Частка трэцяя Вена

1

Ёзеф Грунліх схаваўся ад ветру за комінам, наўкол на дах снег валіў камякамі. Унізе, пад ім, нібы вогнішча, зіхацеў у цемры вакзал. Пачуўся пранізлівы свісток, і, павольна рухаючыся, паказалася доўгая чарада агеньчыкаў. Ён зірнуў на свой гадзіннік, калі на вакзале прабіла дзевяць. «Гэта Стамбульскі экспрэс, — падумаў ён. — Спазняецца на дваццаць хвілін — відаць, затрымаўся з-за снегападу». Ён падвёў свой пляскаты срэбны гадзіннік і зноў засунуў яго ў кішэню камізэлькі, расправіўшы складкі на жываце. «Ну, у такую ноч, як гэтая, — падумаў ён, — няблага быць крышачку тлустым». Перш чым зашпіліць паліто, Грунліх засунуў рукі паміж кальсонамі і штанамі і паправіў рэвальвер, які вісеў унутры штаніны на шнурку, замацаваным да гузіка. «Ёзефу можна давяраць толькі ў трох выпадках, — самазадаволена прыгадаў ён сам сабе, — калі справа тычыцца жанчын, яды ці выгаднага крадзяжу з узломам». Ён пакінуў надзейнае сховішча за комінам.

Дах быў вельмі коўзкі, і гэта было небяспечна. Снег сляпіў вочы, а на падэшвах ператвараўся ў лёд. Адзін раз Грунліх паслізнуўся, і перад ім, нібыта нейкая дзівосная рыба, якая ўсплывае на паверхню з цёмнай глыбіні вады, узнікла асветленая навісь кавярні. «Божа літасцівы, ратуй мяне», — прашаптаў ён, упёршыся абцасамі ў снег і сілячыся ўхапіцца рукамі за што-небудзь. Учапіўшыся за край рыны, ён стаў на ногі і ціха засмяяўся — навошта дарма скардзіцца на прыроду. Крыху пазней ён знайшоў жалезныя парэнчы пажарнай лесвіцы.

Наперадзе чакаў спуск, які быў, на яго думку, найбольш небяспечным месцам, бо хоць лесвіца і была на тыльнай сцяне жылога будынка і яе не відно з вуліцы, але яна выходзіла на таварны склад, а там — канец паліцэйскага абходу. Паліцэйскі прыходзіў туды кожныя тры хвіліны, цьмяная лямпа на рагу склада адсвечвала на яго чорных навашчаных крагах, скураной папрузе і кабуры рэвальвера. Глыбокі снег заглушаў крокі, і Ёзеф не мог разлічваць на тое, што па кроках ён даведаецца пра набліжэнне паліцэйскага, а ціканне гадзінніка прымушала яго ўвесь час памятаць пра небяспеку. Нізка прыгнуўшыся на пачатку лесвіцы, з трывогай усведамляючы, што яго лёгка можна заўважыць на белым фоне снежнага даху, ён крыху перачакаў, пакуль паліцэйскі з'явіўся і пайшоў назад. Потым Грунліх пачаў спуск. Яму трэба было мінуць толькі адзін нежылы паверх, але калі ён дабраўся да акна верхняга паверха, дык трапіў у прамень святла і пачуў свісток. «Хіба мяне можна злавіць? — з недаверам падумаў ён. — Дагэтуль мяне яшчэ нікому не ўдавалася злавіць. Са мной такога ніколі не здарыцца». Павярнуўшыся спінай да акна, ён чакаў ці вокрыку, ці кулі, а ў галаве ў яго варушыліся добра падмазаныя колцы: адна думка чаплялася за другую і рухала трэцюю. Калі нічога не здарылася, ён павярнуў твар ад лесвіцы і сцяны — на дварэ нікога не было, святло ішло ад лямпы, якую нехта паставіў на паддашак склада, а свісток быў адным з мноства гукаў, якія чутны на вакзале. Гэтая памылка каштавала яму некалькіх дарагіх секунд, і цяпер ён пачаў шпарка спускацца, кінуўшы думаць пра свае абледзянелыя чаравікі і пераступаючы цераз дзве перакладзіны.

Дабраўшыся да наступнага акна, ён пастукаў. Адказу не было, і ён ціха вылаяўся, не зводзячы вачэй з таго рага склада, адкуль вельмі хутка павінен з'явіцца паліцэйскі. Ён ізноў пастукаў, і гэтым разам усярэдзіне пачуўся шоргат пантофляў. Зашчапка акна пасунулася, і жаночы голас спытаў:

— Антон, гэта ты?

— Я, — адказаў Ёзеф, — Антон. Хуценька ўпусці мяне. — Фіранку адшмаргнулі, і хударлявая рука пачала цягнуць на сябе верхнюю раму. — Ніжнюю, — падказаў шэптам Ёзеф. — Навошта верхнюю? Ты, пэўна, лічыш, што я акрабат. — Калі рама паднялася, ён з нечаканым для такога таўстуна спрытам ступіў з пажарнай лесвіцы на падаконнік, але праціснуцца ў пакой яму было нялёгка. — Ты што, не можаш падняць раму хоць бы на дзюйм вышэй?..

Нейкі паравоз прагудзеў тры разы, і яго мозг машынальна вызначыў сэнс гэтага сігналу: цяжкі таварняк. Потым ён улез у пакой, жанчына зачыніла акно, і шум станцыі заціх.

Ёзеф стрэс снег з паліто, выцер вусы і глянуў на гадзіннік: пяць хвілін на дзесятую, цягнік на Пасаў пойдзе не раней, чым праз сорак хвілін, а білет у яго ўжо ёсць. Павярнуўшыся спінай да акна і да жанчыны, ён крадком аглядзеў пакой: усе рэчы былі на тых самых месцах, як іх зафіксавала яго памяць, — той самы збан і міска на ўмывальніку чырванавата-карычневага колеру, расколатае люстра ў пазалочанай рамцы, жалезны ложак, начны гаршчок, карціна на біблейскі сюжэт.

— Акно лепей пакінуць адчыненым. На выпадак, калі твой гаспадар раптам вернецца.

— Не магу. Ой, не магу! — вымавіла яна тонкім спалоханым голасам.

Ён павярнуўся да яе і сказаў з прыязнай усмешкай:

— Ах, якая ты сціплая, Ганна, — і ўтаропіўся ў яе пранікнёным вопытным поглядам.

Яны былі аднагодкі, але ў яе не было яго вопыту: хударлявая, усхваляваная, стаяла яна каля акна, яе чорная спадніца ляжала ўпоперак ложка, а чорная блузка з белым каўнерыкам, якія носяць служанкі, усё яшчэ была на ёй. Яна трымала перад сабой ручнік, прыкрываючы ім ногі.

Ён насмешліва глядзеў на яе.

— Ух, якая ж ты мілая, Ганна.

Яна разявіла рот і нібы зачараваная моўчкі ўтаропілася ў яго. Ёзеф з агідаю заўважыў, якія ў яе крывыя і счарнелыя зубы. «Што б мне ні давялося яшчэ рабіць з ёю, — падумаў ён, — але цалавацца з ёй я не буду». Яна, пэўна ж, чакала, калі ён кінецца яе абдымаць: яе сціпласць ператварылася ў агіднае какецтва пажылой жанчыны, на якое яму давялося неяк рэагаваць. Прысеўшы ўскрай шырокага ложка так, каб ён іх раздзяляў, Ёзеф пачаў размаўляць з ёй на дзіцячай мове:

— Ну і хто ж гэта прыйшоў да нашай міленькай маленькай Ганначкі? Такі вялізны дзядзька! А як жа ён яе паціскае! — Потым дурасліва пагразіў ёй пальцам. — Мы адны, Ганна. Мы з табой яшчэ павесялімся. Га? — Крадком, скоса зірнуўшы на дзверы, ён з палёгкай зазначыў, што яны не замкнёныя: ад гэтай старой сучкі ўсяго можна было чакаць — яна магла замкнуць дзверы і схаваць ключ. Аднак на яго чырвонай тлустай фізіяноміі не было ні трывогі, ні агіды. — Ну, як?

Яна ўсміхнулася і глыбока і шумна ўздыхнула:

— Ох, Антон.

Ён усхапіўся на ногі, а яна выпусціла з рук ручнік і ў чорных баваўняных панчохах дробненька, па-птушынаму затупала да яго.

— Хвілінку, — сказаў Ёзеф.

Ён, нібыта абараняючыся, падняў руку, жахаючыся той існуючай са спрадвечных часоў пажаднасці, якую сам жа і разбудзіў у ёй. «Абое мы далёка не прыгажуны», — падумаў ён, а прысутнасць бела-ружовай мадонны ператварыла гэтую сцэну ў наўмыснае блюзнерства. Настойлівым шэптам ён спыніў яе:

— А ты ўпэўнена, што ў кватэры нікога няма?

Твар яе пачырванеў, нібыта ён пачаў да яе груба прыставаць.

— Не бойся, Антон, мы зусім адны.

Яго мозг пачаў працаваць дакладна і ясна: яго заўсёды бянтэжылі толькі звычайныя чалавечыя адносіны, а калі надыходзіла небяспека ці патрэба дзейнічаць, яго розум рабіўся надзейным, як выпрабаваная і добра падмазаная машына.

— Дзе сумка, якую я табе даў?

— Вунь там, Антон, пад ложкам.

Яна выцягнула невялікую чорную доктарскую сумку, Ёзеф пагладзіў яе пад падбародкам і сказаў, што ў яе прыгожанькія вачаняткі.

— Распранайся і кладзіся, — загадаў ён. — Я прыйду да цябе праз хвіліну.

Перш чым яна пачала спрачацца ці патрабаваць тлумачэння, ён на дыбачках спрытна праслізнуў у дзверы і зачыніў іх за сабой. Агледзеўшыся, ён тут жа знайшоў крэсла і засунуў яго ножку за ручку дзвярэй так, каб іх немагчыма было адчыніць з таго боку.

Пакой, куды трапіў Ёзеф, быў яму добра знаёмы, бо ён тут ужо бываў раней. Пакой выглядаў як нешта сярэдняе паміж канторай і старамоднай гасцёўняй. Там стаяў пісьмовы стол, некалькі іншых столікаў, чырвоная плюшавая канапа, крэсла на калёсіках, дзве-тры невялікія гравюры дзевятнаццатага стагоддзя, на якіх былі намаляваныя дзеці, што гулялі з сабакамі, і дамы каля садовай агароджы. Адну сцяну амаль цалкам займала вялікая схема цэнтральнай станцыі з платформамі, таварнымі складамі, стрэлкамі і сігнальнымі будкамі — яна была ўсыпаная рознакаляровымі паметкамі. Абрысы мэблі былі цьмяна бачныя ў прыцемках. Цені ад запаленых ліхтароў падалі на столь і на запаленую настольную лямпу, гэтыя цені, нібыта мебельныя чахлы, былі параскіданы па ўсім пакоі. Ёзеф стукнуўся нагой аб адзін столік і ледзь не перакуліў пальму. Ён нягучна вылаяўся, і тут з спальні пачуўся голас Ганны:

— Што здарылася, Антон? Што ты там робіш?

— Нічога. Нічога. Праз хвілінку я буду з табой. Твой гаспадар не патушыў святла. Ты ўпэўнена, што ён не прыйдзе?

Яе разабраў кашаль, але паміж прыступамі кашлю яна паведаміла:

— Ён на дзяжурстве да поўначы. Ты хутка ўжо, Антон?

Ёзеф скрывіўся.

— Ганна, любая, я ўжо распранаюся.

Праз адчыненае акно ў пакой урываўся шум чыгункі, бесперапынку гудзелі аўтамабілі. Ёзеф высунуўся за акно і кінуў позірк на вуліцу. Таксі з пасажырамі і багажом сноўдалі па ўсіх напрамках, але ён не звяртаў увагі ні на таксі, ні на мігатлівыя агні рэкламы, ні на звон шклянак у кавярні якраз пад ім. Ён углядаўся ў тратуар унізе: там зараз было няшмат прахожых — надышоў час вячэры, тэатра, кіно. Паліцейскіх нідзе не было відно.

— Антон!

— Сціхні ты! — агрызнуўся ён і завесіў штору, каб нельга было ўбачыць яго з другога боку вуліцы.

Ён ведаў дакладна месца, дзе сейф быў уманціраваны ў сцяну. Спатрэбілася адзін раз павячэраць з Ганнай у кавярні, звадзіць яе ў кіно, некалькі разоў выпіць з ёю — і ўсе звесткі былі атрыманы. Аднак ён пабаяўся спытаць у яе камбінацыю лічбаў: яна магла здагадацца, што не толькі ад яе чараў ён узлез па абледзянелым даху ў яе пакой. З кніжнай шафы за пісьмовым сталом ён выцягнуў шэсць тоўстых тамоў «Эксплуатацыі чыгункі». За кнігамі былі схаваныя сталёвыя дзверцы сейфа. Розум Ёзефа Грунліха працаваў зараз ясна і дакладна, рухаўся ён упэўнена і няспешна. Перш чым прыступіць да працы, ён паглядзеў на гадзіннік — дзесяць хвілін на дзесятую — і разлічыў, што яшчэ можна тут заставацца паўгадзіны. «Процьма часу, — падумаў ён і прыціснуў мокры вялікі палец да дзверцаў сейфа. — Сталь таўшчынёй не болей за паўдзюйма». Паклаўшы сумку на пісьмовы стол, ён дастаў з яе інструменты. Зубілы былі ў ідэальным стане, добра адпаліраваныя, з вострымі канцамі. Ёзеф ганарыўся высокай якасцю сваіх інструментаў гэтаксама, як і хуткасцю, з якой ён працаваў імі. Можна было ўзламаць такую тонкую сталь ломікам, але Ганна пачуе грукат, а ёй ён не давяраў — яшчэ раптам крык падыме. Таму ён распаліў маленькую паяльную лямпу ў выглядзе трубкі, папярэдне надзеўшы цёмныя акуляры, каб засцерагчы вочы ад асляпляльнага святла. З першым жа шалёным выбухам полымя ўсе рэчы ў пакоі вылучыліся з цемры, спякота дыхнула яму ў твар, і сталёвыя дзверцы пачалі шыпець, як алей на гарачай патэльні.

