3. ВЕТАХ СМУТКУ

* * *


Я прывідам прыйду,

Але такім ласкавым,

Як радасны ўспамін,

Як ціхі напамін,

Што гоніць прэч бяду,

Дае цяпло атавам,

Вятры ліхіх часін

Пускае на размін.

* * *


Душою малады

І малады абліччам,—

Смяяліся гады,—

А мы цябе аблічым.

Не лічыш нас, а мы

Усё табе прыкінем:

Грамнічныя грамы

I каню ў лузе сінім,

Твой дзень у мітусні,

Твой у дрымоце ранак.

На схіле дзён прысні

Раскошу самабранак.

Мы вараных дадзім

Табе з журботнай песні.

I нас дагнаць, як дым,

Сябе надзеяй песці...»

Смяяліся гады.

Даўно.

Мне сумна сёння.

Перацвілі сады.

Прысталі з песні коні.

* * *


Прагінаецца мост

Памяці ледзяны:

Быццам вершыць

кругі

апрамецця,

Мой узрост

Паўтарае гады вайны —

Сорак першы,

сорак другі,

сорак трэці.

Пераможны застаць —

Сорак пяты! —

Хачу.

Недалёка мой

Сорак чацвёрты, мінны,

Я дарэмна крычу

Часу, як сурмачу,

Каб мае не будзіў

Прыпаміны.

За сябе я цяпер

Ці за бацьку жыву?

Трыццаць пяць яго

У пушчы блакаднай.

Час заўчасна таму

Снежыць мне галаву.

Бацькаў боль —

Ён са мной блукае.

Дзе адстану ад вашай,

Гады,

Чарады?

Даляцець бы

Да шасцідзесятых, раскутых!

Быццам порах бяздымны,

Туман малады.

І штыкуюць

Пражэктары

смутак.

* * *


Аддзяч прыбою за давер

І вагамі валодай —

Сам

Шалю жалю

Перасвер

З забытай асалодай.

Чакай маладзіка ўскалых,

Ды з хваль ён не ўсплыве тых.

На сцежках радасці былых

Смяецца смутку ветах...

* * *


Асенні халадок

Яшчэ не халадэча.

Не тузай павадок,

Апошняя сустрэча.

Куліцца пад адхон

Яшчэ не час калёсам.

Імчаць, бы на абгон,

Навыперадкі з лёсам!

Хай высветліць душу

Адчай, як май,

Святкамі.

Цярпенне май,

Прашу,

Апошняе спатканне!

Тры прысвячэнні маім вёснам


* *

Лечу кожную вясну

Марай трапяткою,

Што наноў

Жыццё пачну

З маладой травою.

З першым громам

Раўчука,

Маладым, сцюдзёным,

З першым звонам

Жаўрука —

Клопатам штодзённым.

У зялёнай гамане

Радасць на папасе.

Нібы шмат яшчэ ў мяне

Вёсен у запасе...

Толькі з кожнаю вясной

Я гляджу,

Дзе вёсны.

Да мяне спіной, спіной

Ранні свет дзівосны.

Ад мяне бачком, бачком

Цёмныя сцяжыны.

Да мяне маўчком, маўчком

Недавер птушыны.

Кожную вясну

Маіх

Вёсен меней, меней —

Не бяру ў бярэма ix,

Захінаю жменяй...


* *

Узгоркам на прыслон

Свярбіцца —

Тачыцца пачала трава.

Сарока —

Снежкай на вярбінцы.

І жаўрукоў —

Як з рукава!

Настрой падрос,

І ранак вырас.

Аберуч зоры латашы.

У рэках — глыбасць,

Небе — шырасць,

І толькі шчырасць —

У душы!

З пашанай хочацца схіліцца

Над зыбкай шыбінай стаўка

Перад рунявасцю ігліцы,

Перад раптоўнасцю лістка...


* *

Даўні

Гаспадарчы клопат:

Толькі б выйсці на вясну —

У густую сінізну,

Смелы высвіст,

Цёплы лопат.

На вясну я зноўку выйшаў,

Шчыры шчэбет

Лашчыць слых,

Стала больш

Сяброў былых,

Больш

Прыгорбленых узвышшаў.

Болей

Дамавін цяжкіх,

Што мае прыгнулі плечы.

Зор паменела маіх

У табе, спрадвечны

Млечны.

Менш падкоў,

Віхрастых грыў

Рысакоў

Майго адчаю.

