2. ІМГНЕННІ

Пад вечнымі соснамі


Мана вясновай гаманы

Не ашукае болей.

Спыніўся твой адлік зямны,

Перажагнаны болем.

Мой цень —

Працяг тваёй вярсты.

Не вечны ён таксама.

Цяпер мяне чакаеш ты,

А я старэю,

мама...

* * *


Тут я заначую —

Журбы не пачую...»

Мерклася застолле,

Як туга, густое.

А журба — начніцай,

Неба — абажурынай.

Журыцца крыніца,

Бор сыры зажураны.

Голас падупалы —

Скруха жаўрукова.

Ты абначавала,

Мама,

За ракою...

Ды не да спакою

І за той ракою.

Хвоя над табою —

Сынавай журбою...

* * *


Перунамі жагнаныя абразы

Перастылі азёры прадонна

Выспу смутку майго

Ледзяняць маразы:

Маме ў зямлі сцюдзёна...

* * *


Пераходзяць цяляты асфальт пацямне.

Паваротак на Ўшачу!

Шчаслівая хвіля.

І да статка бычка,

І да хаты мяне

Падганяе бадлівае слова:

«Аксыля!»

* * *


Хто сказаў,

Што праца — адпачынак?

Ён, відаць, не ведаў мазаля.

У барознах —

У тугіх ляйчынах

Цягне воз турбот сваіх

Зямля.

Потам

Праступае рунь

Зялёным:

Ураджай ліхвярна

Прагне сіл.

Праца ўпотай

Цягнецца за плёнам,

Недасяжным,

Быццам небасхіл.

* * *


Здзіўляйся свету!

Салавей адно ж

Залётку славіць з маладой дзялянкі.

Пярун ідзе па хмарах басанож —

І пырскаюць з-пад пят яго маланкі.

У падводы


Былі нам няўзнакі

Капрызы пагоды,

Як з прыказкі зайцу

Ламы і грамы.

Мы, ўшацкія мальцы,

Хадзілі ў падводы —

Да весніц

Равесніц

Падводзілі мы.

Ах, колькі ix,

Летніх, зімовых,

Ці лічана,

З якога пачатку,

З якога канца,

Было кіламетраў

Да Строктаў,

Цялічана,

Бяроз —

Да шляхетнага Ліпаўца?!

Мы ў кірзавых ботах

Так здорава гоцкалі,

Што снілася зноў

Местачкоўцам вайна.

Не спалі магчымыя цешчы

Стракоцкія,

Ваўчэнскія:

«З кім там дачушка адна?»

Да трэціх пеўняў

Дзяўчат падводзілі

(І самі, як пеўнікі ў кашалі),

А потым нас,

Жанішкоў малодзенькіх,

Падводзілі —

З іншымі ў ЗАГС ішлі.

Нібы астраўкі,

Што падпалі пад воды,

У восень пайшлі

Веснавыя гады.

Дый зараз ідуць

Успаміны ў падводы.

Дагэтуль гараць

І падэшвы й сляды!..

* * *


Статыстыку, як мурашу,

Танаж цягнуць зацята.

А я даведку папрашу,

Не колькі мяса на душу,

А чым душа багата.

Альгімсттасу Балтакісу


Паэзія — дзяўчына маладая,

Як перапёлка кліча:

«Жаць-палоць!»

Хай скруха костку поначы глытае,

Дарэмна час не блоць —

Канае плоць.

Паэзія — фартовая красуня,

Партовая,

Чакае караблі,

Праз вушка голкі верблюда прасуне.

Шчасліўчык, помні: й да цябе былі!

Каханка мройная,

Мажная дама —

Яе на ўсе эпітэты стае.

Вядзе свой род ад Евы і Адама,

І чытачы —

Таксама ад яе!

* * *


Хоць век твой — краец веташка,

Шлях людзям знач ты, жыцьмеш покі,

Каб не разбіцца, як машка,

Аб ветравое шкло эпохі!

Начныя астравы


А на шарэнніку хлусня

І мусіць быць салодкай.

Каб выплысці на бераг дня,

Хоць пасылай за лодкай.

Вясло развагі

Спаласні.

Але душа абные

І зноў падасца да хлусні

На астравы начныя!