— Антон! — жанчына пачала трэсці ручку дзвярэй у спальні. — Антон! Што ты там робіш? Навошта ты мяне замкнуў?

— Сціхні! — крыкнуў ён ёй скрозь нягучнае гудзенне полымя.

Ён чуў, як Ганна абмацвае замок і паварочвае ручку. Потым яна запатрабавала яшчэ раз:

— Антон, выпусці мяне!

Варта было яму адняць губы ад трубкі, як полымя імгненна сціхала. Спадзеючыся на баязлівасць гэтай дурніцы, ён раз'юшана крыкнуў:

— Сціхні! Іначай скручу табе шыю!

З хвілінку панавала цішыня, полымя павялічылася, ад спёкі сталёвыя дзверцы зрабіліся з чырвоных белыя, і тут Ганна закрычала што ёсць сілы:

— Я ведаю, чым ты там займаешся, Антон! — Ёзеф шчыльней прыціснуў губы да трубкі, не звяртаючы ўвагі на Ганну, але наступны яе выкрык напалохаў яго: — Ты каля сейфа, Антон!

Яна зноў пачала бразгаць ручкай, і ён мусіў быў прытушыць полымя і крыкнуць ёй:

— Сціхні! Іначай, як сказаў, так і зраблю. Скручу тваю паганую шыю, старая сука!

Голас яе зрабіўся цішэйшы, але ён дакладна чуў кожнае яе слова — пэўна, яна прыціснула губы да замочнай шчыліны:

— Не трэба, не трэба так казаць, Антон. Паслухай, выпусці мяне. Мне трэба табе нешта сказаць, папярэдзіць цябе. — Ён нічога ёй не адказаў, раздзьмухваючы полымя і даводзячы сталь да белага напалу. — Я сказала табе няпраўду, Антон. Выпусці мяне. Гер Кольбер зараз павінен вярнуцца.

Ён прыглушыў трубку і, усхапіўшыся, павярнуўся да дзвярэй:

— Пра што гэта ты?

— Я думала, што ты не прыйдзеш, калі даведаешся пра гэта. На каханне нам бы хапіла часу. Паўгадзінкі. А калі б нават ён і завітаў раней, мы маглі б паляжаць ціхенька.

Мозг Ёзефа зрэагаваў імгненна, ён не стаў марнаваць час на праклёны, а патушыў трубку, паклаў яе зноў у сумку разам з зубіламі, ломікам, адмычкай і бляшанкай з перцам. Не раздумваючы, ён адмовіўся ад адной з самых лёгкіх здабыч у сваёй зладзейскай кар'еры, аднак жа нездарма ён заўсёды ганарыўся тым, што пазбягае ўсякай рызыкі. Яго ні разу яшчэ не злавілі. Зрэдку ён працаваў з напарнікам, і напарнікі пападаліся, але зла на яго не трымалі. Яны разумелі, якога выдатнага рэкорду дасягнуў Ёзеф, і ішлі ў турму, гордыя тым, што яму ўдалося збегчы, а потым у размовах з сябрамі звычайна так пра яго гаварылі: «Гэта ж Ёзеф! За пяць год ён ні разу не трапіў за краты».

Ёзеф зачыніў сумку і спалохана прыслухаўся: непадалёк пачуўся гук, нібыта нехта спусціў цеціву лука.

— Што гэта?

— Ліфт. Нехта пазваніў, выклікае ўніз, — сказала шэптам Ганна праз дзверы.

Ён узяў у рукі том «Эксплуатацыі чыгункі», але сейф быў надта гарачы, і паклаў кнігу на пісьмовы стол. Унізе было чуваць, як зачыніліся дзверцы ліфта. Ёзеф адышоў ад парцьеры і, пацягнуўшы за шнурок, на якім вісеў рэвальвер, падняў яго на дзюймы два вышэй. Ён быў падумаў, можа, уцячы праз акно, аднак нагадаў, што давядзецца падаць з вышыні трыццаці футаў на дах кавярні. Потым дзверцы ліфта адчыніліся і адразу ж зачыніліся з трэскам.

— На першым паверсе, — шэптам паведаміла праз замочную шчыліну Ганна.

«Не бяда, — падумаў Ёзеф. — Можна не спяшацца. Спярша ў спальню Ганны, а потым на дах. Давядзецца, праўда, пачакаць хвілін дваццаць цягніка на Пасаў». Ножка крэсла, засунутая за ручку дзвярэй, захрасла. Яму прыйшлося пакласці сумку і пусціць у ход абедзве рукі. Крэсла звалілася на паркет і раскалолася. У гэтае імгненне ўключылася святло.

— Стаяць на месцы! — загадаў гер Кольбер. — Рукі ўгору!

Ёзеф Грунліх адразу падпарадкаваўся загаду. Ён павярнуўся вельмі павольна і за гэтыя некалькі секунд абдумаў план дзеяння.

— У мяне няма зброі, — ціха сказаў ён, з прастадушным дакорам гледзячы на гера Кольбера.

Гер Кольбер быў апрануты ў блакітную форму і круглую фуражку памочніка начальніка станцыі, ён быў маленькі і хударлявы, з смуглявым маршчыністым тварам, старэчая рука, якая трымала рэвальвер, злёгку дрыжала ад хвалявання і лютасці. Прастадушныя вочы Ёзефа звузіліся на імгненне, ён кінуў хуткі позірк на рэвальвер, прыкідваючы, пад якім вуглом будзе зроблены стрэл і ці праляціць куля міма. «Не, — вырашыў ён, — пацэліць у ногі, а куля трапіць у жывот». Гер Кольбер стаяў спінай да сейфа, і пакуль яшчэ не мог убачыць раскіданых неахайна кніг.

— Вы не так мяне зразумелі, — дадаў Ёзеф.

— Што вы там робіце каля дзвярэй?

Твар Ёзефа быў яшчэ чырвоны ад гарачага полымя.

— Мы з Ганнай… — пачаў ён.

— Ну, хутчэй кажы, нягоднік! — закрычаў на яго гер Кольбер.

— Мы з Ганнай — сябры. Шкада, гер дырэктар, што вы мяне… нас заспелі неспадзеўкі. Мяне сюды запрасіла Ганна.

— Ганна? — здзекліва перапытаў гер Кольбер. — Навошта?

Ёзеф сарамліва вільнуў сцёгнамі.

— Ну, гер Кольбер, вы ж самі ведаеце, як гэта звычайна здараецца. Мы з Ганнай — сябры.

— Ганна, ідзі сюды.

Дзверы павольна адчыніліся, і Ганна выйшла з свайго пакоя. Яна паспела ўжо надзець спадніцу і прычасаць валасы.

— Гэта праўда, гер Кольбер, — сказала яна, з жахам пазіраючы на незамаскіраваны сейф.

— Што з табой? Куды ты глядзела? Жанчына твайго веку! Куды гэта варта?

— Ваша праўда, гер Кольбер, але… — Яна вагалася, і Ёзеф спыніў яе, не даўшы магчымасці абараніць ці абвінаваціць яго:

— Мне вельмі падабаецца Ганна.

Бездапаможная, вартая жалю, яна з удзячнасцю сустрэла гэтыя словы.

— Так, праўда, ён так казаў мне.

Гер Кольбер тупнуў нагой.

— Ты проста дурніца, Ганна. Выверні ў яго кішэні. Можа, ён украў у цябе грошы.

Яму ўсё яшчэ не прыйшло ў галаву зірнуць на сейф, і Ёзеф пачаў выконваць прапанаваную яму ролю дробязнага, нікчэмнага зладзюжкі. Яму выдатна былі вядомыя іх самахвальства і звычай хныкаць. Яму даводзілася працаваць з імі, ён іх наймаў і без асаблівага жалю глядзеў, як іх адпраўлялі ў турму. «Кішэннікі», — пагардліва называў ён іх, разумеючы пад гэтым словам людзей без усякага пачуцця годнасці і кемлівасці.

— Я не краў у яе грошай, — захныкаў ён. — Ніколі б на гэта я не пайшоў. Мне падабаецца Ганна.

— Выверні яму кішэні.

Ганна скарылася, але рукі яе заслізгалі па яго вопратцы, нібыта лашчылі яго.

— А цяпер глянь у задняй кішэні.

— У мяне няма зброі, — сказаў Ёзеф.

— У задняй кішэні, — паўтарыў гер Кольбер, і Ганна адкінула падбіўку пінжака. Калі гер Кольбер пераканаўся, што і ў той кішэні нічога няма, ён апусціў рэвальвер, аднак яго ўсё яшчэ калаціла ад старэчай лютасці. — Зрабіць з маёй кватэры бардэль! — крычаў ён. — Што ты можаш сказаць у сваё апраўданне, Ганна? Ну і заварыла ты кашу!

Ганна, утаропіўшы вочы ў падлогу, ламала худыя рукі.

— Не ведаю, што гэта на мяне найшло, гер Кольбер. — Аднак сказаўшы гэтыя словы, жанчына, відаць, усё зразумела. Яна падняла вочы, і Ёзеф убачыў, як у яе поглядзе адданасць саступіла месца агідзе, а агіда — злосці. — Ён мяне спакусіў, — павольна вымавіла яна.

Тым часам Ёзеф не зводзіў вачэй з сваёй чорнай сумкі, якая ляжала на стале за спінай у гера Кольбера, з кучы кніг і з незамаскіраванага сейфа, але трывога не перашкаджала яму думаць. Рана ці позна гер Кольбер знойдзе сапраўдную прычыну яго візіту, а Ёзеф ужо заўважыў руку начальніка каля званка, які, пэўна, звязаны з кватэрай швейцара.

— Магу я апусціць рукі, гер начальнік?

— Можаш, але не кранайся з месца ні на дзюйм. — Гер Кольбер тупнуў нагой. — Я дабяруся да праўды, нават калі мне давядзецца пратрымаць цябе тут усю ноч. Не дазволю, каб мужчыны прыходзілі сюды спакушаць маю служанку.

Слова «мужчыны» прымусіла Ёзефа на імгненне забыцца на асцярожнасць, адна толькі думка пра тое, што ён мог спакусіць гэтую пабляклую Ганну, пацешыла яго, і ён усміхнуўся. Ганна заўважыла ўсмешку і здагадалася, чым яна выклікана.

— Сцеражыцеся! — крыкнула яна геру Кольберу. — Ён не да мяне прыходзіў… Ён…

Але Ёзеф не даў ёй сказаць болей ні слова.

— Я сам скажу ўсю праўду. Не да Ганны я прыйшоў. Паглядзіце туды, гер Кольбер, — ён махнуў левай рукой у бок сейфа.

Гер Кольбер абярнуўся, яго рэвальвер быў скіраваны дулам у падлогу, і Ёзеф двойчы стрэліў яму ў паясніцу.

Ганна схапілася рукой за горла і ўсчала крык, сілячыся не глядзець у бок цела. Гер Кольбер упаў на калені, ілбом на падлогу, ён здрыгануўся ўсім целам паміж двума стрэламі, паваліўся б на бок, калі б не сцяна.

— Сціхні, — загадаў Ёзеф, але жанчына працягвала крычаць, тады ён схапіў яе за горла і страсянуў. — Калі ты не змоўкнеш хвілін на дзесяць, я цябе гэтаксама заб'ю, зразумела?

Ён убачыў, што яна самлела, і кінуў яе ў крэсла, потым зачыніў і зашчапіў акно і замкнуў дзверы ў спальню: ён баяўся — раптам Ганна вернецца ў свой пакой, і яе крыкі можа пачуць паліцэйскі, калі ў час абходу наблізіцца да склада. Ключ ён прапіхнуў ва ўнітаз з дапамогай ручкі ад швабры. Кінуўшы апошні позірк на кабінет, ён вырашыў пакінуць чорную сумку на пісьмовым стале: ён заўсёды насіў на руках пальчаткі, і на сумцы застануцца толькі адбіткі пальцаў Ганны. Шкада было пакідаць такі выдатны набор інструментаў, але ён гатовы быў ахвяраваць усім, што небяспечна. «Нават білет у Пасаў, — падумаў ён, зірнуўшы на гадзіннік. — Да адыходу цягніка застаецца яшчэ чвэрць гадзіны, нельга так доўга затрымлівацца ў Вене». Ён нагадаў пра экспрэс, які бачыў з даху, пра Стамбульскі экспрэс, і прыкінуў: «А ці можна будзе сесці ў яго без білета?» Было непажадана; каб нехта запомніў яго твар, у яго галаве нават мільганула думка, можа, асляпіць Ганну зубілам, — тады яна не зможа пазнаць яго. Аднак тут жа адкінуў гэтую думку: залішняя жорсткасць была яму непрыемная не таму, што ён наогул быў супраць жорсткасці, проста ён любіў дакладнасць у дзеяннях, не прапускаў нічога неабходнага і не рабіў нічога лішняга. Цяпер вельмі асцярожна, каб не запэцкацца крывёй, ён абмацаў кішэні гера Кольбера, шукаючы ключ ад кабінета і, знайшоўшы яго, хвілінку затрымаўся каля люстры, прыгладзіў валасы і пачысціў брыль. Потым выйшаў з пакоя, замкнуў дзверы і кінуў ключ на падстаўку для парасонаў у пярэдняй, — у гэты вечар ён болей не збіраўся лазіць па дахах.

Ён крыху павагаўся, калі ўбачыў парожні ліфт з адчыненымі дзверцамі, але тут жа вырашыў спусціцца па лесвіцы: у іншых кватэрах успомняць шум ліфта, калі яго пачнуць шукаць. Спускаючыся па лесвіцы, ён ўвесь час прыслухоўваўся, ці не чуваць крыкаў Ганны, але ўсё наўкол было ціха. На вуліцы ўсё яшчэ падаў снег, які заглушаў грукат колаў фурманак і крокі прахожых, аднак цішыня спускалася з верхняй пляцоўкі і рабілася больш непранікальнай, чым снег, яна нібыта імкнулася схаваць усе пакінутыя ім пасля сябе доказы: кучу кніг, чорную сумку, абпалены сейф. Ніколі раней ён не забіваў чалавека, але, пакуль не парушана цішыня, ён мог забыцца пра тое, што зрабіў апошні крок, які ўзняў яго на такую небяспечную вяршыню яго прафесіі.

