Пакінутае дзіця

Як ілгуць маленькім дзецям, калі кажуць, што іх скінулі ў двор, кружачы над хатай, буслы. Або што іх знайшлі ў капусце.

Дзіця — не пустазелле, каб расці сярод качаноў на градках.

І не жабка, каб яго ў дзюбе насіў бусел.

Ведай, мой дарагі, што дзяцей на Зямлю адпраўляе сам Бог. У чароўна прыгожай краіне жывуць яны, пакуль не пакліча іх на Зямлю каханне мамы і таты.

Недзе высока-высока над аблокамі раскінулася гэта чароўная краіна. Мы з табой пакуль не можам яе ўбачыць, бо яна шчыльна захінутая ад людскіх вачэй. Ні адна птушка не можа даляцець да яе, ні адзін самы хуткі самалёт. Там бруяцца крыштальна чыстыя рэкі, квітнеюць нябачнай прыгажосці кветкі і растуць магутныя дрэвы. На смарагдавых лугах гуляюць разам ільвы і лані. Рыбы выходзяць пашпацыраваць на бераг, прыкрыўшыся парасонамі ад яркага сонца. І ні адна кошка нават не падумае схапіць на абед каторую, бо тут ніхто нікога не тое што не есць, а нават не крыўдзіць. Ніколі.

А якое там паветра! Дыхнеш — і смачней, чым самых салодкіх ласункаў паясі, такое яно чыстае і жыватворнае.

Вось там, у гэтай краіне, у сонечнай Даліне Шчасця, жывуць маленькія дзеткі, чакаючы сваёй сустрэчы з Зямлёй.

Не думай, што яны толькі тое і робяць, што забаўляюцца, ці, больш таго, лайдачаць. Не! Яны маюць вельмі-вельмі важны клопат.

Кожнага дзіцяці чакае сваё прызначэнне на Зямлі. Як вырастуць, адны з іх стануць музыкантамі, другія — пісьменнікамі ці паэтамі. Нехта будзе хадзіць за жывёлай і вырошчваць хлеб. Нехта вынайдзе разумныя машыны, будзе лячыць людзей — ды ці мала спраў, якія чакаюць дбайных гаспадароў.

І пакуль дзеткі ў Даліне Шчасця, Анёлы апякуюцца над імі, навучаючы розным рамёствам і дабру. А пасля, у прызначаны час, перадаюць на выхаванне мамам і татам.

Так было спрадвеку.


Дзяўчынку, пра каторую мы хочам расказаць, у Шчаслівай Даліне вучылі іграць на жалейцы. Ёй было наканавана сыграць музыку, якая дапаможа растапіць лёд самых жорсткіх людскіх сэрцаў, і тады на Зямлі запануе мір і паразуменне.

Якой прыгожай была гэта дзяўчынка! Вочы — як найчысцейшыя крыніцы Даліны Шчасця. Валасы — золата самага ласкавага сонца. А сэрца — такое пяшчотнае і добрае, што магла ў ім жыць толькі любоў і спагада.

— Бацькі гэтай дзяўчынкі будуць самымі шчаслівымі людзьмі на Зямлі! — нацешыцца не маглі са сваёй выхаванкі Анёлы.

Нават тут, у чароўнай краіне, дзе толькі чысціня і спакой жывуць у сэрцах, дзяўчынка была адметная сваёй незвычайнасцю.

І калі прыйшоў прызначаны час, Анёл узяў дзіця ў свае рукі і панёс на Зямлю.

Меншым за зернетка становіцца дзіця, пачаўшы свой шлях на Зямлю. Гэта малюсенькае зернетка Анёл аддае тату, а ён перадае яго маме. І ўжо ва ўлонні маці дзіцятка расце, убіраючыся ў плоць, і пачынае выглядаць як усе немаўляткі.

Так, утульненька ўладкаваўшыся ў цяпле і спакоі мамінага цела, пачала расці і дзяўчынка.

Канешне, у яе цяперашняй хатцы было цёмна. Але дзеці, толькі пакінуўшы Даліну Шчасця, маюць іншы, чым мы, дарослыя людзі, зрок. Мы бачым вачыма, а яны — душой. А што ўжо чуюць усё — дык пра гэта і спрачацца не варта.

