Частка чацвертая Субоціца

1

Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальніка станцыі Субоціца замігцела: кропкі і працяжнікі парассыпаліся па пустым пакоі. Лукіч, чыноўнік, які сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў іх праз адчыненыя дзверы і праклінаў гэтыя надакучлівыя гукі. Вядома, трэба было пайсці туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.

— У такі час нічога важнага быць не можа, — растлумачыў ён прыёмшчыку багажу і Нінічу, маладому салдату ў шэрай форме.

Леніч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калі гадзіннік прабіў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблісквалі мокрыя рэйкі. Нініч пацягваў з келіха ракію, ад моцнай слівавай гарэлкі на вочы нагарнуліся слёзы. Ён быў яшчэ зусім малады.

Лукіч усё тасаваў карты.

— Цікава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? — спытаў прыёмшчык багажу.

Лукіч пахітаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:

— Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нічога цікавага, як звычайна. Хай сабе працуе — гэта ёй карысна.

Прыёмшчык захіхікаў. Нініч узняў цёмныя вочы, у якіх нічога не было, апроч прастадушнасці, і спытаў:

— А хто гэта яна?

Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.

— Эх вы, салдаты, — сказаў прыёмшчык багажу. — Не ведаеце і паловы таго, што адбываецца наўкол.

— Гэта праўда, — сказаў Нініч. — Мы гадзінамі стаім на пасту з прымкнутымі штыхамі. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзім ад казармы да станцыі. Нам няма калі заўважыць, што робіцца наўкол.

«Кропка, кропка, кропка, працяжнік…» — адстукваў тэлеграф. Лукіч падзяліў калоду на тры роўныя кучкі. Часам карты склейваліся, і тады ён слініў пальцы. Потым паклаў перад сабой усе тры кучкі.

— Гэта, пэўна, жонка начальніка станцыі, — растлумачыў ён. — Калі яна едзе на тыдзень, дык пасылае яму тэлеграмы кожны дзень у самы нязручны час. Позна ўвечары ці на світанку. Поўныя цялячых пяшчот. Часам нават у вершах: «Шчаслівы будзь у разлуцы, галубок, твая галубка шле табе любоў». Ці: «Твая палова заўсягды з табой. Не забывай мяне, каханы мой».

— Навошта гэта ёй? — спытаў Нініч.

— Баіцца, што ён ляжыць у ложку з якой-небудзь служанкай. Думае, што ён пачне каяцца, калі атрымае ад яе тэлеграму ў самы нязручны момант.

Прыёмшчык захіхікаў.

— Вядома, самае смешнае, што ён нават і не глядзіць на служанак. У яго зусім іншыя схільнасці — трэба было б ёй ведаць гэта.

— Вашы стаўкі, панове, — сказаў Лукіч. Ён пільна сачыў за імі, калі яны клалі медныя манеты на дзве з трох кучак. Потым пачаў здаваць карты, беручы іх з кожнай кучкі па чарзе. У трэцяй, на якую не паклалі грошай, аказаўся званковы валет. Лукіч перастаў здаваць карты і паклаў манеты сабе ў кішэню.

— Выйграе банк, — аб'явіў ён і перадаў карты Нінічу.

Гэта была зусім простая гульня.

Прыёмшчык патушыў акурак і, пакуль Нініч тасаваў карты, запаліў другую цыгарэту.

— З экспрэса ёсць якія навіны?

— У Белградзе ўсё ціха, — сказаў Лукіч.

— А тэлефон працуе?

— А вось з ім справы дрэнь. — Тэлеграф перастаў гудзець. І Лукіч уздыхнуў з палёгкай. — Ну, вось і гэты нарэшце супакоіўся.

Салдат раптам перастаў тасаваць карты і няўпэўнена вымавіў:

— Добра, што мяне не было ў Белградзе.

— Змаганне, хлопча мой, — весела сказаў прыёмшчык.

— Яно дык, можа, і так, але ўсё-такі гэта нашы людзі, праўда? — нясмела запярэчыў Нініч. — Іншая справа, калі б гэта былі балгары.

— Ці ты заб'еш, ці цябе заб'юць, — сказаў прыёмшчык. — Ну, што марудзіш — здавай, хлопча мой.

Нініч пачаў здаваць. Некалькі разоў ён збіваўся з ліку: пэўна, задумаўся.

— Да таго ж, мы зусім не ведаем, чаго яны хацелі? Чаго дамагаліся?

— Яны ж чырвоныя, — умяшаўся Лукіч. — Беднякі. Вашы стаўкі, панове, — машынальна дадаў ён.

Лукіч паклаў усе выйграныя ім медзякі на тую самую кучку, што і прыёмшчык. Ён пераглянуўся з ім і падміргнуў яму — той павялічыў стаўку. Нініч быў надта засяроджаны на сваіх няўклюдных думках і не заўважыў, як у час здачы было відаць, у якую кучку трапіў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.

— Зрэшты, я і сам бядняк, — сказаў Нініч.

— Мы зрабілі стаўку, — нецярпліва перабіў яго Лукіч, і Нініч пачаў здаваць.

Вочы ў яго шырока расплюшчыліся, калі ён убачыў, што абодва выйгралі: на імгненне на яго твары адбілася цьмянае падазрэнне, ён адлічыў манеты і падняўся.

— Ты болей гуляць не хочаш? — спытаў Лукіч.

— Час вяртацца ў каравулку.

Прыёмшчык усміхнуўся:

— Ён прагуляў усе грошы. Налі яму на дарогу яшчэ, Лукіч.

Лукіч наліў Нінічу другую шклянку і спыніўся з заткнутай бутэлькай у руцэ. Зазваніў тэлефон.

— Д'ябал, — вылаяўся ён. — Ізноў гэтая баба.

Паставіўшы бутэльку на стол, ён пайшоў у другі пакой. Бледныя промні сонца пранікалі праз акно, яны дакраналіся да кошыкаў і чамаданаў, нагрувашчаных за прылаўкам. Нініч узняў шклянку, а прыёмшчык сядзеў, паклаўшы палец на калоду карт, і прыслухоўваўся.

— Алё, алё! — закрычаў Лукіч. — Каго вам трэба? Тэлеграф? Я нічога не чуў. Не магу ж я тырчаць каля яго ўвесь час. У мяне хапае справы на станцыі. Скажыце гэтай бабе, каб яна пасылала тэлеграму ў зручны час. Што такое? — Яго голас раптам змяніўся. — Прашу прабачэння, пан маёр. Мне ў голаў не прыходзіла… (Прыёмшчык захіхікаў.) Вядома. Неадкладна, пан маёр, зараз жа. Зараз жа пашлю, пан маёр. Калі вы пачакаеце каля тэлефона дзве хвілінкі, пан маёр…

Нініч уздыхнуў і выйшаў на марознае паветра маленькай станцыі: тут не было нават платформ. Ён забыўся надзець пальчаткі, і перш чым паспеў іх нацягнуць, яго пальцы адубелі ад холаду. Ногі яго павольна валачыліся на свежым паўрасталым, а потым паўзамёрзлым снезе. «Не, я рады, што мяне не было ў Белградзе, — падумаў ён. — Усё гэта незразумела: яны беднякі, і я таксама бядняк; у іх жонкі і дзеці, і ў мяне ёсць жонка і маленькая дачка. Яны, пэўна, чакалі нейкай карысці сабе, тыя, чырвоныя». Сонца, якое паднялося над дахам мытні, кранула яго твар, аднак ад яго промняў цяплей не зрабілася. Запасны паравоз стаяў, нібыта бадзяжны сабака, выдыхаючы пару над рэйкамі. Да прыбыцця Ўсходняга экспрэса ніводнага цягніка на Белград не будзе. Праз паўгадзіны ўзнімаецца шум і сумятня, прыбудуць мытнікі, пагранічнікі выйдуць з каравулкі і пастрояцца перад ёй, потым цягнік запыхкае і знікне, і за цэлы дзень будзе толькі яшчэ адзін цягнік, невялічкі тутэйшы цягнік, на Вінкавічы. Нініч засунуў рукі ў пустыя кішэні. Пасля можна было б выпіць яшчэ ракіі і згуляць у карты, але ў яго ўжо не было грошай. Ізноў лёгкае падазрэнне, што яго абдурылі, мільганула ў галаве.

— Нініч! Нініч!

Ён азірнуўся і ўбачыў, як памочнік начальніка станцыі бяжыць за ім без паліто і пальчатак, правальваючыся ў ледзяную жыжу. Нініч падумаў: «Ён абабраў мяне, але адчуў сорам перад богам і хоча аддаць мне грошы». Ён спыніўся і ўсміхнуўся Лукічу, нібыта хацеў сказаць: «Кінь ты, не бойся, я на цябе не сярдую».

— Ты што, дурань, глухі, ці што! Я думаў, не дакрычуся, — злосна сказаў маленькі памочнік начальніка станцыі і падбег да яго, задыхаючыся ад лютасці. — Зараз жа ідзі да маёра Петкавіча. Яго клічуць да тэлефона. Я не змог дазваніцца да каравулкі.

— Тэлефон з учарашняга дня не працуе, — растлумачыў Нініч, — з таго часу, як пачалася завея.

— Вось расцяпы! — узарваўся Лукіч.

— Сёння павінен быў прыехаць майстар з горада, заняцца гэтым. — Нініч прамаўчаў. — Маёр і кроку не зробіць па снезе. У яго кабінеце горача ад печы.

— Ёлуп. Ідыёт, — абарваў яго Лукіч. — Там звоніць начальнік паліцыі з Белграда. Яны хацелі паслаць тэлеграму, але вы гарланілі на ўсё горла, хіба тут што-небудзь пачуеш? Ідзі хутчэй. — Нініч паспяшаўся да каравулкі, памочнік закрычаў яму наўздагон: — Бягом, ідыёт, бягом!

Нініч кінуўся бегчы, але яму заміналі цяжкія боты. «Глядзі ты, — думаў ён, — ставяцца да мяне, як да сабакі. — Аднак секунду пасля яму ў голаву стрэльнула іншая думка: — Увогуле, ім добра гуляць са мною ў карты: пэўна, зарабляюць у дзень столькі, колькі я ў тыдзень, і жалаванне атрымліваюць поўнасцю», — падумаў ён, нагадаўшы, колькі вылічваюць у яго самога за ежу, кватэру і дровы.

— Маёр у сябе? — спытаў ён, уваходзячы ў каравулку, і баязліва пагрукаў у дзверы. Ён мог перадаць паведамленне цераз сяржанта, але таго не было ў каравулцы, дый невядома, калі яшчэ з'явіцца магчымасць выканаць такое адказнае даручэнне, — за гэта могуць павысіць па службе, тут, глядзіш, павялічаць жалаванне, значыцца, будзе болей ежы, новая сукенка жонцы.

— Заходзьце.

Маёр Петкавіч сядзеў за пісьмовым сталом тварам да дзвярэй. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з вострымі рысамі твару і насіў пенснэ. Відаць, у яго родзе была прымесь чужой крыві — валасы ў яго былі бялявыя. Ён чытаў нейкі стары нямецкі падручнік па стратэгіі і карміў сабаку кавалачкамі кілбасы. Нініч з зайздрасцю паглядзеў на печ, у якой весела патрэскваў агонь.

— Ну, што здарылася? — узлавана спытаў маёр, нібыта школьны настаўнік, якому перашкодзілі правяраць вучнёўскія сшыткі.

— Звоніць начальнік паліцыі, пан маёр, і выклікае вас да тэлефона ў кантору начальніка станцыі.

— А хіба наш тэлефон не працуе? — спытаў маёр, адклаўшы кнігу і не вельмі ўдала імкнучыся схаваць сваю цікаўнасць і ўсхваляванасць: яму хацелася стварыць уражанне, нібыта ён у блізкіх адносінах з начальнікам паліцыі.

— Не, пан маёр, майстар з горада яшчэ не прыехаў.

— Шкада! А дзе сяржант?

— Ён на хвілінку выйшаў, пан маёр.

Маёр Петкавіч схапіў пальчаткі і нацягнуў іх на рукі.

— Вам лепей пайсці са мной. Можа, мне спатрэбіцца сувязны. Вы ўмееце пісаць?

— Крышачку магу, пан маёр.

Нініч баяўся, што маёр возьме сабе іншага пасыльнага, аднак той толькі сказаў:

— Тады хутчэй.

Нініч і сабака пайшлі следам за маёрам цераз каравулку і перасеклі рэйкі. У пакоі начальніка станцыі Лукіч, які па-ранейшаму сядзеў у кутку, старанна рабіў выгляд, што працуе, а прыёмшчык багажу круціўся каля дзвярэй, падлічваючы здадзеныя месцы на вялікім аркушы паперы.

— Лінія зусім свабодная, пан маёр, — сказаў Лукіч, кінуўшы за спінай у маёра пахмурны погляд на Нініча. Ён зайздросціў салдату — той стаяў блізка да апарата.

— Алё, алё, алё, — кісла вымавіў у трубку маёр Петкавіч.

Салдат злёгку нахіліў галаву да тэлефона. Цераз вялікую адлегласць паміж граніцай і Белградам даносіўся гук гэтага добра пастаўленага і ўладарнага голасу з такім дакладным вымаўленнем, што нават Нініч, які быў за два крокі ад апарата, мог улавіць асобна кожнае слова. Яны падалі адно за адным, нібы паток шпілек, якія ўтыкаліся ў глыбокую цішыню. Лукіч і прыёмшчык багажу дарэмна затаілі дыханне: запасны паравоз на лініі ўжо спыніў сваё пыхканне.

— Гаворыць палкоўнік Хартэп.

«Гэта і ёсць начальнік паліцыі, — падумаў Нініч. — І я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гісторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асабліва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць», — падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы сябе.

— Так, так, гэта маёр Петкавіч.

Уладарны голас зрабіўся цішэй. Цяпер Нініч улоўліваў толькі ўрыўкі асобных фраз:

— Ні ў якім разе… Белград… Трэба пашукаць у цягніку…

— Даставіць яго ў казарму?

Голас загучаў больш рэзка.

— Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей… На месцы.

— Але паслухайце, — запярэчыў маёр Петкавіч. — У нас тут для гэтага нічога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з ім рабіць?

— …усяго некалькі гадзін…

— Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякіх інструкцый.

Голас у трубцы ціха засмяяўся.

— Я сам… з вамі… за снеданнем…

— А калі яго апраўдаюць?

— …я сам, — няясна вымавіў голас, — вы, маёр, капітан Алексіч. — Голас загучаў яшчэ цішэй. — Без шуму… у вузкім коле… — І потым вымавіў ясней: — Ён хутчэй за ўсё не адзін… падазроныя асобы… з любой нагоды… мытня. Прыміце пад увагу. Толькі без залішняга шуму і мітусні.

— Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнік Хартэп? — з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавіч.

Голас зрабіўся болей ветлівым.

— Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялікага выбару… На станцыі… як след прапаліце ў печы… што-небудзь гарачае… я еду машынай, прывязу халодную закусь і віно. — Завісла паўза. — Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.

— За такую супрацьзаконную акцыю… — пачаў быў маёр Петкавіч.

— Не, не, не, — сказаў голас. — Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.

— У Белградзе ўсё спакойна? — нацягнена спытаў маёр.

— Моцна спяць, — адказаў голас.

— Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, — паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавіч і потым з грукатам кінуў трубку. — Дзе той салдат? Хадземце са мной.

Ізноў разам з Нінічам і сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуці, прайшоў праз каравулку і зачыніў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмі хутка накідаў некалькі запісак і загадаў Нінічу аднесці іх па прызначэнні. Ён так спяшаўся і быў такі раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нініч, вядома, іх прачытаў — вечарам жонка будзе ганарыцца сваім мужам. Адна запіска была адрасавана начальніку мытні, але яна была запячатаная, другая — капітану ў казарму з загадам неадкладна падвоіць ахову станцыі і выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нінічу зрабілася ніякавата: ці не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Ці чырвоныя? Ён нагадаў падзеі ў Белградзе і вельмі ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя — гэта ж нашы людзі, яны беднякі, у іх ёсць жонкі і дзеці. Апошняя запіска была аддасавана повару ў казарму — гэта была падрабязная інструкцыя пра сняданак на траіх, які трэба падаць у кабінет маёра ў гадзіну трыццаць. «Майце на ўвазе, гэта на вашу асабістую адказнасць», — так заканчвалася запіска.

Калі Нініч выйшаў з кабінета, маёр Петкавіч ізноў пачаў чытаць стары нямецкі падручнік па стратэгіі і карміць сабаку кавалачкамі кілбасы.

2

Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнік прыйшоў у Будапешт. Калі Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свінцовага мора, раніца. Потым жвава злезла з паліцы і пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мінулай ночы. Ад хвалявання і спешкі ёй не адразу ўдавалася знаходзіць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: «Як мне пашчасціла, як пашанцавала!» Рывок цягніка адкінуў яе да акна, але яна хуценька толькі кінула позірк на пахмурнае ранішняе неба. Тут і там спакваля гаслі агні, але было яшчэ недастаткова відно, каб распазнаваць асобныя будынкі. Асветлены ліхтарамі мост цераз Дунай зіхацеў, нібыта спражачка ад падвязкі. «Куды мне трэба, я іду і сваю песеньку пяю». Недзе на беразе ракі свяціўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калі б не два светлыя агеньчыкі ў пакоях на ніжнім паверсе. Пакуль яна сачыла за імі, агеньчыкі патухлі. «Пэўна, засядзеліся за святочным сталом. Цікава, што там зараз адбываецца?» — падумала яна і ўсміхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. «Усё, што трывожыць цябе — мяне зусім не трывожыць. Лета змяняе вясну — ты бачыш усмешку маю». Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, і павярнулася да ложка і да Майета.

Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, і Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання і болю мінулай ночы. Гэта быў зараз зусім чужы чалавек, які ўварваўся ў яе жыццё, і ён мог лёгка адмовіцца ад тых слоў, якія нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такі падарунак лёсу наўрад ці яшчэ выпадзе на яе долю. Ізноў прыходзілі ў голаў словы пажылых і спрактыкаваных кабет: «Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех». І адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: «Ты не павінна напамінаць яму пра яго абяцанні». Але яна ўсё-такі падышла і пяшчотна прыгладзіла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабіліся падобныя на тыя, якія ў марах абрамлялі твар яе каханага. Калі Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, і яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмі баялася ўбачыць у ім адчужанасць — раптам ён яе не пазнае і ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна і што яны рабілі разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: «Святое месца не пустуе», — аднак яе радасна здзівіла тое, што яму не спатрэбілася ніякіх намаганняў, каб успомніць усё.

— Так, нам абавязкова трэба запрасіць скрыпача.

Яна з палёгкай запляскала ў далоні:

— І не забудзься пра доктара.

Корал прысела ўскрай паліцы і ўсунула ногі ў туфлі. «Я такая шчаслівая». Ён усё памятае, ён збіраецца стрымаць свае абяцанні. Яна зноў пачала спяваць: «Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна».

Кандуктар ішоў па калідоры і грукаў у дзверы купэ:

— Будапешт! Будапешт!

Усе агні пазліваліся разам. Над другім берагам ракі гарэлі тры зоркі, быццам іх згубіла зацягнутае хмарамі неба.

— Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.

— Гэта замак, — сказаў ён.


— Будапешт.