Дзверы ў кватэру на другім паверсе былі адчыненыя, і, праходзячы міма, ён пачуў зласлівы жаночы голас:

— Такія кальсоны, кажу табе. Ну, я не дачка прэзідэнта, і я ёй сказала: «Дайце мне што-небудзь прыстойнае». Тонкія! Ты ніколі не бачыў…

Ёзеф Грунліх падкруціў густыя, з сівізной вусы і смела рушыў на вуліцу, кінуў позірк спачатку ў адзін бок, потым у другі, нібыта чакаючы якогась сябра. Паліцэйскага паблізу не было відаць, снегу на тратуары не было, таму Грунліх не пакідаў за сабой слядоў. Хутка і ўпэўнена пакрочыў ён налева, да вакзала, пільна прыслухоўваючыся, ці не чуваць на вуліцы крыкаў, але нічога не пачуў, апроч гудкоў таксі і шолаху снегу. У канцы вуліцы, нібыта асветлены фасад вар'етэ, вабіла да сябе арка вакзала.

«Бадай што, небяспечна сноўдацца каля ўвахода, як быццам нейкі прадавец латарэйных білетаў», — вырашыў ён і ў думках ізноў, паверх за паверхам, прарабіў увесь шлях ад самага пачатку, з кватэры гера Кольбера. Тут ён яшчэ раз пераканаўся, які ён разумны, нагадаў руку, якая паказала на сейф, хуткі рывок за шнурок, імгненна ўзведзены рэвальвер і два стрэлы, і яго агарнула пачуццё гонару: «Я забіў чалавека». Ён расхінуў крысы паліто, даючы доступ начному ветрыку, прыгладзіў камізэльку, крануў пальцам срэбны ланцужок, прыўзняў перад уяўнай сяброўкаю свой мяккі брыль, зроблены лепшым майстрам Вены. Брыль, праўда, быў крыху малаваты — ён сцягнуў яго з вешалкі ў туалеце. «Я, Ёзеф Грунліх, забіў чалавека. Я разумны, ім мяне не адолець, — думаў ён. — Навошта мне асабліва спяшацца, як нейкаму зладзюжку-баязліўцу, крадком праслізгаць у дзверы, хавацца пад засенню складоў? У мяне ёсць яшчэ час выпіць кубачак кавы». Ён усеўся за столік на тратуары, ускрай той павеці, якая паўстала перад яго вачыма, калі ён паслізнуўся на даху. Скрозь густы снег ён зірнуў угору: першы паверх, другі, трэці — там свяцілася акно кабінета гера Кольбера, — чатыры паверхі і абрысы будынка схаваліся за шэрымі цяжкімі хмарамі, якія акрылі неба. Ён разбіўся б ушчэнт.

— Dеr Каffее mіt Міlk[16], — заказаў ён.

Ёзеф Грунліх задумліва памешваў каву. Ён — абраннік лёсу. Выйсця не было, і ён не вагаўся. Па яго твары прабег цень прыкрасці, калі ён падумаў: «Шкада, што я не магу нікому расказаць пра гэта. Занадта небяспечна». Нават яго лепшы сябар Антон, чыё імя ён прысвоіў, нічога не павінен ведаць — за данос могуць прызначыць узнагароду. «І ўсё-такі здагадаюцца рана ці позна, — упэўніваў ён сябе, — будуць пальцамі на мяне паказваць. Вунь Ёзеф. Ён забіў у Вене Кольбера, але яго так і не злавілі. Яго ні разу ніхто не злавіў».

Ён паставіў шклянку на стол і прыслухаўся. Што гэта было — таксі, шум на вакзале ці жаночы крык? Азірнуў суседнія столікі — ніхто нічога не пачуў незвычайнага, людзі размаўлялі, пілі, весяліліся, а аднаго мужчыну ванітавала. Смага Ёзефа Грунліха трохі сціхла, пакуль ён сядзеў і прыслухоўваўся. Па вуліцы прайшоў паліцэйскі, пэўна, гэта быў дарожны інспектар, які змяніўся на пасту і ішоў дадому, але Ёзеф, падняўшы шклянку, схаваўшы за ёю твар, употай пачаў назіраць за ім. І тут ён ясна пачуў крык. Паліцэйскі спыніўся, і Ёзеф трывожна азірнуўся на афіцыянта, падняўся і паклаў на стол некалькі манет, рэвальвер крыху намуляў яму скуру на назе.

— Gutеn Аbеnd[17]. — Паліцэйскі купіў вячэрнюю газету і рушыў далей па вуліцы.

Ёзеф выцер пот з ілба рукой, не здымаючы пальчаткі, якая зрабілася адразу вільготная. «Так нельга, — падумаў ён. — Нельга нервавацца, мне, пэўна, здаўся гэты крык». Ён сабраўся быў ужо сесці і дапіць каву, як раптам ізноў пачуў гэты крык. Дзіўна, але ў кавярні ніхто не звярнуў на крык ніякай увагі. «Колькі пройдзе часу, перш чым яна адчыніць акно, — разважаў ён. — Тады яны пачуюць». Ён адышоў ад століка і ўжо на вуліцы выразна пачуў крыкі, аднак міма з гудзеннем праносіліся таксі, некалькі насільшычыкаў, хістаючыся, цягнулі з гатэля багаж па склізкім тратуары, ніхто не спыніўся, ніхто нічога не пачуў.

Раптам пачуўся металічны звон, нешта ўпала на тратуар. Ёзеф паглядзеў уніз. Гэта была медная манета. «Цікава, — падумаў ён. — Добрая прыкмета». Аднак калі ён нахіліўся над манетай, дык убачыў, што ўздоўж усёй дарогі ад кавярні, на некаторай адлегласці адна ад адной, пасярод тратуара былі параскіданы медныя і срэбныя манеты. Сунуўшы руку ў кішэню штаноў, ён не знайшоў там нічога, акрамя дзірачкі. «Божухна, няўжо гэта я губляў іх ад самай кватэры?» — падумаў ён. І ўявіў сабе, што стаіць у канцы дакладна акрэсленага шляху, які вёў ад адной пліты тратуара да другой, потым ад адной прыступкі лесвіцы да другой, напрамкі да дзвярэй кабінета гера Кольбера. Хутка крочачы назад па тратуары, ён падбіраў манеты і запіхваў іх у кішэню паліто, але не паспеў ён дайсці да кавярні, як высока над яго галавой разбілася шкло і жаночы голас закрычаў: «Zu Ніlfе! Zu Ніlfе!»[18] З кавярні выбег афіцыянт, які пачаў углядацца ўверх, таксіст націснуў на тормаз і спыніў машыну каля краю тратуара, двое мужчын, якія гулялі ў шахматы, усхапіліся з месца і выбеглі на дарогу. Раней Ёзефу Грунліху здавалася, што наўкол вельмі ціха ад снегападу, але толькі цяпер зразумеў, што такое сапраўдная цішыня: таксі спыніліся, у кавярні змоўклі размовы, а жанчына працягвала крычаць: «Zu Ніlfе! Zu Ніlfе!». Нехта сказаў: «Dіе Роlіzеі»[19], па вуліцы беглі двое паліцэйскіх, кабуры ў іх гучна ляпалі па баках. Потым ізноў усё зрабілася як звычайна, толькі кучка разявак скупілася ля ўвахода ў будынак. Два шахматысты вярнуліся да сваёй гульні, таксіст уключыў быў стартэр, але холад ужо паспеў скаваць рухавік, і ён вылез з машыны пакруціць ручку. Ёзеф Грунліх няспешна пайшоў да вакзала, а газетчык пачаў збіраць манеты, пакінутыя Ёзефам на тратуары. «Вядома, мне нельга чакаць цягніка на Пасаў, — думаў Ёзеф. — Але не варта і ісці на рызыку: раптам затрымаюць за безбілетны праезд, — прыйшло яму ў галаву. — А грошай на другі білет у мяне няма, нават дробязь я згубіў. Ёзеф, Ёзеф, — супакойваў ён сябе, — не стварай залішніх цяжкасцей. Табе трэба здабыць грошы, ты ж не збіраешся здавацца: Ёзеф Грунліх за пяць гадоў яшчэ ні разу не трапіў за краты. Ты забіў чалавека. Вядома, ты майстра ў сваёй справе, хіба табе не па сіле здзейсніць тое, што не цяжка дробнаму зладзюжку, — сцягнуць дамскую сумачку».

Падымаючыся па прыступках вакзала, ён насцярожана аглядваўся. Рызыкаваць было нельга. Калі яго возьмуць, дадуць пажыццёвае. Гэта табе не тыдзень у турме. Трэба выбіраць асцярожна. У люднай зале некалькі сумачак самі прасіліся яму ў рукі, — але гаспадыні сумачак выглядалі ці занадта беднымі, ці вельмі ўжо нагадвалі шлюх. У першых будзе ўсяго некалькі шылінгаў у танным кашальку, у другіх жа хутчэй за ўсё не знойдзецца нават дробязі, а толькі пухоўка, губная памада, люстэрка і, магчыма, прэзерватывы.

Нарэшце ён напаткаў тое, што трэба — на такую ўдачу ён нават і не разлічваў. Чужаземка, пэўна, ангелька, з кароткімі непакрытымі валасамі і чырвонымі вачыма, дужалася з дзвярыма тэлефоннай будкі. Яна ўчапілася за ручку абедзвюма рукамі, і яе сумачка звалілася на падлогу. «Яна п'яная, — падумаў ён, — а калі ўжо гэта іншаземка — у сумачцы ў яе плойма грошай». Астатняе ўжо было Ёзефу Грунліху дзіцячая гульня.


Дзверы нарэшце адчыніліся, і перад Мейбл Уорэн паўстаў той чорны зіхатлівы апарат, які вось ужо дзесяць гадоў паглынаў яе лепшыя часіны і лепшыя думкі. Мейбл нахілілася па сумачку, але яе нідзе не было. «Дзіўна, — падумала яна, — я ўпэўнена… ці я яе ў вагоне пакінула?» У цягніку яна наладзіла развітальны абед у гонар Джанет Пардаў, яна там выпіла келіх шэры, больш за паўбутэлькі рэйнвейну і два лікёры з каньяком. З гэтага яна крышку ачмурэла. Джанет заплаціла за абед, а яна вярнула грошы Джанет і рэшту пакінула сабе. У кішэні яе цвідавага жакета і цяпер было фунты два аўстрыйскай дробязі, але ў сумачцы яшчэ заставалася каля васьмідзесяці марак.

З вялікай цяжкасцю — у яе заплятаўся язык — ёй удалося прымусіць тэлефаністку міжгародняй станцыі зразумець, які нумар ёй патрэбен у Кёльне. Чакаючы размовы, яна злёгку пагойдвалася сваім мажным целам на маленькім жалезным сядзенні і не зводзіла вачэй з бар'ера. Усё меней і меней пасажыраў заставалася на платформе, але доктара Цынера нідзе не было відно. Аднак калі за дваццаць хвілін да Вены яна зазірнула ў яго купэ, — на ім былі ўжо брыль і плашч, і ён сказаў ёй: «Так, я выходжу». Яна тады яму не паверыла, і калі цягнік спыніўся, пачакала, пакуль ён выйдзе з купэ, бачыла, як ён мацае кішэні, шукаючы білет. Яна б не выпусціла яго з вачэй, калі б не гэтая патрэба патэлефанаваць у рэдакцыю. Калі ён сказаў ёй няпраўду, то яна паедзе з ім у Белград і ў яе болей не будзе магчымасці патэлефанаваць сёння ўвечары. «Няўжо-такі я пакінула сумку ў вагоне?» — здзіўлена падумала яна, і тут зазваніў тэлефон.

Мейбл Уорэн глянула на свой гадзіннік. «У мяне ёсць яшчэ дзесяць хвілін. Калі ён не з'явіцца праз пяць, я вярнуся ў цягнік. Яму не ўдасца мяне ашукаць».

— Алё! Гэта лонданскі «Кларыён»? Эдвардс? Так. Запісвай. Не, сябра, гэта не рэпартаж пра Сейвары. Той я перадам праз хвіліну. Гэта галоўны матэрыял на першую паласу, але табе давядзецца прытрымаць яго на паўгадзінкі. Калі я болей не пазваню — перадавай. Як паведамілі нашы вячэрнія газеты, узброенае паўстанне камуністаў у Белградзе ў сераду ноччу было задушана, маюцца чалавечыя ахвяры. Яго рыхтаваў вядомы бунтаўшчык — доктар Рычард Цынер, які збег у час судовага працэсу над Камнецам. Не, Камнец. К — Кайзер, А — афера, М — мул, Н — неданосак, не, гэта не тое. Ну, але ўсё адно, літара тая самая. Е — еўнух, Ц — цыган. Запісаў? Суд над Камнецам. Запішы памочніку рэдактара: прагледзець газетныя выразкі тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага года. Лічылася, што доктар Цынер забіты ўрадавымі агентамі, але ён, нягледзячы на ордэр на арышт, знік. У інтэрв'ю, дадзеным выключна нашаму карэспандэнту, ён паведаміў пра сваё жыццё ў якасці школьнага настаўніка ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Рэдактару аддзела навін: не магу яго прымусіць расказаць пра гэта. Атрымайце сакрэтную інфармацыю ад дырэктара школы. Яго прозвішча — Джон. Паўстанне ў Белградзе пачалося не ў запланаваны тэрмін, яго меркавалася пачаць у ноч на суботу, да гэтага часу доктар Цынер, які выехаў з Ангельшчыны ў сераду вечарам, прыбыў бы ў Белград і ўзяў бы на сябе кіраўніцтва паўстаннем. Доктар Цынер даведаўся пра паўстанне, пра яго разгром, калі цягнік прыбыў у Вюрцбург. Ён тут жа вырашыў выйсці ў Вене. Цынер быў у адчаі і ўвесь час ледзь чутна паўтараў, звяртаючыся да нашага карэспандэнта: «Чаму яны не пачакалі?» Ён перакананы — быў бы ён у Белградзе, увесь рабочы клас горада падтрымаў бы паўстанне. На куртатай ангельскай мове ён расказаў нашаму карэспандэнту надзвычайную гісторыю сваіх уцёкаў з Белграда ў тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмым годзе і паведаміў пра планы, якія так нечакана не здзейсніліся. Запісаў? А зараз слухай уважліва. Калі не атрымаеш астатнюю частку інфармацыі праз паўгадзіны, выкраслі ўсё пасля слоў «прыбыў у Вюрцбург» і працягвай наступным чынам:…і пасля доўгіх і пакутлівых ваганняў вырашыў усё-такі ехаць у Белград. Ён быў у адчаі і ўвесь час ціха паўтараў: «Цудоўныя, смелыя хлопцы! Як я магу кінуць іх у бядзе!» Крыху ачуняўшы, Цынер заявіў нашаму спецыяльнаму карэспандэнту: ён вырашыў з'явіцца перад судом разам з тымі, хто застаўся жывы, тым самым пацвердзіць сваю рэпутацыю Дон-Кіхота яшчэ пад час суду над Камнецам. Яго папулярнасць сярод рабочага класа цяпер ні для кога не сакрэт, і яго рашэнне можа нарабіць ураду шмат клопату.

