— Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, — сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзіннік прабіў адзін раз, і афіцыянт на тэрасе «Эксцельсіёра» пачаў выключаць святло. — Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. — Яна нахілілася праз столік і паправіла гальштук у Мейбл Уорэн.
— Мы жывём разам тры гады, — сказала міс Уорэн нізкім маркотным тонам, — і я ніколі не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамі.
— Напрамілы бог, дарагая, паглядзі на гадзіннік. Цягнік адыходзіць праз паўгадзіны, мне трэба ўзяць багаж, а табе — інтэрв'ю. Дапівай свой джын, і пойдзем.
Мейбл Уорэн дапіла джын. Потым паднялася з крэсла, і яе мажная постаць злёгку хіснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык і спартыўнага крою гарнітур з цвіду. Бровы ў яе былі цёмныя, вочы карыя і рашучыя, а цяпер — чырвоныя ад слёз.
— Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, — запярэчыла яна.
— Усё гэта глупства, любая, — сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудраніцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. — Ты добра напівалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкі ведай меру. Я ж пакідаю цябе толькі на тыдзень.
— Трымайся далей ад мужчын! — пахмурна сказала міс Уорэн, а калі Джанет Пардаў паднялася, каб перайсці вуліцу, яна моцна ўчапілася за яе руку. — Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калі б толькі я магла паехаць з табой! — Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. — Ой, глянь толькі, што я нарабіла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнітур! — Вялікай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысціць спадніцу Джанет Пардаў.
— Ох, напрамілы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, — сказала Джанет.
Настрой у міс Уорэн змяніўся. Яна выпрасталася і заступіла Джанет дарогу.
— Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.
— Лепей пойдзем хутчэй.
— Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.
Джанет Пардаў саступіла:
— Адну шклянку, толькі адну, май на ўвазе.
Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велізарны, прасторны, бліскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькі стомленых мужчын і жанчын паспешліва глыталі кубачкі кавы.
— Яшчэ адзін джын, — папрасіла міс Уорэн, і Джанет заказала ёй шклянку джыну.
У люстры на супрацьлеглай сцяне міс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, — даволі агіднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая і дарагая істота — зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. «Чаго я вартая? — з маркотай, уласцівай п'яніцам, падумала яна. — Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, — а потым з цынічнай жорсткасцю дадала ў думках: — Яна ў мяне на ўтрыманні. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маімі крывёю і потам (хоць батарэі ў рэстаране не ратавалі яе ад пранізлівага холаду), падымаюся на досвітку, бяру інтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у іхніх логавах, у матак забітых дзяцей, «асвятляю» тое, «асвятляю» гэтае. Яна ведала і нават ганарылася тым, што пра яе гаварылі ў рэдакцыях лонданскіх газет: «Калі вам трэба прымусіць чытачоў загаласіць, такі матэрыял зробіць вам толькі Незвычайная Мейбл». Яе ўладанні — ажно да самага Рэйна, паміж Кёльнам і Майнцам не знойдзецца ніводнага мястэчка, вялікага ці малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусім ёй не знаёмых, яна насільна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнанні, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Ніводзін самазабойца, ніводная забітая жанчына, ніводная згвалчаная дзяўчына не закраналі яе пачуццяў, не выклікалі ў яе шкадавання. Яна — мастак, і яе задача — крытычна даследаваць, назіраць, прыслухоўвацца, а слёзы — яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела і плакала ўголас, з агіднымі ўсхліпамі, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.
— У каго ты будзеш браць інтэрв'ю? — спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусім не цікавіла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклікалі агульную ўвагу. — Табе трэба прычасацца.
Яна была проставалосая, і яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусім раскудлаціліся.
— У Сейвары, — адказала міс Уорэн. — Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнігі «Развясёлае жыццё». Паўмільёна слоў. Дзве сотні персанажаў. Геніяльны кокні[10]. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.
— А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?
— Едзе на Ўсход збіраць матэрыял на новую кнігу. Праўда, гэта не зусім мая работа, аднак, калі выпала мне цябе праводзіць, выкарыстаю магчымасць і вазьму ў яго інтэрв'ю. Заказалі мне артыкул на чвэрць газетнай калонкі, але, відаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такія матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялі паўслупка сярод паведамленняў пра русалак і марскіх канькоў.
Раптоўны ўсплеск прафесійнай цікаўнасці схлынуў, як толькі яна зноў глянула на Джанет Пардаў: раніцай яна не ўбачыць, як Джанет у піжаме налівае ў кубачкі каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у піжаме размешвае кактэйль.
— Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? — хрыпла спытала яна. Дзіўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калі яго вымавіла міс Уорэн сваім нізкім мужчынскім голасам.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Піжаму, дарагая. Я хачу ўявіць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.
— Відаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павінны спяшацца. Ты не паспееш узяць інтэрв'ю.
Апошнія словы абразілі прафесійную годнасць міс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:
— Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытанні? — сказала яна. — Я толькі кіну на яго позірк і сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.
— Але ж мне трэба знайсці насільшчыка, каб аднесці мае чамаданы.
Наведнікі пачалі выходзіць з рэстарана. Дзверы адчыняліся і зачыняліся, і туды, дзе яны сядзелі, няясна даносіліся галасы насільшчыкаў і гудкі паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да міс Уорэн:
— Трэба ісці. Калі ты яшчэ хочаш джыну — можаш выпіць, але я пайду.
Аднак міс Уорэн нічога не адказала, міс Уорэн не звяртала на яе ўвагі. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналісцкай практыцы Мейбл Уорэн, — яна на вачах рабілася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках і павеках. Адначасова яна кінула позірк на тое, што адлюстроўвалася ў бліжэйшых кубках, падносе і шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне і яе адбітку — гэта было падобна да чытання алфавіту па табліцы ўрача-акуліста. У гэтым выпадку першая літара — вялізная чорная «А» — пажылы мужчына ў плашчы, які стаяў каля століка, страсаючы з сябе крошкі, ён збіраўся выходзіць, каб паспець да адыходу цягніка.
— Божухна мой, — сказала міс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. — Я зусім п'яная — нічога не бачу. Хто гэта там?
— Мужчына з вусікамі?
— Так. Ён самы.
— Ніколі раней яго не бачыла.
— Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?
Штосьці адцягнула яе думкі пра блізкую разлуку, яе нос узяў след, і, пакінуўшы недапітую шклянку джыну, яна шырокім крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана і хутка ішоў па зіхатлівым чорным вестыбюлі да лесвіцы, а міс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насільшчыкам і ўпала на калені, круцячы галавой, імкнучыся пазбавіцца ад дурыкаў, зычлівасці, маркоты, выкліканых ап'яненнем. Насільшчык спыніўся дапамагчы ёй. Учапіўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправілася з языком.
— Які цягнік ідзе з пятай платформы? — спытала яна.
— На Вену.
— І на Белград?
— І на Белград.
Зусім выпадкова вырвалася ў яе «Белград», а не «Канстанцінопаль», але гук яе асабістага голасу праясніў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:
— Займі два месцы. Я паеду з табой да Вены.
— А білет?
— У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. — Цяпер ужо яна зрабілася нецярплівая. — Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзіна дваццаць восем. Засталося пяць хвілін. — Учапіўшыся з усяе сілы за насільшчыка, яна не адпускала яго. — Слухайце. Я хачу, каб вы перадалі маё паведамленне. Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры.
— Я не магу пайсці з вакзала, — сказаў ён, імкнучыся адчапіцца ад яе рукі.
— Калі закончыцца ваша змена?
— У шэсць.
— Блага. Вы павінны непрыкметна знікнуць. Вы здолееце зрабіць гэта? Ніхто не заўважыць вашай адсутнасці.
— Мяне звольняць.
— Рызыкніце, — сказала міс Уорэн. — За дваццаць франкаў.
Насільшчык адмоўна пахітаў галавой.
— Брыгадзір заўважыць, што мяне няма на працы.
— Я накіну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзіру.
— Брыгадзір не пагодзіцца на гэта. Надта вялікая рызыка, дый да начальніка можа дайсці.
Міс Уорэн адкрыла сумачку і пачала пералічваць грошы. Над яе галавой гадзіннік прабіў палову другой. Да адыходу цягніка засталося дзве хвіліны, аднак яна ні на імгненне не выказала свайго адчаю — любое хваляванне спудзіць насільшчыка.
— Восемдзесят марак, а брыгадзіру дадзіце, колькі захочаце. Вас не будзе на працы толькі дзесяць хвілін.
— Надта рызыкоўная справа, — сказаў насільшчык, але ўсё-такі ўзяў грошы.
— Слухайце мяне ўважліва. Пойдзеце на Кайзер-Вільгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты «Кларыён». Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што міс Уорэн паехала Ўсходнім экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе інтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапіла на след вельмі важнага матэрыялу для першай старонкі. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. — Пакуль ён, запінаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гадзіна трыццаць адна з паловай. — Добра. Ідзіце. Але калі вы не перададзіце паведамленне да дзвюх гадзін, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарніцтвам. — Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, і пабегла па лесвіцы.
Гадзіна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свісток паравоза, і адным махам пераскочыла праз тры прыступкі. Цягнік ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступіць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: «Пасведчанне!» Апошнія вагоны трэцяга класа праходзілі міма, набіраючы хуткасць. «Божухна, я кіну піць», — паклялася яна ў думках. Потым ухапілася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкі насільшчык з крыкамі паспрабаваў утрымаць яе. Доўгія дзесяць секунд, адольваючы пранізлівы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. «Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохі — і маё плячо не вытрымае. Лепей зваліцца на платформу і атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагі. Аднак жа які цудоўны матэрыял згіне», — з горыччу падумала яна і скочыла на прыступку. Яе калені дацягнуліся да прыступкі якраз у той момант, калі скончылася платформа. Знік апошні ліхтар станцыі, дзверы пад націскам яе цела адчыніліся, і яна дагары тварам упала на калідор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай і зласлівай усмешкаю: «Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявіла пасадку ў экспрэс!»
Ранішняе святло пранікла скрозь шчыліну паміж фіранкамі і закранула паліцу насупраць. Калі Корал Маскер прачнулася, першае, што кінулася ёй у вочы, была гэтая паліца і скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць і яшчэ трывогу, калі прыгадала цягнік, на які ёй трэба паспець на вакзал Вікторыя, засохлую яечню і чэрствыя лустачкі заўчарашняга хлеба, што чакалі яе на кухні. «Шкада, што я пагадзілася на гэтую працу!» — падумала яна. Цяпер, калі набліжаўся час ад'езду, яна палічыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвіцы на Шафтсберы-авеню і аддала б перавагу штучнай весялосці пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхінула фіранку, і на імгненне яе здзівіў тэлеграфны слуп, які хутка праляцеў міма, зялёная рачулка з аранжавымі блікамі ранішняга сонца і парослыя лесам пагоркі. І раптам яна ўспомніла ўсё.
Было яшчэ рана — сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамі. У вёсцы на другім беразе замігцелі агеньчыкі, некалькі дымкоў прамымі струменьчыкамі ўздымаліся ў бязветраным паветры над драўлянымі хаткамі: сяляне там распальвалі печы, гатавалі снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункі, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткі на блізкім беразе і прывязаныя там лодкі шпарка знікалі з віду. Яна адхіліла фіранку на шкляных дзвярах у калідор і ўбачыла Майета — ён спаў, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Інстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзіць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спіць, а самой зноў легчы на паліцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасці блізкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нібыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькі заўсёдная барацьба і ўсяго трэба дабівацца сваімі намаганнямі. Бадай што, свет быў не такі ўжо жорсткі. Яна нагадала, як цёпла паставіўся да яе памочнік капітана, як ён крыкнуў на развітанне: «Помні пра мяне!» Зусім магчыма, што памочнік капітана ўсё яшчэ помніць яе, — гэты ж малады чалавек, які спіць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькімі гадзінамі свайго жыцця дзеля зусім незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслівая думка: «Магчыма, я жыву ў памяці іншых людзей, не толькі тады, калі яны бачаць мяне ці гавораць са мной». Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскі ўжо не было відно, таксама як і тых цудоўных зялёных пагоркаў, якія яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькі раку. І Корал ізноў заснула.
