Зорачка

Далёка-далёка ў касмічнай прасторы жыла Зорачка. Была яна такой маленькай, што нават зямляне не маглі разгледзець яе ў свае магутныя тэлескопы. І таму, напэўна, Зорачка сумавала. «Ах,— думала яна,— шчаслівыя мае сястрыцы. Іх бачаць з далёкіх планет — і яны бачаць далёкія планеты. А я... Што з таго, што я кожны дзень расчэсваю свае залатыя валасы і абнаўляю зіхоткую сукенку? Нікому не патрэбна мая прыгажосць. Сястрыцы кажуць, што я шчаслівая — мне Фея падаравала самае доўгае жыццё. Але навошта яно мне? Каму я патрэбна?.. А яшчэ сястрыцы кажуць, што людзі, якія жывуць на планеце Зямля, захапляюцца хараством зорнага неба. А я нават нікога не парадавала...» І Зорачка ціха ўздыхала.

І вось аднойчы, калі яна так разважала, нехта гукнуў яе. Зорачка азірнулася на голас і ажно заскакала ад радасці, убачыўшы сваю старэйшую сястру.

Прывітаўшыся з госцяй і распытаўшы, як жывуць іх сваячкі, Зорачка папрасіла:

— Сястрыца! Ты так многа ўсяго бачыла, раскажы мне што-небудзь.

— О, я нават не ведаю, з чаго пачаць сваё апавяданне. Памятаеш, я і раней расказвала табе пра Зямлю. Яна мне падабаецца найбольш. Там жывуць вельмі цікавыя істоты — людзі, якія кажуць: «Падае зорка — чакай шчасця...» Ой,— спахапілася раптам яна,— я ж галоўнае забылася! Глядзі не згары ад радасці. Старэйшая Зорка даручыла мне перадаць, што тваё месцазнаходжанне змяняецца: з гэтай пары ты будзеш жыць разам з намі!

— Вось дык сюрпрыз! — І Зорачка стрымгалоў кінулася ўслед за сястрой, хутчэй заспяшалася на новае месца. Спыніўшыся, усклікнула ад здзіўлення: — Якая тут прыгажосць! Куды ні глянь, зоркі карагоды водзяць! А вось гэты блакітны шар і ёсць Зямля? Ой, здаецца, я ўжо бачу людзей!..

Захопленая, зачараваная, Зорачка гатова была закрычаць на ўсё неба: «Я шчаслівая, шчаслівая! Я буду доўга жыць!..»

Праходзілі дні за днямі. Не шкадуючы свайго святла, Зорачка разгаралася ўсё ярчэй і ярчэй. Найпрыгажэйшым яе ззянне станавілася тады, калі з дому на планеце Зямля выходзіла дзяўчынка. Задумлівая, з блакітнымі стужкамі ў косах, яна гадзінамі глядзела на зорнае неба. І Зорачка цягнула да яе свае цудоўныя рукі-промні. Нібы адчуўшы іх дотык, дзяўчынка радасна ўсміхалася.

Але аднойчы вечарам дзяўчынка не выйшла. Не было яе на другі і на трэці дзень. Зорачка кідала заклапочаныя позіркі на Зямлю. І, зазірнуўшы праз акно ў пакой дома, дзе жыла яе маленькая сяброўка, убачыла яе. Толькі што гэта з ёй? Гэта была яна — і не яна...

Задумлівы позірк хаваўся пад цяжкімі павекамі, змучаны тварык пасталеў і асунуўся — дзяўчынка цяжка захварэла.

У адно імгненне Зорачка зразумела ўсё. Век людзей жахліва кароткі. І дзяўчынка можа раней адмеранага — і так кароткага — чалавечага веку пайсці з Зямлі. А яна па-ранейшаму будзе гарэць на небе?

«Ты з нас самая шчаслівая: табе Фея падаравала самае доўгае жыццё...» — прамільгнула ў свядомасці.— Людзі кажуць: падае зорка — чакай шчасця...»

— Дзяўчынка, я табе падарую сваё жыццё, табе...— І Зорачка залатой слязінкай скацілася з неба.

А потым доўга-доўга на планеце Зямля выходзіла з дому дзяўчынка і махала рукой Зорачцы, якая для яе так і засталася жывой.

Загрузка...