Ёзеф Грунліх, які драмаў у сваім кутку, адразу прачнуўся і падышоў да акна. Міма, паміж высокімі шэрымі будынкамі, прамільгнула вада. Агні, якія гарэлі на верхніх паверхах, раптам зніклі за аркай вакзала. Потым цягнік праслізнуў пад дах вялізнай гулкай залы і спыніўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом містэр Оўпі, жвавы, спрытны і дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамі для гольфа, тэнісную ракетку ў чахле. Ёзеф усміхнуўся і выпнуў грудзі: постаць містэра Оўпі нагадала яму пра яго злачынства. Міма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету і яе мужа. Яны, спатыкаючыся, ішлі за ім па пятах, разгубленыя і напалоханыя свістком паравоза і крыкамі на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсці з цягніка. І адразу, паколькі справа датычылася бяспекі, думкі яго перасталі быць іранічныя ці напышлівыя; дробненькія акуратныя колцы ў яго мазгу закруціліся і, нібыта кантрольны апарат у банку, пачалі з бездакорнай дакладнасцю рэгістраваць дэбет і крэдыт. У цягніку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: паліцыя магла яго арыштаваць на любой станцыі, таму, чым хутчэй ён будзе на волі, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблівых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калі ён паедзе да Канстанцінопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытні. Механізм у яго мазгу зноў правяраў лічбы, дадаваў, улічваў і прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Паліцыя ў Будапешце кваліфікаваная і спрактыкаваная, у балканскіх краінах яна прадажная — там няма чаго баяцца мытні. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунліх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён ізноў паглыбіўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мітусіліся імгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылі пра яго: «Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён ніводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забіў Кольбера ў Вене».


— Будапешт.

Доктар Цынер на хвіліну-другую прыпыніў сваю пісаніну. Гэта маленькая паўза была данінай павагі да горада, дзе нарадзіўся яго бацька. Пакінуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасяліўся ў Далмацыі. У Венгрыі ён працаваў на зямлі, якая яму не належала. У Спліце і, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству і пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такі тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае існаванне і атрыманая ў спадчыну ад бацькі кроў венгерскага селяніна дазволілі доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывілізацыі, водгукі якой даносіліся ў цёмныя, смярдзючыя балканскія завулкі. Ён быў нібы афінскі раб, які зрабіўся вольным чалавекам у нецывілізаванай краіне: той сумаваў па статуях, паэзіі, філасофіі, — адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, міма праносіліся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: «Rеstоrасіоj», «Рostо», «Іnfоrmоj»[24]. Зусім блізка ад вагона мільганула афіша «Теаtzoj Каj Аmuzеjоj»[25], і ён машынальна запомніў незнаёмыя назвы тэатраў і кабарэ, якія адчыняцца якраз тады, калі цягнік будзе падыходзіць да Белграда: «Опера», «Ройял Орфеум», «Табарэн» і «Жардэн дэ Пары». Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: «У Будзе жывуць весела». Яго бацька гэтак жа трохі павесяліўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасці назіраў, прыціснуўшыся тварам да вітрыны рэстарана, якія падаюць там дзівосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якія пераходзілі ад століка да століка, і прастадушна радаваўся з усімі. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.

Доктар папісаў яшчэ хвілін дзесяць, а потым склаў паперы і сунуў іх у кішэню плашча. Ён хацеў быць падрыхтаваным да любой выпадковасці, ведаў, што яго ворагі не будуць з ім далікатнічаць: яны заб'юць яго ў якой-небудзь глухой вулачцы, абы толькі не ўбачыць яго на лаве падсудных. У яго цяперашнім становішчы была адна перавага — яны не ведалі пра ягоны прыезд: яму трэба аб'явіць пра сваё дабравольнае вяртанне ў Белград, перш чым яны даведаюцца, што ён прыехаў, бо тады ўжо будзе немагчыма тайна забіць нікому не вядомага чалавека, у іх не застанецца іншага выйсця, як толькі аддаць яго пад суд. Ён адчыніў чамадан і ўзяў «Бедэкер». Потым чыркнуў запалкай і паднёс яе да ражка схемы: глянцавая папера гарэла марудна. Чыгунка на схеме ўспыхнула язычком полымя, і ён убачыў, як сквер каля пошты ператварыўся ў чорны попел. Потым зеляніна парка «Калімагдан» зрабілася карычневай. Вулачкі трушчоб загарэліся апошнія, і ён падзьмуў на полымя, каб прыспешыць яго.

Калі схема згарэла, ён кінуў попел пад сядзенне, паклаў пад язык горкую таблетку і паспрабаваў заснуць. Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усміхнуўся, калі б убачыў, міль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнікам, які парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўніны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабіла вялікі круг, потым кіравала ў горад. І дарога, і пагорак цяпер былі белыя ад снегу, які лахманамі, нібы грачыныя гнёзды, павіснуў на дрэвах. Ён запомніў дарогу, пагорак і лес — гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калі ўцякаў, перайшоўшы граніцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнік, які сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалі з Белграда, і сказаў: «Будзем у Будзе праз гадзіну з чвэрцю».

Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекі. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусім з іншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да граніцы ўсяго семдзесят міль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуцці ў той момант узялі верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: «У мяне няма дома, я еду ў турму». Прычынай гэтай хвіліннай радасці, якая агарнула яго, было набліжэнне да піўной Кругера ў садзе, да парку, залітага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак іх бялізнай. «Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, — падумаў ён, — калі мяне павязуць з турмы ў суд». І тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы піўной цяпер — жылыя будынкі.


За снеданнем Корал і Майет сядзелі па розных баках століка як чужыя і адчувалі праз гэта вялікую палёгку. Напярэдадні, за вячэрай, яны паводзілі сябе, як даўнія сябры, якім не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылі бесперапынна, як быццам цягнік паглынаў не мілі, а гадзіны, і ім даводзілася запаўняць тыя гадзіны размовамі, якіх хапіла б на цэлае жыццё разам.

— А калі я прыеду ў Канстанцінопаль, што я буду рабіць? Ты ўжо наняў мне пакой?

— Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлі. Ты паселішся разам са мной, і ў нас будзе падвойны нумар.

Яна пагадзілася з ім, ад радасці ў яе перахапіла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваіх пачуццяў, сядзець моўчкі. Скалы, будынкі, голыя пашы праносіліся міма з хуткасцю сорак міль у гадзіну, а колькі яшчэ ім трэба было абгаварыць.

— Мы прыедзем на світанку? Што мы будзем рабіць цэлы дзень?

— Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсці ў кантору, даведацца, як там ідуць справы. А ты можаш тым часам пахадзіць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем і пойдзем у тэатр.

— Так? А ў які тэатр?

Ёй было дзіўна бачыць, як усё крута змяніла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якімі яна была знаёмая даволі блізка, нават жэст яго рукі — ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, — зрабіўся зусім іншы. Яго запал, калі ён расказваў, колькі ён патраціць на яе грошай, якія асалоды яе чакаюць, — быў цудоўны, і яна верыла яму.

— У нас будуць найлепшыя месцы ў тваім тэатры.

— У «Дзяўчат Дана»?

— Так. А потым мы ўсіх іх запросім на вячэру, калі ты захочаш.

— Не. — Корал адмоўна пакруціла галавой: тут яна рызыкавала страціць яго, бо многія дзяўчаты Дана маглі аказацца прыгажэйшыя за яе. — Пасля тэатра давай пойдзем дамоў і ляжам спаць.

Яны пырхнулі разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплі кавы на абрус. Яна смяялася шчыра і адкрыта, шчаслівая тым, што боль застаўся ззаду.

— Ведаеш, колькі мы ўжо праседзелі за снеданнем? — спытала яна. — Цэлую гадзіну. Раней за мной такога не вадзілася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзіне — вось і ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скібкі падсмажанага хлеба і крышачку апельсінавага соку — гэта калі ў мяне добрая кватэрная гаспадыня.

— А калі ў цябе не было працы?

Яна ўсміхнулася.

— Тады я абыходзілася без апельсінавага соку. Мы ўжо недалёка ад граніцы?

— Зусім блізка. — Майет запаліў цыгарэту. — Ты паліш?

— Уранку не. Я пайду, а ты папалі.

Корал паднялася, і ў гэты момант цягнік з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкінула да Майета. Яна ўхапілася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, і праз яго плячо ўбачыла, як імкліва праскочылі міма і зніклі з вачэй сігнальная будка і чорная пуня, заваленыя снегам. Хвілінку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круціцца.

— Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць.

Корал раптам захацелася сказаць яму: «Хадзем са мной». Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнік будзе стаяць. Чужыя людзі могуць зайсці і сесці на месца Майета, і яна не зможа нічога ім растлумачыць. І не зразумее, што ёй скажуць мытнікі. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбіць яе, калі яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволі небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмеліцца рызыкаваць ім хоць каліва. Яна азірнулася: ён сядзеў злёгку нахіліўшы галаву і пагладжваў пальцамі залаты партабак. Пазней яна была шчаслівая тым, што кінула на яго гэты развітальны погляд: ён павінен служыць узорам вернасці, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, і гэта дасць ёй права сказаць: «Я ніколі не пакідала цябе». Цягнік спыніўся, калі яна ўвайшла ў сваё купэ і зірнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напісана чорнымі літарамі: «Субоціца». Будынкі станцыі ледзь узвышаліся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнікаў у зялёнай форме і паўтузін салдат ішлі паміж пуцямі. Мытнікі, відаць, не спяшаліся пачынаць агляд. Яны смяяліся і ажыўлена размаўлялі, ідучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялі сяляне, пазіраючы на цягнік, жанчына карміла грудзьмі дзіця. Наўкол валэндаліся салдаты, адзін з іх адагнаў ад цягніка сялян, але тыя зноў скупіліся каля чыгункі, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыі. Пасажыры пачалі выказваць нецярплівасць: цягнік і так ужо затрымалі на паўгадзіны, а яшчэ ніхто нават і не збіраўся прыступаць да агляду багажу ці праверкі дакументаў. Некалькі пасажыраў выбраліся на адхон і перайшлі цераз рэйкі, шукаючы які-небудзь буфет. Высокі хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзіў туды-сюды па платформе ўздоўж цягніка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккім брылі, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён і немец увесь час праходзілі адзін міма аднаго, але абодва нібыта існавалі ў розных вымярэннях — так мала ўвагі звярталі яны адзін да аднаго. На некаторы час яны аказаліся побач, пакуль чыноўнік правяраў іх пашпарты, аднак і тут яны належалі да розных светаў: немец абураўся і ўголас выказваў нецярплівасць, доктар абыякава ўсміхаўся сам сабе.

Корал выйшла на платформу, наблізілася да доктара. Яго ўсмешка, добрая і рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фігурка на трухлявых балясінах.

— Выбачайце, што я звяртаюся да вас, — сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланіўся і паклаў рукі ў шэрых пальчатках за спіну: яна заўважыла дзірку на вялікім пальцы. — Я думала… мы думалі… ці не адмовіцеся вы павячэраць з намі сёння вечарам?

Усмешка знікла з яго твару, і яна зразумела: ён падбірае пераканаўчыя словы, каб адмовіцца.

— Вы былі такі добры да мяне, — дадала яна.

На адкрытым паветры было вельмі холадна, і яны абое пачалі хадзіць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямі і пэцкала ёй панчохі.

— Я быў бы вельмі рады, — сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, — і мне вельмі шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмі прыемна… — ён спыніўся, насупіўся і, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзіркай на пальцы ў кішэню плашча. — Мне было б вельмі прыемна…

Двое ішлі ўздоўж пуці насустрач ім.

Доктар узяў яе пад руку і асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлі ў другі бок уздоўж цягніка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так і не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавіў іншае:

— Даруйце, мае акуляры зусім запацелі, хто там наперадзе?

— Некалькі мытнікаў выйшлі з службовага памяшкання і накіраваліся да нас.

— І болей нікога? Яны ў зялёнай форме?

— Не, у шэрай.

Доктар спыніўся.

— Ах, вось яно што! — ён узяў яе руку ў сваю, сціснуў яе далоняй, і Корал адчула ў руцэ канверт. — Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калі будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз ідзіце. Хутка, але зрабіце выгляд, што вы не спяшаецеся.

Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмі ў шэрых шынялях і зразўмела — гэта салдаты. Вінтовак не было відно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступілі ёй дарогу, і яна была падумала, ці не збіраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалі, аднак калі ёй засталося некалькі крокаў да іх, адзін салдат саступіў убок, каб даць ёй прайсці. Яна крыху супакоілася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пісьмом, заціснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусілі правезці якую-небудзь кантрабанду? Наркоцікі? Тут адзін салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпіць мёрзлая гразь пад яго ботамі, і пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхі, калі б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклікнуў, і яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такі яна пайшла шпарчэй. Іх купэ было ў наступным вагоне, і яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ паліў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвілінку яна вагалася: «Дайду да рэстарана і пастукаю ў акно», — аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвіліну. Нечая рука дакранулася да яе локця, і нечы голас мякка вымавіў некалькі слоў на чужой мове.

Корал абярнулася, збіраючыся пратэставаць, прасіць, гатовая, калі спатрэбіцца, вырвацца і пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калі яна глянула ў вялікія добрыя вочы салдата. Ён усміхнуўся, кіўнуў і паказаў на будынкі станцыі.

— Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.

Ён пахітаў галавой, ізноў усміхнуўся і махнуў рукой у бок будынкаў станцыі. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамі і разам з ім накіраваўся туды. У гэтым магло і не быць нічога жахлівага, ён ішоў паперадзе іх, яны не вялі яго пад канвоем. Салдат кіўнуў, усміхнуўся і з вялікай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску:

— Усё зусім добры, — вымавіў ён і паказаў на будынкі.

— Можна мне толькі папярэдзіць свайго сябра? — папрасіла яна.

Ён пакруціў галавой, усміхнуўся, узяў яе пад руку і беражліва павёў прэч ад цягніка.

Чакальная зала была парожняя, калі не лічыць доктара. Усярэдзіне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамі, намаляванымі марозам. Корал увесь час памятала пра заціснутае ў руцэ пісьмо. Салдат асцярожна і далікатна ўвёў яе ў залу і прычыніў дзверы, не замкнуўшы іх.

— Што ім ад мяне трэба? — спытала яна. — Мне нельга спазніцца на цягнік.

— Не бойцеся, — адказаў доктар. — Я ім усё растлумачу, і яны адпусцяць вас праз пяць хвілін. Калі вас захочуць абшукаць, не супраціўляйцеся. Пісьмо ў вас адабралі?

— Не.

— Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасці.

Яна працягнула яму руку, і якраз у гэты момант дзверы адчыніліся, увайшоў салдат, усміхнуўся, падбадзёрваючы яе, і адабраў у яе пісьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, і салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былі прастадушныя і маркотныя вочы. Калі ён ізноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:

— Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назіраць за намі праз замочную шчыліну.

Корал Маскер села на драўляную лаву і выпрастала ногі да печы.

— Вы зусім спакойная.

— А які сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нічога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.

— Гэта праўда, — з палёгкай вымавіў ён. І, счакаўшы крыху, дадаў: — Вы, пэўна, здзіўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць… Бачыце, ёсць нешта такое, што я лічу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.

— Куды ўжо мне? — сказала яна з горкім гумарам, згадаўшы мінулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгі свісток, і яна са страхам схамянулася. — Гэта не наш цягнік? Мне ніяк нельга спазніцца.

Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысціў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы і паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.

— Не, гэта падае сігнал паравоз на другім пуці. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.

— Ах, я нічога не баюся, — сказала яна, ізноў сеўшы на мулкую лаву. — Мой сябар хутка тут з'явіцца. Тады ўжо будзе іх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмі багаты чалавек.

— Вось як?

— Так, і паважаны. Ён узначальвае фірму. Яны маюць справу з разынкамі. — Яна засмяялася. — Ён прасіў мяне ўспамінаць пра яго, калі я буду есці пудзінг з разынкамі.

— Вось як?

— Але. Ён мне падабаецца. Ён такі добры да мяне. Зусім не падобны на іншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён… як бы сказаць вам… Ён сціплы і сарамлівы.

— Відаць, ён вельмі шчаслівы чалавек.

Дзверы адчыніліся, і два салдаты ўпіхнулі ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставіў нагу ў праём дзвярэй і ціха загаварыў з салдатамі. Адзін салдат нешта адказаў яму, а другі пхнуў яго назад у залу і замкнуў дзверы на ключ.

— Я спытаўся ў іх, чаму нас тут затрымалі. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнік. Адзін сказаў: нічога важнага, афіцэр хоча задаць вам некалькі пытанняў. Цягнік пойдзе не раней, чым праз паўгадзіны.

— Дзякуй.

— А я? — шалёна ўсклікнуў мужчына, які толькі што прыбыў. — А я?

— Наконт вас я нічога не ведаю, гер Грунліх.

— Усё гэтыя мытнікі. Яны прыйшлі і пачалі мяне абшукваць. Забралі рэвальвер. Пытаюцца: «Чаму вы не зрабілі дэкларацыі, што ў вас рэвальвер?» Я кажу: «Ніхто не пагодзіцца падарожнічаць па сваёй волі па вашай краіне без рэвальвера».

Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунліх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камізэльку, зірнуў на гадзіннік і прысеў. Паклаўшы рукі на тоўстыя калені, ён зрабіўся маўклівы і задуменны.

«Ён, пэўна, дапаліў ужо сваю цыгарэту, — думала Корал. — Вярнуўся ў купэ, хапіўся, што мяне няма. Відаць, пачакаў хвілін дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыі, ці не ведае ён, дзе я. Праз некалькі хвілін ён мяне знойдзе». Яе сэрца скаланулася, калі ключ павярнуўся ў замку, яна была здзіўлена, што ён так хутка напаў на яе след, — але ў залу ўвайшоў не Майет, а мітуслівы светлавалосы афіцэр. Ён аддаў праз плячо нейкі загад — двое салдат увайшлі за ім і сталі каля дзвярэй.

— Але што тут здарылася? — спытала Корал у доктара Цынера. — Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?

Яна не разумела, пра што гэтыя іншаземцы гавораць паміж сабой, і раптам ём зрабілася страшна, яна разгубілася, усвядоміўшы, што, нават калі б гэтыя людзі і захацелі ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.

— Скажыце ім, што мне трэба ехаць гэтым цягніком. Папрасіце іх паведаміць майму сябру, — сказала яна доктару Цынеру.

Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукі ў кішэні, і адказваў на пытанні афіцэра. Яна павярнулася да немца, які, седзячы ў кутку, утаропіўся ў наскі сваіх чаравікаў.

— Скажыце вы ім, што я ні ў чым не вінаватая, калі ласка.

Той на імгненне падняў вочы і з нянавісцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:

— Я спрабаваў растлумачыць ім, што вы нічога не ведаеце пра тую запіску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павінны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнік паліцыі не задасць вам пытанні.

— Ну, а як наконт цягніка? — умольна спытала яна. — А як жа цягнік?

— Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнік будзе стаяць тут яшчэ паўгадзіны. Я прасіў яго паведаміць вашаму сябру, і ён абяцаў падумаць над гэтым.

Яна падышла да афіцэра і кранула яго за руку.

— Я павінна ехаць гэтым цягніком. Павінна. Зразумейце мяне, калі ласка.

Ён скінуў яе руку і пачаў ёй выгаворваць рэзкім, уладарным тонам, прычым пенснэ ківала ў такт яго гаворкі, але за што канкрэтна ён яе ўпікаў, яна не разумела. Потым афіцэр выйшаў з залы.

