— Алё, алё. Містэр Карлтан Майет ужо прыехаў?
Маленькі, вяртлявы армянін з кветкай у пятліцы адказаў на такой самай акуратнай і чыстай ангельскай мове, як і яго візітоўка:
— Не. На жаль, не. Што-небудзь перадаць?
— Цягнік, пэўна, ужо прыйшоў?
— Не. Спазняецца на тры гадзіны. Здаецца, паравоз паламаўся непадалёк ад Белграда.
— Скажыце яму, што містэр Джойс…
— Што мне параіць вам, лэдзі, на сёння пасля полудня? — сказаў жвавы армянін, які заняўся новымі гасцямі, перагнуўшыся цераз бар'ер і канфідэнцыяльна звяртаючыся да дзвюх маладых амерыканак, якія з захапленнем, разявіўшы рот, глядзелі на яго, узняўшы прыгожа вышчыпаныя бровы. — Вам трэба было б наняць гіда, ён паказаў бы вам базары.
— А можа, вы, містэр Калебджан? — прамовілі яны амаль адначасова. Іх вялікія, поўныя цікаўнасці вочы сачылі за ім, пакуль ён браў тэлефонную трубку.
— Алё, алё. Міжнародны тэлефон? Слухаю. Не, містэр Карлтан Майет яшчэ не прыехаў. Мы чакаем яго з хвіліны на хвіліну. Што-небудзь перадаць? Вы зноў патэлефануеце ў шэсць? Дзякуй. Ах, калі б я толькі мог, — сказаў ён амерыканкам, — я з вялікім задавальненнем. Аднак у мяне шмат працы тут. Праўда, у мяне ёсць стрыечны брат, я яму скажу, ён сустрэнецца з вамі заўтра раніцай і павязе вас на базары. А сёння паполудні раю вам узяць таксі да Блакітнай мячэці, і потым паехаць праз Іпадром, і таксама наведаць Рымскія калодзежы. Потым, калі вы вып'еце гарбаты ў расейскім рэстаране ў Пера і вернецеся сюды да вячэры, я параіў бы вам увечары наведаць тэатр. А зараз, калі вы не запярэчыце, я закажу вам таксі на другую палову дня.
Абедзве адначасова адкрылі рот і сказалі:
— Гэта будзе проста выдатна, містэр Калебджан. — І, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлі праз хол і накіраваліся да бруднага ларка і пачалі разважаць, ці не купіць яму пачак цукерак.
Вялізарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з інтэрнацыянальнай абслугай і з рэстаранам, аздобленым у стылі Блакітнай мячэці, цяпер, калі ўрад пераехаў у Анкару і Канстанцінопаль ператварыўся па сутнасці ў турэцкі Пірэй, рэпутацыя гатэля ва ўсім свеце пагоршылася. Персанал паменшылі, і можна было прайсці праз вялікі і пусты хол, не напаткаўшы ніводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымліваў колішнюю высокую рэпутацыю гатэля.
— Містэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?
— Яшчэ не, цягнік спазняецца. Будзеце чакаць?
— А ў яго нумар з гасцёўняй?
— О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар містэра Майета.
— Перадайце яму маю візітоўку, калі ён прыедзе.
Амерыканкі вырашылі не купляць Калебджану пачка з турэцкімі цукеркамі, але ж ён быў такі ветлівы і далікатны, што ім карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялі ў роздуме, пакуль ён ізноў не ўзнік перад імі.
— Ваша таксі, лэдзі. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказанні, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступені чалавек надзейны.
Калебджан правёў іх на вуліцу і прасачыў, каб яны без затрымкі адбылі. Нетаропкі вулічны рух і мітусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сціхалі. Калебджан вярнуўся ў маўклівую цішыню хола. На імгненне гатэль здаўся яму амаль такім самым, якім ён быў у мінулыя гады ў разгар сезона.
Чвэрць гадзіны ніхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам білася аб шыбу. Калебджан пазваніў наверх, у пакой эканомкі, каб праверыць, ці ўключылі ацяпленне, потым сеў, сціснуўшы рукі паміж каленямі, ні пра што не думаючы і нічога не робячы.
Дзверы-вяртушкі закруціліся — увайшла цэлая група людзей. Майет ішоў паперадзе. За ім — Джанет Пардаў і містэр Сейвары.
Тры насільшчыкі неслі багаж. Майет упіваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхіі. Міжнародны гатэль, хоць крыху і заняпалы, быў звыклым для яго аазісам. Кашмар у Субоціцы пачаў ужо забывацца і зрабіўся зараз нейкім нерэальным, калі ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскіх гатэлях.
— Як пажываеце, містэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслівыя…
Калебджан паціснуў Майету руку, нізка пакланіўся, яго асляпляльныя белыя зубы бліснулі шчырым задавальненнем.
— Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, міс Пардаў і містэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, — растлумачыў ён ім. — Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоі ў міс Пардаў быў пачак цукерак.
— Мяне сустракае дзядзька… — няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:
— Можа пачакаць яшчэ адзін дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.
Ён ізноў пачаў распускаць свой паўлінавы хвост: упэўненасці яму надавалі пальмы, калоны і пачцівасць Калебджана.
— Вам двойчы тэлефанавалі, містэр Карлтан Майет, і нейкі джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.
— Добра. Дайце мне яго візітоўку. Паклапаціцеся пра маіх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?
Ён хутка пайшоў да ліфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнія дні адбылося надта многа такога, што выклікала сумненні і што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён ізноў заняўся сваёй звычайнай справай. «Напэўна, гэта Экман», — падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазірнуць у картку, і раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Ліфт цяжка падняўся на другі паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калідоры і адчыніў дзверы нумара. Сонца залівала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносіліся гудкі аўтамабіляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзін у цвідавым гарнітуры.
