Цяпер —
Ці ў радасці згары,
Ці счахні ад адчаю,
Адчуй адно:
Ідзеш з гары.
Твой смутак залачае...
Ужо заняўся веташок
На макаўцы віхрастай.
Забудзь стажок і муражок
І ў сад чужы не шастай!
І сам сваім гадам
Гадзі,
Яны — як тыя госці.
А вёскі ўсё часцей,
Глядзі:
Пагосцішча,
Пагосце.
Яшчэ тваю сасну
Піла
Не кроіць на цалёўкі.
Узмах вясла,
Узмах крыла.
Чакае ўзмах рыдлёўкі...
Зняверцу-роспач пратуры:
Азёрна,
Борна,
Гойна!
Далёка бачыў на гары —
Ідзі з гары спакойна.
Нам перадаць імкнецца час
Усе свае прыкметы,
Пакуль пад сонцам
Круціць нас
Ганчарны круг планеты.
Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай,
Добры сон паўторыць
Той начлег:
Светла прачынацца ў хаце сцішанай,
Вестку чуць ад мамы:
— Выпаў снег...
У чым жа існасць існавання,
Суседства з існасцю — быцця,
Быцця свядомага — жыцця?
Здагадак чаўнакі снавалі,
Саткалі капу забыцця,
Каб захінуць ёй
Шлюбны ложак,
Вясельны і хаўтурны стол.
Сагрэлі ўзор давер валошак
І снег, што ўснежыў вечны дол.
Ці ўзважылі зямлі патайнасць
Рыдлёўкі даланя,
Лямеш?
Пакуль жывеш,
Датуль пытайся.
Пытаннем сутнасці жывеш...
Утаймаваўшы агонь,
Разняволіўшы атам,
Перамогшы звера ў сабе,
Ад нябесных пазбавіўшыся апек,
Да чалавецтва ідзе чалавек
Ад самога сябе дэлегатам...
Быць заступнікам перад атамам
Просіць свой век.
Плылі спрадвеку пехатою.
Пагляды лашчыла руно
Жаданае і залатое —
Рунела рунь...
Сахі стырно
Трымалі моцна.
Заплывалі
За вечаровы небазвон.
Люлялі. арганаўтаў
Хвалі
Перастаялых баразён.
Карэц каравай даланёю
Трымалі
Працы каралі.
Рабілі з небам іх раднёю
Крутыя крылы араллі.
У полі
Сеялася заўтра.
Кляліся небу перуном
Ушацкіх гоняў арганаўты.
Зямля рунела ім
Руном.
I
Няма хвілінкі,
Каб навальніцца.
Знойдзецца праца
І ў навальніцу:
Даюць батрачцы
Анучы лапіць.
Што гром злуецца —
Шукае лапаць?
II
Ад страху золка,
Ад жаху хмарыць:
Можа ў іголку
Пярун ударыць!
Згубіць бы йголку
У пуні, ў сене.
Пярун гразіцца —
Трасуцца сені.
III
Бяды хапіла.
Быў свет пямілы.
Яна з іголкі
Сям'ю карміла.
IV
Ці бліскавіца
Жагае ў хатку?
V
Ці мама ўдзявае
Нітку ў шаршатку?!
З маладой ляшчыніны
Будзе вудаўё.
Свет табе расчынены —
Забірай сваё!
Будзе кладка рыпкаю,
Будзе лёд і жвір.
Залатою рыбкаю
Выхітрыцца вір.
Будуць юшкай хмарыста
Трызніць саганкі.
Будзе ўдача скнарыста
Абрываць кручкі.
Вобмелі, заглыбіны
Нераст абвядзе.
Будзе след ад рыбіны
Ў маладой вадзе.
Не глядзі зняверыста,
Пазірай задзірыста.
Будзе рыбе нерасту
I надзеі – вырасту!
Пах вечаровага жытла
На цішыні настоен.
Схіл паўтарае
Хіб вала.
Спакойны вол настрою.
Ён абагнаў загоны дня
І зараз на папасе.
Жаданы выган — цішыня
Прымае ўсіх па часе.
І двор, і кол —
Пасецца вол,
Спакою вол рахманы.
І свет, здаецца, ўвесь —
Наўкол.
І вышыня — ля хмары.
І саганок, і таганок
Змрок свойтае паволі.
І толькі
Стомы ціхі крок
Яшчэ пыліць у полі...
Мы дамоў вяртаемся,
Генадзь,
Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі.
Лепей на зямлі бацькоў
Канаць,
Чым раскашавацца на чужыне.
Смутак раптам гляне з-пад рукі —
Засклыгочуць нервы
І рысоры,
Смутак —
Быццам вёска Петрачкі
Па дарозе на твае Расоны.
Доўга слаць яшчэ нам
Лён турбот,
Бачыць праз бяроз адліжных
Строі
З верацёнамі ялін
Завод,
Што прапах вятрамі
I кастрою.
Нашыя правіны
Замалі,
Край бацькоў,
Світальнаю зарою.
Прыцягненне
Віцебскай зямлі
Мы адчуем
Пад зямлёй сырою.
Бацькаўшчына,
Дзедзіна,
Вырай смутку — спадчына,
Доляю адведзена,
Злом пералапачана.
Дзён сівое прадзіва
Ніткаю суроваю
На сцяжыну прадзеда
Памяць выкіроўвае.
Пойдзеш той сцяжынаю,
Як рачулкай плытнаю,—
Родны край з чужынаю
Ані пераблытаеш!
На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле,
На сцэне ўборы маёй матулі
І песня яе —
Каларыт фальклорны.
І ў век нейлонавы,
Век маторны
Хачу, каб песню маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Нe толькі са сцэны,
А ў хаце — блізкую —
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.
Позірк вымгліу туман стамлёны,
Скроні выбеліла асака.
Задрамаць не даюць страмёны
Хмарагрывага рысака.
Як завецца ён —
Лёсам,
Таланам
Ці адчаем маім?
Але
Толькі мчаць бы на ім,
Раззлаваным,
Дзень вітаць у крутым сядле.
Апантана жыццю адданы,
Мушу ўсё я прачуць спаўна,
Каб Яго Няўмольнасць
Загнаны
Час
Адчула мая спіна...
Запыталка-дражнілка
Былая,
Малая...
Пытаць навучыла
Бабуля Малання:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?
— Была-была!..
Адказ немудроны.
Спытаць магчымасць
Была —
Сплыла...
Да бульбы варонай
Закраса — брусніцы.
Сарокай,
Варонай
Маленства прысніцца.
Маленства прысніцца,
Туга праясніцца.
За прасніцай мама —
Баліць паясніца.
Мне соладка спіцца,
Мяцеляцца спіцы.
Гудзе калаўрот —
Юных год
Калясніца...
Каб зноў тых
На год
Сто нагод
Падражніцца:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?..
Лёд зялёны, сцюдзёны,
Кладку памяці вымасць
З нябіткага шкла.
Была...
Каб лісток —
Галýтай
Восень перастоіць.
Сек імжакай лютай
Сівер, як трастою.
Роспачлівы выбух
Белага застолля
У азёрных шыбах
Стоена застогне.
Маладая скруха
Перагаладае.
Вусцішна і глуха
Перад халадамі...
Не працэджан хмар сырадой.
Ці не купіны закурэлі?
Ступні сталі
Карой цвярдой —
Ад сырой зямлі закарэлі.
Пальцаў скручаныя карані
Намясіліся гною, гліны;
За сыноў
(Божа іх барані!)
Ногі матчыны
Мацалі міны.
Не да сноў —
Сны вяртаюць зноў
Допыты,
Катаванні,
Расстрэлы.
Паправодзіла ўсіх сыноў —
Аніводнага
Не сустрэла...
Не расце трава забыцця
Над балючым карчом —
Пад крэвам.
Захавальніца дрэва жыцця
Стала дрэвам...
Не мне чакаць лагод-выгод,
Калі пачну,
Як тыя знічкі,
Перабіраць ружанец год.
Не з мурагом падвялым брычкі,
Што не адчулі шпал пагонь,—
Мае гады —
Як электрычкі:
Скачу ў вагон,
Нібы ў агонь.
