Я вырваўся ад іх, пайшоў. Мяне дагнаў Хведар. Ён ухапіўся за плячо, сціснуў яго з усяе сілы.
— Нешта ты, сука, дурэць пачаў. Глядзі, каб часам не пашкадаваў. I раю язык за зубамі трымаць…
— Ідзі ты, я не з палахлівых.
— Ну-ну!..— працягнуў Хведар і здзіўлена свіснуў.
Увечары, калі я даканчваў абмер палетка, падышоў Сцяпан Макуха. Стаяў на ўзмежку, заклаўшы рукі за спіну. Я разумеў, што прыйшоў ён не так сабе. Мусіць, хоча закончыць тую размову, што пачалася яшчэ ў краме. Таму я знарок не спяшаўся. Мне было чамусьці сорамна сваёй нястрыманасці там, у краме. Думаў, што на маім месцы сказаў бы Даніла Налягач. Мабыць, ён так не гарачыўся б. Падыходзіў я да Сцяпана з бояззю. Вось ён зараз пачне ўшчуваць мяне… Што я скажу яму?
— Ну, што, Канстанцінавіч,— пачаў Макуха,— не лёгкі гэты хлеб? Я, слухай сюды, пакаштаваў гэтага хлеба. Дасюль у роце горка. Нашым людзям ніяк не дагодзіш.
Мы пайшлі напрасткі да вёскі. Мяне ўсё яшчэ трывожыла думка, чаго Макуха паявіўся на палетку.
— Ты, Канстанцінавіч, слухай сюды, не гарачыся. Яно, канечне, справядліва, што ты шуміш, праўды шукаеш. А толькі, слухай сюды, чорт яе знойдзе…
— Калі ж у самую гарачую пару Цопа п’янкі наладжвае,— не стрываў я.
— Яму таксама, слухай сюды, план даведзены. Кожны за сябе стараецца, і кожны лягчэйшы хлеб шукае. Я дык добра ведаю адно: начальства мяняецца, а нам усё жыццё разам жыць давядзецца. А ў суседстве чаго не бывае…
Ён, як відаць, падводзіў размову здалёк. Я ўжо не сумняваўся, што Сцяпана падаслалі, каб выведаць, што я ведаю пра іх справы. Гэта забаўляла мяне.
— Вы, дзядзька Сцяпан, сказалі б сваім сябрам, што далей так жыць, як яны жылі, не выпадае. Людзі цяпер адчулі перамены і не будуць на вашыя заслугі глядзець. Так нядоўга дачакацца вялікіх непрыемнасцей.
— Я дык што? Я — нічога. Хведар усё. Ён людзей баламуціць. Але хлопец ён добры, хоць такі ж, як і ты, гарачы. Чаго вас сёння звяло разам, ніяк не ўцямлю? Чаго вам сварыцца, не ладзіць? Адзін жартуе, другі ўсё ўсур’ёз прымае. У нас, слухай сюды, не паспееш рот раскрыць, як за цябе скажуць такое, пра што ты і не думаў. Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? А ты вунь што падумаў. Макуха ніколі злодзеем не быў…
Пакуль дайшлі да вёскі, зусім сцямнела. На небе ярка, мусіць, на пагоду, гарэлі зоркі. Кволая стужка вячэрняй зары ўсё яшчэ трымцела на захадзе, і неба там выдавала фіялетавым. Ад Расянкі цягнула халаднаватай вільгаццю, якая пасля спякотнага дня прыемна лашчыла разамлелае цела. Увачавідкі прыбаўлялася сілы, а непрыемныя думкі паступова адступалі, даючы дарогу рамантычным марам. Я ўяўляў, як гэты самы Сцяпан Макуха, і Цопа, і Хведар, што прывыклі, нічога не робячы, добра жыць, цяпер возьмуцца за розум. Я ўяўляў перайначаных людзей, сумленных, шчырых і прэцавітых, якія дружна ідуць на работу. Так павінна быць! Няўжо не абрыдла людзям цягнуцца ў хвасце, хітрыць, абдурваць сваіх суседзяў. Усё вельмі проста: разам можна рашуча ўзняць гаспадарку, пачаць жыць па-чалавечаму.