Быццам за абрыў

Забрыў —

Я са смуткам прыкмячаю.

Зоркі роспачы

Гашу,

Сашчапіў далоні дошчак —

І шпакоўні,

І душу

Перапоўні,

весні пошчак!

Сябрам


Пазнаў спаўна ўсяго ў жыцці

Павагу і знявагу,

Да славы сватаўся ў зяці

І траціў раўнавагу.

Каго любіў —

Таго любіў,

А ненавідзеў — шчыра;

Хлусні не кленчыў,

Лоб не біў,

Не прымяраў мундзіраў.

Ад жалю зойдуцца бары,

Труной запахнуць дрэвы,

Скажу:

— Я жыў для вас,

Сябры.

Жывіце за мяне вы!

* * *


Недзе пасля маіх сарака

І трыццаці гадоў паваенных

Я стаў забываць

Халадок курка,

Дзень у здранцвенні

І ноч у енках.

Дабро і зло

Канкрэтным было,

І ласка таксама

Была канкрэтнай:

Дахам — жытло,

Папялішчам — тло,

Лес перасохлым

Давіўся крэктам.

Тады першабытны

Аслеплы страх

На белы свет выпаўзаў,

Паганец.

Сваю ненажэрнасць

Насыціць праг,

Перабіраў пажараў ружанец.

І так асмялеў у густой паўсці,

Здаецца, на волю

Вырваўся ўчора,

Не хоча, нячысцік,

Назад паўзці:

Першабытна самога

Жахае пячора.

Дагэтуль

Пасля маіх сарака

I трыццаці заклапочаных,

Мірных —

Гатова

Пагляд засланіць рука,

Ступае нага па куп'і,

Як па мінах...

* * *


Штогод уцякае хутчэй

Прыгорблены твой небасхіл,

А лёс і ўсяго што пакінуў —

Вясёлае ранне вачэй,

Паўдзён нерастрачаных сіл

І прыцемак прыпамінаў...

* * *


Жытло маёй душы

Заселена табою,

Святло маёй тугі

Зацеплена табой.

Святла не патушы,

Бо ўцёмначы абое

Абралі шлях даўгі

З адвечнай варажбой.

Настрою б не ўрачы

Твайго, нібы прыбою,—

Каб згода не сплыла,

Як па вадзе кругі.

Світае мне ўначы,

Я высветлен табою.

Не пакідай жытла,

Святло маёй тугі...

Табе


Журбе не скажаш: «Згінь!»

Яна адчаю рада.

Ты — зніклівая плынь,

Жаданая, як здрада.

Май літасць,

Напамін,—

Гады не перагортвай.

Ты — плынь,

А я — палын,

Ад смутку перагорклы.

Як раніцы,—

Глыну.

Надзея не пакіне:

Сівому палыну

На міг

Адбіцца ў плыні...

* * *


Лятуць не да мяне

Тваіх брывей стрыжы.

У смелай гамане

Я смешны і чужы.

Не прыручыць стрыжоў,

Як іх ні сцеражы.

Пазней за ўсіх прыйшоў,

Пайду раней — чужы...

* * *


Я на рэўнасць

Не маючы права ніякага,

Пачынаю цябе

Раўнаваць па-юначы.

Я не ведаю,

Як параходу на якары.

Як і мне, не цярпіцца

Сарвацца, няйначай.

Ёсць няпэўнасць, няўпэўненасць

Без пераемнасці.

Мой самотлівы ўзрост

Сам сабе не дарадчык.

Сталі дробязнымі

Слепаты, непрыемнасці

Перад ціхай усмешкаю,

Шэптам гарачым.

Я, на рэўнасць

Не маючы права ніякага,

Самаўпраўна раўную

Цябе без патолі.

Гэта ўсё — не як некалі,

Не абыякава,—

Гэта ўсё, як ніколі,

Гэта болей ніколі.

І спакой, і развага

На хісткім пароме ўсе,

А рака забыцця — у вірах —

Не даўгая.

Слова тое, што вымавіць

Зрання саромеўся,—

Я сягоння баюся яго —

Выдыхаю...

Узаемнасць не мне —

За няўпэўненасць дзякую.

За ўзаемнасць мацней

Звар'яцелая рэўнасць!

Не раўную хіба што

Сваю пад'ярэмнасць

Я, на рэўнасць

Не маючы права ніякага...

* * *


Як акіян,

Глухну ад нематы.

Адчаю прыліў —

Без адліву.

