпнуты штэмпель беларускай нацыянальнасці. Не было б саветызацыі, не паўстала б той мовы, якую падае Пільняк як беларускую. Карціць назваць тое ці іншае слоўца русізмам, аднак абавязкова знойдзецца слоўнік Крапівы, які зацвердзіць: у беларускай так можна, можна, можна — вось паперка, «разрэшыцельны дакумэнт». Некалькі прыгожых выразаў, якія дрэмлюць у тэксце пасярод плантацыі шэрай, другараднай рускай лексікі з беларускім штэмпелем, можна спісаць на супадзенні, на той факт, што 40 малпаў за 40 дзён абавязкова накляпаюць штосьці падобнае да «Вайны і міра», якую так чакае белліт.

Пасля таго, як мяне ўзялі, я — разгубленая, здранцвелая, выдаткавала шмат часу на тое, каб пільна прачытаць «вырай». Я чытала яго, як нейкую святую кнігу, як Біблію, Каран ці Бхагавадгіту, чытала, шукаючы адказы на ўсе адразу пытанні, якіх зрабілася так шмат. Усё пахіснулася ў галаве, была нават думка, што мяне ўпаляваў той самы Вілаў, на твары якога я ясна бачыла, што ён мухі не пакрыўдзіць. Ну бывае так, што вяснушчаты хлапчук, які носіць кветачкі да дзяўчынкі ды п’е яе гарбатку, калі радакоў няма дома, да якога яна так прасякнулася пачуццямі, што нават уласную некранутасць падараваць гатовая — хопа! — і ператвараецца ў рабаўніка, які запрашае яе ў сінема, а сам з сябрукамі хуценька пыласосіць хатку ад залатых ювелірнасцяў. І на судзе, якім урэшце сканчаецца тое, што мелася скончыцца ў ЗАГСе, ёй больш за ўсё крыўдна за ўласную цнатлівасць, якая так і засталася недатыкальнай. А яна ж была гатовая ўсё золата зямлі, нават бацькоўскія пярсцёнкі — яму, каб толькі ён яе ўжо хутчэй сапсаваў!

Я спрабавала ўяўляць Вілаў такім вось паскуднікам і не атрымоўвалася. Бо не такі твар. Я б яго нават калі б на першым допыце ў КДБ у шэрым лабсердаку пабачыла, не паверыла б, сказала, хэй, хопіць тут выпендрывацца, не можаш ты быць з імі, не такі ты, Джонік! Але ўсё лагічна падштурхоўвала да таго, каб пагадзіцца з тымі лагічнымі нагрувашчваннямі, якія былі прапанаваныя Пільняком. Бо — у першую чаргу — той, хто пісаў «Сцюдзёны вырай», — усё ведаў. Ну наогул усё. Ён ведаў пра нашыя размовы, пра тое, як я там запараноілася, пра тое, як мы пазнаёміліся… Як так можа быць? Як такі тэкст мог скласці нехта іншы, не Вілаў?

Але чым больш учытывалася ў пераказы нашых размоваў, тым больш дзівілася: як Вілаў — сапраўдны ці не сапраўдны, здолеў праз столькі год (тры гады прайшло? Чатыры?) так дэталёва выкласці нашую камунікацыію. Вы ўявіце сабе — мы паразмаўлялі, пасля гэтага чалавек нібы паехаў у Бостан, жыў там, кантактаваў з палякамі, беларусамі, пасябраваў з Франачкам, потым з Бостану ірвануў у Вільню, вывучыў мову настолькі добра, што змог напісаць такі даўгі тэкст, і вось, калі сеў яго пісаць, раптам з дакументальнай дакладнасцю ўзнавіў па-беларуску размову, якая адбылася яшчэ ў Турэччыне! На ангельскай мове!!! Як такое магчыма? Чытала і дзівілася літаральнасці пераказаў і перакладаў, бо — тое, што недзе называлася «калонай» («калумн»), тут выдавалася як «калона», а не «слуп». Калі б я паспрабавала пераказаць нашую камунікацыю, засталося б некалькі шчырых размоваў, кшталту таго моманту, калі мы высветлілі, што ён сам — з-пад Навагрудку, што ён — нашчадак людзей, якім належаў маёнтак. Аднак жа гэтыя размовы былі б выкладзеныя маімі ўласнымі словамі, бо ніводная памяць не можа такі працяглы час утрымліваць столькі дэталяў.

Я ўчытвалася ў тэкст і пазнавала кожнае сказанае слова, кожную паўзу, кожную ўласную інтанацыю: гэта было падобным да таго, як быццам я сустрэла чалавека, якога ведала выключна па старым чорна-белым здымку, і вось ён раптам паўстаў менавіта ў тым выглядзе, у якім быў схоплены на гэтым здымку, без скажэнняў, якія накладае на нашае аблічча час. Гэта было дзіўнае пачуццё, і менавіта яно вымусіла мяне некалі сунуцца ў пастку, прывабіла відавочнай спрычыненасцю аўтара тэкста да нашага з Вілаў сусвету, да адвэнчуры ў Стамбуле. Але гэтая дакладнасць, якая зацягнула мяне ў лабірынт, дазволіла цяпер знайсці Мінатаўра.