— Містэр Карлтан Майет? — спытаў ён.
Майет здзівіўся. Ён ніколі не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на візітоўку, ён прачытаў: «Містэр Лео Стэйн».
— А, містэр Стэйн.
— Здзівіліся, калі ўбачылі мяне? Спадзяюся, вы не лічыце мяне занадта нетактоўным?
Ён выглядаў вельмі зычлівым і сардэчным. «Зусім як сапраўдны ангелец», — падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос — нос са шнарам, які зрабіўся прамы пасля аперацыі. Варожасць паміж жыдом, які не хаваў сваёй нацыянальнасці, і жыдом, які маскіраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцісках рук і ў адведзеных адзін ад аднаго вачах.
— Я чакаў убачыць свайго агента.
— Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, — уздыхнуў Стэйн, пахітаўшы бялявай галавой.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасіць вас зайсці да місіс Экман. Я вельмі за яе хвалююся.
— Вы хочаце сказаць, што містэр Экман памёр?
— Знік. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмі ўсё гэта дзіўна.
Было холадна. Майет зачыніў акно і, сунуўшы рукі ў кішэні футры, пачаў хадзіць па пакоі туды-сюды: тры крокі ў адзін бок, тры ў другі.
— Нічога дзіўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, — павольна прамовіў ён.
— Некалькі дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмі пакрыўджаны.
— Я ніколі не давяраю жыду, які перайшоў у хрысціянства, — павольна, дакладна падбіраючы кожнае слова, сказаў Майет.
— Аднак жа дазвольце, містэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, — запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.
— Дапускаю, што, магчыма, ён у сваіх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведаміў мне, — сказаў Майет, спыніўшыся пасярод пакоя спінай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.
— О, перамовы, — адбітак Стэйна ў люстры быў не такі абыякавы, як яго голас, — яны ўжо скончаны.
— Ён паведаміў вам, што мы не будзем купляць?
— Але ж ён купіў.
Майет кіўнуў. Ён не здзівіўся. За знікненнем Экмана павінна хавацца шмат чаго.
— На самой справе я вельмі хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, — павольна сказаў Стэйн.
— Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.
— Разумееце, ён быў устрывожаны.
— Чым жа?
— Ну, у яго з'явілася такое пачуццё, нібыта вы яму не давяраеце. І потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць міласэрным.
— Але ж я не хрысціянін, містэр Стэйн. Я не веру, што міласэрнасць — галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, які ён падпісаў?
— Вядома.
Містэр Стэйн выцягнуў з кішэні цвідавага пінжака доўгі канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на ім паперы і пачаў уважліва іх чытаць. Ён не рабіў ніякіх заўваг, твар яго не выказваў нічога. Цяжка было ўявіць, які ён быў шчаслівы, калі вярнуўся да лічбаў, — іх ён разумеў, і яны былі пазбаўленыя ўсякіх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкінуўся ў крэсле і пачаў вывучаць свае пазногці: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабіў манікюр, але яны патрабавалі да сябе ўвагі.
— Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? — спакойна спытаў Стэйн.
— Не, — абыякава адказаў Майет.
Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоціцы, здавалася яму нерэальным. Вельмі хутка ён пра ўсё забудзецца, — гэта ж ніяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
— Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсці нейкую недакладнасць і скасаваць гэтае пагадненне?
— Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далі яму правы весці перамовы.
— У яго не было паўнамоцтваў падпісваць пагадненне. Не, містэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе ніякай карысці.
Стэйн сеў на канапу і перакрыжаваў ногі. Ад яго цвідавага гарнітура пахла тытунём.
— Я не хачу вам нічога навязваць. Мой дэвіз: ніколі не падводзіць свайго калегу бізнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, містэр Майет, калі б яно было несправядлівае. Але, бачыце, калі ўжо бедалага Экман падпісаў гэты дакумент, фірма Моўлта адмовілася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другі раз яны не вернуцца да гэтай справы.
— Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацікаўлены ў разынках.
— Ну, бачыце, пры такіх абставінах, скажу вам па-сяброўску, містэр Майет: калі вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запаліць?
— Вазьміце цыгару.
— А можна, я запалю люльку?
Ён пачаў набіваць люльку светлым мяккім тытунём.
— Я думаю, што Экман меў за гэта неблагія камісійныя?
— Ах, бедалага Экман! Я і сапраўды хацеў бы, каб вы наведалі місіс Экман. Яна вельмі нервуецца, — ухіліўся ад адказу Стэйн.
— У яе не будзе падстаў хвалявацца, калі яна атрымае добрыя камісійныя.
Стэйн усміхнуўся і запаліў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды — справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесці шмат клопату. Некаторыя лічбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фірмы. Але яму не падабалася цана і тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзіцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў іхнюю фірму.
— Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне і складзем новае.
Стэйн пахітаў галавой:
— Паслухайце, містэр Майет, калі ласка, гэта будзе не зусім справядліва ў адносінах да мяне.
Майет вырашыў, што рабіць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзіцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовіцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравіцца.
— Не думайце пра гэта, містэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другі.
— Ну добра. Але я ня ўпэўнены, ці будзе ў мяне час падумаць. Наколькі я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменніцу. Яна ехала з вамі ў адным цягніку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагі Пардаў, — весела сказаў Стэйн.