Міс Уоран, хістаючыся, ішла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзіны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбітай, яе крыху нудзіла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкі блыталіся, аднак яна трымала нос па ветры і не губляла следу. За дзесяць гадоў журналісцкай кар'еры — дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыі пра жаночыя правы, згвалтаванні, забойствы — яна ніколі не была такая блізкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такі матэрыял, сам карэспандэнт газеты «Таймс» ахвяраваў бы год жыцця. «Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, — з гордасцю падумала яна, — ды яшчэ п'яная ўдрызг». Яна ішла, хістаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нібыта на ёй была набакір карона.
Удача не пакідала яе. З купэ выйшаў мужчына і накіраваўся ў туалет. Калі яна прыціснулася да сцяны, каб прапусціць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку і ў купэ болей няма нікога. Мужчына ўзняў вочы і ўбачыў у дзвярах міс Уоран, якая крыху хісталася туды-сюды.
— Можна да вас? — спытала яна. — Я села ў Кёльне і не магу знайсці месца. — Голас у яе быў нізкі, амаль мяккі, нібыта яна ўгаворвала любімага сабаку ўвайсці ў камеру, дзе яго збіраліся ўсыпіць.
— Месца занятае.
— Толькі на хвіліначку, — сказала міс Уорэн. — Хай адпачнуць крышачку ногі. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калі падарожнічаю ў цягніку, дзе няма нікога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбіцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. — Яна нацягнена ўсміхнулася. — Па-мойму, вы доктар?
— Быў некалі ім.
— І вы едзеце ў Белград?
Злёгку ўстрывожаны, ён кінуў хуткі позірк на яе, які яна не заўважыла. Ён пільна агледзеў яе прысадзістую, абцягнутую цвідам фігуру, крыху нахіленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплівасці твар.
— Не, — адказаў ён. — Значна бліжэй.
— А я еду толькі да Вены, — сказала міс Уорэн.
— А чаму вы вырашылі?.. — павольна пачаў ён, сумняваючыся, ці правільна ён робіць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухі, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.
Рызыкоўныя сітуацыі, у якія ён трапляў раней, навучылі яго ў такія моманты крыху пахітаць галавой, ці памахаць пальцам, ці проста сказаць няпраўду. Міс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, і яе няпэўнасць была падобная да іскры надзеі ў зняволенага ў турме.
— Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.
— Ніколі не даводзілася там бываць.
Яна вырашыла пайсці ў адкрытую, адкінуўшы ўсялякія хітрыкі.
— Мне давялося быць у Белградзе прадстаўніком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.
Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзіць сябе абачліва, і глянуў на яе, не выказваючы зусім ніякай цікаўнасці.
— Суд над Камнецам?
— Калі генерал Камнец быў абвінавачаны ў згвалтаванні. Цынер быў там галоўны сведка абвінавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалі. Прысяжныя былі падабраны з яго прыхільнікаў. Урад ніколі не дазволіў бы засудзіць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказанні супраць генерала Камнеца.
— Глупства?
Яго тон ветлівага субяседніка ўзлаваў яе.
— Вядома ж, вы чулі пра Цынера? Яго хацелі прыстрэліць за тыдзень да суду, калі ён сядзеў у кавярні. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказанні супраць Камнеца — ордэр на яго арышт за дачу непраўдзівых паказанняў быў выпісаны яшчэ за дванаццаць гадзін да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелі і чакалі апраўдальнага прыгавору Камнецу.
— Калі гэта было?
— Пяць гадоў таму.
Ён уважліва сачыў за ёй, прыкідваючы, які адказ найбольш раззлуе яе.
— Ну, гэта ўжо старая гісторыя. Цынера выпусцілі з турмы?
— Ён выслізнуў з іх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейсніць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знік. А ўсе думалі, што яго забілі.
— А яго на самой справе забілі?
— Не. Ён ад іх уцёк.
— Разумны чалавек.
— А вось у гэтым я зусім не ўпэўненая, — злосна запярэчыла яна. — Разумны чалавек ніколі не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца і да той дзяўчынкі? Ён быў дурань, строіў з сябе Дон-Кіхота.
З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, і доктара перасмыкнула.
— Ноч выдалася пакутлівая, — сказаў ён.
Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялікай, грубай рукі.
— Толькі ўявіце сабе, — сказала яна з захапленнем. — Пакуль прысяжныя засядалі, ён выйшаў з залы суда на вачах у паліцыі. Яны сядзелі і нічога не маглі зрабіць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, які тырчаў з кішэні ў Хартэпа. А Цынер знік, нібыта яго і не было зусім. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цікаўнасць.
— На самой справе? Нават у Камнеца?
Яна скарыстала спрыяльную сітуацыю і загаварыла сіплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазіі:
— Так, калі б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нічога не змянілася: гадзіннік можна было б перавесці назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарніцтвам, Камнец юрліва вышуквае маленькіх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярні, дзе даюць канцэрты ў шэсць і ў адзінаццаць гадзін. Карл звольніўся з «Масковы», вось і ўсе навіны, а на яго месцы працуе афіцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кінатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навіна: забудавалі сад з піўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнікаў.
Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход праціўніка. Значыцца, піўной Кругера больш няма, а з ёй зніклі і казачныя ліхтарыкі, і яркія парасоны, і цыганы, якія ціха ігралі ў прыцемку, пераходзячы ад століка да століка. І Карла няма. На імгненне ён здольны быў аддаць у рукі гэтай жанчыны сваю бяспеку і бяспеку сваіх сяброў у абмен на звесткі пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, і жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, і раскладае сурвэткі на сваім стале, выцягвае корак з бутэлькі, каб напоўніць свой келіх? Ён разумеў, што яму трэба перапыніць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзіць насупраць, але ён не быў здольны вымавіць ніводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навіны пра Белград, тыя навіны, пра якія яго сябры ніколі не пісалі яму ў сваіх штотыднёвых зашыфраваных лістах.
Было і яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такія самыя, як і былі раней, і ён нібыта адчуў пад нагамі крутыя прыступкі, якія вялі ў вузкія цясніны вулачак, упоперак якіх была развешана бялізна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабіць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса і чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, ці памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блізка, што яны маглі б палічыць такую дасведчанасць у іх жыцці небяспечнай, калі б поўнасцю не давяралі яму, калі б па паходжанні ён не належаў да іх. І таму яго там абкрадалі, давяралі яму свае тайны, гасцінна сустракалі, сварыліся з ім і любілі яго. Пяць гадоў — доўгі тэрмін. Яго маглі ўжо і забыць.
Тут міс Уорэн перавяла дух.
— Аднак бліжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас інтэрв'ю выключна для сваёй газеты. «Як я ўцёк?» Ці: «Чаму я вяртаюся на радзіму?»
— Інтэрв'ю?
Ён паўтараў яе словы, і гэта дзейнічала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавісць да мужчын, да ўсіх іх выкрутасаў і хітрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, — яны абуджалі ў ёй толькі агіду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамі, якія далі ім асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзіць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукі, якія зараз абхапілі калені, гладзілі, дамагаліся, атрымлівалі асалоду. А ў Вене яна страціць Джанет Пардаў, якая трапіць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй ліслівыя словы, дарыць квяцістыя танныя падарункі, нібыта яна нейкая дзікунка, якую можна спакусіць люстэркам і шклянымі пацеркамі з «Вулворта»[11]. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымліваць асалоду — да ўцех мужчын ёй не было ніякай справы. Не кахаючы яе зусім — не пакахаўшы яе нават на гадзіну, на дзень, на год, — мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкіх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мізэрнага лёсу гувернанткі, карміла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькі пацалункамі выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесці ёй поўную асалоду і сама не адчувае нічога, апроч незадаволеных жаданняў. І вось зараз, калі ў яе трашчыць ад болю галава, калі ад яе нясе п'яным смуродам, калі яна разумее, як агідна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавідзела гэтых «паганых» мужчын, іх настырнасць і штучную прывабнасць.
— Вы доктар Цынер.
Ушчэнт раззлаваная міс Уорэн заўважыла, што ён нават і не імкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвішча, пад якім падарожнічае.
— Маё прозвішча — Джон.
— Доктар Цынер, — гыркнула яна, прыкусіўшы зубамі ніжнюю губу, каб не страціць самавалодання.
— Рычард Джон, настаўнік, еду адпачываць.
— У Белград?
— Не. — Ён хвілінку павагаўся. — У Вену.
Яна яму не паверыла, але з усяе сілы прымусіла сябе быць ветлівай.
— І я еду да Вены. Калі хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасці горада? — У дзвярах з'явіўся мужчына, і яна паднялася. — Выбачайце, калі ласка. Гэта ваша месца. — Яна ўсміхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калі цягнік прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкі, якая імгненна запоўніла ўсё купэ смуродам джыну і таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. — Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, — паабяцала яна і, зрабіўшы некалькі крокаў па калідоры, прыхілілася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агіда да самой сябе за тое, што яна напілася і выглядае неахайнай. «І ўсё-такі я яго дастану, — падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нібыта паненка на званым абедзе. — Чаго б мне гэта ні каштавала, чэрці б яго задралі!»
Ласкава-лагоднае святло заліло ўсё купэ. На хвілінку здалося, што сонца ўвасабляе штосьці, поўнае любові і спагады да людзей. Чалавечыя істоты плавалі нібыта рыбы ў залацістай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя і ясныя, яны нібыта луналі без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары і выродлівыя фігуры, можа, і не зрабіліся прыгожыя, але ператварыліся ў нейкія дзівосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставін. У гэтай залацістай плыні яны ўзляталі ўгору і падалі ўніз, перашэптваліся і аддаваліся марам. Яны не былі зняволеныя, бо ў гэты ранні час яны не адчувалі сябе ў палоне.
Корал Маскер ізноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася і падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчваліся ў такт цягніку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нібыта гэтае залацістае святло пранікала паўсюль, і ёй рабіліся зразумелыя звычайна схаваныя жаданні, памкненні і ўчынкі, на якія яна, як правіла, не зважала. Цяпер, калі яна назірала за ім і ён усвядоміў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамі зрабіць нейкі жэст, але спыніўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлівы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасці.
— Я свіння. Вы прабылі на калідоры цэлую ноч, — мякка сказала яна.
Ён вінавата паціснуў плячыма, нібы ліхвяр, які назначыў надта нізкую цану за дарагі гадзіннік ці багатую вазу.
— Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылі спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсці?
— Калі ласка. Гэта ж ваша купэ.
Ён усміхнуўся, не ўтрымаўся і шырока развёў рукі, схіліўшы перад ёю галаву ў лёгкім паклоне.
— Прашу прабачэння. Яно ваша. — Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамі: — Увага! Глядзіце! Білет першага класа.
Білет вылецеў з насоўкі і ўпаў на падлогу паміж імі.
— Ён — ваш.
— Не, ваш.
Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзіўлены твар.
— Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, відаць, ён каштуе дорага.
— Дзесяць фунтаў, — выхваляючыся, сказаў ён. — Дзесяць фунтаў. — Ён паправіў гальштук і нядбала кінуў: — Мне гэта дробязь.
Аднак яго самаўпэўненасць і самахвальства насцярожыла яе.
— Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? — спытала яна з непрыхаваным глыбокім падазрэннем. Білет ляжаў каля іх ног. Нішто не прымусіла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой — золата патухла і зрабілася жоўтай плямаю на шкле і падушках. — Я іду на сваё месца.
— Мне няма ніякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калі вам білет не патрэбны, можаце яго выкінуць, — з выклікам сказаў ён.
Корал бачыла, што ён назірае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзняліся, самаўпэўнена і нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракі і да моста, што праплывалі міма, да аголенай бярозкі, усыпанай раннімі пупышкамі, і ціха заплакала. «Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункі. — І яна з сорамам і смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якія прымалі падарункі ад прынцаў. — А я лаюся на яго, як стомленая афіцыянтка».
Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, і зразумела, што ён нахіліўся па білет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: «Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккіх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявіць, што ты багатая. Ніколі і ніхто не быў да мяне такі добры, як вы». Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нібыта класавы бар'ер паўсталі паміж імі.
— Дайце мне вашу сумачку, — сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку і пачула, як яго пальцы адчынілі замок. — Я кладу яго туды. Калі не хочаце скарыстацца ім, — не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калі захочаце. Ці паспіце тут, калі стоміцеся.
«Я ўвесь час стомленая, — думала яна. — Я магла б спаць тут гадзіны».
— Але ж ці змагу я? — сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы.
— За мяне не турбуйцеся, — сказаў ён. — Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калідоры толькі таму, што вельмі хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбілася б мая дапамога.
Яна зноў заплакала, прыхіліўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекі нібы фіранкамі адсланілі яе ад перасцярог абазнаных у жыцці сухецкіх бабуль: «Мужчыне трэба толькі адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын». Ёй заўсёды казалі: «Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад і паездка ў аўтамабілі пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы ці ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць». Ад дзяўчыны чакаюць платы — на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нічога не робіцца. Пісьменнікі наконт Рубі М. Эйрэс[12] могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубіны, аднак на самай справе цана нявіннасці — футра ці якаясь іншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны і не пераспаць з ім: не пераспіш — ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплаціў дзесяць фунтаў.
Ён узяў яе за локаць.
— Што з вамі? Вам блага?
Яна згадала руку, якая ўзбівала падушкі, шоргат яго крокаў, калі ён выходзіў з купэ. І паўтарыла:
— Але ж ці змагу я? — Аднак на гэты раз яна нібыта прымушала яго сказаць нешта і абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.
— Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, і я вам нешта пакажу, — сказаў ён. — Гэта Рэйн.
Ёй раптам зрабілася смешна.
— Я ўжо здагадалася.
— Вы заўважылі скалу, амаль на сярэдзіне ракі, — мы яе толькі праехалі? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.
— А што гэта — Гейнэ?
— Адзін жыд, — задаволена ўдакладніў ён.
Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусіла была прыняць, і з цікавасцю сачыла за ім, імкнучыся знайсці што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькія вочкі, вялікі нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такіх мужчын, то ў першых радах правінцыйнага тэатра — ён мог быць афіцыянтам у смокінгу, то за пісьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулісамі пад час рэпетыцыі, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккі і ліслівы, то ўладарны голас. Звычайна такія мужчыны былі жмінды і скнары, хоць часам і ў іх здараліся прыступы высакародства і шчодрасці, але давяраць ім нельга ніколі. Зычлівая ўхвала на рэпетыцыі нічога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваім кабінеце і пацягваючы віскі, такі чалавек мог сказаць: «Тое дзяўчо з першага рада нічога не вартае». Яго нельга было ўзлаваць, ён ніколі нікога не абразіць, ніколі не скажа слоўца больш зняважлівага, чым «дзяўчо», а паведамленне пра звальненне прыходзіла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкі, кінутай у тваю паштовую скрынку.
Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалі ёй ставіцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсіх абставінах захоўвалі дзіўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лічыла, што кожная дзяўчына павінна быць далікатная. Корал сказала ветліва:
— Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля «Ата Гёрл» быў з жыдоў.
— Так, — адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.
— А вы любіце музыку?
— Я іграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.
Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явілася нейкае не зусім зразумелае ажыўленне.
— Мне заўсёды хацелася заплакаць, калі спявалі «Сані Бой», — сказала яна. Яна ведала, што ніколі не можа знайсці патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, — яна не магла выказаць словамі, што адчувае, і таму часта гаворыць недарэчы. Вось і тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знікла з яго вачэй.
— Паглядзіце, ракі ўжо няма. Мы праехалі Рэйн, — нечакана сказаў ён. — Ужо час снедаць.
Ёй зрабілася крыху няёмка прызнацца, што яна не пойдзе з ім снедаць, але не стала тлумачыць, а сказала шчыра:
— Мне трэба схадзіць па сакваяж. У мяне там бутэрброды.
Ён пільна паглядзеў на яе:
— Няўжо вы назапасілі на тры дні?
— О не. Толькі на ўчарашнюю вячэру і сённяшняе снеданне. На гэтым я зэканоміла каля васьмі шылінгаў.
— Ну, вы проста скупая, як шатландцы. Паслухайце. Вы пойдзеце снедаць са мной.
— А што яшчэ, па-вашаму, я павінна рабіць з вамі?
Ён усміхнуўся.
— Зараз скажу: абедаць, піць гарбату і вячэраць. А заўтра…
Уздыхнуўшы, яна яго перабіла:
— Па-мойму, вы крыху з'ехалі з глузду. Дарэчы, вы ніадкуль не ўцяклі?
Твар у яго спахмурнеў, ціхім голасам ён спытаў:
— Вам непрыемна са мной? Вам са мной нудна?
— Не. Зусім не нудна. Але ж чаму вы гэта ўсё робіце для мяне? Я зусім не прыгажуня і, па-мойму, асаблівым розумам не вылучаюся.
Яна горача чакала, каб ён запярэчыў: «Не, вы цудоўная, прыгожая і разумная», — тых неверагодных слоў, якія б вызвалілі яе ад патрэбы плаціць яму ці адмовіцца ад яго падарункаў: прыгажосць і розум цэняцца вышэй, чым любы прапанаваны падарунак, а калі дзяўчыну кахаюць, дык нават шматвопытныя бабулі пагодзяцца, што яна мае права браць і нічога не даваць узамен. Але ён ёй не запярэчыў. Яго тлумачэнне было амаль зняважліва простае.
— Мне так лёгка гаварыць з вамі. У мяне такое адчуванне, нібыта я вас даўно ведаю.
— Так, мне здаецца, што і я вас даўно ведаю, — суха сказала яна, адчуўшы звыклую горыч расчаравання. Яна ўзгадала бясконцую лесвіцу, дзверы ў кантору агента і маладога зычлівага жыда, які цярпліва і ветліва тлумачыў, што ён не можа нічога прапанаваць ёй, абсалютна нічога.
«Пэўна ж, мы разумеем адно аднаго, — думала яна, — добра ўсведамляем гэта, таму і не знаходзім патрэбных слоў». Дрэвы і будынкі з'яўляліся і знікалі на фоне бледна-блакітнага, воблачнага неба, бук змяняўся елкай, елка — вязам, а вяз — каменем. Свет, нібыта расплаўлены на гарачай пліце, тапырыўся і прымаў розныя формы, то падобныя на язык полымя, то на лісток канюшыны. Іх думкі заставаліся тыя самыя, гаварыць не было пра што, бо яны ўсё ведалі адно аб адным.
— На самой справе, вам жа асабліва і не хочацца, каб я снедала з вамі, — сказала яна, імкнучыся захаваць разважлівасць і абачлівасць і неяк парушыць няёмкае маўчанне. Аднак ён не пагадзіўся з ёю.
— Не, я сапраўды хачу, — адказаў ён з некаторай няпэўнасцю, і яна зразумела, што ёй трэба быць цвёрдай: падняцца, пакінуць яго, вярнуцца ў свой вагон — ён лішне пярэчыць не будзе. Але ў сакваяжы ў яе былі толькі чэрствыя бутэрброды і крышку ўчарашняга малака ў бутэльцы з-пад віна, а з калідора пахла гарачай кавай і свежым белым хлебам.
Мэйбл Уорэн наліла сабе кавы, моцнай, без малака і цукру.
— Гэта найлепшы матэрыял, які я калі-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзіў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за ім з ордэрам на яго арышт у кішэні. Кэмбел з газеты «Ньюс» адразу ж кінуўся за ім, аднак на вуліцы згубіў яго. Дадому ён болей не прыходзіў, і з таго часу пра яго болей нічога не чулі. Усе лічылі, што яго забілі, аднак я ніколі не магла зразумець аднаго: калі яго хацелі забіць, дык навошта было выпісваць ордэр на арышт.
— Уяві сабе, — без усякай цікавасці сказала Джанет Пардаў, — што ён адмовіцца гаварыць з табой.
Міс Уорэн разламала булачку.
— У мяне яшчэ ніколі не было няўдач.
— Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?
— Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне інтэрв'ю, — сказала яна злосна. — Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзін. — І дадала ў роздуме: — Кажа, што ён школьны настаўнік. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзіць у Вене. Калі праўда, то я выйду разам з ім. Калі спатрэбіцца, паеду з ім у Канстанцінопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.
— У турму?
— На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любілі ў трушчобах. Але ён дурань, калі лічыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга ніхто не памятае.
— Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзіш.
Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзіла ў сябе і вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столік крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такіх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капыліла губкі, насуплівалася, спрачалася і злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, які сядзеў за столікам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай і прываблівай. «А што да жыда, дык адзіная яго добрая якасць — маладосць і грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет», — з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.
— Ты ж ведаеш, што гэта — праўда, — сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлівасць сваіх здагадак. — Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.
— Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсім абавязана.
Словы гэтыя не супакоілі Мейбл Уорэн. «Калі кахаеш па-сапраўднаму, — думала яна, — не думаеш, чым ты абавязана». Свет, як лічыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, і тых, хто жыве пачуццямі. Першыя бяруць у разлік купленыя ім сукенкі, аплачаныя рахункі, але сукенкі з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплівае рахункі са стала і зносіць іх прэч, і ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам ці іншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямі, помняць усё, яны не бяруць і не пазычаюць, яны плацяць нянавісцю ці любоўю. «Я адна з іх, — думала міс Уорэн, вочы яе напоўніліся слязьмі, а булачка засела ў горле. — Я адна з тых, хто кахае і помніць заўсёды, хто захоўвае вернасць мінуламу і носіць жалобныя гарнітуры і жалобныя павязкі на рукаве. Я нічога не забываю». Яе погляд слізгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, — так стомлены матацыкліст з неадольным жаданнем пазірае на просценькі гатэль з пунсовымі фіранкамі на вокнах і марыць пра таннае піва, а потым ізноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай і пальмамі. «Я загавару з ёю, яна зграбная, — падумала яна. — Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фігурай. Вернасць зусім не тое самае, што ўспаміны: можна забыць і заставацца верным, а можна памятаць і парушыць вернасць».
«Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў», — спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар іх сустрэчы ў кінатэатры на Кайзер-Вільгельм-штрасе, і ўсё-такі, усё-такі… Абедзве яны тады адчулі агіду да акцёра, які выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуцці ў напружанай цішыні цёмнай залы: «Мне агідныя такія распусныя мужчыны!» — і пачула словы згоды, вымаўленыя нізкім, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фільм да канца, да апошніх абдымкаў, да фінальнай завуаліяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсці і дзе-небудзь выпіць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кінахроніку, і яны абедзве засталіся. Здаецца, у самы першы вечар выявіўся характар Джанет — потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзілася пагаджацца з ёю ва ўсім. Так было да ўчарашняга вечара, калі яна вырашыла вызваліцца ад Мейбл Уорэн.
— Не выношу жыдоў, — злосна вымавіла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панізіць голас.
І Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялікімі прамяністымі вачыма, пагадзілася:
— Гэтаксама і я, дарагая.
З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:
— Джанет, калі мяне не будзе побач, ці будзеш ты памятаць, як мы кахалі адна адну? Ты ж не дазволіш ніводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?
Ёй было б прыемна пачуць пярэчанні, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзіць доказы, нейкім чынам накласці пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзінае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:
— Ну, вядома ж, дарагая. Хіба я магу?
Калі б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблічча, якое вярнула б ёй разважлівасць і цвярозы розум. «Ну, гэта не па мне, — разважала яна, — трэба знайсці задавальненне ў чым-небудзь прыгожым». Няма нічога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткія валасы, пра чырвоныя павекі, пра мужчынскі немілагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернікам. Калі яна знікне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе існаваць, хоць і будзе па інерцыі спаць, есці, выклікаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамі падсмажаны хлеб і казаць: «Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта». Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералілася цераз край і запэцкала ёй спадніцу, на якой ужо былі плямы ад тлушчу і піва. «Якая розніца, — цынічна падумала яна, — чым займаецца Джанет, калі я пра гэта не ведаю. Якая розніца, калі яна дазволіць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калі яна зноў вернецца да мяне». Але апошняя думка прымусіла яе скалануцца ад душэўнага болю. «Наўрад ці Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, — разважала яна. — Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя дні, калі мы былі шчаслівыя, пра тое, якія я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якія я ёй прысвячала. А ён будзе насміхацца, і яна будзе насміхацца, і, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна ніколі не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, ці сапраўды яна збіраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопіць ужо, свет на ёй клінам не сышоўся, — думала міс Уорэн, крышачы булачку і з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукі. — Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кінатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, — проста асалода гадзінамі сядзець і назіраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робіць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохі, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкі значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага».
— Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? — весела спытала Джанет.
Цягнік гайдануўся, і з грукатам уварваўся ў тунель, і вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапіўшы яго, як сярдзітая рука выхоплівае ліст паперы, раздзірае яго і выкідвае шматкі, і толькі на адным з іх можна прачытаць слова «Назаўсёды», — таму ніхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: ці прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, ці заявіла, што ніхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. І калі цягнік ізноў выйшаў на сонечнае святло, заблішчалі кафейнікі, забялелі настольнікі і сурвэткі, за вокнамі былі відаць палі, на якіх пасвіліся каровы, а потым густы ельнік, — міс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, які ўваходзіў у рэстаран. Яна пазнала ў ім суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна і яе спадарожнік гаварылі так рэдка, што міс Уорэн не магла зразумець, ці знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнік план, які дасць ёй не толькі загаварыць з дзяўчынаю, але і дапаможа ёй раз і назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты — атрымаецца выдатнае распяцце.
— Да пабачэння, — сказала дзяўчына.
Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назіральніцы, заўважыла, як яе спадарожнік уцягнуў галаву ў плечы, нібыта прысаромлены звычайны зладзюжка, які, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлівага прыгавору і робіць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлівасці. Неспрактыкаваны назіральнік мог бы па іх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбіралася ў гэтым лепей.
— Я ўбачу вас яшчэ? — спытаў жыд, і дзяўчына адказала:
— Калі захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсці.
— Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, — сказала Мейбл Уорэн, і яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хісткі пераход паміж вагонамі, які гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся і трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай бліскучай аперацыі, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калі яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не маніла, у яе ўжо выспела бліскучая ідэя, і яе галава зараз была падобная на залітую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба — гэта яна добра ўсведамляла, і адразу пачала прыкідваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна ніколі не друкавалася на першай паласе. У іх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраенні, арышт пэра за растрату і жаніцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Ніводзін з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправіцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва «Навіны». «Канферэнцыю па агульным раззбраенні і дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калі няма паведамлення пра вайну ці пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе», — думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая ішла наперадзе, яна ўявіла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокім каўнерам і вузкім туга завязаным гальштукам, — ён сядзіць у кутку свайго купэ, абхапіўшы рукамі калені, а яна меле лухту яму наконт Белграда. «Доктар Цынер жыве», — прыкідвала яна, прыдумваючы загалоўкі. — Не, гэта не падыдзе, ужо мінула пяць гадоў, і не ўсе памятаюць яго прозвішча. «Чалавек-загадка вяртаецца»… «Як доктар Цынер пазбег смерці»… «Толькі ў нашай газеце»…
— Мілая дзяўчына! — задыхаючыся, паклікала яна, ухапіўшыся за парэнчы, — было відаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу і скрыгат буфераў.
Голасу яе не было чуваць, таму яна мусіла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролі, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапіла дыханне. Дзяўчына азірнулася і падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным і засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуцці.
— Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлі?
Міс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другім канцы пакладзеных адзін на адзін сталёвых лістоў, яна напружана абдумвала, як паводзіць сябе з дзяўчынай.
— Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсці да вас. Ведаю, што я баязлівая старая дурніца, — ёй было агідна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, — калі б вы падалі мне руку дапамогі?
«На такую гульню мне не хапае доўгіх валасоў — выглядала б болей па-жаноцку, — думала яна, — шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам».
Дзяўчына зрабіла крок ёй насустрач.
— Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьміцеся за маю руку.
Міс Уорэн учапілася за руку дзяўчыны сваімі моцнымі пальцамі, нібыта сціскаючы шыю нейкага злога сабакі.
Калі яны дайшлі да наступнага калідора, яна зноў загаварыла. Шум цягніка крыху сцішыўся, і яна магла панізіць голас да хрыплага шэпту.
— Калі б у цягніку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
— Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, і ён дапамог мне.
— Я так баюся дактароў, дарагая, — сказала міс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмі пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. — Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоіцца. Як вас завуць, мілачка?
— Корал Маскер.
— Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменніца, вельмі падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?
— Я танцую. Еду ў Канстанцінопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскім шоў.
Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбіні сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявіць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовіцца ад надзеі захаваць пры сабе Джанет Пардаў і не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт і заняць месца Джанет у якасці платнай кампаньёнкі?
— Вы такая прыгожанькая, — уголас сказала яна.
— Прыгожанькая, — паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсміхнулася — нішто не магло пахіснуць яе недаверу. — Вы што, кпіце з мяне?
— Мая дарагая, вы такая добрая і мілая.
— Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, — загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, і гэта на імгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: — Хопіць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце ізноў, што я прыгожанькая.
Мейбл Уорэн пагадзілася з вялікай ахвотай:
— Мілачка мая, вы проста цудоўная. — Велізарнае здзіўленне, з якім дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова «цнота» мільганула ў разбэшчанай гарадскім жыццём свядомасці Мейбл Уорэн. — Вам ніхто ў жыцці не казаў гэтага? — нецярпліва і недаверліва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. — Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?
— Я знаёмая з ім вельмі мала.
— Думаю, вы дастаткова разважлівая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.
— Вы лічыце, што ён падумаў тое самае? — павольна сказала Корал Маскер. — Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?
— Яны ўжо прызвычаіліся да гэтага, дарагая.
— У такім разе я пайду і скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабаліся жыды.
Мейбл Уорэн злосна працадзіла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.
— Што вы сказалі?
— Вы ж не кінеце мяне ў такім стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягніка, я еду з пляменніцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.
Яна прасачыла, як Корал Маскер знікла, і праслізнула ў туалет. Паравоз раптоўна спыніўся, а потым даў задні ход. Глянуўшы ў акно, міс Уорэн пазнала шпілі Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад і ўперад паміж сігнальнымі будкамі і запаснымі пуцямі. Міс Уорэн пакінула дзверы прыадчыненымі, каб назіраць за калідорам. Калі з'явіліся Корал Маскер і доктар Цынер, яна зачыніла дзверы і пачакала, пакуль іх крокі не заціхлі. Ім было яшчэ доўга ісці па калідорах, і, калі яна паспяшаецца, часу ёй хопіць. І выслізнула з туалета. Перш чым яна паспела зачыніць дзверы, цягнік таргануўся і рушыў, і дзверы з бразгатам зачыніліся, але ні Корал Маскер, ні доктар Цынер не абярнуліся.
Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калідоры, імклівы ход цягніка кідаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку і калена. Пасажыры, якія вярталіся са снедання, прыціскаліся да вокнаў, каб прапусціць яе, некаторыя лаяліся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, і думалі, што яна іх не разумее. Яна злосна ўсміхалася ім услед, паказваючы вялізныя пярэднія зубы, і бегла далей. Патрэбнае купэ знайсці было лёгка — яна пазнала плашч, які вісеў у кутку, і мяккі паношаны брыль. На сядзенні ляжала ранішняя газета: доктар Цынер, пэўна, купіў яе некалькі хвілін таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткі час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, які ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другім канцы цягніка, і яго не будзе, прынамсі, некалькі хвілін.
За гэты час яна павінна шмат што разведаць, каб прымусіць яго загаварыць.
Спачатку плашч. У кішэнях нічога не было, акрамя пачка запалак і цыгарэт «Голд Флейк». Яна ўзяла брыль і прашчупала стужку і паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзілася часам знаходзіць вельмі патрэбную інфармацыю, схаваную ў брылі, але ў доктарскім нічога не аказалася. Зараз наступіў самы небяспечны момант вобыску — бо брыль і нават кішэні плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткі, узламаць замок сцізорыкам і падняць века — гэта ўжо надта падводзіла яе пад пагрозу быць абвінавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцізорыка зламалася, калі яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе міма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам ілбом яна ўсё болей шалела ад спешкі. «Калі мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газеціна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калі мяне выганяць, я страчу Джанет і шанцы займець Корал. А калі дасягну сваёй мэты, — думала яна, тузаючы, піхаючы, абдзіраючы пазногці, — мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такі матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсі, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калі Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кіне. За такія грошы я куплю сабе шчасце і спакой», — мільганула ў галаве, і замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, і яе пальцы дабраліся да тайнікоў доктара Цынера. І першым такім тайніком быў шарсцяны бандаж.
Яна асцярожна падняла яго і знайшла пашпарт. Ён быў на імя Рычарда Джона, прафесія — настаўнік, узрост — пяцьдзесят шэсць год. «Гэта яшчэ нічога не значыць, — думала яна. — Усе яны, падазроныя чужаземныя палітыкі, добра ведаюць, дзе купіць пашпарт». Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, і пачала мацаць рукамі адзенне, прабіраючыся да сярэдзіны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнікі, — яны заўсёды правяраюць багаж знізу і збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру ці пісьмо, але там аказаўся толькі стары «Бедэкер»[13] выдання 1914 года — «Канстанцінопаль, Малая Азія, Балканы, Архіпелаг, Кіпр», загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабіла ўсё старанна і дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвіліны ёй нічога не пагражае. Калі аглядаць ужо болей нічога не засталося, яна раскрыла «Ведэкер» — дзіўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац і з расчараваннем прачытала імя Рычарда Джона, напісанае дробным няроўным почыркам — кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвішчам быў напісаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сі — яго варта было запомніць. «Кларыён» можа паслаць туды супрацоўніка ўзяць інтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагі матэрыял.