Мяне працяў той момант, дзе я звяртаюся да Вілаў і прапаную яму: «Запомні слова: „Ха-ля-ва“!» Я вучыла яго «kha-lia-vа», а ён не мог запомніць, як не мог запомніць стратэгічна важныя для яго ў той момант — і не толькі ў аповедзе Пільняка — «вусны». Галава ў Джоніка была дзіравая, але чалавек добры. Дык я не аб тым, момант з «ха-ля-вай» сапраўды здарыўся ў грымоткім трамваі, аднак хто мне патлумачыць, як амерыканец узгадаў гэтае слова праз тры гады? Ніхто не мог яму дарадзіць, «халява» — не «вусны», на якія можна проста паказаць. Дык як ён даведаўся? Запытваўся ў віленчукоў, «як гэта будзе па-беларуску, калі едзеш у трамваі без квіткоў»? Дык сказалі б — «едзеш зайцам»…

А вось яшчэ адно: у тэксце дасканала, з коскамі ў тых месцах, дзе я рабіла паўзы, выкладзена маё разважанне пра «грымотную, сцюдзёную дзяржаву», якая пабудаваная на «падмурку агрэставых карпусоў, цёплага ды халоднага». Вас не здзівіў гэты выраз? Мяне ў першую чытку здзівіў, але не было часу ды жадання засяродзіцца. Зачапілася вачамі, падумала паўхвіліны ды пабегла далей. Цяпер, калі ў мяне раптам зрабілася да халеры часу, я мэтаскіравана паспрабавала ўзгадаць «агрэставыя карпусы». Бо не памятую, каб пра нешта такое казала. У рэшце рэшт, упёрлася ў гэтае ўдакладненне — «цёплы і халодны» ды зразумела. Ну канечне! Там, у Стамбуле, я казала не пра «агрэставыя карпусы», а пра два «карпусы Акрэсціна». І такім чынам, перадаючы нашую размову, нехта замяніў «Акрэсціна» на «агрэставыя».

І тут усё пачало складацца. Па-першае, відавочна, што Вілаў — ці то жывы, ці то падстаўны, не мог бы ўзгадаць у тэксце такую дэталь, абапіраючыся выключна на ўласную памяць ці на вольны пераказ нашых размоваў. Бо ён быў павінен спачатку запомніць слова «Акрэсціна», потым вывучыць мову, потым зноў узгадаць «акрэсціна» ды адшукаць падабенства ў мове і прыйсці да высновы, што адзінае, на што падобнае гэтае «акрэсціна» — на «агрэст». Увесь гэты час, усе гады, побач са слоўцам «халява» ў яго павінна была жыць яшчэ адна нетлумачанка — «акрэсціна». Фізічна немагчыма для мемуарыста, які змяніў мову, але цалкам магчыма для чалавека — зусім іншага чалавека, які займаўся расшыфроўкай, ці, як яны кажуць, «дакументаваннем» аўдыёзапісаў, здабытых падчас нашай камунікацыі з Вілаў. Вядома ж, мой айфон увесь гэты час працаваў і спраўна дастаўляў афіцэрыкам у Беларусь нашыя з Вілаў словы.

Атрымаўшы аўдыёзапіс Янка Пільняк — а няма ніякага сумневу ў тым, што гэта быў менавіта ён, бо самастойнае дакументаванне дапамагло яму лепей зразумець герояў ягонай «аповесці» — натыкнуўся на гэтае «Акрэсціна». «Што з ім рабіць?» — мільганула думка ў маленькім мазгу. Дык трэба было прыбраць наогул! Ці замяніць чым-небудзь! Аднак Янка думаў, што чалавек памятае ўсе размовы, якія вёў гады таму. І ён не прыбраў. «Але ж як пакінуць „акрэсціна“? — зноў зіхацеў той ягоны орган, які адказны за сімуляцыю думак. — Амерыканец жа не можа ведаць гэтага слова! „Акрэсціна“ — яго, бадай, ні ў водным слоўніку няма! Яна здагадаецца! Не, трэба замяніць „акрэсціна“ на нейкі іншы выраз». Так паўсталі гэтыя «агрэставыя карпусы», якія якраз і дазволілі мне схапіцца рукой за пільняковыя яйцы. Далей я ўжо руку не расціскала і бачыла ўсё больш доказаў таго, што «Сцюдзёны вырай» паўстаў на глебе аўдыёзапісу нашых размоваў.

«Глыбы і слаі», якія прыйшлі «ў зрух» на маім твары, калі Вілаў пабачыў на ім прыкметы параноі, а Пільнячок пачуў сваім вострым вушкам, што Вілаў гэтыя прыкметы пабачыў — файнае азначэнне, калі не браць да ўвагі, што менавіта так, «Глыбы і слаі», называўся нарыс беларускай літаратуры, што зрабіў Багдановіч у 1911 годзе. Той самы нарыс, якому прысвечаны дыпломны праект Янкі, дыпломны праект па спецыяльнасці «гісторыя беларускай крытыкі» — бачыце, як шмат можна даведацца пры пільным чытанні «Срут.бай»!

