— Чуеш, Інга, мая ўласная галава — мой лёс! Я прымусіў рускіх хамавак працаваць, і яны працуюць! Яны робяць мой лёс!

— Тата казаў, што ён сам робіць свой лёс,— сказала Эльза.

— Так, мая дарагая дачка! Сам, але рукамі рускіх мужыкоў.

Эльза зірнула на бацьку так холадна, што ён аж здрыгануўся.

— Тата не ведае рускіх мужыкоў,— прамовіла яна і адвярнулася.

— Я? Я іх ведаю! Ты гаворыш, мая дачка, пра Паўля Квітуна. Ты казала, што ён разумны і пісьменны. Усё гэта глупства, мая дарагая дачка. Квітуноў у Расіі вельмі мала, і ўсе яны, па сутнасці, рабы.

— Аднак ты павялічыў плату за дзень выбіральшчыцам бульбы, бо ніхто не выйшаў на работу.

Гендарсан паглядзеў на дачку са здзіўленнем. Адкуль ёй гэта вядома? Але ён нічога не адказаў дачцэ. Не мог адказаць. Яна была вельмі далёка ад яго ў той вечар і не зразумела б, што абяцанне павялічыць плату — гэта толькі маленькая палітыка ў адносінах да рускіх хамавак, якія задзіраюць насы. Яны скора зразумеюць, што дарэмна іх задзіралі. Ах, дачка, дачка...

Яна нават не хоча зразумець, што ўсё, што робіць бацька, то робіць не для сябе, а для яе і для сына.

Сын Вільгельм не такі, як Эльза. Вілі практычны хлопец. Ён вучыцца ў камерцыйным вучылішчы ў Слуцку. Бацька хоча бачыць сына вялікім камерцыйным і прамысловым дзеячам. Ён дасць сыну адукацыю. У яго хопіць сродкаў на гэта.

Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун канчалі рамонт механізмаў бровара. Лакамабіль быў ужо зношаны, старое маркі, адрамантаваць яго было нялёгка. Гендарсан і сюды ўтыкаў свой нос, хоць у машынах разбіраўся дрэнна. Ён кратаў вінцікі і заклёпкі, заглядаў у топку, мацаў цыліндры, пагладжваў машыну, як добрага каня, і гаварыў:

— Мы, немцы, любім машын. Мы ест, як гэта? Машынная нацыя, то ест такі народ.

У суботу раніцай ён уляцеў у машыннае аддзяленне, як вар’ят.

— Канчай рамонт! — закрычаў ён.— Сволатш! Праз тыдзен бульба ў Чыжэвічы ест гатова. Машына чаму не гатова?

— Праз тыдзень-другі пусцім у ход, пан аканом,— пажартаваў Павел Квітун, пазіраючы, як вар’яцее гэты немчык.

— Як ты казаль? Што есть тыдзен-другі! Не тыдзен-другі, а дзен-другі — і завод павінен пускайт першы дым гэты год. Першы дым! То будзе свята. Першы спірт усім па шклянка.

— Калі вы хочаце, каб бровар працаваў бесперапынна, дайце нам Якава Шэмета, які цяпер за парабка ў Халусты,— сказаў Вярбіцкі.

— Якава Шэмета? — закрычаў аканом.— Якаў Шэмет — швіння, сволатш, сукін сін!

— Справа ваша, пан аканом, але Якаў Шэмет добра ведае лакаматывы, а лакаматыў і лакамабіль вельмі падобныя.

Пачуўшы пра лакаматыў і лакамабіль, Гендарсан крыху супакоіўся і пачаў прыслухоўвацца, а Вярбіцкі гаварыў далей:

— Лакамабіль у бровары зусім зношаны і часта будзе псавацца. А хіба ў млыне новая машына? Такі самы лом, як і тут. Наняць добрага майстра, пане аканом, выгадней, чым купляць новыя машыны.

Гэта быў вельмі ўдалы ход, які прымусіў Гендарсана задумацца.

— Я павінен падумайт,— сказаў ён міралюбна.— Я потым скажу, праз дзень-другі...

— А лоўка ты прыдумаў пра Якава! — з захапленнем сказаў Павел, калі Гендарсан выйшаў.— Добра было б, калі б Якаў быў тут.

Вярбіцкі зірнуў на Паўла запытальна.

— Ты лепш раскажы пра сваё знаёмства з Гендарсанавай дачкой.

— Не глядзі так на мяне, Стась. Я табе раскажу ўсё.

Ён расказаў, як Эльза знарок сустракала яго некалькі разоў, як на яго глядзела, як нарэшце папрасіла завесці гэтага Паўля дадому з Міхалёвага вяселля, як потым затрымала на ганку, пачала распытваць, як завуць, дзе працуе, як жыве, ці пісьменны, што чытае, ці чуў пра такога рускага паэта — Пушкіна. І калі даведалася, што ён чытае кнігі, абяцала даць кнігі, запрашала да сябе. Яна гаварыла, што хоча быць настаўніцай, што любіць рускую прыроду і рускіх дзяцей.

— Цікава,— прамовіў Станіслаў.— І ты больш з ёю не сустракаўся?

— Не, Стась.

— Хм. Чаму ты мне раней пра гэта не расказаў?

— Проста з галавы выйшла. У той вечар расказаў бы, бо самому было цікава, а потым забыў, ды ўсё.

— Цікава, што за блазнота прыйшла ў галаву аканомавай дачцэ. Вырашыла пазнаёміцца з парабкам.

— Няма чаго рабіць дзяўчыне.

— Гэта адно. Ты не глядзі на яе халодныя вочы. Можа ў яе душы ўсё кіпіць. Гэтыя адукаваныя паненкі бываюць вельмі разбэшчаныя, заўваж гэта.

— Я іх не ведаю.

— Цікава, чаму яна табе сказала, што хоча быць настаўніцай, і ці праўда гэта. Адным словам, Павел, пагутарым мы з Якавым, і можа табе прыйдзецца схадзіць да яе, папрасіць кніг.

— Не вельмі мне хочацца сустракацца з ёю.

Амаль да абеду працавалі моўчкі, і кожны думаў пра сваё. Потым у бровар зайшоў Міхаль Рожка, запэцканы ў гразь, з бруднымі рукамі.

— Здаровы, хлопцы! З цябе, Павел, паўкварты за добрыя весткі.

— Якія?

— Сёння даслалі мяне бульбу вазіць ад падзёншчыц. Паехаў я на поле — і каго я бачу? Бачу я, браце Павел, Пракопаву Надзечку. Павіталіся і пагаварылі. Яна запытала, як мы жывём, як маецца мая Люба. Нам, сам ведаеш, няма чым хваліцца, але я сказаў, што добра. Сказаў, што ты ў мяне будзеш кумам, а за куму папрасіў яе. Ах, як жа яна, браце Павел, узрадавалася! Не таму, што я за куму яе бяру, але таму, што і ты кумам будзеш! Скажы, браце Стась, ці не варта такая навіна цэлай кварты?

— Чуеш, Павел?

— Вядома варта, Міхаль,— адказаў Вярбіцкі.

— Чую. Будзе табе кварта к хрэсьбінам.

— Ну, дык я яшчэ не кончыў. Сёння яна прыйдзе грошы атрымліваць, так што не спі ў шапку. Толькі скажыце мне, куды гэта паехаў пан аканом?

Станіслаў кінуў на варштат абцугі і крута павярнуўся да Міхаля.

— Ты кажаш, што ён некуды паехаў? — запытаў ён глухім голасам.

— Я сам сустрэў. Завярнуў пад Слуцак на сваёй кабылцы.

— Я так і ведаў,— прамовіў Станіслаў.— Сёння ён не будзе разлічваць работніц. Ён хоча ашукаць выбіральшчыц. Разлічыць іх праз тыдзень, калі будзе выбрана ўся бульба, і заплаціць не па пятнаццаць, а па дзесяць капеек.

Павел і Міхаль пазіралі на Станіслава — адзін з захапленнем, другі з недаверам.

— Не можа ён скруціць! — прамовіў Міхаль.— Паабяцаў.

— Табе ён абяцаў асобны пакой з Любай, а жывеш і цяпер у бараку.

— Што мы можам зрабіць? — запытаў Павел.

— Я хацеў бы, каб ты мне адказаў на гэтае пытанне... У нас мала часу, вось у чым бяда. Мы не паспеем загітаваць усіх, каб у панядзелак не выходзілі на работу. Ды і паслухаюць нас не ўсе. Многія павераць Гендарсану... Нам трэба дабіцца, каб выбіральшчыцы патрабавалі, як дамоўлена, па пятнаццаць капеек за дзень. А на гэта ў нас часу хопіць.

— З чаго мы пачнём? — запытаў Павел.

— Ты пагаворыш з Надзяй. Сёння ў кантору збярэцца нямала выбіральшчыц. Гендарсана, вядома, не будзе. Трэба растлумачыць жанчынам, што аканом іх хоча ашукаць. Скажы пра гэта Надзі, няхай яна ўвядзе ў вушы ўсім падзёншчыцам.

— Мая Люба выбірае бульбу з Надзінай цёткай Агапай. Вострая жанчына! — сказаў Міхаль.

— Ну дык і пагавары са сваёй Любай.

— Абавязкова!

— А я скажу пару слоў сваёй Ядвізе.

— Хіба яна таксама выбірае бульбу? — запытаў Павел.

— З першага дня. Калі Гендарсан паабяцаў выбіральшчыцам пятнаццаць капеек у дзень, то я адразу зразумеў, што тут, акрамя ашуканства, нічога няма, і даслаў на работу Ядвігу. Цяпер мне зручней умяшацца ў гэтую справу, я, як бачыце, буду абараняць жончыны, значыць, і свае інтарэсы.

— Разумна,— прамовіў Павел.

— Неабходна,— дадаў Станіслаў.— Акрамя гэтага, вечарам трэба ўсім нам быць ля канторы і пагутарыць з некаторымі жанчынамі. Пераважна з вясковымі, бо яны яшчэ не ведаюць, які шэльма Гендарсан. Нашы, з маёнтка, ужо навучаныя. Гаварыць трэба асцярожна, каб гаворка гэта не нагадвала сходу. Я мяркую, што ўсё зразумела. Вечарам абавязкова трэба быць каля канторы.

— Добра. Мне трэба ехаць, хлопцы,— сказаў Міхаль.— Я ж Надзею зноў убачу, Павел. Што мне ёй сказаць?

— Скажы, каб прыйшла ў кантору. Можаш сказаць, што я сумую без яе...

— Толькі пакуль што не расказвай пра нашу гаворку. Нам трэба, каб жанкі сёння сабраліся тут, у маёнтку. Я ўпэўнены, што Гендарсан рыхтуе ім вялікае паскудства. Трэба іх падрыхтаваць,— папярэдзіў Станіслаў.

— Зразумела,— адказаў Міхаль і выйшаў.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ

Пара было падымаць лён, што вылежваўся на пясках каля Маргоў. Пясок гэты, парослы сіўцом, як скула быў для малінаўцаў. Плацілі за яго падаткі як за ворную зямлю, а ён і на пашу быў непрыгодны. Толькі авечкі і знаходзілі там сабе корм.

Калісьці малінаўскія дзяды і прадзеды аралі гэты пясок. Яшчэ і цяпер былі відны нівы, разоры і межы. Упіраліся гэтыя нівы аж у раку Случ, каля вёсачкі Стамагілы. Далёка ад засценка былі гэтыя палі, гною не набярэшся, ды і вазіць яго блізкі свет, два вазы ў дзень, больш не завязеш. Так і запуставалі пяскі. Якія былі бліжэй да Маргоў, нават пачалі зарастаць лесам: ядлоўцам ды крывымі хвойкамі.

У гэтым годзе ў Андрэя вырас вельмі добры лён, доўгі і валакністы. Алена радавалася: напрадзе за зіму ды натчэ вясной ручнікоў, абрусаў ды кап. Маці паможа. Ды што там казаць. Маці напрадзе больш за Алену. Трэба ж дачушцы пасаг рыхтаваць.

Падымаць лён выехалі ўсе, толькі маці пакінулі ў хаце ўпраўляцца ды свіней пасвіць. Узялі на перавяслы кулявой саломы, пукі звязваць. Дзень удаўся ясны, раніцай іней высыпаўся, а калі сонца паднялося, зусім цёпла стала.

Калі Сташэвічы прыехалі на пясок, там ужо была ўся Малінаўка. Кожны распрог коней на сваёй палосе. Хоць і не аралі пяску, але дзе чыя ніва, ведалі, кожны на сваёй ніве і лён разаслаў. Калёс і коней сабралася — як на конскім рынку ў Слуцку.

Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага льну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі.

Цікаўныя суседкі адна за адной падбягалі зірнуць на Сташэвічаў лён. Дзівіліся, зайздросцілі, ківалі галовамі. Яны і раней бачылі гэты лён, але такая ўжо жаночая натура.

— Олялечкі! Ды ён, як паляжаў, яшчэ даўжэйшы стаў!

— От лён, дык лён!

— А я казала свайму: не сей у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль!

— Стары Юстынь ведаў!

— Ого! Ён ведаў.

Алене было прыемна, што жанкі хваляць лён, а от што пра тату гавораць — не падабалася. Ведаў, ведаў... Яна і раней чула, як гаварылі пра бацьку, што ён нешта ведае. Вядзьмар... Дурныя бабы.

— А ў Сымона Ашакевіча — от лянок!

— Бо ён на навіне сеяў. На Наддатках каля Маргоў.

— А што тая Сымоніха з ільном зробіць! Калі яна яго папрадзе? Дзеці хворыя.

— Папрадзе, жаначкі, папрадзе.

Прыйшла і жонка Лявона Нарбутовіча, Міхаліна, зірнуць на Сташэвічаў лён. У яе ў гэтым годзе такі няўдалы і маленькі парос, што ў жменю ўзяць нечага. Каліўцы кароценькія, тоўсценькія, не раўнуючы, як мышыныя хвасты.

— Ай і добры ж у цябе лянок, Аленачка! — лісліва прамовіла яна.

Алена аж усміхнулася ад прыемнасці.

— Будзе што прасці ды ткаць... Толькі ён, мабыць, нямоцны. Такі доўгі ды тонкі моцны не бывае.

Алена коса зірнула на яе. Міхаліна тым часам нагнулася, узяла жменьку льну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Не рвецца!

— Ой, до і моцны ж!.. Тата сеяў. Ваш тата ведаў і месца, і пару, калі сеяць лён.— Яна зірнула на Андрэя, які быў недалёка, нібы хацела сказаць, што калі будзе сеяць Андрэй, то такога льну Алене больш не ўбачыць.— Тата ваш ведаў...

Гэта ўжо зусім пачало не падабацца Алене. «І гэтая пляткарка: ведаў, ведаў». Не хапала яшчэ, каб і гэтая балбатуха плёткі разносіла, што пакойны Юстынь быў вядзьмар! Хіба гэта ў Малінаўцы доўга! Алена насцярожылася.

— Мо б ты, Аленачка, памяняла са мной пукоў з пяць? Я табе свайго больш дала б! На мяхі ды дзяругі і вам жа трэба ткаць.

— Не,— адрэзала Алена.— На мяхі ды на дзяругі трэба яшчэ мацнейшы лён, чым на палотны. Ды і Андрэй не захоча. Ён гаспадар.

Алена ўжо была б рада, каб гэтая пранозаватая баба адкаснулася ад яе, але хіба так лёгка збавіцца ад такой бессаромнай нахабніцы.

— Ай, што там Андрэй! — Міхаліна выставіла наперад свой вялікі жывот — хадзіла цяжарнай у другой палове — і проста наступала на Алену.— Што ён ведае, твой Андрэй! А мы цёртым памяняемся, Андрэй і ведаць не будзе. Ад мужчыны бабе не ўкрасці, дык і на свеце не жыць.

Наколькі вострая была Міхаліна, але, загаварыўшыся, не ўбачыла, што падышоў Андрэй і ўсё, пра што яна гаварыла, чуў.

— Ідзі ты, жанчына, да свайго Лявона, а то ён вунь да Нічыпарыхі падбіраецца,— сказаў Андрэй.

Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая, лапэхаватая жанчына, такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Калі малінавец хацеў падкусіць сваю жонку, то варта было яму назваць яе Нічыпарыхай. Хапала!

— А што, табе зайздросна? — агрызнулася Міхаліна.— Сам да яе падабрацца хочаш?

— Зайздросна,— адказаў Андрэй.— Яна ў сто разоў лепшая за цябе!

— Во як! — успыхнула Міхаліна.

— У яе хоць язык чалавечы, а ў цябе — як у Васілёвай Паталашкі.

Паталашка была сучка, якую калісьці трымаў Васіль Барысевіч. Самога Васіля мала хто з малодшых і памятаў. Ведалі яго праз сучку Паталашку, якая брахала і на сваіх і на чужых.

— Дык я Паталашка? — закрычала Міхаліна.

— Дачка яе. Паталашка здохла даўно, а цябе на сваё месца пакінула.

Божа мой! Што зрабілася з Міхалінай! Яна пазелянела ад злосці і гатова была кінуцца на Андрэя.

— А ты! Накольнік! Думаеш, ніхто не бачыў, як ты Халусту біў? А-а-а! Я бачыла! Прысягну! Сведкай стану.

— Ідзі, жанчына, адсюль. Не замінай.

— Я табе вочы выдзеру! Думаеш, і мяне кранеш!

Малінаўцы, якія дасюль толькі прыслухоўваліся да «суседскай размовы» між Міхалінай і Андрэем, цяпер перасталі падымаць лён. Усім цікава было і паслухаць і пабачыць, чым гэта кончыцца.

— Думаеш, і мяне кранеш! — крычала Міхаліна і наступала на Андрэя.

— Адыдзі, Паталашка, бо як перацягну пугай, дык да пары ашчэнішся!

Малінаўцы пакаціліся ад рогату.

Лявон наляцеў на Андрэя як коршак.

— Ты! Туды т-тваю маць!.. Ты маю жонку!..