Майет дастаў партабак і, пакуль выбіраў і падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабіць далей. Ён ужо пачаў ставіцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркі і паведамляў шмат зусім непатрэбнага. Не дзіва, што ў яго справы прыйшлі ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменніцы Стэйна ўзмацнілася. Даведаўшыся, што яе маці была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабілася больш зразумелая і даступная, і ён саромеўся таго, што мінулым вечарам паводзіў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоціцы яны павячэралі разам у вагоне-рэстаране, і ён увесь час намагаўся паводзіць сябе як мага больш натуральна.
— О, я сустракаўся з міс Пардаў у цягніку. Яна зараз унізе. Мы разам ехалі з вакзала, — павольна сказаў ён.
Надышла чарга Стэйна абдумваць свае словы. Тое, што ён паведамляў, мела тайны сэнс.
— Бедная дзяўчынка, у яе няма бацькоў. Мая жонка вырашыла, што мы павінны запрасіць яе пажыць з намі. Я, прынамсі, яе апякун.
Яны сядзелі насупраць, паміж імі быў стол. На стале ляжала пагадненне, падпісанае Экманам. Яны не звярталі на яго ніякай увагі: справа, здавалася, была адкладзена да лепшых часоў, але Стэйн і Майет усведамлялі, што іх спрэчка засталася незакончаная. Кожны здагадваўся пра думкі другога, але абодва выказваліся намёкамі.
— Ваша сястра, пэўна, была цудоўная жанчына.
— Яна вельмі падобная на нашага бацьку. Ніводзін з іх не прызнаваўся, што меў на ўвазе прыгажосць Джанет Пардаў. Нават пра яе дзеда і бабку нагадалі раней, чым пра яе.
— Ваша сям'я з Лейпцыга? — спытаў Майет.
— З Лейпцыга. Але мой бацька перавёў нашу справу сюды.
— Вы лічыце, што ён памыліўся?
— Ну, паслухайце, містэр Майет, вы ўжо пазнаёміліся з лічбамі. Справы нашы ідуць няблага. Але я хачу прадаць фірму і пайсці на спакой, пакуль яшчэ магу атрымаць хоць якія асалоды жыцця.
— Што вы маеце на ўвазе? Якія асалоды? — з цікаўнасцю спытаў Майет.
— Ну, скажам, справы мяне зусім не цікавяць.
— Вас не цікавяць справы? — здзіўлена паўтарыў Майет.
— Гольф і невялічкі дамок за горадам — вось пра што я мару.
Здзіўленне Майета мінула, і ён ізноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансіўнасць Стэйна была яму на руку, ён ізноў вярнуўся да пагаднення.
— У такім разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглі б пагадзіцца з вамі наконт грошай, калі б вы адмовіліся ад пасады дырэктара.
— Мне ўсё адно, буду я дырэктарам ці не, — растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках паміж фразамі і скоса пазіраючы на попел цыгары Майета, які рабіўся ўсё даўжэйшы. — Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыі мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'і ўваходзіў у праўленне. — Ён доўга і шчыра хіхікаў. — А ў мяне няма сына. Няма нават пляменніка.
— Вам трэба натхніць на гэта вашу пляменніцу, — задуменна сказаў Майет.
Абодва засмяяліся, а потым спусціліся ўніз. Джанет Пардаў нідзе не было відно.
— Міс Пардаў пайшла? — спытаў ён у Калебджана.
— Не, містэр Майет. Міс Пардаў толькі што прайшла ў рэстаран з містэрам Сейвары.
— Папрасіце іх пачакаць са снеданнем хвілін дваццаць, і мы з містэрам Стэйнам далучымся да іх.
Яны крыху паспрачаліся пра тое, каму з іх першаму прайсці ў дзверы: сяброўскія адносіны паміж Майетам і Стэйнам хутка ўзмацняліся.
Калі яны селі ў таксі, каб паехаць на кватэру місіс Экман, Стэйн пачаў размову:
— А гэты Сейвары, хто ён?
— Пісьменнік.
— Ён што, заляцаецца да Джэйн?
— Не, проста сябра. Яны пазнаёміліся ў цягніку. — Майет паклаў рукі на калені і сядзеў моўчкі, сур'ёзна абдумваючы пытанне пра жаніцьбу. «Яна цудоўная, далікатная, можа быць добрай гаспадыняй, яна напалову жыдоўка», — думаў ён.
— Я яе апякун, — працягваў Стэйн. — Можа, мне з ім пагаварыць.
— Ён даволі заможны.
— Так яно-то так, але ён пісьменнік. Мне гэта не падабаецца. Я б хацеў, каб яна выйшла замуж за чалавека, які займае надзейнае месца ў свеце бізнесу.
— Здаецца, іх пазнаёміла жанчына, з якой яна жыла ў Кёльне.
— О, праўда. Яна сама зарабляе сабе на пражытак з таго часу, як памерлі яе няшчасныя бацькі, — збянтэжана сказаў Стэйн. — Я ў гэта не ўблытваўся. Гэта карысна дзяўчыне, але жонка вырашыла, што мы павінны пазнаёміцца з ёю бліжэй, і я запрасіў яе сюды. Падумалі, можа, мы знойдзем ёй лепшую працу і непадалёк ад нас.
Яны аб'ехалі мініяцюрнага паліцэйскага, які стаяў на скрынцы і рэгуляваў дарожны рух, і падняліся на прыгорак. Унізе, паміж высокім непрыкметным жылым будынкам і тэлеграфным слупам купалы Блакітнай мячэці плавалі ў паветры, нібыта гронка блакітных мыльных бурбалак.
Стэйн усё яшчэ пачуваў сябе крыху збянтэжаным.