Я марыў, і мары заносілі мяне далёка. А Сцяпан Макуха, як знарок, пастараўся вярнуць мяне назад, туды, адкуль я хацеў вырвацца.
— Што я цябе, Канстанцінавіч, папрашу. Дай ты мне, слухай сюды, машыну на ноч. Зяць, слухай сюды, лесу выпісаў, дык трэба прывезці. Днём машына занятая, дык я ўночы прывязу.
— Не, дзядзька, не прасіце,— набраўшыся храбрасці, адмовіў я.— Ніякі вы лес не выпісвалі. Ды і непатрэбны ён вам.
I тут ужо Сцяпан Макуха не сцярпеў.
— Шчанё, недаростак! Што ты ў жызні, слухай сюды, разумееш? Думаеш, на нашых плячах у начальства выб’ешся? Пачакай яшчэ. I на цябе ўправу знойдзем. Хочаце з Загурскім пад сябе ўвесь калгас падмяць. Не выйдзе, слухай сюды. I без тваёй машыны абыдземся.
Ён пайшоў, нешта гаворачы сабе пад нос. Мабыць лаяўся. I мне было няёмка. Можа няхай бы ўзяў машыну? Хіба я адзін устаю супраць такіх, як Сцяпан Макуха?
Потым я ўзлаваўся на сябе. «Якога ліха не ўстаю? Хіба я адзін? А тыя людзі, што кожны дзень ходзяць на работу, стараюцца хутчэй кончыць сяўбу? Колькі тых гультаёў у калгасе, добрых жа людзей у сто разоў больш. Дык чаго ж паддавацца? Трэба быць рашучым, непрымірымым да зладзеяў. Тады яны прыціхнуць».
Не ведаю чаму, але пра сваю размову з Макухам і пра сварку ўдзень я не расказаў Загурскаму. Мне хацелася аднаму, без старонняй дапамогі, навесці парадак у брыгадзе. Мабыць, гэтую маю слабінку адчувалі такія, як Хведар, Сцяпан Макуха і іх сябрукі. Яны ўсяляк стараліся насаліць мне.
Я адчуваў сябе, як на вулкане. Дзіўнае гэта было адчуванне. Мяне захапляла непрыкметная воку, але ўпартая барацьба. Яна радавала, прыводзіла ў захапленне, і ў той жа час я разумеў, што павінна нешта здарыцца, можа нават непрыемнае, пасля чаго дабро пераможа зло.
Неяк Загурскі сказаў мне: «Няхай Камарык прыедзе ў кантору, новыя скаты атрымалі». Я ўзрадаваўся, бо цяпер не трэба баяцца, што машына зусім стане.
Увечары Хведар прыгнаў машыну. Мы дамовіліся, што назаўтра раніцай паедзем па мінеральныя ўгнаенні, Але раніцай Хведара на калгасным двары не было. Ён знік, як да гэтага часта з ім бывала. Вярнуўся ён пасля снядання. Трэба было хутчэй ехаць у горад, таму я не вельмі прыглядаўся да машыны.
Дні праз два Данілава Шура запыталася у мяне:
— Кажуць, што Хведар памяняў новыя колы на старыя.
Я не хацеў верыць. Хведар, калі я запытаўся ў яго, пачаў лаяцца. Аднак пярэднія колы і сапраўды былі заменены. Я прыгразіў Хведару, што калі колы не будуць вернуты, дык перадам справу ў суд.
— Ну і перадавай,— агрызнуўся Хведар.
— Перадам, можаш верыць,— сказаў я, і мы разышліся.
Раніцай я прачнуўся ад прыглушаных галасоў. У нашай хаце сядзела Восіпіха, ліла ў тры ручаі слёзы.