— Забяры сваю жонку і ідзі адсюль, бо цябе то я не пасаромеюся! Я вас не зваў на сваю ніву і да цябе не прыйшоў. Убірайся!

Ян Сташэвіч зразумеў, што пара ўмяшацца яму.

— Нарбутовіч! Аюц вон адсюль, свіння! Ідзі! Паскудніца твая жонка, а ты дурань.

— Дык я ж, пане Ян... Ён маю жонку, пане Ян...

Старога Яна пабойваліся і паважалі.

— Каб ты быў чалавек, то сваёй жонцы па мордзе даў бы. Яна сястру з братам зводзіць. Красці вучыць з гаспадаркі. Гнюсныя вы людзі, Нарбутовічы. Цьфу.

Нарбутовіч пад агульны смех пайшоў з Міхалінай да свайго льну.

— Ты, мой брат, нейкі прыгодлівы,— сказаў Ян Андрэю.— От жа да мяне Нарбутовічыха не прыйшла, а каб і прыйшла, то без сваркі абышлося б. І Халуста маіх коней з палетка не прагнаў бы, і парабка майго не крануў бы. А ты ўдаўся нейкі... От ты зноў ворага нажыў.

— Нарбутовіч і Мартыневіч ніколі не былі маімі сябрамі. Мне і тата казаў, якія гэта людзі.

— Яны і мне не сябры, але і ворагамі я іх дасюль не лічыў. Што падкусіць яны могуць спадцішка, то не толькі мяне, але і кожнага. Нарбутовіч Мартыневіча ўкусіць, а Мартыневіч Нарбутовіча. Такія гэта людзі.

Падвечар пясок апусцеў. Малінаўцы цяпер сабралі ўсё, што было ў полі. Можна было спакойна чакаць зімы.

Андрэй з Іванам склалі лён у гумне на таку. Іншага месца не было. Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Абабіць цапамі ўсю збажыну нялёгка. А тады вывезці з Волі сена. Нарыхтаваць і навазіць дроў. У Крушнікі да Хмялеўскага прыйдзецца ездзіць. Бо калі пачнеш свае Маргі ў печы смаліць, дык праз два-тры гады замест лесу пустое месца астанецца.

Таму малінаўцы і бераглі Маргі. Улетку толькі заязджалі туды, каб ламачча падабраць, лішнюю галіну на хвоі адсекчы.

Настрой у Андрэя быў зусім няўдалы. Успамін пра Халусту і Нарбутовіча рэзаў яму сэрца. У абодвух выпадках ён адчуваў, што праўда на яго баку, але гэта не суцяшала. Як асмелілася гэтая Паталашка Міхаліна вымагаць у Алены лён? Можа Алена скардзілася Нарбутовічам на яго? Гнеў ахапіў Андрэя. Ці адважылася б гэтая Паталашка прыйсці да Алены з такім вымаганнем, калі б жывы быў бацька? Ніколі! Значыць, ёсць у яго — Андрэевых — паводзінах нешта такое, што адрознівае яго ад бацькі. А што? Чаму ён не ўмее сябе паставіць так, як ставіў бацька, і ў хаце са сваімі, і ў засценку з чужымі людзьмі? Значыць, ён не сапраўдны гаспадар. Ёсць у ім нешта няшчырае, несамастойнае, тое, чаго, напрыклад, няма ў Яна. Ян кажа: прыедлівы. Хіба Андрэй шукае прыгод, хіба ён без іх не можа жыць? Глупства нейкае, ды і толькі... Так думаў Андрэй, але ён не ведаў таго, што справа тут зусім не ў яго прыгодлівасці, а ў тым, што ён пачаў сустракацца з Гарасімам Жукоўскім. За іх адносінамі сачылі і Нарбутовіч з Мартыневічам і Яўхім Халуста. Нарбутовіч і Мартыневіч баяліся, што Гарасім аддасць яму ў арэнду сваю паўвалоку, адабраўшы яе ад іх. Яўхім Халуста баяўся горшага. Ён быў упэўнены, што Андрэй толькі таму і пасябраваў з Гарасімам, што хоча купіць у яго зямлю. А Халуста сам думаў пра гэта. Ён мог зрабіць гэта ў любы момант, бо меў грошы. Андрэй хоць і не меў грошай, але мог іх пазычыць. У яго на Бабруйшчыне багатая сястра, ды і зямельны банк яму не адмовіць. У гэтым Халуста быў упэўнены.

Аднак і Нарбутовіч з Мартыневічам і Яўхім Халуста не ведалі, як далёка быў Андрэй ад думкі браць у арэнду зямлю ў Жукоўскага або купляць яе. Гэта прыйшло да яго значна пазней.

Пасля вячэры Андрэй сказаў Івану:

— Можа пяройдзем спаць у хату? Халаднавата ўжо ў гумне.

— Не, Андрэй. Да маразоў, да самай зімы будзем спаць у гумне. Я не мерзну. Хіба ты?

— Я таксама не мерзну. Не люблю спаць у хаце. Я пра цябе думаў.

— Пра мяне! У хаце мы толькі замінаць будзем цётцы і Алене.

— І то праўда.

У Андрэя зусім наладзіўся настрой. Ён зірнуў на Івана, які ўжо сядзеў за сталом з кніжкай, і папрасіў:

— Дай мне свайго Гогаля.

Андрэй пакрысе пачаў прывыкаць да чытання. Гэтаму спрыяла жалоба, а вечары сталі доўгія, чым жа заняцца. Ён прачытаў ужо кніжкі Пушкіна, Някрасава, Лермантава, вядома, тыя, якія былі ў Івана, а цяпер узяўся за «Вечары на хутары каля Дзіканькі».

Маці латала кажух. Алена шыла кофту, мужчыны чыталі. У хаце было ціха. Аднак сёння Андрэю не чыталася. Атруціла яму сёння вечар Міхаліна. Ён загарнуў кнігу і сказаў:

— Трэба будзе да Гарасіма Жукоўскага калі-небудзь зайсці.

У Івана загарэліся вочы.

— У Гарасіма, кажуць, кніг многа.

— От мне і хочацца зірнуць на яго кнігі. Няўжо ж у яго толькі папоўскія!

— Іван! — раптам азвалася Алена.— А цябе стары Халуста моцна набіў?

Іван пачырванеў і апусціў вочы. Гэтая шляхцянка канчаткова надумала не даваць яму жыцця.

— А чаму ты яму назад не даў?

— Ён жа старэйшы за мяне. Як старэйшага біць.

— А Андрэй жа даў яму. Хіба Андрэй з ім аднагодак?

— Андрэй старэйшы за мяне, і ён... не парабак.

Андрэй уважліва паглядзеў на сястру.

— Можа б ты патрымала язык за зубамі?

— Табе не падабаецца, калі я гавару?

— Мне не падабаецца тое, пра што ты гаворыш...

Андрэй гукнуў Івана, і абодва пайшлі ў гумно.

Спаць у хаце асталася адна старая Аксеня, бо Алена спала ў сенях. Там, каля невялікага акенца, стаяў драўляны ложак. Алена напрацавалася за дзень, але заснуць сёння не магла. Многае ператрывожыла і перахвалявала яе за апошнія дні: і тое, што Андрэй хадзіў мірыць Халусту з Мікалаем, і тое, што ён набіў старога Халусту, і сённяшні выпадак на полі, і гаворка пасля вячэры. Яна злавалася на ўсіх і не ведала, на каго больш: ці на Андрэя, ці на Халусту, ці на Юзіка, хоць на яго, прынамсі, не было за што злавацца. Хіба толькі за тое, што ў яго такая нялюдская, дзікунская сям’я, а ён, такі вялікі і дужы, старэйшы сын, і не можа прывесці яе да парадку.

Алена нават не ведала, ці любіць Юзіка. Ён спадабаўся ёй за сілу, за голас. З выгляду ён быў такі мужчына, якога яна прывыкла бачыць у сваім уяўленні: дужы, магутны, грубаваты, на яго можна, здаецца, абаперціся. Яе мала хвалявала тое, што ён не вельмі разумны: лягчэй такім кіраваць. Але каб ён быў больш рашучы ў адносінах да свае сям’і! Алена не хацела прыкмячаць у Юзіку тое, што ў яго так і выпірала і было відно кожнаму. Перш за ўсё ён быў не толькі грубаваты, але зусім грубы, вельмі неразумны, бязвольны, баязлівы, крыху падлюкаваты, крыху зладзеяваты. У ім былі ўсе тыя якасці, якія меў яго бацька, але калі ў бацькі якасці гэтыя былі бязмерна вялікія, то ў Юзіка яны былі вельмі дробныя. Ён меў толькі адну станоўчую якасць: верна і шчыра любіў Алену. І Алена не магла так лёгка адмовіцца ад Юзіка, як захацелася Андрэю. Праўдзівей кажучы, на злосць брату, яна не хацела ад яго адмаўляцца. Самалюбная і ганарлівая, яна не хацела слухацца брата хоць бы таму, што ён знарок хоча прынізіць Халустаў у яе вачах...

Шмат яшчэ пра што думала Алена. Пра сваю сірочую долю, пра тое, што хутка прыйдзецца пакінуць бацькаву хату і родную матку, ісці ў чужую сям’ю. Яе ахопліваў жах, калі ўяўляла сабе, што назаве старога Халусту татам, а тую страшную кульгавую жанчыну, якая прыходзіла зваць Андрэя, мамай. Ці такі быў яе тата! Ці такая мама, добранькая, клапатлівая... Але ж хоць бы жыць у сваім засценку, сярод сваіх людзей, а не на чужыне. Тут хоць да мамкі прыбяжыш, калі захочаш... Ды і брат, які ён ні ёсць, а пашкадуе скарэй, чым чужы... Хацела ўжо заплакаць ад гора, але пачула на вуліцы свіст. «Юзік,— падумала яна.— От не выйду, ды ўсё».

Свіст тым часам паўтарыўся раз і другі. Алена накрылася з галавою, каб не чуць таго свісту. Але Юзік настойліва клікаў яе. Свістаць ён перастаў, улез у агародчык, прайшоў каля сцяны і пастукаў у акно. А каб ён спрахнуў! Яшчэ маці разбудзіць, бо чуйна спіць старая. А мо Андрэй з Іванам сапраўды да Гарасіма пайшлі. Нарвуцца, ідучы назад, на гэтага дурня, што па чужых гародах лазіць, чужых хат пільнуе, дык будзе бяды. Андрэй яму не даруе.

Алена ціхенька ўстала, апранулася, ціхенька адчыніла дзверы і выйшла на двор. Ноч была хоць не месячная, але зорная, Алена адразу ўбачыла Юзіка. Ён, як злодзей, выглядаў з-за вугла. Яна кіўнула яму і пайшла да брамкі. На вуліцы ўсё-такі спакайней, чым каля сваёй хаты. Прайшлі на агароды, там уздоўж платоў раслі вішні і слівы, хоць ужо і бязлістыя, але ўсё ж каля іх і ўтульней, і зацішней, і непрыкметней.

— Ну, чаго ты прыйшоў сёння? — запытала Алена.— Хіба я табе не казала, каб не хадзіў? Бачыць цябе не хачу.

— Ну, Аленачка...

— У мяне жалоба па тату. Ды і без таго не хачу я, каб ты хадзіў.

— Ну, Аленачка... А я па свайму бацьку жалобы не спраўляў бы.

— Бо, ведама, усе вы, Халусты, такія... Сіберныя. Як скаціна. Толькі і ведаеце біцца ды нажамі рэзацца.

— Ну, Аленачка! А Андрэй хіба лепшы! Вунь як майго бацьку адлупцаваў!

— Варт! За што ён Івана, такога харошанькага хлопчыка, пабіў?

— Харошанькага! — Юзік надзьмуўся.

— Харашэйшага за цябе.

— Дык таму ты і не выходзіш... У сваёй хаце маеш,— панура буркнуў Юзік.

Лясь! — і Юзік хапіўся за шчаку.

— Ах ты, свіння! Ты яшчэ такія словы будзеш мне гаварыць!

Алена акруцілася і зрабіла выгляд, што хоча ісці.

— Ну, Аленачка... Пачакай! Гэта я са злосці... Я гэтага мужыка...

— Са злосці! Паспрабуй толькі крануць Івана! Андрэй табе рэбры паломіць.

— Баюся я твайго Андрэя! Каб ён не твой брат, то я даўно яму даў бы!

Гэта крыху ўсцешыла Алену.

— Баязлівец ты! Ды і сілы ў цябе не хопіць. Наш Андрэй самы дужэйшы ў засценку.

— Я самы дужэйшы! — распаліўся Юзік.

— Не крычы, дурненькі, а то нехта пачуе.

— Нікога я не баюся! Па карку дам, калі хто паткнецца.

— А калі Андрэя ўбачыш, дык пабяжыш не азіраючыся.

Алене хацелася закрануць Юзікава самалюбства, раздражніць яго; ёй хацелася ўзняць яго смеласць, рашучасць, узбудзіць у ім злосць на Андрэя, звесці іх двух, няхай бы яны пабіліся. Яна жадала, каб у гэтай бойцы перамог Юзік, няхай бы Андрэй адчуў сябе прыніжана, а то ж ён Юзіка і ў грош не ставіць.

— Нікуды я не пабягу, а сагну яго ў дугу! Абы ты, Аленачка, не злавалася.

— От дурны! Чаго я буду злавацца! Каб Андрэй трохі баяўся цябе, дык не быў бы такі ўпарты.

— Добра! Я яму пакажу, дзе ракі зімуюць! Аленачка... А ты сапраўды гэтага Івана... Ну, гэты Іван да цябе не лезе?..

— Ды ён жа дзіця яшчэ!

— Добрае дзіця! З палескага злодзея... Ну, дай я цябе пацалую, Аленачка...

— Няможна, Юзік. Жалоба.

— Жалоба гэтая няшчасная... І так цэлы год?

— Цэлы год, Юзічак.

— Я не вытрываю, Аленачка... Ну, далібог...— ледзь выдахнуў Гром, прыцягваючы да сябе Алену.— Пацалую адзін раз, не будзе граху...


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Выйшла так, як і казаў Станіслаў Вярбіцкі. Вечарам Гендарсан не прыйшоў у кантору. Дарэмна чакалі яго выбіральшчыцы, сабраўшыся натоўпам каля ганка. Вечар быў на дзіва цёплы ў такую познюю пару. Зацішна было ў засені магутных дубоў, што раслі ля канторы. Жанчыны разважалі аб сім-тым, з надзеяй паглядаючы на аканомаў флігель. На дварэ сцямнела. Сярпок месяца заблішчаў на небе, весела заміргалі зоркі. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела.

Вечар перад святочным днём заўсёды здаецца прыгажэйшым за звычайныя вечары. У ім адчуваецца нешта ўрачыстае. Хоць бы таму, што заўтрашні дзень прынясе не цяжкую працу, а заслужаны адпачынак пасля цэлага тыдня работы і турбот.

Маладыя дзяўчаты з нецярплівасцю чакалі аканома. Атрымаць свае грошы, патрымаць іх ва ўласных руках, не выпрошваць у бацькоў! А потым купіць за іх крамніны на кофту ці на сукенку або новую хустку, самой, на свой густ, а не на бацькоўскі — як гэта важна ў жыцці дзяўчыны! Хлопцам лепш! У іх часцей бывае ўласная капейка, бо іх значэнне ў гаспадарцы большае і трывалейшае, на іх глядзяць як на гаспадароў, а дочкі — гэта толькі госці. Кожная дачка, калі ідзе замуж, то заўсёды гаспадарку растрыбушыць, пацягне не цялушку, дык авечку. Пасаг... А хіба хлопцу трэба столькі, колькі дзяўчыне? Яму не патрэбны ні грабянцы, ні шпількі, ні брошкі. Ён адну шапку носіць некалькі гадоў.

Так думала Пракопава Надзя, з трывогай паглядаючы на маёнтак, які цяпер нагадваў невялікі гарадок, што рыхтуецца да адпачынку. Ці прыйдзе Павел? Міхаль Рожка сказаў ёй, што бачыў яго. Ох, гэты Міхаль... Ён, ад’язджаючы з поля, неяк па-свойму хітравата, але шчыра падміргнуў ёй, нібы хацеў сказаць: «Абавязкова прыйдзе!» Але хіба можна верыць ім — парабкам...

Павел адразу ўбачыў Надзю і на некаторы час забыў пра ўсё на свеце. Надзя сустрэла яго стрымана, але радасна, і яны спачатку не знаходзілі слоў, каб выказаць усё, што перажыта і перадумана за час расстання.

Не згаворваючыся, яны адышлі ўбок ад гурту і спыніліся каля густых кустоў акацыі.

— Чаму ты, Паўлік... Чаму ты не прыходзіў?..— з дакорам запытала Надзя, заглядаючы яму ў вочы.

Павел зірнуў на дзяўчыну. Не, ён не мог сказаць ёй праўды, хоць яна і жорстка пакрыўдзіла яго. У Надзіных вачах свяцілася такое каханне, такая шчырасць і самаадданасць, што ўся крыўда, усё благое вылецела з Паўлавага сэрца.

— Пакрыўдзіўся, мабыць, Паўлік? — дапытвалася Надзя.

Ці мог ён прызнацца ёй, што не толькі пакрыўдзіўся, але і надумаў быў не сустракацца больш, забыць яе, калі іх каханне выйшла такое няроўнае, няўдалае.

— Не, Надзечка. Мне проста часу не было.

— Часу не было... Хіба ты цяпер і па нядзелях працуеш?..

— Не, вядома... Але ж у мяне і свой клопат ёсць. Вопратку залатаць, бялізну памыць. Я ж адзінокі, Надзя...

— Бялізну памыць...— горка прамовіла Надзя.— Бялізну памыць...— паўтарыла яна.— А можа, Паўлік, у цябе другая ёсць?..

— Што ты, Надзя?

Размову іх перапыніў Кірыла Верабей — вартаўнік стайні, які ішоў у сваю вартоўню. З ім быў і Станіслаў Вярбіцкі.