— Гэта карысна дзяўчыне, — паўтарыў ён. — А ў апошнія гады фірма забірала ўвесь мой час. Але калі з гэтай здзелкай будзе пакончана, — весела дадаў ён, — я прызначу ёй якую-небудзь рэнту.
Таксі заехала ў невялічкі цёмны дворык, дзе стаяла адзіная урна пад смецце, але доўгая лесвіца, па якой яны падняліся, асвятлялася вялікімі вокнамі, і ўвесь Стамбул быў у іх на далоні. Ім былі відаць сабор Святой Сафіі, і Пажарная вежа, і доўгая паласа вады на захад ад Залатога Рога ў накірунку да Эйюба.
— Выдатнае месца. Лепшай кватэры ў Канстанцінопалі не знойдзеш, — сказаў Стэйн і націснуў кнопку званка.
А Майет прыкінуў, колькі яна каштуе і колькі іх фірма выдаткоўвала на аплату гэтай кватэры.
Дзверы адчыніліся. Стэйн назваў сваё прозвішча пакаёўцы, і яны пайшлі па светлым, абцягнутым панелямі калідоры, які злавіў у пастку сонца паміж вокнамі, нібыта нейкага рыжага звярка.
— Вы сябра сям'і?
— Так. Мы з бедалагам Экманам у апошні час былі ў самых блізкіх адносінах, — сказаў Стэйн, шырока расчыняючы дзверы ў вялікую халодную гасцёўню, дзе раяль, букет кветак і некалькі металічных крэслаў нібыта плавалі ў вясеннім бледнавата-жоўтым паветры.
— Ну вось, Эма, я прывёў да вас містэра Карлтана Майета, ён хацеў наведаць вас.
У пакоі не было цёмных куткоў, нідзе нельга было схавацца ад патоку мяккага шчодрага сонечнага святла, і місіс Экман не знайшла нічога лепшага, як схавацца за раялем, які распасцёрся паміж імі, нібыта паліраваная падлога. Яна была маленькая, сівая і модна апранутая, але яе адзенне не пасавала да яе выгляду. Яна нагадала Майету старую пакаёўку ў іх доме, якая даношвала старую сукенку, падараваную гаспадыняй. Пад пахай у яе было нейкае шытво. Яна тонкім галаском павітала гасцей, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе стаяла, нібыта не рашаючыся выйсці на залітую сонечным святлом падлогу.
— Ну як, Эма, у вас ёсць якія-небудзь звесткі пра мужа?
— Не. Яшчэ не. Не, — адказала яна і дадала з бездапаможнай усмешкай: — Ён так не любіць пісаць.
Яна прапанавала ім сесці і пачала хаваць іголкі, ніткі, клубкі шэрсці і абрэзкі фланелі ў вялікі кошык пад шытво. Стэйн няўпэўнена паглядаў то на адно, то на другое металічнае крэсла.
— Не магу зразумець, навошта бедалага Экман панакупляў усёй гэтай дрэні, — шапнуў ён Майету.
— Вам не трэба хвалявацца, місіс Экман. Я перакананы, што сёння ваш муж дасць пра сябе вестку, — сказаў Майет.
Яна спыніла складваць шытво і пачала сачыць за губамі Майета.
— Праўда, Эма, як толькі бедалага Экман даведаецца, як добра мы паладзілі з містэрам Майетам, ён паспяшаецца дадому.
— О, хай сабе ён нават не прыходзіць сюды, — з адчаем прашаптала місіс Экман з свайго кутка, аддаленага ад бліскучай падлогі. — Я б сама паехала да яго куды заўгодна. Хіба гэта дом! — усхвалявана ўсклікнула яна, махнуўшы рукой і згубіўшы іголку і два маленькія гузікі.
— Так, я згодны, — заўважыў Стэйн і глыбока ўздыхнуў. — Не разумею, чаму вашаму мужу падабаецца ўся гэтая металічная дрэнь. Па мне дык лепей купіць некалькі рэчаў з чырвонага дрэва і два крэслы, у якіх чалавек можа падрамаць.
— Але ж у майго мужа добры густ, — з адчаем сказала місіс Экман. Яна пазірала з-пад моднага капялюшыка, нібыта мышка, якая заблудзілася ў шафе.
— Дык вось, я перакананы, вам не варта турбавацца пра мужа. Ён расхваляваўся з-за спраў — вось і ўсё. Няма ніякіх падстаў лічыць, што ён… што з ім нешта здарылася благое, — нецярпліва ўмяшаўся Майет.
Місіс Экман выслізнула з-за раяля і прайшла па пакоі, ламаючы рукі.
— Я баюся не гэтага, — сказала яна, стаўшы паміж імі, а потым павярнулася і хутка пайшла назад у свой куток.
Майет быў здзіўлены.
— А чаго ж вы баіцеся?
Яна пахітала галавой, паказаўшы на светлы пакой з металічнай мэбляй.
— Мой муж такі сучасны, — сказала яна са страхам і гордасцю. Потым гордасць пакінула яе, і, схаваўшы рукі ў кошык пад шытво, поўны гузікаў і клубкоў шэрсці, яна сказала: — Можа, ён проста мяне кінуў.
— Ну, і што вы на гэта скажаце? — спытаў Стэйн, калі яны спускаліся па лесвіцы.
— Бедная жанчына.
— Так, так, бедная жанчына, — паўтарыў Стэйн з шчырым хваляваннем і паднёс да вачэй насоўку.