Міс Уорэн перавяла дух і паглядзела на гадзіннік. Да адыходу цягніка заставалася толькі пяць хвілін.

— Алё! Не кладзі трубку. Вось звычайная лухта наконт Сейвары. Хуценька занатуй. Прасілі на палову калонкі, але я не маю часу. Дам табе некалькі абзацаў. Містэр Куін Сейвары, аўтар «Развясёлага жыцця», едзе на Далёкі Ўсход збіраць матэрыял на новы раман «Паехалі за граніцу». Хоць дзеянне новага рамана адбываецца на Ўсходзе, выдатны пісьменнік не мае намеру пакідаць Лондан, ён яго так горача любіць. Ён збіраецца глядзець на гэтыя далёкія краіны вачыма гаспадара тытунёвага кіёска ў Лондане. Містэр Сейвары, зграбны мужчына з бронзавым загарам, вітаў нашага карэспандэнта на платформе ў Кёльне. У яго грубаватая манера паводзіць сябе — не строй з сябе дурня, я сказала «грубаватая», гру-ба-ва-тая, — але за ёй хаваецца добрае спагадлівае сэрца. На просьбу вызначыць сваё месца ў літаратуры ён адказаў: «Мая пазіцыя заснавана на цвярозым розуме, у процілегласць паталагічнаму захапленню самааналізам такіх пісьменнікаў, як Лоўрэнс і Джойс. Жыццё — выдатнае поле дзейнасці для прадпрымальных, энергічных людзей, для тых, у каго ў здаровым целе здаровы дух». Містэр Сейвары апранаецца сціпла, але экстравагантна, ён не ўхваляе багемных поглядаў некаторых літаратурных колаў. «Яны аддалі сексу, — сцвярджае ён, па-свойму перафразуючы знакамітае выказванне Бэрка[20], — тое, што прызначана ўсяму чалавецтву». Наш карэспандэнт нагадаў яму, з якім шчырым захапленнем ставяцца шматлікія чытачы да Эмі Тод, маленькай служанкі з «Развясёлага жыцця», — тыраж гэтай кнігі, між іншым, дасягнуў ужо ста тысяч. «Вы — тонкі знаўца жаночага сэрца», — сказаў наш карэспандэнт. Дабрадушна пасмейваючыся, містэр Сейвары забраўся зноў у свой вагон. Ён, дарэчы, халасцяк. «Пісьменнік — гэта нешта накшталт шпіёна», — весела заявіў ён і памахаў рукой на развітанне, калі цягнік ужо нёс яго прэч. Прынамсі, ужо ўсе ведаюць, што высакародная Кэрал Дылейн, дачка лорда Гартвей, будзе выконваць ролю Эмі Тод, служанкі, у кінакарціне «Развясёлае жыццё». Запісаў? Ну, зразумела, не на дурняў. А што яшчэ можна было выцягнуць з такой нікчэмнасці?

Міс Уорэн з трэскам бразнула трубкаю. Доктар Цынер так і не з'явіўся. Яна раззлавалася, але не без злараднасці. Ён думаў пакінуць яе на вакзале ў Вене. Яна развесялілася, уяўляючы сабе, як ён будзе расчараваны, калі ўбачыць яе ў дзвярах свайго купэ. «Мяне проста так не страсеш, як пыл з ног, — шаптала яна пра сябе. — Гэта з ёй не пройдзе проста так».

Кантралёр спыніў яе каля бар'ера:

— Fаhrkаrtе, bitte[21].

Ён не глядзеў на яе, быў заняты — збіраў білеты ў пасажыраў, якія толькі што прыехалі прыгарадным цягніком: у жанчын з дзецьмі на руках, у мужчыны з жывой курыцай пад пахай. Міс Уорэн зрабіла спробу прайсці.

— Журналісцкае пасведчанне.

Кантралёр павярнуўся і падазрона агледзеў яе.

— Дзе яно?

— Я пакінула яго ў сумцы ў вагоне.

Ён забраў апошні білет, склаў усе кардонкі ў акуратны стосік і дбайна перацягнуў яго гумкаю.

— Дама сказала мне, калі выходзіла з платформы, што ў яе пасведчанне, — нагадаў ён ветліва, але непахісна. — Яна памахала перада мной кусочкам кардону і панеслася далей, перш чым я паспеў яго разгледзець. Цяпер я хацеў бы паглядзець на гэты кусочак кардону.

— Чорт пабяры! — усклікнула міс Уорэн. — Значыцца, сумачку ў мяне ўкралі.

— Але ж дама толькі што сказала, што яе сумачка ў вагоне.

Міс Уорэн ізноў вылаялася. Яна зразумела — выгляд у яе зараз не на яе карысць: без капялюшыка, валасы ўскудлачаныя, з рота тхне алкаголем.

— Што ж мне рабіць? Мне трэба сесці ў гэты цягнік. Пашліце каго-небудзь са мной, і я аддам яму грошы.

Кантралёр адмоўна пакруціў галавой:

— Сам я не магу адысці ад бар'ера, паслаць каго-небудзь з насільшчыкаў, якія зараз у зале, на платформу, каб атрымаць грошы за білет, я не маю права. А чаму б даме самой не купіць білет, а потым запатрабаваць ад чыгункі кампенсацыі?

— А таму, — раз'юшана адказала міс Уорэн, — што ў дамы няма пры сабе грошай.

— У такім разе, — спакойна адказаў кантралёр, зірнуўшы на гадзіннік, — даме давядзецца ехаць наступным цягніком. Усходні экспрэс зараз адыходзіць. А што да сумачкі — вам не трэба турбавацца. Можна тэлефанаваць на наступную станцыю.

У білетнай зале нехта насвістваў знаёмы матыў. Міс Уорэн слухала некалі гэтую мелодыю разам з Джанет — гэта была музыка на словы эратычнай песенькі. Яны слухалі яе, трымаючыся ў цемры за рукі: кінакамера няўдала зняла дэкарацыю доўгай вуліцы — гэтую песеньку спявалі на ёй мужчына, які высунуўся з акна, жанчына, якая прадавала гародніну з каляскі, хлопец, які абдымаў дзяўчыну ля сцяны. Яна ўскалмаціла рукой валасы. Раптам у яе ўспаміны і клопаты, у кампанію Джанет і К.С.Сейвары, Корал і Рычарда Цынера, на імгненне ўлезла румяная фізіяномія нейкага маладога чалавека з добрымі прамяністымі вачыма ў акулярах у рагавой аправе.

— Мне здаецца, мэм, у вас нейкія непрыемнасці з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калі б змог вам дапамагчы.

Раз'юшаная міс Уорэн павярнулася да юнака.

— Яшчэ адзін на маю галаву, — сказала яна і рушыла да тэлефоннай будкі.

Амерыканец дапамог ёй пазбавіцца ад кранальных, сентыментальных успамінаў, засталіся толькі злосць і прага помсты. «Ён лічыць, што яму цяпер нічога не пагражае, ён ад мяне адчапіўся, і я нічога не магу з ім зрабіць, калі ён пацярпеў няўдачу», — думала яна. Але да таго часу, калі ў будцы зазваніў тэлефон, яна зноў супакоілася. Няхай Джанет фліртуе з Сейвары, а Корал з сваім жыдам — Мейбл Уорэн пакуль што не да іх. Калі трэба выбіраць паміж каханнем да жанчыны і нянавісцю да мужчыны, для яе існавала толькі адно: з яе кахання можна пакпіць, але ніхто яшчэ ніколі не здзекаваўся з яе нянавісці.

2

Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.

— Выберыце за мяне, — папрасіла яна і ўзрадавалася, калі ён заказаў віно. «Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч», — падумала яна. — Мне падабаецца ваш пярсцёнак.

Агні Вены пранесліся міма ў акне, знікаючы ў цемрадзі ночы, афіцыянт перагнуўся цераз столік і апусціў штору.

— Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, — сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхію і пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзін людзей. Карта він у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккія крокі афіцыянтаў, якія сноўдалі міма яго крэсла, — усё гэтае надавала яму ўпэўненасці. Усміхнуўшыся, ён паварушыў рукой, і грані каменя зазіхацелі на столі і на келіхах. — А сапраўдная цана яго ўдвая большая.


— Раскажыце мне пра яе, — сказаў містэр К.С.Сейвары. — Дзіўная асоба. Выпівае?

— Яна так да мяне прывязалася.

— Нічога дзіўнага. — Нахіліўшыся наперад і разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: — Не магу ніяк зразумець, чым такія жанчыны займаюцца?


— Не, не буду болей піць гэтага піва. Мой страўнік яго не прымае. Спытай, ці няма ў іх «Гінеса». З асалодай выпіла б зараз шклянку «Гінеса».


— Вядома, у вас у Германіі адраджаецца вялікі спорт, — казаў містэр Оўпі. — Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьміце, да прыкладу, Хобса і Саткліфа…


Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.


Але ж я не ведаю іх тарабарскай мовы, Эймі.


— Кожны раз вы нагадваеце, колькі кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькі каштую я? — Ад разгубленасці і страху яна зрабілася з'едлівая. — Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за білет.

— Я ж усё ўжо растлумачыў наконт білета.

— А калі б на маім месцы была вунь тая дзяўчына?

Майет павярнуўся і паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккі прамяністы погляд на хвілінку затрымаўся на ім, ацаніў і адхіліў яго.

— Вы лепей, — вымавіў ён яўна няшчырым тонам, ізноў імкнучыся злавіць погляд той маладой жанчыны і прачытаць свой прыгавор. «Гэта праўда, — пераконваў ён сябе, — бо калі Корал у гуморы, яна вельмі цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават і даць такое вызначэнне. З ёй я б і слова не сказаў, — думаў ён. — Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукі падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць». У парыве ўдзячнасці ён павярнуўся да Корал: — Вы такая да мяне добрая. — Ён нахіліўся над талеркай з супам, булачкамі, графінчыкам з воцатам. — Вы і далей будзеце такая добрая да мяне?

— Асабліва сёння ўначы.

— Чаму толькі сёння? Калі прыедзем у Канстанцінопаль, чаму б вам, чаму б нам… — ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акіяне іх сяброўскіх адносін.

— Жыць разам з вамі там?

— А чаму не?

Розум яе супраціўляўся яго прапанове, але яна так здзівіла яе, што ёй давялося засяродзіць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнік, які крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны — яны, здаецца, ядуць і пьюць, седзячы паміж апушчанымі шторамі, — абрыўкі чужых размоў.

— Так, вось і ўсё. Цалаваліся. Толькі цалаваліся.

— Хобс і Зудгліф?

Усе довады былі на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на світанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадыні — тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку ці кубак гарбаты і пачне прапаноўваць нейкі невядомы заменнік аспірыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, — замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе бліскучыя краны і заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккі ложак, пакрыты квяцістым шаўковым пакрывалам — за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасці. «Аднак пра такое жыццё можна толькі марыць, — думала яна, — і сёння ўначы, калі ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая і нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча».

— Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.

— Не, вы мне заўсёды патрэбны.

— Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Ці наогул не пытайцеся болей ніколі.


— Не, не крыкет, не крыкет, — сказаў Ёзеф Грунліх, выціраючы вусы. — Мы ў Германіі вучымся бегаць.

Незвычайнасць такой заявы выклікала ў містэра Оўпі ўсмешку.

— А самі вы калі-небудзь бегалі?

— У маладосці я быў выдатны бягун. Ніхто не бегаў лепей за мяне. Ніхто не мог мяне злавіць.


— «Д'ябал».

— Не трэба лаяцца, Джым.

— Гэта зусім не лаянка. Гэта такая марка піва. У ім меней газаў. А тое, што ты раней піла, называецца «Дункель».


— Мне вельмі прыемна, што вам спадабалася.

— Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомніць яе імя, але яна проста цудоўная.

— Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохі пасля абеду.

— А вы не будзеце займацца глупствам, містэр Сейвары?


— Я абавязкова ў вас спытаюся.

— Не кідайцеся пустымі абяцанкамі. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь іншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцінопалі?

— Толькі справамі. Складанымі. Калі наступны раз будзеце есці «пярэстага сабаку», успомніце пра мяне. Разынкі. Я — разынка, — дадаў ён з пацешнай гордасцю.

— Значыцца, я буду называць вас «пярэстым сабакам». Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нібы мянушка.

— Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьміце адну. Смачная, праўда?

— Сакавітая.

— Гэта нашай фірмы — «Майет, Майет і Пейдж». А цяпер вазьміце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?


— Паглядзі вунь туды, у першы клас, Эймі. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампаніяй. Надта ўжо задзірае нос угору.

— Тая, што з жыдам? Усё зразумела.


— Вядома, я стаўлюся з вялікай павагай да рымска-каталіцкай царквы, — гаварыў містэр Оўпі. — Я не фанатык. Як прыклад добрай арганізацыі…

— Вось што?


— Я нічога не магу зразумець.


— Сакавітая.

— Не, не, гэта зусім не сакавітая.

— Я нешта не тое сказала?

— Гэта разынка фірмы Стэйна. Танная разынка нізкай якасці. З вінаградніку, які расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хіба вы не адчуваеце розніцы?