Мне страшна,

Каб стала маёю ты,

Мне страціць цябе —

Жахліва.

Не цішыцца

Ува мне ураган.

Ты гнеў яму

Падаравала.

Адзін дзеяслоў

Мне цяпер спрагаць —

Ва ўсіх трываннях

Трывала.

Сцежка ўзаемнасці

Зводзіць сляды.

Вочы гавораць —

Маўчым мы.

Магчыма,

Зможа ўраган

Без бяды.

Мне без цябе —

Немагчыма!

* * *


Забыць на ўсе напасці

У векавой сяўбе:

Прыпасці —

І прапасці,

І прарасці ў табе!

* * *


І не са мною,

І са мной,

І незямною,

І зямной

Была ці не была ты?

Уявай,

Яваю,

Маной,

Аглухлай цішай,

Гаманой

Хістала шэптам шаты,

Як ты, даверлівай начы?

І мне шаптала: памаўчы,

І мне казала: слухай.

Размову не са мной вяла.

Святлом займалася імгла,

Боль днеў

Ласкавай скрухай.

Да слова помню ўсё,

Але

Даверу больш было імгле.

Згадаць не маю права

Ні слова

З прывіднай пары.

Усё, як зможаш,

Паўтары

Да слова —

Будзь ласкава!

* * *


Ты маладой пакутаю,

Спякотаю святла,

Маланка, ў лёд закутан,

Мой смутак апякла.

Не будзь з сабою лютаю —

Няшмат іх, смелых год:

Маланка, ў лёд закутая,

Растай развагі лёд!

Не саўладаць са смутаю,

Калі

Святла

Прашу:

Маланка, ў лёд закутая,

Палі

Датла

Душу!

* * *


Рукі заломвалі

Скразнякі.

Слухаў я,

Цішы палоннік,

Бяссоннік:

Плакалі ў ціхую ноч

Цягнікі.

Білася кропля

Аб падаконнік.

Вочы світалі твае

Нада мной.

Пальцы спагады

Перапляліся.

Трызнілі

Д'яблы даверу

Маной,

Шалу анёлы

Стаіліся ўвысі.

Ласка твая,

Як праз пальцы

Ручай:

То апячэ,

То сцюдзёна заные.

Не прыручыць ix,

Як ні прыручай,

Дзве недаткнёнкі —

Дзве дзічкі лясныя.

Ціша

Хмурынкай найшла праліўной.

Неба спрыяла

Нейкім там вегам.

Пахла адлегласць

Адлегай,

Вясной.

Снежань не мог

Адкупіцца снегам.

Прэч

Асцярога пайшла нацянькі,

Золак займаўся —

Адчаю паклоннік.

Плакалі ў ціхую ноч

Цягнікі.

Білася кропля

Аб падаконнік...

* * *


Ты чула словы ўсе,

І пошапты, і ўздыхі,

І гэты шал міне —

Цвяроза верыш ты.

Чаму ж цябе нясе

У зман затокі ціхі

І крыгалом мяне

Шпурляе ў вір круты?

* * *


Я стану, як стэп, салёны,

Нібы Ледавіты,

Шквальны,

Каб толькі пачуць:

— Шалёны!

Каб толькі пачуць:

— Ненармальны..

Растаю боязі льдзіны,

Садзьму

Недаверу барханы —

Каб толькі пачуць:

— Адзіны!

Каб толькі адчуць:

— Каханы...

Гатоў на любыя згубы,

Каб моўклі губы адчаю —

Абы не адчуць:

— Нялюбы...

Абы не пачуць:

— Звычайны...

* * *


Зялёная імга

Адлегай лес хістае.

Зялёная туга,

Што не са мною тая,

Якая не са мной

Сасной

Вясне шумела,

Травою сакаўной

Хмяліла

I хмялела —

Не ад маіх вачэй,

Не ад майго адчаю.

Самота,

Не ваўчэй!

Надзея выручае.

Нядзеліцца душа —

Абнашчыцца лістамі...

Трывогай ледзяша

Адлега

Лес хістае.

* * *


Нібы раўчук,

Праз тры хады,

Нястрыманы ў журбе,

Праб'юся я

Праз тры гады,

Праз трыснягі,

Праз тры снягі —

Абы шумець табе...

* * *


Боль расстайных дарог

Студзіць снег вінаваты.

Маладзік бы запрог,

Маладзёнам — у сваты!

Хоць на ласку жадзён,

Пазнавата

У сваты.