Даведнік, відаць, быў куплены ў букініста, вокладка была вельмі пашарпаная, на форзацы наклейка з імем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнігу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але ніякіх паметак на ёй не было. Міс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербію, кожную пра дзяржавы, якія цяпер уваходзяць у склад Югаславіі, — нічога там не было асабліва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кінула б пошукі, калі б не знайшла кнігу ў такім месцы. Упарта, не давяраючы сваім вачам, яна ўпэўнівала сябе, што кніга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павінна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкі і прытрымліваючы іх вялікім пальцам — яны клаліся няроўна з-за мноства складзеных карт, — яна ўбачыла на адной старонцы нейкія лініі, кружочкі і трохкутнікі, накрэсленыя чарнілам паверх тэксту. Але ў тэксце ішла гаворка толькі пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азіі, лініі ж маглі быць накрэмзаны няўмелай рукой дзіцяці з дапамогай лінейкі і цыркуля. Вядома, калі гэтыя лініі — нейкі код, толькі эксперт змог бы іх расшыфраваць. «Ён мяне перамог, — з нянавісцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, — тут нічога няма». Але ёй не захацелася класці «Бедэкер» назад на месца. Калі ён яго схаваў, у гэтай кнізе нешта не так. Рызыка ўжо і так была даволі вялікая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачыніўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а «Бедэкер» засунула пад кофтачку і заціснула пад пахай — там можна было прытрымліваць яго збоку рукой.
Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна — яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куіна Сейвары, у якога збіралася ўзяць інтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфіях у «Татлеры», па карыкатурах у «Нью-Йоркеры», па накідах алоўкам у «Меркурыі». Блізарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калідора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куіна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер паліто, абхапіўшы рукою люльку, ён сачыў маленькімі бліскучымі вочкамі за тымі, хто праходзіў па калідоры. У кутку насупраць драмаў святар.
Міс Мейбл Уорэн адчыніла дзверы, увайшла ў купэ і села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, — папулярнасць, а сама не атрымлівае нічога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лісліва, завабліваць яго намёкамі, як яна старалася завабіць доктара Цынера, бо яна магла абразіць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кніг.
— Вы містэр Куін Сейвары? — спытала яна і краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай і цікаўнасцю. «Ну і ёлуп няшчасны, — падумала яна, — яго ўразіў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мільёны — у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера». — Я карэспандэнт газеты «Кларыён». Хачу ўзяць у вас інтэрв'ю.
— Мяне гэта неяк застала неспадзеўкі, — сказаў містэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера паліто.
— Не трэба хвалявацца, — звыкла вымавіла міс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкі блакнот і адкрыла яго. — Толькі некалькі слоў ангельскім чытачам. Падарожнічаеце інкогніта?
— О не, не, — запярэчыў містэр Сейвары. — Я не належу да каралеўскай сям'і.
Міс Уорэн пачала пісаць.
— Куды вы едзеце?
— Ну, перш-наперш, у Канстанцінопаль, — сказаў містэр Сейвары з прамяністай усмешкаю, усцешаны цікавасцю да яго асобы. Але яе цікаўнасць ізноў перакінулася на «Бедэкер», на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фігуры. — Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкі Ўсход, у Багдад, у Кітай.
— Пішаце кнігу падарожжаў?
— Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца «Паехалі за граніцу». Прыгода аднаго вясёлага кокні. Гэтыя краіны, іх цывілізацыі, — ён акрэсліў рукой кола ў паветры. — Германія, Турцыя, Аравія, яны будуць толькі фонам галоўнаму герою, уладальніку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
— Вядома, разумею, — адказала міс Уорэн, хутка запісваючы: «Доктар Рычард Цынер, адзін з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзіму, у Белград. Пяць гадоў усе лічылі яго забітым, аднак увесь гэты час ён жыў і працаваў настаўнікам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставін». — «А якіх?» — разважала міс Уорэн.
— Ваша думка пра сучасную літаратуру? — спытала яна. — Пра Джойса, Лоўрэнса і ўсіх іншых?
— Усё гэта мода, а яна, як вядома, мінае, — экспромтам адказаў містэр Сейвары, нібыта стварыў эпіграму.
— А як наконт Шэкспіра, Чосера, Чарльза Рыда[14] і іншых?
— А вось яны будуць жыць, — урачыста вымавіў містэр Сейвары.
— А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фіцроя?[15] — «Быў выпісаны ордэр на яго арышт, — пісала яна, — але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калі суд закончыўся, доктар Цынер знік. Паліцыя арганізавала назіранне за ўсімі вакзаламі і спыняла кожны аўтамабіль. Нічога дзіўнага, што неўзабаве пайшлі чуткі, нібыта доктар Цынер быў забіты агентамі ўрада».
— Вы не прыхільнік эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамітнай курткі і г. д.?
— Думаю, што такія экстравагантнасці губяць пісьменнікаў, — сказаў містэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы і, працягваючы гаворку, крадком пазіраў на святара. — Я не паэт. Паэт — індывідуаліст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькі ад сябе самога. Празаік залежыць ад іншых людзей, ён звычайны чалавек, які здольны выказваць свае думкі. Ён — назіральнік, — працягваў містэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пісьменніка. — Ён павінен усё бачыць навокал, а сам мусіць заставацца непрыкметны. Калі ж людзі пачынаюць яго пазнаваць, то яны нізавошта не будуць з ім шчырыя, а пачнуць несці рознае глупства, расказваць байкі, і ніякай карысці з гэтага яму не будзе.
Аловак міс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калі яна выклікала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць — яго адказы на пытанні былі зусім ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзіў бессэнсоўныя закруткі, прыблізна падобныя да стэнаграфічнага запісу, — трэба было пераканаць містэра Сейвары, што яго выказванні запісваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў — рысак, кружкоў і квадрацікаў — міс Уорэн паглыбілася ў роздум. Яна разважала над усім, што тычылася «Бедэкера». Выданне 1914 года, выдатна захаванае, ім амаль што не карысталіся, калі не браць у разлік раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралі ў рукі, што яна адарвалася.
— Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? — з трывогай спытаў містэр Сейвары. — Яны маюць вялікае значэнне. Яны, на маю думку, — адзіныя крытэрыі сапраўднай літаратуры. Разумееце, можна прытрымлівацца гэтых поглядаў і адначасова пісаць кнігі, якія разыходзяцца тыражамі ў сотні тысяч.
Міс Уорэн, узлаваная, што перарвалі яе думкі, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: «Можа, вы лічыце, што і мы маглі б прадаваць два мільёны экземпляраў газеты, калі б пісалі толькі праўду?»
— Вельмі цікава, — сказала яна. — Публіцы гэта спадабаецца. А скажыце, калі ласка, на ваш погляд, які ваш асабісты ўклад у ангельскую літаратуру? — Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай і тыцнула ў яго алоўкам.
— Гэтае, бачыце, нехта іншы павінен вызначыць, але ж кожны спадзяецца… кожны імкнецца зрабіць што-небудзь, каб адрадзіць дух высакародства і цвярозага розуму ў сучаснай літаратуры. У ёй занадта многа самасузірання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет — прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзі. — Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. — Трэба адрадзіць дух Чосера. — Па калідоры прайшла нейкая жанчына, і на імгненне ўся ўвага містэра Сейвары перакінулася на яе, ён нібыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. — Чосер, — паўтарыў ён. — Чосер. — І раптам імпэт яго згас на вачах у міс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, і, нахіліўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклікнуў: — Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!
Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзіцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цікаўнасцю і пажадлівасцю, чалавек, блізкі да істэрыкі. Міс Уорэн злараднічала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавідзела асабіста яго, ёй быў ненавісны ўсякі надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнігі ці дасягненне хуткасці ў тры тысячы міль у гадзіну, — ва ўсіх такіх выпадках яна брала інтэрв'ю, а шчаслівец спагадліва даваў яго. Няўдачнік жа, даведзены да роспачы, — гэта зусім іншая справа, тут яна выступала ад імя абуранага грамадства, пранікала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкія кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны паміж пальмамі ў вазонах і піяніна, прыціснуты да вясельнай фатаграфіі і мармуровага гадзінніка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, інтымныя пытанні, амаль не чуючы адказаў. «Так, сапраўды, не надта вялікая адлегласць аддзяляе містэра Куіна Сейвары, аўтара «Развясёлага жыцця», ад такога няўдальца», — задаволена падумала яна.
— Дух цвярозага розуму — гэта ваша крэда? — ухапіўшыся за яго словы, спытала яна. — Вы прынцыпова супраць адзнак «Толькі для дарослых»? Вашымі кнігамі адорваюць выдатнікаў у школах.
Насмешка яе прагучала занадта яўна.
— Я ганаруся гэтым, — сказаў ён. — Маладое пакаленне павінна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кінуты ў калідор. «Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, — падумала яна, — публіцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Ім яшчэ болей спадабаецца, калі ён дакоціцца да вулічнага прамоўцы ў Гайд-Парку, — хутчэй за ўсё так яно і будзе праз некалькі гадоў. Я дажыву да гэтага часу і нагадаю ім свае словы». Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. «Паглядзіце на яго зараз: на яго маршчынкі — адзнакі слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты — усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкі і кружочкі ў «Бедэкеры», аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамі, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, і ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
— Божухна! — усклікнула міс Уорэн. — Нарэшце я ўсё зразумела!
Містэр Сейвары ўсхапіўся з месца:
— Што вы зразумелі? Наконт зубнога болю?
— Не, не, — сказала міс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнілася святлом, якое не пакінула ніводнага зацішнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. — Я маю на ўвазе ваша цудоўнае інтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напісаць.
— Я ўбачу карэктуру?
— Ах, мы ж не штотыднёвік. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго біфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта інтэрв'ю заўтра за ранішняй кавай.
І пераканаўшы яго, што інтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, міс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзіць гэтага стомленага чалавека, які ўжо ўхапіўся за думку пра новы паўмільённы тыраж яго новай кнігі, якая ў людзей кароткая памяць — сёння яны купляюць кнігу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапіла больш буйная гульня — яна лічыла, што ўжо разгадала тайну «Бедэкера». Штуршком былі яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў «Бедэкеры», як ёй запомнілася, была тонкая і дастаткова празрыстая, калі падкласці схему пад паметкі алоўкам на папярэдняй старонцы, лініі можна бачыць наскрозь.
«Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, — разважала яна. — За гэта трэба выпіць. Знайду я зараз парожняе купэ і паклічу афіцыянта». Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палічыла за лепшае пасядзець адной, з келіхам Курвуазье, там, дзе нічога не перашкодзіць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнічала абачліва: не выцягнула «Бедэкера» з-пад кофтачкі да таго часу, пакуль афіцыянт не прынёс каньяк. І нават тады зрабіла гэта не адразу. Яна паднесла келіх да ноздраў, дазваляючы віннай пары дайсці да таго месца, дзе мозг, відаць, злучаецца з носам. Алкаголь, які яна піла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вільготны дзень. «Галава круціцца, — падумала яна, — у мяне круціцца галава». Праз келіх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такі аднастайны і звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палі, дрэвы, маленькія фермы. Яе вочы, блізарукія і пачырванелыя ад аднаго толькі паху віна, не заўважалі, што адбыліся нейкія змены ў надвор'і. Яна паглядзела на неба, шэрае і бясхмарнае, і на цьмянае сонца. «Няма нічога дзіўнага, калі пойдзе снег», — падумала яна і праверыла, ці поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкі «Бедэкер». Цягнік ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, і ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
Яе здагадка была правільная, гэта, ва ўсякім разе, дакладна. Калі яна пачала разглядаць на святло схему і старонку з адзнакамі, рысачкі ляглі ўздоўж вуліц, кружочкі абвялі грамадскія будынкі: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лічыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за ілжэсведчанне. Аднак у такім разе схема не мела ніякага сэнсу. Яна зноў пачала пільна яе вывучаць. Вуліцы былі адзначаны невыпадкова, тут існавала нейкая пэўная сістэма: квадраты дакладна размяшчаліся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другім — з поштай, на трэцім — з судом. Усярэдзіне квадрацікі рабіліся ўсё меней і меней і, нарэшце, акружалі толькі турму.