«Наперад!» — усклікаю я, запрашаючы ў той трэм, у якім з’явілася «ха-ля-ва». І «я — чытач» сапраўды пазнаю ўласны вокліч, які некалі зрабіла як «я — герой» тэкста. «Наперад, бо вандровак у мінулае не можа існаваць! Улічваючы хуткасць, з якой мы рушым, калі мы сыйдзем адсюль, будзе ўжо значна пазней, чым калі мы ўзышлі на борт!». І усё так, як было сказана, гэта — ламанае, не перадавальнае на паперы вуснае маўленне, якое Ян спрабуе запіхнуць у «літаратуру» без скажэнняў, бо на скажэнні патрэбная фантазія, якой у яго ніколі не было. «І заўваж, — дадаю я. — Ніякай магіі! Адно навука! І тэхніка!» І я сапраўды казала пра «ніякай магіі», але ж «навука і тэхніка» з’яўляецца вычварэнскай прылепкай, няўклюднай спробай Яніка прадэманстраваць здольнасць жартаваць, не казала я таго! І гэта, як «глыбы і слаі» — яшчэ адна дэманстрацыя «культурнага пласта» аўтара. Менавіта так, «Наука и техника» называўся дзіцячы савецкі часопіс, на якім гадаваўся наш падлючок. Можна ўявіць сабе, як будучы гандляр чалавечай воляй, сядзіць над схемкамі ды робіць ліхтарык з алоўка, лямпачкі, правадкоў ды чырвона-сіняй, падобнай да бруску марозіва, батарэі.

Калі я сустрэлася ў Стамбуле з прыгожым, але такім далёкім Вілаў, калі бессэнсоўна тлумачыла яму пра радзіму, маёнтак, мову ды Беларусь, ніякай «спецаперацыі» яшчэ не існавала. Яна ўзнікла апасля — калі яны вывучылі мае допісы ў дзённіку, у якіх я лаканічна выкладала абставіны нашай з Вілаў сустрэчы і асабліва пасля таго, як я выдаліла дзённік, бо заўважыла, што яны сочаць за маімі рухамі па свеце з дапамогай аналізу IP-адрасоў, з якіх я раблю нататкі. Вось тут і дасталі Янку, зашчамілі яму машонку ці нават не зашчамлялі нічога, а проста прапанавалі напісаць лепшы твор у ягоным жыцці, фактурай яны дапамогуць. Невядома, ці адразу яму растлумачылі, што фінальнай мэтай гэтага твору будзе мой захоп. Здаецца, такі паўлін, як Пільняк, мог спачатку завагацца: яму далі пачаць ды амаль што скончыць, а потым запрасілі дадаць некалькі прынцыповых рысаў. Астачку, якая, сука, сапраўды, вымусіла мяне раўнаваць, ужо не ведаю, чаму, спатканку, якую ён мне прызначаў. Яны, вядома, маглі дадаць усе вабы самі, а Пільняка закрыць у шклоўскую калонію, куды звычайна змяшчаюць такіх птушанят, закрыць гадкоў на пяць ці шэсць ды не дазваляць ліставання, каб ён не сапсаваў справу ўласным енкам. Мяне ціхенька зацягнуць у пастку, а потым вызваліць Янчыка ды даць яму дазвол пасыпаць галаву попелам. Аднак патрэбна было, каб тэкст узяў «Ахрэм», а кдбшнікаў Ванік Дастаеўскі прызвычаіўся пасылаць яшчэ падчас працы над нумарамі пра калабарацыю ды акупацыю. Па-другое, калі б яны выклалі запрашэнне на спатканне ўласнымі словамі, гэта б выбівалася з янкавых вытанчанасцяў як маўзер з карункавага станіка. Ну і зрабілі яму прапанову. Ён спачатку настойваў на двухпакаёвай на вуліцы Леніна, але ж у рэшце рэшт пагадзіўся на аднапакаёвую ў Сухарава — усё ж лепш, чым жыць з продкамі. Заўважце, што аб гэтых дэталях я ўжо не здагадваюся — сцвярджаю, на жаль, не магу падзякваць супрацоўніку, які мне пра іх распавёў.

Сапраўды, беларуская дыяспара ў Вільні бачыла «Вілаў», «іншаземнага» дзікуна з дрэннай мовай, які спрабаваў пасябраваць з гісторыкам Сяргеем і іншымі віленскімі знакамітасцямі (быў пасланы, бо паводзіў сябе падазрона). Гэты «Вілаў», як піша гаўнюк, жыў на кватэры побач з анёлам і сапраўды знік — аднак знік ён на той самай «хуткай».


Заўвага рэд. «Ахрэм»: далей чатыры радкі замазаныя белай карэктарскай фарбай.