— Сапраўды, яна зусім сухая. Але ж тая была сакавітая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталіся.

— Не можа такога быць. Я асабіста выбіраў узорныя экземпляры. Дзіўна. Надта дзіўна.


Раптам у рэстаране запанавала поўная цішыня — у такіх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цішыні было чутна, як пазвоньваюць шклянкі на століках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якімі ў цемры, нібыта галоўкі запалак, мігацяць іскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калі там панавала цішыня, калені ў яго былі злёгку сагнутыя, як у марака, які сіліцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе ішоў афіцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага століка. У яго галаве гарэлі словы, якія ператварыліся ў фразу: «Вы кажаце, што я здрадзіў радзіме, але я не пазнаю сваёй радзімы. Прыступкі, што вядуць у цемрадзі ўніз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькі славяне так пакутуюць, гэта — гаротнікі ўсяго свету», — думаў ён. Словы яго былі звернуты да ваеннага трыбуналу, які засядаў пад арламі і перакрыжаванымі шпагамі. «Гэта вы перажылі свой час з вашымі кулямётамі, з вашымі ўдушлівымі, слёзацечнымі газамі і з вашай балбатнёй пра айчыну». Рухаючыся па праходзе ад століка да століка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. «Я належу да нашага часу». Але ў яго ўзнёслыя мары на імгненне ўварваліся ўспаміны пра доўгія рады зласлівых твараў падлеткаў, пра кпіны за спінай, пра мянушкі, пра карыкатуры, пра запіскі ў падручніках па граматыцы, якія перадаваліся пад партамі, пра шэпты, якія чуліся паўсюль — парушальніка нельга было знайсці і пакараць.

Ён сеў за столік і няўцямным поглядам утаропіўся ў меню.


«Так, я б не адмовіўся апынуцца на месцы гэтага жыда, — думаў містэр Пітэрс, пакуль анёл цішыні лунаў наўкол. — Яму дасталася неблагая спаднічка. Неблагая! Але і не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, — разважаў ён сам сабе, азіраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкі, нагадваючы яе бурклівы страўнік. — А гэта самае галоўнае».


Дзіўна. Ён выбіраў узоры асабліва старанна. Можна дапусціць, вядома, што нават разынкі Стэйна могуць быць не ўсе нізкай якасці, але ў гэтым шмат што выклікае падазронасць. Дапусцім, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак іх фірмы — гэта на нейкі час павысіць якасць яго тавару, і дзякуючы палепшанай якасці Экман пераканае фірму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фірму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвіліны, гартаючы расклад руху цягнікоў, глядзіць на гадзіннік, прыкідвае, ці праехаў ужо Майет палавіну дарогі. «Заўтра дам тэлеграму і даручу ўсю справу Джойсу, — думаў Майет. — Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскія кнігі». Ён уявіў сабе, якая пачнецца мітусня, туды-сюды, нібыта ў мурашніку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна ці ад Стэйна да Экмана, таксі, выкліканае ў адным месцы і адпушчанае ў другім, абед, на гэты раз без віна, а потым крутая лесвіца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкі Джойс правярае бухгалтарскія кнігі. І ўвесь гэты час місіс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе і вязаць дзіцячыя кофтачкі англіканскай місіі, а вялізная пашарпаная Біблія — першая хлусня Экмана — пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.


К.С.Сейвары націснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, і святло месяца ўпала на яго твар, праслізнула па рыбным нажы і пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкі ціхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалі ўздоўж адхона і паміж шпаламі, пабліскваючы ў цемры. З некалькіх ярдаў, нібыта ртуць, зіхацеў Дунай. Містэр Сейвары бачыў, як высокія дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца міма і ловяць святло месяца сваімі жалезнымі рукамі. Пакуль у вагоне панавала цішыня, ён пакінуў убаку думкі пра Джанет Пардаў і пачаў разважаць пра тое, якімі словамі ён апісаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору і расстаноўкі слоў. «Мне не трэба апісваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкія характэрныя, яркія дэталі. Няма патрэбы апісваць цені на снезе — іх абрысы і фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапіць пунсовы агонь святлафора, які ззяе на фоне белага покрыва зямлі, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыі, пацерынкі агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння».


Ёзеф Грунліх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, і разважаў: «Колькі гадзін засталося ехаць да граніцы? Ці паведамяць пагранічнікам пра забойства? Але мне нічога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Ніхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Ніякіх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкінуць рэвальвер? — падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: — Ён мог бы навесці на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпінах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робіцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткі пра нейкі новы фокус з адпячаткамі пальцаў, нейкім чынам умудраюцца атрымаць іх, нават калі рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавілі, нягледзячы на ўсю іх навуку».


«Адно, да чаго кінематограф прывучыў наш зрок, — думаў містэр Сейвары, — гэта бачыць прыгажосць пейзажу ў руху, бачыць, як царкоўная званіца бяжыць прэч, узвышаючыся над дрэвамі, як яна апускаецца і ўздымаецца ў такт няроўнай хадзе чалавека, як самотны комін цягнецца ў неба і хаваецца за лесам такіх самых комінаў. Адчуванне руху можна перадаць і ў прозе». Містэр Сейвары адчуў пільную патрэбу паспрабаваць зараз жа, яму вельмі карцела ўзяць паперу і аловак, пакуль яго не пакінула натхненне, і ён пашкадаваў, што запрасіў Джанет Пардаў сустрэцца пасля абеду і пагаварыць. Яму хацелася працаваць, хацелася на некалькі гадзін вызваліцца ад суседства любой жанчыны. «Мне яна зусім непатрэбная, — падумаў ён і рыўком зноў апусціў шторы, аднак тут жа адчуў прыліў неадольнага жадання ўбачыць яе, Джанет Пардаў. — Яна добра, з густам апранаецца, размаўляе, як свецкая дама, і захапляецца маімі кнігамі». Гэтыя тры рэчы скарылі яго, ён усё яшчэ памятаў, што нарадзіўся ў Балхемі, дый прыкметны акцэнт лонданскага кокні выдаваў месца яго нараджэння. Пасля шасці год выдатнай пісьменніцкай кар'еры, поспех якой можна было прасачыць па тыражах яго кніг: 2000, 4000, 10 000, 25 000, 100 000, ён усё яшчэ здзіўляўся, калі бачыў побач з сабой добра апранутых жанчын, не аддзеленых ад яго тоўстым шклом рэстараннай вітрыны ці шырокім прылаўкам моднай крамы. Пішаш дзень у дзень па сотні тысяч слоў, часта з напружаннем, але і з радасцю. Які-небудзь клерк запісвае столькі ж у канторскую кнігу, аднак словы, якія піша ён, К.С.Сейвары, колішні прыказчык у краме, даюць такі вынік, якога не можа даць нават самая цяжкая праца тых, хто сядзіць на канторскім табурэце. Калупаючы відэльцам рыбу і крадком паглядаючы на Джанет Пардаў, ён думаў не пра рахункі, ганарары і акцыі, не пра чытачоў, якіх даводзяць да слёз кранаючыя эпізоды яго раманаў і весяліць яго гумар кокні, а пра парадныя пад'езды, пра лесвіцы, якія вядуць у лонданскія гасцёўні, пра тое, як гучна аб'яўляюць яго прыход, пра твары жанчын, што паварочваюцца да яго з цікаўнасцю і пашанай.


«Хутка, праз некалькі гадзін, ён будзе маім палюбоўнікам». Ад гэтай думкі і ад цьмянага страху перад невядомай блізкасцю гэты смуглы, спагадлівы мужчына раптам зрабіўся ёй чужы. Калі яна страціла прытомнасць на калідоры, ён выказаў спагаду да яе, рукі яго захуталі яе ў цёплае футра, голас яго прапанаваў адпачынак і камфорт. Вострае пачуццё ўдзячнасці выклікала слёзы ў яе на вачах, і, калі б не цішыня, якая панавала ў вагоне, яна вымавіла б: «Я вас кахаю». Але ўтрымалася — гэтымі словамі яна баялася парушыць іх маўчанне, калі знікне гэтая ўсеагульная цішыня.


«Там будзе прэса, — думаў Цынер, і перад яго вачыма паўстала журналісцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзі ў ёй нешта шпарка пісалі, а адзін накідваў алоўкам партрэт Камнеца. — Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгіх гадзін, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, ці правільна я зрабіў, што пакінуў радзіму. Кожнае маё слова павінна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькі ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлі». Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналістычных поглядаў ваяўнічай фракцыі сацыял-дэмакратычнай партыі. Нават іх выдатная песня «Ідзіце, славяне, ідзіце!» была нацыяналістычная — яе зрабілі гімнам, нягледзячы на яго пратэст. Яму было прыемна, што пашпарт у яго ў кішэні — ангельскі, схема ў чамадане — нямецкая. Ён купіў гэты пашпарт у маленькай канцылярскай краме каля Брытанскага музея, гаспадаром крамы быў паляк. Пашпарт аддалі яму за столікам у заднім пакоі, і худы прышчаваты чалавек — прозвішча яго ён ужо забыўся — папрасіў прабачэння за цану. «Выдаткі надта ўжо вялікія, — скардзіўся ён і, дапамагаючы кліенту апрануць паліто, спытаў машынальна і без усякай цікаўнасці: — Як у вас?» Па ўсім было відно, што ён прыняў яго за злодзея. Потым гаспадару давялося пайсці ў краму і прадаць нумар французскага парнаграфічнага часопіса школьніку, які зайшоў у краму крадком. «Ідзіце, славяне, ідзіце!» Чалавека, які стварыў музыку гэтага гімна, праткнулі штыхом каля сартавальнай залы.


— Тушаная курыца! Смажаная цяляціна! — ідучы па вагоне, гучна крычалі афіцыянты: яны парушылі хвіліннае маўчанне. Усе раптам загаманілі.

— Я лічу, што венгры вельмі лёгка прызвычаіліся да крыкета. У мінулым сезоне ў нас адбылося шэсць матчаў.

— Гэтае піва зусім не лепей. Мне проста захацелася шклянку «Гінеса».

— Я, прынамсі, спадзяюся, што гэтыя разынкі…

— Я кахаю вас.

— Наш прадстаўнік… Што вы сказалі?

— Сказала, што я вас кахаю.

Анёл цішыні адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымі галасамі, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамі, бразганнем шклянак, праносіўся міма доўгіх радоў хвой і зіхатлівага Дуная. У кабіне машыніста стрэлка манометра паказвала, як павялічваецца ціск пары, машыніст павярнуў ручку рэгулятара, і хуткасць цягніка адразу павялічылася на пяць міль у гадзіну.

3

Корал Маскер на хвілінку затрымалася, стоячы на жалезных лістах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягніка дзейнічала ёй на нервы, яе нудзіла, яна не магла сябе прымусіць пайсці і забраць сакваяж з купэ, дзе былі містэр Пітэрс з сваёй жонкай Эймі. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвіцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўні — кошык руж з аранжарэі і картка «Ад Карла, з любоўю» — яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: «Я кахаю цябе, Карлтан», а вось вымавіць «Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл» — зусім іншая справа. Яна гучна засмяялася і запляскала ў далоні, раптоўна зразумеўшы, што каханне — справа няпростая і вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасці, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкі, — а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.

Яна пабегла па калідоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую і не зважаючы на гэта. «Прыйду ў тэатр, спазніўшыся на тры дні, і спытаю: «Магу я бачыць містэра Сіднея Дана?» Але швейцар — ён, вядома ж, будзе турак — толькі буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабірацца па калідорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскіданыя паўсюль пажарныя шлангі. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: «Воng jоur»[22] і спытаю: «Дзе Сід?» Ён, магчыма, будзе рэпеціраваць на авансцэне, тут я і выгляну з-за кулісаў, ён убачыць мяне і спытае: «Хто вы такая?» — працягваючы адбіваць такт, а «Дзяўчынкі Дана» ўсё скочуць, скочуць, скочуць. «Корал Маскер». — «Чорт пабяры, вы спазніліся на тры дні, што гэта такое?» А я скажу: «Я проста завітала да вас, каб папярэдзіць, што я звальняюся». Аднак ад грукату цягніка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалі як баязлівае хныканне.

— Прабачце, — звярнулася яна да містэра Пітэрса — ён трохі пераеў за абедам і цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногі ўпоперак купэ і замінаючы ёй.

— Прабачце, — паўтарыла яна. Містэр Пітэрс прачнуўся і папрасіў прабачэння.

— Вярнуліся да нас? Правільна зрабілі!

— Не, я прыйшла па сакваяж.

Эймі Пітэрс, скурчыўшыся на сядзенні, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў іх размову з нечаканай злосцю:

— Не гавары з ёй, Герберт. Хай забірае свае транты. Строіць з сябе немаведама каго — бач, мы ёй не кампанія.

— Я толькі хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накінуліся? Я і слова не сказала.

— Не хвалюйся з-за дробязей, Эймі, — сказаў містэр Пітэрс. — Гэта не наша справа, як паводзіць сябе гэтая маладая дама. Вазьмі яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнік. У яе нястраўнасць, — растлумачыў ён Корал.

— Скажаш: «маладая дама». Распусніца — вось хто яна такая.

Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сілай апусціла яго на ногі містэра Пітэрса. Яна ўперла рукі ў бокі і павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе і рашучай: іх сварка нагадала ёй маці — як тая, узяўшыся ў бокі, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпікала яе за шашні з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю маці: лёгка, нібы сукенку, яна скінула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё — штучную вытанчанасць тэатральнага свету і асцярожную манеру размаўляць.

— Паглядзі на сябе: хто ты такая? — Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнікі ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва «Кука» — гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якія яны заўзятыя падарожнікі, паказваць усім яркія наклейкі танных гатэляў на сваіх чамаданах. Раней і на яе гэта зрабіла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такім рэчам, не дазваляць сабе абводзіць вакол пальца, быць праніклівай. — З кім гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.

— Ну, даволі ўжо, — сказаў містэр Пітэрс, крануты за жывое яе здагадлівасцю. — Няма прычыны сварыцца.

— Ах, няма! А вы чулі, як яна мяне абразіла? Пэўна, бачыла, як вы ладзіліся да мяне.

— Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкі заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмі ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!