— А мая ты сястрычка, а мая ты родненькая! Засудзяць жа яго, дурня, што ж я тады рабіць буду? Няўжо ж вы з сынам мяне не пашкадуеце. Не за яго прашу, за сябе…
Яна плакала доўга. Я, не вытрымаўшы назойлівага галашэння, уцёк з хаты. Але Восіпіха дачакалася мяне. Цяпер яны дзейнічалі заадно з маці: угаворвалі абедзве, каб я не аддаваў Хведара пад суд. Урэшце, я згадзіўся.
— Ну і добра. Чаго ты, дурны, лезеш? — сказала мне маці, калі Восіпіха пайшла.— 3 гэтымі Камарыкамі лепей не звязвайся. Яны на ўсё здольны. Ты іх лепей за сто вёрст абыдзі!..
А назаўтра, калі ўсё было ўладжана і ў Хведара толькі адабралі машыну, я забег у бальніцу праведаць Данілу. Ён сурова пазіраў з-пад ссунутых броваў, ківаў галавой.
— От жа чалавек наш… Яму шкоду робяць, а ён усё даруе. Такіх, як Хведар, дня ў вёсцы нельга трымаць.
Я збянтэжыўся. Праўда, чаму я паслухаў Восіпіху, а не сваё сумленне?
МАЛАКО ЧАЛАВЕЧАЙ ДАБРАТЫ
заканчэнне, напісанае Фрузай Салей
Я пазнаёмілася з ім на першым часе маёй работы ў калгасе. Было гэта ўвечары. Я сядзела ў бібліятэцы адна, чытала нейкую кнігу, здаецца, «Месяц і грош» Маэма. Мне было крыху маркотна, напэўна таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Чамусьці я чакала, што вось-вось, праз якую хвіліну, у бібліятэку павінен хтосьці зайсці. Гэты хтосьці будзе такі ж, як герой кнігі: чалавек незвычайных здольнасцей і такога ж незвычайнага характару.
Прызнацца, я вялікая фантазёрка. Я магу ўявіць якога-небудзь кніжнага героя, быццам ён жывы, прыпісаць яго рысы каму-небудзь з маіх знаёмых… На гэты раз усё было інакш.
Хлопец, які зайшоў у бібліятэку, не быў падобны на маэмаўскага героя. Сярэдняга росту, хударлявы, з прадаўгаватым валявым тварам. Густыя бровы, упартая складка ля рота, высокі лоб, які час ад часу наморшчваўся. А вочы добрыя, ласкавыя, з усмешкай. Калі ён убачыў, колькі ў бібліятэцы кніг, яны заблішчалі.
Звычайна, я нікога не пускаю за перагародку. А тут не стрымалася, запрасіла: «Праходзьце, калі ласка, пацікаўцеся кнігамі, можа што выбераце сабе». Ён прайшоў моўчкі. Я ўвесь час хацела распачаць з ім гаворку, але ён неяк адмоўчваўся. Пасля я зразумела, што гэта ад няёмкасці. Ён хацеў выглядаць салідным, цвёрдым, нават злосным, хоць быў, на самай справе, мяккі і добры. Мне было цікава назіраць за ім. Янка хадзіў між стэлажоў, часам браў якую-небудзь кнігу і падоўгу разглядаў яе. Мне хацелася зразумець, што яго цікавіць. Але кнігі ён браў без разбору, і гэта чамусьці засмуціла мяне.
Потым мы разгаварыліся. Здаецца, памог той жа Маэм і яго герой Гаген. Я нават прапанавала Янку стварыць перасоўную бібліятэку ў іх калгасе. Ён спачатку адмаўляўся, а потым неяк нечакана згадзіўся.
Пакуль ішла нарада, я выбрала з паўсотні кніг, найбольш тыя, якімі ён цікавіўся. Не ведаю чаму, але я з нецярплівасцю чакала, калі ён зойдзе.