Ну і апошняе: мой чароўны трусік, які раптам апынуўся ў мярзотніка. Праз тыдзень пасля з’яўлення другога тэкста Пільняка, «Пасткі, сплеценай са словаў», Франачак знайшоў у Бостане чатырох Джонаў Вілаў, адзін з якіх сапраўды бываў у Стамбуле і працаваў мастацтвазнаўцам, але ж зараз змяніў профіль і ўладкаваўся ў кампанію, якая прадае еўрапейскія тачкі. Бо, як ён ганарліва абвесціў на «Фэйсбуку», і тое, і іншае — хараство, дык якая розніца, чым гандляваць. Франачак накіраваўся па хатняй адрэсе Вілаў, захапіўшы з сабой двух выбітных прадстаўнікоў фізічнай культуры беларускага адраджэння. Я не ведаю, ці збіраліся яны забіць «здрадніка Вілаў», аднак ведаю, што іх спыніла і вымусіла нават аплявухі таму не даваць. Справа ў тым, што яны знайшлі Вілаў у ягоным маёнтку ў даўнтаўне ў атачэнні двух малых ды прыгажуні-жонкі, якая важыла сто дваццаць кіло — што не дзіўна, бо Вілаў важыў не менш за сто пяцьдзесят. Гаспадар спачатку адмовіўся з імі размаўляць, бо быў нечым спужаны, але пасля таго, як да камунікацыі маўкліва далучыліся выбітныя прадстаўнікі фізічнай культуры беларускага адраджэння, ён зразумеў, што лепей не адмаўляць сабе ў прыемнасці прыняць на гарбату такую інтэлігентную кампанію з гістарычнай радзімы.

Што характэрна, ні ён, ні жонка паліцыю не выклікалі, так што выглядае, што Франачак ды ягоныя бугаі паводзілі сябе далікатна, бо зразумелі, што Вілаў — не той вылюдак, пра якога распавядалася ў тэксце Пільняка. Што, дарэчы, не гарантуе бяспекі Вілаў у выпадку не публікацыі маіх тлумачэнняў, бо гарачых галоваў у эміграцыі шмат, і не ўсе яны, як ужо адзначана, маюць мазгі. Дык вось, Вілаў быў здзіўлены роспытамі, ці вывучаў ён беларускую мову, ці ездзіў у Вільню, бо праз тры месяцы па вяртанні са Стамбула сустрэў сваю брыластую Кэтрын, удзьмуў ёй, хуценька нарадзілася дзіцятка, потым яшчэ адно, карацей, ён нават і думаць забыў пра гэты маёнтак. Але не, ён зараз раскажа людзям з гэтай дзіўнай краіны — ну што там, нічога не змянілася? Нічога, не? Ну дык вось, зараз распавядзе цікавую гісторыю — яму напісаў нейкі чалавек, як яго, у яго такая дрэнная памяць, Янка, так, Янка — проста запомніць, бо «янкі, гоў хоўм». А прозвішча… Як жа тое прозвішча?

Не Пільняк? — падказваюць, а так! Пільняк! Дакладна! Янка Пільняк! Дык вось, той Янка Пільняк напісаў, што Насту, ну, тую дзяўчыну, якую ён напаткаў у Стамбуле, так, Кэтрын, гэта было да цябе, не, Кэтрын, мы не цалаваліся, дык вось, што яе арыштавалі. І што ён жадае перадаць у астрог таго трусіка, якім яна мяне неяк узнагародзіла. Джон здзівіўся, бо трусік быў даўно закінуты недзе, але ж думка, што чалавек, з якім ты побач глядзеў на Шагала, цяпер у астрозе — здзіўляла, гэтая думка вымусіла яго пайсці ў гараж ды знайсці там кораб, у якім захоўваліся рэчы з тых апартаментаў, якія ён меў да таго, як набыў хаціну… Дык вось, ён знайшоў трусіка, знайшоў разам са стосам пакрытых пылам каляровых фотак з Турэччыны, як жа даўно гэта было! Ён выслаў ляльку таму Пільняку, каб ён перадаў у турму, хай сабе прыемна будзе дзяўчу. І што Пільняк вельмі падзякваў, аднак папрасіў пра гэты выпадак не ўзгадваць нідзе, а калі раптам пазвоняць з Беларусі — асабліва з газет ці радыёстанцый, казаць, што не туды трапілі, што ён з Настай не знаёмы. Бо гэта можа неяк ёй пашкодзіць цягам следства, калі Вілаў пачне з Амерыкі каментаваць.

І што ён нават Франчыка з сябрукамі спачатку прымаць з-за гэтай перасцярогі не хацеў, але ж бачыць — яны шчырыя людзі і не будуць рабіць нічога дрэннага з Настуляй. Што? Ці прыходзіў на тое спатканне ля «Блакітнай мячэці»? Так, Кэтрын, ён гэтай беларусцы прызначаў спатканне. Ну так было. Ну мы ж яшчэ не былі знаёмыя. Кэтрын, ну не крыўдуй, ну дай я цябе пацалую! Ды так, са свіданкай той… Непаразуменне выйшла… Ён на яе не з’явіўся, праспаў. Бо доўга да таго па горадзе бадзяліся, «айм вері сорі» — я так разумею, апошняму можна не даваць веры, бо побач была фурыёзная Кэтрын, не, лепей, людцы, я не буду верыць у тое, што ён не прыходзіў. Ці прыходзіла я? А як вы думаеце?

