Ніда і ваколіцы
Няхай у тваiм гатэлi батарэi яшчэ савецкага ўзору, затое, магчыма, якраз у гэтым нумары прызначаў таемныя спатканьні Томас Ман, а дзьвесьце гадоў таму ў адну зь зiмовых начэй, ратуючыся ад напалеонаўскiх жаўнераў, грэлася ля камiну каралева Прусii Люiза. Перш чым легчы ў нацепленую грэлкамi пасьцель, яна падышла да марознага вакна i дыямэнтам свайго пярсьцёнку накрэсьлiла на шкле радок Гётэ.
У цябе таксама ёсьць каралева, якой даспадобы некаторыя твае радкi, i якой ты, напэўна, менавiта з гэтае прычыны, падараваў пярсьцёнак з дыямэнтам i аднойчы сказаў, што ў сапраўдную каралеву яна ператвараецца тады, калi на ёй застаецца толькi гэты пярсьцёнак.
Будынкі й дрэвы, кветнікі і лавачкі, людзі й чайкі — усе жывыя істоты і рэчы тут выпраменьваюць спакой і небудзённую значнасьць.
Няблага атрымліваецца нават у людзей і сьметніцаў.
Пасьля першых келіхаў сухенькага чырвонага ты згадваеш старажытную вэрсію, паводле якой выгнаньня з раю насамрэч не адбылося, ці, дакладней, яно зьдзейсьнілася адно ў мэтафізычным сэнсе: Бог проста пазбавіў людзей разуменьня, дзе яны жывуць.
Асабіста табе бліжэй меркаваньне, што наш сьвет — усяго толькі чысьцец. Але нават калі гэта і так, наведаць ягоны куток, які завецца Нідаю, відаць, усё роўна варта. Хаця б дзеля таго, каб, седзячы ў кавярні на беразе затокі і гледзячы на незварушную чаплю, неспадзявана ўзьбіцца на думку пра тое, што ў Бога, магчыма, значна меней, чым табе ўяўлялася, спагады, затое значна болей гумару ды іншых, зусім чалавечых схільнасьцяў і слабасьцяў.
А за здароўе такога Бога трэба абавязкова выпіць.
Сюды ўжо прыйшла эўрапейская цішыня, не азмрочаная і ценем небясьпекі таго, што на вячэру табе прапануюць трохгадзінны тэлевізійны амлет з нармальных чалавечаскіх яіц з вусамі, ушывымі блохамі й труднасьцямі на пасяўной.
Эўрапейская цішыня абавязкова пазбаўленая расейшчыны і ейнага найгоршага, пасьля мату, увасабленьня — расейскае папсы. Цалкам верагодна, што тут таксама ёсьць “девочки, которые хотят”, але ты ніколі не даведаесься пра гэта праз дынамікі.
Томас Ман неабачліва заарандаваў сабе тут на 99 гадоў кавалак зямлі і ў 1930-м збудаваў у Нідзе, на ўзгорку над затокаю, Sommerhaus на два паверхі.
Брунатны дом зь белымі вокнамі, блакітнымі аканіцамі і гэткага самага колеру вільчыкам над таўшчэзнаю чарацянай страхою з прычолкам — ужо даўно музэй, адзін з наведнікаў якога дзеліцца з спадарожніцаю ўпэўненасьцю, што аўтар “Доктара Фаўстуса” проста ня мог хоць разок не “пайграць” на вось гэтым чорным раялі сваю дарагую Кацю.
Зноў і зноў на беражок
Тонкай выдмаю пясок
Вольны вецер сьцеле... —
ня вельмі выразна напісаў неяк Анатоль Вялюгін, бо складаў верш, відавочна, не пра тутэйшыя выдмы-дзюны.
У Нідзе выдмы, заціснутыя паміж затокаю й морам, ня сьцеляцца, а цягнуцца ў неба, не бяз посьпеху гуляючы ў горы. Па іхніх фантастычных залаціста-плятынавых рэльефах бягуць то вэлюмна-празрыстыя, то атрамантава-фіялетавыя цені аблокаў, ствараючы амаль незямную пэрспэктыву, якая магла б зрабіць паэтычнай музе А. Вялюгіна магутную іньекцыю натхненьня. Асабліва, калі б ён пабачыў, якім безаглядна адважным мінэтам аздабляе гэты марсіянскі краявід юная жанчына зь сьвежым пэрсікавым загарам і дасканалай бялюткай дупенцыяй з разраду тых, што адзін з герояў Рэмарка, памятаецца, называў цукровымі галоўкамі.