Янка зайшоў нечым засмучоны. Моўчкі ўзяў кнігі і выйшаў. Праз акно мне было відаць, як ён адвязваў каня, як садзіўся ў сані: чамусьці вельмі хацелася, каб ён паглядзеў на акно, пры якім я стаяла. Але ён так і паехаў, ні разу не зірнуўшы ў мой бок. Гэта мяне засмуціла.
У тыя дні ў мяне яшчэ было мала знаёмых. Часам вельмі хацелася паспрачацца з кім-небудзь, як бывала ў тэхнікуме. Янка і здаваўся мне такім чалавекам, з якім можна цікава пагутарыць, паспрачацца. Можа таму я неўзабаве пайшла ў Зарэчча.
Як і раней, Янка больш маўчаў і слухаў мяне. Гэта і раздражняла і радавала. Маўклівыя людзі шмат думаюць, не вельмі стараючыся расказваць людзям пра свае думкі. А мне хацелася выведаць пра яго ўсё.
Пакрысе я даведалася, што Янка пісаў вершы, што ў яго ёсць запаветны сшытак, у якім ён апісвае сваё жыццё. Я таксама часам пішу вершы. Мы шчыра размаўлялі пра жыццё, пра справы ў іх Зарэччы, як самыя найлепшыя сябры.
Дзіўна, чым больш мы з ім размаўлялі, тым менш я разумела яго. Янка то здаваўся мне залішне ўзнёслым, то залішне маркотным і хмурым, то смелым і валявым, то кволым і нерашучым. Чаму гэта? Няўжо вінавата жыццё? Але ж Янка яшчэ толькі пачынае жыць…
Вёска мне не спадабалася. Было ў ёй нешта ад таго часу, пра які я чытала толькі ў кнігах. Калі я сказала нашаму старшыні, ён доўга не мог зразумець, пра што я кажу. Потым ён важна сказаў: «Абсурд! Такая вёска, як і другія». Але я не магла пагадзіцца. Не. Зарэчча нейкае іншае, быццам ускраіна вялікага і бурнага жыцця.
Тады я пайшла да Загурскага. Ён доўга маўчаў, слухаючы мяне. Я чакала, што і ён скажа — «абсурд». Але Загурскі ўсміхнуўся: «Назіранні ў вас ёсць. А цяпер трэба за справу брацца». «А што рабіць?» — запыталася я. Загурскі хітравата жмурыў вочы, барабаніў пальцамі па стале. «Па-першае, вы павінны ведаць, што ў Зарэччы шмат добрых, сумленных людзей. Вось і пачынайце з імі работу. Абуджайце ў іх прагу да барацьбы супраць дрэннага. Па-другое, не забывайцеся, што Зарэчча самая далёкая вёска, а людзі і там павінны адчуваць сябе так, нібы жывуць побач з вялікім цэнтрам. А там нават радыё няма. Вось людзі і стаяць адной нагой у заўтрашнім, другой ва ўчарашнім дні».
Толькі цяпер я ўявіла, як нялёгка Янку з яго светлымі марамі. Цяпер я ўжо не асуджала яго.
Я пачала хадзіць у Зарэчча. То кніг занясу, то пра лекцыю дамоўлюся, то вечар арганізую.
Аднаго разу праводзілі мы з Сітовым вечар. Я ўгаварыла задуброўскую настаўніцу Вольгу Аляксандраўну прачытаць лекцыю «Ці ёсць жыццё на іншых планетах?», а вучняў — выступіць з чытаннем вершаў, са спевамі. Вечар удаўся б, каб не адна прыкрая рэч. У хаце, дзе мы яго праводзілі, ёсць за печчу закутак. I вось там шасцёра хлопцаў пілі гарэлку і перашкаджалі нам. Я запыталася ў дзяўчат: «Хто гэтыя хлопцы?» А яны мне адказваюць, што галоўны закапёршчык у іх Восіпаў Хведар, па прозвішчу Камарык. Тады я сказала Сітову, што вельмі дзіўлюся, як гэта моладзь церпіць хуліганаў. Няўжо трэба выклікаць на вечары міліцыю, каб яна наводзіла парадкі.