Дзяўчынцы падабаліся яе мама і тата. Абодва яны былі маладыя, прыгожыя, моцныя. Тата часта браў на рукі маму і люляў яе, як люляюць дзіця, як люлялі іх у Шчаслівай Даліне Анёлы. Мама часта спявала, і дзяўчынка радасна думала, як хораша будзе некалі разам — спяваць і іграць на жалейцы. Яна адразу, як толькі змагла, пастукалася ў сценку свайго дома, і мама сказала тату:

— Слухай, слухай — дзіця кратаецца!

Яшчэ нямала трэба было адбыць у мамінай цёплай хатцы, перш чым з’явіцца на свет. І дзяўчынка дачакацца не магла дня, калі яна пакіне сваю схованку і скажа сваім бацькам: «Прывітанне! Нарэшце мы сустрэліся!»

Канешне, на мове немаўлятак гэта гучыць крыху па-іншаму. «Ку-га» — падасца вам. Але любячае сэрца ўсё зразумее, бо само чакала — дачакацца не магло гэтага імгнення...

Але з набліжэннем спаткання з мамай і татам здарылася нешта такое, чаго дзяўчынка не магла зразумець.

Тата ўсё радзей і радзей быў побач з мамай, а пасля надоўга знік. Калі з’явіўся, гаварыў не пяшчотным і добрым голасам, а чужым і халодным.

«Я больш цябе не кахаю, мы паспяшаліся з дзіцём...»

— А я, як жа я, тата? — разрывалася сэрца дзяўчынкі, але ніхто не пачуў гэты безгалосы крык.

Як балюча было дзіцятку! Але што магло яно зрабіць з чалавекам, які слухаў у дзяцінстве байкі пра бусла. І вось сам, як бусел, кінуў дзіця — і паляцеў у свет...

Нешта здарылася і з нядаўна пяшчотнай, вясёлай мамай. Яна больш не спявала, а толькі плакала і гневалася. І гнеў яе быў на жыццё, што расло ў ёй, на малюсенькую дзяўчынку, якая несла на Зямлю чароўную жалейку, каб некалі сыграць музыку вызвалення ад пакут...

«Усё з-за цябе,— скрозь слёзы паўтарала дзяўчынцы маці,— каб не ты, ён быў бы са мной...»

Якой пакутай адгукалася на кожную маміну слязінку і крыўднае слова душа дзіцяці! Чакаючы свайго з’яўлення на свет, дзяўчынка так палюбіла сваіх бацькоў, што не магла падумаць пра іх нічога дрэннага.

«Ад мяне столькі гора, я, відаць, вельмі благая, калі з-за мяне пайшоў ад мамы тата...» — плакала дзіця, захлынаючыся ва ўласных слёзках, але ніхто не чуў гэтага плачу.

А пасля мама зрабіла тое, што робіць далёка не кожная маці, нават калі яе пакідае тата дзіцяці.

Дачакалася з’яўлення на свет дачушкі і, нават не глянуўшы ў яе чыстыя-чыстыя вочы, сказала, адвёўшы ад усіх пагляд:

— Забярыце яе, мне яна не патрэбная...

Гэтай маме ў дзяцінстве лгалі, што дзетак знаходзяць у капусце. І яна, відаць, думала цяпер, што і народжанае ёй дзіця нідзе не дзенецца, вырасце само па сабе, як пустазелле на градах.

— Мамачка родная, прабач мне, я не буду благой, я ніколі цябе больш не пакрыўджу,— крычала ўслед жанчыне, якая знікала з вачэй, дзяўчынка.

Ад дзіцячага адчайнага «Ку-га! Ку-га!! Ку-га!!!» здрыгануліся нават мёртвыя бальнічныя сцены.

Абыякавае ж сэрца зачыніла за сабой дзверы, каб ніколі больш не чуць гэты незразумелы яму крык.

...На Зямлю ляцеў Анёл, каб прывітаць на ёй дзіця, прызванае сыграць чароўную музыку. Анёл прыслухоўваўся да крыку кожнага немаўляці на Зямлі. Голас гэтай дзяўчынкі ён адразу пазнаў бы сярод тысячы іншых, бо некалі ў Даліне Шчасця сам апекаваўся над ёй.

Але дзяўчынкі не было чуваць.

Тады Анёл стаў заглядваць ва ўсе вокны, адкуль струменіўся свет ад чыстых душ, нядаўніх жыхароў Чароўнай Краіны.

