Тлумачальнае слова

Гэты тэкст быў цяжкім выпрабаваннем для мяне, больш цяжкім за ўсё, напісанае дагэтуль. Пачаўшы бадзёра, з мехам стылістычных задумаў, прагай моўнай эквілібрыстыкі ды мігацення напаўпразрыстых сэнсаў, я спатыкнуўся ўжо на першым абзацы, які пісаў некалькі гадзінаў. Я быў паралізаваны моўным здранцвеннем, немагчымасцю выкласці нават простую думку так, каб яна трымцела ад напружанасці, марознае звонкасці (гэта так проста зрабіць па-руску!). З галавы не йшла парада Акудовіча: пішыце па-беларуску, каб спыніць занадта хуткі ў вас тэмп пісання, каб біцца за кожнае слоўца, кожны рытмічны прыпынак, вымяраючы ўсё з лінейкай. І — тое, што ў першы дзень падалося вар’яцтвам, у рэшце рэшт ператварылася ў працу нейкага іншага (вышэйшага? Хочацца думаць, што вышэйшага, чым раней, інакш — якога д’ябла!..) парадку. У новыя ўзаемаадносіны са словам. У новае разуменне пісання, калі ўзважаным ёсць кожны сказ, калі кожнае трэцяе слова прасканаванае ў слоўніку на лексічную адэкватнасць, металічныя прадметы ды выбуховыя рэчывы, здольныя знесці ўсю грацыю тэкставай пабудовы.

Я ведаю, што абіраючы мову (тут можна не ўдакладняць: «мова» па азначэнні ў нас адна, гэтаксама, як «ён» па азначэнні таксама адзіны, вельмі пэўны персанаж), я неабачліва звужаю патэнцыйную колькасць чытачоў гэтага тэкста да 300 чалавек — прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты, аскепкаў некалі адной з самых адукаваных у Еўропе нацыяў, якія яшчэ цікавяцца тым, што адбываецца ў роднай літаратуры. Але ж, па-першае, 300 чалавек — ужо няблага. Па-другое, гэты тэкст у любым выпадку не зразумее ніхто па-за межамі беларускаці. Калі хочаце, гэта тэкст для чытання беларусамі. І, баюся, нават не ўсе беларусы здолеюць пабачыць падводныя ззянні сюжэта, бо ёсць сярод іх тая большасць, якую не скаланае ад безназоўнага займенніка «ён». Гэты тэкст — не для іх, давайце не будзем чапаць іх шчаслівую недасведчанасць. Зразумеюць хіба што тыя, хто чытае па-беларуску. Таму пададзеныя ніжэй словы можна ўспрымаць як закадзіраваны мэсадж, да якога прылеплены пароль — мова. Без паролю не дэшыфраваць. Тыя, хто маюць вочы, пабачаць. Астатнія мяне не цікавяць.

Разлічваючы на адзінак, я магу дазволіць сабе зрабіць гэты тэкст настолькі складаным, наколькі ён такім мае быць. Складаючы тэкст на мове, адрынаеш масавага чытача, які лезе ў кнігу пад гукі «Рускага радыё» па дарозе на дачу — даражэнькія, трымайцеся як мага далей ад гэтай кніжачкі, бо яна зруйнуе ваш мозг! Размаўляючы выключна з інтэлектуаламі, я набываю недасяжную раскошу не адказваць на пытанні: «Што азначае англамоўны эпіграф да трэцяй часткі, у чым палягае яго таямніца?». Ці — «што ж насамрэч адбылося і хто злодзей?». У свой час я апаліўся на занадта шматслоўных тлумачэннях да «Параноі» і больш не буду рабіць глупствы: гэтая прадмова — першае і апошняе тлумачэнне пра «Сцюдзёны вырай», публічна прамоўленае аўтарам.

Два словы пра мову — майго падзельніка, майго сааўтара, майго памочніка ды мой праклён (праклён таго мяне, які дагэтуль пісаў выключна па-руску). Вядома ж, узнікае пытанне — хто я, каб разважаць пра гэта? Сапраўды, ніхто. Сапраўды, не маю права. Аднак жа… У той беларускай мове, якую я меў падчас стварэння гэтай гісторыі, мне катастрафічна не хапала вытанчанасцяў. Часткова гэта абумоўлена тым, што я проста не валодаю адпаведнымі сінтаксічнасцямі, якія б дапамаглі выбудоўваць (хутчэй у гэтым выпадку — вымалёўваць, бо ўвесь час было ўражанне, нібы я ствараю нешта акварэльнае, з выкарыстаннем натуральнай беласці паперы як бялілаў) такі складаны сюжэт, у якім усё — не тое, чым падаецца на першы погляд. Не хапала лексікі, якой проста няма. Ну, вось, напрыклад, слова «patina» (лац.), якое абазначае той танюткі смарагдавы налёт, якім час аздабляе статуі, зробленыя з медзі (узгадаем медзянога вершніка). Слова засвоена беларускай, але ж прыкра было б выкарыстоўваць распаўсюджаны рускі аналаг — «паціна». Тыя ж беларускія-беларускія лексемы, якія я знаходзіў у напаўзабароненых слоўніках, выглядалі дзіўна, напрыклад — «міска». Калі б я ляпнуў гэтую «міску» ў тэкст, большасць напаўбеларускамоўных чытачоў вырашыла б, што размова ідзе пра нейкі бляшаны тазік. Ці пра пераможцу конкурсу «міс Беларусь»… Не тое, каб спецыяльнай лексікі няма — яна ёсць, але ж з’яўляецца здабыткам лінгвістаў: няма хутчэй таго чытача, які б гэтай лексіцы даваў дыхаць уласным разуменнем. Які б выводзіў яе з кніг у паўсядзённасць, бо слова жыве перш за ўсё ў масавай свядомасці і без яе хутчэй нагадвае экспанат з музея этнаграфіі.