— Вымі з рота гэтую штучку, калі гаворыш са мной!

— На Орбакл-авеню. Ловіш мужчын проста з цягніка на Падынгтонскім вакзале.

Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе маці, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсці і паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сціснуліся на сцёгнах, яна так доўга паводзіла сябе ўзорна, правільна вымаўляла словы, не выхвалялася сваімі паклоннікамі, не гаварыла: «Вельмі прыемна вас бачыць!» Шмат гадоў няўпэўнена яна кідалася паміж двума рознымі класамі і ні да таго, ні да другога не прыстала, яна належала толькі таатру. Яна страціла прыроджаную прастату, але і натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваіх вытокаў.

— Не хацела б я быць такім пудзілам, нават калі б ты мне заплаціла. Нічога дзіўнага — з такой храпай у любой жывот забаліць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да іншых.

— Ну, хопіць ужо, супакойцеся, дамы.

— Аб цябе ён рукі мараць не стане. Брудны жыдок — вось і ўсё, чаго ты вартая.

Корал раптам заплакала, хоць рукі ў яе ўсё яшчэ рваліся ў бойку, у яе ледзьве хапіла голасу, каб адказаць:

— Не чапай яго.

Аднак словы місіс Пітэрс, нібыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знікае ў небе, азмрочылі яе светлыя надзеі.

— Мы добра ведаем: гэта ён — твой палюбоўнік.

— Дарагая мая, — вымавіў за яе спінай нечы голас, — не звяртайце на іх увагі.

— А вось яшчэ адзін твой сябар.

— Хадземце адгэтуль. Ну, і што з таго?

Доктар Цынер узяў Корал пад ручку і паціху пачаў выводзіць яе з купэ.

— Адны жыды і іншаземцы. Ніякага сораму.

Доктар Цынер забраў яе сакваяж і выставіў яго на калідор. Калі ён павярнуўся да місіс Пітэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасці настаўніка-іншаземца — ён быў поўны адвагі і сарказму, якія адзначалі журналісты, калі ён даваў паказанні супраць Камнеца.

— Ну, і што далей?

Місіс Пітэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукі ў кішэні плашча, пагойдваўся на насках. Было відаць, што ён авалодаў становішчам, але яму не прыходзіла ў галаву, што сказаць, — галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкі сацыялістаў. Сутыкнуўшыся з любым насіллем, ён рабіўся рэзкі, але цяпер не знаходзіў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, існавалі ў глыбіні яго свядомасці, гэтыя пякучыя словы, з'едлівыя і едкія, як дым.

— Ну, і што з таго?

Да місіс Пітэрс пачала вяртацца яе адвага.

— Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькі гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер і гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.

Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалі важка і пераканаўча, яны прымусілі місіс Пітэрс змоўкнуць, хоць і не пераканалі яе.

— Я доктар.

Ён сказаў ім, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў іх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страціла прытомнасць, як урач ён параіў ёй перайсці ў спальны вагон. Падазронасць ганьбіць толькі тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калідор. З купэ іх не было відно, але адтуль можна было добра чуць голас місіс Пітэрс:

— Можа, яно і так, але хто заплаціў за той спальны вагон? Вось што мне цікава ведаць.

Доктар Цынер прыціснуў патыліцу да акна і з нянавісцю прашаптаў:

— Буржуазія.

— Дзякуй вам, — сказала Корал Маскер і дадала, убачыўшы выраз прыкрасці на яго твары: — Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлі?

— Не, не, — запярэчыў ён. — Аднак я нічым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. — Прыціснуўшыся спінай да акна, ён усміхнуўся ёй. — Вы зрабілі гэта лепей за мяне. Вы сказалі цудоўна.

— Чаму яны такія свінні? — спытала яна.

— Буржуазія заўсёда такая, — адказаў ён. — У пралетарыяту ёсць свае вартасці, арыстакрат часта бывае добры, справядлівы і смелы. Яму плацяць за карысныя справы — ён дырэктар, настаўнік, доктар ці жыве на ўтрыманні бацькоў. Можа, і не заслужана, але, атрымліваючы гэтыя грошы, ён нікому не прыносіць шкоды. А буржуазія — яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага і прадае рабочаму. Ад яе няма ніякай карысці.

На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы ніводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропілася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства і сілай яго перакананасці.

— Я ж ім нічога благога не зрабіла.

— Ну не, вы нанеслі ім вялікую шкоду. Як і я. Мы з вамі выйшлі з аднаго і таго ж класа, як і яны. Але мы зарабляем на пражытак сумленна, не робім ніякай шкоды, а, наадварот, робім нешта карыснае. Мы служым ім дакорам, а яны гэтага не любяць.

З усіх яго тлумачэнняў яна зразумела толькі адну фразу.

— А хіба вы не арыстакрат?

— Не, але я і не з буржуазіі.

Ледзь прыкметнае самахвальства, што прагучала ў яго голасе, было ёй незразумелае. З тых часоў, як яна пайшла з дому, у яе заўсёды было пыхлівае жаданне, каб яе прымалі за даму. З гэтай мэтай, нібыта славалюбны афіцэр, які рыхтуецца да паступлення ў вайсковую акадэмію, яна праходзіла курс пэўных навук — ён уключаў у сябе вывучэнне штомесячніка «Жанчына і прыгажосць» і штотыднёвіка «Парады для дома», у іх яна разглядвала фатаграфіі маладых зорак і дачок малавядомых лордаў, вывучала, якія яны носяць уборы і якой пудры аддаюць перавагу.

— Калі вы не можаце дазволіць сабе адпачынак, дык пазбягайце нервовых стрэсаў, — пачаў ён мякка даваць ёй парады. — Не трэба злавацца без дай прычыны…

— Яны абазвалі мяне патаскухай.

Яна бачыла, што слова гэтае нічога яму не гавораць. Яно ні на імгненне не парушыла плыні яго думак. Не гледзячы на яе, ён працягваў мякка гаварыць пра яе здароўе. «Думкі яго занятыя нечым іншым», — падумала яна і парывіста нахілілася над сакваяжам, збіраючыся пайсці. Ён затрымаў яе цэлым патокам фраз наконт заспакойлівых сродкаў, фруктовых сокаў і цёплай вопраткі. Яна інстынктыўна адчула, што настрой у яго змяніўся. Учора ён хацеў застацца адзін, а сёння выкарыстоўвае любую зачэпку, каб хоць ненадоўга пабыць з ёй.

— Што вы мелі на ўвазе, калі казалі пра сваю сапраўдную работу? — спытала яна.

— Калі я гэта казаў? — рэзка спытаў ён.

— Учора, калі я самлела.

— Я проста задумаўся. У мяне толькі адна работа. — Болей ён нічога не дадаў, і, крыху счакаўшы, яна ўзяла сакваяж і пайшла.


Усяго яе жыццёвага вопыту не хапіла б, каб зразумець, якую ён адчуў адзіноту, калі яна яго пакінула. «У мяне толькі адна работа». Гэтае прызнанне напалохала яго — бо так было не заўсёды. У маладыя гады ён не стаяў у баку ад жыцця, не настройваў сябе, што наперадзе ў яго толькі адно поле дзейнасці. Некалі ў яго жыцці было мноства абавязкаў. Калі б ён з самага дзяцінства не адчуў, нібыта жыве ў велізарным, запыленым, пустым пакоі, дзе шматкі шпалераў і шчыліны ў сценках сведчаць, што дом зруйнаваны, дык маральныя абавязкі яго, нібыта асобныя свечкі ў агромістым кандэлябры, занадта грувасткім, каб можна было асвятліць імі ў дастатковай ступені гэтае неўладкаванае жытло. Некалі ў яго было пачуццё доўгу перад бацькамі, якія галадалі дзеля таго, каб даць яму адукацыю. Ён памятае той дзень, калі яму ўручылі дыплом, памятае, як яны прыйшлі ў яго аднапакаёвую кватэру і ціха ўселіся ў куточку, пазіраючы на яго з павагай і нават з глыбокай пашанай, але без любові, — яны ж не маглі любіць яго цяпер, калі ён зрабіўся адукаваным чалавекам: неяк ён пачуў, як бацька, звяртаючыся да яго, назваў яго «сэр». Гэтыя свечы рана дагарэлі, ён проста не заўважыў, як згаслі гэтыя два агеньчыкі сярод мноства іншых. У яго яшчэ было пачуццё абавязку перад пацыентамі, пачуццё абавязку перад беднякамі Белграда і пачуццё абавязку, якое паступова разрасталася, перад людзьмі яго класа ў іншых краінах свету. Яго бацькі жылі ўпрогаладзь, каб ён мог вывучыцца на ўрача, і, толькі папрацаваўшы некалькі гадоў, ён усвядоміў, што няма ніякай карысці ад яго ўмення лячыць людзей. Ён нічога не мог зрабіць свайму народу, ён не мог рэкамендаваць адпачынак тым, хто знясілеў, ці прапісаць інсулін дыябетыку — у іх не было грошай, каб заплаціць ці за тое, ці за другое.

Ён рухаўся па калідоры, ціха размаўляючы сам з сабою. Ізноў паваліў снег: нібыта пара, ён засціў вокны.

Некалі ў яго было пачуццё абавязку перад богам. Перад пэўным богам, паправіў ён сябе, перад богам, які спускаецца з нябёс у перапоўнены прыдзел храма, пад бліскучы, паедзены моллю балдахін, перад богам, памерам у манету, абрамленую залатым абадком. Гэта быў двудушны бог, боства, якое суцяшала і заспакойвала беднякоў у іх няшчасцях і бедах, калі яны ўзнімалі вочы ўгору, чакаючы яго з'яўлення паміж калонамі. І боства, якое пераконвала іх пераносіць пакуты ў імя няпэўнай будучыні, і яны схіляюць перад ім галовы, а тут з'яўляюцца пеўчыя, святары, прыхаджане і пяюць гімны. Усё знікла, як дым. Гэтую свечку ён пагасіў сам, сказаўшы сабе, што бог — фікцыя, выдуманая багатымі, каб трымаць беднякоў у паслушэнстве і пакорлівасці, ён задзьмуў яе дэманстратыўна, з забаўным старамодным пачуццём адвагі, і часам у яго міжвольна з'яўляецца пачуццё абурэння да тых, хто нараджаецца цяпер без усялякіх рэлігійных вераванняў і дазваляе сабе смяяцца з гераізму іканаборцаў дзевятнаццатага стагоддзя.

А сёння гэтае пустое жытло асвятляла толькі адзіная цьмяная свечка. «Я не сын, не ўрач і не веруючы, — разважаў ён. — Я — сацыяліст». Слова гэтае вымаўляюць палітыкі з незлічоных трыбун, яго друкуюць благім шрыфтам на дрэннай паперы безліч газет, і яно гучыць фальшыва. «Нават тут я пацярпеў няўдачу». Ён застаўся адзін, яго апошняя свечка аплывала. І ён быў рады кампаніі любога чалавека.

Ён узрадаваўся, калі, вярнуўшыся ў сваё купэ, убачыў там нейкага чалавека. Незнаёмы стаяў да яго спінай, але хутка павярнуўся на кароткіх, моцных нагах. Першае, што кінулася ў вочы доктару Цынеру, у незнаёмага быў срэбны крыжык на ланцужку для гадзінніка, потым убачыў: яго чамадан стаіць не на тым месцы, дзе ён яго пакінуў.

— Вы таксама рэпарцёр? — сумна спытаў ён.

— Ісh sрrесhе kеіn Еnglіsсh[23].

Загарадзіўшы выхад на калідор, Цынер сказаў па-нямецку:

— Тайны агент паліцыі? Вы спазніліся.

Ён усё глядзеў на срэбны крыжык, які гойсаў туды-сюды ў такт рухам незнаёмага: гэта нагадвала крокі чалавека, і на імгненне доктару Цынеру здалося, нібыта ён прыціснуўся да сцяны на вуліцы, якая стромка ўздымалася ўгору, каб прапусціць узброеных салдат, дзіды, коней і змардаванага, знясіленага чалавека. Яго распялі, а беднякам ад гэтага не зрабілася лягчэй, ланцугі яшчэ шчыльней самкнуліся, запаветы яго сказілі.

— Я не тайны агент.

Доктар Цынер амаль не звяртаў увагі на незнаёмага. Ён прызнаваў, што, калі, магчыма, словы закатаванага чалавека і сказілі, усё адно некаторыя з іх маглі быць ісцінымі. Ён аспрэчваў сябе самога: сумненне звязана толькі з блізкасцю смерці, калі цяжар зробленых памылак — нясцерпны і чалавек шукае палёгкі, даючы самыя неверагодныя абяцанні. «Я дарую табе спакой». Але смерць не прыносіць спакою, бо спакой існуе толькі тады, калі ты сам яго ўсведамляеш.

— Вы мяне не так зразумелі, гер…

— Цынер.

Без ваганняў ён адкрыў незнаёмаму сваё сапраўднае прозвішча: час маскараду мінуў, і цяпер, калі надышоў час адкрытых дзеянняў, яму давялося адмовіцца не толькі ад чужога імя. Былі словы, у сэнс якіх ён глыбока ніколі не ўнікаў, звычайныя лозунгі, якія ён прымаў, бо яны дапамагалі справе: «Рэлігія — сябра багацеяў».

— Калі вы не тайны агент, тады хто ж вы? Што вы тут робіце?

— Мяне завуць… — і таўстун злёгку пакланіўся, круцячы пальцам ніжні гузік камізэлькі. Імя было кінута ў празрыстую, асветленую снегам цемру і патанула ў грукаце цягніка, у мільгаценні сталёвых фермаў моста: Дунай, нібыта срэбны вугор, праслізнуў з аднаго боку чыгуначнай лініі на другі. Незнаёмаму давялося паўтарыць сваё імя: — Ёзеф Грунліх. — Ён памаўчаў, потым сказаў: — Я шукаў грошы, гер Цынер.

— Укралі…

— Вы надта хутка вярнуліся. — Ён пачаў павольна тлумачыць. — Я ўцёк ад паліцыі. Нічога ганебнага, гер Цынер, магу вас запэўніць.