Мала дзён,

Маладзён,

Маладзён сіваваты.

Да цябе — ўсім назло! —

Хоць бы грукам у дзверы.

Снегам бы замяло,

Заняло недаверы.

Да цябе — ўсім назло! —

Хоць як крок ля парога.

Да цябе не было

Анікога,

Нічога!

Што там будзе пасля,

Будзе — i перабудзе.

Здрыганецца зямля

У веснавым перапудзе...

Нагаданая ідылія


Счахла сціхлае золата грубкі,

Занялося ласкавым попелам.

Абраніла пяро галубкі

Пахаплівая ноч над поплавам.

Гасне прывідны захад грубкі.

Згода вокам стуманеным глянула.

Цішу хоць разлівай у кубкі,

Сырадойную i ціхманую.

Перасмягла спякота грубкі.

Змрок спагадліва цені выпроствае.

Сарамяжнымі іскрамі грудкі

Мне балюча прабіліся ў ростані,

Твае...

* * *


Вясновымі б ружамі ружыць

Твае маладыя сляды.

Табе б

Каралеўствы рушыць,

Наноў называць гарады.

Твой профіль высмуглы

Чаканіць

На поўні,

Як ты, маладой.

Чаўнамі,

Нібы чаўнакамі,

Высноўваць імя

Над бядой.

Нагам тваім

Слаць бы кілімы

З зязюльчынага імху,

Прасіць памяркоўныя зімы

Захутаць цябе ў імгу.

Каб зоры —

Не заміналі!

Як панна,

Ідзеш па лядку.

Вядзеш

У палац камунальны

З дзіцячага сада дачку...

* * *


Ты адпрэчыла крыўды сабою.

Адплыла

Зла

Сляпая імгла.

Сарамліва-трывожным саборам

Ува мне ты світальна ўзышла.

І адразу

Вясновыя фразы

Прамаўляць пачалі маразы.

Мне не страшны знявагі,

Абразы —

Відняць змрок

Тваіх воч абразы.

Радасць шчодраю меркаю меру,

Ды зацепляцца свечкі віны,

Ледзь дыхне суравей недаверу,

I заныюць адчаю званы.

Рад я зорам.

Гаям белакорым.

Без твайго я начэю святла.

Сарамліва-трывожным саборам

Ува мне ты світальна ўзышла...

* * *


Упершыню зірне

Мілосць, замілаванне.

І зерне па вясне

Рахманай рунню стане,

Праб'ецца ярыной,

Абшар душы з'іначыць,

Смугою праліўной

Замгліць пагляд юначы.

Трывогу парадні

З будзённасцю імжыстай,

У наступ рушаць дні,

Не страць здзіўлення,

Выстай.

І жаўталіст падзе

Балюча на іржышча,

І сівер у жудзе

Наскрозь душу прасвішча.

І пад страхой кассе

Адмерыць цень змяркання.

Забраць да рэшты ўсё

Урываецца каханне.

Вагання ганьбу — прэч!

Забудзь сябе ў аблудзе.

Каханню не пярэч —

Такога больш не будзе.

Паддадзены святла,

Імгнення не гняві ты.

Да слодычы пчала

Пад восень прагавіта.

Хоць надтачы начы!

Дзень дагарэў не высак,

Іскрынку берагчы

Да скону будзе

Прысак...

* * *


Ты морам надзеі была,

Капрызлівым небам нагоды,

За кожную хвалю святла,

За кожную хвілю пагоды,

За кожны апошні вал,

За кожны прыліў утрапення,

За кожны начы прычал,

За кожны золак здзіўлення,—

Я ўдзячны табе адной

За слодыч забытага болю.

Хоць смяг ля вады пазной,

Хоць чуў перуноў уволю.

Якой даўгатой, шыратой

На карце цябе абразіць?

Салёнай была, крутой,

Ды прэснай —

Ні ў якім разе!

* * *


Па плячы

Сасну сячы,

Як падаўся ў лесарубы.

Веек касачы

Сачы,

Каб шапталі вочы: «Любы».

Кленчы харашбе

У журбе.

Пал бяры ў цярпеныя цуглі.

«Я хачу цябе» —

Мальбе

Вусны рызыкай абвуглі!

* * *


Ты мне даруй за лістапад

Маёй журбы! Лісты

Наіўны вецер неўпапад

З далёкай гнаў вярсты.

Твайго спакою лістабой

У вырай нёс лісты,

Клін, не заўважаны табой,

Жаўцеў ад гаркаты.