З абодвух бакоў цягніка стромка ўзнімаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Іскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нібыта градзінкі, грукаталі па вокнах, цемра запоўніла вагоны, калі доўгі цягнік з грукатам уварваўся ў тунель. «Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя», — думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўні вачэй, каб не прапусціць моманту, калі зноў з'явіцца святло.
Грукат сціхнуў, раптам наўкол ізноў зрабілася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На ім ізноў быў плашч, і яна акінула пагардлівым поглядам яго акуляры, сівыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы і вузкі, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок і сказала з усмешкаю:
— Ну і як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ і зачыніў дзверы. Без усякай адзнакі варожасці ён сеў насупраць яе. «Ён разумее, што я паставіла яго ў безвыходнае становішча, і вырашыў паводзіць сябе разумна».
— Ваша газета ўхваліла б ваш учынак? — раптам спытаў ён.
— Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкінулі б на вуліцу. Але калі яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. — І дадала з добра разлічаным нахабствам: — Думаю, за такі матэрыял варта прыбавіць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без ніякага гневу:
— Я вам нічога не раскажу.
Яна пагардліва махнула на яго рукой.
— Вы мне шмат чаго ўжо расказалі. А яшчэ і гэта. — Яна пастукала па «Бедэкеры». — Вы былі настаўнікам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Мы атрымалі інфармацыю ад вашага дырэктара. — Ён нахіліў галаву. — А потым, — працягвала яна, — ёсць яшчэ гэтая схема. І гэтыя каракулі. Я іх ужо супаставіла і ўсё зразумела.
Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца ці выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзіны збянтэжылі яе, і на кароткае імгненне яна падумала: «Можа, з маіх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусім не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнільніц, бразгатлівых званкоў і паху хлапечай вопраткі?» Гэтыя сумненні крыху паменшылі яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збіралася, — сваім хрыплым голасам ёй цяжка было кіраваць.
— Мы прыйдзем да згоды, — лагодна рыкнула яна. — Я не збіраюся рабіць вам ніякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калі вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыі будзе яшчэ большая. Абяцаю нічога не друкаваць без вашай асабістай згоды. — Яна сумна дадала, нібыта была мастаком, якога вінавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымі фарбамі: — Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыі. Толькі ўявіце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
Старасць імкліва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоі, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкі ад турэмнай камеры, і вось ён сядзіць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулі мінулыя падзеі, усе разам наваліліся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, які, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабіўся такі ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.
— Ну, перш за ўсё, якія ў вас планы? — спытала міс Уорэн. — Мне здаецца, што вы ў многім залежыце ад трушчоб.
Ён пахітаў галавой:
— Я ні ад каго не залежу.
— Вы кіруеце ўсім?
— Я тут самы маленькі чалавек.
Міс Уорэн зласліва стукнула сябе па калене.
— Мне трэба дакладныя адказы. — І зноў пачула:
— Я вам нічога не скажу.
«Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, — падумала яна, — ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу». Яна была вельмі паблажлівая, яна была ўпэўненая, што перад ёй — не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачніку яна магла дараваць многае, з ім яна магла быць спагадлівай і лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывістымі словамі, падобнымі да ціхага ржання, як толькі няўдачнік пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам ішоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахілілася і паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькі была здатная.
— Тут мы з вамі заадно, доктар. Хіба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. «Грамадская думка» — вось як называюць яшчэ «Кларыён». Я ведаю, вы баіцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра і ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублікуем ніводнага слова, нават не заікнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькі тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: «Гісторыя доктара Цынера, расказаная ім самім. Выключна для «Кларыёна». Ну, хіба гэта не пераканаўча?
— Мне няма чаго сказаць.
Міс Уорэн зняла руку з калена. «Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць паміж мной і прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, паміж мной і Джанет Пардаў», — разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабіўся для яе ўвасабленнем усіх мужчын, якія квапяцца на яе шчасце: сваімі грашыма і дробязнымі падачкамі яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знішчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбіваў на друзачкі статуі, — гэта не было бяссэнсавым актам вандалізму. Нейкая сіла Багародзіцы перадавалася і яе статуі, а калі галава ў яе была адбітая, не ставала ўжо рукі і нагі, абламаныя былі сем мячоў, якія ўтыкаліся ў яе цела, то пачалі ставіць меней свечак і чытаць меней малітваў каля яе алтара. Калі хоць адзіны мужчына — доктар Цынер, напрыклад, — будзе дашчэнту знішчаны жанчынай, дык меней маладзенькіх дурніц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сілу і спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост і на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, які зыходзіць ад няўдачніка, яна дала яму яшчэ адзін шанец.
— Няма чаго?
— Няма чаго.
Міс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.
— Вы ўжо расказалі мне шмат чаго істотнага. — Гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання, і яна пачала тлумачыць яму павольна і падрабязна, нібыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: — Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяці гадзін я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяці. Матэрыял у першы лонданскі выпуск не паступае ў тыпаграфію да адзінаццаці. Нават калі паведамленне затрымаецца да трох гадзін раніцы, можна яшчэ перарабіць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяці раніцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславіі. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнік прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявіць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыяліст, які пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзіму. У панядзелак ён сеў на Ўсходні экспрэс у Остэндэ, цягнік прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лічаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялістамі, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе ніколі не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапіць вакзал, паштамт і турму. — Міс Уорэн зрабіла кароткую паўзу. — Вось такую гісторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калі вы дадзіце якія-небудзь дадатковыя звесткі, я папрашу іх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволіце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.
— Кажу вам, што я выходжу ў Вене.
— Я вам не веру.
Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскіх труб і вялізны чорны металічны цыліндр на фоне шэрага, з водбліскамі, неба. Купэ напоўнілася пахам газы. На невялікіх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялізныя качаны блішчалі ад інею.
— У мяне няма падстаў баяцца вас, — сказаў ён вельмі ціха, і ёй давялося нахіліцца наперад, каб разабраць яго словы.
Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, і яго спакой дзейнічаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана і злосна, нібыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных — чалавек, які толькі што плакаў уголас, схаваўшыся за пальмай у вазоне, і раптам выявілася, што ў яго яшчэ ёсць патаемная крыніца сілы.
— Я магу зрабіць з вамі ўсё, што захачу.
— Здаецца, пойдзе снег, — павольна вымавіў доктар Цынер. Цягнік упаўзаў у Нюрнберг, і ў агромістых паравозах, што стаялі абапал, адлюстроўвалася поўнае вільгаці сталёвае неба. — Не, вы нічым не зможаце пашкодзіць мне. — Яна пастукала пальцам па «Бедэкеры», і ён сказаў з лёгкім гумарам: — Пакіньце яго сабе на памяць пра нашу сустрэчу.
Тут яна канчаткова ўсвядоміла, што тое, чаго яна баялася, спраўдзілася: ён выслізнуў ад яе. Разлютаваная, яна ўтаропілася ў яго. «Калі б толькі я магла зрабіць яму хоць якую-небудзь шкоду», — злосна падумала яна, нібыта ўбачыўшы ў люстры за яго спінай сваю ўдачу ў вобразе Джанет Пардаў, якая адыходзіла прэч, прыгожая і вольная, па доўгіх вуліцах і холах шыкоўных гатэляў. «Калі б я толькі магла зрабіць яму хоць якую-небудзь шкоду».
Яе яшчэ болей узлавала тое, што ў яе адняло мову, а доктар Цынер па-ранейшаму валодаў сабой. Ён падаў ёй газету і спытаў:
— Вы чытаеце па-нямецку? Тады прачытайце вось гэта.
Увесь час, пакуль цягнік стаяў на вакзале ў Нюрнбергу, доўгія дваццаць хвілін, яна прасядзела, утаропіўшыся ў газету. Паведамленне, апублікаванае ў ёй, ушчэнт раззлавала яе. Яна думала знайсці там навіны пра якое-небудзь незвычайнае дасягненне, пра адрачэнне якогась караля, пра дзяржаўны пераварот, пра патрабаванне народа вярнуць доктара Цынера — гэта дазволіла б яму даць ёй інтэрв'ю ў паблажлівым тоне. Тое, што яна прачытала, уразіла яе болей за ўсё — паражэнне паўстання ў Белградзе: ён зусім вызваляўся з-пад яе ўлады. Шмат разоў яе абводзілі вакол пальца тыя, хто дасягнуў поспеху, але ніколі — той, хто пацярпеў паражэнне.
«Узброенае паўстанне камуністаў у Белградзе, — чытала яна. — Учора позна ноччу банда ўзброеных камуністычных бунтаўшчыкоў зрабіла спробу захапіць вакзал і турму ў Белградзе. Паліцыя была заспета знянацку, і амаль тры гадзіны бунтаўшчыкі бесперашкодна ўтрымлівалі галоўны паштамт і таварны склад. Сёння ўся тэлеграфная сувязь з Белградам была перапынена да раніцы. Аднак а другой гадзіне наш прадстаўнік у Вене гаварыў па тэлефоне з палкоўнікам Хартэпам, начальнікам паліцыі, і даведаўся, што парадак у горадзе адноўлены. Колькасць паўстанцаў была нязначная, і ў іх не было сапраўднага правадыра, іх напад на турму адбілі ахоўнікі, а пасля гэтага некалькі гадзін яны заставаліся ў будынку паштамта, не праяўляючы ніякай актыўнасці, відаць, спадзяваліся, што жыхары раёнаў, населеных беднякамі, прыйдуць ім на дапамогу. Тым часам урад змог паслаць дадатковыя падмацаванні паліцыі, і з дапамогай узвода салдат і дзвюх палявых гармат паліцэйскія адбілі паштамт пасля асады, якая працягвалася не болей чвэрці гадзіны». Гэтае кароткае паведамленне было надрукавана буйным шрыфтам, а ніжэй, дробным шрыфтам, давалася падрабязнае апісанне ўзброенага паўстання.
Міс Уорэн сядзела, утаропіўшыся ў газету, яна крыху насупілася і адчувала, што ў яе перасохла ў горле. Доктар Цынер растлумачыў:
— Яны выступілі на тры дні раней.
— А чым бы вы ім дапамаглі? — агрызнулася міс Уорэн.
— Людзі з трушчоб пайшлі б за мной.
— Яны даўно забыліся пра вас. Пяць гадоў — гэта процьма часу. Маладыя людзі былі яшчэ дзеці, калі вы ўцяклі.
«Пяць гадоў!» — падумала яна, уяўляючы, як яны няўхільна наваляцца на яе ў будучым, дні, падобныя на бясконцыя дажджы ў сырую зіму. У думках перад ёю паўстаў твар Джанет Пардаў, устрывожанай першымі маршчынамі, першымі сівымі валасамі альбо тым, у што ператвараецца яе гладкая пасля пластычнай аперацыі скура і чорныя пафарбаваныя валасы, сівыя карані якіх вылазяць кожныя тры тыдні.
— Што вы зараз збіраецеся рабіць? — спыталася яна, і яго хуткі і лаканічны адказ: «Я выходжу ў Вене», — выклікаў у яе падазрэнне. — Вось і добра, выйдзем разам і пагутарым далей. Цяпер ужо ў вас не будзе пярэчанняў супраць інтэрв'ю. Калі вам спатрэбяцца грошы, наша бюро ў Вене пазычыць вам. Яна адчувала, што ён глядзіць на яе больш пільна, чым раней.
— Там, пэўна, можна будзе пагаварыць, — павольна сказаў ён.