Яму хацелася есці, але Майету трэба было нешта яшчэ зрабіць да снедання, а Стэйн хадзіў з ім паўсюль. Ён адчуваў, што ў кожным таксі, у якім яны ехалі, іх блізкасць узмацняецца, і зусім незалежна ад іх планаў наконт Джанет Пардаў сяброўства з Майетам магло прынесці Стэйну некалькі тысяч фунтаў у год. Таксі з грукатам спусцілася па брукаванай вуліцы і выехала на забіты народам пляц каля галоўнага паштамта, а потым уніз па пагорку зноў да Галатэ і да докаў. Па бруднай лесвіцы яны падняліся ў маленькую кантору, набітую картатэкамі і папкамі для дакументаў, з адзіным акном, што выходзіла на глухую сцяну і параходную трубу, якая высоўвалася з-за гэтай сцяны. На падаконніку ляжаў тоўсты слой пылу. У гэтым пакоі Экман вёў справы, у выніку чаго з'явілася яго вялікая халодная гасцёўня. Гэта было падобна таму, як пажылая жыдоўка нараджае сваё апошняе дзіця, а з яго вырастае выдатны мастак. Вялізны гадзіннік, які разам з пісьмовым сталом займаў большую частку пакоя, прабіў двойчы, але Джойс быў ужо тут. Машыністка схавалася ў нешта накшталт шафкі для захоўвання багажу ў глыбіні пакоя.
— Ёсць якія весткі ад Экмана?
— Ніякіх, сэр, — адказаў Джойс.
Майет прагледзеў некалькі пісьмаў, а потым пакінуў Джойса, як вернага сабаку, прынюхвацца да пісьмовага стала Экмана і да яго грахоў.
— А цяпер паснедаем, — прапанаваў Майет. Стэйн аблізаў губы. — Прагаладаліся?
— Я сёння вельмі рана снедаў, — адказаў Стэйн без папроку ў голасе.
Аднак Джанет Пардаў і Сейвары іх не дачакаліся. Яны ўжо пілі каву з лікёрам у выкладзеным пліткамі рэстаране, калі тыя далучыліся да іх і пачалі гучна радавацца, што Майет і пляменніца Стэйна сустрэліся ў цягніку і пасябравалі. Джанет Пардаў нічога не сказала, яна толькі паглядзела скоса на Стэйна і ўсміхнулася Майету. Яму здалося, што яна хацела сказаць: «Як мала ён пра нас ведае», і ён усміхнуўся ёй у адказ, першы чым успомніў, што ведаць асабліва і няма чаго.
— Значыць, вы двое ехалі адной кампаніяй ад самога Кёльна? — сказаў Стэйн.
— Ну, я думаю, што ваша пляменніца больш сустракалася са мною, — умяшаўся ў размову містэр Сейвары.
Але Стэйн гаварыў сваё, не зважаючы на яго.
— Добра пазнаёміліся паміж сабой, га?
Джанет Пардаў злёгку раскрыла мякка акрэсленыя вусны і ціхенька сказала:
— О, у містэра Майета была там другая сяброўка, ён ведаў яе лепей за мяне.
Майет адвярнуўся, каб заказаць снеданне, а калі зноў пачаў услухоўвацца ў яе словы, яна гаварыла з цудоўнымі пяшчотнымі хітрыкамі:
— О, ведаеце, яна была яго палюбоўніцай.
Стэйн лагодна засмяяўся:
— Глядзіце, які гарэза. Гляньце на яго, ён нават пачырванеў.
— Уявіце сабе, яна ад яго збегла, — кпіла Джанет Пардаў з Майета.
— Збегла? Хіба ён яе біў?
— Ну, калі вы ў яго спытаеце, ён паспрабуе ахутаць усё тайнай. Калі паравоз зламаўся, ён паехаў на машыне назад да Субоціцы, каб яе знайсці. Яго вельмі доўга не было. А з якой таемнасцю распавядаў пра свае прыгоды! Ён дапамог нейкаму чалавеку ўцячы ад мытнікаў.
— Ну, а дзяўчына? — спытаў Стэйн, дурасліва паглядаючы ў бок Майета.
— Сапраўды, я адчуваю сябе няёмка з-за гэтага, — пагадзіўся Майет. — Патэлефаную консулу ў Белград.
— Тэлефануйце лепей сваёй бабулі! — весела ўсклікнуў містэр Сейвары і трывожна паглядзеў на таго і на другога.
Ён меў такую звычку: калі ён поўнасцю давяраў сваім субяседнікам, то дазваляў сабе які-небудзь прастамоўны выраз — у мінулым яму гэта дапамагала за прылаўкам крамы і сярод прыказчыкаў. Яму дагэтуль часам было прыемна адчуваць, што ён — знакаміты пісьменнік, што жыве ў лепшых гатэлях, гаворыць як роўня з людзьмі, з якімі некалі не асмельваўся нават загаварыць, хіба што цераз рулоны баўны ці груды абгортачнай паперы. Важныя дамы, што запрашалі яго на літаратурныя вечары, захапляліся гэтай яго манерай выказвацца. Які сэнс быў строіць з сябе пісьменніка, які ўзвысіўся ад гандлёвага прылаўка, калі не захаваць ледзь прыкметных рысаў характару сваіх продкаў, не нагадаць, што некалі праводзіў распрадажы?
Стэйн сярдзіта глянуў на яго.
— Думаю, што вы зусім правільна зробіце, — сказаў ён Майету.
Сейвары збянтэжыўся. Гэтыя людзі належалі да той меншасці, якая ніколі не чытала яго кніг, не ведала, што ён прэтэндуе на ўвагу да сваёй асобы. Яны проста палічылі яго вульгарным. Ён сеў глыбей у сваім крэсле і спытаў у Джанет Пардаў:
— А доктар? Хіба ваша сяброўка не цікавілася доктарам?