Янка пачырванеў, быццам гэта яго пакрыўдзіла.
— Я сам пагутару з імі,— сказаў ён.— А то ў нас — як што, дык адразу ў міліцыю…
Ён знік за перагародкай. Спачатку там гаварылі шэптам. Потым мацней. Нарэшце, нехта грукнуў кулаком па стале, нехта закрычаў. 3-за перагародкі выкаціўся гурт — не разбярэш, хто каго б’е ці трымае. Потым паявіўся Янка.
Чацвёра хлопцаў моцна трымалі Хведара Камарыка. Ён усё вырываўся ад іх і брыдка лаяўся. Яго ўсё ж вывелі з хаты. Інцыдэнт быў уладжаны.
Потым дзяўчаты сказалі мне, што Хведар злосны на Сітова. Праз Янку ў Камарыка адабралі машыну. Цяпер ён мусіць хадзіць на працу, як і ўсе. Вось чаму Камарык хоча адпомсціць Сітову.
Расказы дзяўчат мяне ўзрушылі. Як гэта так: злодзей, якога злавілі на месцы злачынства, замест таго, каб адбываць пакаранне, пагражае сумленнаму чалавеку?
Назаўтра я пагутарыла з калгаснікамі. Большасць абуралася Камарыкам. Але як толькі я пачала гаварыць, што такога чалавека варта было б заклікаць да парадку, людзі адступалі назад.
— Ён жа адзін у маці. I так ёй не соладка…
— Маці пашкадаваць трэба…
— У вёсцы заўсёды хлопцы біліся, а каб ад гэтага каму дрэнна было, дык, дзякуй богу, не чутно…
— Пагаварыць з ім варта, але не ў горадзе, а тут…
Вось якія размовы пачула я ад людзей. У іх адчувалася і жаласць да чалавека, якога могуць арыштаваць, і спагада да маці, і абыякавасць да хлапечых сварак. Не было толькі аднаго: клопату пра тых, хто можа паплаціцца жыццём за людскую абыякавасць.
Я неяк чытала ў Шэкспіра, што нягоднікі выкормліваюцца малаком чалавечай дабраты. Калі я слухала зарачанцаў, дык мне хацелася сказаць: хуліганы кормяцца малаком чалавечай абыякавасці.
Мне было балюча за Сітова. Але ён пасмяяўся з маіх страхаў: «Хведар проста некультурны. Аскалёпак старога Зарэчча. Калі яго добра пашараваць, дык ён вунь як заблішчыць».
I ўсё ж я не магла супакоіцца. Пайшла да Чукрая. Той хмурыў бровы, доўга гладзіў круглую, як качан, брытую галаву.
— Не разумею цябе, Салей, хіба я яшчэ павінен думаць, як засцерагчы вечарынкі ад боек. Абсурд! Ідзі вунь да ўчастковага.
Участковы латаў бот. Адна нага ў яго была ў жончыным тапку, другая — у боце. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў мяне. Падхапіўся быў з табурэткі, паспешліва сарваў з носа акуляры з адной дужкай, хацеў схаваць іх у кішэню, ды не патрапіў: акуляры ўпалі на падлогу. Гэта зусім збянтэжыла і, мабыць, троху раззлавала яго. Быў ён чалавек немаладых год, амаль лысы, хоць яшчэ даволі маладжавы з твару. Я разумела: ён злуецца таму, што разгубіўся перад дзяўчынай.
— Слухаю вас. Рад служыць,— афіцыйна пачаў ён, крыху асвойтаўшыся.