Зараз яна была ўпэўнена, што ён гаворыць няпраўду. «Ён збіраецца заблытаць след», — думала яна, але намеры яго адгадаць было цяжка. Яму трэба выйсці ў Вене ці ў Будапешце, далей ехаць было б даволі небяспечна. Але тут яна ўспомніла яго на судовым працэсе над Камнецам: цвёрда ўпэўнены ў тым, што ніякія прысяжныя не асудзяць генерала, ён усё-такі даў свае небяспечныя, але дарэмныя паказанні ў той час, як Хартэп чакаў яго з ордэрам на арышт. «Яму хопіць дурасці, каб пайсці на ўсё», — разважала яна, і ёй прыйшло ў галаву, што, пэўна, пад маскай спакойнага чалавека ён ужо ў думках на лаве падсудных разам са сваімі аднадумцамі і прамаўляе апошняе слова, не зводзячы вачэй з перапоўненай галерэі. «Калі ён паедзе далей, — вырашыла яна, — я паеду з ім. Я свайго даб'юся. І дастану пра яго матэрыял». Аднак яна адчула дзіўную слабасць і няўпэўненасць у сабе — яна ж не магла болей пагражаць яму. Глыбокі стары, ён быў пераможаны, загнаны ў кут. На пыльнай падлозе валялася газета, і ўсё-такі ён атрымаў перамогу. Сочачы за тым, як яна выходзіць з купэ, забыўшыся пра «Бедэкер», ён адказаў маўчаннем на яе развітальныя словы:
— Убачымся ў Вене.
Калі міс Уорэн выйшла, доктар Цынер нахіліўся за газетай і зачапіў рукавом пустую шклянку, яна ўпала на падлогу і разбілася. Далонь яго легла на газету, а ён утаропіўся ў разбітую шклянку, не маючы сілы сабрацца з думкамі, не маючы сілы вырашыць, што ж яму рабіць далей — ці падняць газету, ці пазбіраць вострыя чарапкі. Потым ён паклаў акуратна складзеную газету на калені і заплюшчыў вочы. Падрабязнасці той карэспандэнцыі, якую прачытала міс Уорэн, азмрочвалі яго душу. Ён ведаў кожны паварот лесвіцы на паштамце, мог дакладна ўявіць сабе, дзе была пабудавана барыкада. «Яны разгубіліся, ідыёты», — падумаў ён, імкнучыся выклікаць у сябе нянавісць да тых людзей, якія знішчылі яго надзеі. А з імі разам зруйнавалі і яго самога. Яны кінулі яго ў пустым будынку, дзе ніхто не хацеў жыць, бо ў пакоях зрэдку чуліся галасы людзей, што жылі там раней, і сам доктар Цынер апошнім часам ператварыўся ў прывід.
Калі часам чыйсьці твар зазіраў у акно, ці чыйсьці голас даносіўся з верхняга паверха, ці шамацеў дыван, гэта мог быць прывід доктара Цынера — усе пяць змарнаваных гадоў ён шукаў магчымасць вярнуцца да рэальнага жыцця, ён пракладаў сабе шлях, абыходзячы вуглы партаў, стаяў, як прывід, перад класнай дошкаю і вучнямі-неслухамі, кленчыў на набажэнстве, хоць у ранейшым жыцці ў бога не верыў, і маліў бога разам з шматгалосым натоўпам багаславіць яго, адпусціць яго душу на пакаянне.
Часам здавалася, што прывід здольны вярнуцца да жыцця, бо ён ведаў, што і ў выглядзе здані ён можа адчуваць душэўныя пакуты. У гэтай здані былі ўспаміны, ён мог згадаць таго доктара Цынера, якога так любіў просты народ, што ўлады мусілі былі наняць забойцу, каб прастрэліць яму галаву з рэвальвера. Успамінамі пра гэтую падзею ён вельмі ганарыўся: неяк ён сядзеў у піўной, у тым куточку парку, які асабліва любілі беднякі, і пачуў стрэл, які разбіў люстра за яго спінай. Ён высока ацаніў гэты стрэл, як пераканаўчае пацвярджэнне гарачай любові да яго беднякоў. Але прывід Цынера, які знаходзіў надзейны прытулак, калі ўсходні вецер дзьмуў уздоўж берага і шэрае мора шпурляла гальку, навучыўся аплакваць гэтыя ўспаміны, а потым вяртацца ў школьны будынак з чырвонай цэглы, да гарбаты і вучняў, якія ўтыкалі ў яго вышчарбленыя стрэлы пакут. Пасля вячэрні, звыклых гімнаў і поціскаў рук прывід Цынера зноў дакрануўся да плоці Цынера — гэты дотык быў адзінае, што прыносіла яму душэўны спакой. Цяпер не засталося нічога іншага, як выйсці ў Вене і вярнуцца назад. Праз дзевяць дзён тыя самыя галасы школьнікаў запяюць: «Божа, даруй нам тваё багаславенне. Нам, што зноў сабраліся тут».
Доктар Цынер перагарнуў старонку газеты і крыху пачытаў. Самым моцным пачуццём да гэтых блытанікаў была зайздрасць: ён не мог ненавідзець, калі прыгадваў падрабязнасці, якія ніводзін карэспандэнт не палічыў патрэбным прывесці: чалавек, які стрэліў, выкарыстаўшы свой апошні патрон, а потым яго праткнулі штыхом каля сарціравальнай залы, быў ляўко, ён любіў журботную музыку Дэліуса, кампазітара, які не верыў ні ўва што, апроч смерці. А ў другога, таго, што выскачыў з акна трэцяга паверха тэлефоннай станцыі, была жонка, скалечаная і аслеплая пасля аварыі на фабрыцы; ён кахаў яе, але неяк маркотна, без асаблівага імпэту, часта здраджваў ёй.
«Ну, што мне засталося рабіць?» Доктар Цынер адклаў газету і пачаў хадзіць па купэ: тры крокі да дзвярэй, тры крокі да акна, туды і назад. Падалі рэдкія камякі снегу, але вецер гнаў іх назад, міма акна, у дым паравоза, і нават тады, калі шлапкі снег наліпаў да акна, ён быў ужо шэры, як шматкі газеты. Але футаў на шэсцьсот вышэй, на пагорках, схілы якіх спускаліся да палатна чыгункі ў Нейемаркеце, снег быў падобны да клумбаў белых кветак. «Калі б яны крыху пачакалі, калі б яны толькі пачакалі!» — думаў доктар Цынер, і ў думках ён вяртаўся да загінуўшых, да тых, хто выжыў і павінен быў паўстаць перад судом. Ён зразумеў, што лёгкага выйсця з гэтага становішча яму няма, і гэта так узрушыла яго, што ён усхвалявана прашаптаў: «Я павінен ехаць да іх». — «Ну, і які ў гэтым сэнс?» ён ізноў прысеў і распачаў спрэчку сам з сабой, даводзячы, што такі ўчынак дасць рэальную карысць. «Калі я здамся і паўстану перад судом разам з імі, свет прыслухаецца да майго апошняга слова так, як ніколі не стаў бы слухаць мяне, калі б я быў у бяспецы ў Ангельшчыне». Рашэнне, да якога ён прыйшоў, падбадзёрыла яго, надзея мацнела. «Яны паўстануць, каб уратаваць мяне, хоць і не паўсталі ў імя выратавання іншых», — думаў ён. Прывід Цынера зноў рабіўся зямной істотай, і цёплыя пачуцці растапілі застылую адлучанасць ад жыцця.
Але шмат чаго трэба абдумаць. Перш за ўсё трэба адчапіцца ад карэспандэнткі. Ён павінен увінуцца ад яе ў Вене, тут асаблівых цяжкасцей ён не бачыў: цягнік прыходзіць не раней дзевяці гадзін, а яна, напэўна, да гэтага позняга для яе часу нап'ецца. Ён перасмыкнуўся ад холаду і ад думкі пра далейшыя размовы з гэтай небяспечнай жанчынай, ад яе хрыплага голасу. «Ну што ж, у яе джала вырвана, — падумаў ён, беручы ў рукі «Бедэкер» і не ўтрымаўшы газету, якая склізганула на падлогу. — Пэўна, яна ненавідзіць мяне, цікава — за што? Відаць, тут крыецца нейкая незразумелая прафесійная гордасць. Мне, бадай, трэба вярнуцца ў сваё купэ». Але, дайшоўшы да купэ, ён працягваў хадзіць па калідоры, заклаўшы рукі за спіну, з «Бедэкерам» пад пахай, захоплены думкай пра тое, што гады жыцця, калі панавала здань, скончыліся. «Я зноў жывы, — думаў ён, — бо я ўсведамляю, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне чакае смерць, амаль напэўна: наўрад ці мне зноў дадуць магчымасць пазбегнуць яе, калі я пачну абараняць сябе і астатніх хай сабе нават і анёльскімі прамовамі». Знаёмыя твары паварочваліся да яго, калі ён праходзіў міма, але нікому не ўдалося спыніць яго роздум. «Мне страшна, — паўтараў ён сабе з радасцю, — мне страшна».
— Вы той самы Куін Сейвары? — спытала Джанет Пардаў.
— Так, — сказаў містэр Сейвары. — Другога я не ведаю.
— «Развясёлая віхура»?
— «Развясёлае жыццё», — рэзка паправіў яе містэр Сейвары. — «Развясёлае жыццё». — Ён узяў яе пад руку і павёў па калідоры. — Якраз наспеў час выпіць шэры. Падумаць толькі, вы сваячка той жанчыны, якая брала ў мяне інтэрв'ю. Дачка? Пляменніца?
— Ну, не зусім сваячка, — адказала Джанет Пардаў. — Яе кампаньёнка.
— А вось гэтая роля вам зусім не пасуе. — Пальцы містэра Сейвары моцна паціснулі ёй руку. — Вам трэба знайсці іншую працу. Вы надта маладая. Гэта пашкодзіць вашаму здароўю.
— Вы маеце рацыю, — сказала Джанет Пардаў, на хвілінку спыніўшыся ў канцы калідора і кінуўшы на яго погляд, поўны захаплення.
Міс Уорэн пісала пісьмо, аднак заўважыла, як яны прайшлі міма. На каленях у яе быў блакнот, аўтаручка скакала па паперы, крэмзаючы яе і пырскаючы чарнілам.
«Дарагі кузен Кон, — пісала яна. — Пішу табе пісьмо проста таму, што няма чаго рабіць. Пішу ва Ўсходнім экспрэсе, але да Канстанцінопаля я не паеду, выходжу ў Вене. Аднак пра гэта другім разам. Ці можаш ты купіць мне пяць ярдаў шаўковага аксаміту на парцьеры ружовага колеру? Я зноў збіраюся рабіць рамонт у кватэры, пакуль няма Джанет. Яна едзе ў гэтым самым цягніку, але мы расстанемся ў Вене. Добры занятак я сабе прыдбала — паляваць на ненавіснага старыкана амаль па ўсёй Эўропе. «Развясёлае жыццё» ў гэтым цягніку, але ж ты, вядома, не вялікі ахвотнік да кніг. А яшчэ ёсць даволі міленькая танцоўшчыца Корал, якую я хацела б мець сваёй кампаньёнкай. Усё ніяк не магу вырашыць, рамантаваць кватэру ці не. Джанет сказала, што едзе ўсяго на тыдзень. Ні ў якім разе не плаці болей, як па восем адзінаццаць за ярд. Мне, думаю, прыдасца і блакітны, але ні ў якім разе не сіні, вядома. Чалавек, якога я ўзгадала, — пісала міс Уорэн, кідаючы позіркі на Джанет Пардаў і крэмзаючы пяром, — лічыць, што ён разумнейшы за мяне, аднак ты ведаеш, Кон, не горш за мяне, што я магу абвесці вакол пальца любога, хто так думае. Джанет — сцерва. Я збіраюся ўзяць новую кампаньёнку. У гэтым цягніку едзе маленькая актрыса, яна б мне падышла. Паглядзеў бы ты на яе, Кон, — цудоўная фігурка, а ножкі зграбныя. Усё-такі я думаю, што трэба прывесці кватэру да ладу. Вось яшчэ што. Можаш даць за той аксаміт на парцьеры дзесяць-адзінаццаць, але не болей. Магчыма, я паеду да Белграда, так што пачакай, пакуль я не напішу табе яшчэ. Джанет, здаецца, заляцаецца да гэтага тыпа Сейвары, але я магу яму зладзіць «развясёлае жыццё», калі захачу. Да пабачэння, беражы сябе. Перадавай прывітанне Эліс. Спадзяюся, яна лепей даглядае цябе, чым мяне Джанет. Табе заўсёды болей шанцавала, чым мне, але калі ўбачыш Корал… Богам прашу, не забудзься пра гэты аксаміт на парцьеры. З любоўю да цябе, Мейбл. Р.S. Да цябе ўжо дайшлі весткі, што дзядзька Джон раптоўна памёр амаль каля майго парога?»