* * *


Шчаслівай зоркі самародак

Цвяліўся з вечнай нематы.

Ашчадна жыў далёкі продак

I ліха важыў на фунты.

* * *


Хай хваля паспіць пад чаўнамі.

Блакіт, туманом палавей!

Ластаўка дзень пачынае,

Канчае дзень салавей.

Упрочкі ціша начная

Збіраецца.

Бор, не ўдавей!

Ластаўка дзень пачынае,

Канчае дзень салавей.

У песні аб сінім Дунаі

Усцешна, душа, ласкавей:

Ластаўка дзень пачынае,

Канчае дзень салавей...

* * *


Ранак — рынак.

Ну, а дзень — кірмаш.

Разгавей на досвітку душу:

Даль адмервай і надзеі важ,

Засветла вяртайся з кірмашу!

* * *


Не трэба

З жанчыны рабіць святую.

Яна зямная, як сенажаць.

Няхай бунтуе,

Адчай бінтуе.

Ёй гора жаць і дзяцей раджаць.

Начэе смуткам,

Днее слязою.

Займаюцца на сенажаці ў цішы

Зняверу дзядоўе

І красак сузор'е —

Каб знічкамі. падаць

У студню душы...

* * *


Дабраўшы праўды груз, лухты луску

Тугу дапіўшы з зорнага каўша,

Дзіцём застанься здзіўленым, душа

Нібы адбітак ножкі на пяску.

Чалавек


Не хлеба кус

І сала шмат,

А сэнс ядра зямнога

Разгрызці трэба акурат.

Спраў шмат,

Турбот замнога:

Чарэпаць золата i гразь,

За д'ябла i за бога,

За ўсіх адказным быць,

Іграць

Яшчэ сябе самога.

Нябыт пільнуе кожны міг,

І шчэрыцца знямога.

Усё ён ведае i ўсіх,

Апроч

сябе самога!

* * *


Бачаннем не зловіш жураўля.

Дый лавіць яго ці ёсць патрэба.

Без сініцы смуціцца зямля,

Без жураўкі сірацее неба.

Чорна-белы адвячорак


Згалелы цень сукоў

Прарэзаў снег пухнаты.

І прывід матылькоў

Счэз, ветрыкам пагнаты.

Стаў дням губляцца лік.

Хоць зоркам дай агню ты!

За ўзгоркам знік цалік,

Узмежкамі пагнуты.

Забылі балаты

На свой настрой паганы,

І рэха з белаты

Хрыпіць, як бом пагбаны...

* * *


Цяжка стыхіі стрымацца ў сваіх берагах,

Сляпая любоў адчаю — капрызная.

Калі мора ўскалыша

На хвалях сваіх ураган,

Разумець пачынаеш

Ветразя гордую рызыку.

* * *


Баюся,

Не пераплыву

У пасляваенным гарадку

На вольным быстраку

Раку,

Каб вольнай мець

Адну руку,

Не акунуўшы галаву...

Маленства плыткая рака

Глыбокая для хлапчука.

А берагі!

Да неба — той,

Другі —

З трывожнай нематой.

На рэках сталасці віры

Скруціць мяне хацелі ў крук.

Быў на жары

І на вары,

Часамі не хапала рук.

І захлынала з галавой

Бядой,

Як палыны, сівой.

А ўсё здаецца,

Я плыву,

Не акунуўшы галаву...

* * *


Свой сэнс мае звычай няўмольны, калі

Ён тлен чалавечы паліць

І попелу жменьку вяртае зямлі...

Каб узыходзіла памяць.

* * *


Салёны пот здаўна,

Але

Спазнацьмеш на сваім чале.

Цябе мазоль твой знойдзе,

Ды

Адчуй, як ён свярбіць, цвярды.

Вядома, прэсны ён,

Аднак

Ты сам свой рассмакуй праснак.

Хоць ісціна адна,

Усё ж

Сам ёю думку растрывож!

* * *


У вечнасць, бы ў люстэрка чараўнічае,

З надзеяй кожнае жыццё глядзела.

Люстэрка прывідны адбітак нішчыла

І тут жа халадзела

Знелюдзела...