Я расказала пра свае трывогі. Участковы доўга не мог зразумець, што я хачу ад яго, чаго хвалююся. Нарэшце ён усміхнуўся кволай усмешкай, у якой было і асуджэнне маёй трывогі, і іронія.
— Дарэмна, грамадзяначка, турбуецеся. Я тут дванаццаты год служу і — ніводнага смяротнага выпадку. А што фары наставяць, дык то не бяда. Хлопцы маладыя, здаровыя, ім энергію сваю няма куды падзець. Асабліва зімой. Спорт у нас не прызнаюць. Я ўжо Крываносу казаў: «Арганізуй ты ім бокс. Усё ж, разумееш, занятак, ды калі і разаб’юць нос, мяне клікаць не будуць». А Крыванос кажа, што трэнераў няма. Адным словам, грамадзяначка, не бойцеся.
У мяне крыху паспакайнела на сэрцы. А потым зноў закралася трывога. Не, думаю, трэба яшчэ ў райком камсамола схадзіць.
Дні праз два ў горад ехаў Чукрай. Я папрасілася да яго ў машыну. У райкоме мяне спачатку слухалі ўважліва, нават насцярожана, потым пачалі ўсміхацца. Відаць, зразумелі мяне. Ну так, я пакахала хлопца, але я не таму паехала ў райком. Я адчувала, што ў Зарэччы наспявае злачынства, і хацела папярэдзіць яго.
Я трохі гарачылася, таму мае довады былі непераканаўчыя. I ўсё ж я прымусіла сакратара Сашу Выгадку паабяцаць, што ён паедзе ў Зарэчча і сам пераканаецца, якая там стварылася атмасфера.
Дамоў я вярнулася позна. Ужо цямнела, калі прыйшла ў бібліятэкў. Запаліла святло. Бачу — на падлозе канверт. Нехта падсунуў яго пад дзверы. У канверце лісток у клетку, а на ім некалькі паспешліва напісаных слоў:
«Прыязджаў па цябе. Сёння ў нас вечарынка. Хацелася, каб ты перад пачаткам прачытала тую лекцыю, што чытала ў Халябах. Шкада — не застаў. Будзем самадзейнічаць. Іван».
Не ведаю, чаму, але мне здалося, што няшчасце здарыцца ў гэтую ноч. Яна была цёмная, імглістая. Над вёскай вісеў густы туман.
Мне не сядзелася ў чытальні. Штосьці непакоіла. Я зачыніла бібліятэку на гадзіну раней. Але і дома не знаходзіла сабе месца.
Разбудзіў мяне нецярплівы грукат у дзверы.
— Хто там? — пачуўся гаспадынін прыглушаны голас.— Спіць яна… Заходзьце… Фруза, да цябе тут, з міліцыі.
Я ўскочыла, як апантаная. Накінуўшы халат, выбегла ў залу. Там у заляпаных гразёй ботах стаяў участковы.
— Што з ім? — крыкнула я.
— А я думаў, вы не ведаеце. Мне на пару слоў…
— Што з ім?..
— Яшчэ не ведаю. Вярхом на кані прыскакаў хлопец. Вось чакаю з горада следчых. Мне з вамі пагаварыць трэба…
У мяне ўсё круцілася перад вачыма: участковы ў мокрым плашчы, гаспадыня, якая калацілася ці то ад холаду, ці ад непрыемнага паведамлення, вялікі фікус, печка, і толькі я нейкім чынам трымалася на нагах. Потым усё стала на сваё месца.
— Зайдзіце,— запрасіла я ўчастковага ў свой пакой. Мне хацелася распытаць пра ўсё больш падрабязна.
Участковы неахвотна сеў на крэсла. Толькі цяпер я заўважыла ў яго вачах неспакой. I раптам падумала, што яшчэ не было названа імя таго, каго забілі. Можа гэта не Сітоў? Напэўна не Сітоў! Чаму я падумала, што Сітоў?