Я не выключаю — і ніхто не можа выключыць, што тыя службоўцы, якія дазволілі мне праз іх атрымаць усю гэтую інфу ад Франачка, кіраваліся не чалавекалюбствам. Мабыць, была ў іх нейкая патаемная мэта. Аднак усё, задрала параноіцца, досыць, ну «здалі» яны Пільняка, ну далі даведацца пра Вілаў — ну і досыць! Трэба ставіць кропку, бо інакш атрымаецца, як у тым рамане — «Тры жыцці Насты», тры праўды Насты, тры праўды пра Насту, пасля гэтых маіх выкрыванняў з’явяцца яшчэ тры, што будуць выкрываць сказанае дагэтуль і так — бясконца, такая ж у нас старонка!

Лепей раскажу вам, на чым я тут трымаюся. Калі мы з расамахай гойсалі па Тыбеце, я ўсё спрабавала даведацца ў манахаў, што такое будызм. Што гэта за рэлігія, у якой няма Бога, няма раю, а пекла — ёсць, прычым нават не адно пекла, а некалькі пеклаў — па колькасці асноўных чалавечых заганаў. І вось, мы прыязджалі аўтастопам у чарговую гомпу, ці прыпаўзалі пешшу — тады, калі зразумелі, што ўсе кляштары, якія знаходзяцца ля дарог, з’яўляюцца выключна турыстычнай атракцыяй, і там цябе сустракаюць не манахі, а экскурсаводы, дык вось, мы ўзыходзілі па шматлікіх прыступках, мы коўзаліся па замёрзлых азёрах, праз якія трэба было прайсці, каб патрапіць на старажытную сцежку, якая выводзіць да манастыра, амаль такога старога, як навакольная горы. Мы блукалі, мы гублялі прытомнасць ад стомы, мы бывалі ў сітуацыях, калі на дзвюх заставаўся адзін глыток чырвонага віна ў пляшцы. Мы спалі пад зорным небам ля дымлівага вогнішча, распаленага здранцвелымі ляпёшкамі лайна нейкіх жывёл, якія тут гойсалі, бо ніякай іншай гаручай субстанцыі побач не было, дрэвы не нарасталі на пластах базальта. Мы праходзілі праз усе выпрабаванні і даходзілі да стану, калі ад стомы не заставалася ніякіх пытанняў, толькі б дайсці, толькі б расшукаць, бо Google Maps бездапаможны ў выяўленні гомпаў, якія некалі схавалі ў шчылінах паміж скаламі менавіта для таго, каб ніякі Google Maps не дапамог знайсці. У рэшце рэшт, знаходзілі, знаходзілі па крышталёвых водгуках будыйскіх званочкаў — ціхіх, але створаных менавіта для гэтых гор з іх блакітнай, аблокавай чысцінёю. Запаўзалі на падворак, нас сустракалі светлыя людзі, з усмешкамі, якія могуць кранаць вусны выключна датычных да бога і набліжаных да рая — сустракалі так, нібы ведалі пра ўсе нашыя прыгоды, пра тое, як знайшлі на шляху — там, дзе так холадна, што ніколі не растаюць спрадвечныя льды, дагістарычнага птаха з выпрастанымі крыламі, умарожанага ў зямлю, як амаль што падохлі ад голаду і вось — дайшлі.

Я пыталася: што такое будызм, а яны ўсміхаліся, цёпла, як сваякам, як багам, якія ўсё, што трэба, ужо ведаюць, забыліся і трэба толькі ўзгадаць. Яны казалі: хадземце лепей за намі. Мы паўзлі за імі і апыналіся ля маленькага століка, на якім з гатоўнасцю рыпеў імбрык, бо нас чакалі. Яны пыталіся, ці не напаткала нас завея на шляху праз цясніну, імя якой мы чулі ўпершыню, і высвятлялася, што так, мы праз яе праходзілі і не, не напаткала, што было сведчаннем нашай добрай кармы. Я зноўку пыталася: што такое будызм? А яны замест адказу налівалі гарбату ў кубачкі і прапаноўвалі: давай проста моўчкі паглядзім на горы. І мы глядзелі, пілі салёную гарбату з малаком ды маслам, чулі прыпавесць, ад якой патыхала дабрынёй ды мудрасцю, дапівалі і валакліся далей — туды, да небасхілу, такога блізкага, бо поле бачнасці абмежавана чарговай гарой са старажытным імем ды нейкай суаднесенасцю з чароўным бажком, якога яна ці то ўвасабляла, ці то ім з’яўлялася.

І вось, ад гомпы да гомпы нас сустракалі ўсё цяплей, як быццам па характары маіх пытанняў («калі Далай Лама з’яўляецца інкарнацыяй Авалакіцешвары, дык чыёй інкарнацыяй з’яўляецца Кармапа і як разумець гісторыю пра шапку, сплеценую з анёлавых пёраў, гэта метафара ці паданне аб тым, як усё насамрэч было?») ужо разумелі, што я недзе побач з тым, што шукаю.