* * *


Замоўкне ён,

Замілавання дрозд,

І папярхнецца даўкаю журбою,

Калі ты сам адчуеш

Свой узрост,

Свой даўні. доўг

Перад самім сабою.

І толькі

Клопату вясновы шпак

Ласкава дасць табе

Адчуць да рэшты

Пяшчоты прысмак

І адчаю смак,

Пакуль ты

На вышэйшы сук дзярэшся...

* * *


Сабоp уявы, постраху хлявец

Не змеецяць статак жахаў вогнехібых:

Няўжо на дзьмухавец падобны выбух

Зямлю здзьмухне,

Як вецер —

дзьмухавец?

Дарога


Мяне павядзеш ты у апошні шлях,

Забудзешся ў дзень той самы.

Прыцемкі ў згорбленых хатулях

Цень панясуць у прысады.

Закрые мне вочы, як медзякі,

Каравых бяроз жаўталісце.

Хіба верабей пра мяне:

— Дзе такі? —

Спытаецца, як калісьці.

Я права не маю ў крыўдлівай нудзе

Судзіць цябе дужа строга.

Ты права не маеш спыніцца нідзе —

Такі табе вырак,

дарога.

* * *


Палічыш пасля намалот, недарод,

Пад зябліва плошчу, на выпасе статак.

Паслухай спярша, як спявае народ,—

Пазнаеш, чым край ад прадвесня багаты.

Прысмалкі


Прысмаліла сонца палазню —

Зачарнелі прысмалкі.

Палазня сняжком запала —

Сню

Веснавыя прысмеркі.

Сівярэц вясновы прызнаю

З ледзяшовай прызмаю.

Думку з радаснай пары сную

З прызімку капрызную.

Крыгагрому здрадлівы паром

Завірыцца ямамі.

Сніць ралля

Зігзаметры барон.

Рэчка трызніць ямбамі.

* * *


Зварот салодкі да жытла.

Мёд ранішні,

І ён змяркаецца.

І ў джале,

Што перасмыкаецца,

На нейкі міг жыве пчала.

Крапіва


Уладна пахне крапіва

І забыццём, і жалем.

Між іншых траў —

Трава-ўдава,

Яе сярпом не жалі,

Увагай абышла каса,

Рука без рукавіцы.

Раса — сцюдзёная краса

Па звычаю баіцца.

Тут вугалеў

Завейны дым,

Вясна ішла па мінах.

Па ўсім жывым,

Цяпер былым,

Рунее напамінак...

* * *


Нічога не разумеючы —

Дзе Афрыка, дзе Еўропа?

Вечны, не іржавеючы,

Грукае лом далакопа.

* * *


Навала брала

Спакой калішні.

Вайна гуляла

У трэці лішні.

Каму зацішней

Ад ліхалецця:

Не трэці лішні,

А кожны трэці.

Ад ран смяротных

Гаіў трыпутнік.

Няўмольны, з фронту

Ляцеў трохкутнік.

Цягні трохтонку,

Шафёр-пакутнік.

Вайна, і жонка,

І ён —

трохкутнік.

* * *


Няхай плывуць чаўны вясны,

Вязуць у сны сыноў спакой,

Каб не спыталіся сыны:

«Пасля вайны... пасля якой?.

* * *


Вогнішча ў лузе даходзіць дымліва,

Золь сарамліва праймае.

Лісцю,

Што верасень пусціць на мліва,

Вольна былося пры маі.

Сыдуцца ў крыўдзе —

У лютай карыдзе,

Зглухнуць вятрыскі ад гаму.

Жалом агорне,

Шчымліва адыдзе

Ціхая восень,

як мама...

* * *


Мы — ад агню, як ні кажы,

Сагрэў ён свет упершыню,

Агонь крыві, агонь душы,

І тлену прысак — ад агню.

* * *


Мяне жагнала галадуха

У імя айца, святога духа

У дні вайны,

Пасля вайны.

Зіма ад холаду дубела,

Перасявала пыцель белы,

І кпіла казка пра бліны.

Жыццём духоўным жыў бадай,

Адно што не прасіў: «Падай...»

Я зрэдку дыхаў хлебным духам,

А болей духам жыў святым.