Мо справа ў тым, што ў 1991-м, калі пайшла новая хваля моўнага адраджэння, у беларускіх гарадах амаль не было медзяных помнікаў? А тыя, што былі, увасаблялі канцэнтраваную сімволіку антыбеларускасці, імперскасці, ды пакрывала іх не «міска», а галубінае лайно, і гэта здавалася натуральнай помстай гісторыі?

І, з другога боку — тое, што вабіць у мове любога падсвядомага першапраходца, што ператварае аўтара з чалавека, які ўціснуты ў пастарунак пісаных нормаў, у эксперыментара кшталту Кэрала ці Хлебнікава. Калі я па-руску напішу «дубень», каб ахарактарызаваць кагосьці настолькі тупога, што простага азначэння «дуб» ужо не хапае, то гэта будзе памылкай, аб якую спатыкнецца рэдактар, якую прыйдзецца выпраўляць, вяртаючы ўласную лексічную фантазію ў прастору канвенцый ды нормаў. Беларуская мова даруе пэўную ступень вольнасці. Больш за тое, існуюць цэлыя выспы лексікі, не знойдзеныя маімі папярэднікамі на мапе ўжо існых маўленняў, але створаныя штучна, для ўласнай пацехі. Я не ведаю, ці выкарыстоўваў хто-небудзь «біболу» ці «ізюбра» да Караткевіча. І калі выкарыстоўваў, ці ў тым правапісе. Я хачу верыць: не, не выкарыстоўваў. Я хачу верыць: мова поўнілася ды расквечвалася фантазіямі Караткевіча, Быкава, Бахарэвіча ды ўзбагачалася імі. Бо калі не пісьменнікі будуць вынаходзіць новыя сакавітыя словы, дык каму гэта рабіць? Зрэшты, любы ўдалы тэкст у першую чаргу гэта злепак пэўнай манеры мыслення, пісання, маўлення і толькі ў другую — уласна сюжэт.

І яшчэ. «Сцюдзёным выраем» я нічога нікому не збіраўся даказваць. Немагчыма напісаць такі тэкст на мове, якую ведаеш не больш за таямнічую незнаёмку, прыцягальную ды недаступную, якая хвалюе цябе раз-пораз трапляючыся ў калідоры ля офіса, у чужым аўто, у музеі. Немагчыма пісаць выключна для доказу камусьці чагосьці. Адзіная прычына, па якой я ваяваў з гэтым сюжэтам, падаючы яго па-беларуску, — у тым, што ні на воднай іншай мове свету ён пададзены быць не можа.

У пэўным сэнсе гэта расповед пра мову як такую. Пра беларускае як такое. Пра нас з вамі, сябры. Дык як можна было казаць пра гэта на іншай мове? Хутка вы самі ўсё зразумееце.

Апошняе. Для чалавека, які столькі год пісаў па-руску, зрабіцца беларускамоўным немагчыма — фізічна, псіхічна, лексічна. Немагчыма! Адзінае, на што я магу спадзявацца, калі гэты эксперымент (ён яшчэ не скончаны, і нават не ўяўляю, дзе ён будзе выдадзены і ці будзе выдадзены калі-небудзь!) атрымаецца, дык гэта шызоідны статус білінгвы, расколатага суб’екта, чалавека, які ўсё астатняе жыццё будзе сядзець на двух крэслах. Якія наступствы мае білінгвізм, файна бачна а хаця б па таму ж Набокаву, на ўжыванне прозвішча якога ў межах гэтага тэкста трэба ўводзіць эмбарга. Нагадаю, што да самага скону аўтар «Лаліты», «Bend Sinister» ды іншых дасканалых англамоўных тэкстаў, меў на сваім стале Вялікі оксфардзскі слоўнік, з якім вандраваў па ўсёй Амерыцы. Па-руску ён у нейкі момант пісаць сабе забараніў, аднак час ад часу не вытрымліваў ды ствараў прыгожыя і лёгкія, напітаныя шматузроўневымі сэнсамі вершы. Калі ён паспрабаваў наладзіць кладачку паміж двума сусветамі, якія парушалі адзінасць ягонай псіхікі, калі паспрабаваў зруйнаваць перагародкі паміж англамоўным ды рускамоўным пакоямі хаты ягонай існасці, ён ледзь не звар’яцеў — пераклад «Подвига» на ангельскую заняў больш часу, чым яго напісанне (існуе шмат даследаванняў, пераважна франкамоўных, тых трансфармацыяў, якія адбываюцца з псіхікай білінгвы, калі той спрабуе займацца перакладам уласных твораў).

Паглядзім, куды завядзе мяне экспедыцыя, якую я распачынаю зараз…

Віктар Марціновіч

13.01.2011

Загрузка...