Корал прыхілілася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было відаць, як уздоўж пуці туды-сюды ходзіць немец. Яна паспрабавала знайсці вачыма вагон-рэстаран.

— Ён прыйшоў? — спытаў доктар Цынер.

— Зараз ізноў пойдзе снег, — сказала яна і адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становішча. — Чаго ім ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут?

— Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, — паспрабаваў супакоіць яе доктар. — Ім патрэбен толькі я. Вось у чым уся справа.

— Але ж чаму? Вы ж ангелец.

— Не. Я тутэйшы, — сказаў ён з адценнем горычы.

— А ў чым ваша віна?

— Я паспрабаваў змяніць рэжым, — растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любіць ярлыкоў. — Я камуніст.

— Але навошта? Навошта? — ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сілах схаваць, наколькі пахіснуўся яе давер да таго адзінага чалавека, які, акрамя Майета, мог і хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносіны да яе ў цягніку здаваліся ёй падазронымі. Яна падышла да лаўкі і села як мага далей ад немца.

— Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбіцца шмат часу.

Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс ніводнага яго слова. Цяпер яна ставілася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыі на Трафальгарскім пляцы, ходзяць з брыдкімі плакатамі: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», «Верныя паплечнікі Ўолтгемстваў», «Бэлемскае аддзяленне лігі маладых рабочых». Гэтыя прайдзісветы хочуць павесіць усіх багацеяў, забараніць тэатры і прымусіць яе займацца свабоднай любоўю ў летнім лагеры, а потым ісці на дэманстрацыі па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпісам: «Брытанскія работніцы».

— Болей часу, чым я маю, — дадаў ён.

Корал не звярнула ўвагі на яго словы. У той момант яна ставіла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён — працоўны. Калі яна нарэшце ўспомніла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем і з пагардай:

— Думаю, вас пасадзяць у турму.

— Лічу, што мяне расстраляюць.

Яна са здзіўленнем утаропілася ў яго, забыўшыся на тое, што ў іх розныя перакананні:

— Чаму?

Ён усміхнуўся крыху самазадаволена:

— Яны баяцца такіх, як я.

— У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш і колькі хочаш. І паліцыя стаіць і слухае іх.

— Ну, тут істотная розніца. Мы не абмяжоўваем сябе толькі размовамі.

— Але ж будзе суд?

— Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.

Недзе прагучаў ражок, і пранізлівы свісток працяў марознае паветра.

— Відаць, манеўруюць, — сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоіць яе.

Паласа дыму працягнулася звонку міма вокнаў, і ў зале зрабілася цёмна, загучалі галасы, людзі пабеглі ўздоўж чыгункі. Буферы паміж вагонамі забразгалі, сутыкнуліся, напружыліся, і тонкія сцены затрэсліся ад руху поршняў, ад грукату цяжкіх колаў. Калі дым разышоўся, Корал Маскер ціха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нічога не хацелася, і ногі ў яе былі халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчанні доктара Цынера асуджэнне.

— Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, — вымавіла яна з цеплынёй у голасе.


Нініч сунуў вінтоўку пад паху і пачаў пляскаць рукамі ў пальчатках.

— Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, — сказаў ён, гледзячы, як цягнік выцягнуўся, нібы гума, апісаў дугу і знік.

Стрэлкі застагналі і вярнуліся на ранейшае месца. На сустрэчным пуці падняўся семафор. З будкі выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лінію і знік з вачэй у напрамку да невялікага дамка.

— Пайшоў абедаць, — з зайздрасцю сказаў напарнік Нініча.

— За ўвесь час, пакуль я тут, ніколі не было, каб паравоз нарабіў столькі шуму, — сказаў Нініч.

Тут ён пачуў словы напарніка:

— Маёру панеслі гарачы абед з казармы.

Але Нініч не паведаміў яму пра прыезд з Белграда начальніка паліцыі — ён зберагаў гэтую навіну для жонкі.

— Ты шчаслівец. Я часта думаю, як добра з'есці сапраўды абед. Думаю, няблага было б і мне ажаніцца, калі бачу, як твая жонка прыходзіць да цябе кожны ранак.

— Няблага, — стрымана пагадзіўся Нініч.

— Скажы, што яна табе прыносіць?

— Бохан хлеба і кавалак кілбасы. Часам трошкі масла. Яна неблагая дзяўчына.

Аднак на душы ў яго было неспакойна. «Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купіць ёй сукенку і пацеркі, пайсці з ёй у тэатр у Белградзе». Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-іншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркі, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кінуў зайздросціць ёй, а ў душы яго зацеплілася добрае пачуццё да іншаземкі. Паляпваючы сваімі вялікімі няўклюднымі рукамі, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць і кволасць жанчын.

— Прачніся, — прашаптаў напарнік, і абодва салдаты выпрасталіся і сталі нерухома па стойцы «смірна» ў той час, калі з дарогі да станцыі павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлі і раскідваючы пырскі.

— Каго там чэрці прынеслі? — прашаптаў напарнік Нініча, ледзь варушачы вуснамі, але Нініч з гонарам падумаў: «А я ведаю, і раней ведаў, што гэты высокі з ордэнскімі калодкамі афіцэр — начальнік паліцыі», ён нават ведае прозвішча другога афіцэра, які, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны і трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнік Хартэп не вылез.

— Ну і месцейка, — весела сказаў палкоўнік Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.

Капітан Алексіч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокі.

— Не маглі б ужо хаця дошкі пакласці.

— Ну што вы, мы ж паліцыя. Нас не любяць. Бог ведае які яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, — ён паказаў пальцам на Нініча, — дапамажы шафёру выгрузіць гэтыя скрынкі. Пастарайцеся, каб віно не боўталася і бутэлькі стаялі.

— Маёр Петкавіч, пан палкоўнік…

— Не звяртайце ўвагі на маёра Петкавіча.

— Даруйце, — вымавіў рэзкі, незадаволены голас маёра за Нінічам.

— Зразумела, маёр, — палкоўнік Хартэп усміхнуўся і пакланіўся, — але я перакананы, дараваць вам няма чаго.

— Гэты салдат вартуе арыштаваных.

— Значыцца, вы затрымалі некалькі чалавек. Мае віншаванні.

— Двух мужчын і адну дзяўчыну.

— У такім разе, я лічу, што надзейны замок, вартавы, штых, вінтоўка і дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.

Маёр Петкавіч аблізаў губы.

— Паліцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесіяналам. Выгружайце ўсё з машыны, — загадаў ён Нінічу, — і перанясіце да мяне ў кабінет.

Ён павёў афіцэраў за рог залы чакання і знік з вачэй. Нініч глядзеў ім услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:

— Не магу ж я сядзець у машыне і чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусім адвыклі ад працы.

Ён пачаў выгружаць скрынкі з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.

— Паўскрынкі шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькі каньяку. Кілбаса, пячэнне да віна. Зялёная салата. Алівы.

— Вось здорава! — усклікнуў напарнік Нініча. — Неблагая ежа!

Нейкае імгненне знямелы Нініч стаяў, утаропіўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым ціха сказаў:

— Сапраўдны банкет.

Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабінет маёра, калі ўбачыў сваю жонку. Яна ішла па дарозе і несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хітрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялікія боты. Нініч паставіў скрынку з фруктамі і пайшоў ёй насустрач.

— Я затрымаюся ненадоўга, — сказаў ён ціха, так, каб яго не пачуў шафёр. — Пачакай мяне. Я павінен табе нешта расказаць.

Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.

Жонка села ўскрай дарогі, назіраючы за ім, але калі ён выйшаў з кабінета маёра, дзе стол быў рассунуты і афіцэры пілі перад снеданнем віно, яна ўжо знікла, пакінуўшы абед на абочыне дарогі.

— Дзе мая жонка? — спытаў ён у свайго напарніка.

— Пагаварыла з шафёрам і потым пайшла назад у баракі. Нібыта была нечым усхваляваная.

Нініча ахапіла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнік Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзіў яго. І так заўсёды. Жыццё салдата — сабачае жыццё. Гэтыя цывільныя атрымоўваюць вялікае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да іх ставяцца і нават ублытваюцца ў справы салдата і яго жонкі. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ і пра іншыя сакрэты, толькі варта навастрыць вушы і не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабінет маёра. Шампанскае там лілося ракой. Усе трое гаварылі разам, пенснэ маёра Петкавіча звалілася яму на калені.

— Такія грудзі, такія сцёгны, — гаварыў капітан Алексіч. — Я сказаў пану палкоўніку, калі б я быў на вашым месцы…

Маёр Петкавіч, абмакнуўшы палец у віно, крэмзаў на абрусе нейкія лініі.

— Першае правіла: ніколі не рабі ўдараў па флангах, бі ў цэнтр.

Палкоўнік Хартэп быў зусім цвярозы. Ён смаліў, адкінуўшыся на спінку крэсла.

— Вазьміце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкі…

Але малодшыя афіцэры не звярталі на яго ніякай увагі. Ён злёгку ўсміхнуўся і напоўніў келіхі.

Ізноў пайшоў снег, і паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цікаўнасцю сяляне з Субоціцы з цяжкасцю прабіраліся цераз чыгуначныя пуці і цягнуліся да залы чакання. Адзін селянін так блізка падышоў да акна, што мог зазірнуць у залу і разгледзець твар доктара. Іх аддзяляла некалькі футаў, заінелая аконная шыба, размаляваная марознымі ўзорамі. Доктар Цынер мог бы палічыць маршчынкі на твары селяніна, убачыць колер яго вачэй і вывучыць з прафесійнай цікавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялі сялян прыкладамі вінтовак. Сяляне адыходзілі да чыгункі, але потым ізноў прарываліся назад, безнадзейна ўпартыя і бязглуздыя.

У зале вельмі доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сціснуўшы рукі і малілася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, і па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаілася маліцца і рабіла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмі спалоханая, і ён з халоднай спагадай усвядоміў, як моцна яна баіцца.

Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малітвы, як правіла, застаюцца без адказу, а такі выпадковы каханы і не думае вяртацца да яе.

Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькі ў такой ступені, як мог бы шкадаваць пра необходнасць ілгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабістай маральнай чысцінёй. Толькі партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калі б яны былі ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасці сваёй справы. Але такія разважанні яго засмучалі, і вось чаму: ён разумеў, што зайздросціць дабрачынным людзям, якім ён мог бы быць гэтаксама, калі б быў заможны і ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, міласэрны, дакладна прытрымліваўся б законаў гонару, калі б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калі б свет можна было перарабіць па тым узоры, пра які ён марыў і да якога так палымяна імкнуўся.

— Вы шчаслівая, калі верыце, што ён вам дапаможа, — злосна сказаў ён.

Але, са здзіўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.

— Я не веру, — адказала яна, — але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.

Яго ўразіла, як хутка яна зраклася сваёй веры і зрабіла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамі пісьменнікаў-рацыяналістаў і вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалі ён ахвяраваў усім, каб зрабіцца такім жа няверуючым, і на імгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткі сумнення, той паўверы, якая прымусіла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, і ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.

— Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.

— А можа, у яго не будзе часу.

— Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.

— Магчыма, — вымавіла яна з сумненнем.

Падзеі мінулай ночы, успаміны пра пяшчоты Майета зніклі з яе памяці, нібы асветлены сонцам мол пагрузіўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знік, нібы растаў ў натоўпе людзей, якія прыйшлі на вакзал, каб праводзіць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усіх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла і вылечылася, але страціла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што ніякай розніцы няма: усе яны падобныя адзін на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: «Вядома ж», — бо саромелася свайго нявер'я. І ва ўсякім разе наракаць няма чаго, — яна ж не ў горшым становішчы, чым іншыя зняволеныя, хіба што спозніцца на дзень у вар'етэ. «Такіх, як ён, процьма», — думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такі дарагія гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспаміны.

Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекі ў яго пацепваліся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах і выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкі. Калі адчыніліся дзверы, яго вочы адразу насцярожыліся.

Увайшоў вартаўнік, махнуў рукой і нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску:

— Нам загадана выходзіць.

У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, і на парозе ўзнік шэры грудок. Яны ўбачылі сялян, што скупіліся каля чыгункі. Ёзеф Грунліх падняўся, абцягнуў пінжак і пхнуў доктара Цынера локцем у бок.

— А ці не ўцячы нам зараз, усім разам, пакуль ідзе снег?

— Яны пачнуць страляць.

Вартаўнік ізноў нешта крыкнуў ім і махнуў рукой.

— Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзіць адгэтуль?

Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер:

— Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце?

— Вядома. — Потым яна папрасіла ўмольна: — Пачакайце мяне хвілінку, я згубіла насоўку.

Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нібыта шэры цыркуль, апусцілася на калені і выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусіла яе ўсміхнуцца, і, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю. Калі пакінулі залу, доктар Цынер пайшоў, нахіліўшы галаву, хаваючы твар ад снегу і ўсміхаючыся сваім думкам. Адзін вартаўнік ішоў паперадзе, а другі следам за імі, з вінтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялі паміж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, і вялі яе невядома куды. Сяляне караскаліся на адхон, шлёпалі па гразі, пераступаючы праз рэйкі: яны падыходзілі бліжэй, ім карцела паглядзець на арыштаваных, і яна крыху баялася іх смуглявых твараў і таго невядомага і таемнага, што адбывалася.

— Чаму вы ўсміхаецеся? — спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызваліць іх усіх, дагнаць цягнік, павярнуць назад стрэлкі гадзінніка.

— Сам не ведаю. А хіба я ўсміхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома.

На імгненне яго вусны сцяліся, але потым ізноў расцягнуліся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якія аглядалі ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здаваліся вільготныя, і ў іх не адлюстроўвалася нічога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця.

3

Майет глядзеў, як попел цыгары рабіўся ўсё даўжэйшы, і разважаў. Яму вельмі падабаліся тыя хвіліны, калі застаешся сам-насам і, не чакаючы ніякай знявагі ні ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсці затухлі. Мінулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: паміж лічбамі ўвесь час мільгаў твар дзяўчыны, — цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калі надыдзе вечар, яна зноў зробіцца жаданай і прыйдзе да яго — думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту і ўдзячнасць за тое, што, пакінуўшы яго, яна не пакінула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лічбы, якія раней не мог размясціць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзяліў, адымаў, і доўгія калонкі лічбаў самі сабой узнікалі на аконным шкле, за якім непрыкметна праходзілі, як прывіды, постаці мытнікаў і насільшчыкаў. Потым нехта папрасіў яго паказаць пашпарт — тут попел асыпаўся з яго цыгары, і ён вярнуўся ў купэ паказаць мытніку свой багаж. Корал там не было, і ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнік паказаў на яе сакваяж.

— А гэта чый?

— Сакваяж не замкнёны. Дама выйшла. Але там няма чаго глядзець.

Застаўшыся зноў адзін, ён прылёг у кутку і заплюшчыў вочы — так яму зручней было абдумваць справы Экмана, — але калі цягнік адышоў ад Субоціцы, ён заснуў. Яму снілася, што ён падымаецца па лесвіцы ў кватэру Экмана. Вузкая, не пакрытая дываном, неасветленая, яна магла б весці ў кватэру каля Лейстэр-сквера, якая карысталася благой рэпутацыяй, а не ў штаб найбуйнейшых у Эўропе імпарцёраў разынак. Ён не памятаў, як прайшоў праз дзверы. У наступны момант ён ужо сядзеў сам-насам з Экманам. Паміж імі ляжаў агромісты стос папер, а Экман пагладжваў свае цёмныя вусы і пастукваў па стале вечным пяром, у той час як павук аблытваў павуцінай на стале пустую чарніліцу. Кантора была цьмяна асветлена электрычнай лямпачкай, а ў куточку на металічнай кушэтцы сядзела місіс Экман і вязала дзіцячую кофтачку.

«Я прызнаю ўсё, — сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета і пачаў грукаць аўкцыйным малатком. — Адказвайце на мае пытанні: вы прысягалі. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Вы спакусілі дзяўчыну?»

«Як вам сказаць?»

Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзіны стоса, павышморгваў яшчэ некалькі папер, пакуль стос не захістаўся і не зваліўся на падлогу з такім грукатам, нібыта пасыпаліся цагліны.

«Вось справа рук Джэрвіса. Хітрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылі кантракт з членамі праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпісваць».

«Усё было згодна з законам».

«А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калі вы ўжо мелі прапанову на пятнаццаць тысяч?»

«Гэта звычайная дзелавая аперацыя».

«А дзяўчына з Спаніердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за інфармацыю?»

«Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Мілорд і шаноўныя прысяжныя засядацелі, злачынец на лаве падсудных…»

«Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невінаваты».

«Па якім артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлівасці? Па Законе Царкоўнай Дзесяціны? Адміралцейскага ці Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвільвайце. Адказвайце: так ці не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фірма, джэнтэльмены».

«Пачакайце хвілінку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вікторыя 2504. І сярод махляроў ёсць сумленныя людзі».

Экман, раптам зрабіўшыся зусім маленькім у гэтай мізэрнай канторы, загаласіў, заламваючы рукі. І ўсе прачкі, якія тапталіся ў ручаі на глыбіні па калена, паднялі галовы і загаласілі, а ў гэты час сухі вецер змятаў пясок з марскіх пляжаў, з шумам гнаў яго на ліставы лес, і голас, хутчэй за ўсё голас Экмана маліў яго зноў і зноў: «Вярніся». Потым пустыня загойдалася пад нагамі, і ён расплюшчыў вочы. Цягнік стаяў. Снег заляпіў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася.

Раптам нехта ў хвасце цягніка пачаў рагатаць і здзекавацца з некага. Да яго далучыліся іншыя, і яны свісталі і лаяліся. Майет паглядзеў на гадзіннік. Ён праспаў болей дзвюх гадзін. І пэўна, нагадаўшы голас, які чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы ішоў дым, і чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькі пасажыраў трэцяга класа аклікнулі яго, ён павярнуўся, пахітаў галавой, паціснуў плячыма — выгляд у яго быў зычлівы, але разгублены. Начальнік цягніка шпарка ішоў уздоўж пуці, адыходзячы ад паравоза. Майет спыніў яго:

— Што здарылася?

— Нічога. Нічога асаблівага. Невялікая няспраўнасць.

— Мы надоўга затрымаемся тут?

— Не, зусім ненадоўга. На гадзіну, магчыма, на паўтары гадзіны. Мы выклікалі па тэлефоне другі паравоз.

Майет зачыніў акно і выйшаў на калідор. Корал нідзе не было відаць. Ён прайшоў уздоўж цягніка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчыніць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай і доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткімі драўлянымі лаўкамі, і нарэшце знайшоў — гэта быў невялікі несамавіты чалавек з запаленымі вачыма.

— Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, — сказаў яму Майет па-нямецку, — і хачу, каб вы пайгралі мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара[26].

— Семдзесят пяць, ваша правасхадзіцельства.

Майет спяшаўся, яму хацелася як найхутчэй знайсці Корал.

— Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць.

— Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалічнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзіцельства?

— Ні ў якім разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае.

— Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.

— Чаму?

— Яго правасхадзіцельства, відаць, іншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краіне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.

І раптам, нягледзячы на нецярплівасць і тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелі ніякага значэння, гаворка ішла пра нейкія там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, і ён не збіраўся ўступаць.

— Семдзесят пяць пара. Ні на грош болей.

Скрыпач ветліва ўсміхнуўся: іншаземец прыйшоўся яму па сэрцы.

— Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзіцельства. Я прынізіў бы сваю прафесію, калі б запрасіў меней.

Пах чэрствага хлеба і пракіслага віна ўжо не раздражняў Майета: такі пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносін — выйгрыш ці пройгрыш тут не меў аніякага значэння, — ішла барацьба за пары, а кожная з іх каштавала меней чвэрці пенса. Майет пераступіў парог купэ, але не сеў.

— Восемдзесят пара.

— Ваша правасхадзіцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзін дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.

Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.

— Шклянку ракіі, ваша правасхадзіцельства.

Майет кіўнуў і, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбітым краем.

— Восемдзесят пяць пара. Хочаце — пагаджайцеся, хочаце — не.

Яны пілі і палілі разам, цудоўна разумеючы адзін аднаго, і таргаваліся ўсё болей люта.

— Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзіцельства. Я ж усё-такі музыка.

— Восемдзесят шэсць пара — гэта маё апошняе слова.


Трое афіцэраў сядзелі за сталом, келіхі былі ўжо прынятыя. Два салдаты з вінтоўкамі з прымкнутымі штыхамі стаялі каля дзвярэй. Доктар Цынер з цікаўнасцю сачыў за палкоўнікам Хартэпам: апошні раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калі ён, насуперак правасуддзю, спрытна кіраваў сваімі ілжэсведкамі. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянілі ў яго знешнім выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрыліся на яго скронях, толькі ў куточках вачэй з'явілася некалькі дабрадушных зморшчыкаў.

— Маёр Петкавіч, — сказаў ён, — прачытайце, калі ласка, абвінаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.

Доктар Цынер выняў рукі з кішэняў плашча і працёр акуляры. Ён прымусіў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.

— Абвінаваўчае заключэнне? — спытаў ён. — Што вы маеце на ўвазе? Хіба гэта суд?

Маёр Петкавіч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:

— Змоўкніце!

— Гэта разумнае пытанне, маёр, — сказаў палкоўнік Хартэп. — Доктар быў за мяжой. Бачыце, — працягваў ён мякка і вельмі зычліва, — мы мусілі былі прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.

— Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзіцца без папярэдняга следства.

— Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становішча было абвешчана ўчора на світанку, — растлумачыў палкоўнік Хартэп. — Маёр Петкавіч, пачынайце.

Маёр Петкавіч пачаў чытаць доўгі, напісаны ад рукі дакумент, многія месцы яму цяжка было разабраць.

— «Арыштаваны Рычард Цынер… змова супраць урада… пазбег пакарання за ілжэсведчанне… фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунліх абвінавачваецца ў нашэнні зброі. Арыштаваная Корал Маскер абвінавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада». — Ён паклаў паперу на стол і сказаў палкоўніку Хартэпу: — Я не ўпэўнены ў законнасці складу гэтага суду. Абвінавачаныя павінны мець абаронцу.

— Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..

— Не. Суд павінен складацца, прынамсі, з трох афіцэраў, сама меней.

— Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, — перабіў яго доктар Цынер, — гэтыя двое не разумеюць ніводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.

— Гэта не па правілах, — сказаў маёр Петкавіч.

Начальнік паліцыі паглядзеў на гадзіннік.

— Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.

Тоўсты афіцэр кіўнуў, паднёс да рота руку і падміргнуў Хартэпу.


— Дзевяноста пара.

— Адзін дынар.

Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся.

— Ну, згодзен. Адзін дынар. Сёння а дзевятай гадзіне вечара.

Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзілі з цягніка, размаўлялі, смяяліся, пацягваліся. Машыніста акружыў невялікі натоўп, і ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыі. Хоць наўкол не было відаць ніводнага будынка, некалькі сялян ужо з'явіліся каля цягніка, яны прадавалі бутэлькі з мінеральнай вадой і ледзянцы на палачках. Шаша праходзіла паралельна чыгунцы, іх раздзяляла толькі града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавіка гудзеў клаксонам і гучна крычаў:

— Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставім у Белград!

Гэта была нечуваная цана, і адзін мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгі гандаль. «Мінеральныя воды! Мінеральныя воды!» Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад і ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спінай нечы голас, які сказаў па-ангельску:

— Ізноў пойдзе снег.

Ён азірнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране.

— Не надта весела затрымацца тут, — сказаў ён. — Спатрэбіцца некалькі гадзін, пакуль прышлюць другі паравоз. А што, калі паехаць да Белграда на машыне?

— Гэта што, прапанова, запрашэнне?

— У складчыну.

— Але ў мяне няма ні гроша.

Яна абярнулася і памахала рукой:

— Містэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплаціце маю долю?

Містэр Сейвары локцямі праціснуўся праз натоўп пасажыраў, якія скупіліся вакол машыніста.

— Не магу ўцяміць, пра што гаворыць гэты хлапец. Нешта наконт катла, — сказаў ён. — Паехаць разам на машыне? — працягваў містэр Сейвары ўжо павольней. — Напэўна, гэта будзе каштаваць даволі дорага?

Ён пільна паглядзеў на жанчыну, нібыта чакаючы ад яе адказу на сваё пытанне. «Ён, вядома, прыкідвае, узважвае, якую карысць ён будзе мець з гэтага», — падумаў Майет. Ваганні містэра Сейвары, насцярожанае маўчанне жанчыны абудзілі ў ім інстынкт суперніцтва. Яму захацелася паказаць ёй сваё багацце, як паўлін разгортвае хвост, і асляпіць яе раскошаю сваіх скарбаў.

— Шэсцьдзесят дынараў — з вас дваіх.

— Я толькі пайду і пагавару з начальнікам цягніка, можа, ён ведае, як доўга…

Пайшоў снег.

— Калі вы захочаце падзяліць са мной кампанію, міс…

— Джанет Пардаў, — сказала яна і падняла каўнер футра да самых вушэй. Яе шчокі гарэлі, разрумяненыя снегам. Майет мог уявіць сабе абрысы яе ахутанага футрам цела і параўнаць яе з хударлявай голай Корал. «Мне давядзецца Корал узяць з сабой», — падумаў ён.

— Так, так, яна выйшла з цягніка ў Субоціцы. Я ведаю, каго вы маеце на ўвазе. Вы абедалі з ёй учора. — Яна ўсміхнулася яму. — Гэта, пэўна, ваша каханка?

— Яна выйшла з сакваяжам?

— Ды не, здаецца. У яе з сабой нічога не было. Я заўважыла, як яна прайшла з мытнікам на станцыю. А яна забаўная малышка, праўда? З вар'етэ? — спытала Джанет, але даволі абыякава. Па яе тоне Майет зразумеў, што яна асуджае не дзяўчыну, а яго самога за тое, што ён марна траціць грошы.

Гэта яго ўзлавала, нібыта яна крытыкавала яго разынкі, быў кінуты цень на яго праніклівасць і дабрачыннасць. «Зрэшты, я выдаткаваў на яе не болей, чым патраціў бы на вас, калі б узяў вас з сабой у Белград, — падумаў ён, — а ці расплаціліся б вы са мной такім самым спосабам і з такой самай шчодрасцю, як яна?» Аднак розніца паміж імі выклікала ў ім жаданне і горыч, таму што гэтая дзяўчына была бліскучая статуэтка з срэбра, а Корал — у лепшым выпадку прывабным кавалачкам каляровага шкла. Корал абуджала чыста сентыментальныя пачуцці, а ў Джанет была нейкая ўнутраная каштоўнасць. «Яна не з тых, каму трэба не толькі грошы, але і прыгожае цела, якое задаволіла б яе пажадлівасць, розум, адукаванасць. Я жыд, і мяне навучылі толькі таму, як рабіць грошы». Але тым не меней яе пагарда ўзлавала яго і дапамагла адмовіцца ад недасяжнага.

— Яна, пэўна, адстала ад цягніка. Мне трэба вярнуцца за ёй.

Ён не папрасіў прабачэння за парушанае абяцанне і хутка рэціраваўся. Добра, што было яшчэ не позна.

Камерсант усё яшчэ таргаваўся з шафёрам. Той панізіў суму да ста дынараў, а той падняў да дзевяноста. Майету было няёмка ўблытвацца ў іх здзелку, ён разумеў: абодва яны будуць пагарджаць ім за тое, што ён пора гарачку і паводзіць сябе такім чынам не да твару самавітаму бізнесмену.

— Я дам вам сто дваццаць дынараў, калі вы адвязеце мяне ў Субоціцу і назад. — Калі ён убачыў, што шафёр збіраецца працягваць торг, ён павялічыў суму: — Сто пяцьдзесят дынараў, калі вы даставіце мяне туды і назад да адыходу гэтага цягніка.

Машына была старая, пабітая, але вельмі магутная. Яны ехалі супраць ветру з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну па дарозе, якая не рамантавалася цэлую вечнасць. Спружыны сядзення былі зламаныя, і Майета кідала з боку на бок, калі машына правальвалася ў ямы, вылазіла з іх, хілілася набок. Яна бурчала і задыхалася, як чалавек, даведзены да знямогі бязлітасным гаспадаром. Снег паваліў мацней: тэлеграфныя слупы ўздоўж чыгункі мільгалі, нібыта цёмныя правалы ў белай сцяне снегу. Майет нахіліўся да шафёра і крыкнуў па-нямецку, перакрываючы роў старой машыны:

— Вы што, сляпы?

Раптам машыну рэзка занесла ўбок і кінула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нікога няма, але ён не пацвердзіў, што ўсё добра бачыць.

Тым часам вецер узмацніўся. Шаша, закрытая ад іх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад імі, то зноў бегла ўніз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цішэй. «Калі б зараз шына спусціла, нам абодвум канец», — падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзіннік і націснуў на акселератар. Стары аўтамабіль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькі міль у гадзіну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якіх кажуць: «Гэта ўжо апошнія: такую пароду мы болей не выведзем». Майет ізноў закрычаў: «Цішэй!» — але шафёр паказаў на свой гадзіннік і давёў машыну, што грукатала на ўсю моц, да небяспечнай, звышнатуральнай мяжы хуткасці. Гэтаму чалавеку трыццаць дынараў — розніца паміж тым, ці паспеюць яны, ці ўпусцяць цягнік — азначалі некалькі месяцаў забяспечанага жыцця: ён рызыкаваў бы сваім жыццём і жыццём свайго пасажыра і за меншую суму. Раптам, калі вецер падхапіў снег і адкінуў яго ўбок, у прасвеце, на адлегласці дзесяці метраў, перад імі з'явілася павозка. Майет ледзь паспеў заўважыць ачмурэлыя вочы быкоў, разлічыць, у якім месцы іх рогі разаб'юць лабавое шкло, як пажылы чалавек залямантаваў, кінуў пугу і саскочыў з калёс. Шафёр крута павярнуў руль, машына пераскочыла цераз снежны вал, пакацілася як шалёная на двух колах, у той час як два астатнія з шумам круціліся ў паветры па-над зямлёй. Машына нахілялася ўсё болей і болей, пакуль Майету не здалося, што зямля ўстае на дыбкі, як гарачае малако, потым аўтамабіль пераскочыў цераз снежны сумёт, спачатку два колы дакрануліся да зямлі, потым усе чатыры, і машына панеслася па шашы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, а снег самкнуўся за імі, накрыўшы быкоў, драбіны і здзіўленага старога, здранцвелага ад жаху.

— Едзьце цішэй, — задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усміхнуўся яму і бясстрашна махнуў рукой.


Афіцэры сядзелі за сталом, вартаўнікі стаялі каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытанні, якія яму бесперапынна задавалі. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела ніводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая і пачала ўжо прыходзіць у адчай. Спачатку ёй прыснілася, нібыта яна — маленькая дзяўчынка і ўсё было вельмі проста і вельмі трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснілася, што яна старая і аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правільна і што няправільна і чаму здараецца тое і гэтае, і зноў усё было вельмі проста і падпарадкоўвалася законам маралі. Але гэты другі сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася і прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. І ўсе яе сны праходзілі на фоне размовы, якая здалёк даносілася да яе. У апошнім сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць і падзеі мінулай ночы і дня, і ёй здалося, што ўсё ўладзілася, і Манет прыехаў па яе з Белграда.

Доктару Цынеру таксама дазволілі сесці ў крэсла. Па выразе твару мажнага афіцэра ён зразумеў, што з ілжывым абвінавачаннем было амаль пакончана, — таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькі ківаў галавой, ікаў і зноў ікаў. Палкоўнік Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлівасць і трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён і не хацеў прыносіць падсуднаму празмерных пакутаў. Калі б гэта было магчыма, ён да канца пакінуў бы доктару Цынеру нейкае каліва надзеі. Маёр Петкавіч бесперапынна выступаў з пратэстамі, ён ведаў, гэтаксама як і кожны з іх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасці, каб усё праходзіла згодна правілам, змешчаным у настаўленні 1929 года.

Седзячы спакойна, сціснуўшы кулакі, паклаўшы паношаны мяккі брыль на падлогу каля сваіх ног, доктар Цынер вёў з афіцэрамі безнадзейную барацьбу. Адзінае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасці гэтага суду — яго ж збіраліся паціху закапаць у зямлю на пагранічнай станцыі, калі сцямнее, і ніхто ні пра што не даведаецца.

— За ілжэсведчанне мяне не судзілі. Гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, — сказаў ён.

— Вас судзілі ў вашу адсутнасць, — запярэчыў палкоўнік Хартэп. — І прыгаварылі да пяці год зняволення.

— Лічу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскі суд для вынясення канчатковага прыгавору.

— Ён мае рацыю, — умяшаўся маёр Петкавіч. — Такія злачынствы не ў нашай кампетэнцыі. Калі вы паглядзіце раздзел пятнаццаты…

— Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвінавачанне ў ілжэсведчанні. Застаецца фальшывы пашпарт.

— Вы павінны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, — хутка запярэчыў доктар Цынер. — Дзе вашы сведкі? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?

Палкоўнік Хартэп усміхнуўся:

— Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?

— Не. Я лічу, што будзе больш правільна, калі мы адкладзём суд па больш дробным абвінавачанні, пакуль ён не будзе асуджаны, — я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвінавачанні.

— Для мяне гэта тое самае, — сказаў палкоўнік Хартэп. — А як вы, капітан?

Капітан кіўнуў, усміхнуўся і заплюшчыў вочы.

— А цяпер абвінавачанне ва ўдзеле ў змове, — сказаў палкоўнік Хартэп.

Маёр Петкавіч перабіў яго:

— Я ўсё гэта абдумаў. Лічу, што ў абвінаваўчым акце трэба выкарыстаць слова «здрада».

— Ну, добра, хай будзе «здрада».

— Не, не, палкоўнік, цяпер ужо нельга ўносіць папраўкі ў абвінаваўчы акт. Давядзецца пакінуць «удзел у змове».

— Вышэйшая мера?

— І ў тым і ў другім выпадку.

— Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вінаватым ці не прызнаяце?

Доктар Цынер з хвілінку падумаў. Потым сказаў:

— А якая розніца?

Палкоўнік Хартэп паглядзеў на гадзіннік, потым узяў са стала пісьмо.

— На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.

У яго быў выгляд чалавека, які хоча далікатна, але няўмольна пакласці канец дзелавой размове.

— Я думаю, што маю права на тое, каб пісьмо прачыталі і падверглі перакрыжаванаму допыту салдата, які адабраў гэтае пісьмо.

— Безумоўна, — ахвотна пагадзіўся маёр Петкавіч.

— Я не буду ўскладняць вам справу, — усміхнуўся доктар Цынер. — Я прызнаю сваю віну.

«Але калі б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, — сказаў ён сабе, — і журналісты ў сваёй ложы занатоўвалі б усё, я б змагаўся за кожны пункт». Цяпер, калі яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прыліў красамоўства, яму ў галаву прыходзілі рэзкія словы і словы, якія маглі выклікаць слёзы.

Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляйміць місіс Пітэрс.

— Суд аб'яўляе перапынак, — сказаў палкоўнік Хартэп.

У нядоўгім маўчанні было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмі кароткі, ён доўжыўся роўна столькі, колькі спатрэбілася палкоўніку Хартэпу, каб накідаць некалькі слоў на аркушы паперы і пасунуць яго па стале на подпіс абодвум афіцэрам. Двое салдат стаялі крыху вальней.

— «Суд прызнае арыштаваных вінаватымі, — прачытаў палкоўнік Хартэп. — Арыштаваны Ёзеф Грунліх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзіму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзіны, пасля чаго будзе выслана на радзіму. Арыштаваны…»

Доктар Цынер перабіў яго:

— Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?

Палкоўнік Хартэп кінуў погляд у акно — яно было зачынена, зірнуў на вартаўнікоў — іх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалі неразуменне і адчужанасць.

— Можаце, — дазволіў ён.

Твар маёра Петкавіча пабарвавеў.

— Немагчыма, — сказаў ён, — абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.

Начальнік паліцыі паглядзеў міма вострага профілю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукі ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, які павольна рухаўся па чыгуначным пуці. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгі шэраг ордэнскіх калодак на сваім шынялі і на дзірку ў пальчатцы доктара Цынера.

— Гэта будзе поўнае парушэнне правілаў, — прабурчаў маёр Петкавіч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку і пачаў тузаць, кудлаціць яго за вушамі.

— Прымаю да ведама ваш пратэст, — сказаў палкоўнік Хартэп і потым звярнуўся да доктара Цынера: — Вы ведаеце гэтаксама добра, як і я, — зычліва пачаў ён, — што б вы ні гаварылі, гэта ўжо не зменіць прысуду. Але калі вам так хочацца нешта сказаць, калі гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.

Доктар Цынер чакаў пярэчанняў ці зневажальных рэплік і ў сваім апошнім слове меўся даць ім рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлівасць палкоўніка на імгненне пазбавілі яго дару слова. Ён ізноў пазайздросціў тым вартасцям, якімі валодаюць толькі людзі моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлівасць палкоўніка, які моўчкі глядзеў на яго, скавала яму язык. Капітан Алексіч расплюшчыў вочы і зноў заплюшчыў іх. Доктар пачаў павольна гаварыць:

— Гэтыя ўзнагароды вы атрымалі за заслугі перад радзімай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмі моцна люблю сваю радзіму. Я не хачу забіваць людзей толькі за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзіму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыі, а за новы свет.

Яго прамова перарвалася: тут не было публікі, якая магла б падбадзёрыць яго, і ён усведамляў, наколькі напышлівыя яго словы: яны не маглі служыць доказам вялікай любові і вялікай нянавісці, якія заўсёды кіравалі ім у яго жыцці. У яго мазгу прамільгнулі журботныя і цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў ім, але не здатны быў іх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей — беспрацоўныя, у той час як буйныя фінансісты і вайскоўцы квітнеюць.

— Вас нанялі, каб падтрымліваць нікчэмны і агідны стары свет, поўны несправядлівасці і неразбярыхі, — казаў ён, — бо такія людзі, як Вускавіч, крадуць працоўныя жабрацкія грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. І вам плацяць за тое, каб вы абаранялі вось такую сістэму, якая падтрымлівае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялікія злодзеі жывуць у палацах.

— Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае ніякага дачынення да справы. Гэта палітычная прамова, — умяшаўся маёр Петкавіч.

— Хай гаворыць.