— Чаго вы сабраліся тут, бабы? — запытаў Кірыла, спыніўшыся.

— Аконама чакаем,— адказала за ўсіх Агапа Аўсянік.— Каб разлічыцца сёння за тыдзень.

Верабей засмяяўся.

— Разлічыцца! А хто гэта будзе вас разлічваць? Аконам яшчэ да паўдня да доктара ў Слуцк паехаў і сказаў, што сёння не вернецца. А табе, Агапа, ужо на печы грэцца трэба, а не бульбу выбіраць.

— Гэта ты на стайні вылежваешся, халуй панскі! — закрычала Агапа.— Злодзеі вы тут усе, разам са сваім аконамам!

— Што ты, Агапа! Які я злодзей або халуй!

Голас яго патануў у шуме і гомане жанчын.

— Чаму ж ён не сказаў, што сёння не будзе разлічваць!

— Ашуканец!

— А мы стаім тут як дурныя...

— Дома дзеці чакаюць!

— Скаціна галодная!

Толькі цяпер успомніў Павел, што ён павінен быў пагутарыць з Надзяй. Не аб тым, пра што пачаў. Ён бездапаможна азірнуўся і з радасцю ўбачыў, што Станіслаў і тут усё прадугледзеў: яго жонка Ядвіга нешта гаварыла Агапе Аўсянік.

— Дык ён знарок з’ехаў, каб ашукаць нас! — закрычала Агапа, выслухаўшы Ядвігу.

Яе абкружылі жанчыны. Пасыпаліся пытанні.

— Як ашукаць?

— Хіба мы не рабілі?

— Рабілі за дзесяць капеек у дзень, а не за пятнаццаць!..— крычала Агапа.— Разлічвацца павінен кожную суботу, а ён збег, каб у канцы сплаціць па-свойму.

— Не можа быць!

— Можа сапраўды захварэў!

— Абдурыў нас, а не захварэў!

— Няўжо ён сапраўды скруціць грошы? — усхвалявана запытала Надзя.

— Усё можа быць, Надзечка. Усіх, вядома, не скруціць. Я і прыйшоў да цябе пагаварыць пра гэта...

Тут Павел адчуў, што памыліўся. Надзя глядзела на яго так адчужана, што ў яго зашчымела сэрца.

— Дык ты толькі гэтага і прыйшоў?..— ціхім голасам запытала яна.— Няхай яны згараць, тыя грошы, калі так...

Яна павярнулася, каб пайсці, але Павел схапіў яе за плечы.

— Ты не так мяне зразумела, Надзечка...

— Ох, зразумела...

Падышоў Станіслаў Вярбіцкі, нібы ведаў, у якую бяду трапіў Павел.

— І ты прыйшла разлічвацца, Надзя?

— Прыйшла...

— Прыйшлося і табе панскую бульбу выбіраць.

— А што мне да таго, чыя яна...

— Не ў тым справа, Надзя. Я думаю пра твайго бацьку і дзядзьку Марціна. Хіба так патрэбна было табе ісці?

— Ваша жонка таксама выбірала,— адрэзала Надзя.

— Наша справа такая, парабкоўская. Але каб я ведаў, што Гендарсан так ашукае, то жонкі не пусціў бы.

— Ну, от бачыце: вы таксама не ведалі...

— У тым і справа, што ніхто не ведаў. Гендарсан хоча ашукаць выбіральшчыц. Ён разлічыць работніц тады, калі ўся бульба будзе выбрана, і дасць не па пятнаццаць, а па дзесяць капеек за дзень. А ты пайшла б выбіраць за дзесяць капеек?

— Што вы, дзядзька Станіслаў! Я і пайшла толькі таму, што немец абяцаў па пятнаццаць капеек!

— От бачыш, Надзечка. Трэба нешта рабіць, каб Гендарсану не ўдалося ашукаць работніц.

Ён растлумачыў Надзі, чаго дабіваецца Гендарсан і чаму ён збег сёння з маёнтка.

— Ты павінна, Надзя, расказаць пра гэта цётцы Агапе. Яна разумная жанчына, але нас, парабкаў, не вельмі любіць. Дык няхай яна ўвядзе ў вушы ўсім падзёншчыцам, што Гендарсан задумаў. Расплачвацца ён цяпер будзе толькі ў тую суботу або пятніцу, калі ў маёнтку выберуць усю бульбу. Хай падзёншчыцы не бяруць грошай, калі Гендарсан пачне плаціць па дзесяць капеек. Ты зразумела, Надзечка?

— Зразумела, дзядзька Станіслаў... Але калі па дзесяць капеек, то я і зусім не пайду выбіраць...

— А другія пойдуць. У цябе прападуць грошы за тыдзень, а ў іх і ў тваёй цёткі за два.

Дзяўчына падумала, зірнула на Паўла і адказала:

— Добра, дзядзька Станіслаў. А з цёткай Агапай няхай і ваша жонка пагаворыць.

Станіслаў усміхнуўся.

— Без гэтага не абыдзецца! Калі ты заўважыла, то яны пагаварылі ўжо.

— Заўважыла!

— А цяпер, Надзя, я пайду. Вашы вунь таксама расходзяцца. Перадай ад мяне паклон дзядзьку Марціну. Перадаў бы і твайму бацьку, але ён, як і цётка Агапа, парабкаў не любіць.

— А вы і не парабак!

— Парабак, Надзя. Такі самы, як і Павел.

Станіслаў — высокі, статны, вельмі падобны на стараватага шляхецкага жаніха — па-шляхецку далікатна схіліў галаву, крануўся рукой шапкі і пайшоў.

— Ну і дзядзька Станіслаў! — з захапленнем прамовіла Надзя.

— Ты яшчэ возьмеш ды закахаешся ў яго,— сказаў Павел.

— Ну і дурненькі.

Тым часам ля канторы стала пуста і ціха. Жанчыны разышліся. Надзя зірнула навокал, зразумела, што астаецца адна, і памкнулася бегчы.

— Куды ты, Надзечка? — запытаў у яе Павел.

— Хіба ты не бачыш, што ўсе разышліся! А цётка Агапа яшчэ да нашых зойдзе... У яе запытаюць, чаму няма мяне...

— Ну дык і хадзем! Я ж правяду цябе.

Гендарсан прыехаў са Слуцка ў нядзелю падвечар. Увесь твар яго быў забінтаваны. Ён памалу злез з брычкі, кінуў лейцы ў рукі Кірылу Вераб’ю, нешта буркнуў яму і пайшоў у свой флігель.

«Ге-ге! — падумаў сам сабе Кірыла.— Значыць, у цябе, панок, раптам зубы забалелі. Эге-ге! Учора ты і не намякаў пра гэта, а сёння такі абвязаны прыехаў. Нават рот у цябе не разяўляецца, і ты не можаш вымавіць слова. Хітры ты, немчык, як чорт... Гм... А можа ў дарозе табе нехта морду пабіў, як некалі Яўхіму Халусту? Можа быць, пане, можа быць».

Гендарсан тым часам памалу ішоў дадому, давольны, бо план яго ўдаўся. Яму абавязкова трэба было прытварыцца хворым, але не такім хворым, які павінен ляжаць. Нельга дазволіць сабе такой раскошы — ляжаць, калі на полі ідзе работа. Вось і прыйшлі на думку зубы. Хіба ў людзей не баляць зубы? Баляць. Чаму яны не могуць забалець у Гендарсана? Могуць! А што ў Старочыне няма зубнога доктара, то гэта толькі на руку. Затое ёсць зубны доктар у Слуцку, і прытым свой брат, немец. Не такі, вядома, немец, як Гендарсан — немец з самой Германіі, а рускі немец, з-пад Рыгі. Але хіба немец з немцам не знойдуць агульнай мовы? Знойдуць! І ў суботу Гендарсан махнуў у Слуцак.

Гер Пфэрдсан — прыватны зубны доктар у Слуцку — аказаўся наймілейшым чалавекам. Атрымаўшы пяцёрку ні за што ні пра што, ён збянтэжыўся, пачырванеў і прамовіў:

— А можа, гер Гендарсан, я ўсё-такі пагляджу на вашы зубы?

— Глупства, гер Пфэрдсан! У мяне зубы — як у льва! — паспрабаваў пярэчыць Гендарсан.

— Ну, ну! У львоў таксама зубы баляць, толькі іх ніхто не лечыць,— настаяў доктар і прымусіў Гендарсана разявіць рот.

Гер Пфэрдсан мо з паўгадзіны калупаўся ў Гендарсанавым роце, перабраў і абстукаў усе зубы — о, ён не хацеў дарма браць залатой пяцёркі — і ўгаварыў Гендарсана запламбіраваць адзін куткавы зуб. Потым яны селі вячэраць, а Гендрсанава гарэлка была такая добрая, што Пфэрдсан успомніў студэнцкія гады ў Юр’еве, і ўсё кончылася тым, што доктар і пацыент выпілі на брудэршафт. Гендарсан і пераначаваў у халасцяка-доктара на канапе. У галаве яго круцілася, але прыходзілі цікавыя думкі, накшталт таго, што варта было б доктара запрасіць да сябе, няхай бы з ім пазнаёмілася Эльза. Як ні кажы, а доктар гэта ёсць доктар, прытым ён халасцяк пад трыццаць пяць гадоў.

Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў яму твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот, а ў падзяку атрымаў запрашэнне ў Чыжэвічы.

Са Слуцка Гендарсан выехаў не адразу. Ён наведаў сына Вільгельма, які ў гэтым годзе павінен быў скончыць камерцыйнае вучылішча, параіў яму пазнаёміцца з доктарам Пфэрдсанам, запытаў, ці не мае сын патрэбы ў грашах, і ўсхліпнуў ад радасці і замілавання, калі пачуў ад сына такі сур’ёзны і разважлівы адказ:

— Не, фатэр, не маю такой патрэбы. Той, хто сам не зарабляе грошай, павінен умець берагчы іх.

— О, мой сын! — ледзь не завыў ад захаплення Гендарсан. І ён бы завыў, каб меў магчымасць разявіць рот.— О, мой сын! Ты будзеш вялікім чалавекам!..

Потым Гендарсан зайшоў у некаторыя магазіны, купіў падарункі жонцы і дачцэ і толькі ў поўдзень выехаў са Слуцка.

І ўсё было б добра, калі б каля самых Чыжэвіч Гендарсан не адчуў, што ў роце яго няма парадку. Ён падумаў, што гэта яму здаецца, але гэтае «здаецца» і не думала праходзіць. Балеў зуб. Той самы зуб, што запламбіраваў доктар Пфэрдсан! Чорт ведае што! Гендарсан скрывіўся і, так скрывіўшыся, прыехаў дахаты і ўвайшоў у пакой.

— Божа мой! Што з табою, Пауль? — запытала яго жонка.

Гендарсан аддаў ёй пакупкі і паказаў рукою на сваю правую шчаку. Перад сном ён выпіў некалькі чарак гарэлкі і адчуў, што боль прайшоў. Але замест яго прыйшла незразумелая трывога. Не, не сумненне грызла яго. Трывога была зусім іншага парадку. Ён адчуваў, што недзе зрабіў памылку.

Прачнуўшыся раніцаю, канчаткова ўпэўніўся, што дастаў сабе хваробы. Балела галава, ніжнюю сківіцу ламала так, нібы хацела выкруціць з суставаў, у правым вуху страляла некалькі гармат, ныла ўсё цела. Гэта быў зусім не жарт, але аканом не меў права ляжаць у ложку ў такі час. Ён вымушаны быў устаць.

Гендарсан з’явіўся на полі не верхам на сваёй кабылцы, а ў брычцы, апрануты ў зімовае футра, абматаны ваўняным шалікам з галавой. І яму стала крыху лепш, калі ўбачыў, што работа на полі ідзе. Ён нават не звярнуў увагі, што падзёншчыцы паглядаюць на яго не так, як заўсёды. Не заўважыў, што ў позірках іх, акрамя звычайнай цікаўнасці, ёсць яшчэ недавер і падазронасць. Спагадлівасці ён і не чакаў ад гэтых хамавак.

Так памалу ён аб’ехаў бульбяны палетак, агледзеў яго, прыкінуў на вока і вылічыў, што да канца тыдня бульба ў Чыжэвічах будзе выбрана. Цяпер яго нішто не палохала. За работу возьмуць столькі, колькі ён дасць, а бульбу ў Бярозаўцы выберуць парабчанкі.

К чорту гэтых хамавак-падзёншчыц, лепш абыходзіцца без іх.

Калі Гендарсанава брычка пакацілася па дарозе ў маёнтак, Надзя разагнулася і сказала цётцы Агапе:

— Далібог, цётачка, ён хворы!

— Вер ты яму, злыдню! — адказала Агапа.— Паглядзіш на яго заўтра!

Агапа не памылілася. Гендарсан у той дзень праляжаў у ложку да вечара пад цёплай коўдрай, выпіўшы перад гэтым спірту з малінавым чаем. З яго выцекла сем патоў. Вечарам ён паўтарыў аперацыю і заснуў як забіты, а раніцаю ў аўторак ускочыў з ложка здаровы. На поле ён паехаў, хоць і ў брычцы і абматаны шалем, але калі апынуўся каля выбіральшчыц, то выскачыў з брычкі з такім імпэтам, нібы яго выкінулі адтуль спружынай, прабег па палетку, падкалупваючы пугаўём нявыбраную бульбу, і крычаў:

— Што гэта ест? Гэта ест безабразій! Я вам плачу грошш!

— Бачыла? — штурханула Агапа Надзю.— Што я табе ўчора гаварыла?

Яна разагнулася і крыкнула проста ў твар аканому, які апынуўся якраз каля яе:

— Пан яшчэ і гроша не заплаціў! Пабачым, як заплаціш!

— Што? — здзівіўся Гендарсан.— Ты ест — як гэта? — хам! Ты ест хам! Штраф за такую работу! Я вас!..

Тут ён зірнуў на бульбяны палетак, і ў яго адабрала язык. Выбіральшчыцы — усе як адна — кінулі работу, стаялі разагнуўшыся, чаго ніколі не было раней, і глядзелі на яго з такой нянавісцю, што ён спалохаўся.

— Работайт! — узвізгнуў ён.— Работайт ві, сволатш!

Але ніхто не сагнуўся, і ашалелы аканом, павярнуўшыся, кінуўся да свае брычкі.

Цяпер ён зразумеў, што ашуканства яго разгадана, што выбіральшчыцы зразумелі яго хітрыкі, і яму стала страшна. У маёнтку ён крыху супакоіўся. Тут ён адчуваў сябе гаспадаром. Ён загадаў Кірылу Вераб’ю распрэгчы каня, а сам пайшоў на пляцоўку, дзе буртавалі бульбу. Першы раз ён даў «дзень добры» парабкам, і сам здзівіўся гэтаму. Яшчэ больш здзівіўся, што парабкі сустрэлі яго прывітанне вельмі стрымана. Платон Шабуня абкладаў бурт саломай і нават не зірнуў на аканома. Гендарсан абышоў бурты і накіраваўся ў бровар.

Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун не чакалі яго так хутка.

— Ну як? — запытаў аканом, крывячы твар у прыветную ўсмешку.— Скора канец работы?

— Скора, пан аканом,— адказаў Станіслаў.— А што вы надумалі пра Якава Шэмета?

Гендарсан, заходзячы сюды, надумаў быць ветлівым. Ён не хацеў, каб і тут яго сустрэлі так варожа, як на полі, і так насцярожана, як ля буртоў, але Станіславава запытанне яго ўзарвала.

— Што Шэмет! Што Якаў Шэмет! Сволатш Якаў Шэмет! Я знаю! Мне Яфім Халюста казаль! І не ў маёнтку яму ест места!

— Справа ваша, пан аканом,— адказаў Станіслаў.— Але адзін я не магу даглядзець дзве старыя машыны — у бровары і ў млыне. Вы схадзіце ў млын. Ён скора стане, бо машыну трэба наладзіць.

— Што? — закрычаў Гендарсан.— Млын стане? Што гэта ест? Гэта ест... як гэта?.. Штрайк! Гэта ест штрайк!.. Гэта, гэта ест...— Ён плюнуў і выйшаў з бровара.

Да самай пятніцы ён жыў як у сне. Чужаземец, хцівец і злодзей, ён адчуваў, што ў маёнтку робіцца нешта такое, чаго ён не можа зразумець, але яно накіравана супроць яго. Аратыя моўчкі разворваюць бульбу або аруць зябліва і не падымаюць вачэй на аканома. Нават работнікі фермаў, бровара і млына выглядаюць інакш, чым раней. Яны нешта затаілі і насцярожана чакаюць свайго часу. Калі ён з’яўляецца сярод рабочых, змаўкаюць размовы. Гэта яшчэ больш палохала Гендарсана, бо ён не ведаў і не мог даведацца, пра што яны гаварылі. І ён зразумеў, што ў сваёй дзейнасці дапусціў вялікую памылку. Ён не лічыў рускіх паўнацэннымі людзьмі, знарок не збліжаўся з імі, і ў маёнтку не было чалавека, якому ён мог бы даверыцца або які даверыўся б яму. У яго не было верных людзей, якія былі б яго вачамі і вушамі ў маёнтку. Гендарсан зразумеў, што яму патрэбен памочнік. І такога памочніка ён павінен знайсці. А пакуль што трэба дзейнічаць самому. Баязлівец і злодзей, ён, аднак, быў упэўнены, што апошняе слова будзе яго.