Тваёй пагарды ліставей

Садзьме мае лісты.

Забудзь мяне — і так лацвей,

Вясней нанова ты.

Я вырай да сябе прыму.

Знядбаныя лісты,

Магчыма, пра маю зіму

Напомняць з нематы...

* * *


Пад акном у цябе

ў цішыні на экране,

Як паўторныя фільмы,

ідуць цягнікі:

І трывожны паўночны,

і спалоханы ранні,

І паўдзённы, будзённы

ад злой талакі.

На імгненне прымоўкне

дасведчаны вечар,

Лістадзённік вятры

адгарнуць наўздагад.

Толькі мой неспакой —

звар'яцелы дыспетчар

Знае радасці графік

i суму расклад.

Цяжкаважкі састаў

нагружаю спаўна я,

Зноў цягнік-летуценнік

ляціць пад адхон.

Пальцы шпалаў дрыжаць

Я сябе ўспамінаю

У запаволеных кадрах

вагонных акон...

* * *


Памяць крыўду трымае ўчэпліва,

Перабірае ружанец дробязей.

Як ты рэўнасць маю ні зацеплівай,

Ты яшчэ мне жаданей робішся.

Пераправу не знаю палю чыю,

Яблык я надкушу з забаронаю.

Ты такая наіўна-калючая,

Бо ласкава-безабаронная.

* * *


Ні словам не адгукнулася ты,

Маўчала — да нематы —

Трывала.

Усе мае да цябе лісты

Ты

Смутку майму дыктавала!

* * *


Iмклівы час такі,

Што следу не відно.

Ці мне пісаць з рукі,

Ці след забыць даўно

Крыўдлівыя радкі

Пра цёмнае акно?

Дзён светлых камянькі,

Напэўна, злецяць дно

Забытлівай ракі.

Ды ўспомні заадно

Тады мае радкі —

І не тушы акно!..

* * *


Мы лехі смутку полем,

Расады ўцехі мала.

Была крыўдлівым болем

Балючай крыўдай стала.

Мы гналі цень аварый

Над змоўкласцю абвалу.

Была абложнай хмарай —

Хмурынкай жалю стала.

Грамаадвод закляты,

Лаўлю грымоты стала.

Была,

Ды не сплыла ты,

Ты стала —

Не растала...

* * *


Як цемру выкрасці ў начы,

Пазычыць радасці журбе?

Як мне сябе перамагчы,

Перамагчы цябе — ў сабе?

Ці так да скону й валачы

Мне ланцугі тугі ў жальбе?

Як мне цябе перамагчы,

Перамагчы сябе — ў табе?

Крычы хоць крыччу, хоць маўчы,

Ласкавы парастак скрабе,

І ныюць рэўнасці карчы.

І рунь, і ляда ў варажбе.

* * *


Я стаў без цябе не магчы

Ні здалеку, ані побач.

Воўк шалу майго ўначы

І ўпоўдзень ідзе на здобыч.

І позірку мала мне,

І дотыку стала мала.

Ты, рэўнасць мая,

Па вясне

Яловых дроў наламала.

А думаў жа — ўсё міне,

Зноў буду нічый ці чыйсьці.

Ды так

Ты ўвайшла ў мяне,

Што мне ўжо з цябе не выйсці!

* * *


Яно нада мной

Узышло ў лістападзе,

Сузор'е трывогі,

Сузор'е Рысі.

Прыхмарана днела

У насмешным паглядзе

І ў кожнай тваёй

Прытаілася рысе.

Зямля чарнела,

Зямля бялела.

Мне зорны свет

На зямлі адкрыўся.

Кастры жаўталісця

Датлелі ўлюцела.

Малю: паўтарыся,

Сузор'е Рысі!..

* * *


Цяпер казаць мне «Вы»

Табе?

Закасваць рукавы

Сяўбе,

Што чорны смутак сее,

Калі былі на «ты»

Раты,

Засмяглыя ад нематы,

І рукі без надзеі

Абараняліся?

Круты

Быў пал на «ты»,

І веі

Былі на «ты»

Ад дабраты

Злагоджанай завеі.

Граматыкі віна,

Мана?

Вы —

Множны лік,

А ты — адна.

Не разумею...

* * *


Снегапад напаў на сад.

Віднее на дварэ.

Хто сівізну маю назад

З вясною забярэ?

Святлею, як зімовы сад.

Вясновым быць не мне.