Мне не змяніць
Свой нораў,
Звычкі.
Хоць крыжам ляж на палатно,
Прамчацца свістам —
Ім лацно!—
Мае гады,
Як электрычкі...
Я ім не ўгароджваў загонаў.
Не цішыў разбег імклівы.
І зоры мелі за гонар
Дзядамі ўплесціся ў грывы.
Бакі не зазналі лейцаў,
Падкоў асцярогі — ногі.
За мной не хадзілі ўлегцы,
Цягнулі цяжар знямогі.
Я іх не кілзаў ніколі,
Сцярог ад абраз i тлуму.
Як некалі з князем —
Коней,
Са мной пахаваюць
Думы.
Хаця і запісваць
Анкета раіць
Па выбару
Родную мову...
Хто бацька, хто маці?
Умоўнасць старая!
Нашто ЭВМ
Звычкі нейкага краю?
Ссумуе — і лічба гатова!
Нязломнай прайшла
Праз катоўні, падвалы
Канкрэтна
Умоўная мова,
Во прагу да праўды
Трымала трывала,
Сяброў шанавала,
Сябе захавала,
Каб гордае, крэўнае слова
Крылата магло —
Без нападак і звадак! —
Світаць
На штандарах чырвоных,
Каб ленінскай веры.
Наказ без аглядак
Нашчадку свайму
Перадаць мог нашчадак
На зорных братэрскіх загонах.
...Стамлёны ад спрэчак,
Ласкавых прымусаў,
Народнага досціпу хрэснік —
«Как говорят у нас, белорусов..
Твардоўскі любіў падкрэсліць.
Не расшчодрыцца,
Не раздабухаецца —
Вёска скупая,
У ногі нікому не бухаецца,
Піцуе з відна да відна,
Вайна не вайна —
Вёска не адступае,
Адступаць няма куды.
Прымакамі
Урадлівыя дні з праснакамі,
З прысмакамі.
Спрадвеку драўляная,
Як і дрэвы, ў зямлю ўрасла.
Жыве яна
З хлебадайнага рамяства.
Не да прыхарошвання,
Не да хараства!
У вёскі такая
Сялянская ўхватка:
І пралля, і ткалля,
Ратайка й салдатка.
Град бобам,
Пот — градам.
Травеюць грады.
Пакуль з горадам
Грані сціраюцца,
Прахопліваецца ўранні —
Да цямна стараецца.
Нібы шыпячых зычных збег,
Спакойны, сыпкі
З самай раніцы
Спадаў на сцежкі
Ціхі снег,
Баяўся аб ігліцу зраніцца...
Сачу — як прашчур —
След бяды.
Зайшлося сэрца ў ціхім верадзе
Перада мной
Ідуць сляды
Сабачыя
ўперадзе...
Ці прытулку шукае душа чыя?
Чаго ўслухаецца цішыня?
Захлыніся,
Турбот гайня!
Спакоем мяне сустракае
Ушаччына.
А дзе мой прытулак?
Зязюленька шэрая
За вечным борам.
З кім журбой павячэраю?
Ці мне ў сабе,
На сабе — як смаўжу —
Насіць гэту хату
З запалымі бёрнамі,
Дарогу ў выбоінах —
На Забораўна,
І смачна прыжмураную імжу;
Спакой, што на сітцах
Прасейваюць конікі,
І кветку-слёзку на падаконніку,
І гэту трывогу, якой даражу?
Шлях Млечны — прасекай.
Аблокі — яміны.
Сляды ад вялізнага настала.
А можа, змятаюць рукі маміны
Крошкі хлебныя са стала?!
Заход заламаў аблачынкі брылёк,
Замроена промні лятуць у вуллі.
На сонны мурог
Я спакойна прылёг —
Здалёк
Мяне ў прыцемак сцежкі вялі.
Туман-тугадум ахінуў паплавы.
Па-свойску мураш запаўзае ў рукаў.
Куды ж так імчаўся
На злом галавы,
Каго я гукаў і шукаў?
Не згасне ён,
Світальнай зоркі ўзбліск,
Як, злосны космас,
Ты яго не мглі,—
Вянчае зорка
Зорны абеліск
Зямнога подзвігу
Маёй зямлі.
З кожным годам —
Больш выгод:
Лес са шчодрай жменяй.
Больш ільгот,
Але штогод
Ветэранаў меней.
Нарасло
За столькі год
Праўнукаў i ўнукаў.
Боль,
Нязвыклы да выгод,
Ва ўспаміны грукаў.
Паступова да святла
Вывелі з падвалаў.
Прага да жыцця
Вяла,
Вера гадавала.
За гады
Сплыло вады
І паперы многа.
Пружыць нерваў правады
Слова «Перамога».
Дбае кандыдат пра тэст,
Тэма:
«Ветэраны».
Ды пратэз,
Нібы пратэст,
Хрыпне вечарамі.
Дасць, як трэба,
Сельсавет
Шыферу,
Фанеры.
У прэзідыум —
Як след —
Просяць піянеры.
Б'юцца сны ў накатаў столь.,
Вам у вырай рана,
Радасць
І пякучы боль —
Ветэраны.
Свой лес — свае зайцы.
Закон, здаецца, просты:
З кары
Мудры карцы
І набіркі — з бяросты.
Дуг прагнасці не гні,
Паганскі дух не нішчы.
Улада цішыні
Трымае каранішчы.
Шануй хвальбу хваін,
Мальбу глухога ляда.
У лесе будзь
Сваім,
Патрэбным, як спагада.
Свой лес,
І ў ім ваўкі
Такі
Не усе звяліся.
Гадзюкі у клубкі,
Сіпучыя, звіліся.
Свой лес — свой гнеў,
Свой сум.
У чысціні ратоўчай
Ты — наняты,
Лясун,
Не лесанарыхтоўшчык!
Эфір, нібы даспелы луг,
Дзе вольна Нёману і Гаўі,
Высакамернасці мятлуг
Не змарнатравіць разнатраўя
Тут раўнапраўя горды дух!
Звінець, антэніцца травінцы,
Навін чакаць, нібы расы,
Сусвету слухаць галасы
Зялёназвесненых правінцый.
Пазнання дрэва вольнакора
Галініцца ад завірух.
І хвалі радасці ці гора
Штохвілі скалынаюць луг...
Смaлiлi ў цябе
Вайны перуны,
Спазнаў паклоны,
Запомніў праклёны.
Ды не адстала ні карыны
Ад цела твайго,
Зялёны!
У хмурыне чупрыны
Дазволіў ты
Раскашавацца зорам,
Каб хцівасцю ўсмяглі
Злыя раты,
Зайздроснікі ўспомнілі сорам.
Сыноўняму сэрцу
Балюча люб,
Каранаваны кронай нязгіннай,
Край мой спаконны —
Азімы дуб
З выпаленай сэрцавінай.
Не крыўдуй, край лясны,
Я пазбаўлен даверу
Успамінам суровым,
Што ад жаху лядовы:
Гэта сосны адны
Над абрывам кар'ера
Ці над вырытым ровам
Заложніцы-ўдовы?..
Не будзе суціху
Ліху —
Паліцай застрэліў бусліху,
І вёска гарыць, і
Буслова
На ліпе гняздо.
Хоць бы слова
Мог выгукнуць хто,
Хадзіла
Тры дні,
Тры начы
Магіла.
Наноў развязаўся лілай
Карэння ўпірысты вузел.
Смутак, паціху клыпай,
Няхай не пудзіцца бусел...
Зямля, хто купа сухая.
Чаго клекатун клякоча,
Падпаленым крыллем махае —
Пажар
затушыць
хоча?..
Зноў яна,
І зноў вайна
Крывавіць бінт экрана,
Звяно злучае да звяна —
Звініць ланцуг парваны.
З дратоў і кратаў
Злы ланцуг —
Ён мой спакой кайданіць.
Гадоў маіх забытых цуг
Уваскрашае здані.
Ані прагнаць,
Ні замаліць —
Няхай каму старая,—
А мне баліць,
А мне смыліць,
А мне вайна страляе!
У ранішнюю цішыню
Віцебскага музея
Зайшоў я
І ўпершыню
У вочы зірнуў ім.