Участковы выцер насоўкай твар, дастаў пачак «Прыбоя», пачаў закурваць. 3 мокрага плашча на падлогу сцякала вада. Пад ботамі таксама чарнела лужына.
— Вы тады прыбягалі да мяне і пра Сітова трывожыліся. Я вас, таварыш Салей, дужа буду прасіць, каб не гаварылі, што тады прыходзілі да мяне… Мне праз два гады на пенсію… Цяпер разумнейшы буду.
Я не магла зразумець, пра што ён кажа. Якая розніца: прыходзіла я да ўчастковага ці не, калі не магла зберагчы добрага хлопца.
— У нас, ведаеце, таварыш Салей, строга. Калі цябе папярэджвалі, а ты вушамі хлопаў, гэта, ведаеце, як інкрымінуецца? Тут паблажкі не чакай. А ў мяне ніводнага спагнання. Дык я ўжо буду вас прасіць…
— Добра,— закрычала я.— Толькі вазьміце мяне ў Зарэчча.
Здаецца, ён дзякаваў. Мне было брыдка. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага цавучыліся іншыя. Потым падумала, што вінавата і я сама. Навошта было бегаць, даказваць, што злачынства наспявае. А хіба я не магла папярэдзіць яго? Магла. Вось яна, наша дабрата, наша нядбайнасць!
Івана Сітова моцна паранілі. Праз ноч яго адправілі ў бальніцу. Я паехала на санітарнай машыне. Янка ўсю дарогу быў непрытомны. Потым я сядзела ў прыёмным пакоі, а недзе наверсе ўрачы рабілі аперацыю. Час цягнуўся марудна. Здавалася, што стрэлкі назаўсёды спыніліся на жаўтаватым цыферблаце. I ўсё ж, хоць дужа спакваля, наступіла світанне. Абуджалася бальніца. У прыёмны пакой прывезлі яшчэ хворага. Я бачыла ўсё, як праз густы туман.
Здаецца, апоўдні, калі сонца ўжо свяціла ў адзінае акно пакоя, мяне паклікалі.
— Зайдзіце да ўрача,— сказалі мне, і я спалохалася.
Ішла, адчуваючы ў нагах нязвыклы цяжар.
— Вы хто яму будзеце? —- запытаўся ўрач.
— Таварыш,— адказала я.
— А-а-а… Ды вы не хвалюйцеся. Я думаў, жонка, дык дазволіў бы зайсці.
— Як ён?.. Таварыш доктар, дазвольце мне зайсці. Я толькі на хвілінку.
— Будзе жыць,— сказаў урач.— На жаль, дазволіць не магу. Каб вы былі радня.
— Таварыш доктар… — я не магла гаварыць, але вочы, мусіць, сказалі за мяне ўсё.
— Добра, зайдзіце, толькі ненадоўга.
…Я не адразу ўбачыла Сітова, можа таму, што ляжаў ён ля самых дзвярэй. «Фруза»,— пачула я чыйсьці ціхі голас і ўздрыгнула ад нечаканасці.
Янка быў бледны, бо шмат страціў крыві. Мне здалося, што за гэтыя гадзіны ён пасталеў, узмужнеў, а яго вочы страцілі юначую іскрыстасць — у іх адчувалася воля.
«Як ты сябе адчуваеш?» — хацела запытацца ў Янкі і не магла.
— Чаго ты, Фруза? — пачула я Янкаў голас, але самога не бачыла, бо ў вачах стаяў якійсьці туман.
— Ці баліць табе, Янка?..
— А вы, грамадзяначка, садзіцеся,— сказаў хтосьці і, узяўшы мяне за плечы, падвёў да крэсла.— I не хвалюйцеся, бачыце, жывы ён і хутка бегаць будзе.
Гэта быў высокі, хударлявы чалавек з падвязанай рукой. Ён сеў на ложак насупраць мяне і запытаўся.
— Як жа гэта яго?
«А сапраўды, як? — падумала я.— Як мы маглі дапусціць такое?..»