Ён усё круціў гузік камізэлькі, гэты невядомы чалавек, аднак у прасветленай свядомасці доктара Цынера ўзнікалі яркія вобразы: чыйсьці змардаваны твар, нейкі яркі шматок, нейкія дзеці-пакутнікі, чалавек, які караскаецца ўгору па дарозе на Галгофу.

— Гэта была палітыка, гер Цынер. Газетная шуміха. Да мяне аднесліся вельмі несправядліва, і мне давялося ўцячы. Ваш чамадан я адчыніў дзеля нашай агульнай справы. — З удаваным хваляваннем ён выдыхнуў слова «справы», надаючы яму сэнс немудрагелістага пароля. — Вы клікнеце кандуктара? — Ён мацней напружыў ногі, — яго пальцы застылі на гузіку.

— Што вы маеце на ўвазе пад «агульнай справай»?

— Я сацыяліст.

Доктар Цынер добра разумеў, што пра вартасці палітычнага руху нельга меркаваць па яго асобных прадстаўніках: сацыялізм нельга ганіць за тое, што да яго далучыўся Грунліх, але ж яму вельмі хацелася як найхутчэй забыцца пра Грунліха.

— Я дам вам крыху грошай.

Ён выняў запісную кніжку і даў незнаёмаму пяць ангельскіх фунтаў.

— Добрай ночы.

Ад Грунліха адвязацца было нескладана, і гэта ён мог сабе дазволіць: у Белградзе грошы яму будуць непатрэбныя. Ён абыдзецца без адваката: абаронцам яго будзе яго язык. Аднак цяжка было пазбавіцца ад непрыемнага ўражання, якое пакінуў пасля сябе Грунліх, хоць, вядома, палітычны рух нельга ганіць, мяркуючы па бессаромнасці асобных яго дзеячаў. Яму і самому даводзілася часам быць амаральным, разбэшчаным, і шчырасць яго поглядаў ставілася часам пад сумненне, бо ён быў славалюбны, некалькі разоў паводзіў сябе не лепшым чынам, аднойчы нават дзяўчына прыжыла ад яго дзіця… Дый матывы яго падарожжа ў першым класе былі не зусім апраўданыя. Вядома, у першым класе лягчэй пазбавіцца праверкі на граніцы, але, апроч таго, ехаць там было зручней, камфартабельней, і гэта цешыла яго гонар, як кіраўніка. Ён зразумеў, што моліцца: «Божа, даруй мне». Але ў яго зусім не было ўпэўненасці, што яму будзе даравана, нават калі існуе дзе-небудзь нейкая ўсёдаравальная сіла.

Прыйшоў кандуктар, праверыў у яго білет.

— Ізноў пайшоў снег, — сказаў ён. — А далей будзе яшчэ горш. Добра, калі не здарыцца ніякіх непрадугледжаных затрымак у дарозе.

Яму, пэўна, хацелася пабыць яшчэ ў купэ і пагаварыць. Мінулай зімой, расказаў ён, яны перажылі тут нялёгкія выпрабаванні. Сорак восем гадзін запар падаў снег, і яны затрымаліся на самым цяжкім участку дарогі, у бязлюдным месцы на Балканах: не было дзе знайсці ежы і трэба было эканоміць паліва.

— Спадзяюся, у Белград мы прыедзем без затрымак?

— Цяжка сказаць. Я са свайго вопыту ведаю: перад Белградам заўсёды ўдвая болей снегу, чым па той бок Дуная. У Мюнхене можа быць снег, а ў Будзе цёпла, як летам. Добрай вам ночы, гер доктар. Такі холад, што сёння ў вас напэўна знойдуцца пацыенты.

Кандуктар пайшоў далей па калідоры, паляпваючы ў далоні, каб сагрэцца.

Доктару Цынеру не сядзелася ў сваім купэ, яго сусед выйшаў у Вене. Немагчыма было ўжо разглядаць у акне нават агеньчыкі, што праносіліся міма: снег пазабіваў усе шчыліны ў шыбе, і шкло зусім заледзянела. Калі праязджалі міма якой-небудзь сігнальнай будкі ці ліхтара на станцыі, святло на імгненне малявала ў акне нейкі дзівосны калейдаскоп, у якім рухаліся асобныя ільдзінкі. Каб сагрэцца, доктар Цынер расшпіліў, плашч, засунуў рукі пад крысы і зноў пачаў хадзіць па калідоры. Ён мінуў купэ кандуктара і выйшаў у вагоны трэцяга класа — іх прычапілі да цягніка ў Вене. Амаль усе купэ былі ўжо цёмныя, толькі пад столлю гарэлі цьмяныя лямпачкі. На драўляных лавах пасажыры рыхтаваліся да сну, клалі пад галовы скручаныя паліто. Некаторыя купэ былі настолькі забітыя, што мужчыны і жанчыны спалі седзячы з абодвух бакоў на лавах, прыціснуўшыся шчыльна адно да аднаго, у цьмяным святле іх твары здаваліся хваравітымі і невыразнымі. Ад парожніх бутэлек, якія стаялі на падлозе, пад лавамі, несла танным чырвоным віном, па падлозе былі параскіданы аб'едкі чэрствага хлеба. Дайшоўшы да туалета, ён павярнуў назад, не вытрымаўшы моцнага смуроду: дзверы туалета былі незачыненыя.

«Маё месца тут, — пераконваў ён сябе. — Мне трэба было ехаць у трэцім класе. Я не хачу быць падобным на якога-небудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыі, які купляе білет першага класа і едзе засядаць разам з сваімі аднадумцамі ў парламент». Аднак ён цешыў сябе думкай, колькі часу спатрэбілася б на шматлікія перасадкі і што яго маглі б затрымаць на граніцы. І ўсё-такі ён усведамляў, што прычыны яго паводзін даволі складаныя. Ён пачаў задумвацца над гэтым толькі пасля разгрому паўстання: думкі пра асабістую прагу да славы і пра непрыстойнасць дробных грашкоў былі б выціснутыя радасцю і бескарыслівасцю перамогі.

Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязі з мінулага, пра якія яго ворагі ніколі не даведаюцца, могуць прыйсці ў галаву і не дазволяць яму быць да канца шчырым. «Я не здолеў нічога даказаць гэтым двум гандлярам, ці ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?»

Паколькі ён ужо не меў аніякай будучыні, ён пачаў думаць пра мінулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкі. Быў час, калі чыстае сумленне магло быць куплена цаною хвіліннага сораму. «З таго часу, як я апошні раз спавядаўся, я нарабіў шмат добрага і благога. Калі б мне ўдалося так лёгка ачысціцца ад сваіх грахоў, — падумаў ён з палкім жаданнем і з лёгкай горыччу, — я быў бы вар'ят, калі б не выкарыстаў такую магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабіў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, ці даруюць мне і ці існуе наогул нехта, хто можа дараваць». Ён ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: «Можа, мне пайсці паспавядацца да таго скарбніка сацыял-дэмакратычнай партыі ці да пасажыраў трэцяга класа?» Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здаліся яму такімі цудоўнымі, такімі бясконца жаданымі і безнадзейна страчанымі, як юнацтва і першае любоўнае спатканне на рагу вуліцы каля сцяны віядука.

Тут доктар Цынер ўбачыў містэра Оўпі — той сядзеў адзін у купэ другога класа і пісаў нешта ў запісной кніжцы. Доктар сачыў за ім з нейкай шчымлівай зайздрасцю, — ён жа быў блізкі да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. «Ну, а калі вера дасць мне спакой?» — запярэчыў ён сабе, і, пакуль у яго свядомасці канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы і ўвайшоў у купэ. Доўгі бледны твар і выцвілыя вочы, адбітак прыроджанай культуры, збянтэжылі доктара. Калі б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвіліну ён ізноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымі рукамі, які ў цемрадзі спавядальні чырванеў за свае няхітрыя грахі.

— Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? — сказаў ён на сваёй жорсткай, здрадніцкай ангельскай мове.

— Зусім не хачу. Думаю, што не буду спаць зусім, пакуль не дабяруся дадому, — усміхнуўшыся, запярэчыў святар.

— Маё прозвішча — Цынер.

Містэру Оўпі гэтае прозвішча было невядомае, пэўна, яго запомнілі толькі журналісты.

— А маё — Оўпі.

Доктар Цынер зачыніў дзверы і сеў насупраць.

— Вы — святар?

Ён хацеў дадаць «айцец мой», але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае — яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабіўшыся жорсткаю, знікла, пакінуўшы толькі павагу, потым і яна была прынесена ў ахвяру, калі ўзнікла падазрэнне, што пасталелы сын зрабіўся адступнікам.

— Але не рымска-каталіцкага веравызнання.

Доктар Цынер некалькі хвілін маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы літаральна перасохлі ад прагі справядлівасці: яна была нібыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Містэр Оўпі, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць і дабрадушна паведаміў:

— А я складаю маленькую анталогію.

— Анталогію? — міжволі паўтарыў доктар Цынер.

— Так, духоўную анталогію для цывільных, нешта накшталт рымска-каталіцкай Кнігі Разважанняў. — Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запісной кніжкі. — Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталіцкія кнігі — як бы гэта сказаць? — тычацца толькі рэлігіі. Я хачу, каб у маёй кнізе былі закрануты ўсе бакі штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?

Пытанне захапіла доктара Цынера знянацку: ён ізноў паглыбіўся ва ўспаміны, як стаяў на каленях у цемрадзі, у спавядальні.

— Не, не.

— Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцім, вы апошні ўваходзіце ў гульню, надзяваеце накаленнікі, восем варотцаў ужо скінуты, трэба зрабіць пяцьдзесят прабежак, і вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыі? Вашы сумненні не ўхіліць ніводная з існуючых Кніг Разважанняў, і вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлігіі. Мая мэта — задаволіць патрабаванні такога чалавека.

Містэр Оўпі гаварыў хутка, з натхненнем, і доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў «накаленнікі», «варотцы», «прабежкі», хоць і ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнія пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, і яны асацыіраваліся ў яго свядомасці з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзірваном, з тым, што ён павінен сачыць за непаслухмянымі дзецьмі, занятымі гэтай гульнёй, правілаў якой ён не ведаў, — але рэлігійнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае іх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаванні чалавека — гэтыя словы ён разумеў, і яны давалі яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.

— Я хацеў бы пагаварыць з вамі наконт споведзі.

— Гэта нялёгкая тэма, — адказаў містэр Оўпі. Ён з хвіліну разглядваў свае рукі і потым хутка загаварыў: — Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталіцкай царквы. Сучасная псіхалогія развіваецца ў гэтым кірунку. Ёсць нешта агульнае паміж спавядальнікам і спаведнікам і паміж псіхааналітыкам і яго пацыентам. Вядома, існуе і розніца — спаведнік хоча, каб яму адпусцілі грахі. Але гэтая розніца, — паспешна дадаў містэр Оўпі, калі доктар Цынер зрабіў памкненне нешта запярэчыць, — урэшце, неістотная. У першым выпадку пра грахі вядуць гаворку, каб яны былі адпушчаныя і чалавек выйшаў са спавядальні з прасветленай душой і з намерамі пачаць жыццё нанава; у другім выпадку толькі адно абмеркаванне грахоў пацыента і выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзін робіцца, каб выключыць само жаданне рабіць грахі. Пацыент ідзе ад псіхааналітыка поўны энергіі і з такім самым намерам жыць па-новаму.

Дзверы адчыніліся, і ў купэ ўвайшоў мужчына.

— З гэтага пункту гледжання споведзь у псіхааналітыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, — сказаў містэр Оўпі.

— Вы гаворыце пра споведзь? — спытаў мужчына, які толькі што прыйшоў. — Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улік і ролю літаратуры ў гэтай справе.

— Дазвольце мне пазнаёміць вас, — сказаў містэр Оўпі. — Доктар Цынер — містэр К.С.Сейвары. І сапраўды зараз сабраліся разам удзельнікі ў вышэйшай ступені цікавай спрэчкі — доктар, святар і пісьменнік.

— А вы не забыліся пра спаведніка? — павольна сказаў доктар Цынер.

— Якраз я і хацеў прадставіць вам яго, — сказаў містэр Сейвары. — У пэўным сэнсе я і з'яўляюся спаведнікам. Паколькі раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманіст спавядаецца перад чытачом. Гэта і робіць чытача святаром ці псіхааналітыкам.

Містэр Оўпі запярэчыў яму з усмешкай:

— Але ваш раман можна назваць споведдзю толькі ў тым сэнсе, у якім ёю з'яўляецца сон. Тут павінен сказаць сваё слова прыхільнік фрэйдызму. Фрэйдысцкі цэнзар, — паўтарыў ён гучней: цягнік якраз праходзіў мост. — Што на гэта скажа наш доктар?

Іх ласкавыя, жывыя, уважлівыя вочы збянтэжылі доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схіліўшы галаву, няздатны перадаць словамі горкія фразы, якія ўзнікалі ў яго ў мазгу. Ужо другі раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзіла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлічваць на сваё красамоўства ў Белградзе?

— Дарэчы, ёсць жа яшчэ і Шэкспір, — сказаў містэр Сейвары.

— А дзе яго няма? — падхапіў містэр Оўпі. — Ён крочыць як калос па ўсім цесным свеце. Вы маеце на ўвазе…

— Як ён ставіўся да споведзі? Вядома, ён нарадзіўся католікам.

— Як там у «Гамлеце»… — пачаў быў містэр Оўпі, але доктар Цынер не дачакаўся, пакуль той закончыць фразу. Ён падняўся і злёгку пакланіўся абодвум.

— Добрай ночы, — сказаў ён. Яму хацелася выказаць сваё абурэнне і расчараванне, але ён толькі вымавіў: — Усё было дужа цікава.

Калідор, ледзь асветлены шэрагам цьмяных блакітных лямпачак, змрочны, цягнуўся паўз цёмныя вагоны, якія гайдаліся ў такт руху. Нехта ў вагоне трэцяга класа варочаўся ў сне і мармытаў: «Немагчыма. Немагчыма».