Нямею
На момант які,
На міг,
Яны на мяне звычайна
З пажарышчаў год нямых
Глядзяць нямымі вачамі.
Звычайныя юнакі
Як быццам...
Ды ў злых паставах...
Яшчэ не выюць ваўкі
Над імі ва Ўшачах,
Паставах...
Па-летняму рукавы —
Як вострыя кіркі,
Локці.
...Між намі
Жаху равы,
Драты з'іржавелыя
Злосці.
Яны яшчэ ў той сяўбе,
З якой курганеюць гоні.
Яны старэй за сябе.
За іх
Я старэй сягоння...
Ішлі—
Засталіся тут,
Яшчэ маладыя,
Худыя.
Глядзяць на сляды пакут...
Вочы падзець
куды ім?!
І
Анатоль Анікейчык,
Па дысцыпліне — двойка!
Да дырэктара з бацькам прыйдзеш!
Як не быць настаўніцы ў крыўдзе —
Натварыў шкоды:
Вырваў старонкі
З журнала першага класа
Ушацкай сярэдняй школы
Сорак чацвёртага года.
Цяжка паварушыць старое.
Не адарваць старонкі
Ад умуражэлай аблогі —
Апалі,
Як нямыя аблокі...
Па гулкіх старонках —
Чыгунных плітах,
Жалобаю апавітых,—
Пераклічка.
Праз трыцдаць гадоў.
Незагойная памяць жывая
З блакаднага забыцця вырывае
Імёны бацькоў i братоў.
Першакласнікаў колішніх —
Імёны помснікаў
Шаснаццаці партызанскіх брыгад.
Зноў
Дротам калючьш колешся,
Здзічэлы агрэст прыгад?
II
Іржавець у балючай зямлі
Адсырэлым набоям.
Прозвішчы пачалі
Ападаць глухім лістабоем:
Аўдошка, Апёнак,
Бурак,
Грак,
Дук, Дзярыба,
Жаўранак, Жарнасек,
Лукашонак,
Кабяк, Карабань,
Лабань, Люцько,
Мамяка,
Роўба,
Смаргун,
Цвяцінскі,
Якута, Ярмош...
Пакута,
Сябе ў журбе
Змож!
Ціша цяжкая
У смутку журыцца.
Рэха гукае
Балоты, ляды...
— Хто сёння дзяжурны?
Час адказвае:
— Усе пайшлі на прарыў блакады...
Болем цягне
Ад кожнай імшарынкі.
На прагаліны
Галы лясы.
Б'юцца ў неба
Лясныя жаўранкі —
Змоўклыя галасы...
III
Звугалеў алфавіт
Ад жудасці анямелых пліт.
Пліты,
Нібыта плыты
На крывавых тваіх вірах,
Вайны апраметная...
Зноў на мяне наганяе страх
Арыфметыка!
Лічыць не бяруся,
Во ў скрусе
Баюся зблытаць
Учарнелыя пліты
Па ўсёй маёй Беларусі.
Трымае памяць мая няшчадна
Імёны ў мулкай ссабойцы.
Пліты...
Пліты...
Па іх вучыцца нашчадкам
Азбуцы нянавісці да забойцаў!
А, як ішоў дадому тата
З атрада —
Чуў я за вярсту.
Казаў, бывала, сумнавата,
Што гледзячы на лес расту...
Мне памяць
І дагэтуль паліць
Па-партызанеку кемны урок:
— Адзінка —
Бачыш гэты палец,
Якім я цісну на курок...
З лагодным паўтараў дакорам
— Навуку, шалапай,
Ляйцай.
«А» —
Слуп з падпорай,
На каторым
Павешаны быў паліцай...
Пракуранага пальца порух,
Вачэй цяслярскіх
Сіні гнеў.
Ігліцай хрупацеў мне порах,
І гільзай
Жаўранак звінеў...
Век мой,
Не дужа багаты падзеямі,
Ад сінізны
І да сівізны
Рэзка
На два адрэзкі
Падзелены:
Вайна —
І пасля вайны.
Змашкою чай круты ўпрыхруску.
Сто грам закусваем агурком.
Нам камсамольскую нагрузку
Паходны ўскульвае гарком.
Не схімнікі —
Грахоў замольцы,
Скіт будаваць прыйшлі ў тайгу,
Намеры маем,
Камсамольцы,
Усіх вякоў прагнаць тугу!
У золь вядзьмуем над капотам,
Зайздросцім — з фарамі! —
Саве.
Пасля ўсё гэта
Нехта
Потым
Рамантыкаю назаве...
Я сэрцам іх слухаў —
Не вуха крайком.
Быў год для Радзімы суровы.
Над лесам маім.
« Камуністы»,
«Райком» —
Світалі вятрыстыя словы.
Ішлі не за ордэнам,
Не за пайком,
А просьбу,
Як грозьбу крутую,
Няслі землякі ў партызанскі райком:
— Пашліце на перадавую!
На дрэве даверу,
Малы чаранок,
Прыняўся я — зло не скрамсала.
Салдат, што сказаў мне
Ласкава: «Сынок»,—
Ён быў
Камуністам таксама!
Надзея
Жагнала мяне скразняком.
Не мне па дарозе з маною.
Ён мой,
Ён са мной,
Партызанскі райком,
Мае камуністы —
Са мною!
Не той камуніст,
Што кашулю рыўком —
І ў грудзі сябе кулакамі.
Сумлення пароль:
«Камуністы»,
«Райком»
Світае над мацерыкамі!
Лжэпрарокі
Сцісніце пашчаў рэзгіны!
Досыць
Зямля ад войнаў дрыжала.
Планета нявесціцца,
У планеты хрэсьбіны —
Нараджаюцца
Маладыя дзяржавы.
У навароджаных імёны мудроныя.
Геаграфія,
Памяць прадзьмі скразнякамі!
Час немаўлят бласлаўляе
Ракетадромамі.
Павага ўсміхаецца,
Недавер знікае...
Закройшчык —
Эпоха.
Карта кроіцца:
Каму — на «максі»,
Каму — на «міні»...
Што, метраполіі,
У лада мроіцца?!
Параскашуйцеся ва ўспаміне!
Памяць развітваецца
Са згадкамі горкімі.
Забываецца звон ланцугоў
Іржавы.
Вольныя,
Пад шчаслівымі зоркамі
Мужнейце,
Маладыя дзяржавы!
Боб-гарох не малочаны,
На ток не валочаны.
Рэкі крывавыя —
Не малочныя.
Дзе дым,
Дзе туман,
Дзе хіб валоўчыкаў?
Гэта ўжо кульмінацыя
Нечуванага ўціску,
Калі
Гаворыць кулямі нацыя,
Барыкадна
Падклаўшы кулі...
Не дужкі ставіць —
Узводзіць куркі
Карцела пальцам.
Бывай, зацішак!
Для засцянковых францішак
Радкі
Напіша іншы які
Францішак!
Чытай, грамацей,—
Ён Мацей Бурачок.
А на Мацея
Дарога пацее
Спіной мужыка,
Што спазнала дручок
І на бізун
Яшчэ мае надзею.
На караністай дарозе
Вазак
Цябе растрасе,
Таўстазадая ода.
Паэт — ён гарыць,
Як балючы гузак
На лобе абражанага народа.
Знявага
Вялікадзяржаўна ўрачэ,
Паэта радкі —
Ад упуду замова.
Народ жа
Саромеецца яшчэ
І мовы сваёй,
І сябе самога.
Двукоссі пасля!
Косы i тапары
Без знакаў прыпынку
Гавораць з панамі.
І дзецюкі Кастусёвы ў бары
Чакаюць тут жа,
За Жупранамі.
Хаця кароткія,
Ды святкі —
На Белай Русі
Днеюць белыя світкі.
... Нашчадкам паўстанцаў
Світайце, радкі.
... Бяроста бялей
За пергаменту звіткі...
Ты не шукала
Ціхі спрат —
Хай голас чуюць зоры!
Радзілі гнеў —
Крывавы град
Крывавыя разоры.
Не дзядзькам добрым
Быў твой век,
Не цёткай згаднай —
Доля.