Палкоўнік Хартэп засланіў рукою твар і заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: «Ён робіць выгляд, што спіць — хоча замаскіраваць сваю раўнадушнасць», але той ізноў расплюшчыў вочы, калі доктар гнеўна звярнуўся да яго:

— Як жа вы ўстарэлі з сваімі граніцамі і з сваім патрыятызмам! Самалёты не ведаюць граніц, нават вашы фінансісты іх не прызнаюць.

Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнік Хартэп нечым засмучаны, і пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерці, яму зноў зрабілася цяжка падбіраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзіў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да паліцы з гадзіннікам, застаўленай кнігамі ў падраных вокладках па стратэгіі і па ваеннай гісторыі. Нарэшце яго погляд спыніўся на двух вартавых. Адзін глядзеў міма, не звяртаючы на яго ўвагі, ён спрабаваў глядзець у адну кропку і трымаць вінтоўку пад правільным вуглом. Другі ж не зводзіў з яго вялікіх, наіўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсіі, і тут ён зразумеў — ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналісты: перад ім быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы і пераканаць, каб ён служыў справядлівай справе. І тады ў доктара адразу знайшліся словы, абстрактныя, але мілагучныя, — яны некалі пераканалі яго самога, а цяпер павінны былі пераканаць іншага. Аднак зараз ён паводзіў сябе хітрэй, з асцярогай, уласцівай яго класу, не глядзеў на салдата, які стаяў на варце, а толькі зрэдку, крадком, кідаў на яго хуткі, нібыта хвост яшчаркі, позірк, звяртаючыся да яго ў множным ліку: «Браты!» ён пераконваў яго, што беднасць — не ганьба, але і старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць — не злачынства і няма ніякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калі ўсе зробяцца беднякамі — беднякоў не будзе наогул. Багацці свету належаць усім. Калі падзяліць іх паміж усімі людзьмі, тады знікнуць беднякі, і ў кожнага чалавека будзе дастаткова, і не трэба будзе саромецца сваіх суседзяў.

Палкоўнік Хартэп страціў да яго цікавасць: у доктара Цынера зніклі характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзіркай на вялікім пальцы, і ён ператварыўся ў звычайнага вулічнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзіннік, палкоўнік Хартэп сказаў:

— Я думаю, што даў вам дастаткова часу.

Маёр Петкавіч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку і буркнуў:

— Адчапіся! Вечна ты лезеш да мяне.

Капітан Алексіч прачнуўся і сказаў з вялікай палёгкай:

— Ну вось, нарэшце, і закончылі.

Доктар Цынер, які ўтаропіўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўніка, павольна вымавіў:

— Гэта быў не суд. Яны прыгаварылі мяне да смерці перш чым пачалі судзіць. Памятайце, я паміраю, каб адкрыць перад вамі шлях у будучыню. Смерці я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерці. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысці. — Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад ці яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.

— «Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, — прачытаў палкоўнік Хартэп. — Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афіцэрам, які камандуе гарнізонам у Субоціцы, праз тры гадзіны».

З хвіліну ўсе сядзелі моўчкі, як на канцэрце, калі выкананне закончана і публіка не ўпэўнена, ці надышоў час апладзіраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцяміць, што тут адбываецца. Афіцэры размаўлялі паміж сабой, перагортвалі паперы. Потым адзін з іх аддаў каманду, вартаўнікі адчынілі дзверы і пайшлі насустрач ветру і снегу да белых зацярушаных будынкаў.

Арыштаваныя выйшлі за імі, тулячыся адно да аднаго сярод снежнай завеі, што агарнула іх. Не паспелі яны крыху адысці, як Ёзеф Грунліх тузануў доктара Цынера за рукаў.

— Чаму вы нічога не гаворыце мне? Што будзе са мной? Вы ідзяце і маўчыце, — бурчаў ён, цяжка дыхаючы.

Грунліх замоўк, з пільнай увагаў разглядаючы размяшчэнне будынкаў. Ён спатыкнуўся на рэйках і сярдзіта прабурчаў нешта сабе пад нос.

— А я? Што будзе са мной? — спытала Корал.

— Вас адправяць дадому заўтра.

— Але я не магу туды ехаць. Мне трэба на працу. Я страчу яе. А як жа мой сябра?

Яна з самага пачатку баялася гэтага падарожжа — баялася не зразумець, што ёй казалі насільшчыкі, баялася нязвыклай ежы — і не ведала, чым усё гэта скончыцца. У той момант, калі памочнік капітана аклікнуў яе на мокрым прычале ў Остэндэ, яна гатовая была павярнуць назад. З таго часу адбылося шмат розных падзей, а цяпер ёй давядзецца вяртацца ў тую самую кватэру, да скібак падсмажанага белага хлеба і апельсінавага соку на снеданне, да доўгага чакання на лесвіцы каля агенцтва разам з Айві, і Фло, і Філам, і Дзікам. Усе яны ветлівыя юнакі і дзяўчаты, з імі цалуешся і называеш іх проста па імені, хоць і зусім іх не ведаеш. Блізкасць з кім-небудзь адным можа парушыць свет сяброўскіх адносін: пачынаеш адчуваць агіду да жаночых пацалункаў і да іх гучнага шчэбету, звыклае жыццё робіцца крыху нерэальнае і вельмі сумнае. Нават доктар, які крочыў перад ёй, у гэтым нерэальным свеце не выклікае ў яе цікавасці. Але, калі яны дайшлі да залы чакання, яна ўспомніла, што трэба спытаць у яго:

— А вы? Што будзе з вамі?

— Мяне затрымаюць тут, — няпэўна адказаў ён, забыўшыся прапусціць яе перад сабою, калі яны ўваходзілі ў залу.

— Куды яны мяне пасадзяць? — спытаў Ёзеф Грунліх, калі дзверы за імі зачыніліся.

— А мяне?

— На гэтую ноч, я думаю, у казармы. Цягніка да Белграда няма.

Печ ужо астыла. Ён паглядзеў у акно, спрабуючы ўбачыць сялян, але ім, пэўна, надакучыла чакаць, і яны пайшлі па дамах.

— Нічога не зробіш, — з палёгкай вымавіў ён і дадаў сумным гумарам: — Быць дома — гэта ўжо нешта.

На імгненне ён убачыў, як стаіць перад бясконцай прасторай, поўнай сасновых парт, перад радам злосных твараў, і нагадаў той час, калі сэрца ў яго ныла ад іх дзіцячага свавольства, патаемных сігналаў і прытоенага смеху — калі настаўнік не можа падтрымліваць парадку ў класе, яго абавязкова звальняюць. Але яго ворагі даравалі яму тое, чаго ён ніколі раней не меў: бяспеку. Не трэба было нічога вырашаць. Ён жыў у спакоі.

Доктар Цынер пачаў напяваць нейкі матыў.

— Гэта старадаўняя песня, — растлумачыў ён Корал Маскер. — Каханы кажа: «Я не магу прыйсці ўдзень, бо я бедны і твой бацька нацкуе на мяне сабак. Але ўначы я падыду да твайго акна і папрашу цябе ўпусціць мяне да сябе». А дзяўчына адказвае: «Калі забрэшуць сабакі, стой, схаваўшыся ў цень сцяны, я спушчуся да цябе, і мы разам пойдзем у гушчар фруктовага саду».

Ён праспяваў першы куплет злёгку хрыплаватым голасам, таму што даўно не спяваў. Ёзеф Грунліх, седзячы ў кутку, пахмурна паглядзеў на спевака, а здзіўленая Корал, стоячы каля астылай печы, слухала з задавальненнем, бо доктар, здавалася, памаладзеў і быў поўны аптымізму. «Уначы я прыйду да твайго акна і папрашу цябе ўпусціць мяне да сябе». Ён звяртаўся не да сваёй каханай, словы гэтыя былі бяссільныя выклікаць у памяці твар дзяўчыны з тых гадоў, калі ён займаўся палітыкай і цалкам падначаліў сябе адзінай мэце, але яго бацькі з дакорам хіталі добрымі маршчыністымі тварамі: яны ўжо не ставіліся з глыбокай пашанай да адукаванага чалавека, доктара, амаль джэнтльмена. Потым крышку цішэй ён яшчэ раз праспяваў партыю дзяўчыны. Яго голас гучаў не так хрыпла, ён, пэўна, калісьці быў прыгожы. Адзін вартаўнік падышоў да акна і зазірнуў у залу, а Ёзеф Грунліх раптам заплакаў характэрнымі тэўтонскімі слязамі, думаючы пра сірот, засыпаных снегам, пра прынцэс з ледзяным сэрцам і зусім не ўспамінаючы пра Кольбера, чыё цела зараз везлі па брудных гарадскіх вуліцах у пахавальнай машыне ў суправаджэнні двух пахавальных агентаў і аднаго праважатага ў таксі, пажылога халасцяка, цудоўнага гульца ў шашкі. «Стой, схаваўшыся ў цень сцяны, і я спушчуся да цябе». У свеце панаваў хаос: беднякі паміралі з голаду, а багацеі не рабіліся ад гэтага больш шчаслівыя, злодзея маглі і пакараць, і ўзнагародзіць тытуламі, у Канадзе палілі пшаніцу, у Бразіліі — каву, а ў беднякоў яго роднай краіны не хапала грошай на хлеб, і яны паміралі з голаду ў халодных пакоях. Свет раскалоўся, і ён некалі рабіў усё магчымае, каб навесці ў ім парадак, але цяпер з гэтым пакончана. Цяпер ён нічога не мог зрабіць, але ён быў шчаслівы. «Мы пойдзем туды, у гушчар фруктовага саду». У памяці зноў не ўзнікла ніякай дзяўчыны, якая прынесла б яму палёгку, а толькі журботныя і цудоўныя твары беднякоў, якія навявалі на яго спакой. Ён зрабіў усё, што яму было пад сілу, нічога большага ад яго і не чакалі. Беднякі надзялілі яго ўсведамленнем безвыходнасці, адкрылі перад ім таямніцы сваёй духоўнай прыгажосці, сваіх радасцей і бед і павялі яго ў цемру, поўную шапацення лістоты. Вартаўнік прыціснуўся тварам да акна, і доктар Цынер перастаў спяваць.

— Цяпер ваша чарга, — сказаў ён Корал.

— О, я не ведаю такіх песень, якія б вам спадабаліся, — сур'ёзна сказала яна, у той жа час шукала ў памяці што-небудзь крыху старамоднае і журботнае, што-небудзь, што пасавала б да яго кранальнай сумнай песенькі.

— Але ж павінны мы неяк бавіць час.

Корал раптам заспявала нягучным, але чыстым голасам, падобным на гук музычнай скрынкі:

Хто будзе маім,

Я пакуль не рашыла,

Я з Майклам ганяла

Усю ноч на машыне.

Я з Пітэрам ў парку

На лаўцы сядзела.

А ўвечары з Джонам

На зоркі глядзела.

А потым знянацку

Сустрэлася з Гары,

З ім горкага піва

Напілася ў бары.

Дый некалі будзе уцехам канец,

І дзеўчына пойдзе з хлапцом пад вянец.

— Гэта Субоціца? — закрычаў Майет, калі скрозь завею паказаліся некалькі гліняных будынкаў.

Шафёр кіўнуў і паказаў рукой наперад. На сярэдзіну шашы выбегла дзіцё, і машына рэзка павярнула ўбок, каб не наехаць на яго. Пранізліва запішчала кураня, і шэрае пер'е разляцелася па снезе. З хаткі выйшла бабуля і закрычала ім наўздагон.

— Што яна сказала?

Шафёр павярнуў галаву і ўсміхнуўся:

— «Праклятыя жыды».

Стрэлка спідометра задрыжала і пачала адступаць: пяцьдзесяць міль, сорак, трыццаць, дваццаць.

— Тут паўсюль салдаты, — сказаў шафёр.

— Вы думаеце, што тут абмежаванне хуткасці?

— Не, не. Гэтыя праклятыя салдафоны! Як толькі ўбачаць добрую машыну, адразу рэквізуюць. Тое самае з коньмі. — Ён паказаў на палі, ахутаныя снегам. — Сяляне — яны ўсе галадаюць. Я працаваў тут некалі, але потым вырашыў: гэта не па мне, лепей буду жыць у горадзе. Увогуле, вёска гіне. — Ён кіўнуў галавой у бок чыгункі, якой не было відно ў снежным буране: — Адзін-два цягнікі на дзень — вось і ўсё. Не дзіва, што тут чырвоныя бунтуюць.

— А ў вас гэтаксама былі бунты?

— Бунты? Вочы б мае не глядзелі на ўсё гэта! Таварныя склады ўсе гараць, паштамт разбіты ўшчэнт. Паліцыя ў паніцы. Белград на ваенным становішчы.

— Я хачу паслаць адгэтуль тэлеграму. Але ці дойдзе яна?

Машына, пыхкаючы, пракладала сабе дарогу, узлазячы на другой перадачы на маленькі пагорак, потым паехала па вуліцы з закуранымі цаглянымі хацінамі, пазаклеенымі аб'явамі і адозвамі.

— Калі вы хочаце паслаць тэлеграму, то на вашым месцы я паслаў бы яе адгэтуль. У Белградзе чэргі газетчыкаў, паштамт разбураны, і ўладам давялося канфіскаваць стары рэстаран Міколы. Разумееце, што гэта значыць? Ды дзе ўжо вам, вы ж іншаземец. Галоўнае — не клапы, хай бы яны былі: кажуць, яны нават карысныя для здароўя…

— Ці хопіць у мяне часу паслаць адгэтуль тэлеграму і паспець на цягнік?

— Гэты цягнік яшчэ доўга стаяць будзе. Яны запатрабавалі другі паравоз, але ніхто ў горадзе і слухаць не хоча. Паглядзелі б вы, што робіцца на станцыі, які там гармідар. Лепей адвёз бы я вас у Белград. Я б вам і горад паказаў. Я там ведаю ўсе лепшыя бардэлі.

— Спачатку я паеду на пошту, — перапыніў яго Майет. — А потым паспрабуем пашукаць маю даму ў гатэлях.

— Тут усяго адзін гатэль.

— А потым пашукаем на станцыі.

Адпраўка тэлеграмы заняла некаторы час. Спачатку ён меўся паслаць распараджэнне Джойсу, каб не даць Экману абвінаваціць фірму ў паклёпе. Нарэшце ён спыніўся на такой фармулёўцы: «Экману неадкладна прадаставіць месячны адпачынак. Калі ласка, адразу бярыце на сябе яго паўнамоцтвы. Буду заўтра». Такімі словамі ён выклаў сваё распараджэнне, але ўсё гэтае трэба было зашыфраваць кодам фірмы. Аднак калі зашыфраваная тэлеграма была пададзена ў акенца тэлеграфіста, той адмовіўся прыняць яе: усе тэлеграмы праходзілі праз цэнзуру і зашыфраваныя паведамленні не перадаваліся. Нарэшце Майет выбраўся з пошты, але ў гатэлі, дзе тхнула засохлымі раслінамі і клапаморам, пра Корал нічога не ведалі. «Яна, пэўна, яшчэ на станцыі», — падумаў Майет. Ён выйшаў з машыны за сто метраў ад вакзала, каб пазбавіцца ад шафёра, — той аказаўся надта гаваркі і назойліва навязваў сваю дапамогу, — і пачаў адзін прабірацца скрозь вецер і снег. Калі праходзіў паўз двух вартаўнікоў, якія стаялі каля дзвярэй нейкага будынка, ён спытаў у іх, як прайсці ў залу чакання. Адзін сказаў, што цяпер ніякай залы ўжо няма.

— А куды мне звярнуцца па даведку?

Той, што быў вышэйшы ростам, прапанаваў яму звярнуцца да начальніка станцыі.

— А дзе яго кабінет?

Салдат паказаў на другі будынак, але ветліва дадаў, што начальніка станцыі зараз няма, ён у Белградзе.

Майет стрымаў абурэнне, — вартаўнік здаваўся такім зычлівым. Яго напарнік плюнуў, выказваючы сваю пагарду, і прабурчаў пад нос нешта наконт жыдоў.

— А куды ж мне ў такім разе звярнуцца па даведку?

— Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнік начальніка станцыі, — няпэўна прамовіў вартаўнік.

— Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы, — сказаў другі салдат.

Майет, не доўга думаючы, наблізіўся да дзвярэй: за ёй чуліся ціхія галасы. Змрочны вартаўнік раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вінтоўкі.

— Ідзі адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылі розныя шпегі. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.

Захоўваючы поўны спакой, уласцівы людзям яго нацыянальнасці ў такіх абставінах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешні спакой — прыроджаная рыса, — пра яе існаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне і гнеў чалавека, які ведае сабе сапраўдную цану. Ён быў памкнуўся да салдата, каб кінуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якія-небудзь з'едлівыя словы, аднак своечасова спыніўся, са здзіўленнем і жахам адчуўшы небяспеку: у маленькіх пранізлівых вочках гарэла дзікая нянавісць і прага забойства, — нібыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уціск, ярмо, зайздрасць і забабоны, што спарадзілі ўсё гэта, скупіліся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлі, і ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краі. Ён адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалі курок.

— Я пагавару з памочнікам начальніка станцыі. — Але яго інстынкт падказваў яму хутчэй пайсці да машыны і вяртацца ў цягнік.

— Не ў тэй бок! — крыкнуў яму зычлівы вартаўнік. — Ідзіце вунь туды, цераз рэйкі.

Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы і шалёна дзьмуў паміж ім і салдатамі. Там, дзе ён стаяў, вецер быў не асабліва моцны, ён затрымліваўся ў праходах паміж будынкамі. Майет сам дзівіўся сваёй упартасці, не разумеючы, чаму ён марудзіць на пустой, поўнай небяспекі станцыі. Ён пераконваў сябе, што не мае ніякіх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзілася б з ім. «Мы разлічыліся, — сказала б яна, — вы купілі мне білет, а я дала вам магчымасць няблага прабавіць час». Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклівая пакорлівасць. Перад такой пакорлівасцю ён павінен быў быць толькі шчодры і ўдзячны. Ён перайшоў лінію і пагрукаў у нейкія дзверы. За сталом, спінай да дзвярэй, сядзеў чалавек і піў віно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым і значным:

— Я хачу атрымаць даведку.

У яго не было падстаў баяцца афіцыйнага чыноўніка, але, калі гэты чалавек павярнуўся і, убачыўшы Майета, кінуў на яго хітры і нахабны позірк, ён прыйшоў у адчай. Над пісьмовым сталом вісела люстра, і на секунду Майет ясна ўбачыў там свой адбітак — нізенькі, тоўсты, насаты, у цяжкім футры, — і ён адразу здагадаўся: гэтыя людзі ненавідзяць яго не толькі таму, што ён — жыд, але для іх, якія ўжо прымірыліся з беднасцю і нікчэмнасцю свайго жыцця, ён быў яшчэ і ўвасабленнем багацця.

— Якую даведку? — спытаў клерк.

— Я хачу атрымаць даведку наконт дзяўчыны з Усходняга экспрэса, якая адстала ад цягніка тут сёння раніцай.

— Як гэта так? — нахабна спытаў клерк. — Калі нехта выходзіць з цягніка тут, дык ён сюды, значыць, і едзе, а не адстае ад цягніка. А сёння цягнік гэты стаяў тут болей за паўгадзіны.

— Але ж дзяўчына выйшла з яго?

— Не.

— А вы маглі б прагледзець здадзеныя білеты і праверыць?

— Не. Я ўжо казаў вам, што ніхто не выходзіў. Чаго вам яшчэ ад мяне трэба? У мяне няма часу з вамі размаўляць. Я чалавек заняты.