У пятніцу бульба ў маёнтку была выкапана, надышоў час разлічыцца. Гендарсан рыхтаваўся да гэтага дня. Ён мабілізаваў усю сваю нямецкую мужнасць і стойкасць, каб кожны бачыў, што ён нікога не баіцца, што ён поўны гаспадар і зробіць так, як захоча сам. Гэта падтрымлівала аканомаў дух. Але трэба было зрабіць і нешта матэрыяльнае. У пятніцу пасля абеду аканом загадаў цяпліць лазню для мужчын. Цэлае лета яна стаяла з замком на дзвярах. Хто хацеў памыцца, меў у сваім распараджэнні ўсю Случ; і хоць пара купання даўно прайшла, але лазню адамкнулі б толькі перад калядамі, каб не аканомаў загад. Такім чынам, цяпленне лазні было немалой падзеяй. Усе мужчыны пойдуць мыцца, а пасля лазні ім захочацца выпіць па чарцы, і ніхто не будзе замінаць Гендарсану разлічваць выбіральшчыц. А з імі ён справіцца. Каб нямецкі мужчына не здолеў справіцца з цёмнымі бабамі! Аднак і гэты яго манеўр быў разгаданы.

Павел Квітун і Станіслаў Вярбіцкі першыя пабылі ў лазні і змярканнем прыйшлі да канторы, дзе ўжо стаяў натоўп падзёншчыц і парабчанак. Жанчыны чакалі іх. Станіслава адразу абкружылі, а Павел пайшоў да Надзі.

— Мо і сёння не прыйдзе той злыдзень,— зазначыла Агапа Аўсянік.

— Сёння прыйдзе, бо няма дзе яму дзецца. Толькі не трэба паддавацца на яго пагрозы і ўгаворы,— прамовіў Станіслаў.

— Я першая буду атрымліваць,— сказала Агапа,— а мяне ён не запалохае, не ўгаворыць!

— Правільна. Толькі не рабіце беспарадку, не душыцеся.

Прысутнасць мужчын падбадзёрыла выбіральшчыц. Станіслава Вярбіцкага паважалі ў навакольных вёсках таксама, як і ў маёнтку.

Вечар быў халодны, за тыдзень надвор’е пахаладнела, пачало падмарожваць. Жанчыны перамерзлі на полі, а тут яшчэ падняўся ветрык і прабіраў да касцей.

Нарэшце з’явіўся аканом. Ён акінуў позіркам жанчын і зразумеў, што памылкам яго няма канца. Навошта яму самому разлічваць рабочых! Ці не разумней было трымаць касіра! Ён бы толькі прысутнічаў і быў бы не адзін супроць такога натоўпу хамавак, а ўдвух... Яму стала крыху страшнавата... Ён адамкнуў кантору, замкнуў за сабой дзверы, тады запаліў у памяшканні лямпу, падрыхтаваў паперы, агледзеўся і ўздыхнуў.

Трэба было пускаць работніц. Ён адчыніў кантору, а сам шмыгнуў за перагародку.

Жанчыны адна за адной услед за Агапай пайшлі ў памяшканне. Але яно было не такое прасторнае, каб умясціць столькі людзей. Станіслаў і Павел ледзь улезлі ззаду і паволі прабіраліся ўперад. Жанчыны маўчалі, але гэта не вельмі супакойвала Гендарсана.

Першая да аконца падышла Агапа. Аканом разгледзеў спіс, прыкінуў на лічыльніках, адлічыў з мяшочка дробязь і сыпнуў на стол.

— Усе! Марш, марш, баба! Другі!

— Пачакай, панок! Спачатку трэба палічыць, колькі ты плаціш.

Яна пачала лічыць, і ўсе жанчыны глядзелі на яе.

— Дык што? За адзінаццаць дзён рубель з грыўняю? Па дзесяць капеек за дзень?

Агапа высыпала свой «заработак» пад нос Гендарсану.

— Жары ты іх, злыдзень!

— Што? — закрычаў Гендарсан.— Што гэта ест?..

— Свіння ты і злодзей, от што гэта ёсць! Па пятнаццаць капеек за дзень, як абяцаў!

У канторы падняўся гармідар.

— Зладзюга! Каб цябе зямля не насіла!

— Ашуканец!

— Антыхрыст!

— Бачыце, што ён прыдумаў!

— Не будзем браць па дзесяць капеек за дзень!

— Плаці, як было дамоўлена!

Гендарсан пабялеў.

— Гэта ест бунт! — крычаў ён.— Я пазаву паліцыю і жандарм!

— Заві!

Жанчыны гатовы былі разнесці ўсю кантору. Толькі Станіслаў і Павел стрымлівалі іх.

Гендарсан сядзеў за перагародкай, як злоўлены воўк.

— А, ашуканец! От не выпусцім цябе адсюль жывога!

— Насмактаўся крыві людской.

— Крывасмок!

Нехта локцем выціснуў у акне шкло. У дзірку шугануў з двара вецер. Агонь у лямпе падняўся, міргнуў і патух. У цемры пачалося тварыцца нешта незразумелае. Частка жанчын рынулася да дзвярэй, пачалася ціскатня, лямант.

— Ціха, жанчыны! — крыкнуў Станіслаў і запаліў агонь.— Шукай лямпы, Павел. А вы не душыцеся, жанчыны, скора будзе парадак.

Жанкі, пачуўшы мужчынскі голас, супакоіліся.

Калі Павел дастаў лямпу і святло разлілося па памяшканню, усе ўбачылі, што Гендарсана ў канторы няма. Пакуль было цёмна, ён адчыніў акно і вышмыгнуў у яго.

— Мабыць, трэба разыходзіцца па хатах, жанкі,— сказаў Станіслаў.— Пан аканом паедзе ў Старочын па ўрадніка і стражнікаў. А вы трымайцеся дружна і патрабуйце той платы, на якую вы дамаўляліся. Ваша справа законная.

— А вашы жанкі заўтра пойдуць у Бярозаўку выбіраць бульбу за дзесяць капеек у дзень,— сказала Агапа.

— Не пойдуць. Пра гэта я хацеў сказаць. Ніхто не пойдзе.

У памяшканні некаторы час стаяла цішыня.

— Ну от, зарабілі мы, жаначкі! — прамовіла Агапа.

— Зарабілі...

— І два вечары грошай чакалі.

Жанчыны пачалі разыходзіцца. Услед за імі выйшлі Станіслаў і Павел. На дварэ стаяла цёмная асенняя ноч.

— Павел,— сказаў Станіслаў,— прыйдзі да мяне пазней, пагутарым. Шмат аб чым пагутарым. А цяпер яна цябе, напэўна, чакае.

— Так, браце Стась... Чакае,— адказаў Павел.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

У душы Яўхіма Халусты заўсёды было шмат бруду, аднак гэта ні ў якой меры не замінала яму жыць, наадварот, акрыляла на новыя шальмоўствы, падбадзёрвала, падымала ноччу з ложка, насіла пад вокны засцянковых хат, у чужыя двары, пад суседнія хлявы і гумны. Ён там нічога не рабіў, але яго радавала думка, што можа зрабіць усё, што захоча: спаліць, украсці, знявечыць жывёліну, сыпнуць атруты.

Але з некаторага часу дробныя шальмоўствы перасталі яго радаваць. У галаве яго нарадзіліся два новыя жаданні, якія на некаторы час адсунулі назад усё іншае. Яны палілі яго пякельным агнём. Ён лажыўся спаць і прачынаўся разам з імі. Калі яму даводзілася ўбачыць Андрэя Сташэвіча або хоць пачуць яго імя, яго ахоплівала шалёная злосць і прага помсты. Ён прыдумваў сотні спосабаў, як разлічыцца з ненавісным чалавекам, і ні адзін яго не здавольваў. Забіць? За гэта можна адказаць. Ды паспрабуй забі такога чорта? Спаліць? Небяспечна. Не бяда, што згарыць увесь засценак, уласныя будынкі могуць згарэць. Падаслаць да яго злодзеяў? А што ж у яго ёсць? Кажуць, голаму разбой не страшны. І Халуста ламаў галаву, каб прыдумаць нешта надзвычайнае, такое, каб звалілася сарамацішчам не толькі на Андрэя, але і на ўвесь яго род.

Другое жаданне было не менш балючае, чым першае. Калі Халусту даводзілася праходзіць каля ніў Гарасіма Жукоўскага, дзе гаспадарылі Лявон Нарбутовіч і Нічыпар Мартыневіч, твар яго зелянеў ад зайздрасці. «Гаспадары, ліха матары вашай! Нядоўга вы будзеце гаспадарыць!» Жаданне заўладаць Гарасімавай паўвалокай гарэла ў яго прагным сэрцы. Ён не ведаў, што зрабіць, але быў перакананы, што заўладае ёю. Гэтая перакананасць крыху супакойвала, каб не Андрэй, які тут клінам станавіўся між Гарасімавай зямлёй і Халустам. Яўхім па нейкай прычыне верыў, што Андрэй будзе стаяць яму на дарозе.

Тым часам восень падыходзіла к канцу. Іншыя дні ішоў дождж разам са снегам. Нізкае хмарнае неба вісела над зямлёй без прасвету. Вераб’і забіліся пад ліштвы. Сумныя мокрыя галкі нерухома сядзелі ў сваіх гнёздах на таполях. Нішто не цешыла вока на полі.

Па малінаўскай вуліцы нельга было ні пешшу прайсці, ні з возам праехаць. Падарожныя цяпер аб’язджалі Малінаўку або навозамі каля гумнаў, або каля агародаў, бо на самой вуліцы можна было захраснуць у гразі.

Малінаўцы ў такую пару заўсёды сядзелі дома. Калі каму-небудзь трэба было схадзіць да суседа па справе, то ён ішоў прыгуменнямі, пералазячы платы і парканы.

Цяпер у засценку поўным жыццём жыла толькі сушня, што стаяла на адбоцы каля агародаў. Цэлы дзень з яе коміна валіў дым, як з трубы добрага завода, а з вечара і да глыбокай ночы, а то і да самай раніцы ў прыбудове ляскацелі церніцы, чуўся гоман людзей, смех і жарты моладзі.

У Малінаўцы лён церлі талакой. З даўніх часоў у засценку склалася некалькі хаўрусаў са сваякоў і суседзяў. Кожная такая талака мела свой час, за які яна павінна сцерці лён кожнага гаспадара, які ў яе ўваходзіў. Таму гэтая цяжкая работа — жаночая бяда — праходзіла хутка і нават весела. У ёй прымалі ўдзел і мужчыны, якія церлі лён хутчэй за жанок, хоць і не так чыста.

Калі прыйшла чарга Андрэя Сташэвіча, Тамаш і Андрэй загадзя нарыхтавалі сухіх дроў, каб выпаліць сушню. Узяўся за гэтую работу сам стары Ян, бо і сушню выпаліць таксама трэба ўмець.

Калі звечарэла, у сушні сабралася ўся талака. Стары Ян падаваў лён, і трысцен ажыў. Затарахцелі церніцы, і памяшканне напоўнілася пылам. Пакуль сагналі ахвоту, ніхто не азваўся. Івану Аўсяніку дасталася больш, чым усім. Ён упершыню займаўся гэтай «бабскай работай», бо ў Чыжэвічах лён церлі кожны сам па сабе, і мужчыны да яе рук не прыкладалі.

Калі сцямнела, стары Ян запаліў два ліхтары і падвесіў іх пад страхой. Але якое святло было ад тых ліхтароў, калі ў трысцене слупам стаяў пыл.

Аднак першы запал прайшоў, усе без загаду спынілі работу. Трэба ж было адпачыць, абцерціся, бо на запыленых тварах блішчалі толькі вочы. Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць.

— Ну, хто больш нацёр? — запытала Алена, пераможна аглядаючы ўсіх.

— Вядома ж, ты, Аленачка,— адказала Талімонава Лісавета. Бацька яе Талімон меў чвэрць валокі, але і сярод чвэртнікаў быў апошні. Не шанцавала чалавеку ў жыцці. Як памерла жонка, так і пайшла гаспадарка і крыва і коса. Старэйшая з дзяцей была Лісавета, яна і стала гаспадыняй пасля смерці маці.

Сам Талімон у клопатах не ведаў ні дня, ні ночы, але не шанцавала чалавеку. Або выгадуе жарабя да каня, толькі ў барану яго б запрагаць, а гэты конь ні з таго ні з сяго возьме ды здохне. Падкорміць парсючка, толькі б сальнікам прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ.

Лісавета была самая гаротная дзяўчына ў Малінаўцы. Ціхая, непрыкметная, сарамлівая: здавалася — яна яшчэ па-сапраўднаму не уступіла у жыццё, але ніхто не ведаў, што ў душы сваёй яна хавае таямніцу, якая адбірае спакой.

— У Аленачкі больш? — засмяяўся Тамаш.— У мяне больш, чым у тваёй Аленачкі, а ў Андрэя вунь, зірні!

Алена ўспыхнула.

— Работнікі! Ваш лён нанова пераціраць трэба, у ім палова кастрыцы асталося! А ў мяне ды ў Лісаветы чысценькі, а ў братавай Яніхі і трапаць не трэба.

Яніха — жонка Яна Сташэвіча — звалася Стэфа, але мала хто з засцянкоўцаў ведаў яе імя. Яніха, ды і ўсё.

— Ай, дзеткі,— сказала яна.— Я ўжо сваё і адцерла і адтрапала. А бывала, то ад Алены не асталася б.

— Ну, мама! — сказаў Тамаш.— Чаго там! Вы яшчэ ў нас малайчына.

— От, сынок, пахваліў маці,— усміхнулася Яніха.— Няхай бы ж ты, такі добранькі, дома мяне пакінуў, няхай бы я на печы паляжала.

— Улежалі б вы сёння на печы! Хіба каб прывязаў за комін.

Усе засмяяліся.

— Хадзем, курцы, на двор,— сказаў Андрэй.— Тут пыл задушыць.

Вечар быў халодны. Дыхала ветрам з поўначы. Пад месячным святлом іскрыўся іней, і звонкая цішыня стаяла над сусветам.

Хлопцы і мужчыны закурылі, дзяўчаты стаялі гуртком каля дзвярэй сушні. Да іх падышоў Тамаш і пачаў дурэць. Дзяўчаты ўзнялі піск. Тамаш адну за адной паўкідаў іх у трысцен на кастрыцу, падняў Лісавету і непрыкметна ўпіўся губамі ў яе вусны.

— Тамаш! —закрычала яна, вырываючыся.— Пусці!

— Маўчы, дурненькая,— шапнуў ён ёй.— Падабаешся ты мне...

— Пусці мяне, Тамаш! — з незразумелым адчаем гаварыла дзяўчына.

Тамаш паставіў Лісавету на зямлю і пайшоў да мужчын. Але закурыць яму так і не прыйшлося. Стары Ян аддаў загад:

— Ну, хопіць! Усяму свой час.

У самы разгар работы да сушні прыйшла моладзь. Былі сярод іх і абодва Халусты. Услед за імі прыйшоў Якаў Шэмет. Спачатку аціраліся каля сушні, потым дзяўчаты зайшлі ў трысцен, каб падмяніць сваіх сябровак. Ведалі, што калі цяпер памогуць яны, то ў свой час памогуць і ім. Бо нялёгка без падмены цэлую ноч, сагнуўшыся каля церніцы, бесперапынна глытаць пыл. А колькі работы рукам! Назаўтра аж не падняць іх, і плечы ныюць.

На перапынку Андрэй Сташэвіч выйшаў на двор і здзівіўся, калі ўбачыў Мікалая Халусту. Гэты груган, нягледзячы на сваю маладосць, рэдка калі прыходзіў на зборышчы моладзі. Іншы раз ненадоўга з’яўляўся, аглядаў усіх, нібы некага шукаў, тады паварочваўся і знікаў. У яго былі свае знаёмствы і свае інтарэсы, невядомыя і незразумелыя малінаўскай моладзі. Калі хлопцы наймалі музыку іграць вечарынку, то Мікалая Халусту ніколі не бралі ў хеўру. «Што ж яго сёння сюды прыцягнула?» — падумаў Андрэй.

— Го-го! — рагатаў Юзік Гром.— Тут сёння лепш за вечарынку! Каб музыка быў, то і паскакаць можна.

— А ты без музыкі можаш паскакаць,— адказаў яму Тамаш.

— Ну, ну! — рыкнуў Юзік.— Хіба я дурнаваты!

Алена зірнула на яго і адвярнулася. Яна была б рада Юзіку, каб не Андрэй. Пры Андрэі ў яе не хапала рашучасці нават пагаварыць з Юзікам, і яна злавалася.

Андрэй зразумеў, пра што думае сястра, і зірнуў на яе, але ўвага яго адразу перакінулася на Лісавету, якая стаяла пры Алене, запалоханая, як загнаны ў пастку звярок. «Што гэта робіцца з дзяўчынай? — падумаў ён.— Хіба яна каго спалохалася ці захварэла?» Каб ён мог убачыць Лісавеціны вочы, то адразу знайшоў бы тлумачэнне. Лісавета глядзела на Мікалая Халусту, як птушка на змяю.

У гэты момант да Андрэя падышоў Якаў Шэмет.

— Як твой Іван упраўляецца сёння? — запытаў ён.

Андрэй насцярожыўся. Яму не спадабалася такое пытанне, акрамя таго, ён быў і так раззлаваны на сястру і Юзіка Халусту. Ён адразу загарэўся.

— А што ты маеш да майго Івана?

— Не сярдуй. У нас у Чыжэвічах такой работы мужчыны не робяць.

— У Чыжэвічах не робяць, а ў Малінаўцы робяць. Іван цяпер не ў Чыжэвічах, а ў Малінаўцы. Не думаю, што ён хадзіў да цябе скардзіцца, нібы я яго работаю задушыў.

— Ты не зразумеў мяне, Андрэй. Мне трэба было пачаць з табою гаворку, але я не так пачаў, і ты ўзлаваўся.

У Андрэя ўжо ўсё кіпела ўсярэдзіне, і ён не мог узяць сябе ў рукі.

— Узлаваўся. Не люблю, калі нехта совае свой нос у мае справы. І дзіўлюся: няўжо калі чалавек пажыве ў сабакі Халусты, дык і сам становіцца сабакам.

«О, чортаў шляхціц! — падумаў Якаў.— Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца... Што з табою сёння?»

— Дарэмна ты мяне сабакам абзываеш, Андрэй,— сказаў ён.— І ніхто яшчэ мяне сабакам не абзываў.