Прайшла пад кпіны пратарэк,
Як крыўда,
Маладою.
Не бабін век,
Што сорак год,—
На цэлае стагоддзе
Табой прадоўжыўся народ
З нягодамі ў нязгодзе.
З такіх нязломістых народ
Трымаюць неба
Кручы.
Так
Кожным
Мусіць жыць
Народ,
Тады ён —
неўміручы!
Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Няўцям гадам
Крыху прыстаць у скрусе.
Звыкаю
Да ўсвядомленай жуды,
Што могільнікам памяці
Раблюся.
Усё часцей кажу:
Тады,
Калі
...імгненню затрымацца
загадалі...
...нагбом да рання
і каўшом пілі
не толькі мёд...
Спяшаю за гадамі.
Мне не сагнацца —
І тае бяды.
...Яшчэ паспее
запрасіць сырая...
Гады прывыклі
Да сваёй хады.
Я толькі ўслед
Удзячна пазіраю...
Песня маці чыёй балючэйшая,
Ці тваёй, ці маёй, пакутніцы?
Адкажы мне,
Галіна Бальчэўская.
Смутак мой ад мяне не адкупіцца.
Чыя каса
Бядой
Была?
Чыя краса
З вадой
Сплыла?
Ты — галінка абныла-крохкая
Дрэва наскага,
Дрэва песеннага.
Са жніва талака йшла —
З палёгкаю,
З ласкаю
Маладзік павесіла.
Табе знаёма
Журба
Вясла,
Дзе пакрыёма
Вярба
Расла.
Гора чула ты, ліха бачыла.
Каб зласліўцы твае адбрахаліся,
Сум спагодзіла песні матчынай
Галая на святло прагалінка.
Як у госці здарышся
Да крутой кумы,
Той, якую старасцю
Клічам мы,—
Вочы паказеліўшы,
Плечы не сутуль,
Памяці вузельчыкі,
Дзён хатуль
Развяжы не ўтаіста,
Выкладзь не ў хвальбе,
З чым жа ты вяртаешся
Да сябе!
Хто з няўтольнай смагаю
Малады заціх,
Раскажы з пава гаю
І за тых.
Раз цябе уважылі,
Сам не лезь на кут,
Над тваёй паклажаю
Тут прысуд.
Пнуцца вузкаплечыя
Да шырокіх лаў.
Часам месца нечае
Не заняў?
Жыву, як еду ў таксі.
Таксометр скроняў,
Уключаны ён,
Даўно — прасі не прасі —
Адлічвае шлях
Пад адхон,
На згон...
На поўдзень хацеў —
Хоць раз
Спачну, замяню аблыселы скат,
Прылёг —
Прасейвае час
Секунды
На сіце густым цыкад.
Я на суравеях крэп,
Таміўся
Да лютых зор уваччу.
Таксометр свой
Выключы, стэп,—
Я веку
За два канцы заплачу!
Кім стану я пасля,
Ці палыном, ці клёнам?
Каб што!
Мяне зямля
Зямным шчадрыла плёнам:
Дарогай аржаной,
Хмурынкай ільняною,
Сцяжынаю кружной
Да наспы пад сасною.
Не жыць, як набяжыць,
Каб дзень за дзень — i годзе.
Міг верай знабажыць.
Мой дзень — мае стагоддзе.
Кім стану я пасля?
Каб што!
Якое слова
З нябытнага былля
Мяне ўрачо нанова?
Што скажуць пра мяне?
А ці ўснамін сурова
Увагай праміне?
За ім
Святое слова!
Гатова ад веснавой красы
Сэрца жаўранкава разарвацца.
Безабаронна знікаюць лясы —
Даверу зялёнага рэзервацыі.
На бровы часу адчаю дах
Насоўваецца няўхільна.
Глушэюць вёскі,
А ў гарадах
Перанаселеныя магільнікі.
Ірвецца трос,
Што ад зор да рос.
Смех непадкуты
Даволі коўзаўся.
Папрок былы:
«Ці ты ў лесе рос?» —
Будзе гучаць як:
«Залётаўся ў космасе...»
Травейце, гароды,
Салют, гарады.
Гароды,
Вам оды
Складзём праз гады.
На кроквы вясёлку
Лірычна сагнём,
Укленчым пяколку
З рахманым агнём.
Уславім прысады
На ціхай вярсце.
Для смутку расада
У гародах расце.
Чалесніку шэрыць
Куродым
Чало.
І верыць
Не одам —
Гародам
Сяло!
Востры локаць выраю —
Востры боль.
Лес яшчэ задзіраю —
Хвост трубой.
З восенню адносіны
Так сабе.
Хмар перапалосіны
Шпак саб'е.
Небасхіл, плячыма хоць
Шавялі.
Сталі немагчымыя
Шчамялі.
Ходзіць ненажэраю
Ветравей.
Неба, бросняй шэраю
Не травей!
Чым цябе, высокае,
Ацаліш?
А вавёрка цокае:
«Цот ці ліш?..»
Як, неепакойны, спакоем заручышся?
Мяшчане моляцца
На гаражы і на страўнікі.
Па смяротнасці —
Не па неўміручасці! —
Пасля касманаўтаў ідуць настаўнікі.
Ім па гадзінах аплата сціплая,
На экзаменах — букецікі ў складчыну.
...Лучынка курылася,
Газоўка хліпала.
У людзі выходзіла
Мова матчына...
З торбачкамі,
З партфелямі,
З ранцамі,
Вачапоры,
Баламуты,
Накольнікі
Спяшаліся да Фадзея Францавіча,
Каб ранішнім словам назвацца —
Школьнікі.
Няўвагі. баяліся, праглі пільнасці.
Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі.
Як, мы, падшывальцы, са скуры лупіліся,
Каб быць
Любімчыкамі Фадзеевымі!
Беларуская мова,
Маўчання хвілінаю
Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў:
Як і ты, меў навагу,
Няспыннаплынная,
Да канкрэтных назоўнікаў —
Не да займеннікаў.
Блакіт абмерваюць крылы бусловыя.
Жыццю клапотна,
Буркотна рачулачцы.
Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я
Тады,
Калі Вы іх ужо не расчуеце.
Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны
Над Вашым спакоем
Нябёсы вернасці.
Хай будзе пухам
Зямля Ушаччыны,
Дзе Вам паўтарацца
Школьнымі вераснямі...
Райцэнтр мой партызанскі,
Пакуль што —
Рай птушыны.
След клалі ўпарты санкі,
Чытай арнамент шынны!
Не дужа верыш бегу,
Хлеб кроіш спорнай лустай.
Снег пахне на адлегу
Бензінам і капустай.
Калісьці ад эмоцый
Канаў шляхоцкі сеймік:
Хапала хэнці й моцы!
Цяпер хапае семак.
Твой голас не сталіцца —
На сіверах грубее,
Юначых сноў сталіца,
Спазнаў сябе ў табе я.
Крыху падмураваўся,
Зглух ад грымот і цішаў.
Ад вёскі адарваўся
І ў гарады не выйшаў...
Было спрадвеку, слова, ты
Крыніцай цудадзейнай сілы,
Што вызваляла з нематы,
Айчыны ніву каласіла.
Ты наталяла смяглы рот
І выкрасала ўдар грамовы,
Каб сам сабою стаў народ,
Пачуўшы гукі крэўнай мовы!
Некалі свет з прысветкам
Імкнуўся аб'ехаць,
А мама — дома, так быць павінна,
А мама, здавалася, вечнаю будзе.
Прахопліваюся зараз з прысветкам,
Каб мясціны выхадзіць пехаць,
Дзе маміны ногі помняць сцяжыны,
Дзе жаўранак сэрца
абрываецца ў перапудзе...
Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
Да галашэння...
I
Пскалі ў вочы досыць дыму!
Паэты пачынаюць думаць,
Асацыяцый караваны
Па ўсіх радках накіраваны.
Паэты пачынаюць думаць —
Пабольшала ў іх гаспадарка!
І словы
Жалудамі з дуба
У араллю душы спадаюць.
І прарастаюць там навечна
Расток радка,
Галінка верша...