Майет раптам падумаў, што і ён не супраць таго, каб паслухацца гэтага клерка і спыніць пошукі: ён зрабіў усё, што толькі ад яго залежала, і зараз яму захацелася адчуць сябе вольным. На імгненне ён параўнаў Корал з маленькім завулкам, які вабіць да сябе мужчын, што праходзяць міма, але аказваецца — гэта тупік з глухой сцяной у канцы. Існуюць жа яшчэ і іншыя жанчыны, яны падобныя на вуліцы з мноствам крамаў — бліскучых і зіхатлівых, — такія вуліцы заўсёы вядуць куды-небудзь. І тут ён згадаў Джанет Пардаў. Ён дасягнуў ужо таго веку, калі ўзнікае пільная патрэба ажаніцца і займець дзяцей, разбіць свой намёт і памножыць сваё племя. Але пачуцці ў яго былі надта патрабавальныя, далікатныя: яны абуджалі ў ім сумненні адносна той, якая зусім не спадзявалася на замужжа, а імкнулася проста сумленна разлічыцца з ім і падарыць яму сваю прыхільнасць. І ён ізноў прыгадаў яе дзіўны і нечаканы стогн і выгук: «Я кахаю цябе». Ён вярнуўся ад дзвярэй да стала клерка, вырашыўшы зрабіць усё, што ад яго залежала, да канца. Можа, яна трапіла ў цяжкае становішча, сядзіць на мялі, без грошай, магчыма, яе напалохалі.

— Людзі бачылі, як яна выходзіла з цягніка.

— Што вам ад мяне трэба? Каб я пайшоў шукаць яе ў такую завіруху? — буркнуў чыноўнік. — Кажу вам, мне пра яе нічога не вядома. Не бачыў я ніякай дзяўчыны.

Голас яго памякчэў, калі ён убачыў, як Майет дастае бумажнік. Майет выняў асігнацыю ў пяць дынараў і разгладзіў яе пальцамі.

— Калі вы скажаце мне, дзе яна, вы атрымаеце дзве такія асігнацыі.

Клерк пачаў злёгку заікацца, на вачах у яго навярнуліся слёзы, і ён сказаў з горкім шкадаваннем:

— Калі б я мог, калі б гэта толькі было мне па сіле, паверце мне, я быў бы шчаслівы дапамагчы вам. — Яго твар асвятліўся, і ён з надзеяй прапанаваў: — Вам трэба паспрабаваць навесці даведкі ў гатэлі.

Майет засунуў бумажнік у кішэню — ён зрабіў усё, што мог, — і пайшоў шукаць машыну.

За апошнія некалькі гадзін сонца паспела ўжо схавацца за хмарамі, але пра яго прысутнасць сведчылі бляск снегу і бялізна сумётаў. Цяпер яно садзілася, і снег паглынаў шэры колер неба. Пакуль засветла, Майету не дабрацца да цягніка. Але нават надзея паспець на цягнік знікла: падышоўшы да машыны, ён даведаўся, што рухавік застыў, хоць радыятар быў пакрыты анучамі.

4

— Добра вам спяваць, — сказаў Ёзеф Грунліх. Хоць ён і ганіў доктара і Корал за пасіўнасць, яго вочы пачырванелі ад слёз, і не без шкадавання ён развітаўся з прывідамі маленькіх прадаўшчыц запалак і прынцэс з ледзяным сэрцам. «Так лёгка ім не ўдасца мяне злавіць». Ён пачаў мераць крокамі залу чакання. Паслініўшы вялікі палец, ён пачаў абмацваць драўляную абіўку сцен.

— Я ні разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзіўляецеся, але гэта праўда. У маім узросце мне гэта зусім непатрэбна. Ды яшчэ збіраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.

— А вас там шукаюць?

Ёзеф Грунліх аправіў камізэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.

— Вам, прынамсі, я магу прызнацца. Мы ж з вамі заадно, га? — ён крыху нахіліў галаву, нібыта ад прыліву сціпласці. — Я забіў чалавека ў Вене.

— Значыць, вы — забойца? — з жахам спытала Корал.

«Мне б дужа хацелася расказаць ім усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабіў, навошта трымаць у сакрэце? — разважаў Ёзеф Грунліх. — Як хутка ўсё адбылося! «Зірніце туды, гер Кольбер!» Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забіты — і ўсё за нейкія дзве секунды. Але ж лепей не расказваць». Ён згадаў перасцерагальны дэвіз сваёй прафесіі — непарушнае правіла, якое стрымлівае занадта самаўпэўненых: «Ніколі не ведаеш, што цябе чакае наперадзе».

Ён засунуў палец за каўнер і бесклапотна сказаў:

— Я мусіў быў пайсці на гэта. Пытанне гонару. — Грунліх крыху павагаўся. — Ён… Як бы вам сказаць? Ён зрабіў пуза маёй дачцэ.

Ён ледзь стрымаўся ад смеху, калі прыгадаў Кольбера, маленькага і хударлявага, і яго раззлаваны вокліч: «Зрабіць з маёй кватэры бардэль!»

— Вы на самай справе забілі яго толькі таму, што ён зняславіў вашу дачку? — здзіўлена спытала Корал.

Ёзеф Грунліх рассеяна падняў рукі ўгору, паглядаючы ўверх на акно і прыкідваючы, ці высока яно ад падлогі.

— А што мне заставалася рабіць? Яе гонар, мой гонар…

— Божухна, якое шчасце, што ў мяне няма бацькі!

— А шпілька ў вас ёсць? — раптам спытаў Грунліх.

— Якая шпілька?

— Ці сцізорык?

— Няма ў мяне ніякіх шпілек. Навошта яны мне?

— У мяне ёсць ножык для паперы, — прапанаваў доктар Цынер. Падаючы яго Грунліху, ён спытаў: — Вы не скажаце, колькі часу мы тут ужо сядзім? Мой гадзіннік спыніўся.

— Гадзіну, — адказаў Грунліх.

— Значыць, засталося яшчэ дзве гадзіны, — задуменна сказаў доктар Цынер.

Двое іншых не пачулі яго. Ёзеф на дыбачках падышоў да дзвярэй з нажом для паперы ў руках, а Корал назірала за ім.

— Хадзіце сюды, паненка, — сказаў Ёзеф і, калі яна падышла да яго, шэптам спытаў: — Ёсць у вас які-небудзь тлушч?

Яна выцягнула з сумачкі бляшанку з крэмам, і ён густа памазаў ім замок у дзвярах, пакінуўшы чыстым толькі невялікую частку замка. Ён ціхенька засмяяўся, сагнуўся амаль удвая, разглядаючы замок.

— Вось гэта замок! — радасна шапнуў ён. — Вось так замок!

— А навошта вам крэм?

— Каб не было шуму. Крэм дапаможа мне дзейнічаць без шуму. — Ён вярнуўся да астылай печы і махнуў ім рукой, падзываючы да сябе. — Калі б мы змаглі адцягнуць увагу вартаўніка, нам удалося б уцячы.

— Нас бы застрэлілі, — сказаў доктар Цынер.

— Яны не могуць застрэліць усіх адразу, — запярэчыў Грунліх і ў адказ на іх маўчанне дадаў толькі два словы: — Цемра. Снег. — І адышоў на крок, чакаючы іх рашэння.

Яго мазгі працавалі дакладна. Ён першы выйдзе за дзверы, першы пабяжыць — яму бегчы значна лягчэй, чым пажылому чалавеку і дзяўчыне, вартаўнік будзе страляць па бліжэйшым ад яго ўцекачы.

— Я параіў бы вам заставацца тут, — сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал. — Вам тут нічога не пагражае.

Грунліх разявіў быў рот, каб запярэчыць, але не сказаў нічога. Усе трое глядзелі праз акно на вартаўніка, які хадзіў узад і ўперад з вінтоўкай цераз плячо.

— Колькі вам спатрэбіцца часу, каб адчыніць дзверы? — спытаў доктар Цынер.

— Пяць хвілін.

— У такім разе пачынайце.

Доктар Цынер пагрукаў у акно — падышоў другі вартаўнік. Яго вялікія зычлівыя вочы наблізіліся да шкла і ўважліва глянулі ў залу чакання. У пакоі было цямней, чым знадворку, і ён нічога не ўбачыў, акрамя няясных фігур, якія безупынна сноўдаліся туды-сюды, каб сагрэцца. Доктар Цынер наблізіў рот да акна і загаварыў з ім на яго роднай мове:

— Як вас завуць?

Нож для паперы скрыпеў: «скрытч», «скрытч», «скрытч», — але, калі ён саскокваў з замка, яго віск заглушаўся крэмам.

— Нініч, — адказаў скрозь шкло няясны голас.

— Нініч, — павольна паўтарыў доктар Цынер. — Нініч. Я, здаецца, ведаў вашага бацьку ў Белградзе.

Гэтая прымітыўная хлусня не выклікала ў Нініча ніякага сумнення, ён прыціснуўся носам да шкла, але нічога не ўбачыў у зале чакання: яму засціў твар доктара.

— Бацька памёр шэсць гадоў таму.

Доктар Цынер рызыкаваў вельмі нямногім, бо ён добра ведаў жыццё беднякоў у Белградзе і яму было вядома, як яны харчаваліся.

— Так. Ён хварэў, калі мы з ім пазнаёміліся. Рак страўніка.

— Рак?

— Болі.

— Так, так, у жываце. Яны пачыналіся звечара, і ўвесь твар яго пакрываўся потам. Маці ўвесь час ляжала побач з ім і выцірала яму твар. Падумаць толькі, вы яго ведалі, шаноўны пане. Хочаце, я адчыню акно, каб нам лацвей было гаварыць?

Нож у Грунліха ўсё скрыпеў, скрыпеў і скрыпеў: выкручаная шруба звалілася на падлогу, бразнуўшы, як шпілька.

— Не, не трэба. Гэта можа не спадабацца вашаму напарніку.

— Ён пайшоў у горад, у казармы, да маёра. Тут нейкі іншаземец наводзіць даведкі. Мой напарнік думае, што тут нешта не тое.

— Іншаземец? — спытаў доктар Цынер. У яго перахапіла дыханне, з'явілася нейкая надзея. — Ён ужо паехаў?

— Толькі што пайшоў назад да сваёй машыны, туды, на шашу.

Зала чакання была ў цемры. Доктар Цынер на хвілінку адвярнуўся ад акна і ціха спытаў:

— Як у вас? Можаце хутчэй?

— Яшчэ дзве хвілінкі, — адказаў Грунліх.

— Тут нейкі іншаземец з машынай на шашы. Наводзіў даведкі.

Корал сціснула рукі і ціха сказала:

— Ён вярнуўся па мяне. Вось бачыце? А вы казалі, ён не прыедзе. — Дзяўчына ціхенька засмяялася, і, калі доктар Цынер шэптам папрасіў яе не шумець, яна сказала: — Гэта не істэрыка, гэта я ад шчасця.

Яна падумала: «Зрэшты, мая жахлівая прыгода прынесла нейкую карысць: яна даказала, што Майет у мяне закаханы, іначай ён нізавошта сюды не вярнуўся б. Ён, пэўна, спазніўся на цягнік, і нам давядзецца разам правесці ноч у Белградзе, а можа, і дзве ночы», — і яна пачала марыць пра шыкоўныя гатэлі, пра абеды і пра яго руку ў яе руцэ.

Доктар Цынер ізноў павярнуўся да акна:

— Зусім перасохла ў горле: надта хочацца піць. У вас ёсць віно?

Нініч пакруціў галавой:

— Не, — і дадаў няпэўна: — У Лукіча ёсць бутэлька ракіі — там, цераз дарогу.

Ад цэмры, што хутка гусцела, адлегласць здавалася даўжэйшаю. Месяца не было, і рэйкі не блішчалі: здавалася, да лямпы ў кабінеце начальніка станцыі было метраў сто, а не дзесяць, як на самой справе.

— Паспрабуй дастаць нам віна.

Той пахітаў галавой:

— Мне забаронена адыходзіць ад дзвярэй.

Доктар Цынер не прапанаваў яму грошай. Ён толькі крыкнуў скрозь шкло, як ён лячыў бацьку Нініча:

— Калі боль рабіўся нясцерпны, я даваў яму таблеткі.

— Такія маленькія і круглыя?

— Так. Таблеткі морфію.

Нініч задумаўся, прыціснуўшы твар да шыбы. Па яго вачах было відно, як думкі ў галаве ў яго замітусіліся, нібыта рыбы ў цеснай пасудзіне.

— Падумаць толькі, гэта вы давалі яму тыя таблеткі. Ён звычайна прымаў толькі адну, калі пачыналіся болі, і яшчэ адну на ноч. Тады толькі ён мог заснуць.

— Так яно і было.

— Колькі ўсяго я магу расказаць жонцы!

— А як наконт віна? — нагадаў яму доктар Цынер.

— Калі вы збяжыце, пакуль мяне не будзе, мне не мінуць бяды.

— Як жа мы зможам збегчы? Дзверы замкнёныя, а акно надта маленькае.

— Тады я паспрабую дастаць вам віна.

Доктар Цынер прасачыў, як ён адыходзіць, і, цяжка ўздыхнуўшы, павярнуўся да астатніх:

— Ну вось, ён пайшоў.

Ён уздыхнуў, пашкадаваўшы, што страціў упэўненасць у сабе. Барацьба аднаўлялася. Зрабіць усё магчымае, каб уцячы, — быў яго абавязак. Але ўцёкі выклікалі ў яго агіду.

— Хвіліначку, — сказаў Грунліх. Рыпенне каля дзвярэй працягвалася.

— Знадворку нікога няма. Вартаўнікі на другім баку чыгункі. Калі выйдзеце, павернеце налева і яшчэ раз налева паміж будынкамі. Машына стаіць на шашы.

— Я ўсё гэта ведаю, — сказаў Грунліх, і другая выкручаная шруба, бразнуўшы, звалілася на падлогу. — Гатова.

— Вам бы лепей застацца тут, — сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал.

— Я не магу: мой сябар чакае мяне там, на шашы.

— Гатова, — паўтарыў Грунліх, злосна пазіраючы на іх.

Усе трое скупіліся каля дзвярэй.

— Калі пачнецца страляніна, бяжыце зігзагамі, — параіў доктар Цынер.

Грунліх штуршком адчыніў дзверы, і вецер пачаў замятаць снег. Знадворку было святлей, чым у зале. Лямпа начальніка станцыі на тым баку чыгункі асвятляла ў акне постаць вартаўніка. Грунліх першы нырнуў у завіруху. Ён прыгнуў галаву амаль да каленяў і скокнуў наперад, нібыта мяч. Астатнія пабеглі за ім. Бегчы было нялёгка. Вецер і снег, іх ворагі, аб'ядналіся, каб загнаць іх назад: вецер запавольваў іх бег, а снег сляпіў вочы. Корал цяжка ўздыхнула: яна наткнулася на грувасткую высокую чыгунную калону з хобатам, як у слана, што служыла для падачы вады ў паравозы. Грунліх ужо быў далёка наперадзе, доктар Цынер крыху адставаў. Яна чула, як цяжка ён дыхае. Снег заглушаў іх крокі, але яны не адважваліся гукнуць шафёра аўтамабіля.

Перш чым Грунліх дабег да праходу паміж будынкамі, бразнулі дзверы, нехта закрычаў, грымнуў стрэл. Першы рывок Грунліха адабраў у яго шмат сілы. Адлегласць паміж ім і Корал паменшылася. Вартаўнік стрэліў двойчы, і Корал пачула свіст куль высока над галавой. Яна яшчэ падумала, можа, ён наўмысна страляе вышэй іх. Яшчэ нейкіх секунд дзесяць, і яны забягуць за рог, знікнуць з вачэй вартаўніка, і тады іх заўважаць з машыны. Яна пачула, як ізноў адчыніліся дзверы, куля трапіла ў снег непадалёк ад яе, і яна з апошняе сілы паскорыла свой бег. Дзяўчына была ўжо амаль побач з Грунліхам, калі яны дабеглі на рог. Доктар Цынер ускрыкнуў ззаду, і Корал спярша падумала была, што ён яе падбадзёрвае, але, перш чым абагнуць рог, яна азірнулася і ўбачыла, што ён абедзвюма рукамі трымаецца за сцяну. Яна прыпынілася і паклікала: «Гер Грунліх!» — але той, не звяртаючы на яе ўвагі, завярнуў за рог і знік з вачэй.

— Бяжыце далей! — загадаў доктар Цынер.

Святло, якое ззяла на гарызонце, меней зацягнутым хмарамі, патухла.

— Абапрыцеся на маю руку, — прапанавала яна.

Доктар паслухаўся, але ён быў надта цяжкі для яе, хоць і спрабаваў дапамагчы ёй, трымаючыся другой рукой за сцяну. Яны дабраліся да рага. За сотню метраў скрозь імжу і снег мігцелі заднія агні машыны. Корал спынілася.

— Не магу болей, — сказала яна.

Ён нічога не адказаў, але калі яна адняла руку, ён саслізнуў на снег. Некалькі секунд яна разважала: можа, праўда, пакінуць яго тут? Яна пераконвала сябе: ён жа не пашкадаваў бы яе, не чакаў бы яе. Але ж ёй не пагражала такая вялікая небяспека, як яму. Яна нахілілася над ім, глянула ў яго збялелы маршчыністы твар і ўбачыла на яго вусах кроў. Пачуліся галасы, і яна зразумела, што ў яе няма часу прыняць рашэнне. Доктар Цынер сядзеў, прыхінуўшыся спіной да драўляных дзвярэй, зачыненых на засаўку. Яна ўцягнула яго ўсярэдзіну і зноў зачыніла дзверы, але не рызыкнула засунуць засаўку на месца. Нехта прабег міма, непадалёк шумеў рухавік машыны. Потым машына забурчала мацней, і, аддаляючыся, бурчанне перайшло ў ледзьве чутны шоргат. Пуня была без вокнаў. Зрабілася зусім цёмна, і пакідаць доктара цяпер ужо было позна.

Яна пашнарыла ў яго ў кішэнях і знайшла пачак запалак. У адным кутку пуні было складзена нешта амаль на палову яе вышыні. Чыркнуўшы другой запалкай, яна ўбачыла напханыя нечым мяхі, нагрувашчаныя ў два рады да вышыні двайнога чалавечага росту. У правай кішэні доктара Цынера яна знайшла газету. Яна адарвала старонку і скруціла яе, — цяпер святла хапала, і яна змагла адцягнуць доктара ў куток пуні. Яна баялася, што ў любы момант вартаўнік можа адчыніць дзверы. Але доктар Цынер быў надта цяжкі. Яна паднесла запалены скрут да яго вачэй, каб паглядзець, ці не страціў ён прытомнасці, — з'едлівы дым прывёў яго да памяці. Ён расплюшчыў вочы і здзіўлена паглядзеў на яе.

— Я хачу схаваць вас сярод мяхоў, — шапнула яна.

Ён, здавалася, не зразумеў яе, і яна павольна і дакладна паўтарыла гэтыя словы.

— Ich sрrесhe kеіn Еnglіsch[27], — сказаў ён.