Аднак Джанет заўважыла, што астатнія ставяцца да яго зняважліва, і не захацела згадваць тую доўгую сумную гісторыю, якую ёй расказала місіс Уорэн. Яна рэзка яго абарвала:
— Я не магу ўспомніць усіх, кім цікавілася Мейбл. Нічога не памятаю пра гэтага доктара.
Стэйн быў толькі супраць вульгарных выразаў містэра Сейвары. Яму вельмі спадабалася лёгкая, у рамках прыстойнасці, балбатня пра нейкую дзяўчыну. Яна ўмацоўвала важную для яго дружбу з Майетам. Калі падалі першую страву, ён вярнуўся да гэтай размовы:
— А зараз раскажыце болей падрабязна пра тую, што захапіла ў палон сэрца Майета.
— Яна даволі міленькая, — сказала Джанет Пардаў, спрабуючы быць велікадушнай.
Сейвары глянуў на Майета, ці не пакрыўдзіўся той. Але Майет быў надта галодны, ён з асалодай еў сваё позняе снеданне.
— Яна танцуе на сцэне, здаецца? — спытаў яго Стэйн.
— Так. У вар'етэ.
— Я ж казала, што яна з вар'етэ, — заўважыла Джанет Пардаў. — Крыху праставатая. Вы яе і раней ведалі?
— Не, не, — паспешна адказаў Майет. — Чыста выпадковая сустрэча.
— Такое часта здараецца ў дальніх цягніках! — з палёгкай усклікнуў Стэйн. — А колькі яна вам каштавала?
Ён злавіў погляд пляменніцы і падміргнуў ёй. Калі яна ў адказ усміхнулася яму, ён узрадаваўся. Як было б сумна, калі б яна была адной з тых старамодных дзяўчат, пры якіх нельга гаварыць усё, што хочаш. Болей за ўсё яму падабаліся лёгкія непрыстойнасці ў прысутнасці жанчын, аднак, вядома, пры ўмове, каб гэта ўсё не выходзіла за пэўныя рамкі. Ён незадаволена глянуў на містэра Сейвары.
— Дзесяць фунтаў, — сказаў Майет, кіўнуўшы афіцыянту.
— Ох, напрамілы бог, як дорага! — усклікнула Джанет Пардаў і з павагай паглядзела на яго.
— Я пажартаваў, — сказаў Майет. — Я не даваў ёй ніякіх грошай. Проста купіў ёй білет. Дый наогул мы проста пасябравалі. Яна вельмі добры чалавек.
— Ха-ха, — засмяяўся Стэйн.
Майет асушыў свой келіх. Па блакітных плітках да іх набліжаўся афіцыянт, які каціў перад сабой столік на калёсіках.
Майет адчуваў сапраўдную асалоду ад натуральнай вольнай бесцырымоннай атмасферы і лёгкага паху розных страў. У адной з суседніх залаў ігралі канцэрт Рахманінава. Можна было ўявіць, што ты ў Лондане. Гукі музыкі навявалі ўспаміны: людзі высоўваліся з вокнаў цягніка, злосна кпілі са скрыпача, гаварылі паміж сабой.
— Яна закахалася ў мяне.
Ён ніколі не думаў, што вымавіць гэтыя словы ўголас у гэтым пустым блакітным рэстаране, ён быў крыху збянтэжаны і злёгку ўзрушаны, калі зразумеў, што вымавіў іх уголас. Гэтыя словы прагучалі недарэчна, а ён зусім не хацеў выхваляцца, дый чым тут асабліва выхваляцца, калі цябе пакахала дзяўчына з вар'етэ. Ён пачырванеў, калі ўсе пачалі з яго кпіць.
— Ах, ужо гэтыя дзяўчаты, — сказаў Стэйн, пакруціўшы галавой. — Ведаюць, як акруціць мужчыну. Гэта ўсё чароўнасць сцэны. Памятаю, калі я быў малады, часамі прастойваў каля артыстычнага пад'езда, каб толькі ўбачыць якую-небудзь распусніцу з кардэбалета. Шакалад. Вячэры. — Ён на імгненне прыпыніўся, убачыўшы добры кавалак дзікай качкі ў сябе на талерцы. А потым дадаў: — Агні Лондана.
— Калі ўжо размова пайшла пра тэатр, Джанет, я запрашаю вас сёння вечарам схадзіць са мной куды-небудзь, — сказаў Майет.
Ён назваў яе па імі, адчуваючы сябе з ёй вольна, калі даведаўся, што маці ў яе жыдоўка, а дзядзька ў яго ўладзе.
— Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала містэру Сейвары паабедаць з ім.
— Мы маглі б пайсці ў начное кабарэ.
Але ён не збіраўся дазволіць ёй абедаць з містэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамі і не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесці ў канторы шмат гадзін, разблытваючы ўсе справы, якія Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабіць пэўныя візіты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз іпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмі містэр Сейвары фатаграфуе, ён рабіў здымкі хутка, паспеў тры разы націснуць грушу, пакуль таксі праязджала міма, і кожны раз дзеці здзекаваліся з яго. Толькі а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.
— Міс Пардаў у сябе, Калебджан?
Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлі. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькі яго няўрымслівасцю: ён раптам ныраў кудысьці з парожняга хола, з шумам насіўся ўверх і ўніз па лесвіцах, пранікаў у самыя дальнія гасцёўні, а потым вяртаўся да сваёй канторкі і гультайнічаў, заціснуўшы рукі паміж каленямі.
— Міс Пардаў пераапранаецца да абеду, містэр Карлтан Майет.