— Каб ты прыйшоў сюды адзін, я не так бы гаварыў. А ты прыйшоў з Халуставымі сынамі. У хеўру ўвайшоў. Што ж, можа гэта і гонар для парабка быць у адной хеўры з сынамі гаспадара, але я, нават старцам будучы, не захацеў бы такога гонару.

Якава закалаціла, але ён перамог сябе.

— Слухай, пан Сташэвіч... Я прыйшоў сюды адзін. У мяне была да цябе гаворка. Адкладзём яе да другога разу.

У Андрэя аж перасмыкнуўся твар ад страшэннай злосці, якая апаноўвала яго сёння. Ён хацеў дагнаць Якава, сказаць яму, што памыліўся, і перапрасіць, але не мог гэтага зрабіць. І тут ён убачыў Алену і Лісавету, якія стаялі каля дзвярэй трысцена. З імі размаўлялі абодва Халусты, Юзік Гром і Мікалай. Андрэй знарок накіраваўся туды, нібы знячэўку цярнуўся каля Мікалая, і той ледзь не зляцеў з ног.

— Прэшся, як бык! — пагражальна прамовіў той.

— Што? — спыніўшыся, запытаў Андрэй.

— Трэба глядзець уперад, калі ідзеш.

— Не стой на дарозе. Я не кожнага абыходжу.

— А я не кожнаму саступаю.

— Мне саступіш!

— Паглядзім!

Спрэчка гатова была ўспыхнуць, і хто ведае, чым бы яна кончылася, каб не Ян Сташэвіч.

— Тут не пагулянка, хлопцы,— сказаў ён.— Ідзіце дамоў. А вы лён церці,— загадаў ён сваім.

Церлі лён амаль да самай раніцы, пакуль не апаражнілі сушню. Андрэй працаваў, як ашалелы. Душа яго сёння была перапоўнена супярэчлівымі пачуццямі: злосцю, нянавісцю і раскаяннем. Не, ён не раскайваўся ў тым, што зноў задраўся з Халустамі, ён быў згодзен пабіцца сёння з імі, але за што ён пакрыўдзіў Якава? Без прычыны, зусім без прычыны... Той прыйшоў да яго з гаворкай, а ён такі туз! І Андрэй успомніў, як з гэтым жа Якавам вязалі Халустаў, як гэты ж самы Якаў папярэдзіў яго на начлезе, што Халуста будзе помсціць. Мабыць, і сёння ён хацеў нешта сказаць. Што? І Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі.

Калі сцерлі апошні лён, на ўсходзе з’явілася белая палоска зары.

Усе разышліся дадому, у сушні асталіся толькі Андрэй і Ян.

— Ідзі запрагай каня,— сказаў Ян,— і прыязджай забіраць лён. У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі.

— І ў цябе не горшы.

— У мяне крыху горшы... Пра што ты гаварыў з Якавам?

— Ды так... Успаміналі, як Халусту вязалі...

— Успаміналі... Лепей бы вы не ведалі гэтага. А ты зноў з Халустамі схапіўся.

— Не магу на іх глядзець.

— Дурань.

— Ты мяне ў апошні час іначай не завеш. Я і сам сёння думаю, што дурань, толькі не за Халустаў.

— А за каго?

— За Якава. Ён мне сказаць нешта хацеў... А я...

— А ты слухаць не захацеў... Разумны! Ну дык от: аддаю табе сваю галаву — калі мы пойдзем адсюль абодва, сушня пыхне полымем разам з тваім лёнам.

— Глупства...

— Ідзі па каня, а я папільную тут.

Андрэй пайшоў, а Ян сеў каля сцяны і зірнуў навокал. На дварэ пачало святлець. Пабляднеў, нібы пачаў раставаць, Млечны Шлях, здрабнелі зоры, затое на ўсходзе светлая палоса расла і шырылася ўвачавідкі. Ян думаў пра Андрэя, што рабіць з ім, як давесці яго да розуму. Калі хворы быў бацька і ў першыя тыдні пасля яго смерці хлопец быў як хлопец. Паспакайнеў, пасталеў, стаў сапраўдны мужчына. А цяпер зноў пачалося старое. Нашто яму было біць Халусту, навошта было яго вязаць? Яшчэ і Тамаша з сабою пацёг. А той дурань новае вужышча з дому знёс. Не пойдзеш цяпер да Халусты, не скажаш: «Аддай маё вужышча, тое, якім цябе вязалі». Халуста ўсю сваю сабачую зграю з ланцугоў спусціць... Ды няхай яно згарыць, тое вужышча... Халуста — чалавек люты, лепш бы з ім зусім не звязвацца... Цяпер Нарбутовіч гэтакі гад печаны, і з ім звязаўся. Калі ў сваім засценку поўна ворагаў, то цяжка жыць чалавеку...

Тут Яна нібы нехта сапхнуў з месца. Ён пачуў шорхат ля задняй сцяны і кінуўся туды.

— Гэй, хто там! — крыкнуў ён адразу, каб папярэдзіць злачынца, напалохаць яго.

Амаль у гэтае ж імгненне з-за вугла выйшаў не хто іншы, як Яўхім Халуста.

— Гэта я, пане Сташэвіч, гэта я,— сказаў ён, выскаліўшыся.— Як вы маецеся, пане Сташэвіч?

Яна ахапіла злосць, але ён адказаў спакойна:

— Ды от толькі лён кончылі церці. А вы чаго, пане Халуста, да сушні прыйшлі?

— Ая-яй!.. Я не да сушні... Я толькі ішоў каля сушні...

— Куды ж гэта вы?

— Сыны!.. Ліха матары іх, сыны! Як выйшлі звечара, дык і дасюль няма... Дзе іх нячыстая сіла носіць! А ў мяне ж работа на рабоце.

— Няма тут вашых сыноў. Звечара былі.

— Распуснікі! Дзе ж яны падзяваліся?.. Ну, бывайце здаровенькі.

«Значыць, Якаў хацеў папярэдзіць Андрэя,— падумаў Ян.— А Андрэй, мабыць, і гаварыць не захацеў. Ах, дурань, дурань... Добра, што хоць мне сказаў, бо каб пайшлі абодва дадому — не было б ні сушні, ні лёну. І вінаваты быў бы я... Сказалі б людзі, што недаглядзеў Ян Сташэвіч печы, жар пакінуў...»

Воддаль пачулася тарахценне калёс. Гэта ехаў Андрэй па свой лён.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

Выскачыўшы з канторы праз акно, Гендарсан задаў такога драпака на сваіх кароценькіх ножках, што калі спыніўся каля флігеля, то яны аж гулі, а сэрца гатова было парвацца, і ў грудзях не хапала дыху. Ён стаў каля ганка, уплёўся рукамі за слупок і, разявіўшы рот, як рыба, выкінутая на бераг, хапаў паветра. Нарэшце сяк-так аддыхаўся. Калі зайшоў у пакой, Інга зірнула на мужа і выпусціла з рук вышыўку.

— Што з табою, Пауль? Чаму ты такі?

— Я... Яны мяне хацелі забіць, Інга...

— Хто?..— спалохана запытала яна.

— Бабы! — узвізгнуў Пауль.— Яны напалі на мяне!.. О-о-о! Але мяне выратавалі мае ногі, Інга!..

— Ах, ах!.. Яны заб’юць нашу Эльзу! — закрычала Інга, падхопліваючыся з месца.

— А дзе наша Эльза? — у тон жонцы крыкнуў Гендарсан.

— Ах!.. Гэтая непаслухмяная дзяўчынка, як і заўсёды, пайшла на спацыр.

— Дзіця маё! — завыў Гендарсан.

У гэты самы момант Эльза зайшла ў хату. Маці і бацька кінуліся да яе.

— Дачка мая! — залямантавала Інга.— Яны з табой нічога не зрабілі?

— Хто? — зірнуўшы на маці халоднымі вачыма, запытала Эльза.

— Бабы! Яны ледзь не забілі нашага бацьку!..

— Ніхто мяне не збіраўся забіваць. Я сустрэла баб. Яны ішлі з канторы і лаялі немца, які іх ашукаў.— Эльза пагардліва зірнула на бацьку і прайшла ў свой пакой.

— Як ты смееш так гаварыць пра бацьку! — крыкнуў ёй услед Гендарсан.

Маці крыху супакоілася, але і ў самога Гендарсана на сэрцы шкраблі кошкі. Ён ведаў, што сённяшні вечар — гэта толькі пачатак. А што будзе заўтра?

Адзін цяпер не дасць парабкам ніякай рады. Проста пабаіцца сустрэцца з імі. А ў Бярозаўцы амаль уся бульба яшчэ ў полі. Сезонныя работніцы з вёсак больш не прыйдуць. Каб яны прыйшлі, трэба заплаціць дамоўленую цану, а рабіць гэта Гендарсану вельмі не хацелася. Страціць такі барыш і адступіць перад жабракамі? Пацярпець такое паражэнне! Толькі не гэта... Зняць з усіх работ пастаянных парабкаў і парабчанак і адправіць іх у Бярозаўку ён таксама не мог, бо прыйшлося б спыніць у маёнтку ўсю іншую работу. А хіба можна спыніць паравы млын, зняць работнікаў з бровара, калі нават рамонт яшчэ не кончаны, пакінуць без дагляду жывёлу...

Не думаў Гендарсан, што справа павернецца такім бокам. У яго практыцы не было яшчэ выпадкаў, каб выйшла не так, як хацеў. Ён заўсёды плаціў работнікам столькі, колькі надумаў, і ніхто не падымаў супроць яго голасу. А гэта што ж такое? Рускія бабы, мужычкі, падымаюць бунт!

У часе вячэры, каб супакоіцца, ён, насуперак звычаю, напіўся як шавец. У галаве закружылася, але супакою не адчуў. Ён цэлую ноч не спаў, круціўся на пярыне і думаў. Бабскі бунт... Але калі пачаў прыводзіць да парадку свае ўспаміны аб мінулым вечары, то да яго разумення дайшло, што ў канторы былі не толькі бабы. Там былі Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун. Ага! Ці не іх гэта работа!

На дварэ яшчэ была ноч, калі Гендарсан устаў з ложка. Паціху, каб не разбудзіць жонку, апрануўся, схадзіў у камору, сабраў тое, што было патрэбна, склаў у мяшочак, палічыў у кішэні грошы і выйшаў на двор. Чорт! Навокал стаяла халодная асенняя цемень. Гендарсан здрыгануўся, але не ад холаду. Вельмі няёмка сябе адчуваў. Здавалася, што за кожным вуглом стаяць бабы з рыдлёўкамі і падпільноўваюць яго. Кожны слупок, кожны пень нагадваў яму чалавека. Усё выглядала варожым і чужым. Так памалу дайшоў да стайні.

Кірыла Верабей — адзінокі чалавек, былы панскі фурман — у вартоўні не толькі спаў начамі, але і жыў удзень. Блізкай радні ў яго не было, фурманам на старасці быць ужо не мог і дажываў апошнія гады вартаўніком на стайні. Кірыла ведаў, што ўчора было ў канторы, і не вельмі здзівіўся, калі яго разбудзіў аканом. Стары адамкнуў стайню, памог аканому запрэгчы кабылу ў брычку і, калі той выязджаў са двара, запытаў:

— А куды так рана, пане?

Іншым разам Гендарсан паставіў бы хама на месца, але сёння яго язык сам сабою сказаў:

— У Бярозаўку. Я еду ў Бярозаўку.

Кірыла пастаяў каля варот, паслухаў, на якую дарогу зварочвае аканом, і падумаў: «У Бярозаўку! У Старочын ты накіраваўся, сукін сын, а не ў Бярозаўку».

Маёнтак яшчэ спаў, калі Гендарсан праехаў паўдарогі ў мястэчка. Не шкадаваў кабылы, бо дурныя думкі лезлі ў галаву. То яму здавалася, што за ім гоняцца, то — што страляюць з-за дрэва. Усё цяпер стала яму варожым у гэтай краіне.

Урадніка прыйшлося пачакаць. Беразоўскі яшчэ спаў, калі Гендарсан зайшоў у прыёмную. У абшарпаным пакоі было пуста і брудна. Гендарсан зірнуў на пыльныя лаўкі і не захацеў садзіцца. Пачаў хадзіць з кута ў кут і думаць. «Усе яны брудныя свінні. Бесталковая краіна... Нідзе няма парадку, нават у такой установе...»

Крокі яго пачула служанка Беразоўскага і зазірнула ў прыёмную. Убачыўшы такога важнага наведвальніка, запрасіла яго ў пакой. Тут Гендарсан сеў у крэсла і закурыў.

Праз паўгадзіны Беразоўскі і Гендарсан сядзелі ў канцылярыі і вялі гутарку.

— Які ж гэта бунт, пане Гендарсан? — пытаў ураднік у аканома.— Вы абяцалі разлічыць людзей па адной цане, а пачалі разлічваць па другой. Гэта ж несправядліва!

— Я кожны год плаціў ім па дзесяць капеек.

— А ў ведамасці пісалі па пятнаццаць.

Гендарсан пачырванеў і надзьмуўся.

— Гэта ест — як гэта? — абраза!

— Якая абраза, пане Гендарсан, кіньце вы! — усміхнуўся Беразоўскі.— Тыя гады яны маўчалі, а цяпер зусім не тое. Вы ведаеце, што робіцца ў краіне?

— Так. Іх... я ведаю...

— Дрэнна ведаеце.

Беразоўскі разумеў, у чым справа. Звесткі аб забастоўках на фабрыках і заводах, аб хваляваннях парабкаў у Латвіі, на Паваложжы і ў іншых мясцінах, аб сялянскіх бунтах дакаціліся і сюды. Учарашні выпадак у Чыжэвіцкім маёнтку — водгулле тых падзей, якія ахапілі краіну. Дурны немец не разумее гэтага. Ці можна думаць, што ў маёнтку ўсё ўзнікла стыхійна, толькі таму, што людзям недадалі па пяць капеек у дзень? Ці не хаваецца тут нешта глыбейшае?

І Беразоўскі ўспомніў Якава Шэмета. Яўхім Халуста паведамляў яму, што гэты тып з горада кожны тыдзень ходзіць у маёнтак. Ці няма тут якой сувязі? Але Гендарсану гэтага Беразоўскі не сказаў. Трэба было давесці немца да таго, каб ён выняў грошы. «Сам нажываешся, а я павінен задарма табе памагаць!»

— Прыйдзецца, пане Гендарсан, заплаціць рабочым, як дамаўляліся.

Гендарсан бездапаможна ўнурыўся. Раптам ён загарэўся, падняў галаву і закрычаў:

— Гэта ест непарадак! Бульба пан Крупскага не павінен — як гэта? — зімаваць!

— Заплаціце людзям за работу, і яна зімаваць не будзе.

— Но гэта ест бунт! Яны разбілі акно, патушылі лямп і крычалі: «Заб’ём немца!»

— Вы проста спалохаліся, пане Гендарсан. А вінаваты вы. Вы самі справацыравалі гэты інцыдэнт. А цяпер трэба быць асцярожнейшым. Калі пра гэта паведаміць пану Крупскаму, то ён вас па галоўцы не пагладзіць.

Беразоўскі гаварыў і паглядаў, як успрымае Гендарсан яго словы. І Гендарсан звяў.

— А цяпер,— гаварыў далей Беразоўскі,— вы просіце ў нас дапамогі. Мы! — Беразоўскі тыцнуў пальцам у свае шырокія грудзі.— Мы павінны за ўсё адказваць. Мы павінны вас ратаваць. А каму гэта трэба? Вам, толькі вам.

— Але, гер ураднік... Яны хацелі мяне забіць...

— Глупства! А хто, уласна, хацеў вас забіць?

— Баба! Баба Агапа Аўсянік. Яна ест з Чыжэвіч.

Беразоўскі зарагатаў.

— Ба-аба! А мужчын там не было?

— Было! Там было мужык! Станіслаў Вярбіцкі і Пауль Квітун.

— Ага...— Беразоўскі насцярожыўся.— Хіба яны капалі бульбу?

— Найн! Яны не капалі бульба.

— Не ведаю, пан Гендарсан, чым я вам магу памагчы...

Гендарсан ужо зразумеў, што ад яго трэба. Ён мнагазначна зірнуў на ўрадніка і прылажыў руку да кішэні. Беразоўскі зрабіў выгляд, што не зразумеў яго жэсту.

— Пан ураднік... Ужо ест пара... як гэта? Снедаць! У мяне ест такая старая старка! Така-ая стара-ая!

Беразоўскі ўсміхнуўся.

— Ну, што ж! — сказаў ён.— Снедаць пара, але ваша старка падобна на хабар, таму я запрашаю вас на снеданне да мяне.

Гендарсанава старка і сапраўды аказалася добрая. Не горшая была і вяндліна, якую прывёз аканом. Калі Беразоўскі выпіў, у галаве яго стала значна святлей, чым да снедання. А калі Гендарсан у канцы снедання даў яму дваццаць пяць рублёў, урадніку ўсё стала зразумела. Ён падумаў, узважыў усё і вырашыў выехаць на месца сам. Неабходна было ўведаць абставіны ў маёнтку, што там зрабілася, высветліць, хто ж там завадатар. Тут ён успомніў пра Шымкевічаў, пра Якава Шэмета, пра Хаіма Ножыка і Сымона Ашакевіча. Што ж, калі не тое, то іншае! Ён павінен дзейнічаць, гэта яго прамыя абавязкі. Можа знойдзецца хоць маленькі павадок, за які можна будзе ўзяцца, цягнуць яго і памалу разблытваць. Можа нешта і разблытаецца. Ён сказаў Гендарсану ехаць дамоў і паабяцаў, што выедзе ўслед за ім.

Тым часам жыццё ў маёнтку цякло сваім парадкам. Парабкі выйшлі на работу кожны на сваё месца. Стары Кірыла Верабей яшчэ на цямку паведаміў некаторым, што немец паехаў у Старочын. Першыя ўведалі пра гэта конюхі, якія прыйшлі карміць і паіць коней. Яны і разнеслі гэтую вестку па ўсім маёнтку. Аратыя, што разворвалі бульбу, паехалі на зябліва. Здавалася, што нічога не адбылося, але нейкая незвычайная ціш і трывога адчуваліся ўсюды. Не чуваць было аканомавага голасу.

Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун канчалі рамонт машыны. Сёння яны працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся словамі. Платон Шабуня, які астаўся без работы, прыйшоў да іх. Яму загадалі падкручваць гайкі, і ён іх падкручваў дзе трэба і дзе не трэба.

— Чым жа кончыцца ўся гэта музыка? — запытаў ён нарэшце.

— Ты пра што?

— Ды пра тое, што Гендарсан паехаў у Старочын.

— Паглядзім, калі ён прыедзе,— адказаў Вярбіцкі.

— Няўдала выйшла,— прамовіў Платон.— Сёння не трэба было выходзіць на работу, а забастоўку абвясціць. Як рабочыя. Патрабаваць большай платы ўсім парабкам, а не толькі за капанне бульбы. А хіба ў нас людскія кватэры?

— Сёння пра гэта памаўчы, Платон,— адказаў Станіслаў.— Ты разумееш, што, перш чым абвясціць забастоўку, трэба падрыхтавацца. А ў нас народ не гатовы.

— Дык трэба рыхтавацца,— перабіў Платон.— Сядзім, як вераб’і ў веніку.

— А хто гэта павінен рыхтаваць людзей? — запытаў з усмешкай Павел.

— Ты! Вярбіцкі! Мне загадайце!

Станіслаў і Павел пераглянуліся.

— Якое мы маем права табе загадваць? Што гэта з табой сёння?

— Ага... значыць, мне вы не верыце... А я даўно ведаю, Павел, і пра Стася, і пра цябе, і пра Якава Шэмета... Я думаў, вы мяне не будзеце мінаць. Выходзіць што я не патрэбны...

— Сціхні, дурань! — горача прамовіў Стась, абхапіўшы за плечы Платона.— Патрэбны! Даўно хацелі табе сказаць...

Каля дзвярэй пачуліся крокі, і на парозе з’явіўся Міхаль Рожка.

— Аканом прыехаў,— паведаміў ён.

Гендарсан сапраўды прыехаў са Старочына, але са стайні накіраваўся проста дамоў, не заходзячы нікуды. Ён чакаў Беразоўскага, і той хутка з’явіўся са стражнікам Макаром.

Беразоўскі спыніўся ў канторы і даслаў стражніка па Гендарсана. Калі абодва з’явіліся, ён загадаў Макару паклікаць Станіслава Вярбіцкага і Паўла Квітуна, а сам прыняў такі начальніцкі выгляд, што Гендарсан крыху спалохаўся.

— У вас ёсць такое памяшканне, куды можна пасадзіць арыштаваных?

— Ест... Ест, пан ураднік!..

— Дзе яно?

— А во тут, пан ураднік. Пакойчык для касы. Такі малы і з малым аконцам.

— Краты на акне ёсць?

— Ест, пан ураднік.

— Пакажыце.

Гендарсан правёў Беразоўскага ў другі пакой і паказаў абітыя жалезам дзверы, на якіх вісеў замок.

— Адамкніце.

Гендарсан адчыніў дзверы. Беразоўскі зайшоў у пакой, агледзеў усё, пакратаў рукамі акно і жалеза на ім, сказаў «добра» і выйшаў.

У канторы іх чакалі Вярбіцкі, Квітун і стражнік. Беразоўскі з імі не павітаўся. Ён даў знак Макару, і праз хвіліну Вярбіцкі і Квітун апынуліся ў тым самым пакоі, які нядаўна ўраднік аглядаў. Гендарсан адразу павесялеў. Беразоўскі пасадзіў яго на крэсла супроць сябе, пачаў допыт па ўсіх правілах і паказанні запісаў у пратакол. Калі Гендарсан падпісваў той пратакол, рука яго дрыжала.

Стражнік Макар тым часам прывёў з Чыжэвіч Агапу Аўсянік. Беразоўскі зірнуў на яе і зразумеў, што ад гэтай жанчыны не даб’ецца таго, чаго хоча. Старая — бітая, хітрая, яе на мякіне не правядзеш.

— Хто цябе падвучыў падымаць у канторы бунт?

— Які бунт? Не ведаю я ніякага бунту.

— Учора вечарам, от тут у канторы.

— То які ж гэта бунт? А што немец ашукаў нас, то хіба гэта няпраўда?

— Каго гэта «нас» ашукаў немец? І які немец? Ён аканом пана Крупскага.

— Злодзей ён у пана Крупскага, а не аканом. Ён і ў пана крадзе, і з нас шкуру лупіць. Заробленага не аддае.

— Ён з вамі ўчора хацеў разлічыцца.

— Але, хацеў. І сёння хоча разлічыцца па дзесяць капеек за дзень. А мы ішлі на работу за пятнаццаць. Так і дамаўляліся.

— Усе гады выбіральшчыцам плацілі па дзесяць капеек. Чым жа гэты год не такі?

— А хіба вы не ведаеце, што цяпер усё падаражала! За дзесяць капеек паркалёвай хусты не купіш.

— А чаму ты крычала: «Заб’ём немца»?

— Не, я гэтага не гаварыла. Я гаварыла, што ён ашуканец.

— А хто крычаў: «Заб’ём немца»?

— Я гэтага не чула.

— От бачыш, як ты хлусіш. А я маю паказанні некаторых жанчын, што гэтыя словы выкрыквалі Станіслаў Вярбіцкі і Павел Квітун.

— Перахрысціцеся, пане ўраднік! Я іх і ў канторы не бачыла.

— Ты іх не бачыла ў канторы?

— Не.

Беразоўскі прымаў усе захады, каб выціснуць з жанчыны што-небудзь істотнае, і нічога не дабіўся. Ён лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім.

— Ніколі я не думала, паночак, што за маю работу ды мяне яшчэ па допытах будуць цягаць. Як быццам я зладзейка якая.

— Падпішыся! — загадаў ёй выведзены з сябе Беразоўскі.

— Я не ўмею пісаць.

— Пастаў крыж.

— Не буду я і крыжа ставіць. Я не ведаю, што вы пісалі.

— Я прачытаю.

— Калі на тое пайшло, то скажу: не веру я вам, паночак.

— Я цябе пасаджу!

— Садзіце, мне ўсё роўна.

— Вон! — зароў звар’яцелы Беразоўскі.

Калі Агапа выйшла, ён напісаў на пратаколе: ад подпісу адмовілася. Тады загадаў Макару прывесці Вярбіцкага і Квітуна. Ён чакаў іх, стоячы за сталом, прыняўшы глыбакадумны выгляд. Станіслаў ведаў гэтых надзьмутых архангелаў, смела падышоў да стала і рашуча заявіў:

— Вы, гаспадзін ураднік, не мелі права арыштоўваць нас, не прад’явіўшы абвінавачання. Мы пратэстуем.

— Гаварыце толькі за сябе, Вярбіцкі,— адрэзаў Беразоўскі.— Я вас не арыштоўваў, а толькі ізаляваў на некаторы час. Я спачатку зраблю ў вас вобыск, а тады прад’яўлю абвінавачанне і арыштую. Макар! Прывядзі двух панятых.

— Каго, гаспадзін ураднік?

— Першых, каго сустрэнеш.

Павел Квітун разгубленымі вачыма зірнуў на Станіслава. Той не зразумеў гэтага позірку, але трывога закралася ў яго сэрца.

Няўжо ў Паўла не ўсё ў парадку?.. А можа ён проста спалохаўся...

Першымі сустрэчнымі аказаліся Міхаль Рожка і Кірыла Верабей.

...У хаце Вярбіцкага паслужлівы Макар перавярнуў усё дагары нагамі, але нічога падазронага не знайшоў, пра што і было запісана ў пратаколе вобыску.

У пакоі, дзе жыў Павел Квітун, быў толькі Платон Шабуня. Ён сядзеў у сподніках, а штаны трымаў у руках і прышываў да іх латку.

— Ты што? — крыкнуў на яго Макар.— Надзявай штаны!

— Я ж яшчэ латкі не прышыў!

— У яго што? Няма цара ў галаве? — не звяртаючыся ні да кога, запытаў ураднік.

— Так, гаспадзін ураднік,— ахвотна адказаў сам Платон.— Няма ў цара ў галаве і жонкі таксама няма. Сам дзіркі зашываю.

Беразоўскі зірнуў на яго з падазрэннем.

— Маўчаць, хамула! Жыва адзявайся! Макар! Прыступай да справы!

Павел адамкнуў свой куфэрак. Макар пачаў выкладаць з яго парабкоўскі скарб: бялізну, ручнік, святочныя штаны і іншую дробязь. Аглядзелі пасцель, памацалі падушку і сяннік. Беразоўскі задумаўся.

— Ну, жартаўнік! Адчыняй свой куфар! — загадаў ён Платону.

Платон выканаў яго загад так ахвотна, нібы толькі і чакаў гэтага.

Беразоўскі зразумеў, што даў маху. Ён нават не зірнуў на Платонавы рэчы і ўжо канчаў пісаць пратакол вобыску, калі раптам яго ўвагу прыцягнула печ. І ён аддаў загад Макару абшукаць яе. Павел адчуў, што кроў адлівае ад яго твару і млявасць падкочваецца да сэрца. Ён адвярнуўся.

Макар палез на печ, нічога там не знайшоў. Потым злез, адчыніў яе, выграб попел, адсунуў юшку і засунуў у комін качаргу. Пуста было ўсюды. Павел не верыў сваім вачам...

— Скажыце, Вярбіцкі, чаго вы былі ў канторы ўчора вечарам, калі пан Гендарсан пачаў разлічваць рабочых?

— Я хацеў атрымаць за жонку грошы.

— За жонку? Ваша жонка капала бульбу?

— Але, гаспадзін ураднік, капала. Калі аканом назначыў цану пятнаццаць капеек за дзень, то яна пайшла капаць.

— Хм... Вы прывілеяваны рабочы. Хіба вам не хапае грошай?

— У абрэз, гаспадзін ураднік.

— Чаму не пайшла атрымліваць грошы сама жонка?

— Яна прыйшла з работы стомленая і пачала гатаваць вячэру.

«Гэтага сукінага сына не саб’еш»,— падумаў ураднік.

— Хм... А чаго ў той час быў у канторы Павел Квітун?

— Ён прыйшоў са мной, гаспадзін ураднік. Мы збіраліся выпіць пасля лазні. Яна ў нас рэдка бывае, а ўчора акурат была для мужчын. От мы і падумалі атрымаць грошы, узяць у Арлоўскага паўкварты і выпіць.

— Хто ўзняў беспарадкі ў канторы?

— Аканом Гендарсан, гаспадзін ураднік.

— Што? — зароў Беразоўскі.— Я вас навучу жартаваць!

— Я не жартую, гаспадзін ураднік. Беспарадкі ўзняў аканом. Ён пачаў выплачваць работніцам не па пятнаццаць, а па дзесяць капеек за дзень.

— Мне гэта вядома, чорт вас вазьмі! Вы павінны сказаць, хто крычаў «Заб’ём немца»! Хто выбіў акно і патушыў лямпу?

— Гаспадзін ураднік! Шхто не крычаў «Заб’ём немца». Ашуканцам яго называлі, бо так яно і ёсць. Гендарсан ашуканец.

— Маўчыце! Я не пра гэта ў вас пытаю!

— Дык чаго ад мяне хоча гаспадзін ураднік?

— Давайце паказанні! — крыкнуў ураднік.

— Я іх даю.

— Хто разбіў акно і патушыў лямпу?

— Я да гэтага і вяду, гаспадзін ураднік. У канторы сабралася столькі людзей, што не было дзе павярнуцца. Гендарсан не плаціў рабочым два тыдні. Прыйшлі ўсе, хто працаваў за гэты час. У такой цеснаце шкло проста выціснулі локцямі. У дзірку шугануў вецер і патушыў лямпу. Гендарсан гэта скарыстаў, бо яму не было дзе дзецца. Яму трэба было або плаціць па дамоўленасці, або ўцякаць. І ён, калі патухла лямпа, уцёк, як злодзей, праз акно.

«А ён праўду кажа, сукін сын,— падумаў ураднік.— Немец, напэўна, і ў штаны напусціў...»

— Як лоўка ў вас усё выходзіць!

— Бо так было, гаспадзін ураднік. Я нічога не выдумаў.

— Вы ведаеце Якава Шэмета?

— Шэметаў у Чыжэвічах шмат, і Якаў з іх не адзін.

— Таго Шэмета, што працуе ў Яўхіма Халусты ў Малінаўцы.

— Ведаю. Ён працаваў у маёнтку тры гады назад.

— Ён часта бывае тут?

— Часамі бывае.

— І да вас заходзіць?

— Вядома. Мы старыя знаёмыя.

— Сябры?

— Не. Я старэйшы і жанаты, ён малады і халасты.

— Гэта сяброўству не замінае... А чаго ён тут бывае?

— Не ведаю, гаспадзін ураднік. Па нядзелях тут бываюць вечарынкі. Напэўна, на вечарынкі ён і прыходзіць. Да дзевак.

— З кім ён сябруе, акрамя вас?

— Гэта мне невядома.

— З Паўлам Квітуном, напрыклад?

— Не ведаю. Запытайце ў яго.

— У нас ёсць дадзеныя, што ён сацыял-дэмакрат і праводзіць тут крамольную агітацыю.

— У мяне такіх дадзеных няма, гаспадзін ураднік. Я не разбіраюся ў такіх справах.

Беразоўскі закурыў і пачаў думаць. Не! Нічога ён тут не даб’ецца. А нешта падсвядомае падказвала яму, што ён ходзіць-бродзіць каля нечага важнага, але падысці да яго не можа, не можа злавіць павадка, а ён жа вось тут, блізка...

Ад Паўла Квітуна Беразоўскі таксама нічога не дабіўся.

Вечарэла. У канторы стала зусім змрочна. У вокны пырскаў халодны дождж. Буйныя плямы расплываліся па шкле, і Беразоўскаму стала бясконца сумна. Ён адчуў, што страшна замарыўся, прагаладаўся і змерз. Даслаў Макара па Гендарсана, а сам, ускінуўшы наапашкі шынель, пачаў хадзіць па канторы ад сцяны да сцяны. Розныя думкі прыходзілі ў галаву. Аставацца на ноч у маёнтку не было патрэбы. І наогул да Гендарсана заходзіць і не трэба і няможна. Што для яго тут зрабіў ён як ураднік? І нічога і многа. Работа тут толькі яшчэ пачынаецца, ён гэта адчуваў. Можа трэба было спачатку зрабіць вобыскі ў Вярбіцкага і Квітуна? Цікавы і, мабыць, небяспечны тып той штукар, што сядзеў без штаноў. Як яго прозвішча? Ён зірнуў у пратакол вобыску. Платон Шабуня. «Няма ў цара ў галаве»... Сукін сын!.. Паспрабуй прыдзярыся. Сам сказаў нешта падобнае: няма цара ў галаве... От мярзавец... Трэба заехаць да Арлоўскага, там пераначаваць і пагаварыць. Гэты Бессмяротны Кашч ведае ўсіх людзей навокал. Такі павук... А заўтра? Заўтра ў Малінаўку да Халусты. Ён, «ліха ма-атары яго», разумнейшы і за Гендарсана і за Арлоўскага. Што за суб’ект гэты Якаў Шэмет? Халуста сёе-тое падкажа...

Тым часам прыйшоў Гендарсан.

— Вось што, пан Гендарсан,— сказаў яму Беразоўскі.— Тое, што вы зрабілі, ужо зроблена. Я не буду прымушаць вас плаціць рабочым па пятнаццаць капеек за дзень, як вы ім абяцалі, хоць згодна тых паказанняў, якія я сёння атрымаў, і маю на гэта права...

Твар у Гендарсана выцягнуўся і пабялеў, вочы палезлі наверх.

— Можаце ніяк не плаціць. У суд на вас яны не пададуць, пісьмовых дакументаў у іх няма. Але тую бульбу, што асталася на полі ў фальварку Бярозаўцы, выбірайце як хочаце. Работніц з вёсак я не паганю на ваша поле. Не маю права. Цяпер не прыгонны лад.

Трэба ўмець нажываць грошы ў чужым маёнтку, пан Гендарсан. Вучыцеся, калі не ўмееце.

— А-а... гер ураднік...

— І заўважце! — Беразоўскі падышоў да аканома і паківаў пальцам каля яго носа.— Не рабіце беспарадку, бо вас я таксама не памілую. Беспарадкі будуць і без вашай дапамогі...

— Э-е.. гер ураднік...

— Загадайце, каб запрэглі нам каня. Ідзі, Макар, сам, ды пакладзі ў воз канюшыны. Загадай, каб насыпалі аўса. Мы ездзім не па сваёй справе.

Праз некалькі хвілін брычка з ураднікам і стражнікам пакацілася па дарозе ў сяло Чыжэвічы да Арлоўскага, які зусім не чакаў такіх гасцей.

...Павел не застаў дома Платона Шабуні. Ён зашчапіў дзверы на крук і кінуўся да коміна. Нелегальная літаратура — дзве тоненькія кніжачкі — павінна быць там, вышэй юшкі. Макар не знайшоў іх па сляпой выпадковасці. Не крануў качаргой, а то б яны ўпалі ў чалеснікі. Павел узлез на печ, выняў з коміна цагліну, усунуў у дзірку руку і абмацаў дымаход. Кніжак не было. «Што гэта такое? — абліўшыся халодным потам, падумаў ён.— Што яны — расталі ці сатлелі? Печ не палілася ўсё лета, і яшчэ невядома, калі яе будуць паліць».

Павел залажыў на месца цагліну і злез з печы. У калідоры пачуліся крокі, і ён адшчапіў крук. У пакой увайшоў Платон. Ён зірнуў на Паўла, распрануў світку і сказаў:

— Памый рукі, дурань. Кніжачкі шукаў?

— Платон, ты?..