...У пустой бальнічнай палаце, на маленькім халодным ложачку ляжала спавітае дзіця. Яно ляжала ціхенька, не плакала, не звала, нават калі былі мокрыя пялюшкі ці хацелася есці. За кароткі адрэзак часу на Зямлі дзіця спасцігла, што галасіць — марна. Трэба цярпліва чакаць, пакуль нехта падыдзе.

У палату ўвайшла медсястра. Прывычным рухам нават не расхінула пялюшкі, а тузанула іх на сябе — і дзіцятка вылузнулася са сваёй пасцелькі. Медсястра таксама бяздумна як разгарнула, так і памяняла пялюшкі, торкнула ў роцік дзіцяці смочак і заспяшалася па справах.

Белы Анёл з зіхоткімі крыламі і сэрцам, вялікім і гарачым, як сонца, счарнеў ад гора, зразумеўшы, што дзіця — пакінутае...

Калі немаўляткі ўсміхаюцца, кажуць, што гэта анёлачкі іх дражняць. Гэта праўда, яны з’яўляюцца ў першыя месяцы жыцця дзетак і забаўляюць іх.

Але з гэтым дзіцем няможна было забаўляцца. У дзяўчынкі былі па-даросламу сур’ёзныя, збалелыя ад гора вочы.

Анёл апусціўся на край бальнічнага ложачка.

— Дзіця маё,— прамовіў Анёл да дзяўчынкі,— я магу вярнуць цябе ў Даліну Шчасця. Твая душа такая чыстая і лёгкая, што імгненна дамчыць да яе...

— Мне балюча, Анёл... — ціхутка ўздыхнула дзяўчынка.

— Бог пакарае тваіх бацькоў за тое, што кінулі цябе,— не сказаў, а прастагнаў Анёл.

— ...Але яшчэ горш маім бацькам, бо яны ж не разумеюць, што зрабілі,— сказала дзіця, сэрца якога знала толькі любоў і спагаду.— Раптам яны адумаюцца і вернуцца за мной. Дазволь мне застацца на Зямлі, Анёл, дазволь пачакаць сваіх маму і тату...

Анёл моўчкі пацалаваў дзіцячы лобік. Яго вялікае гарачае сэрца не магло не саступіць міласэрнасці дзіцяці.


Праходзілі дні за днямі. Дзяўчынка падрастала і гадавалася ў прытулку разам з такімі ж гаротнікамі, як і сама. Ва ўсіх дзяцей у гэтым доме было аднолькавае адзенне, аднолькавыя пасцелькі, посуд, пароўну на ўсіх ласункаў і ежы. І адна на ўсіх мара — каб знайшліся іх мама і тата.

Дом, дзе месціўся прытулак, стаяў недалёка ад мора. Вечарамі, перад заходам сонца, золатавалосай дзяўчынцы дазвалялі пасядзець на беразе, паслухаць гоман хваль.

Дзяўчынка брала жалейку, на якой да той пары вывучылася іграць, і старалася перакласці на музыку таямніцы, якія прыносілі з усяго свету хвалі і пакідалі ля яе ног.

Музыка атрымлівалася чароўная. Слухаючы яе, супакойвалася мора, засынала трава. Нават птушкі змаўкалі, саступаючы жалейцы.

Але дзяўчынка пакутліва шукала гукі, якія наканавана сыграць ёй, ёй адной,— і не знаходзіла.

І вось аднойчы села дзяўчынка на беразе мора і заплакала. Гарачыя слязінкі-кропелькі ўпалі ў ваду.

— Мора, можа, ты ведаеш, дзе шукаць тую музыку, якая падорыць людзям шчасце? Ёю поўніцца душа, а выказаць не можа,— роспачна спытала дзяўчынка.

На марской гладзі з’явіліся беласнежныя лебедзі. Трымаючы ў дзюбах залатыя ланцужкі, яны везлі за сабой сярэбраны човен.

— Вада мая салёная ад слёз, што праліваюць на Зямлі людзі. Але твае слязінкі самыя горкія, дачушка, бо твая музыка не складзецца на Зямлі без бацькоўскай любові!..— сказала мора.— Сядай у сярэбраны човен, дзіцятка, і гэтыя птушкі вернуць цябе ў Даліну Шчасця. Ніколі-ніколі там ты не будзеш плакаць, а жыццё пакарае людзей, якія кінулі і цябе, і музыку...