Аднойчы, калі адзін з членаў урада пасяліўся ў гатэлі, Калебджан здзівіў пунктуальнага супрацоўніка брытанскай амбасады, калі той тэлефанаваў: «Яго правасхадзіцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвілін». Калебджан трушком бегаў па калідорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкі, дзе знемагаў без справы і займаўся толькі тым, што раскладваў па паліцах у сваёй галаве крохі атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.
Майет пагрукаў у дзверы нумара Джанет Пардаў.
— Хто там?
— Можна зайсці?
— Заходзьце. Не зачынена.
Джанет Пардаў амаль закончыла апранацца. Яе вячэрняе плацце ляжала ўпоперак ложка, а сама яна сядзела перад люстрам і пудрыла сабе рукі.
— Вы што, на самой справе збіраецеся абедаць з містэрам Сейвары?
— Я ж абяцала яму!
— Мы маглі б паабедаць у «Пера-паласе», а потым пайсці ў «Пці Шан».
— Вось было б цудоўна! — сказала Джанет Пардаў і пачала фарбаваць вейкі.
— Хто гэта? — Майет паказаў на вялікую фатаграфію ў складанай рамцы: жанчына з квадратным тварам. Валасы крута завітыя, фатограф спрабаваў зарэтушаваць рэзкія абрысы яе падбародка.
— Гэта Мейбл. Яна ехала са мной у цягніку да Вены.
— Здаецца, я яе там не бачыў.
— Цяпер у яе кароткая стрыжка. Гэта старая фатаграфія. Мейбл не любіць здымацца.
— Яна выглядае змрочнай.
— Я паставіла тут яе фота на выпадак, калі буду сябе паводзіць блага. Яна піша вершы. На другім баку напісаны вершы, прысвечаныя мне. Па-мойму, неблагія. Я нічога не разумею ў паэзіі.
— Можна мне прачытаць?
— Калі ласка. Вас, пэўна, пазабавіць, што нехта прысвячае мне вершы. — Джанет Пардаў паглядзелася ў люстра.
Майет перавярнуў фатаграфію і прачытаў:
Стройная, сціплая, але, як вада, халодная
І недасягальная, хоць і чароўная,
Русалка, ведаю тваю я бяду:
Імкнешся ты ў мора, а жывеш у стаўку.
Тут затхлы вір, ды крышку пацярпі,
Ты хутка будзеш у шырокім вольным моры.
— Верш нерыфмаваны. Ці з рыфмамі? А ўсё-такі, пра што гэты верш?
— Я думаю, што гэта камплімент, — адказала Джанет Пардаў, паліруючы пазногці.
Майет прысеў ускрай ложка і пачаў разглядаць Джанет. «Што б яна рабіла, калі б я паспрабаваў яе спакусіць?» — падумаў ён. Адказ ён ведаў: яна б засмяялася. Смех — лепшая зброя нявінных дзяўчат.
— Вы не пойдзеце абедаць з містэрам Сейвары? У мяне такія людзі выклікаюць агіду. Выскачка з-пад прылаўка.
— Любы, я ж яму паабяцала. І апроч таго, ён геній.
— Вы зараз спусціцеся са мной уніз, хутка сядзеце ў таксі, і мы паедзем абедаць у «Пера-Палас».
— Бедалага, ён мне ніколі не даруе гэтага. А было б забаўна.
«Вось так яно будзе лепей, — падумаў Майет, папраўляючы чорны гальштук. — Зараз усё так проста, калі я ведаю, што ў яе маці жыдоўка». Было так лёгка размаўляць з ёю за абедам і весці яе пад руку, калі яны ішлі пешкі ад «Пера-Палас» да «Пці Шан» каля ангельскай амбасады. Ноч была цёплая, вецер сціх. Усе столікі ў садзе былі занятыя. Субоціца зрабілася яшчэ болей нерэальная, калі ён нагадаў, як снег біў яму ў твар. На сцэне францужанка ў смокінгу важна хадзіла з ляскай пад пахай і спявала песеньку пра «маю цётачку» — дзякуючы Спінелі гэтая песенька зрабілася папулярная ў Парыжы гадоў пяць таму. Туркі смяяліся і лапаталі, як гарластыя хатнія птушкі, пацягваючы каву і ківаючы маленькімі, нібыта пакрытымі пер'ем галовамі, а іх жонкі, з азызлымі, тупаватымі тварамі, толькі нядаўна вызваленымі ад чадры, сядзелі і моўчкі пазіралі на спявачку. Майет і Джанет Пардаў ішлі ўздоўж саду, шукаючы свабодны столік, пакуль францужанка пранізліва крычала, смяялася і скакала, аднак яе непрыстойныя жарты не знаходзілі водгуку ў абыякавых і невясёлых гледачоў. Пера крута спускалася ўніз, каля іх ног агні рыбацкіх лодак на Залатым Рагу ўспыхвалі, як кішэнныя ліхтарыкі. Вакол сноўдаліся афіцыянты, разносячы каву.
— Наўрад ці знойдзем столік. Давядзецца пайсці ўсярэдзіну тэатра.
Нейкі таўстун памахаў ім рукой і ўсміхнуўся.
— Вы яго ведаеце?
Майет крыху павагаўся і потым адказаў:
— Здаецца, ведаю… Яго прозвішча Грунліх.
Ён ясна бачыў гэтага чалавека толькі двойчы: адзін раз, калі той садзіўся ў машыну, і другі раз, калі ён вылазіў з яе, каб перасесці ў цягнік, што стаяў на станцыі. Яго ўспаміны пра гэтага чалавека былі цьмяныя, здавалася, што некалі ён ведаў яго бліжэй, але гэта было даўно і ў нейкай іншай краіне. Ледзь яны мінулі яго столік, Майет адразу ж забыўся пра яго.
