Будзільнік

Быў у гаспадара будзільнік. Як тысячы іншых, меў цыферблат, вусы-стрэлкі, металічны корпус і ножкі, на якіх гэты корпус трымаўся. На галаве будзільнік насіў шапку-кнопачку, на спіне — ключы для заводу механізма. Асаблівых прыкмет, акрамя драпіны на баку, у яго не было.

Стаяў ён на самым відным месцы ў хаце і лічыў сябе вельмі важнай асобай, бо па ім удакладнялі час. Праўда, званок будзільніка быў амаль што непатрэбны — гаспадар прачынаўся сам. І таму будзільнік не заводзілі. Каб не развучыцца званіць, ён калі-нікалі самавольна спрабаваў голас. Дзынкне і пасміхаецца, калі гаспадар ад неспадзеўкі ўсхопіцца. І аднойчы-такі дапёк яму: разбудзіў сярод ночы сваім званком. Да раніцы з боку на бок варочаўся гаспадар. А падняўшыся, палажыў будзільнік у торбу і першым аўтобусам павёз у горад да майстра. Там будзільнік разабралі, але псоты не знайшлі. «Паслужыць яшчэ»,— сказалі і аддалі назад.

Доўга будзільнік таіў крыўду на гаспадара: «Гэта ж трэба нізашто ўсе костачкі пералічыць,— бурчэў ён.— Ужо і голаса не падай...»

Але мінуў час, будзільнік адпусціўся — як ні круці, мусіш жыць з гаспадаром пад адным дахам. Ён больш не званіў без патрэбы, загультаіўся, палюбіў задрамаць і прыпыніцца на колькі хвілінак.

Так паціху ішоў час. Але аднойчы гаспадарскі кот, рудая шэльма Васька, дурэючы, скінуў будзільнік і пабіў яго.

Зноў небарака трапіў у рамонт. На гэты раз муштравалі яго даўжэй і вярнулі гаспадару з новым шклом і стрэлкамі.

Да шкла будзільнік прывык хутка: муляла яно толькі першыя дні, а пасля — нічога, прыжылося. Куды цяжэй было прызвычаіцца да стрэлак. З тымі, старымі, было проста. Яны ва ўсім падпарадкоўваліся будзільніку і хадзілі, як яму ўздумаецца. Стаў будзільнік на службе драмаць — і яны драмалі, не разважаючы, добра гэта ці дрэнна. Такія вось адданыя былі. І выхаваныя належным чынам.

Але верныя стрэлкі зламаліся. А гэтыя, маладыя, трапіліся наравістыя і перадышкі будзільніку дараваць не збіраліся.

— Шаноўныя пані, ідзіце крыху цішэй, не спяшайцеся,— прасіў іх гультаяваты і стомлены бесперарыўным «цік-так» будзільнік.

— Хіба ж мы спяшаемся, дзядзька будзільнік! Мы толькі хацелі б паспець за часам,— адказвалі стрэлкі.— А вы вымушаеце нас пазніцца. Хіба можна быць такім нядбайным на вашай пасадзе?

— Вось дык прыдумалі, я пазнюся? — злаваў будзільнік.— Вы ўсяго толькі маладзенькія стрэлачкі, а асмеліліся мне пярэчыць. Не забывайцеся, што вы — частка майго механізма.


І гэта мая работа — слухаць час. А ваша — слухацца мяне!


І калі я прыпыняюся — значыць, вы наперад вырваліся і мне даводзіцца стрымліваць вас, няўдзячныя выскачкі,— пачынаў хітрыць ён.

Але адукаваныя стрэлкі мелі ўласнае адчуванне часу, і збіць іх з панталыку было справай нялёгкай.

— Ды не можа быць, дзядзька будзільнік! Прыслухайцеся да пеўняў, яны ўжо дакладна не памыляюцца,— не здаваліся яны.

Спрэчкі з механізмам — справа рызыкоўная... Гневаўся, сварыўся будзільнік, патрабуючы ў стрэлак падпарадкавання яго новаму рэжыму. І, урэшце, наважыўся загубіць непаслухмянак. Аднойчы ён сабраў усе свае сілы, напружыўся і рэзка спыніў хаду. Для стрэлак гэта было нечаканасцю, яны аступіліся і зламаліся...

Будзільнік з палёгкай уздыхнуў. Вось калі зажывецца спакойна! Ён нават новага рамонту не пабаяўся, так яму абрыдлі непакорныя стрэлкі.

Але на гэты раз, убачыўшы, што будзільнік сапсаваўся зноў, гаспадар не стаў яго рамантаваць. Здаў майстру на дэталі, а сабе купіў новы.

Загрузка...