Аднойчы, калі мы маўкліва глядзелі на аблокі гораў, што паўставалі праз даліну насупраць нас, калі мы частаваліся мятным пірагом, выпечаным тут, у гомпе з-за вялікага свята, святкаванне якога зводзілася да дудзення ў аграменныя медзяныя трубы на світанку, калі навокал так прыгожа, што займае дух, стары манах, які ўвесь час побач з намі смяяўся, нібы дзіця, прапанаваў мне: «Хочаш, я навучу цябе самай простай медытацыі?». Гэта было дзіўна, бо ніхто тут, у цытадэлях забароненага, нібы нашая беларуская мова ў нашай уласнай краіне, будызма, не спрабаваў мне дапамагчы ў яго спасціжэнні. Я ўважліва слухала старога і цяпер ратуюся тым.

Самая простая будыйская медытацыя палягае не ў адчыненні нейкіх кропак, выхадзе ў астрал, уяўленні сябе плямай святла ў цемры няіснага. Я была гатовая пачуць пра сустрэчу са звышрозумам ці звышадмаўленнем уласнага розуму, аднак тое, што расказаў манах, перад тым, як сысці распальваць лампады перад неверагодным па памерах залатым Будай, мяне здзівіла немудрагелістасцю ды разумнасцю. Медытацыя такая. Трэба заплюшчыць вочы і ўявіць блізкага табе чалавека, сябра ці сяброўку. Чалавека, да якога ты ставішся вельмі блізка, якога ўспрымаеш так, як самога сябе. А потым — гэта проста — ад усёй душы пажадаць, каб у гэтага чалавека ўсё было добра. Цяпер і назаўжды. Потым трэба ўзгадаць выяву свайго ворага. І, адрынуўшы сваю нянавісць, усё дрэннае, што маеш у сэрцы і пад сэрцам, усе тыя мярзоцці, якія ён здзейсніў табе і ўсе тыя мярзоцці, якія ты яму паспеў пажадаць, ці працягваеш жадаць — гэтаксама, ад усяго сэрца, усёй уласнай сутнасцю пажадаць яму дабра. Зрабіць так, каб лёс гэтага чалавека зрабіўся тваім лёсам і каб у вас з ім у гэтай счэпленасці і ўзаемапранікнёнасці ўсё ў рэшце рэшт атрымалася. І потым, калі ты ўжо пераадолеў загану нянавісці, пераадолець яшчэ адну — загану абыякавасці. Уявіць сабе, аднаго за адным, усіх тых, з кім сустракаўся — нават на хвіліну, нават проста замаўляючы каву ці адмаўляючы ў міласціне. І гэтаксама — адчыніць ім усё добрае, чалавечнае, што ёсць у сэрцы. І рабіць так з кожным, якога ведаеш: узгадваць, узгадваць усе рысы, твар, вочы, узгадваць, бо менавіта ў нашым уяўленні жывуць іншыя ды самі мы — жывем там, дзе жыве наш розум, жывем уласным уяўленнем. Узгадаваць ды дараваць, ды жадаць найлепшага. І гэта ёсць самы прамы шлях да прасвятлення.

Я ўяўляю твар Янкі Пільняка, і мяне спачатку скаланае, мне хочацца яго раздушыць, як… Як… Як прусака. Ды не, няма тае жывой істоты, з якой я жадала б так, як з ім… Але потым я пачынаю медытацыю. І напаўняю ўласнае сэрца жалем ды любоўю да яго. Вялікім жалем і шчырай любоўю, я ўяўляю яго маім братам, які саступіў са шляху дасканаласці ды міласэрнасці, я ўяўляю ягоныя матывацыі ды яго прыкрае жыццё. І я адчуваю, як мне становіцца лягчэй. Я жадаю яму дапамагчы, каб ён не блытаўся больш, чым заблытаўся цяпер. Каб на сэрцы ў яго ўсталяваўся спакой, не, я не жадаю, каб ён змяніўся, бо тады гэта будзе ўжо іншы Янка Пільняк, не, хай сабе яму стане лёгка ў тым выглядзе, якім ён зараз ёсць, без зменаў, у ягонай маркотнай кватэры, у ягонай адзіноце, закінутасці, стомленасці ды спустошанасці. Бо нават тут, у ягоных абставінах, можна адчуць шчасце, і я жадаю яму — шчасця.

Я ўяўляю падобныя на масластае гузно рылы тых «службоўцаў», якія са мной працавалі, мяне дрогае ад шаленства, хэй, ува што вы ператварылі абраз, які быў дараваны Нябёсамі, колькі бухалі, гвалцілі, катавалі, што вашыя твары зрабіліся падобнымі да свінога лыча? Як маглі вы ўласную чалавечнасць пралайдачыць на гэтай працы? Але не, не, нельга, трэба супакоіцца, трэба знайсці спакой, усё роўна я не магу з імі нічога зрабіць, мае рукі звязаныя, і за спробу разнесці на друзкі акно ды тымі друзкамі — па вачах, бля, па вачах, суке паганай, — гэтыя спробы, яны бясплённыя, яны сканчаюцца тыднем інтэнсіўкі, сульфазінавым крыжам ды падскурнымі «пустымі» ін’екцыямі ў лыткі, пасля якіх узнікаюць пухлякі, там скура с храбусценнем адлупліваецца ад цяглічных тканінаў з-за ўздзеяння газу, аднак гэта не катаванне, гэта распаўсюджаная практыка працы з буйнымі псіхамі, а што рабіць? І вось я ўзгадваю, як шчыра, цёпла рагаталі яны, калі бачылі па Discovery, як здаровыя дзецюкі з гуманітарнай місіі даюць пасмактаць малако з піпеткі маленькім дзеткам кажаноў — у малых былі здаравенныя вочы ды празмерныя вушы, і гэта сапраўды было камічна, мае каты рагаталі так, як быццам сабраліся ў сямейным коле, і я адчувала, якімі кранальна добрымі бываюць з жонкамі, сябрамі, дочкамі… У рэшце рэшт, усе здаровыя мужыкі, нават тыя, што колюць «галу» без карэктара, закочваюць такім буйным, як я, «галаперадоз», ад якога робіцца немагчыма стаяць, сядзець, ляжаць, дыхаць і нават не дыхаць, ад якога карціць разбегчыся ды башкой — аб сцену, дык вось, усе яны маюць незлаблівую натуру, ім, мабыць, досыць цяжка абуджаць у сабе лютасць на працы, бедныя, бедныя, хай бы ў іх усё было добра, хай!