Ёсьць віны, узгадаваныя сонцам, ёсьць — узгадаваныя туманам. У нараджэньні літоўскіх натуральных — з размаітых ягадаў і садавіны — сонечны промень і вогкі подых туману, відаць, адыгрываюць аднолькава істотную ролю. Вядома, пачатак сапраўднага віна заўсёды ў карані вінаграднае лазы. Але літоўскае чорнапарэчкавае выпісвае для сваіх вінных лёхаў каралева Вялікай Брытаніі.
Што мае прапанаваць брытанскаму каралеўскаму дому Беларусь? “Крыжачок”? “Талачынскае”? “Водар мяты”?
У Літве сваіх грамадзянаў пояць, у Беларусі — спойваюць.
У музэi гiсторыi Нiды і ейнага навакольля ёсьць разьдзел “Промыслы”, а ў iм — вiтрына, прысьвечаная нарыхтоўцы варонаў. На фатаграфiях пачатку XX стагодзьдзя наведнiк бачыць, як жыхары Куршаўскае касы ставяць сеткi-перавесы i дастаюць зь iх бядотных птушак. Далей галоўнай дзейнай асобай на здымках робiцца зухаваты дзядуля, што трымае ў руцэ жывы аб’ект промыслу, пазiраючы на яго неяк спэцыфiчна. Як выяўляецца, вясёлы птушкалоў разлучае варонаў зь iхняй крылатай душой адным дакладным укусам. Кожны такi снайпэрскi ўкус належала запiць добрым глытком гарэлкi, што дзядуля з задавальненьнем i робiць на наступным фота.
Пра далейшыя тэхналягiчныя этапы промыслу экспазыцыя сарамлiва маўчыць, i ты ўдакладняеш iх у навуковай супрацоўнiцы. Птушак скублi й салiлi ў бочках амаль як грыбы: слой варонаў, соль, кроп, ляўровы лiст, зноў слой варонаў. Супрацоўнiца, якая памятае такую бочку (i зусiм нябрыдкi смак ейнага зьмесьцiва) з свайго дзяцiнства, апавядае, што ў суседняй вёсцы жыве стары спэцыялiст-“кусатель”. Калi музэйнiкi знайшлi яго, намерыўшыся паказаць старадаўнi промысел на фальклёрным сьвяце, “кусатель” узбадзёрана пацiкавiўся, дзе возьмуць жывых варонаў i колькi iх будзе.
Увечары ты марна шукаеш у мэню тутэйшых кавярняў i рэстаранаў салёных варонаў. Iх няма, як у полацкiх кавярнях і не начавала малочнага супу з падлешчыкам цi ўлюбёнага дэсэрту твайго маленства — халоднай бульбы з брусьнiчным сочывам, дзе ягады звараныя з морквiнамi, палавiнкамi грушаў цi з райскiмi яблычкамi, якiя ператварылiся ў найсмачнейшы мармэляд. Табе хочацца, каб “уваскрашэньне” гэтай непаўторнай полацкай стравы адбылося прынамсi на тваiх памiнках.
Ты ўжо даўно навучыўся думаць пра сьмерць абсалютна спакойна, пагатоў ад гэтага стагодзьдзя засталiся ўсяго толькi лета ды восень, а ў новым усе мы, хто цяпер вывучае рэстаранныя мэню ў Нiдзе i ў Полацку або займаецца iншымi карыснымi й бескарыснымi справамi, абавязкова пераселiмся ў іншае зацішнае месца.
Калі хочаш глыбей спасьцігнуць душу гораду, мястэчка ці вёскі, непазьбежна апынаесься на могілках. Вядома, пакуль яшчэ сваiм ходам, без пахавальнае працэсіі, якая пакрысе фармуецца ў асмужанай далечы пражытых і непражытых гадоў.