І галава хадзіла кругам

Ад голаду.

Ды сэнс не ў тым.

З асноўных ісцін

Саматугам

Адну спасціг:

«Не падаць духам!»

І, чорны,

Родны небу,

Дораг

Надзённы хлеб

У кмене зорак.

* * *


Лес над пажарышчам не плача,

Атожылле ідзе ў пагонь.

Зялёным — праз агонь гарачы

Лістом паўторыцца агонь.

* * *


З задумным вераснем іду

Па маладой прасецы.

Адна асіна на бяду

Збянтэжана трасецца.

Ці дождж пайшоў

У пяць цапоў

Па верасах старацца?

Высакавольтных правадоў

Напружаная праца

Не ціхне —

Стогнуць правады,

Запрэжаныя часам.

Лес малады

Сляды бяды

Загоіць самапасам.

Гарыць па нервах часу

Ток

Патрэбай спажыўною.

Не стыне ток —

Жыцця выток,

Прапахлы збажыною.

Глушэе лес.

Глушэе хмыз.

Душа глушэй да болю.

Дыханнем цёплым

З цёплых пыс

Змрок астывае доле.

* * *


Дарога на Ушачу праз поле, праз бор,

Крывая, прастуецца прама.

Святлее ў касатай бярозы прабор...

Святкоў было мала ў мамы...

Кляновымі прысадамі


Забудзь на тлум,

На звады —

Ад свежаку хмялей!

Кляновыя прысады

За Млечны Шлях святлей.

Яшчэ лістоў замнога,

Іх сівер строс не спрэс.

З клянамі ў падкіднога

Гуляй на інтарэс.

Рэж з-за пляча з запалам,

Ды не зусім лісці!

Ступай па шорсткім, палым,

Па колішнім лісці.

Для дум,

Для ног размінка.

Бяруць у гхрымакі

І вёска Журавінка,

І вёска Кулікі.

Хай хмары смутак возяць —

Апрыклы свой аброк.

Як восець,

Пахне восень

Снапамі да аблок.

Жыцця дары бажэюць,

Святлеюць, далібог,—

Ад ранніх Рубяжэвіч

Да змерклых Налібок.

Хада не захістала,

Пакульз табой,

Хадок,

ГІрасветленая сталасць,

Развагі халадок.

I кожны шолах

Дораг.

I лёгка забрысці

Па неатухлых зорах

У неба ў забыцці...

* * *


Жыццё пражыўшы на зямлі, сусед,

Багацце нажывеш ці мазалі,

Не думай, што бярэш у стылы свет

Падумай, што пакінеш на зямлі.

Паўдзён


Пераразае прыстань

Разуха ў два лязы.

Трымціць паўдзён празрысты,

Што крылы страказы.

Глушэе брызгаліны

Зялёны астравок.

Між пальцаў у яліны

Цячэ пяску струмок.

I восень не маніла,

Было вясне вады —

Хоць сёння ў неманіны

Закідвай невады.

Па Нёмне над ляскамі

Плывуць аблок вазы.

Аціх настрой ласкавы

На крылах страказы...

* * *


Як сонца на ускоце, мара

Чакае з праясненым воблікам

Калі гэта чорная хмара

Абернецца белым воблакам?

Дзе расцвілі твае сляды


Раку трымала льдамі,

Тры мала —

Пяць завал.

Дзяўчына маладая.

Вачэй вясновы пал.

Рака ламала далі:

У пекла або ў рай!

Дзяўчына маладая —

Хоць вішні абірай!

А сцежка з перавала

Збягала праз сады,

Сляды канспіравала...

Ды расцвілі сляды!

* * *


Рэха ў іржэўі параніцца,

Росам свой боль раздае.

Доўга на стрэхах раніцы

Белы мароз растае.

Сустрэча з Аленай у Наўгародскай Сафіі


А ні змагла ўрачы, сцяна,

Цябе імгла сляпая.

Як боль,

Як радасць,

Чысціня

Няўмольна праступае.

І праз

Напластаванні зла,

Праз бруд,

Праз гнеў астылы

Краса ўзышла,

Сваё ўзяла,

Вякі пераступіла.