II
Хай клопат свой раток
З гняздзечка прагна цягне —
Шануй, паэт, радок,
Не захлыніся ў багне,
У твані цішыні,
У бросні дабрабыту.
Нікога не віні.
Віноўнік ёсць нібыта?!
Хай штогадок ядок,
Няхай няма навару —
Шануй, паэт, радок
І не ашуквай мару.
Сам дбацьмеш аб сяўбе
І думаць пра дакоскі.
Прадумай сам сябе
Ад кропкі i да коскі.
Бо не па едаках
I жончынай саеце —
Нашчадку
Па радках
Цябе судзіць, паэце!
III
Паэты — вясёлыя жабракі.
Пакуль на пярынах дрыхнуць
Начныя ўкормленыя жарабкі,
Паэты кідаюць жэрабкі
На шчасце — выцягваюць рыфму.
Не смейся, не ў сейфе іх скарбы —
наўкол
Сузор'е, суквецце, сугучча,
Дол зрушыць драпежнай метафары тол.
Што чэк тленнавечны, сухі пратакол,
Пячатка — яе сургучнасць?!
Радкі ім нашэптвае пошап ракі,
А час на Браслаўях, Таймырах
Бярэ, быццам рыбіну, за жабракі.
Багаты вясёлыя жабракі
Даўгамі i зайздрасцю шчырай!
Пашлі сваю ласку
У сакрэтны дазор,
Каб крыўда яе не сустрэла,—
Глядзі на людзей
На адлегласці зор,
А не на адлегласці стрэлу.
Асветлены спрадвечнасці нябёсы
Святым святлом
Сузор'я родных моў.
След чалавецтва ў дымных росах,
Босы,
Вёў Паплавамі Млечнымі дамоў.
Вяшчуе шчасце
Зорка на выгодзе.
Шлях для надзеі
Зорыць у бядзе.
Хай на вятрах атухне —
Праз стагоддзі
Святло ў душу нашчадкаву ідзе...
У стане бязважкасці ў цяжкім скафандры
Нібы ў паўзунках немаўля.
Растала расплывістым кінакадрам
Маленькая кропка — Зямля.
Вагі тут не маюць
Турботы зямныя,
Пасады, чыны — мітусня.
А сэрца шчымлівай журбою
Заные,
Яно як-ніяк — земляня.
З маўклівым Сусветам
Застацца сам-насам,
Спрадвечнасці ўбачыць пагляд,
Расстацца на момант
З уладлівым часам,
З надзеяй вярнуцца назад.
Чым здзівіш Сусвет —
Ведамі, перавагай?
Яны тут ці маюць вагу?
Бадай-што, даверам,
Бадай-што, павагай
Ды верай, што скажа:
«Магу!»
Ад шчасця, ад тугі выццё,
Прычасце верай, забыццё,
Хмар прасвятленне,
Map шмаццё,
Знямога коласа, асцё,
Знямога тхла святла біццё,
Кассё, што скосіць, як трысцё,
Цябе і гэта ўсё —
Жыццё!
Ты ў ім, яно ў табе адно.
Ткуць суткі клопату радно.
Юнацтва светлая часта —
Расчыненае ў май акно,
Настрою пудкая расіна.
Юнацтва светлая часіна —
З падманам віравокім дно,
Не ў зладзе з ветразем стырно.
Юнацтва светлая часіна —
Расчыненае ў май акно.
Журавіны не ўзышлі...
Ка мне хлопцы не прыйшлі...
Тут чые правіны?
Глохнуць баравіны.
Моўкнуць жаўранкі.
Сохнуць імшарыны.
Іх калі
Такі ўраклі
Досвіткі
Ці выцемкі?
Хлопцы ў горад уцяклі.
Ручаіны выцеклі.
За якім раўчуком,
За равінкаю
Хто прытуліць плечуком,
Журавінкаю,
Заравінкаю
Назаве
На зялёнай,
На шалёнай
Маладой траве?
Плуг, пакінуты ў раве,
Журыцца па ворыве.
Крыўда нема зараве
Пa далёкім жораве:
— Янка сее кавуны,
А я — журавіны...
Быццам нічыёй віны,
Нічыёй правіны...
Раку-шчыруху
Разумею:
Ёй рупіць
Скруху
Зімавею
Скруціць хутчэй
У вір круты.
І — прэч з вачэй
Праз чараты,
Кусты,
Карчы
Да дня цячы —
Ад глухаты начы
Уцячы.
Няхай сабе
Адчай сапе.
Страх
У ярах
Даволі
Дрых.
На волю
Просіцца
крык
крыг.
Хлеб з соллю еш,—
А праўду рэж! —
Наказ,
Які не мякка сцеле.
Зразаецца й круты лямеш,
Спрадаецца й хлусні кудзеля.
У вочы праўду рэж,
Калі
Глядзець баішся праўдзе ў вочы,
Другіх папрокамі калі,
Трымай язык,
Як хвост сарочы.
Зручней пятлёю петляваць,
Чым рэзаць праўду
Прайдзісветам,
На пыцель плёткі пытляваць,
Дастаць суседа рыкашэтам...
На покуць,
На шчаслівы стол
Няхай пачэсна завітае
Хлеб чорны,
Чэрствы, як падзол,
І соль,
Як ветразя світанне.
Хлеб з соллю еш! —
І ў гэтым соль.
А ўдосыць хлеба наясіся —
Не прагні,
Збыўшы боль i золь,
Зірнуць,
А што ў ласейшай місе.
О, дудак прагнасці ігра,
Што чэраву на вуха пела:
Каб соллю —
Чорная ікра,
А хлеб —
Як хатні лебедзь белы!
З бяссмерцем на адной назе
Ля смаляное лавы славы
Лысеюць дабракі ў чарзе
І праўдалюбаў любяць нават.
Каб профіль дабракоў
Не знік
Зусім —
На ім
На той падставе,
Што i на мякаці мяснік,
Знак мяккасці
Iм варта ставіць.
О, дабракі.
Як кумпякі.
Ля лысін —
Кудзерак апенькі.
А праўдалюбец — ён такі,
Як ідэал юначы,
Ценькі.
Нішто загадаў дынаміт!
Як ні круці,
А праўдалюбцы
Не падыходзяць над ліміт
І ў розніцу не прадаюцца!
Суровы, увогуле, час —
Фотааматар вясёлы:
Акрас
Не шкадуе,
Якраз
Не бачыць у тым крамолы.
Спачатку румянец,
Сурма.
Ад колераў сэрца запела.
На многа не галься дарма,
Чакае ўжо твой чорна-белы
Адбітак будзённы жыцця,
Надзённаю працай суровы.
Час верне цябе з забыцця,
Чало пераснежыць i бровы —
Пакіне
Жыцця негатыў,
Што фарбаў не ведаў
Як быццам.
Каб мог
Жыццядайнасцю ты ў
Нашчадку наноў паўтарыцца.
Пакінь календары:
Дні — стахлаю саломай.
Бяры
калень дары,
Галіны рук заломвай!
Адчаю халахуп
Змяёй на юных сцёгнах.
Пал спалымнелых губ
Хай захлынецца ў стогнах!
Хай небасхіл калін
Світае над табою.
Ног жураўліны клін,
Вяслуй па лістабою!..
Сонца спее
жоўтай лотаццю,
ад нецярпення
пупышкі лопнулі.
Порстка раскручваюць
дубкі над кручамі,
у лагчынах ляшчынкі
першыя лісцінкі.
Працуе таропка
тэлеграф навальнічны:
працяжнік — кропка.
Маланка!
Клічнік!
Чуеш, у Тураве,
у Антопалі,
громам устураныя,
ліўні затопалі?!
Зірні, паслухай:
пад весялухай
ад Обаля ў пантоплях
патопамі
па-
то-
па-
лі...
Адрываемся ад зямлі
Самалётамі і ракетамі,
Клопатамі аднадзённымі
І сумятнёй пустой.
Раптам зрачэцца зямля,
Што без ласкі
Зімуе і летуе?
Зоры
Наўрад ці возьмуць
Нас да сябе на пастой...
Баюся старасці глухой,
Калі яна,
Сівая,
Нібы сланечнік над ляхой,
Твае гады ківае.