Пяро міс Уорэн скончыла пісьмо вялізнай кляксай. Яна абвяла яе тоўстай лініяй і напісала: «Прашу прабачэння». Потым выцерла пяро спадніцай і націснула званок, каб выклікаць афіцыянта. У роце ў яе страшэнна перасохла. Яна пакутавала ад смагі.
Корал Маскер крыху пастаяла на калідоры, назіраючы за Майетам і разважаючы, наколькі сур'ёзнай была прапанова Мейбл Уорэн. Майет сядзеў, нахіліўшы галаву над стосам папер, аловак яго бегаў уверх і ўніз па слупках лічбаў, увесь час вяртаючыся да адной. Потым ён паклаў аловак і абхапіў галаву рукамі. На імгненне яна адчула да яго спагаду і адначасова ўдзячнасць. Калі не было відно яго праніклівага позірку, ён быў падобны да вучня, які шчыраваў над хатнім заданнем, якое ніяк не выходзіла. Яна заўважыла, што ён зняў пальчаткі, каб было зручней трымаць аловак, і яго пальцы ссінелі ад холаду; нават яго шыкоўнае футра здавалася ёй вартым жалю — ад яго не было ніякай карысці. Футра не дапамагло яму рашыць задачкі ці сагрэць яго пальцы.
Корал адчыніла дзверы і ўвайшла ў купэ. Ён узняў вочы і ўсміхнуўся ёй, не спыняючы працы. Ёй карцела адабраць у яго працу, падказаць яму правільнае рашэнне і папярэдзіць. «А хто яму дапамог? Маці? Сястра? Вядома ж, не такая далёкая сваячка, як стрыечная сястра», — разважала яна, прысаджваючыся на лаўку. Натуральнасць яе маўчання сведчыла пра тое, якія яны блізкія адно да аднаго.
Калі ёй надакучыла сачыць праз акно за снегападам, яна загаварыла з ім:
— Вы сказалі, што я магу сюды прыходзіць, калі захачу.
— Вядома.
— Я пачувала сябе проста свіннёй, — раптам пайшла, нават не падзякаваўшы вам. Вы праявілі да мяне такую дабрыню ўчора ўвечары.
— Я не мог уявіць сабе, што вы застанецеся сам-насам з тым мужчынам, калі вам зрабілася дрэнна, — сказаў ён, нецярпліва пастукваючы алоўкам. — Вам патрэбны быў добры сон.
— Аднак усё-такі чаму вы праяўляеце да мяне такую цікавасць?
І пачула фатальны няўхільны адказ:
— Мне здаецца, што я вас вельмі добра ведаю.
Ён адразу ж вярнуўся да працы, калі б не яе маркотнае маўчанне. Яна разумела, што ён заклапочаны, здзіўлены і крышку збянтэжаны. «Ён падумаў, што я хачу прымусіць яго пераспаць са мной, — падумала яна і адразу ж спыталася ў сябе: — А ці хачу я? Ці хачу сапраўды?» Калі б ён крыху ўзлахмаціў ёй валасы, хутка расшпіліў сукенку, прыпаў губамі да яе грудзей, дык зрабіўся б ва ўсім падобны да тых іншых маладых людзей, якіх яна ведала. «Я ў даўгу перад ім, і мне трэба гэта яму дазволіць», — думала яна, але вопыт іншых жанчын ізноў нагадаў ёй пра тое, што гэтага не хопіць, каб аплаціць доўг цалкам. «Аднак як жа мне аплаціць гэты доўг, — разважала яна, — калі ён не патрабуе ніякай платы?» Але сама па сабе толькі думка пра тое, каб заняцца гэтай невядомай ёй справай, калі яна не п'яная, як, на яе думку, бываюць п'яныя іншыя жанчыны, не адчуваючы палымянай страсці, а проста з пачуцця ўдзячнасці, — кідала яе ў холад, мацнейшы, чым ад выгляду снегу, што валіў за акном. Яна нават не ведала, як сябе паводзіць, ці застацца з ім на ўсю ноч, ці трэба здымаць з сябе ўсё ў гэтым халодным купэ. Але тут жа пачала суцяшаць сябе, што ён, як усе іншыя яе знаёмыя, задаволіцца малым, ён проста вельмі шчодры.
— Ноччу я вас бачыў у сне, — сказаў Майет.
Сказаўшы гэтыя словы, ён пільна глянуў на яе. Па яго напружанай позе і па тым, як ён па-свойму вытлумачыў яе маўчанне, яна зразумела: наогул, яны вельмі мала ведаюць адно аднаго. Ён нервова ўсміхнуўся.
— Мне прыснілася, нібыта я заехаў за вамі і запрасіў вас пакатацца на машыне, і тут вы сабраліся… — Потым ізноў пагрузіўся ў роздум, не закончыўшы фразы. — Вы мяне ўсхвалявалі.
Яе агарнуў страх. Здавалася, нібыта ліхвяр перагнуўся цераз сваю канторку і далікатна, але няўмольна павёў размову наконт аплаты доўгу.
— Гэта ж вам толькі прыснілася, — сказала яна. Аднак ён не зважаў на яе словы.
— А потым міма прайшоў кандуктар і разбудзіў мяне. У сне ўсё было нібыта наяве. Я быў у такім захапленні ад вас, што заплаціў за ваш білет.
— Вы маеце на ўвазе, што вы падумалі… нібыта вы захацелі…
Ліхвяр паціснуў плячыма, ліхвяр ізноў сеў за сваю канторку, ліхвяр паклікаў прыслугу і загадаў вывесці яе на вуліцу, да людзей, на волю, туды, дзе яе ніхто не ведаў.
— Я проста расказаў вам гэта, каб вы не турбаваліся — вы нічога мне не вінны. Гэта сон на мяне так падзейнічаў. А калі купіў білет, падумаў, а чаму б вам яго не выкарыстаць. — Потым ён узяў аловак і вярнуўся да сваіх папер, дадаўшы машынальна, не надаючы словам ніякага значэння: — Цешыў сваё самалюбства, падумаўшы, хай сабе за дзесяць фунтаў…
Спачатку яна не зразумела сэнсу гэтых слоў. Яна была надта збянтэжана, што яе вызвалілі, ёй нават зрабілася крышачку крыўдна, што да яе заляцаюцца толькі ў сне, а галоўнае, яна была вельмі яму ўдзячная. І раптам прагучалі апошнія словы, у якіх адчувалася нейкая пакорлівасць — з такім яна сутыкнулася ўпершыню. Яна ўсведамляла, што баіцца гэтай здзелкі, і, выцягнуўшы руку, дакранулася да твару Майета — гэты жэст, які азначаў удзячнасць, быў запазычаны ёю з вядомых толькі па кнігах апавяданняў пра каханне.
— Калі вы жадаеце, каб я… — сказала яна. — Мне здалося, што вам са мною нецікава. Прыйсці да вас уначы?
Яна паклала рукі на паперы ў яго на каленях, прапануючы сябе з такой чароўнай і кранальнай няпэўнасцю, пальцы яе маленькіх, шырокіх рук густым слоем пакрывала пудра, пазногці былі пафарбаваныя чырвоным, яны прыкрылі слупкі лічбаў, разлікі Экмана, яго хітрыкі і выкрутасы.
Думкі яго ніяк не маглі вырвацца ад таго, як Экман заблытаўся ў сваіх тайных захадах.
— Мне здавалася, што я вам непрыемны, — павольна вымавіў ён, падымаючы рукі ад папер. І дадаў няўпэўнена: — Мабыць, таму што я — жыд?
— Вы проста стаміліся.
— Тут нешта ёсць такое, чаго я не магу ніяк зразумець.
— Адкладзіце справы на заўтра.
— У мяне няма часу. Мне трэба пакончыць з гэтым. Мы не стаім на месцы, мы рухаемся.
Аднак на самой справе ўсякае ўяўленне пра рух знікла ад таго, што за вокнамі падаў густы снег. Не было відно нават тэлеграфных слупоў. Яна прыняла рукі і спытала ў яго з крыўдай у голасе:
— Пэўна, вам не дужа хочацца, каб я прыйшла?
Спакойная прыязнасць, з якой ён сустрэў пытанне, паменшыла яе ўдзячнасць. Але прапанова дзяўчыны ажывіла ў ім тое, характэрнае, што яна і раней адзначала, ніводзін жыд не дасць адабраць у яго тое, за што ён неразважліва заплаціў.
— Хачу. Прыходзьце. Прыходзьце ўначы, — сказаў Майет. Ён паціснуў ёй рукі, спачатку злёгку, а потым мацней. — Не думайце, што я такі абыякавы, нячулы. Проста ў мяне адчуванне — мы вельмі добра ведаем адно аднаго. Будзьце хоць крышачку таемная, — з мальбою ў голасе папрасіў ён.
Аднак яна не магла адразу ўцяміць, як ёй прыкінуцца таемнай і недасягальнай, а проста пагадзілася з ім:
— Так, і ў мяне такое самае адчуванне.
Болей сказаць не было чаго, і яны, нібыта старыя сябры, сядзелі моўчкі, без асаблівага хвалявання думаючы пра будучую сустрэчу, пра ноч, якую яны правядуць разам. Яе гарачы запал, выкліканы пачуццём удзячнасці да яго, мінуў. Цяпер гэтая ўдзячнасць здавалася непатрэбная, недарэчная, дый непажаданая. Якое можа быць пачуццё ўдзячнасці да старога знаёмага — проста прымаеш паслугу, як нешта зусім зразумелае, і сама ў сваю чаргу робіш яму паслугу, крыху пагаворыш з ім пра надвор'е, асабліва яму не пярэчыш, калі цябе прылашчыць, аднак і абыякавасць яго цябе не засмучае, а калі ў танцы ўбачыш яго ў партэры, усміхнешся яму раз ці два — трэба ж нешта рабіць з тварам, ён жа такі ў цябе непрыгожы, а мужчынам падабаецца, калі іх пазнаюць са сцэны.
— Завіруха ўзмацнілася.
— Так. Уначы пахаладае.
Трэба ўсміхацца, калі жарт двухсэнсоўны, і адказаць як мага дураслівей, калі маеш справу з такім старым сябрам: «Мы не змерзнем», хоць ты не можаш забыць, што ноч набліжаецца, і прыгадваеш усё тое, што расказвалі табе сяброўкі, якія яны давалі парады, ад чаго засцерагалі, чым прыводзілі цябе ў сарамлівасць, як агідна было чуць, што мужчына можа быць адначасова і абыякавы, і юрлівы. Усю раніцу і ў поўдзень снег не пераставаў, у Пасаў ён тоўстым слоем акрыў дах мытні, на пуцях раставаў ад паравознай пары, ператвараючыся ў шэрыя, поўныя ільдзінак ручайкі. Аўстрыйскія мытнікі ў гумавых ботах асцярожна выбіралі дарогу, з нягучнай лаянкай, павярхоўна агледзелі багаж.