«Ох, чаму я яго не кінула. Магла ўжо быць у машыне. Ён, напэўна, памірае, зусім нічога не цяміць, не разумее, пра што я кажу». І яна жахнулася, што застанецца ў пуні сам-насам з мерцвяком. Агонь патух, яго знішчыў попел. Седзячы на кукішках, яна намацала газету, адарвала яшчэ старонку і зноў скруціла яе. Яна забылася, куды паклала запалкі, і, поўзаючы, пачала шнарыць па падлозе вакол сябе. Доктар Цынер кашлянуў, і нешта заварушылася каля яе рук. Яна падумала, што гэта пацук, і ледзь не закрычала ад страху, але калі нарэшце знайшла запалкі і запаліла скрут, дык убачыла — гэта шавеліцца доктар. Ён зігзагамі адпаўзаў у канец пуні. Яна паспрабавала дапамагчы яму, але ён, відаць, не заўважаў яе прысутнасці. Пад час гэтага маруднага перасоўвання доктара па падлозе яна здзіўлялася, чаму ніхто не заглянуў у пуню.

Доктар Цынер зусім знясілеў, пакуль дапоўз да мяхоў. Ён уткнуўся ў іх тварам, з рота ў яго цякла кроў. Ізноў уся адказнасць лягла на яе. Яна падумала, ці не памірае ён, і, амаль у самае вуха, спытала:

— Паклікаць каго на дапамогу?

Яна баялася, што ён адкажа па-нямецку, але на гэты раз ён прамовіў зусім ясна:

— Не, не трэба.

«Зрэшты, ён жа доктар, ён павінен усё ведаць», — падумала яна.

— Чым я магу вам дапамагчы?

Ён пахітаў галавой і заплюшчыў вочы. Кроў ужо не лілася, і ёй здалося, што яму палепшала. Яна сцягнула мяхі з верху і пачала майстраваць нешта накшталт пячоры дастатковай велічыні, каб схаваць іх абаіх — яе і доктара, — і нагрувасціла мяхоў каля ўвахода — так, каб ад дзвярэй нельга было іх убачыць. Мяхі са збожжам былі важкія, і Корал не паспела закончыць працы, калі знадворку пачуліся галасы. Яна ўлезла ў нару, скрыжаваўшы пальцы на шчасце. Дзверы адчыніліся, і ліхтарык асвятліў мяхі над яе галавой. Потым дзверы зачыніліся, і ў пуні зноў запанавала цішыня. Яна доўга не магла набрацца духу, каб закончыць сваю працу.


— Мы спазняемся на цягнік, — сказаў Майет, гледзячы, як шафёр марна круціць ручку: старцёр не працаваў.

— Назад паедзем шпарчэй.

Нарэшце машына пачала прачынацца, забурчала, заснула і зноў прачнулася.

— Зараз паедзем, — сказаў шафёр, узлазячы на сядзенне і ўключыўшы фары. Але пакуль ён прымушаў рухавік працаваць без перабояў, ззаду пачуўся нейкі воплеск.

— Што гэта? — спытаў Майет. Ён падумаў, што гэта выхлап машыны.

Потым воплеск паўтарыўся, а крыху пазней пачуўся іншы гук, нібыта з бутэлькі вылецеў корак.

— Страляюць на станцыі, — сказаў шафёр, уключыўшы старцёр. Майет адпіхнуў яго руку.

— Мы пачакаем.

— Пачакаем? — здзівіўся шафёр. — Гэта салдаты. Нам лепей як мага хутчэй выбрацца адгэтуль, — паспешліва дадаў ён.

Ён і не падумаў нават, што і Майет болей за ўсё на свеце хацеў зрабіць тое самае. Майет спалохаўся: па тым, як да яго паставіліся тыя салдаты, ён пазнаў той самы настрой, які папярэднічае заўсёды пагромам, — але ён усё-такі ўпарціўся, бо не быў поўнасцю перакананы, што зрабіў усё магчымае, каб знайсці дзяўчыну ў Субоціцы.

— Яны набліжаюцца да нас, — сказаў шафёр.

Нехта бег па дарозе са станцыі. Спачатку снегапад хаваў яго ад іх. Потым яны ўбачылі, як да машыны зігзагамі бяжыць чалавек. Ён дабег да іх вельмі хутка. Маленькі і тоўсты, ён учапіўся за дзверцы, спрабуючы ўлезці ў машыну.

— Што здарылася? — спытаў у яго Майет.

У незнаёмага крышку заплятаўся язык.

— Едзьце адгэтуль як мага хутчэй.

Дзверцы заела, ён пераваліўся цераз верх і, задыхаючыся, плюхнуўся на задняе сядзенне.

— Там хто-небудзь яшчэ застаўся? — спытаў Майет. — Вы адзін?

— Так, так, зусім адзін. Едзьце адгэтуль як найхутчэй.

Майет павярнуўся і паспрабаваў разглядзець яго твар.

— А дзяўчыны там не было?

— Не. Ніякай дзяўчыны я там не бачыў.

Недзе каля станцыйных будынкаў пачуўся стрэл, і куля зачапіла крыло аўтамабіля. Шафёр, не чакаючы загаду, рэзка націснуў нагой на педаль, і машына рванула з месца. Яна рыкашэтам пераскоквала па шашы з адной ямы ў другую. Майет ізноў пачаў углядацца ў твар незнаёмага.

— Вы ехалі ў Стамбульскім экспрэсе?

Чалавек кіўнуў.

— І вы не сустракалі ніякай дзяўчыны на станцыі?

Той раптам разгаварыўся:

— Я раскажу вам усё, што там здарылася.

Гаворка ў яго была цьмяная: шмат якія фразы заглушала гудзенне машыны. Ён расказаў, што яго затрымалі, бо ён не прад'явіў мытнікам нейкія карункі; салдаты здзекаваліся з яго і нават усчалі страляніну, калі ён уцёк ад іх.

— І вы не бачылі ніякай дзяўчыны?

— Не. Не было там дзяўчыны.

Вочы яго абсалютна шчыра адказалі на пільны погляд Майета. Трэба было б доўга ўглядацца яму ў вочы, каб знайсці ў іх непранікальнай глыбіні пробліск злосці, агеньчык хітрасці.


Хоць драўляныя сцены дрыжалі ад ветру, у цёмнай пуні без акон сярод мяхоў было цёпла. Доктар Цынер варочаўся з боку на бок, імкнучыся пазбавіцца ад болю ў грудзях, але ён пакутаваў увесь час. Толькі ў той момант, калі ён паварочваўся, яму рабілася крыху лягчэй. Калі ён ляжаў нерухома, боль вяртаўся. Таму ўсю ноч ён бесперапынна круціўся. Часам ён усведамляў, што на дварэ вецер, і прымаў шоргат снегу за шамаценне галькі на марскім узбярэжжы. У такія хвіліны, лежачы ў цёмнай пуні, ён успамінаў гады выгнання і пачынаў скланяць нямецкія назоўнікі ці спрагаць французскія няправільныя дзеясловы. Аднак яго прага барацьбы аслабела, і, замест таго каб упарта і злосна змагацца супраць пакут, ён плакаў.

Корал Маскер паклала яго галаву зручней, але ён ізноў варушыў ёю і варочаўся, бесперапынна нешта мармытаў, слёзы ліліся па яго шчоках і цяклі па вусах. Яна ўжо не спрабавала дапамагчы яму, сілячыся знайсці ў мінулым прытулак ад свайго страху. І цяпер, калі б іх думкі атрымалі нейкія матэрыяльныя абрысы, пуня напоўнілася б дзівоснай мешанінай: пад каляровымі асветленымі літарамі, якія складалі шыльду «Тут выступае Малышка», святар, перакінуўшы расу цераз руку, шмыгнуў з кавалачкам крэйды да класнай дошкі; група дзяцей ганялася за нейкім вучнем, яны здзекаваліся з яго, выбягалі з дзвярэй на кафедру і зноў на калідор, насіліся ўверх і ўніз па лесвіцы, якая вяла ў кантору агента па найме. У шкляной будцы на змрочным беразе мора жанчына лаялася з суседам, а ў гэты час біў звон, склікаючы людзей на малітву ў капліцу.

— Wasser[28], — прашаптаў доктар Цынер.

— Чаго вы хочаце? — Яна схілілася над ім, углядаючыся ў яго твар. — Паклікаць каго-небудзь?

Ён яе не чуў.

— Хочаце піць?

Ён не зважаў на яе і ўвесь час паўтараў: «Wasser». Яна ведала, што ён трызніць, але нервы яе былі вельмі напружаныя, і яна злавалася, што ён не можа адказаць ёй.

— Ну, добра, тады ляжыце тут. Я зрабіла ўсё, што было мне пад сілу, — у гэтым я ўпэўнена.

Яна адпаўзла ад яго як мага далей і паспрабавала заснуць, але сцены пуні дрыжалі, і гэта не давала ёй спаць. Енкі ветру ўзмацнілі яе адзіноту, і яна падпаўзла назад да доктара Цынера, каб знайсці спакой каля жывой істоты.

— Wasser, — шаптаў ён ізноў.

Яна кранула рукой яго твар і здзівілася, якая гарачая і сухая была ў яго скура. «Напэўна, яму хочацца піць», — падумала яна і з хвілінку разважала, дзе ўзяць вады, пакуль не ўцяміла, што вада падала з неба вакол яе і грувасцілася сумётамі каля сцен пуні. У яе ўзнікла няяснае сумненне: ці можна даваць ваду хворым з высокай тэмпературай? Але калі яна згадала, якая сухая ў яго скура, літасць пераважыла сумненні.

Хоць вакол Корал паўсюль была вада, хутка дастаць яе аказалася нялёгкай справай. Ёй давялося спаліць два скруты і, пакуль яны гарэлі, вылезці з нары. Яна адважна адчыніла дзверы. Цяпер яна ўжо амаль жадала, каб іх знайшлі. Але ноч была цёмная, і наўкол нікога не было відно. Яна зачэрпнула жменяю снегу, вярнулася ў пуню і зачыніла дзверы. Калі яна іх зачыняла, скразняк задзьмуў яе паходню.

Яна паклікала доктара Цынера, але той не азваўся. І яна жахнулася думкі, што ён, пэўна, ужо нежывы. Засланяючы рукою твар, яна рушыла наперад, але натыкнулася на сцяну. Яна крыху пастаяла, але тут жа ўзрадавался, пачуўшы нейкі рух, і пайшла ў той бок, але зноў натыкнулася на сцяну. Усё болей жахаючыся, яна падумала: «Напэўна, гэта варушыцца пацук». Снег у яе руцэ пачаў ужо раставаць. Яна зноў паклікала доктара, і на гэты раз той азваўся шэптам. Яна адхілілася — ён аказаўся зусім блізка ад яе — і, выцягнуўшы руку, адразу намацала барыкаду з мяхоў. Яна засмяялася, але тут жа загадала сабе: «Не ўпадай у істэрыку. Усё зараз залежыць ад цябе» — і паспрабавала супакоіцца, запэўніваючы сябе, што ўпершыню ёй даручана выконваць галоўную ролю, якая па плячы толькі зорцы, аднак у цемры і без апладысментаў іграць было цяжка.

Пакуль Корал шукала нару сярод мяхоў, большая частка снегу растала ці высыпалася, але яна прыціснула рэшту да вуснаў доктара. Відаць, яму ад гэтага палегчала. Ён ляжаў ціха і вельмі спакойна, пакуль снег на яго губах раставаў і прасочваўся праз зубы ў рот.

Яна запаліла папяровы скрут, каб паглядзець на яго твар, і здзівілася, які ў яго свядомы погляд. Яна пачала з ім размаўляць, але ён быў засяроджаны на сваіх думках і нічога ёй не адказаў.

Цынер сур'ёзна абдумваў сваё становішча, сэнс другой няўдачы. Ён ведаў, што памірае: да яго вярнулася памяць ад дотыку халоднага снегу да языка, і пасля хвіліннай разгубленасці ён успомніў усё. Па тым, дзе баліць, ён вызначыў месца, куды трапіла куля, зразумеў, што ў яго ліхаманка і што ўнутры смяротная крывацеча. На імгненне ён падумаў, што яго абавязак — змахнуць снег з вуснаў, але потым уцяміў: няма болей ніякіх абавязкаў, апроч як перад самім сабой.

Калі дзяўчына запаліла скрут, ён падумаў: «Грунліху пашчасціла ўцячы». Яго цешыла думка, як цяжка будзе ўцекачу-хрысціяніну вымаліць у бога дараванне за яго, доктара, смерць. Ён усміхнуўся. Але потым яго хрысціянскае выхаванне ўзяло верх над іроніяй, і ён пачаў прыгадваць падзеі апошніх некалькіх дзён, спрабуючы вызначыць, дзе ён зрабіў памылку і чаму іншым пашанцавала. Ён бачыў, як экспрэс, у якім яны ехалі, імчыць, нібы ракета, якая рассякае цёмнае неба. На ім, Цынеры, выпрабоўвалі розныя хітрыкі, на якія толькі былі здатныя, спрабуючы і тое і другое, балансуючы то ў адным, то ў другім кірунку. Тут трэба было мець адметны нюх. Быць вельмі гнуткім, да ўсяго прыстасоўвацца. Снег на вуснах зусім растаў і ўжо не даваў палёгкі. Перш чым скрут дагарэў да канца, вочы ў яго памутнелі, і вялікая пуня з грудай мяхоў апусцілася ў цемрадзь. Ён не ўсведамляў, што знаходзіцца ў пуні. Яму здавалася, нібыта яго кінулі, і пуня знікла з яго вачэй. Галава ў яго памутнела, і ён пачаў імкліва падаць у бясконцасць, задыхаючыся, у пустэчу, якую прадзімалі скразнякі, бо яму не пад сілу ўтрымаць раўнавагу — пад нагамі ў яго быў то карабель, то камета, то зямны шар ці ўсяго толькі экспрэс з Остэндэ ў Стамбул. Яго бацька і маці схілілі над ім маршчыністыя, худыя твары, яны несліся разам з ім у нябёсы, паўз зоркі, якія імкліва праносіліся міма, і бацькі гаварылі, якія яны шчаслівыя і поўныя ўдзячнасці, — ён жа зрабіў усё магчымае і застаўся верны сваёй справе. Ён задыхаўся і не мог нічога сказаць у адказ, яго цягнула ўніз зямная вага, і ён пакутаваў ад нясцерпнага болю. Ён хацеў сказаць ім, што вернасць яго была праклёнам, што яму неадкладна трэба змяніць свой шлях. Але пакуль ён падаў і падаў у страшэнных пакутах, яму давялося выслухваць іх няшчырыя спачуванні.

У пуні нельга было вызначыць, як цёмна было ўжо знадворку. Калі Корал чыркнула запалкай і паглядзела на гадзіннік, яе засмуціла, як марудна цягнецца час. Запалак засталося мала, і яна не адважылася запаліць другую. Яна разважала, ці не лепей было б выйсці з пуні і здацца ў палон, бо ў яе цяпер ужо не было ніякай надзеі зноў убачыць Майета. Вярнуўшыся сюды, ён зрабіў болей, чым можна было ад яго чакаць. Наўрад ці ён вернецца сюды другі раз. Але яе палохаў знешні свет, яна баялася не салдат — яе страшылі агенты па найме, доўгія лесвіцы, кватэрная гаспадыня. Яна баялася вяртацца да ранейшага жыцця. Пакуль яна ляжала тут, побач з доктарам Цынерам, у ёй захоўвалася штосьці ад Майета — памяць, якая іх аб'ядноўвала.

«Вядома, я магу напісаць яму, — казала яна сабе, — але, пэўна, пройдуць месяцы, перш чым ён вернецца ў Лондан». Ёй цяжка было дапусціць, што ён захавае ранейшыя пачуцці і жаданні, раз яе няма побач з ім. Яна гэтаксама ведала, што можа дамагчыся іх сустрэчы, калі ён вернецца ў Лондан. Ён зразумее, што абавязаны, прынамсі, запрасіць яе на снеданне. «Але ж я не дамагаюся яго грошай», — гэтыя словы яна прашаптала ўголас у цёмнай пуні, лежачы побач з паміраючым. Адзінота, усведамленне таго, што па нейкай прычыне — адзін бог ведае чаму — яна пакахала Майета, на нейкае імгненне выклікала ў яе пачуццё пратэсту: «А чаму і не? Чаму б мне не напісаць яму? Можа, гэта яму будзе прыемна? Можа, я ўсё яшчэ падабаюся яму? А калі не, дык чаму мне не пазмагацца за яго? Я стамілася быць узорнай, паводзіць сябе занадта правільна». Яе думкі былі вельмі блізкія да думак доктара Цынера, калі яна пераконвала сябе, што ўсё гэта марныя спадзяванні.

Але Корал вельмі добра ведала, што такі ўжо ў яе характар, такой ужо, відаць, яна нарадзілася і павінна прымірыцца з гэтым. Яна паводзіла сябе недарэчна і ў іншым: няўмольная там, дзе трэба быць мяккай, уступчывая, калі трэба быць цвёрдай. Нават цяпер яна не магла думаць з зайздрасцю і захапленнем пра тое, як гэта Грунліху ўдалося збегчы адгэтуль на машыне ў цемры, седзячы побач з Майетам. Яе думкі з упартай настойлівасцю вярталіся да Майета, такога, якім яна бачыла яго апошні раз, калі той сядзеў у вагоне-рэстаране, пагладжваючы пальцамі залаты партабак. Аднак яна ні на хвіліну не забывалася, што ў Майета няма тых вартасцей, якія апраўдалі б яе адданасць. Такая ўжо яна была ад прыроды, а ён праявіў да яе дабрыню. У яе мільганула думка, што і доктар Цынер быў такі самы, як яна, надта даверлівы з людзьмі. А да яго, пэўна ж, паставіліся зусім іначай, калі б ён быў хітрэйшы. Скрозь цемру яна чула яго цяжкое дыханне і зноў думала без горычы і асуджэння: «Такога нельга дараваць».


Перад фарамі раптам вынырнула развілка дарог. Шафёр павагаўся крыху болей, чым трэба, і павярнуў руль так рэзка, што машыну занесла юзам на двух колах. Ёзеф Грунліх пераляцеў з аднаго канца сядзення на другі, вохнуўшы ад страху. Ён не адважваўся расплюшчыць вочы да таго часу, пакуль усе чатыры колы не дакрануліся да зямлі. Яны збочылі з галоўнай шашы, і машына заскакала па калдобінах палявой дарогі. У асляпляльнам святле фар дрэвы з маладымі пупышкамі лістоты здаваліся выразанымі з кардону. Майет, нахіліўшыся назад з пярэдняга сядзення, растлумачыў:

— Ён хоча ад'ехаць далей ад Субоціцы і перасячы чыгунку на пераходзе для жывёлы. Так што трымайцеся мацней.

Дрэвы зніклі, і яны раптам з грукатам з'ехалі з шашы на пустое, заснежанае поле. Жывёла ператварыла дарогу ў суцэльную непралазную гразь, але цяпер гэтая гразь падмерзла. Раптам знізу іх асвятлілі два чырвоныя ліхтарыкі, кавалачак рэек заблішчаў смарагдавымі кроплямі. Агні замітусіліся, то адступаючы, то набліжаючыся. Пачуўся нечы голас.

— Прарвёмся праз іх? — абыякавым тонам спытаў шафёр. Нага яго была гатовая націснуць акселератар.

— Не, не! — усклікнуў Майет.

У яго не было падстаў нарывацца на непрыемнасці з-за незнаёмага чалавека. Ён убачыў салдат з ліхтарыкамі. У шэрых шынялях, з рэвальверамі. Машына спынілася паміж імі, пераскочыўшы першую рэйку і застыўшы ў нахіленым становішчы, нібыта выцягнутая на бераг лодка. Адзін салдат нешта сказаў, а шафёр перавёў яго словы на нямецкую мову.