Платон усміхнуўся.

— А ты думаў — бог? Я адразу прыбраў іх, як вас ураднік паклікаў.

— Адкуль ты ведаў, што яны тут? %

— Я дрэнна сплю, Павел, і два разы бачыў, як ты чытаеш пасля паўночы, а потым лазіш на печ.

— Пацалаваць цябе?

— Надзю сваю цалуй.

— Ах, Платон, Платон! Ты ведаеш, што ты зрабіў? Ты нас выратаваў.

— Глупства.

— Трэба Шэмету паведаміць... Ураднік пытаў пра яго. Ён можа туды заехаць, а ўсе кніжачкі ад Якава.

Платон махнуў рукой.

— Не трэба. Якаў не такі дурны, як ты. Ён такія рэчы ведае, дзе хаваць. Яны недзе ў Халуставых, будынках ці на Халуставым агародзе схаваны. У Стася ж таксама не знайшлі, а ў яго, мабыць, не дзве кніжачкі. Ён во-опытны, а ты яшчэ не.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ

Адэля Арлоўская палажыла на падушку кнігу пра егіпецкую царыцу Клеапатру і маладога жраца, які закахаўся ў тую царыцу, і з тугой зірнула ў акно. На дварэ змяркала, ішоў дождж, шасцелі клёны і ліпы, атрасаючы пажоўклае лісце, булькала ў лужынах вада. Наставала пара доўгіх асенніх вечароў, падобных адзін на адзін, сумных да ачмурэння, калі Адэля не ведала, дзе сябе дзяваць... Яна баялася гэтай пары, але чакала яе, як нечага непазбежнага...

Каля вулічных варот стаяла служанка Мар’яна, ад дажджу ўскінуўшы на галаву пусты мех, і чакала з поля кароў. Вунь яны ідуць, чацвёра, адна ў адну, пярэстыя галяндэркі, а ззаду пляцецца пастушок Зміцер у цяжкім балахоне, мокры ад галавы да пят. Ён трымае ў руцэ пугаўё, а пуга, як доўгая тонкая змяя, цягнецца па гразі. Аб чым думае гэты асклелы хлапчук, чаго яму хочацца? Напэўна, хутчэй узлезці на цёплую печ, сагрэцца і заснуць. Есці яму таксама хочацца, але пакуль Мар’яна падоіць кароў і збярэцца яго накарміць, ён засне...

Мар’яна адчыніла вароты, каровы ўвайшлі ў двор. Зміцер босымі нагамі пашлёпаў за імі. Служанка пабегла заганяць кароў у стойлы, а пастушок зайшоў у кухню. Адэлі не чуваць, што ён там робіць, але яна ведае, што ён распранае набрынялы балахон, вешае яго на цвік каля печы і хукае на чырвоныя рукі, якія ад холаду не хочуць згінацца... Як добра ўсё гэта вядома Адэлі і як усё ёй надакучыла. Яна са злосцю думае пра тоўстую рыжую служанку, якая спіць з яе бацькам і таму больш адчувае сябе гаспадыняй, чым Адэля.

Усё ёй абрыдзела ў гэтым доме. Абрыдзеў сам дом, прапахлы наскрозь сівухай. Яна пайшла б адсюль немаведама куды, абы знайшоўся чалавек, які ўзяў бы яе за руку і павёў. Але такі чалавек не знойдзецца. Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Яшчэ год-два — і яны збяруцца каля вуснаў. Старая дзеўка... Адэля баялася падыходзіць да люстэрка. Адтуль на яе паглядаў не дзявочы, а жаночы твар... А ці даўно Андрэй Сташэвіч гатовы быў аддаць за яе жыццё! Як ён любіў яе! Ды ён бы насіў яе на руках, каб яна хоць крышку схілілася да яго... І цяпер яна была б не старая дзеўка, а маладая жанчына. І нідзе не падзеўся б стары бацька, Андрэй даў бы яму рады! Вылецела б рыжая Мар’яна з гэтага дома як куля. Тады яны прадалі б Андрэеву і бацькаву зямлю і купілі б невялікі фальварак. Бацька памог бы. У гэтага скупога чалавека многа грошай... Скупога... «Кашча Бессмяротнага»... Вось як празвалі людзі яе бацьку. Адэлі стала сорамна, што яна так думае пра самага роднага чалавека... Самага роднага! Але ж ён, гэты самы родны чалавек, загнаў у труну яе маці. Ён не даваў ёй жыць сваёй неймавернай скнарасцю, ён замарыў яе голадам. Ён ніткай вымяраў хлеб, каб маці не адрэзала без яго ведама лішні кавалак, і калі яна ўсё-такі адразала — біў яе без жалю. Ён усё трымаў пад замком і насіў у кішэні паўпуда ключоў, гэты няшчасны Плюшкін, гэты злы, жорсткі, бязлітасны чалавек, якога цяпер трымае ў руках, як у абцугах, рыжая Мар’яна. Яна забрала ад яго ключы і распараджаецца ўсім, акрамя грошай. Як ненавідзела ў гэтую хвіліну Адэля свайго бацьку! Ён, калі памерла маці, забраў яе з гімназіі: шкада было плаціць грошы, каб трымаць дачку ў горадзе. Яна магла б стаць настаўніцай або акушэркай і быць незалежнай, а цяпер хто яна? Гэта праз яго яе ніхто не ўзяў замуж, ніхто не сватаецца, ніхто не гоніцца за яе пасагам. Бо ніхто не верыць, што Кашч Бессмяротны дасць за дачкой нейкі пасаг... Ашукае, сукін сын, як і заўсёды ўсіх ашуквае...

Арлоўскі ўвайшоў у пакой, пастаяў каля стала, памыляў тонкімі губамі, зірнуў на лямпу, што вісела пад столлю, хацеў зняць яе, але, мабыць, падумаў, што яшчэ рана і няма чаго дарма паліць газу. Адэля нават не адвярнулася ад акна.

На дварэ ўжо зусім змерклася. Нехта на брычцы пад’ехаў да варот і спыніўся. З брычкі саскочыў чалавек і адчыніў вароты.

— Татусь! Да нас нехта прыехаў,— сказала Адэля.

— Мо Сымон Ашакевіч са Слуцка... Але яму рана яшчэ.

— Не, не Ашакевіч... На брычцы...

«Сваты»,— падумала Адэля і кінулася ў свой пакой. «Няйначай, сваты... Наваражыла, стоячы ля акна...» Трэба было прывесці сябе да парадку, пераадзецца, знішчыць гэтыя праклятыя павуцінкі, што збегліся каля вачэй.

Арлоўскі запаліў лямпу..

— Добры вечар, пане Арлоўскі! — пачуўся ад парога вясёлы голас.

— Добры вечар, пане Беразоўскі, добры вечар... Чаго вы там сталі?

— Я не адзін, пане Арлоўскі, са мной стражнік. Ён каня выпрагае. Як сабе хочаце, а мы ў вас заначуем. Надвор’е такое, што, пакуль да Старочына дабярэшся, зусім раскіснеш. Мо б вы паказалі, куды паставіць каня, ды і брычку трэба некуды ўвапхнуць.

— А мы яе ў гумно... Я зараз... І каню месца знойдзем.

Арлоўскі, шорхаючы нагамі па падлозе, пайшоў з хаты. «Знайшоў месца, дзе начаваць, каб цябе зямля не насіла... Тут табе і наварана і напарана... А каню аўса насып ды канюшыны пакладзі... Ды яшчэ ўдвух са стражнікам...»

Беразоўскі тым часам распрануўся, адчыніў дзверы ў кухню, аддаў вопратку Мар’яне, загадаў яе высушыць, а сам падышоў да люстэрка і прычасаўся.

«Хм... у гэтым доме не любяць чужых людзей,— падумаў ён.— Каб я быў не ўраднік, а проста Беразоўскі, то гэты сукін сын Бессмяротны не пусціў бы мяне і на парог. Але рамязовачка, пане Кашч, трымае цябе ў маіх руках».

З суседняга пакоя адчыніліся дзверы, і ў іх паказалася галоўка Адэлі.

— Ах!.. Гэта вы, пане Беразоўскі!.. А я думала — хто там гаворыць з татусем...

— Гэта я, панна Адэля, гэта я ўласнай персонай!

Адэля была расчаравана. Нічога яна не наваражыла, стоячы ля акна. Беразоўскага яна не чакала. Гэты жаніх не ўпершыню заязджае да яе бацькі. У іх свае справы, якіх Адэля не ведае.

— Проша, проша, панна Адэля. Чаго вы стаіце ў дзвярах? Вы, як відаць, баіцеся мяне. Хіба я такі страшны?

Адэля ўвайшла.

— Вы ўраднік, пане Беразоўскі, от у чым справа,— адказала яна картавячы.

«Навошта яна так гаворыць? — падумаў Беразоўскі.— Усё яшчэ ўяўляе сябе дзяўчынкай».

— Я не толькі ўраднік, панна Адэля. Я, акрамя ўсяго, і мужчына.

— І прытым цікавы.

— Ого! Упершыню чую камплімент у свой адрас.

— Бо ад вас жа не дачакаешся...

— Я зусім ачарсцвеў на гэтай праклятай рабоце.

— Не апраўдвайцеся. Лепш скажыце, што вас занесла ў наш бок?

У галаве Беразоўскага імгненна з’явіўся цікавы адказ.

— Я прыехаў, панна Адэля, сватацца да вас.

Адэля недаверліва засмяялася.

— Вы, аказваецца, жартаўнік... А дзе ваш сват?

— Распрагае каня. Сват нецікавы, панна Адэля. Стражнік Макар... Каго можа ўзяць за свата ўраднік? Ды нашто той сват! Хіба мы з вамі не паразумеемся самі?

«А чаму і не пасватацца! — думаў у гэты час Беразоўскі.— Што я трачу? Нічога. А для карысці справы можа і прыдасца».

У пакой усунуўся Макар.

— Усё ў парадку, гаспадзін ураднік,— паведаміў ён.

— Добра, Макар. Ідзі на кухню, распраніся. Выбачайце, панна Адэля, я на адну хвілінку.—Ён вывеў стражніка на двор і шапнуў яму: — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч.

Макар па-змоўніцку ўхмыльнуўся.

— А чарка табе будзе... Мне, бачыш, трэба намацаць адну рэч...

— Зразумела, гаспадзін ураднік!

Адэля не то каб сур’ёзна прыняла словы Беразоўскага аб сватанні, але ёй прыемна было іх пачуць. Яна ахвотна памагала Мар’яне гатаваць вячэру, слухала не зусім прыстойныя жарты Макара, які па-сапраўднаму «аціраўся» каля рыжай служанкі, калоў трэскі на падпалку, сек мяса і, стаўшы ракам, дзьмуў у пліту, каб лепш гарэла, і не забываў пры гэтым ушчыкнуць Мар’яну.

Тым часам Беразоўскі і Арлоўскі ўдвух сядзелі ў пакоі і вялі размову.

— Я не трымаю парабкаў, пане Беразоўскі,— гаварыў сядзелец,— гэта такая прорва, што яе нічым не здаволіш. Я наймаю людзей на пару: на сяўбу, на сенакос, на жніва. Малатарня ў мяне свая. От найму на тыдзень малацьбітоў і ўсю пашню ссыплю ў свіран, а людзей разлічыў — і ідзіце вы да д’ябла. А пузні найму сена вазіць.

«Ты разлічваеш, Кашч,— падумаў Беразоўскі.— Ведаю, як ты разлічваеш. Некаторыя табе за чарку робяць па году».

— А гэты герман, пане Беразоўскі, то каб яго зямля не насіла. Такі злодзей, што свет не бачыў. Ён скора маёнтак купіць...

«Зайздросціш, Бессмяротны»,— канстатаваў ураднік.

— Я не зайздрошчу,— прамовіў Арлоўскі, нібы адгадаўшы думку Беразоўскага.— Я сам жыву, слава Езусу, не горш за другіх людзей, хоць ні ў кога нічога не краду, а гэты герман больш крадзе ў пана Крупскага, чым у парабкаў.

— Гэта не наша бяда, пане Арлоўскі. Няхай сам пан Крупскі яго і зловіць. А от з парабкамі зусім іншае... Справа ў маёнтку даходзіць да бунту.

— Бо свет такі настаў, пане Беразоўскі. Баламуцяцца людзі. Не толькі ў маёнтку, усюды. У сяле хлопцы пачалі галовы задзіраць. Мяне, пся крэў, лаюць, рабаўніком завуць ды жываглотам...

«Не толькі так»,— адзначыў сам сабе Беразоўскі.

— Баламутаў развялося, каб іх зямля не насіла... Буржуяў выдумалі... Я таксама буржуй... Ён пся косць, прапівае ўсё, а я не, дык за гэта я буржуй! Цар ім ужо не патрэбен, скора і да пана бога дабяруцца.

Беразоўскі насцярожыўся. Гаворка набывала патрэбны яму напрамак.

— А хто гэта такі разумны?

— Ёсць у сяле! Вунь Марцін Крываблоцкі, фельчар такі, прабачце, проша пана, зас..., дык ён «Ведамасці» чытае. Хаму і грамата не ў карысць...

— Дык кажаце, пане Арлоўскі, што яму ні цар, ні бог не патрэбны?

— Бог не патрэбен, а з папом Сулкоўскім гарэлку п’е... Прабачце, проша пана, а нашы ксяндзы такога сабе не дазваляюць.

Беразоўскі слухаў і матаў на вус. Сэрца яго калацілася ад радасці. Ён ніколі не думаў, што пачуе такое. Вось хто дасць яму ў рукі тыя нітачкі, якія ён не мог схапіць у маёнтку. Кашч Бессмяротны! Трэба толькі не перабіваць яго, а даваць напрамак гаворцы.

Арлоўскі тым часам гаварыў:

— Поп, пся крэў! Штодзень да мяне па гарэлку пасылае, а грошы то не вельмі хоча плаціць. Ды такі ўжо і вінаваты бутэлек за пяць.

— Можа і яму ні бог, ні цар не патрэбны? — асцярожна запытаў Беразоўскі.

— Пра гэта не ведаю, пане ўраднік.

— Ды не завіце мяне ўраднікам! — прытворна абурыўся Беразоўскі.— Мы ж свае людзі!

— Прабачце, проша пана. Не ведаю, пра што яны гавораць удвух, а Крываблоцкі то ўсё пра вайну талкуе ды пра мужыцкія бунты. А мужыкам што? Слухаюць, радуюцца...

— Выбачайце, што я вас пераб’ю... Можа ён заклікае мужыкоў ушчаць бунт? У маёнтку ж ушчалося не з парабкаў, а з мужыкоў. Нейкая, даруйце... э-э... Агапа Аўсянік пачала.

— То гэта ж яго родная сястра!

Беразоўскі ледзь стрымаўся, каб не ўскрыкнуць ад радасці.

— Сястра Марціна Крываблоцкага?

— Родная сястра, пане Беразоўскі.

У Беразоўскага проста рукі свярбелі. Яму хацелася па-сапраўднаму дапытаць Арлоўскага, запісаць яго паказанні ў пратакол, але ён адкінуў гэтую думку. Звычайна ў такіх выпадках кожны чалавек насцярожваецца, замыкаецца ў сабе і становіцца скрытным; з яго трэба выцягваць літаральна кожнае слова. Ён быў упэўнены, што Арлоўскі ў прыватнай размове скажа яму больш, чым сказаў бы пры афіцыйным допыце.

— Вы кажаце, пане Арлоўскі, што Крываблоцкі п’е. На гэта патрэбны грошы. Ён, напэўна, у маёнтку ў сваіх сяброў спірытус дастае.

— Гэтага не скажу, пане Беразоўскі. Гарэлкі то яму хапае. Ён жа фельчар, да хворых яго завуць і пояць.

— Не кожны ж дзень яго завуць да хворых! Мабыць, яму носяць спірытус з маёнтка. Сябры ж там у яго ёсць!

— Не ведаю, пане Беразоўскі, якія там у яго сябры. Ходзіць адзін да яго пляменніцы, Пракопавай дачкі.

Беразоўскі ажывіўся.

— А хто ён такі, пане Арлоўскі?

— Нейкі Квітун. На бровары ён робіць.

— Ну, от бачыце! Робіць на бровары! І як яго завуць, гэтага... гэтага... Квітуна?

— Э-э-э... Пся крэў... памяць адабрала...

— Ці не Павел?

— Так, так! Павел! Павел Квітун!

«Вось адкуль вецер дзьме! — захліпваючыся ад радасці, падумаў Беразоўскі.— Нітачкі, нітачкі! Саўюцца яны ў вяровачку».

— Ну, пане Арлоўскі! Я проста дзіўлюся! Адкуль вы ўсё гэта ведаеце? Памяць у вас адменная.

— Адкуль я ведаю? У мяне штодзень людзі. Збяруцца п’яніцы, па чарцы, па другой вып’юць, і калі пачнуць гаварыць, то толькі слухай. Я, пане Беразоўскі, ведаю ўсё, што робіцца не толькі ў Чыжэвічах і маёнтку, але і ва ўсіх суседніх вёсках.

— Залаты вы чалавек...

Гаворку іх перапыніла Адэля. Яна ўвайшла ў пакой, пяшчотным позіркам акінула Беразоўскага і паведаміла на сваёй птушынай мове:

— Вячэра гатова. Прашу, панове, адсунуцца ад стала, мы будзем збіраць вячэру.

Беразоўскі адсунуўся разам з крэслам, на якім сядзеў, а Арлоўскі падхапіўся з месца, пашкроб патыліцу і пайшоў у кухню. Пакуль ён вярнуўся, стол быў застаўлены. Адэля запрасіла Беразоўскага сесці і запытала не без яхідства:

— А што рабіць з вашым сватам, пане жаніх? Можа паклікаць сюды?

— Паклапаціцеся, панна Адэля, каб яму на кухні ўсяго хапала,— з сур'ёзнай мінай адказаў Беразоўскі.— Мы дамовімся і без яго.

Вярнуўся Арлоўскі і паставіў на стол бутэльку.