Іду, ўзімелы, наўпапад

Пa белай цаліне.

А сад не ўзварухне галін,

Я сум не ўзварушу.

Хоць ласкай апячы ўспамін,

Як некалі душу!

Сняжок засведчыць,

Малады,

Што светла ўсё было.

Не май бяды —

Мае сляды

Завеяй замяло...

* * *


Распалавіню я шар зямны

На дзве трывожныя шалі:

Ці не разважаць спрэчку яны,

Што доўга мы вырашалі?

Павернецца пал крыўдлівай спіной,

Час непадкупна заўважыць,

З тваёю шаля,

З маёй віной,

Каторая пераважыць.

* * *


Будзь з натураю крутой,

Спрэч абразу, кпіну.

Ды ў жанчыне —

Дабратой! —

Абудзі жанчыну.

Як вясновы гром раллю —

Абудзі! — да руні.

Ласку дай,

Як ліст галлю.

Крыўда не даруе!

Не сініца,

Што ў руцэ,—

Журавель нагоды.

Бліскавіцаю ўрачэ

Ноч нервовай згоды.

Шчырасці адчай прытой,

Не апудзь хвіліну.

У жанчыне дабратой —

Абудзі! — жанчыну...

* * *


У дрэў таксама свой талан,

Вядома, сукаваты.

Няўмольны магістральны план

Няўмольны экскаватар.

Былі двары,

Былі дамы,

І ў іх была патрэба.

Дымы

Ад ранішняй думьы

Галініліся ў неба.

Вятры,

Хоць злыя дзевяры,

Шчадзілі весні звычай.

Ды сталі ціхія двары

Пляцоўкай будаўнічай.

Чакаюць на зямлі

Ледзь-ледзь

Надкрытыя пупышкі.

Пажарам цвету не шалець,

Вам тлець,

Адчаю ўспышкі.

Над лужынамі з сінізной

Хмурыны — абразамі.

Зразаюць яблыні вясной —

Не абразаюць!

* * *


Крывіч

І зямляк Скарыны,

З краплінаю балцкай крыві,

Я з краю таго, з краіны,

Дзе пасвяцца зор раі.

Губіў я прадонны гарнец —

Дасюль галава гудзе.

Маланкай кшчоны паганец,

Малюся агню й вадзе.

Люблю, як у Чысты Чэцвер

Купае дзяцей крумкач,

Як грэе паляну цецер

Шаленствам шлюбных удач.

Нанова вясною кожнай

Прыходжу на свет малады.

Раллёю,

Лядам,

Пакошай

Вядуць на клады

Сляды.

Даволі выхадзіў доле,

Намарыўся ў небясі.

Кажу па-літоўску долі:

— Ачу уж дэбясіс! [5]

* * *


У дошку цвік ідзе,

Ідзе ў сасну з палёгкай,

Чужы жудзе, бядзе,

Сагнецца —

Не спалохай!

І стаць сасне сцяной —

Спіной вясёлай хаты,

Ці вечнай той

Адной,

Дзе ўжо не страшны краты.

Хто

Зноў

Па чарадзе? —

Чакаюць смех i ліха.

Так гулка цвік ідзе —

Ажно наўколлю ціха.

* * *


Адстаць ад шумнага парому,

Застацца перад небам зімнім.

Хіба што веснавому грому

Шаптаць:

«Яшчэ мы, браце, грымнем!»

Хоць гром той,

Як забыты верад,

Прыглух даўно ў будзённым болі.

І загрымець нагамі ўперад

Прасцей,

Чым выйсці з лесу ў поле.

Не шкадаваць

Пра ўдзел у стачцы,

Што патрабуе ліцца вінам,

Сам-насам

З роздумам застацца

Сабе самому напамінам.

І тое,

Што было высновай,

І тая,

Што была адзінай,

Імглой развідніцца вясновай,

Сплыве пад крыгалом

Ільдзінай...

Возера ля небасхілу


Быццам цяпла стае,

Сонца смяецца міла...

Сталыя дні мае —

Возера ля небасхілу.

Шэпчуцца дзён чараты,

Радасці гусі — ў вырай.

Хочацца дабраты,

Хочацца дружбы шчырай.

Грэюць спагады кастры.

Тлее адчаю прысак.

Хваляй з чала сатры

Прывід самотных рысак.

Зорнай маёй журбе

На недалёкай мілі

Ценем адбіцца ў табе,

Возера на небасхіле...

Загрузка...