Могілкі каля Нідзкае кірхі, нягледзячы на перадзел Эўропы, засталіся пераважна ўва Ўсходняй Прусіі. Нямецкая мова. Нямецкія імёны і прозьвішчы. Часам нямецкая мова, нямецкія імёны, але літоўскія прозьвішчы.
Напрыканцы 1950-х, калі апошнія немцы зьехалі ў Vaterland, распачалася пасьпяховая летувізацыя цьвінтару. Табе трапіцца і адзіны, здаецца, рэцыдыў — апошні зямны прыстанак чалавека, народжанага ў Нідзе, памерлага ў Мюнхэне і пахаванага ў зямлі дзяцінства.
Трывогаю адгукнецца надмагільле нейкага Міхаіла Максімавіча Сабакіна. Які вецер закінуў расейца Сабакіна пасьля Другой сусьветнай на Куршаўскую касу? Можа, каб гэтага ня здарылася, помнікаў пры кірсе было б меней?
Нядаўна ты ўжо адчуваў падобную трывогу. Дзе гэта было? У міністэрстве замежных справаў Літвы, калі цябе не заўважылі ў глыбокім фатэлі й ты стаў сьведкам таго, як шафападобныя ахоўнікі, што нязьменна зьвярталіся да цябе і ўсіх астатніх па-літоўску, застаўшыся сам-насам, раптам дружна загаварылі на “великом и могучем”.
Дэльфіны — жывёліны, якіх ты ненавідзіш мацней за любых іншых, найпачварнейшых і найагіднейшых прадстаўнікоў фаўны. Бо да пітонаў, алігатараў або гіенаў ты неляяльны абстрактна, а вось з дэльфінам сустрэўся аднойчы ў цалкам натуральных умовах, заплыўшы ў Кактэбелі мэтраў на васямсот у мора.
Тваёй мэтаю быў адзін зь вялізных буёў, за якія не дазвалялася заходзіць цеплаходам. Калі паміж табою і пляскатым памаранчавым балёнам засталася хвіліна шляху, тады і зьявілася, усьцешана падскочыўшы над вадою, гэтая незаслужана апетая ў літаратуры “разумная жывёліна”. Праз колькі сэкундаў ты быў амаль бездапаможны ад жаху, а яшчэ болей ад невыказнае агіды пасьля імгненнага дотыку жывое сьлізкае тарпэды. Дзякаваць Богу, табе хапіла змогі на роспачны лямант і на тое, каб, захлынаючыся вадой, адолець пару дзясяткаў мэтраў да буя. Ужо лежачы на ягонай шырокай, цёплай, як чарэнь, сьпіне, ты ўзгадаў, што ў хвалях брыдка лаяўся, пасылаў дэльфіна на, клікаў маму і проста прасіўся: “Пусьці!”
Чалавека заўсёды цягне перажыць утульнае бясьпечнае водгульле колішняга жаху. Таму ты наведаеш клайпедзкі дэльфінар і на спэктаклі будзеш нават зрэдку пляскаць у ладкі, асабліва калі “разумная жывёліна” ў нейкім нумары дасьць пудла.
Вялікая, параўнаўча зь мініятурнай Нідаю, Паланга ў параўнаньні зь ёю ж выглядае досыць правінцыйна.
Сытуацыю ратуе маляўнічы парк з палацам графаў Тышкевічаў. У палацы — музэй бурштыну, відаць, сапраўды найбагацейшы ў сьвеце. Ты пашыраеш свой кругагляд, чытаючы подпісы да экспанатаў, адкуль, у прыватнасьці, даведваесься, што навечна закутымі ў бурштын знойдзеныя 683 віды камароў, 396 відаў мухаў, 36 — прусакоў, адна яшчарка і аніводнага, нават самага дробнага чалавека.
Калі ты кахаў жанчыну, але яна ўжо належыць іншаму і тваёй аніколі ня будзе, то лічыш ніжэй свайго гонару захоўваць да яе ранейшыя пачуцьці й выхоўваеш у сабе новае стаўленьне. У ім два асноўныя кампанэнты: незабыўныя ўспаміны і сёньняшняя ветлівая адстароненасьць.
Тое самае — зь Вільняй.
Зь Нідаю — іначай.
Чэрвень, 2000