Вышэй ухвал,

Вышэй абраз

Світае твар нятленна —

Аблічча

Ці святы абраз? —

Славяніцца:

Алена.

Імя — як спеў.

Ішлі вякі.

І кленчылі Алене.

Тлен — боскі гнеў.

Тлен — грэх цяжкі.

Красою — наталенне.

Дым сорак чацвёртага


Патыхаюць порахам аблокі.

Стала немагчымае магчымым:

Хоць замервай цішу на валокі,

Комін папярхнуўся першым дымам.

Зазімак у Юрмале


Першаснегам, Юрмала!

Снежань на зыходзе.

Мора хвалі штýрнула:

— Шальмавалі годзе!

Дні для вас кароткія.

Сталі, як курортнікі,

Лахаць языкам!.

Ножкам толькі б шорцікі,

А паглядам — чорцікі!

Досыць!

Замыкаю.

Мроіць змрок прыбаўкаю.

Золак ледзьве ўдніцца —

Звоніць над Прыбалтыкай

Ледзяніца.

З-пад Ушач

Прыпеўка сёння

Цісне скроні Юрмале:

«Каму тое, каму еёе,

А мне — юр наўме!»

Aні чоўна.

Галадае

Сіняя праталіна.

І прыпеўка маладая

Хвалямі

Ухвалена...

* * *


Раса у канваліях нараспіу.

Схмялела світанне жмурыцца.

І жаўранак чару нябесся разбіў

На дробныя цурачкі.

* * *


Калі з табой маглі б

Вярнуць той міг наноў,

Ласкавай хвалі ўсхліп

У сетках туманоў.

З бурштыннай глыбіні

Бурштынінкай святла

На мокрай далані

Ты ў Балтыкі была.

Змяніла мора гнеў

На літасць з-за цябе.

Мой смутны смутак днеў

У вечнай варажбе.

З ласкавае віны —

Луска ласкавых слоў.

Густыя туманы,

Капрызны ваш улоў.

Хто сеткі навядзе?

Хмурыняцца шматкі.

І чайкі на вадзе —

Адчаю паплаўкі...

Пытанне праз гады


Зірнула — зусім нявінна...

А сталі мае ўспаміны

Тут жа ранамі

Незагойнымі,

Гонямі,

Тугою ўзаранымі,

Ускапычанымі джайранамі

Тваіх вачэй.

І з гадамі

Згадаю:

Балючэй — не лягчэй!

Пах спякотнай пустыні,

Нібы пасаг.

Дый цяпер запытаць хачу,

На якіх вольных выпасах

Асмялелі зарана

Джайраны,

Што скачуць дасюль уваччу?!

Дзяўчатам філфака


Ад абцасікаў да макаўкі

Вы ў сюжэтах, параўнаннях,

Мройнавокія філфакаўкі,

Рыфма глухне перад вамі.

Цяжка выбіцца прыметніку

У эпітэт адпаведны.

Палыном у зыркім кветніку

Вяне аднакурснік бледны.

Як метафары няўлоўныя,

Сніцеся, філалагіні.

Хлопцы ломкімі алоўкамі

Перад вамі —

Гонар гіне!

Вы світаеце, як макаўкі

Летуценнага сабора.

Усміхнецеся, філфакаўкі,—

У душы ўзыходзяць зоры.

Асмялеў прызнацца вершамі,

Бо ўначэў мой

Неба полаг,—

Трызню вамі з курса першага,

Як закончаны філолаг!

* * *


Цi ў людзей

Неспатолены смутак,

Ці ў снягоў

Светлы сум узялі,

Вы з'інелі, бярозы,

Чаму так,

Пасівелыя скроні зямлі.

* * *


А цішыня, як сон.

Давер спакою крок.

Ані чуваць красён,

Што ткуць ласкавы змрок.

Раптоўны самалёт

Апудзіць цішыню.

Снег —

Дымна-белы кот

Зацягвае курню.

Крамянай чысціні

На ўвесь бы свет было.

А ў вышыні —

Зірні:

Нервовых зор табло!

Задуманы, здзьмухні

Цішынку з далані.

Дарэмна не мані

Сабе і цішыні.

* * *


Смяемся дасюль з першабытных людзей:

Іх прагнасць не мае карысці —

Пад старасць грызуцца за костку люцей,

Бо косткі няма чым грызці!