— Адпусці гэтых гордых птушак без мяне, мора, крышку пачакай! — узмалілася дзяўчынка.— Мае ж мама і тата не ведалі, што пакідаюць не толькі мяне! Я так люблю іх, так чакаю! Вось убачыш, мора, яны адумаюцца, вернуцца, і тады я ўсё змагу!

Цяжка ўздыхнуўшы, далёка-далёка за далягляд аднеслі марскія хвалі белых птушак з сярэбраным чоўнам.

Мора пацалавала ножкі дзяўчынкі цёплым дотыкам хваль — і растварыла свой гнеў у незямной дзіцячай спагадзе.

Праз некалькі дзён у дзверы прытулку пастукаліся мужчына і жанчына. Яны былі вельмі багатыя, а вось дзяцей не мелі. Таму хацелі ўзяць сабе на выхаванне дзяўчынку або хлопчыка.

У прытулку былі не супраць гэтага.

— Зараз дзеці гуляюць у двары,— сказалі наведвальнікам.— Паназірайце за імі і скажыце, да каго з іх ляжыць ваша душа.

Мужчына і жанчына адразу ўгледзелі золатавалосую дзяўчынку. Нават у Даліне Шчасця сярод чыстых і светлых душ яна была адметная сваёй прыгажосцю. Тут жа, на Зямлі, яна іскрылася, як кропелька расы ў сонечных промнях.

Наведвальнікі сказалі пра свой выбар у прытулку.

— За табой прыйшлі твае мама і тата,— жадаючы дзяўчынцы дабра, падманулі дарослыя.

Ад слоў, пра якія марылася ўсё жыццё, у дзяўчынкі абарвалася душа. Прыціснуўшы да сэрца жалейку, стаіўшы дыханне, яна пайшла да жаданых, родных, вымаленых у Бога людзей.


...Цяпер у дзяўчынкі ўсё было сваё: пакой у вялікім доме, мноства прыгожых сукенак і безліч цацак. Пра гэта маглі толькі марыць дзеці з прытулку.

Але чамусьці дзяўчынка тужыла мацней, чым раней.

Яе душа сціскалася, а сэрца плакала, калі яе прыбіралі, як ляльку, і хваліліся знаёмым:

— Вось якая прыгожая ў нас дачушка!

Чуткі пра незвычайную прыгажосць дзяўчынкі разнесліся па свеце, і паглядзець на яе прыязджалі людзі здалёк.

Дзяўчынка была як водблеск сонейка на роснай траве. Але такая туга жыла ў яе вачах, што ніхто не мог глянуць у іх не сумеўшыся.

— Яна прыгожая, але такая сумная! Можа, яе крыўдзяць бацькі? — пачалі шаптацца людзі.

Адкуль ім было ведаць, аб чым тужыць дзіця!.. У яе з’явіліся мама і тата, але гукі, якімі поўнілася душа, адмаўляліся выліцца ў музыку.

Названыя ж бацькі задорвалі дзяўчынку цацкамі, падарожжамі, самымі дарагімі ўборамі. І, не дабіўшыся весялосці сваёй прыёмнай дачушкі, пачалі папікаць яе:

— Няўдзячная! Чаго, скажы, ты не маеш? Мала ў каго ёсць дзесятая доля твайго дабрабыту, а ты ўсё сумуеш. Скажы, што табе трэба?

— Вашай любові,— выдыхнула дзяўчынка, але сваім адказам яшчэ больш угнявіла бацькоў: яны верылі, што сытае жыццё — і ёсць любоў.

— Досыць марнаваць час за ігрой на жалейцы! — быў іх прысуд.— Пара заняцца якой-небудзь вартай справай!

І ў дзяўчынкі аднялі жалейку.

Пасля паклікалі цырульніка, каб пастрыг ёй залатыя косы — вырашылі, што ў пансіянаце, куды намерыліся аддаць яе на вучобу назаўтра ж, некаму будзе даглядаць іх.

Дзяўчынка моўчкі выслухала прысуд дарослых. Яна падняла на іх свае чыстыя вочы і глянула ў самае сэрца сваім бацькам.