І адпускае, і робіцца магчымым — жыць, і жыццё зіхаціць цішынёй ды прыгажосцю: зрэшты, я маю шмат: я маю сосны за вокнамі, я маю зоркі ды світанкі, лісце ды мудрагелісты малюнак галінаў, праз які праглядаюць нябёсы. Бо немагчыма жыць нянавісцю — яна выпальвае, выядае вантробы. Я раблю гэта не для яго і не для жыцця пасля смерці, бо выдатна разумею, што нічога там, пасля смерці, не будзе, бо нават усе тыя будысцкія пеклы існуюць выключна тут, на зямлі, падчас нашага жыцця і сканчаюцца разам з ім. Я раблю гэта для сябе, для той музыкі, якая гучыць у кожным з нас, калі мы адкідаем прыкрасць ды крыўды і пачынаем — жыць. Я адчуваю любоў да Янкі Пільняка, да дэбэшнікаў, да ўсіх тых, хто мяне затрымліваў, тых, хто праводзіў тэрапію, хто дапытваў і судзіў, да дактароў ды міліцыянтаў, санітараў ды шпегаў, да ценяў, якія мяне праслухоўвалі, да тых няяўных постацяў, што распланавалі мой лёс. І я іх люблю, як магла б кахаць Вілаў, калі б штосьці атрымалася, калі б атрымалася.

І тут, у цішыні майго белага пакою, пад небам, якое так блізка — можна дакрануцца далонню да рашэцця, у якое яго спрабавалі зняволіць, да шкла, у якім яно застыла, дык тут, побач з небам, я пачынаю разумець — што вырай — гэта не Стамбул, не Вільня і не Мінск. Гэта не спаласнуты сонцам колішні пакой з даляглядам, якога болей не існуе, не хараство назаўсёды страчаных інтэр’ераў Жукоўскага. Вырай — гэта не краіна, дзе ніколі не будзе зімы. Вырай нават — гэта не адчуванне каханага побач. Вырай гэта не «дзе» і не «з кім». Вырай — гэта не радзіма, не мова і не твае ўяўленні пра радзіму ці мову. Не, не, не! Вырай для чалавека — гэта спакой.

Усё так, даражэнькія, усё менавіта так. Але ж у пізду той дзэн! Толькі дайце мне вылузнуцца адсюль! Толькі, бля, дайце! Я тады


Заўвага рэд. «Ахрэм»: апошнія шэсць радкоў замазаныя белай карэктарскай фарбай.

Заявление Центра Информации и общественных связей (ЦИОС) КГБ в связи со вбрасываемыми в Интернет домыслами о спецоперации на территории Литвы с использованием «литературной» составляющей

В последнее время участились случаи появления в «независимых» средствах массовой информации сведений о мероприятии, якобы проведенном Комитетом Государственной Безопасности в Республике Литва в нарушение дипломатических норм и этикета, а также международных договоренностей Республики Беларусь по доставке на родину находящихся в розыске преступниц.

Сообщается в частности, что «сотрудник КГБ» Иван Пильняк имел причастность к изготовлению художественного текста «Студеный вырой», который появился в печатной прессе и был, как установила проверка, написан гражданином США, овладевшим белорусским языком с целью поиска местанахождения и организации романтического свидания с гражданкой республики Беларусь Анастасией Счупаковой, паспорт № 204056, выданный Первомайским РОВД, прописан по адресу г. Минск, Коллекторная 6–28. Гражданка Анастасия Счупакова известна также как «Наста».

Комитет Государственной Безопасности уполномочен заявить, что текст «Студеный вырой» был написан Джоном Виллов, о чем свидетельствуют данные имеющихся у нас переговоров и показания свиделей, которые категорически опровергли причастность штатных и внештатных сотрудников силовых структур Республики Беларусь к написанию этого художественного вымысла, порожденного исключительно фантазией Джона Виллов. Относительно якобы имевшей место проверки личности Джона Виллов и его опровержения в Америке того, что текст написал он, мы призываем тщательно задаться вопросом: стоит ли верить такому Виллов и почему он вдруг отказался от своей прозы (утверждается, например, что он теперь женат)?