Зімовы досвітак на ўзмор'і


На бераг ціснецца гарбалысы табун,

У небе парваным

Паўтарыўшыся прыцемна.

Здаецца, ваколлю надзелі

На галаву стаўбун.

Хвалі злізваюць з белапесу

Свае ж парыціны...

Першы прарок


Той зрок напяты,

Паганскі крок

Якой асвяціць баладай,—

Прашчур кудлаты

Кудлаты змрок

Гнаў галавешкай кудлатай?!

Урок англійскай мовы


Боцікі гумовыя,

Не зусім зімовыя.

Вочы ў сэрца ломяцца.,

Як шалёны бэз.

Шалік мамай звязаны,

І звініць ін'язаўка,

Зябкая, няўлоўная,

Як сінічка:

Yes!

Ад Шэкспіра, дбайная,

Давядзе да Байрана.

Покуль не запрэжаны,

Будзеш чуць адно.

Недзе ля Халопеніч

Потым расшалопаеш,

Воз сямейны цягнучы,

Іншы выгук:

No!

У зялёных затоках


Як з іншых Сусветаў завезены,

Не выплывуць з цемры ляска

Наіўныя рыбы —

Бярэзіны.

Світае ласкава луска...

* * *


Ані чакай парук, зарук,

Каб быць у гаеву ў ласцы.

Трымайся ў небе, як жаўрук,

На песні ўласнай...

* * *


Aдчайнасцю атаў

Запахлі ледзяшы.

Я ўсё табе аддаў

З патайнікоў душы.

Як леташнік, адтаў

Па цёплым тумане.

Няўжо ўсяго аддаў

І больш няма мяне?!

* * *


Не рві

Балючае карэнне,

Не абярні вясну зімой,

Хоць пашкадуй адбітак мой,

Маё зямное паўтарэнне.

Хапае ў скрухі верацён,

Каб нітак для бяды напрасці.

Зачаўся,

Як зарок на шчасце,

Маладзічок з забытых дзён.

Не дай мне стаць

Аглухлым звонам,

Якому вырвалі язык.

Не дай,

Каб захлынуўся сконам

Мой у нябыт апошні крык!

* * *


Хай не відно —

Прадонне мае дно.

Пяшчота не бацькоўская ў айчыма.

Жыццё

І распачатае віно

Распачынаць нанова немагчыма...

* * *


Нa досвітку абраць

Сабе сцяжыну дня,

Што падшукаць аброць

Для быстрага каня.

Паплечніцу абраць

Сабе да схілу дня,

Што поле абараць,

Дзе ў мінах цішыня.

Ладзь з любасці аброць,

Спех не бяры ў сябры.

Пяшчоты клін

Не зблоць —

З павагай абары!

* * *


Я заклаў свой спакой, душу,

А табе гэта ўсё — не замнога.

Адпусці мяне, я прашу,

Хоць на міг да сябе самога!

* * *


Хваліце лёт мяча

І лязгат клюшак,

Больш дбайце аб вуллі —

Не аб валлі.

Шануйце галасы

Людзей i птушак —

Без ix

Маўкліва стане на зямлі.

Запамінайце іхнія імёны,

Не пакідайце гэта на пасля.

Бо галасамі

Шар зямны — зялёны,

Гаворыць імі

З вечнасці зямля.

Блакіту

Спавядаюцца галіны,

Матулін голас

Нам гучыць змалі.

Пчаліны яд,

І добры мёд пчаліны,

І галасы —

Без ix няма зямлі!

* * *


Падыду ды прыстою,

Пагляджу з-пад рукі,

Што за тою

Вярстою,

Дзе начэлі крукі?

За вярстою

За тою

Спіць бяда

У затоі...

* * *


Зялёныя зоркі растуць з-пад камля.

Да зор мкнецца бор

І запылены быльнік.

Гаспода твая не малая,

Зямля,—

І плодны гарод,

І галодны магільнік.

* * *


На досвітку ўсе прамяніцца,

Пад вечар цьмяніцца скепліва.

На небе твая вечарніца

Трымціць,

Як на шыбе надскепінка...

Загрузка...