І сэрцы іх выдалі праўду, сказалі, што прыёмныя бацькі — не сапраўдныя мама і тата. Сапраўдныя бацькі ніколі не пастрыглі б косы, якімі любаваліся нават Анёлы ў Даліне Шчасця. І не адабралі б у яе жалейку.

У чаканні раніцы дзяўчынка села ля акна і стала бяздумна глядзець у ноч: заўтра для яе пачнецца новае, пазбаўленае сэнсу жыццё. Сэрца яе знямела, а з душы пайшла музыка.

Было так балюча, што боль не адчуваўся: абыякавасць скавала і рухі, і памкненні душы.

З неба падалі зоркі, распускаючыся на рачной гладзі белымі лілеямі — але гэта ўжо не кранала яе сэрца.

Цвыркуны спявалі калыханку Зямлі — але яна не чула іх замілаванага гоману...

Чаканне мамы і таты, прага сустрэчы з імі была марнай...


Туга па бацьках змянілася сумам па далёкай, нябачнай, некалі пакінутай Даліне Шчасця...

Месяц на небе не вытрываў маўклівай дзіцячай роспачы. Ён наблізіўся да акна, ля якога сядзела дзяўчынка:

— Сядай мне на ражок, мілае дзіця. Душа твая ўсё такая ж чыстая і лёгкая. Мы імгненна даімчым у Даліну Шчасця!..

На гэты раз дзяўчынка не стала пярэчыць. Яна села на ражок месяца і абвіла яго рукамі.

Месяц паплыў над соннымі гарадамі, якія разам з дазнанай у пытаннях бяспекі паліцыяй і магутнымі ўзброенымі войскамі бераглі начны спакой на Зямлі.

Не ведалі яны, што спакой аддаляецца ад Зямлі разам з маленькай дзяўчынкай, заснуўшай на серпіку месяца.

Так і не адумаліся, не вярнуліся яе мама і тата. Так і не давялося сыграць ёй музыку, якая памірыла б усіх людзей на Зямлі.

...Высока-высока за воблакамі, там, дзе пачынаецца мяжа неба з Далінай Шчасця, дзяўчынку чакаў Анёл. Некалі зіхоткія яго крылы ад гора сталі чорнымі, як ноч. Асцярожна, каб не патрывожыць, ён зняў з ражка месяца дзіця. Пасля дастаў залатыя нажнічкі і састрыг з неба яго зорачку...

Гора Зямлі! Так паранілі сэрцайка дзіцяці людзі, што нават гаючае паветра Даліны не можа вылечыць яго. Не бегае басанож па мяккім мурагу Даліны Шчасця золатавалосая дзяўчынка. Спіць яна ў калысцы з сонечных промняў.

Смуткуюць Анёлы. Бо, пакуль спіць дзяўчынка, спіць разам з ёй і чароўная музыка. Не скора цяпер пачуе яе Зямля. А без яе не аціхнуць на планеце войны, не адтаюць чалавечыя сэрцы...

Ёсць толькі адзін спосаб абудзіць дзіця, вярнуць зямлі музыку збавення. Магчыма, мой дарагі, што абуджэнне золатавалосай дзяўчынкі залежыць і ад цябе.

Ты ж некалі вырасцеш, станеш дарослым. І ў тваё жыццё і жыццё чалавека, абранага табой, пастукаецца адпраўленае небам на свет Божы дзіця. Любі яго і помні, што шанаваць даверанае табе Богам жыццё — найпершы абавязак. Колькі людзей на Зямлі ўспомніць пра гэта — столькі анёлкаў на небе ўсміхнецца.

І калі не застанецца ні аднаго сумнага, тады і прачнецца золатавалосая дзяўчынка.

Дадуць ёй у рукі чароўную жалейку. І па месяцовай дарожцы — а можа, на нітачках дажджу ці на крылах ветру — спусціцца яна на планету, дзе жывеш ты, дзе будуць жыць твае дзеткі. Яна будзе іграць, а музыка збавення расквітнее ў кожным сэрцы кветкай дабрыні. І тады Далінай Шчасця стане ўся Зямля. Во калі ўжо можна будзе нагуляцца са звярамі, наплавацца з рыбамі, налётацца з птушкамі! У Даліне ж Шчасця ўсё жывое сябруе і ніколі не крыўдзіць адно аднаго.

Помні пра гэта. І няхай, калі ты вырасцеш, ніколі з-за цябе не льюць слёз дзеткі.

Загрузка...