Кінуўшы доктара, Корал заспяшалася з сакваяжам па цягніку, які кідаўся з боку на бок. Яна цяжка дыхала і здалася Майету амаль прыгожай, калі ён убачыў, як яна торгае ручку дзвярэй у купэ. Ён адклаў убок карэспандэнцыю Экмана і спіс рыначных цэн ужо хвілін дзесяць назад, пераканаўшыся, што побач з фразамі і лічбамі дзелавых папер у яго ў галаве ўвесь час настойліва гучыць голас дзяўчыны: «Я вас кахаю» — «Ну і жартачкі, — падумаў Майет. — Ну і жартачкі».

Ён зірнуў на гадзіннік. Наступны прыпынак будзе толькі праз сем гадзін. Да таго ж ён даў гасцінца кандуктару. Ці прывыклі яны да такіх любоўных спраў у цягніках? Юнаком ён чытаў кнігі пра каралеўскіх паслоў, якіх спакушала чароўная графіня, што падарожнічала адна, без нікога, і падумаў: ці выпадзе яму калі-небудзь такая прыгода? Ён агледзеў сябе ў люстры і прыгладзіў напамаджаныя валасы. «Нішто сабе з твару, вось толькі скура магла б быць лепшая». Аднак, скінуўшы футра, ён міжволі нагадаў, што таўсцее, падарожнічае толькі па справах гандлю разынкамі і ў яго няма партфеля з запячатанымі сургучом дакументамі. «А Корал непрыгожая расейская графіня, але я ёй падабаюся, і яна зграбная».

Майет прысеў, потым ізноў паглядзеў на гадзіннік, ізноў падняўся. Ён хваляваўся. «Ах ты, дурань, — падумаў ён, — у ёй няма нічога надзвычайнага: міленькая, добрая, але праставатая — такую можна сустрэць у любы вечар на Спаніердз-роўд». Аднак, нягледзячы на такія думкі, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькі ў абставінах: падарожжа з хуткасцю сорак міль у гадзіну на паліцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю — знаёмыя яму дзяўчаты не адважыліся б вымавіць такіх слоў, яны б сказалі: «Я кахаю цябе», толькі калі б іх запыталі перад гэтым, але па сваёй волі яны хутчэй бы сказалі: «Ты неблагі хлопец». Ён пачаў думаць пра яе, як ніколі не думаў ні пра якую вядомую яму жанчыну: «Яна мілая і прыгожая, мне хацелася зрабіць ёй што-небудзь прыемнае». Яму і ў голаў не прыходзіла, што ў яе ўжо ёсць падставы быць яму ўдзячнай.

— Заходзьце, — запрасіў Майет, — заходзьце.

Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад паліцу і потым схапіў яе за рукі.

— Ну, вось я і прыйшла да вас, — з усмешкай сказала яна.

Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, і ён не мог зразумець чаму. Ён адпусціў яе рукі, каб завесіць фіранкі на шкляных дзвярах у калідор, і яны засталіся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе і адчуў, што яе вусны, халаднаватыя і мяккія, няўпэўнена падатныя. Яна апусцілася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, і спытала:

— Вы сумняваліся, ці прыйду я?

— Вы ж абяцалі!

— А магла б і перадумаць.

— А чаму?

Майета ахапіла нецярплівасць. Яму мала было проста сядзець і весці размовы: яна махала нагамі, і дастаючы імі да падлогі, і гэта яго распальвала.

— Мы цудоўна прабавім час.

Ён зняў з яе туфлі, і рукі яго пабеглі ўверх па панчохах.

— Вы чалавек вопытны, праўда?

Ён пачырванеў.

— А вам гэта непрыемна?

— О, не, я рада, вельмі рада. Я б проста не перанесла гэтага, калі б вы не былі такі спрактыкаваны.

Яе вочы, вялікія і напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакітнай лямпачкай, спачатку забаўлялі яго, потым здаліся прывабнымі. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянілася палкасцю. Ізноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусціць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела і варушылася пад сукенкаю, нібыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар і пацалавала яго ў падбароддзе.

— Я на самай справе кахаю вас, праўда.

Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплівала яго. Ён нібыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мінуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уімбль, перасёк два палеткі і раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогі з загараднымі дамамі, а на паляну ў нейкім невядомым лесе, на цяністую дарожку, па якой ён ніколі не хадзіў, і вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй і, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:

— Якая вы мілая, — а потым здзіўлена дадаў: — Якая родная.

Ніколі раней ён не ўсведамляў, як у ім нарастае жаданне і як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналіся з прымітыўнага ўзбуджэння.

— Што мне рабіць? Распранацца?

Ён кіўнуў — яму цяжка было гаварыць — і ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток і пачала распранацца, павольна і вельмі старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спадніцу, сарочку, станік — і складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назіраючы за яе няспешнымі, засяроджанымі рухамі, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.

— Вы такая цудоўная, — сказаў ён, злёгку запінаючыся ад невядомага раней хвалявання.

Калі яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелі спалохана, і яна не ведала, смяяцца ёй ці плакаць. Але тут яны кінуліся ў абдымкі адно аднаму ў вузкай прасторы паміж паліцамі.

— Няблага было б патушыць святло, — сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынікнуўшы да яго, а ён гладзіў яе, і абое злёгку пагойдваліся ў такт руху цягніка.

— Не, а мне б наадварот хацелася запаліць усё святло, — запярэчыў ён.

— Сапраўды, так было б лепей, — сказала яна і ціха засмяялася сабе. Яе смех, нібыта ледзь прыкметная крынічка, быў амаль не чуцен на фоне грукатання і пыхкання экспрэса, і, размаўляючы, яны, замест таго каб нашэптваць адно аднаму пяшчотныя словы, мусілі былі вымаўляць іх гучна і дакладна.

Пачуццё незвычайнасці не знікла і пасля звыклага для яго збліжэння: лежачы на ложку, яна аказалася нейкая таямнічая і па-дзіцячы недасведчаная, і гэта ўразіла яго. Яна болей не смяялася, прычым смех яе не спыніўся спакваля, а раптам абарваўся, як толькі Майет падумаў — пэўна, ён прыняў за яе смех скрып колаў цягніка.

— Набярыся цярпення. Я зусім нявопытная, — раптам сур'ёзна сказала яна.

І потым ускрыкнула ад болю. Калі б нават з'явілася ў купэ здань, захутаная ў старамоднае адзенне, якое насілі яшчэ да таго, як быў вынайдзены паравоз, Майет не быў бы так здзіўлены. Ён адсунуўся б ад яе, калі б яна сама не ўтрымала яго рукамі і не сказала ледзь чутным голасам, амаль зусім заглушаным грукатам цягніка:

— Не ідзі ад мяне. Прабач. Я не хацела…

Потым цягнік, які раптоўна спыніўся, адкінуў іх адно ад аднаго.

— Што здарылася? — спытала Корал.

— Станцыя.

— Чаму ж гэта якраз цяпер? — жаласліва вымавіла яна.

Майет крыху прыадчыніў акно і выглянуў. Цьмяны ланцуг агеньчыкаў асвятляў толькі некалькі футаў зямлі каля чыгункі. Тоўстымі сумётамі наўкол ужо наваліла снегу. Недзе ўдалечыні мігацеў чырвоны агеньчык, ён то запальваўся, то знікаў у белай завеі.

— Гэта не станцыя. Толькі семафор. Ён нас затрымаў.

Скрып колаў спыніўся, і навісла начная цішыня. Яе парушаў толькі свісток паравоза. У цягніку пачалі прачынацца людзі, яны выглядалі з вокнаў і перакідваліся паміж сабой словамі. З вагона трэцяга класа ў самым канцы цягніка данесліся гукі скрыпкі. Матыў быў немудрагелісты, вясёлы і дакладны. Праходзячы скрозь імглу і снегапад, ён рабіўся ўсё меней дакладны, але ж выцясніў з свядомасці Майета пачуццё разгубленасці і спагады.

— Я ж нічога не ведаў. Як я мог здагадацца?

І тут жа, у вагоне, паміж імі ўзнікла такое цёплае пачуццё, што ён, не зачыніўшы акно, укленчыў перад ложкам і пачаў гладзіць яе твар, кранаючы яго цікаўнымі пальцамі. І зноў ім авалодала невядомае раней пачуццё: «Якая мілая, якая родная». Яна ляжала ціха і няроўна дыхала ад болю і хвалявання.

У адным вагоне трэцяга класа нехта пачаў па-нямецку лаяць скрыпача, гаворачы, што гукі скрыпкі не даюць яму заснуць. Ён, відаць, не разумеў, што моцна спаў пад грукат цягніка і яго разбудзіла цішыня, на фоне якой сталі чутны ясныя гукі скрыпкі. Скрыпач адказаў лаянкай і працягваў пілікаць, некалькі чалавек загаварылі адначасова, нехта засмяяўся.

— Ты расчараваны? Я аказалася ні на што не вартая?

— Ты была проста цудоўная. Але я ніколі не падумаў бы… Навошта ты прыйшла?

Імкнучыся пазбавіць яго пачуцця збянтэжанасці, яна адказала лёгкім, як гукі скрыпкі, голасам:

— Павінна ж дзяўчына некалі прайсці праз гэта.

Ён ізноў пагладзіў яе па шчацэ.

— Я прычыніў табе боль.

— Але ж, нялёгкая гэта справа!

— Другі раз… — пачаў ён, але яна яго перабіла, і яе сур'ёзны тон рассмяшыў яго:

— Так, значыцца, будзе і другі раз? Значыцца, я табе спадабалася?

— А ты хочаш, каб быў другі раз?

— Так, — адказала яна, але ў той момант думала не пра яго абдымкі, а пра кватэру ў Канстанцінопалі, пра асабістую спальню, пра тое, каб класціся спаць а дзесятай гадзіне ўвечары. — Колькі часу ты там збіраешся прабыць?

— Магчыма, месяц. Магчыма, болей.

— Так мала? — прашаптала яна з такім шкадаваннем, што ён пачаў яе супакойваць абяцаннямі, хоць і ведаў, што раніцай будзе шкадаваць пра гэта.

— Ты можаш вярнуцца са мной у Лондан. Я найму табе там кватэру. — Яе маўчанне, здавалася, пацвярджала, наколькі нерэальныя былі яго абяцанкі. — Ты мне не верыш?

— Проста не верыцца, — сказала яна голасам, поўным даверу.

Яго кранула адсутнасць у яе какецтва. І раптам яго зноў уразіла думка: ён жа быў у яе першы палюбоўнік!

— Паслухай, ты прыйдзеш да мяне заўтра?

Яна пачала адмаўляцца, шчыра баючыся, што надакучыць яму, перш як яны прыедуць у Канстанцінопаль. Ён яе нават не слухаў.

— Я наладжу вячэру — адсвяткаваць гэту…

— Дзе? У Канстанцінопалі?

— Не. Там у мяне няма каго запрашаць.

І на імгненне думка пра Экмана азмрочыла яго радасны настрой.

— Значыцца, у цягніку? — Яна зноў засмяялася, але на гэты раз весела і без усякага страху.

— А чаму б і не? — Словы яго прагучалі крыху з пахвальбой. — Я запрашу ўсіх. Гэта будзе нешта накшталт вясельнай вячэры.

— Толькі без вяселля, — пакпіла яна з яго. Але яму ўсё болей падабалася гэтая задума.

— Я запрашу ўсіх: доктара, гэтага тыпа з другога класа, таго цікавага суб'екта, памятаеш яго? — Ён секунду памаўчаў. — І тую дзяўчыну.

— Якую дзяўчыну?

— Пляменніцу тваёй знаёмай.

Аднак яго красамоўства крыху згасла, калі ён падумаў, што такая дама ніколі не прыме яго запрашэнне: яна не з вар'етэ. Яму зрабілася сорамна за сваю няўдзячнасць. «Пра яе нельга сказаць, што яна міленькая, падатная ці праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажаніцца. — І на нейкае імгненне ён з горыччу падумаў: — Але такая жанчына не для мяне». Потым да яго вярнуўся добры настрой.

— Я найму скрыпача, — пахваліўся ён, — хай іграе нам за вячэрай.

— Ты не адважышся запрасіць іх, — сказала яна з бліскучымі вачыма.

— Адважуся. Яны ўжо ніколі не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае віно, якое толькі тут ёсць, — сказаў ён, хутка падлічыўшы кошт віна і гонячы ад сябе думкі, што ў цягніку самыя лепшыя віны робяцца дрэннымі. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.

Яна задаволена запляскала ў далоні.

— Ты ніколі не адважышся сказаць ім, з якой нагоды гэтая вячэра.

— Я паведамлю ім, што запрасіў іх выпіць за маю каханую.

Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова «каханая» і звязаны з ім камфорт, пра трывалае становішча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахітала галавой:

— Я проста не магу ў гэта паверыць!

Аднак свіст пары і грукат колаў, якія пачалі рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.


Тым часам, як буферы паміж вагонамі з грукатам сутыкаліся і зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Ёзеф Грунліх гаварыў сабе: «Я прэзідэнт рэспублікі». Ён прачнуўся ў той самы момант, калі джэнтэльмен у фраку збіраўся паднесці яму залаты ключ, якім адмыкаўся сейф з капіталамі новага горада. Ён канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзіцца, і згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукі на круглыя калені, ён усміхнуўся. «Прэзідэнт рэспублікі — зусім няблага, а чаму б і не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзін дзень ашукаў і Кольбера, і гэтага доктара. Ён даў мне пяць ангельскіх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, і я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькі ён сказаў: «Тайны агент паліцыі». Спрытнюга — вось хто я, Ёзеф Грунліх. «Зірніце туды, гер Кольбер». Выхопліваю рэвальвер, цэлюся, страляю — і ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ і змыцца. Ёзефа злавіць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? — Ёзеф засмяяўся вантробным смехам. — «Вы ў Германіі ў крыкет гуляеце?» А я адказаў: «Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун». Я за словам у кішэню не палезу, а ён так і не зразумеў жарту — згадаў нейкіх Собса і Худліха. Але ўсё-такі прыемнага было мала, калі доктар убачыў, што чамадан не на месцы, — падумаў Ёзеф. — Я схапіўся за шнурок. Калі б ён паспрабаваў паклікаць кандуктара, я стрэліў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы і слова вымавіць».

Ёзеф ізноў радасна ўсміхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сіняк на ўнутраным баку нагі. «Я выпусціў бы яму кішкі».

Загрузка...