І асыпаюцца гады,
Як град засохлы
Доле.
А вецер —
Вісус малады —
Кпіць з невясёлай долі.
Жыць пакрысе,
Што нанясе,—
Нямудрае мастацтва.
Лёс незайздросны —
На лясе
У высадках застацца.
Слядзіў,
Ці пакідаў сляды,
Ці пяўся да карыта,—
Нібы на мытніцы,
Гады
Сваю спагоняць мыту.
Надзеяй
Як сябе ні цеш,
Што парыць дол зарана,—
Святлей ідзе ў зямлю
Лямеш,
Як веташок, з'араны...
Абрабаваныя курганы...
Скіфскім царам не соладка
І ў царстве вечным —
І тут яны
Спакойна не спяць з-за золата.
Не загадаеш сваёй вярсце
Быць доўгай.
Штогод перад жыццём расце
Апошні доўг мой.
Kacy, а ці булаву
Штоміг наўзгатове трымае
Скняга —
Ёй сваю галаву
Аддаць не хачу дарма я.
Штодня
Валтузня на таргу.
Мялее салодкі келіх.
Стараюся абдурыць каргу —
Ні на шэлег.
У даўгах,
Як елка ў суках.
Ірвецца, хоць не вяроўка,
Доўг — і пятлёй наўзмах
Абаўецца сурова...
Ластаўка —
Хата матчына,
Мне пад крыло страхі —
З д'яблам,
З анёлам у складчыну! —
Не надтачыць шляхі.
Зорамі не стлумачана:
Толькі — і больш нідзе! —
Ластаўка,
Хата матчына,
Добра ў тваім гняздзе.
Прэч
Злыбяда пашастае,
Хопіць святла начы,—
Ты аканіцай,
Ластаўка,
У сны мае
Свіргачы...
Дробненькі дожджык дый накрапае...—
Журыцца мінская радыёхваля.
Балтыка, зайздрасць твая сляпая.
Хмарныя хвалі
Сонца схавалі.
Выйдзі, дзяўчына,— сэрца чакае...
Можаш чакаць, як пагоды з мора.
Шалёнагубая, гулам цяжкая,
Б'ецца ў адчаі салоная змора.
Я ж тваіх ножак не замарожу...
Снежань, чаму не нагурбіў выдмаў?
Я ж твае ножкі ў шапачку ўложу...
Дождж пад піліпаўку, хто яго выдумаў?
Мжыцца ад Юрмалы да Лienai.
Балтыка, зноў з маразамі нязгода?
Дробненькі дожджык дый накрапае,
Грукае ў шыбіну Новага года...
Ноч сваталі бяды сваты —
Зрабілі курганом.
Зямлёй не стаў ты,
Храм святы,
Жагнаны перуном.
Край горды жахам не ўзялі,
Хоць зграй паўзло, як тлі.
Што ёсць ад роднае зямлі
Свяцей на ўсёй зямлі?
Палохаў вераю бадзяг,
Хлусні няміў раты,
У роднае зямлі ў грудзях,
Як сэрца,
Біўся ты.
Сынам даваў
І гарт, і моц,
Шлях бласлаўляў круты.
З нябыту ты ўваскрос,
Звартноц,—
Пазбыўся нематы!
З мора — змора.
Чаго вы, пчолы,
Паляцелі па дзікі мёд,
Дзе адрогам нагрэла чолы,
Вадаспад аглух ад грымот?
Вы з захмарнага лугу,
З логу
Неслі ношкі цяжкі спакой?
Стомлена
Да берага злога
Змоглых пчол
Прыбівае прыбой...
Я мройлівы позірк
На момант прымжу.
Няўжо не падкажа
Быліна,
Як дзёрзкаю думкай
Акінуць мяжу
Абсягаў тваіх,
Украіна?!
Фантазію,
Скаяса яна,
Паднапры,
Разветрыўшы ветразь павагі,
Плыві,
Як нашчадак славян,
Па Дняпры,
Пазбудзься
Дапытнасці смагі!
Паўсюль сустракаў цябе —
І не ўтаю! —
Ля стромаў Паміра,
Саянаў.
Я чуў
Жураўліную мову тваю
У голасе двух акіянаў.
Спазнала ты ў зорах
Быстру віража,
Сцяжына
Пралегла арліна.
Дык дзе ж,
Адкажы мне, нарэшце,
Мяжа
Абсягаў тваіх,
Украіна?!
Хапае прастору,
Каб зло заараць!
У гордай краіне —
Краіна,
Славянства зара,
Зорны дом Кабзара,
Вытока дабра —
Украіна!
Край вольны харашэе,
Але па ўсёй зямлі
Балючыя траншэі
Яшчэ не зараслі.
Кастроў не чахне прысак...
Спаўна спазналі вы
Смак рызыкі
І прысмак
Журбы парахавы.
Зенітак дым гаркавы
Туманам — на граніт.
Для зоркі вашай славы
Раз'ясніўся зеніт.
Яны ў адзін зліліся,
Праз сэрцы праляглі:
Чумацкі Шлях
У высі,
Збанацкі —
На зямлі!
Пагляд,
Абнашчыся сінечай.
Цвіці барвінкам,
Смелы след!
Паповіч на гары Чарнечай
Спявае з хорам
«Запавет».
Прыцішся,
свет,
Сусвет,
паслухай
Суладны спеў,
Уладны гнеў,
Кабзарскі гнеў —
Яго паслугай
Світанне днела,
Змрок багнеў.
Праходзілі, як сны,
Прарокі.
Ды жыў наказ,
Што даў Тарас.
Стагнаў i роў
Дняпро шырокі,
Спатоліў смагу
Зорных трас.
Непадуладны
Волі нечай,
Народ не церпіць
Кайданоў.
Паклон ад зор
Гары Чарнечай,
Зямны паклон
Зямлі сыноў,
Што іх выводзіла ў прасторы.
І зорны подзвіг —
Ён зямны.
Хай годна
З зорамі гавораць
На мове матчынай
Сыны!
Дзе тлеюць яны,
Вашы белыя косці,
Вялікадзяржаўнасці псы —
Шавіністы?
Хапіла пыхлівасці i велікосці!
А той,
Каму слалі вы шлях камяністы,
Паўтораны ў бронзе,
Планетачолы,
Маларасіец,
Былы прыгонны,
«Прыгонных» мае сам
Незлічона...
Добраахвотны прыгон ягоны!
Дарма скавыталі вы na Расіі,
«Единой
и неделимой»,
Са стала самаўладдзя косткі прасілі,—
Расія
Айчынай,
Радзімай
Стала
У братнім сузорным Саюзе!
Было вас,
Як дзірак ікластых, нямала
У самадзяржаўнай папрузе!
Прасіць прабачэння ў паэта
Я вінен,
Што вас прыгадаў міжволі...
Удзячна помніць
Аб гордым сыне
Сябрына ў вольным застоллі!
Старыя рыфмы —
На пераплаў,
Покуль не шмат начаканіў.
Бяры білеты на пароплав,
Прастуй па Днягіры —
У Канеў!
Зыркае бакен турысцкім значком.
Роўнядзь «Ракета» трушчыць.
Каб параўналі яе з каснічком,
Просіць вясёлка хітрушча.
Хвалі кіпяць,
Як смала ў сагане.
Кручы вясной замроены.
Чайка знянацкая сігане
Адчайным аксюмаронам.
Трывалы вады й бетону саюз,
Працаю гартаваны.
Важка, аднак, апускаецца шлюз,
Быццам фіранка ў ваннай.
І, як стаеннік злым капытом,
Мклівісты хуткаход наш
Б'е, нецярплівсц,
Упартым вінтом —
Палубе дужа дрыготна ж!
Дзе тая рэдкая птушка,
Дняпро?
Нешта ты ўз'юшана трос нас.
Экскурс дасць потым
Экскурсбюро.
Мчыць нас «Ракета» ў космас?
Дняпро,
Ты дзівосны i ў гэты раз —
Ашчодрыў вясновай ранечай.
Спыніся, Час,
Нас вітае Тарас
З захмар'я
Гары Чарнечай...