— Ён хоча праверыць вашы дакументы.

Ёзеф Грунліх спакойна адкінуўся на сядзенні, перакрыжаваўшы ногі. Адной рукой ён ляніва перабіраў срэбны ланцужок. Калі адзін з салдат злавіў яго погляд, ён злёгку ўсміхнуўся і кіўнуў яму: Грунліха можна было прыняць за заможнага і гаварлівага гандляра, які падарожнічае ў кампаніі свайго сакратара. Майет жа нерваваўся, схаваўшыся ў каўнер футра, ён успомніў вокліч той кабеты: «Праклятыя жыды», варожы погляд вартаўніка, нахабнасць клерка. Якраз у такіх забытых богам мясцінах, сярод скаваных марозам палёў і худога быдла яшчэ жывая была тая моцная старажытная нянавісць, ад якой цывілізаваны свет спакваля пазбаўляўся. Салдат скіраваў святло свайго ліхтарыка яму ў твар і з нецярплівай пагардай паўтарыў свой загад. Майет выцягнуў пашпарт, салдат узяў яго і, трымаючы дагары нагамі, уважліва вывучаў ільва і аднарога, потым вымавіў па-нямецку адзінае знаёмае яму слова:

— Engander?[29]

Майет кіўнуў, салдат кінуў пашпарт на сядзенне і паглыбіўся ў вывучэнне дакументаў шафёра — яны разгортваліся ў доўгую палоску, нібыта дзіцячая кніжка з малюнкамі. Ёзеф Грунліх непрыкметна нахіліўся наперад і ўзяў з пярэдняга сядзення пашпарт Майета. Ён шырока ўсміхнуўся, калі чырвонае святло ліхтарыка асвяціла яго твар і ўпала на пашпарт. Вартаўнік паклікаў напарніка, яны стаялі і разглядвалі Грунліха, асветленага ліхтарыкам, ціха перагаворваючыся паміж сабой, не звяртаючы ўвагі на яго грымасы.

— Чаго ім трэба? — незадаволена спытаў ён з застылай усмешкай на тлустым твары.

Адзін салдат аддаў загад, які пераклаў шафёр:

— Устаньце!

З пашпартам Майета ў адной руцэ, перабіраючы другой срэбны ланцужок, ён падпарадкаваўся загаду, і яны асвятлілі яго ліхтарыкам з ног да галавы. Ён быў без паліто і дрыжаў ад холаду. Адзін салдат засмяяўся і пхнуў яго пальцам у жывот.

— Яны правяраюць, ці сапраўды яно належыць яму? — растлумачыў вадзіцель.

— Што?

— Ваша пуза.

Ёзефу Грунліху давялося зрабіць выгляд, што ён прымае гэтую абразу за жарт, і ён усміхнуўся. Яго павага да сябе была абражана нейкімі двума боўдзіламі, якіх ён болей ніколі не ўбачыць. Некаму іншаму давядзецца паплаціцца за такую абразу, а ён заўсёды ганарыўся тым, што ніколі не спускаў крыўдзіцелям: зараз гэта яго ўзяло за жывое. Ён адвёў душу, папрасіўшы шафёра па-нямецку:

— А вы не можаце іх збіць?

І працягваў шырока ўсміхацца салдатам і памахваць пашпартам, пакуль тыя нешта абмяркоўвалі, аглядаючы яго з ног да галавы. Потым яны адступілі, кіўнулі шафёру, і той уключыў старцёр. Машына пераехала рэйкі, спусцілася з насыпу, потым павольна выбралася на доўгую, з глыбокімі каляінамі, палявую дарогу, і Ёзеф Грунліх, азірнуўшыся назад, убачыў два чырвоныя агеньчыкі, якія гойдаліся ў цемрадзі, нібыта папяровыя ліхтарыкі.

— Чаго ім ад нас было трэба?

— Некага шукалі, — адказаў шафёр.

Ёзеф Грунліх усё гэта добра ведаў. Хіба ж не ён забіў Кольбера ў Вене? Хіба ж не ён уцёк усяго гадзіну таму з Субоціцы на вачах у вартаўнікоў? Хіба ж не ён быў такі кемлівы, спрытны хлапец, жвавы і паваротлівы? Яны перакрылі машынам усе шляхі, а ён усё роўна здолеў выслізнуць. Аднак у глыбіні душы ў яго ўсё-такі было лёгкае сумненне: калі б яны шукалі яго, дык абавязкова затрымалі б. Не, яны шукалі некага іншага. Лічылі некага іншага больш важным злачынцам. Разаслалі, відаць, апісанне таго старога лайдака, доктара, а не Ёзефа Грунліха. Але ж гэта ён забіў Кольбера дый яшчэ выхваляўся: «За пяць год яшчэ ніводнага разу не сядзеў я ў турме!» Вялікая хуткасць яго ўжо не палохала. Калі яны імчалі скрозь імжу ў старой рыпучай машыне, ён ціха сядзеў і змрочна разважаў над тым, як многа ў жыцці несправядлівага.


Корал Маскер прачнулася з нейкім дзівосным пачуццём і не адразу ўцяміла, дзе знаходзіцца. Яна села, і мех са збожжам зарыпеў пад ёй. Гэта быў адзіны гук — шоргат снегападу спыніўся. Корал са страхам прыслухалася і зразумела, што засталася зусім адна. Доктар Цынер памёр: яна ўжо больш не чула яго дыхання. Аднекуль здалёк, скрозь змрок, да яе даляцеў гук рухавіка, які пераключыўся на іншую хуткасць. Гук дакрануўся да яе слыху, нібыта гэта быў спачувальны дотык хатняга сабакі, ён лашчыцца да яе і абнюхвае яе. «Калі доктар Цынер памёр, нічога мяне тут болей не затрымлівае. Я пайду пашукаю машыну. Калі там салдаты, яны нічога мне не зробяць, а можа, гэта…» Страснае жаданне не дазволіла ёй закончыць фразы, якая нагадала раскрытую дзюбу галоднай птушкі. Яна абаперлася на руку, каб утрымаць раўнавагу, прысела на кукішкі і дакранулася да твару доктара. Ён не зварухнуўся, і, хоць твар быў яшчэ цёплы, яна навобмацак адчула, што вакол вуснаў у яго запяклася кроў, быццам старая сухая скура. Яна ўскрыкнула, але тут жа прымусіла сябе заспакоіцца і засяродзіцца, яна знайшла запалкі і запаліла скрут з газеты. Але рука ў яе дрыжала. Нервы не вытрымалі тых бедаў, якія зваліліся на яе, хоць яна і стрымлівала сябе. Ёй здавалася, што ўвесь мінулы тыдзень яна мусіла была ўвесь час нешта вырашаць, нечага баяцца, хаваючы свой страх. «Узяць хоць бы гэтую працу ў Канстанцінопалі. Ехаць туды ці адмовіцца? У агента чакае вялізная чарга дзяўчат». Яна нагадала Майета, які соваў у яе руку білет, кватэрную гаспадыню з яе парадамі, страх перад невядомым, які раптам агарнуў яе на прычале ў Остэндэ, калі памочнік капітана крычаў ён нешта наўздагон, каб яна не забывалася пра яго.

У святле паходні яе зноў уразіў усёразумеючы погляд доктара. Але разуменне гэтае застыла, яно назаўсёды застанецца нязменным. Яна адвяла вочы, потым глянула зноў, але нічога не змянілася. «Я не думала нават, што яму так блага. Мне нельга тут заставацца». Яна нават падумала, ці не абвінавацяць яе ў яго смерці. Гэтыя чужаземцы, з незразумелай ёй мовай, здатныя на ўсё. Але з нейкай дзіўнай цікаўнасці яна марудзіла, пакуль не дагарэў скрут. «Ці была ў яго калі ў жыцці дзяўчына?» Ад гэтай думкі ён страціў колішнюю значнасць і паважнасць і ўжо не быў для яе жахлівым мерцвяком. Яна разглядала яго твар уважлівей, чым адважылася б калі-небудзь раней. Непахіснасць сышла ад яго разам з жыццём. Яна ўпершыню заўважыла, што рысы яго твару былі надзіва рэзкія. Калі б яго твар не быў такі худы, ён не рабіў бы гэткага агіднага ўражання: пэўна, толькі вечныя клопаты і мізэрнае харчаванне надавалі яго твару глыбакадумнасць і пэўную адухоўленасць. Нават на смяротным ложы, у мігатлівым блакітным святле скрута з газеты, твар яго здаваўся вельмі сур'ёзным. «Напэўна, у адрозненні ад большасці мужчын, у яго ніколі не было дзяўчыны. Калі б ён быў блізкі з жанчынай, якая хоць крышку пакпіла б з яго, ён не ляжаў бы цяпер тут, не браў бы ў жыцці ўсё так блізка да сэрца, навучыўся б не злавацца, дазволіў бы падзеям ісці сваім парадкам — толькі так і трэба было яму жыць». Яна дакранулася да яго доўгіх вусаў. Яны былі смешныя, яны былі кранальныя, і таму знешні выгляд яго ніколі не быў трагічны. Потым скрут дагарэў, і для яе доктар быў ужо пахаваны, — ад усяго, што яна прачытала на яго твары, і ад усяго, што яна потым думала пра яго, яе ўвагу адцягнуў няясны гук блізкай машыны і нечых крокаў. Значыць, яе крык усё-такі пачулі.

Вузкая палоска святла пранікла праз няшчыльна зачыненыя дзверы. Пачуліся галасы. Нейкая машына ехала па дарозе з ціхім бурчаннем. Крокі пачалі аддаляцца, недзе адчыніліся дзверы, і скрозь тонкія сцены пуні яна пачула, як нехта ходзіць паміж мяхамі ў суседнім пакоі, паблізу забурчаў сабака. Ёй прыйшлі на памяць пляскатыя, аднастайныя палі каля Нотынгема, нядзеля, маленькая кампанія шахцёраў, з якімі яна некалі пайшла паляваць на пацукоў, сабака па мянушцы Спот. Сабака то забягаў у свіран, то выбягаў адтуль, а яны стаялі ўсе кружком, узброеныя палкамі. Цяпер знадворку пра нешта спрачаліся, але яна не магла пазнаць ніводнага знаёмага голасу. Машына спынілася, хоць рухавік працягваў ціха працаваць.

Потым дзверы пуні адчыніліся, і святло скокнула ўверх на мяхі. Яна прыўзнялася на локці і ўбачыла скрозь шчыліну ў сваёй барыкадзе бледнага афіцэра ў пенснэ і таго салдата, які стаяў на варце каля дзвярэй залы чакання. Яны накіраваліся да яе, і тут нервы яе здалі: яна не змагла вытрываць тых пакутлівых хвілін, пакуль яны будуць яе шукаць. Яны былі ўжо зусім блізка ад яе, і, калі яна ўсхапілася і крыкнула: «Я тут!» — афіцэр скокнуў да яе, выхапіўшы рэвальвер. Потым ён убачыў, хто гэта, і задаў ёй нейкае пытанне, застыўшы пасярод пуні з накіраваным на яе рэвальверам. Корал здалося, што яна зразумела яго, і яна сказала:

— Ён памёр.

Афіцэр нешта загадаў — салдат падышоў і пачаў павольна раскідваць мяхі. Гэта быў той самы салдат, які спыніў яе па дарозе да вагона-рэстарана, і ў першы момант яна адчула да яго нянавісць, пакуль ён не ўзняў галавы і не ўсміхнуўся ёй сарамлівай усмешкай, нібыта просячы ў яе прабачэння, у той час як афіцэр, стоячы ззаду, падганяў яго рэзкімі нецярплівымі загадамі. Раптам, калі салдат адцягнуў ад выхаду з пячоры апошні мех, іх твары амаль сутыкнуліся, і ў гэтую секунду ў яе ўзнікла такое пачуццё, быццам ён збіраецца выдаць ёй нейкую тайну.

Калі маёр Петкавіч убачыў, што доктар ляжыць нерухома, ён перасек пуню і накіраваў свой ліхтарык на яго мёртвае цела. Доўгія вусы зрабіліся светлымі ад моцнага промня, а расплюшчаныя вочы адлюстравалі яго, быццам металічныя пласцінкі. Маёр працягнуў рэвальвер салдату. Лагоднасць, рэшта немудрагелістага шчасця, якія хаваліся за беднасцю, рассыпаліся ўшчэнт. Здавалася, усе падлогі ў нейкім будынку праваліліся, толькі сцены заставаліся стаяць. Салдата агарнуў жах, яму было не па сіле вымавіць ні слова, не мог зварухнуцца з месца. Рэвальвер так і застаўся на далоні ў маёра Петкавіча. Маёр стрымаў сябе. Ён цвёрда глядзеў на салдата, з цікаўнасцю вывучаючы яго скрозь залатое пенснэ. Маёр дасканала ведаў усе пачуцці людзей, якія жывуць у казармах. Апроч пашарпаных кніг па германскай стратэгіі, на яго паліцах стаялі некалькі томікаў па псіхалогіі: ён, як спаведнік, ведаў самыя інтымныя падрабязнасці іх жыцця. Ведаў, наколькі яны жорсткія, наколькі добрыя, наколькі хітрыя і прастадушныя, ведаў, як яны весяляцца — ракія, гульні ў карты, віно і жанчыны, ведаў іх славалюбныя мары, хоць, вядома, яны зводзіліся да таго, каб расказаць жонцы якую цікавую ці кранальную гісторыю. Ён ведаў лепей за ўсіх, як пакараць кожнага з іх і як зламаць волю падначаленага. Раней ён злаваўся, калі салдат марудна адцягваў мяхі, але цяпер злосць прайшла. Ён пакінуў рэвальвер у сябе на далоні і зусім спакойна паўтарыў загад, гледзячы скрозь залатую аправу пенснэ.

Салдат апусціў галаву, выцер рукой нос і, хваравіта насупіўшыся, кінуў погляд на другі канец пуні. Потым узяў рэвальвер і, прыціснуўшы яго да рота доктара Цынера, спыніўся. Ён крыху павагаўся, паклаў руку на плячо Корал і рыўком павярнуў яе тварам уніз. Лежачы на падлозе, яна пачула стрэл. Салдат выратаваў яе ад гэтага відовішча, але яе ўяўленне запоўніла ўсё. Яна ўсхапілася і пабегла да дзвярэй, на бягу яе заванітавала. Яна спадзявалася, што ў цемры ёй будзе лягчэй, але тут, нібыта ўдар па галаве, на яе абрушылася святло ад фар машыны. Прыхіліўшыся да дзвярэй, яна паспрабавала супакоіцца, адчуваючы сябе бясконца адзінокай, чым у тыя хвіліны, калі яна прачнулася і ўбачыла, што доктар Цынер памёр. Ёй адчайна, да болю захацелася быць зараз з Майетам. Людзі ўсё яшчэ спрачаліся каля машыны, у паветры чуўся лёгкі пах спіртнога.

— Чорт падзяры… — прамовіў нечый голас.

Людзі расступіліся, і сярод іх з'явілася міс Уорэн. Твар у яе быў чырвоны, узбуджаны і пераможны. Яна схапіла Корал за руку:

— Што тут адбываецца? Не, не. Не трэба расказваць нічога зараз. Вам блага. Вы неадкладна пойдзеце са мной, далей ад гэтых жахаў.

Паміж ёй і машынай стаялі салдаты. З пуні выйшаў афіцэр і далучыўся да іх. Міс Уорэн хутка шапнула:

— Абяцайце ўсё, што хочаце. Не мае ніякага значэння тое, што вы скажаце.

Яна паклала вялікую руку на рукаў афіцэра і пачала ліслівым тонам у нечым яго пераконваць. Ён спрабаваў перапыніць яе, але яна яго перабівала. Ён зняў пенснэ і збянтэжана працёр яго. Пагрозы былі б дарэмныя, можна было б пратэставаць усю ноч, але яна прапанавала яму адзінае выйсце, адмовіцца ад якога было б пайсці супраць яго натуры, — цвярозы розум. Апроч разумнага ўчынку, які яна яму прапанавала, яна гэтаксама раіла яму прыняць пад увагу і іншую, больш значную акалічнасць — вышэйшыя дыпламатычныя меркаванні. Ён ізноў працёр пенснэ, кіўнуў і здаўся. Міс Уорэн схапіла яго за руку і моцна паціснула яе, глыбока ўдавіўшы яму ў скурчаны ад болю палец свой пярсцёнак-пячатку.

Корал апусцілася на зямлю. Міс Уорэн дакранулася да яе, але дзяўчына паспрабавала скінуць яе руку. Шум сціхнуў, зямля ў маўчанні наплывала на яе. Аднекуль здалёк нечый голас вымавіў: «У вас хворае сэрца», і яна зноў расплюшчыла вочы, чакаючы ўбачыць маршчыністы твар доктара. Аднак аказалася, што яна ляжыць на заднім сядзенні машыны, і міс Уорэн накрывае яе пледам. Яна наліла келіх каньяку і паднесла да рота Корал. Машына, скрануўшыся з месца, штурхнула іх адна да адной, каньяк расплюхаўся па яе падбароддзі. Корал усміхнулася чырвонай п'янай фізіяноміі, якая клапатліва глядзела на яе.

— Паслухайце, любая, спачатку я вазьму вас з сабой у Вену. Я магу тэлеграфаваць гэтую карэспандэнцыю адтуль. Калі які-небудзь паршывы нягоднік паспрабуе вас падкупіць, нічога яму не адказвайце. Не адкрывайце рота нават для таго, каб сказаць «не».

Словы гэтыя былі незразумелыя Корал. Яна адчувала боль у грудзях. Бачыла, як знікаюць агні станцыі, калі машына павярнула назад да Вены, і з упартай адданасцю спрабавала здагадацца, дзе зараз Майет. Ад болю ёй цяжка было дыхаць, але яна вырашыла не гаварыць ні слова. Гаварыць нешта, апісваць свой боль, прасіць дапамогі азначала б на нейкі час прагнаць з галавы яго твар, яе вушы не чулі б яго голасу, які шаптаў, што яны будуць рабіць разам у Канстанцінопалі. «Я першая яго не забуду», — упарта думала яна, адганяючы прывіды: ярка-чырвоны водбліск машыны, якая імчыцца па цёмнай дарозе, погляд доктара Цынера ў святле скрута з газеты. Нарэшце адчайная барацьба з болем, з нястрымным жаданнем закрычаць, з памутнелай свядомасцю адабралі ў яе нават тыя прывіды, якія яна спрабавала прагнаць.

«Я памятаю, я не забылася». Але яна не магла болей стрымлівацца і адзін раз застагнала. Стогн быў такі слабы, што стук рухавіка заглушыў яго. Ён не дайшоў да вушэй міс Уорэн гэтаксама, як і сказаныя пазней шэптам словы: «Я не забылася».

— Толькі для нашай газеты, — сказала міс Уорэн, барабанячы пальцамі па пледу. — Я хачу, каб гэта было надрукавана толькі ў нас. Гэта мой матэрыял, — заявіла яна з гонарам, песцячы недзе ў глыбіні свядомасці — за газетнымі артыкуламі і за свінцовым друкарскім шрыфтам — мару пра Корал у піжаме, якая налівае каву, пра Корал, якая размешвае кактэйлі, пра Корал, якая спіць у адрамантаванай кватэры.

Загрузка...