Допущение о том, что текст был изготовлен с помощью КГБ, имея далеко идущую цель «выманивания» гражданки Беларуси Анастасии Счупаковой, паспорт N204056 из республики Польша, где она инкогнито скрывалась в неустановленном месте, в Республику Литва, где ее захватили и вывезли, является ничем не подтвержденными данными больной фантазии. КГБ не занимается написанием литературных произведений.

Комитет Государственной Безопасности уполномочен заявить, что гражданка Беларуси Анастасия Счупакова, паспорт № 204056, была задержана отнюдь не в Вильнюсе. Ее задержание было осуществлено в городе Витебске. «Наста» попала в поле зрения правоохранительных органов в связи с сигналом о противоправных действиях, нарушающих общественный порядок. Выехав на место, проверкой было установлено, что в Витебске Анастасия Счупакова сожительствовала со своей подругой Степанидой Славиной, известной под кличкой «Крейзи», где вела с ней прием наркотиков и вступала в лесбийские связи. Фотографии квартиры будут опубликованы сегодня вечером, в выпуске программы «Контры» на ОНТ. Обратите внимание на шприцы и то количество пустых бутылок, штырей и презервативов, которое будет заметно в кадре.

Хотелось бы особенно отметить, что выезд на квартиру осуществляли сотрудники не КГБ, а санитары в сопровождении участкового милиционера. Доказательством того, что КГБ не проводил следственных мероприятий в отношении Анастасии Счупаковой, является то, что она слишком мелкая сошка, с которой успешно может справиться даже санитар и кроме того не заслуживает привлечения к себе внимания. Что она сделала для того, чтобы ее не только объявили в розыск, как ошибочно сообщалось в ряде «независимых» СМИ, но и выманивали из-за рубежа? То, что писала с призывами к моральности и добру? Ответ очевиден: единственное, к кому она представляла опасность — она сама, из-за деструктивного образа жизни, наркотиков, алкоголя и беспорядочных лесбийских связей.

Подчеркнем, что участковый застал «Насту» и «Крейзи» в состоянии глубокого наркотического и алкогольного опьянения, вплоть до полной утраты связи с реальностью. Они кидались на санитаров с использованием зубов и когтей на пальцах, что было пресечено в соответствии с международным опытом. Счупакова и Славина пребывали в иллюзорной убежденности, что они находятся за пределами республики Беларусь, ездят по Европе, живут в Польше и Вильнюсе, тогда как все это время они пребывали в наркоманской «хате» в Витебске и нарушали общественный порядок. При задержании они издавали возгласы, из которых следовало, что они думают, что находятся в кафе «Канкан» на углу Пилиме и Басанавичюс в Вильнюсе по приглашении Джона Виллов, текст которого по всей видимости прочли «под кайфом» накануне прибытия бригады на их квартиру, что и вызвало у обеих временное помешательство.

В процессе беседы с докторами и милиционерами, у гражданок развился устойчивый бред о том, что одну из них «отравили кофе» и обманом вывезли в республику Беларусь, а вторая была задержана «на границе» при попытке помочь любовнице. Стоит ли говорить, что все эти действия производились исключительно в их распаленном наркотиками и лесбийскими связями мозгу. Счупакова и Славина были доставлены в комфортные условия стационара, где за ними велся беспрестанный медицинский уход. Уже сейчас они готовы добровольно признать, что никуда не ездили, жили в Витебске и им стыдно за введение в заблуждение международной и республиканской общественности.

Концентрация наркотических средств в крови у подружек оказалась разной степени тяжести. Славину-Крейзи после проведения следственных действий удалось выпустить из стационара, «Насте» потребуется серьезное лечение, которое восстановит разрушенную связь с реальностью, сотрет ложные воспоминания. Врачи-наркологи хватались за голову, когда видели, во что превратила себя эта слишком юная для своих лет пациентка. Здесь нужен будет многолетний уход в одном из закрытых специальных учреждений, доступ к которым ограничен в строгом соответствии запросам пациентов, которым не захотелось бы, чтобы близкие люди знали, что они наркоманы.

Текст «Студеный вырой» был признан не соответствующим действительности, его дальнейшее существование не целесообразным. В редакции журнала «Ахрем» был проведен обыск с изъятием архива бумажных номеров «Ахрем», а также компьютеров, на дисках которых может осуществляться хранение текста «Студеный вырой». Бойцами отдела «К» достигнуто обрушение Интернет-сайтов, на которых «Студеный вырой» был растространен в «электронной форме». Номер «Ахрема» отозван из всех библиотек, в которые поступил.

Иван Достоевский предупрежден о недопустимости противоправных действий.

Иван Пильняк предупрежден о недопустимости противоправных действий и самостоятельно удалил запись «Пастка, сплетенная со слов» из Интернет сайта газеты «Наша нива».

Степанида Славина предупреждена о недопустимости противоправных действий и самостоятельно удалила запись «Как брали Насту» с блога «Crazy_By».

Анастасия Счупакова предупреждена о недопустимости противоправных действий и помещена на принудительное лечение от наркомании.

(Опубликовано в газете Комитета Государственной Безопасности «СБ».)

The end

19 лютага 2011

Загрузка...