— Вунь свабодны столік.
Пад сталом іх ногі дакрануліся. Францужанка, віхляючы клубамі, знікла, а з-за куліс на сцэну колам пракаціўся мужчына. Ён падняўся на ногі, зняў брыль і сказаў нешта па-турэцку, і ўсе засмяяліся:
— Што ён сказаў?
— Я не пачуў.
Мужчына кінуў у паветра брыль, злавіў яго, сагнуўшыся амаль удвая, і выкрыкнуў адно толькі слова. Усе туркі зарагаталі, і нават іх жонкі з азызлымі тварамі ўсміхнуліся.
— Што ён сказаў?
— Гэта, мабыць, на дыялекце. Я не зразумеў.
— Мне зараз хочацца чаго-небудзь кранальнага. Занадта шмат выпіла за абедам і зрабілася сентыментальнаю.
— Тут добрая ежа, праўда? — з гордасцю сказаў Майет.
— Чаму вы не знялі нумар тут? Кажуць, гэта лепшы гатэль.
— Ну, ведаеце, наш таксама неблагі, і мне падабаецца Калебджан. Ён заўсёды ўздзейнічае на мяне, як заспакаяльнае.
— Але ж усё-такі тут лепшая публіка…
На сцэне танцавала група дзяўчат у шортах і ў гвардзейскіх шапках. На шыях у іх віселі свісткі, аднак туркі за столікамі не зразумелі сэнсу гэтага відовішча — ім было нязвыкла бачыць гвардзейцаў у шортах.
— Думаю, што гэта ангельскія дзяўчаты, — сказаў Майет і раптам нахіліўся наперад.
— Вы знаёмы з кім-небудзь з іх?
— Я думаў… спадзяваўся… — Але ён, прынамсі, спалохаўся, калі з'явіліся «Дзяўчаты Дана». Корал не гаварыла яму, што збіраецца танцаваць у «Пці Шан», аднак хутчэй за ўсё яна яшчэ і сама гэтага не ведала. Ён нагадаў, як яна, набраўшыся храбрасці, углядалася ў поўную розных гукаў цемру.
— Мне падабаецца «Пера-Палас».
— Мне давялося неяк тут жыць, але са мной здарылася адна непрыемнасць, таму я тут не жыву болей.
— Скажыце мне, якая непрыемнасць. Ну, не ламайцеся, раскажыце.
— Дык вось. Слухайце. Са мной была сяброўка. Здавалася, вельмі мілая істота.
— З вар'етэ?
«Дзяўчаты Дана» заспявалі:
Сэрца палае, калі малады,
І не баішся ніякай бяды.
— «Ідзіце сюды, да нас», — спявалі «Дзяўчаты Дана». Некалькі ангельскіх маракоў, якія сядзелі ў канцы залы, запляскалі ў далоні і закрычалі:
— Пачакайце нас. Мы ідзём.
Адзін марак і праўда пачаў прабірацца паміж столікамі да сцэны:
Як у цябе жыццё?
Скажы ты чэсна.
У гатэлі ты адзін,
А нумар твой двухмесны.
Марак упаў на спіну, і ўсе засмяяліся: ён быў зусім п'яны.
— Гэта было жахліва, — працягваў расказваць Майет. — Яна раптам звар'яцела каля дзвюх гадзін ночы. Крычала і біла ўсё наўкол. Начны парцье падняўся наверх, і ўсе пастаяльцы павыходзілі на калідор. Яны падумалі: я зрабіў з ёй нешта благое.
— А што вы зрабілі?
— Нічога. Я моцна спаў. Гэта выглядала жахліва. З таго часу я нават на адну ноч не магу заставацца тут.
— «Ідзіце сюды. Ідзіце сюды».
— Якая яна была з сябе?
— Я нічога пра яе не памятаю.
— Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, — ціха сказала Джанет Пардаў.
Іх рукі выпадкова сустрэліся на стале і так і засталіся побач. Праекцыйныя ліхтарыкі, якія віселі ў кустах, адбіваліся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, які прабіраўся паміж столікамі з люлькай у руцэ. Гэта была масіраваная атака. Яму трэба было б толькі нахіліцца да яе і зрабіць ёй прапанову, і тады будзе ўладкавана не толькі яго сямейнае жыццё, але і нешта большае: ён купіць фірму Стэйна за прапанаваную ім цану, і той будзе цалкам задаволены, — бо яго пляменніца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў бліжэй і памахаў яму люлькай: яму давялося абысці п'яніцу, які валяўся на зямлі, і ў час гэтай перадышкі ў Майета не ўзнікла ніякай іншай думкі, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал і іх нечаканую дзівосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягніку было амаль цёмна. Яна была бландзінка, яна была тоненькая, але ён не мог успомніць рысаў яе твару. «Я зрабіў для яе ўсё, што змог, — запэўніваў ён сябе, — і, прынамсі, мы ўсё адно рассталіся б праз некалькі тыдняў. А мне ўжо час заводзіць сям'ю».
Стэйн ізноў памахаў люлькай, а «Дзяўчаты Дана» тупнулі ножкамі і засвісталі ў свісткі.
Памятаю, на вакзале
Мы нашу цётку сустракалі.
Фью, фью, фью.
— Не вяртайся да яе. Застанься са мной, — сказаў Майет.
Падышоў экспрэс Стамбульскі,
Нам насустрач брылі, блузкі.
Фью, фью, фью.
Яна кіўнула галавой, і рукі іх з'ядналіся. «Цікава, кантракт ужо ў кішэні ў Стэйна?» — падумаў Манет.