— Пане Арлоўскі! — сказаў Беразоўскі, устаўшы з месца.— Вы мяне так загаварылі, што я не паспеў сказаць, чаго я да вас прыехаў. Я асмеліўся прыехаць у сваты да вашай дачкі. Панна Адэля ведае. Калі вы не прымеце мяне як жаніха, то скажыце пра гэта адразу. Тады мы проста павячэраем і не будзем пра гэта гаварыць.

Арлоўскі стаяў як аглушаны, вылупіўшы вочы. У яго аднялася мова. Ён памыляў губамі і сказаў не сваім голасам:

— Я не ведаю, пане Беразоўскі... Мы ж католікі, а вы праваслаўны...

Адэля зірнула на бацьку так, нібы гатова была рынуцца на яго як коршак.

— Гэта глупасная прычына, пане Арлоўскі,— сказаў Беразоўскі, усміхаючыся.— Калі вы дасце згоду, а панна Адэля не адмовіцца стаць маёй жонкай, то п’яніца Сулкоўскі жыва перахрысціць яе ў праваслаўную веру. Я, пане Арлоўскі, знаходжуся на дзяржаўнай службе, і мне нельга мяняць веру, якая прызнана дзяржаўнай у імперыі.

І нават Адэля не зразумела, сказаў ён гэта сур’ёзна ці пажартаваў.

— Садзіцеся, садзіцеся, пане Беразоўскі,— захліпаючыся, як тапелец, прамовіў Арлоўскі.— Вы маеце рацыю... Мы пагаворым...

Усе селі за стол, але тут адбылася невялікая падзея, якая на нейкі час спыніла вячэру. Прыехаў са Слуцка Ашакевіч з таварам, і Арлоўскі вымушаны быў прыняць гэты тавар.

— Пся крэў...— сказаў ён.— Не мог ён прыехаць раней або пазней.

— Нічога. Мы пачакаем вас,— сказаў ураднік.

Калі Арлоўскі знік за дзвярыма, Беразоўскі падышоў да Адэлі, узяў яе руку і паднёс да губ. Адэля вырвала руку і сказала з гневам:

— Скажыце, подлы вы чалавек, нашто вам гэтая камедыя? Можаце жартаваць са мной, паліцэйскі чыноўнік на дзяржаўнай службе, але нашто ўмешваць сюды майго бацьку!

Беразоўскі зірнуў на яе са здзіўленнем, якое межавалася з захапленнем. «А яна разумная дзяўчына! — падумаў ён.— Гэтага я не чакаў... І прыгожая, хоць і стараватая... А я хіба маладзён...»

— Клянуся вам, панна Адэля,— горача прамовіў ён,— што калі спачатку я і пажартаваў, то цяпер гэта зусім не жарт!.. Не злуйцеся, прашу вас... Гэта зусім не жарт!

— Вам патрэбен мой пасаг?

— Шчырасць на шчырасць: патрэбен. Але мне патрэбны і вы. І паверце, што хто б да вас ні сватаўся, акрамя мяне, то і яму патрэбен быў бы ваш пасаг. І можа толькі пасаг, а не вы...

— Не смейце!.. Вы не лічыце мяне не толькі дзяўчынай, але нават чалавекам...

— У тым і справа, што лічу. І дзяўчынай і чалавекам. І прытым разумным чалавекам. А то хіба я гаварыў бы з вамі так адкрыта? Я перад вамі так навыгінаўся б, так нахлусіўся б, што ачараваў бы вас.

— Абармот вы, аднак...

— Так няможна гаварыць жаніху, які будзе вашым мужам... Цяпер пра пасаг: хіба вы не адна дачка ў бацькі і не яго наследніца? Можа мне патрэбен не ваш пасаг, а ўся ваша гаспадарка.Што вы на гэта скажаце?

— Ах...— уздыхнула Адэля і схіліла галаву.

— Не бойцеся! — шапнуў ёй Беразоўскі.— Гэтую рыжую Мар’яну мы скора сплавім, замінаць нам яна не будзе.

Адэля падняла галаву.

Беразоўскі ўсміхнуўся.

— Я толькі паліцэйскі чыноўнік, панна Адэля.

Арлоўскі на гэты раз прыняў тавар вельмі хутка і без доўгай гаворкі разлічыў Сымона. Той не разумеў, у чым справа, і, развітаўшыся, выйшаў з сянец. На дварэ ўжо не было дажджу, праяснілася неба, поўны месяц адлюстроўваўся ў лужынах, асвятляў мокрую зямлю, будынкі, дрэвы, і чорныя цені ад іх лажыліся ў гразь. Пахаладнела. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхаць, цела білі дрыжыкі. Ён завярнуў кабылу і ўжо збіраўся сесці на воз, калі раптам убачыў ладную постаць урадніка. Ён спачатку не паверыў сваім вачам, потым зразумеў, чаму яго без затрымкі разлічыў Арлоўскі. А Беразоўскі ўсміхнуўся, бліснуўшы зубамі, і, схіліўшыся над Сымонам, запытаў:

— А сёння, пане Ашакевіч, вы не сустрэлі братоў Шымкевічаў?

Сымон з нянавісцю зірнуў у вочы ўрадніку і адказаў:

— Сустрэў. Яны пыталіся, як жыве гэтая шэльма ўраднік, і абяцалі сустрэцца з ім.

Твар Беразоўскага перакасіўся ў пачварнай грымасе.

— Мярзотнік... Сукін сын...— прашыпеў ён.

Сымон не чуў яго слоў. Ён ускочыў на воз, сцёбнуў пугай кабылу, і яму адразу стала горача. «Што я нарабіў, што я нарабіў...» — думаў ён, разумеючы, што ўраднік яму гэтага не даруе.


РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ

Сонца яшчэ толькі што ўзышло. Пасля ўчарашняга дажджу вільготная зямля дыхала халодным туманам, які нізка вісеў над апусцелымі паплавамі і палеткамі. Паветра стаяла нерухома, але калматыя слупы дыму, ледзь вырваўшыся з каміноў, прыгіналіся і слаліся над стрэхамі. З дрэў капала халодная раса, і стаялі яны панурыя і асклелыя, маўклівыя і непрывабныя.

У Чыжэвічах наставала святочная раніца, і не было таго працоўнага руху, што пачынаўся тут кожны дзень і ў кожным двары яшчэ да ўсходу сонца. Заўважыў гэта нават ураднік Беразоўскі, што, сагнуўшыся і скурчыўшыся, увабраўшы рукі ў рукавы шыняля, сядзеў на брычцы, якая толькі выехала з двара Арлоўскага. Стражнік Макар на козлах трымаўся вальней і бравей. Рыжая Мар’яна сумела-такі ўпотай ад Кашча Бессмяротнага сунуць яму шклянку рамязоўкі. Але не адно гэта ўзнімала яго настрой. Учора ўвечары ён украў бутэльку казённай з-пад самага носа Арлоўскага. Цяпер гэтая бутэлька і сама грэлася ў яго запазухай і сагравала сэрца баявога стражніка. І не толькі яна сагравала яго сэрца.

Арлоўскі зачыніў за гасцямі вароты і крыкнуў наўздагон брычцы:

— Заязджайце, пане Беразоўскі! Не мінайце!

Беразоўскі нехаця павярнуўся назад і адказаў:

— Заедзем, заедзем, пане Арлоўскі! Не мінём!

А сам падумаў: «Сукін сын ты, Кашч! Паснедаць не даў, шэльма. А я ж такі да тваёй дачкі сватаўся...»

Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Беразоўскі сядзеў унурыўшыся і думаў. Каб ён паглядзеў на вясковыя хаты, то не ў адным акне ўбачыў бы твар, які праводзіў яго нядобрым позіркам. Але Беразоўскі не азіраўся на бакі. Ён думаў аб тым, што яго ўчарашні жарт са сватаннем быў вельмі ўдалы. І цікава тое, што справа міма яго волі абярнулася зусім не жартам. Выйшла так, што ён ашукаў не Кашча і яго дачку, а самога сябе. І ашукаў так, што сам быў здаволены. Эге! Дзе тут знойдзеш і багаты хутар і маладую прыгожую жонку — усё разам? Так не бывае! Калі ёсць адно, то няма другога... А гаспадарка ў гэтага Бессмяротнага найбагацейшая ў наваколлі, грошай у яго цэлы мех. Ніякай радні, акрамя адзінай дачкі. Пасля яго смерці ўсё астанецца ёй. Стараватая будзе жонка? Не бяда! Ён і сам не малады. Але хіба можна сказаць, што яна непрыгожая або дурная? Не, гэтага не скажаш. І прыгожая, і разумная, і ў дадатак адукаваная. Гаворыць картавячы? Лёгка адвучыць. Раз-два, і гатова! Так загаворыць, што слухаць будзе люба!.. З другімі круцілася... Было! Сташэвіч з Малінаўкі ледзь розуму праз яе не страціў. Ну, гэты ад яе нічога не атрымаў. Другія былі... Але хіба мора ад таго стане паганае, што з яго сабакі пахлебчуць? Глупства... Ён і сам нямала пакруціўся. «Хе-хе-хе... — Беразоўскі ўсміхаўся сам сабе.— Як другі раз прыеду, то напушчу Макара на рыжую Мар’яну! Кашч Бессмяротны ўсшалее ад злосці і прагоніць яе». Не ведаў ураднік, што Макар у гэтым напрамку ўжо сёе-тое зрабіў. Ён сам напусціўся на рыжую Мар’яну і меў немалы поспех.

Не трэба, аднак, думаць, што Беразоўскі вырашыў кінуць дзяржаўную службу і забыў пра свае абавязкі. Праз усе гэтыя прыватныя думкі, якія датычыліся яго ўласнай асобы, непрыкметным раўчуком цякла галоўная думка аб тым, што ён зрабіў у маёнтку, у Арлоўскага і што зробіць у Яўхіма Халусты. Куды яго прывядзе той клубочак, за нітачку якога ён ужо, здаецца, ухапіўся? Ці будзе раскручвацца гэты клубочак і далей, ці заблытаецца?

Тым часам брычка выехала з сяла і кацілася цяпер па дарозе ў Малінаўку. Расчырванелы Макар сядзеў на козлах, расхінуўшы шынель. Раптам ён заспяваў:

Гэй вы, хлопцы-малойцы-ы,

Не кажыце маёй жонцы-ы,

Бо мая жонка ліхая-а.

Кулаком каля носу махая-а.

Беразоўскі прыўзняўся з месца і сунуў яму кулаком у спіну.

— Дзе ты напіўся, сукін сын?

Макар азірнуўся, выскаліў белыя, як рэпа, зубы і адказаў:

— Рыжая Мар’яна падсунула шклянку рамязоўкі, гаспадзін ураднік. Моцная, як чорт...

— С-сук-кін сын! — з захапленнем прамовіў Беразоўскі.— Як ты скора пад’ехаў да яе!

— Яна даўно гатова была, гаспадзін ураднік. Хіба ёй не абрыдзеў гэты стары Кашч! Цёплая бабка!

Ён прыязным, цёплым позіркам акінуў свайго асклелага начальніка, і ў п’яным яго сэрцы заварушылася нешта падобнае на спачуванне і жаласць.

— А вам і паснедаць не даў гэты абармот Бессмяротны.— Ён засунуў руку запазуху, выцяг адтуль бутэльку і падаў Беразоўскаму.— Выпіце, гаспадзін ураднік. Цяплей будзе. Ды і ў Халусты мы наўрад ці паснедаем.

Беразоўскі зірнуў на яго са здзіўленнем.

— І гэта Мар’яна табе падсунула?

Твар Макара расплыўся ў шырокай ухмылцы.

— Не, гаспадзін ураднік. Гэта я сам захацеў пакараць Кашча Бессмяротнага за яго сабачую скупасць. Піце, гаспадзін ураднік.

У душы Беразоўскага паднялася злосць на Макара. Ураднік у некаторай ступені ўжо лічыў сябе зяцем Арлоўскага. Значыць, стражнік абакраў і яго самога, пацягнуў з яго будучай гаспадаркі. Але калі ён зірнуў на бутэльку, злосць гэтая адразу выпарылася.

— Не магу я без закускі, Макар...— застагнаў ён.

— Га-га-га!

Макар дастаў з кішэні колца кілбасы.

— Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Але я спадзяюся, што кілбасу ты атрымаў з Мар’яніных рук.

— Не, гаспадзін ураднік. З-пад Мар’яніных рук... Ды пра што тут доўга талкаваць! Піце, гаспадзін ураднік, а то яшчэ нехта сустрэнецца.

Выпілі абодва. Пустую бутэльку Макар выкінуў з воза, кілбасу з’елі. Беразоўскі адчуў, што ўсярэдзіне ў яго разгараецца агеньчык і цяпло ад яго расцякаецца па ўсім целе. Твар яго расчырванеўся, стала горача рукам, і ён расхінуў шынель. Настрой яго палепшаў, ён адчуў сябе вялікім чалавекам і надзвычайным сышчыкам. Ён быў упэўнены, што намацаў існаванне сапраўднай антыдзяржаўнай змовы і трымае яе ў руках. Але цяпер яму не хацелася нікому рабіць зла, ён усіх раптам палюбіў, і ўсіх яму было шкада. Ён успомніў Адэлю, і яго агарнула замілаванне. Яна будзе яго жонкай. Ён навучыць яе чалавечай мове. Нават Кашч Бессмяротны, яго будучы цесць, здаўся цяпер яму такім добрым і шчырым чалавекам, якіх мала ёсць на свеце. А хамула Макар пакрыўдзіў гэтага няшчаснага, адзінокага чалавека. Мала таго, што ўкраў кілбасу і бутэльку гарэлкі, дык яшчэ і паспаў з рыжай Мар’янай. Свіння... Ён ужо хацеў садануць стражніку па вуху, але калі падняў вочы і ўбачыў шырокую Макараву спіну і лапавухую галамозую галаву, то яму стала шкада і Макара. Шчыры ён чалавек. Па сутнасці, ён украў гарэлку і кілбасу не сабе, а яму, свайму начальніку. А калі паспаў з Мар’янай, то хіба яна зліняла? Асталося яшчэ і Арлоўскаму. Ці многа старому трэба!

— Слухай, Макар,— сказаў ён.— Калі мы другі раз прыедзем да Арлоўскага, а мы цяпер будзем часта туды ездзіць, то ты нічога ў яго не крадзь.

— Слухаю, гаспадзін ураднік! — адказаў Макар, не разумеючы, што зрабілася з яго начальнікам.

— Красці, Макар, вялікі грэх... Акрамя таго, гэтае злачынства прадугледжана крымінальным кодэксам... Крыміналістыка, разумееш?..

— Разумею, гаспадзін ураднік!

— І не спі з Мар’янай... Гэта таксама грэх. Называецца пралюбадзеянне... Калі яна будзе да цябе лезці, гані яе к чорту... А не паслухае, пакліч мяне...

— Я і сам спраўлюся, гаспадзін ураднік! — весела бліснуўшы вачамі, адказаў Макар.

— Ага! Гм! У якім сэнсе справішся, сукін сын? Ты, здаецца, кепікі строіш з мяне, шальмец?

— Не, гаспадзін ураднік, якія кепікі!..

— Ну, дык от, слухай. Не смей з ёю спаць...

«Зусім ап’янеў, смаркач,— падумаў. Макар пра свайго начальніка.— Пляце немаведама што... Выпіў нашча, от і разабрала...»

— Ты чуеш, Макар?

— Чую, гаспадзін ураднік!

— І памятай, што я табе сказаў...

— Добра, гаспадзін ураднік... Вунь нехта ідзе насустрач...

Малінаўка была ўжо блізка, і ішоў не хто іншы, як Якаў Шэмет. Ён здалёк убачыў падводу і разгадваў, хто гэта едзе ў Малінаўку, ды яшчэ на брычцы. Калі падышоў бліжэй, то па паліцэйскіх шынялях і шапках пазнаў урадніка і стражніка. Трывожная думка запала ў яго галаву. Ці не па яго душу яны едуць? Няўжо ўрадніку нешта стала вядома пра яго дзейнасць?..

Параўняўшыся з брычкай, ён сказаў «дзень добры» і нават крануўся рукой шапкі.

— Дзень добры, дзень добры! — весела адказаў ураднік, у якога з’явілася жаданне спыніць прахожага і пагаварыць з ім.— Куды так рана?

— Ужо не вельмі рана, гаспадзін ураднік. У сяло іду.

Стражнік вялізнымі вачыма глядзеў на ўрадніка, а Якаў мінуў іх і крочыў памалу наперад, хоць яму ў гэты час хацелася быць далей ад гэтага месца.

— Бачыш, якія ветлівыя людзі шляхта...— пачаў Беразоўскі, але Макар не даў яму кончыць.

— Якая шляхта! Гэта Якаў Шэмет!..

— Якаў Шэмет? — у Беразоўскага ўвесь хмель вылецеў з галавы. Ён зірнуў Якаву ўслед.— Няхай ідзе... Сёння мы абыдземся без яго,— прамовіў ён.

Калі ўязджалі ў засценак, зноў адбылася нечаканая сустрэча. Сымон Ашакевіч вёў пасвіць на поплаў сваю кабылу. Беразоўскі скоса зірнуў на яго, і злосць ускіпела ў ім з незвычайнай сілай. Ён адвярнуўся, каб не адказаць на прывітанне, а ў беднага Сымона аж душа скочыла ў пяткі, калі ўбачыў у Малінаўцы Беразоўскага са стражнікам. Успомнілася ўсё: і Шымкевічы ў Гнілой Дуброве, і допыт ва ўрадніка, і ўчарашні адказ. «Што гэта будзе?!» — з жахам падумаў ён.

Каля Халуставага двара ўрадніка сустрэў Андрэй Сташэвіч, які таксама вёў на поплаў сваіх коней, бо Іван яшчэ ўчора вечарам пайшоў дадому, але Андрэя Беразоўскі не прыкмеціў, бо быў заняты думкамі пра Якава Шэмета.

Загрузка...