Даліны ўтрапёныя ў хмарах кудлатых.
Шчырэе сцяжынка-паломніца.
Рака вінавата ўцякае па скатах —
Ніяк ад жуды не апомніцца.
Навіслыя скалы —
Залобкіпалацаў,
Узведзеных гор гаспадыняю.
Прастор перунам і вятрам разгуляцца,
Спаліць небасхілаву лінію!
Усё для яго тут жыло і спявала.
Спакой атуляў, як у Вішневе.
Грымелі адчаем харалы абвалаў
Каханню яго і Ўсявышняму.
Журба калыханкі і жніўная скруха
Самотлівым сэрцам валодалі,
Ныў клёкат арліны...
Ды ён не даслухаў
Апошняй мелодыі...
Аглушаны камень,
Нібы бліскавіцай,
Балюча сашрамлены датамі.
Наклікаць абвал вадаспад не баіцца.
Прыцішыўся час непадатлівы.
Зара неспакою гарыць не згарае.
Трывогаю хмары гартаюцца.
Маленства вятры
З Беларускага краю,
Як хвалі, ўспамінна вяртаюцца...
Дух вандравання,
Ненажэрца,
Не можа звыкнуць
Да жытла.
Ці выкругліў туман
Азерца?
Дыміцца чаем
Піяла!
Хто шчодрай жмені
Рух забудзе?
Яму ўздалі
Вякі хвалу.
Тугі гранат,
Каханай грудзі —
Трымаюць так
І —
Піялу!
Зялёны сум
Апаў глыбока,
Імгла
Далёкага сяла.
Журбой
Напоўненае вока,
Тугой па доме —
Піяла...
Ты ў маленькім сваім кулачку
Не ўтрымала — пусціла на волю
Разламаны гранат Баку,
Той начы не забуду ніколі —
У якім я ні буду баку —
Разламаны гранат Баку:
Зоры ў небе,
І зоры — доле!
Закрачаны я праменнямі.
Грэх цёмны святлом дараваны мне,
У сэрцы смутку паменела —
Радасць звініць караванамі.
Паклон мой прымі,
Туркменія,—
Сонцам каранаваная!
Здаецца, ўсю спёку сагнала
На спаленыя бальшакі!
Дакладнага часу сігналы —
Варушаць пяскі
Ішакі.
Ці гэта ў сто корб,
Сто асвераў
Засмага глыток дастае?
Дакладнасць
З гадзіннікам зверыў —
Паверыў
З хвіліны з тае.
Гаркавы дымок саксаула.
Баран
Смерць прыняў з-за гасцей.
І смыленню цягне з аула,
І прысмерк,
Як плоў, загусцеў.
Душу ўсю,
Як студню туркмена,
Высмальвае сонца да дна.
Гуляе на жылах
Сухменна
Качэўнай крыві
Жаўцізна...
Абсяг вятрыскамі аббраханы.
Хіба што толькі міраж замглее.
Вякі прыглухлі,
Маўчаць барханы,
Нібы запыненыя імгненні...
Лічыў барханы,
Ды аблічыўся.
Здалося раптам —
Ступаю поймай.
Зямлячка выплыла аблачынкай
Узмах брывей —
Замах на спакой мой!
У кожным позірку —
Пa азярку.
Часіна позняя,
Дай мне руку!
Зялёным лёдам
Б'юць вачаняты.
— Адкуль ты родам,
Дачка чыя ты?!.
Далёка Вухвішча,
Далёка Зябкі.
Сініцу слухаю,
А голас зябкі:
— Дзе сцежкамі сінімі
Ступаюць калядачкі,
Ёсць вёска па імені
Мокрыя Кладачкі...
Гром пад Глускам
Арэшкі лускае.
Абтрасі каракумы з бахіл!
Сцены юрты
Паўтораць ласкава
Ператомлены небасхіл.
Дзверы мяккія ўскінь,
Што завуцца
Ускалыхлівым словам
« Кілім ».
Уваход табе здасца
Завузкім
І прытулак, спачатку,—
Малым.
Цішыня аглушае,
А гулам
Аглушаць
Час наш выбіўся з сіл.
Ён агулам,
Дакладней — аулам,
Паўтараўся вякі —
Небасхіл.
Па вачах
У гасціннасці ўверся,
Перасмягла сухмень кленучы.
Каб клубіўся дымок —
Выйсце ўверсе,
Каб заходзілі зоры ўначы.
Дзе хмурынка,
Што дождж нагайдае?
Ды сухмень —
Не бяскрыўдны прасцяк!
Чай зялёны
Вясну нагадае,
Піяла —
Шчодрай жмені працяг.
Неба
Стрэлы і думкі ўскрыліла.
І качэўнік
Узносіў хвалу:
Ён спадобіў усё небасхілу —
Юрту ставіў,
Кругліў піялу.
...Лёд прыпылены
Тэлеэкрана.
Дыванова абжыты ландшафт.
Шкло газніцы
На рожках джайрана.
І, як шчасця чаўнок,—
Саланчак [2].
Родны сівер,
Як бровы ні хмур ты,
І ў завейных ушацкіх начах
Прыгадаецца
Пазуха юрты,
Дзе ніколі не чахне
Ачаг...
Ты ў вечнасці ў гасцях...
Тугой агорнуты,
Ступаем па касцях
Старога горада.
Трашчаць луской збарвелай
Чарапкі —
Ад горада мільённага
Драбкі...
І давялося цэламу
Расчасціцца:
Кавалак ручкі
Ад збана-ручасціка,
Аскепак піялы.
Набытак, часе,
Твой малы!
Не хоча ўпарта
Стаць зноў гліна
Глінаю,
Бо клалася ж цагліна
За цаглінаю
І сценамі была,
Агнём далучаная да святла.
Вятрам бы
Пашыраць свае ўладанні,
Яшчэ не даканалі
Брамы
Караван-сарая.
Час мыту сам заплоціць!
Ваюй,
Зямля сырая,
З уласнай плоццю!
Жалеза не рудой
Рудой —
Быць хоча хоць іржавым,
А жалезам...
Харэзм,
Ніхто ўжо больш табе не пагражае,
Нікому — ты.
Быў на зямлі
І стаў зямлёй,
Аглух ад нематы.
Лушчастаю раллёй
Зрабіўся дах i посуд.
Ступаць балючаю зямлёй
Баіцца золак босы...
Глухой труною
Цішыня.
Бархан,
Што века.
Хаваюць галаву каня,
Як чалавека.
Вядома,
Конскую ратуй —
Яна ўратуе.
У Каракумы забінтуй
Бяду крутую!
Барханачуйна помніць слых
Крык
І сык кулі,
Схавалі жах пажараў злых
Воч Ісык-Кулі.
Зямля жанчынай чуе боль,
Сама чакае.
На спіне праступае соль
Саланчакамі.
Мы звязаны спакон вякоў
Адной паслугай:
Шматуе цішу скон падкоў —
Зямлю паслухай!
Начы глушэе
Ваўкаўня.
Бархан,
Што века.
Хаваюць галаву каня,
Як чалавека...
Раз імя гучыць,
Як свята,
Стане горача барам.
БУДУ Ў радасці за свата,
Выбірайся ў шлях,
Байрам!
Восень адхіне туркмену
Луг,
Што ад дажджоў дамок,
Хрумст гуркоў,
Задуху кмену,
Бульбы ўварыстай дымок.
Будзе лёгкай на ўспаміне,
І не след пытаць чаму —
Ранняя зіма раскіне
Госцю белую кашму...
Кружаць,
Крэўнасцю сагрэты,
Не забыўшы шлях дамоў,
Над планетаю паэты
Кнігаўкамі родных моў...
Чакаюць не пагоды
З мора.
Не год і не паўгода
Змора
Прыбоем лютым
Горбіць плечы.
Чакаюць жонкі маракоў.
Часцей пытаецца малеча
Чаму бацькі
У сябрукоў.
З такой сустрэліся,
Няйначай,
Што іх трымае ў моры,
Удачай...
Каб толькі
Лёс салёны зноў
З удачай той
Не звёў сыноў!
Калядна белы бераг.
Мора,
Як пены шмат набіла ты!
Твае прадонныя каморы
Таілі столькі белаты.
Табе будзённы дзень далёкі,
Той дзень далёкі стаў i мне,
Калі дачку паўдзённай спёкі
Сустрала снегам па вясне.
Гулялі ў снежні смешна, ўцешна
Прыбой, яна i. я — ўтраіх.
Было нам
Снежна i кунежна,
І мору —
Хораша без крыг.
Шпурляла снежку
Так няўмела,
Ляпіла снежку ўпершыню,
Спякотнай радасцю нямела
Ад снегу —
Белага агню.
Калі ў цябе такая сіла,
Прыбой,
Прашу, як дружбака,—
Вярні мне снежку,
Што ляпіла
Спякотна-смуглая рука!
Круты пазнала норду
Пал ты.
Найпэўней тут упершыню
Далоні буданілі балты
Над злымі ікламі агню.
Залеглі валуны ў разоры.
Цячэ сабе часін рака.
Твае спакойныя азёры —
Халодны пот ледавіка.
Паганскі дух
Лунае блізка.
Тут свой нарог
Ступіла зло.
Літоўскай вернасці калыска,
Перад табой хілю чало.
Пагоркі,
Погарбы крутыя.
Хусцінкай весняга кастра
Мой смутак відніш,
Аўкштайтыя,
Бурштынашчокая зара!
Маланка,
Рыфму выкрасай,
Як смык, смугою вошчаны.
Азёрнавокі Зарасай —
Пяркунасава вотчына.
Каб kovas —
Брат сакавіка —
Пра колас дбаў сцяжараны,
Ты нас вітаць паслаў грака
І ранішняга жаўранка.
Падзол твой
Помніць боль падкоў
І злога лёсу выракі,
Галіняцца спакон вякоў
Шляхі літоўскай лірыкі.
Было тут,
Партызанскі край,
І ў золь чужынцам горача.
Палон хлапцоў,
Дзявочы рай,
Звіні ў вяселлях,
Зарасай,
Вачыма неба зорачы!
У цюбецейцы жалудок
Смуглеецца штораніцы.
Ці Душанбе адзін радок
Мне падказаць стараецца?..
Дому —
Салам, чалом!
Знікніце, зайздрасць з пыхай.
Хораша за сталом
Будзе бяседзе ціхай.
Слаба здзіўляе здзіў
Велікапышных экзотык.
Хочацца, каб разбудзіў
Вусны
Крыніцы дотык.
Злагада зорным каўшом
Клопат вяртае гнёздам.
Сцішаным чувашом
Ходзіць самотны роздум.
Сціплае ў дабраце,
Сэрца, будзь бласлаўлёна!
Тая,
Дзе хлеб расце,
Варта зямля паклона.
Толькі яна ў бядзе
Прыйдзе сваёй паслугай.
Па Чабаксарах ідзе
Мудрая восень.
Паслухай!
Маланка ломіць вудаўё —
Чакаць не варта ў лове спору!
Цяжкое чэрава сваё
Разгойдваць трэба доўга мору.
Ідуць аблокі чарадой
Хадой спаважнай
Па адхонах,
Бунтуе змроку сырадой
У вымях прыцемна-зялёных.
Аглухлай цемрай захлыне
І не захоча прыпыніцца
На духаце,
На палыне
Настоеная навальніца.
Бяросту год
Ад злых грымот
Час ашчадзіў для грамат.
Не помніў Ноўгарад пагод,
У ціхі летапісны звод
Сам урываўся лямант.
Не навіной крывавай той,
Што палягло паўсвета,—
Радок жахае нематой:
«Бысть тишина все лето...»
I
Ax, часы, нібыта
З даверлівай казкі.
— Ах часы! [3] — забытна
Спяваюць хакаскі.
Чарнявыя чайкі.
Прыслухайся лепей —
Чарнявы адчай ix
Сумуе па стэпе.
Упартыя пасмы
Не ўхопіш у жмутак.
Ці стэп
На паласе
Так вычарніў смутак?
Са стэпам іх ростань
Яшчэ не даўгая.
І хваля наросхліст:
— Ах часы! — ўздыхае...
II
Для пчол тут
Калодна і вульна.
Прыплодна
Гудзе дупло.
Пытаю сябе,
Ці ўтульна
Маім землякам было?
Ахвота горш ад няволі.
Як ехала ў свет сяло,
Дык з царскае ласкі
Болей
Ахвоты і волі было.
Адчаем і сцюжай
Касіла.
Па глотку хапала завей.
Сіберным
Злюцелы сівер
Дасюль Беларусь заве.
Выгнанцы ў далонях каравых
Пялегвалі вестку з краёў,
Дзе мякка
Ў ласкавых травах,
Хоць там не багата раёў.
ІІІ
Мора знячэўна
Ўсхліпне ў сціпласці.
Ляду карчэўем
Хочацца выплысці.
Выраем — гаю,
Могілкам — трунамі,
Дном — небакраю
Хмаратабуннаму.
Гай у агоніі —
Гіне ў залітасці.
Хто ад каго
Не
Чакае літасці:
Мы ад прыроды,
А ці ад нас яна?
Душыць куродым
Спёкай нянаскаю.
Вечнасць на плітах
Сонцам засведчана.
Вёсак залітых
Плёнка засвечана.
Дзе калыханка?
Змоўкла пад хвалямі.
Ціха гайданка
Мора падхвальвае.
Клін гагатлівы
Поплаў не ўзрадуе.
Мы — негатывы
Вечнасці здрадлівай.
Нібыта ўсе мы
У каўчэгу Ноевым.
Мора нясе нас.
Смутнае дно яго...
IV
Патужна плячу плаціны —
Турбіны
Турбуюць яе.
«Адзіны, адзіны, адзіны!» —
Тайга Енісею пяе.
Унізе цішу знішчае —
Віхрасты напор раве.
Зірні:
Ў Енісея на шчасце
Дзве макаўкі на галаве.
Аб тым, што шчаслівы,
Уверся,
Ды ў зайздрасці не лысей.
Падпёрты плацінай,
Уверсе
За мора шуміць Енісей.
Не так,
Каб у бога за пазухай,
Стаім у пазусе ГЭС.
Мацнеюць святла запасы хай
Дыктуе штодня прагрэс.
Вада пад намі
Яшчэ раве.
Высока дагас беразняк.
Мы ў сцюжы —
У ГЭС у чэраве.
Наскрозь
Нас працяў скразняк.
Высвечвай,
Енісею былінны,
Багаты на сонечны ўлоў,—
«...Плюс электрыфікацыя ўсёй краіны»
Канкрэтную сутнасць слоў!
Далінаю Лінда [4]
Брыла не ў вянках —
Збірала каменне ціхмана
І несла,
Каб горад узняўся ў вяках,
Дзе Калеў яе пахаваны.
А камень быў кожны,
Нібы падавы
Для волата спечаны бохан.
Падраўся хвартух,
Льюцца слёзы ўдавы —
Азёрыцца поплаў глыбока.
Легенда нябёсы
Расчуліць да слёз —
Наплача азёр
Аблачыны
Таму, хто хоць камень адзіны
Прынёс,
Што лёг у падмурак Айчыны.
Сосны рэліктавыя на Піцундзе.
Храм са стагоддзя дзесятага.
Цешымся берагам,
Шэпчам аб цудзе,
Якое намі дасягнута.
Храм хрысціянскі,
Супернічай з барам,
Сосны,
Пра даўнасць напомніце.
Шпар пляжнікаў, мора,
Салёным варам.
А вы са мною,
Хаця й на поўначы,
Сосны мае з партызанскай зоны,
Вы не рэліктавыя —
Вынослівыя.
Ліўні свінцовыя — не мусоны
Хмарамі вас хрыстосвалі.
Вы не шуміце
Ў падручніках школьных,
Вы не абвешаны
Дачнымі трантамі.
Чорнае неба
Данбаскіх штольняў
Трымаеце з паслявайны
Атлантамі.
Сосны думныя,
Незаменныя,
Падсочак падсумкамі
Аперазаныя,
Безыменныя,
Як нартызаны,
Вы!